epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Кавалёў

Трышчан ды Іжота

Пралог
Дзея першая
  З’ява першая
  З’ява другая
  З'ява трэцяя
  З’ява чацвёртая
  З’ява пятая
  Выхад перад антрактам
Дзея другая
  Выхад пасля антракту
  З'ява шостая
  З’ява сёмая
  З’ява восьмая
Эпілог


П'еса ў 2-х дзеях

паводле старабеларускага рыцарскага рамана «Трышчан»

 

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ

 

Францішак, ён жа Трышчан.

Францішка, яна ж Іжота.

Трагік, ён жа Кароль Марка, Незнаёмы.

Камедыянтка, яна ж служка Брагіня.

 

 

Мы хочам зразумець змест п’есы, у якой самі бярэм удзел як акцёры. Але ці могуць акцёры зразумець змест гранай імі п’есы? Мы ані аўтары яе, ані рэжысёры, ані нават гледачы. Мы выступаем на сцэне.

Клайв Стэйплз Льюіс

Чалавек з камічнай вонкавасцю не можа дазволіць сабе раскошы выглядаць трагічна.

Юкіа Місіма

 

 

Пралог

За невялічкім столікам на авансцэне сядзіць Францішак і нешта выпісвае з таўшчэзнай, пазакладванай шматлікімі закладкамі кнігі. Ён цалкам засяродзіўся на працы і атрымвае ад яе існае задавальненне: гартае старонкі кнігі, крэмзае ды рве паперу, прагаворвае шэптам нейкія словы, смяецца і зноў хапаецца за асадку.

Францішак (уголас). «А Лібрун схапіў з коней Трышчана і Анцалота аднаго адной рукою, а другога другою і паклаў іх умітусь перад сабою на каня, і патрапаў кожнага рукою па сківіцы, і сказаў: «Едзьце з Богам, абодва вы добрыя віцязі!» (Рагоча.)

З’яўляецца Камедыянтка, падыходзіць да Францішка.

Камедыянтка (асцярожна). Ты клікаў мяне, Францішак?

Францішак (асцярожна). Ах, гэта ты! Сядай, даўно цябе чакаю. (Усаджвае Камедыянтку на сваё месца.) Хачу прапанаваць табе ролю ў новым спектаклі.

Камедыянтка (без энтузіязму). Зноў вадэвіль?

Францішак. Камедыя. Беларуская камедыя. Помніш гісторыю Трыстана ды Ізольды?

Камедыянтка (няўпэўнена). Нешта ўспамінаю... французскае, здаецца... і вельмі жаласлівае. Пры чым тут камедыя?

Францішак (з дакорам). Як што, дык адразу французскае. Не ведаем мы сваёй літаратуры. (Бярэ ў рукі кнігу і натхнёна апавядае.) Гэта — вечны сюжэт, мая любая. Так званы «вандроўны». Узнік у сёмым стагоддзі ў кельцкіх паданнях. Пасля пашырыўся на ўсю Еўропу. У кожнага народа была свая версія «Трыстана». Мы возьмем за аснову беларускі рыцарскі раман XVI стагоддзя пра Трышчана ды Іжоту.

Камедыянтка (усміхаецца). Як ты сказаў? Пра Трышчана ды Іжоту?

Францішак. Бач, ты ўжо смяешся. А пытаешся, пры чым тут камедыя. Паслухай вось. (Знаходзіць па закладцы патрэбную старонку і зачытвае.) «Падалася я са сваёй гаспадыняй з аднаго каралеўства ў другое, і яна панесла свой цвет, а я свой, і мы ехалі па моры й па сушы, але, йдучы па моры, гаспадыня мая ўтапіла свой цвет, а я свайго не ўтапіла, і яна паставіла мой цвет туды, дзе мелася б быць яе цвету, і за гэта мяне такое зло й напаткала». (З надзеяй.) Смешна?

Камедыянтка (абыякава). Ага. Толькі незразумела.

Францішак. Значыць, згода?

Камедыянтка (устае). А мне што? Камедыя дык камедыя. На трагічныя ролі мяне ўсё роўна ніхто не запрашае. Адзін менскі рэжысёр сказаў: «Калі даць табе ролю Дэздэмоны, дык і «Атэла» падасца камедыяй».

Тым часам уздымаецца заслона, адкрываючы дзве нерухомыя постаці на сцэне, быццам застылыя ў часе і прасторы: постаці Францішкі і Трагіка. Калі Францішак і Камедыянтка — у сучасных уборах, то Францішка і Трагік апрануты па-тэатральнаму: ці то XVII, ці то XVIII стагоддзе.

Камедыянтка (здзіўлена). Ой, хто гэта? Яны не з нашага тэатра.

Францішак. Любая мая, яны не з нашага стагоддзя. Пойдзем пераапранацца.

Францішак бярэ Камедыянтку пад руку і вядзе за кулісы. Францішка і Трагік ажываюць. Трагік схіляецца ў паважлівым паклоне, Францішка праходжваецца ўздоўж сцэны і расказвае задуму.

Францішка. Гэты раман сам просіцца на сцэну. У ім ёсць усё, чаго вымагае сапраўдная трагедыя: шляхетныя героі, высакародныя пачуцці, велічная смерць. Я проста бачу перад сабой гатовыя сцэны, чую рэплікі акцёраў. (Дэкламуе.) «І Кароль рэк: «Трышчан ест вельмі вінен, мусіць умярэці». І замахнуў мячом, якабы галаву яму сцяці; і ана прыскочыўшы і зашчыціла яго рукою і рэкла: «Пане, не забі Трышчана, але забі мяне». І рэк ёй Кароль: «Чаму ты так мілуеш Трышчана?» Ана рэкла: «Больш яго мілую, ніжлі сама себя, а калі ты яго ўб’еш, я хачу себя ўбіці тым мячом!»

Трагік. Пані Францішка, я ў захапленні! Я ўяўляю вас у ролі Іжоты — і бачу, як блішчаць слёзы на вачах у гледачоў.

Францішка. Як я ўзрадавалася, атрымаўшы ад пана Уняхоўскага рукапіс «Трышчана»! Я ведала сюжэт, але калі прачытала сам раман... Не зрабіць з яго выдатнае трагедыі — зграшыць перад Богам і людзьмі. (Павучальна.) Відовішча трагедыі ачышчае душу і прасвятляе розум чалавека.

Трагік (занепакоена). Пані Францішка, вы — чыста каралева Іжота, але ці не занадта стары я для Трышчана?

Францішка. Ты — для Трышчана? (Хавае ўсмешку.) Супакойся, мой любы дружа, табе я прызначаю іншую ролю — караля Маркі.

Трагік (пакрыўджана). Я — Кароль Марка? Гэты рагач і баязлівец? Ён смеху варты.

Францішка. А ты схавай рогі пад каралеўскай каронай і зрабі так, каб яго баяліся і ненавідзелі. Ці, можа, ты — не найвялікшы трагік нашага часу?

Трагік (змрочна). Я паспрабую, пані Францішка.

Францішка. Тады — пачынаем. (Узрушана.) Кароль Марка весяліцца ў Карнавалі, думаючы, што ягоны пляменнік Трышчан даўно загінуў у Арлендыі. А харобры Трышчан плыве ў гэты час на караблі з Арлендыі ў Карнаваль і вязе з сабой па імклівых хвалях здабытую для караля Марка цудную панну Іжоту... (Кліча.) Бра-гі-ня!..

Францішка і Трагік пакідаюць сцэну.

 

Дзея першая

 

З’ява першая

На ніжняй палубе карабля з’яўляецца Брагіня з падносам у руках. На падносе некалькі пляшак і кубкі. Карабель пагойдвае, і дзяўчына прыкладае намаганні, каб данесці паднос да стала, нічога не скінуўшы.

Голас (мужчынскі). Брагіня!

Брагіня (здзекліва). Бягу, пане Трышчане!

Голас (жаночы). Брагіня!

Брагіня (насмешліва). Лячу, пані Іжота! (Састаўляе фляшкі і кубкі з падноса на стол і аддыхваецца.) Ах, як я стамілася. Ні на хвіліну не пакінуць: як дзеці малыя. І нікуды не схаваешся. Пойдзеш наверх — там Трышчан з сваімі просьбамі. Спусцішся долу — там пані Іжота з сваімі клопатамі. Хоць ты ў мора ад іх кідайся. (Затрымвае пагляд на адной з фляшак.) Што? Адкуль тут узялася гэтая фляшка? (Бярэ фляшку ў рукі.) Няўжо я сама яе прынесла? А каб яе! Сапраўды зачараваная. Як зараз помню, дала мне яе маці пані Іжоты і сказала: «Вазьмі, Брагіня, гэтую зачараваную фляшку з мілосным пітвом і перад тым, як Кароль Марка з Іжотаю ўзыдуць на ложа, дасі ім гэтага пітва, перш каралю, потым Іжоце, а рэшту выльеш далоў. Напіўшыся, яны так моцна пакахаюць адно аднаго, што давеку між імі разладу не будзе. Калі ж хто іншы нап’ецца гэтага пітва, можа здарыцца вялікая бяда». І як жа той бядзе не здарыцца, калі толькі што стаяла гэтая фляшка на стале, і я яе выпадкова заўважыла? Пайду зноў схаваю. Але каторы ўжо раз? (Смяецца.) От вазьму зараз налью з яе кубак Трышчану, а тады сабе. І пакахае мяне, служку Брагіню, найвялікшы рыцар у Карнавалі, а мо і ўва ўсім свеце. (Уяўляе.) Не, божа мяне барані ад такога шчасця! Бр-р!

Увальваецца Трышчан, заўважае Брагіню.

Трышчан (узрадавана). Брагіня!

Брагіня (хавае руку з фляшкай за спіну). Што, пане Трышчане?

Трышчан (не ведае, з чаго пачаць). Ты дзе была? Я цябе паўсюль шукаў.

Брагіня. Хадзіла па віно. Спёка страшная.

Трышчан. І праўда, спёка. Налі мне кубак віна.

Брагіня стаўляе фляшку з мілосным пітвом на стол, а бярэ фляшку з віном. Налівае віно ў кубак і падае Трышчану. На вачах уражанай дзяўчыны Трышчан адным глытком апаражняе кубак.

Трышчан (аддаўшы парожні кубак.) Брагіня. (Набліжаецца.)

Брагіня (стомлена). Што, пане Трышчане?

Трышчан. Давай, га?

Брагіня (абурана). Зноў?

Трышчан. Ну адзін раз, Брагінечка.

Брагіня. Не! Я сказала — не. Сёння больш не магу. Прапануйце пане Іжоце.

Трышчан. Не хачу я з ёю. Яна пад тое вершы чытае. А мяне ад вершаў ванітуе. Лепш ужо сам-насам. (Уздыхнуўшы, вымае з кішэні невялічкія шахматы, сядае за стол і, ссунуўшы ўбок фляшкі і кубкі, расстаўляе фігуркі на дошцы.)

Брагіня. Дзіўлюся я вашай жарсці да шахматаў, пане Трышчане. Гэта хвароба. І смяротная.

Трышчан. Сямейная хвароба. Мой бацька, Кароль Мэліядуш, быў найлепшым гульцом Эліянса. Дзядзька, Кароль Марка, — найлепшы гулец Карнавалі. (З гонарам.) А я — першы рыцар і шахматыст у свеце. Праўда, ёсць яшчэ добры рыцар і гулец Анцалот Азёрны, але куды яму да мяне! (Расставіўшы фігуркі.) Дык, можа, прысядзеш на хвілінку, Брагінечка?

Брагіня. Так — я пайшла! (Уцякае.)

Трышчан (наўздагон). А заўтра?

Брагіня (рэхам). Заўтра! (Знікае.)

Трышчан засяроджваецца на гульні. Праз нейкі час уваходзіць Iжота з невялікай кніжачкай у руках. Трышчан не адрываецца ад шахматаў ні пры яе з’яўленні, ні пры размове з ёй.

Iжота. Наверсе жудасная спёка. І мяне ўсе пакінулі! Нават Брагіня ахвотней бавіць час з маракамі, чым служыць сваёй гаспадыні. У адзіноце апаноўваюць маркотныя думкі і прачуванні.

Трышчан. Выпіце віна, пані Іжота.

Iжота. Хіба што. Альбо атруты. (Сумна ўсміхаецца. Падыходзіць да стала, бярэ фляшку, адкаркоўвае, але не налівае ў кубак — задуменна пазірае на Трышчана.) Бедны рыцар Трышчан. Зноў сам-насам з шахматамі. Я б пагуляла з табой, пачытала табе вершы.

Трышчан цяжка ўздыхае.

Iжота. Але не хачу. Няма настрою.

Трышчан уздыхае з палёгкай.

Iжота. Трэці дзень, як мы пакінулі Арлендыю, а здаецца, мінула вечнасць.

Трышчан. Калі вецер не зменіцца, праз два дні будзем у Карнавалі, у палацы караля Марка.

Iжота. Карнаваль — што за дзіўная назва... Трышчане, раскажы мне пра караля Марку.

Трышчан. А чаго пра яго расказваць? Мой дзядзька.

Iжота. Я чула, ён цябе любіць.

Трышчан. Я ж не паненка, каб ён мяне любіў. От будзе ў яго жонка...

Iжота (перапыняе). А яшчэ я чула, што ён на паляванні забіў свайго брата Пэрлу.

Трышчан. Чаго не бывае на паляванні.

Iжота. І праўда. Чаго не бывае на паляванні... у Карнавалі.

Трышчан не адказвае, перасоўвае адну фігурку, здымае з дошкі другую.

Iжота. Ты не хочаш гаварыць са мною, Трышчане? А мне так цяжка, так самотна. Ты забраў мяне з дому, які быў для мяне ў дзяцінстве і юнацтве ўсім сусветам, забраў ад бацькоў, якія любілі мяне і якіх я любіла, і вязеш у незнаёмую краіну, да незнаёмага мне чалавека, які мусіць стаць мне мужам і якога я павінна пакахаць, ні разу не бачыўшы. І вось ты, які ўва ўсім гэтым вінен, бесклапотна гуляеш у шахматы, а я... я вар'яцею ад невядомасці і страху, я... раптам я не змагу пакахаць яго, Трышчане? Што мне рабіць?

