epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Кавалёў

Заяц варыць піва...

Дзея першая
  Пралог
  З’ява першая
  З'ява другая
  З’ява трэцяя
  З’ява чацвёртая
Дзея другая
  З’ява пятая
  З’ява шостая
  З’ява сёмая


П’еса ў 2-х дзеях

на матывы вершаў і казак Уладзіміра Караткевіча

 

АСОБЫ

 

Заяц.

Верабей.

Дзяцел.

Чапля.

Дрозд.

Арол.

Сава.

 

Дзея першая

 

Пралог

Восеньскі лес. На паляне пад раскідзістай ялінай Заяц нешта варыць у кацялку, памешваючы час ад часу вялізнай драўлянай лыжкай. На яліне прымацавана афіша: «“Заяц варыць піва...” П’еса на матывы вершаў і казак Уладзіміра Караткевіча».

Заяц (падзьмухваіочы на лыжку, каштуе варыва). Сма-а-ачна. Зараз зварыцца. (Да гледачоў.) Але, я бачу, усе ўжо сабраліся. Час пачынаць. Я — той самы Заяц, пра якога Паэт напісаў верш. (Бярэ кнігу і акуляры. Выцірае акуляры хусткай, чытае.)

 

Туман плыве з нізіны сівы

Над нівай голай і пустой.

«Глядзіце, заяц варыць піва», —

Жартуюць людзі між сабой.

А я відушчым бачу зрокам,

Як ён прысеў каля агню,

Трыгубы, шэры, касавокі,

І піва варыць з ячмяню...

 

(Нечакана закрывае кнігу і хавае акуляры ў кішэню камізэлькі.) Верш доўгі, пасля дачытаю... Толькі не падумайце, што я сапраўды вару піва. І што сённяшняя гісторыя пра мяне.

Праз паляну шпацыруе Верабей.

Верабей. Прывітанне, Заяц! Зноў варыш піва?

Заяц. Зноў здзекуешся? Колькі разоў табе казаў: не піва я вару, а маркоўную гарбату!

Верабей. Ха, так я табе і паверыў. А што там напісана?

(Паказвае на афішу.)

Заяц вымае з кішэні акуляры і разглядае праз іх афішу.

Заяц (чытае ўслых). «“Заяц варыць піва...” П’еса на матывы вершаў і казак Уладзіміра Караткевіча». Што ты, гэта — учарашняя афіша. Сёння ў нас іншая гісторыя. (Капаецца ў складзеным пад дрэвам стосе афіш і шыльдаў. Дастае адну з іх, чытае.) Ага, знайшоў. (Вывешвае патрэбную афішу на яліне.) Во: «Птушыны суд».

Верабей. А што за суд? Каго судзіць будуць?

Заяц. Пачакай, неўзабаве даведаешся.

Верабей. Ну, я паскачу пакуль што, пагуляю, зярнятак пашукаю. (Знікае.)

Заяц (да гледачоў). Гісторыя гэтая пра тое, як птушкі захацелі жыць такой самай дзяржавай, як людзі. Захацелі мець свае птушыныя грошы, свае школы, свае птушыныя суды і выбралі сабе за бурмістра Арла. Пачаў Арол выдаваць розныя ўказы ды загады...

 

З’ява першая

На паляне з’яўляецца Дзяцел з загадам Арла.

Дзяцел. Прывітанне, даўгавухі! Што гэта ты варыш — піва? (Вывешвае загад на дрэве паверх афішы.)

Заяц (сумна). Дзе там, маркоўную гарбату. А што гэта ты павесіў?

Дзяцел (важна). Новы загад Арла! (Знікае.)

На паляну выходзіць Чапля, спыняецца ля дрэва з загадам Арла.

Заяц (чытае ўголас). «Забараняецца птушкам спяваць абы-што і абы-калі. Загадваю спяваць толькі па аўторках і толькі птушыны гімн. Арол».

Чапля (задаволена). Слушна! Даўно пара навесці парадак!

Заяц (здзіўлена). Дык ты ж, Чапля, ніколі не спяваеш — толькі танчыш!

Чапля. Таму і радуюся. Галава трашчыць ад бязглуздых спеваў Дразда! (Задаволеная, пакідае паляну.)

З’яўляецца Дзяцел з чарговым загадам і вывешвае яго побач з першым.

Дзяцел. Здароў, касавокі!

Заяц (змрочна). Бачыліся ўжо. Што — новы загад?

Дзяцел. Навейшы! (Знікае.)

На паляне з’яўляецца Дрозд.

Заяц (чытае ўголас). «Забараняецца птушкам танчыць абы-калі і абы-што. Загадваю танчыць толькі па серадах і толькі арліную чачотку. Арол».

Дрозд. Вось гэта — справядліва! Нарэшце дачакаліся!

Заяц (здзіўлена). Дык ты ж, Дрозд, ніколі не танчыш!

Дрозд. Калі мне нельга спяваць, то няхай і Чапля не танчыць! (Задаволены, пакідае паляну.)

З’яўляецца збіты з панталыку Дзяцел і вывешвае побач з ранейшымі яшчэ адзін загад Арла.

Заяц (не разумеючы перамены ў Дзятлавым настроі). Добры вечар, Дзяцел! Няўжо яшчэ адзін загад?

Дзяцел (незадаволена). А, і не пытай!.. (Знікае.)

З’яўляецца спачатку Чапля, пасля Дрозд.

Чапля. Як жывеш, сусед? Ці бачыў ты загад Арла пра забарону спеваў?

Дрозд. Вітаю, суседка! А ці чытала ты загад Арла пра забарону танцаў?

Павітаўшыся з падкрэсленай прыязнасцю, птушкі цырымонна раскланьваюцца і адварочваюцца адна ад адной.

Заяц. Ого, тут ужо нешта сур’ёзней, чым спевы і танцы! (Чытае ўголас апошні загад Арла.) «Сёлета птушкам у вырай ляцець забараняецца. Будзем зімаваць на Бацькаўшчыне. Арол».

І адразу быццам холадам дыхнула на лясную паляну. Узняўся вецер, закружылася жоўтае лісце, закрапаў дождж.

Дрозд (чухае патыліцу). Тут ужо не да спеваў. Трэба будаваць зімняе гняздо.

Чапля. Так, суседзе. Якія ўжо тут танцы... Хоць бы рыбы насушыць на зіму.

Птушкі пакідаюць паляну. Заяц захутваецца ў кажушок, падыходзіць да кацялка, мяшае лыжкай варыва, пасля грэе над кацялком лапкі. Завывае вецер, і здаецца, што недзе ў гушчары яму падвывае воўк.

 

З'ява другая

Заяц. Эх, добра ўсё ж пра мяне Паэт напісаў. Жаласліва, з разуменнем вялікай трагедыі заечага жыцця. (Дачытвае верш.)

 

Яліна іскрамі страляе,

А ён прыладзіў кацялок

І трэскай варыва мяшае,

Каштуе, сплёўвае набок.

І піва заяц варыць густа,

А на закуску — бурачок,

Трава, заечая капуста,

Галін асінавых пучок.

Пабачыш — не гані з абсады,

Дай хоць на гэты дзень спакой,

Павінна ж быць і ў зайца радасць

Перад халоднаю зімой.

 

(Выцірае слязу.) Слёзы наварочваюцца, калі чытаеш: «...Перад халоднаю зімой...», «...Павінна ж быць і ў зайца радасць...» Толькі вось з півам ён нешта наблытаў. Я і не каштаваў ніколі таго піва. Вару заўсёды маркоўную гарбату...

Аднекуль зусім зблізку даносіцца заліхвацкая песня:

 

Цір-ла-ла,

Цір-ла-ла,

Не баюся я

Арла!

 

Заяц (прыслухоўваецца). Чуеце? Нехта спявае. (Азіраецца на загады Арла.) Але ж сёння, здаецца, не аўторак.

На паляну выскоквае Верабей, танчыць на хаду нейкую неверагодную польку і гарлае на ўсё горла бязладную хуліганскую песню.

(Прыгледзеўшыся да Вераб'я.) І не серада. (Круціць лапкай каля вуха і паказвае на Вераб'я.) Та-а-ак: Верабей ад начальніцкіх загадаў з глузду з’ехаў.

Верабей (спявае)

 

Я — вясёлы верабей,

Я — Арол-верабей,

Вельмі смелы верабей.

Верабей,

Верабей,

Вера —

Вера —

бей!

 

Заяц падбягае да Вераб’я і спрабуе яго затрымаць і супакоіць, спыніць ягоныя скокі і спевы.

Заяц. Супакойся, Верабейка! Спыніся! Змоўч, пакуль ніхто цябе не бачыў і не чуў!

Верабей. А ш-што т-такое? Няхай усе бачаць, усе чуюць! (Вырываецца.)

З-за дрэва неўпрыкмет высоўваецца Чапля і зацікаўлена назірае за абуральнымі паводзінамі Вераб’я.

Заяц. Ты што, загадаў Арла не чытаў? Забараняецца спяваць абы-што і абы-калі! Толькі па аўторках птушыны гімн. Забараняецца танчыць абы-калі і абы-што! Толькі па серадах арліную чачотку! (Валтузіцца з Вераб’ём.)

Верабей. Чы-чы-чытаў! Пляваць я хацеў на Арла, на ягоныя загады і на ягоную арліную ча-ча-чачотку.

Чапля (шэптам). Цікава, цікава. Палячу-тка я ды паведамлю каму трэба! (Знікае між дрэў.)

Заяц безнадзейна махнуў лапкай, ён пакідае Вераб’я ў спакоі і накіроўваецца да кацялка. Верабей зноў натхнёна танчыць нешта падобнае да полькі. Нечакана Заяц спыняецца і вяртаецца да Вераб’я: яму запала ў галаву нейкая думка.

Заяц. Слухай, Верабей. А ты ж ніколі раней не спяваў. І не танчыў!

Верабей (спыніўшы скокі, важна). Так, не спяваў і не танчыў. А зараз, калі забаранілі,— буду. Бо (спявае)

 

Я — вясёлы верабей,

Я — Арол-верабей,

Вельмі смелы верабей.

Верабей,

Верабей,

Вера —

Вера —

бей!

 

Заяц падводзіць Вераб’я да яліны з загадамі Арла.

Заяц. А апошні загад ты чытаў? «Сёлета птушкам у вырай ляцець забараняецца. Будзем зімаваць на Бацькаўшчыне. Арол».

Верабей. Чытаў.

Заяц. Ну і што?

Верабей. Што — што?

Заяц (шэптам). У вырай — паляціш?

Верабей (адважна). А і палячу!

Заяц. Дык ніколі ж не лётаў! Ніколі ніводны верабей у вырай не лётаў!

Верабей. А я палячу! Хач-чу ў Венецыю. Альбо ў Парыж. (Натхнёна.) А ў мяне ў Парыжы ёсць адзін знаёмы — тамтэйшы Верабей. Палячу да яго пад дахі Мурмарта.

Заяц (папраўляе). Манмартра.

Верабей. Ч-чаго?

Заяц. Няма ў Парыжы Мурмарта, а толькі Манмартр.

Верабей. Дык я і кажу: палячу пад дахі Манмартра. (Зноў кідаецца ў скокі, спявае.)

 

Я апошні грош аддам,

Каб пабачыць Нотр-Дам!

 

Заяц. А як жа загады Арла?

Верабей. А во як! (Зрывае з дрэва ўсе тры загады, кідае сабе пад ногі і танчыць на іх.)

На яліне застаецца толькі афіша: «Птушыны суд».

(Спявае.)

 

Цір-ла-ла,

Цір-ла-ла,

Не баюся я

Арла!

 

Заяц. Во што я табе скажу, Верабейка: альбо ты дужа смелы, альбо... (Змаўкае, да нечага прыслухоўваецца.)

Верабей (танчыць). Альбо што?

Заяц (змрочна). ...Альбо дужа дурны.

 

З’ява трэцяя

Вэрхал. На паляну вылятаюць птушкі: Дзяцел, Чапля, Дрозд. Апошнім з’яўляецца ягамосць Арол уласнаю персонай — падкрэслена элегантны і выкшталцоны.

Чапля. Вось ён, нягоднік! Вось ён, злодзей!

Дрозд. Топча вашыя законы!

Дзяцел. Бунтаўнік!

У Вераб’я ад страху мову адняло, крылцы трапечуцца, а ножкі па інерцыі — топ-топ: топчуць Арліныя ўказы.

Ніякавата стала і Зайцу: хоць не ягонае гэта начальства прываліла, а ўсё ж — начальства.

Арол (разглядвае Вераб'я). Та-а-ак... Значыць, спяваў?

Чапля. Спяваў, спяваў, вашамосць!

Арол. Значыць, танчыў?

Дрозд. Танчыў, танчыў, вашамосць!

Арол. Мае загады зневажаў?

Дзяцел. Зневажаў, зневажаў, вашамосць! І зараз, у вас на вачах, зневажае!

Арол. А да ўсяго яшчэ — надумаўся ляцець у вырай. Ды не куды там, а ў Парыж. Ай-яй-яй, Верабей, Верабей... Чаго маўчыш, Арол-Верабей?

Чапля (хіхікае). Відаць, ад страху мову адняло ў героя.

Арол (па-вайсковаму ўладна). Верабей, слухай маю каманду! На месцы стой! Раз, два!

Верабей механічна выконвае загад Арла.

Значыць, так: раней бы я цябе проста з’еў. А цяпер — нельга. Ёсць птушыная дзяржава, птушыны закон. Цяпер мы цябе судзіць будзем. (Заўважае афішу «Птушыны суд». Паказвае Вераб'ю на яе.) Вось будзе над табой птушыны суд.

Пачуўшы такое, Верабей ачуньвае і кідаецца ўцякаць.

Чапля (істэрычна). Трымайце, трымайце! Уцёк, злодзей!

Арол (уладна). Злавіць!

Дзяцел і Дрозд кідаюцца выконваць загад. Чапля застаецца пры начальніку: яна падбірае патаптаныя Вераб’ём указы. І, спарадкаваўшы, зноў вывешвае на дрэве.

Арол падыходзіць да Зайца.

(Быццам толькі зараз заўважыў.) А... Заяц... Як жывеш? Зноў варыш піва?

Заяц (баязліва). Вару, вашамосць. (Спахапіўшыся.) Не, не вару.

Арол (здзіўлена). Дык варыш ці не варыш?

Заяц. Вару — маркоўную гарбату. Ой, яна да гэтага часу, мусіць, ужо зварылася.

Арол. Ну, усё роўна, налі пакаштаваць.

Заяц налівае гарбаты Арлу, пасля — сабе. П’юць, падзьмухваючы на кубкі.

Вяртаюцца Дзяцел і Дрозд, цягнучы за сабой Вераб’я. У Вераб’я звязаны ножкі, крылцы і нават дзюба.

(Пакаштаваўшы гарбаты, расчаравана.) Сапраўды, маркоўная гарбата... Ага, злавілі-ткі злачынцу. А чаму гэта вы яму не толькі крылы ды ногі звязалі, але і дзюбу?

Дзяцел (ціха). Злачынца брудна лаецца, вашамосць.

Арол. Лаецца? А на чый адрас?

Дзяцел (яшчэ цішэй). На ваш.

Арол. Ну што ж, добра зрабілі, што звязалі. Ды і суду будзе лягчэй. Заяц — ты сведка. Раскажы нам, што бачыў.

Заяц. А што — Заяц? Па-першае, я нічога не бачыў, бо касавокі. А па-другое, я ўвогуле іншаземны грамадзянін і да птушынай дзяржавы не належу.

Арол. Цудоўна! Дрозд, ты будзеш абвінавачваць Вераб’я. Пачынай!

Дрозд. А што — Дрозд? І так усім вядома, які Верабей злодзей і ашуканец.

Арол. Выдатна! Чапля, будзеш бараніць Вераб’я. Давай!

Чапля. А што — Чапля? Не буду я яго бараніць, бунтаўнік ён і брыдкаслоў.

Арол. Бліскуча! А што скажа на сваё апраўданне злачынца?

Верабей спрабуе нешта сказаць, але ж дзюба ў яго завязаная. Ён толькі круціць галавой і нешта мыкае.

Зразумела. Падсуднаму няма чаго сказаць у сваё апраўданне, ён цалкам прызнае сваю віну.

Заяц (ачмурэла). А-а-а-а... (Паказвае, што ў Вераб'я звязана дзюба.)

Арол (пагрозліва). Ты хочаш нешта дадаць, іншаземны грамадзянін?

Заяц (спалохана). Не-не, ніч-чога. (Хаваецца за яліну.)

Арол. Усё, суд скончаны! За свае правіны Верабей тройчы заслугоўвае смяротнага пакарання. Але калі чалавечы суд трымаецца за чалавечнасць, то птушыны павінен трымацца за птушынасць. Таму я выказваю да злачынцы літасць і замест трох смяротных пакаранняў прызначаю адно.

Верабей роспачна спрабуе вызваліцца ад путаў, але Дзяцел і Дрозд трымаюць яго. З-за яліны паказваецца Заяц і цягне лапкі да Арла, нібы просіць літасці да асуджанага.

Зноў налятае халодны вецер, у лесе цямнее — набліжаецца ноч.

(Уздрыгвае.) Бр-р-р, холадна нешта. (Апамятаўшыся, бадзёрым голасам.) Але нічога — перазімуем! Перазімуем на Бацькаўшчыне, га, Дзяцел?

Дзяцел. Перазімуем, вашамосць!.. А што рабіць з Вераб’ём? Калі будзе споўнены смяротны прысуд?

Арол задумваецца, пасля падыходзіць да Вераб’я, абмацвае яго, гладзіць сябе па чэраве і прыслухоўваецца, ці не чуваць адтуль якія гукі. Нічога не пачуўшы, Арол ляніва пазяхае і адыходзіць.

Арол. Выкананне смяротнага прысуду адкладзем на раніцу. (Са шкадаваннем.) Лекары забараняюць рабіць гэта нанач, павячэраўшы.

Дрозд (здзіўлена). Хіба асуджанаму не ўсё роўна калі: нашча ці пад’еўшы?

Арол (з цікавасцю паглядае на Дразда). Асуджанаму, можа, і ўсё роўна, а вось таму, хто выконвае прысуд,— лепей нашча. (Уладна.) Кіньце Вераб’я да раніцы ў вязніцу і сцеражыце пільна. Горлам адказваеце за яго! (Пакідае паляну, бадзёра выкрыкваючы лозунгі.) Перазімуем на Бацькаўшчыне! (На ўскрайку паляны, ціха.) Бр-р-р, холад сабачы! (Знікае.)

 

З’ява чацвёртая

Зусім цямнее. Птушкі збіраюцца вакол Вераб’я. Заяц з-за яліны ўважліва сочыць за тым, што адбываецца на паляне.

Дзяцел. Кінем яго ў дупло (паказвае куды) і паставім вартавога.

Чапля. А каго, каго?

Дзяцел. Таго, хто ўначы не спіць.

Дрозд. А хто ўначы не спіць?

Птушкі азіраюцца адна на адну.

Чапля. Сава, Сава ўначы не спіць!

Дрозд. І праўда, лепей за Саву нікога не знойдзеш. Уначы не спіць — раз. Ноччу лепей, чым днём, бачыць — два.

Дзяцел. Ідзі, Чапля, па Саву. Скажы, так і так, сам Арол загадаў. А мы з Драздом пакуль Вераб’я ў дупло закінем.

Чапля ідзе па Саву. Дзяцел і Дрозд цягнуць у дупло Вераб’я. Верабей супраціўляецца як толькі можа, але як можна супраціўляцца, калі ты звязаны і нават дзюбу не можаш разявіць? Не без цяжкасці, але Дзяцел і Дрозд запіхваюць Вераб’я ў птушыную вязніцу і аддыхваюцца.

Заяц (да гледачоў). А Саву, калі яе Чапля знойдзе, вы проста не пазнаеце, бо яна зусім без пер’я. Голая, як абскубаная курка. Жоўтая. Худая. Выгляд сарамотны і гнюсны. Кепска ёй жыць. Удзень горача, а ўначы халодна. Ды вось і яна, самі зірніце. (Хаваецца, забраўшы з сабой кацялок.)

На паляне паказваюцца Чапля і Сава — дакладна такога самага выгляду, як казаў Заяц. Відаць, Сава толькі-толькі прачнулася, пакрыўджаная і незадаволеная.

Дзяцел. Прывітанне, кума!

Сава. Не буду я вартаваць! Мала што я ўначы не сплю і добра бачу. А не буду — і ўсё.

Чапля. Вось адмаўляецца і слухаць нічога не хоча.

Дзяцел (да Савы). Пачакай, як гэта не будзеш? Сам Арол загадаў!

Сава. Мне асабіста ён нічога не загадваў. Вам загадаў — вы і вартуйце. (Надзьмулася.)

Дзяцел. Ну паслужы адзін раз грамадзе!

Сава. Не буду я дбаць пра грамаду. Яна пра мяне не дбае. Вы ўсе, птушкі, у пер’і ды яшчэ ў цёплым гняздзе спаць будзеце. А я, сірата, адна сярод усіх, як палец, ды яшчэ і вартуй. Халодна. Не буду.

Дзяцел. Дык што ж рабіць?

Сава. А вось што. Калі хочаце, каб я ў вартаўніках хадзіла, дык пашыйце мне кажух.

Дрозд (ашалела). Які кажух? Што нам, авечак ісці лупіць?

Сава. Навошта авечак? (Тлумачыць.) Птушыны кажух. Скіньцеся кожны па колькі пёрак — вунь іх у вас колькі! — і аддайце мне. Такое маё апошняе слова. (Надзьмутая, адварочваецца ад птушак і чакае іхняй высновы.)

Птушкі адыходзяцца ўбок і раяцца між сабой.

На небе з’яўляецца месячык.

Чапля (ные). Шкада, шкада пёркаў! Яшчэ і зімаваць на Бацькаўшчыне.

Дрозд. Колькі пёркаў — глупства. З такога мізэру не збяднееш і не ўзбагацееш. Затое аддасі — ды йдзі сабе спаць.

Дзяцел. Няма выйсця, давядзецца пашыць гэтай курыцы кажух. Вочы зліпаюцца, крылы апускаюцца, ногі падгінаюцца. А ў цёплым гняздзе пакладзеш зараз галаву пад крыло ды і свішчы сабе ў дзюбу. Э-эх!.. (Рэзка вырывае пёрка са свайго чырвонага берэта.)

Птушкі знікаюць за дрэвам. Сава з выклікам чакае. Праз хвіліну птушкі вяртаюцца, крыху абскубаныя і распранутыя. Затое з кажухом. Дзяцел аддае кажушок Саве. Тая ажно вухкае ад радасці.

Дзяцел. Во табе, кума, кажух. Вартуй-пільнуй Вераб’я, а мы паляцелі спаць. На світанку вернемся, зменім цябе.

Сава. Вух-вух-вух!

Птаства разлятаецца спаць. Сава любуецца кажушком.

На лясную паляну апускаецца ноч.

 

Дзея другая

 

З’ява пятая

З-за яліны высоўваецца Заяц. Сава, зразумела, яго не заўважае — не да таго ёй, шчаслівай дурніцы. Яна то апране кажушок на сябе, то здыме і павесіць на галінку дрэва і разглядае яго з усіх бакоў.

Заяц (паглядвае на Саву). У кепскую гісторыю ўблытаўся Верабей! Заўтра раніцай чакае яго смяротнае пакаранне. І ўсё праз фанабэрства, праз яго дурны характар. Эх, быў бы я дужы і смелы — выратаваў бы сябра! А то — слабы ды пужлівы, куды мне... (Прыслухоўваецца да таго, што бубніць Сава.)

Сава. Вух-вух, добры кажух, ладны кажух. Шматкаляровы, пярэсты: ёсць пёркі рыжыя і шэрыя, белыя і чорныя, а тут — чырвонае. (Здымае кажух з дрэва і апранае на сябе.) Вух-вух, а што мяккі, а што цёплы! Цяпер і сапраўды можна ў вырай не ляцець, зімаваць на Бацькаўшчыне. (Круціць галавой, круціцца сама, спрабуючы зірнуць на сябе ў кажуху збоку, ды не атрымліваецца.) Вух, шкада толькі: не магу сама сябе пабачыць у кажуху.

Заяц (нешта прыдумаўшы). А можа, і не трэба мне сіла, досыць кемлівасці? Няўжо дарма пра мяне Паэт верш напісаў? (Смела выходзіць з-за дрэва і накіроўваецца да Савы. Паказваючы на Саву лапкай.) Жар-птушка! Жар-птушка прыляцела ў наш лес!

Сава (збітая з панталыку). Ты што шэры, зусім акасеў ад піва? Якая Жар-птушка? Гэта ж — Сава.

Заяц (праціраючы вочы). Не можа такога быць! Не пазнаю!

Сава (зычліва). Зараз во дзеўбану табе паміж вушэй, адразу пазнаеш.

Заяц (узрадавана). Ой, няўжо гэта сапраўды ты, цётачка Сава? (Па-філасофску.) Як кажух мяняе птушку?!

Сава (зразумеўшы). А-а-а, вось чаму ты мяне не пазнаў. Што, ладны кажушок? (Круціцца перад Зайцам.)

Заяц. Ладны? Не тое слова — ладны! Шыкоўны!

Сава. Бачыш, во пёркі белыя, такіх і ў Чаплі няма.

Заяц. Ды адкуль у той балотніцы могуць быць такія перайкі!

Сава. А во шэрыя, нібы ў Дразда.

Заяц. Скажаш! Дзе яму, свістуну, мець такія?!

Сава. А вось, вось, бачыш, Зайка, — чырвонае!

Заяц. Шык! Чырваней, чым у Дзятла!

Сава. Вух, ды ніякага параўнання! (Раптам перастае круціцца і ўважліва разглядае Зайца.)

Занепакоены Заяц разглядае сябе таксама.

(Набліжаецца да Зайца.) Слухай, Зайка!

Заяц (баязліва адсоўваецца). Ш-што, цётачка Сава?

Сава рашуча скідае з сябе кажух і падае Зайцу.

Сава. Апрані на сябе мой кажух, а я пагляджу, як ён выглядае збоку.

Заяц (узрадавана). Ну, гэта не цяжка. (Бярэ кажух.) А дзе ж гэта ты разжылася на такі ладны кажух, цётачка Сава?

Сава (разгубіўшыся). Ды вось... птушкі... Верабей... у вырай... там... вартаваць... (Паспешна.) А гэта мне сяброўка прыслала з-за мяжы. З вух-вух Ван-ку-ве-ра, каб зімой на Бацькаўшчыне цяплей было.

Заяц. Вядома, хіба ў нашым лесе разжывешся на такі кажушок? (Апрануўшыся.) Ну як? (Дэманструе.) Шкада толькі — на месячык хмара найшла.

Сава. А я ў цемры лепш бачу. (Абыходзіць вакол Зайца.) Неяк ён на табе дрэнна сядзіць, даўгавухі.

Заяц (згаджаецца). Натуральна, цётачка Сава. Хіба для мяне такі ўбор? Эх, каб вы на сябе ў гэтым кажуху зірнулі! Зусім іншы, каралеўскі выгляд! (Здымае кажух і аддае Саве.)

Сава. Вух, ды я толькі пра гэта і думаю! Усю ноч мару.

Заяц. Не бяды! Паляцела б на возера ды зірнула ў адлюстраванне ў вадзе.

Сава (узрадавана). А і праўда! Як гэта я сама не здагадалася? Зараз жа і палячу. (Апранае кажух, але ўспамінае пра свае абавязкі.) Вух! (Ціха.) А як жа Верабей? Я пра яго і забылася зусім.

Заяц (абыякава). Ну, я пайшоў, цётачка Сава. (Робіць выгляд, што сапраўды адыходзіць.)

Сава. Пачакай, пачакай, Зайка! Куды спяшаешся?

Заяц. Ды нікуды, проста шпацырую, дыхаю свежым паветрам.

Сава. Вось пад гэтым дрэвам — найлепшае паветра. (Падводзіць Зайца да дрэва, у дупле якога сядзіць Верабей.) Пагуляй тут, павартуй, а я злётаю на возера — і хуценька назад.

Заяц. Пагуляю, калі ты, цётачка, так просіш. Чаму ж не пагуляць? Толькі навошта вартаваць дрэва?

Сава. А ты і не вартуй, проста сачы, каб нічога не здарылася.

Заяц (наіўна). А што можа здарыцца?

Сава (злосна). Нічога, калі ты будзеш разумны. А калі дурны — я табе вушы абарву, як вярнуся. Ну, я паляцела. (Знікае між дрэў.)

Заяц (крычыць услед). Я буду разумны, цётачка Сава!

 

З’ява шостая

Заяц кідаецца да дупла і вызваляе адтуль Вераб’я. Развязвае яму крылы.

Заяц. Уцякай хутчэй, Верабейка, пакуль Сава не вярнулася!

Верабей круціць галавой, паказвае, каб Заяц развязаў яму дзюбу і ножкі.

А дзюбу і ножкі я табе развязваць не буду: раптам зноў пачнеш спяваць і танчыць?

Верабей роспачна круціць галавой, паказвае на ножкі і абыякава махае крылом: маўляў, ногі можаш не развязваць. Пасля паказвае на дзюбу і робіць рухі, падобныя да тых, калі чалавек працуе лыжкай: маўляў, як жа мне з завязанай дзюбай есці — я ж памру з голаду.

(Зразумеўшы.) Ах, я дурань, сапраўды, як жа ты з завязанай дзюбай есці будзеш? (Развязвае Вераб’ю дзюбу.)

Верабей. Ух, дзякуй табе, Зайка! Выратаваў ты мяне ад лютай смерці.

Заяц (азіраецца, ці не вяртаецца Сава). Няма калі дзякаваць! Уцякай хутчэй з гэтага лесу, пакуль цябе зноў не злавілі.

Верабей (разгублена). Куды ж мне ўцякаць, Зайка?

Заяц. Ляці ў вырай, да свайго знаёмага парыжскага Вераб’я, пад дахі Манмартра.

Верабей (сумна). Няма ў мяне ніякага знаёмага парыжскага Вераб’я. Ды і Парыжа ніякага няма, відаць, на свеце. Падмануў я цябе.

Заяц. Ах ты, хлус, ах ты, фанфарон несусветны! Толькі запомні: Парыж на свеце ёсць, з вераб’ямі ці без вераб’ёў, а ёсць. Ляці!

Верабей (разгублена). Ды я ж дарогі не ведаю! Ды я ж далей суседняй вёскі ніколі не лётаў! І ў цемры нічога не бачу!

Заяц (паказвае на дупло). Ну тады скачы назад у дупло і чакай смерці, баязлівец. (Паказвае на неба.) Хутчэй адважвайся: Сава вяртаецца, а яна ноччу ўсё бачыць!

Верабей. Э-э-эх! (Падскоквае да Зайца, удзячна абдымае яго і кідаецца наўцёкі.)

Заяц глядзіць услед Вераб’ю і заўважае, што той скача на звязаных нагах.

Заяц (наўздагон). А ногі, ногі развязаць забыліся!.. А!..

Верабей знікае між цёмных дрэў.

Заяц зграбае ахапак лісцяў і разам з вяроўкамі запіхвае ў дупло. Пасля вымае з кішэні камізэлькі хустку, акуратна выцірае лапкі і шпацыруе вакол дрэва, насвістваючы песеньку.

Заяц (глядзіць на неба). Хутка раніца. А яшчэ, калі я не памыляюся, вось-вось пойдзе снег. Першы снег.

Здалёк чуецца вухканне С а в ы, неўзабаве з’яўляецца і яна сама, занепакоеная, але задаволеная.

Сава. Вух-вух! Ну як, бачыў што падазронае?

Заяц. А што падазронае я мусіў бачыць?

Сава. Калі нічога не бачыў, значыць, усё добра.

Заяц. Як кажух, цётачка Сава?

Сава. Не магла на сябе нагледзецца! (Падыходзіць да дрэва і зазірае ў дупло.) Здаецца, усё ў парадку. Але нешта я зусім дрэнна бачу — няўжо світае?

Заяц (пазяхае). Так, ужо раніца. Шчасліва заставацца, я пайшоў спаць.

Сава. Бывай, даўгавухі. Вух! (Круціць галавой.) Мне на дзюбу ўпала нешта белае, халоднае!

Заяц. Гэта першая сняжынка. (Смяецца.) Набліжаецца зіма! (Знікае між дрэў.)

Сава (задумліва). Сняжынка... Зіма... (Прыхінаецца да дрэва.) Ужо зусім светла. А ніхто мяне не змяняе на варце... Вух-вух. Птушкі спяць сабе ў цёплых гнёздах... А я тут сцерагу... сняжынку на кончыку ўласнай дзюбы... (Засынае.)

Зусім світае. З неба падаюць рэдкія, адзінокія сняжынкі. На паляне з’яўляецца Арол, апрануты па-дарожнаму, з валізкай.

Арол (размаўляе сам з сабой). Хто ж гэта ведаў, што пойдзе снег? (Да гледачоў.) Вы ведалі?.. Я ж забараніў снег. Забараніў маразы. (Здагадаўшыся.) Значыць, будуць і маразы? Бр-р-р, як халодна. Не, паснедаць — і ў дарогу. (Стаўляе валізку на зямлю і зазірае ў дупло. Знаходзіць там толькі вяроўкі і ахапак лісця.) Та-ак, сняданак знік. (Разглядаецца, заўважае нарэшце Саву, якая соладка спіць пад дрэвам.) Яно і не дзіўна з такім вартаўніком. А можа, вартаўнік і з’еў мой сняданак? (Падыходзіць да Савы і ўздымае нагу, каб даць ёй кухталя, але перадумвае.) А-а, што ўжо зараз... толькі шум... (Бярэ валізку і брыдзе прэч. Даходзіць да яліны, пад якой Заяц «варыў» піва.) І Заяц недзе спіць. Зараз і ад ягонай маркоўнай гарбаты не адмовіўся б. Але давядзецца, як той Дрозд казаў, нашча... Адным словам — «пець дразда». (Знікае між дрэў, чуваць толькі ягоны голас.) Хто ж гэта ведаў, што пойдзе снег... Я ж забараніў снег...

 

З’ява сёмая

У лесе раніца. Чуваць птушыная гамана, і неўзабаве на паляне з’яўляюцца Дзяцел, Чапля і Дрозд. Птушкі нявыспаныя, дрыжаць ад холаду. Заўважаюць Саву, якая соладка спіць, угрэўшыся ў цёплым кажушку.

Чапля (абурана). Ды яна спіць, пудзіла пярэстае!

Ад крыку Чаплі Сава прачынаецца і лыпае вачыма на птушак і святло. Дрозд і Дзяцел зазіраюць у дупло, знаходзяць толькі вяроўкі ды ахапак лісця.

Дрозд. Гвалт! Верабей уцёк!

Дзяцел. Які канфуз!

Чапля (набліжаецца да Савы). Не ўпільнавала! Праспала!

Дзяцел. Самі вінаватыя! Знайшлі каму адказную справу даверыць.

Дрозд. Што з намі зробіць Арол! Хоць ты на вочы яму не паказвайся!

Дзяцел. Развалілі дзяржаву, адным словам!

Чапля. Ціха! Што гэта?.. Чуеце?

Аднекуль зблізку даносіцца песенька Вераб’я:

 

Цір-ла-ла,

Цір-ла-ла,

Не баюся я

Арла!

 

Дзяцел. Нехта спявае.

Дрозд. Ды гэта ж Верабей!

І сапраўды, на паляне з’яўляецца Верабей. Ён не толькі спявае, але і танчыць сваю «польку» і яшчэ махае нейкімі плакатамі.

Верабей (спявае)

 

Я — вясёлы верабей.

Я — Арол-верабей,

Вельмі смелы верабей.

Верабей,

Верабей,

Вера —

Вера —

бей!

 

Чапля. Ах, трымайце мяне, ён яшчэ і танчыць! (Страчвае прытомнасць.)

Дрозд падхоплівае яе, каб не ўпала.

Дзяцел (пагрозліва). Ты зноў парушаеш загады Арла, нягоднік?!

Верабей. Пляваў я на вашага Арла!

Дрозд. Ніч-чога не разумею.

Верабей. А Арол пляваў на вас усіх.

Заяц (высоўваецца з-за яліны). Верабей? Ты не паляцеў у вырай? А як жа Парыж?

Верабей. У вырай паляцеў Арол. Відаць, якраз у Парыж. А я, калі даведаўся пра гэта, надумаў застацца. (Кідае пад ногі птушкам плакаты.) Вось апошнія загады вашага дзяржаўцы. Выконвайце.

Чапля, якая толькі-толькі прыйшла ў прытомнасць, зноў страчвае яе. На гэты раз Чаплю падхоплівае Дзяцел.

Чапля. А-а-ах, трымайце мяне!..

Дрозд (плюе на загады Арла). Махляр! «Птушыны суд павінен трымацца за птушынасць!»

Дзяцел (топча плакаты). Ашуканец! «Будзем зімаваць на Бацькаўшчыне!»

Чапля (млосна). Хачу ў вырай...

Дзяцел, Дрозд (разам). У вырай! У вырай! Ляцім у вырай.

Ад гоману прачынаецца Сава, пра якую ўсе забыліся.

Сава. І я, і я з вамі!

Чапля. Куды? Аддавай маё пер-р-р’е, нягодніца!

Дрозд. І маё, маё аддавай!

Дзяцел. Вярні кажух, аферыстка!

Сава (уцякае). Ратуйце, апошнюю скуру здзіраюць!

Птушкі кідаюцца за Савой, тая ўцякае. Заяц і Верабей застаюцца на паляне адны.

Верабей. А куды падзецца мне? У вырай ляцець — боязна, заставацца ў лесе — халодна ды галодна.

Заяц. Перабірайся, Верабейка, у вёску — да людзей. Там неяк і перазімуеш: знойдзеш крошку-другую хлеба, адагрэешся ля цёплага коміна.

Верабей. Ц-ц-цудоўна! Лячу ў вёску! (Ляціць у вёску.)

Заяц. А я пайду пагляджу, што гэта птушкі так разгаманіліся. Каб хоць не злавілі Саву... (Здымае з яліны афішу спектакля, кладзе яе ў агульны стос і пакідае паляну.)

З-за дрэў чуваць крыкі: «Аддай маё пер’е! Аддай маё пер-р-р-р’е! Вярні кажух!»

Заслона