epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Тарасаў

Адліга

Адліга ў канцы лютага — суцэльная калатуша пад нагамі. Зрэдку халодны паўночны вецер прыносіць то снег, то дождж. Пачуццё няўтульнасці на гарадскіх вуліцах. Вецер чапляецца за дахі дамоў, нема вые ў комінах. Узбіраючыся на вал, ахутвае вежы і зноў знікае, распластаўшыся над Дзвіною.

Адчувалася набліжэнне вясны. Але як яшчэ далёка да сапраўднага цяпла!

Ноч. Ледзь чутны стук у шыбу.

— Хто там?

— Адчыні, гаспадыня, пусці ў хату!

— Добрыя людзі па начах не швэндаюцца. Хто ты?

— Хведар, закладнік Панфуція. Ды адчыні хутчэй, замерзну!

Жанчына накінула андарак і пайшла адчыняць.

Ляпіў мокры снег.

Праз нейкі час па лесвіцы пачуліся ціхія крокі. У хату, прыгнуўшы галаву, увайшоў чалавек. Знайшоў навобмацак лаву, сеў.

— Чакай, чакай, міленькі, зараз святло запалю.

Прачнуўся і гаспадар. Выкрасаў агонь, запаліў свяцільнік. Доўгія хісткія цені папаўзлі па хаце.

На лаве, ля самых дзвярэй, прыхіліўшыся да сцяны, сядзеў чалавек. Вочы заплюшчаны. Без шапкі, у нейкіх лахманах і дзіравых поршнях з гнілымі аборамі. Прыціх, быццам заяц, якога трымае за вушы паляўнічы. Мокрыя лахманы абвісалі на худым, змарнелым целе. Снег раставаў, вада сцякала на падлогу.

Гаспадары маўчалі. Чалавек расплюшчыў вочы. Былі яны надзіва жывыя, што ніяк не стасавалася з яго абліччам. Агледзеў хату, спыніў позірк на гаспадарах.

— Збег я, людзі добрыя, ад крывасмока баярына Панфуція. Не вытрымаў — Гасподзь сведка! Ці ж можа такое вытрымаць чалавек?

— Чулі пра твайго Панфуція,— сказаў гаспадар, цярэбячы бараду.— Не першы ты такі ў Полацку і, відаць, не апошні...

Памаўчалі.

— Адкуль будзеш?

— Знедалёк — з-пад Дзісны, з Мядзведжага Логу. Мо чулі?

— Не.

— Гаспадарка там у мяне была. Жонка, дзеці, зямелькі крыху. Усё прахам пайшло. Усё. А я пенязі адрабляць сюды трапіў. Ды толькі вось у гэтых даўгах заблытаўся. Быў араты, а стаў горш за дворнага сабаку. Хведар — туды, Хведар — сюды, прынясі, падай, пайшоў прэч! Ды ўсё са злосцю, з кулакамі. А я хто? Хто, вас пытаю? Чалавек ці жывёла? Бач ты, нейкі там ягоны прадзед з князямі знаўся, дык ён вышэй за Бога сябе лічыць! У-у, сабачы вырадак! — Хведар моцна сціснуў кулакі.

— Што далей маеш рабіць? — голас гаспадара спакойны і разважлівы.

— Ведама што — да войта ўцяку. Не той час, каб пад гэткім гадам сядзець. Цяпер, калі вялікі князь Аляксандр дараваў нам права майборгскае, адна дарога — пад абарону гарадской рады. Яна не выдасць баярыну. Лепей ужо на горад рабіць. А то, можа, у войска падамся. Абы ад гэтага крывасмока далей!

— Глядзі-і! — сказаў гаспадар.— Нялёгка будзе, чалавеча. У горадзе тыя ж баяры, ды і войт не ад сахі — шляхціц. Пакуль яны ўсіх прымаюць, а як далей будзе — хто ведае...

— Ат, як будзе. Уцёк раз, уцяку і другі.

— Уцякай, уцякай... Калі-небудзь зловяць. Толькі галавы трымайся, каб не ўцякла.

— Мая галава, мой і клопат.

— Яно, вядома, так... Есці хочаш? Марыя, дай чаго чалавеку ўкусіць.

Але гаспадыня ўжо трымала акраец хлеба і коўш халоднага квасу. Хведар дрыжачымі рукамі схапіў хлеб і прагна стаў есці.

Пакуль еў, сядзеў моўчкі.

— Дай яму, Марыя, якое адзенне,— сказаў гаспадар жонцы,— і няхай ідзе з богам.

— Дзякуй і на гэтым,— уцякач павольна падняўся з лавы, быццам разважаючы: ісці ці не.— Добрага вам здароўя,— і, не азіраючыся, выйшаў з хаты.

Забрахаў суседскі сабака, потым другі, трэці. Але хутка ўсё сціхла. Чалавечая постаць знікла ў вузкіх вулачках начнога горада.

— Тата, навошта ты прагнаў яго? — пачуўся раптам з-за коміна дзіцячы голас.— Куды ж ён пойдзе ўночы?

— Ты што не спіш, Францыск? — Гаспадар рэзка павярнуўся да печы, адкуль выглядала бялявая галава сына.

— А ўсё-ткі, тата, навошта?

— Не твой клопат — малы яшчэ. Спі! Марыя,— звярнуўся ён да жонкі,— што за сына ты мне гадуеш? Не слухаецца бацькі.

— Кладзіся, сынок, спі! Ноч на дварэ. Кладзіся!

— Хведар там мокне на вуліцы, а я — кладзіся? Ты ж сам, тата, казаў, што людзям спачуваць трэба.

— Трэба, вядома,— больш лагодна адгукнуўся бацька.

— Дык навошта прагнаў? — не сунімаўся сын.

— От, мала-смала! Прыліп! Не я яго гнаў, Францыск, не я. Такі лёс ягоны. Цяпер увесь свой век валачыцца будзе. І ці спыніцца калі?

— Чаму?

— Разумееш, сынок, кожны чалавек павінен мець свае карані, як дрэва ў зямлі. А падсячэш іх — паляціш, што тое лісце долу. Вось ён, Хведар, і адсек свае...

— Дык гэта ж не ён, а баярын Панфуцій!

— Ой, і разумны ты ў мяне,— усміхнуўся бацька.— Так, Панфуцій. Толькі ад гэтага не лягчэй твайму Хведару. Ён — уцякач бяздомны, закладнік і такім застанецца ўсё жыццё. Куды б ні пайшоў, дзе б ні прытуліўся. Разумееш? Ніколі яму ўжо не быць вольным, ні-ко-лі. А гэта страшна, Францыск, вельмі страшна. Каб і хацеў я памагчы яму — не змог бы. Вядома, ад нас баярын не забраў бы яго, мы — купцы, людзі вольныя. Толькі пад войтам Хведару спакайней будзе. Колькі іх, такіх Хведараў, па зямлі нашай ходзіць. Не злічыць.

Што ведаюць, што бачаць гэтыя людзі? Праца да сёмага поту ды жыццё беспрасветнае.

— Чаму ж так, тата?

— Каб ведаць, сынок, чаму — многае б змянілася. Вось у мінулым годзе прыйшлі да нас мніхі бернардыны. Прывілеі ім князь Аляксандр даў на землі тутэйшыя. Дзіўныя рэчы расказваюць: кнігі з сабою розныя прынеслі. Кажуць, у кнігах тых — праўда ўся і мудрасць. Ды кнігі не падобны на нашы, не ад рукі пісаныя. А яшчэ кажуць браты-бернардыны, што ў горадзе Празе і ў іншых гарадах навукам розным, нават лекарскім вучаць. Вось дзе трэба розуму шукаць ды каранямі ў зямельку нашу ўрастаць. І мне, і табе, і Хведару твайму. Шкада, што гады мае ўжо не тыя... У Хведара граша ламанага за душой няма. А ты расці, сынок, расці... Хто ведае...

— Ты што гэта, ірад, гаворыш? Ты куды сына нашага сватаеш, у якую чужыну?! — Марыя ўсхапілася, як квактуха з седала.

— Сціхні, баба! Замаўчы! Нікуды я яго не сватаю. Там відно будзе. Сам свой шлях выбера.

* * *

— Спі, сынок, да раніцы яшчэ далёка. Вось і лучына патухла. Спі, мой родны! Пляце бацька няведама што... Ці ж я адпушчу цябе, маё птушаня, у далёкія чужынскія {чужын-

скія }выраі?

...Воўча вые за гарою,

Месяц коціцца Дзвіною...

Спі, Францыск, сын Лукаша Скарыны з Полацка, ты яшчэ малы... Спі.


2004?

Тэкст падаецца паводле выдання: Тарасаў С. Фрэскі: Абразкі і апавяданні: Для сярэд. шк. ўзросту / Сяргей Тарасаў. - Мн.: Маст. літ., 2004. - 100, [2] с.
Крыніца: скан