Трышчан (раздражнёны тым, што яго адрываюць ад гульні). Наліце мне віна, пані Іжота. Я збіўся, зрабіў няслушны ход і прайграў.

Iжота. Каму?

Трышчан (з гонарам). Трышчану.

Іжота адкаркоўвае фляшку, напаўняе два кубкі і падае адзін Трышчану.

Iжота. У такім разе я спачуваю таму Трышчану, які прайграў, і віншую таго Трышчана, які выйграў.

Трышчан (прымае кубак). Дзякуй, каралеўна.

Трышчан і Іжота апаражняюць кубкі, Іжота — паволі, а Трышчан, як звычайна, — адным глытком. Выпіўшы, Трышчан з недаўменнем зазірае ў парожні кубак, потым пераводзіць вочы на Іжоту.

Трышчан (занепакоена). Што гэта мы выпілі?

Iжота. Якое дзіўнае віно... (Падносіць руку да грудзей.) Як агнём апякло сэрца.

Трышчан як і Іжота падносіць руку да сэрца, але пасля, прыслухаўшыся, апускае яе ніжэй — на жывот.

Трышчан (занепакоена). Іжота! (Спрабуе зразумець, што з ім.)

Iжота. Што, Трышчане?

Трышчан (панічна). Іжота, ты толькі не палохайся, але, здаецца, я цябе кахаю. (Абмацвае сябе з ног да галавы.)

Iжота. О, Трышчане! Я хацела сказаць табе тое самае!

Трышчан. Іжота! (Кідаецца да Іжоты. перакульваючы па дарозе стол і ўсё, што на ім.)

Iжота. Трышчане! (Выпускае з рук фляшку.)

Трышчан і Іжота падаюць адно да аднаго ў абдымкі. Мілуюцца. Пасля Іжота вызваляецца з абдымкаў, каб нешта сказаць Трышчану.

Iжота. Я буду кахаць цябе ўсё жыццё, толькі цябе, любы.

Трышчан. І я цябе таксама, любая. Але што скажа дзядзечка!

Iжота. Калі мяне кахае найвялікшы рыцар у свеце, чаго мне баяцца?

Трышчан. Найвялікшы, але толькі рыцар. А ён — Кароль. Мой Кароль, Іжота.

Iжота. А я — твая каралева. (Цалуе Трышчана.)

Трышчан (цалуе Іжоту). Наша каханне цяжка будзе ўтаіць, і яно прывядзе ўсіх нас да пагібелі.

Іжота прыкладае да Трышчанавых вуснаў пальчык і не дае яму гаварыць.

Iжота. Я буду кахаць цябе й па смерці. (Цалуе Трышчана.)

Трышчан і Іжота мілуюцца. Прыбягае Брагіня.

Брагіня. Я тут забылася фляшку... (Бачыць Трышчана з Іжотай, заўважае парожнюю фляшку, кінутыя кубкі і здагадваецца, што адбылося.) Спазнілася... Я ж казала: нібы дзеці малыя, ні на хвіліну нельга пакінуць!

 

З’ява другая

У адным з пакояў каралеўскага палаца сядзіць за невялічкім столікам Кароль Марка і гуляе сам з сабой у шахматы.

Марка (зрабіўшы ход). Вось, здаецца, і ўсё. Я перамог цябе, Трышчане. Цяпер табе не выкруціцца. (Адрываецца ад дошкі з шахматамі.) Як прыемна гуляць з нябожчыкам. Сама смерць стаіць за яго плячыма і падказвае мне, які зрабіць ход, каб перамагчы. Яна мусіла выбраць аднаго з нас дваіх, Трышчане. Не крыўдуй, што яна выбрала цябе. Ты заўсёды падабаўся жанчынам. Першы рыцар на турнаях, харашун, якіх не бачыў свет. А хто такі я побач з табой? Няўклюдны, брыдкі блазан у каралеўскай кароне, здзертай з чужой галавы. Згадзіся, Трышчане: у смерці не было выбару. Праўда, зламыснікі шэпчуцца, што гэта я паслаў цябе на смерць, як кажуць, наладзіў вам спатканне. (Усміхаецца.) Такія чуткі не абуджаюць да мяне любові народа і прыдворных. Але я і не спадзяюся на іх любасць. Абы яны баяліся. О, я помню, як яны смяяліся з мяне, калі я жыў нахлебнікам пры двары майго брата Пэрлы! Як смяяліся, калі неяк раз я ўпаў з каня, заблытаўшыся нагой у стрэмені. Ніхто не паспачуваў мне, не кінуўся памагаць, а як мне было балюча! Потым Пэрла загінуў на паляванні, не пакінуўшы па сабе спадкаемцы, і каралём стаў я. Вядома, пачалі шаптацца, што гэта я забіў брата, але смяяцца перасталі — найперш тыя, каму знеслі галовы. Так, я прыўлашчыў чужую карону і стаў тыранам. Але ці быў у мяне іншы выбар? Ці стаць тыранам, ці застацца блазнам. Свет не хацеў палюбіць мяне, я прымусіў яго мяне зненавідзець. І адказаў яму ўзаемнасцю. Наіўны як дзіця, я ўжо святкаваў перамогу. Я не ведаў усёй аблуднасці свету. А ён зноў насмяяўся, завабіў мяне ў пастку Ён паслаў мне Трышчана, няшчаснага сірату і выгнанніка, якога я прытуліў у палацы, забыўшыся на сваю ролю тырана і дэспата. Я пашкадаваў яго, а потым палюбіў, як сябе самога. Не, больш як сябе. Я глядзеў на яго і думаў: «Вось якім я павінен быць, вось якім я мусіў нарадзіцца». Я не здагадваўся, што гэта — пастка, насмешка лёсу. Свет злавіў мяне ў сіло, якое сплёў з маёй любові да Трышчана. Я радаваўся Трышчанавым перамогам на турнаях над найслаўнейшымі рыцарамі і цешыўся з ягоных трыумфаў у спачывальнях над найхарашэйшымі дамамі каралеўства. Бо гэта былі і мае перамогі, мае трыумфы, бо «ён» быў «я», маёй прыдумкай, маёй палепшанай, выпраўленай копіяй. Я нічога не бачыў навокал, нічога не чуў, акрамя Трышчана, акрамя сябе ў вобразе Трышчана. Я думаю, калі б я тады раптам памёр — я памёр бы шчаслівым чалавекам. Вар'яцтва маё дасягнула апошняе мяжы, калі я абвясціў Трышчана сваім спадкаемцам. Напярэдадні ён адолеў у баі Аўдрэта, і Карнаваль перастала плаціць даніну Арлендыі. У палацы ўсчалося вялікае свята, ува ўсім замку, ува ўсім каралеўстве! Менавіта ў гэты шчаслівы для народа Карнавалі дзень Бог надумаў вярнуць мне вочы і вушы. Здарылася гэта неспадзеў. Не паспеў я абвясціць свайго ўказу, як ужо зразумеў увесь жах таго, што нарабіў. Слых мой абвастрыўся, і я пачуў, як адна прыдворная дама сказала шэптам свайму суседу за сталом: «Калі старая малпа памрэ, у нас будзе найлепшы ў свеце Кароль». А сусед паблажліва дакінуў: «Няхай жыве. Мы зробім Трышчана каралём, а Марка застанецца пры ім блазнам». Я азірнуўся вакол сябе і зразумеў, што я непатрэбны на гэтым свеце, што я не маю да яго ніякага дачынення. Шчаслівы Трышчан сядзеў побач і прымаў віншаванні як пераможца Аўдрэта і каралеўскі спадкаемца. Ён не быў мной, а я — ім, я ўбачыў чужога чалавека. Кароль Марка не стаў прыгожым рыцарам Трышчанам, ён застаўся самым сабою: няўклюдным брыдкім блазнам у каралеўскай кароне. І гэтую карону, адзіную маю каштоўнасць, адзіную зброю супраць жорсткага, халоднага свету, я дадумаўся аддаць таму, хто і без кароны меў у гэтым свеце ўсё. З таго дня жыццё маё ператварылася ў пекла, і я зненавідзеў Трышчана. Я не мог дараваць ні яму, ні сабе таго, што некалі яго любіў. Я прыдумваў для яго дзясяткі небяспечных даручэнняў, аддаваў загады, якія нельга было выканаць. Але мае даручэнні і загады толькі множылі ягоныя геройствы і перамогі, слава ягоная расла і шырылася па свеце. І вось неяк я паклікаў яго да сябе і паведаміў, што хачу ажаніцца. Трэба прызнаць, ён успрыняў навіну спакойна. Ён не прагнуў кароны, гэта я баяўся яе страціць. Але калі я сказаў яму, што хачу пабрацца з Іжотай, дачкой караля Арлендыі Ленвіза, Трышчан спахмурнеў і, трэба думаць, сёе-тое зразумеў паміж намі. А няўжо ж! Кароль Ленвіз — наш найзлейшы вораг, на Трышчане — кроў ягонага брата, Аўдрэта. Слаць Трышчана ў Арлендыю значыла слаць яго на смерць. Ды яшчэ з такім даручэннем! Але ён скарыўся і выправіўся ў дарогу. Што яму заставалася? Пэўна ж, яму стала розуму шукаць прытулку ў іншым месцы. У кожным разе, ніхто больш пра яго ніколі не чуў, ніхто яго больш не бачыў. А ўчора каралеўскі маг сказаў мне, што Трышчана няма між жывых. Так спавясцілі зоркі, якія ніколі не хлусяць. Дзіўна, але я не чую шмат радасці. Толькі здаваленасць. Ды яшчэ адзіноту. З кім я цяпер буду гуляць у шахматы? (Нахіляецца над дошкай.) Я перамог цябе, Трышчане. Табе не выкруціцца... (Робіць ход.)

Адчыняюцца дзверы і ўвальваецца Трышчан.

Трышчан (шчасліва). Дзядзечку!

Марка паварочваецца і бачыць Трышчана.

Марка. Трышчан?

Трышчан. Я!

Марка (здзіулена). Ты вярнуўся?

Трышчан. Так, дзядзечку!

Трышчан кідаецца ў абдымкі да караля Маркі. Абдымаюцца, потым Марка адсоўвае ад сябе Трышчана і аглядае яго з ног да галавы.

Марка. Жывы, здаровы... А я толькі што цябе ўспамінаў. Дзе, думаю, зараз мой пляменнік Трышчан? З кім я буду гуляць у шахматы, калі з ім раптам што здарылася?

Трышчан (пацірае рукі). Шахматы! Як я сумаваў без вас, дзядзечку! Так цяжка ў гэтым свеце знайсці годнага праціўніка. (Нахіляецца над дошкай.) Ого, вы загналі яго ў пастку!

Марка (пра сваё). Так, і думаў, што яму ўжо з яе не выбрацца. Мусіць, я памыліўся. (Убок.) Можа, зоркі і не хлусяць, але хлусяць магі.

Трышчан. Вядома, дзядзечку! А вось гэты ход вы праглядзелі? (Робіць ход.)

Марка. Не можа быць! (Нахіляецца над дошкай.) Я ж магу пайсці так. (Робіць ход.)

Трышчан (сядае за стол). Але я тады — так. (Робіць ход.)

Марка (сядае за стол). Ты гатовы ахвяраваць каралевай? (Робіць ход.)

Трышчан. Але, каб стварыць пагрозу каралю. (Робіць ход.)

Марка. Неверагодна! Сітуацыя змянілася і выглядае на нічыю.

Трышчан. Так заўсёды кажа Брагіня, калі адчувае, што прайграе.

Марка (робіць ход). Хто кажа?

Трышчан. Брагіня, Іжоціна служка. (Думае над чарговым ходам.)

Марка (адхіляецца ад дошкі). Ты бачыў Іжоту? (Сам сабе.) Значыць, ён сапраўды быў у Арлендыі?

Трышчан. Зараз і вы яе ўбачыце, дзядзечку. Я вам яе прывёз. (Робіць ход.)

Марка (усхапляецца). Прывёз? Дзе ж яна?

Трышчан (махае рукой у бок дзвярэй). Там. (Нецярпліва.) Ваш ход, дзядзечку. (Глядзіць на караля.)

Марка (гнеўна). Ты што — ідыёт? (Змятае рукой фігуркі з дошкі пад носам у ашалелага Трышчана.) Пакінуў каралеўну пад дзвярыма, а сам сеў гуляць у шахматы?

Трышчан (апомніўшыся). Выбачайце, дзядзечку. (Вінавата.) Гэтыя шахматы... Я забыўся. (Уздымаецца.) Зараз прывяду. (Ідзе па Іжоту.)

Усхваляваны Кароль Марка папраўляе карону, прыгладжвае вопратку. Ён нервуецца і, каб гэта менш відаць было, сядае ў крэсла. Уваходзяць Трышчан з Іжота й, за імі нясмела паказваецца ў дзвярах Брагіня.

Трышчан. Ваша вялікасць, дазвольце аказаць вам каралеўну Іжоту.

Iжота (схіляе галаву). Пане кАролю!

Трышчан падводзіць Іжоту да караля. Кароль Марка нязграбна ўстае з крэсла, робіць некалькі крокаў насустрач Іжоце, падае ёй руку, каб потым пасадзіць у фатэль.

Марка (урачыста). Каралеўна, я рады вітаць вас у сваім палацы... (Заўважае Іжоціну руку ў сваёй і збіваецца.) У вашым палацы, каралева... Спадзяюся, ён стане вашым домам, а не вязніцай і... (Убок, зачараваны Іжоціным хараством.) О, я зноў трапіў у пастку!

Уражаны Кароль Марка моўчкі глядзіць на Іжоту. Паўза зацягваецца, і ніхто не ведае, што рабіць далей.

Трышчан (падказвае). І...

Марка (апомніўшыся). ... і вы будзеце шчаслівая, панна Іжота. Якое ў вас чароўнае імя!

Iжота (схіляе галаву). Ваша вялікасць!

Марка. Хадземце, я пакажу вам вашы ўладанні.

Кароль Марка, з павагай трымаючы Іжоту за руку, выводзіць яе з пакоя. За імі выходзяць Трышчан з Брагіня й.

Брагіня (да Трышчана). А ён зусім не страшны. Толькі смешны.

Трышчан (незадаволена). Я мог выйграць, а ён параскідаў фігуры!

Брагіня. Зноў вы пра свае шахматы, пане Трышчане!

 

З'ява трэцяя

Спачывальня каралевы. Брагіня рыхтуе Іжоту да першай шлюбнай ночы. Іжота бледная і засяроджаная на сваіх думках.

Брагіня. Вось вы і каралева, мая гаспадыня. Цяпер вы нікому не падуладная, толькі каралю.

Iжота. Даволі быць нявольніцай цэлага свету.

Брагіня. Для мяне вашы словы, пані, занадта складаныя, я іх не разумею. Але я ведаю, што жыццё вельмі простае: зараз прыйдзе ваш муж, вы станеце ягонай жонкай, у вас пойдуць дзеці... Будзеце шчаслівай, мая гаспадыня.

Iжота. І гэта — жыццё? І гэта — шчасце?

Брагіня. Кожная дзяўчына марыць мець свой дом, каханага мужа...

Iжота. А калі некаханага? Калі кахаеш іншага?

Брагіня. Ох, пані Іжота, не пра тое вы думаеце. Вы падумайце лепш, што скажаце каралю, калі ён даведаецца...

З'яўляецца Трышчан з мячом у руцэ.

Трышчан (панічна). Іжота, мы прапалі! Ён пра ўсё даведаецца!

Iжота. Трышчане, каханы мой! (Кідаецца ў абдымкі да Трышчана.)

Брагіня. Пане Трышчане, а вы што робіце ў спачывальні ў каралевы перад шлюбнай ноччу? Ды яшчэ з мячом! Раптам з'явіцца Кароль?

Трышчан. Кароль пайшоў аддаваць нейкія пільныя загады, а мяне адправіў вартаваць каралевіну спачывальню.

Брагіня. Які ўдалы выбар вартавога!

Трышчан. Мяне гэта таксама насцярожыла. Ён нешта падазрае, а ноччу пераканаецца ў слушнасці сваіх падазрэнняў. Мы прапалі, Іжота!

Iжота (адрываецца ад Трышчана). Што ж, калі такая наша доля. Прымем смерць з годнасцю.

Трышчан. Але як прыняць ганьбу? Ён — мой Кароль, мой родны дзядзька!

Iжота. Я ганьбы не прыму, лепей смерць. (Падыходзіць да ложа і вымае з-пад падушкі кінжал.)

Брагіня. О божа, вы што, павар’яцелі? Мячы, кінжалы — навошта гэтулькі зброі? Жыўцом кладзяцеся ў труну. А дзеля каго? Дзеля гэтага старога дурня? (Адбірае ў Іжоты кінжал.)

Трышчан. Нават дурань ведае, як адрозніць дзяўчыну ад жанчыны. А ён да таго ж мой дзядзька, значыць, не зусім і дурань.

Брагіня. Вашая любасць да свайго дзядзькі ўміляе, пане Трышчане. Асабліва ў спалучэнні з каханнем да ягонае жонкі, якую вы пазбавілі цнатлівасці.

Трышчан (абурана). Брагіня, як ты смееш!

Брагіня (злосна). Ну ціха! Дайце мне хвіліну падумаць. (Адыходзіць углыб пакоя.)

Iжота. Пацалуй мяне на развітанне, любы.

Трышчан і Іжота цалуюцца.

Брагіня. Прыдумала!

Трышчан (адрываецца ад Іжоты). Што прыдумала?

Брагіня. Прыдумала, як падмануць караля Марку.

Iжота. Падман, зноў падман! (Закрывае твар рукамі.)

Трышчан. Ну і як?

Брагіня. Я — дзяўчына!

Трышчан. Ведама, што не хлопец.

Брагіня. Я нявінная дзяўчына, цнотка!

Трышчан (скептычна). Няўжо? А калі і так, што з таго?

Брагіня. Жанчыну ад дзяўчыны адрозніць лёгка, а Брагіню ад Іжоты?

Трышчан (параўнаўшы). Таксама лёгка.

Брагіня (пакрыўджана). А калі ў цемры?

Трышчан (падумаўшы). У цемры цяжэй. Але ўсё роўна я нічога не разумею.

Брагіня. Не разумееце — і не трэба. Пакіньце нас, пане Трышчане, зараз прыйдзе ваш любы дзядзечка.

Трышчан (прыслухоўваецца). І праўда нехта ідзе. (Знікае за дзвярыма.)

Iжота. Брагіня, ты не жартуеш?

Брагіня. А што застаецца рабіць? Ды ўсё ж ён Кароль, не валацуга які.

Іжота падыходзіць да Брагіні і моўчкі цалуе яе ў лоб. Брагіня абдымае Іжоту і шэпча ёй нешта на вуха. Іжота ўсміхаецца. У дзвярах на хвіліну з’яўляецца Трышчанава галава.

Трышчан. Кароль ідзе! (Знікае.)

Брагіня. Кладзіцеся ў ложак, і рабіце ўсё так, як я вам сказала.

Іжота кладзецца ў ложак, Брагіня хаваецца за ложак.

Брагіня (высунуўшыся з-за ложка.) Толькі не забудзьцеся вярнуцца, калі Кароль засне.

Iжота. Дзякуй табе, Брагіню!

Брагіня хаваецца. Уваходзіць Кароль Марка.

Марка. Каралева адна? (Разглядаецца.)

Iжота. Адна. Каму тут яшчэ быць, ваша вялікасць?

Марка. Не называй мяне «ваша вялікасць», заві проста Маркам.

Iжота. Добра... Марка.

Кароль няпэўна ідзе да ложка, Іжота ўсхапляецца.

Iжота. Ваша вялікасць!

Марка (спалохана). Што? (Спыняецца.)

Iжота. Перад тым, як вы споўніце сваю волю, абяцайце споўніць маю.

Марка. ?..

Iжота. Ёсць у нас такі звычай у Арлендыі: калі мужчына кладзецца першае начы з дзяўчынаю, дык тушыць свечкі, каб дзяўчына не саромелася.

Марка. Добры звычай. (Убок.) Сам хацеў яе пра тое папрасіць.

Кароль вяртаецца і тушыць свечкі, у гэты час Брагіня мяняецца месцамі з Іжотай.

Марка (з цемры). Панна Іжота здаволена?

Брагіня (з цемры). Так, Марку.

 

З’ява чацвёртая

Перад каралеўскай спачывальняй стаіць на варце Трышчан. Ён нервуецца і час ад часу кідае насцярожаныя позіркі на дзверы спачывальні.

Трышчан. Якая доўгая ноч! Здаецца, ніколі яна не скончыцца. Так і буду ўсё жыццё стаяць пад дзвярыма спачывальні і вартаваць ложак караля з каралевай. Ложак маёй Іжоты, якая спіць зараз у абдымках караля Маркі... Навошта дзядзечка загадаў мне стаяць тут цэлую ноч? Можа, здзекуецца? І чаго ў двары замка чакаюць асядланыя коні і ўзброеныя вершнікі? Няўжо здагадаўся? (Вымае меч з похваў.) Эх, каб не рыцарскі кодэкс, не прысяга каралю! Параскідаў бы я гэтых ваяроў, пасадзіў Іжоту на каня, і рушылі б мы з ёю вандраваць па свеце, шукаць прыгод ды перамог на турнаях. Але ж няможна парушыць рыцарскага слова і зрабіцца смяхоццем для цэлага свету! «Вунь, — скажуць людзі, — валацуга Трышчан, які выкраў жонку ў роднага дзядзькі, свайго караля, і цягаецца з ёй, каралевай, па корчмах ды лясах, нібы з выляжанкай». Эх, Трышчане! У кепскую ты ўблытаўся гісторыю.

Са спачывальні выходзіць Кароль Марка. Заўважае ў Трышчанавай руцэ меч.

Марка. Трышчане! Што здарылася?

Трышчан. Га? (Зразумеўшы.) Што вы, усё ў парадку, дзядзечку. (Хавае меч у похвы.) А як у вас?

Марка. Ах, прывёз ты мне не жонку, а чыстае золата. Буду ўдзячны табе за яе да канца дзён сваіх.

Трышчан. Я стараўся, дзядзечку.

Марка. Ведаю, ведаю, пляменніча. (Паляпвае Трышчана па плячы.)

Трышчан. Ці магу я быць вольны?

Марка. На жаль, не. Прыйдзецца табе яшчэ паслужыць мне: вось мушу зараз ехаць у замак да барона Брэўса.

Трышчан (здзіўлена). Пасярод шлюбнай ночы?

Марка. Так, раніцай хачу быць там. Справы дзяржаўнай важнасці. Да мяне дайшлі чуткі аб перамовах Брэўса з каралём Перамонтам. Хачу заспець барона знянацку і выкрыць здраду.

Трышчан. Што ж, у такіх выпадках трэба дзеяць смела і цвёрда. Едзем, дзядзечку. (Збіраецца ісці разам з каралём.)

Марка. А ты куды сабраўся? Ты застанешся тут, у замку, за гаспадара.

Трышчан. Хіба я не паеду з вамі?

Марка. Не. Будзеш ахоўваць каралеву Іжоту. Ведаеш, колькі зараз сноўдаецца па свеце вандроўных рыцараў, ахвочых да чужых жонак?

Трышчан (супраціўляецца лёсу). Лепей хацеў бы ехаць з вамі.

Марка. Не заўсёды на гэтым свеце мусім рабіць тое, што хочам. Бывай, пляменніча!

Трышчан. Калі вернецеся, дзядзечку?

Марка. Заўтра ўвечары.

Кароль выходзіць. Трышчан назірае за ім у акно. Чуецца дробат капытоў.

Трышчан. Паехаў. Ні пра што не здагадаўся, дзядзечку. Такі даверлівы: пакінуў злодзея вартаваць мех з золатам. І хто гэты злодзей? Я, высакародны Трышчан. Эх, Іжота, Іжота... І нашто я цябе пакахаў? Хіба на свеце іншых паненак няма?.. Але нічога з сабой парабіць не магу. Не магу жыць без Іжоты, а яна без мяне. (Прачыняе дзверы ў спачывальню і шэптам кліча.) Іжота!.. Ты спіш?.. Не стану яе будзіць. Няхай будзе для яе неспадзяванка: прачнецца, а замест нялюбага мужа побач Трышчан.

Трышчан знікае ў Іжоцінай спальні. Чуюцца асцярожныя, прыглушаныя крокі, і перад дзвярыма з'яўляецца Кароль Марка з мячом у адной руцэ, з падсвечнікам у другой.

Марка. От і ўсё. Пастка зачынілася. Ты ў маіх руках, Трышчане. І ніводзін рыцар не ўпікне мяне тваёй смерцю — на маім баку закон і справядлівасць. Праўда, я сам падштурхнуў цябе да здрады, але кожны змагаецца той зброяй, якую мае. Ты — сілай і хараством. Я — розумам і хітрасцю. Вось толькі Іжота на чыім баку? Яе цнатлівасць зблытала мне ўсе карты. Нявінная — невінаватая? Я ледзь не адмовіўся ад свайго плана і нават цяпер, калі Трышчан патрапіў у пастку, шмат чаго не магу зразумець. Але ўсё роўна: у выйгрышы — я, у пройгрышы — Трышчан!

Знікае за дзвярыма спачывальні.

 

З’ява пятая

У спачывальню да Іжоты ўваходзіць Кароль Марка з мячом у адной руцэ, з падсвечнікам у другой. Бачыць на дыване ля ложка Трышчанава адзенне і меч. Стаўляе падсвечнік на стол, бярэ Трышчанаў меч, а адзенне запіхвае нагой пад ложак.

Марка (урачыста). О, божа! Што я бачу! Мой пляменнік Трышчан, які быў мне замест сына, у ложку з каралевай!

Трышчан усхапляецца і спрабуе намацаць меч ці хоць адзенне. Жанчына, убачыўшы над сабой караля Марку з двума ўзнятымі мячамі, спалохана крычыць і хаваецца за Трышчана.

Трышчан. Дзядзечку! Вы ж былі паехалі да барона Брэўса — здраду выкрываць!

Марка. Я выкрыў яе ўва ўласным ложку! Я сам выгадаваў найвялікшага здрадніка ў свеце і зараз уласнаю рукою яго заб’ю!

Трышчан (кідае ў караля падушку). Дзядзечку, аддайце меч! Вы не можаце забіць чалавека без зброі!

Марка (адбіваецца). Магу!

Трышчан (кідае ў караля другую падушку). Тады аддайце порткі! Вы не можаце забіць роднага пляменніка без портак!

Марка (адбіваецца). А ты без портак мог залезці ў ложак да каралевы?! О, Іжота!

З суседняга пакоя выходзіць Іжота.

Iжота. Што тут адбываецца, панове?

Здзіўленыя Трышчан і Кароль Марка аслупянела глядзяць на Іжоту, пасля Трышчан паварочваецца і прыўздымае з ложка спалоханую Брагіню.

Трышчан, Марка (разам). Брагіня?

Iжота. Ты — з Трышчанам?

Марка. Нічога не разумею! Трышчан — са служкаю Брагіняю?

Iжота (пагардліва). У каралевіным ложку?!

Марка. Што ўсё гэта значыць, пані Іжота? Можа, вы мне растлумачыце?

Iжота. Лепш вы мне, ваша вялікасць. Я — сведка, вы — удзельнік.

Марка. Адкуль мне ведаць! Я выбраўся з замка дзеля важных спраў, але вярнуўся... вярнуўся, каб развітацца з вамі.

Iжота. А я выходзіла на гаўбец паглядзець, куды гэта вы, пакінуўшы мяне адну сярод ночы, выбраліся.

Марка (страціўшы цярпенне). Дык што ж тут адбылося, га, Трышчане? Што робіш ты ў каралеўскім ложку?

Трышчан. Шукаю порткі, дзядзечку.

Трышчан нарэшце намацвае пад ложкам адзенне і пачынае апранацца. Брагіня кідаецца на калені перад каралём і каралевай.

Брагіня. О, даруйце мне! Я адна ўва ўсім вінаватая! Гэта я зацягнула пана Трышчана ў ложак! Я ўпадабала яго з першага пагляду, яшчэ дома, у Арлендыі, і пасля жыла адзінай марай: як споўніць з ім сваю волю.

Трышчан з непрыхаваным здзіўленнем глядзіць на Брагіню і слухае, што яна гаворыць.

Брагіня. Я доўга пакутавала, змагалася з грэшнымі пачуццямі, але аднаго разу не вытрымала і ува ўсім прызналася пану Трышчану. Ён, як існы рыцар і кавалер, не мог адмовіць дзяўчыне, няхай сабе і служцы. Вось чаму мы і апынуліся разам у ложку.

Марка. Але чаму вы апынуліся ў каралеўскім ложку?

Брагіня. Прабачце мне, ваша вялікасць!

Iжота. Відаць, яна ўяўляла сябе з самім каралём.

Брагіня. Даруйце мне, гаспадыню!

Марка. О! А ты з кім уяўляў сябе, Трышчане?

Трышчан (скончыўшы апранацца). Я спаў, дзядзечку.

Марка. Ну што ж, гісторыя вельмі смяхотная...

Iжота. Брудная!

Марка. І, ведаючы Трышчана, скажу: вельмі праўдападобная. Такія геройствы яму не навіна.

Iжота. О, я і не ведала аб такіх перамогах слаўнага рыцара Трышчана!

Трышчан (зірнуўшы на Іжоту). Пані Іжота! (Зірнуўшы на караля Марку.) Дзядзечку! (Зірнуўшы на Брагіню, якая паказвае яму на мігі.) А! (Махае рукой і адварочваецца.)

Марка. Але гэтым разам, пляменніча, ты выбраў няўдалае месца для сваіх амурных прыгод. (Урачыста.) Ты зняславіў каралеўскі ложак. Таму пакінь назаўсёды замак і маё каралеўства.

Трышчан (змрочна). Вярніце меч, дзядзечку.

Марка. Ты і яго зняславіў. Здабудзеш сабе новы.

Трышчан моўчкі пакідае спачывальню.

Марка (падышоўшы да Брагіні). А ты ўстань, дзіця маё, ты не вінаватая. Не ты першая, не ты апошняя.

Брагіня. Ваша вялікасць!

Брагіня цалуе каралю руку, усхапляецца з падлогі і хуценька апранаецца.

Iжота (гнеўна). Ваша вялікасць, чаму вы распараджаецеся маімі служкамі? Ці вам не стае ўлады над баронамі ды рыцарамі, што вы берацеся апекавацца пакаёўкамі?

Марка (здзіўлена). Выбачайце, пані Іжота, я думаў...

Iжота. Дык вось, дазвольце мне думаць самой! І самой вызначаць лёс сваіх служак.

Марка. Ваша права, каралева.

Iжота (да Брагіні). Прэч адсюль, нягодніца!

Брагіня. Мая гаспадыню!

Iжота. Распусніца! Каб вочы мае цябе больш ніколі не бачылі!

Брагіня (з горкай усмешкай). Дзякуй, гаспадыню.

Брагіня кланяецца і пакідае спачывальню. Іжота падае на ложак і, не тоячыся, заходзіцца плачам.

Марка (уражаны). Што з вамі? Што значаць вашы слёзы, каралева? (Убок.) Здаецца, я зноў прайграў.

 

Выхад перад антрактам

На авансцэне з’яўляюцца Францішак і Камедыянтка ва ўборах Трышчана і Брагіні, але з тэрмасам і кубачкамі для кавы. Сядаюць на краі сцэны, наліваюць у кубачкі каву з тэрмаса, п’юць і няспешна гутараць.

Камедыянтка. Забылася ўзяць бутэрброды.

Францішак. Вып'ем хоць кавы, другая дзея будзе даўжэйшая.

Камедыянтка. Нашто наагул яна патрэбная? Паказалі б аднаактоўку.

Францішак. З такім фіналам?

Камедыянтка. Можна падумаць, у другой дзеі фінал будзе лепшы.

Францішак. Ты незадаволеная сваёй роляй?

Камедыянтка. Што ты, роля нішто сабе. Амаль галоўная.

Францішак. От бачыш!

Камедыянтка (падумаўшы). П’еса мне падабаецца. Хіба гэта камедыя? Смешна, але тых, з каго смяюцца, шкада.

Францішак. Ну, з такой філасофіяй шкада ўсіх, хто нарадзіўся на свет. Але ты — не філосаф, а камедыянтка.

Камедыянтка. Няхай смяюцца з мяне: я пра гэта ведаю і сама гэтага хачу. А калі чалавек не ведае, не хоча?

Францішак. Любая мая, а ў жыцці? Хіба чалавек ведае: трагедыя ягонае жыццё ці камедыя? Хіба ён выбірае, паводле законаў якога жанру жыць? (Амаль цытуе.) Пры нараджэнні мы трапляем у абставіны, якія не самі выбралі, і жывём паводле сцэнарыя, які не самі напісалі.

Камедыянтка (смяецца). Затое ты — філосаф, а не камедыянт. Таму ў тваім спектаклі акцёры і не ведаюць, паводле законаў якога жанру гуляць.

Францішак (абараняецца). Але заўваж: як толькі я пачаў гаварыць сур’ёзна, ты адразу засмяялася.

Камедыянтка. Бо нічога не зразумела. І наагул, я хачу крыху адпачыць перад другой дзеяй. (Уздымаецца.) Спадзяюся, у ёй усё высветліцца.

Францішак. Я задаволены і першай дзеяй, але чакаю, што другая будзе весялейшая. (Уздымаецца.) Зрэшты, гэта залежыць толькі ад нас з табой.

Камедыянтка. Хіба толькі ад нас?

Пакідаюць авансцэну.

Антракт

 

Дзея другая

 

Выхад пасля антракту

На авансцэне з'яўляюцца Францішка і Трагік.

Трагік. Пані Францішка, я вас вельмі прашу: вызваліце мяне ад гэтае ролі.

Францішка. Ну падумай, як я магу цябе вызваліць ад ролі, калі прадстаўленне яшчэ не скончана?

Трагік. Давайце яго скончым, пакуль яно само не скончылася поўным правалам.

Францішка. Што з табой, дружа? Я цябе не пазнаю.

Трагік. Я сам сябе не пазнаю. Але хто чакаў такога развіцця дзеяння? Я змогся і не ведаю, што рабіць далей, як сябе паводзіць на сцэне.

Францішка. Не здавацца! У першай частцы прадстаўлення мы трымаліся з годнасцю ў сама недарэчных абставінах.

Трагік. Наша годнасць у такіх абставінах толькі павялічвае іх недарэчнасць і выклікае смех. А мы збіраліся прадстаўляць трагедыю.

Францішка. І ў гэтым ёсць свая трагедыя! А мы яшчэ можам змяніць сюжэт, перайначыць лёсы герояў.

Трагік. Ад нас нічога не залежыць! І ад нашых герояў таксама. Усё залежыць ад абставін, у якія яны трапляюць. Мы граем свае ролі ў чужой, не намі прыдуманай п’есе.

Францішка. Але спрабуем граць іх так, як мы гэтага хочам, спрабуем быць вольнымі там, дзе няма выбару!

Трагік. І вы думаеце, гэта мажліва? Я стаміўся, пані Францішка. Я стаміўся ад мільгацення эпізодаў, калі не паспяваеш адкрыць рот, не паспяваеш выявіць нейкія пачуцці, як дзеянне скача далей і пачынаецца наступная сцэна.

Францішка (задуменна). Добра, паспрабуем запаволіць дзеянне. Адсунем сюжэт на другі план і засяродзімся на характарах герояў. Я веру ў поспех нашай задумы.

Трагік. Але калі яны зноў пачнуць смяяцца... Няўжо яны не разумеюць, што глядзяць трагедыю?

Францішка. Калі шмат смяяцца, на вачах з’яўляюцца слёзы. Такім спосабам таксама можна дасягнуць трагічнага эфекту.

Пакідаюць авансцэну.

 

З'ява шостая

Пакойчык для начлегу ў прыдарожнай карчме. Адчыняюцца дзверы, і Брагіня ўпіхвае ў пакой п’янага Трышчан а. Брагіня апранутая ў мужчынскі ўбор і выконвае пры Трышчане ролю збраяносца.

Трышчан (вырываецца). Пусці мяне! Не лягу спаць, пакуль не заб’ю нягодніка! Дзе ён? Дзе гэты казапас з Кесарыі, які называе сябе рыцарам Блерыжам? Я выклікаў яго на двубой! Куды ён падзеўся, баязлівец?

Брагіня. Досыць на сёння двубояў, пане Трышчане! Колькі можна? Раніцай, не паспелі вы падняцца з ложка — двубой з рыцарам Дондзіэлем, якога адразу ж у ложак і паклалі. Па абедзе ў графа Саграмара — двубой з гэтым самым Саграмарам і, о божа, вячэра няшчаснаму графу ўжо не спатрэбілася.

Трышчан. Я перамог іх у сумленнай бойцы! Да таго ж графа я паважаў. Гасцінны быў гаспадар і рыцар годны.

Брагіня. Што яму цяпер з вашае павагі?

Трышчан. А гэты нахлебнік Блерыж мяне абразіў! Увесь вечар пілі разам, раптам ён пачынае заглядацца на маю каханку!

Брагіня. Але калі вы сядалі піць, яна была ягонаю каханкай.

Трышчан. Ну і што з таго? Яна мяне пакахала.

Брагіня (уздыхае). Усе дзяўчаты, як толькі вас пабачаць — то ўжо і кахаюць. Згадзіцеся, пане Трышчане, што іхнім гаспадарам гэта прыносіць вялікія клопаты.

Трышчан (адмахваецца). А! Я заўсёды да іх паслуг. Дарэчы, Брагіня, ты не ведаеш, куды падзелася тая Блерыжава дзяўчына?

Брагіня. Яна паднялася ў пакой да Блерыжа, як толькі вы зламалі лаву.

Трышчан. Зламаў лаву? Нічога не разумею. Ёй што, не было дзе сядзець?

Брагіня. Было, але лаву вы зламалі на галаве ў Блерыжа, і дзяўчына мусіла праводзіць яго ў пакой, каб неяк памагчы.

Трышчан. Шкада. У яе былі такія закаханыя вочы. І чароўная ўсмешка.

Брагіня. Як вы можаце, пане Трышчане? Удзень яшчэ плакаліся, што жыць не можаце без Іжоты, а ўвечары спакушаецеся ўсмешкай нейкай распусніцы!

Трышчан. О, Брагіня, навошта ты нагадваеш мне пра Іжоту? Ты хочаш, каб я зноў заплакаў?

Брагіня (не слухаючы). І так штодня! Дзіўна вы сябе паводзіце для няшчаснага закаханага. Бясконцыя бойкі, мора віна, рой дзяўчат вакол ложка. Бедная пані Іжота, ведала б яна, каго пакахала!

Трышчан (пагрозліва). Брагіня!

Брагіня. О, святая летуценніца! Я вярнула б яе на грэшную зямлю, калі б расказала...

Трышчан. Сціхні! (Кідаецца на Брагіню і сціскае яе за плечы.)

Брагіня. Ай!.. Пусціце, мне баліць!

Трышчан (адпускае Брагіню). А мне, думаеш, не баліць?

Трышчан падыходзіць да ложка, вымае з-пад падушкі невялічкі Іжоцін партрэцік. Стаўляе партрэцік на стол, сядае на ложак і пачынае «спавядацца». Брагіня стаіць воддаль і расцірае плечы.

Трышчан. Любая Іжота, не слухай гэтую дурніцу. Яна не разумее, якая пакута — кахаць цябе і не мець змогі споўніць жаданне. Кахаць — і не бачыць, кахаць — і не абдымаць, кахаць — і не мець на гэта права! (Стукае кулаком па стале.) Ніхто, акрамя цябе, не зразумее, як мне балюча, як самотна. І няма паратунку! Няма збавення! (Зноў стукае кулаком па стале, ад чаго стол аж падскоквае.) О Іжота, ці суджана нам зноў сустрэцца на зямлі? (Абхапіўшы галаву рукамі, схіляецца над сталом і плача.)

Брагіня падыходзіць да Трышчана і сядае побач з ім на ложак. Суцяшае яго, гладзіць па галаве.

Брагіня. Ну, супакойцеся, Трышчане! Не трэба ламаць стала, не трэба плакаць. Лепш кладзіцеся спаць. Давайце я памагу вам распрануцца. Спачніце, а заўтра раніцай выклічаце на двубой якога рыцара.

Трышчан. Не дапаможа, Брагіня. Некалі перамогі суцяшалі, а цяпер — не. Цяпер я шукаю толькі смерці.

Брагіня. Навошта такому маладому, прыгожаму рыцару думаць пра смерць? Пашкадуйце ўсіх тых дзяўчат, якія вас кахаюць у кожнай карчме. Падумайце лепш пра іх: пра закаханыя вочы, чароўныя ўсмешкі.

Трышчан. І дзяўчаты не дапамогуць. З кожнай з іх я спрабую забыць Іжоту, але не выходзіць. Я абдымаю чарговую красуню і ўяўляю, што абдымаю Іжоту, але прачынаюся падмануты і яшчэ самотнейшы. Пусты ж ложак наводзіць на мяне жах. Адзін я вар’яцею ад грэшных успамінаў і наагул не магу заснуць. (Усхліпвае.) Ты застанешся са мной, Брагіня?

Брагіня (цалуе Трышчана ў шчаку). Хіба я калі пакідала вас у адзіноце, мой гаспадар? Толькі не прачынайцеся падманутым. Я — служка Брагіня, а не каралева Іжота. І не забудзьце, мы заўтра выпраўляемся. (Укладае Трышчана ў ложак.)

Трышчан. Ты — не служка, ты — мой сябра. А куды мы заўтра выпраўляемся?

Брагіня. Да караля Артыуша, на турнай рыцараў Круглага Стала. Там вас ужо чакае тузін пакрыўджаных рыцараў і два тузіны тых, каго вы яшчэ паспееце пакрыўдзіць.

Трышчан. О, хіба можна забыцца на найвялікшы рыцарскі турнай у свеце? Там я нарэшце сустрэнуся з Анцалотам Азёрным і пабачу каралеву Жэнібру. Трэба выспацца і набрацца сілаў. (Засынае.)

Брагіня (распранаецца). Які сэнс не пускаць да Трышчана распусных кабет, калі потым даводзіцца залазіць да яго ў ложак самой? (Млява пацягваецца.) Пабачыла б нас зараз каралева Іжота. (Разважліва.) Зрэшты, у пакоі адзін ложак, не класціся ж на падлогу. (Азіраецца і бачыць, што Трышчан спіць.) Зірніце на яго — ён ужо спіць як дзіця! А казаў, што не можа адзін заснуць, што вар’яцее ў пустым ложку. (Бярэ грэбень і расчэсвае перад люстэркам валасы.) Але сама смешна, што я яму веру. Веру, што шчыры, і калі плача, і калі п’е віно, і калі распуснічае. Я нават крышачку кахаю яго. Але па-свойму, не так, як Іжота. Іжота кахае таго Трышчана, якога сабе прыдумала. А я ведаю яго сапраўднага, зямнога. І якраз такі ён мне падабаецца... Але хто б ведаў, як я ад яго стамілася! Як я хачу назад у палац!

Адчыняюцца дзверы, і ў пакой без стуку ўваходзіць захутаны ў плашч Незнаёмы.

Незнаёмы. Я ведаю.

Брагіня (спалохана). Ой! Хто ты такі? Што ты робіш ноччу ў чужым пакоі? Трышчане!

Незнаёмы. Не трэба яго будзіць! Я ад каралевы Іжоты!

Брагіня (недаверліва). Ад каралевы Іжоты? Мне здаецца, ты больш падобны да забойцы, чым да каралеўскага пасланца.

Незнаёмы. А мне здаецца, ты больш падобная да каханкі Трышчана, чым да яго збраяносца.

Брагіня (успомніўшы, што распранутая). О! (Закрываецца рукамі.) Чаго ты хочаш, кажы хутчэй!

Незнаёмы. Першае, я хачу сказаць, што ў Трышчана добры густ на кабет.

Брагіня. Як ты смееш, нахабнік!

Незнаёмы. Другое, я маю даручэнне ад тваёй гаспадыні, каралевы Іжоты...

Брагіня. Маёй гаспадыні?

Незнаёмы. Трэцяе, я не спяшаюся і пачакаю, пакуль ты апранешся, Брагіня. (Сядае за стол і адварочваецца.)

Брагіня. Бачу, ты мяне добра ведаеш! (Пакуль апранаецца, неўпрыкмет бярэ са стала кінжал і хавае за спіну.)

Незнаёмы. Так, ведаю. І ведаю, што вандроўнае жыццё з Трышчанам стаміла цябе, і ты жадаеш вярнуцца ў палац.

Брагіня. Нядобра падслухоўваць пад дзвярыма. (Папраўляе вопратку.)

Незнаёмы. Я не падслухоўваў, я слухаў.

Брагіня. Ух ты, як шляхетна! А гаварыць з дзяўчынай, не назваўшыся і схаваўшы твар пад капюшонам — шляхетна?

Незнаёмы (глядзіць на Брагіню). Досыць таго, што я цябе ведаю.

Брагіня. А мне — не досыць. (Выхапляе кінжал і прыстаўляе да грудзей Незнаёмага.) Ну як, цяпер я падобная да Трышчанавага збраяносца?

Незнаёмы (спакойна). У ранейшым уборы ты мне больш падабалася.

Брагіня. Годзе жартаў, кажы: хто ты? Інакш я заб’ю цябе.

Незнаёмы. Ты сапраўды хочаш ведаць, хто я? Але тады табе цяжка будзе мяне забіць, Брагіня. (Адкідвае капюшон.)

Брагіня. Кароль Марка! Ваша вялікасць! (Апускае кінжал, але праз хвіліну зноў няпэўна ўздымае яго, праўда, трымае на адлегласці ад караля.)

Марка (стомлена ўсміхаецца). Апусці кінжал, Брагіня, ты аддана служыш свайму гаспадару. Але ягонаму жыццю нішто не пагражае. Каб я хацеў забіць Трышчана — наўрад ці прыйшоў бы сюды сам. У мяне стае для гэтага вояў, праўда?

Брагіня, падумаўшы, адводзіць кінжал, пасля прысядае перад каралём і, з павагай схіліўшы галаву, падае яму кінжал.

Брагіня. Даруйце, ваша вялікасць.

Марка забірае кінжал і кладзе яго на стол. Пасля працягвае руку і ўскладае далонь на Брагініну галаву.

Марка. Дарую. Дарую, калі ты павінавацішся і ўва ўсім прызнаешся.

Брагіня (уздымае галаву). У чым прызнаюся, ваша вялікасць?

Марка (важна). У тым, што я ўжо сам ведаю.

Брагіня. О! (Са стогнам падае ніцма перад каралём.)

Марка. Цішэй, цішэй! Разбудзіш Трышчана. (Дапамагае Брагіні падняцца.) Уставай. Сядай побач, супакойся і расказвай.

Брагіня (закрывае твар рукамі). Мне сорамна, ваша вялікасць! Адкуль вы даведаліся?

Марка. Ну добра, я скажу табе. Прыязджала Іжоціна маці, каралева Арлендыі, і расказала мне пра фляшку з чароўным пітвом. Падрабязнасці я хацеў бы даведацца ад цябе.

Брагіня. Уф! (З палёгкай уздыхнуўшы, адкрывае твар.) А я баялася... (Убок.) А я ледзь не прызналася, што была з ім у ложку!

Марка (насцярожана). Чаго ты баялася?

Брагіня (павесялеўшы). Я баялася, што вы мне ніколі не даруеце тую праклятую фляшку.

Марка. Віна твая — невымерная, але калі ты выправіш сваю памылку...

Брагіня. А як можна выправіць?

Марка. Першае, усё мне падрабязна расказаць. Другое... (Схапіўшыся.) Але я цябе слухаю.

Брагіня. Значыць, так: дала мне каралева Арлендыі фляшку з мілосным пітвом — для вас і для панны Іжоты. І я яе старанна ад усіх хавала, ажно да апошняга дня. А ў апошні дзень, перад самым прыбыццём у Карнаваль, не дагледзела, і Трышчан з Іжотаю тое мілоснае пітво замест віна выпілі. З тае фляшкі ўсе беды і пачаліся.

Марка. Так я і думаў. Адно мне незразумела...

Брагіня. Што, ваша вялікасць?

Марка (задуменна). Як пасля ўсяго гэтага Іжота захавала цнатлівасць? У першую ноч каралева прымала мяне дзяўчынай.

Брагіня. Дык я пасля таго, як пабачыла ў руках у Іжоты тую праклятую фляшку, ні на хвіліну не пакідала гаспадыню сам-насам з Трышчанам!

Марка. Добра, я дарую табе і, можа, дазволю вярнуцца ў палац.

Брагіня (нясмела). А пані Іжота?

Марка. Што пані Іжота?

Брагіня. Яна ведае пра фляшку з мілосным пітвом?

Марка. Не. А Трышчан?

Брагіня. І ён не ведае.

Задумваюцца кожны пра сваё.

Марка, Брагіня (разам.) Я думаю, што... (Замаўкаюць.)

Брагіня (вінавата). Прабачце, ваша вялікасць.

Марка (незадаволена). Дык вось, я думаю, што ім пра гэта ведаць не трэба.

Брагіня. Вы добра думаеце, ваша вялікасць! Калі даведаецца каралева, яна заб’ецца ад гора, а калі даведаецца Трышчан (азіраецца) — ох, калі даведаецца Трышчан...

Марка. Ён заб’е цябе. І добра зробіць.

Брагіня. Ваша вялікасць!

Марка. Калі хочаш, каб гэтага не здарылася, то маўчы і слухай мяне ўважліва, не перапыняючы. (Адхінае плашч і здымае з паса фляшку.) Гэтую фляшку...

Брагіня. Ха, знаёмая фляшачка!.. (Сустрэўшы гнеўны позірк караля Маркі.) Прабачце, ваша вялікасць.

Марка. Гэтую фляшку дала мне каралева Арлендыі і сказала, што калі Трышчан з Іжотай вып’юць з яе, яны перастануць кахаць адно аднаго. (Глядзіць на Брагіню.) Што маўчыш? Ты не зразумела?

Брагіня. Я ўсё зразумела, ваша вялікасць, але вы забаранілі мне гаварыць. (Убок.) Акрамя таго, у мяне ёсць адно пытанне, але пакіну я яго лепш пры сабе.

Марка. Складанасць у тым, што Трышчан з Іжотай павінны выпіць з фляшкі разам і не ведаючы, што п’юць.

Брагіня (убок, але недастаткова ціха). А хто будзе ведаць, што яны п’юць?

Марка (пачуўшы). Ты.

Брагіня (спалохана). Я?

Марка. Ты нальеш ім пітво ў кубкі і дасі выпіць.

Брагіня. А потым?

Марка. Потым Трышчан пойдзе вандраваць па свеце, мы з Іжотай будзем у згодзе кіраваць каралеўствам, ну а ты можаш выбраць: ці вандраваць з Трышчанам ці жыць у палацы пры Іжоце.

Брагіня. Толькі не вандраваць! Пашкадуйце няшчасную дзяўчыну, ваша вялікасць! У мяне бакі баляць ад начлегаў на мулкіх паходных ложках, а ў бялізне, выбачайце, вядуцца вошы. Я не хачу есці ў брудных харчэўнях, а мыцца ў халоднай рэчцы. Бр-р! А яшчэ гэтая нязручная мужчынская вопратка і штодзённае гарцаванне на кані!

Марка (устае з-за стала). Добра, застанешся з намі ў палацы.

Брагіня (кланяецца). Дзякуй, ваша вялікасць! А як Трышчан сустрэнецца з Іжотай?

Марка (стомлена). Прыедзе заўтра ў палац. Каралева хворая, апошнімі днямі рэдка ўстае з ложка. Трышчан пераапранецца лекарам, ты зробішся ягоным вучнем. Мяне ў палацы не будзе.

Брагіня (нясмела). Лекары не носяць з сабой мяча...

Марка. Вядома. Ты мне не верыш? Думаю, каралеўскага слова даволі, каб адчуваць сябе ў бяспецы.

Брагіня. Што вы, ваша вялікасць! Я зусім не пра тое. Я падумала, што цяжка будзе пераканаць Трышчана пераапрануцца ў вопратку лекара і пайсці ў палац без мяча. Ён з ім нават спіць, што прыносіць недасведчаным дзяўчатам пэўныя клопаты.

Марка. Вось ліст да Трышчана ад Іжоты. (Вымае з кішэні скручаны пергамін.) У ім яна просіць свайго каханага наведаць яе, цяжка хворую...

Брагіня (перапыняе). Каралева вельмі хворая?

Марка. ...пераапрануўшыся лекарам. (Аддае ліст Брагіні.)

Брагіня. Ліст сапраўды пісала пані Іжота?

Марка. Так, у вялікай таямніцы. Нават я пра яго нічога не ведаю. Ты зноў мне не верыш?

Брагіня. Я проста ведаю сваю гаспадыню. Не магла яна такое прыдумаць: таемны ліст, вопратка лекара. «Падман, зноў падман», — сказала б яна.

Марка (здзіўлена). Іжота якраз так і сказала. Спачатку. Але пасля яе пераканалі ды ўзяліся да таго ж перадаць ліст проста ў рукі Трышчану.

Брагіня (здзіўлена). Хто?

Марка. Адзін варты веры чалавек на імя Аўдрэт, якому яна не прыстаўляла да грудзей кінжала, не загадвала паказваць твару. (Накідвае на галаву капюшон і ідзе да дзвярэй.) Да сустрэчы ў палацы.

Брагіня. Вы ж казалі, што вас там не будзе, пане кАролю!

Марка. Ах так, праўда! (Адчыняе дзверы.)

Брагіня (бяжыць наўздагон). А фляшку, ваша вялікасць? Вы забыліся аддаць фляшку з мілосным пітвом!

Марка (азірнуўшыся). Я не забыўся. Я аддам яе табе ў палацы. (Выходзіць.)

Брагіня (злосна). У якім цябе не будзе... Каб ты здох, ваша вялікасць. (Стаіць разгубленая пасярод пакоя з лістом у руках.) Што ж мне зараз рабіць? Каму служыць? Каралю? Каралеве? Трышчану? Ці самой сабе? (Падыходзіць да ложка і трасе Трышчана.) Трышчане! Пане Трышчане, прачніцеся!

Трышчан падхапляецца і хапаецца за меч.

Трышчан. Што здарылася? (Разглядаецца.) Хіба ўжо раніца?

Брагіня. Не можам мы чакаць раніцы. Пані Іжота кліча вас да сябе.

Трышчан. У палац караля Маркі? Нічога не разумею.

Брагіня. Вось ліст, прачытайце — і ўсё зразумееце. Толькі хутчэй.

Брагіня аддае Трышчану ліст. Пакуль Трышчан чытае. Брагіня апранае яго.

Трышчан (уголас). «...як рыба без вады жыць не можа, так і я без цябе не магу жыць». Бедная Іжота! Яна памірае, бо не можа без мяне. Каханая мая! (Цалуе ліст.) Але што за блазенская прыдумка з пераапрананнем у лекара?

Брагіня. А як іначай мы прабярэмся ў замак і трапім у палац? «Добры дзень, дзядзечку, гэта я, ваш пляменнік Трышчан, прыехаў наведаць сваю хворую цётачку», — скажаце вы каралю, так?

Трышчан (важна). Пераапрананне ў лекара пярэчыць гонару рыцара. Ты як збраяносца найвялікшага рыцара ў свеце павінна гэта ведаць.

Брагіня (злосна). А пераапрананне выляжанкі ў вопратку збраяносца не пярэчыць гонару найвялікшага рыцара ў свеце?

Трышчан. Не, бо пераапранаешся ты, а не я. Апрача таго, я чуў ад Іжоты баладу нейкага вандроўнага рыцара, у якога збраяносцам была дзяўчына. Паэт гэта ўхваляў.

Брагіня. Я чула ад пані Іжоты баладу пра вандроўнага рыцара, які пераапрануўся ў лахманы жабрака, каб толькі пабачыць сваю каханую. Згадзіцеся, выбраўшы для вас вопратку лекара, а не лахманы жабрака, вашая каханая выявіла добры густ. Паэты гэта ўхваляць.

Трышчан. Ты думаеш? Хм, можа, і праўда. А меч? Лекары не носяць мячоў.

Брагіня. Вы не на вайну едзеце, а да сваёй каралевы.

Трышчан. А Кароль? Праўда, Іжота піша, што яго не будзе заўтра ў палацы, але...

Брагіня. Вы не верыце пані Іжоце?

Трышчан. Я не веру каралю Марку.

Брагіня. А мне вы верыце?

Трышчан. Як самому сабе, Брагінечка. (Абдымае па-сяброўску Брагіню.)

Брагіня. Тады — у палац. Па дарозе заедзем у мястэчка, расстараемся лекарскую вопратку і фальшывую бараду.

Трышчан. А барада навошта?

Брагіня. Што за лекар без барады? Блазнаваць дык блазнаваць, пане Трышчане!

Выходзяць з пакоя.

 

З’ява сёмая

Спачывальня каралевы Іжоты. Іжота сядзіць на ложку і чытае ўголас нейкі рукапіс. У спачывальню неўпрыкмет уваходзіць Кароль Марка. Стаўшы так, каб Іжота яго не бачыла, слухае.

Iжота (чытае). «І назаўтра Трышчан убраўся ў зброю й паехаў за рыцарам Блерыжам, і дагнаў яго на полі й гукнуў: «Рыцару, сцеражыся мяне!» Блерыж абярнуўся і ўзяў шчыт і дзіду, і абодва яны былі вялікае добраці. Скочылі яны адзін на аднаго і ўдарыліся гэтак моцна, што дрэўкі дзідаў паламаліся і абодва разам з коньмі пападалі на зямлю. І адразу падхапіліся і пачалі ганяцца па полі, як ільвы, наскокваючы адзін на аднаго, як рыцары, якім няма роўні ні блізка, ні далёка. Прыбіваў Блерыж Трышчана, і той адбіваўся мечам і шчытом і падаў на калені пад моцнымі Блерыжавымі ўдарамі, а калі Трышчан прыбіваў Блерыжа, той адбіваўся мечам і шчытом і падаў на калені пад моцнымі Трышчанавымі ўдарамі. І пад канец бітвы Трышчан адкінуў шчыт, узяў меч у абедзве рукі й, не ўхіляючыся, прыступіў да Блерыжа і выцяў яго магутным ударам па шаломе. І Блерыж упаў на зямлю і ляжаў доўгі час, не ведаючы, дзень стаіць ці ноч. Тады Трышчан злітаваўся і сказаў пераможанаму рыцару Блерыжу: «Дарую табе жыццё, каб ты ездзіў і славіў паўсюль каралеву Іжоту — маю ўкаханую пані». (Згортвае рукапіс.) Як хутка разносіцца па свеце слава пра Трышчанавы геройствы.

Марка. І пра яго ўкаханую пані, каралеву Іжоту. (Падыходзіць да ложка.)

Iжота. Кароль! (Уздымаецца з ложка, каб прывітаць караля.) Я не чула, як вы ўвайшлі.

Марка (забірае ў Іжоты рукапіс). Я, відаць, абвяшчу сярод паэтаў турнай на Трышчанаву чэсць, і таму, хто раскажа найлепшую небыліцу пра перамогі майго пляменніка, загадаю на ўзнагароду заліць у горла расплаўленага золата. Так, здаецца, абыходзяцца каралі з паэтамі ў паданнях? Глядзіш, і я праслаўлюся.

Iжота. Гэта будзе нядобрая слава.

Марка. А вы, каралева, ці добрую славу прынеслі свайму мужу? Чытаў я, што пішуць пра мяне паэты ў вершах пра каханне Трышчана ды Іжоты.

Iжота (апусціўшы вочы). Я ведаю, што вінаватая перад вамі.

Марка. Раней вы хоць адмаўлялі сваю віну, сумленна хлусілі. Цяпер абыякава прызнаяцеся ўва ўсім.

Iжота. Я стамілася хлусіць. І я... скора памру. (Знясілена апускаецца на ложак.)

Марка (крычыць). Чаму вы, чаму ён?! (Апомніўшыся.) Прабачце, каралева, я вас стаміў. (Дапамагае Іжоце ўладкавацца ў ложку і вяртае ёй рукапіс.) Я зусім забыўся, што вы хворая.

Iжота. Дзіўна, але мне сёння добра, як ніколі. Я прачнулася раніцай з адчуваннем неверагоднай лёгкасці і празрыстасці, нібы сатканая з паветра і святла. Мне здаецца, што хвароба пакінула мяне, бо ўжо зрабіла сваю справу.

Марка. Сёння ў палацы нейкі новы лекар, клянецца, што можа вас вылечыць. (Углядаецца ў Іжоцін твар.)

Iжота. Вы яго бачылі?

Марка. Не. З ім гаварыў наш прыдворны лекар. Я сустрэнуся з ім, калі ён вас вылечыць. А пакуль я мушу вас пакінуць, мая дарагая. (Выходзіць са спачывальні.)

Iжота (усхвалявана). Трышчан! Гэта мусіць быць Трышчан! (Спрабуе прывесці сябе ў парадак.)

У спачывальню зазірае Незнаёмы ў плашчы, з накінутым на галаву капюшонам.

Незнаёмы. Ваша высокасць, ён прыйшоў. Ён тут...

Iжота. Ах, Аўдрэт, не ведаю нават, як табе дзякаваць! Калі б не ты... Але кліч яго, кліч, што ты стаіш!

Незнаёмы кланяецца і знікае за дзвярыма. Праз хвіліну ў спачывальні з'яўляецца Трышчан, пераапрануты ў лекара, за ім услед — Брагіня, пераапранутая ў лекарскага вучня, і Незнаёмы. Трышчан кідаецца да Іжоты, Брагіня і Незнаёмы застаюцца ў парозе.

Трышчан. Іжота!

Iжота. Трышчане! (Углядаецца ў незнаёмы барадаты твар.) Няўжо гэта ты?

Трышчан. Я, я, Іжота!

Трышчан і Іжота абдымаюцца. Незнаёмы расхінае плашч, здымае з паса фляшку і аддае Брагіні.

Незнаёмы. На, і хутчэй дай ім выпіць. Я не магу бачыць, як яны абдымаюцца.

Брагіня (шэптам). Вы абяцалі, што вас не будзе ў палацы, ваша вялікасць! А калі б я ведала, што вы прыйдзеце разам з намі ў спачывальню...

Незнаёмы. Мяне няма. Ёсць Аўдрэт, каралевін служка. Ну, калі яны перастануць абдымацца! Я не вытрымаю!

Брагіня (спалохана). Вы далі слова, ваша вялікасць!

Трышчан (выпусціўшы Іжоту з абдымкаў). Любая, я баюся задушыць цябе ў абдымках.

Iжота. Не бойся, любы. Памерці ў тваіх абдымках — якое шчасце!

Трышчан і Іжота мілуюцца.

Незнаёмы. Шкада, што ў гэтай фляшцы не атрута.

Брагіня. Вы пэўныя ў гэтым, ваша вялікасць?

Незнаёмы. А ты спраўдзь.

Трышчан. Але я прыйшоў не дзеля таго, каб ты памерла. Я прыйшоў цябе выратаваць. Я — лекар!

Iжота. Калі б не голас, я цябе не пазнала б. Твая рудая барада... (Смяецца, як дзіця.)

Трышчан (збянтэжана). Вельмі жахлівая? Зараз я здыму яе. (Азіраецца.) Твайму служку можна давяраць?

Iжота. Так, гэта Аўдрэт. Менавіта ён прыдумаў, як табе прабрацца ў палац. (Глядзіць на Брагіню.) А твой служка? Ягоны твар падаўся мне знаёмым.

Трышчан здымае бараду. Незнаёмы ветла кланяецца (можа, дзеля таго, каб яшчэ больш схаваць твар пад капюшонам плашча).

Брагіня кланяецца Іжоце.

Трышчан. А гэта... (зірнуўшы на Брагіню) гэта таксама надзейны чалавек. Але што мы ўсё пра служак, Іжота? Хіба для гэтага мы сустрэліся? (Да служак.) Прэч! (Цалуе Іжоту.)

Iжота (да служак). Пакіньце нас, калі ласка. (Цалуе Трышчана.)

Трышчан. Каханая мая!

Iжота. Любы мой!

Трышчан і Іжота мілуюцца, не зважаючы больш на Брагіню і Незнаёмага.

Незнаёмы. Пакінуць іх адных? Ніколі! (Да Брагіні.) Зрабі што!

Брагіня. Што я магу зрабіць? Калі я зараз перашкоджу Трышчану, ён мяне заб'е!

Незнаёмы. А калі не перашкодзіш, я заб’ю вас абоіх! (Скідае з сябе плашч і ператвараецца ў караля Марку.)

Брагіня (у роспачы). О божа! (Спрытна падбірае плашч і накідвае яго на караля Марку.) Прыдумала, ваша вялікасць!

Брагіня выштурхоўвае Незнаёмага за дзверы і знікае за ім, але праз хвіліну вяртаецца.

Брагіня. Пане Трышчане! Пане Трышчане!

Трышчан адрываецца ад Іжоты і кідае гнеўны позірк на Брагіню.

Трышчан. Ты яшчэ тут?!

Брагіня. Цішэй, цішэй, там — Кароль Марка!

Трышчан. Ён у палацы?

Iжота. Мы загінулі. Ратуйся, Трышчан!

Трышчан. Здрада! Дзе мой меч?! (Дарэмна шукае меч.)

Брагіня. Дзе ваша барада? Вы забыліся, што вы — лекар? Супакойцеся, пане Трышчане, і бярыцеся за справу. Я падрыхтую лекі.

Iжота (прыглядаецца да Брагіні). Які знаёмы голас!

Брагіня вымае з лекарскага куфэрка фляшку, два кубачкі і разлівае пітво з фляшкі па кубачках. Трышчан нарэшце знаходзіць і прыладжвае да твару бараду. Іжота сядае на ложак і назірае за дзвярыма. Дзверы адчыняюцца, і паказваецца галава караля Маркі.

Марка. Ну, як поспехі?

Iжота. Ах, пане кАролю!

Трышчан (пакланіўшыся). Прычыны хваробы я высветліў, ваша вялікасць, зараз дам каралеве прыняць лекі.

Марка. Не забудзься, кастапраў, спачатку прыняць іх сам. Такі звычай пры каралеўскім двары.

Брагіня. Мой гаспадар ведае гэты звычай, ваша вялікасць. (Падносіць кубачкі Трышчану і Іжоце.) Прашу выпіць, ваша высокасць, і вам стане лепш.

Iжота. На жаль, я не веру ў лекі.

Трышчан і Іжота бяруць кубачкі. Трышчан імгненна апаражняе свой кубачак, Іжота няспешна п’е з свайго. Кароль Марка ў дзвярах і Брагіня ля ложка з хваляваннем назіраюць за імі.

Марка (шэптпам). Збылося!

Выпіўшы пітво, Трышчан з недаўменнем зазірае ў парожні кубачак, пасля глядзіць на Іжоту, на Брагіню і нарэшце на караля Марку. На Трышчанавым твары з’яўляецца шчаслівая дзіцячая ўсмешка.

Трышчан (радасна). Дзядзечка Марка! (Падае як нежывы на падлогу.)

Iжота (спалохана). Трышчан!!!

Брагіня (істэрычна). Забойца! Ты атруціў яго!

Брагіня кідаецца на караля Марку і, выхапіўшы ў яго з-за пояса кінжал, узносіць над галавой. Кароль Марка адбірае ў Брагіні кінжал і адштурхоўвае яе ад сябе так, што яна падае на падлогу побач з Трышчанам. За адным разам у Брагіні спадае з галавы каптур, адкрываючы капу валасоў.

Марка. Ты сама атруціла яго, дурніца!

Iжота. Брагіня. (Падае як нежывая на ложак.)

Марка. Не, гэтага не можа быць! Іжота!

Выпусціўшы з рук кінжал, Кароль Марка кідаецца да Іжоты і спрабуе яе ажывіць. Брагіня плача над Трышчанам.

Марка. Гэта не я, Іжота! (Трасе Іжоту.) Вярніся да мяне, гэта не я! (Плача.) Што я нарабіў!

Брагіня. Ты атруціў іх абоіх, вар’ят!

Марка. Не, гэта не я. Я толькі аддаў табе фляшку, што пакінула мне Іжоціна маці. Гэта ты, ведзьма, атруціла каралеву!

Брагіня. Вар’ят! Вар'ят!

Брагіня ў сутаргах б’ецца над Трышчанам. Трышчан раптам выдае незадаволены стогн і расплюшчвае вочы.

Трышчан. Брагіня, перастань мяне трэсці!

Брагіня адскоквае ад Трышчана, нібы апёкшыся.

Брагіня. Ён жывы!

Марка. Жывы?

Трышчан прыўздымаецца і разглядаецца, спрабуючы зразумець, што дзеецца вакол яго. Брагіня кідаецца да Трышчана, абмацвае, абдымае, цалуе.

Брагіня. Пане Трышчане! Любы Трышчане! Ты жывы!

Трышчан. А што здарылася? Быў двубой? Я забіты? Нічога не помню. (Абмацвае сябе і знаходзіць бараду.) А гэта што такое? (Здымае бараду і разглядае яе.)

Марка. Але калі ён не атруціўся, чаму атруцілася Іжота?

Брагіня, жвавая, нібы ртуць, падбягае да ложка і нахіляецца над Іжотай. Чапае скронь, бярэ за руку і пераконваецца, што Іжота — жывая.

Брагіня. А хто вам сказаў, ваша вялікасць, што каралева атруцілася? Яна проста знепрытомнела.

Марка. Знепрытомнела? (Абдымае непрытомную Іжоту.) Мая каралева!

Брагіня. Ну вядома, мой Кароль. (Гарэзліва ўсміхнуўшыся, цалуе караля і ўжо ляціць да Трышчана.) Вы ачунялі, мой гаспадар? (Цалуе Трышчана.)

Трышчан. Што нарэшце тут адбылося? (Да караля Маркі.) Можа, вы, дзядзечку, мне растлумачыце? І хто гэтая жанчына ў вас на каленях? Чаму вы назвалі яе каралевай?

Марка. Што? Што ты сказаў? Ты не ведаеш, хто гэтая жанчына? (Выпускае Іжоту з абдымкаў, Брагіня падхапляе яе і асцярожна ўкладвае ў ложак.) Паўтары яшчэ раз сваё пытанне, пляменніча.

Кароль Марка падыходзіць да Трышчана, дапамагае яму ўстаць з падлогі і ўсаджвае за стол.

Трышчан (паціскаючы плячыма). Я спытаў, хто гэтая жанчына і чаму вы назвалі яе каралевай. Хіба вы ажаніліся, дзядзечку? (Пазяхае.)

Марка (да Брагіні). Ён яе не помніць. Ён забыўся яе.

Брагіня (да Маркі). Так, і забыўся пра ўсё, што было з ёй звязана. Пітво паўплывала! Трышчан і Іжота больш не кахаюць адно аднаго.

Марка. Я не хачу, каб яны нават пазнаёміліся. Зараз жа выбірайцеся з палаца, і каб вочы мае вас не бачылі!

Брагіня (абурана). І я? Вы ж абяцалі пакінуць мяне ў палацы, ваша вялікасць!

Марка. Ты ўчыніла замах на жыццё караля, і цябе зараз чакае смяротная кара. Дарэчы...

Брагіня. Не трэба, не трэба, ваша вялікасць. Я ўжо адчула ў сабе прагу да вандраванняў. Калі выпраўляцца?

Марка. Я сказаў: зараз жа. Прыдумай для Трышчана якую важкую прычыну.

Брагіня. Мне і прыдумляць не трэба. Мы выпраўляемся да караля Артыуша на найвялікшы рыцарскі турнай у свеце.

Трышчан, якому абрыдла перашэптванне караля Маркі з Брагіняй, з усяе сілы стукае кулаком па стале, ад чаго нават Іжоцін ложак падскоквае над падлогай. Кароль Марка і Брагіня спалохана глядзяць на Іжоту, але тая па-ранейшаму ляжыць нерухома.

Трышчан. Чаго вы перашэптваецеся? Я што — смяротна хворы? Чаму вы пазіраеце на мяне як на вар’ята?

Брагіня. Пане Трышчане, я вам усё растлумачу. Пасля таго, як рыцар Блерыж разламаў аб вашую галаву лаву, з вашай памяццю...

Трышчан (уздымаецца з-за стала). Што? Дзе гэты хам?

Брагіня. Ён чакае вас на турнаі рыцараў Круглага Стала. Турнай заўтра пачынаецца, нам трэба спяшацца.

Трышчан. О, я сустрэнуся з Анцалотам Азёрным і нарэшце пабачу каралеву Жанібру! (Да караля Маркі.) А вы мяне пусціце, дзядзечку?

Марка. А няўжо ж, пляменніча. (Паляпвае Трышчана па плячы.) Інакш каралева Жанібра мне не даруе.

Трышчан (да Брагіні). Едзем! Вось толькі дзе мой меч і даспехі?

Брагіня. Ваш меч, даспехі і вопратку забраў рыцар Блерыж у якасці трафею!

Трышчан. Якая ганьба! (Хапаецца за галаву.) Што ж мне рабіць?

Брагіня. Ды вось, ваш дзядзечка абяцаў падараваць вам новую зброю і даспехі. Праўда, ваша вялікасць?

Марка (гнеўна). Што?! (Скарыўшыся.) Ах так, праўда. Скажыце майму каралеўскаму збройніку, што я загадаў выдаць свайму пляменніку Трышчану зброю і даспехі для ўдзелу ў турнаі рыцараў Круглага Стала.

Трышчан (усхвалявана). Дзякуй вам, дзядзечку!

Марка. Бывай, пляменніча!

Трышчан і Іжота кіруюцца да дзвярэй, і тут іх даганяюць Іжоціны словы.

Iжота. Трышчане, не пакідай мяне адну!

Кароль Марка і Брагіня паварочваюцца і аслупянела глядзяць на Іжоту. Трышчан азіраецца, але не разумее, што ад яго хочуць. Іжота сядзіць на ложку і працягвае рукі да Трышчана.

Iжота. Трышчане, любы, вазьмі мяне з сабой!

Трышчан (да Брагіні). Я нічога не разумею. Чаго хоча гэтая жанчына?

Брагіня. Яна трызніць. (Шэптам.) Уцякайма, пане Трышчане. (Выштурхоўвае Трышчана з пакоя і, падабраўшы з падлогі кінуты кінжал, таксама знікае за дзвярыма.)

Iжота (у роспачы). Трышчан!

Марка (ашалела). Яна не забылася на яго. Яна кахае яго па-ранейшаму. Мяне ашукалі! Варта! Варта, затрымаць іх! (Выбягае з пакоя.)

Iжота (плача). Трышчане, вярніся. Я памру без цябе, Трышчане.

 

З’ява восьмая

Ноччу ў садзе перад палацам караля Маркі. Нерухомыя цені дрэў пад месячным святлом выразна праектуюцца на сцяну палаца, але вось з’яўляюцца на сцяне і два рухомыя чалавечыя цені. З-за дрэў паказваюцца Трышчан і Брагіня.

Брагіня. Здаецца, нікога няма. Можам аддыхацца. Яны шукаюць нас у палацы.

Трышчан. Альбо чакаюць у засадзе ля замкавай брамы.

Брагіня. Ох, пане Трышчане, калі б вам не пашчасціла адабраць меч у першага ж ваяра, мы б не выбраліся з палаца.

Трышчан. Мне дапамог твой кінжал.

Брагіня. Падзякуем каралю, каб ён спрах, гэта ягоны кінжал.

Трышчан. Можа, нарэшце ты скажаш, чаму дзядзечка хоча забіць мяне?

Брагіня. Занадта доўгая гісторыя, каб яе зараз расказваць. Досыць таго, што вы пераканаліся ў яго намерах.

Трышчан. О, так, ён быў як шалёны і крычаў ваярам: «Забіце іх! Пасячыце гэтых сабак на кавалкі!» Каб ён не быў маім дзядзькам і каралём, за такія словы я выклікаў бы яго на двубой.

Брагіня. Не спадзявайцеся, што ён прыме ваш выклік. Ён хутчэй пырне вас з-за рога кінжалам. Так што давайце думаць, як нам выбрацца з замка.

Трышчан. Я ўсё ж хацеў бы пабачыць, што робіцца ля брамы.

Брагіня. Нам варта змяніць вопратку. Усе шукаюць лекара і яго вучня. Калі б мы выглядалі як два каханкі-прыдворныя... Няўжо ў такую гожую ноч ніхто не выберацца ў сад на спатканне?

Трышчан. Пасля таго пярэпалаху, які мы паднялі ў палацы, на гэта разлічваць цяжка. Але пашукаем. Пойдзем паасобку, але будзем трымацца недалёка адно ад аднаго. Калі што якое — сустракаемся тут.

Трышчан і Брагіня знікаюць між дрэў. Нейкі час у садзе перад палацам бязлюдна, але вось на сцяне зноў з’яўляюцца два рухомыя цені. З-за дрэў паказваюцца каралева Іжота і Незнаёмы, як заўсёды захутаны ў плашч.

Незнаёмы. Ваша высокасць, мы іх не знойдзем. Пэўна што, яны даўно ўжо выбраліся з замка.

Iжота. Не. Маё сэрца падказвае, што Трышчан недзе тут.

Незнаёмы. Калі так — толькі ваша сэрца, каралева, здолее адшукаць Трышчана. Ваярам караля Маркі гэта не ўдалося. Але ці стане вам сілаў, ваша высокасць?

Iжота. Я павінна яго пабачыць, Аўдрэт. Мы мусім іх знайсці.

Незнаёмы. Што ж, паспрабуем. Пойдзем паасобку, але будзем трымацца недалёка адно ад аднаго.

Iжота і Незнаёмы знікаюць у цемры. Зноў нейкі час у садзе перад палацам бязлюдна, потым з’яўляецца Брагіня ў жаночым уборы.

Брагіня (шэптам). Пане Трышчане! Вы тут?.. Няма. Вопратку знайшла, а Трышчана згубіла. Неверагодна. Але сустрэла сваю прыяцельку — каралевіну служку. Бедная дзяўчына злякалася, калі пабачыла мяне з кінжалам у руцэ. Ніяк не магла даць веры, што гэта я. Смешна, яна прыйшла на спатканне, а Кароль збаяўся. (Сцішана ўскрыквае.) А можа, яго злавіў Трышчан?

Гаворачы сама з сабой, Брагіня не заўважае, як ззаду падкрадаецца нейкі чалавек. Чалавек адной рукой хапае Брагіню за валасы, другой прыстаўляе кінжал да горла.

Брагіня (зноў ускрыквае). Ай!

Iжота. Ціха! Кінь кінжал! Так. Не калаціся, я пакуль што не збіраюся цябе забіваць.

Брагіня. Хто ты?

Iжота. Будзеш адказваць на мае пытанні. Дзе Трышчан?

Брагіня. Не ведаю. Ой!

Iжота. Дык дзе Трышчан?

Брагіня. Я яго згубіла. Ой!

Iжота. Апошні раз пытаю: дзе Трышчан?

Брагіня. Ой! Павінен прыйсці сюды.

Iжота. Вось ты і здрадзіла свайму гаспадару, дзяўчына! А я лепш згадзілася б памерці.

Іжота апускае кінжал і адштурхоўвае ад сябе Брагіню. Спалоханая Брагіня падае на зямлю.

Брагіня (узняўшы галаву). Каралева!

Iжота (пагардліва). «Бедная дзяўчына злякалася, калі пабачыла мяне з кінжалам у руцэ». А ты не злякалася? Збраяносца найвялікшага рыцара ў свеце! Турнаі, пагулянкі, начлегі ў карчме і пад голым небам! Затое пад бокам у Трышчана!

Брагіня (апусціўшы галаву). Не я выбірала свой лёс, пані. Вы самі выштурхнулі мяне прэч пасля таго, як я выратавала вас на шлюбным ложку.

Iжота. О, ты з радасцю кладзешся замест мяне ў ложак! І да караля Маркі, і да Трышчана! Распусная дзеўка!

Брагіня. Я не заслужыла гэткіх слоў. (Плача, закрыўшы твар рукамі.)

Iжота. На гэтым свеце лепш нарадзіцца служкай, чым каралевай. Тады ты можаш скакаць на кані побач са сваім каханым, падносіць яму стравы і віно, ахоўваць яго сон. Тады табе не трэба сядзець на троне побач з нялюбым мужам, дбаць пра гонар роду, а ноччу заходзіцца ад слёз і кусаць локці з роспачы і безвыходнасці нават не ў адзіноце, о не, а зноў-такі — пры нялюбым мужу!

Іжота падыходзіць да Брагіні, гладзіць яе па галаве. Брагіня абдымае ногі сваёй гаспадыні і плача.

Iжота. Ну. Супакойся. Не плач. (Сядае побач з Брагіняй.) Мяне б хто суцешыў.

Брагіня (усхліпвае). Мая гаспадыня, я вас так люблю!

Iжота (сумна). Дзякуй. Хоць нехта яшчэ любіць бедную Іжоту.

Брагіня. Вам не трэба сустракацца з Трышчанам.

Iжота (адсунуўшыся). Што? (Гнеўна.) Хто ты такая, каб...

Брагіня (упарта). Вам не трэба сустракацца з Трышчанам, гаспадыня. Ён вас не кахае.

Iжота (апусціўшы плечы). Ну, дзякуй за добрую параду. І за тваю любоў таксама. Каго ж ён кахае? Цябе?

Брагіня (смяецца). Што вы! Мяне ён не кахае і ніколі не кахаў. Мне здаецца, ён зусім нікога не кахаў акрамя вас. Але цяпер ён і вас не кахае, бо не сам ён вас кахаў... Ой!

Iжота (строга). Што за глупства ты вярзеш? Я заблыталася ў тваіх «кахае — не кахае».

Брагіня. Я сама заблыталася. (Надумаўшыся.) Добра. Пані Іжота, ці вы цвёрда наважыліся сустрэцца з Трышчанам?

Iжота. Так.

Брагіня. І што б я ні казала, я не змагу пераканаць вас адмовіцца ад сустрэчы?

Iжота. Ніхто не зможа мяне ў гэтым пераканаць.

Брагіня. Так я і думала. Тады я мушу вам нешта сказаць, але прашу не пераказваць гэтага Трышчану. Калі толькі вы яго кахаеце.

Iжота. Я яго кахаю. Кажы.

Брагіня (раптоўна). А як даўно вы яго кахаеце, пані Іжота?

Iжота. Табе не здаецца, Брагіня, што гэтае пытанне — не з тых, якія служкі задаюць каралевам?

Брагіня (настойліва). Як даўно вы кахаеце пана Трышчана, ваша высокасць? Ці даўней, чым калі мы плылі на караблі, і было горача, і...

Iжота (здаецца). Я кахаю Трышчана ад таго імгнення, як упершыню яго пабачыла пры двары майго бацькі, караля Арлендыі.

Брагіня (сама сабе). Вось чаго я баялася! Вось чаго не ўлічыў Кароль Марка!

Iжота (захутваецца). Мусіць, я замерзну раней, чым даслухаю цябе. (Разглядаецца.) Дзе Трышчан?

Брагіня. Даруйце мне, гаспадыню. Там, на караблі, калі мы плылі з Арлендыі ў Карнаваль, вы з Трышчанам выпадкова выпілі чароўнае мілоснае пітво. Яно прызначалася для вас з каралём Маркам.

Iжота. Мы з Трышчанам выпілі мілоснае пітво? Што за прыдумкі? Адкуль яно ўзялося?

Брагіня. Яго дала мне ваша маці, каралева Арлендыі, бо рупілася, каб дачка яе была шчаслівая ў шлюбе.

Iжота. Мая руплівая маці... Што яна падумала, калі, прыехаўшы ў Карнаваль, пабачыла сваю дачку цяжкахворую і вельмі нешчаслівую ў шлюбе?

Брагіня. Падумала, што трэба вас ратаваць, і перадала яшчэ адно чароўнае пітво, гэтым разам — ад мілосці.

Iжота. Каму перадала? Навошта?

Брагіня. Вашаму мужу, каралю Марку. Каб вылечыць вас ад кахання да Трышчана. Кароль прымусіў мяне даць вам гэтыя лекі.

Iжота. О Божа! Хіба ад кахання можна вылечыць, дурніца?

Брагіня (упэўнена). Можна. Трышчан вылечыўся. Ён зусім на вас забыўся, пані Іжота. Нават імя не помніць.

Iжота. Значыць, ён мяне ніколі па-сапраўднаму не кахаў. (Уздымаецца таксама.) Як проста: выпіў келіх — пакахаў. Выпіў другі — забыўся.

Брагіня. Але так, як вас тады, ён нікога ніколі не кахаў і не пакахае. (Уздымаецца.)

Iжота. Выходзіць, сваім шчасцем я, каралева Іжота, абавязана табе, служцы Брагіні? І няшчасцям таксама? Ведаеш, мне здаецца, табе трэба як мага хутчэй выбірацца з замка і ніколі тут не паказвацца.

Брагіня (бесклапотна). Ведаю, мая гаспадыня, мне ўжо гэта казаў Кароль Марка.

Iжота (ціха). Зрэшты, мяне ты можаш ужо не баяцца. (Заўважае Брагініну ўсмешку.) А чаму гэта ты радуешся?

Брагіня. Радуюся? Што вы, мая гаспадыня! З якой нагоды мне радавацца?

Iжота (глядзіць на Брагіню). Хочаш, скажу, з якой? Ты баялася, што, калі раскажаш мне ўсё гэта, я расплачуся, кінуся ў істэрыку альбо страчу прытомнасць, так? Ты забылася, дурнічка, што я каралева?

Брагіня (вінавата). Ваша высокасць...

Iжота. Ты забылася, што дома, у Арлендыі, я не толькі спявала, але яшчэ скакала на кані, палявала на дзікіх звяроў і лепш за ўсіх вояў майго бацькі страляла з лука? Ах!..

Пахіснуўшыся, Іжота падае, але Брагіня і Трышчан, які нарэшце вярнуўся, падхапляюць яе.

Брагіня. Ваша высокасць!

Трышчан. Што з ёй?

Iжота (забыўшыся). Трышчане...

Трышчан (да Брагіні). Хто гэта? Яна мяне ведае?

Брагіня. А вы ці ведаеце яе, пане Трышчане?

Трышчан (узіраецца ў Іжоцін твар). Здаецца, гэта тая жанчына, якую мы бачылі сёння ў каралеўскай спачывальні.

Брагіня. Гэта каралева.

Трышчан (абыякава). А... Яна таксама, як і дзядзечка, хоча нашай смерці?

Брагіня. Баюся, што ў яе стане ўжо не цікавяцца чужымі жыццямі і смерцямі.

Іжота апрытомнела і, збёршы сілы, вызваляецца з абдымкаў Трышчана і Брагіні.

Iжота (уладна). Пусціце мяне.

Трышчан, Брагіня (разам). Ваша высокасць. (Схіляюцца ў паклоне.)

Iжота. Вы, пэўна ж, не помніце мяне, рыцару Трышчане?

Трышчан. Выбачайце, каралева.

Iжота. Зрэшты, гэта цяпер не мае значэння. Вы ведаеце, што мой муж, Кароль Марка, вельмі на вас угневаўся і жадае вашае смерці?

Трышчан. Ведаю, ваша высокасць, хоць аб прычынах ягонага гневу не здагадваюся.

Iжота. Вашае жыццё ў вялікай небяспецы. Што вы думаеце рабіць?

Трышчан. Думаю прабівацца з боем праз замкавую браму. Шанцаў мала, але іншага выйсця няма.

Iжота. Няпраўда. Есць яшчэ патаемнае выйсце ў заходняй сцяне.

Трышчан. Ха, калі б я меў ключ ад патаемных дзвярэй!

Iжота. Вы яго маеце. (Адхінае плашч, здымае з пояса ключ і аддае Трышчану.)

Брагіня. Мы выратаваны!

Трышчан (здзіўлена). Дзякую, каралева, але я не разумею...

Iжота. Рыцару Трышчане, я не жадаю, каб муж мой быў вінен у вашай смерці. Таму даю вам гэты ключ і мажлівасць уратавацца. І яшчэ. Ваш збраяносца абачліва змяніў вопратку. Думаю, каб не пралілася лішняя кроў, варта пераапрануцца і вам. Скіньце свой лекарскі ўбор і вазьміце мой плашч. (Здымае і падае Трышчану свой плашч.)

Трышчан. Каралева, я не смею. (Цвёрда.) Я не магу, ваша высокасць.

Iжота. Гэта не просьба, гэта загад.

Трышчан прымае плашч і, стаўшы на адно калена, з павагай цалуе Іжоце руку. Скідае з сябе на зямлю верхнюю лекарскую апранаху, каптур. Брагіня хоча падабраць вопратку, але Іжота не дазваляе зрабіць гэтага.

(Да Брагіні.) Пакінь. (Да Трышчана.) А дзе вашая шыкоўная барада, слаўны рыцару?

Трышчан (здзіўлена). Барада? (Абмацвае вопратку.) Мусіць, згубіў. Хаця не, вось яна. (Кідае бараду на лекарскую апранаху.) Хто б мне растлумачыў, дзеля чаго быў увесь гэты карнавал?

Iжота. Спадзяюся, ваш збраяносца прыдумае вам цікавую гісторыю. А цяпер — бывайце. Назаўжды, рыцару Трышчане.

Трышчан. Ваша высокасць! Мая каралева! Пані... прабачце, не ведаю вашага імя... Я не знаходжу слоў...

Iжота (пахіснуўшыся, нібы ад удару). Шчаслівай дарогі... пакуль я не перадумала, рыцару... Трышчане.

Трышчан кланяецца і адыходзіць. Брагіня таксама кланяецца і паварочваецца ісці за ім.

Брагіня!

Брагіня азіраецца.

Але прызнайся: тады, калі ты давала нам з Трышчанам піць лекі ад кахання, ці не думала ты перадусім пра сябе?

Брагіня (не глядзіць на Іжоту). Каралева, не давярайце свайму служку Аўдрэту. (Даганяе Трышчана.)

Iжота. Ах, якая парада! Які падарунак на развітанне! На жаль, я запозна яго атрымала. Цяпер мне наагул не патрэбныя служкі. (Апранае на сябе лекарскі ўбор і Трышчанаў каптур, чапляе бараду.) Ну як, ці я падобная да лекара? (Смяецца вар’яцкім смехам.) А да Трышчана? (Голасам Трышчана.) Іжота, любая, дзе ты? Вярніся, Іжота, я жыць без цябе не магу. Гэта я, твой каханы Трышчан! Ах...

З-за дрэва выслізгвае чорная постаць і, падкраўшыся ззаду, усаджвае ў Іжоту кінжал. Іжота падае на зямлю з кінжалам у спіне, каптур спадае з галавы, адкрываючы капу валасоў.

Марка (урачыста). Нарэшце я забіў цябе, Трышчане! Учынілася воля нябёсаў. (Нахіляецца над Іжотай.) О Божа, што гэта? (Вымае кінжал і пераварочвае Іжоту на спіну. Зрывае бараду.) Не можа быць! Іжота! (Плача, схіліўшыся над Іжотай.) Мая каралева... Мая багіня... Гэта не я забіў цябе... гэта ён, блазан. Ён зноў насмяяўся з мяне... коштам твайго жыцця насмяяўся, Іжота!

 

Эпілог

Сонечны рэнесансавы ранак у сярэднявечным дубовым лесе. На бязлюднай лясной дарозе паказваюцца два вершнікі на гарачых, запараных конях. У адным з іх, узброеным, закаваным у латы рыцары, не цяжка пазнаць Трышчан а, у другім — сціпла, але з густам апранутым — Брагіню. Трышчан і Брагіня скачуць у замак Дамалот, да караля Артыуша. на найвялікшы ў свеце рыцарскі турнай.

Брагіня (астаецца ад Трышчана). Пане Трышчане, я за вамі не паспяваю!

Трышчан. Хутчэй, Брагіня, я не магу праз цябе прапусціць пачатак турная.

Брагіня. Навошта спяшацца? Славутыя рыцары звычайна позняцца на турнаі.

Трышчан. Але не на гэты! Сам Кароль Артыуш склаў рытуал адкрыцця, і каб яго пабачыць, збіраюцца рыцары, герольды і трубадуры з усяго свету.

Брагіня. О, тады сапраўды трэба спяшацца! Калі ўсе гэтыя валацугі збяруцца — у карчме не застанецца месцаў. (Даганяе Трышчана.)

Трышчан. У карчме? Мы будзем жыць у каралеўскім палацы, Брагіня! Каралева Жанібра высакародна запрасіла ўсіх рыцараў да сябе ў госці.

Брагіня. Нарэшце я памыюся і высплюся як след! Я так стамілася ад беспрытульнага вандроўнага жыцця! Есці ў бруднай харчэўні, спаць на мулкім паходным ложку, мыцца ў халоднай рэчцы... Што за доля!

Трышчан (бадзёра). Не наракай, Брагіню. Разгледзься навокал: які дзівосны ранак, які велічны лес, які гожы рыцар скача побач з табой. Радуйся сонцу, ветру, прыгодам, якія чакаюць нас наперадзе. Колькі каралеў, седзячы ў сваіх багатых, шыкоўных палацах, мараць аб такім жыцці, як у нас з табой, Брагіня!

Брагіня. Я ахвотна памянялася б з імі месцамі. (Падскоквае ў сядле.) Але сумняюся, што такія дурніцы жывуць на свеце.

Трышчан. Сумняешся? Ну а, скажам, гэтая... Як жа яе звалі? Забыўся...

Брагіня. Ды я ўжо радуюся, пане Трышчане. Сонцу, ветру, чаму там яшчэ? Толькі не ламайце сабе галавы.

Трышчан. Пачакай. Як жа яе звалі, тую каралеву, якая мела нялюбага мужа і марыла вандраваць усё жыццё са сваім каханым рыцарам? Славутая была гісторыя...

Брагіня (вырываецца наперад). Даганяйце, пане Трышчане! Гэй!

Трышчан. Тпру! (Спыняе каня.) Успомніў, Брагіня!

Брагіня (азірнуўшыся). Што здарылася? (Спыняецца.)

Трышчан. Яе звалі Іжота! Тую каралеву звалі Іжота!

Брагіня (непрыязна). Ну і што?

Трышчан (прасветлена). Паэты склалі пра яе шмат прыгожых вершаў. Пра яе і гэтага рыцара, пачакай, як жа яго звалі?

Брагіня. Вы едзеце, пане Трышчане, ці не?

Трышчан (упарта). Я хачу ўспомніць, як звалі таго рыцара!

Брагіня (у роспачы). Мы спознімся, нас чакаюць Кароль Артыуш і каралева Жанібра!

Трышчан (усхвалявана). Я мушу ўспомніць! З гэтай легендай звязана нешта вельмі важнае ў маім жыцці, Брагіня!

Але на сцэне ўжо няма Брагіні. Ёсць толькі Камедыянтка. Яна з злосцю адштурхоўвае ад сябе цацачнага драўлянага каня, і той з грукатам падае на падлогу.

Камедыянтка. Кінь блазнаваць, Францішак! Мы так не дамаўляліся. Калі ты скажаш зараз слова — я больш ніколі не буду граць у гэтым спектаклі!

Францішак. Але пачакай, можа атрымацца вельмі пацешны фінал!

Камедыянтка. Я на такі фінал не згодна! Я пачынала ў ролі мілае субрэткі і не хачу канчаць у ролі мярзотніцы!

Францішак. Ты памыляешся, усё не так адназначна, не так прымітыўна. Ён павінен успомніць, і тады...

Камедыянтка. Ну, усё, нагі маёй больш не будзе на гэтай сцэне. (Уцякае за кулісы.)

Францішак (паціскае плячыма). Хм, мог атрымацца пацешны фінал. (Падхапіўшы коней, бяжыць услед за Камедыянткай.) Вярніся, вярніся, я пажартаваў! Ён нічога не ўспомніў! (Знікае за кулісамі.)

З-за куліс выходзяць Францішка і Трагік.

Трагік. Пані Францішка! (Падыходзіць бліжэй.) Ну дык як, пані Францішка? Ці дазваляеце вы?

Францішка. Што? (Апомніўшыся.) А, ты зноў пра сваё. (Стомлена.) Колькі можна? Я ж сказала: не. Прадстаўленне ўжо скончылася.

Трагік. Я не знаходжу слоў, каб выказаць захапленне ад вашае гульні ў апошняй сцэне. Ваш выхад выратаваў усю трагедыю. Але дайце і мне шанец, дазвольце мне паставіць апошнюю кропку.

Францішка. Спачатку ты наагул адмаўляўся ад ролі, цяпер хочаш сапсаваць мне фінал?

Трагік. Аздобіць, пані Францішка! Аздобіць! Вы толькі ўявіце, якая эфектная сцэна: пасля бурлівага маналога над целам забітай каралевы ён заколвае сябе кінжалам!

Францішка (абдымае Трагіка). Мой дружа, яна — занадта эфектная, празмерна тэатральная. У мастацтве важна захоўваць пачуццё меры.

Трагік. Ну хоць адзін раз, на адным прадстаўленні! Скажам, заўтра. А тады буду граць, як вы загадалі.

Францішка (цвёрда). Ні разу! Ні заўтра, ні пазаўтра, ні калі-кольвек яшчэ. Выкінь гэтую блазенскую думку з галавы. (Ідзе за кулісы.) Што будзе з тэатрам, калі кожны акцёр пачне рабіць на сцэне тое, што яму заманецца? (Азірнуўшыся.) Пойдзем, прадстаўленне скончылася. (Знікае за кулісамі.)

Трагік. Скончылася? (Па-змоўніцку падміргнуўшы гледачам, адхінае плашч і вымае схаваны кінжал.) Хто сказаў, што яно скончылася? (Дэкламуе.) «Мая каралева... Мая багіня... Гэта не я забіў цябе, гэта ён, блазан. Ён зноў насмяяўся з мяне... коштам твайго жыцця насмяяўся, Іжота!» А! (Заколвае сябе кінжалам і падае прыгожа, эфектна — па-тэатральнаму.)

Заслона