epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Тарасаў

Літары на цэгле

Яшчэ сонейка не ўзышло над струменістай Палатой, а ў маладым бярэзніку па-над ракой разліваўся салаўіны пошчак. Кожным чэрвеньскім ранкам птушкі быццам спаборнічалі, хто лепш спявае. Васька Аляксееў, сын шклоўца Прасолава з Кардашаўскай слабады, любіў у гэты час лавіць за горадам рыбу. Ён радаваўся, калі на снеданне прыходзіў не з пустымі рукамі. Не кожны дзень выпадала трапіць на рыбалку, бо строгі бацька рана прывучаў яго да работы ў майстэрні. Разам з вучнямі-падмайстрамі і двума старэйшымі братамі выраблялі яны розныя шкляныя ўпрыгожванні —пацеркі, пярсцёнкі, бранзалеты. Асабліва падабаліся Ваську бранзалеты: пляскатыя, круглыя, кручаныя, розных колераў і адценняў, часам абвітыя танюсенькімі дроцікамі з медзі, срэбра, а то і золата. На гэтыя вырабы быў вялікі попыт не толькі ў Полацку, але і далёка за межамі княства.

Васькавы абавязкі былі нескладаныя: нешта паднесці ці падсобіць дарослым. Але ён чакаў той хвіліны, калі бацька дазволіць яму самому варыць шкло і адліваць розныя прыгожыя рэчы.

Так марыў ён, закінуўшы вуду, і не заўважыў, як паплавок зацягнула пад корч. Таргануўшы вудзільна раз, другі, Васька зразумеў, што давядзецца лезці ў раку. Ён раздзеўся і павольна, намацваючы дно, пачаў заходзіць у ваду. Раптам нага слізганула па бервяну, абросламу рачным багавіннем. Страціўшы раўнавагу, ён нязграбна ўзмахнуў рукамі і плюхнуўся ў ваду. Хутка плынь падхапіла яго і панесла насустрач вываратням, якія вытыркаліся на паваротах рэчышча.

— Памажыце! — закрычаў ён.— Тану!..

Ваську перавярнула набок, закруціла і шпурнула на вялізны, схаваны пад вадою валун...

Калі ачомаўся, убачыў над сабою барадатага чалавека ў чорнай аксамітавай шапачцы.

— Жывы? — пачуў ён спакойны голас.

— Ага,— разгублена адказаў Васька, успомніўшы сваю рыбацкую прыгоду.

Ён павярнуў галаву і адчуў, як дыхнула цяплом ад глінянай пабудовы. Глянуў у другі бок — і ўбачыў чалавечыя ногі, якія мясілі гліну ў вялізным драўляным чане.

— Дзе я? — спытаў ён.

— У манастыры, у святым месцы. Ачуняў, дзякаваць Богу. То будзеш доўга жыць,— адказаў барадаты манах.

Васька прыўзняўся і сеў. «Далёка ж мяне занесла»,— падумаў ён. Сапраўды, хуткая Палата закінула яго пад манастырскія сцены. Васька ведаў, што пад Полацкам, на епіскапскім двары пад назваю Сяльцо, для дачкі князя Георгія будуецца манастыр. У горадзе кожны чуў незвычайную гісторыю прыгожай князёўны Прадславы, якая пажадала служыць Богу. Яна збегла з-пад вянца і стала манашкаю Ефрасінняй. Але ў манастыры хлопчык ніколі не быў.

— Што гэта? — спытаў ён манаха, паказваючы на перавернуты дагары гліняны кацёл.

— Гэта печ для абпалу цэглы,— адказаў той.

— А ногі?

— То людзі месяць гліну, з якой пасля вырабляюць цэглу.

— Навошта?

— Каб з цэглы будаваць царкву. Вунь, бачыш, стаяць драўляныя рыштаванні. Па іх носяць цэглу, складваюць з яе сцены.

Будоўля ішла поўным ходам. Васька падняўся на ногі, зрабіў некалькі крокаў. Прама пад яго нагамі праскочыла кацяня. Ды не проста праскочыла, а прабегла яшчэ і па драўлянай рамцы, запоўненай сырой глінай.

— Гляньце,— паказаў ён,— каток па гліне прабег. Цяпер катковы лапкі застануцца.

— Хай сабе. Гэта ўжо не проста гліна,— сказаў манах,— а будучая цэгла. Яна пакладзена ў спецыяльныя формы, каб сохла... Цябе як завуць?

— Васька Аляксееў, сын шклоўца Прасолава з Кардашаўскай слабады.

— Паглядзі, Аляксееў сын, колькі размаітых знакаў застаецца на гэтай цэгле...

Хлопчык пачаў углядацца ў формы, што ляжалі на зямлі і займалі добрую частку двара. На іх сапраўды было мноства розных знакаў. Асабліва яго ўразіла цагліна з нейкімі значкамі, падобнымі на кручкі, крыжыкі ды рысачкі.

— А гэта што? — спытаў ён.

— Знакі,— адказаў манах.— Усе яны старажытныя, але напісаны чалавекам сёння. Зорачка, кола, крыж — старажытныя сімвалы Сонца і Бога, а Бог і ёсць Сонца.

— А гэтыя кручкі?

— То не кручкі, а найвялікшае дзіва, што прасвятляе розум чалавечы,— літары.

— Навошта яны? — спытаў хлопчык.

— Літары складаюцца ў словы, словы — у сказы, а сказы — у кнігі, якія потым чытаюць людзі. Усё, што было і ёсць, можна запісаць на дошчачцы, на спецыяльна апрацаванай скуры ці проста на гліне. Вось скажы: «Аз есмь».

— Аз есмь,— паўтарыў Васька.

— Але хто ведае, акрамя нас з табою, што ты сапраўды ёсць? А калі тое ж напісаць, то кожны, хто прачытае, будзе ведаць, што ты «есмь» на белым свеце.

— Няўжо кожны?

— Вядома. Пры ўмове, што ён умее чытаць.

— Як гэта?

— А вось глядзі,— манах падняў з зямлі палачку, абламаў яе і вострым канцом напісаў на будучай цагліне літару «а».

— Гэта аз — першая літара альфабета. З яе пачынаецца слова аз — «я».

Потым ён напісаў літару «б».

— Гэта літара букі. З яе пачынаецца слова «Бог», які ўладарыць над намі, небам і зямлёй. А вось гэта літара — ведзі.— Манах напісаў літару «в».— Яна азначае веды — навуку, якая прасвятляе розум чалавечы. Паміж іншым, з яе пачынаецца і тваё імя — Васілій.

— Няўжо гэта я? — здзівіўся хлопчык.

— Ты, ты,— усміхнуўся ў бараду манах,— тваё імя, а дакладней — першая яго літара. Цяпер яна назаўжды застанецца на гэтай цагліне.

— І яна ляжа ў царкоўную сцяну?

— А як жа! Твая літара будзе ляжаць побач з аз і букі, з адбіткамі лапак птушак і жывёл...

Шчасліва ўзрушаны хлопчык вяртаўся дадому, напяваючы: «Аз-букі-ведзі, аз-букі-ведзі!» Разам і паасобку літары гучалі, як салаўіны пошчак, і ён не заўважыў, як апынуўся на сваім падворку. Бацька адразу пазнаў сынаў голас. Ён не спытаў, ці налавіў той рыбы, толькі падумаў, што ўвосень самы раз аддаваць хлопца ў навуку.

...Прайшло восем стагоддзяў. І сёння ў Полацку над Палатою стаіць храм у гонар Спаса Хрыста. У сценах таго храма ляжаць цагліны з птушынымі і катковымі лапкамі, а таксама — з найстаражытным пачаткам альфабета. І трэцяя яго літара не проста ведзі, а жывое ў стагоддзях імя Васіля Аляксеева, сына шклоўца Прасолава з Кардашавай слабады.


2004?

Тэкст падаецца паводле выдання: Тарасаў С. Фрэскі: Абразкі і апавяданні: Для сярэд. шк. ўзросту / Сяргей Тарасаў. - Мн.: Маст. літ., 2004. - 100, [2] с.
Крыніца: скан