epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Кавалёў

Звар'яцелы Альберт

Дзея першая
  З'ява першая
  З'ява другая
  З'ява трэцяя
  З'ява чацвёртая
Дзея другая
  З'ява пятая
  З'ява шостая
  З'ява сёмая
  З'ява восьмая


 

 

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ

Пан Альберт.

Пані Амелія.

Шляхціц Завальня.

Селянін Тамаш.

Лёкай Карпа.

Пакаёўка Агапка.

Чарнакніжнік.

Белая Сарока.

Цмок — малойца.

Нікітрон — Дух агню.

Плачка.

Рыбары.

Нябожчыкі.

Пачвары.

Здані.

 

 

Дзея першая

 

З'ява першая

Вітальня панскага дома ў маёнтку Магільна. Стол, крэслы, іншыя хатнія рэчы з бярозы, простыя, але зручныя. На сценах у ракітавых асадах — абразы Збаўцы і Маці Божае. Некалькі дзвярэй у суседнія пакоі. За сталом сядзяць шляхціц Завальня і селянін Тамаш, п'юць гарбату і няспешна, задушэўна гамоняць.

Тамаш. Што дзеецца на свеце, пане Завальня! У суседняй вёсцы ў селяніна нарадзіўся сын, дык адразу сеў і моцным голасам закрычаў: «Дайце есці!» Усе папалохаліся, але адрэзалі паўбохана хлеба, а ён з'еў умомант ды плюхнуўся ў цэбар з вадой. Бацькі кінуліся ратаваць, аж выцягнулі рыбіну. Пабеглі да святара, той ураз прыехаў і як перажагнаў гэную рыбіну, дык яна зноў абярнулася ў немаўля. Старыя людзі кажуць: калі прасіў есці, дык не хлеба трэ было даваць, а камень, бо будзе неўраджай і голад.

Завальня. Неўраджай і голад у нашым краі — апошнім часам не навіна, Тамашу. Цяглая нядоля так убілася ў памяць, што ўсё неўразумелае цяперака — знакам няшчасця.

Тамаш. А яшчэ расказвалі мне ўчора пра адну спрытную карчмарку; якая не трымала ніякай жыўнасці, але спраўна прадавала масла і сыры ў мястэчку. Дык адкрылася, што варажбою забірала яна па вёсках малако ад кароў: апоўначы вешала белы ручнік на плот, падстаўляла вядро і з двух канцоў той ручнік даіла. Малако лілося ў дайніцы, і карчмарка напаўняла збанок за збанком.

Завальня. Цяперашняя нядоля і паняверка — урадлівая ніва для злых духаў і варажбітоў. Каб які наш прадзед падняўся з магілы і ўбачыў новыя звычаі, дык не пазнаў бы айчыны. Падумаў бы, што ўстаў недзе ў чужым краі, а да чаго дажывуць нашы дзеці?

Тамаш. Эх! Цяперака паны не дбаюць, каб іх людзі былі набожныя і жылі пад сумленнем, бо самыя забыліся веры і абавязкаў хрысціянскіх. Во стары пан Марагоўскі — той дбаў пра мужыкоў, ведаў, хто як працуе, хто як рупіцца пра зямлю, дык і кожны навесну меў столькі насення, колькі трэба было. А калі пан Альберт па смерці свайго бацькі ў маёнтку заўладарыў, усе мы гора скаштавалі.

Завальня. Як памёр бацька, вырваўся пан Альберт у свет, бавіўся па балях і пагулянках, з прыяцелямі гуляў у карты, а тыя спрытна вызвалялі яму кішэні ад грошай. Хацеў здзівіць суседзяў раскошаю, меў лёкаяў, колькі хацеў, меў добрых коней, выпісваў модныя карэты, дарагія заморскія віны.

Тамаш. Пэўна што новы гаспадар не слухаў парадаў пана Завальні, якія з удзячнасцю прымаў стары пан Марагоўскі.

Завальня. Пан Альберт не слухаўся ані маіх парадаў, ані просьбаў свае нарачонае паненкі Амеліі. І цяпер во ўвесь маёнтак у даўгах, даймаюць нас праз суд незлічоныя крэдыторы, за шмат гадоў вымагае падаткі ўрад. Паненка Амелія, якая з маленства выхоўвалася ў доме ў пана Марагоўскага і была яму за родную дачку, пакінула нас у роспачы і з'ехала ў маёнтак да дзядзькі свайго, пана Фрацкевіча. Але найгорай тое, што пан Альберт не шукае сумленных спосабаў, каб выкараскацца з даўгоў, а спадзяецца на фартуну і пры выпадку не адмовіцца ад круцельства ды ашуканства. Ніколі не пазнаеш, дзе ён бадзяецца да познае ночы сёння і што прыйдзе яму на розум заўтра.

На дварэ нехта грукае ў браму, брэшуць сабакію, чуваць галасы. Забягае лёкай Карпа.

Карпа. Пан Альберт вярнуўся! (Выбягае.)

Тамаш. Пра пана памоўка, а пан на парог!

Шляхціц Завальня вылазіць з-за стала, каб павітаць гаспадара, Тамаш хаваецца. Уваходзіць пан Альберт, за ім — лёкай Карпа. Карпа дапамагае пану Альберту распрануцца, той знакам загадвае лёкаю выйсці. Карпа пакідае пакой.

Завальня. Маё шанаванне пану! Як пан правёў вечар і што новага пабачыў у свеце?

Альберт (ківае галавой у адказ на прывітанне). Вечар прайшоў нудна ды нецікава. Як і заўсёды, калі ў карты не шанцуе, а даўгі не меншаюць, а большаюць... Словам, пазыкі завялі ў лыкі! Нічога новага ў свеце я не пабачыў. Затое пачуў нешта вартае ўвагі. Памёр стары пан Фрацкевіч.

Завальня. Божухна, зусім сіратой засталася паненка Амелія! Спачатку смерць прыбрала яе бацькоў, а цяпер во і дзядзьку, зямля яму пухам.

Альберт. Даведаўся я, што паводле тастамента да Амеліі адышла ўся маёмасць нябожчыкава і дзве тысячы талераў. Хачу ўзяць з Амеліяй шлюб і атрымаць за ёй багаты пасаг. Таму збіраюся заўтра ў адведзіны да яе і прашу пана аканома мяне суправаджаць. Спадзяюся, мая нарачоная забудзецца старыя крыўды і непаразуменні.

Завальня. Ці да таго цяпер няшчаснай дзяўчыне? Звычай вымагае па смерці блізкага не спяшацца з вяселлем. Лепш пану Альберту пачакаць з залётамі.

Альберт. Я б пачакаў, але не хочуць чакаць мае крэдыторы. У іх іншыя правілы.

Завальня. Не магу адмовіць гаспадару, але папярэджваю: калі б паненка Амелія спытала парады ў мяне, мой адказ быў бы не на карысць пану Альберту. Бог даў гэтай дзяўчыне не толькі пекнае аблічча, але і глыбокі розум, чуйнае сэрца — думаю, яна разумее вашыя сапраўдныя інтарэсы і не дасць згоды на шлюб, хоць у глыбіні душы, мабыць, кахае вас з малых гадоў.

Альберт. Ну што ж, давядзецца шукаць іншага памагатага ў гэтай справе. А за адным разам — і новага аканома.

Завальня. Пан Альберт ведае, што апошнім часам у маёнтку мяне трымае толькі слова, дадзенае пану Марагоўскаму пры смерці, не пакідаць яго сына ў цяжкую гадзіну.

Альберт. Ах, няўдалая гульня стаміла мяне і ўшчэнт сапсавала настрой. Не зважайце на мае словы, пане Завальня, збірайцеся ў дарогу, і будзем лічыць, што я пажартаваў... на гэты раз. А зараз пакіньце мяне, трэба перад заўтрашнім днём адпачыць.

Пан Альберт сядае за стол, абхапіўшы галаву рукамі. Завальня і Тамаш, на якога ўсе забыліся, накіроўваюцца да выхаду.

Завальня (ціха). Няшчасце чакае паненку Амелію, калі, крый божа, дасць згоду гэтаму ветрагону. Хоць і ёсць прыказка: хто ажэніцца, той пераменіцца.

Тамаш (шэптам). Не, пане дабрадзею, кажуць людзі, што калі родзіцца жарабя з лысінкай, дык з той самай лысінкай і ваўкі з'ядуць.

Завальня і Тамаш выходзяць. Пан Альберт уздымае голаў і аглядае апусцелы пакой.

Альберт. Фартуна зусім адвярнулася ад мяне. Яшчэ нядаўна раскідваў жменямі грошы направа і налева, а цяпер мушу ісці да шлюбу толькі дзеля таго, каб займець дзве тысячы талераў і сплаціць трохі даўгоў і падаткаў. А што, калі ганарлівая дзяўчына і праўда адчуе няшчырасць, пра ўсё здагадаецца і не дасць свае згоды на шлюб? Ах, падзякаваў бы і д'яблу, калі б паспрыяў ён мне ў справах і памог у задуманым!

На далёкай вежы б'е дванаццаць, адмярае поўнач гадзіннік у куце вітальні, патухаюць на імгненне васковыя свечкі, і ў пакоі невядома адкуль з'яўляецца худы, бледны незнаёмы ў доўгай чорнай вопратцы.

Чарнакніжнік. Пачуў я твае памысныя словы і гатовы табе памагчы.

Альберт (спалохана). Ах! Які жахлівы твар! Відаць, перада мной злы дух!

Чарнакніжнік. Не крычы, я падобны да цябе і магу табе шмат карыснага зрабіць.

Альберт. Хто ты?

Чарнакніжнік. Я — Чарнакніжнік. Я ўдзень спачываю, а пасля захаду сонца блукаю па свеце і выведваю, пра што людзі думаюць, пра што гавораць, што ядуць і п'юць. Маю вока зыркае, а слых такі тонкі, што нават за мураванаю сцяною магу пачуць шэпты. Па рысах твару пазнаю характары людзей, змушаю іх гаварыць паміж сабою і помню пра ўсё. Заходжу праз маленькую шчылінку, і дзверы не рыпяць, калі іх адчыняю, а сабакі не брэшуць, калі праходжу паўз іх.

Альберт. А сюды чаго ты прыйшоў?

Чарнакніжнік. Я памагу табе пабрацца з Амеліяй і атрымаць за ёй маёнтак і дзве тысячы талераў.

Альберт. А якую ўзнагароду запатрабуеш ты за свае паслугі?

Чарнакніжнік. Я чалавек беспрытульны, а для алхімічных доследаў мне патрэбны невялічкі пакойчык. Дазволь пасяліцца ў тваім доме, а пра астатняе ж не рупся.

Альберт. Заўтра збіраюся ехаць да Амеліі з прапановаю...

Чарнакніжнік. Тады — за работу. Зладзім так, што паненка абавязкова дасць сваю згоду. Чорныя духі памогуць нам. Нічога не бойся і нічому не здзіўляйся. (Вымае з-пад адзення вялізную, у старадаўняй вокладцы кнігу і кладзе на стол. Крэйдай абводзіць на падлозе магічнае кола, цэнтр пазначае трохкутнікам. Тады вымае чорную свечку, крывы нож і вяроўку, падыходзіць да пана Альберта.) Для варажбы спатрэбіцца кропля твае крыві.

Альберт (насцярожана). Дзіўныя і блюзнерскія рэчы ты вырабляеш, Чарнакніжнік! Ці не будзе мне ад гэтага якой шкоды?

Чарнакніжнік. Шкоды ад гэтага не будзе ніякае. Ты такі самы, як і я. Пабачыш і не такія дзівосы, калі бліжэй пазнаёмішся з чорнай магіяй. (Праводзіць нажом па руцэ пана Альберта. Кладзе акрываўлены нож і вяроўку ў цэнтр магічнага кола, стаўляе туды чорную свечку. Схіляецца над разгорнутай кнігай і варожыць над ёй.)

Свечка сама сабою загараецца яркім полымем, валіць густы дым, раптам чорная свечка тухне, а разам з ёй і ўсе астатнія свечкі ў пакоі.

Пана Альберта і Чарнакніжніка паглынае цемра.

Калі змрок крыху праясняецца — узнікае спачывальня паненкі Амеліі. Вакол ложка снуюць у паўзмроку здані, народжаныя варажбой. Патроху іх хаатычная мітусня афармляецца ў сэнсоўны сюжэт: ігральныя карты накідваюць пану Альберту на шыю вяроўку і збіраюцца яго павесіць.

Альбертаў голас. Амелія, я гіну. Памажы мне, Амелю. Ты, толькі ты можаш выратаваць мяне.

Паненка Амелія на імгненне прачынаецца, здані хаваюцца па цёмных кутах спачывальні, знікаюць.

Амелія. Божухна, які жудасны сон! Няўжо нешта здарылася з Альбертам? Гэтыя карты хацелі яго задушыць, а ён клікаў мяне на помач. Але што я магу зрабіць, калі ён сам адштурхнуў мяне і насмяяўся з маіх пачуццяў? (Стомленая, засынае.)

А вакол ложка зноў пачынаюць мітусіцца здані, але цяпер іх мітусня афармляецца ў іншы сюжэт: пана Альберта, які ўжо ў акрываўленай разарванай кашулі, апанавалі раз'юшаныя фурыі з крывымі нажамі ў руках.

Альбертаў голас. Амелю, я паміраю. Не пакідай мяне, любая, даруй былыя крыўды, збаў каханнем і чысцінёй сваёй...

Паненка Амелія, стогнучы, прачынаецца, здані разлятаюцца, знікаюць.

Амелія. Маці Божая, што за жудасны сон! Распусныя кабеты замахваліся крывымі нажамі на Альберта, і кашуля яго была ў крыві. Назваў мяне «любаю» і прасіў не пакідаць яго. Як мне выратаваць цябе, Альберце, як вырваць з аблуды і маны, вярнуць да чысціні і цноты? (Зняможаная, падае ў ложак і засынае.)

Новае з'яўленне зданяў. На гэты раз здань пана Альберта стаіць звязаная над складзеным вогнішчам, вакол яе мітусяцца пачвары, якія перадаюць адно аднаму зыркую паходню і ўсё бліжэй пасоўваюцца да вогнішча, вось-вось падпаляць яго.

Альбертаў голас. Маліся за мяне, Амелю. Паглынае душу маю холад, а цела — агонь, і ўсе адступіліся ад мяне, не падасі рукі сваёй...

Паненка Амелія ўсхапляецца з ложка, здані знікаюць, спачывальню залівае ранішняе святло. Амелія сядзіць на ложку, абхапіўшы галаву рукамі, хістаецца то ў адзін, то ў другі бок.

У спачывальню ўрываецца ўсхваляваная пакаёўка Агапка.

Агапка. Паненка Амелія, паненка Амелія! Уставайце хутчэй, гаспадыню! Прыехалі пан Альберт прасіць вашае рукі!

Амелія. Так, рукі... Вось мая рука, любы!

 

З'ява другая

Праз месяц у вітальні панскага дома ў маёнтку Магільна. Дзверы ў адзін з суседніх пакояў завешаны чорным мошастам, дзверы ў другі — белым ядвабам. З белых дзвярэй выходзіць самотная пані Амелія з кніжкай у руках, сядае за стол і спрабуе засяродзіцца на чытанні.

Амелія (адрываецца ад кнігі). Дзіўна, колькі ні бяру я ў рукі гэты томок вершаў — заўсёды трапляю на радкі, сугучныя маім маркотным думкам і настрою. (Чытае ўголас.)

 

Гэты свет мне пустэльняю дзікай здаецца,

Ні душу, ані вока няма чым спатоліць;

Жаль у сэрцы, а думка бязлітасна б'ецца

У бяссонныя ночы, а ўдзень яшчэ болей.

 

Уваходзіць шляхціц Завальня, прыслухоўваецца да верша.

Завальня. Што я чую: у такой маладой, прыгожай пані такія невясёлыя, змрочныя думкі!

Амелія. Ах, гэта вы, пане Завальня! Мусіць, каб не было ў гэтым доме вас, я б даўно звар'яцела тут ад адзіноты і холаду. Але, бачу, вы сабраліся ў дарогу і зараз пакінеце мяне?

Завальня. Так, зайшоў развітацца. Выпраўляюся ў горад на даручэнне пана Альберта. Вязу грошы, каб сплаціць скарбовыя падаткі і вярнуць крэдыторам частку даўгоў. У гэтую бяздонную прорву знікае ўвесь твой пасаг, дачушка.

Амелія. Не шкада мне гэтых грошай, шкада свайго жыцця, загубленага праз іх. Ах, як я магла падмануцца, паверыць нейкім дзіўным снам, спадзявацца на Альбертава каханне! Заўсёды ён неспакойны і злосны, мая рэдкая ўсмешка здаецца яму здзеклівай і падазронай, маю прагу да кніжак ён называе дзівацтвам і глупствам. Малітвы, якіх навучыла мяне маці, гучаць яму дакорам і даводзяць да шаленства.

Завальня. Прызнаюся, і мяне здзівіла тады твая згода, бо шкадаваў цябе і спадзяваўся, што адмовіш пану Альберту. Бачу цяпер, што, ажаніўшыся, мой гаспадар не змяніўся ў лепшы бок. Праўду казаў Тамаш: калі нарадзілася жарабя з лысінкай, дык з той самай лысінкай і ваўкі з'ядуць.

Амелія. А мне кожнае начы сняцца кашмары, кожную ноч з'яўляецца ў сне нейкі чорны чалавек: худы, бледны, з вялізным вострым носам, як у драпежнае птушкі, з густымі бровамі, з валасамі, чорнымі, бы крумкачовы пёры, з поглядам такім пранізлівым і калючым, што цяжка вытрымаць, калі гляне ў вочы. І толькі як я прачынаюся і, спалоханая, жагнаюся — жудасная здань знікае і тае начы болей не прыходзіць...

Завальня. Нейкая чорная меланхолія зацьміла тваю душу, дочухна. Не сумуй і не бяры ўсё так блізка да сэрца. Буду ў горадзе, зазірну ў краму і набуду табе колькі новых кніжак грэкаў ды рымлянаў, якіх ты так любіш чытаць.

Амелія. Дзякуй вам за дабрыню і клопаты, дзядзечку! Хай памагае вам Бог у дарозе. А я праводжу вас да брамы. (Выходзяць з пакоя.)

Праз нейкі час з чорных дзвярэй з'яўляюцца пан Альберт і Чарнакніжнік.

Чарнакніжнік. Скора, вельмі скора ўсё пераменіцца і ў тваім лёсе, і ўва ўсім краі. Адкрыю табе таямніцу — мая гаспадыня. Белая Сарока, збіраецца далучыць ваш край да сваіх уладанняў.

Альберт. А хто такая Белая Сарока?

Чарнакніжнік. О, Белая Сарока мудрасцю свет здзіўляе, твар яе — цуд хараства, постаць велічная, адзенне з каштоўных дыяментаў і перлаў, жыве ў палацы, якога ты яшчэ ніколі не бачыў. Ёй пакланяюцца найбагацейшыя паны і наймагутнейшыя ўладары, духі на яе загад здабываюць скарбы з зямлі і мора, дзікіх мядзведзяў прывучыла яна да сябе, і тыя, як пакорлівыя сабакі, ляжаць у яе ля трона. А часам гэтая чараўніца ўбіраецца ў пёры белае птушкі, калі хоча пабачыць тых, хто спрыяе ёй, і іх узнагароджвае, дорыць шчасце.

Альберт. Што ж, мне ўсё роўна, каму прадаваць душу: д'яблу ці Белай Сароцы. А можа, гэта тая самая асоба? Калі ты рэкамендуеш мяне сваёй гаспадыні?

Чарнакніжнік. Шмат хто з тваіх суседзяў-паноў хацеў бы пабачыць Белую Сароку ў сваім маёнтку, узняць на яе чэсць келіх і пракрычаць «віват». Абяцаю, ты будзеш не апошні сярод іх. Але спачатку трэба падрыхтавацца да сустрэчы вялікай уладаркі, таму зрабі тое, пра што я цябе надоечы прасіў. (Накіроўваецца да свайго пакоя.)

Альберт (неахвотна). Ах, так, вясковыя могілкі... Няўжо гэта сапраўды патрэбна?

Чарнакніжнік. Пільна патрэбна! І не забудзься пра Глухое возера. (Знікае за чорнымі дзвярыма.)

Альберт (кліча). Карпа!

З'яўляецца лёкай Карпа.

Карпа. Слухаю пана!

Альберт. Ты прывёў Тамаша?

Карпа. Тамаш ад самага ранку чакае ў двары вашага загаду, пане.

Альберт. Пакліч яго сюды!

Карпа выходзіць. Праз нейкую хвіліну з'яўляецца Тамаш, а ўслед за ім — пані Амелія.

Тамаш. Слухаю вас, паночку.

Альберт. Ці быў ты калі на Глухім возеры, недалёка ад Нешчарды?

Тамаш. Давялося два разы, а болей — крый божа. Акружана тое паганае возера з усіх бакоў цёмным лесам, нават у самае добрае надвор'е не відаць у тым возеры ані сонца, ані воблакаў на небе, ані зорак, ані месяца. Там заўжды вада каламутная, ніколі там не плаваў човен, ніводзін рыбак не закідваў там свае сеткі.

Альберт. Заўтра збірай людзей, ідзіце на Глухое возера і закідвайце там невад. Калі з пракаветных часоў там ніхто ніколі не лавіў, дык, мусіць, шмат будзе рознае рыбы.

Тамаш. Адкуль тое пану вядома? Шмат навакол прыдатных для лоўлі рэк і азёраў. Няхай пан толькі скажа, і мы сёння ж прынясем рыбы колькі трэба.

Альберт. Будзеце рабіць тое, што вам загадана!

Тамаш. То няхай пан перш папросіць святара, каб пасвянціў невад, бо ў тым возеры даўно пасяліўся нячысцік.

Альберт. Ды хіба ты яго бачыў, што плявузгаеш?

Тамаш. Пане, запытайся ў людзей — кожны ведае, якія там бываюць дзівосы ўначы: пачвары снуюць па беразе, чуваць з-пад вады енк і смех. Аднаго разу я сам гнаў коней на начлег і бачыў, як ляцела ў той бок нейкае страшыдла, з шумам рассыпаючы вакол сябе іскры, нібы распаленае жалеза пад молатам каваля, і над самым возерам распалася на дробныя часткі.

Альберт. Калі яшчэ раз пачую такую лухту, дык загадаю ўсыпаць сорак бізуноў. Заўтра, мусова, бярыце невад і закідвайце на Глухім возеры.

Тамаш. Не пасвянціўшы вады?

Альберт. Няма такое патрэбы. І якую б дзіўную рыбіну вы ні злавілі — не палохайцеся, а прыносьце сюды.

Амелія (не стрываўшы). Альберце, чаму ты прымушаеш людзей рабіць тое, чаго яны не хочуць? Бедны Тамаш страшэнна засмучаны, ён шчыра перакананы, што ў возеры жыве нячысцік. Ведаю, забабоны ад невуцтва, але ж ці маем мы права так жорстка абыходзіцца з сялянамі толькі таму, што яны цёмныя і неадукаваныя?

Альберт (гнеўна). Бачу, і ты, як гэты неразумны мужык, падахвоцілася глупствы бараніць! Але марнае тваё заступніцтва. Людзі мае, як захачу, так і будзе. (Да Тамаша.) А ты слухай другі загад. У вельмі няўдалым месцы вашы вясковыя могілкі. З майго акна заўжды відаць драўляныя крыжы ды каплічка. Наведаюць мяне неўзабаве госці, а гэтыя крыжы ды каплічка ўсё перад вачыма — каго хочаш могуць давесці да сумных думак і меланхоліі. Таму загадваю вам выбраць месца пад могілкі дзе каля лесу, каб не так часта людское вока іх бачыла. А тут я неўзабаве пастаўлю новы дом, і цэгла з капліцы якраз пойдзе на падмурак.

Амелія (усхвалявана). Альберце, але ж бацьку твайму і дзеду гэтыя крыжы і магілы не заміналі і не наводзілі на дрэнныя думкі. Не раз яны, мусіць, калі заходзіла сонца, старанна маліліся там за душы сваіх продкаў, а па смерці і самі знайшлі спачын на тых могілках.

Альберт. Не лезь не ў сваё! Я ведаю, што раблю, і смяюся з вашае дурноты: занадта вы ўважлівыя да тых, каго ўжо даўно няма на гэтым свеце. Ідзі лепш у свой пакой і чытай бязглуздыя кніжкі!

Амелія. Не ведаю, скуль узяў ты гэтую жахлівую задуму, але памятай, Альберт: Бог усё бачыць і чуе! (Пакрыўджаная і ўсхваляваная, знікае за белымі дзвярыма.)

Тамаш (разгублена). Ох, паночку, бязбожную справу задумалі вы ўчыніць: нельга нішчыць святыні і чапаць тое месца, дзе спачывае прах нашых і вашых продкаў. Вялікі грэх бераце на сваю душу!

Альберт. Парады тваёй не прашу! Слухай, што загадваю, і выконвай!

Заклапочаны Тамаш, пачухаўшы патыліцу, выходзіць. Пан Альберт накіроўваецца да дзвярэй, завешаных чорным мошастам, але, павагаўшыся, перадумвае і знікае ў сваіх пакоях. Пераканаўшыся, што нікога з гаспадароў няма, уваходзяць лёкай Карпа і пакаёўка Агапка з гітараю. Агапка сядае ў крэсла, грае на гітары і спявае, Карпа з іранічнай усмешкай на твары слухае песню.

Агапка

 

Божа. Ты ў працы вялікай шчыруеш —

Лёсам, зямлёй і народам кіруеш;

Слухай жа ўласнай жабрачкі прычыны —

Беднай дзяўчыны.

 

Хіба прашу я дажджу ці пагоды,

Плодных палёў ці дзяржаўнае згоды?

Што мне інтрыгі вайскоўцаў дасужы,

Мне трэба мужа.

 

Пан над панамі, прашу я у Пана:

Дай мне, каб хлопец, што мной пакаханы.

Быў маёй радасцю, шчасцем і краскай —

З панскае ласкі!

 

Карпа. Навошта, Агапка, прасіць мужа ў Бога, ці не лепш пашукаць яго побач з сабой на зямлі?

Агапка. Ах, зноў ты, Карпа, за сваё. Ну, сам падумай, які з цябе муж? Я — дзяўчына гожая, спраўная, калі прыходжу на кірмаш, і дудар для мяне ахвотней грае, і кожны з малойцаў лічыць за гонар са мной паскакаць. А ў цябе — ані грошай, ані ўласнае гаспадаркі, ні спадзяванняў на будучыню. Лепей пашукаю сабе чалавека багатага ды заможнага, не з прыслугі і не з мужыкоў, а з месцічаў ці шляхты. А можа, і якому маладому, нефанабэрыстаму панічу пападу на вока, калі пашэнціць.

Карпа. Не, Агапку, трэба карыстацца часам, пакуль у жыцці вясна, пакуль маладое пачуццё робіць прыемнымі нашыя забавы.

Агапка. Вясна, лета і восень людскога жыцця маюць свае аздобы толькі тады, калі чалавек не ведае беднасці і мае чым задаволіць свае патрэбы і жаданні.

Карпа. Ты любіш, як бачу, грошы?

Агапка. Хто ж не любіць таго, што канечна патрэбна? Без грошай і каханне стыне.

Карпа. Эх, вужака золата і пыхі зусім звяла цябе, Агапка.

Агапка. Што ж ты да мяне тады ўвесь час чэпішся? Ці, можа, ты сам не любіш грошай? Я хоць і пакаёўка, а за простага лёкая замуж не пайду. Разбагацееш — тады пагаворым. (Ганарліва ўзняўшы галаву, выходзіць з пакоя.)

Карпа. «Разбагацееш — тады пагаворым». Разбагацееш тут за панам, які ўвесь у пазыках і толькі марыць, дзе б знайсці скарб ці якое золата з дапамогаю злога духа! А можа, і мне пашукаць скарба? За чатыры вярсты ад маёнтка ляжыць на пагорку сярод яловага лесу Змяіны камень. Старыя людзі кажуць, што аднаго разу ў ціхую, пагодлівую ноч з поўначы на поўдзень ляцеў, палаючы агнём, цмок, нёс нібыта з сабою шмат золата і срэбра грэшніку, які прадаў д'яблу душу. Трэснуў знячэўку блакітны купал неба, разлілося вялікае святло, а цмок, працяты нябёсным промнем, здранцвеў, паваліўся на пагорак і ператварыўся ў камень. Скарбы ж, якія нёс з сабою, на тым самым месцы закапаліся ў зямлю. Кажуць, калі хто адважыцца ля гэтага каменя заначаваць, таму тыя скарбы і здабыць наканавана. Можа, паспытаць шчасця, схадзіць пакланіцца нячысціку, каб даў грошай? Але навошта ісці за чатыры вярсты, калі можна папрасіць таго Чарнакніжніка, які патаемна жыве ў пана і вынаходзіць золата? Паслухаем, што ты тады заспяваеш, Агапку! (Падыходзіць да дзвярэй, завешаных чорным мошастам, і, крыху павагаўшыся, знікае за імі. Але неўзабаве выходзіць, трымаючы ў руках алхімічную рэторту з нейкай густой чырвонай вадкасцю. Разглядае рэторту на святло, не заўважаючы, што за ім крадком выходзіць з пакоя Чарнакніжнік.) Няма ў тым чорным пакоі ні золата, ні нячысціка, толькі шмат дзіўнага начыння з рознымі вадкасцямі і парашкамі. Ага, на дне гэтай шклянкі аселі нейкія блішчастыя крупінкі! Можа, яны — залатыя?

Чарнакніжнік (выхапляе рэторту). Гэта твой гаспадар навучыў цябе залезці ў мой пакой і ўзяць рэторту для алхімічных доследаў?

Карпа (спалохана). Даруй, даруй мне, пане! Не па гэтую пасудзіну я залез у пакой, я шукаў цябе!

Чарнакніжнік (іранічна). Навошта тады ўзяў рэторту? Можа, цябе вабяць навукі?

Карпа (асмялеўшы). Не навукі даюць шчасце чалавеку, а багацце. Шмат хто на свеце не гібее над кніжкамі, а жыве раскашуючы. Жыць так, як хочаш, нічога сабе не забараняючы, вось пра што я мару.

Чарнакніжнік. Чуў я. чуў нешта падобнае ад твайго гаспадара. Таксама казаў мне, што марыць жыць так, як хоча, а насамрэч хоча толькі грошай. Табе таксама патрэбны грошы, лёкай? А ці ведаеш ты, што, атрымаўшы іх, ты страціш душу?

Карпа. А навошта ў гэтым свеце душа, калі няма грошай?

Чарнакніжнік. Добра, я навучу цябе, як стаць багатым. Пойдзеш сёння ноччу ў старую капліцу на могілках. Пабачыш там тры труны. Апоўначы нябожчыкі пакінуць свае труны і разбрыдуцца па вёсцы. Ты залезеш у крайнюю злева труну і будзеш чакаць яе гаспадара.

Карпа. Бр-р-р!

Чарнакніжнік. Калі ты баязлівы, забудзься пра грошы, пра Агапку і заставайся ўсё жыццё лёкаем.

Карпа. Не-не, кажы далей, пане!

Чарнакніжнік. Пад раніцу нябожчыкі вернуцца, каб зноў залезці ў труны. Агледзеўшы, што яго месца занятае, твой нябожчык пачне прасіць цябе пакінуць труну. Ты ж не пускай яго, пакуль не скажа, дзе ён закапаў перад смерцю скарб. Бо быў ён пры жыцці багатым, але сквапным чалавекам і як памёр — дзецям не пакінуў ні шэлега.

Карпа. Дзякуй табе, пане! Хоць і боязна мне, але зраблю ўсё так, як ты параіў. (Выходзіць з вітальні.)

Чарнакніжнік (задаволена рагоча). Як казала мая гаспадыня, Белая Сарока, не грэбуй ні панавай душой, ні лёкая душой, бо ў існасці сваёй яны аднолькавыя. (Знікае ў сваім пакоі.)

 

З'ява трэцяя

Поўнач. Старая капліца. У паўзмроку відаць тры труны. Нішкам уваходзіць Карпа, хаваецца за мармуровы надгробак. Неўзабаве дзве труны «ажываюць», з іх выходзяць два нябожчыкі, зачыняюць за сабой века.

Першы нябожчык. Эх, слаўная выдалася ночка, разрухаем свае костачкі!

Другі нябожчык. Ух, здаецца мне, жывым чалавечым духам тхне. Давай паклічам ваўкалака, няхай ён пашукае.

Першы нябожчык. Ахвота табе час марнаваць. Што жывому чалавеку рабіць ноччу ў капліцы? Жывыя людзі ноччу лічаць грошы.

Другі нябожчык. Альбо мілуюцца з чужымі жонкамі. Ах, сапраўды, пайду гляну, з кім сёння цешыцца мая кабеціна.

Першы нябожчык. А я пайду праверу, ці не дабраўся які шылахвост да майго скарбу. (Разыходзяцца.)

З-за мармуровага надгробка высоўваецца спалатнелы Карпа.

Карпа. Ну і жахі, лепш бы я пайшоў да Змяінага каменя. Добра яшчэ, што ваўкалака не паклікалі... Пачакай, а дзе ж трэці нябожчык? Здаецца, іх было два, а Чарнакніжнік казаў пра трох. (Чакае хвіліну, тады выходзіць з-за надгробка і аглядае труны.) А можа, ён меў на ўвазе тры дамавіны, а не трох нябожчыкаў? Можа, трэцяя дамавіна — пустая? Ага, адзін з нябожчыкаў пайшоў пільнаваць закапаны скарб. Вось у ягоную дамавіну мне і трэба залезці. Т-а-а-к, павінна яна быць трэцяю злева. (Стоячы спінай да ўвахода ў капліцу, паказвае левай рукой на крайнюю труну.) Гэтая. (Падыходзіць бліжэй, раптам задумваецца, паварочваецца тварам да ўвахода, зараз левая рука паказвае на іншую труну.) А цяпер — гэтая. Гм, якая ж з іх? (Разглядае труны.) Мусіць-такі, гэтая, яна прыгожа аздобленая — выдае на багатага гаспадара. (Здымае века і зазірае ў труну.)

Насустрач Карпу з труны ўздымаецца нябожчык. Нейкае імгненне яны асалапела глядзяць адзін на аднаго, потым разлятаюцца ў розныя бакі.

А-а-а-а! Нябожчык! (Хаваецца за мармуровы надгробак.)

Трэці нябожчык. У-у-у-у! Чалавек! (Выбягае з капліцы.) Браткі, тут жывы чалавек!

Карпа (высоўваецца з-за надгробку, спалохана). Ну ўсё, зараз налятуць! Трэба ўцякаць, чорт з ім, з тым скарбам. (Бяжыць да выхаду, але, зірнуўшы за дзверы, вяртаецца назад.) Не паспеў! Што ж рабіць? (Разглядаецца. Залазіць у труну трэцяга нябожчыка і накрываецца векам.)

З'яўляюцца ўсе тры нябожчыкі.

Першы нябожчык. Дзе ён?

Трэці нябожчык. Толькі што быў тут!

Другі нябожчык. Схаваўся, нягоднік!

Пачынаюць шукаць і знаходзяць Карпу ў труне.

Трэці нябожчык (зняўшы з труны века, абурана). Ён залез у маю труну! Цяпер яна ўся пахне чалавечынай!

Другі нябожчык. Гэй, жывы чалавек! Ты навошта залез у труну? Жывыя людзі па начах павінны ляжаць у ложку і лашчыць сваіх жонак.

Карпа (сабраўшы рэшткі мужнасці, сядае). Не выйду, пакуль не скажаце, дзе закапалі скарб.

Першы нябожчык (істэрычна). Ага, ён ведае пра мой скарб! Нельга выпускаць яго адсюль жывым!

Карпа з перапуду зноў падае ў труну. Другі нябожчык спрытна зачыняе труну векам, першы нябожчык забівае некалькі цвікоў.

Другі нябожчык (трэцяму нябожчыку). Ты пільнуй труну, а мы пойдзем шукаць ваўкалака.

Першы нябожчык. Ён адаб'е ахвоту ў гэтага шылахвоста шукаць чужыя скарбы!

Першы і другі нябожчыкі адыходзяць, трэці сядае на века труны. Тая раптам пачынае грукатаць і падскокваць — апрытомнеў Карпа.

Трэці нябожчык. Гэй, чалавеча, хіба так паводзяць сябе ў дамавіне?

Труна грукоча і падскоквае яшчэ мацней.

Ну, хочаш сабе грукаць, дык грукай. Дамавіна ўсё роўна вытрымае — сам рабіў, ведаю. (Труна супакойваецца.) Рабіў на заказ важнаму пану, а тут смерць прыйшла, і самому давялося легчы.

Карпа (з труны). Дык гэта ты, цясляр Пётра?

Трэці ня б о ж ч ы к. Я — Пётра, а ты хто такі?

Карпа. Я — лёкай Карпа, твой былы сябрук. Здымі века, гутарка ёсць.

Трэці нябожчык (здзіўлена). Карпа?! От не спадзяваўся, што давядзецца з табой яшчэ раз сустрэцца! (Вымае цвікі і адчыняе труну.) Мы, нябожчыкі, з цяжкасцю пазнаем жывых.

Карпа (сядае ў труне). Я ж на тваім пахаванні мора гарэлкі выпіў, каб на тым свеце добра жылося, а ты па начах з дамавіны выходзіш і людзей палохаеш!

Трэці нябожчык. Эх, Карпу, праз гарэлку ўсё і сталася, праз яе, паганую. Прынёс я неяк пляшку гарэлкі дахаты і схаваў ад жонкі за бэльку. А назаўтра памёр, не паспеўшы ні выпіць яе, ні жонцы аддаць. І так мне гэтая пляшка ў душу запала, што вось ляжыць яна за бэлькаю і ніхто пра яе не ведае — не магу на той свет пайсці, пакуль пляшку маю не знойдуць і не вып'юць. Марнуюся тут з двума грэшнікамі, адзін з іх скарб свой вартуе, а другі — сваю распусную жонку.

Карпа (нібыта абыякава). А табе ён не паказваў?

Трэці нябожчык. Каго — жонку?

Карпа. Куды там! Той першы не паказваў табе, дзе скарб схаваны?

Трэці н я б о ж ч ы к. Ты што, ён ні жывым, ні мёртвым не давярае!

Карпа (прыслухоўваецца). Слухай, Пётру, выпусці мяне адсюль.

Трэці нябожчык. Як гэта — выпусці?

Карпа. Я тую пляшку з-за бэлькі дастану і разам з тваёй радзінай вып'ю, каб ты не пакутаваў болей на гэтым свеце.

Трэці нябожчык. Збаўца ты мой! І па смерці сябрука ў бядзе не пакідаеш! (Прыслухоўваецца.) Але тады хутчэй уцякай, бо, здаецца, мае суседзі-грэшнікі вяртаюцца. А я ў труну палезу, спадзяюся, цяпер назаўсёды. (Хаваецца ў труну, з якой вылез Карпа.)

Карпа. Бывай, Пётра! (Выбягае на авансцэну і налятае на захутанага ў чорны плашч Чарнакніжніка.)

Чарнакніжнік (расхінае плашч). Куды бяжыш, Карпа? Можа, выкопваць скарб?

Карпа. Ах, гэта ты, пане! Ну і нацярпеўся я жаху з твае ласкі! Скарбу не знайшоў, а жыццё ледзь не страціў. Лепш бы я пайшоў да Змяінага каменя ды пашукаў цмока.

Чарнакніжнік. Ува ўсім вінаватыя твая няўважлівасць і баязлівасць. Што ж, хочаш цмока — будзе табе цмок. (Вымае нешта з кішэні.) Вазьмі гэтыя чырвоныя зярняты. Калі не маеш свайго чорнага пеўня, дык расстарайся дзе-кольвек, накармі яго гэтым зернем, і ён знясе яйка, не большае ад курынага. Праз колькі дзён вылупіцца з яйка крылаты цмок, які будзе выконваць усе твае загады. Ноччу ў чорным абліччы прынясе табе жыта, пшаніцы і іншага збожжа, а калі прыляціць, палаючы агнём, — будзе мець пры сабе золата і срэбра.

Карпа. Дзякуй табе, пане! Займець уласнага цмока — куды лепш, чым жыўцом у труну лезці. (Бярэ зярняты, кланяецца і адыходзіць.)

Чарнакніжнік (ціха). А вось гэта яшчэ невядома, хлопча. (Зласліва смяецца і знікае.)

 

З'ява чацвёртая

На Глухім возеры. Пахмурнае надвор'е, туман. Возера зарасло зялёным багавіннем, і толькі пасярэдзіне свеціцца невялічкае вадзяное аконца.

Трывожна азіраючыся і да ўсяго прыслухоўваючыся, Тамаш і двое рыбароў рыхтуюць невад. Тамаш — за старэйшага, таму ён мусіць падбадзёрваць іншых, хоць сам баіцца не менш за іх.

Першы рыбар (аглядае возера). Ну і змрочная тут мясціна! І чаму гэта ўздумалася пану паслаць нас на Глухое возера?

Тамаш. Казаў, што калі ад пракаветных часоў тут ніхто не лавіў, дык шмат будзе рознае рыбы.

Першы рыбар. Хоць я ніколі і не лавіў тут, але чуў, што ляжаць на дне гэтага возера вялізныя карчы, можам папсаваць невад.

Другі рыбар. Што — карчы, сам нячысцік завёўся ў гэтым возеры! Ох, не скончацца дабром сённяшнія ловы! Вялікі грэх бярэм на сваю душу.

Тамаш. Грэх на сваю душу ўзяў наш гаспадар, які нас сюды даслаў. Мы — людзі паднявольныя і мусім выконваць ягоны загад.

Другі рыбар. Думаеш, Тамаш, на святым судзе нехта будзе разбірацца?

Над возерам пралятае вялізны чорны крумкач і сядае на дрэва недалёка ад рыбароў.

Першы рыбар. Глядзіце, зноў гэтая жахлівая птушка! Усю дарогу ляцела за намі і цяпер прысуседзілася. Трэба адагнаць яе прэч. (Шукае каменя.)

Другі рыбар. Не чапай крумкача, Родзьку. Не будзі ліха, пакуль яно ціха.

Не паслухаўшыся, першы рыбар шпурляе камень у крумкача. З клёкатам крумкач падае з дрэва і зашываецца ў хмызнякі.

Першы рыбар. Ага, пацэліў! Не будзе шпегаваць за намі!

Тамаш (здымае шапку). Ну, браткі, памолімся ды за працу! Памажы нам Божа!

Другі рыбар (змрочна). Не, у такой справе Бог нам не памочнік.

Рыбары ўсё ж здымаюць шапкі і ўслед за Тамашом шэпчуць пацеры.

Тады бяруць невад і закідваюць у возера.

Ледзь не ўсё возера багавіннем зарасло, да чыстай вады не падступіцца.

Першы рыбар. Ох, папсуем мы ўвесь невад на гэтых карчах.

Раптам чуецца нейкая музыка, на сярэдзіне возера нехта грае на дудзе і спявае:

 

Пацяраў я дуду, іх-вох.

На паповым лугу, іх-вох,

А не дудка была, іх-вох,

Весялуха была, іх-вох,

Весяліла мяне, іх-вох,

На чужой старане, іх-вох.

 

Тамаш. Што гэта — нехта ў возеры грае на дудзе і пяе? Ці мне падалося?

Другі рыбар. Не, я таксама чую гранне і спевы! Першы р ы бар (паказвае рукой на сярэдзіну возера). Зірніце — цуд нябачаны: на вадзе сядзіць нячысцік, чорны, як вугаль, рукі доўгія, галава велізарная, грае на дудзе і пяе страшным голасам!

Другі рыбар. Дзе? Дзе? Я нікога не бачу!

Тамаш. І мне не відаць, адно ранішні туман паўзе над вадой.

Першы рыбар (праводзіць па вачах далоняй). Цяпер і сам нічога не бачу праз туман. Можа, прымроілася?

Другі рыбар. Няхай бы. Лепей прымроіць нячысціка, чым пабачыць яго наяве.

Тамаш. Выцягваем, хлопцы, невад і даем адсюль ходу. Што злавілася — тое злавілася, занясем пану Альберту, а па другім разе закідваць не будзем.

Пачынаюць выцягваць невад, які паддаецца з цяжкасцю.

Другі рыбар. Ого, багаты ўлоў чакае гаспадара!

Рыбары цягнуць мацней, невад паддаецца болей. Але раптам усчыняецца нейкі шоргат, сыканне, піск, ад якога рыбарам становіцца ніякавата.

Што гэта за дзікі піск? Ажно мурашкі па целе пабеглі!

Першы рыбар. Нібыта там тысячы гадаў б'юцца паміж сабою!

Тамаш. А можа, проста трапілася сціжма ўюноў? Ну-тка, выцягваем з вады ўвесь невад.

Выцягваюць і бачаць поўную сетку маленькіх пачвараў: адны — накшталт ракаў з чорнаю поўсцю, другія — як павукі, кожны з ката, трэція — падобныя да шчанюкоў, з нагамі незвычайнае даўжыні. Пацукі, яшчаркі, кажаны поўзаюць па беразе, б'юцца з жахлівым крыкам, сыканнем і піскам.

Рыбары. А-а-а-а! Нячысцікі! (Кідаюць невад і уцякаюць.) Тамаш (адступае да лесу). Д'яблава кубло!

З хмызняку выбіраецца Чарнакніжнік. Ён кульгае, левая нага перавязана. У руках трымае вялізны кош, куды пачынае збіраць нячысцікаў.

Тамаш знікае сярод дрэў, паспеўшы, аднак, заўважыць Чарнакніжніка.

Чарнакніжнік (назбіраўшы поўны кош). Багаты ўлоў, цудоўны ўлоў! Якраз тое, што патрэбна. (У бок возера.) Дзякуй табе, братка, што выгадаваў мне гэтулькі памочнікаў.

У адказ на ягоныя словы з возера даносіцца гранне дудкі. Чарнакніжнік з кашом нячысцікаў у руках кіруецца да лесу, але, спатыкнуўшыся, хапаецца за параненую нагу і ўскрыквае ад болю.

Ну, папомніш ты ў мяне, ёлуп, як кідацца камянямі! (Знікае за дрэвамі.)

Глухое возера зацягваецца густым, непраглядным туманам, недзе ў глыбіні туману невідомы нячысцік грае на дудзе і пяе:

 

Пацяраў я дуду, іх-вох,

На паповым лугу, іх-вох,

А не дудка была, іх-вох,

Весялуха была, іх-вох,

Весяліла мяне, іх-вох.

На чужой старане, іх-вох.

 

Дзея другая

З'ява пятая

Вітальня панскага дома ў маёнтку Магільна. Вечар. За сталом сядзіць пан Альберт, курыць люльку і раскладвае карты. За спінай у яго з'яўляецца Чарнакніжнік і неўпрыкмет кіруе раскладкай картаў.

Альберт. Сёння нейкі асаблівы вечар, ніколі карты не клаліся так удала. Мусіць, здарыцца нешта незвычайнае. Тым часам сніў мінулае начы дрэнны сон: падаў я ў бездань, а ў далечы мой бацька ўздымаў рукі да неба, маці млела, бо не маглі мне памагчы.

Чарнакніжнік (з-за Альбертавай спіны). Твая праўда, здарыцца сёння вечарам нешта надзвычайнае.

Альберт (падскоквае). Заўжды ты з'яўляешся нечакана і палохаеш мяне. Не магу глядзець без агіды на твой страшны твар.

Чарнакніжнік. Слабыя нервы маеш. Калі будзеш глядзець на ўсё без прыкрасці і страху — лепш уладкуешся на свеце. Хачу цябе ўзрадаваць — пабачыш нарэшце маю гаспадыню Белую Сароку. Ты добра падрыхтаваўся прыняць госцю? Зараз яна прыляціць. Пастарайся ёй спадабацца і будзь у размове паважлівым.

Альберт прыбірае карты, прыводзіць сябе ў парадак, стаўляе на стол келіхі і віно. Чарнакніжнік падыходзіць да акна.

Альберт. Столькі чакаў гэтае хвіліны, а цяпер вось прабірае мяне нейкі холад і жудасць.

Чарнакніжнік (глядзіць у акно). Хмары, здаецца, разышліся, толькі вецер шуміць. Надвор'е спрыяе нашым задумам.

Толькі сказаў гэта — залятае ў акно сарока, большая і зграбнейшая ад іншых сарок, пёры на ёй белыя як снег, вочы чорныя. Апусцілася на падлогу — і ў імгненне вока стаіць сярод пакоя кабета чароўнае красы: рост высокі, твар ружовы, вочы вялікія, поўныя прывабнасці, на галаве і на ўсім адзенні зіхацяць дыяменты і каштоўныя камяні. Чарнакніжнік схіляецца ў паважлівым паклоне, пан Альберт аслупянела глядзіць на госцю, слова вымавіць не важыцца.

Чарнакніжнік. Вітаю цябе, шаноўная гаспадыню! Дазволь рэкамендаваць табе нашага новага сябра, пана Альберта.

Белая Сарока. Здалёк спяшалася сюды, Альберце, спадзеючыся знайсці ў табе зычлівага прыяцеля і аднадумцу. Не памылілася ў спадзяваннях: бачу, што добра падрыхтаваўся да сустрэчы са мной і нават старыя могілкі перанёс далей ад дома.

Альберт (ачуньвае). Так, пані, імя ваша неадменна было на маіх вуснах. Перад вамі — найшчырэйшы прыхільнік, зачараваны вашым хараством.

Белая Сарока сядае ў крэсла, якое паслужліва падсоўвае ёй Чарнакніжнік. Уладкаваўшы гаспадыню. Чарнакніжнік бярэ віно і разлівае яго ў келіхі.

Белая Сарока. Ты мне падабаешся, Альберт. Ведай, я ўмею цаніць вернасць і паслужлівасць і няспынна руплюся пра шчасце сваіх падданых. Ахвярую табе гэты камень, каб быў верны сам і суседзяў сваіх заахвоціў служыць мне. (Узнагароджвае Альберта прыгожым дыяментам на стужцы.)

Чарнакніжнік. Вып'ем за здароўе нашай гаспадыні. (Раздае келіхі.)

Альберт. Хай жыве пані Белая Сарока!

Альберт і Чарнакніжнік выпіваюць свае келіхі да дна, Беліш Сарока каштуе віно і ставіць келіх на стол.

Белая Сарока. Калі ляцела, дык бачыла прыгожыя горы і лясы, шмат азёраў у гэтым краі.

Альберт. Так, пані. Нашыя мясціны прырода адарыла ўсім, што патрэбна чалавеку. Не дала толькі такой мудрай і пекнай гаспадыні, як вы.

Белая Сарока. Я даўно мелася пабываць тут, спазнаць гэты край і яго жыхароў. Спадзяюся, тутэйшыя жыхары ахвотна пойдуць пад маю ўладу.

Альберт. Шмат хто будзе мець за шчасце славіць пані.

Белая Сарока (да Чарнакніжніка). А ты што скажаш? Ці ўсё падрыхтавана да майго з'яўлення?

Чарнакніжнік. Моладзь на нашым баку, гаспадыню, а от старыя людзі не хочуць зразумець свайго шчасця. Плявузгаюць нешта пра запаветы продкаў, пра сумленне і веру ў Бога.

Белая Сарока (ускоквае з крэсла, гнеўна). А што ты зрабіў, каб падарваць гэтую веру, знішчыць запаветы?!

Чарнакніжнік (адступае на некалькі крокаў, кланяецца). Рассылаю ўва ўсе бакі нячысцікаў і пачвараў, якія намаўляюць людзей на збродні і ашуканствы, падбіваюць на здраду і злачынствы. (Робіць знак у бок свайго пакоя.)

Чорныя дзверы адчыняюцца, адтуль выглядае некалькі пачвараў. Белая Сарока сядае, задаволена кіўнуўшы галавою. Чарнакніжнік узмахвае рукой, пачвары хаваюцца.

Вось з запаветамі цяжэй, гаспадыню. Падслухалі мае памочнікі, што недзе пад руінамі старога замчышча схаваны святыя рэліквіі і пісьмёны, але знайсці і знішчыць іх пакуль што не ўдаецца.

Белая Сарока. Загадваю вам зрабіць гэта да нашае наступнае сустрэчы! Неўзабаве зноў наведаю твой дом, Альберу. А зараз мушу спяшацца ў свой палац: ужо цямнее, а дарога далёкая.

Чарнакніжнік зноў напаўняе келіхі віном. Белая Сарока каштуе віно, ставіць келіх на стол і, перамяніўшыся ў птушку, вылятае з пакоя.

Чарнакніжнік (наўздагон). Няхай жыве пані Белая Сарока!

Альберт падыходзіць да акна і глядзіць туды, дзе схавалася ў ночкай цемры дзіўная птушка. Вярнуўшыся да крэсла, на якім сядзела красуня, падымае некалькі сарочых пёраў. Разглядае пёркі, пасля — падараваны госцяй дыямент.

Ну, як табе спадабалася мая гаспадыня?

Альберт. Колькі жыву, не бачыў, нават на дасканалых і дарагіх карцінах, такіх шляхетных і прыгожых кабет! Цяпер яе дзівосны воблік заўсёды будзе стаяць перад маімі вачыма.

Чарнакніжнік. Кладзіся адпачываць, а я пайду паваражу па сваёй чароўнай кнізе і падумаю, як нам выканаць загад.

Разыходзяцца па сваіх пакоях.

Праз нейкі час у вітальню завітвае пануры Тамаш з малатком і жалезным бруском у руках. Паклаўшы малаток і брусок ля дзвярэй, запальвае некалькі свечак, жагнаецца на абразы, дастае свянцоныя зёлкі, кадзіла і абкурвае пакой. Даходзіць да дзвярэй у Чарнакніжнікаў пакой. Павагаўшыся, падносіць кадзіла пад самыя дзверы. І тут дзверы прыадчыняюцца, адтуль высоўваецца агідная пачвара. Імгненне аслупянелы Тамаш і нахабная пачвара глядзяць адно на аднаго, а тым часам на дварэ чуваць брэх сабак, стук у браму, нейчы голас. Пачвара выхапляе з Тамашовых рук кадзіла і знікае за дзвярыма. Тамаш закрывае рот рукой, каб не закрычаць ад жаху, і кідаецца прэч. Але ў парозе сутыкаецца са шляхціцам Завальнёй.

Завальня. Тамаш?

Тамаш (узрадавана). Няўжо гэта вы, пане Завальня?

Завальня. Што ты тут робіш у такі позны час?

Тамаш. Адбываю сваю чаргу ночнага вартаўніка. Ах, пане дабрадзею, я ўжо думаў, што не дачакаюся вас і памру без суцяшэння.

Завальня. Не кажы глупстваў, Тамаш, ты зусім не стары чалавек, і яшчэ не вырасла дрэва табе на дамавіну. А затрымаўся я таму, што пан Альберт даслаў мне наўздагон ліст з некалькімі новымі даручэннямі. Але раскажы мне, што адбылося за гэты час у маёнтку, і растлумач, куды падзелася старая капліца з могілак. Калі пад'язджаў да маёнтка і не ўбачыў ні здалёк, ні зблізку срэбнага крыжа на капліцы, падумаў спачатку, што збіўся з дарогі.

Тамаш. Няма ні срэбнага крыжа, ні капліцы, няма і могілак. Пан Альберт загадаў знесці могілкі, каб пабудаваць на тым месцы дом, загадаў разбурыць капліцу, каб пакласці цэглу ў падмурак.

Завальня. Божа літасцівы! Зусім звар'яцеў пан Альберт, калі ўзняў руку на магілы продкаў.

Тамаш. Думаю, што яго намовіў той страшны чалавек, які невядома адкуль з'явіўся ў нашым маёнтку: худы, бледны, з вялізным носам, нібы дзюба ў драпежнае птушкі, у дзіўных чорных апранахах, зусім не такіх, як носяць пан ці ксёндз. Калі я адбываў мінулага разу ночную варту ў маёнтку, бачыў, як акурат апоўначы ў госцевым пакоі гарэла святло і ён нечым з панам бавіўся, а над дахам снавалі кажаны. Напалохаўся я, таму і прынёс сёння свянцоныя зёлкі ды кадзіла, якімі святар параіў акурваць пакоі.

Завальня (разглядаецца). А дзе ж тваё кадзіла?

Тамаш асцярожна азіраецца на чорныя дзверы. Тыя, нібы наўмысна, прыадчыняюцца, з'яўляецца брыдкая валасатая лапа, якая шпурляе згаслае кадзіла ў Тамаша і знікае, грукнуўшы дзвярыма.

Тамаш (прыгінаецца). Сцеражыцеся, пане Завальня!

Шляхціц Завальня хапаецца рукой за тое месца, дзе калісьці ў яго, відаць, вісела шабля. Тамаш адно жагнаецца, але не важыцца тлумачыць і толькі адводзіць аканома далей ад д'ябальскіх дзвярэй.

Завальня. Жахлівыя рэчы, бачу, чыняцца ў гэтым доме. Веру, што Бог злітуецца і ўсё пераменіць на лепшае, але бяда таму, хто, прагнучы багацця, прадае душу д'яблу!

Тамаш (пераходзіць на шэпт і раз-пораз азіраецца на чорныя дзверы). А каб вы пабачылі, васпане, што мы вылавілі ў Глухім возеры. Крый божа такое і ў сне бачыць!

Завальня. Вы лавілі ў Глухім возеры? Але ж там ніхто ніколі не лавіў, людзі як мага далей абыходзяць гэтую змрочную мясціну.

Тамаш. Куды падзенешся, нам загадаў пан Альберт. Выцягнулі — страх успомніць — поўны нерат маленькіх нячысцікаў. Не маючы сілы глядзець на страшыдлаў, кінуліся мы ўцякаць, але паспеў я заўважыць таго Чарнакніжніка, які хуценька збіраў маленькіх нячысцікаў сабе ў кош. І яшчэ — у яго была перавязана нага!

З чорных дзвярэй неўпрыкмет выслізгвае Чарнакніжнік, хаваецца ў цёмным куце і падслухоўвае размову.

Завальня (неўразумела). Перавязана нага?

Тамаш. Усю дарогу да самага возера за намі ляцеў вялізны чорны крумкач. На беразе рыбар Родзька падпільнаваў птушку і патрапіў у яе каменем. Паранены крумкач схаваўся ў хмызняку, а потым, кульгаючы, з'явіўся адтуль Чарнакніжнік з перавязанай нагой! Разумееце, васпане, у чым рэч?

Завальня. Які жах!

Тамаш. Самы жах наперадзе — тае ж ночы Родзька памёр. (Змаўкае.)

Завальня. О Божа! (Задумліва.) Стары пан Марагоўскі, ведаючы легкадумны сынаў нораў, прасіў мяне не пакідаць маёнтка, што б ні здарылася. Але ці думаў ён, што пан Альберт захаўрусуе з Чарнакніжнікам, выкінуўшы з могілак бацькавы косці на здзек крумкачам?

Тамаш (успомніўшы). А па начах бачылі мы з вяскоўцамі на замчышчы нейкую кабету, якая плакала так жаласна, нібы гаротная маці па сваіх нешчаслівых дзецях. Старыя людзі кажуць, што яе так і завуць — Плачка, і што на месцы яе з'яўлення схаваны старажытныя скарбы і рэліквіі, а часам знаходзяць там чалавечыя косці і зброю. Вы, пане Завальня, чалавек вучоны і самі іншым разам нешта запісваеце ў кніжачку. Ці не ведаеце, хто тая Плачка і што вяшчуе яе з'яўленне?

Чарнакніжнік, з надзвычайнай увагай выслухаўшы Тамаша, знікае ў пакоях у пана Альберта.

Завальня. У старых хроніках даводзілася мне чытаць, што Плачка з'яўляецца ў нашым краі перад разбуральнымі войнамі, перад голадам і паморкам, нібы хоча папярэдзіць сваіх дзяцей, каб рыхтаваліся да вялікіх няшчасцяў. І я здагадваюся, аб якім няшчасці папярэджвае нас Плачка.

Тамаш. Ах, васпане, не палохайце беднага чалавека, кажыце лепш адразу, што ведаеце.

Завальня. У горадзе ходзяць чуткі, што магутная ўладарка, Белая Сарока, упадабала наш край і хоча сілай ці хітрасцю далучыць яго да сваіх бязмежных уладанняў. Быццам збіраецца даслаць сюды сваіх бязлітасных ваяроў, і быццам сярод нашых паноў шмат хто патаемна падтрымвае з ёй сувязь і хоча добраахвотна перайсці пад яе карону.

Тамаш. Божухна, што з намі будзе, хто абароніць нас на гэтай зямлі, калі самі нашы гаспадары наводзяць на нас ворагаў?!

Нечакана расчыняюцца дзверы і на парозе свайго пакоя з'яўляецца пан Альберт. З-за спіны ў яго выглядае Чарнакніжнік.

Альберт (з злавеснай усмешкай). Добры вечар, пане аканом! Ці выканалі вы мае даручэнні, што так хутка вярнуліся?

Завальня. Добры вечар, пане Альберт. Вярнуўся, бо з даручэнняў выканаў толькі тыя, на якія ставала грошай пані Амеліі.

Альберт (да Тамаша). А ты што тут робіш у такі позны час? І навошта прынёс кадзіла, чаду ад якога я не выношу?

Тамаш (спалохана). Я, паночку, адбываў чаргу ночнага вартавога, аглядаў будыніны, стукаючы малатком аб жалезны брусок, і вось сустрэў пана аканома. А кадзіла мне даў святар, загадаў, каб я акурыў пакоі ў панскім доме.

Альберт. Тут загадваю я, а не святар! Каб болей я гэтага чаду ў сваім доме не чуў! (Супакойваецца.) Зрэшты, не пра гэта цяпер гаворка. Казалі мне (азіраецца на Чарнакніжніка), што сустракаў ты на замчышчы кабету, якую завуць Плачкай. Што кажуць людзі пра месца, дзе з'яўляецца тая кабета?

Тамаш (неахвотна). Рознае гавораць, паночку, хіба ўсё запомніш?

Альберт. Не ўдавай дурня, лайдак! Ты ведаеш, што на месцы з'яўлення Плачкі схаваныя каштоўныя скарбы і старажытныя рэліквіі. Правядзеш мяне і майго прыяцеля да замчышча і пакажаш, дзе бачыў Плачку. Можа, і пан аканом пойдзе з намі?

Завальня. Не, пане Альберце, не таму нас вучыць Святое Пісьмо, каб мы слухаліся бязбожных парадаў чарнакніжнікаў, нішчылі магілы продкаў і шукалі прывідных скарбаў! З'яўленне Плачкі — гэта папярэджанне людзям, каб выправілі свае норавы. Але людзі цяпер ніякім прароцтвам не вераць, ім патрэбны скарбы, каб не працуючы мець усё, што заманецца. Яны за золата прададуць тое, што нашы продкі шанавалі даражэй за жыццё!

Альберт. Бачу, пан Завальня болей ахвочы чытаць свайму гаспадару маралі, чым выконваць яго загады. Прыйдзецца, відаць, мне сапраўды шукаць новага аканома.

Завальня. Працы я не баюся, бо хто сумленна працуе, таму і Бог памагае. Але ніколі не зраблю я ўчынку, ад якога потым на душы цяжка!

Альберт. Ну што ж, возьмем з сабою лёкая. (Кліча.) Карпа!

З'яўляецца сонны Карпа.

Завальня. Апамятайцеся, пане Альберце, імем вашага нябожчыка бацькі заклінаю!

Альберт. Пойдзеш з намі, Карпа, і будзеш сачыць за гэтым лайдаком-мужыком, каб у поцемках не збег па дарозе. Захопім рыдлёўку, мяхі і ліхтар. Пачакаем, пане Завальня, што вы скажаце, калі я вярнуся з поўнымі мяхамі золата.

Пан Альберт, Карпа і Тамаш выходзяць. За імі чорным ценем выслізгвае Чарнакніжнік.

Завальня (услед). Спыніцеся, неразумныя людзі! Плаччыны слёзы і нараканні абяцаюць вам не золата і дыяменты. Кабета тая плача на парозе забытае вамі святыні. Вы думаеце толькі пра багацце, а вас чакаюць няшчасці і пакуты! (Уроспачы выходзіць з пакоя на панадворак.)

 

З'ява шостая

У вітальні панскага дома ў маёнтку Магільна. Уваходзіць пакаёўка Агапка, набліжаецца да стала, вымае з фартуха чорнае яйка.

Агапка. Куды гэта яны выбраліся проці ночы? Узялі рыдлёўкі, мяхі. (Задаволена смяецца.) Карпа нават не паспеў схаваць ад мяне чароўнае яйка. (Кладзе яйка на стол.) Няўжо ад гэтага яйка сапраўды залежыць нашае шчасце? (Уладкоўваецца ў крэсле, але пад тое незнарок штурхае стол.) Ой!

Чароўнае яйка падае на падлогу, разбіваецца і ператвараецца ў слуп дыму. Калі дым рассейваецца — перад Агапкай стаіць ладны малойца ў чорным уборы з чырвоным пасам і ў чырвоных ботах, на руках — мноства каштоўных пярсцёнкаў. Зрэшты, ён не стаіць — ён увесь час увіваецца вакол Агапкі, рухі яго нагадваюць адмысловы танец.

Цмок. Кланяюся маладой гаспадыні! Прыемна будзе выконваць жаданні такой пекнай паненкі.

Агапка. Няўжо ты і ёсць той цмок, які мусіў вылупіцца з яйка, знесенага пеўнем, і прыносіць Карпу збожжа і золата?

Цмок. Можа быць. А хто такі Карпа?

Агапка. Лёкай пана Альберта і мой жаніх.

Цмок (здзіўлена). Як, у такой шляхетнай паненкі жаніх — лёкай?

Агапка. Але калі ты прынясеш яму грошы, ён заплаціць гаспадару выкуп, стане вольным і багатым.

Цмок (смяецца). Ну і што ён зробіць са сваім багаццем? Купіць хату, кавалак зямлі, жывёлу і зоймецца гаспадаркай, калі ахвочы да працы. А калі лайдак — будзе дзень і ноч гуляць у карты ды піць гарэлку. Хіба халоп зможа карыстацца шчасцем, хіба ён здолее ацаніць пекнату паненкі і зразумець усе яе таемныя жаданні? (Бярэ Агапку за рукі і танцуе разам з ёй.)

Агапка (заварожана). Ах. праўду ты кажаш, я і сама не раз пра гэта думала.

Цмок. Дык навошта нам з табой нейкі лёкай Карпа? Я не толькі прыношу збожжа і золата, я магу і цуды чыніць. Пабудую такі палац, пра які апавядаюць у казках, што ўвесь свеціцца золатам і срэбрам, з багатымі пакоямі ў люстэрках і крышталі. (Кружыць Агапку.)

Агапка. Ах!

Цмок. Развяду сад, дзе будуць спець залатыя і срэбныя яблыкі, спяваць райскія птушкі, расці прыгожыя кветкі, ярчэйшыя, чым зоркі на небе. (Кружыць Агапку.)

Агапка. Ах!

Цмок. З'едзецца шмат знакамітых паноў паглядзець на тыя цуды. Ты будзеш мець найлепшыя ў свеце ўборы і пакрасы, жыць лепш за каралеву! (Раптам спыняе танец.)

Агапка (вагаецца). Спакуслівая твая прапанова, і прызнаюся, сэрца маё соладка замірае ў прачуванні шчасця, калі я слухаю твае абяцанні!

Цмок. Ты маладая, прыгожая, спадзяюся, што і разумная. Пачынай жа сама гаспадарыць, а я буду намагаць табе, і мы здзівім свет!

Цмок дастае жменю пярсцёнкаў, завушніц, пацеркаў і аздабляе Агапку.

Агапка (у захапленні). Ах, я гатова ісці за табой хоць за землі!

Цмок (здаволена рагача). Пад зямлю! Пад зямлю!

Дамогшыся свайго, Цмок хапае Агапку і знікае разам з ёй у слупе дыму, з якога з'явіўся. Як заўсёды ў падобных выпадках, пахне серай і першародным грахом.

З свайго пакоя выходзіць устрывожаная пані Амелія.

Амелія. Агапка! Дзе ты, Агапка? (Аглядае апусцелы пакой.) Дзіўна, пабудзіў мяне Агапчын голас, падалося, быццам яна з кімсьці гаворыць у сенцах. Але тут нікога няма. (Уздрыгвае ад холаду; зноў разглядаецца.) Такое адчуванне, нібы я засталася адна ў цэлым доме. (Бярэ са стала свечку, ідзе ў пакоі да пана Альберта. Потым абыходзіць астатнія пакоі, раз-пораз з'яўляючыся ў вітальні. Нарэшце спыняецца ў няпэўнасці перад чорнымі дзвярыма.) Што здарылася? У такі позны час няма ні служак, ні Альберта. Можа, ён у гэтым жахлівым пакоі, куды забараніў мне ўваходзіць? (Павагаўшыся, прыадчыняе чорныя дзверы і зазірае. Нясмела ўваходзіць, праз нейкі момант вяртаецца з вялізнай, у старадаўнай вокладцы кнігай. Стаўляе свечку на стол, кладзе кнігу.) І там нікога. Але што за дзіўны пакой — увесь пазастаўляны шклянкамі з нейкімі вадкасцямі, суддзём з парашкамі, а на стале гэтая даўнейшая кніга. Альберт не казаў, што цікавіцца навукамі і чытае кнігі. (Разгортвае.) Першы раз у жыцці бачу белы друк на чорнай паперы. Цікава, пра што тут піша? (Чытае ўголас.) «Дух Нікітрон, пакінь агонь, да мяне з'явіся, чалавекам абярніся!» (Спалохана.) Ой, што я чытаю!

Полымя свечкі на стале раптам уздымаецца ўгору, з яго ўзнікае лёгкая і гнуткая чалавечая постаць, саскоквае на падлогу, і вось ужо над Амеліяй узвышаецца вялізны мурын у пунсовай вопратцы. Ад нечаканасці Амелія ледзь не страчвае прытомнасці і падае ў крэсла.

Нікітрон. Навошта ты выклікала мяне, няшчасная?

Амелі я. Я не хацела, гэта выйшла само сабою.

Нікітрон. Ты узяла варажбітову кнігу, прачытала магічнае заклінанне — і вось я з'явіўся. Кажы, чаго хочаш?

Амелія. Ты — Нікітрон?

Нікітрон. Так, я дух агню Нікітрон. А ты — Амелія. Я ведаю цябе, бо памагаў Чарнакніжніку наслаць на цябе той дзіўны сон, паверыўшы якому ты выйшла замуж за тутэйшага гаспадара.

Амелія (закрывае твар рукамі). Ах, які брудны падман! Я думала, што сапраўды мая дапамога, маё каханне выратуюць Альберта, што выходжу за яго з Божай волі...

Нікітрон. Не ўспамінай пры мне Бога, жанчына! Кажы хутчэй, якое ўчыніць зло, і я выканаю тваё жаданне.

Амелія (адымае рукі ад твару). Учыніць зло? Навошта? Калі ты хочаш для мяне нешта зрабіць — вярні мне Альберта, прасвятлі яго розум, змякчы сэрца.

Нікітрон (абурана). З такой просьбай ты звяртаешся да мяне, духа агню, утаймаванага Чарнакніжнікам дзеля таго, каб насылаць на людзей хваробы і няшчасці?!

Амелія (халодна). Калі ты не хочаш і не можаш рабіць дабра, — вяртайся туды, адкуль прыйшоў. Я шкадую, што выпадкова цябе патурбавала.

Нікітрон (рагоча). Ты шкадуеш і думаеш — гэтага досыць? (Урачыста.) Ведай жа: калі ты выклікала мяне і нічога не загадала, — я мушу забіць цябе.

Амелія (абыякава). Забі.

Нікітрон (расчараваны абыякавасцю Амеліі). Ты не баішся смерці, няшчасная?

Амелія. Пасля таго, што я даведалася, я не хачу жыць. Калі ты заб'еш мяне — ты зробіш добрую справу.

Нікітрон (аслупянела). Што?! Я зраблю добрую справу? Але гэта немажліва.

Амелія. Выходзіць — мажліва.

Нікітрон (разгублена). Што ж чыніць? Забіць — нельга, не забіць — таксама. Што б тут загадаў Чарнакніжнік?

Амелія (задумліва). Нікітрон, а чаму ты служыш Чарнакніжніку?

Нікітрон. Бо ён — гаспадар гэтае кнігі, а ў кнізе напісаны заклёны, якім падпарадкоўваюся я і сем маіх братоў: Ярон, Ірон, Кітрон, Фараон, Фаразон, Лідон і Сталідон. (Узрадавана. ) Слухай, жанчына, прачытай заклён і выкліч аднаго з маіх братоў — няхай ён з табой разбіраецца!

Амелія. Твае браты таксама не могуць рабіць добрых спраў?

Нікітрон. Мы можам рабіць толькі тое, што напісана ў гэтай кнізе. А ў кнізе нічога не напісана пра добрыя справы, яна створана дзеля зла.

Амелія. Не, не хачу я выклікаць тваіх братоў... Нікітрон, а чым вы займаліся да таго, як была напісана гэтая кніга?

Нікітрон. О, шчаслівыя былі тыя часы! Мы лёталі ў касмічных сферах, сярод зорак і планетаў, дзе няма ні дабра. ні зла, зямныя справы нас не датычылі, і мы пачуваліся вольнымі.

Амелія. Значыць, трэба знішчыць жудасную кнігу, і ты зноў станеш свабодным.

Нікітрон. Гэта было б цудоўна, толькі хто ж адважыцца на такое?

Амелія. Ну вось я вазьму зараз і спалю яе. (Падносіць раскрытую кнігу да свечкі.)

Нікітрон (спыняе Амелію). Пачакай, неразумная жанчына!.. Кніга згарыць, але, першае, Чарнакніжнік можа аднавіць заклёны і напісаць новую кнігу, а другое...

Амелія. Што — другое? Кажы, чаму змоўк?

Раптам магутныя грымоты скаланаюць дом, на двары ўсчынаецца навальніца. Невядома скуль на стол спадае некалькі чорных крумкачыных пёраў, апаленых і смярдзючых.

Плачкін голас (рэхам). Нікчэмныя стварэнні... нікчэмныя стварэнні... кожны з вас будзе пакараны... паводле сваіх грахоў і ўчынкаў... паводле сваіх грахоў і ўчынкаў.

Тамашоў голас (рэхам). Божая кара... Божая кара нарэшце напаткала злога Чарнакніжніка і варажбіта. Чарнакніжніка і варажбіта.

Амелія (заціскае вушы). Што гэта, Нікітрон?

Нікітрон бярэ са стала крумкачыныя пёры, разглядае іх, паказвае Амеліі.

Нікітрон. На небе ёсць перуны, магутнейшыя за Чарнакніжніка, мусіць, яны спапялілі яго. (Звяртаецца ў прастору.) О, браты мае Ярон, Ірон, Кітрон, Фараон, Фаразон, Лідон, Сталідон! Няма ўжо таго варажбіта, што заклёнамі зняволіў нас і прымушаў выконваць сваю волю!..

Амелія тым часам падносіць разгорнутую кнігу да свечкі, падпальвае і кідае ў камін. Нікітрон, пералічваючы імёны сваіх братоў, занадта позна заўважае гэта.

Няшчасная, што ты нарабіла! Я не паспеў сказаць табе: таго, хто знішчыць чароўную кнігу, чакае смерць!

Амелія (глядзіць на парэшткі кнігі). Я ўсё роўна спаліла б яе... Ах!.. (Знясілена хістаецца.)

Нікітрон хоча падтрымаць яе, але тут дзверы адчыняюцца, і ў сенцы ўваходзіць прамоклы шляхціц Завальня з ліхтаром у руках. Нікітрон адыходзіць у глыб пакоя, і Завальня не заўважае яго.

Завальня. Што з табой, Амелія? (Падбягае да Амеліі, але не паспявае падхапіць яе.)

Тая, страчваючы сілы, апускаецца на падлогу. Завальня нахіляецца, прыўздымае Амелію, абняўшы яе за плечы.

Табе блага, дачушка?

Амелія. Я спаліла Чарнакніжнікаву кнігу і цяпер паміраю... Але скажыце, дзядзечку, гэта паможа Альберту?

Завальня. Твае пакуты, тваё каханне, дзіця маё, вымольваюць у Бога дараванне ягоных грахоў...

Амелія памірае на руках у шляхціца Завальні.

О Божа, яна памерла!

Нікітрон (глядзіць угору). Яе душа ляціць на нябёсы так хутка, што нават мне, духу агню, яе не дагнаць. (Знікае.)

 

З'ява сёмая

Тае ж начы на замчышчы. Святло ліхтара ў руках пана Альберта выхапляе з цемры постаці Тамаша і Карпы, якія, адкінуўшы ўбок рыдлёўкі, нешта намацваюць і шукаюць у раскапанай яміне. З-за спіны ў пана Альберта назірае за вынікам шуканняў Чарнакніжнік.

Альберт. Ну што вы там бавіцеся! Хвіліну таму я выразна чуў, як рыдлёўка скрабнула па жалезе. Мусіць, гэта куфар з золатам і каштоўным каменнем!

Карпа. Не, гаспадар. Гэта цяжкі жалезны панцыр, які прыкрывае грудзі шкілета, а побач ляжаць іржавы меч і шалом. Паўсюль тут шкілеты: косці рук і ног у цяжкіх кайданах.

Тамаш. Бог не даруе нам здзеку з магілаў гэтых няшчасных. Няма тут, паночку, ніякага скарбу, а калі ёсць, дык зачараваны, яго не дастаць, бо ён будзе ўсё глыбей і глыбей апускацца ў зямлю.

Альберт. Брыдка слухаць тую лухту, якую ты пляцеш, неразумны мужык!

Тамаш (упарта). А яшчэ я чуў, як дасталі з зямлі зачараваны скарб, і калі нехта браў адтуль хоць пенязь, таму чалавеку нейкая невядомая хвароба круціла абедзве рукі.

Альберт. Мне ніякі пенязь не зашкодзіць. Бяры рыдлёўку і да д'ябла выкідвай з яміны гэтыя спарахнелыя косці!

Пад гэтыя словы магутныя перуны скаланаюць зямлю, зыркая маланка асвятляе велічную постаць кабеты ў белым як снег строі, з чорным уборам на галаве і ў чорным плашчы на плячах. Кабета трымае ў руках агнёвы меч, які рассякае паветра.

Плачка. Нікчэмныя стварэнні! Золату і срэбру прадалі вы свае душы. Думаючы толькі пра багацце, вы зняважылі прох героя, які слаўна скончыў тут жыццё. Прыйдзе час узняцца з магіл мёртвым, і вы будзеце зганьбаваныя перад усім светам!

На Чарнакніжніка грымоты, маланкі і Плачкіны словы робяць жахлівае ўздзеянне. Пры кожным груку яго цела працінае сутарга, твар перакошваецца ад страху, злосці і бездапаможнасці. Спачатку ён спрабуе схавацца сярод руінаў, потым — абяртаецца крумкачом... Але Плачка ўздымае агнёвы меч, з неба спадае імклівая маланка і спапяляе чорную птушку.

Спалоханы Карпа ніцма падае на зямлю. Пан Альберт слупянее і страчвае мову. Тамаш багабойна жагнаецца.

Амелін голас (рэхам). Што гэта, Нікітрон?.. што гэта. Нікітрон...

Нікітронаў голас (рэхам). На небе ёсць перуны, магутнейшыя за Чарнакніжніка...

Тамаш. Божая кара нарэшце напаткала злога Чарнакніжніка і варажбіта!

Плачка (звяртаецца да людзей, гнеўна). Шукаеце скарбаў у маім падземным палацы? Ад вашае хцівасці нідзе мне няма спакою. Няхай кожны з вас будзе пакараны паводле сваіх грахоў і ўчынкаў!

Тамаш. Прабач мне, вялебная пані Плачка! Я не прагнуў багацця, не хацеў скарбаў — злая гаспадарова воля прывяла мяне на замчышча.

Плачка (да пана Альберта). О, няшчасны! Ты ўчыніў здзек з магілаў бацькоў, ты ўвайшоў у змову з ворагам і здрадзіў айчыне, зняславіў імя сваіх продкаў Прагнуў раскошы і прывіднага багацця і не заўважыў побач з сабой багацця сапраўднага — шчырага, адданага кахання. Жыў, як вар'ят, дык стань жа сапраўдным вар'ятам да канца дзён сваіх!

Пан Альберт з роспачным крыкам кідаецца прэч з замчышча.

Плачка (да Карпы). Ты, служка, варты свайго гаспадара, хацеў купіць каханне за грошы і прадаў дзеля гэтага сваю нікчэмную душу д'яблу. Вяртайся ж дадому і даведайся, што ўчыніла ганарлівая дзяўчына, дзеля якой ты загубіў сваю душу.

Карпа ўздымаецца з зямлі і панура брыдзе за панам Альбертам.

(Да Тамаша.) Дарую табе, бо прыйшоў ты сюды не сваёй воляй. Ідзі і скажы прагным да багацця людзям: «Не дадуць вам шчасця скарбы, калі міласэрнасць не змякчыць вашага сэрца». А сумленным, цнатлівым сынам маім скажы, што насоўваецца на наш край чорная хмара, і толькі мужнасць і любасць да Бацькаўшчыны дапамогуць выстаяць на гэтай зямлі сярод няшчасцяў і прыгнёту.

Тамаш схіляецца ў паклоне і пакідае замчышча.

Плачка. Няма каму даверыць таямніцы сэрца майго!

(Захутваецца ў чорны плашч і знікае сярод руінаў.)

 

З'ява восьмая

Вітальня панскага дома ў маёнтку Магільна праз месяц. Шляхціц Завальня збіраецца ў дарогу, аглядае шаблю і пісталеты. Селянін Тамаш памагае яму сабраць немудрагелістыя рэчы.

Тамаш. Ах, пане дабрадзею, на каго вы пакідаеце гэты дом, у якім раскашуюць няшчасці і смерць? Звар'яцелы гаспадар сядзіць нерухомы ў сваім пакоі і гаворыць толькі з ценем на сцяне. Добрая душа пані Амеліі не знайшла шчасця на зямлі і паспяшалася на нябёсы. Агапка збегла з нейкім малойцам, а Карпа, калі даведаўся пра гэта, павесіўся ў стайні.

Завальня. Не вярэдзь ранаў майго сэрца, Тамашу. Шкада мне пана Альберта, хоць і справядліва пакараны ён Богам за свае цяжкія грахі. А няшчасная пані Амелія, цнатлівая і светлая, бы анёлак, яна за што пакутавала? Цяжка ўспомніць, што чынілася ў гэтым доме. (Уздыхае.) Але яшчэ цяжэй чуць пра жахлівыя падзеі за яго сценамі. Спраўдзіліся папярэджанні Плачкі: ваяры Белае Сарокі ўварваліся ў наш край, рабуюць і забіваюць людзей, апаганьваюць святыні. А заможныя паны толькі пра тое і дбаюць, каб застацца пры багацці і раскошы, ашукваюць блізкіх і саміх сябе, плявузгаюць пра веру і любасць да Бацькаўшчыны, а самі пільнуюць зручнага моманту; каб з выгадай перайсці на бок ворага. Ці ж можна ў такі час заставацца дома шляхціцу, рукі якога яшчэ не развучыліся трымаць зброю?

Тамаш. Што будзе з намі ўсімі, васпане, з нашай зямлёй, жыццём, верай? Няўжо няма ніякіх надзей на лепшае?

Завальня. Шмат наш край зазнаў розных пераменаў шчасця і няшчасця. Веру, што знікнуць чорныя хмары, закрасуе вясна, прыйдзе радасць і на нашыя лугі і палеткі. От толькі ці дажывём мы да таго часу, ці нашыя дзеці, ці ўнукі — не ведаю... Аднак, Тамашу, развітваюся з табой. Аддаю сваё жыццё ў Божыя рукі. Можа, і давядзецца яшчэ пабачыцца на гэтай зямлі. Пакідаючы на цябе хворага пана Альберта, спадзяюся на тваю цярплівасць і міласэрнасць.

Тамаш. Няхай памагаюць вам Езус Хрыстус і Матка Боска! А я праводжу вас да ваколіцы, пане Завальня.

Завальня і Тамаш знікаюць за дзвярыма. З свайго пакоя выходзіць звар'яцелы гаспадар маёнтка, зацкавана разглядаючыся. Цяжка пазнаць у гэтым хворым разгубленым чалавеку ранейшага самаўпэўненага і жорсткага пана Альберта.

Альберт. Бачыце слёзы ў мяне на вачах? Іх вы раней ніколі не бачылі, вось якая перамена са мною. Цяпер іншыя маю пагляды: тады б чалавек мог зрабіцца шчаслівым, калі б ператварыўся ў камень, калі б засыпаў яго пясок і нічога б не чуў і не бачыў, што дзеецца на свеце. Расказаў бы вам шмат, але баюся, бачыце: мухі ўсюды вакол нас лётаюць. Гэтыя прыкрыя стварэнні залятаюць і вылятаюць у адчыненае акно. Яны ўсё разнясуць па свеце, што ў нас чыніцца, як жывём, пра што гаворым, дзе і як молімся. А вы не заўважалі, якія гэтыя мухі страшныя? Я сяджу самотны ў сваім пакоі, а яны снуюцца вакол, пад страхам паглядаю на іх, бо бачу, як яны перамяняюцца ў дзіўных монстраў, гэтыя іх страшныя крылы здаюцца фракамі на нязграбных людзях, а твары іхнія размаітае формы: адны круглыя, шырокія, з крывымі плямамі, другія — сухія, з востраю бародкаю і доўгімі валасамі. І ўсе гэтыя страшыдлы глядзяць на мяне: адны здзекліва, другія пагрозліва. Мухі, мухі, паўсюль гэтыя мухі... (Змаўкае.)

За час маналога пана Альберта дом ахутвае паўзмрок, з усіх дзвярэй і акон у вітальню набіваюцца здані, у якіх няцяжка пазнаць удзельнікаў прарочага сну Амеліі, а таксама нябожчыкаў, пачвараў і нават Белую Сароку і Чарнакніжніка (зрэшты, апошнія не выдзяляюцца з агульнага натоўпу, а Белая Сарока да таго ж не выглядае прыгожай і велічнай).

(Сядае на падлогу.) Сніўся мне дзіўны сон: бачыў я Амелію, быццам пераходзілі мы з ёй праз нейкую пустэльню, дзе шмат было страшных гадзюк. Яны ўвесь час заступалі нам шлях, нібыта хацелі ўтнуць. На захадзе ў чорных хмарах патухала сонца і шумеў голы лес. Амелія, не кажучы мне ані слова, усё далей і далей ішла, журботная, сярод нейкіх руінаў.

З'яўляецца Амеліна душа, бязважкая і светлая.

Яшчэ я ўбачыў ля дарогі нейкіх жахлівых звяроў і закрычаў: «Амелія, давай вернемся дадому. Нас напаткала цёмная ноч, а падарожжа небяспечнае». Яна адказала мне, плачучы...

Амелія. О, доўгая і страшная будзе ноч! (Становіцца за спінаю ў Альберта, кладзе яму на плечы рукі.) Зараз звон і ранішняя малітва прывітаюць узыход сонца і разгоняць змрок. Гэтых звяроў я не баюся, але цябе яны могуць загрызці, дык не адыходзь ад мяне.

На авансцэну выходзяць шляхціц Завальня і Плачка... Не, гэта толькі акцёры, якія іх ігралі. Бо сам спектакль скончыўся. Акцёры чытаюць «Малітву за Беларусь», і ходам чытання святло ўсё больш разліваецца па сцэне, адсоўваючы змрок і жудасных зданяў у самы куток вітальні панскага дома ў маёнтку Магільна.

Акцёр. Божа ўсёмагутны, адхіні напасці ад Бацькаўшчыны, нашае Беларусі, захавай на векі вечныя край вольным, зямлю ўрадлівай, як маці з дзіцем пад сэрцам, паветра чыстым, ваду здаровай, нетры непарушанымі, каб цешылася з ласкі Твае ўсё жывое: і чалавек, і птушка, і жывёліна, і рыба, і малая кузурка.

Акцёрка. Уладару Нябёсны, багаславі на еднасць і ўзаемапомач люд беларускі ў кожным месцы зямлі Тваёй, накіруй на дарогу дабра і справядлівасці, спагады да блізкіх і далёкіх нашых.

Акцёр. Захавай ад варожага ўціску, вайны, голаду, мору, агню пякельнага, патопу, чорнае д'ябальскае сілы, а таксама ад брацкае нязгоды.

Акцёрка. Памажы нам захаваць у сэрцах веру нашую і славіць Святое імя Тваё на святой мове нашай роднай беларускай.

Акцёр. Дай спазнаць літасць Тваю, выбач нам грахі нашыя: зласлівасць і гультайства, распусту і хцівасць, а роўна ж і абыякавасць да лёсу Беларусі і да гора людскога.

Акцёрка. Адвядзі нас ад спакусы, здрады і нявернасці, крывой прысягі, слоў аблудных і іншых учынкаў, што губяць душы нашыя і нясуць сорам краю нашаму.

Акцёр. Сцеражы нас, Божа. ад грэху халуйства, ад прыніжэння годнасці Бацькаўшчыны і нашага народу беларускага.

Акцёрка. Не карай нас няпамяццю і не дай забыцца святое мовы нашае беларускае, гісторыі і традыцыяў нашых, а дай сілы і шчырасці з адданай любасцю і пашанаю прымнажаць адвечнае і высакароднае, што стварылі для нас продкі нашыя.

Акцёр. Божа магутны. Божа літасцівы, пашлі нам сілаў і цярпення ў стараннях нашых аб росквіце і волі Бацькаўшчыны нашай і дай нам бязмерную любасць, каб мы бясконца любілі святую Беларусь, і захавай яе нам на векі вечныя.

Акцёрка. У імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Аман.

Заслона




Тэкст падаецца паводле выдання: Напісанае застаецца : сучасная беларуская драматургія : [для старэйшага школьнага ўзросту]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2011. - 226, [2] с. - ( Школьная бібліятэка)