epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Вераціла

Балада пра чатырнаццаць гадоў

І тыя дні, што пракаціліся бледным зімовым сонцам, і тыя, што праплылі шчарбатым месяцам сярод марудлівых аблокаў ужо нічым не ўдасца ўваскрасіць для другога пражывання хаця б і ва ўспамінах. Але былі гладкія зялёныя шары амялы, і былі чорныя з прастрэлінамі паветра вароніныя гнёзды. Імі, а не бледным сонцам і шчарбатым месяцам адзначылася мая чатырнаццатая вясна.

Зараз мне сорак, і туманы мінулага акрываюць успаміны лірычным вэлюмам, хоць сам я яшчэ не гатовы да таго, што ўспаміны ёсць маёй будучыняю, але недзе там, глыбока ў нетрах, я ўжо здаўся і чакаю, што падзеі будуць разгортвацца самыя і амаль без майго ўдзелу, хоць зялёныя шары амялы і чорныя шары вароніных гнёздаў трывожаць маю памяць...

...У школе для настаўнікаў я быў сапраўдным бедствам, а сапраўдным бедствам для мяне была школа. Непаслушэнства і лянота былі маімі самымі адметнымі рысамі, а таму мая вартасць для грамадства вагалася недзе каля нуля. Школу і ўсё звязанае з ёю я ненавідзеў шчырым сэрцам, нават любімых прадметаў я ня меў, ну, можа, хіба геаграфію. А школа спрабавала ўтаймаваць энергію незразумелую нават мне самому. Гэтая энергія шукала выйсця з маёй паўдзікае душы, і не было побач нікога, хто здолеў бы скіраваць яе хоць у якое-нейкае прыстойнае рэчышча. Ні настаўнікі, ні бацькі, ні сябры не ставаліся маімі аўтарытэтамі. Я мог любіць іх, мог баяцца, але ўпарта карыстаў любую нагоду, каб здзейсніць паўстанне. А школа ж, канешне, душыла мае памкненні да волі. Існавала цэлая плойма бязглуздых на пой погляд табу, прыдуманых дарослымі, каб сапсаваць жыццё падлетку, але я тады не думаў, што куды большая іхняя колькасць была створаная для дарослых. А рукі чамусці павінныя ляжаць на парце, каб правая далонь упірала ў левы локаць, а левая далонь - у правы локаць.

Усё пачалося школай, але на ёй не скончылася. Ішоў сёмы год майго куды як няроўнага змагання з усім тым, што змяшчаў у сабе ненавісны школьны будынак. Перамогаў з майго боку амаль не было, але паразы толькі ўмацоўвалі лютую прагу да барацьбы. З першае класы я ўзненавідзеў працяглае, на сорак пяць хвілін запар, сядзенне за партай амаль у позе сфінкса са складзенымі рукамі. Прыдумана гэта было, каб вучань не рабіў нічога лішняга і каб мог акуратным падняццем рукі папрасіцца схадзіць да дошкі ўзрадаваць выкладчыка добрым адказам задання. Яшчэ я ненавідзеў піянерскі гальштук: за яго раздражняльны колер і за тое, што не ўмеў як след яго завязваць. Звычайна ён жыў у адным з кішэняў сіняга пінжака, які я таксама не цярпеў, а на шыі ён знаходзіўся толькі падчас уваходу ў школу, бо пры дзвярах стаялі адмысловыя дзяжурныя і пільна сачылі, каб гальштук быў на належным мейсцы. І тое я ўмудраўся пранікаць у школу без яго, то карыстаючы чорны ўваход, а то і элементарнае спазненне на пяць хвілінаў. Яшчэ я не мог зразумець, навошта дзеля школьных прадметаў патрэбныя розныя сшыткі, куды як рацыянальна было запісваць усё ў адзін агульны сшытак. Дарэчы тры апошнія гады навучання дзеля ўсіх прадметаў я і карыстаў толькі адзін сшытак, ды і той апынуўся не да рэшты запоўнены. На ягонае вокладцы чамусьці я ўласнаручна напісаў: па геаметрыі. Можа быць, з-за павагі да прадмета, з якога мне не было дадзена аніякіх ведаў. І было яшчэ шмат, што я ненавідзеў у школе і супраць чаго змагаўся і не без маленькіх перамогаў. Чвэрць за чвэрццю я ўсё больш касцянеў у сваіх недахопах, заганах і перакананнях, і вучоба, што і так не была сярод маіх жыццёвых прыярытэтаў, адсунулася недзе на задні план, а сам я ўпэўнена пераплываў у катэгорыю так званых «моцных троечнікаў». І мяркую, што настаўнікі з задаволеннем адсунулі б мяне на «камчатку», так называліся заднія парты, куды патраплялі безнадзейныя, калі б не мая дысцыпліна, а таму настаўнікі стараліся трымаць мяне перад вачыма і час ад часу садзілі мяне на пару з кім-небудзь, хто хоць крыху мог станоўча на мяне паўплываць. Але і тут я быў невыпраўны, і зараз мяркую, што і сам бы нічога не змог парабіць, нат калі б і захацеў, бо не адчуваў у гэтых зменах аніякае мэтазгоднасці. Канешне, добрыя паводзіны, лагоднасць і паслушэнства прыводзілі да ўзнагародаў і перадухілялі расправы, але бурапенныя навальніцы хутка заканчваюцца, а потым зноў свеціць сонейка. Так што мяняць свае паводзіны я не намерваўся, хоць неаднаразова і нават прылюдна абяцаў падумаць над імі і абавязкова выправіцца. І канешне, выпраўляўся, але ставала мяне самае большае на тры дні. А потым усё пачыналася нанова. І былі выгнанні са школы, і былі ўцёкі з яе, і былі матчыныя слёзы, і быў бацькаў рэмень.

Але гэта не зусім тое, што я хацеў расказаць, бо на самрэч быў на скандынаўскіх землях бог Одын і быў у яго вечна-юны і радасны сын Бальдр і нішто, ніякая зброя не магла перарваць ягонага жыцця, акрамя стралы з амяловае галінкі. Неяк пра гэта даведаўся бог Локі (і сярод багоў бываюць свае прайдзісветы!) і выдаў таямніцу сляпому богу Хёду, той зрабіў з амялы стралу і забіў юнага Бальдра. Ягоную смерць аплакалі ўсе багі, а несуцешны бацька паслаў свайго вернага крумкача (крука) за жывой вадой і адрадзіў Бальдра. Але ці застаўся Бальдр непарушна юным, забіты праз руку сляпога бязлітаснага бога, ці застаўся ён цнотна-наіўным, спазнаўшы смерць? - Мяркую, што не. І ўяўляю, што недзе ў глыбіні ягоных светлых, радасных вачэй затаілася невылечная туга аб страчаным навечна. Аб тым, што ўжо ніколі не вернецца, нават з новым нараджэннем.

Між тым мае настаўнікі паказвалі на сваю вялікую рашучасць весці мяне па шляху ведаў да атрымання атэстата аб агульнае сярэдняе адукацыі і прымянялі да мяне розныя спосабы ўздзеяння з арсеналу местачковае педагогікі. Адным са спосабаў было перасаджаванне мяне за розныя парты. Эфект з гэтага вынікаў амаль нулявы, калі не адмоўны, бо я хутка пераймаў усе недахопы сваіх напарнікаў і перадаваў ім свае.

Мне было трынаццаць, і яму таксама было трынаццаць, і ў нас мелася шмат агульнага. Імёны нашыя былі аднолькавыя, і старэшыя нашыя сёстры былі цёзкамі. Мой бацька і ягоная маці працавалі на чыгунцы. І што гаварыць, але і ў нашае нелюбові да школы мы таксама сыходзіліся. Толькі вось наведваў ён яе значна часцей чымсьці я. І на тое ў яго мелася свая прычына. Але мне даволі часта ўдавалася ўгаварыць яго пайсці ў «сачкі», гэта значыць не пайсці на заняткі. «Сачкаваць» мы звычайна хадзілі ў падлесак, што і дагэтуль называецца проста Лясок, ён рос на паўночным захадзе мястэчка і прымыкаў да шматлікіх лецішчаў. Там мы гулялі ў карты і ажно да благасці накурваліся «Беламорам» ці гаванскаю сігараю, але больш мы паважалі балгарскія «Радопы», якія дзеля смеху чыталі як «пагоны». А калі нас было чацвёра, то мы страсалі свае валютныя запасы на пляшку «фруктачу». Звычайна я распавядаў прыгоды, вычытаныя з кніг, мой цёзка вельмі любіў слухаць пра іх, хоць сам да працэсу чытання ставіўся даволі прахалодна. Мне ж ён распавядаў пра сваё жыццё: маці, бацька, сястра, брат, сябры, суседзі, сваякі, усё станавілася тэматам для гаворкі. За кожным разам гаворкі рабіліся ўсё больш шчырымі, а я ўсё больш паглыбляўся ў дачыненні чужых мне сямейнікаў. Я даведаўся, што ягоны бацька выпівае не больш і не менш ад астатніх, што не прыносіць дадому ўсяе зарплаты, і што пад гарачую шафёрскую руку трапляе ці не ўся сям'я і ці не праз дзень адбываюцца розныя скандалы. А карацей, нічога асаблівага, што б выбівалася за межы звычайнага ў нашым мястэчку. Пра забойствы і калецтвы на п'янай глебе гаворкі ў тыя часы не вялося, і нават звычайны сіняк пад вокам мог выклікаць гучны грамадскі рэзананс і візіт участковага. Карацей, я ўсё больш і міжволі ўцягваўся ў ягонае жыццё, і вось у адзін з дзён я даведаўся ці не самую вялікую таямніцу майго прыяцеля: ён быў закаханы ў нашую аднакласніцу, ці як у нас казалі «бегаў» за ёй. Зразумела, што нікуды ён за ёй не бегаў, ён нават ні разу не прызнаўся ёй у пачуццях, хаця паводле ягоных словаў кахаў яе яшчэ з часоў дзіцячага садка. І я стаўся, мусіць, першым, хто даведаўся пра ягонае каханне. Прыяцель узяў з мяне клятву, што я нікому нічога не скажу. І я маўчаў адпаведна клятве, а яго нібыта прарвала. Ужо ні пра што іншае ён не мог гаварыць, акрамя як пра яе. Я быў ці не штодня гадзінамі змушаны слухаць пра тое, якая яна разумная і прыгожая, і зразумела, што праз некаторы час у мяне пачала прачынацца цікаўнасць да маёй аднакласніцы. Да гэтае пары асабіста для мяне яна нічым такім не вылучалася сярод астатніх дзяўчатаў.

Я тады яшчэ спаў, а душа мая толькі пачынала шукаць сваёй формы, і быў я адкрыты тады толькі вандроўкам па кнігах і ваколіцах, дзе я мог даваць прастору сваёй тузе або далёкіх краінах ды іншых эпохах. Іракезы і спартанцы былі для мяне жывымі сучаснікамі, і я любіў уяўляць, што б сталася з індзейцамі, калі б Калумб ці хто іншы апынуліся б каля берагоў Амерыкі ў нашыя часы, калі б апачы змаглі б атрымаць ад нас «кацюшы» і «акаэмы». І што б было, калі б манголы не разбурылі Кіеўскую Русь. І яшчэ шмат чым падобным была забітая мая галава. І чамусьці мне падавалася, што ўсё цікавае і ўзвышанае ўжо адбылося ў іншыя эпохі і ў іншых краінах, а калі яшчэ і адбываецца, то зразумела, не ў нас, і што мне ніколі не выпадзе стаць удзельнікам ці нават сведкам таго, што звычайна апісваецца ў кнігах.

Але дзень за днём я ўсё больш пільна прыглядаўся да сваёй аднакласніцы і ўсё глыбей пранікаўся чужымі пачуццямі і незаўважна для сябе стаў засвойтваць іх. І канешне не абыйшло без прапаганды, бо кожны дзень я выслухоўваў ад прыяцеля оды ягонае каханай. І вось недзе пад тую пору, калі зіма стала збірацца на свой суровы негасцінны поўнач, я зразумеў, што мае позіркі ў бок маёй аднакласніцы набылі нейкі іншы незразумелы мне характар, што прамовіць уголас ейнае імя сталася для мяне сапраўднаю пакутай, а ейныя вялікія бліскучыя вочы ўстрывожылі мае сны салодка-гібельнымі палонкамі. І вось без папярэджання словы кахання ўварваліся ў мае вершы і ў маё жыццё, імкліва і ўладна змяніўшы ягоны кірунак. Але колькі шчэ будзе ў маім жыцці такіх паваротаў! Але гэты для мяне мусіць самы дарагі, бо ён адрэзаў маё дзяцінства і паказаў берагі новага свету. Хоць я можна падсведама імкнуўся пазбегнуць прыходу гэтае навізны: страшкае і прыцягальнай. Але сказаць, што я быў зусім з ім незнаёмы, азначала б сказаць няпраўду; той-сёй вопыт я меў, але маё пачуццё, што мацнела і развівалася дзень за днём, не мела нічога супольнага з фізіялогіяй і знаходзілася хутчэй на ўзроўні эмоцыяў. І хаця я зусім па ўзроўні сваёй дзіцячае свядомасці быў не гатовы да прыходу кахання, я аддаўся яму з палкасцю неафіта.

Юнага Бальдра забіў сляпы Хёд, забіў амяловаю стралой. Амяла ў нас расла на старое таполі, каля грамадскае лазні і была хіба адзінаю на ўсё мястэчка, можа з-за неспрыяльнае экалогіі. Там жа недалёка жыла мая каханая, адразу за поштай. Я любіў хадзіць да таполі ўзімку і ранняй вясной, каб радаваць вока свежаю зелянінай і гэты амаль фантастычны для зімы колер пераконваў мяне ў неадменнасці вечных законаў жывое моцы. Там запалала мая душа дзеля нараджэння рыфмаваных і нерыфмаваных радкоў, там захварэла яна пакутлівым усведамленнем самоты і неабароненасці, там яна спрычынілася да салодкага права - любіць!

Юнага Бальдра аплакаў Одын, які паслаў свайго вешчуна-крука за жывой вадой і адрадзіў яго на новае жыццё. А мне ніхто не даў тае вады, ніхто не даў лекаў ад тае хваробы, што апанавала маёй беднай дзіцячаю душою, што кінула яе ў пякельны агонь пакутаў, і загартавала, каб я ізноў аддаваў сябе на катаванне любові. І былі клятвы, і былі сардэчныя абяцанні, што ніколі не спраўджваліся ў часе. І пякучы горкі мёд паэзіі стаўся адзіным напоем, што быў здольны спатоліць вечную прагу прыгожага...

Пра лазню я ўпамянуў не толькі таму, што там расла амяла, а і таму, што праз адтуліну ў шкле мы праходзілі нескладаную навуку палавых адрозненняў, і там мы мелі магчымасць зрэдзьчас бачыць сваіх абранніц у касцюме Евы, і там фармаваліся нашыя эстэтычныя меркаванні пра жаноцкую прыгажосць. І калі я закахаўся, то перастаў хадзіць «на баню зырыць», бо вельмі страшыўся ўбачыць там аб'ект сваёй любові. Мне падавалася, што калі я ўбачу яе сярод іншых, такою ж як іншыя, то гэта станецца канцом майго кахання, якое я песціў у сваёй душы, нібыта як самую найвялікшую каштоўнасць свайго жыцця. Мне падавалася: каралеўна будзе пазбаўленая кароны, пакутніца - німбу, раніца - ўзыходу сонца. Эгіпет - Нілу. Затое познімі вечарамі я шыўся недалёка ад ейнага дому, часам падыходзячы даволі блізка, як мне падавалася, небяспечна блізка з патаемнаю надзеяй убачыць за шыбаю мілыя мне абрысы. І мяне радавала думка, што ніхто на ўсім белым свеце не здагадваецца на мэту маіх вечаровых бадзянняў. Гэты нічым не асаблівы куточак мястэчка стаўся для мяне і Палестынамі, і Індыямі, і апраметнаю, і выраем, дзе я штовечар паміраў і адраджаўся, дзе я адраджаўся, каб памерці і паміраў, каб адрадзіцца на шчымліва-салодкае адчуванне паміж быццём-небыццём. А паблізу ейнага дома быў нічыйны сад, і я чакаў, калі на яблынях з'явіцца завязь, мы называелі яе «яблычкамі» і лячылі імі авітамінозы, і тады мае блуканні ля ейнага дома набудуць хоць нейкі рацыянальна-легітымны характар, хаця б у маіх уласных вачах, у той жа час я страшыўся надыходу лета, бо даведаўся, што на ўвесь час вакацыяў яна збіраецца да сваякоў у далёкую Расею, і гэта скрушала мне сэрца. Пра такую працяглую ростань я і падумаць баяўся, яна падавалася мне ў мае няпоўныя чатырнаццаць амаль вечнаю, і я думаў, што не перажыву (але перажыў! і яшчэ шмат чаго перажыў). Але ж лета яшчэ не надыйшло, а вясна набывала свой сапраўдны характар. Снег пакрысе сыходзіў, сонца выгравала зямлю, нетравыя сокі рухаліся да галінаў, і тыя напухалі клейкімі і пахкімі пупіхамі. Я абломваў кляновыя галінкі, а на ранку месцы зломаў нарасталі салодкімі, нібы карамель, ледзяшамі, і я задаволена хрупацеў імі, не думаючы на ангіну. А паўднёвыя схілы сугор'яў пачыналі жаўцець падбел. Куры ізноў пачыналі несці яйкі, а мы выпраўляліся ў паходы за бярозавікам, які часцей за ўсё не даносілі да дому, запіваючы ім узятыя з дому хлеб і шкваркі. А потым лясныя паляны ўкрывалі кілімы кісліцы, а на чыгуначных адхонах прарастала шчаўе, а на лугавінах можна было знайсці сцябліны гусінае цыбулі. А тут ячшэ пачаўся нераст, і хоць рыбар з мяне быў слабы, я таксама браў вуду і цягнуўся за сваімі больш удалымі сябрамі. А потым мне споўнілася чатырнаццаць, і травень крыў зямлю травою, а дрэвы лістотай, і амяла сталася амаль незаўважнаю сярод агульнае зеляніны. І душа мая разрывалася між жаданнем бадзяцца па навакольнае прыродзе і жаданнем наведваць школу, дзе я мог убачыць сваю любоў, дзе мог на яве захапляцца ейнымі паставаю,вачыма, валасамі, хадою, рукамі, дзе мог чуць ейны голас. І далі Бог, я ведаў насалоду, а яшчэ мяне грэла думка аб маім каханні, пра якое яна і ведаць не павінная, і наогул ніхто апрача мяне гэтага таксама не ведае і нат не здагадваецца. Хаця зараз я мяркую, што той-сёй з маіх сяброў пачыналі штосці падазраваць, можа быць, сыходзячы з вопыта ўласных паводзінаў. А тым больш я закінуў сваю эпічную паэму аб краіне Эльдарада, а пачаў крэмзаць вершы пра цёмнавалосую красуню, і салаўіныя спевы па начох сталі неяк зусім па-іншаму хваляваць маю душу, нібыта абуджаючы ўва мне тыя жаданні, у якіх я баяўся прызнацца нат сабе самому.

Але ў адзін з дзён, калі школьная пара падыходзіла да вакацыйнага перапынку, я прызнаўся свайму прыяцелю ў тым, што ягоная каханая цяпер таксама мая. На маё здзіўленне такое прызнанне вельмі ўзрадавала яго, бо каханая здавалася яму настолькі дасканалаю і цудоўнаю, што не толькі я, а ўвесь свет быў павінен шанаваць яе і любавацца ёю. І гэта маё прызнанне яшчэ больш зблізіла нас, зрабіўшы носьбітамі аднае ідэі, захавальнікамі аднае таямніцы. І тады ён мне ўрачыста абвесціў, што хоча стаць мараком на караблях, што плывуць у замежжа, і гэтым, маўляў, ён зможа пакарыць ейнае сэрца. Я нічога не змог яму супроцьпаставіць, бо і сам толкам не ведаў, кім я хачу быць, бо насамрэч я любіў толькі бадзяцца па лесе ды запоем чытаў кнігі пра чужыя падарожжы і прыгоды па экзатычных краінах, а таксама пра росквіт і падзенне магутных народаў мінулых эпохаў, а таму я схлусіў, што хачу стаць археолагам і накшталт Шлімана раскапаць сваю Трою, напоўненую залатымі скарбамі. Археолагам я так і не стаў, але мая хлусня пра маю мару дзеля Каханае ўзняла мяне ў прыяцелевых вачах на недасягальную вышыню, бо людзей з такой прафесіяй ні ў нашым мястэчку, ні ў ягоных наваколлях папросту не было.

А вясна між тым набліжвалася да свайго завершання, і я з тугой думаў пра тое, што на цэлых тры месяцы буду пазбаўлены бачыць яе па шэсць разоў на тыдзень. А я вось так ні разу не загаварыў з ёю, ні разу не праводзіў яе са школы, ні разу не паднёс ейны партфель, ні разу не пачаставаў яе марозівам, ні разу не запрасіў яе ў кіно. Карацей, не здзейсніў таго, што мог і павінен быў зрабіць добрую сотню разоў і гэта найлепшым чынам паказала б на мае сапраўдныя пачуцці. А я як добры дурань саступаў усё гэта іншым, і ўпускаў адну за адной магчымасці здзейсніць такія нескладаныя ўчынкі. Я, мусіць, чакаў нейкіх выключных абставінаў, што адпавядалі б накалу маіх пачуццяў. Але час ішоў, а спрыяльных момантаў не прадстаўлялася. Мы пасеялі бульбу і пасадзілі агарод. Я ўжо купаўся ў кар'ерах і чакаў, калі ў лесе з'явяцца першыя суніцы. А летнія вакацыі набліжваліся няўхільна і няўмольна. А вынікі навучальнага году ніякім чынам не ўсцешвалі маіх бацькоў. Я і так вучыўся неважнецкі, а тут калі душа і галава мая апынуліся забітыя каханнем, дык я амаль зусім скаціўся да троек, але гэта мяне займала, калі хочаце, аніяк. Я турбаваўся, што вось яна з'едзе, і цэлых тры месяцы я буду адлучаны ад яе. Мая трывога перадалася і майму прыяцелю. І мы вырашылі прызнацца ёй у каханні, і толькі не ведалі, якім чынам гэта здзейсніць. Зразумела, што на прамое дзеянне ў нас бы папросту не дастала смеласці, а з абыходнымі шляхамі ўсё неяк не выпадала.

Але, дзякаваць Богу, нашыя страхі спраўдзіліся не да рэшты. Значную часту лета яна прабыла дома, і мы атрымалі магчымасць хоць зрэдзьчас бачыць яе. Здаецца, на нейкі час яе затрымала так званая школьная практыка, і мы маглі быць з ёй. Пра спатканні гаворкі не вялося, хоць шмат хто з нашых знаёмых хлопцаў ужо хадзілі з дзяўчатамі, я ж у гэтым сэнсе быў настолькі дзікі, што і памеркаваць пра такое не мог. Да таго ж я не ўяўляў, аб чым можна з імі гаварыць, тым больш па некалькі гадзінаў запар. Мой прыяцель у гэтым сэнсе быў куды адважнейшы ад мяне, але ён лічыў, што ён не мае шчэ такіх вартасцяў, каб пачаць з ёю хадзіць. І ў той жа час нам карцела выказаць ёй пра сваё каханне, бо нашыя пачуцці, разагрэтыя штодзённымі ўзнёслымі гаворкамі-мроямі дайшлі да тае кропкі, калі кіпень пачынае пралівацца праз край, калі неабходна падзяліцца сваёй радасцю з усім светам. І мы вырашылі штодня дарыць ёй кветкі, а ў букеты ўкладаць паперкі з прыгожымі й высокімі словамі, толькі без нашых подпісаў, толькі з ініцыяламі: С. С. З таемнай надзеяй, што яна здагадаецца, але не адразу, а крыху потым. Удзень мы абыходзілі мястэчка, старанна прыглядаючыся па прысадах, прымячаючы ў каго растуць самыя прыгожая кветкі і паціху прыкормлівалі самых брахлівых і злых ахоўнікаў гаспадарскага дабра, а потым, як цямнела, я пад рознымі нагодамі знікаў з дома на добрую гадзіну. Мы звычайна сустракаліся на палове дарогі ад нашых дамоў і амаль адразу без лішніх кружлянняў рухаліся да намечанага падворка. І пакуль я пільнаваў спакой навакольнага паветра, мой прыяцель нячутна «браў плот» і загадзя падрыхтаванымі нажніцамі навобмацак зразаў кветкі, потым так жа бясшумна пакідаў прысад. Я прыймаў у яго кветкі, загортваў іх у грубую паперу, і мы, захоўваючы спакойны выгляд, пакідалі межы мястэчка, а там ужо разбіралі здабычу, складаючы з лепшых кветак букет. У сярэдзіну ўкладалі цыдулку з вершыкам і скіроўвалі свой шлях у бок ейнага дома, а там з сэрцамі, абамлелымі ад празмернага тахкання, пасылалі падрунак любові ў расчыненую фортку таго акна, за якім, паводле нашых меркаванняў, знаходзіўся ейны пакой. І далі Бог, закідваючы букет, мы хваляваліся куды болей, чымсці падчас рэквізіцыі кветак. І дзіўна, але ніводнага разу ніводзін сабака не забрахаў на нас, а наш спакой ні разу не парушыў ніводзін гаспадар, і нат выпадковы сведка не прымусіў нас «рабіць ногі». Але праўда і тое, што сабак тады трымаў далёка не кожны гаспадар, не тое, што цяпер, калі цябе праважае сабачы брэх, калі шпацыруеш па мястэчку ў вечаровы час...

Але падобная форма прызнанняў нам падалася на недастатковую, і мы планавалі, як зрабіць прызнанне больш адкрытым і яскравым. Рашэнне прыйшло само. Здаецца, заўсёды чалавек любіў упрыгожвацца пярсцёнкамі, бранзалетамі, каралямі ды інш., і далёка не апошнюю ролю тут адыгрывала татуіроўка. Звычайна рабілася яна з мэтаю застрашыць ворага і магла шмат аб чым распавесці дасведчанаму чалавеку: найбольш славутыя ваяры мелі значна больш густыя ўзоры, нават твар не пазбягаў гэтае балючае аперацыі. Праўда, у нашым грамадстве з цягам часу татуіроўка сталася адзнакаю прыналежнасці да крымінальнага свету, але ў апошнія гады... ды не пра іх гутрака. Звычайныя ж людзі абмяжоўваліся наколваннем на руцэ свайго імя, як правіла, ў кароткае форме ды яшчэ, можа, адзнакі прафесіі, звычайна вайсковае, у выглядзе якога сімвала: якар з стужкамі - марак, узыходзячае сонца з прамянямі - шафёр. Мы, дзецьмі, страшэнна зайздросілі дарослым і хімічнымі алоўкамі малявалі на руках і нагах сваё імёны, а яшчэ ўсялякія жахлівыя рэчы: свастыкі, чарапы, труны, каму што больш падабалася. Зразумела, што гэта была толькі ўбогая імітацыя, бо калі ў лазню ці на пляж з'яўляўся хто-небудзь з былых турэмнікаў, мы маглі назіраць часам цэлыя незмываемыя карціны, зробленыя на жывым целе. Вось мы і вырашылі ўвекавечыць ейнае імя недзе падобным чынам ды ячшэ так, каб яна ўбачыла яго на свае вочы. І Зразумела, што ні масцікавы стрыжань, ні хімічны аловак не падыходзілі дзеля вечнасці, а пра сапраўдныя татуіроўкі мы, чатырнаццацігадовыя падшпаркі, тады маглі хіба толькі марыць, але нам і тут удалося знайсці прыймальнае вырашэнне праблемы.

Помню, дзень той патыхаў спёкаю, і ўсё двухногае насельніцтва мястэчка, больш дакладна, усе тыя, каму яшчэ было далёка да перадпенсінага ўзросту, шукалі паратунку й адпачынку па берагах ракі Рось і кар'ера Бакаляраўшчыны (калісьці з яго здабывалі пясок, а потым ён запоўніўся вадою і стаў папулярным пляжам у тутэйшых жыхароў. Я спадзяюся, калі мною апануе эпічны настрой, распавесці пра гэты ды іншыя кар'еры). Была там і яна разам з нашымі аднакласнікамі, але мы з прыяцелем падыходзіць туды не насмеліліся, бо апасаліся, што можа адбыцца міжвольнае і нечаканае, і мы станемся анекдотам на ўсё лета. Тым больш, што такое ўжо здаралася. Адзін з такіх выпадкаў урэзаўся мне ў памяць асабліва моцна. Калі я быў ужо крыху старэйшы, здаецца, меў шаснаццаць год, выправіўся я на школьны вечар. Звычайна гэта былі танцы, у нашае школе быў свой ВІА, і мы ім вельмі ганарыліся, хаця местачковы ВІА куды як пераўзыходзіў яго па ўзроўні. Я запрасіў на танец адну дзяўчынку, здаецца з паралельнага класа. Танец быў павольны, і мы неяк само сабой прытуліліся так, што я адчуў сваім целам і ейныя грудзі, і ейны жвыот, і ейнае сцягно. Адной рукой я ачапіў ейныя плечы, другая змесцілася ў яе ніжэй спіны. І праз якую хвіліну я адчуваў, як у мяне цямнее ў вачах ад прытоку крыві, а тое, што творыцца ўнізе, ужо не падпадае пад мой кантроль. Але гэта было яшчэ не ўсё. Не паспеў скончыцца танец, не паспелі аціхнуць апошнія акорды, а я ўжо стаў там, унізе, мокры. Я паміраў ад сораму, а ейныя вочы смяяліся. Мне падалося, што не толькі яна, а ўвесь свет смяецца з маёй ганьбы, я скінуў з сябе ейныя рукі і стрымгалоў рвануўся з залі і за лічаныя хвіліны апынуўся дома, дзе, зачыніўшыся ў ванне, праплакаў добрыя дзве гадзіны. Так, я помню, смяяліся ейныя вочы, але сваіх рук яна не расціскала, і можа быць ейныя вочы зусім і не смяяліся, і зусім не з мяне. Толькі вось твар ейны сцёрся з маёй памяці, сцёрся, можа, і навечна, а, можа, толькі на час, каб адрадзіцца ў памяці пры апошніх хвілінах жыцця, калі, як кажуць дасведчаныя людзі, на нейкія імгненні як перад вачыма паўстае ўсё самае важкае й дарагое і тое, што падавалася драбязою, а таму выслізнула з-пад увагі, хаця як раз яно можа і было самым важкім. Але я не магу напярод ведаць, пра што я ўзгадаю ў свае апошнія хвіліны, і, здаецца, яшчэ не час мне пра гэта думаць.

Мы з прыяцелем зайшлі ў наш Лясок і выбралі найбольш прыхаванае ад людзей мейсца. А перад гэтым мы нарэзалі добры пук нож-травы. Яна настолькі жорсткая, а ейныя вузкія лёзы настолькі войстрыя, што толькі ўхапіўшыся за яе можна да крыві абрэзаць рукі. Там, у ляску на паляне, мы і правялі адзін над адным няхітрую, але вельмі балючую аперацыю, выразаўшы на грудзях нож-травою імя каханай. І хоць крыві з нас сцякло, як на бойні, але мы трывалі, каб літары атрымаліся шырынёй у палец, і дзякаваць Богу, што імя было кароткім. Потым мы недзе з гадзіну ляжалі пад палаючым сонцам, выставіўшы яму свае жываты. І недзе за гадзіну раны падсохлі і ўжо амаль не балелі. І было б добра, каб і на душы раны гаіліся так хутка. Але хутка гояцца толькі драпіны, а сапраўдныя раны ні на целе, ні на душы нічым зажывіць немагчыма. Але, ладна. Потым мы асцярожна паздзіралі закарэлую кроў, і нашая радасць ад нашае прыдумкі не ведала межаў. Шнары спалучаліся між сабой ў літары, што ўтваралі самае дарагое нам імя, якое белым ад асляпляльнасці вылучалася на нашых амаль счарнелых ад сонца грудзях. Мусіць недзе падобныя пачуцці валодалі тымі няшчаснымі, калі яны ўпрыгожвалі левую частку грудзей профілем Правадыра. Спачатку мы адразу намерыліся ісці да яе, туды, дзе гаманілі, весяліліся, пілі ахалоджаны ў крыніцы кампот, гралі ў карты, давалі нырца са стромкага берага ці проста бяздумна ляжалі, аддаючыся сонцу і добраму настрою. Але помню, мы спалохаліся агульнаму меркаванню, што нашыя наколкі фальшывыя, што мы намалявалі іх крэйдаю, і Яна не зможа ацаніць нашага да Яе пачуцця. А таму мы паплылі.

Ад нашага берага да ейнага было таго возера не болей як за шэсць соцен метраў. «Узялі» мы іх лёгка, бо плаваць у нашым мястэчку, асабліва сярод моладзі, не ўмелі хіба адзінкі. І не зважаючы на гэта, вада штогод брала сваё праз тапельцаў, і хоць патаналі ў асноўным прыезджыя, але і тутэйшыя часам ставаліся ахвярамі, асабліва, калі забываліся, што вада тут хоць і нібыта свая, але лёгка глыне неасцярожных. І калі мы выйшлі з вады, то ўбачылі, што нашыя шнары, якія незадоўга да гэтага ўражвалі нас сваім ажно да ненатуральнасці белым колерам, набрынялі зараз крывёю і пуката вылучаліся на нашых грудзях. Мы падыйшлі, стараючыся выглядаць абыякавымі, паважна павіталіся з усімі хлопцамі, прынялі ўхвалу за пакрытую адлегласць, - нас убачылі яшчэ з таго берагу, а плыць мы стараліся хутка і прыгожа, каб амаль не было пырскаў. І канешне ўсе заўважылі нашыя «татуіроўкі», і канешне заўважыла Яна. І тут мы адчулі, што вось-вось нас пакіне прысутнасць духа, а таму, намагаючыся захаваць годнасць, мы рушылі да таго берага, дзе былі нашыя шмоткі. Там мы спусціліся да вады і паплылі. Стараліся плыць хутка і прыгожа, бо ведалі, што на нас глядзяць. І там былі ейныя вочы, і ейны позірк я адчуваў на сваёй спіне, а таму выходзічы з вады, я амаль не быў стомлены. О, каб я ўсё рабіў з папраўкай на ейны позірк, то і вартасць маіх школьных адзнакаў была б інашаю, і зусім іншымі былі б мае дачыненні з грамадствам, і зусім іншым быў бы мой лёс, і зусім іншым быў бы я, і пісаў бы зараз, калі б пісаў, зусім іншыя радкі, а радкі падобныя да гэтых пісаў бы зараз нехта зусім іншы, а не я. Але ўсё сталася так, як склалася і «бы» ў гэтым жыцці не прадугледжана.

Затое цяпер мы былі ўпэўненыя, што яна ведае, ад каго атрымоўвала кветкі і цыдулкі. Гэта і ўсцешвала, і хвалявала, і давала штуршок нашым фантазіям, і мы сягалі сваімі марамі ў дарослае жыццё. Але тут з фатальнай непазбежнасцю паўставала пытанне, каму з нас быць ейным мужам. Двухмужжа для нас было папросту непрыймальна, а сварыцца нам не хацелася, - у мястэчку не было такое традыцыі, сварыцца за жанчыну; і мы ў прыпадку альтруізму саступалі права валодаць ёю адзін аднаму. Але ўрэшце нам удалося дамовіцца, што жыць з ёй будзе менавіта той, каго яна сама выбярэ. А мы будзем змушаныя згадзіцца з ейным выбарам і толькі парадуемся на шчасце сябра. Такім чынам, перадаўшы права выбару ў іншыя рукі, і ўсклаўшы адказнасць на іншыя плечы, мы супакоіліся і ўжо нават ейны ад'езд да сваякоў не падаваўся нам такім пакутлівым, а да таго ж мы прызвычаіліся да гульні ў карты. Гулялі ў так званую «трыньку», і махлюючы на пару выйгравалі немалыя па тых часах грошы. Але вядома, каму шанцуе ў карты, таму не шанцуе ў каханні. Але я ізноў апярэджваю хаду падзеяў, а таму прыпыню свой бег.

Мае грудзі, дарэчы, яшчэ колькі дзён балелі, але галоўнае, мне прыходзілася намагацца, каб шнары не заўважылі бацькі. А тады ўжо не пазбегнуць допытаў і непажаданага ўмешвання дарослых у мае пачуцці, чаго я не жадаў больш за ўсё. Я шчыра лічыў каханне прэрагатываю юнацтва, а дарослыя, маўляў, занятыя спрэс праблемамі выключна матэрыяльнага характару.

Дарэчы, яшчэ тым летам мы даведаліся, што нашыя начныя пасланні патраплялі да ейных бацькоў, бо мы, два юныя закаханыя ідыёты, не далі сабе рады дакладна высветліць, дзе знаходзіцца ейны пакой. І мы вельмі баяліся рэакцыі ейнага бацькі: мажнага, чорнавусага чалавека, які мне нагадваў Сталіна, і да таго ж ён быў начальнікам над маім бацькам. Але неяк абыйшлося. І ўсё ж галоўным было тое, што мы змаглі паказаць свае пачуцці, а вось што рабіць надалей, мы не ведалі. І можна сказаць, што мы ніяк агульнапрынятым ці яшчэ якім прыстойным чынам не стараліся заваяваць ейнае любові, бо мы ж між сабой дамовіліся, што выбіраць будзе яна, і выбіраць ёй прыйдзецца менавіта сярод нас, нам і да галавы не даходзіла, што выбіраць то асабліва няма з каго, і што можа існаваць нехта трэці, да каго і схіліцца ейнае сэрца. А я імкліва траціў вартасць як карысны чалавек грамадства. Яшчэ ў сёмым класе мяне не прынялі ў камсамол з-за кепсіх паводзінаў, а ў восьмым зусім разладзілася мая вучоба, і апошнія гады навучання настаўнікі толькі з павагі да маіх бацькоў дарылі мне тройкі і ў канцы кожнага года рэгулярна перапраўлялі адзнаку за паводзіны з нездавальняючае на задавальняюча. У дзевятым, калі ў камсамол бралі ўжо ўсіх запар, з любымі паводзінамі і з любымі адзнакамі, я ўжо сам адмовіўся ўступаць. На гэтае меліся свае прычыны, па-першае: я страціў павагу да гэтае арганізацыі з-за ейнае непераборлівасці пры статкавым прыёме, убачыўшы такі ж фальш, як пры тых тройках, якія мне дарылі настаўнікі, як іншым за паслухмянасць дарылі такія ж несапраўдныя чацвёркі і нават пяцёркі (цікава, ці існуе ў цяперашніх школах падобная практыка? - мусіць, існуе); а па-другое, у тым узросце я ўжо адчуваў сябе свядомым антыкамуністам і антысаветчыкам, хоць да Леніна і Маркса яшчэ захоўваў глыбокую павагу. Мяне нават абураў факт адсутнасці ў нашым пралетарскім мястэчку помніка правадыру першае пралетарскай рэвалюцыі і вуліцы ягонага імя. Але пра гэта і яшчэ пра іншае я распавяду ў іншым мейсцы і за іншымі абставінамі. Я каціўся ўніз, а мой прыяцель пасля восьмага класа пайшоў у «хабзайню» вучыцца на механізатара шырокага профілю, а я застаўся адзін на адзін са сваім каханнем. Я млеў, паміраў, пісаў палкія вершы, і ў той жа час ні на каліўца не наблізіўся да сваёй каханае, але затое я ўжо адчуваў, што стану паэтам.

А потым закончылася школа. І быў выпускны вечар. І мы хадзілі сустракаць світанак. І я нарэшце прамовіў сваёй каханай усе словы, што так доўга насіў у душы. Але маім словам ужо не дадзена было знайсці водгуку ў ейным сэрцы, бо там ужо непадзельна панаваў іншы. Яшчэ не паспела скончыцца лета, а мая каханая выйшла замуж за хлопца, які ўжо год як быў курсантам вайсковае вучэльні ў Ленінградзе. Я ж пакуль нікуды ісці не збіраўся, а таму ніяк не мог скласці канкурэнцыю будучаму афіцэру. Яшчэ колькі часу балела маё сэрца, а першага верасня я прыйшоў на завод, дзе так толкам і не навучыўся круціць гайкі. І паступова першае каханне вымылася з маёй душы, пакінуўшы аб сабе крыху журботныя, крыху іранічныя ўспаміны, якія зараз спрабую выкласці на паперы. Дарэчы, недзе праз год, калі мне было ўжо васемнаццаць, я спаткаў яе. І анішто не варухнулася ў маёй душы, часцей не затахкала сэрца, і сляза калючым камячком не падступіла да горла. Тым больш, што ніякім археолагам я не стаў, тым больш, што мае сны трывожыў новы вобраз, і новае каханне стала напаўняць мае вершы. Дарэчы, год праз пяць афіцэр яе пакінуў, але гэта ўжо зусім не мая гісторыя. А вось мой прыяцель пасля «хабзайні» патрапіў усё ж у мараходку, і яму ўдалося пабачыць шмат чужых земляў. Зараз у яго сям'я: жонка, дзеці... Але ён і пагэтуль носіць у душы пяшчотнае, нязгаслае полымя да тае першае і, відаць, адзінае... А я так не ўмею, хоць часам...

Часам я гляджу на гладка-зялёныя шары амялы і на чорныя з прастрэлінамі паветра шары вароніных гнёздаў, і маю душу трывожыць нейкае ўсё яшчэ незразумелае мной пачуццё альбо ўспамін, альбо прадчуванне.


2000-2003?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая