epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Тарасаў

Тры колы на гліне

Раніцай Яфімка прачнуўся ў прадчуванні шчаслівага дня. Дзіва што! Учора ўвечары бацька абяцаў паказаць сакрэты свайго майстэрства. А майстар ён, Бутрым, быў вядомы і знакаміты. З усяго Віцьбеска прыходзілі да яго па гліняны посуд. Нават князь час ад часу прысылаў сваіх слуг выбраць што-небудзь з гатовага посуду ці заказаць новы. Вядома, гліняныя вырабы прыгожыя, але ж і б’юцца хутка. Ніхто не ўмеў так рабіць посуд, як Яфімкаў бацька. Людзі казалі, быццам Бутрым і каваль Ладысь знаюцца з нячысцікам, бо надта многа пашаны ім у горадзе за працу і розум. Праўда, нячысціка Яфімка ніколі не бачыў — ні ў хаце, ні ў майстэрні, а вось што да бацькі хадзілі віцьбічы раіцца па розных справах — праўда. Сёння ж бацька абяцаў і яго навучыць мудрасці ганчарнай.

З хаты хлопчык выбег на падворак.

— Ты глядзі, які жаваранак ранні! — сустрэў яго бацька на ганку майстэрні.

— Добрай раніцы, тата. Я ўжо гатовы. Калі ты мне ўсё пакажаш?

— Няўжо не забыўся?

— Вядома, не.

— Ну, раз абяцаў, дык пакажу і раскажу. Толькі кожная справа, сынок, не любіць паспешлівасці. Пойдзем спярша памыемся,— Бутрым паглядзеў на свае запэцканыя глінай рукі,— паснедаем, а потым і за работу возьмемся.

Хлопчык мігам праглынуў снеданне, вылез з-за стала. Маці толькі дзівілася, а бацька пасмейваўся. Яфімка хуценька апрануў старыя порткі, у якіх не шкада было і ў гліну залезці хоць па самыя вушы.

— Вось табе хвартушок да поўнага строю,— сказаў бацька, працягваючы сыну спецыяльна пашыты для гэтай працы хвартух.— Валасы твае кароткія — можна абысціся без каптура. Гатовы? Тады пайшлі.

І яны выйшлі з хаты.

— Двор свой ты добра ведаеш,— сказаў бацька.— Але давай яшчэ раз на ўсё паглядзім уважліва. Вось гэта — гліннік.

У двары стаяла некалькі гліннікаў. Яфімка ведаў, што кожнае лета бацька прывозіў і закладаў у іх гліну, якая потым ішла на вырабы.

— Гліннікі падобныя,— працягваў Бутрым,— але гліна ў іх розная. Гэта — з Заручаўя, гэта — з Задунаўя, а гэта — Узгорская, дзе Віцьба цячэ пад замкам Вышнім. Кожная з іх мае свой смак і тлустасць. Паспытай.

Бацька дастаў з аднаго кораба жменю гліны і працягнуў Яфімку. Той панюхаў, але браць у рот не спяшаўся.

— Не бойся. Гліна — чыстая. Іначай не адрозніш па якасці, не выбераш патрэбную. А глытаць яе неабавязкова.

Хлопчык лізнуў гліну.

— А зараз гэту,— бацька працягнуў яшчэ адну жменю.— Розніцу адчуваеш?

— Так. Адна гладкая і саленаватая, другая — шурпатая і сухая.

— Сапраўды, яны розныя. У першай многа вільгаці, яна тлустая. Гаршчок з такой гліны, сохнучы, трэсне на сонцы і ў цяні. А з гэтай, шурпатай, трэсне, калі будуць абпальваць. Каб зрабіць добрую нарыхтоўку, розныя гатункі гліны трэба старанна змешваць, трымаць у глінніках усю зіму. Толькі па вясне, калі з’явіцца пах, гліна будзе гатовая. А зараз пайшлі ў майстэрню.

Уся майстэрня была застаўлена ганчарнымі вырабамі. Усюды, на паліцах і на падлозе, цешылі вока вялікія і маленькія гаршкі, місы, кубкі, карчагі, каганцы. Пасярод майстэрні стаяла круглая, не вельмі шырокая лава, з аднаго краю якой, у адтуліне, было замацавана кола.

— Вось гэта,— паказаў бацька на лаву з колам,— ганчарны круг. На ім робіцца ўсё: і гаршчок, і каганец. Сюды, усярэдзіну круга, кладзецца кавалак гліны. Гэта будзе донца гаршка. А потым паступова будуць выкругляцца і сценкі. Паспрабуй...

Яфімка ўзяў кавалак гліны, загадзя размяты бацькавымі рукамі, паклаў на круг і паступова, шнур за шнурам, пачаў яе налепліваць. Потым Бутрым круціў круг, а сын абедзвюма рукамі надаваў гаршку форму.

— Тата, глядзі, які ў мяне атрымаўся гаршчок! Як твой!

— Добры гаршчок. Але яго яшчэ трэба зняць з круга. Бацька ўзяў тонкую вяровачку і зрэзаў мяккую гліну пад донцам.

Вось цяпер ён амаль гатовы. Толькі трэба высушыць і абпаліць.

— Усё. Але спачатку я табе адкрыю адзін сакрэт. Зірні на донца.

Яфімка асцярожна перавярнуў яшчэ мокры гаршчок дагары і ўбачыў на ім два колы, выціснутыя ў гліне.

— Адкуль гэта, тата? Я ж іх не рабіў.

— Калісьці мой бацька выразаў адно кола на ганчарным крузе. Яго адбітак значыўся на кожным зробленым ім гаршку. Потым, калі мой бацька — твой дзед перадаў справу мне, я выразаў яшчэ адно кола. Гэта ўжо мой знак. Калі ты сядзеш за гэты круг, мусіш выразаць і сваё кола. І кожны ў горадзе будзе ведаць: гаршкі, на донцы якіх тры колы,— твае. Усё, што рабілася нашай сям’ёй, заўсёды было найлепшым. Ты павінен пра гэта памятаць, сынок, і перадаць сакрэт трох колаў сваім дзецям. Гэта знак нашага майстэрства.

* * *

— Праз многія стагоддзі археолагі будуць углядацца ў знакі на ганчарных донцах і гадаць, што яны азначаюць: месца вырабу, сонца, прыналежнасць князю ці ганчарнаму цэху. А на самой справе тры колы, адно ў адным,— гэта спадчынныя знакі дзеда, бацькі і сына.


2004?

Тэкст падаецца паводле выдання: Тарасаў С. Фрэскі: Абразкі і апавяданні: Для сярэд. шк. ўзросту / Сяргей Тарасаў. - Мн.: Маст. літ., 2004. - 100, [2] с.
Крыніца: скан