epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Кавалёў

Стомлены д'ябал

Дзея першая
  З’ява першая
  З’ява другая
  З'ява трэцяя
  З’ява чацвёртая
Дзея другая
  З’ява пятая
  З'ява шостая
  З’ява сёмая


Фантасмагорыя ў дзвюх дзеях

з жыцця і літаратуры беларусаў

 

АСОБЫ

 

Яська — гаспадар.

Паўлінка — ягоная жонка.

Д’ ябал.

Сусед.

Суседка.

1-ы Вайсковец.

2-і Вайсковец.

Незнаёмы.

1-я Распусніца.

2-я Распусніца.

Карчмар.

 

Дзея першая

З’ява першая

Перад глухой мураванай сцяной сядзіць на зэдліку Яська і майструе з вяроўкі пятлю.

Яська. Конча, сёння павешуся. Не збаюся ўжо, як тады. Чым жыць так пагана, як мы цяперака жывём, — лепш у пятлі задушыцца. Усё нам насуперак ідзе. Нічога не ўдаецца так, як мы хочам! А калі раптам нешта здарыцца з нашай волі, дык нам жа на бяду. І ўсе вакол смяюцца з глупства, якое мы ўчынілі. Пэўна, Бог выракся нас і пакінуў на з’яданне д’яблу. (Зрабіўшы пятлю, узлазіць на зэдлік і прывязвае другі канец вяроўкі за жалезную бэльку, якая тырчыць са сцяны.) Б’ешся як рыба аб лёд, свету белага за працай не бачыш, а плёну — ніякага. Прыйдзеш дамоў — і там няма ладу і спакою. Ад маёй Паўлінкі ніколі ласкавага слова не пачуеш, толькі: «Чаго сядзіш, Яська!» ды «Чаго ляжыш, Яська!». Нібыта калі я ўстану — нешта ў свеце зменіцца! Конча, павешуся! (Торгае некалькі разоў за вяроўку, застаецца задаволены тым, як яна прымацавана.) Эх, каб гэта Адам, бацька наш першы, не саграшыў, дык мы б цяпер так не гаравалі. Навошта ён, дурань, паслухаўся Еву і сарваў яблык з праклятага дрэва? Не мог узяць у рукі які дрын ды ўсыпаць настырнай бабе як след за яе цікаўнасць? (Прасоўвае галаву ў пятлю.) У самы раз. Ну, здаецца, усё. (Нерашуча.) Хіба што пакурыць перад самай смерцю. (Лазіць па кішэнях.) Чорт, як на бяду забыўся цыгарэты.

З-за вугла выходзіць Д’ябал, вымае з кішэні пачак цыгарэт і закурвае. У Д’ябла няголены твар, стомлены выгляд, пацёртая вопратка.

Гэй, добры чалавек, дай закурыць!

Д’ябал уважліва глядзіць на Яську, потым моўчкі аддае яму сваю цыгарэту.

(Зацягваецца.) Дзякуй табе, добры чалавек.

Д’ябал. Дык кажаш, ва ўсіх цяперашніх няшчасцях вінаваты Адам з Еваю?

Яська (важна). Ясна, што яны.

Д’ябал. А яшчэ д’ябал?

Яська. Вядома. Хто нас усіх зводзіць, хто перашкаджае нашым намерам?

Д’ябал (асцярожна). А... Бог?

Яська. О, і ён таксама! Чаму спіць у шапку, чаму не дапаможа?

Д’ябал. А ты? Ты сам?

Яська (разгублена). Я? Што я магу? Хіба ад мяне нешта залежыць? (Заводзіцца.) Вось каб я быў на месцы Адама — не паслухаўся б Еву, не сарваў бы яблык з дрэва. І жылі б мы з табой цяперака, братка, у раі, не мусілі б гнуць спіну ды пакутаваць.

Д’ябал. Жылі б у раі? (Ажно падскоквае.) Хочаш, Яська, я дапамагу табе выправіць памылку Адама?

Яська (занепакоена). А ты, чалавеча, кім будзеш? Скуль ты ўзяўся ў нашых мясцінах? (Падазрона.) Скуль ты ведаеш маё імя?

Д’ябал. Я не чалавек. (Уздыхае.) Я д’ябал.

Яська. Маці Божая! (Са страху ледзь не звальваецца з зэдліка.)

Д’ябал падхоплівае яго і трымае за ногі.

Ратуйце, вешаюся!

Д’ябал. Не бойся, я цябе трымаю. (Дапамагае Яську зняць пятлю і злезці з зэдліка.)

Яська сядае на зэдлік і пераводзіць дух.

Яська. Праз цябе я мала не павесіўся.

Д’ябал. А ты хіба не меў такога намеру? (Паказвае рукой на пятлю.)

Яська. Дзе там! Калі хочаш ведаць, я не першы раз вешаюся. Але не хапае адвагі. Узлезу на зэдлік, накіну пятлю на шыю, пастаю, пакуру. Уяўляю, як на маім пахаванні будуць галасіць сваякі ды суседзі, як жонка будзе сабе локці кусаць. Усміхнуся, здыму пятлю ды пайду сабе дахаты. Неяк лягчэй на душы робіцца, нібыта нанова на свет нарадзіўся.

Д’ябал. Не трэба вешацца, Яська. (Бярэ Яську за руку.) Хочаш жыць у раі?

Яська. Хто ж не хоча? Але дзе ён цяпер, той рай? Ты паглядзі, што навакол адбываецца. (Зноў заводзіцца.) Эх, каб гэта наш першы бацька Адам не саграшыў...

Д’ябал (перапыняе). Ты можаш выправіць памылку Адама. Ты наракаў, што ад цябе нічога не залежыць, што ты нічога не можаш. Зараз ад цябе залежыць усё, ты можаш выратаваць увесь Сусвет, Яська.

Яська (спалохана). Як гэта?

Д’ябал. Адам не вытрымаў выпрабавання, паддаўся спакусе і быў выгнаны з раю. Прызнаюся, што і я да гэтага прычыніўся. Але зараз я хачу дапамагчы чалавеку выратавацца. Хачу, Яська, каб ты прайшоў выпрабаванне і перамог спакусу. Тады людзі вернуцца ў рай, перастануць гараваць ды пакутаваць, зажывуць весела ды шчасліва. (Натхнёна.) Мы перапішам нанава твой лёс, зменім гісторыю тваёй краіны, павернем шляхі ўсяго чалавецтва!

Яська (збянтэжана). Але чаму акурат я? Чаму ты прыйшоў сюды, да нас? Што, мы лепшыя за ўсіх? Не бачыш хіба, як мы жывём?

Д’ябал. Не лепшыя. Можа, якраз наадварот, горшыя. Але таму я вас і выбраў. А край ваш мне падабаецца. (Сентыментальна.) Як там было ў паэта?

Яська (паслужліва). «Широка страна моя родная!»

Д’ябал. Не, не тое.

Яська. «Litwo! Ojczyzno moja!»

Д’ябал. Зусім не тое. Ага, вось: «Паміж пустак, балот беларускай зямлі...»

Яська (перапыняе). Ясна, дзе балоты — там і чэрці! (Падазрона.) А табе навошта гэта ўсё? Дзеля чаго ты стараешся?

Д’ябал. Я стаміўся, Яська. Як ты ведаеш, калісьці вельмі даўно я быў анёлам і жыў у раі. Але потым з-за сваёй пыхі паўстаў супраць Бога і быў скінуты ў пекла. Я думаў, што я сам змагу быць Богам і збудую сабе іншы, яшчэ лепшы Сусвет! Але я памыліўся, Яська. Я не Бог, я нічога не магу стварыць, магу толькі разбураць і псаваць створанае Богам. Каб ты толькі пабачыў, як жахліва выглядае цяпер пекла, як там змрочна і няўтульна!

Яська. Божа барані!

Д’ябал. Доўгае знаходжанне там шкодзіць майму здароўю. Паглядзі на мяне: хіба я падобны на князя цемры, на ўладара зямлі?

Яська (прыглядаецца). Прызнацца, выглядаеш ты як нейкі задрыпанец.

Д’ябал. Я адчуваю сябе старым і хворым. Я нават прымаю лекі! (Вымае з кішэні жменю таблетак і паказвае Яську.) Хутка я пачну баяцца смерці. Я, вечны дух!

Яська (сам сабе). Во небарака! А як мы з-за цябе хварэем ды паміраем?

Д’ябал. Апошнім часам я жыву на зямлі і стараюся як мага радзей наведваць пекла. Але і на зямлі цяпер цяжка знайсці добрае месца для адпачынку. Скажы, у што вы, людзі, ператварылі сваё жытло? Паўсюль пануюць гвалт і нянавісць, зайздрасць і ашуканства.

Яська. А хіба не ад цябе ўсё зло на зямлі?

Д’ябал. Павер мне, Яська: вось ужо дзве тысячы гадоў, як я не ўмешваюся ў вашыя справы. І што ад гэтага змянілася? Чалавек сам, без маёй дапамогі і нават насуперак майму жаданню, ператварае зямлю ў пекла! Прыдумвае такія рэчы, ад якіх мне робіцца страшна. Прызнаюся, я не адчуваю сябе тут, сярод вас, у бяспецы. (З настальгіяй.) Я стаміўся. Я хачу назад у рай. Прагну цішыні і спакою.

Яська (сам сабе). Бач ты, і яму ў рай захацелася, чорту лысаму.

Д’ябал. Я прызнаю сваю прыкрую памылку і хачу прасіць у Бога прабачэння. Ведаю, што я апошні з грэшнікаў, але спадзяюся на божую міласэрнасць. Калі я дапамагу людзям, можа, і мне даруецца? Вось чаму я прапаную табе, Яська, выправіць памылку Адама. (З надзеяй.) Ну як, ты згодны?

Яська. Што мне губляць? Як кажуць, ці пан, ці прапаў. А якое выпрабаванне мяне чакае? (Жартуе.) Не есці яблыкі?

Д’ябал. Не зазіраць у місу.

Яська (здзіўлена). У якую місу?

Д’ябал. У звычайную, якая будзе стаяць на абрусе.

Яська. Шкада, я акурат яблыкі не люблю. (Сам сабе.) Я думаў, ён бог ведае чаго запатрабуе, а тут такая дробязь. (Да Д’ябла.) А дзе мне шукаць тую місу? Куды ісці?

Д’ябал падыходзіць да сцяны, вымае з кішэні крэйду і малюе дзверы.

Што гэта ты намаляваў?

Д’ябал. Не бачыш хіба? Дзверы.

Яська (у захапленні). Проста ў рай?

Д’ябал. Можа, яшчэ не ў рай, але там табе спадабаецца. (Адчыняе дзверы, з праёма ліецца яркае святло.)

Яська жагнаецца і, павагаўшыся, адной нагой пераступае парог.

Яська (азіраецца ). А ты?

Д’ябал. Мусіш пакуль ісці без мяне. Я магу ўвайсці толькі апошнім. Самым апошнім.

Яська (сам сабе). І дзякуй Богу!

Д’ябал. Глядзі, Яська, я на цябе вельмі спадзяюся.

Яська знікае. Д’ябал зачыняе за ім дзверы. Чуваць жаночы голас: «Яська, ты дзе? Яська!» Д’ябал хмыкае і хаваецца за вуглом. З’яўляецца Паўлінка.

Паўлінка. Дзе падзеўся, валацуга? Колькі можна яго чакаць? Ох, доля мая гаротная! За якія грахі Бог пакараў мяне такім мужам? (Заўважае зэдлік, але пятлі над ім не бачыць.) Наш зэдлік! Навошта Яська яго сюды прывалок? (Азіраецца і заўважае дзверы ў сцяне.) Во, дзверы! А раней не было. (Падыходзіць да дзвярэй, моцна штурхае іх.)

Дзверы адчыняюцца.

Бачылі? Чаго толькі не прыдумае мужык, каб ад жонкі скруціцца! Але я цябе, міленькі, і пад зямлёй знайду. (Знікае за дзвярамі.)

 

З’ява другая

Райскі сад. Свеціць сонца, пяюць птушкі, цурчыць ручай. На галінах дрэў паразвешаны прыгожыя мужчынскія і жаночыя ўборы, элегантныя капялюшыкі.

На траве пад яблыняй засланы чароўны абрус, на якім поўна размаітых заморскіх трункаў, страў і прысмакаў.

Пасярэдзіне стаіць вялізная міса з накрыўкай.

З глыбіні саду выходзіць Яська.

Яська. Сапраўдны рай, без падману! Сонейка свеціць, птушачкі пяюць, ветрык павявае. Траўка зялёненькая, вадзічка ў ручаі чысценькая, навакол ні душы. (Заўважае гарнітуры і сукенкі.) А гэта што за адзенне? Няўжо ад Адама і Евы засталося? (Падыходзіць да мужчынскага гарнітура і мацае за край пінжака.) Не, здаецца, новае, проста з крамы. (Заўважае абрус з пітвом і ежай.) Во, ёсць што выпіць і чым закусіць. Сапраўдны рай! (Прысаджваецца пад яблыняй. Бярэ ў рукі адну бутэльку, потым другую, трэцюю.) Бач ты, усё не па-нашаму напісана. Райскія напоі і трункі. І стравы ўсе заморскія, хатнім не раўня. (Заўважае місу.) А вось і міса. Вя-лі-зная. (Разглядае місу.) Цікава, чаму ў яе зазіраць нельга? (Спахопліваецца.) Нельга дык нельга. Звычайная міса. Вып’ю я лепш боскага пітва ды пакаштую анёльскай ежы. (Бярэ ў рукі бутэльку і спрабуе яе адкаркаваць.)

Нечакана з-за дрэў выходзіць Паўлінка, заўважае Яську, ставіць рукі ў бокі.

Паўлінка. Ану, пастаў бутэльку на месца!

Яська (здзіўлена). Паўлінка, ты адкуль тут узялася?

Паўлінка. А ты спадзяваўся ад мяне ўцячы, разумнік? (Сурова.) Не чапай, кажу, бутэльку. Адкуль ты такі багаты? (Паказвае рукой на абрус.) Хто плаціць будзе?

Яська. Не трэба плаціць, Паўлінка. Тут усё за так. (Узнімаецца, падыходзіць да Паўлінкі, бярэ яе за руку і цягне да абруса.) Сядай, мая любая жоначка, частуйся.

Паўлінка (недаверліва). А хто ўсё гэта прыгатаваў? Чые гэта сукенкі ды капялюшыкі? (Паказвае на ўборы.) Прызнавайся, акаянец, завёў сабе кралю? (Тупае нагой.)

Яська (сам сабе). Давядзецца ёй тое-сёе растлумачыць, інакш наробіць гвалту і нас хуценька адсюль выпруць. (Усаджвае Паўлінку пад яблыняй.) Гатаваць больш нічога не трэба, Паўлінка. А сукенкі ды капялюшыкі — гэта, напэўна, твае, калі ты ўжо тут апынулася.

Паўлінка. Мае? (Не можа адвесці вачэй ад убораў.) Яська, ты не жартуеш? (Усхопліваецца і бяжыць да ўбораў.)

Яська (важна). Разумееш, Паўлінка, нам пашанцавала. Мы з табой у рай трапілі.

Паўлінка (як ад гарачага адводзіць руку ад сукенкі). У які рай? Ты што, паспеў ужо прыняць на душу?

Яська. Ну, можа, не зусім у рай, але блізка да таго. (Абводзіць рукой вакол сябе.) Працаваць не трэба, адно еш, пі ды гуляй уволю!

Паўлінка (хуценька пераапранаецца ў новую сукенку). Усё жыццё марыла мець такую прыгожую сукенку! А які файны капялюшык! І праўда, рай!

Яська (адкаркоўвае нарэшце бутэльку і разлівае пітво ў два келіхі). Застанемся з табой тут назаўсёды, калі толькі ўстрымаемся, каб забароненага не зрабіць.

Паўлінка. А што нам забаронена? (Мяняе капялюшык.)

Яська. Ніколі не здагадаешся, Паўлінка. (Смяецца.)

Паўлінка. Няўжо есці?

Яська. Ну, ты скажаш. Не паміраць жа нам з голаду.

Паўлінка. Тады, напэўна, піць.

Яська (абурана). Які б гэта быў рай! Не, зусім не тое. Хадзі, вып’ем за нашае райскае жыццё.

Паўлінка ў новай сукенцы і ў капялюшыку сядае побач з Яськам. Выбраннікі лёсу чокаюцца, Яська выпівае, а Паўлінка выпускае келіх з рук.

Паўлінка (усплёсквае рукамі). Ой, Ясечка, няўжо... (Сарамліва азіраецца, нахіляецца да Яські і нешта шэпча яму на вуха.) Тады я не згодная. (Плача.) Хадзем дамоў...

Яська. От кабеты! Адно ў галаве. (Супакойвае Паўлінку.) Адам з Еваю не бралі шлюбу ў касцёле, а нас ксёндз блаславіў — нам можна.

Паўлінка. Яська, мне ўжо тут падабаецца! (Цалуе Яську.) Але што ж тады нам забаронена?

Яська. Бачыш місу?

Паўлінка. Гэтую? (Цягнецца рукой да місы.)

Яська. Стой! Ты куды? (Хапае Паўлінку за руку.) Місу чапаць забаронена.

Паўлінка. Місу? (Са здзіўленнем глядзіць на місу.)

Яська з трывогаю — на Паўлінку. Нейкі час пануе напружанае маўчанне.

(Расчаравана.) Такое глупства! Хто ж павернецца ў яе бок, калі забаронена?

Яська (узрадавана). Вось і цудоўна! Я заўсёды казаў, што ты ў мяне, Паўлінка, разумная кабета, бо свайго мужыка слухаешся. Давай яшчэ вып’ем па келіху ды нарэшце добра закусім. У мяне ўжо кішкі марша граюць. (Бярэцца за бутэльку.)

Паўлінка. Пачакай, я толькі пераапрануся ў іншую сукенку! (Усхопліваецца і бяжыць да ўбораў.) А ты не хочаш прымерыць новы гарнітур?

Яська. Мне і так добра. (Сам сабе.) Хто нас тут бачыць? (Налівае ў келіхі пітво.) Цудоўнае пітво, напэўна, які-небудзь нектар ці амброзія.

Паўлінка хуценька пераапранаецца ў іншую сукенку, мяняе капялюшык.

Паўлінка (какетліва). Яська, зірні: падабаюся я табе ў такім строі?

Яська. Нішто сабе паненка. Але ў касцюме Евы ты мне падабаешся больш. (Смяецца.)

Паўлінка. Фу, нецікава з табой. (Круціцца, нечага шукае.)

Яська. Чаго шукаеш?

Паўлінка. Люстэрка.

Яська. Люстэрка, відаць, у раі не прадугледжана.

Паўлінка (уздыхае). А... (Азіраецца вакол.) Яська, а мы што, тут зусім адны?

Яська. Адны, дзякуй Богу. (З гонарам.) Каму тут яшчэ быць?

Паўлінка. Шкада. (Пераапранаецца ў сваё старое адзенне.)

Яська. Хадзі, жоначка, пакаштуй райскай ежы.

Паўлінка падыходзіць і сядае крыху ўбаку ад Яські. Яська з Паўлінкай моўчкі чокаюцца і выпіваюць.

Столькі дзівосных страў і прысмакаў — ажно вочы разбягаюцца. (Прагна есць.) Усяго хочацца пакаштаваць.

Паўлінка (узяўшы маленькі кавалачак). Глядзі, не аб’ешся.

Яська. Смакацішча!

Паўлінка. Нішто сабе стравы, але і дома ў нас былі не горшыя: мачанка з блінамі, клёцкі з душамі, пірагі з капустай, качка, запечаная ў гліне... Не падабалася табе, як я гатавала?

Яська. Падабалася, Паўліначка, падабалася. Але дома ўсё было свойскае, звычайнае. А тут усё заморскае, з выкрунтасамі. (Працягвае есці, не звяртаючы болей на Паўлінку ўвагі.)

Паўлінка (нечакана). А цікава ўсё ж, што схавана ў гэтай місе?

Яська (давіцца кавалкам ). Паўлінка! (Гнеўна.) Глядзі сюды! (Паказвае кулак.) Я табе дам за тваю цікаўнасць! Забаронена зазіраць у місу — і ўсё тут. Нашая справа слухацца і не мудраваць.

Паўлінка (агрызаецца). Ты мяне не вучы. Я свой розум маю. (Адварочваецца ад місы.) Проста цікава.

Яська. Каб я ад цябе больш не чуў пра місу! Давай лепш вып’ем ды яшчэ чаго з’ямо. (Налівае ў келіхі пітво.)

Паўлінка (адсоўвае келіх). Не хачу больш піць. І есці таксама не хачу. (Азіраецца вакол.) Нудна мне.

Яська. То давай паспяваем. (Выпівае з келіха і зацягвае песню.)

 

Дробна драбніца, дробна драбніца,

Дробны дождж ідзе.

Ой, сабралася бедна галота

Дый гарэлку п’е.

 

(Штурхае Паўлінку ў бок.) Дапамагай!

 

Пілі гарэлку, пілі наліўку,

Будзем піць віно.

А хто прыйдзе, з нас пасмяецца,

Будзем біць таго.

 

Чаму не спяваеш, Паўлінка?

Паўлінка. Не хачу. Голас сеў.

Яська. То, можа, патанчым? (Падхопліваецца на ногі і пачынае скакаць лявоніху.)

У садзе гучыць музыка.

(Крычыць.) Хадзі да мяне, Паўлінка! Удвох будзе весялей!

Паўлінка не кранаецца з месца і нават адварочваецца ў іншы бок. Яська перапыняе скокі і сядае побач з Паўлінкай.

Чаму не скачаш, Паўлінка? Ты ж так любіш лявоніху.

Паўлінка. Не ў гуморы я. Сумна мне тут.

Яська (падумаўшы). А можа... (Шэпча нешта Паўлінцы на вуха і лезе цалавацца.)

Паўлінка (адштурхоўвае Яську). Адчапіся, бессаромнік! Не да таго мне.

Яська (чухае патыліцу). Вось табе маеш! (Сам сабе.) Якога ражна ёй трэба?

Паўлінка. Яська, яно варушыцца.

Яська (не разумее). Што варушыцца?

Паўлінка. Там у місе нешта варушыцца.

Яська. У місе?! А табе што да таго? Няхай варушыцца, а ты не чапай! Ану, адсунься далей!

Паўлінка. Я й не чапаю! (Адсоўваецца далей, але сядзіць неспакойна, час ад часу кідае позіркі на місу.) Яська!

Яська. Чаго табе зноў?

Паўлінка. Нікога ж тут няма.

Яська. І што з таго? Цалавацца са мной ты не хочаш.

Паўлінка. Пішчыць нешта.

Яська. Дзе пішчыць?

Паўлінка. У місе.

Яська. Ты ўсё з гэтай місай! (З пагрозаю.) Вось як перацягну цябе зараз рэменем, дык ты ў мяне запішчыш.

Паўлінка. Чаго цябе бярэ? Ледзь што — адразу біцца... Я ж нічога... я толькі так... каб ты ведаў... (Прыслухоўваецца да таго, што робіцца ў місе, і міжволі падсоўваецца да яе бліжэй.) Ясечка, родненькі мой! Я ўжо больш не магу! Нас жа ніхто не ўбачыць... Я хуценька-хуценька адкрыю місу і зазірну ў сярэдзіну...

Яська (крычыць). Не чапай! Хочаш, каб мы праз тваю дурную цікаўнасць рай страцілі?

Паўлінка. Ну і заставайся адзін у сваім раі! А я пайду сабе дахаты. (Плача.)

Яська. Пачала ўжо раўці. Што мне рабіць з гэтай неразумнай бабай? Ну, годзе, Паўлінка, не плач.

Паўлінка (трапечацца). Я місу хачу!

Яська. А каб ты трэснула разам са сваёй місай! Чаўпе адно: місу ды місу! Як заведзеная.

Паўлінка. Вось ты які! Табе для сваёй жонкі нейкай місы шкада! Ты мяне не любіш! (Плача наўзрыд.)

Яська (мітусіцца). Ах, бедны я, няшчасны я чалавек! Вось доля, ліха на яе. (Не вытрымлівае.) Добра, чорт з табой! Сціхні толькі, не раві. Бачу, што ад цябе не адчэпішся. Зазірні ў гэтую праклятую місу, каб яна спрахла!

Паўлінка. Ясечка, любы мой, каханы! (Кідаецца да Яські і моцна-моцна яго цалуе. Потым нахіляецца да місы, асцярожна прыўзнімае накрыўку і зазірае ў сярэдзіну.)

З місы вылятае птушка.

Якая прыгожая птушачка!

Яська. Лаві яе, лаві! Хапай за хвост!.. Паляцела птушачка.

Паўлінка. Што ж ты не ўлавіў яе, разява?

Яська. А навошта ты яе выпусціла?

Паўлінка. Хто ж мог ведаць, што яна сядзіць тамака, у місе?

Яська. Зусім не трэба было чапаць місы!

Паўлінка (усхліпвае). Калі цікава.

Яська. Праз тваю цікаўнасць выпруць нас, пэўна, з раю. Эх, нап’юся з гора! (Налівае сабе пітва.)

Паўлінка. А мы нікому не скажам. Ніхто ж не бачыў, як мы місу адкрывалі.

Яська. А калі спытаюцца, дзе падзелася птушка?

Паўлінка. Скажам, кот з’еў.

Яська вылівае ў рот пітво, але адразу ж выплёўвае і недаверліва нюхае келіх, потым — бутэльку. Паўлінка са здзіўленнем глядзіць на ежу, потым спрабуе накалоць на відэлец кавалак ежы, але ў яе нічога не атрымліваецца.

Яська. Цьфу, нектар зрабіўся як вада. (Адкаркоўвае новую бутэльку, нюхае, пасля яшчэ адну.) Так і ёсць, звычайная вада. Ва ўсіх пляшках.

Паўлінка. Яська, зірні, які цуд: ежа сталася ўсё роўна як драўляная.

Яська. І пітво несапраўднае, і ежа. Канец нашаму раю. Зірні, што навокал робіцца.

Сонца хаваецца за хмары, сціхаюць птушыныя галасы, цурчанне ручая. Грыміць гром, бліскаюць маланкі, на сад насоўваецца густая цемра.

Паўлінка. Яська, я баюся. Я хачу дахаты.

Яська. Уцякайма адсюль хутчэй!

Уцякаюць з саду.

 

З'ява трэцяя

Перад Яськавай хатай. На лаўцы спіць, паклаўшы рукі пад галаву, гаспадар. Побач сядзіць Д’ябал і паліць цыгарэту.

Яська (прачынаецца). Няўжо я дома? Бачыў дзіўны сон. Нібыта мы з Паўлінкай — у райскім садзе... уборы і капелюшы на дрэвах... абрус з ежай і пітвом... міса, птушка і... Так добра ўсё пачыналася і так недарэчна скончылася...

Д’ябал. Што, Яська, упусціў ты сваю птушку шчасця?

Яська (паварочвае галаву). Ты? Дык гэта быў не сон?

Д’ябал. А я так на цябе спадзяваўся. Так шчыра хацеў вам, людзі, дапамагчы.

Яська (разводзіць рукамі). Хіба я вінаваты? Паўлінка адкрыла місу і выпусціла птушку. Далася ёй тая міса...

Д’ябал. А ты куды глядзеў? Навошта дазволіў? Наракаў на Адама, а сам хіба лепшы за яго?

Яська (абараняецца). Добра табе так казаць пра нас з Адамам. Каб у цябе была жонка — паглядзеў бы я, як бы ты з ёй упраўляўся.

Д’ябал. Зноў шукаеш, на каго зваліць віну, Яська? Калі не на Адама, дык на Еву, калі не на Бога, дык на д’ябла?

Яська. Анягож! Вядома, ты вінаваты. Няўдалае прыдумаў выпрабаванне. (Выхоплівае ў Д’ябла з рук цыгарэту і курыць.) Адкуль у райскім садзе ўзялася Паўлінка? Мусіш прыдумаць нешта іншае. Дай яшчэ раз паспрабую! Каб я з гэтага месца не сышоў, калі зноў не датрымаю слова.

Д’ябал. Не сышоў бы з месца? (Глядзіць Яську пад ногі.) А чаму і не? Здавалася б, такая дробязь. (Задумваецца.) Толькі цяжка будзе вытрымаць. (Уздыхае.) Баюся, ты не ўседзіш.

Яська. Дзе не ўседжу?

Д’ябал. Не ўседзіш цэлы дзень на лаўцы перад сваёй хатай, не кратаючыся з месца.

Яська. Жартуеш? Ці ж гэта выпрабаванне? Я і без загаду сяджу тут, бывае, праз цэлы дзень.

Д'ябал (сам сабе). Менавіта, што без загаду. Але варта чалавеку нешта загадаць, і яму адразу карціць тое не выканаць.

Яська. Вось толькі каб Паўлінка зноў не ўлезла куды не трэба.

Д’ябал. Не хвалюйся, сёння нядзеля, я адправіў яе да бацькоў, у госці.

Яська (усхопліваецца). Што? Ейныя бацькі даўно памерлі! (Хапае Д'ябла загрудкі.) Куды падзеў маю жонку?

Д’ябал. Да тваіх бацькоў, дурань! (Вызваляецца.)

Яська (збянтэжана). Даруй, не разабраўся. (Папраўляе на Д'яблу пінжак.) Са мной такое здараецца. Значыцца, мушу сядзець тут да вечара і, калі вытрымаю, — траплю ў рай?

Д’ябал. Ты толькі пра сябе дбаеш, Яська. Хіба забыўся, дзеля чаго мы ўсё гэта задумалі?

Яська (адмахваецца). Як жа, памятаю. Народ, чалавецтва. Нешта там наноў перапісваць трэба. Ты перапісвай. Я не супраць. Але мне свая кашуля бліжэй да цела. Дый сумняваюся я, што для ўсяго народа, для ўсяго чалавецтва ў раі хопіць месца за чароўным абрусам.

Д’ябал. Эх, Яська, які ж ты яшчэ цёмны і недалёкі. Ты не верыш ва ўсёмагутнасць Бога і не любіш бліжняга свайго, а гэта ёсць найважнейшая ўмова для выратавання душы. Чаму я, д’ябал, мушу табе гэта нагадваць?

Яська. Добра, хопіць мне маралі чытаць, мы не ў касцёле. Ведаю, дзеля чаго ты стараешся і куды пнешся. Не хвалюйся, возьмем і цябе ў рай.

Д’ябал. Бачу, ты не верыш у шчырасць маіх слоў. (Сам сабе.) Можа, мне яго крыху прыстрашыць? (Да Яські.) Глядзі, Яська, другі раз я табе не дарую. Калі не датрымаеш слова — зацягну цябе ў пекла!

Яська (бесклапотна). Збірай валізкі ў рай!

Д’ябал сыходзіць.

Але ж і смешны гэты д’ябал! Такое несур’ёзнае выпрабаванне прыдумаў. Калі б я не пабываў у райскім садзе, увогуле б падумаў, што гэта ашуканец ці вар’ят які. Зусім не падобны на чорта, якім яго малююць. (Кладзецца на лаўку.) Прылягу, пасплю да абеду, там і да вечара недалёка.

Перад хатай з’яўляецца Сусед.

Сусед. Здароў, Яська! Чаму спіш з раніцы?

Яська (прыўзнімаецца). Якое там спіш, суседзе! Так, прылёг на хвілінку. (Сам сабе.) Што за нячыстая сіла яго прынесла?

Сусед. А дзе твая? У хаце?

Яська. Паехала наведаць маіх бацькоў.

Сусед (уздыхае). Добра табе. Каб маю чорт куды выпер з хаты. (Азірнуўшыся.) Яська, хочаш выпіць?

Яська (мужна). Не, суседзе, не хачу.

Сусед. Дзіўна. А маеш?

Яська. І не маю.

Сусед. То хадзем у карчму.

Яська. Не магу. Мушу сядзець на лаўцы з раніцы да вечара.

Сусед. Навошта?

Яська. Слова даў.

Сусед. Каму? Жонцы?

Яська. Ды не, д’яблу. Калі выседжу, ён адправіць мяне ў рай.

Сусед. А мне можна з табой?

Яська. Сядай. (Паказвае на лаўку.)

Сусед (смяецца). Кінь, Яська, выдурняцца, хадзем вып’ем.

Яська. Не, не пайду. У рай дужа хочацца.

Сусед. Дык ты не жартуеш? (Задумваецца.) Яська, хочаш я дапамагу табе трапіць у рай?

Яська. Як гэта?

Сусед. Вазлюбі бліжняга свайго: дай на гарэлку.

Яська. А каб ты здох. Во прыдумаў!

Сусед. Тады пазыч.

Яська. Ты хоць аднаго разу мне вярнуў?

Сусед. Навошта? Ты ўсё роўна ў рай выбіраешся.

Яська. Не дам. Ідзі з Богам.

Сусед. Слухай, а Паўлінку ты як: з сабой забярэш ці тут пакінеш?

Яська. А табе што да маёй Паўлінкі? (Павагаўшыся.) Вядома, забяру.

Сусед (узрадавана). Значыцца, вашая хата нам застанецца! Сёння ж, пакуль іншыя не даведаліся, перабярэмся з жонкай у новае жытло!

Яська (збянтэжана). Пачакай, суседзе, пачакай! (Сам сабе.) Вось табе і маеш! Як жа так: у маёй хаце будзе раскашаваць гэты п’яніца і абібок? (Да суседа.) Я вас забяру з сабой, у рай.

Сусед. Э, не, нам твой рай не свеціць і не грэе. А вось хата ў цябе добрая, дагледжаная, не тое што мая развалюха. Пайду толькі пашукаю, ці няма там непатрэбных рэчаў, якіх можна пазбыцца. (Хоча зайсці ў Яськаву хату.)

Яська. Стой, злыдзень, ты куды?! (Ледзьве не ўстае з лаўкі, але спахопліваецца.) Вярніся, я нешта для цябе знайшоў! (Ліхаманкава шукае ў кішэнях грошы.)

Сусед (азіраецца). А?

Яська (вымае ўсе грошы, якія былі ў кішэнях). Вось, вазьмі на гарэлку!

Сусед. Пазычаеш? (Бярэцца рукой за клямку дзвярэй.)

Яська (злосна ). Так даю!

Сусед (падыходзіць да Яські і забірае грошы). Дзякуй, суседзе. Пайду, вып’ю за тваё здароўе. Каб ты хутчэй у рай трапіў.

Яська (ціха). Каб ты захлынуўся сваёй гарэлкай!

Сусед сыходзіць.

Дзякуй Богу, пайшоў. (Занепакоена.) Але што мне рабіць з хатаю, калі і праўда давядзецца ў рай выпраўляцца? Сваімі рукамі збудаваў, па бярвенчыку, па дошчачцы. Столькі поту праліў, столькі слёз, часцінку душы ў яе ўклаў! І раптам пакінуць яе гэтаму недарэку, які за год усё расцягне і прап’е? Эх, каб можна было ўзяць хату з сабой, у рай! Як бы гэта ўгаварыць д’ябла?

Перад хатай з’яўляецца Суседка.

Суседка. Дзень добры, Яська!

Яська (непрыязна). Здароў, суседка! (Сам сабе.) Выпер-такі яе чорт з хаты.

Суседка. Чаму адзін сядзіш? Дзе Паўлінка?

Яська. Выбралася ў госці да маіх бацькоў.

Суседка. А цябе пакінула аднаго, без нагляду? Мой таксама некуды пацягнуўся. Мусіць, у карчму. (Падазрона.) Цябе не запрашаў з сабой?

Яська. Можа, й запрашаў.

Суседка. Чаму ж ты не пайшоў?

Яська. Бо мушу сядзець на гэтай лаўцы да самага вечара. Слова даў д’яблу.

Суседка (перапытвае). Каму?

Яська. Д’яблу. Калі выседжу — ён мяне ў рай возьме.

Суседка. А калі не выседзіш?

Яська. Тады — у пекла.

Суседка. Як цікава! А можна і я з табой крыху пасяджу?

Яська. Сядай, калі хочаш.

Суседка сядае на лаўку побач з Яськам. Нейкі час пануе маўчанне. Потым Суседка пачынае неспакойна круціцца на лаўцы.

Суседка. Яська, а хадзем да мяне ў хату, вып’ем гарэлачкі ды чаго закусіць пашукаем. (Сарамліва апускае вочы.) Паўлінкі няма, і мой не хутка вернецца...

Яська (здзіўлена). Ты што, суседка, блёкату аб’елася?

Суседка (падсоўваецца бліжэй). Ах, Яська, так сёння горача, так горача!

Яська. Чым ты слухаеш, га? Я ж сказаў табе: мушу сядзець на лаўцы з рання да змяркання. Я з д’яблам аб заклад пабіўся.

Суседка. Я што? Я ж не супраць. (Сядзіць нейкі час спакойна, але неўзабаве зноў пачынае круціцца.) А можа, да цябе на хвілінку зойдзем?

Яська. Цьфу, дурніца! (Крычыць.) Нельга мне праз цэлы дзень уставаць з гэтай лаўкі! Зразумела?

Суседка (спалохана). Зразумела, зразумела, Ясечка. Толькі не крычы. Але ж горача... (Расшпільвае верхнія гузікі кашулі.)

Яська (стараецца не глядзець у бок Суседкі). І прынесла ж яе на маю галаву!

Суседка (падбірае вышэй спадніцу і падсоўваецца да Яські). Яська, а чаму сэрца чалавека б’ецца ціха-ціха, роўна-роўна, як раптам пачынае трапятаць і тахкаць, тахкаць...

Яська. Чаго? (Паварочваецца да Суседкі.) Ты што, можа, захварэла?

Суседка. Вось паслухай. (Бярэ Яськаву руку і прыціскае яе сабе да грудзей.) Чуеш? Нібыта хоча выскачыць з грудзей.

Яська (спрабуе вызваліць руку). Не чую.

Суседка. А так? (Прыціскае Яськаву руку мацней.)

Яська (азіраецца). Зараз як вернецца твой мужык з карчмы, дык ты затрапечашся.

Суседка (смяецца). Ён ужо даўно набраўся, як свіння гразі, і валяецца пад плотам. (Падсоўваецца да Яські зусім блізка.) Яська, ты што, мяне баішся?

Яська. Чаго мне цябе баяцца? (Пакрыўджана.) Прыдумала яшчэ.

Суседка. І я цябе не баюся. (Абдымае Яську.) І так мне горача. (Цалуе Яську.) А сэрца тахкае. (Накідваецца на Яську.)

Яська (супраціўляецца). Дзеўка, ты гэта што... а як жа Паўлінка... а твой мужык... Я ж слова даў... нельга мне ўставаць з лавы.

Суседка. Не ўставай, Яська, не ўставай. (Забіраецца на Яську.) Не трэба парушаць слова.

Яська (паддаецца). Але ж ты настырная...

З’яўляецца падпіты Сусед, трымаючы ў кожнай руцэ па пляшцы гарэлкі.

Сусед (крычыць). Яська, вазьмі мяне з сабой у рай, я гарэлкі прынёс! (Прыглядаецца.) Ой, а што гэта за баба на цябе ўзлезла?

Суседка, пачуўшы голас мужа, адразу пачынае вырывацца і лупіць Яську.

Суседка (крычыць). Ратуйце, гвалцяць! Адпусці мяне, мярзотнік! Я табе не дзеўка якая! Я сумленная кабета! Вось табе, вось табе! (Спрытна злазіць з Яські, адбягае ад лаўкі і хаваецца за плечы мужа.) Што надумаў, жарабец! Пасярод белага дня, перад уласнай хатай! Людзі добрыя, якая ганьба!

Сусед. Жонка? (Намагаецца працверазець.) Гэта ты сядзела на Яську? Нічога не разумею.

Суседка. Згвалціць мяне хацеў!

Сусед. Вось змей! А я яму гарэлкі прынёс.

Яська (усхопліваецца з лаўкі). Брэша! Сама на мяне ўзлезла!

Суседка. Хто табе, шылахвосту, паверыць? (Здзекліва.) Вось вернецца Паўлінка, дазнаецца пра тое, пагоніць цябе з хаты!

Яська. Ах ты, сучка! (Кідаецца да Суседкі з кулакамі.)

Суседка (з-за плячэй мужа). Не баюся цябе! Не баюся! (Да мужа.) Ану, дай яму, ды добра. Каб не чапаў чужога!

Яська спрабуе дастаць Суседку, тая не даецца і круціць Яську дулі. Спалоханы Сусед адно прыціскае да сябе пляшкі, каб толькі не пабіць.

Раптам усе заміраюць і прыслухоўваюцца. Чуваць бой гадзінніка.

Што гэта?

Сусед. Не чуеш хіба? Гадзіннік.

Яська (спахапіўшыся). Лаўка, мая лаўка! (Кідаецца назад на лаўку.) Што цяпер будзе? (Сядае на лаўку, лаўка пад ім развальваецца.)

Сусед (прыслухоўваецца да бою гадзінніка). Тры гадзіны. Час абедаць. Жонка, есці давай!

Суседка (абурана). Тваю жонку ледзьве не згвалцілі, а табе толькі адно ў галаве: выпіць ды пад’есці!

Сусед. Ужо не адно. Хадзем дамоў, там разбярэмся. (Паказвае пляшкі.) Во, і гарэлачка ёсць. (Шэптам.) За Яськавы грошы купіў, на дурня нарваўся.

Суседка. Ах ты, юда, за дзве пляшкі гарэлкі гатовы жонку прадаць!

Сусед. Э, сучка не захоча, кабель не ўскоча. Хадзем абедаць! (Цягне жонку дадому.)

Яська (услед суседзям). Каб вам гэты абед колам у горле стаў! З-за вас я зноў не датрымаў слова!

Сусед з і сыходзяць, Яська застаецца адзін над разваленай лаўкай.

 

З’ява чацвёртая

Перад Яськавай хатай. На слупку ад лаўкі сядзіць маркотны гаспадар.

Яська. Бедны я, гаротны я чалавек. Шчасце само прыйшло мне ў рукі, а я яго не ўтрымаў. Чаму ўсё так наперакасяк выходзіць? Так усё па-дурному. Страціць рай з-за нейкай сабачай місы, з-за гнілой лаўкі. Лепш бы я павесіўся... Што я цяпер скажу д’яблу?

З’яўляецца Д’ябал. Моўчкі сядае на другі слупок ад лаўкі, вымае цыгарэты, закурвае і частуе Яську.

(Не вытрымлівае маўчання). Чаго глядзіш?

Д’ябал. Нічога ў нас не атрымалася, Яська. Відаць, і праўда вы, людзі, занадта слабыя і легкадумныя. Не можаце адолець спакусу. І ні Бог, ні д’ябал вам не дапаможа.

Яська. Каб жа я хоць ведаў, з якога боку чакаць тую спакусу!

Д’ябал. Чаму, калі зводзіш чалавека да згубы,— усё атрымліваецца, а як толькі спрабуеш яго выратаваць,— адразу няўдача? Няўжо дабро такое бездапаможнае перад злом? Няўжо, каб дасягнуць мэты, трэба абавязкова хітраваць і выкручвацца? Цяжка, аднак, даводзіцца Богу.

Яська. А што, калі Бог даў мне такіх суседзяў? Хіба побач з імі можна ўстрымацца ад граху?

Д’ябал. Пры чым тут суседзі? Не яны, а ты кляўся датрымаць слова. Я ў цябе паверыў, а не ў іх. Цябе выбраў, каб выратаваць твой народ і ўсё чалавецтва. Няма чаго рабіць, хадзем у пекла. Там нашае месца.

Яська (у адчаі). Не вінаваты я! Нейкі чорт мяне звёў!

Д’ябал (з дакорам). Яська, які чорт? Што ты пляцеш? Маўчы лепш, калі вінаваты.

Яська. Маўчу. (Нечакана.) Хочаш, буду маўчаць праз цэлы дзень як вады ў рот набраўшы? Дай мне апошні шанец!

Д’ябал. І слухаць не хачу! Зноў не вытрымаеш, як і тады.

Яська. Гэтым разам не падвяду, датрымаю слова.

Д’ябал. Будзеш маўчаць праз цэлы дзень? Не скажаш ані слова? (Задумваецца.) Ды ты запішчыш праз гадзіну!

Яська. Вось пабачыш, буду маўчаць, хоць бы канец свету здарыўся. А не вытрымаю — сам, па сваёй волі пайду ў пекла.

Д’ябал (павагаўшыся). Згода. Толькі не наракай больш ні на Адама з Евай, ні на суседзяў, ні на Бога з д’яблам. Ад цябе самога ўсё залежыць, памятай гэта. Што маўчыш?

Яська паказвае на мігах, што ён ужо не размаўляе.

Вось і маўчы. І што б вакол цябе ні адбывалася — нават не пікні. Бо гэта — твая апошняя магчымасць. Адам аднойчы саграшыў і ўсё жыццё пакутаваў. Ты — ужо двойчы. Трэці раз я табе не дарую. (Сыходзіць.)

Яська з важным выглядам сядзіць на слупку ад лаўкі. Праз нейкі час перад хатай з’яўляецца Незнаёмы.

Незнаёмы. Здароў, братка! Чаго сядзіш у такі дзень каля хаты? Дзе твая годнасць, тваё сумленне?

Яська паказвае на мігах, каб яго пакінулі ў спакоі.

(Шэптам.) Хіба ты не чуў, што сёння збіраецца вялікі сход?

Яська адмоўна круціць галавой.

Божа, што за народ! Неба плача горкімі слязамі, зямля стогне ад гора, а яны капошацца ціхенька ў сваім балоце, як чэрві, прыдаўленыя каменем. Слухаць не хочуць, гаварыць не ўмеюць, нават якую маюць сілу, дык і тую баяцца выказаць. Жывуць нібыта ў нейкім страшным зачараваным сне. (Да Яські.) Склікаецца сход вялікі, і ўсе браты і сёстры павінны на гэты сход з’явіцца. (Таямніча азіраецца.) Будзем праклятага цмока выганяць. Разумееш, пра каго я гавару?

Яська збянтэжана паціскае плячыма.

Таго самага цмока, з-за якога на нашай зямлі завяліся ўсе беды і няшчасці. Таго самага ваўкалака, які навёў на наш край зграі чужынцаў. Успомні, колькі чароўных песень і казак спявала над тваёй калыскай маці, а што з іх сёння засталося? Асмяялі, аплявалі іх нязваныя госці, мучыцелі нашы. Але выбіла такая гадзіна, калі далей не можам трываць над сабой здзек. Уставай, скажы сваё слова, братка! На сход, на вялікі сход!

Яська спалохана ўціскае галаву ў плечы.

Ты што, не чуеш мяне? Можа, ты глухі?

Яська адмоўна круціць галавой.

(Пагардліва.) Ага, зразумела. Такі самы, як і ўсе: баязлівы. Чакаеш, пакуль доля сама прыйдзе да цябе ў хату і папросіцца, каб ты толькі адчыніў дзверы. Спадзяешся, што нехта іншы аддасць сваё жыццё за тваю свабоду. Але так не бывае на свеце, братка. Нельга сядзець моўчкі і чакаць раю, за шчасце трэба змагацца! (Трасе Яську за плечы.) Устань, скажы сваё слова, зрабі свой учынак! Колькі можна спаць! (Адпускае Яську.) Э-эх, што за людзі! Хіба з такімі выратуеш Бацькаўшчыну? (Адыходзіць, але неўзабаве вяртаецца і працягвае Яську кнігу.) Вазьмі вось, прачытай. Тут усё напісана. Можа, нарэшце зразумееш, што да чаго. (Адыходзіць.)

Яська застаецца адзін, баязліва глядзіць на кнігу, якую трымае ў руках як мага далей ад сябе.

Перад хатай з’яўляюцца два вайскоўцы.

1-ы Вайсковец. (заўважае Яську). Глядзі, можа, гэта ён?

2-і Вайсковец (разглядае Яську). Непадобны. Нейкі дурнаваты з выгляду.

1-ы Вайсковец. Але ў руках у яго — кніга.

2-і Вайсковец. Значыцца, ён. Бі гада!

Вайскоўцы вырываюць у Яські з рук кнігу і пачынаюць яго жорстка, прафесійна збіваць.

1-ы Вайсковец. Папаўся, сволач!

2-і Вайсковец. Мы табе пакажам, як забароненыя кніжкі чытаць. (Кідае кнігу сабе пад ногі.)

1-ы Вайсковец. Разумнейшым за ўсіх хочаш быць!

2-і Вайсковец. Быдлам нас лічыш!

Яська мычыць, спрабуе на мігах нешта растлумачыць, паказвае рукой у той бок, куды падаўся Незнаёмы. Але ягоныя спробы яшчэ больш раз’юшваюць вайскоўцаў.

Нямым прыкідваецца.

1-ы Вайсковец. Здзекуецца з нас.

2-і Вайсковец. Мы ведаем, хто народ баламуціць!

1-ы Вайсковец. Прызнавайся, дзе адбудзецца вашае зборышча, бунтаўшчык!

2-і Вайсковец. Заб’ем насмерць, калі не скажаш праўды!

Яська (не вытрымлівае). Я — Яська! Я не бунтаўшчык! Пусціце мяне, я нічога не зрабіў! (Спрабуе вырвацца.)

Але адзін з вайскоўцаў надзейна трымае Яську, а другі ў гэты час б’е. З’яўляецца Д’ябал у накінутым на плечы камандзірскім фрэнчы.

Д’ябал (уладна). Адставіць! Адпусціце яго. Гэта не той чалавек, якога мы шукаем.

1-ы Вайсковец (адпускае Яську). Як не той? А кніга?

2-і Вайсковец. (падбірае кнігу і падае Д’яблу). Вось.

Д’ябал. Гэта не ягоная кніга. (Працірае кнігу ад пылу.) Той, каго мы шукаем, падаўся туды. (Паказвае рукой.) Чаго стаіцё? Выконвайце загад.

Вайскоўцы бягуць туды, куды паказаў Д’ябал.

Дык ты, Яська, забароненыя кнігі чытаеш? (Адгортвае кнігу на першай старонцы і чытае ўслых.)

«Напачатку стварыў Бог неба і зямлю. Зямля ж была бязвідная і пустая, і цемрадзь над безданню, і Дух Божы насіўся над водамі. І сказаў Бог: няхай будзе святло. І сталася святло». (Закрывае кнігу.)

Яська (калоціцца). За што? Я не вінаваты. Я — Яська. Я нічога не зрабіў. (Плача.)

Д’ябал. Пайшлі, Яська. (Забірае Яську.)

 

Дзея другая

З’ява пятая

На ложку ў сваёй хаце спіць Паўлінка. Недалёка ад ложка сядзіць на лаве пераапрануты ў жаночае адзенне Д’ябал і гушкае вялізную дзіцячую калыску. Пры гэтым Д’ябал спявае сабе пад нос калыханку на незразумелай мове. Паўлінка нібыта прачынаецца і заўважае Д’ябла.

Паўлінка (спалохана). Ты... ты што робіш у маёй хаце?

Д’ябал. Не бачыш хіба? Гушкаю дзіця.

Паўлінка (абурана). Хто ты такая? Адкуль узялася тут сярод ночы?

Д’ябал (з гонарам). Я — Яськава жонка. (Вымае з кішэні цыгарэту і прапаноўвае Паўлінцы.) Частуйся. Не хочаш? Як хочаш. (Запальвае.)

Паўлінка (апрытомнеўшы). Яськава жонка? Ды каб табе язык адсох за такія словы!

Д’ябал (шэптам). Цішэй, цішэй! Не крычы. (Пяшчотна.) Разбудзіш нашага з Яськам сынка.

Паўлінка (паставіўшы рукі ў бокі). Я — Яськава жонка! Пайшла прэч, блудніца!

З калыскі высоўваецца рука і патрабавальна цягнецца да Д’ябла. Д’ябал пакорліва аддае цыгарэту ў калыску.

Д’ябал (з дакорам). Вось бачыш, разбудзіла. Беднае дзіцятка. (Гушкае калыску.)

Паўлінка (гнеўна). Вымятайся з маёй хаты разам са сваім байструком, лярва! Ты што, не чула: я — Яськава жонка!

Д’ябал. І ты — таксама? (Уздыхае.) Што ж, давядзецца нам усім жыць разам.

Паўлінка (усхопліваецца). Я табе пакажу «разам», сучка! Я зараз твае пасмы павыдзіраю! (Як віхор, накідваецца на Д'ябла, злосна торгае яго за валасы і застаецца з парыком у руках.)

Д’ябал. Ну, вось, сапсавала прычоску. Што за шалёная баба! (Адбірае ў Паўлінкі парык.)

Паўлінка (разгублена). Ты... хто такое?

Д'ябал. Я — твой муж.

Паўлінка (не зусім упэўнена). Мой муж — Яська.

Д’ябал. Няма больш ніякага Яські. Ваўкі з’елі. Я цяпер твой муж, Паўлінка.

З калыскі высоўваецца рука і патрабавальна цягнецца да Д’ябла. Д’ябал здымае з пояса пляшку з гарэлкай, адкручвае накрыўку, робіць глыток, задаволена цмокае языком і аддае пляшку ў калыску.

Паўлінка (баязліва). А там... што? (Паказвае на калыску.)

Д’ ябал (пяшчотна). Там — наш з табой сынок, Паўлінка. Мы яго з табой нарадзілі, цяпер гадаваць будзем.

Паўлінка (сядае на ложак). Божа, што са мной? Я сплю?

Д’ябал (невядома да каго). Спі, мая радасць. Спі, мая надзея. (Гушкае калыску.)

Паўлінка (у адчаі). Дзе мой Яська? Вярніце мне майго мужа! (Плача.)

Д’ябал (нахіляецца да Паўлінкі і гладзіць яе па галаве). Не плач, мая мілая. Цяпер у цябе новы муж, багаты ды разумны. Навошта табе той п’яніца і абібок?

Паўлінка (скрозь слёзы). Хачу да Яські!

Д’ябал (раззлаваны). Вось упартая кабета! Заладзіла адно: Яська ды Яська! (У калыску.) Пакінем яе тут! Навошта яна ўвогуле нам патрэбна?

З калыскі высоўваюцца дзве рукі і цягнуцца да Д’ябла. Д’ябал дапамагае выбрацца з калыскі Яську, апранутаму як аднагадовае дзіцятка. Гучыць страсная музыка, Д’ябал з Яськам танчаць.

Яська (крычыць). Я — твой сын, Паўлінка!

Д’ябал (да Яські). Я — твой бацька! Сынок мой! (Запрыгвае Яську на рукі.)

Паўлінка (жагнаецца). Божа, я звар’яцела! (Заплюшчвае вочы і закрывае рукамі вушы.)

Яська. Яна спіць! Пакінем яе тут!

Д’ябал. Яна звар’яцела! Навошта яна нам патрэбна?

Рухаючыся ў рытме танца, Яська з Д’яблам пакідаюць сцэну. Музыка сціхае. Паўлінка адплюшчвае вочы і адкрывае вушы.

Паўлінка (прачынаецца). Што за жахлівы сон! Ясечка, любы, чуе маё сэрца: нейкая бяда з табою здарылася. Ты ж у мяне такі добры, такі даверлівы. Кожны цябе падмануць рады. У якую ты зноў ублытаўся гісторыю? Ці не забыўся ты пра сваю верную Паўлінку? (Узнімаецца з ложка.) Ох, як шчыміць сэрца! Як мне табе дапамагчы, як цябе выратаваць, Яська? (Пакідае сцэну.)

 

З'ява шостая

Старая карчма з чорнымі, закуранымі сценамі, з бруднымі драўлянымі сталамі і лаўкамі.

За адным сталом сядзіць Д’ябал і п’е гарэлку. Побач з ім прымасціўся Яська, паклаўшы галаву на стол.

За суседнім сталом дзве распусніцы гуляюць у карты, кідаючы прагныя позіркі ў бок Яські і Д’ябла. Збоку, за стойкай, Карчмар працірае брудным фартухом чаркі і келіхі.

Нечакана Яська падхопліваецца і пачынае крычаць.

Яська. Я не чытаў! Я нічога не ведаю! Я не бунтаўшчык!

Д’ябал (ловіць Яську за руку). Не крычы. Ты не на судзе.

Яська. А дзе? (Азіраецца.) У пекле?

Д’ябал. Амаль што. (Налівае Яську гарэлкі.) Бяры.

Яська (баязліва паглядае на чарку з гарэлкай і адсоўваецца). Дзякуй, я не п’ю.

Распусніцы за суседнім сталом пырскаюць са смеху.

1-я Распусніца (шэптам). Чула: не п’е чалавек. Можа, святы?

2-я Распусніца (шэптам). Які святы! Хворы. (Уголас.) А вось мы б не адмовіліся, калі б нас хто пачаставаў.

Д’ябал (да Карчмара). Карчмар, гарэлкі для дзяўчат. (Да Яські.) Зусім не п’еш?

Яська (нясмела). Можа, квасу.

1-я Распусніца (шэптам). Чула: папрасіў квасу.

2-я Распусніца (шэптам). Добра, што не свянцонай вады. Я ж казала: хворы. (Уголас.) А дзе наш пачастунак?

Карчмар не спяшаецца несці гарэлку, нібыта чагосьці чакае.

Д’ябал (да Карчмара). Ты што, не чуеш? Пляшку для паненак!

Карчмар (хмыкае). Знайшліся мне паненкі. Пан яшчэ не заплаціў мне за тое, што выпіў.

Д’ябал моўчкі вымае з унутранай кішэні пінжака тоўсты пачак грошай і, выцягнуўшы адну купюру, кладзе яе на стол. Карчмар выходзіць з-за стойкі, падыходзіць да стала і, пабачыўшы вартасць купюры і таўшчыню пачка, змяняецца з твару.

(Лісліва.) Выбачайце, пане. Увогуле, у нашай карчме можна ўсё браць напавер. (Забірае грошы.) Значыцца, гарэлкі для дзяўчат і... квасу для панскага сябра?

Д’ябал. Не трэба квасу. Ён жартуе.

Карчмар. То замест квасу яшчэ адну пляшку гарэлкі? (Бяжыць па гарэлку.)

Д’ябал. Пі, Яська, не дурыся. У пекле табе не наліюць.

Яська (уздыхае). Э-эх! (Бярэ ў рукі чарку.)

Д’ябал з Яськам п’юць гарэлку. Карчмар прыносіць пляшку гарэлкі для распусніц і пляшку для Д’ябла з Яськам.

Карчмар (да распусніц, шэптам). Бачылі, колькі ў яго грошай? То чаго седзіцё, як манашкі на імшы? (Вяртаецца за стойку.)

Яська (да Д'ябла). Але ж ты і набраўся!

Д’ябал (усміхаецца). Зусім як чалавек, праўда?

Яська. Як свіння, прашу прабачэння.

Д’ябал. Ах, Яська! Д’ябал, чалавек, свіння... Невялікая паміж намі розніца. Мы маглі з табой трапіць у рай, а выбіраемся ў пекла. Дык што цяпер удаваць анёлаў?

Яська. Паглядзеў бы я, як бы ты маўчаў, калі б цябе так збівалі.

Д’ябал. Бедны Яська! Як мала трэба, каб ты адмовіўся ад вечнага шчасця: даць табе раз-другі ў морду. А калі б трэба было ахвяраваць жыццём?

Падыходзяць распусніцы і пачынаюць заляцацца да Яські і Д’ябла.

1-я Распусніца. Чаго, хлопцы, такія сумныя?

2-я Распусніца. Можа, разам нам было б весялей?

Д’ябал. Сядайце, дзяўчаткі. Мы акурат тыя, хто вам патрэбны. (Усаджвае 1-ю Распусніцу сабе на калені і налівае ўсім гарэлкі.)

2-я Распусніца хоча сесці на калені да Яські, але той адсоўваецца.

Яська. Адчапіся, у мяне і без цябе грахоў хапае.

2-я Распусніца (пакрыўджана). Фу, які нявыхаваны. (Падыходзіць да Д'ябла і сядае яму на другое калена.)

1-я Распусніца (з усмешкай). Святы.

2-я Распусніца (злосна). Хворы!

Д’ябал. Забудзься пра ўсё, Яська! Гуляй, пакуль яшчэ ёсць час. Давай вып’ем!

Яська (змрочна). Не хачу.

Усе, акрамя Яські, выпіваюць. Д’ябал цалуецца з распусніцамі, шэпча ім на вуха брыдкія словы, мацае за найбольш далікатныя месцы.

Усе, акрамя Яські, рагочуць.

(Не вытрымлівае.) Цьфу! Брыдка на вас глядзець. Канец свету! Што мы тут робім? Чаму сядзім у гэтай бруднай карчме? Не справіўся я, горшы я за Адама! Дык бяры мяне і цягні ў пекла. (Стомлена.) А не — адпусці дамоў.

Д’ябал. А можа, даць табе яшчэ шанец? Як? Не падвядзеш? (Смяецца.)

Яська. Пайшоў ты... да д’ябла.

Д’ябал. Баішся, баішся! (Нечакана цвяроза.) Бо ўжо ведаеш, што і гэтым разам не вытрымаеш. (Нахіляецца да Яські.) І ніхто, Яська, не вытрымае. Чалавек слабы, занадта слабы. Таму няма для нас раю: ні для цябе, ні для мяне. Дзверы зачыніліся назаўсёды. (Шэптам.) А можа, няма і пекла, толькі гэтая карчма? Можа, няма нам куды адсюль ісці? (Рагоча, як вар'ят.) Няма Бога і няма мяне! Толькі ты, Яська, ёсць, толькі ты... (Казыча распусніц.)

Тыя заходзяцца ад смеху.

Яська. Ты ўжо лыка не вяжаш. (Азіраецца.) Што я буду з табой рабіць?

Д’ябал. Гуляй, Яська! Пі гарэлку, забаўляйся з дзеўкамі. Я фундую! Гэй, карчмар, яшчэ гарэлкі! (Абдымаецца з распусніцамі, задзірае ім спадніцы.)

Падбягае Карчмар з новымі пляшкамі гарэлкі, але бачыць, што Д’ябал ужо зусім п’яны.

Карчмар. А можа, шаноўныя госці жадаюць адпачыць? Маем надзвычай утульныя пакойчыкі. Дзяўчаты ахвотна вас правядуць і пакажуць усе выгоды.

1-я Распусніца. І ў ложак пакладзём!

2-я Распусніца. І распранём!

1-я Распусніца (натхнёна). Зробім, што толькі пажадаеце!

2-я Распусніца (злосна). Казачку на ноч распавядзём.

Д’ябал (падміргвае). Што скажаш, Яська? Выбірай, табе каторую?

Яська. Я да Паўлінкі хачу. (Адварочваецца.)

Д’ябал. То я вазьму абедзвюх! Хадземце, мае салодкія!

1-я Распусніца. А пан з намі ўправіцца?

2-я Распусніца. Абы заплаціў.

Д’ябал з распусніцамі ўстаюць з-за стала.

Яська. А мне што рабіць? Не баішся, што я ўцяку?

Д’ябал. Куды, Яська? Ад сябе не ўцячэш. (У абдымку з распусніцамі выходзіць з пакоя.)

Карчмар сядае да Яські за стол.

Яська (сам сабе). Вось паскуднік! А я было паверыў, што ён і праўда стаміўся, у рай захацеў... Каму паверыў, гэтаму жлукце?

Карчмар. Бачу, Яська, ты не вельмі любіш свайго сябра. Даўно ты яго ведаеш?

Яська. Які ён мне сябра! Лепш бы я яго зусім не ведаў.

Карчмар. А што ён за чалавек? Адкуль у яго столькі грошай?

Яська. Што табе да ягоных грошай? Смачны жабе арэх, ды зубоў Бог не даў. Д’ябал ён, а не чалавек.

Карчмар. Нам з табой, Яська, за ўсё жыццё столькі не зарабіць. (Нахіляецца да Яські.) Можа, гэта адзіны шанец у жыцці?

Яська (устрывожана). Які да халеры шанец? Ты што пляцеш, карчмар? Ты да чаго мяне намаўляеш? Украсці ў яго грошы?

Карчмар. Не ўкрасці, не! Барані Божа! (Шэптам.) Забіць. А грошы пасля падзелім.

Яська. Забіць? Яго? (Смяецца.) Але ж ты і прыдумаў!

Карчмар (заклапочана). Украсці я мог бы і сам. Але раніцай ён прачнецца, і што тады? Не, яго трэба забіць. А я стары, не дам рады.

Яська. Ты што, гідкі слімак, не чуў: гэта не чалавек, а д’ябал.

Карчмар. Не бойся, Яська, ён добра напіўся і будзе спаць як пшаніцу прадаўшы.

Яська. Сапраўдны д’ябал! З пекла! Зразумеў? (Налівае ў чарку гарэлкі і куляе ў рот.)

Карчмар (недаверліва). Сапраўдны д’ябал? Там? П’яны як зямля і з дзвюма дзеўкамі ў ложку? (Смяецца.) Яська, ты больш не пі.

Яська. Не верыш мне? А ў рай верыш? Я там быў.

Карчмар. Што ж ты там рабіў?

Яська. Што рабіў?.. Піў... закусваў... музыка грала...

Карчмар (расчаравана). Э, хлопча, гэткі рай у маёй карчме кожнага вечара.

Яська. Не верыш мне! Як хочаш. Можа, я таксама ўжо сабе не веру. Але там — д’ябал. (Адварочваецца.)

Карчмар (сам сабе). Во набраў у галаву. Можа, з розуму крануўся? (Падумаўшы.) Д’ябал не д’ябал, а грошы ў яго не фальшывыя, я праверыў. (Да Яські.) Хлопча, ты мяне пераканаў. Там — д’ябал.

Яська (абыякава ). Дык што?

Карчмар (урачыста). Мы павінны яго забіць.

Яська (ашалела). Д’ябла? (Паварочваецца да Карчмара.) З глузду з’ехаў, стары? Хіба яго можна забіць?

Карчмар (упэўнена). Можна, Яська, можна! Там, у пекле, калі ён ва ўсёй сваёй сіле ды пры розуме — немагчыма. А тут, на зямлі, калі ён у абліччы чалавека, п’яны ды сонны — можна. (Вымае з-пад крыса нож.) Вось гэтым нажом.

Яська (глядзіць на нож). Узяць і забіць д’ябла. Вось гэтым нажом. І што тады?

Карчмар (пераканана). І тады — рай. Рай на зямлі. Бо ўсё зло — ад д’ябла. Ад яго ўсе нашыя беды і няшчасці.

Яська. Як проста! Рай на зямлі.

Карчмар. І, заўваж, ніякага злачынства! Ніякага граху, Яська! Хіба гэта грэх — забіць нячыстага? Твой хрысціянскі абавязак!

Яська, як зачараваны, глядзіць на нож. У пакой вяртаюцца распусніцы.

Ну, як, дзяўчаткі? (Сквапна.) Ці шмат зарабілі?

2-я Распусніца. Не чалавек, а д’ябал. Ніколі больш не лягу з ім у ложак, нават за такія грошы.

1-я Распусніца. Ах, а я дык, здаецца, вярнула б яму і грошы, каб толькі яшчэ раз паспытаць такога шчасця.

2-я Распусніца (злосна). Пашкадуй сваю задніцу, дурніца!

1-я Распусніца. Ты пра сваю клапаціся. Ёй даўно ўжо пара на печы грэцца.

2-я Распусніца. Ах ты, курва! (Б’е сяброўку па твары.) Смаркачка!

1-я Распусніца. Ад курвы чую! (Спрытна дае здачы.) Порхаўка старая!

Карчмар (кідаецца разнімаць дзевак). Атрымалі сваё — і дадому. (Бярэ са стала пляшку гарэлкі і аддае дзеўкам.) Вось вам, каб хутчэй памірыліся. (Выправаджвае дзевак з карчмы і вяртаецца да Яські.)

Яська (разгублена). Жлукціць гарэлку, спіць з бабамі... Можа, ён і праўда ніякі не д’ябал? Можа, ашуканец які?

Карчмар (пераконвае). Д’ябал, Яська, д’ябал Не сумнявайся! Чуў, што сказала дзеўка? А яна столькі іх бачыла на сваім вяку, што ёй можна даць веры. Трэба яго забіць! Мусіш хоць раз у жыцці адважыцца на рашучы ўчынак. (Падсоўвае Яську нож.) Бяры нож!

Яська (бярэ нож у руку). І тады — рай? Рай на зямлі? (Узнімаецца з-за стала.)

Карчмар. Рай, рай... Хадзем, я пакажу, дзе... (Мітусіцца каля Яські.) Пасля гарэлкі і дзевак ён, мусіць, спіць як забіты. Ага, як забіты. А грошы, калі ты іх не хочаш браць, не бяры. Ты ж не дзеля грошай, праўда?

Яська (згадвае словы Д'ябла). Мы ўсё перайначым! Мы перапішам нанава гісторыю чалавецтва! (Сціскае ў руцэ нож. У суправаджэнні Карчмара пакідае пакой.)

Неўзабаве Карчмар вяртаецца.

Карчмар. Як я яго абкруціў?! Няхай думае, што забіў самога д’ябла. А мне застануцца ўсе грошы. (Прыслухоўваецца.) Толькі б не збаяўся ў апошнюю хвіліну.

Чуваць адчайны чалавечы крык, гучна стукаюць дзверы.

З’яўляецца Яська з акрываўленым нажом у руках.

Яська (дрыжачым голасам). Крычаў... зусім як чалавек. І кроў такая чырвоная, цёплая... Карчмар, а калі гэта... не д’ябал?

Карчмар. Д’ябал, д’ябал! Зараз трэба схаваць у склепе цела. Хадзем, дапаможаш мне. (Выходзіць з пакоя.)

Яська застаецца стаяць.

Яська. Божа, што я нарабіў? Каго я забіў, Божа?

Вяртаецца разгублены Карчмар.

Карчмар. Яська, грошай няма. І цела таксама... Што за жарты, Яська?

Чуваць ціхі іранічны смех. Карчмар здзіўлена азіраецца. Яська заціскае вушы рукамі і падае на калені.

 

З’ява сёмая

Глухая мураваная сцяна, без аніякага следу намаляваных крэйдай дзвярэй. На вышыні трох-чатырох метраў ад зямлі са сцяны тырчыць жалезная бэлька, з яе звісае вяровачная пятля. Пад самай пятлёй сядзіць на зэдліку Яська з акрываўленым нажом у руцэ.

Яська (ачуняўшы). Дзе я зноў? (Азіраецца.) Сцяна, зэдлік, пятля. Ах так, я збіраўся павесіцца... Але з’явіўся д’ябал і мне перашкодзіў. (Заўважае нож у руцэ.) І я забіў яго! (Адкідае нож.) Але навошта?.. Дзе райскі сад з чароўным абрусам? Дзе блакітнае неба, смарагдавая трава, крыштальная вада? Нічога няма. Зноў гэтая ненавісная сцяна... Навошта? (Узбіраецца на зэдлік і прасоўвае галаву ў пятлю.)

З-за вугла выходзіць Д’ябал. Ён апрануты ў летні белы гарнітур, на нагах — белыя чаравікі, на галаве — белы капялюш. У адной руцэ ён трымае валізку, у другой — парасон ад сонца. Д’ябал нагадвае чалавека, які выбіраецца адпачываць на паўднёвы курорт.

Д’ябал. Прывітанне, Яська. Не пазнаеш?

Яська (прыглядаецца). Ты? Ты што... уваскрэс?

Д’ябал. Падобна на тое. А ты як маешся? Зноў надумаў вешацца? А шкада. Шкада, што ты не выкарыстаў сваю апошнюю магчымасць.

Яська (перасмяглымі вуснамі). Якую магчымасць?

Д’ябал. Там, у карчме. Няўжо ты нічога не зразумеў? Добра, не буду табе перашкаджаць. (Падыходзіць да сцяны.)

Дзверы перад ім самі адчыняюцца, з праёма ліецца яркае святло. Д’ябал перастаўляе нагу за парог.

(Азірнуўшыся.) Бывай, Яська.

Яська. Стой, ты куды? (Вымае галаву з пятлі.)

Д’ябал. Як куды? У рай. Душа нявінна забітага...

Яська (саскоквае з зэдліка). А як жа я?

Д’ябал. Ты? Ты мне больш не патрэбны. І я вам таксама. Навошта вам д’ябал, калі вы ў Бога не верыце? (Уваходзіць і шчыльна зачыняе за сабой дзверы.)

Яська. Пачакай! Вазьмі мяне з сабой! (Кідаецца да сцяны, спрабуе знайсці і адчыніць дзверы, але безвынікова.) Я ўсё зразумеў! Дай мне яшчэ адзін шанец! (Разганяецца і б’е плячом у сцяну там, дзе толькі што былі дзверы.) Я моцны! Я змагу! Я вытрымаю! Вярніся, прашу цябе! (Зноў разганяецца і б’е плячом у сцяну.) Адчыні дзверы! Я не хачу тут заставацца!

З’яўляецца ўстрывожаная Паўлінка.

Паўлінка. Ясечка! Міленькі мой, што ты робіш? (Кідаецца да Яські.) Чаго ты крычаў? Табе дрэнна? Што здарылася?

Яська (б’е кулакамі ў сцяну). Ён падмануў мяне! Не ўзяў з сабой! Зачыніў дзверы!

Паўлінка. Хто падмануў? Якія дзверы? (Абдымае Яську.) Хто цябе пакрыўдзіў, родненькі?

Яська. Тут, у сцяне, былі дзверы. (Усхліпвае.) Памятаеш?

Паўлінка. Не было тут ніколі дзвярэй.

Яська. Намаляваныя крэйдай.

Паўлінка. Дзеці гулялі — намалявалі. А потым дождж змыў. Не бяры да галавы. Ты сёння шмат працаваў, стаміўся, есці, напэўна, хочаш. Я прыгатавала смачную вячэру. Сяджу, чакаю, а цябе ўсё няма і няма. Пайду, думаю, пагляджу, дзе мой Яська падзеўся. (Цалуе Яську.) Хадзем дадому, любы. Хадзем, мой каханы.

Яська (з надзеяй). Так, я стаміўся. Я вельмі стаміўся. Адвядзі мяне дадому, Паўлінка.

Паўлінка бярэ Яську за руку і вядзе дахаты. Крокі людзей сціхаюць. Усталёўваецца абсалютная цішыня, западае поўная цемра.

І ў самае апошняе імгненне чуваць ціхае рыпенне, дзверы ў сцяне прыадчыняюцца і скрозь шчыліну прасочваецца тонкі праменьчык святла.

Заслона

1997


1997