epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Манвад

Міф пра смерць

Аповесць-прысутнасць

Пасля ўрачыстай лінейкі ў школе да мяне падышла незнаёмая жанчына.

- Вы настаўнік? - спытала.

- А хто вам трэба? - няўважліва азваўся я, пазіраючы, як дзеці разыходзяцца дадому. Мінуў год маёй самастойнай працы, і мяне не пакідала радаснае пачуццё, што ён не прайшоў дарэмна. Калегі-настаўнікі мяне хвалілі, вучні таксама, здаецца, не мелі асаблівых прэтэнзій.

- Я маці Сузаны Гайвер, яна вучылася ў адзінаццатым класе...

- Слухаю вас. - Я насцярожыўся і ва ўпор паглядзеў на жанчыну. Ёй было гадоў сорак пяць. У строгім касцюме, са скураной сумачкай на руцэ яна трымалася падкрэслена дзелавіта і нават з нейкай фанабэрыяй.

«Зараз задасць перцу!» - прамільгнула ў маёй галаве; я ліхаманкава пачаў успамінаць, чым мог «правініцца» перад Гайвер.

- Справа ў тым, што мая дачка збіраецца паступаць ва ўніверсітэт, і таму я вырашыла ўзяць кансультанта па літаратуры. Разумееце? - Я кіўнуў, не перабіваючы. - Вось і прашу вас аб гэтым...

- Мяне? - Мне падалося, што я не дачуў. - Але я сам яшчэ студэнт чацвертага курса, хутка буду здаваць экзамены за летнюю сесію... Чаму раптам я?

Жанчына нецярпліва перавесіла на плячо сумачку, натрэніраваным жэстам - ад сябе - адвяла руку з мініяцюрным гадзіннікам на залатым тоненькім бранзалеце.

- Мне парэкамендавала вас Сузана, - суха сказала яна. - Дык якое ваша слова?

«Ну, калі Сузана!..» - з палёгкай уздыхнуў я. Хвіліну павагаўся, не ведаючы, што адказаць. Канешне, лішнія клопаты пад час сесіі былі непажаданымі. Я і так не паказваўся на факультэце амаль паўгода, і яшчэ невядома было, як паставяцца выкладчыкі да такой вольнасці. Калі «заўпарцяцца» - давядзецца зубрыць усё, што прапусціў. І тады кансультацыі спатрэбяцца ўжо мне самому. Аднак і адмаўляць жанчыне было няёмка. Яна ў рэшце рэшт шукала мяне, спадзявалася...

«Няхай, - махнуў я на свае сумненні. - Абы грошы...»

На здзіўленне, мы хутка дамовіліся і развіталіся. Да вечара.

 

Роўна ў 19 гадзін я пазваніў у кватэру Гайвераў. За дзвярыма затупацелі, скрыпнула «вочка» і потым таропка зашчоўкаў замок. З калідорнага прыцемку на мяне выглянулі дзве пары вачэй - Сузаны і вялікай чорнай аўчаркі.

- Салют! - неяк па-свойску прывітаўся я і пераступіў парог.

- Калі ласка, - Сузана падала мне тапкі, прыкрыкнула на сабаку: - Фу, Блэк! На месца!

- Кусаецца?

- Ахоўвае, - паправіла яна. - Вы ж чужы...

Ад неспадзеўкі я прыкусіў губу, змушана памаўчаў. Сузана заўсёды была такой недаступнай, звычайным словам магла лёгка пакрыўдзіць. Мабыць, і сама не хацела, але так ужо атрымлівалася, што іншыя з-за гэтага цярпелі. Я, зрэшты, яе не разумеў.

Мы прайшлі ў невялікі пакой, дзе ўсюды - на серванце, на шафе, на старадаўняй канапе з шырокімі мяккімі падлакотнікамі, у глыбокай плеценай карзіне - былі цацкі. Самыя розныя - плюшавыя, гумавыя, пластмасавыя. Здавалася, яны ўтваралі для Сузаны своеасаблівы інтэр'ер.

- Хо! Здорава! - Я не мог схаваць свайго захаплення. - Проста здорава! Я так лічу: гэта краіна тваёй мары...

- Гэта мая рэальнасць, - на поўным сур'ёзе заявіла Сузана. Яна рассунула шторы - стала намнога святлей, выняла з-пад швейнай машынкі чырвоны круглы пуфік. - Сядайце. Я пайду пераапрануся: мы толькі што вярнуліся з прагулкі. З Блэкам.

«Дзіўная», - ніякавата паціснуў я плячыма.

Сузана доўга не затрымалася. У карычневым халаце яна зрабілася зусім маленькай. Чорныя валасы веерам ляжалі на плячах, твар у адначассе здаўся нейкім выцягнутым і здрабнелым. Выразней абазначылася невялікая гарбінка на носе.

Я адчуў, што заглядзеўся на Сузану з непрыхаванай цікавасцю.

Яна прысела на канапу, захутала ногі ў пакрывала. Цёмныя вочы пазіралі кудысьці паўз мяне і не выяўлялі ў гэты момант ніякіх пачуццяў.

«Мгм, вясёленькага мала...» - падумаў я і пачаў тлумачыць план нашых будучых кансультацый. Праз колькі хвілін зразумеў - не магу. Нешта прыгнятала мяне ў гэтай кватэры, пастаянна прамушала звяртацца да чагосьці іншага. Цацкі наводзілі на роздум, што Сузана жыве з імі як з жывымі. І што за акном, завешаным шторамі і цюлем, ёй намнога лепш, чым на вуліцы. І мае візіты для яе ёсць ні што іншае, як, мабыць, даніна модзе дачкі багатых бацькоў ці, у рэшце рэшт, жаданне задаволіць сваё самалюбства.

Сам не ведаю - як, але ў мяне рэзка вырвалася:

- Сузана, а ты хочаш вучыцца?

- Я надта люблю многа ведаць.

- Скажы: навошта?

Яна ўпершыню ўважліва паглядзела на мяне, ціха задумалася і нічога не адказала. Як бы вырашыла перачакаць. Падражніць нейкай таямніцай.

Мяне толькі перасмыкнула ад яе дзівацтваў. Я не ўспрымаў усур'ёз такія гульні. Мне адразу стала сумна. Я паспяшыў развітацца. Выходзячы з пад'езда, на поўныя грудзі ўдыхнуў цёплае вячэрняе паветра і з дзіцячай усцешанасцю павіншаваў самога сябе: «Ну, нарэшце...»

 

У інтэрнаце я жудасна напіўся. Чамусьці хацелася пасля сённяшняга расчаравання, якое паспытаў ад Сузаны, даказаць самому сабе, што ўсё намнога прасцей, чым ёй здавалася. У пакоі нікога не было - хлопцы раз'ехаліся, і я піў адзін. Калі сцямнела, раскрыў акно і пры кожным шалёна-асляпляльным росчырку маланкі глытаў колькі грамаў гарэлкі ці шпурляў аб сцяну што-небудзь шкляное - вітаў прыродную стыхію. Гэта было сапраўднае шаленства. Я не пазнаваў сябе. Фіялетавыя змейкі, агнявыя расколіны на бяздонна-чорным небе будзілі ўва мне спрадвечна дзікія інстынкты, з якімі я ні на хвіліну не сумняваўся, што ўсё магу.

