epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Украінка

Смехаёчкі

ПЯЛЁНКІ
ХВАРОБА
КАПЯЛЮШ
ЗУБ
ГЛІСТЫ
«ДУХ»
ЛЫЖКА
АГАРОД
«РУКАЯТКА»
МУХТАР
ПТУШКІ
БУЛЬБА
ПАМОЧНІКІ
ПЫТАННЕ
«ЗАКЛАДКА»
САЛА
ЧЫТАЧ
ХОБІ
АРФАГРАФІЯ
ЛІТАСЦЬ
ХАТА
«ФІКСЫ»
СЫРАДОЙ
ХАМУТ
«КАМАНДЗІР»
ШКОЛА
«ПЕНЬ»
УРОК
БАЙКА
СЕТКА
«ДАЛІКАТНАСЦЬ»
«САДЫСТКА»
СУП
«РАССТРЭЛ»
ЭКЗАМЕН
СЯРГЕЕВІЧ
САВЕЛЬЕВІЧ
СЯМЁНАЎНА
АТЛАС
ПОМСТА
ЧАРНАВІК
БОЛТ
СОН
ЗАГАДКІ
БІЯТЛОН
ЛЕКСІКА
ЛАДКІ
РАССТРОЙСТВА
КРЫЎДА
МАЛАДОСЦЬ
КРЫТЫК
ПІВА
КАШТАН
ПАЛЁТ
ДАЦЭНТ
МАЛАКО
НАСТАЎНІК


ПЯЛЁНКІ

 

Маладзіца забегла да суседкі па сіта. Паўгадзіны гамоняць, гадзіну. Схамянулася нарэшце:

- Ой, пайціць-ка пялёнкі сціраць...

Абгаварылі чарговую Андрэеву нявестку. Зноў спахапілася:

- Ой, пайціць-пайціць пялёнкі сціраць...

Пабедавалі, што воўны не дакупіцца на базары, што карова Якімава другі тыдзень перахаджвае, не можа расцяліцца, што...

Нарэшце зноўку пачала цягнуць звыклае:

- Ой, пайціць-пайціць пялёнкі сціраць...

Нямоглы дзед Мікіта, які грэў на ляжанцы спіну і дагэтуль не падаваў аб сабе і знаку, не вытрымаў, брыдка вылаяўся і праказаў:

- Ты, Вольга, збегай зірні, мусібыць, твае пялёнкі даўно павысыхалі. Тае бяды, што адно страсанутыя, смярдзець будуць. Тваю хату й так дажа каты абмінаюць.

Пасля слоў старога маладзіцу як венікам вымела.

 

ХВАРОБА

 

Сын-студэнт прыехаў на канікулы дадому ў невялікую вёсачку. Маці паставіла на стол святочны пачастунак. Калі пачала наліваць у шклянкі самагонку, сын перакуліў сваю, пакуль пустую, і прабурчаў:

- Мне не налівай.

Старая ад нечаканасці аж сцепанулася:

- А Толічак, а дзіцятачка, а што ж з табой сталася?! То пэўне ж захварэў. А я й гляджу, што з твару зблажэў зусім, высах удудку.

Потым, як бы ўжо сама сабе, дадала:

- Нічога, дома адхлыне, падправіцца.

 

КАПЯЛЮШ

 

Малады, але даўно ўжо сямейны, загадчык вясковага клуба купіў сабе «для саліднасці» ёмкі брыль. Як зазвычай, гукнуў «на замочку» сяброў.

Паселі бяседнікі за стол і пакрысе прамаўляюць сабе тосты, каб рэчы зносу не было.

Праз нейкі час зарыпелі весніцы - з садка вярнуліся жонка з трохгадовым сынам. Як толькі ўвайшлі ў хату, хлопчык угледзеў на табурэце капялюш. Уражаны, спыніўся, а потым абедзьвюма ручкамі схапіў яго і радасна закрычаў:

- Ура! Папка мне мякенькі гаршчочак купіў!

Пакуль бацька з дзецюкамі, гыгыкаючы, выпівалі за «новы гаршчочак», яго трэба ўжо было несці да пліты - падсушваць.

 

ЗУБ

 

Чатырохгадовы «пісталет» Вовы Каваленкі паскардзіўся бацьку, што зашатаўся зуб. Той зірнуў - зуб на адной шкурцы - і вырваў яго пальцамі. Кроў, плач, злосць. Асабліва злосць, бо сын, калі падышоў да люстэрка і ўбачыў шчарбіну, люта прашапялявіў «старому»:

- Бацька, пляць! Сто ты нарабіў?! А-ну стаў, сука, на места!

Толькі калі яму растлумачылі, што на гэтым месцы вырасце новы, хлопчык «адышоў».

 

ГЛІСТЫ

 

На пілараме. Мужчыны падкацілі да пілаў апошняе бервяно. Адзін з іх, невысокі таўстун, крысом пінжака ссоўвае з ілба ручаіны поту. Другі, вузкатвары мацак, пакепвае:

- Ну і раздабрэў ты, Балахон. Бач, як пуза рабіць мяшае, да зямлі цягне.

Той - у адказ ( меланхалічна):

- Павыганяй глістоў, дык і ты такім будзеш...

 

«ДУХ»

 

Падабедзенне. Муж і жонка пілуюць дровы каля хаты. Гаспадар, зірнуўшы на гадзіннік:

- Слухай, Вольга, ці не пара б ужо траха пачаставацца якой скваркай?..

Сагнуўся, каб пакласці на козлы чарговае палена, як не ўтрываў і гучна «выпусціў дух».

Жонка ўмомонт адазвалася:

- Не галодзен, Хведзька, не гало-о-дзен. Гадзінку якую шчэ пашморгаем...

 

ЛЫЖКА

 

Адзінокая Насця па абедзе зайшла «пагуляць» да Просі, сваёй даўніннай сяброўкі. Насця была жанчынай акуратнай, але, як бадай усе векавухі, гатаваць сабе падленьвалася. Ну, а Прося, загартаваная спачатку неслухамі-дзецьмі, а потым - неслухамі-ўнукамі, заўсёды яе частавала. Так было і сёння. Выліла Прося астачу шчаўя з чыгунка ў місу і падсунула да госці. Аж глянула на слоік, у якім звычайна «стаялі» лыжкі, - пусты. Не доўга думаючы, яна хапанула са стала бліжэйшую, «хляп-хляп» - аблізала яе і падала суседцы:

- Еш, Насця, лыжка чыстая.

Думаеце, не ела?

 

АГАРОД

 

На Дняпры - паводка. Хвалі плюскочуць на вясковых агародах, вада падбіраецца да хлявоў небаракаў-прыбарцаў. Нерастуе рыба. Лавіць яе - не дай Гасподзь, але, як і заўсёды, - ловяць. Браканьераў вывіжоўваюць цэлыя атрады міліцыянтаў. Ну, і няхай сабе. Вопытныя прыбарцы ставяць сеці на сваіх агародах, за платамі. Да аднаго такога прычапіліся два сержанты:

- Ты што, тваю мець, не ведаеш, што цяпер нельга рыбу лавіць?

А той, таксама з мацюком, адказвае:

- Знаю. А дык няхай яна, падла, мой гарод не топча...

 

«РУКАЯТКА»

 

- Валя, ты б можа расказала, як Мішу Кобіка з бані ў двор праводзіла?

- А-а-а... - прыпамінае тая. - Ну, дык што? Ета ж было. Усе мужыкі як мужыкі, папарыліся, памыліся і пайшлі. А ета бляць п'яная з палка не злазіць. Пабрэхвае толькі. От тады я і падцэліла. Стаілася за вуглом, а як толькі ён злез з палка, адчыніў прымыльнік і стаў «паліваць» з ганка - цоп яго за «рукаятку». Ён вочы вылупіў, стаў прасіцца, але пацягнуўся так за мной цераз дарогу бы міленькі...

Праўда, перад адным шахвёрам было трохі стыднавата. Ён, калі нас убачыў, дык аж пабялеў і машыну сваю заглушыў. Толькі як ужо мы дарогу перайшлі, тады паехаў.

 

МУХТАР

 

Недзе месяцаў за пяць да адыходу ў войска сын прывёз бацьку-паляўнічаму шчанюка выжлы. Добры шчанюк быў, пародлівы. Хлопец з любасцю даглядаў яго, траціў на сабаку ці не ўвесь вольны час. Нарэшце надышла пара чапляць пагоны.

- Ты, бацька, глядзі, добра гадуй Мухтара. Вучы яго, не лянуйся, а праз два месяцы пачынай вадзіць у лес, - такі быў сынаў наказ.

У кожным лісце з далёкага Ўзбекістана салдат распытваў пра свайго ўлюбёнца: як есць, як расце, які характар выказвае.

Бацька цярпліва адказваў на яго роспыты, аж пакуль у чарговы раз не атрымаў ліста са словамі: «Добры дзень, тата, мама! У мяне ўсё добра, чаго і вам жадаю. Бацька, напішы, як там наш Мухтар. Ці ганяе? Ваш сын Васіль».

Тыдні праз два хлопец атрымаў адказ на свой ліст. Бацькавай рукою на квадратным, у пядзю, лісточку было нашкрэбана: «Здрастуй, наш дарагі сынок. У нас, дзякуй Богу, усё ў парадку, чаго і табе жадаем. А Мухтар твой, сынок, ганяе. Добра ганяе. Ад галавы да хваста. З прыветам - твае бацькі».

 

ПТУШКІ

 

Старшыня калгаса прыехаў на зернесклад. Абышоў яго з вартаўніком і давай таго распякаць:

- Ты чаго, тваю так, развёў тут табун галубоў? Мала таго, што напаскудзяць, дык яшчэ і зерня колькі падзяўбуць.

Вартаўнік паціснуў плячыма, цыркнуў слінаю ўбок і спакойна адказаў:

- А гэта не мае. Гэта Івана Клапа з фермы.

- Адкуль ты ведаеш? - лыпнуў вачыма старшыня.

- А што тут ведаць?.. Вунь, у іх лапкі ў гаўне.

 

БУЛЬБА

 

Старшыня калгаса, аграном і брыгадзір стаяць на ўскрайку поля. На ім, як бачыць вока, - залацістыя россыпы непрыбранай бульбы. Старшыня, з дакорам ківаючы галавой, кажа брыгадзіру:

- Што ж ты, Андрэй, тваю так, закінуў гэтае поле? Колькі дзён ужо бульба ляжыць?

- Два, Цімафеевіч, - уздыхае той. - Дык жа сам бачыш - рук няма.

Аграном хітравата зірнуў на брыгадзіра і са шкадаваннем праказаў:

- Да-а, Андрэй. Нявыкрутка. Эх, каб сабраць усіх баб, з якімі ты шашніў, ды каб даць ім у рукі вёдры, дальбог, да абеду тут бы ні бульбіначкі не выпараў...

 

ПАМОЧНІКІ

 

Дырэктар свінакомплекса частуе дарагіх гасцей. Паўз столік, за якім яны сядзяць, раз-пораз шмыгаюць дырэктаравы памагатыя.

Таму ўрэшце надакучыла іх мітусня:

- Ну што вы ўсё бегаеце, быццам вас панос прахапіў?!.

Адзін з памочнікаў хуценька адказвае:

- Ага, не будзеш бегаць, дык скажаце, што ў нас запор.

 

ПЫТАННЕ

 

Загадчык аддзела РК КПБ заходзіць у кабінет да падначаленых. Убачыўшы, што таго, хто яму патрэбен, не відно, незадаволена кідае:

- А дзе Петрасеня?

- У туалет пайшоў, - адказваюць.

- А чаго?..

 

«ЗАКЛАДКА»

 

«Галава» райвыканкама выклікаў «галоў» калгасаў на справаздачу па закладцы сенажу. Двое старшынь-суседзей змаглі патрапіць да начальства толькі ў канцы дня - тэлефонаграмы іх позна адшукалі.

Калі першы панура выйшаў з кабінета шэфа, другі спалохана запытаў:

- Ну, пра што ён, Гена, цябе выпытваў? Дужа злосны?

Той нічога не адказаў і толькі скрушліва махнуў рукой...

...Шэф невялічкай горкай узвышаўся над шырачэзным сталом. Калматыя бровы надавалі яго нахмаранаму твару яшчэ большую строгасць.

- Ну, Галаўко, а ты колькі залажыў?

Старшыня ў разгубе залыпаў вачыма.

- Дык я, Іван Трафімавіч, яшчэ меней, чым Гена Галабродаў, - усяго грамаў 150. Чэснае слова. Ён можа пацвердзіць.

- Што-о? - твар шэфа ўмомант стаў падобны на рэпкавы бурак.

- Во-о-он!!! - шалёна зароў ён, схапіў са стала попельніцу і з усяе сілы запусціў услед небараку-Галаўко.

 

САЛА

 

Свежына ў вясковага халасцяка.

- Суседка! Эй, суседка! Вольга!!!

- Што?

- У цябе жыр ёсць?

- Ну. А што табе?

- Дай-ка трохі. А то сала прыгарае.

 

ЧЫТАЧ

 

На прыступках бібліятэчнага ганка сядзіць-ківаецца немалады мужчына. Галава яго як не сарвецца з плячэй, але, дзіва, акуляры з тоўстымі шкельцамі моцна трымаюцца на дзюбастым носе.

Да ганка імкліва падыходзіць жанчына. Сівыя валасы яе скручаны ў гулю, вусны сціснуты да сіні, у вачах - раз'ятранасць, у руках - пузатая торба.

- Што, падла, зноў «начытаўся»?

Мужчына ў адказ нешта мыкае.

- Аслепнеш, скаціна, ад сваіх «кніжак» праклятых. Нядоўга ўжо...

Жанчына перакідвае торбу ў левую руку, хапае вольнай мужчыну за карак і рыўком ставіць таго на ногі.

Павольна, хістаючыся, сунуцца яны да бліжэйшага ад бібліятэкі прыватнага дома...

 

ХОБІ

 

У гарадскім скверы на лаўцы, схаванай ад алей кустоўямі бэзу, сядзяць маладжавыя, але добра-такі пацёртыя жыццём муж і жонка. Побач вялёхаецца на крывенькіх ножках іх малы сынок.

Час ад часу мужчына вымае з кішэні адкаркаваную пляшку віна, прыкладваецца да рылца, потым перадае астачу сваёй «палавіне». Пасля першай бутэлькі паяўляюцца другая, трэцяя...

Нарэшце скончылася і віно, і няхітрая закуска. Твары «прагуляннікаў» расчырванеліся, палагаднелі. Мужчына імпэтна ўсхапіўся і пачаў забаўляць малога, які адразу шчасліва засакатаў. Хвілін праз колькі гульня надакучыла бацьку і ён з насцярогаю зірнуў на жонку. Тая моўчкі сядзела на краю лавы і засяроджана разглядала пазбіваныя насы пантофляў.

- Ты чаго вачамі лыпаеш? - строга кінуў ён.

Жанчына з цяжкасцю прыўзняла галаву, праказала лена:

- А можа ў мяне хобі такое.

- Х-м, бля, - не зразумеў той. - Што яшчэ за хобі-ёбі?

- Ды ідзі ты ў баню,.. сяло зачуханае.

Мужчына махнуў рукой і павярнуўся да сына.

Праз нейкі час ізноў, ужо раздражнёна:

- Ну чаго ты ўсё вачамі лыпаеш?

У адказ:

- У мяне, можа, хобі такое...

Нарэшце мужчыне абрыдла «адпачываць» і ён, пасадзіўшы малога ў летнюю каляску, загадаў:

- А ну, уставай, кабыла. Дадому паедзем. Ну, доўга ты так будзеш кайф лавіць?

- Доўга. У мяне, можа, хобі такое.

Мужчына груба хапануў жонку за руку, паспрабаваў пацягнуць на сябе. Дзе там - не па сіле. Ён адышоўся, плюнуў злосна і кінуў ахлялай жанчыне:

- Ну і валяйся тут, ануча драная. Хай цябе менты валочаць...

Мужчына з каляскай быў ужо далекавата, калі яго жонка, як ямчэй уладкаваўшыся на лаўцы, пачала паўтараць у трызненні:

- Хобі ў мяне такое. Хобі, 'ля.

O, tempora...

 

АРФАГРАФІЯ

 

На Першамайскай перад Галоўпаштамтам інспектар ДАІ распякае «прыватніка». Даносяцца словы:

- Гражданин, вы что, безграмотный? По этой доверенности вы не имеете права водить машину. Она составлена не по стандарту. К тому же с письменными ошибками.

Побач стаіць новая «даішная» «волга», на бакавінах якой прапшыкана пульверызатарам: «безопастность движения».

 

ЛІТАСЦЬ

 

Дваццацісямігадовы хлопец з вузкім юначым тварам і юначай жа паставай расказвае:

- Па-за той восенню маму «прыкачала» ангіна. Есць не можа, ногі толькі-толькі валочыць. Шкода было яе дужа... Аж на трэці дзень хваробы папрасіла: «Сяргуня, - кажа, - зварыў бы ты мне булёнчыку з пеўня. Засячы каторага з маладых, яны ўсе роўныя».

Злавіў я аднаго бройлернага, а галаву адцюкаць не магу. Баюся. Галава зыркае на мяне, вялёхаецца на калодзе... Паглядзеў-паглядзеў на гэтага бройлера ды ў выварцы і ўтапіў.

- І што тады? - пытаю.

- Тады ўжо было проста. Узяў яго, паклаў на калодку і гакнуў тапаром з дзвюх рук.

- І не пабаяўся? - пытаю з іроніяй.

- А чаго баяцца?.. Ён жа нежывы. Жывога я і цяпер не засек бы. Душа ў мяне такая. Жалесная.

 

ХАТА

 

Стары карчак пабраўся з саракагадовай маладзіцай. Жылі ў ягонай хаце. Ну, як жылі, - елі за адным сталом, а спалі кожны сам сабе. Пакрысе стары стаў прыкмячаць, што сіла і здароўе з яго бягуць, як вада з дзіравага вядра. Вось тады ён і «адмачыў» - пачаў штораз «падліваць» на вуглы сваёй хаты. Калі гэта згледеў сусед і, пакруціўшы пальцам каля скроні, спытаўся: «Ты што, Цімох, паехаў?» - то ўчуў няўцешнае: «Здохну вось, Грышка, а гэтая курва прывядзе ў маю хату якога лайдака дый прасвішча ўсю бацькаўшчыну. Дык хай хоць тая хата згніе з толкам.»

 

«ФІКСЫ»

 

Вовік пасля турмы вярнуўся ў вёску.

- Ну, старая, - кажа сваёй бабулі, - цяпер ты ласты клеіць будзеш з новымі фіксамі. Рыжымі. Я ж цяпер зубным пашу. На «дачы» намастырыўся. Ты сячэш?

Бабуля, вядома, нічога не зразумела, аднак глядзела на ўнука спаважна. Папрасіла нясмела:

- Ты б, унучак, па-нашаму са мной гаварыў, ці што. А то, як тая Волька Піскунова, - усё па-руску ды па-руску.

Унук паблажліва ўсміхнуўся:

- Ды зубы я хачу табе паставіць залатыя. Па дзяшоўцы. Я ж там на зубнога вывучыўся...

Не падмануў. Зняў мерку, забраў у бабулі сякія-такія грошы на «золата», прапіў іх з сябрукамі і ўзяўся нарэшце рабіць каронкі. Рандолю з манометраў дружбаны, дзякуй Богу, з вялікім запасам нацягалі. Справіў зубы старой.

Праз нейкі месяц Вовік зноў мусіў ехаць на сваю «дачу», а бабуля яшчэ ці не два гады фарсіла перад вяскоўцамі «залатымі» зубамі. Памірала яна з лёгкай ды светлай усмешкай.

 

СЫРАДОЙ

 

«Галава сям'і» нашчыцца сырадоем. Глыток за глытком. Раптам ставіць слоік на стол і падазрона глядзіць на жонку:

- Вольга, чаму малако кіслае?

- Як яно кіслае? - устрапянулася тая. - Толечкі ж працадзіла.

- А што карове нанач давала?

- Ды паданкі, антонаўку.

- Ну во. Колькі говорана было, каб не сыпала скаціне гэтае кіслоцце. Пі от цяпер сама...

 

ХАМУТ

 

Гэта адбылося ў часы, калі бохан хлеба каштаваў 16 капеек. У Галі Шмаргуновай з клеці ўкралі хамут. Яна, вядома, здагадалася, чые ногі па двары пахадзілі, таму адразу пакіравала да Мішы Глычка. Той і не віхляў:

- Ты ведаеш, Галя, я й не хацеў яго браць, толькі думаю: а нахрана табе хамут, калі каня і ў праекце не значыцца? Загнаў я яго Мясаеду за паўсотні. Дзве «гінды» шчэ асталіся. Хочаш - капну.

- Ды не буду я піць тваю чарвіўку. Хамут аддай.

- Галечка, ну як жа я адбяру яго ў чалавека? Грошы ж прапіты...

- А ты не адбірай, а адкупі. На вось, - яна падала небараку-злодзею стосік «пяцёрак».

Той паглядзеў на Галю круглым вокам, узяў грошы і, спатыкаючыся, выкаціўся на вуліцу. Вярнуўся ён праз чвэрць гадзіны з хамутом.

Жанчына прыдзірліва агледзела рэч і задаволена ўсміхнулася:

- Ну во. Слава Богу. Давай, стаўляй цяпер сваю «гінду».

Калі выпілі па дзве шклянкі віна і ў галовах зашумела, Міша насмеліўся запытацца:

- Галя, ты ўсё-такі скажы: нахрана табе здаўся гэны хамут? На шыю сабе адзяваць будзеш? Ішчэ й капейку аддала...

- Дурны, я ж у ім «машыну» зашыла. Усе гады, як пад Мурманскам жыла, грошы адкладала. На «жыгулі» вот і назбіралася. Сыну завязу ў Магілёў.

 

«КАМАНДЗІР»

 

Маці рана пабудзіла шасцігадовую дачкую. Час збірацца ў школу, але, напаўсоннае, дзіця не хоча снедаць.

- Дачушка, з'еш катлетку. Я і так табе самую маленькую паклала.

- Не буду.

- Ну ўкусі хоць разок.

- Не хачу кусаць.

- Дык а што ж ты тады хочаш?

- Замуж.

- Замуж? Во рассмяшыла. Няўжо ты думаеш, што замужам будзеш спаць колькі захочаш?

- Думаю. Я ж сама буду камандаваць.

 

ШКОЛА

 

Вясна 195... года. Па вясковай вуліцы толькі што адгуляла-пранеслася вада, а цяпер тут, у жоўценькім пясочку, шчыруюць дзеці. Падыходжу да іх, бо люблю пагутарыць з будучымі сваімі гадаванцамі.

- І ў што гуляем, арлы?

- У школу, - быў спакойны адказ.

Я зацікавіўся:

- А як жа вы ў яе гуляеце?

- Дык проста, - сказаў мурзаты, загарэлы не да пары чатырохзубы хлопчык. - Вось гэта - школа (паказвае на збудаванне з пяску). Гэта (бярэ ў рукі некалькі казіных гарошын) - настаўнікі. А вось гэ-эта (з павагай мацае конскі глыжок) - іхні заўхоз...

- Ну, а дзе ж дырэктар? - не сцерпеў, пацікавіўся я.

- Дзядзечка, пачакайце трохі. За етым гамном я ўжо Хведзьку ў аўчарню паслаў...

Чакаць я, вядома, не стаў. Я ж дырэктар іх дзесяцігодкі і цану сабе ведаю.

 

«ПЕНЬ»

 

Урок у першым класе. Настаўніца доўга «б'ецца» з «гарапашнікам» вучнем.

- Ну, Гена, ну чытай хоць па літарах, калі па складах не можаш.

Чытае:

- Пе, е, не, мяккі зьнак.

- А як будзе разам?

- Корць.

 

УРОК

 

Школа ў часы «перабудовы». 2 клас. Маладая настаўніца праводзіць урок-гульню.

- Ну, дзеткі, давайце пагуляем у магазін. Ты, Волечка, будзеш прадаўцом, а вы, дзеці, пакупнікамі.

Умомант утвараецца чарга. Прычым, як у сапраўдным магазіне, хлопчыкі імкнуцца пралезці ўперад. То адзін, то другі, працягваючы руку з «грашыма», прамаўляе:

- Бутэльку «чарніла» і пачак цыгарэт.

Настаўніца ў разгубе. Каб неяк паправіць становішча, яна прапаноўвае:

- Давайце лепей, дзеці, пагуляем у аптэку. Ты, Светка, будзеш прадаваць лекі.

Чарга зноў вырастае, але цяпер ужо не такая шумная. Дзеці купляюць «таблеткі». Раптам адзін бойкі «пакупнік» падыходзіць да дзяўчынкі і голасна кажа:

- На табе, Таня, грошы. Вазьмі мне таблетак, а то я хачу яшчэ ў магазін паспець. Трэба «чарніла» і цыгарэт купіць.

 

БАЙКА

 

Урок літаратуры. Вучні расказваюць на памяць байку Крапівы. Адзін з хлапцоў упэўнена распачынае:

- Кандрат Крапіва (-) «Дыпламаваны баран».

Ў адным сяле,

Не важна дзе...

Галава настаўніцы рытмічна пагойдваецца: яе заварожвае дэкламацыя. Надыходзіць кульмінацыйны момант. Хлопчык, дапамагаючы сабе жэстамі, з імпэтам прамаўляе:

- ...А што ж ты думала, сястрыца,

Хіба мне пахмяліцца няма чым?..

Настаўніца ад нечаканасці ўздрыганулася і... першая ў класе зайшлася ад смеху.

 

СЕТКА

 

Дзіма Волах купіў у Магілёве сямідзесяціметровую рыбацкую сетку. Хваліўся: «Дарагая, падла. Пераасадзіць толькі - абловішся рыбай».

Сонечнай раніцай, як толькі прагналі кароў, Дзіма развесіў сваю зялёненькую «фінку» на новых слупках, што ўкапаў вакол палісадніка. Пастаяў крыху, палюбаваўся і пайшоў у хату забраць грузкі ды паплаўкі. Здаецца, толькі і павярнуўся там, а як выйшаў з двара, абамлеў: у сеці тузаўся Геша, чорны суседскі баран. Кінуўся Волах разблытваць дурную жывёліну ды і сам з ног да галавы абчапляўся зялёнай «павуцінай». Добра, што хоць сцізорык у кішэні вымацаў. Выбраліся на волю.

Хапіла тут слёз, мацюкоў і праклёнаў. А беднаму Гешу дык яшчэ і выспяткаў...

 

«ДАЛІКАТНАСЦЬ»

 

Стары Бернат рэжа ягнятка. Узяўся за пыску, паднёс нож, а тое жаласна, хрыпата забляяла. Стары паглядзеў на няшчаснае і дакорліва праказаў:

- Іш ты. Бачыш-ка, які далікатны.

 

«САДЫСТКА»

 

Чарга па цукар у гастраноме. У тым жа аддзеле прадаюць і слоікі з дзіцячым харчаваннем. Падыхозіць інтэлігентнага выгляду жанчына.

- Скажите, - звяртаецца да прадаўца, - у вас детского мяса еще много осталось?

Чарга маўчыць. Прадавец з усмешкай:

- Вам хватит...

 

СУП

 

Студэнцкі інтэрнат. Лёня Сініца з кампаніяй заходзяць у пакой да суседзей, каб пажывіцца чым ядомым.

-Э-э, - расчаравана кажа Лёня, - спазніліся, трэба яшчэ што выдумляць.

- А чаму ты рашыў, што позна?

- Ды вунь, бачыце, лаўровыя лісты на падваконні сушацца? Вова Сапагоў іх ужо чацвёрты раз вымае з супа. Значыць, з'елі...

 

«РАССТРЭЛ»

 

- У апошнюю нядзелю жніўня ў палку праводзіліся спаборніцтвы. Прыехалі саюзнікі па Варшаўскай дамове - чэхі, палякі, немцы. Пасля заканчэння праграмы і багатага пачастунка ў афіцэрскай сталоўцы мы з гасцямі пакіравалі да штаба. Я быў, як усе, добра падвяселены і так захапіўся размовай з калегамі, што не адразу ўчуў, як да мяне хтосьці звярнуўся. Калі ўрэшце зірнуў убок, то ўбачыў поруч з сабой нехлямяжыстага афіцэра-«двухгадовіка», які нешта высільваўся мне давесці. «Лейтэнант, коратка і канкрэтна», - загадаў я. Той: «Таварыш палкоўнік, радавы Хацэнка адмовіўся выканаць мой загад і паслаў мяне... ну... далёка. Дык што мне рабіць з нахабнікам, таварыш палкоўнік?» «Ну, ты даеш, лейтэнант, - рассмяяўся я і тут жа зрабіў строгі выгляд. - Ты не думай, а дзейнічай. Не слухаецца салдат, дык расстраляй яго нахер. Будзе ведаць, абэлтус, як баявога афіцэра «пасылаць». Мае спадарожнікі нядрэнна разумелі па-руску, таму адразу пачалі крывіцца ва ўсмешках.

Мы падыходзілі ўжо да памяшкання штаба, калі раптам учулі стрэлы. Частыя, нягучныя, даносіліся яны з боку плаца. Каб толькі хто бачыў, як імчалі мы на гэтыя гукі! Дзе і хмель падзеўся! А потым перад вачамі паўстала такая карціна: шчарбатая ад куль цагляная сцяна, каля сцяны - згарбацелая салдацкая постаць, кроках у дзесяці - перакошаны ад ярасці і страху твар лейтэнанта, і нарэшце - шарэнга салдат, застылая ў вядомай гогалеўскай сцэне...

Смешнага аказалася мала. Байца Хацэнку потым цэлы месяц лячылі ў шпіталі ад «мядзведжай хваробы». Лейтэнант абышоўся дамашнім арыштам, бо «хацеў толькі павучыць нахабніка, а ніяк не забіваць». Ды і я сваю строгую вымову не прамінуў атрымаць. Заслужаная вымова, скажу я вам, па дзелу...

 

ЭКЗАМЕН

 

Міша, калгасны інжынер па сельгасмашынах, падхвальваецца:

- Шосты дзень сесію мачу. Упершыню за тры гады без хвастоў прыехаў. А па фізіцы, гы-гы, дык і чатыры балы хапануў. Я й завёз-то не многа - кілаграмы тры мяса ды два мяхі бульбы...

...Сяджу за першай партай, галава, што свіны чыгун, думаю толькі, каб як пахмяліцца. У білеце пытанне: «Закон захавання масы.» Хрэн яе ведае, як яна захоўваецца, гэта маса. Раблю аднак разумную морду і пішу, пішу: «Закон захавання масы. Закон захавання масы...» На цэлую старонку. Дацэнт Аркадзь Навумавіч паглядзеў на мяне ўважна, узяў мой лісток і паказаў яго класу. «Глядзіце, - кажа, - колькі напісаў малады чалавек. Адразу відно падрыхтаванага студэнта. А ў вас што? Па дзесятку радкоў на абодва пытанні?.. Так, так, - узіраецца ў лісток, - усё правільна, малайчына. Значыць, з вашага дазволу, я стаўлю яму «добра». Вось так і трэба вучыць прадмет, паважаныя. Бярыце прыклад з Міхалапа...

Бяруць...

 

СЯРГЕЕВІЧ

 

- Быў у мяне таварыш - працавалі разам. П'е вось так, як мы, з насалодай, з крынічкі і запрашае : «Уф-ф... Попробуй-ка, Сиргеич. Водичка - чудо. Зубы ломит - до невозможности...»

А ў самога - ніводнага зуба. Адно «жалеззе»...

 

- Служыў у нашай часці старлей медслужбы Мірзабекаў. Слухай, які дыягназ паставіў майму сябру: «Больным получен удар ножом в левое полужопие...»

 

- Жулька, дай лапу!

Дае.

- Дай другую!

Дае.

- Харо-ошая кабылка...

 

САВЕЛЬЕВІЧ

 

- У нас быў шафёр, пажылы, перад пенсіяй ужо. Комік шчэ той. Раз прыязджае ў гараж з разбітым «перадком».»Савельявіч - гаворым, - куды на гэты раз уляпіўся? Пасынак пацалаваў, ці што?» «Хрэна вы ўгадалі - пасынак. Хіба ад пасынка такія ўмяціны?» «Дык а што тады? Раскажы-ка.» «Раскажу. Учора ўвечары выязджаю я з Буйніч. Пілю паціху і тут бачу: уперадзе воўк клыгае. З боку на бок вялёхаецца. Мусіць, думаю, авечку якую задраў ды натрыбушыўся. Я газу да плешкі. Даганяю. Ужо хвост яго па перадку - лэп-лэп-лэп-лэп. Я перагазоўку і - чацвёртую. І тут ён, падла, як дрыстане авечымі касцямі... А ты кажаш, «пасынак».

«Савельявіч, а за што ты сядзеў пяць гадоў?» «А пры Сталіне за што хочаш саджалі. Я дык ехаў на сваім «ЗіСу» паўз капуснага поля. Вобад з каляса зляцеў і - у капусту. Шэсць гектараў, што касілкай, бляха. Яно мяне, можа, і не пасадзілі б, дык капуста шчэ не налілася. Ранавата было. От, каб нядзелькі цераз тры, была б точна - благадарнась...»

 

СЯМЁНАЎНА

 

Сямёнаўна пасля выхаду на пенсію даглядае з сынам калгасных цялят. З хаты павыносілі ўсё, што можна прадаць, цяпер там няма чым і сабаку выгнаць. На закуску труць на тарцы і параць крадзеныя ў цялят кармавыя буракі. Калі перад сваімі перавыбарамі старшыня аб'явіў на ферме, што «тыя з калгаснікаў, хто прыйдзе на сход, атрымаюць па пляшцы віна і слоіку тушонкі», Сямёнаўна, адкрытая душа, з кволай надзеяй запытала: «А ці можна, каб заместа тушонкі яшчэ адно віно палучыць?..»

 

АТЛАС

 

У падземным пераходзе дацэнт-географ пытае ў сімпатычнай жанчыны-прадаўца геаграфічны атлас Беларусі.

- Чиво? - здзіўляецца тая. - Какой к черту атлас Беларуси? Вы что, географии никогда не учили? Таких атласов в природе не бывает.

Паварочваецца да суседкі:

- Его школа, відно, в лесу стояла.

... Маўчы, дзядзечка, маўчы, даражэнькі.

 

ПОМСТА

 

Стары Мікіта злавіў у садзе суседскага хлопца, з бацькам якога быў у сварцы:

- Ну, гаўнюк, шычас я з табой за ўсё расквітаюся. Паплачаш ты і за татульку свайго смаркатага, і за сябе.

Хлапчук (напалохана):

- Ой, дзядзечка, даруйце, болей не буду! Дзядзечка, не біце толькі!

Стары (з асалодай):

- А я цябе біць і не збіраюся. Я цябе, паскудніка, зашкуматаю.

 

ЧАРНАВІК

 

Заканчваецца ўступны экзамен. Усе абітурыенты, апроч аднаго, здаюць сачыненні экзаменатарам. Хлопец ліхаманкава дапісвае старонку. Падыходзіць выкладчык:

- Што ж гэта вы, малады чалавек, так позніцеся? За чыставік трэба было ў час брацца. А цяпер ужо здаваць пара.

Той скарагаворкай адказвае:

- Чыставік я ўжо напісаў. Гэта чарнавік.

 

БОЛТ

 

На нарадзе трактарыст - механіку:

- Што, я табе болт, каб стаяць прама? Ідзі на..., калі хачу, тады п'ю.

 

СОН

 

Студэнтка - экзаменатару:

- Ой, Мікола Пятровіч, я так вучыла, так вучыла. А сёння дык амаль не спала: лягла каля двух, прачнулася каля чатырох.

Выкладчык (меланхалічна):

- То хіба дзіва, што вы так пагана падрыхтаваліся. Трэба ўжо нешта адно - ці вучоба, ці хлопцы...

 

ЗАГАДКІ

 

Настаўніца - вучням:

- Без рук, без ног, на плечы - скок!

Дзеці маўчаць. Раптам рука ўсё ж ускідваецца і хлапчук упэўнена гаворыць:

- Гэта інвалід.

 

Выкладчык - студэнтам:

- Адгадайце, дзеткі: на пупе - кветкі.

Студэнтка хуценька адказвае:

- Нябожчык.

Калі чуе правільны адказ, расчаравана ўздыхае.

 

БІЯТЛОН

 

У тралейбусе маладжавы акулярысты мужчынка ўзахлёб расказвае падпітаму суседу нейкія спартовыя навіны.

Пасажыры чуюць здзіўленае:

- Ты что, не знаешь, что такое биатлон?! Это же от слова «био» - би-о-ло-ги-чес-кий...

 

ЛЕКСІКА

 

Залік па беларускай мове. У білеце пытанне: «Сродкі спецыфічнай лексікі».

Студэнтка:

- Да запазычаных слоў адносяцца: германізмы, паланізмы, татарызмы. Да ўстарэлых - гістарызмы і анархізмы. Да новых - ананізмы...

 

ЛАДКІ

 

Калгасны млын. Мука сіфоніць з розных дзірак так, што выцягнутую руку не відно. На «волю» выбіраецца «здань», у якой не адразу пазнаю меланхалічнага Лёню Жука. Ён гучна чыхае, яшчэ гучней смаркаецца і ўрэшце з задавальненнем зазначае:

- Во, бля, каб на скавараду. Якія ладкі выйшлі б!

 

РАССТРОЙСТВА

 

Выкладчык у Інстытуце ўдасканалення настаўнікаў скардзіцца:

- Ну не магу я чытаць у гэтай групе. Тут не дзяўчаты, а адно расстройства. Як стану за кафедру - усё шавеліцца на мне, усё шавеліцца...

 

КРЫЎДА

 

Выкладчык - студэнтам:

- Характарыстыка апавядання Максіма Гарэцкага «У чым яго крыўда».

Студэнтка :

- У чым яго крыўда... Ну, канешне. Гарэцкі сядзеў у турме. Быў рэпрэсіраваны. Расстраляны. Як жа яму не крыўдаваць, не абіжацца.

 

МАЛАДОСЦЬ

 

Ён:

- Не, мы, калі былі маладымі, не сядзелі вось так без толку ў кафэ, а ўсё нешта рабілі.

Яна:

- Ат, якая там наша маладосць!.. Гады тры-чатыры яшчэ помню, а потым - замужжа.

 

КРЫТЫК

 

- Андрэй Мацвеевіч, я тут пра цябе артыкульчык напісаў.

- Ну, то і друкуй, калі напісаў.

- Не. Я спярша хачу з табой трохі пасварыцца.

 

ПІВА

 

- Пасля працы нашы з «Ліфтмаша» пайшлі на піва. До-обра папілі, аж дамоў разбягацца не хацелася. Стаялі так паблізу піўнухі ды балабонілі. І тут Васільевіч, прараб са слясарнага, я-ак чыхне!.. Шукалі яго чэлюсь усе, хто там быў. Хера. Назаўтра ўчатырох выпрасіліся з работы. І толькі тады - цвярозыя - знайшлі. Выпаралі ў снезе пад ясакарам, за восем метраў ад ганка. Во, блін, гаўбіца!

 

КАШТАН

 

Ад Базыля Камарова.

- Касілі мы ў Андрэя Адамовіча. Ляглі ў цянёк на перакур і Іван, брат яго, кажа: «Глядзіце-ка, наш каштанчык лісце ўгору задраў. Мусіць, будзе дождж.» Андрэй толькі махнуў рукой: «Ат, які там дождж. У яго ўвесьчасна лісты дубака стаяць. Малады.»

 

ПАЛЁТ

 

У дызельпоездзе бабуля расказвае рыжаму дзецюку-суседу, што ў свае 78 усё яшчэ лятае ў сне:

- Сёння выйшла на дняпроўскі мост, адпіхнулася ад пярылаў і-над вадой, як чайка тая... Гэта ж калі расцеш, дык у сне лятаеш. А от на якую прымету я лячу?

У суседа вочы аж пераліваюцца смяшынкамі. Відаць, хацеў бы сказаць, на якую, але - з павагаю - маўчыць. Выхаванне...

 

ДАЦЭНТ

 

Размаўляюць два стрыечныя браты.

- А кем ты сейчас робіш в своём институте?

- Ды як і раней - дацэнтам.

- Да-с-с... Допрашивал я недавно одного такого доцента. Из университета. Представляешь, я его колю, а он не колется. Я его колю, а он не колется. Тупой, сволочь, попался.

 

МАЛАКО

 

- Вы не паверыце, дзяўчаты. Я от цяпер нашу першы нумар ліхвіка, а як мая Ленка паявілася, у кожнай грудзі было па паўлітра малака. Дачку ці не два гады карміла. Не знала, куды малако падзець. Жылі тады без каровы, дык сцэджвала ды аддавала катам. А то бліны пякла. Свёкар усё казаў: «Толькі за нявехнай паспытаў настаяшчых.»

 

НАСТАЎНІК

 

Настаўнік фізкультуры - вучням: «Дзеці, у нас у дзяреўні сільна многа радзіяцыі. Пагэтаму вы ўсе такія дзюбільныя».


2000-2008?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая