epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Тарасаў

Лань

Сонца яшчэ не ўзышло. Начны туман, чапляючыся за пушыстыя елкі, ціха спаўзаў на зямлю. Лес прытаіўся, заціх.

Прадчуванне незразумелай трывогі глыбока закралася ў душу лесніка. Ён выйшаў на ганак, прыслухаўся. Здалёк пачуўся ціхі, нарастаючы грукат капытоў. Тонкі слых без цяжкасці вызначыў: едуць двое. Дзіўна. У гэтых далёкіх глухіх мясцінах усё радзей з’яўляліся людзі. Стары даўно ўжо нікога не бачыў. Ён вартаваў княжацкі лес, а дакладней — жыў у ім. Людзі забыліся на старога, а ён забыўся на людзей. Жывучы сярод прыроды, птушак і звяроў, ён навучыўся разумець іх лепей, чым людзей. Без слоў. Ды і навошта словы, з кім гаварыць? Вясною ён бачыў, як плачуць бярозы, як ажывае лес, а ўвосень чуў, як жоўта-чырвонае лісце, ахутваючы зямлю, напявае ёй развітальную калыханку.

Ляснік быў яшчэ даволі бадзёры і моцны, хоць жыццё і набліжалася да скону. Аб чым ён думаў, перабіраючы вузлаватымі пальцамі сівую бараду? Пра дзень надзённы, магчыма, апошні, ці пра свае пражытыя і перажытыя гады? Колькі іх было, ён не ведаў, ды і хто мог сказаць? Хіба што яснавяльможны пан, стары, нямоглы князь...

Князь... Нябачныя ніці ўспамінаў звязвалі гэтых людзей, а бездань — падзяляла. Розныя хадзілі здагадкі і чуткі, але дакладна ніхто нічога не ведаў. Жыццё перапляло іх лёсы, як бура пераплятае голле, як людскія ногі перамешваюць у слоту мокры снег.

Шмат вады сплыло з таго часу. Засталася толькі памяць, якая глыбока засела ў душы лесніка.

У гады далёкай маладосці ён быў простым селянінам. Жыў нялёгка, але шчасліва. Былі ў яго жонка, маленькі сын. Ясю ішоў трэці годзік. Тупат дзіцячых ножак, смех і нават плач малога запаўнялі хату радасным святлом. Ясь быў як сонейка, пры паглядзе на якое ў аднавяскоўцаў расцвіталі ўсмешкі. Бацька любіў сына пяшчотна, хоць і ставіўся да яго строга. Але больш за ўсіх любіў сваю жонку Алену. Высокая, стройная, з гордаю паставаю, яна нават замужам заставалася першай прыгажуняй. У яе вачах, як у блакітных азёрах, адлюстроўваліся далёкія мігатлівыя зоры, а доўгія русыя валасы можна было параўнаць хіба што з бязмежным жытнёвым полем ці роўнымі льнянымі радамі. Калі Алена заплятала касу, здавалася, што гэта — сноп спелых каласоў, каб не дзіўнае, амаль няўлоўнае іх попельнае адценне. Рухі яе былі павольныя, грацыёзныя. І людзі, калі бачылі яе, казалі: так плаваюць лебедзі на княжацкіх сажалках.

Але прыйшла бяда. Не ад Бога. Бядою і лёсам быў князь. Вяртаючыся з палявання, прыкмеціў ён Алену. І запала яна ў яго душу. А праз колькі дзён уварваліся ў хату панскія служкі, сілаю забралі жонку і сына, а беспрытомнага гаспадара пакінулі ляжаць на падлозе.

У хуткім часе Алена знікла. Па вёсцы прайшоў слых: не вытрымала жыцця ў княжацкіх палацах, кінулася ўночы з высокай замкавай вежы, а маленькага Яся князь адправіў на чужыну.

Людзі мала што ведалі, а бачылі яшчэ меней.

Прайшлі гады. Душэўны боль старога прытупіўся, і пайшоў ён да князя прасіцца на службу. Так стаў лесніком. З таго часу і жыве ў лесе адзін, у струхлелай рубленай хаце.

...Тым часам тупат набліжаўся. На паляне з’явіліся вершнікі. Па ўсім было відаць, што гэта княжацкія служкі: у багатых, шытых золатам камізэльках, франтаватых ботах і зухавата заламаных шапках. Адпаведна вертыкалі былі і коні: гарачыя, няўрымслівыя. Адзін з вершнікаў рэзка, на ўсім скаку спыніў каня перад самым ганкам.

— Гэй, стары, цябе кліча князь. Паспяшай!

На краі лесу ў акружэнні світы чакаў князь. Ён быў стары, нямоглы. Доўгія сівыя валасы прамымі пасмамі звісалі на плечы. Востры арліны нос і калючы погляд рабілі яго знешні выгляд страшным і непрыемным. У прадсвітальнай смузе князь быў падобны на пачвару. Даўно забыўшыся на весялосць і пацехі маладосці, ён раптам надумаў наладзіць паляванне. Апошняе. І ўспаміны маладосці ажывілі яго. Захацелася прыгадаць былыя дні, калі збіралася ўся знаць, калі віно лілося ракой, а сталы ўгіналіся ад ежы. Забітай дзічыны было так многа, што ўсю і забраць не маглі, пакідалі ў лесе.

...Не вымавіўшы ні слова, ляснік пайшоў у хату, узяў стрэльбу, перакінуў цераз плячо ягдташ і выйшаў. Хутка ён быў перад князем. Зняў шапку, пакланіўся.

Князь сядзеў на кані. Стараючыся не горбіцца, адной рукой упіраўся ў бок, а другой — няўпэўнена трымаў повад. Моўчкі, пільным позіркам агледзеў старога. Ляснік сваю справу ведаў: расставіць лоўчых, загоншчыкаў, падняць звера і гнаць яго на паляўнічых. А тыя будуць страляць. Страляць, пакуль не пераб’юць усё жывое,— такая воля князя.

І вось загоншчыкі расстаўлены, стрэльбы напагатове. Зграя паўгалодных сабак ірвецца з ланцугоў.

Раптам на імгненне ўсё сціхла. Нават сабакі. Падцяўшы хвасты і жаласна паскавытваючы, ціснуліся адзін да аднаго. Ад лёгкага подыху ветру закалыхаліся галіны, ледзь чутна зашапацела лісце. Туман асеў. Зараз ён быў падобны на кісейнае покрыва, якое агортвала ногі і травы. У чаканні світання зямля, здавалася, дыхала на поўныя грудзі, а неба пачало павольна адліваць срэбрам. Аднекуль знізу яго пазалацілі першыя сонечныя промні. Бледна-ружовыя, аранжавыя, чырвоныя, яны паступова разгараліся, узнімаючыся над паляваннем. Нарэшце з-за далягляду выкаціўся вялізны агністы шар. Пунсовыя, быццам патокі крыві, пырснулі ў твар паляўнічых яркія промні ўзыходзячага сонца.

Разгубленыя людзі спалохана азіраліся па баках, чакаючы загаду князя. Той зразумеў гэта і, прышпорыўшы каня, накіраваўся ў глыб лесу. Лясную цішыню парушылі першыя нязладжаныя стрэлы.

Пачаўся загон...

Ляснік, абапёршыся на стрэльбу, спакойна стаяў пад дрэвам на краі просекі. Ён чакаў, калі наблізіцца аблава і выганяць звера. За ім, раскінуўшыся паўкругам, стаяла ў лесе князева світа. Ляснік нікога не бачыў, але ведаў, што князь ад яго — бліжэй за ўсіх.

Аблава ўжо зусім блізка. Чуваць асобныя крыкі, часцей і мацней гучаць стрэлы. З невысокага маладняку выскакваюць зайцы. Апынуўшыся на просецы, яны спыняюцца, смешна і спалохана азіраюцца і імгненна знікаюць у кустах.

Ляснік чакаў дзічыны большай.

І вось пачуўся трэск: нехта ламіўся праз ельнік. Па дрыжачых яго верхавінах стары бачыў, як звер набліжаецца да яго. Ён няспешна ўзняў стрэльбу, шчыльна прыціснуў да пляча, падрыхтаваўся.

Марудна цягнулася чаканне. Нарэшце галіны зварухнуліся і на просеку асцярожна выйшла лань. Яна была невысокая, стройная. Маленькія чорныя капыткі нават не мялі траву, а толькі страсалі з яе запозненую расу, якая блішчала на сонцы, адліваючы ўсімі колерамі вясёлкі. Лань была прыгожая, серабрыста-шэрага колеру, з маленькімі белымі плямкамі на спіне і вялікай плямай на лбе. На грацыёзнай і стройнай шыі горда ўзвышалася галава. Лань прыслухалася. Гледзячы на яе, стары з трывогай заўважыў падабенства жывёлы з нечым даўно забытым, такім жа лагодным і пяшчотным...

Нечакана лань павярнула галаву. Іх погляды сустрэліся. Уражаны стары здрыгануўся. Маланкай бліснула здагадка, і стрэльба пачала павольна апускацца долу.

У лані былі блакітныя вочы.

Шырока адкрытыя, яны спакойна і даверліва глядзелі на лесніка. Без страху, без дакору, без малення. Вочы пыталі... Як яны былі падобны на тыя, многа-многа гадоў назад... Не, не падобныя — тыя ж самыя!

Ляснік перавёў позірк крыху ўбок і зразумеў нямое пытанне. Побач з ланню, хістаючыся на тонкіх ножках, стаяла аленяня. Зусім маленькае, кволае. Яно падалося да маці, прыціснулася, спалохана скасавурыўшы вочы на чалавека. Так спалохана прыціскаўся да Алены маленькі Ясік, калі з грукатам расчыніліся дзверы...

Пякучая хваля ўспамінаў нахлынула на старога. Так, гэта былі яны — Алена і яго сын.

Галіны самкнуліся, і стары зноў застаўся адзін. Ён усміхнуўся, зірнуў на сонца. Усміхнуўся і яму. А можа, самому сабе. Здавалася, і лес расцягнуўся ў добрай усмешцы доўгіх нітаў павуціння, махнатых галін елак, светлага лісця бяроз. І нават стары пень, шырока раскінуўшы лапы, усміхаўся бяззубым ротам. Быццам і не было палявання. Ласкава свяціла сонейка.

І раптам зусім побач раздаўся стрэл. Стары скалануўся. Умомант зляцела здранцвенне. Прадчуванне непапраўнай бяды напоўніла сэрца. З трывожным крыкам праляцела сарока. Куды? Ён азірнуўся. Глухая зялёная сцяна перагароджвала дарогу. Не раздумваючы, ён кінуўся ў зялёныя абдымкі лесу. Паспець! Толькі б паспець! Спыніць, выправіць тое, што не прадухіліў калісьці. Галіны наводмаш хвасталі па твары, цягнулі назад, блыталіся пад нагамі. Хутчэй, хутчэй! Чаму так цёмна? Дзе сонца?

Нарэшце яркае сонца спыніла яго на краі паляны.

На мяккім дыване палявых кветак ляжала лань. На белых рамонках — галава з белай плямкай на лбе. Яна замарылася. Пяшчотная, грацыёзная, прыціснулася да зямлі — такой цёплай. Але вочы... Чаму яны заплюшчаны?

На зямлю павольна сцякаў тонкі чырвоны струменьчык...

Над забітай ланню зноў сустрэліся два позіркі. Адзін — здзіўлены, наіўны, які нічога не разумеў Позірк Яся... Куды ты глядзіш, Ясю, дзіцятка маё?

Пад разгалістым дубам, шырока расставіўшы ногі, стаяў князь. Яшчэ не развеяўся ў паветры парахавы дым, а князь з пагардлівай усмешкай зноў узводзіў стрэльбу.

Блакітныя вочы аленяняці спакойна глядзелі ў пустэчу дула.

Няспешна ляснік узняў стрэльбу, шчыльна прыціснуў яе да шчакі. У прарэзе прыцэлу на момант з’явілася постаць князя, і палец сам націснуў на курок.

Рэха пракацілася над лесам.

Стары падышоў да аленяняці, пяшчотна пагладзіў па галоўцы, прытуліў да сябе, і яны павольна накіраваліся ў глыб лесу. Адзін ішоў няўмела, хістаючыся на тонкіх ножках, другі — цяжка ступаючы, згінаючыся пад цяжарам пражытых гадоў.

Пачынаўся новы дзень...

З таго часу ніхто не бачыў лесніка. У старожку ён не вярнуўся. А на тым месцы, дзе ўпала лань, з’явіўся чысты ручай. Ён бег цераз палі і лясы і паступова ператварыўся ў раку, якой людзі і далі назву — ЛАНЬ.

А яшчэ кажуць, як прыгрэе вясновае сонейка і сыдзе з ракі лёд, выходзіць на ўскрай лесу да абрыву прыгожы вялікі алень. Горда трымае ён каранаваную галаву і журботна глядзіць на раку.

Блакітная вада і блакітнае неба адбіваюцца ў яго блакітных вачах.


2004?

Тэкст падаецца паводле выдання: Тарасаў С. Фрэскі: Абразкі і апавяданні: Для сярэд. шк. ўзросту / Сяргей Тарасаў. - Мн.: Маст. літ., 2004. - 100, [2] с.
Крыніца: скан