epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Тарасаў

Чаравічкі для Яны

Надышоў цёплы сонечны жнівень — самы любімы месяц года ўсіх жыхароў Менска і яго наваколля. З палёў і агародаў збіралі багатыя ўраджаі, а рамеснікі рыхтавалі шматлікія вырабы для традыцыйнага жнівеньскага кірмашу. Усе чакалі, калі па Бярэзіне і Свіслачы пойдуць у горад заморскія гандлёвыя караваны. Тады і пачнецца свята.

Вось і ў вёсачку, якая мясцілася паміж пагоркаў бліз Лагожаска, дайшла вестка, што пачалі збірацца першыя гандляры. І сяляне, якія мелі нейкія набыткі, заспяшаліся ў дарогу.

Падрыхтаваўся і Няжыла. На воз паклаў мех зерня ды пянькі некалькі жмутоў, каб у горадзе выменяць іх на новае рала, добры сталёвы нож, а калі пашанцуе, то і абутак набыць для сям’і.

Пасля нядоўгіх угавораў ён пагадзіўся ўзяць з сабою і дачку. У свае сем гадоў Яначка яшчэ ні разу не была ў горадзе, а таму з нецярпеннем чакала свайго першага падарожжа.

У нядзелю, пасля другіх пеўняў, невялікі вясковы караван, гружаны таварамі, выправіўся ў дарогу. Густы белы туман яшчэ клубіўся над зямлёю, калі падарожнікі наблізіліся да Менска — магутнай сталіцы княства. Вітаючы ўзыход сонца, весела зашчабяталі птушкі, і начная прахалода разам з туманам паступова сплыла ўдалячынь.

Горад адкрыўся з высокай гары. У сутоцы вялікай Свіслачы і маленькай Нямігі на насыпаных валах узвышаліся высокія драўляныя сцены гарадскога дзядзінца. Ён быў падобны на плецены кошык, у які нассыпалі грыбоў, суніц і чарніц. За драўлянымі сценамі горада тырчалі дахі дамоў, між якімі сноўдалі людзі. Дамы былі розныя: высокія і нізкія, як і людзі, апранутыя ў пярэстыя вопраткі.

— Зірніце,— сказаў сяльчанам праваднік,— вунь і купецкія ладдзі...

Сапраўды, каля драўляных масткоў прыстані стаялі шырокія, з пляскатымі днішчамі караблі. Іх ветразі былі скручаныя, і ўвішныя людзі зносілі на бераг вялікія, перавязаныя вяроўкамі цюкі.

Праз нейкі час вясковы караван наблізіўся да гарадской брамы. Што тут рабілася! Якая стаяла гамана! Яначка ніколі не бачыла столькі людзей. Гандаль ішоў паўсюдна: на прыстані, каля брамы, на цэнтральнай плошчы Менска. Расставілі свае вазы і сяльчане ўздоўж невялікай бруістай Нямігі, якая працякала непадалёк ад брамы. Тут было ўсё, што давала вясковая гаспадарка: зерне, пянька, лён, салёнае сала, вэнджанае мяса. Асобна ў дзежках, на разасланых ручніках, прапаноўвалі сваю здабычу бортнікі.

Спыніў свой воз і Няжыла.

— Тата, а калі мы пойдзем у горад? — спытала дзяўчынка.

— Як толькі ўсё прададзім,— адказаў бацька.

Ім пашанцавала: стаяць давялося нядоўга. Да воза падышоў тоўсты барадаты дзядзька, апрануты ў даўгаполы аксамітавы жупан, паверх якога быў накінуты кунтуш з разрэзанымі рукавамі. Ён запусціў руку ў мех з пшаніцаю, памацаў яе, паспрабаваў на разрыў пяньку. Згодна кіўнуў галавою.

Чалавек, які суправаджаў барадатага, сказаў:

— Пан Эрхард хоча набыць усё разам. Колькі?

Крыху патаргаваўшыся, барадаты дастаў з кашалька пяць сярэбраных манет і аддаў іх бацьку. І адразу да воза падскочыла некалькі чалавек, вельмі падобных на тых, што завіхаліся на прыстані. Яны ўзвалілі тавар на плечы і пацягнулі яго ў бок ладдзей.

— Ну вось,— сказаў бацька,— зараз і мы можам ісці.

І яны накіраваліся ў горад. Мінуўшы вялікую браму, абапал якой стаялі вартавыя, Няжыла і Яна апынуліся на галоўнай вуліцы Менска. Бацька сказаў, што называецца яна Вялікая, бо самая шырокая і доўгая і вядзе да плошчы і храма.

Уздоўж вуліцы жылі рамеснікі. У гэты дзень яны выставілі свае тавары проста на вуліцу. Тут прадаваліся гліняныя гаршкі, зробленыя на такарным станку драўляныя місы, кавальскія вырабы. Было шмат упрыгожанняў са шкла: пярсцёнкі, пацеркі, бранзалеты, прывескі, а ў адным месцы майстар на вачах людзей рабіў з ружовага каменя-сланцу праселкі для верацён і тут жа іх прадаваў.

Калі падыходзілі да плошчы, заўважылі латок шаўца. Гаспадар сядзеў на прызбе і, паклаўшы сабе на калені кавалак скуры, нешта шыў. Падышлі бліжэй.

— Тата, паглядзі, як прыгожа! — сказала Яна.

Побач з шаўцом на драўляным вулічным насціле стаяў розны абутак: мужчынскія боты з высокімі халявамі, ладныя жаночыя паўбоцікі, скураныя лапці-поршні, чаравічкі з нізкімі борцікамі. Сярод апошніх адразу кінуліся ў вочы чаравічкі з рознакаляровым вышываным арнаментам. Колер нітаў быў прыгожы і яркі: зялёны, як трава, блакітны, як неба, чырвона-жоўты, як сонейка. І арнамент быў адмысловы: у выглядзе сэрца-аблачынкі, палоскамі, трохкутнікамі, завітушкамі, як бруістая крыніца.

— Падабаюцца? — спытаў Няжыла.

— Вельмі,— адказала дзяўчынка.

— Колькі каштуюць? — звярнуўся бацька да майстра.

— Манету,— адказаў той.

— Дорага, Яначка. Нам можа не хапіць на рала, нож і боты для мамы.

— Яны такія прыгожыя...

— Гаспадар, ці не аддасі танней?

— Не магу. Такія чаравічкі патрабуюць вялікай працы. Паглядзі сам: скуру трэба набыць, выразаць выкрайку, на скуры надрапаць арнамент, накалоць па ім дзіркі, потым вышыць, паднарад зрабіць, каб ніты не церліся, потым усё сшыць і на правіле форму надаць.— Крыху памаўчаўшы, сказаў: — У мяне, праўда, ёсць адны, крыху не даробленыя. Калі ў тваёй дачкі... Дарэчы, як цябе завуць? — звярнуўся ён да дзяўчынкі.

— Яна.

— Дык вось, калі ў Яначкі працавітыя рукі, яна і сама магла б іх дарабіць. А я тады вазьму палову кошту. Згодны? І ён дастаў з палатнянага меха невялікія ладныя чаравічкі.

На першы погляд, яны былі звычайныя, але калі прыглядзецца, то можна было заўважыць, што галоўкі чаравічкаў і борцікі былі скрозь на дзірачках.

— Вось тут,— майстар паказаў на чаравічкі,— я ўжо пазначыў арнамент, зрабіў дзірачкі. Засталося толькі па іх вышыць. Зможаш сама? — і ён хітравата паглядзеў на Яну.

— Змагу, змагу! — узрадавалася дзяўчынка і пацягнула бацьку за руку.— Я сапраўды ўсё зраблю сама! Давай купім, тата!

— Ну, калі сама,— Няжыла пачухаў патыліцу, запусціў руку ў кашылёк.— Чаму б і не.— Ён дастаў манету і працягнуў яе майстру.

Той спрытным рухам паклаў манету на калоду, дастаў вялікі нож і рассек манету напалам. Адну палавінку забраў сабе, другую аддаў бацьку.

Дадому Яна вярталася шчаслівая. Усё ўдала прадалі. Рала, нож і боты маме таксама купілі. Але найбольш ёй падабаліся чаравічкі. Раз-пораз, едучы на возе, яна даставала іх і ўважліва ўглядалася ў праколатыя дзірачкі. Яны былі і квадратныя, і круглыя ў залежнасці ад таго, якім шылам калоліся. А калі Яна адсоўвала чаравічкі на адлегласць выцягнутай рукі, то можна было заўважыць і арнамент. На самым відным месцы, галоўках чаравічкаў, праглядалася вялікае сэрцайка, востры канец якога быў скіраваны ў бок наска. Абапал сэрцайка, уздоўж яго бакоў, спускаліся завіткі. У цэнтры выява нагадвала крыж, унізе якога адыходзілі два пялёсткі, а ўверсе праглядаўся невялікі кружок. Па баках і борціках чаравічкаў таксама былі наколатыя завіткі і падвоеныя палоскі. Скура чаравічкаў была мяккая, гладкая, а ўнутраная бархотка так і лашчыла пальцы.

Калі прыехалі дадому, Яна адразу пабегла да мамы паказаць абноўку. Іая ўсміхнулася і сур’ёзна сказала, што гэтак вышываць ёй ніколі не даводзілася, але паабяцала знайсці ніты і паказаць, як ладзіць іх да шчацінкі, каб можна было прасоўваць у дзірачкі.

Праца аказалася не з лёгкіх. Вышываць можна было па дзірачках — нітай назад альбо нітай наперад — «гусём». Па-рознаму атрымліваўся радок. Ніты мама падабрала прыгожыя. Па колеру яны былі падобны на тыя, што дзяўчынка бачыла ў Менску.

Цэлы месяц у вольны час, калі не трэба было дапамагаць бацькам па гаспадарцы, Яначка з дапамогай мамы вышывала чаравічкі. І хоць праца рухалася павольна, з кожным днём чаравічкі рабіліся ўсё прыгажэйшыя і прыгажэйшыя. Больш за ўсё дзяўчынцы падабалася вялікае сэрцайка, якое яна вышывала чырвонымі нітамі. Яно было яркае, быццам свяцілася ўсімі сваімі завіткамі. Крыжык усярэдзіне нагадваў той, што насіў на грудзях бацька. Няжыла казаў, што крыжык — гэта знак магутнага Бога і Сына Яго, які прыходзіў у свет і пакутаваў за грахі людскія. І калі гэты крыжык на чаравічках, то азначае, што Сын Божы будзе ахоўваць і яе, Яначку.

Нарэшце вышыўка была скончана. Бацька дапамог прышыць паднарад і надаць абутку форму. У чаравічках можна было хадзіць. Яна і красавалася ў іх да пачатку кастрычніка, ледзь не спаць з імі клалася. Але пачаліся дажджы, і чаравічкі давялося памяняць на простыя скураныя пасталы.

Мінулі зіма, вясна. Надышло спякотнае лета. Як ні шкадавала Яна чаравічкаў, але яны, мяккія і зручныя, пакрысе пачалі працірацца. Спачатку яшчэ можна было рамантаваць, і бацька знізу, да падэшвы, падшыў па кавалку скуры. Але на правым чаравічку зверху ўтварылася вялікая дзірка. Яна сапсавала арнамент, і зашыць яе не было як.

— Не журыся, дачушка,— сказаў бацька,— у жніўні зноў паедзем у Менск, знойдзем таго майстра. Можа, ён чым дапаможа.

А ў ліпені ў вёску прыйшла сумная вестка: на Менск напала вялікае войска кіеўскага князя і многа шкоды нарабіла. Горад быццам бы і адбіўся ад ворага, але вельмі пацярпеў. Шмат было забіта людзей, разбурана і спалена дамоў. Але кірмаш павінен быў адбыцца.

Як і год назад, сяльчане, сабраўшы свае тавары, выправіліся ў дарогу. Паехаў і Няжыла з дачкою. Па дарозе бачылі спаленыя вёскі, а калі пад’ехалі да Менска, то заўважылі, што сцены яго моцна пашкоджаныя, а брама месцамі абпаленая. Тым не менш зноў на прыстані стаялі людзі, а перад горадам і на яго плошчах гандляры раскладвалі свае тавары.

— Ты ўжо вялікая,— сказаў Яне бацька,— пакуль я буду гандляваць, ідзі пашукай таго майстра. Пакажы яму сваю бяду.

І дзяўчынка адна пайшла ў горад. Праз абпаленую браму яна выйшла на знаёмую вуліцу — Вялікую. Каб не папялішчы, на месцы якіх нічога яшчэ не паспелі адбудаваць, усё тут было так, як і раней. Праўда, гандляроў-рамеснікаў было меней.

Нарэшце Яна дайшла да знаёмага дома, на прызбе якога калісьці быў раскладзены тавар шаўца. Зараз тут нікога не было. Дзяўчынка пагрукала ў вароты — раз, другі. Ніхто не адгукнуўся.

— Каго шукаеш, Божае дзіця? — побач спыніўся высокі хударлявы мужчына, апрануты ў доўгае, ледзь не да пят, чорнае адзенне. На галаве ў яго была чорная шапачка з вострым верхам.

— Тут летась мы з бацькам набылі чаравічкі. Я сама іх вышывала... А зараз вось...— Яна паказала незнаёмцу падраны чаравічак.

— Так, так, пазнаю Мікулаву работу. Гэткі арнамент толькі ён рабіў. Няма яго болей з намі...

— Памёр? — разгубілася Яна.

— Загінуў. Калі на горад напалі ворагі, ён разам з іншымі менчукамі пайшоў на абарону. Вунь там, каля брамы на забаролах, і працяла яго варожая страла. Мір праху яго. Няхай Бог даруе яму грахі.

— Мікула...— На вачах дзяўчынкі заблішчалі слёзы.— Я ўвесь год успамінала яго, калі шыла. Што ж мне зараз рабіць? — глянула яна на чаравічкі.

— Табе яго шкада?

— Шкада. І чаравічкаў таксама. Такія былі прыгожыя.

— Можна я пагляджу?

— Калі ласка,— і Яна працягнула яму абодва чаравічкі.

Чалавек паглядзеў адзін, потым другі.

— А ты ведаеш, што азначае гэты арнамент? — спытаў ён у дзяўчынкі.

— Не, не ведаю. Толькі крыжык гэты падобны на той, што носіць на грудзях бацька.

— Гэты крыжык не просты, як і сэрцайка. Вось глядзі: вялікае сэрцайка — Бог Усёмагутны, які клапоціцца пра ўсё на зямлі. Яно расцвітае, быццам вялікая кветка, бо дорыць кожнаму любоў. А ўсярэдзіне, з пялёсткаў,— Крыж. Гэта — Сын Яго, Хрыстос. Свайго адзінага Сына Бог паслаў на зямлю, каб людзі сталі дабрэйшымі, лепшымі, каб любілі адзін аднаго. Але здарылася так, што людзі не пазналі Сына Божага і забілі яго. Смерць яго была пакутнаю — на Крыжы. Крыж той яны паставілі на высокай гары — Галгофе. А вось бачыш, унізе пад Крыжам, на гэтым уцалелым чаравічку, ёсць кружочак?

— Так, я яго сама вышывала,— адказала Яначка.

— Гэты кружок азначае першага чалавека на зямлі, якога стварыў Бог. Яго звалі Адам, і ён быў пахаваны якраз у гэтай гары — Галгофе, дзе паставілі Крыж і забілі Хрыста. Вось Мікула ўсю гэту вялікую гісторыю і паказаў на тваіх чаравічках. Добрыя былі чаравічкі.

— І ніхто мне не адрамантуе іх?

— Чаму не? У горадзе яшчэ ёсць шаўцы. Спытай вунь там, праз некалькі хат.

Чалавек у чорным адзенні аддаў Яне чаравічкі і пайшоў сваёй дарогай.

Праз некалькі хат Яна сапраўды знайшла шаўца. Той паабяцаў чаравічкі адрамантаваць, але папрасіў крыху пачакаць ці прыйсці пазней. Пакінуўшы майстру свой абутак, дзяўчынка пайшла далей па Вялікай вуліцы, туды, дзе ўдалечыні падымаўся гмах царквы. Летась яго не было. Але бацька расказваў, што ў Менску будуецца першы храм, месца, дзе людзі гавораць з Богам. Гэта быў самы вялікі і высокі будынак у горадзе. Ён быў складзены з цэглы і абапіраўся на прамавугольныя цесаныя камяні. Формы быў адмысловай, а ўгары, над самым дахам, узвышаўся барабан з падобным на цыбуліну верхам і крыжам.

Дзверы былі адчынены, і Яна зайшла туды. У храме быў прыцемак, адчувалася прахалода. Людзей амаль не было, патрэсквалі свечкі ды гарэлі лампадкі. Усё, што дзяўчынка ўбачыла, было незвычайным. Такое дзіва яна бачыла ўпершыню. Асабліва яе ўразілі лікі святых. З вялікімі вачамі і сцятымі вуснамі, яны ўважліва пазіралі на яе з усіх бакоў. Не адразу яна заўважыла і знаёмую постаць у чорным адзенні. Чалавек стаяў да яе спінаю і нешта ўслых чытаў. Раптам ён азірнуўся, і дзяўчынка толькі тады пазнала свайго выпадковага знаёмага.

— А, гэта зноў ты! Адрамантавалі твае чаравічкі? — спытаў ён.

— Пакуль не, але майстар абяцаў.

— Ты ведаеш, куды прыйшла?

— Не.

— Гэта Дом Бога. Тут Ён жыве разам з намі, як і ў кожным сэрцы, якое прымае Яго. Вунь паглядзі,— ён паказаў пад столь.— Гэта Бог Айцец. Ён вышэй за ўсіх. А тут,— паказаў на выяву перад сабою,— пазнаеш Крыж і на ім постаць? Гэта раскрыжаваны Сын Яго. А вунь там,— паказаў у другі бок,— на сцяне выява першага чалавека Адама і яго жонкі Евы.

— Усё як на чаравічках,— узрушана прашаптала Яна.

— Амаль што,— усміхнуўся чалавек у чорным.— Ты чытаць, пэўна, яшчэ не ўмееш? — спытаў ён.

— Не.

— Вось калі навучышся, то пра ўсё зможаш прачытаць у адной вялікай кнізе, якая называецца Біблія.

— А навошта свечкі гараць? — спытала дзяўчынка.

— Зараз я паставіў свечкі і прашу ў Бога, каб Ён прыняў душы ўсіх тых, хто загінуў апошнім часам. Прашу ў Бога літасці да ўсіх нас, каб дараваў нам жыццё і хлеб наш надзённы.

— А мне можна свечку паставіць?

— Можна. Толькі за каго?

— За шаўца Мікулу. Хай Бог і яго душу прыме.

Яна ўзяла свечку, запаліла яе і паставіла так, як гэта рабіў яе новы знаёмы. Пастаяла крыху і пайшла ў горад.

Новы майстар адрамантаваў чаравічкі. На адным ён па-простаму адрэзаў парваны насок і на яго месца прышыў новы кавалак скуры, але ўжо без арнаменту. Адрэзалася якраз тая частка, дзе ў канцы крыжа быў кружок — пахаваны Адам. Чаравічкі можна было зноў насіць, але былой прыгажосці яны ўжо не мелі. Яначка абула іх, прайшлася. Ей здалося, што яна быццам кульгае на адну нагу. Яна зняла чаравічкі, абула старыя пасталы і пайшла ў бок дома Мікулы. Падышоўшы да дома, села на прызбу ў тым месцы, дзе калісьці яе сустрэў майстар, успомніла яго ўсмешлівы твар. Зараз ён бачыўся ёй больш светлым і добрым. Успомніла яго спрацаваныя мазолістыя рукі з моцнымі пальцамі і скураны пас на галаве, які трымаў доўгія валасы. Дзяўчынка зноў паглядзела на адрамантаваныя чаравічкі і падумала: «Даўно ўжо няма Адама, а зараз няма і Мікулы. Адно засталіся гэтыя чаравічкі». Яна апошні раз паглядзела на іх, прыгадала ўсё, што казаў незнаёмы ў доўгай чорнай вопратцы, і паставіла чаравічкі пад сцяну дома. Паднялася і пайшла...

* * *

Прайшло восем стагоддзяў. Вучоныя-археолагі праводзілі раскопкі на старажытным Мінскім замчышчы. Пад вялікім слоем зямлі, сярод драўлянай парахні, што засталася ад колішняга будынка, быў знойдзены чаравічак. Насок яго быў адрэзаны. Па дзірачках можна было здагадацца пра наяўнасць колішняга арнаменту ў выглядзе сэрца, якое расцвітае, з крыжам усярэдзіне. Але часткі арнаменту на прышытым наску не было.

— Глядзіце! — усхвалявана ўсклікнуў адзін з рабочых.— Такі самы, але цэлы.

Яшчэ адзін чаравічак дасталі з зямлі, пачысцілі і памылі. І ўсе ўбачылі, што на канцы крыжа калісьці быў вышыты кружочак.

— Гэта не проста арнамент,— сказаў кіраўнік,— гэта — цэлая гісторыя. Яна ёсць у Бібліі і... на гэтым чаравічку.


2004?

Тэкст падаецца паводле выдання: Тарасаў С. Фрэскі: Абразкі і апавяданні: Для сярэд. шк. ўзросту / Сяргей Тарасаў. - Мн.: Маст. літ., 2004. - 100, [2] с.
Крыніца: скан