epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Кавалёў

Жабкі і Чарапашка

З'ява першая
З'ява другая
З’ява трэцяя
З'ява чацвёртая
З’ява пятая
З’ява шостая


П’еса паводле казкі Уладзіміра Караткевіча

і дзіцячых гульняў

 

АСОБЫ

 

Чарапашка.

1-я Жабка.

2-я Жабка.

3-я Жабка.

Жаба.

Салавей.

 

З'ява першая

Балота. Хмызы ды чараты. Удалечыні блішчыць акенца вады. Фарбы — шэрыя, невыразныя. А яшчэ — і туман. Аднастайны і маркотны краявід выклікае сум і тугу.

Вось і маленькай няўклюднай Чарапашцы, з усяго відаць, тут сумна і адзінока. Яна сядзіць на купіне і гуляе са сваёй адзінай цацкай — самаробнай, сплеценай з балотнай травы Лялякай.

Чарапашка. Я — Чарапашка. Я жыву адна, і мне вельмі сумна. (Паказвае Ляляку.) А гэта — Ляляка. Ёй добра. У яе ёсць Чарапашка. Чарапашка любіць Ляляку, даглядае, расказвае казкі. Казкі пра Ляляку. (Стаўляе Ляляку на купіну, сама сядае насупраць яе і пачынае апавядаць казку.) Жыла-была на свеце Ляляка. Аднойчы села Ляляка ў лодку і паплыла па блакітнай рацэ да сіняга мора. На беразе мора стаяў прыгожы белы карабель. Села Ляляка на карабель і паплыла па сінім моры ў Індыйскі акіян. Даплыла да каралавага вострава, дзе жылі вялізныя акіянскія чарапахі. «Добры дзень, Чарапахі,— кажа Ляляка.— Я — Ляляка. Прыплыла па блакітнай рацэ, па сінім моры, па Індыйскім акіяне з далёкага зялёнага балота. Прывезла вам прывітанне ад вашае сястры — Чарапашкі». Спадабалася Ляляка чарапахам. «Заставайся, Ляляка, з намі,— кажуць акіянскія чарапахі,— на каралавым востраве. У нас тут цёпла і весела». «Не магу,— адказвае Ляляка.— Чакае мяне на далёкім балоце Чарапашка. Ёй там, на балоце, халодна і сумна». Села Ляляка зноў на прыгожы белы карабель. Паплыла па Індыйскім акіяне, па сінім моры да блакітнай ракі. Перасела ў лодку і вярнулася па блакітнай рацэ на зялёнае балота, да Чарапашкі. (Уздымаецца, падпаўзае да купіны і зноў бярэ Ляляку да сябе. Сумна ўздыхае.) Добра табе, Ляляка. У цябе ёсць Чарапашка, якая любіць цябе, даглядае і расказвае казкі. Чарапашку ніхто не любіць, не даглядае, не расказвае казак. У Чарапашкі няма нікога. (Знікаеў чаратах.)

 

З'ява другая

Балота. Хмызы ды чараты. Удалечыні блішчыць акенца вады. Краявід быццам той самы. Можа, нават тое самае месца. Але як усё змянілася! Пасвяжэлі фарбы, разагнала разам з туманам сум і тугу.

Адкуль такая перамена?

Можа, таму, што выглянула сонейка. А можа, таму, што па купінах скачуць тры сімпатычныя зялёныя Жабкі, і ад іх весялосці, ад іх шумных гульняў' усё навокал прачынаецца і ажывае.

1-я Жабка. Мы — Жабкі!

2-я Жабка. Мы — зялёныя і сімпатычныя.

3-я Жабка. Мы любім вясёлыя, шумныя гульні. (Скачуць адна за другой па купінах.)

1-я Жабка (скача). Гоп!

2-я Жабка (услед). Скок!

1-я Жабка (скача). Уперад!

2-я Жабка (услед). Убок!

1-я Жабка (скача). Праз пень!

2-я Жабка (услед). Праз калоду!

1-я Жабка (скача). Праз халодную ваду!

2-я Жабка (скача). Лаві!

3-я Жабка. Уцякай!

1-я Жабка (падпільнаваўшы). І хапай!

3-я Жабка ловіць 1-ю Жабку, якая не паспела пераскочыць на высокую купіну.

Відаць, што Жабкі не проста скачуць з купіны на купіну, а гуляюць у просценькую гульню, сэнс якой у тым, каб на адной купіне не было болей адной жабкі. Таму, калі 1-я Жабка пакідае сваю купіну, 2-я Жабка павінна адразу заняць яе месца, бо ўслед скача ўжо 3-я Жабка — яе чарга лавіць. На вольную купіну можа скочыць 1-я і 2-я Жабкі, тады 1-я Жабка займае яе месца і 3-я Жабка ловіць ужо 1-ю Жабку.

На гэты раз менавіта 1-я Жабка прамарудзіла, не паспела пераскочыць на купіну, пакінутую 2-й Жабкай, і яе схапіла 3-я Жабка.

3-я Жабка (да 1-й Жабкі). Папалася! Твая чарга лавіць!

Гульня паўтараецца наноў.

Цяпер 1-я Жабка даганяе 3-ю Жабку, якая пераскоквае з купіны на купіну ўслед за 2-й Жабкай.

2-я Жабка. Гоп!

3-я Жабка. Скок!

2-я Жабка. Уперад!

3-я Жабка. Убок!

2-я Жабка. Праз пень!

3-я Жабка. Праз калоду!

2-я Жабка, 3-я Жабка (сутыкнуўшыся). Ой!

На гэты раз гульня канчаецца нечакана хутка. 3-я Жабка скокнула ўслед за 2-й Жабкай яшчэ да таго, як тая пакінула сваю купіну і гоцнула на суседнюю, не занятую. Сутыкнуўшыся, абедзве Жабкі плюхаюцца ў ваду.

1-я Жабка (пляскае ў ладкі). У халодную ваду!

2-я і 3-я Жабкі выбіраюцца з вады на купіну і спрачаюцца, хто вінаваты.

2-я Жабка (да 3-й Жабкі). Ты водзіш!

3-я Жабка. Чаму я?

2-я Жабка. Ты паспяшалася!

3-я Жабка. А ты прамарудзіла!

2-я Жабка (прыдумаўшы). Не хачу гуляць у гэтую гульню! Давайце ў іншую!

1-я Жабка. А ў якую?

3-я Жабка. У Лесавіка!

2-я Жабка. Ай, не хачу бегаць!

1-я Жабка. Тады — у Вадзяніка!

3-я Жабка. Бр-р-р! Не хачу плаваць!

2-я Жабка. Давайце гуляць у «Куст — дрэва — вецер». Не трэба ні бегаць, ні плаваць.

1-я Жабка. Згода! Ты будзеш ветрам.

Жабкі пачынаюць гуляць у «Куст — дрэва — вецер». Гульня, таксама, як і папярэдняя,— вельмі простая. Яно і зразумела — адкуль Жабкам на балоце ведаць складаныя гульні?

2-я Жабка. Ляцеў вецер, бачыць: стаіць дрэва.

1-я і 3-я Жабкі ўздымаюцца на заднія лапкі ва ўвесь рост і машуць пярэднімі лапкамі.

Ляцеў назад, бачыць: сядзіць куст.

1-я і 3-я Жабкі сядаюць на кукішкі і прыціскаюць лапкі да галавы.

Дрэва. Куст. Куст. Дрэва. Куст. (Павялічвае тэмп.) Дрэва. Дрэва. Куст. Куст... (Вытрымаўшы паўзу.) Куст! Ага: няправільна!

1-я Жабка «заваронілася»: калі 2-я Жабка сказала апошні раз «куст!» — яна паказала «дрэва»: узнялася на задніх лапках і замахала пярэднімі.

(Да 1-й Жабкі.) Мяняемся!

Пачынаюць гульню наноў, памяняўшыся ролямі.

1-я Жабка. Ляцеў вецер, бачыць: стаіць дрэва...

 

З’ява трэцяя

Калі 2-я і 3-я Жабкі паказваюць «дрэва», з’яўляецца Жаба.

Жаба (да гледачоў). Я — Жаба. Зараз мы з Жабкамі будзем рэпеціраваць песню. А ўвечары прыляціць нас паслухаць сам Салавей. (Перапыняе гульню і арганізоўвае спеўкі.) Увага, увага! Жабкі, заканчваем гульні і пачынаем спеўкі. Сёння ўвечары мы выступаем перад маэстрам Салаўём!

1-я Жабка. Ура! Мы будзем спяваць!

2-я Жабка. Мы любім спяваць!

3-я Жабка. Мы ўмеем спяваць!

Жабкі рассаджваюцца на купінах і настройваюцца на спевы. Жаба займае месца насупраць і ўзмахвае лапкамі.

1-я Жабка, 2-я Жабка, 3-я Жабка (разам)

 

Ку-ааа, ку-ааа,

Кум-ма, Кум-ма,

Што вячэраць вар-рыла?

Ку-ааа, ку-ааа...

 

З чаратоў высоўваецца Чарапашка і назірае за рэпетыцыяй.

Жаба. Так, добра. А зараз — вышэй!

1-я Жабка, 2-я Жабка, 3-я Жабка (разам)

 

Ку-ааа, ку-ааа,

Боршч, боршч,

Буракі, бура-кі-кі-кі,

Ку-ааа, ку-ааа...

 

Чарапашка высоўваецца далей і як зачараваная слухае Жабак.

Жаба. І яшчэ вышэй!

1-я Жабка, 2-я Жабка, 3-я Жабка (разам)

 

Ку-ааа, ку-ааа,

Што вар-рыла,

Кум-ма, кум-ма?

Кум-ма, кум-ма

Боршчык вар-рыла,

Ку-ааа, ку-ааа...

 

Чарапашка, забыўшыся, пляскае ў ладкі: так ёй спадабаліся спевы Жабак.

Жаба. А гэта што за цуда-юда?

Чарапашка (сарамліва). Я не цуда-юда. Я Чарапашка. (Набраўшыся адвагі, выпаўзае з чаратоў да Жабак.)

1-я Жабка. Бачыць такога не бачылі!

2-я Жабка. Чуць гэткага не чулі!

3-я Жабка (катэгарычна). Значыць, не можа цябе быць.

Чарапашка (сумна). Ды ёсць жа я. Але як вы добра спяваеце! Каб яшчэ раз паслухаць.

Жаба (улешчана). Што ж, можам паўтарыць. (Заклікае Жабак да ўвагі, узмахвае лапкамі і пачынае дырыжыраваць.)

1-я Жабка, 2-я Жабка, 3-я Жабка (разам)

 

Ку-ааа, ку-ааа,

Кум-ма, кум-ма,

Што вячэраць вар-рыла?

Ку-ааа, ку-ааа,

Боршч, боршч,

Буракі, бура-кі-кі-кі-кі,

Ку-ааа, ку-ааа,

Кум-ма, кум-ма

Боршчык вар-рыла,

Ку-ааа, ку-ааа...

 

Чарапашка ад задавальнення з усяе сілы пляскае ў ладкі, што, вядома, дадае ганарыстасці Жабкам.

Чарапашка. Як цудоўна! Жабкі-жабкі, прыміце мяне ў свой хор.

Жаба (строга). А ты спяваць умееш?

Чарапашка. Не. Я слухаць люблю.

1-я Жабка. Дык і слухай.

2-я Жабка (дадае). Здалёк.

3-я Жабка (удакладняе). З чаратоў.

Жаба. Вось як навучышся спяваць — тады прыходзь.

Чарапашка. Мы, чарапахі, не ўмеем спяваць. Голасу нам не дадзена.

1-я Жабка. Дык нашто ты нам тады?

Чарапашка. А слухаць вас хто будзе? Хваліць?

2-я Жабка. Нас і так усе слухаюць.

3-я Жабка. І ўсе хваляць.

Чарапашка. Ну і я ціхенька сядзела бы ды хваліла.

Жаба. Дык ты, можа, яшчэ нешта ўмееш?

Чарапашка. Плаваць умею. Ныраць.

1-я Жабка. Гэта і мы ўмеем.

2-я Жабка. А скакаць умееш?

3-я Жабка. Гуляць у «Куст — дрэва — вецер»?

Чарапашка (уздыхае). Не. Умею прыдумваць казкі.

3-я Жабка. Нашто нам твае казкі?

Разгубленая Чарапашка азіраецца на чараты: як бы схавацца назад.

1-я Жабка. Нічога чарапахі не ўмеюць!

2-я Жабка. А жабкі яшчэ нясуць ікру.

3-я Жабка. Жабурынне.

Чарапашка. Чарапахі замест ікры яйкі нясуць.

Жаба. Ф-фу, яйкі... Ну, паспрабуй усё ж заспяваць. Раптам атрымаецца?

Адважыўшыся, Чарапашка спявае (дакладней — рыпіць) без такту і мелодыі, але хутка сама разумее: не атрымалася.

Чарапашка (спявае)

 

Свеціць месячык

З гары

На глыбокія

Віры.

На шчытах

У чарапах

Сіняе святло

Гарыць.

 

Жаба. Словы нішто сабе. Але ж голас...

1-я Жабка. Бр-р-р-р!

2-я Жабка. Жах!

3-я Жабка. Жудасць!

Чарапашка. Дык я б вам — словы, а вы б спявалі.

1-я Жабка. Словы і ў нас не горшыя.

2-я Жабка. Самі прыдумалі!

3-я Жабка (напявае)

 

Што вар-рыла,

Кум-ма, кум-ма?

Боршч, боршч,

Бур-ракі.

 

Чарапашка (шчыра). Добрыя словы, але галасы ў вас лепшыя.

Жаба. А што гэта «шчыты ў чарапах»?

Чарапашка. А вось тое, што на мне. (Паказвае жабам на панцыр.)

Жабкі акружаюць Чарапашку і разглядаюць яе ўважліва, але без сімпатыі.

1-я Жабка. Гэтае карычневае?

2-я Жабка. Гэтае брыдкае?

3-я Жабка. Ну не! Паглядзі, якія мы прыгожыя.

Жабкі дэманструюць перад Чарапашкай сваю прыгажосць.

1-я Жабка. Зялёныя!

2-я Жабка. Бліскучыя!

3-я Жабка. Як лакіраваныя!

Чарапашка (самотна). Жывыя — усе прыгожыя.

Жаба. Яна цвёрдая.

1-я Жабка. Быць не можа!

Самая смелая — 3-я Жабка — асцярожна дакранаецца да Чарапашкінага панцыра лапкай.

3-я Жабка. Ой! Яна ж як жалезная!

Чарапашка. Ну і што?

Жаба (падводзіць вынікі). Скура ў цябе цвёрдая... Голасу ты не маеш... Куды такую ў наш хор?

Чарапашка. Усё роўна вы мне падабаецеся. Спяваеце прыгожа. Мне адной сумна... (Пакрыўджаная, паўзе назад у чараты.)

Жабкі, якія ўсхадзіліся не на жарт, скачуць вакол Чарапашкі, паказваючы на яе лапкамі.

1-я Жабка. Жалезная жаба! Гы-гы-гы!

2-я Жабка. А мы мяккія жабкі!

3-я Жабка. Зялёныя!

Чарапашка (адбіваецца). Кожная жывёла — розная. А я — карысная.

1-я Жабка. І мы — кар-рысныя!

2-я Жабка. Спяваем і скачам!

3-я Жабка. А ў цябе голасу няма!

Чарапашка хаваецца ў чаратах. Жабкі насміхаюцца ёй услед.

1-я Жабка. Жалезная!

2-я Жабка. Карычневая!

3-я Жабка. Жаба ў танку!

Жаба (строга). Ну ўсё, годзе! Жабкі! Паўторым яшчэ раз нашу песню. Надыходзіць вечар.

Жабкі паслухмяна ўсаджваюцца на купінах. Жаба вытрымлівае патрэбную паўзу і ўзмахвае лапкамі.

1-я Жабка, 2-я Жабка, 3-я Жабка (разам)

 

Ку-ааа, ку-ааа,

Кум-ма, кум-ма,

Што вячэраць вар-рыла?

Бур-ракоў не было —

Бр-ручкі навар-рыла,

Ку-ааа, ку-ааа,

Ку-ааа, ку-ааа,

Ку-ааа, ку-ааа...

 

 

З'ява чацвёртая

Балота. Хмызы ды чараты. Удалечыні блішчыць акенца вады... Пакрыўджаная, самотная Чарапашка спавядаецца Ляляцы ў сваіх бедах.

Чарапашка. І чаму я нарадзілася такая няўклюдная ды непрыгожая? Карычневая, закутая ў жалезны панцыр... Эх, Ляляка, нікому я не патрэбная. Не ўмею скакаць і спяваць... Ніхто не хоча гуляць са мной. Нікому не падабаюцца мае казкі і вершы-песні. Няўжо яны такія дрэнныя, Ляляка? Паслухай. (Ціхенька спявае-рыпіць.)

 

Свеціць месячык

З гары

На глыбокія

Віры.

На шчытах

У чарапах

Сіняе святло

Гарыць...

 

І трэба ж было такому здарыцца, што якраз у гэты час на балоце з’явіўся маэстра Салавей. Ён шукаў Жабак, якім абяцаў паслухаць іхнія спевы. А замест таго выпадкова натрапіў на Чарапашку.

Салавей. Цудоўна! Я проста ў захапленні!

Чарапашка змаўкае і сарамліва прыціскае да сябе Ляляку. А Салавей, не звяртаючы на спалоханую Чарапашку аніякае ўвагі, адразу пачынае шукаць патрэбнай мелодыі для пачутай песні.

(У творчым запале.) З гары — на віры, цір-лі-лі-лі-лі! (Насвіствае.) Не, не тое. (Насвіствае.) Ага, гэта ўжо бліжэй. (Насвіствае і знаходзіць нарэшце патрэбную мелодыю ды манеру выканання.) Во, тое, што трэба!

Чарапашка (нясмела). Кх-кх!.. (Спрабуе звярнуць на сябе ўвагу.)

Салавей (прачышчае горла). Кх-кх! (Спявае гучна і прыгожа.)

 

Свеціць месячык

З гары

На далёкія

Віры...

 

Чарапашка (папраўляе). На глыбокія.

Салавей. Што-што?

Чарапашка (асмялеўшы). Віры — не далёкія, а глыбокія.

Салавей нарэшце заўважае Чарапашку і вяртаецца ад свету музыкі да рэальнага жыцця.

Салавей. Ах, так, глыбокія. Прашу прабачэння, калі завучваеш песню з голасу, часам памыляешся.

Чарапашка. А ты — хто?

Салавей (з пачуццём уласнай годнасці). Я — маэстра Салавей. А ты?

Чарапашка. А я — Чарапашка.

Салавей. Дзе ты вывучыла такую прыгожую песню, Чарапашка?

Чарапашка (сарамліва). Табе сапраўды яна падабаецца?

Салавей. Я ў захапленні!

Чарапашка. Я сама яе прыдумала. Але я не ўмею спяваць.

Салавей. Ну і што з таго? А я не ўмею прыдумваць песняў. Затое — добра спяваю. Давай сябраваць, Чарапашка?

Чарапашка не можа паверыць у тое, што чуе: сам маэстра Салавей прапаноўвае ёй сяброўства! Ёй, няўклюднай і адзінокай Чарапашцы, з якой нават Жабкі адмовіліся сябраваць!

Чарапашка. Сябраваць? Але ж я — карычневая, у панцыры. Хіба можна з такой сябраваць?

Салавей. А я — шэры і без панцыра. Можа, мне якраз бракуе панцыра — з маім пяшчотным, чуллівым сэрцам. Хіба гэта галоўнае?

Чарапашка. А што?

Салавей. Галоўнае — мы любім спевы і патрэбныя адно аднаму. Ты будзеш прыдумваць песні, а я выконваць іх.

Чарапашка (сама сабе). А Жабкі казалі, што са мной сябраваць нельга. Бо я карычневая, а не зялёная. Бо я нічога не ўмею...

Салавей. Глупства! Жабкі памыліліся.

Чарапашка. Памыліліся?

Салавей. Так. Таму не бяры іхнія словы да сэрца. Я дарэчы якраз прыляцеў сюды паслухаць, што яны ўмеюць... Бывай, Чарапашка, неўзабаве сустрэнемся. (Спявае.)

 

На шчытах

У чарапах

Сіняе святло

Гарыць...

 

Выпраўляецца шукаць Жабак.

Чарапашка (услед). Бывай, Салавей! Мы з Лялякай любім цябе і будзем чакаць... Паляцеў. (Да Лялякі.) Пойдзем, Ляляка, я раскажу табе самую цікавую і прыгожую казку на свеце: казку пра Салаўя і Ружу...

Разам з Лялякай знікае ў чаратах.

 

З’ява пятая

А вось і Ж а б к і. Яны расселіся па купінах і рыхтуюцца спяваць. Жаба абхаджвае Салаўя, імкнецца выклікаць прыязнасць у «залётнай» знакамітасці да свайго хору.

Жаба. Ах, маэстра, мы так рады, што вы ўшанавалі нас сваім наведваннем!

1-я Жабка. Мы рады!

2-я Жабка. Нам прыемна!

3-я Жабка. Мы ганарымся!

Салавей. Хіба я мог адмовіць сапраўдным аматарам спеваў?

1-я Жабка. Вы чулі? Вы чулі, што сказаў Салавей?

2-я Жабка. Ён назваў нас сапраўднымі аматарамі спеваў!

3-я Жабка. Сам знакаміты маэстра!

Салавей. Аднак пачнём. У мяне сёння яшчэ прэм’ера песні ў святочным канцэрце на Галоўнай паляне.

1-я Жабка. Ах, святочны канцэрт!

2-я Жабка. На Галоўнай паляне!

3-я Жабка. Прэм’ера песні!

Жаба. Жабкі! Увага! Мы пачынаем!

Зрабіўшы грацыёзны паклон у бок Салаўя (грацыёзны, на яе погляд), узмахвае лапкамі і пачынае дырыжыраваць.

1-я Жабка, 2-я Жабка, 3-я Жабка (разам)

 

Ку-ааа, ку-ааа,

Кум-ма, кум-ма,

Што вячэраць вар-рыла?

Ку-ааа, ку-ааа...

 

Салавей (робіць заўвагу). Крыху вышэй!

Жаба (незадаволена). Я ж вам казала...

1-я Жабка, 2-я Жабка, 3-я Жабка (разам)

 

Боршч, боршч,

Буракі, бура-кі-кі-кі-кі.

 

Салавей. А тут — ніжэй!

1-я Жабка, 2-я Жабка, 3-я Жабка (разам)

 

Ку-ааа, ку-ааа,

Кум-ма, кум-ма

Боршчык вар-рыла,

Ку-ааа, ку-ааа.

 

Салавей апладзіруе. Жабкі раскланьваюцца.

Салавей. Што ж, няблага. Не шкадую, што прыляцеў вас паслухаць.

1-я Жабка. Ура! Ура!

2-я Жабка. Ён не шкадуе, што прыляцеў!

3-я Жабка. Сам Салавей!

Жабкі скачуць ад радасці вакол Салаўя і Жабы.

Салавей (працягвае). Больш таго (робіць паўзу), я рэкамендую капельмайстру Дразду ўключыць вашае выступленне ў адзін з канцэртаў на Галоўнай паляне.

Уражаныя Жабкі застываюць на месцы, а пасля скачуць з яшчэ большым імпэтам.

1-я Жабка. Нашае выступленне!

2-я Жабка. На Галоўнай паляне!

3-я Жабка (расчулена). Маэстра, мы не ведаем, чым заслужылі такі давер!

Салавей раскланьваецца і збіраецца пакінуць Жабак, але раптам нешта ўспамінае.

Салавей. Ах, ледзь не забыўся. От толькі песню для выступлення вам трэба знайсці іншую. Лепшую.

1-я Жабка. Іншую?

2-я Жабка. Лепшую?

3-я Жабка. Дзе нам яе ўзяць?

Жаба (разгублена). Але мы не ведаем іншых песняў! Дзе нам узяць лепшай?

Салавей. Не ведаю. Шукайце.

Жаба. Скажыце, маэстра, а якую песню будзеце спяваць сёння вы?

Салавей. О, гэта цудоўная песня. Паслухайце. (Спявае.)

 

Свеціць месячык

З гары

На далёкія

Віры.

На шчытах

У чарапах

Сіняе святло

Гарыць...

 

1-я Жабка. Недзе я ўжо чула гэтую песню!

2-я Жабка. Яе ж спявала тая страшыдліна ў жалезным панцыры!

3-я Жабка. Чарапашка!

Жаба (хвалюецца). Прабачце, маэстра, а дзе вы ўзялі гэтую цудоўную песню?

Салавей (з гонарам). Яе напісала мая сяброўка Чарапашка.

Жаба. Ох, трымайце мяне, мне дрэнна... (Страчвае прытомнасць, і Жабкі ледзь паспяваюць падхапіць свайго дырыжора.)

Жабкі ўстрывожана перашэптваюцца.

1-я Жабка. Цвёрдая?

2-я Жабка. Карычневая?

3-я Жабка. Якая не ўмее скакаць?

1-я Жабка. Сяброўка самога Салаўя?

2-я Жабка. А мы не ўзялі яе ў хор!

3-я Жабка. Прыдумвае песні для знакамітага маэстра!

Здзіўлены Салавей занепакоена пазірае на Жабу.

Салавей. Што гэта з ёй?

Ачуняўшы, Жаба накідваецца на Жабак.

Жаба. Вы яшчэ тут, дурніцы? Ану, марш шукаць Чарапашку, перапрашаць яе!

Жабкі разбягаюцца.

Салавей. А што здарылася? Я не разумею...

Жаба. Ах, маэстра, сёння раніцай мы запрасілі вашую сяброўку Чарапашку ў наш хор. А яна адмовілася. Можа, да вечара яна перадумае і згодзіцца?

 

З’ява шостая

Вяртаюцца Жабкі з Чарапашка й. Жабкам сорамна перад Чарапашкай, у іх вінаваты выгляд.

Жаба. Прабач, Чарапашка! Мы бяром цябе ў свой хор! Мы будзем спяваць твае песні!

1-я Жабка. Сябраваць з табой!

2-я Жабка. Слухаць твае казкі!

3-я Жабка. Навучым цябе гуляць у «Куст — дрэва — вецер».

Чарапашка (здзіўлена). Але ж я карычневая...

1-я Жабка. Які прыгожы колер!

Чарапашка (недаверліва). Я цвёрдая...

2-я Жабка. Якое шчасце!

Чарапашка. У мяне жалезны панцыр...

3-я Жабка. Мы табе зайздросцім!

Чарапашка заўважае Салаўя.

Чарапашка. Салавей, ты чуў?

Салавей. Чуў, Чарапашка, я ж казаў табе, што Жабкі памыляліся.

Чарапашка. Што мне рабіць, Салавей?

Салавей. Ты не хочаш сябраваць з Жабкамі?

Чарапашка. Хачу. Але я ім не веру.

Салавей. Чаму?

Чарапашка. Яны жорсткія.

Салавей. Яны проста дурныя.

Чарапашка. Яны няшчырыя.

Салавей. Яны проста дурныя.

Чарапашка. Яны ліслівыя.

Салавей. Яны проста...

Чарапашка. ...дурныя.

Салавей. Так. І мне іх шкада, Чарапашка.

Чарапашка. Мне таксама.

Салавей. Які ж будзе твой адказ?

Чарапашка паварочваецца да Жабак.

3-я Жабка нясмела падыходзіць да Чарапашкі і гладзіць яе лапкай па панцыры.

3-я Жабка. Даруй, Чарапашка. Мы болей не будзем.

Чарапашка. Я карычневая, а вы зялёныя...

3-я Жабка (вінавата). Ку-ааа...

Чарапашка. Я цвёрдая, а вы мяккія...

2-я Жабка (вінавата). Ку-ааа...

Чарапашка. Я поўзаю, а вы скачаце...

1-я Жабка (вінавата). Ку-ааа...

Чарапашка. Я не ўмею спяваць, а вы не ўмееце прыдумваць песні і казкі...

Жаба (вінавата). Ку-ааа, ку-ааа...

Чарапашка. Але я дарую вам былыя крыўды і буду з вамі сябраваць. Усе жывёлы розныя. Жывыя — усе прыгожыя. (Дастае Ляляку.) Праўда, Ляляка?

1-я Жабка. Ура! Яна даравала!

2-я Жабка. Яна не крыўдуе!

3-я Жабка. Будзе з намі сябраваць!

Жаба (з гонарам). Мы будзем спяваць яе песні ў святочным канцэрце на Галоўнай паляне.

Жабкі наладжваюць вакол Чарапашкі карагод.

Салавей (да гледачоў). Вось бачыце, як усё добра скончылася? А магло быць зусім інакш. Тут бы сабе Жабкі весела спявалі дурныя словы добрымі галасамі. А там бы Чарапашка, якая не мае голасу, але ведае добрыя словы, ляжала б сабе на вадзе пад святлом месяца, пакрыўджаная і адна-адзінюсенькая. І нашто, калі ты зялёны і мяккі, лаяць таго, хто карычневы і цвёрды? Ты вось ходзіш на дзвюх нагах, а кот — на чатырох. І няхай сабе.

Чарапашка, Салавей, Жабкі (спяваюць)

 

Свеціць месячык

З гары

На далёкія

Віры.

На шчытах

У чарапах

Сіняе святло

Гарыць...

 

Заслона