На шум прыбегла Вера - Ліпка, як называлі яе студэнты. Згледзеўшы дзяўчыну, я зусім звар'яцеў ад сваёй няўтрымнай натуры. Наліў Веры шклянку гарэлкі, пачакаў, пакуль яны вып'е, і ўжо звыкла-распусную паваліў на ложак, узяў сілай, як не згвалціў. Засынаючы потым, я адчуваў сябе супакоеным і нейкім прыемна-шчуплым ад лёгка здзейсненага задавальнення...

 

Назаўтра не стала лягчэй. Я ўспомніў: ад чаго ўвесь гэты вэрхал. Аднак цяпер ён не ўзнімаў настрою, наадварот, хацелася схаваць вочы і нічога болей не бачыць і не ведаць. Абшарпаныя сцены, пабітыя бутэлькі наводзілі на мяне сумную паніку. Няўжо я так жыў? Няўжо гэта была мая рэальнасць, якую не заўважаў? Я гатовы быў праваліцца скрозь зямлю ад сораму. Пасля наведвання Сузаны такое існаванне ўяўлялася чымсьці вычварным, быццам несапраўдным...

У горадзе цэлы дзень ліў дождж, усе знаёмыя вуліцы, дамы ператварыліся ў штосьці чужое, невядомае. Навокал была толькі шэрая застылая маса. Гэтае адчуванне праймала дарэшты. Здавалася, на мяне надзелі мокры непрабівальны каўпак, у якім я мог задыхнуцца. Думкі мае блыталіся, і неспакой спакваля закрадваўся ў душу.

Сузана здзівіла - яна ўсміхалася. Я спадзяваўся, што ў такое надвор'е яе апануе яшчэ большы смутак.

- Што з табой? - спытаў я ледзь не з зайздрасцю.

- Бацька прыслаў ліст. З Эгіпта.

- Ясна... Слухай, а дзе твая маці?

Сузана забаўна цепнула плечукамі пад доўгім - да калень - вязаным пуловерам.

- Яна заўсёды на працы, дома амаль не бывае. Працуе ў міністэрстве. - Павагаўшыся, як між іншым дадала: - Замежных спраў.

- Значыць, ты цяпер адна?

Яна стрэльнула ў мяне кплівым позіркам.

- Я ніколі не бываю адна, каб вы ведалі!..

«Зноў!..» - ледзь не вырвалася ў мяне. Выходзіла, што няўзнак закрануў яе нейкую струну, але якую - не здагадваўся нават. Умомант зрабілася неяк не па сабе. Стрымліваючыся, вінавата зазначыў:

- Ах, праўда... Блэк, твае цацкі. - У мяне сумятліва перахапіла ў горле. - У цябе ж усё сваё. І не тая, што за акном, рэальнасць.

- Не тая, якая ў вас, - адпарыравала Сузана.

Я неадабральна скасавурыўся на яе.

- Але паслухай! Ты не маеш права так... так сябе паводзіць, Сузана!

- Маю!

Яна ўпарта бліснула чорнымі вачыма і раптам пабялела. З нейкай рашучасцю ўставілася на мяне, быццам гатовая накрычаць. Яе перамена так уразіла, што я застыў на месцы. «Адкуль у яе гэта?..» - прызыўным рэхам зварухнулася ў маёй свядомасці цяжкая, як налітая свінцом, думка і неўзабаве згасла - ад няяснага страху.

Сузана рэзка крутанулася, хаваючы няўтрымную сарамяжлівасць на твары, стрымгалоў нырнула ў свой пакой.

Я застаўся ў калідоры. У трумо адбіваўся мой збянтэжаны цень, і я, нязводна пазіраючы на яго з прыцемку, чамусьці бязлітасна падумаў: гэта ўсё, што ў мяне ёсць на сённяшні дзень. Дзе сябе растраціў ці згубіў - было загадкай. Але тое, што я перамяніўся, не выклікала ніякіх сумненняў. Далёка недзе апынуліся, пабляклі і зніклі юначыя мроі, калі свет расхінаўся насустрач маім жаданням і не было нічога, перад чым я пасаваў бы. Мая ўпэўненасць дазваляла мне жыць так, як я лічыў патрэбным. Цяпер сабою, як ні імкнуўся настроіцца, не выпадала ганарыцца.

«Успаміны - добрая рэч, калі ў іх закладзена надзея», - па-філасофску падагульніў я. Думкі зноў перакінуліся да Сузаны, я паспрабаваў разабрацца, што гэта ўсё-ткі было і дзе шукаць вінаватага. Яе чарговы капрыз ці звычайныя прыступы меланхоліі? Ці нешта глыбей? Але тады павінен быць вінаватым я. Толькі з якой прычыны? У школе, здаецца, не было ніякіх праблем з Сузанай, мы кантактавалі выключна на ўроку і потым, безумоўна, забываліся адно на аднаго. Яна была пастаянна замкнутая ў сабе, мне хапала клопатаў з іншымі вучнямі...

«Тут і ўспамінаў няма, не тое што...» - абыякава адгукнулася ўва мне.

Па калідоры нячутна прайшоў Блэк. Пастаяў, перш чым завярнуць у пакой да Сузаны, азірнуўся на мяне спакойнымі разумнымі вачыма. Я стрымана ўздыхнуў: сабака, аказваецца, спачуваў мне болей, чым яна.

Сузана адразу паклікала яго да сябе: «Блэк, ты тут?..» Па голасе было чуваць, што яна таксама трымаецца не вельмі ўпэўнена і рада, што знайшлося на каго пераключыць сваю ўвагу. Мне зрабілася ніякавата: толькі зараз дапяў, што паводзіў сябе неяк не па-мужчынску. Сузана сядзела за сцяной, мабыць, пакрыўджаная, што ўсё так атрымалася, а я стаяў у цёмным калідоры і маўчаў. Як бы назло ёй.

«Сітуацыя, канешне, - ворагу не пажадаеш», - збянтэжана падумаў я, уголас дадаў:

- Дождж не перастае, Сузана?

- Ідзе.

- Што ж рабіць?..

На маю наўмысную заклапочанасць Сузана ледзь чутна засмяялася. Пасля, схамянуўшыся, спытала:

- А мы будзем сёння займацца?

- Ну вядома! - з ахвотай адгукнуўся я і ў дзвярах раптам замёр ад саладжавага, да колікаў у грудзях, утрапення. Вочы самі ўвільгатнелі ад убачанага, і хваляванне ўмомант перапоўніла мяне нейкім бясконца блізкім шчасцем. Здаецца, ніколі яшчэ я так шчыра не верыў, што яно магчыма і што можа быць такім простым, звычайным і адкрытым...

Сузана быццам адчувала, як мяне ўразіць: узаемнасцю гэтай веры. Сядзела на падлозе, абняўшы Блэка, прыхінуўшыся да яго шчакой, і доўга, нязводна глядзела на мяне. Я здагадваўся, што за акном па-ранейшаму грукацеў дождж, вецер шумеў галлём дрэў. Аднак усё гэта гублялася дзесьці далёка-далёка, нібыта было чужым і несапраўдным. Я болей не жадаў ведаць яго. Ведаў толькі тое, што было зараз перад вачыма. На смуглявым твары Сузаны блукала нясмелая ўсмешка, вейкі дзіўна ўздрыгвалі, і вусны нервова кусалі сабаку за вуха.

- Дождж... ліе, - ледзь вымавіў я, абы хоць штосьці сказаць.

Сузана адмоўна пахітала галавой. Ціхім і хрыплаватым - мусіць, ад перанапружання - голасам сказала:

- Мне здаецца, што не...

- Ты так хочаш?

- Хачу.

Яе скрадлівае прызнанне нібы падкасіла мяне. Я апусціўся таксама на падлогу, з сарамлівай пакутай пераглянуўся з Сузанай. Больш папрасіў, чым запярэчыў ёй:

- Але ж нельга жыць толькі па ўласным жаданні.

- Можна, - амаль прашаптала яна.

- Па якіх законах?

- Ніякіх.

- Тады як быць з прыродай? - разумеючы, што ахвярую яе шчырасцю, дапытваўся я. - У прынцыпе, ты не адмаўляеш, што дождж ідзе?..

Сузана прытуліла твар да Блэка - відаць, ёй цяжка было гаварыць аб усім гэтым. Грудзі пад пуловерам усхвалявана таргануліся, валасы рассыпаліся па сабачай поўсці - такія ж чорныя і зіхоткія ў сваёй незвычайнай прыгажосці. Яны быццам і дыхалі разам, Сузана і Блэк...

- А я, калі гляджу на дождж, - нарэшце парушыла яна маўчанне, - абавязкова думаю, каго ён ужо намачыў. Раней. Гэта, канешне, былі розныя людзі, многія жылі даўным-даўно... Ведаеце, дождж дае мне такі цуд - адчуваць іх. Мусіць, нешта падобнае... Вельмі блытана я гавару. - Сузана разгублена пасміхнулася, абхапіла калені рукамі, і я ўбачыў, як дробна дрыжэлі яе пальцы. - Са мною так... Я яшчэ не магу дакладна выразіць сябе, але ў адным упэўнена: людзі жывуць не проста абы жыць, і пасля іх смерці застаецца інфармацыя. Я чытала... Нешта накшталт надматэрыяльнай субстанцыі. Калі пастаянна думаеш пра тых, хто быў да цябе, табе перадаецца іхняя энергія. Яна валодае табой, і ты часта вяртаешся да знаёмых, каго ведаў ці ведаеш, пра каго чуў - у сваіх думках, снах. Апынаешся быццам у вечна жывой прасторы: яе можа не быць наяве, але яна - у табе. Паўтараецца рэальнасць... - Сузана дагодліва абвяла мяне стомленным паглядам. - Я вам яшчэ не надакучыла?

Я не зрушыўся з каленяў - у знак удзячнасці, так і не ўсвядомленай да канца.

 

Я сустрэў Сузану ля пад'езда: яна стаяла пад казырком. Дажджу сёння не было, адно пырхала бясконцая імжа ды вецер страсаў халодныя кроплі з лісця дрэў. У двары было пуста, стол, дзе гулялі ў даміно, пачарнеў, і ў пясочніцы сіратліва валялася пакінутае дзіцячае вядзерца.

- Пра каго думаеш цяпер? - спытаў яшчэ здалёк.

- Ні пра каго, - прызналася Сузана. - Я проста здагадвалася, што якраз такой парою не размінуцца толькі двое...

- І хто яны?

- Мы з вамі.

- Нават так, - як падлоўлены, радасна выгукнуў я. - І ў гэтым ёсць нейкая заканамернасць?

Я глядзеў, мусіць, ужо занадта настойліва - яна адвяла вочы. Утаропілася перад сабою на бетонную агароджу, за якой віднеўся пабелены аднапавярховы будынак. Твар Сузаны быў задуменна-засяроджаным, яго смуглявасць адцяняла падвязаная пад шыю шаўковая ружовая хустачка. На тонкіх, злёгку сціснутых вуснах ляжалі прахалодныя кропелькі імжы.

«Няхай толькі скажа, што яе засмучае!..» - настройваў я сябе, хоць зусім не ўяўляў, што зрабіў бы ў тым выпадку.

- А дзе Блэк?

- У парку... Пойдзем і мы туды? - Яна паказала рукой на бетонную агароджу.

Я раскрыў парасон, асцярожна падняў яго над Сузанай. Убачыў, як яна ўдзячна ўсміхнулася. Сэрца сціснулася ў маіх грудзях па-дзіцячы салодка і няўтрымна. Сузана ішла крыху паперадзе, пахіліўшы галаву, глыбока засунуўшы рукі ў кішэні тонкага, залацістага колеру плашча, і думала аб нечым сваім.

Я губляўся ў здагадках. Здаецца, яна была такой, як звычайна, якую я ведаў і запомніў за год вучобы ў школе: ніякай знешняй актыўнасці, увага толькі да сябе, да іншых - тады, калі было неабходна. Але цяпер гэта неяк падазрона ўражвала. Мне цяжка было вытлумачыць - чаму. Проста, мусіць, я знаходзіўся ўжо намнога бліжэй да Сузаны, чым дагэтуль, і разумеў, што ў такім нязмушаным існаванні, напэўна, і выяўлялася найбольш праўдападобна яе сутнасць. Ёй не трэба было пра нешта клапаціцца, нешта знаходзіць ці ствараць, каб рэалізаваць сябе, свае магчымасці і здольнасці. Свет Сузаны быў падначалены ёй поўнасцю.

У мяне ўнутры засмактала туга. «Брава, гавару як запраўскі філосаф! - і адразу, з доляй песімізму, я астудзіў сябе: - Навошта тады ўскладняць тое, што і так нам належыць? Ці не лепей проста жыць ад ранку да вечара, ведаць, што заўтра сонца ўзыдзе зноў і што мы ўсе будзем хадзіць на нагах, а не на вушах? Свет гэты не скрануць з месца і не перайначыць, нават калі моцна захацець...»

- Прывык ужо ў вас, - уголас вымавіў я. - Усё знаёмае, зручнае. Быццам сто гадоў жыву тут.

- І ў мяне было, - нечакана ажывілася Сузана. - Праездам апынулася ў адным горадзе, а такое адчуванне, што я калісьці яго ўжо праязджала... А яшчэ сёння перачытвала бацькаў ліст. Ён піша пра пустыню, вярблюдаў - ну, як звычайна ў Эгіпце. Потым - пра піраміды, Каір... Я сяджу, заплюшчыла вочы - і ўсё бачу! - Сузана са здзіўленнем павярнулася да мяне. - Паверыце?! Я там ніколі не была, проста чытала ліст і ўяўляла... І мне падалося, што няўлоўная частачка мяне апынулася ў Эгіпце. Можа, нешта падобнае да надматэрыяльнай субстанцыі? Бывае ж такое, праўда? Памяць мая перанеслася туды, і тата быў са мною, як вы цяпер...

Я без асаблівага энтузіязму цепнуў плячыма.

- І колькі, на тваю думку, такіх памяцяў блукае па зямлі?

- Яны ўсе зберагаюцца, ад кожнага чалавека.

- Я штосьці чуў пра гэта...

За бетоннай агароджай была бальніца - стары будынак з дзвюма калонамі пры ўваходзе. На рагу сінеў густы куст бэзу. Трава ад дажджу здавалася яшчэ зелянейшай. Нешырокія алеі былі ўсыпаны шчэбнем, нядаўна пабеленыя бардзюры вялі кудысьці ўглыб парка...

Мы прайшліся туды-сюды сярод маўклівых дрэў. Цішыня была такая, што ажно рэзала слых. Неба ўжо зусім перастала імжыць; здавалася, нават крыху пацяплела.

Нас дагнаў Блэк. Пацешна віскнуў, калі Сузана расставіла яму насустрач рукі. Ледзь не збіў яе з ног.

- У яго сёння свята - дзень народзінаў, - сказала Сузана, дзьмухаючы на вялікі чорны нос сабакі. - Таму ён і гуляе. До-обры Блэк!..

Я прысеў побач з ёй.

- І колькі імянінніку?

- Два гадкі.

Яна патрапала сабаку за вушы, неяк сілай пасунула яго галаву ў мой бок - каб таксама пагладзіў. Я асцярожна правёў далонню па гладкай мокрай поўсці. Блэк, страляючы вачыма то на Сузану, то на мяне, не пераставаў махаць хвастом.

- Прызнае ўжо...

- Ведаеце што? А давайце я вас усіх з'агітую! - раптам узгарэлася Сузана, няўлоўна кранаючыся майго пляча. - Мы пойдзем дамоў і вып'ем гарбаты. З маімі любімымі сухарыкамі. Ага?

Я з нейкім нерастрачаным сумам азірнуўся вакол сябе. Цішыня па-ранейшаму стаяла ў парку густая і глыбокая, як быццам усё, што было за бетоннай агароджай, сюды не пранікала. «Забыцца б тут...» - працяла мяне шалёная думка.

Сузана хітравата заглянула мне ў вочы, прасунула руку пад маю. Нібы ўгадваючы, супакоіла павучальна:

- Мо галоўнае - не што тут, а - хто...

Я запытальна ўзняў галаву.

- Горад зараз ні пры чым - ён глухі і нямы, у ім, бачыце самі, - і дрэвы, і дамы, і можа крапаць дождж, але каб горад ажыў, гэтага мала. Згадзіцеся? У ім павінен прысутнічаць розум... Чалавек робіць усё па-свойму. Цяперашняя рэальнасць служыць яму толькі люстэркам, у якім адбіваецца тое, аб чым ён думае, чаго жадае. І кожны паварот у гэтым люстэрку стварае зусім новую рэальнасць.

- Ты вечна гаворыш загадкамі...

- Я хачу, каб мы разумелі адно аднаго.

- Мне пакуль што няпроста разумець.

Сузана злёгку паціснула мае пальцы. Тоячыся, ціха спытала:

- І зараз?

- Зараз - не. - Я наблізіў твар да яе валасоў, адчуў іх дотык на шчацэ. Сэрца ўскалыхнулася так балюча, бы разрывала грудзі. Кроў прыліла ў скроні, і свядомасць мая памутнела. - Не, - паўтарыў яшчэ раз як мага выразней, заўсміхаўся: - Толькі ўжо не разумею, на якім свеце жыву...

- У свеце думак і пачуццяў, мрояў ды ілюзій, - быццам адкрылася нарэшце Сузана і ўжо са смелай праясненасцю на твары павяла мяне на кватэру.

 

- Дзіўныя мы з табой людзі, - прызнаўся я пасля гарбаты.

Сузана на момант адарвалася ад кухоннага стала, па-гаспадарску пераканаўча прагаварыла:

- А мы такія, як усе. Я мыю посуд, вы - паліце; мы нічым не адрозніваемся ад астатніх.

- У чым тады прычына...

- ...што ў нас усё па-іншаму? - перахапіла яна. - Проста мы бачым, як жыць.

- І толькі? - усумніўся я.

Вечарам, калі вяртаўся ў інтэрнат, адчуў, што Сузана не памылялася. Горад, які заўсёды здаваўся мне аднастайна шэрым, каменным і нецікавым, раптам нібыта ажыў у маіх вачах. На яго вуліцах, залітых святлом вітрынаў і ліхтароў, з'явілася нейкая бясконцая і радасная надзея. Вецер прынёс сухавата-лагодную вестку аб заўтрашнім цёплым дні і спадзяванне на сустрэчу з Сузанай. Агромістае цёмнае неба плёскалася рэдкімі заблукалымі хмарамі, зырылася ўніз мігатлівымі зоркамі, і ўзнікала перакананне, што рука, якая акуратна развесіла іх - бы маякі - сярод сузор'яў, прыветна махае мне з таго берага. Як ні дзіўна, але я ўжо многае мог разгледзець у гэтым мудрагеліста ўпарадкаваным свеце.

У выхадныя я бязвылазна праседзеў у інтэрнаце, чытаў патрэбную кніжку і нават выставіў за дзверы Веру-Ліпку. Але ўсё роўна адчуваў сябе пагана. Няпэўнасць, што неадступна суправаджала мяне, прыгнятала. Я зусім закінуў сесію і экзамены - галаве было не да іх. Нічога не заўважаў побач - не мог. Усё быццам страціла для мяне сваю штодзённасць, прывычку і значнасць. Гэта было тым больш незразумела, што я ніколі не сутыкаўся з падобнай праблемай. Жыў як па заказу. Цяпер выпадала думаць пра будучае, і думкі нязменна абарачаліся вакол Сузаны - такой непрадказальнай, што я пачынаў ужо баяцца за сябе.

Добраахвотная «адсідка» на два дні падалася цэлай вечнасцю. У інтэрнаце было глуха, як у бочцы, і я за гэты час зусім згубіў арыентацыю наконт таго, што адбывалася наўкола. На дварэ, як і чакалася, было сапраўднае лета: з цыганскай вераб'інай гаманой уранні і бездыханнай спякотай днём, калі ад развідна да зацемкаў у аконным праёме стаяла адна чыстая некранутая сінеча. І было такое нясцерпнае адчуванне, быццам я знаходзіўся ў клетцы пад вадой і нічым не мог сабе дапамагчы - толькі сузіраннем. Ад немагчымасці штосьці перайначыць хацелася выць...

У нядзелю вечарам я не вытрымаў - кінуўся тэлефанаваць. «Пара вырашыць! - гудзелі нацятыя жылы. - Пара!..» Зараджаны адным словам вырашыць усе праблемы, ледзь дачакаўся, пакуль нейкая бабуля раскажа па тэлефоне-аўтамаце знаёмай пра страўнік свайго сабакі Мулі.

«Старасць жахлівая тым, што пасля яе ўжо нічога не будзе! - раздражнёна падумаў я. - Таму многія і заводзяць рознае звяр'ё, каб клапаціцца пра яго здароўе, хваробы, а можа, і смерць...»

Трубку падняла маці - я пазнаў яе голас: цудоўна пастаўлены, выразны, строгі.

- Кватэра Гайвераў.

- Добры дзень, - заірдзеўся я, нават схаваны ад яе вачэй. Похапкам спытаў: - Скажыце, Сузана дома? Мне тэрмінова трэба...

- А хто пытае?

Я назваўся.

- Ага, - больш прыязна прагаварыла яна. - Значыць, гэта вы. Я ўжо забыла і думаць... - Пацікавілася: - Ну, як вашы справы?

- Добра... Сузана - здольная вучаніца.

- Я радая. Зараз паклічу.

Пасля прывітання і агульных слоў я адчуў, што Сузана не менш майго жадае сказаць нешта вельмі важнае. Яна паводзіла сябе неспакойна, адказвала недамовамі, відавочна зберагаючы свае затоеныя думкі да больш спрыяльнага моманту. Я таксама астыў ад былой рашучасці, не разумеючы, што я браўся высвятляць.

«Эгаіст! - пакпіў з сябе. - Сузане не лягчэй, і то яна верыць...» Спроба неадкладнай развязкі здалася мне несправядлівай.

- Я сумую.

- І мне сумна, - прызналася Сузана.

- Праўда?

- Праўда...

- Знаеш, Сузана, хацелася спытаць у цябе... Толькі ты, калі ласка, не крыўдуй. - Яна паабяцала «не буду», і я збянтэжана прадоўжыў: - Гэты дзень... Я ўжо не кантралюю сябе. Штосьці такое - адзін ды адзін... А ў галаве ўсё перамяшалася, усё на свеце... Алё?

- Я слухаю, - неяк асабліва ўважліва вымавіла яна.

- Я думаў, што гэта проста так. Пройдзе... Аказваецца, памыляўся. Сапраўды, мусіць, ёсць у прыродзе энергія, якая перадаецца на адлегласці... Ты не адчувала яе, Сузана?

- Даўно ўжо.

- Даўно?.. - У мяне, здаецца, ажно пацямнела ўваччу - ад таго, што ні аб чым не здагадваўся раней. Каб прыкрыць разгубленасць, вымольна зашаптаў у трубку: - Але як? Чаму, Сузана?

- Можа, таму, што гэта мы...

- І калі яно ўсё пачалося... у нас?

- З першага дня.

- І ты ўвесь час маўчала? Сузана?! - Ува мне імгненна ўзрасла прыемная заклапочанасць тым, што пачало раскрывацца перада мною. - Мы ж маглі... нічога не ведаць, праўда? Разышліся б, прапалі... Што казаць?! Алё?

Сузана вытрымала паўзу - занадта доўгую, каб асэнсаваць сказанае. Потым гучна ўздыхнула і, як кідаючыся ў загадзя напрарочаную незваротнасць, толькі пажадала:

- Будзь сёння ў маіх снах.

- І ты - у маіх... - рэхам паўтарыў я.

Павесіўшы трубку, я ў прыліве пяшчоты пацалаваў нагрэты за дзень тэлефонны дыск. Адчуў на вуснах мяккую цеплыню - нібы дотык адвечнага сонца.

 

Мы былі як дзеці - нясмелыя на адзіноце і поўнасцю даступныя адно аднаму на вуліцы. Гэта было дзіўна, але, па вялікім рахунку, горад быццам страціў для нас свае законныя абрысы. Мы маглі заўважаць у ім толькі тое, што ўспрымалася выключна нашымі пачуццямі: рух, шум, прастору, зрэдку - колер. Зялёны, жоўты, шэры. Увесь калейдаскоп перамен цяпер праходзіў дзесьці на ўзроўні падсвядомасці, асобна ад душэўных перажыванняў, даючы магчымасць не задумваючыся спажываць гэтую асалоду, што так нечакана звалілася на нас.

Мы прагулялі цэлы дзень. Ён быў такі доўгі, што для нас, змучаных, шчасце падалося намнога цяжэйшым, чым уяўлялася. Мы ледзьве прычакалі вечар, каб хоць неяк упарадкаваць сваю нутраную бязмежнасць, што нібыта выплеснулася вонкі і ўразіла нас нязвыкла-новай рэчаіснасцю. Той, што самі сабе, як вынікала, і стваралі.

Лёгкі змрок паволі асеў у двары, контуры прадметаў расплыліся, гукі сталі больш рэдкімі і прыглушанымі. На небе з'явіліся першыя зоркі. За бетоннай агароджай, у траве густа засакацелі конікі. Патрывожана залапатала крыллем, пералятаючы з дрэва на дрэва, нейкая птушка. У кустах працяжна адгукнуліся каты.

- Мы вяртаемся сюды. Нас сустракаюць... - з настальгічнай радасцю прагаварыў я, і Сузана ціхмяна схіліла галаву - засмяялася.

- Як прыемна ведаць, што ты нідзе не прапаў, праўда? - Яна наблізілася, паклала далоні мне на грудзі. - А ты баяўся...

- Ужо не.

- Не падманваеш?

- Ні-ні...

Нашы целы даверліва дакрануліся адно да аднаго, і па мне прабегла тугое хваляванне. Я ўпотайкі перавёў дыханне, абняў Сузану за талію. Адчуў п'янкую пругкасць і цеплыню яе грудзей. Чамусьці ўспомніў Сузану ўсю - невысокую, чорнавалосую, з какетлівымі завітушкамі ля скроняў, у зялёнай майцы, замшавых басаножках і белых шкарпетках - і сэрца маё заныла ад салодкага ўтрапення.

- Ласун! - прыцмокнула языком Сузана.

- Каюся: грэшны. Апусціўся на зямлю і адразу саграшыў.

- Не мы першыя... Грашылі і ў раі. Бо перамагае заўсёды ў такіх выпадках не страх.

- А што?

- Ну, я не ведаю... Па-мойму, страх, боль, дабро ці зло прыдумалі для сябе самі людзі. Змаладушнічалі проста. Нічога ж падобнага не было ў яго - Бога... Ён жа пачынаў калісьці з нуля і валодаў толькі адным - пазнаннем. Так і нам даручана жыць - пазнаннем. Мы павінны многае зразумець, адкрыць і - галоўнае - убачыць у сабе, каб здзейсніць задуманае Творцам.

- Ты хочаш сказаць, што і я для цябе - бог, і ты для мяне - бог? Калі мы жадаем раскрыцца адно перад адным?

- Спадзяюся, ты не супраць гэтай зямной ролі?

Замест адказу мы абняліся; Сузана сцішылася ў мяне каля пляча. Яе валасы пахлі цяплом - нібы сонца нават зараз, у прыцемку, перадавала мне сваю пяшчоту. У грудзях маіх спакваля разлілася мілая спагада.

- Я ўжо ні ў чым не сумняваюся.

- І не трэба. За нас гэта зрабілі іншыя. Застаецца спадзявацца, што ўсё будзе добра.

- Ты мяне палохаеш, Сузана...

- Зусім не, - таропка запэўніла яна, правяла пальцамі па маёй шчацэ; неяк з-пад сябе, прыглушаным голасам прызналася: - Цяпер ужо - добра. Я даўно не была такой спакойнай... Раней, я знаю, жыла верай, у якой было больш адчаю, чым маёй свабоды. Я верыла, што нехта ёсць на свеце, можа, нават і Бог, але баялася... малая, а баялася смерці. Нагледзелася нябожчыкаў: чалавек ляжыць, не варушыцца, значыць, нічога не думае. У ім - пуста. - Сузана памаўчала, мабыць, успамінаючы сваё, далёкае, праз момант сказала: - Калі пуста, гэта горш за смерць. Бо ў мяне былі асацыяцыі, што людзі толькі тут паміраюць, целам, усё астатняе - нідзе не прападае. Энергія вобраза існуе далей, у іншых вымярэннях. Якіх? Тайна, да якой пастаянна імкнулася мая душа... - Сузана раптам прыемна рассмяялася, вусны яе, шукаючы, дакрануліся да маёй шыі, пасля - шчакі. - А вось што ў цябе за вымярэнне? За таямніца, што цягне да цябе? Га, калючы?..

Я з гатоўнасцю разняволіўся пасля яе маналога.

- Ты спакушаеш, не раўнуючы, як Клеапатра! І дзівіш мяне кожную хвіліну. Што такое, Сузана? Буду крычаць...

- Ц-с-с! - прашаптала яна, імгненным дотыкам пацалавала мяне, адступілася і па-змоўніцку выгукнула з цемнаты: - Мы ж ведаем, што робім, угу?

«Я ведаю толькі, што гару сінім полымем. І тут, на зямлі, і там, дзе мы былі ў нашых фантазіях...» - гарачай хваляй шуганула ўва мне. Нават жоўты прастакутнік акна, што неўзабаве засвяціўся на трэцім паверсе, здаўся цяпер нібыта расхінутым насцеж уваходам у нейкую апраметную.

«Так і ёсць - апраметную», - без ваганняў заключыў я. І разгублена сумеўся: там ужо знаходзілася Сузана...

 

Мы ляжалі на пляжы, падставіўшы спіны спякотнаму сонцу. Цішыня абдымала, здавалася, цэлы свет. Нашы локці раз-пораз судакраналіся. І тады Сузана млява ўздымала вейкі і запытальна глядзела на мяне прыжмуранамі вачыма. Яна таксама аб нечым думала...

«Божа, навошта?! - дзівіўся я з сябе і з яе адначасова. - Мы ж і так шчаслівыя....»

Я пацалаваў яе ў плячо і перавярнуўся тварам да неба. Яно было чыстае і бяздоннае. Позірк губляўся ў гэтай сіняй роўнядзі. Хацелася думаць, што такі спакой будзе вечным, непахісным...

- Сузі, ты дзе? - Я ўпершыню назваў яе гэтым імем.

- З табою. - Яна зашаргацела белым пяском, легла набок, апёршыся на руку. Як забаўляючыся, правяла пальчыкам па маіх вуснах, падбародку, паказытала валасы на грудзях. - Я тут.

- Я не страчу цябе?..

Сузі заматала галавой: «Не!» - лёгенька языком правяла ў мяне ля скроні і задаволена адкінулася зноў на пясок.

Мы з ахвотай памаўчалі.

- Іншы раз здаецца, - паглыбіўшыся ў роздум, вымавіла Сузі, - што ўсё праходзіць праз мяне: і зямное прыцяжэнне, і неба, і паветра, і сонца. І я праходжу праз іх...

- Ты - дзіця сонца.

- Такое ўражанне, што на нас нічога не заканчваецца. І пасля нас - таксама. Наш цяперашні час - гэта проста форма... форма вечнасці. І каб праверыць яе, мы і жывем.

Я ў думках падзякаваў ёй за такія словы. З палёгкай уздыхнуў і зажмурыўся. ІІадзьмуў гарачы вецер. Да слыху данёсся цяжкі шум вады на возеры, над галавой там-сям з'явіліся празрыстыя бязважкія воблакі. Калі я зірнуў на іх, мне нечакана падалося, што я выразна чую рух зямлі. Сам не разумею - чаму, але гэта ўмомант выклікала ў мяне ні з чым непараўнальнае захапленне. Я быццам паверыў у тое, што мы нездарма існуем на зямлі, блукаем у агромістых прасторах Сусвету...

«У тым і сэнс жыцця - каб некалі сустрэцца, - амаль патэтычна заключыў я. - Толькі куды выведзе нас гэтае блуканне?..»

 

Я пазваніў, і Блэк, падрапаўшы дзверы, заскуголіў так жаласліва, што ў мяне ўсё пахаладзела ўнутры. «Што там?» - хапатліва падумаў я і націснуў на ручку. Дзверы былі незамкнёныя.

Блэк з радасцю пацёрся ля маіх ног і, азіраючыся, як бы запрашаючы, пабег у пакой да Сузі.

- Сузі?.. - з нядобрым прадчуваннем падаўся я за ім.

Шторы амаль не прапускалі святло. Я некалькі хвілін затрымаўся на парозе, прывыкаючы да змроку. Заўважыў: Сузі сядзела на канапе, абхапіўшы падушку і схіліўшы на яе галаву. У мяне перасохла ў горле.

- Сузі, - паклікаў я даўкім голасам, асцярожна падбіраючыся бліжэй. Яна раптам схапіла мяне за руку, пасадзіла на канапу і з нейкай абрынутасцю аберуч прыціснула да сябе:

- Прабач! Прабач, што я такая!.. Я мала гаварыла пра свае пачуцці, мала давала табе звычайнай надзеі, чалавечай, мужчынскай. Болей такога не будзе... Я кахаю цябе, толькі цябе! Ты мой самы харошы чалавек...

Я не мог паварушыць нават рукамі - яна моцна трымала мяне ў абдымках. У галаве ўсё разгублена затуманілася, я насілу суцешыў Сузі:

- Не плач. Я з табою...

Яна заведзена ківалася ад смутку. Напэўна, яе нешта ўзрушыла да глыбіні душы. Я не азываўся, стараючыся не перашкаджаць. Яе слёзная шчырасць узняла ўва мне пачуцці, падобныя да запозненай самаахвярнасці: я адчуў, што кахаю Сузі ўсім сэрцам і што ўсе яе ранейшыя размовы, дзіўныя разважанні не здольныя былі ні на што іншае, як безаглядна павесці за сабой.

- Ну, хто цябе пакрыўдзіў? Скажы мне...

Сузі ўсхліпнула. Пачакала, неяк рэзка засяродзіўшыся (плечы яе пад тонкім світэрам нервова здрыгануліся), і з цяжкасцю прагаварыла:

- Я заўсёды спяшалася жыць. Усё старалася зазірнуць: а што там далей?.. І забывалася, што так нельга. Што я сама па сабе - нішто. А калі мне нядаўна нагадалі пра гэта, я зразумела, што ў мяне зусім няма апоры. Няма нічога. Парваны ланцужок у будучыню. - Яна шморгнула носам, адхіляючыся на спінку канапы. Адрывіста працягвала: - Бацька ўжо амаль кінуў нас, зрэдку піша мне лісты. Маці занятая працай. Я - адна... Напэўна, з-за гэтага і стала такой эгаісткай.

- Не дакарай сябе, - сказаў я. - Дакор - не суддзя, а толькі абвінаваўца.

- Але ў мяне ўжо ёсць ты, - павесялеўшы, заявіла Сузі, зноў прытуляючыся і шукаючы вуснамі маіх. - Ты - і нішто мне не страшна.

Мы зайшліся ў доўгім адданым пацалунку.

У наступную хвіліну рукі Сузі крануліся гузікаў маёй кашулі. Не адводзячы адчайных вачэй, яна хутка скінула свой світэр і з сарамяжлівым жаданнем прыхінулася маленькімі грудзьмі да мяне. Саладжавая дрыготка шалёна пракацілася па ўсім маім целе.

- Сузі... - захоплена выдыхнуў я.

- Гэта будзе нашай казкай ці сном... Нашай аповесцю. Усім, чым толькі мы захочам, каханы мой! - У яе голасе празвінела чуллівая адданасць лёсу.

Я асыпаў Сузі пацалункамі - рот, шыю, выспачкі грудзей. Яна дрыжала ад хвалявання. Затым з гарачлівай узбуджанасцю, нібы апамятаўшыся, апальваючы вуснамі маю шчаку, з настойлівай непазбыўнасцю зашаптала:

- Будзь са мной, мой любы! Будзь са мной...

 

Сузі папярэджвала пра маці. Гэта было не зусім своечасова, і я не надаваў ніякага значэння яе намёкам. Хоць, папраўдзе, унутрана і рыхтаваўся да такой сустрэчы. «Па-першае, яшчэ праводжу кансультацыі, - думаў. - А па-другое, калі яна нешта і западозрыць, скажу: у нас ужо даўно не дамастрой...» - «Ды вы проста бессаромны чалавек! Як вы можаце так? З маёй дачкой і са сваёй вучаніцай?!» - «Прабачце, але яна ўжо дарослая, і ёй самой выбіраць...» - «Толькі не трэба блытаць чужую свабоду з уласнай похаццю». - «Жаданне суіснавання не абавязкова вынікае з нераўнапраўя. Каб усё было па-вашаму, мы даўно адмовіліся б ад вопыту чалавечай цывілізацыі - з-за таго, што тое, ранейшае жыццё прайшло ўжо». - «А вы верыце, што ваш вопыт камусьці будзе даспадобы?» - «Ніхто не бывае адзінокім у сваіх пачуццях. Калі б было наадварот, я і Сузі ніколі не сустрэліся...»

Як ні рыхтаваў я сябе да размовы з Сузінай маці, усё-ткі перад ёю застаўся безгалосым. Яна не пусціла мяне нават на парог, холадна растлумачыўшы, што ўжо позна. Я адразу здагадаўся, у чым прычына яе незадаволенасці. Не ў сапраўдным перажыванні за дачку, а менавіта ў задзетым самалюбстве: маўляў, нешта не даглядзела, выпусціла з рук...

На горад паволі апускаўся хмурны вечар. Неба захіналася хмарамі. Упарты вецер разганяў рэшту спякотных дзён. У пад'ездзе пад лямпачкай трывожна зудзеў крыльцамі начны матыль.

Я, халадзеючы сэрцам, шпарка выбег у двор, няпэўна захадзіў у засяроджаным шапаценні дрэў. Пад зацемненымі кронамі асабліва цяжкай была беспрытульная адзінота. Не зразумець было, чаго зараз існавала больш: мяне ці майго наўкола? «Я быў - дасюль, прыйшоў сабе на змену - іншы. Значыць, і ўсё перамянілася ад маёй прысутнасці. Але як? У чым гэта праяўляецца?..»

Акно на трэцім паверсе свяцілася цьмяным водсветам ад настольнай лямпы, і шторы былі расхінутыя. Я стаяў, узняўшы галаву, і сачыў за кожным рухам у пакоі. Некалькі разоў за цюлем мільгнуў цень маці, ён, бы знарок, запыняўся якраз перад маімі вачыма і штосьці «камандаваў» Сузі. Мяне перапаўняла жаданне крыкнуць яму што-небудзь злое і абразлівае. «Не рушце! Я прашу вас! Вы ж нічога не ведаеце. Занятыя сабой, сляпыя... Вы не чуеце нас!»

На жаль, я так і не асмеліўся падаць голасу. Цень таксама затоена маўчаў.

Неба зусім пачарнела; дзе-нідзе вызірнулі халодныя белыя зоркі. Вецер, як адчуваючы мой настрой, затрапятаў галлём у стоенай цемені. На твар мне ўпала сухая доўгая павуціна, задрыжэла, і няясная дрыготка ахапіла ў тую ж хвіліну мяне самога: «Што з намі будзе?..» Нешта падказвала, што ўсё цяперашняе абарвалася беззваротна. Што позна звяртацца да незнаёмай будучыні, калі былое знікла назаўсёды. І не паўторыцца болей ніколі.

«Мы апынуліся ў наступным вымярэнні», - успомніў я Сузіныя здагадкі і ўпершыню ўспрыняў гэта як належнае. Як неабходнасць дыхаць, і глядзець, і чуць, толькі цяпер ужо неяк па-новаму.

Я доўга стаяў пад акном, не маючы моцы скінуць з сябе маўчанне. У пакоі было ціха, быццам там заснулі. Уся астатняя аграмадзіна дома памалу акуналася ў цемру, зеўраючы водсветамі чатырох сваіх пад'ездаў. У парку, за бетоннай агароджай, слаба брынькала гітара ды ўдалечыні шушукаліся правадамі рэдкія тралейбусы.

«Яшчэ адна такая ноч - і я не ведаю, што зраблю!..» - У мяне знямела сэрца; немата адабрала маю волю. У поўнай адчужанасці я завярнуў ад пад'езда, прайшоў некалькі крокаў і раптам спыніўся ў прадчуванні. Я разабраў голас! Ён загучаў ува мне так выразна і настойліва, што я на нейкі момант страціў над сабой уладу...

«Ты пакідаеш мяне?»

«Так, - адказаў я сам сабе, застыўшы на месцы. Вецер загадкава зашаптаўся ў дрэвах, і валасы ў мяне на галаве непрыемна заварушыліся. - О, Божа!..» - спалохана выгукнуў я.

«Пабудзь яшчэ крыху...» - быццам пачулася аднекуль зверху.

«Але хто ты?»

Я марудна павярнуў галаву, усё яшчэ не цямячы, што са мною адбываецца, і ў Сузіным акне ўбачыў яе самую. Мяне нібы страсянула ад неспадзеўкі. Сузі адгарнула цюль і, прыткнуўшыся да шыбы, штосьці выводзіла на ёй пальцам. Твар яе свяціўся нейкай адухоўленасцю; растрапаныя валасы густа спадалі з плячэй, на вуснах блукала спакойная зміраная ўсмешка. Сузі стаяла ў споднім - доўгай вузкай кашулі - і, кранальна-худзенькая, з таемным поклічам у вачах, была падобная на сапраўднага херувімчыка.

Я ўзрушана кінуўся ёй насустрач. Усё ў мяне сцялася ўнутры, і здалося, што я вось-вось расплачуся ад нясцерпнага жалю. Лёс быў такім неміласэрным да нас...

«Навошта ён нас разлучае?..»

Рой думак уварваўся ў маю свядомасць, зусім чужых, невядомых, нібы незнарок падслуханых у самой начы, і не паспеў я апамятацца, як сярод гэтага дзіўнага, невытлумачальнага суіснавання, у якім я цяпер апынуўся, мне прымроіўся мяккі і прызыўны голас Сузі:

«Не разлучае. Наадварот хоча дапамагчы... Мы павінны радавацца, што сёння так атрымалася.»

«Хіба ты верыла ў такое?»

«І ты верыў. Помніш, як мы марылі, каб заўсёды разумець адно аднаго?»

«Так. - У мяне выступіў халодны пот. - Але ж хто тады мы, Сузі? Ты, я?»

«Мы самыя закаханыя на свеце! Мы - тыя, над кім не ўладараць ні час, ні прастора. - Сузі ўпэўнена падказала: - Ты ж таксама ўсё гэта адчуваеш...»

«І яно - праўда?»

«Паглядзі ў акно...»

Я ўзняў павекі (здагадаўся, што вочы былі заплюшчаныя) - і жахнуўся: святла на трэцім паверсе ўжо не было. Чорная цемень быццам злізала Сузі з яе смутным малюнкам на шыбе. Над домам толькі ледзь-ледзь шарэла неба. Вецер зацята махаў дрэвамі ў парку. Мусіць, збіралася навальніца...

- У мяне ўжо галюцынацыі. - Я абрынута апусціўся на зямлю, абхапіў далонямі твар і моцна, да болю ў пальцах, сціснуў яго. У скронях ліхаманкава зашумела кроў. Слёзы няўмольна нагарнуліся на вочы, і я, сцінаючыся ад сутаргі, расплакаўся, як падманутае дзіця.

Дождж паліўся шквальны, буйны і халодны, бы хто пугай сцёбаў па маіх плячах...

Ачомаўся я, калі Сузі зноў пачала гаварыць - нібыта наяве, нібыта правяраючы раней сказанае:

«А я, калі гляджу на дождж, думаю пра тое, каго ён ужо намачыў. Памяць пра каго прынясе да мяне... - і ўжо з перакананасцю ў сваіх словах дадала: - Наша памяць - узаемная, яна праходзіць праз нас абодвух, таму мы бачым і чуем адно аднаго, як толькі захочам. Я не хлушу табе... Ну, скажы мне што-небудзь».

- Сузі, я кахаю, кахаю!.. - без ваганняў зашаптаў я, складваючы мокрыя далоні перад сабою, нібы для ўхвалення. Я маліўся на яе, як на Бога... - Гэта проста цуд, як мы жывём! Незямны, райскі цуд!..

 

«Як наша аповесць, Сузі?»

«Яна працягваецца».

«Хіба да ўсяго гэтага яшчэ можна нешта дадаць?»

«Усё мае сваю вызначанасць. Як у кнізе, сваю лагічную завершанасць».

«І якою яна будзе?»

«Цяжка сказаць... Ясна адно: якою б ні была, мы ўпішам аднолькавыя словы ў яе: я - цябе - кахаю!»

«І - вечна!»

 

На наступным тыдні Гайверы з'ехалі ў Ізраіль. Часова ці назаўсёды - было невядома. Маці Сузі нічога не гаварыла, да апошняга трымала ў тайне гэты ад'езд. Ён быў для мяне, не раўнуючы, як гром з яснага неба.

Па Сузі нялёгка было здагадацца, што ў яе на душы. Ды яна і не выказвала асаблівага неспакою. Неяк летуценна гаварыла пра святую зямлю, пра кроў продкаў і божую абранасць. Сузі была дзіўная, і яе пакорлівасць даводзіла мяне да адчаю. Мусіць, яна ўжо цалкам была падрыхтаваная да гэтай немінучасці.

З такой ціхай спавядальнасцю Сузі і развіталася са мною...

Я думаў, што звар'яцею. Прапала Сузі, я застаўся адзін, і пакінуты мне свет адразу ж уразіў сваёй адчужанасцю і злапомслівасцю. Я ад яго ўжо зусім адвык...

Восенню, калі ўжо звыкла задажджыла, я нечакана атрымаў ліст. Адтуль, з Ізраіля. Пісала маці Сузі, што яе дачка выкінулася з балкона гатэля і разбілася. Самохаць, без усякай на тое прычыны...

Напрыканцы маці Сузі чамусьці прасіла ў мяне прабачэння.

 

Гэта былі страшныя дні ў маім жыцці. Я таксама ледзь не наклаў на сябе рукі, каб пайсці ўслед за Сузі. У самы апошні момант успомніў яе словы і змірыўся з «выбранай роляй»... У рэшце рэшт не мы пішам, а - за нас. Сузі дасталася смерць не для таго, каб разлучыцца са мной. Наадварот, у тым была адзіная магчымасць працягваць жыць у той рэальнасці, якую мы адчулі, калі былі разам. Калі былі шчаслівыя. І - галоўнае - яна верыла, што ў нашай аповесці яшчэ не хутка з'явіцца заключны радок. І ці з'явіцца наогул...

 

Такое маё перакананне.

Таму і стаўлю ў гэтым сімвалічным заканчэнні шматкроп'е...

Як цяпер будзе далей?

 

1994


1994

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая