epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Тарасаў

Крыж

«Офросинья ж раба Христова сътяжавъши крест сии прииметъ вечную жизнь съ всеми святыми...»

Майстар разагнуўся, сеў, абапіраючыся на рукі. Рукі нылі, як і спіна, у вачах мільгацела ад бляску пазалоты.

Нарэшце ўсё. Ігумення будзе задаволена. Але як цяжка, як цяжка ў апошні час працаваць! Немалады ўжо. А чалядніку такі заказ не даручыш.

Ён устаў, адышоўся ад стала. Прытуліўся да сцяны, зноў глянуў на крыж. Няблага, няблага выйшла. Такога ён яшчэ не рабіў.

...Сама маці ігумення разам з уладыкам Касьмой паклікала яго да святой Сафеі. Кінуўся ім тады сівы Лазар у ногі, але падымаць яго не спяшаліся: далі адчуць, што ён — нішто, халоп бязродны. Паваляйся трохі, успомні, хто ты і дзе, набярыся цярплівасці, павагі і пакорлівасці.

Ды ён і не крыўдаваў. Розных нагледзеўся ўладык. А што халоп і гонару не мае — праўда. Дзень і ноч гне спіну над работаю. А паспрабуй іначай — з голаду, як сабака, здохнеш. Бо каму трэба яго майстэрства, апрача князёў, епіскапаў ды купцоў заможных? У каго яшчэ грошы? Мо ў абадранца Алексы, што дзярэ горла на вечы за кожнага, хто добра заплаціць? Ці ў суседа — Пятра-кажамякі? Не, яго работа не для чорнага люду. На Вялікім пасадзе і без яго ёсць каму бразготкі рабіць. Яшчэ колькі! І пярсцёнкі, і пацеркі, і бранзалеты... Ды і з Кіева вязуць! Ледзь не вазамі. Праўда, кіеўскія даражэйшыя, асабліва каляровыя. І ўсё ж не для яго гэта работа. Не можа ён разменьвацца на дробязі.

...Маці ігумення звысоку на яго паглядае. Колькі пагарды ў яе позірку! «Мы даруем табе міласцію нашай і даручаем... А калі не зробіш ці зробіш не даспадобы... і, крый Божа, утаіць што...»

Летась скончылі храм Святога Спаса будаваць, а цяпер і крыж напрастольны яму будзе.

...Ён пільна ўглядаўся ў бліскучае тварэнне рук сваіх і каторы ўжо раз думаў пра дзівосы, якія адбываюцца з яго вырабамі. Богша не мог зразумець: ці нейкая чароўная сіла валодае ім у час работы, ці рэчы набываюць чарадзейства пасля акраплення іх святою вадою. Адкуль душа ў іх з’яўляецца?

Колькі разоў назіраў за асвяшчэннем. Не, не мяняюцца яны пасля. Ні бляску не набываюць болей, ні цеплыні. Але людзі падаюць перад імі, цалуюць і моляцца. І сам ён, майстра, цалуе і моліцца. Праўда, не без душэўнага разладу. Неяк дзіўна маліцца таму, што сам зрабіў. Гэткія думкі не раз прыходзілі ў апошні час. Відаць, стары стаў.

А былі ж іншыя часы.

Гадоў сорак назад трапіў у гэтыя мясціны малады залатар. Што тут рабілася! «Сё маё, а то маё жа!» — крычалі адзін аднаму маладыя князі. Усё ніяк не маглі падзяліць бацькавай спадчыны. Кожны трымаўся як стольны, кожны сабе ўсё цягнуў. Каб ён, Богша, падаўся тады да Менску ці Ізяслаўля,— невядома, як склаўся б яго лёс. Але Богша цвёрда памятаў словы майстра Канстанціна з Брачыславага дворышча: «Хто б ні клікаў цябе,— трымайся галоўнага горада і Сафеі святой. Там моц і Божая засцярога».

У Полцеск і прыйшоў. Тут рашыў свайго месца шукаць, бо ў Кіеве чалядніку-залатару ў людзі не выбіцца.

Хай бы яны цяпер глянулі, тыя кіеўскія падбрэхічы, на ягоны крыж! Хто калі рабіў такое? Толькі золата ды срэбра, каменняў каштоўных ды жэмчугу на сто грыўняў ды яшчэ сорак, а дрэва добрага — без кошту.

Двунадзесяць лікаў святых утварыў з абодвух бакоў. Надпісам і ўзорам дзіўным упрыгожыў. Не ведалі такіх кветак ні кіеўскія, ні нават царградскія майстры. Тутэйшыя яны, Полацкай зямлі.

І што за зямля дзіўная! А людзі! Няхай княжацкая праўда князям застаецца, а ў чорнага люду яна свая. Ні мудрагелістасці ў жыцці тутэйшым, ні бяздумнага заморскага хараства. Шануюць людзі і продкаў сваіх, і багоў. Ці не таму стары Усяслаў збег з Кіева, што не прыняла яго прарочая душа кіеўскага ладу? Ходзяць чуткі, быццам князь гэты ўсё жыццё поначы на Валовае возера гайсаў, паганскаму капішчу з лесу даніну насіў. Нават у тыя часы, калі Сафею святую будаваў. А паганскія багі заступаліся за яго, на вялікі стол саджалі. Відаць, так і было, бо жыў ён болей за 70 лётаў.

Але як жа так, калі Бог у нас адзіны?

— Ох, колькі ў жыцці разладдзя! — Сухой схуднелай рукой майстра пачухаў патыліцу.— Зямля каменная, неўрадлівая. Праўда, лясы багатыя. Яны і кормяць у галодныя гады, і адзяваюць. А голад — ледзь не праз год.

Богша прыгнуўся, штурхнуў рукамі дзверы. Ступіўшы за парог, паслізнуўся: «Цьфу ты! Ледзь у гразь не ўваліўся!» Драўляныя плахі дворышча даўно стапталіся і цьмяна бачыліся з барвова-чорнай жыжкі. А пакласці новых не хапала сіл.

Па начным небе, як здані, плылі аблокі, між якіх ярка зіхацелі зоркі.

Колькі лётаў мінула і колькі яшчэ міне, а яны ўсё блішчаць. І нічога з імі не станецца, хоць кажуць, што зоркі, як і людзі, паміраюць. Але ён гэтага не бачыў. Мо і добра. Хай сабе блішчаць. Хто ведае, з якой яго жыццё закоціцца... І ўсё ж крыўдна: ён памрэ, а яны застануцца. А што па ім застанецца? І ці ўспомніць хто Лазара Богшу? Мо запіша два словы пра яго, Лазараў крыж, той мніх, што ў келлі сафейскай летапіс вядзе. Шкада толькі, што кніжны пергамент ненадзейны: і згарэць можа, і пацукі могуць з’есці. Ефрасіння — тая застанецца, бо сам напісаў па золаце: «В лето 6669 покладает Офросинья честный крест...» І манастыр вось збудавалі...

Лазар вярнуўся ў хату. Сеў на лаву, перавярнуў крыж тыльным бокам. Падліў у свяцільнік алею. Потым узяў інструмент і ў самым нізе, пад абразом святога Панцеляймона, дробненькімі літарамі пачаў выціскаць: «Господи помози рабу своему Лазорю нареченому Богши сделавшему крест сии церкви святога Спаса и Офросиньи».


2004?

Тэкст падаецца паводле выдання: Тарасаў С. Фрэскі: Абразкі і апавяданні: Для сярэд. шк. ўзросту / Сяргей Тарасаў. - Мн.: Маст. літ., 2004. - 100, [2] с.
Крыніца: скан