epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Тарасаў

Камяніцы і таямніцы

Гісторыю трэба ведаць
Як жылі першабытныя людзі
Адкуль пайшлі беларусы
Ад дырхема да рубля
Камяніцы і таямніцы
Па якіх законах жылі нашы продкі
Полацк
Ефрасіння Полацкая
Кірыла Тураўскі
Няміга
Усяслаў Чарадзей
Андрэй Полацкі
Вітаўт
Гародня
Бярэсце


 

Гісторыю трэба ведаць

Ішоў я каля школы і пачуў, як адзін хлопчык казаў другому: «Ведаеш, якая адбылася са мною гісторыя?» Да іх падбег аднакласнік і спытаў: «А вы гісторыю вывучылі?» Бачу, зусім пра розныя гісторыі гавораць дзеці. Першая — нейкае здарэнне з асабістага жыцця, другая — навука.

На свеце шмат розных навук. Адны вывучаюць жывёл і раслін, другія — прыродныя з’явы, трэція — сусвет, далёкія планеты. Ды ёсць навука, без якой немагчыма ўявіць наша жыццё, наша мінулае, далёкае і блізкае. Гэта — гісторыя. Менавіта яна можа адказаць на шматлікія пытанні: дзе, калі і што было? Хто былі нашы продкі, славутыя і невядомыя? Што адбывалася да таго, як з’явіліся на свет мы з вамі? Гэту гісторыю трэба ведаць.

Першы чалавек на тэрыторыі Беларусі з’явіўся ў далёкія-далёкія часы. Ён спярша навучыўся трымаць у руцэ кій, рабіць інструменты і зброю з каменя. Зямля, пакрытая дрымучымі лясамі, давала яму прытулак і ежу. Пасля чалавек навучыўся здабываць метал. Стала зручней апрацоўваць дрэва, скуру, косці. Жылі нашы далёкія продкі ў лясных вёсачках, палявалі на звяроў і аралі зямлю на невялікіх лапіках, адваяваных ад лесу.

Аб гісторыі продкаў пазнейшага часу, аб узнікненні першых беларускіх гарадоў паведамляюць старажытныя пісьмовыя крыніцы — летапісы. Але, на жаль, летапісы не заўсёды могуць расказаць, як жылі людзі ў гэтых гарадах, чым займаліся, з кім гандлявалі. І тут на дапамогу прыходзіць другая гістарычная навука — археалогія. Людзі спрадвеку пакідалі аб сабе памяць: рэшткі паселішчаў, хатнія рэчы, абутак, зброю. Археолагі праводзяць раскопкі і вызваляюць з нетраў зямлі ўсё, што мае адносіны да чалавека. Гэта таксама гісторыя.

Не толькі навукоўцы, але і вы, сябры, можаце ўнесці ўклад у гэту цікавую навуку. Ці ведаеце, напрыклад, гісторыю сваёй сям’і: дзе і кім працуюць вашы бацькі, бабулі, дзядулі? А кім былі, што рабілі, як жылі бацькі вашых бабуль і дзядуляў? Пэўна, не ўсё ведаеце. А гэта ж гісторыя вашай сям’і, яе трэба берагчы і перадаваць з пакалення ў пакаленне. Калі-небудзь яна стане неацэнным скарбам, па якім нашчадкі дазнаюцца пра нас з вамі, пра час, у якім мы жылі.

Гісторыя не робіцца асобнымі людзьмі. Галоўны яе герой — гэта мы з вамі, увесь наш народ, чалавецтва, якое з кожным днём ідзе ўсё далей і далей у будучыню. А каб стварыць гэту будучыню, трэба добра ведаць мінулае.

 

Як жылі першабытныя людзі

Самыя старажытныя паселішчы нашых продкаў знойдзены ўсяго ў двух месцах: у Афрыцы і ў Якуціі, дзе жыццё існавала ўжо некалькі мільёнаў год назад. Адсюль першабытныя людзі і пачалі рассяляцца па ўсім свеце. Каля трыццаці — сарака тысяч гадоў назад з’явіліся яны і на тэрыторыі Беларусі. З таго часу чалавек ніколі ўжо не пакідаў гэты край.

Як жылі першабытныя людзі? Іхняе існаванне залежала ад многіх абставін. Яны не ўмелі апрацоўваць зямлю, не мелі сваёй жывёлы. Нават вогнішча часцей за ўсё было выпадковым падарункам — успыхвала ад маланкі. Але ні захоўваць яго, ні падтрымліваць доўга людзі не маглі. Жылі толькі з палявання, збіралі ядомыя расліны.

На адным месцы таксама не затрымліваліся. Ішлі ўслед за статкам жывёл, калі трэба было, забівалі яе і елі. Відаць, таму і не мелі сталага месцажыхарства, бо без ежы не пражывеш. Прыстанішчы рабілі дзе давядзецца: у тундры, у лесе, а калі пашанцуе — у пячоры.

Мінулі тысячагоддзі. Чалавек шмат чаго засвоіў, набыў вопыт. З вострага каменя навучыўся рабіць прылады працы. Ды не проста рабіў, а надаваў ім патрэбныя формы: тонкімі — калоў, круглымі — рэзаў, пляскатымі — скроб і цяслярыў. У спалучэнні з драўляным кіем ці косткаю камень станавіўся ўжо сякерай, дзідай, а то і матыкаю. Апрача таго, чалавек навучыўся здабываць і ахоўваць агонь.

З новымі прыладамі працы ды з вогнішчам першабытныя людзі сталі менш залежаць ад прыроды. Яны збіраліся ў гурты і палявалі на вялікіх жывёл — маманта, насарога, аленя. Часам цэлыя статкі заганялі ў расколіны скал ці спецыяльна змайстраваныя пасткі. Дзякуючы гэтаму мелі мяса, цёплыя шкуры для адзення і жытла. Сумеснае жыццё, паляванне аб’ядноўвалі людзей. Яны пачалі жыць не першабытным статкам, а першабытнай людской абшчынаю. Галоўнае месца ў такой абшчыне надавалася жанчыне-маці, якая даглядала дзяцей і вогнішча. Пазней гэтая роля перайшла да бацькі, здабытчыка ежы.

З часам людзі навучыліся рабіць больш-менш трывалае жытло — паўзямлянкі. Над імі дабудоўваўся шацёр з дрэва або з костак буйных жывёл, якія зверху пакрываліся шкурамі. А яшчэ пазней чалавек пачаў займацца земляробствам, жывёлагадоўляй. Ніхто дакладна не ведае, як гэта атрымалася. Хутчэй за ўсё — выпадкова. Магчыма, чалавек заўважыў, як аднойчы прараслі выкінутыя ім на сметнік зярняткі, і вырашыў зрабіць гэтак яшчэ раз. Толькі зярнятак кінуў болей. Тое самае і з жывёлай. Раней забівалася ўсё, што бегала і хадзіла ў лесе, у полі. Але магло здарыцца, што ў той час, калі мяса хапала, у пастку трапіла жывёла. Яе рашылі не забіваць, а прывесці ў паселішча. Мо гэта якраз і была тая першая карова, якую прыручылі, навучыліся даіць. Калі ж наступалі галодныя часы, мяса было пад бокам. Авалодаў чалавек і іншымі прамудрасцямі: навучыўся ляпіць гаршкі, лавіць рыбу, вэндзіць мяса.

У тыя далёкія часы з’явілася і першае мастацтва. На скалах і ў пячорах людзі малявалі сцэны са свайго жыцця, выразалі з косці выявы звяроў і птушак, а часам — і чалавека. Праз малюнкі, каменныя і касцяныя фігуркі людзі шукалі пагадненне з непадуладнымі сіламі прыроды, пакланяліся ім, прасілі дапамогі і заступніцтва.

Вось так на працягу тысячагоддзяў жыў першабытны чалавек. Перамагаючы холад і голад, нястачу і небяспеку, ён праявіў незвычайнае вынаходніцтва ў барацьбе за сваё існаванне. Многае з таго, чым мы з вамі карыстаемся, прыдумана нашымі продкамі: вопратка і дах над галавою, посуд і рыбацкае начынне, плуг і барана, печ і жаронцы... Сёння мы здзіўляемся палётам касмічных ракет, але каб не было таго далёкага продка, які вынайшаў звычайнае кола, не ляталі б у космас і ракеты.

 

Адкуль пайшлі беларусы

Пра тое, адкуль пайшлі беларусы, ёсць старадаўняе паданне. Жыў на свеце чалавек па прозвішчу Бай. Была ў яго вялікая сям’я. Надышоў час Баю паміраць. Сабраў ён сваіх сыноў і падзяліў між імі маёмасць. Толькі аднаго сына запамятаваў, бо той якраз быў на паляванні са сваімі любімымі сабакамі. Звалі сына Белаполем.

Пасля смерці бацькі вярнуўся Белаполь з палявання. Браты яму і кажуць: «Бацька аддаў нам усю маёмасць, а табе пакінуў сабак ды наказаў, каб ты пусціў іх на волю. Аднаго — у правы бок, другога — у левы. Колькі зямлі аббягуць за дзень, столькі і будзе тваёй».

Пайшоў Белаполь і злавіў дзвюх птушак: адну, што прыляцела з паўднёвага мора, другую — з мора паўночнага. Выпусціў птушак у розныя бакі, а наўздагон пусціў сабак. Тыя з такім імпэтам кінуліся за птушкамі, што аж пыл закурэў. І па сённяшні дзень іх няма. А па іх слядах дзве рэчкі пацяклі: у адзін бок — Дзвіна, у другі — Дняпро.

Вось на гэтых абшарах Белаполь і пасяліўся. Ад розных жонак у Белаполя пайшлі розныя плямёны пад найменнем беларусы. Яны і дагэтуль тут ходзяць, зямельку аруць ды жыта сеюць.

У кожным паданні ёсць зярнятка праўды. Так, беларусы склаліся ў адзіны народ з розных плямёнаў. Больш за паўтары тысячы гадоў назад на абшарах нашай краіны рассяліліся славяне: крывічы, дрыгавічы, радзімічы. Побач з імі жылі старажытныя балцкія плямёны — продкі сучасных літоўцаў і латышоў. Але Славянаў было больш. Яны мелі высокую культуру і таму здолелі аб’яднаць вакол сябе розныя плямёны. З цягам часу асобныя княствы — Полацкае, Тураўскае, Гарадзенскае, Менскае аб’ядналіся ў адну буйную дзяржаву, якую назвалі Вялікім княствам Літоўскім. Літоўскім таму, што цэнтрам дзяржавы стаў горад Наваградак — сталіца тагачаснай Літвы, і ўсе вялікія князі паходзілі з гэтых зямель. Межы дзяржавы, як і ў паданні, раскінуліся ад Балтыйскага мора да Чорнага. І называлі сябе нашы продкі ў тыя часы ліцвінамі.

Беларусамі ж мы назваліся не самі. Імя нам далі суседзі. Яшчэ ў даўнія часы заходнееўрапейскія падарожнікі, складальнікі летапісаў і хронік пачалі называць нашу краіну Белай Руссю. Чаму так здарылася, дакладна ніхто не ведае. Адны кажуць, што белая — ад колеру льняной вопраткі і светлых валасоў. Іншыя сцвярджаюць, што белая — значыць вольная. Сапраўды, белы колер ва ўсе часы быў сімвалам свабоды духу, незалежнасці, высокіх хрысціянскіх памкненняў.

Белы — колер Хрыста.

Беларуская дзяржава — ад часоў Полацкага княства і да заваёвы Вялікага княства Літоўскага Масквою — праіснавала амаль тысячу гадоў. Таму еўрапейцы, якія ўсю Усходнюю Еўропу ведалі як Русь, нашы землі з асаблівай павагаю называлі Белай Руссю.

Спрыяла гэтаму і наша тагачасная сімволіка. Белы сцяг з чырвоным пасам — сімвал незалежнасці, якую даводзілася бараніць і адстойваць цаною народнай крыві.

Сёння Беларусь займае межы значна меншыя, чым у часы Белаполя, калі беларусы толькі пачалі сяліцца тут. Але ўсе мы памятаем наша супольнае паходжанне і павінны шанаваць нашу багатую гісторыю. Гэта — наша вечная спадчына.

 

Ад дырхема да рубля

Купляючы што-небудзь у магазіне ці ў газетным кіёску, людзі цікавяцца: колькі гэта каштуе? Мы разлічваемся спецыяльнымі паперкамі. А ў некаторых краінах карыстаюцца і манетамі. Гэта і ёсць грошы. Да іх мы прызвычаіліся, без іх не можам абысціся. Ды мала хто ведае, адкуль узяліся грошы.

Першыя манеты з’явіліся ў Грэцыі і Рыме яшчэ да нашай эры. А да гэтага ў розных краінах людзі, гандлюючы, разлічваліся па-рознаму: жалезнымі прутамі, марскімі ракавінамі, зліткамі солі, шкурамі жывёлы і нават адмыслова апрацаванымі каменьчыкамі. У нашых далёкіх продкаў-беларусаў грошай таксама не было. Проста абменьвалі адны рэчы на другія. Жывёлу, футры, мёд, воск мянялі на ўпрыгожанні з Візантыі, зброю з Заходняй Еўропы. Пазней, калі пачалі гандляваць між сабою арабы і скандынавы, наша зямля апынулася якраз пасярэдзіне. Вось тады і з’явіліся на Беларусі першыя грошы ў выглядзе сярэбраных манет. Яны вырабляліся на арабскім Усходзе і называліся дырхемамі. Пад Полацкам школьнікі знайшлі сапраўдны скарб. Ды які! Ён важыў амаль 20 кілаграмаў. У ім было каля васьмі тысяч арабскіх дырхемаў.

Срэбра, якое здабывалі на Усходзе, з цягам часу скончылася. Разам з ім перасталі завозіць і дырхемы. На змену прыйшлі новыя грошы — дынары і пфенінгі. А з канца XIII стагоддзя на Беларусі пачала ўзнікаць уласная грашова-вагавая сістэма. У яе аснову была пакладзена дробная манета — «пражскі грош», які вырабляўся з чыстага срэбра. Адпаведная колькасць грошай называлася нагатай і капой. Пазней у Еўропе з’явілася новая манета — талер, якая набыла надзвычай шырокае распаўсюджанне. Каб не застацца ўбаку ад агульнаеўрапейскага рынку, на Беларусі пачалі чаканіць свой уласны талер. Галоўны манетны двор знаходзіўся ў Вільні.

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай, у якую ўваходзілі ўкраінцы, палякі, літоўцы і беларусы, нашы землі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Для таго каб хутчэй падпарадкаваць беларусаў, маскоўскія валадары паспрабавалі ўвесці на іх землях свае грошы. Але спачатку з гэтага нічога не атрымалася. Тады выдалі загад: жыхары Беларусі павінны здаць усе наяўныя заходнееўрапейскія і ўласнабеларускія грошы. З таго часу і пачалі выкарыстоўваць расійскі сярэбраны рубель, медныя капейкі, а таксама папяровыя грошы. Паспрабавалі выпусціць і залатую манету. Аднак золата, як і срэбра, на рынку доўга не трымалася. Паступова каштоўныя манеты замяняліся на папяровыя грошы.

Навука, якая вывучае гісторыю грошай, называецца нумізматыкай. Сярод розных калекцыянераў нумізматы, бадай, самы вялікі атрад. І гэта не дзіва. Трымаючы ў руках старадаўнюю манету, мы быццам пераносімся на многія стагоддзі ў глыбіню гісторыі. Па ёй можна прасачыць, як змяняліся князі і цары, як звужаліся або пашыраліся межы дзяржаў, можна ўявіць, як па далёкіх і небяспечных дарогах ішлі купецкія караваны, якія перашкоды яны сустракалі на сваім шляху. Таму заўсёды прыемна і цікава сустрэцца з людзьмі, якія збіраюць манеты. Для іх захапленне нумізматыкай — гэта не толькі гісторыя мінулага, але і сённяшні дзень, успаміны аб далёкіх і блізкіх вандроўках, аб тых краінах, дзе пабывалі самі, дзе пабывалі іх сябры.

Вось такая яна, гісторыя нашых грошай.

 

Камяніцы і таямніцы

Даўным-даўно, калі не было ні дарог, ні чыгункі, вандравалі нашы продкі пеша па ледзь бачных сцяжынах ці на лодках і плытах па рэках і морах. І як жа здзіўляліся вандроўнікі, калі раптам адкрываліся іх позіркам дзіўныя гарады і замкі, абнесеныя высокімі сценамі. А ў тыя далёкія часы ўмацаваныя замкі былі ў кожным старажытным горадзе. Напачатку іх будавалі толькі з дрэва. А потым, калі наша краіна аб’ядналася ў вялікую і моцную дзяржаву — Вялікае княства Літоўскае, замкі пачалі будаваць з каменя і цэглы. І стаялі яны моўчкі, ганарлівыя і загадкавыя. Простыя людзі ў замках не жылі. Гэта было жытло князя і дружыны, багатых баяраў. Тут захоўвалася гарадская казна, ладзіліся суды і выконваліся прысуды. А яшчэ за моцнымі сценамі хавалася зброя, каб абараняцца ад варожых нападаў. Бо ў выпадку пагрозы толькі замак мог абараніць усіх жыхароў — і старога і малога.

Былі ў гісторыі нашай краіны часы, калі ніводнага года не абыходзілася без войнаў. То князі не маглі падзяліць між сабою землі і ўладу, то ворагі нападалі на нас.

Першыя каменныя замкі на Беларусі былі пабудаваны ў Лідзе, Крэве, Наваградку, Медніках, Троках. Яны ўтваралі ланцуг, які спыняў напады крыжакоў А рабіць гэта было няпроста, бо заходнееўрапейскія рыцары мелі вялікі вопыт войнаў. Яны везлі з сабою камнекідальныя машыны, адмысловыя прыстасаванні для прабівання сцен, ведалі, як карыстацца «грэчаскім агнём», перакідаючы яго цераз высокія муры. І ўсё ж большасць нападаў замкі вытрымлівалі, бо кіравалі абаронаю славутыя ваяры, вялікія князі: Міндоўг, Гедымін, Кейстут, Вітаўт.

Кожны замак меў свае асаблівасці. Лідскі і Крэўскі — амаль блізняты, мелі па дзве кутнія вежы і пабудаваны былі ў адзін час. У Наваградскага замка ў розныя часы было да сямі вежаў. Прычым самая знакамітая — Шчытоўка — мела ў вышыню 25 метраў, а таўшчыня сцен была амаль тры метры. Ніякія гарматы не маглі прабіць такія сцены. За сценамі Наваградскага замка знаходзілася царква, захоўваліся дзяржаўныя «кляйноты» — сцяг, герб, пячатка, грошы. Сцены яго і сёння памятаюць Міндоўга, першага князя і караля Вялікага княства Літоўскага, мужнага і адважнага гарадзенскага кашталяна Давыда, які пад замкавымі мурамі сек крыжакоў.

Зусім іншая гісторыя ў Крэўскага замка. Аднойчы тут адбылося жахлівае злачынства. Князь Ягайла, якому карцела быць адзінаўладным гаспадаром, загадаў забіць свайго дзядзьку Кейстута, а потым у тую ж цямніцу пасадзіў і свайго стрыечнага брата — князя Вітаўта. Ды Вітаўт збег, пераапрануўшыся ў адзенне жончынай служкі. Пазней князі памірыліся, каб разам разбіць крыжакоў на славутым полі пад Грунвальдам у 1410 годзе.

Міналі стагоддзі, з’явілася новая зброя, мяняліся і замкі. Яны станавіліся мацнейшымі, больш прыгожымі. У XVI стагоддзі былі пабудаваны цудоўныя замкі ў Міры, Нясвіжы, Гальшанах, Быхаве. Гальшанскі замак, збудаваны магнатамі роду Сапегаў, лічыўся самым прыгожым. Казалі, падобны да яго ёсць толькі ў Францыі. Мірскі замак, збудаваны князем Юрыем Ільінічам, меў пяць стромкіх вежаў і вялікі прыгожы палац. Замак у Быхаве — мацнейшая фартэцыя, якая падчас вайны з Масквою вытрымлівала аблогу да паўгода. Але самым багатым і вытанчаным замкам быў Радзівілаўскі ў Нясвіжы. Яго будавалі па праекту італьянскага архітэктара. Князі і магнаты Радзівілы лічыліся вельмі заможнымі людзьмі не толькі на Беларусі. Іх скарбы пераўзыходзілі нават каралеўскія. У Нясвіжскім замку была выдатнейшая карцінная галерэя, агромністы збор кніг і старажытных рукапісаў, скарбніца, у якой захоўваліся вырабы з золата, срэбра і каштоўных камянёў, прывезеных Радзівіламі з усіх канцоў свету. Была тут і «людвісарня» — майстэрня па вырабу гармат, і збраёўня, дзе вырабляліся стрэльбы, шаблі, мячы, адліваліся кулі і ядры. У дзяржаве Радзівілы займалі высокія і адказныя пасады. Яны былі гетманамі, канцлерамі, скарбнікамі, епіскапамі. Барбара Радзівіл нават стала жонкаю караля.

Не ўсе замкі захаваліся да нашых дзён. Яны, як сапраўдныя ваяры-волаты, да апошняга змагаліся, абараняючы краіну і свой народ. Толькі новай, магутнай зброі супрацьстаяць ужо не маглі. А некаторыя, як Гальшанскі замак, па сваёй недасведчанасці людзі разбіралі на цэглу. І тым не менш, вандруючы па Беларусі, нельга не здзіўляцца прыгажосці і велічнасці гэтых волатаў. Разбураныя часам, яны і зараз з годнасцю паглядаюць на нас праз вежавыя байніцы, быццам пытаюць: а ці здольныя мы сёння зрабіць для свайго народа тое, што некалі зрабілі яны?

 

Па якіх законах жылі нашы продкі

На свеце існуюць самыя розныя законы. Галоўныя сярод іх не падуладны чалавеку. Гэта — законы прыроды. Сапраўды, чалавек не можа спыніць дождж ці снегапад, загадаць землятрусу не разбураць гарады, а бурам не хваляваць акіянскія прасторы. Гэтыя законы — нязменныя.

Людзі прыдумалі свае законы. Гэтыя законы штучныя, але без іх нельга абысціся. Бо ўсе людзі розныя, займаюцца рознаю справаю, па-рознаму думаюць і жывуць. Каб не ўзнікала марных спрэчак паміж імі, войнаў паміж дзяржавамі, і былі створаны законы — унутраныя і міжнародныя.

Першыя беларускія дзяржавы паўсталі ў далёкім Х стагоддзі. Гэта былі Полацкая і Тураўская землі. У тыя часы ўжо існавалі пісаныя законы ў Грэцыі, Рыме і іншых паўднёвых краінах. Але яны былі далёка, і нашым продкам давялося прымаць свае законы. Гэтыя законы заснаваны на так званым «звычаёвым праве», іншымі словамі — правілах штодзённага жыцця. Напрыклад, вы і сёння ведаеце, што старэйшых трэба паважаць, трэба любіць і шанаваць сваіх бацькоў, дапамагаць ім. Проста і зразумела, ці не так? А гэта і ёсць «звычаёвае права», якое выпрацавала само жыццё. Па такому праву паважаны чалавек той, хто больш працуе, а ў старажытнасці — здабытчык-паляўнічы. Ён і меў у сям’і, абшчыне,{абшчы-

не,} племені права рашаючага голасу. Чым больш паважалі чалавека, тым больш меў ён і правоў. Зразумела, што і адказнасці — таксама.

У часы, калі на чале нашых старажытных дзяржаў стаялі князі, яны ўсталёўвалі свае законы. Але гэтыя законы князі прымалі не аднаасобна, а разам з баярамі і старэйшынамі. Акрамя таго, са старажытных часоў захаваўся агульнанародны збор — веча. У вялікіх гарадах людзі розных прафесій і рознага дастатку збіраліся на галоўнай гандлёвай плошчы, каб разам прыняць закон ці важнае дзяржаўнае рашэнне. Замест галасавання рукамі — проста крычалі. Хто меў мацнейшы голас, той і перамагаў.

Законы раней не запісваліся. Дастаткова было валадару прысягнуць ці даць абяцанне — і гэтым гарантавалася выкананне права, усталяванага на вечы ці князем з баярамі. Першыя пісаныя законы мелі форму дамовы. Такія дамовы ў XIII стагоддзі палачане складалі з Рыгаю, Смаленскам і «Гоцкім берагам» — гандлярамі вострава Готланд. Раслі межы старажытнай дзяржавы, асабліва пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага, трэба было бараніцца ад знешніх ворагаў. Князі Міндоўг, Гедымін і іншыя заключалі дамовы з суседзямі. Унутраныя дзяржаўныя законы ўсталёўваліся прывілеямі. Гэта значыць, што вялікі князь ад свайго імя даваў дазвол або забараняў нешта рабіць. Але гэтыя прывілеі князь выдаваў часам толькі з дазволу «паноў-рады» — вышэйшага дзяржаўнага савета, які выбіраўся на соймах.

У 1529 годзе на Беларусі з’явіўся адзін з першых у Еўропе збор законаў — Статут, які дапаўняўся і перавыдаваўся тройчы. У ім вызначаліся правы і абавязкі ўсіх жыхароў Вялікага княства Літоўскага, ад вялікага князя і караля да залежнага ад пана селяніна. Асобныя артыкулы вызначалі законы аб судах, аб правах гандлю, грабяжы і зладзеях, аб нявесціным пасагу, спадчыне, аб тым, што займаць дзяржаўныя пасады мелі правы толькі грамадзяне сваёй краіны. Статут дзейнічаў на Беларусі больш за два з паловай стагоддзі, пакуль наша краіна не была падзелена паміж Нямеччынай і Расіяй.

З канца XVIII стагоддзя на Беларусі дзейнічалі законы Расійскай імперыі. Беларускія дваране — шляхта — страцілі амаль усе свае правы, а сяляне трапілі пад прыгнёт.

У новым часе з явіліся новыя законы. Але нам трэба ганарыцца тым, што і цяпер Статут Вялікага княства Літоўскага вывучаецца ва ўсіх вышэйшых навучальных установах свету. А Беларусь сёння — вольная і незалежная краіна. Мы маем свой асноўны закон — Канстытуцыю, у якой гарантаваны нашы грамадзянскія правы і запісаны абавязкі. Калі ўсе будуць шанаваць і выконваць Канстытуцыю, то мы будзем жыць у міры і суладдзі.

 

Полацк

Калі вам не даводзілася бываць у Полацку, то ўявіце сабе вялікае паселішча, што выцягнулася ўздоўж рэчышча Дзвіны. Калісьці, болей за паўтары тысячы гадоў назад, рымляне называлі гэту раку Рубон. На яе ўзбярэжжа і прыйшлі славяне, каб заснаваць тут новы горад. Паколькі гарады ставіліся, ці, як казалі раней, «рубіліся», на берагах вялікіх рэк, то кожнаму новаму паселішчу давалі найменне той ці іншай рэчкі, якая ўпадала ў Дзвіну. Так, Віцебск стаіць сёння на Дзвіне і Віцьбе, Друя на Дзвіне і Друйцы, а Полацк на Дзвіне і Палаце. Ад Палаты атрымалі назву і першыя славянскія жыхары гэтых зямель — палачане.

Разам з баявымі дружынамі кіеўскага князя Алега палачане хадзілі на ладдзях і стругах нават у далёкае Міжземнае мора. Але гэта быў мірны народ. Галоўны яго занятак — апрацоўка зямлі, паляванне, выраб розных рамесных тавараў. Полацкія майстры славіліся сваімі ювелірнымі вырабамі, футрам, пянькою, скурамі.

На жаль, старажытныя кнігі (летапісы) няшмат захавалі звестак пра Полацк таго часу. І ўсё ж мы ведаем пра першага полацкага князя Рагвалода і ягоную знакамітую дачку Рагнеду. А сыны і ўнукі Рагнеды сталі пачынальнікамі многіх княжацкіх родаў, якія правілі пазней і ў Полацку, і ў Кіеве, і ў Ноўгарадзе.

Полацк тым часам рос і будаваўся. Свайго найбольшага росквіту ён дасягнуў у ХІ стагоддзі пры князю Усяславе. Гэта быў не проста князь, а, як казалі ў народзе,— чарадзей. Узвышаныя радкі прысвяціў яму аўтар першага паэтычнага твору часоў Кіеўскай Русі «Слова пра паход Ігаравы».

Усяслаў Чарадзей збудаваў у Полацку першую вялікую царкву — Сафію. Такія цэрквы існавалі толькі ў Канстанцінопалі, Кіеве і Ноўгарадзе. А гэта азначала, што Полацк ставіўся з імі побач, як роўны. Пры Усяславе быў збудаваны новы княжацкі замак — Вышні. Яго абнеслі магутнымі драўлянымі сценамі, глыбокім ровам. Тут знаходзіўся церам самога князя, сядзібы ягоных ваяроў, заможных гандляроў, рамеснікаў. Слава аб Полацку разнеслася па ўсім свеце. Рэдка хто адважваўся ў той час пайсці на яго вайною, з ім шукалі згоды і міру.

Па смерці Усяслава надышло XII стагоддзе. Вялікае княства — Полацкая зямля — было падзелена паміж сынамі князя. Каму дастаўся Менск, каму Друцк, каму Віцебск, а старэйшаму, Барысу,— Полацк. Пры яго княжанні горад пашыраецца. Толькі некалькі гарадоў Усходняй Еўропы маглі паспрачацца з Полацкам па колькасці мураванак. Сваім росквітам горад абавязаны і славутай асветніцы Ефрасінні Полацкай.

Пазней, у XIII стагоддзі, для Полацка насталі цяжкія часы. З поўначы прыйшлі драпежныя крыжакімечаносцы. Яны рабавалі гарады і вёскі, зводзілі людзей у палон. Супраць крыжацкай навалы аб’ядналіся многія славянскія і балтыйскія народы. Тады ж палачанам давялося змагацца і з мангола-татарамі, якія напалі на рускія княствы.

Багатая і слаўная гісторыя ў старажытнага Полацка. Якія толькі віхуры не праносіліся над ім! Але горад выстаяў. І сёння цешаць вока шырокія вуліцы, ціхія скверы над дзвінскай плынню, старыя пабудовы ў цэнтры і гмахі новых раёнаў. Палачане любяць свой горад, ганарацца ім, як і сваімі славутымі землякамі Ефрасінняй Полацкай, Францыскам Скарынам, Сімяонам Полацкім.

Кожнай раніцы людзі спяшаюцца на працу. Углядаючыся ў іх вочы і твары, міжволі думаеш: а якімі былі яны, палачане, сто, тысячу гадоў назад? Відаць, такімі ж — светлымі, натхнёнымі і добрымі.

 

Ефрасіння Полацкая

Вуліцы старажытнага горада... Высланыя бярвеннем і плахамі, часам гнілыя і брудныя, нясуць яны нястрымны людскі паток да плошчы каля храма. Усіх склікае вечавы звон. Спяшаюцца кавалі, броннікі, гарбары. А ганчары ледзь не ўсёй слабадою ідуць, гатовыя стаць пад княжацкія харугвы і бараніць сваю зямлю ад чарговай варожай навалы. Князь Барыс на людскі натоўп пазірае, думу думае. Час у паход выступаць...

А па вузенькіх вулачках горада спяшаецца дзяўчынка гадоў дзесяці. Гэта Прадслава. Ідзе хутка і ўпэўнена — горад ёй добра знаёмы.

Прадслава паднялася на ўзвышша і апынулася каля Вышняга замка. Тут, як і каля княжацкіх палат, стаіць надзейная варта. У кальчугах, з даўжэзнымі коп’ямі, вартавыя толькі ўсміхнуліся ў густыя бароды і прапусцілі Прадславу — яе ўсе ведалі.

Праз хвіліну дзяўчынка была ўжо каля самага вялікага і прыгожага збудавання ў горадзе — Сафійскага сабора. Каля яго — дзе па хатах, дзе пад часовым навесам — лечаць параненых ваяроў. З раніцы да вечара дапамагае Прадслава сваёй цётцы Раманіі. Каму вады паднясе, каму слова ласкавае скажа...

Мінулі гады. Падрасла Прадслава, пасталела. Яе бацька Святаслаў, родны брат полацкага князя Барыса, надумаў аддаць дачку замуж. Але яна вырашыла інакш: сышла да цёткі ў манастыр, каб прысвяціць сваё жыццё бедным і гаротным людзям. Маладой манашцы надалі новае імя — Ефрасіння.

Спачатку Ефрасіння жыла ў Сафійскім саборы, чытала і перапісвала кніжкі, якія па яе просьбе прадавалі, а грошы раздавалі бедным. У тыя далёкія часы школ яшчэ не было, як не было і падручнікаў. Дзяцей вучылі або бацькі, або ў манастырах і цэрквах. І вось полацкі князь, баяры сабралі грошы, запрасілі лепшых муляраў і цесляў, каб пабудаваць непадалёку ад горада новы манастыр. Назвалі яго Спаскі, а настаяцельніцай манастыра — ігуменняй — стала Ефрасіння.

Завіравала будоўля пад Полацкам. Высякалі лес пад рыштаванні будучага храма, замешвалі гліну для пляскатай цэглы, якую называлі плінфаю, а мастакі-багамазы пісалі для храма абразы. Неўзабаве за манастырскай агароджаю ўзняўся цэлы гарадок з цэрквамі, хатамі, каплічкамі і студнямі. Пацягнуліся ў новы манастыр і людзі. Многія палачане імкнуліся аддаць сюды сваіх дачок, бо Ефрасіння вучыла дзяўчынак не толькі чытаць і пісаць, але і рабіць розную хатнюю работу: шыць, гатаваць ежу, вышываць і нават спяваць. Манашкі самі пасвілі статак, даглядалі свойскіх жывёл, хадзілі ў лес па грыбы і ягады. Сваім набыткам яны дзяліліся з беднымі людзьмі, давалі прытулак падарожным.

Слава аб дабрадзейнасці Ефрасінні разышлася далёка за межы Полацка. Ведалі яе ў Кіеве і ў Ноўгарадзе, ведалі яе нават у далёкай Візантыі на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Візантыйскія імператары пасылалі Ефрасінні свае падарункі, а людзі дзякавалі за дабро, якое яна рабіла ім. Ефрасіння вучыла людзей паважаць адзін аднаго, заклікала спыніць братазабойчыя войны і княжацкія сваркі, бо зброя, казала яна, прыносіць у хату замест хлеба горыч ды слёзы. Нават вялікія князі прыслухоўваліся да голасу Ефрасінні.

Колькі пражыла Ефрасіння, дакладна ніхто не ведае. Але добрая памяць аб ёй засталася на зямлі. У Полацку, непадалёку ад вірлівай Палаты, і дагэтуль стаіць прыгожая, нібыта лялечная, царква, збудаваная князёўнай-манашкай. Гэту царкву людзі завуць Спаса-Ефрасіннеўскай.

 

Кірыла Тураўскі

З даўніх часоў на Беларусі было шмат гарадоў і вёсак. Жылі ў іх рамеснікі і сяляне, гандляры і ваяры і, вядома ж, князі — тагачасныя магутныя валадары. Калі ж свет спазнаў адзінага Бога, па загаду князёў у гарадах пачалі ставіць у Яго гонар храмы, будаваць манастыры. З далёкай Візантыі, з Канстанцінопаля, прыязджалі першыя святары і вучылі людзей Слову Божаму. Так паступова ўтвараліся на нашых землях хрысціянскія цэнтры, адкуль і распаўсюджвалася вера Хрыстова.

Адным з такіх цэнтраў быў старажытны горад Тураў, названы ў гонар князя Тура, які, згодна з паданнем, прыйшоў на багатае Беларускае Палессе з паўночных скандынаўскіх краін. Горад стаяў на скрыжаванні гандлёвых шляхоў і меў вельмі зручнае геаграфічнае становішча. У XII стагоддзі Тураву падпарадкоўваліся многія гарады: Пінск, Бярэсце, Давыд-Гарадок, Слуцк, Копысь і іншыя. Гэта было вялікае княства — Тураўская зямля. У самім Тураве на той час было каля сарака цэркваў і манастыроў.

І вось у такім славутым горадзе, у заможнай сям і, нарадзіўся хлопчык, якому суджана было стаць вядомым нісьменнікам-прапаведнікам пад імем Кірыла Тураўскі. Пра яго юнацтва нічога невядома. Мяркуюць, што пачатковую адукацыю Кірыла атрымаў дома ці пры адным з гарадскіх манастыроў. Веды яго для таго часу былі проста незвычайныя. Ён дасканала спасціг усе навукі пра слова, розныя граматыкі, царкоўную гісторыю. Акрамя роднай і царкоўнаславянскай мовы валодаў грэчаскай і, магчыма, лацінскай. Кірыла мог чытаць рэдкія кнігі, прывезеныя ў Тураў з Візантыі і іншых заходніх краін. А кнігі ў тыя часы каштавалі вельмі дорага. За адну рукапісную кнігу часам аддавалі цэлы гурт авечак ці некалькі кароў і коней.

Ужо ў маладыя гады Кірыла вырашыў прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу і быў пастрыжаны ў манахі. Дні праходзілі ў цяжкай працы і малітвах. На манастырскіх падворках манахі гадавалі свойскую жывёлу, вырошчвалі садавіну і гародніну, збіралі ў лесе грыбы і ягады. Прытрымліваючыся царкоўных правілаў, часта пасцілі і шмат маліліся. А яшчэ чыталі і перапісвалі кнігі — гэта быў іх галоўны занятак. Пэўна, такая праца найбольш падабалася Кірылу.

Ціхае манастырскае жыццё здавалася замкнёным ад знешняга свету, але манахі ведалі, што адбывалася навокал. А там, за сценамі келляў, за манастырскаю брамаю было шмат несправядлівасці, хлусні, абразаў і крывавых войнаў. Князі ваявалі за ўладу, за новыя землі, багатыя імкнуліся абрабаваць бедных, нават царкоўнікі спрачаліся паміж сабою за ўладу над чалавечымі душамі.

Кірыла Тураўскі ўсё гэта бачыў і цяжка перажываў. Каб замаліць людскія грахі, ён добраахвотна зачыніўся ў стаўпе — высокай драўлянай вежы на беразе Прыпяці, непадалёку ад манастыра. Многія месяцы яму прыносілі туды толькі ваду і хлеб. Сам жа манах маліўся за людзей і пісаў свае неўміручыя творы. Гэта былі словы-казанні на розныя рэлігійныя святы, павучальныя прытчы, звароты да князёў і царкоўных уладароў. Ён заклікаў людзей прымірыцца ў імя Хрыста, любіць адзін аднаго, як любіць усіх Бог, не дзяліць і не руйнаваць тое, што дадзена Богам усім аднолькава. Літаратурныя творы Кірылы Тураўскага вылучаліся красамоўствам, яго паэтычныя вобразы былі дасціпныя і разумныя. «Сёння вясна красуе, ажыўляючы зямлю,— пісаў ён,— і моцныя вятры, ціха веючы, плады спеляць, і зямля, насенне кормячы, зялёную траву нараджае. Вясна красная — вера ёсць Хрыстова, моцныя вятры — грэшныя думкі, якія пакаяннем ператвараюцца на дабро...»

Жыхары Турава добра ведалі Кірылу, паважалі яго за чысціню думак і ўчынкаў, а таму папрасілі стаць іх духоўным настаўнікам і кіроўцам — епіскапам. Гэта быў выключны выпадак у нашай гісторыі, калі такое абранне адбывалася па волі простых людзей. Стаўшы епіскапам, Кірыла яшчэ болей рупіўся, каб данесці да людзей Слова Божае, каб навучыць іх дабру і любові. Горад Тураў стаў асяродкам Веры Хрыстовай, адукацыі і культуры.

Прайшлі стагоддзі, як скончылася зямное жыццё Кірылы Тураўскага. Але разам з Ефрасінняй Полацкай, князёўнай-манашкай Рагнедай і іншымі святымі ён і сёння нябесны заступнік і асветнік зямлі беларускай. Яго словы, прытчы і казанні абуджаюць у людзях галоўнае — любоў да Бога, да сваёй зямлі і да чалавека.

 

Няміга

На свеце шмат розных рэк. Адны — шырокія, як мора. Другія — вірлівыя і бруістыя. Трэція — вузкія і выгінастыя. І ёсць адна незвычайная рака: яна цячэ... пад зямлёю. Гэта — Няміга.

Хто з мінчан не ведае, дзе знаходзіцца стары Мінск?! Спытайце — і вам любы адкажа: «Там, на Нямізе». Сапраўды, там, дзе калісьці ўзвышаліся валы старажытнага горада, дзе пераклікаліся шматгалоссем званы цэркваў і касцёлаў, віравала жыццё,— сёння вуліца Няміга. Гэта адна з самых старых вуліц Мінска. Уздоўж Нямігі жылі гандляры і рамеснікі, па ёй да брамы сярэдневяковага замчышча праязджалі князі і замежныя госці. Але ці ведаеце вы, што некалі гэта вуліца была ракой? Невялікая, яна ўжо ў ХІ стагоддзі праславілася на ўсё Полацкае княства і далёка за яго межамі.

 

 

На Нямізе галовы сцелюць снапамі,

харалужнымі малоцяць цапамі,

жыццё кладуць на таку злюцела,

веюць душу ад цела.

Нямігі крывавыя берагі

не збожжам былі засеяны зноў —

засеяны косцьмі рускіх сыноў.

 

 

Так аўтар выдатнага літаратурнага помніка часоў Кіеўскай Русі «Слова пра паход Ігаравы» апісаў бітву на Нямізе паміж полацкім князем Усяславам Чарадзеем і кіеўскімі князямі братамі Яраславічамі. Бітва адбылася ў сакавіку 1067 года. З гэтага ж года пачынае сваё гістарычнае існаванне на старонках летапісаў горад Менск.

Многае на сваім вяку бачыла рака Няміга. Ад часу звузілася і змялела так, што сёння і выток яе знайсці нялёгка. Ад ручая, які выцякаў з балота на скрыжаванні сучаснай вуліцы Грушаўскай і Разінскага завулка, застаўся толькі невялікі равок.

Цяжка нават уявіць, што калісьці Мінск быў падобны на знакамітую Венецыю — горад на вадзе. Толькі замест мора і каналаў праз яго працякала рака. Каля самага вусця Няміга падзялялася на два рукавы, абдымала старадаўні дзядзінец горада і рабіла яго недаступным для ворага. Акрамя таго, гэта была адзіная ў Беларусі рака-вуліца. У межах горада цераз Нямігу былі пракладзены шматлікія масткі, а ў некаторых месцах — суцэльныя драўляныя насцілы. Па іх людзі хадзілі і ездзілі, а пад насціламі мог праплысці човен. Чым толькі не гандлявалі на гэтых мастках! Але найбольш славіўся рыбны кірмаш. Рыбу прадавалі вэнджаную, салёную, вяленую і, вядома, свежую, жывую. Кажуць, калі гандляры не паспявалі за дзень прадаць усю жывую рыбу, то ўвечары яе выпускалі ў Нямігу. Прасцей было налавіць зноў, чым трымаць да раніцы наступнага дня.

Паступова горад пашыраўся, і ўздоўж вуліцы-ракі ўзніклі прамысловыя фабрыкі. Сваімі сцёкамі яны забруджвалі Нямігу. Чатырохметровае рэчышча на пачатку нашага стагоддзя звузілася да двух метраў, а глыбіня зменшылася да паўметра. Яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы быў распрацаваны першы план захавання ракі ў жалезабетонны калектар пад зямлёю. Але здзяйсняцца ён пачаў толькі ў 1926 годзе. Спачатку ў бетон схавалі ніжнюю частку ракі, а пазней, у 1955 годзе, яна ўся знікла пад зямлёю.

Вось так і цячэ сёння славутая Няміга ў цёмных трубах. Архітэктары і інжынеры мяркуюць, што ў недалёкім будучым Нямігу можна будзе падняць на свет белы. І яна зноў упрыгожыць нашу сталіцу. А пакуль можна паглядзець толькі на вусце ракі, тое месца, дзе яна ўпадае ў Свіслач. Прайдзіцеся ад Траецкага прадмесця ўздоўж Свіслачы. Цяпер тут станцыя метро «Няміга». З боку старадаўняга замчышча і ўбачыце тое месца, дзе з-пад зямлі вытыркаецца прамавугольная жалезабетонная труба. Гэта і ёсць яна, летапісная рака.

 

Усяслаў Чарадзей

У краі блакітных азёр, паміж дзвюма рэчкамі — Дзвіной і Палатой, на высокім пагорку вырас горад Полацк. Пагалоска аб ім хадзіла па ўсім белым свеце. Прыязджалі сюды гандляры з Візантыі, Кіева, Ноўгарада і Балтыі, прыходзілі асілкі-ваяры, каб папоўніць дружыну полацкага князя.

Правіў жа ў Полацку князь Усяслаў Брачыславіч. І не было ў ХІ стагоддзі князя, мацнейшага за яго. Слава Усяслава дасягала далёкіх краёў. Разляталіся чуткі, што князь — чараўнік, пярэварацень-ваўкалак і апякаюць яго старадаўнія багі Мокаш, Пярун, Лёля ды Вялес.

Калі памёр бацька Усяслава — вялікі полацкі князь Брачыслаў, пачаў малады княжыч дружыну збіраць. Народная быліна апавядае, што згуртаваў ён аж сем тысяч ваяроў. І ўсе маладыя, ды і самому князю было тады пятнаццаць гадоў. Мацаваў Усяслаў горад, а з ім і ўсю Полацкую зямлю. Пабудаваў у Полацку новы вялікі замак, абнёс яго высокай драўлянай сцяною ды глыбокімі равамі. Не пераскочыць, не пералезці. У самім жа замку белакаменнае дзіва паўстала — царква ў імя Святой Сафіі, альбо Мудрасці Божай. Вышэй нябёс узносіліся галовы-макаўкі незвычайнага храма. Будавалі яго палачане разам з візантыйскімі майстрамі-дойлідамі.

Гарачыя вятры з поўдня ды ледзяныя з поўначы наганялі хмары на блакітныя нябёсы Полацкай дзяржавы. Вымаў тады Усяслаў з похваў меч свайго прадзеда Рагвалода, клікаў валадарскую дружыну. Так было, калі тры кіеўскія князі, тры браты Яраславічы, сабралі войска агромністае і рушылі паходам на палачан. Падышлі і да Менска. Зямля наўкола дымела — гарэлі вёскі, падпаленыя Яраславічамі. Жыхары Менска адмовіліся адчыніць гарадскую браму. За тое і смерць прынялі мужчыны, а жонкі з дзецьмі ў палон трапілі.

Рушылі тры браты з нарабаваным дабром далей. «Заваюем,— гразіліся,— усю зямлю Усяслававу». А тым часам Усяслаў кінуўся ім напярэймы. У сакавіку 1067 года сустрэліся дзве дружыны на рацэ Нямізе.

Шмат загінула ў той бітве ваяроў, але наступ варожы спынілі. Браты Яраславічы запрасілі Усяслава на перамовы, падманам схапілі яго і пасадзілі ў турму разам з сынамі. Болей года пакутаваў у няволі Усяслаў. А за гэты час кіяўляне прагналі свайго князя, вызвалілі з турмы Усяслава і абралі яго вялікім князем кіеўскім.

Мудра княжыў Усяслаў Брачыславіч, адбіваў напады качэўнікаў-стэпавікоў. А самога вельмі на радзіму цягнула. І невыпадкова ён вярнуўся ў свой любы Полацк. То ваўком, бывала, абернецца, то турам, то сокалам. Абягаў ды аблятаў межы сваёй дзяржавы, даглядаючы і ахоўваючы яе ад чужынцаў. За што і празвалі яго Чарадзеем.

Было ў князя шасцёра сыноў. Напрыканцы жыцця прызначыў Усяслаў кожнаму з іх сядзець у сваім горадзе: каму ў Менску, каму ў Віцьбеску, каму ў Друцеску, каму ў Лагожаску ды Брачыслаўлі. Запавет даў, каб жылі браты ў любові і прыязнасці адзін да аднаго, каб разам мацавалі і баранілі сваю зямлю, свой народ.

Пражыў Усяслаў Чарадзей больш за семдзесят гадоў. Пры яго жыцці першая беларуская дзяржава — Полацкая зямля — дасягнула найвышэйшай велічы і магутнасці, уславілася паміж іншымі дзяржавамі. А нам, сваім нашчадкам, пакінуў Усяслаў у спадчыну любоў да Бацькаўшчыны і волі.

 

Андрэй Полацкі

У вялікага князя Альгерда, які валодаў землямі Усходняй Беларусі і меў сталіцу ў Віцебску, было дванаццаць сыноў. Старэйшы быў Андрэй. Ішло XIV стагоддзе — складаны, ваяўнічы час. Таму ўсе Альгердавы сыны з маленства вучыліся сядзець на кані і трымаць зброю. Дзіва што! Хто толькі ні спрабаваў адняць кавалак нашай зямлі, якая на той час называлася Вялікім княствам Літоўскім, а яе жыхары — ліцвінамі. Вялікія нівы і сенажаці, лясы, поўныя дзікага звера, рыбныя рэкі і азёры — усё гэта прыцягвала прагныя позіркі суседзяў з захаду і ўсходу.

Андрэй яшчэ ў маленстве вылучаўся здольнасцямі да вайсковай справы. Нездарма князь Альгерд браў сына з сабою ў дальнія паходы і крывавыя сечы. У самае пекла яго, вядома, да часу не пускалі, але затое ён вучыўся ўмельству правільна расставіць на полі палкі, зрабіць засаду ў самым нечаканым месцы, прытрымаць частку войска, каб кінуць яго на ворага ў самы адказны момант. А яшчэ вучыўся Андрэй браць штурмам гарады, ладзіць лесвіцы і гаціць ссечаным хмызняком абарончыя равы, цяжкім бярвеннем на ланцугах выбіваць замкавыя брамы.

Шмат чаму навучыўся ў бацькі Андрэй. Таму і паслаў яго Альгерд у Пскоў, на абарону паўночных земляў. Было на той час маладому князю ўсяго семнаццаць гадоў.

Шэсць гадоў Пскоўская зямля жыла ў міры, і ўсе былі задаволены. Тады і палачане, сабраўшыся на агульны сход-веча, вырашылі запрасіць да сябе маладога Альгердавіча. Так Андрэй апынуўся ў Полацку. А за слаўныя справы свае атрымаў пасля ганаровае найменне — Полацкі.

У Полацкай зямлі мірных летаў было нямнога. З поўначы штогод набліжалася нямецкая пагроза. Ваяўнічыя рыцары-крыжакі паступова захоплівалі землі Падзвіння, будуючы на іх свае крэпасці. Вясной 1366 года крыжакі спрабавалі захапіць і Полацк. Але палачане на чале з князем Андрэем адбілі напад і самі пайшлі паходам на нямецкі горад Дынабург. У бітвах з немцамі і праходзілі гады княжання Андрэя ў Полацку.

Пасля смерці вялікага князя Андрэй Полацкі спадзяваўся стаць бацькавым спадчыннікам. Але Альгерд вырашыў іначай. Ён прызначыў сваім наступнікам князя Ягайлу, малодшага сына. Паміж братамі ўспыхнула зацятая варожасць.

А тут яшчэ і над землямі Маскоўскага княства навісла пагроза мангола-татарскага нашэсця. Вялікі князь маскоўскі Дзмітрый разаслаў сваіх пасланцоў па ўсіх дзяржавах і землях з просьбаю аб дапамозе. Андрэй Полацкі адгукнуўся, спадзеючыся, што пасля Масква і яму дапаможа вярнуць бацькаў пасад.

Ішоў знакаміты 1380 год. Незлічоныя орды хана Мамая спусташалі землі Маскоўскага княства. Здавалася, няма на свеце сілы, якая б магла спыніць гэты жудасны набег. Як на апошні бой, выпраўляліся насустрач Мамаю дружыны маскоўскага князя. А разам з імі ішлі дружыны Андрэя Полацкага, яго брата Дзмітрыя Ноўгарад-Северскага і ваяводаў-ліцвінаў Дзмітрыя Баброка з Валынскай зямлі і братоў Друцкіх. Восьмага верасня сышліся яны на Куліковым полі з ханскай ардой. Перад бітвай Андрэй Полацкі раздзяліў сваё войска на тры часткі і ўзначаліў полк левай рукі. А полк на чале з Дзмітрыем Баброкам пакінуў у засадзе. Ні на крок не адступалі воіны Андрэя Полацкага. А ў самы рашаючы момант засадны полк моцным ударам цяжкай конніцы прымусіў татар бегчы ў свае стэпы.

Князь Андрэй вярнуўся ў Полацк пераможцам. Але тут яго не чакалі. Брат Ягайла захапіў у свае рукі ўсю ўладу і збіраўся стаць польскім каралём. Ён усюды прызначаў сваіх прыхільнікаў. Масква таксама не магла дапамагчы Андрэю Полацкаму, бо праз два гады пасля Кулікоўскай бітвы яе захапіў і спаліў хан Тахтамыш. У роспачы Андрэй Полацкі пачаў шукаць падтрымкі ў сваіх заклятых ворагаў — крыжакоў. Нават выправіўся з імі ў паход на свой родны Полацк. Але войска яго разбілі, а сам ён трапіў у палон да Ягайлы і апынуўся ў турме.

Андрэй Полацкі быў мужным чалавекам і ўмеў прызнаваць свае памылкі. Калі над Бацькаўшчынай зноў навісла татарская пагроза і яго стрыечны брат Вітаўт пачаў збіраць войска, Андрэй папрасіў адпусціць яго на гэту бітву. У 1399 годзе былы князь пскоўскі і полацкі, сын вялікага Альгерда, у першых радах сек татараў на рацэ Ворскле. А ішоў яму ўжо сёмы дзесятак! Бітва была нешчаслівай для нашых дружын. Татары атрымалі падмацаванне, і перамагчы іх добра ўзброенаму, але малому войску ліцвінаў не ўдалося. Трэба было ратаваць рэшткі войска, таму Андрэй Полацкі з невялікай дружынай застаўся прыкрываць адыход Вітаўта. У апошні дзень свайго жыцця ён думаў не пра сябе, не пра княжацкі пасад і славу, а пра Радзіму, якой яшчэ неаднойчы прыйдзецца змагацца з рознай набрыддзю, каб сцвердзіць сваю свабоду і незалежнасць.

 

Вітаўт

У даўнія часы наша Радзіма мела розныя назвы. Некалі яна называлася Вялікім княствам Літоўскім. Тады ў яе ўваходзілі многія княствы і землі ад Балтыйскага да Чорнага мора. Першай сталіцай дзяржавы быў горад Наваградак, потым — Вільня. А на чале дзяржавы заўсёды стаялі слаўныя князі, сярод якіх асабліва вылучаўся Вітаўт Вялікі. У гады яго кіравання беларускае гаспадарства дасягнула сваёй найбольшай велічы і магутнасці.

Вітаўт нарадзіўся ў вялікакняжацкай сям’і. Яго бацька Кейстут вызначаўся адвагаю і вайсковым умельствам. І на яго плечы лёг асноўны цяжар барацьбы з нямецкімі рыцарамі-крыжакамі. З малых гадоў Вітаўт вучыўся трымаць у руках зброю, сядзець на кані.

Усходняя частка Вялікага княства належала князю Альгерду — брату Кейстута. Калі памёр Альгерд, яго сын Ягайла вырашыў стаць адзінаўладным гаспадаром у дзяржаве. Па-здрадніцку былі забіты Кейстут і яго жонка. Вітаўт не мог дараваць стрыечнаму брату смерці бацькоў і зацята ваяваў з ім. Тым часам крыжакі, карыстаючыся бязладдзем у дзяржаве, вынішчалі землі Вялікага княства. А браты, Ягайла і Вітаўт, то біліся, то мірыліся. Аж пакуль палякі не прапанавалі Ягайлу стаць іхнім каралём. І ён пагадзіўся, бо меў намер аб’яднаць Беларусь з Польшчаю.

Вялікаму князю Вітаўту прыйшлося прыкласці шмат намаганняў, каб адстаяць незалежнасць Бацькаўшчыны. Ён быў у прыязных адносінах з татарскім ханам Тахтамышам, якому нават дазволіў доўгі час жыць у сваім горадзе — Лідзе. З тае пары татары стала атабарыліся на Беларусі. Праз Тахтамыша Вітаўт стрымліваў напады на родную зямлю Маскоўскага княства, адбіваўся ад крыжакоў.

Славуты беларускі паэт Мікола Гусоўскі, амаль сучаснік Вітаўта, напісаў паэму «Песня пра зубра». У ёй, сярод іншага, распавядаецца пра частыя паляванні, якія ладзіў Вітаўт у беларускіх пушчах. Так, палюючы на лясных звяроў, яго людзі вучыліся валодаць кап’ём, рагацінай, лукам, каб біць потым крыжакоў.

У 1410 годзе, замірыўшыся з Ягайлам, Вітаўт павёў свае войскі на нямецкіх рыцараў. Пад мястэчкам Грунвальд адбылася вялікая бітва. У смяротным паядынку сышліся людзі і коні, трава пачырванела ад крыві. Дзякуючы мужнасці беларусаў, палякаў і татар, якіх прывёў Вітаўт, крыжакі былі разбіты ўшчэнт.

Вітаўт Вялікі стварыў моцную дзяржаву. З ім стараліся жыць у міры і згодзе многія суседзі, бо не толькі баяліся, але і паважалі яго, адважнага, мудрага і справядлівага. Сапраўды, як пісаў Мікола Гусоўскі, Вітаўт «ставіў аголены меч свой, як слуп пагранічны», баронячы і мацуючы Бацькаўшчыну.

 

Гародня

У сутоках бруістай Гараднічанкі і сівога бацькі Нёмана, на высокім рачным адхоне, паўсталі ў ХІ стагоддзі муры старадаўняга горада. Цяжка цяпер сказаць, хто першы з прыезджых гандляроў панёс па свеце яго гордае імя. І кожны — на свой лад: Гарадзень, Горадня, Гародня, Гродна. Відаць, назва паходзіла ад слоў «гарадзіць», «агароджваць».

Няпроста складваўся лёс горада. Перш за ўсё таму, што паўстаў ён на сумежжы розных зямель-княстваў: Літвы, Польшчы, Полацкай дзяржавы і Галіцка-Валынскай Русі. Але ў гэтым быў і яго шчаслівы лёс. Гародня стала буйнейшым гандлёвым цэнтрам. Каго тут толькі не было! Але найбольш прыязджалі на кірмашы прадпрымальныя еўрапейцы. Яны не толькі прывозілі свае тавары, але і шмат тавараў набывалі ў Гародні, дзе жылі ўмелыя ліцейшчыкі, ганчары, кавалі, шаўцы, цеслі, збраяры, ювеліры, нават майстры дзіцячых цацак.

Пра горад над Нёманам хадзілі цэлыя паданні. Многім карцела пераканацца ў яго багацці сілай сталёвага мяча. Але горад мужна абараняўся. Адстойваючы яго незалежнасць, загінуў гарадзенскі князь Ізяслаў — унук знакамітага Усяслава Чарадзея полацкага. Гэта аб ім, Ізяславе, плача «Слова пра паход Ігаравы»:

 

Адзін толькі Ізяслаў, сын Васількаў,

на траве крывавай

быў прыбіты літоўскімі мячамі...

Зажурыліся галасы,

весялосць панікла,

трубы трубяць гарадзенскія.

 

Славу і веліч, як і незалежнасць, набыла Гародня ў часы князя Давыда. Быў той Давыд сынам пскоўскага валадара Даўмонта, беларуса па паходжанні. Нялёгка жылося нашым продкам. Мірнаму жыццю пастаянна пагражалі закаваныя ў жалезныя латы крыжакі. У абарону свайго народа і выступіў Давыд Гарадзенскі. Ён шмат зрабіў для згуртавання сіл супраць крыжацкай навалы. Створаны ім саюз узначаліў князь Віцень, які за сталіцу новай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага — абраў Гародню. А каб усе ведалі, што гэта дзяржава моцная і незалежная, прыдумаў герб — узброены, на кані вершнік, іначай — «Пагоня». Пагоня заўсёды імчала на захад, супраць крыжакоў, якія і былі пераможаны пад Грунвальдам у 1410 годзе.

Праз стагоддзі пранесла Гародня сваю непаўторную прыгажосць. Сярод нямногіх уцалелых на Беларусі помнікаў вылучаецца Свята-Барыса-Глебская (Каложская) царква XII стагоддзя. Адна яе сцяна абвалілася, але тое, што захавалася, здзіўляе шматколернасцю фарбаў, веліччу і ў той жа час — утульнай хатняй цеплынёю. На месцы старога гарадзішча ўзвышаецца замак, збудаваны яшчэ каралём Рэчы Паспалітай Стэфанам Баторыем. Тут была каралеўская рэзідэнцыя, дзе прымалі венецыянскае пасольства, праводзілі з’езды-соймы вялікай дзяржавы, у склад якой уваходзілі беларускія, украінскія, польскія і літоўскія землі.

Прайсціся па вулачках старога горада — усё роўна што павандраваць на машыне часу. Адзін за адным сустракаюцца будынкі колішніх манастыроў, касцёлаў. На фарным езуіцкім касцёле, напрыклад, па сённяшні дзень на вежы захаваўся гадзіннік. Гэта ледзь не першыя ў Еўропе куранты. Столькі мінула часу, а як дакладна яны ідуць! Крыху далей — Новы замак. Яго будавалі тыя ж славутыя архітэктары, што і палац Цвінгер — знакамітую Дрэздэнскую галерэю. Не дзіва, што гэтыя старадаўнія будынкі і сёння яшчэ хаваюць таямнічыя скарбы. Параўнаўча нядаўна ў скляпеннях Новага замка была знойдзена бібліятэка, а ў адным з кляштараў — калекцыя рэдкіх карцін.

Здаўна Гародня — буйнейшы на Беларусі прамысловы і культурны цэнтр. Гарадзенскі стараста Тызенгаўз заснаваў тут некалі шматлікія мануфактуры, у тым ліку і рэдкія — гарматную, карэтную, залататкацкую. На асобных з іх працавала да паўтары тысячы чалавек. Заснаваў Тызенгаўз і першы тэатр, акцёры якога паклалі пачатак Варшаўскаму тэатру оперы і балета.

У другой палове XIX стагоддзя на Беларусі наспявае народнае паўстанне. Цэнтрам рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі, якую ўзначалілі Кастусь Каліноўскі і Валерый Урублеўскі, была абрана Гародня.

Славуты горад! Прыгожы, непаўторны, загадкавы. Стагоддзі лунаюць над яго сівою галавою. Але гэта не старасць. Гэта — сталасць і мудрасць, суквецце мінулага і будучыні.

 

Бярэсце

Ёсць у сучасным Брэсце музей, які створаны на месцы, дзе існаваў даўні горад. Вучоныя-археолагі раскапалі жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы, вуліцы. Па іх нават можна прайсціся, уяўляючы, як гудзе гаманлівы людскі натоўп. Вунь там, на падворку, з далёкай усходняй Візантыі, а можа, са Скандынавіі купец прывёз тавар: дарагія аксаміты, бліскучыя, загартаванай сталі мячы, келіхі і кубкі з празрыстага каляровага шкла, пацеркі, бранзалеты. Чаго тут толькі няма! А праз двор — круціць майстар ганчарнае кола, вырабляючы гліняныя гаршкі на продаж. Побач — другі майстар. Гэты на драўляным такарным станку выразае посуд, які ставіцца толькі на стол. Удалечыні гудзе горан кузні, на цэлы квартал разносіцца звон кавальскага молата.

Шчыльна стаяць хаты на падворках — сядзіба да сядзібы. Вуліцы вузкія, пакручастыя. «Сцеражыся!» — чуецца крык. Да княжацкага церама шалёным намётам праносяцца ваяры. Што за вестку нясуць яны? Аб міры ці аб вайне? На імгненне спынілі працу кавалі, сцішылася хада ганчарнага кола, замоўк такарны станок. А праз хвіліну зноў усё зазвінела, загуло, загаманіла...

Аб тым, як узнік горад, захавалася паданне. Даўно гэта было. Невядомы купец прабіраўся з абозам праз палескія балоты. Ніхто не ведаў, хто ён і куды едзе. У тыя старадаўнія часы не было ні дарог, ні гасцінцаў. Адны толькі рэкі, рачулкі ды ручаі. Дзе вада дазваляла,— вазілі тавары на стругах ды лодках, а па сушы — цягнулі вазамі. На Палессі ж — скрозь балоты, вось і трапіў той купец у непраходную дрыгву. Што рабіць? Загадаў ён абдзіраць бярозы ды бяростаю шлях гаціць. Так і выратаваўся. Калі ж прадаў купец тавар і вяртаўся дадому, на гэтым месцы прынёс язычніцкім багам ахвяры. А само месца ў гонар бяросты-выратавальніцы назвалі Бярэсцем. Ад яго і сучасная назва — Брэст.

Ніхто не ведае імя купца. Але назва горада сведчыць, што заснаваны ён славянамі. Месца, дзе паўстаў старажытны горад, незвычайнае: з усіх бакоў абкружана водамі Буга і Мухаўца. Мухавец — невялікі, стромкі, Буг — пакручасты, спакойны, болей за тысячу гадоў цячэ як жывая мяжа паміж землямі Беларусі і Польшчы.

У старажытных летапісах Бярэсце ўпершыню прыгадваецца ў 1019 годзе, калі тут спыняўся князь тураўскі і кіеўскі Святаполк. Горад на мяжы стаў крэпасцю. У самыя даўнія часы ён належаў Тураўскаму княству. Але завалодаць Бярэсцем імкнуліся і ляхі, і валыняне, і кіеўскія русічы, і рыцары-крыжакі, і нават татары. У час жахлівага нашэсця мангола-татараў пад Бярэсцем адбылася вялікая бітва. Загінула столькі вояў, што па полю сечы немагчыма было прайсці.

Каб надзейна абараніць горад, акрамя высокіх і моцных сцен пабудавалі крэпасць у выглядзе вежы. Падобная крэпасць захавалася да нашых дзён у мястэчку Камянец, што паблізу Белавежскай пушчы. Уздымалася вежа высока над горадам і не дазваляла ворагу блізка падыходзіць да яго сцен.

Але неўзабаве з’явілася новая пагроза з поўначы — крыжакі. Каб выратавацца ад іх нападу, беларускія землі аб’ядналіся ў адну дзяржаву — Вялікае княства Літоўскае. У новым гаспадарстве Бярэсце заняло асаблівае, ганаровае месца. Горад першым сярод іншых пачаў жыць вольна, па сваіх уласных законах. І не дзіва! Цераз Бярэсце праходзілі ўсе самыя вялікія дарогі з Заходняй Еўропы ў Масковію, Кіеўшчыну. Горад хутка рос і квітнеў. Тут існавала больш 50 розных рамесных прафесій, праводзіліся штогадовыя кірмашы, узводзіліся цэрквы, касцёлы, сінагогі. З цягам часу горад стаў месцам, дзе праводзіліся дзяржаўныя сеймы (па сучаснаму — пасяджэнні парламента), прымаліся важныя рашэнні.

Болей ста гадоў назад у Бярэсці была пабудавана вялікая мураваная крэпасць. Яе абаронцы мужна супрацьстаялі нямецка-фашысцкім захопнікам у самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У памяць аб тых падзеях цяпер у крэпасці знаходзіцца музей.

Сёння Брэст — буйны прамысловы горад. Працуюць тут ткачы, хімікі, вырабляюць станкі, вылічальныя машыны. У кожным нашым доме гараць электрычныя лямпачкі, зробленыя брэсцкімі майстрамі. Як і тысячу гадоў назад, Брэст застаецца пагранічным горадам.

Гэта — нашы вароты ў Заходнюю Еўропу. Тут заўсёды шмат гасцей, дарослых і дзяцей. Прыязджайце і вы — падзівіцца на прыгажосць старажытнага і вечна маладога горада.


2004?

Тэкст падаецца паводле выдання: Тарасаў С. Фрэскі: Абразкі і апавяданні: Для сярэд. шк. ўзросту / Сяргей Тарасаў. - Мн.: Маст. літ., 2004. - 100, [2] с.
Крыніца: скан