epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Запрудскі, Алена Анісім, Уладзь Кошчанка, Сяргей Кручкоў, Адам Мальдзіс, Алена Таболіч, Генадзь Цыхун

Стратэгія развіцця беларускай мовы ў XXI стагоддзі(Праект)

Уводзіны
  А. Што такое Стратэгія?
  Б. Цяперашні стан беларускай мовы
  В. Мэты і задачы
Раздзел І. Павелічэнне колькасці носьбітаў беларускай мовы
  1.1 Сфера адукацыі
  1.2 Курсы беларускай мовы
Раздзел ІІ. Забеспячэнне магчымасцяў для ўжывання беларускай мовы
  2.1 Групы насельніцтва, з якімі трэба працаваць
  2.2 Сферы і спосабы ўздзеяння
Раздзел ІІІ. Паляпшэнне стаўлення да беларускай мовы
  3.1 Акалічнасці, якія абумоўліваюць стаўленне да мовы
    3.1.1 Ступень ужывальнасці мовы ў грамадстве
    3.1.2 Трывалы імідж мовы і яе носьбітаў
    3.1.3 "Бягучы" імідж мовы і яе носьбітаў
  3.2 Юрыдычная падтрымка/забеспячэнне мовы
  3.3 Змена звычак моўнага ўжывання
Раздзел IV. Рэсурсавае забеспячэнне


Ад Рабочай групы па падрыхтоўцы Стратэгіі развіцця беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі

Рабочая група рэкамендуе да друку на старонках газет першы варыянт праекта Стратэгіі, падрыхтаваны творчым калектывам у складзе С. Запрудскага, А. Анісім, У. Кошчанкі, С. Кручкова, А. Мальдзіса, А.Таболіч, Г. Цыхуна.

Рабочая група і самі ўкладальнікі не лічаць, што пададзены праект уяўляе сабой канчаткова апрацаваны, "кананічны" тэкст, у якім бездакорная структура, належным чынам дапасаваны розныя раздзелы, праведзена добрая рэдактарская праца, захаваны ўніфікаваны падыход да афармлення. Стратэгія ствараецца ў Таварыстве ўпершыню, таму працэс яе падрыхтоўкі нялёгкі і марудны. Укладальнікі адчуваюць патрэбу ўзгаднення выкладзеных імі пазіцый з шырокай супольнасцю.

Нягледзячы на магчымыя недахопы прапанаванага тэксту Рабочая група бачыць у ім багаты матэрыял для асэнсавання і абмеркавання і, жадаючы актывізаваць дыскусію напярэдадні з'езда, рэкамендуе яго да друку.

*Заўвага: Фармальныя патрабаванні да ўкладання Стратэгіі

У канчатковым выглядзе любы пункт-напрамак будзе ўключаны ў Стратэгію ў тым выпадку, калі ініцыятар(ы) яго далучэння падасць (пададуць) пры ім наступныя суправаджальныя графы:

1. Механізм рэалізацыі. У ёй будзе тлумачыцца, хто і пры дапамозе якіх дзеянняў будзе рэалізоўваць дадзены пункт.

2. Неабходнае рэсурсавае забеспячэнне. У ёй будзе тлумачыцца, якія людскія. арганізацыйныя, матэрыяльныя, фінансавыя і часавыя рэсурсы патрэбны для выканання дадзенага пункта.

3. Канкрэтныя задачы/праекты. У ёй будуць называцца

а) зусім канкрэтныя ("інструментальныя", прамежкавыя) задачы/праекты, якія павінны быць ажыццёўлены для забеспячэння выканання дадзенага напрамку, і/або

б) канкрэтныя задачы/праекты, якія будуць выкананы як вынік дзейнасці ў дадзеным напрамку ў цэлым.

Наяўнасць гэтых запоўненых граф дазволіць у будучыні адабраць для рэалізацыі першачарговыя і непершачарговыя праекты, а таксама скласці лагічны і выразны план дзейнасці Таварыства.

Свае заўвагі і дадаткі просім дасылаць на адрас ТБМ (220005, Менск, вул. Румянцава, 13; факс 284-85-11) з пазнакай "Стратэгія" або на электронны адрас камісіі па міжнародных сувязях ([email protected]).

 

Уводзіны

А. Што такое Стратэгія?

Стратэгія - гэта падрыхтаваны калектыўнымі намаганнямі дакумент, у якім выкладзены блізкія і доўгатэрміновыя задачы захавання і развіцця беларускай мовы.

Стратэгія рыхтуецца Таварыствам беларускай мовы для Таварыства беларускай мовы. У Стратэгіі фармулююцца рэальныя задачы, якія Таварыства магло б выконваць ужо цяпер або - пры неабходным рэсурсавым забеспячэнні - праз нейкі час.

Адначасова ў працэсе выпрацоўкі Стратэгіі Таварыства ўсталёўвае партнёрскія адносіны з рознымі арганізацыямі, установамі, партыямі, міністэрствамі, СМІ і г.д. для далучэння да справы выпрацоўкі Стратэгіі як мага больш шырокага інтэлектуальнага рэсурсу. У ідэале Таварыства хацела б, каб падрыхтаваная ім з удзелам шырокіх грамадскіх сілаў Стратэгія трансфармавалася б ў Стратэгію развіцця беларускай мовы для беларускага грамадства ў цэлым.

Быўшы падрыхтаванай і зацверджанай, Стратэгія робіцца галоўным "ідэалагічным" і рабочым дакументам Таварыства мінімум на 20 гадоў. ТБМ мае кіравацца ў сваёй дзейнасці падрыхтаванай і зацверджанай Стратэгіяй. У працэсе рэалізацыі Стратэгіі пастаянна ажыццяўляецца кантроль за яе выкананнем. Канкрэтныя задачы могуць удакладняцца ў адпаведнасці з новым разуменнем.

Праз 20 гадоў праводзіцца агульная праверка правільнасці вызначанай мэты і задач Стратэгіі, аналізуецца ступень выканання закладзеных у Стратэгію канкрэтных задач.

 

Б. Цяперашні стан беларускай мовы

Сучасная беларуская мова існуе ў 3-х разнавіднасцях: літаратурная мова, народна-дыялектная мова і змешаная мова на беларускай аснове. Усе людзі, якія карыстаюцца гэтымі разнавіднасцямі з'яўляюцца носьбітамі беларускай мовы. З аднаго боку, Таварыства спавядае талерантнасць у адносінах паміж носьбітамі ўсіх гэтых разнавіднасцяў. З другога, ТБМ падкрэслівае важнасць авалодвання літаратурнай мовай як мага большай колькасцю людзей.

Прынцып талерантнасці пашыраецца і на падыходы да сучаснай літаратурнай мовы, у межах якой суіснуюць дзве традыцыі. Адна разнавіднасць беларускай літаратурнай мовы атрымала назву "тарашкевіца" (паводле імя аўтара "Беларускай граматыкі для школ" Б.Тарашкевіча), другая - "чарнушэвіца" (паводле імя народнага камісара асветы Дзм.Чарнушэвіча). Абодва тыпы беларускай літаратурнай мовы маюць паміж сабой вельмі шмат агульнага і адрозніваюцца нязначнай колькасцю рыс. Маючы вельмі неаднолькавае пашырэнне ў грамадстве, абодва варыянты беларускай літаратурнай мовы тым не менш маюць выразны грунт для ўжывання. Таварыства стаіць за недапушчальнасць распальвання канфрантацыі паміж прыхільнікамі абодвух варыянтаў.

Згодна з дадзенымі перапісу 1999 года на беларускай мове штодня размаўляюць 37 працэнтаў жыхароў Беларусі. Можна, аднак, меркаваць, што сукупная колькасць носьбітаў беларускай мовы ў яе стандартызаванай і дыялектнай формах, а таксама тых, хто выкарыстоўвае змешаныя варыянты маўлення на беларускай аснове, сягае 7 - 8 мільёнаў чалавек, што складае 70 - 80 працэнтаў насельніцтва Беларусі. Падчас таго ж перапісу 74 працэнты (амаль тры чвэрці) грамадзян Беларусі прызналі беларускую мову сваёй роднай, і ў гэтым мы бачым вялікі патэнцыял для яе будучага развіцця.

 

В. Мэты і задачы

Галоўнай мэтай Стратэгіі развіцця беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі з'яўляецца стварэнне ўмоў для захавання і доўгатэрміновага развіцця беларускай мовы як жывой, штодзённай мовы беларускага народа.

"Найбліжэйшымі" мэтамі падрыхтоўкі Стратэгіі з'яўляюцца:

* максімальная рацыяналізацыя дзейнасці ТБМ;

* больш выразная пастаноўка ў грамадстве праблемы захавання і развіцця беларускай мовы;

далучэнне да праблем развіцця беларускай мовы як мага большай колькасці людзей і арганізацый.

Дасягненне гэтых мэтаў прадугледжвае ажыццяўленне наступных задач:

1. Павелічэнне колькасці носьбітаў беларускай мовы

2. Забеспячэнне магчымасцяў для ўжывання беларускай мовы

3. Паляпшэнне стаўлення да беларускай мовы

 

 

Раздзел І. Павелічэнне колькасці носьбітаў беларускай мовы

 

1.1 Сфера адукацыі

У павелічэнні колькасці людзей, якія б выкарыстоўвалі беларускую мову у розных сферах жыцця, вельмі важнае месца займае сістэма адукацыі розных узроўняў. Важна забяспечыць непарыўнаць беларускамоўнага навучальнага працэсу на працягу ўсяго перыяду навучання: ад садка і да універсітэта. Для гэтага трэба мабілізаваць усе структуры, якія павінны забяспечваць непарыўнасць працэсу.

Абсалютна неабходна наладзіць сістэму падтрымкі і ўзаемадзеяння паміж галоўнымі ўдзельнікамі працэсу папулярызацыі беларускай мовы (беларускімі школамі, бацькоўскімі камітэтамі і інш.), каб яны не заставаліся сам-насам са сваімі праблемамі

Павінна быць забяспечана магчымасць навучання дзяцей і моладзі розным прадметам на беларускай мове у межах адукацыйнай сістэмы уключаючы:

дашкольнае выхаванне; сярэднюю адукацыю; пазашкольнае выхаванне; спецыяльную адукацыю; вышэйшую адукацыю.

А. Дашкольнае выхаванне

Забеспячэнне эфектыўнай і даступнай падрыхтоўкі праз беларускую мову з'яўляецца вельмі важным як у працы з дзецьмі, якія размаўляюць на беларускай мове, так і з дзецьмі, якія вучацца размаўляць па-беларуску. Гэты перыяд з'яўляецца найбольш важным для закладкі падмурка, які павінен стаць гарантыяй таго, што дзеці будуць свабодна валодаць беларускай мовай на працягу ўсяго жыцця.

Не ўсе бацькі выбіраюць так званыя беларускія садкі, але калі мы хочам аднаўлення статуса мовы ў грамадстве, мы павінны выпрацоўваць пазітыўныя адносіны бацькоў да ведання іх дзецьмі беларускай мовы.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Заахвочваць персанал беларускамоўных садкоў трымацца беларускай мовы ў выхаваўчым працэсе. Дзеля гэтага з дапамогай бацькоўскіх камітэтаў ствараць фонды дадатковай матэрыяльнай патрымкі, уключаць персанал у сферу адукацыйных праектаў, што забяспечваюць іх прафесійны рост.

· Ствараць сярод бацькоў камітэты з мэтай зацікаўлення ў выхаванні сваіх дзяцей у беларускамоўным асяроддзі.

· Уключаць беларускамоўныя садкі ў сферу міжнародных адукацыйных праектаў, спрыяць наданню беларускамоўнаму дашкольнаму выхаванню статуса элітнасці.

· Бесперапынна быць у кантакце і працаваць з дзяржаўнымі ўстановамі, адказнымі за дашкольнае выхаванне, з мэтай пашырэння сеткі беларускамоўных садкоў і іх падтрымкі.

Б. Сярэдняя адукацыя

Усе без выключэння навучэнцы сярэдніх навучальных устаноў павінны атрымліваць адукацыю на беларускай мове, каб пасля заканчэння школы яны маглі свабодна валодаць мовай ва ўсіх сферах жыцця. Дзеля гэтага павінна павышацца доля прадметаў, выкладанне якіх будзе весціся на беларускай мове. Павінна праводзіцца падтрымка настаўнікаў, якія выкладаюць па-беларуску.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Распрацаваць сістэму дапамогі беларускамоўным школам і схему іх супрацоўніцтва паміж сабой.

· Наладжваць сувязі з бацькоўскімі камітэтамі, дзе бацькі зацікаўлены ў адукацыі іх дзяцей на беларускай мове, дапамагчы наладзіць каардынацыю дзеянняў паміж рознымі бацькоўскімі камітэтамі, спрыяць стварэнню аб'яднанняў бацькоўскіх камітэтаў беларускамоўных школ і класаў.

· Садзейнічаць уключэнню школ з беларускай мовай навучання ў міжнародныя адукацыйныя праекты.

· Дамагацца ад Міністэрства адукацыі павышанага статусу сярэдніх беларускамоўных навучальных устаноў з наданнем ім статусу ліцэяў або гімназій. Спрыяць станаўленню беларускамоўнай адукацыі як элітарнай.

· Абараняць правы грамадзян, якія жадаюць даць свайму дзіцяці адукацыю па-беларуску. Дамагацца праз Канстытуцыйны суд зняцця ўсіх фармальных абмежаванняў, якія дазваляюць мясцовым органам адукацыі пазбягаць выканання дзеючага заканадаўства. (У тым ліку гл. раздзел: "Органы дзяржаўнага кіравання і юрыдычная база".)

В. Пазашкольнае выхаванне

Вызначальным у выбары мовы зносін вельмі часта становіцца мова пазашкольных адукацыйных устаноў. Гэта гурткі, секцыі, клубы для дзяцей, дзе яны маюць магчымасць атрымаць дадатковыя навыкі і веды ў гуманітарных сферах.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Заахвочваць персанал пазашкольных навучальных устаноў, клубаў, палацаў дзяцей і моладзі, спартыўных секцый ствараць групы для беларускамоўных навучэнцаў.

· Спрыяць уключэнню тых устаноў, што прытрымліваюцца ў сваёй дзейнасці беларускай мовы, у міжнародныя адукацыйныя і гуманітарныя праекты.

· Тлумачыць бацькам перавагі атрымання пазашкольных ведаў на беларускай мове, матывуючы больш гарманічным выхаваннем і далейшай прыстасаванасцю да шматмоўнага асяроддзя, а таксама больш хуткай адаптацыяй да вывучэння іншых моў у будучыні.

· Заахвочваць персанал у працэсе выхавання трымацца беларускай мовы. Дзеля гэтага спрыяць прафесійнаму росту праз далучэнне да міжнародных адукацыйных праграм і трэнінгаў.

Г. Спецыяльная адукацыя

Найважнейшымі галінамі спецыяльнай адукацыі для функцыянавання мовы ёсць адукацыйныя ўстановы (каледжы, курсы і да т.п.), што рыхтуюць спецыялістаў у сферы гандлю, аказання паслуг, транспарту і г.д. Абавязковым чыннікам спецыяльнай адукацыі мусіць быць веданне будучымі спецыялістамі прафесійнай лексікі.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Разам з зацікаўленымі спецыялістамі распрацоўваць дапаможнікі для навучання прафесійнай лексіцы ў сферы аказання паслуг.

· Дамагацца праз групы ціску ўвядзення ў навучальныя праграмы абавязковага курса беларускай прафесійнай лексікі.

· Распрацаваць слоўнікі-дапаможнікі для вадзіцеляў, якія маглі б карыстацца імі, аб'яўляючы назвы прыпынкаў.

Д. Вышэйшая адукацыя

Вышэйшая адукацыя забяспечвае грамадства высокаадукаванымі спецыялістамі, і вельмі важна, каб будучыя спецыялісты валодалі беларускай мовай і маглі прымяніць яе на працоўных месцах. Для гэтага павінны быць пашыраны ўжытак беларускай мовы ў межах навучальнага працэсу

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Шляхам правядзення адмысловых кампаній замацаваць у грамадскай свядомасці ненатуральнасць такой з'явы, калі ў незалежнай краіне адсутнічае магчымасць атрымання вышэйшай адукацыі на мове карэннай нацыянальнасці краіны.

· У найбліжэйшы час дамагчыся адкрыцця беларускамоўных плыняў ва ўсіх ВНУ Беларусі, з гэтай мэтай распачаць кампанію ціску на Міністэрства адукацыі, кіраўніцтва ВНУ, прадстаўнічыя органы ўлады краіны;

· Паралельна, незалежна ад дзяржавы, ствараць магчымасці атрымання вышэйшай адукацыі пры дапамозе інфармацыйных тэхналогій. (Больш падрабязна гл. раздзел Інфармацыйныя тэхналогіі).

 

1.2 Курсы беларускай мовы

Пераважная большасць пасіўных носьбітаў беларускай мовы саромеецца карыстацца беларускай мовай з цэлага шэрагу прычынаў, але галоўнай з'яўляецца адсутнасць практыкі штодзённага карыстання. Прагрэс можа быць дасягнуты і ў працы з дарослым насельніцтвам. Дарослыя, якія жадаюць вывучаць беларускую мову, павінны забяспечвацца такой магчымасцю ў поўным аб'ёме.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Распрацоўка шэрагу падручнікаў для розных катэгорыяў навучэнцаў з улікам прынцыпаў сучаснай методыкі і сучасных тэхналогій.

· Ва ўсіх курсах прадугледжваць знаёмства навучэнцаў з гістарычна-культурнай спадчынай беларусаў.

· Пры арганізацыі курсаў у рэгіёнах ладзіць сустрэчы слухачоў з прадстаўнікамі беларускай эліты - пісьменнікамі, паэтамі, мастакамі.

· Распрацаваць механізмы самафінансавання курсаў беларускай мовы ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

 

 

Раздзел ІІ. Забеспячэнне магчымасцяў для ўжывання беларускай мовы

 

2.1 Групы насельніцтва, з якімі трэба працаваць

а) Дзеці.

Чым раней чалавек пачынае вывучаць мову, тым лепей, і тым больш гэтая мова здаецца яму натуральнай. Дзеці звычайна не маюць забабонаў у адносінах да якой-небудзь мовы, і шырокая праца з імі закладае падмурак для звычак карыстання моваю на ўсё жыццё.

б) Маладыя людзі.

Моладзь з'яўляецца найбольш актыўнай і дынамічнай часткай насельніцтва, якая ў меншай ступені залежыць ад негатыўных стэрэатыпаў у стаўленні да мовы і моўнай палітыкі. Праца сярод моладзі з'яўляецца найбольш эфектыўным шляхам да змянення стану беларускай мовы і яе статусу ў краіне.

в) Прадстаўнікі прадпрымальніцкіх структур.

Прыватны бізнес ахоплівае ўсё большыя сферы нашага грамадства і важна, каб прадпрымальнікі бачылі выгоду ў выкарыстанні беларускай мовы не толькі пасіўна (надпісы, рэклама), а таксама як мовы абслугоўвання.

г) Грамадскія лідэры.

Грамадскі сектар Беларусі мае ўплыў па ўсёй тэрыторыі Беларусі і, што важна, у правінцыі, дзе ён ахоплівае значную частку моладзі і можа рэальна дапамагаць маладым людзям у ажыццяўленні іх праектаў праз пасрэдніцтва беларускай мовы.

д) Службоўцы дзяржапарату.

У нашым грамадтве важную ролю адыгрывае дзяржаўны апарат. Як вядома на працягу апошніх вякоў беларускі этнас развіваўся ў адсутнасці ўласнай дзяржавы. За стагоддзі існавання беларусы былі вымушаны выпрацаваць здольнасць прыстасоўвацца да знешніх абставінаў, заезджага чынавенства, якое як правіла не карысталася беларускай мовай. Мусіць дзякуючы гэтаму "прыстасаванству" беларуская мова змагла захавацца на пабытовым узроўні, але каб мова загучала шырака ў грамадстве неабходна каб беларуская мова стала і мовай "начальства". Выкарыстанне службоўцамі беларускай мовы павінна падштурхнуць насельніцтва да больш шырокага ўжывання беларускай мовы ў грамадзкім жыцці.

дж) Прадстаўнікі традыцыйных канфесій Беларусі.

Рэлігійныя канфесіі традыцыйна маюць уплыў на пэўную частку насельніцтва, асабліва на людзей сярэдняга і сталага веку. Пазітыўнае стаўленне канфесій да беларускай мовы і яе выкарыстанне падчас службаў павінны даць пазітыўны вынік.

дз) Прадстаўнікі сілавых структур

е) Работнікі грамадскай сферы

Дзяржаўнасць беларускай мовы не забяспечана механізмамі яе захавання і развіцця. Механізмы ж выцяснення беларускай мовы, пабудаваныя за мінулыя дзесяцігоддзі, працягваюць працаваць і цяпер.

 

2.2 Сферы і спосабы ўздзеяння

Трэба стварыць умовы, якія б забяспечылі магчымасці ўжываць беларускую мову натуральна ва ўсіх сферах жыцця. Дзеля гэтага неабходна выпрацаваць сістэму заахвочвання і падтрымкі для людзей, каб яны карысталіся мовай падчас працы, адпачынку або падчас атрымання паслуг. Заахвочваць трэба арганізацыі, установы, службы сервісу і транспарту, якія аказваюць свае паслугі па-беларуску. Таксама трэба забяспечыць магчымасць людзям ужываць беларускую мову і ў нефармальных сітуацыях. Інакш кажучы, павелічэнне магчымасцяў, хоць і апасродкавана, забяспечваецца развіццём структур падтрымкі. Таму ў дадзеным раздзеле неабходна:

Прадугледзець не толькі сферы ў якіх варта сканцэнтраваць намаганні дзеля павелічэння колькасці носьбітаў мовы, але і прадугледзець канкрэтныя спосабы ўздзеяння на сітуацыю.

Варта ўлічваць і тое, што толькі паступовы рух наперад у вызначаных сферах, які будзе накіраваны перш за ўсё на пашырэнне магчымасцяў ужываць беларускую мову, а не штучнае "выцісканне" рускай мовы, можа прынесці пажаданыя перспектывы для беларускай мовы.

1. Сям'я

2. Грамадскі сектар

3. Добраахвотніцкі сектар

4. Прыватны сектар

5. Работа і нефармальныя зносіны

6. Інфармацыйныя тэхналогіі

7. Электронныя СМІ

8. Незалежная рэгіянальнаяя прэса

9. Кнігадрукаванне і распаўсюджванне друкаванай прадукцыі

10. Рэлігійныя ўстановы

11. Дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы

12. Сілавыя структуры

13. Дыялектныя арэалы

14. Органы дзяржаўнага кіравання

1. Сям'я

Самы трывалы асяродак фунцыянавання мовы - гэта сям'я. Адначасова гэта і найбольш замкнёная сфера для грамадскага ўздзеяння. Але калі здолець змяніць моўныя звычкі ў сям'і, тады вельмі складана, нават у самых неспрыяльных умовах, зруйнаваць гэты асяродак.

Так, "новыя" гараджане, якія ў пасляваенныя гады, вырваўшыся з-пад калгаснага прыгнёту, траплялі ў горад, імкнуліся як мага хутчэй пазбавіцца мовы, што асацыявалася з вёскаю, беднасцю, галечай і пакутамі. Знешнія абставіны патрабавалі перайсці на "гарадскую" мову (мову заезджага начальства) - рускую. Але канчатковага знікнення ў гарадсіх беларускіх сем'ях беларускай мовы не адбылося. У большасці гарадскіх сем'яў у побыце ўжываецца "прамежкавая" мова - "трасянка". Трэба стварыць ўмовы для заахвочвання вяртання ў сем'і беларускай мовы.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Вярнуць ва ўжытак спрадвечныя беларускія імёны, па якіх адразу вызначаецца прыналежнасць іх носьбітаў да пэўнай нацыянальнасці. Дзеля гэтага распрацаваць і наладзіць выпуск каляровых улётак-іменнікаў для маладых маці і распаўсюджваць іх праз жаночыя кансультацыі і радзільныя дамы.

· Стварыць зборнік, цікавы па змесце для ўсіх сямейнікаў для навучання бытавой лексіцы.

· Стымуляваць пераход на беларускую мову разнастайных сямейных клубаў, курсаў, школ маладых маці.

· Ствараць беларускамоўныя гурткі па развіцці эстэтычных здольнасцяў у дзяцей малодшага ўзросту.

2. Грамадскі сектар

З моманту ўзнаўлення беларускай дзяржаўнасці ў 1991 годзе распачалося будаўніцтва грамадскіх арганізацый і адначасова супрацьдзеянне ім з боку дзяржаўнага апарату. Таму ўзнікла неабходнасць сумеснай працы і каардынацыі дзеянняў недзяржаўнага сектару. Як форма супрацоўніцтва ўзнікла Асамблея няўрадавых арганізацый Беларусі. Трэба адзначыць, што рабочай мовай пасяджэнняў Асамблеі стала беларуская. Большасць лідэраў НА ў стасунках паміж сабой выбіраюць беларускую мову, але рабочая мова персаналу і валанцёраў няўрадавых арганізацыяў, а таксама мова перапіскі, як правіла, руская.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Распрацоўка дапаможнікаў для грамадскіх арганізацый з выкарыстаннем дзелавой лексікі.

· Арганізацыя курсаў для валанцёраў НА па вядзенні справаводства і дзелавой перапіскі па-беларуску.

· Распрацоўка і распаўсюд праграм па праверцы арфаграфіі беларускіх тэкстаў.

· Развіццё партнёрства з рускамоўнымі НА ў сферы садзейнічання перакладам дзелавой інфармацыі на беларускую мову.

Як вынік ўзнаўлення незалежнасці краіны ў беларускім грамадстве за апошнія 10 гадоў значна павысіўся статус і профіль беларускай мовы. Для значнай часткі рускамоўных грамадзян беларуская мова з'яўляецца прыкметай незалежнасці і імкненнем да будаўніцтва свабоднай і дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці. У працы грамадскія арганізацыі, рабочай мовай якіх з'яўляецца беларуская, з рускамоўнымі кліентамі павінны кіравацца ў сваёй дзейнасці практыкай заахвочвання тых, хто спрабуе выкладаць свае думкі па-беларуску, лаяльна ставіцца да выпадковых памылак. Не варта думаць, што пераход на "зручную" для кліента мову чымсьці палегчыць працу. Лепш будзе прапанаваць кліенту гаварыць па-руску, але саму паслугу аказваць па-беларуску. Варта ведаць, што прытрымліванне гэтай моўнай схемы ўпэўнівае кліента ў прынцыповасці пазіцыі грамадскай арганізацыі не толькі ў пытаннях мовы, але і ў цвёрдасці пазіцый арганізацыі ў пытаннях, па якіх непасрэдна звяртаецца грамадзянін. І наадварот: "флюгерная" пазіцыя выклікае насцярогу ў пасіўных носьбітаў беларускай мовы (якімі з'яўляецца абсалютная большасць грамадзян Беларусі). Але самай памылковай моўнай схемай з'яўляецца "агрэсіўная беларускамоўнасць", калі рускамоўны наведнік падвяргаецца прапагандысцкаму ўздзеянню і настойлівым патрабаванням карыстацца беларускай мовай. Толькі ўважлівая і эфектыўная праца і высокі ўзровень аказання грамадскіх паслуг, якія выконваюцца па-беларуску, паўплывае на далейшае жаданне грамадзян вывучаць і ведаць беларускую мову і карыстацца ёй як мовай, што дае больш шырокія магчымасці ў грамадскім жыцці.

3. Добраахвотніцкі сектар

Далейшае развіццё грамадзянскай супольнасці непазбежна вядзе да пашырэння добраахвотніцкага сектару, асабліва ў сферы апекавання над хворымі, дзецьмі і моладдзю, працы з людзьмі з канкрэтнымі патрэбамі і ў кансультатыўных паслугах. Таму патрэбна павелічэнне магчымасцяў для ўжывання беларускай мовы, якія зыходзяць ад добраахвотніцкага сектару.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Арганізаваць беларускамоўны валанцёрскі рух.

· Заахвочваць добраахвотніцкія арганізацыі і дапамагаць ім пашыраць ужыванне беларускай мовы.

· Назіраць за працэсам прыняцця моўных схемаў у добраахвотніцкім сектары.

· Працаваць з прадстаўнічымі органамі ў добраахвотніцкім сектары дзеля садзеяння беларускай мове і палягчэння яе ўжывання ў гэтым сектары.

4. Прыватны сектар

А. Дробны бізнес.

Вельмі важна, каб прыватны бізнес заўважыў выгоды ад ужывання беларускай мовы, і, як вынік, ён стане больш схільным да пашырэння функцый беларускай мовы ў гэтай сферы.

Найбольш спрыяльная атмасфера для фунцыянавання мовы склалася ў сферы дробнага бізнесу, бо мова спажыўца, як правіла, становіцца і мовай таго, хто аказвае паслугі.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Варта паказаць выгоды ад візуальнага афармлення тавараў і месцаў аказання паслуг з абавязковым выкарыстаннем беларускай мовы.

· Матываваць выкарыстанне ў візуальным афармленні беларускай мовы (гэта пашырае кола кліентаў).

Б. Буйны бізнес.

Іншае становішча склалася ў сферы сярэдняга і буйнога бізнесу. У сувязі з надзвычай вялікай залежнасцю гэтых сегментаў прыватнага бізнесу ад дзяржаўнага кантролю і рэгулявання, а таксама ад таго, што большасць спажыўцоў з'яўляюцца рускамоўнымі, неабходна працаваць у наступных накірунках.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Матываваць выкарыстанне беларускай мовы ў органах дзяржаўнага рэгулявання (падатковых інспекцыях, службах кантролю, дзяржаўным апараце - гл. раздзел Органы дзяржаўнага кіравання і юрыдычная база);

· У супрацоўніцтве са згуртаваннямі і таварыствамі спажыўцоў дамагацца выкарыстання беларускай мовы;

· На замежных рынках праз беларускія дыяспары ствараць спрыяльны фон для тых вытворцаў, што карыстаюцца мовай пры афармленні тавараў як на ўнутраным, так і на знешніх рынках;

· Cтымуляваць выкарыстанне беларускай мовы пры афармленні тавараў і аказанні паслуг шляхам распаўсюджвання інфармацыі пра наяўнасць такіх тавараў і паслуг;

· Матываваць выкарыстанне беларускай мовы ў сферах сярэдняга і буйнога бізнесу, шляхам дэманстрацыі пашырэння сферы збыту прадукцыі з выкарыстаннем беларускай мовы.

· Працаваць з грамадскай думкай, паказваючы, што выкарыстанне беларускай мовы пры афармленні тавараў або аказанні паслуг з'яўляецца не толькі імкненнем для пашырэння рынкаў збыту, але і жэстам павагі да беларускага грамадства ў цэлым.

Грамадскія структуры, што падзяляюць палажэнні гэтай Стратэгіі, імкнуцца праводзіць конкурсы і апытанні на лепшага прадстаўніка сярэдняга і буйнога бізнесу ў сваіх рэгіёнах, якія арганізавалі бізнес з выкарыстаннем беларускай мовы.

5. Работа і нефармальныя зносіны

Беларуская мова павінна квітнець ва ўсіх сферах грамадства і тады яна стане здольнай да самастойнага выжывання. Таму трэба забяспечыць, каб людзям былі даступныя магчымасці ўжываць мову ва ўсіх стасунках адзін з адным, а таксама ў працэсе адпачынку і працы.

А. Мова на працоўным месцы

Неабходна мэтанакіравана праводзіць работу дзеля ўнясення беларускай мовы на кожнае працоўнае месца.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Ствараць беларускамоўныя календары (насценныя, настольныя, кішэнныя).

· Працаваць з вытворцамі арганізацыйных нататнікаў (арганайзераў), заахвочваючы іх выкарыстоўваць беларускую мову на старонках нататнікаў (матывуючы тым, што павялічыцца колькасць спажыўцоў менавіта такіх нататнікаў).

· Найбольшыя намаганні прыкласці ў сферы стварэння беларускамоўных абалонак для сучасных кампутарных праграм (гл. раздзел Інфармацыйныя тэхналогіі).

Б. Сфера нефармальных зносін

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Найбольш перспектыўным для стварэння магчымасцяў штодзённага карыстання беларускай мовай у нефармальных зносінах мусяць стаць спеўныя кавярні (KARAOKE). Стварэнне такіх кавярняў зможа значна палегчыць зносіны паміж людзьмі і паспрыяе адраджэнню беларускай песні, а таксама будзе спрыяць яе папулярызацыі. Для больш зручнага распаўсюду KARAOKE-тэхналогіяў варта стварыць у сеціве адмысловы спеўны сайт і на бясплатнай аснове распаўсюджваць музычныя творы.

· Неабходна стымуляваць прадпрымальнікаў на стварэнне беларускамоўных кавярняў і клубаў па інтарэсах (INTERNET-клубы, клубы заўзятараў), на аснове якіх маглі б фарміравацца ўстойлівыя беларускамоўныя асяродкі;

· Праводзіць з арганізатарамі спартыўных клубаў працу, арыентаваную на стварэнне беларускамоўных спартыўных груп.

· Стварыць фірму "Беларускія сваты" ("Беларускі маршалак"), якая б аб'яднала людзей, што добра ўмеюць весці рэй на вяселлях або іншых падобных урачыстасцях.

6. Інфармацыйныя тэхналогіі

Неабходна распачаць працу над распрацоўкай больш прывабнага іміджу беларускай мовы ў сферы новых тэхналогій, што не дазволіць стаць мове непатрэбнай ва ўмовах сучаснага жыцця

Абмежаванні доступу беларускамоўным грамадзянам да СМІ і пастаянны ўціск на незалежныя выданні актывізаваў дзейнасць носьбітаў беларускай мовы ў сферы асваення інфармацыйных тэхналогій. Неабходна надалей матываваць пашырэнне рэсурсаў на беларускай мове ў сеціве (INTERNET).

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Неабходна развіваць сецевыя парталы па беларуску, у тым ліку ў даследчых і вышэйшых навучальных установах.

· Стымуляваць далучэнне да сеціва беларускамоўных школ і беларускамоўных карыстальнікаў.

Стрымвальным фактарам для развіцця інфармацыйных тэхналогіяў з'яўляецца амаль поўная адсутнасць беларускамоўных абалонак у сучасных кампутарных праграмах. Таму:

· Неабходна распачаць працу ў фармаванні каманд праграмістаў для напісання праграмных абалонак і далейшага ўдасканалення існуючых праграм па праверцы беларускай арфаграфіі.

Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі.

У сувязі з тым, што сістэма вышэйшай адукацыі ў краіне амаль выключна рускамоўная і што, нягледзячы на патрабаванні грамадскасці, улады краіны так і не стварылі ніводнай беларускамоўнай ВНУ, неабходна прыкладаць намаганні незалежна ад волі кіраўніцтва краіны ў наступных кірунках:

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· З дапамогай міжнародных адукацыйных праграм і фондаў стварыць сецевы партал дыстанцыйнага навучання і тым самым стварыць умовы для атрымання вышэйшай адукацыі па-беларуску з атрыманнем дыплома аднаго з еўрапейскіх ВНУ.

· Да стварэння партала прыцягнуць вядучых навукоўцаў і выкладчыкаў Беларусі.

· Для пашырэння кола студэнтаў неабходна стымуляваць стварэнне курсаў па сецевых тэхналогіях, матывуючы стварэнне сецевых клубаў і павелічэнне магчымасцяў доступу да сеціва ў рэгіёнах Беларусі.

7. Электронныя СМІ.

Найбольшую занепакоенасць выклікае адсутнасць беларускамоўных электронных сродкаў масавай інфармацыі. Ад гэтага церпяць не толькі беларускамоўныя грамадзяне ў Беларусі, але і беларускія дыяспары ва ўсім свеце (асабліва вялікія па колькасці ў краінах СНД).

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

Для забеспячэння магчымасці карыстаца тэлебачаннем неабходна распрацаваць канцэпцыю і заснаваць беларускамоўны спадарожнікавы канал. Пры яго стварэнні карыстацца наступнымі прынцыпамі:

· З-за цяперашніх неспрыяльных палітычных умоў размясціць студыю па-за межамі Беларусі, што зробіць немагчымым закрыццё канала недэмакратычнымі кіраўнікамі дзяржавы;

· Рабіць даступнай тэлетрансляцыю і праз сеціва, забяспечыць кантакт з беларускамоўнымі тэлегледачамі з усяго свету;

· Стымуляваць і дапамагаць ініцыятывам, накіраваным на пераклад здабыткаў сусветнай кінематаграфіі на беларускую мову.

У сувязі з тым, што на тэрыторыі Беларусі дазволена трансляцыя вялікай колькасці тэлевізійных каналаў Расійскай Федэрацыі, што вядуць трансляцыі на рускай мове (ад 2 да 7 у залежнасці ад рэгіёна Беларусі), якія цалкам забяспечваюць патрэбы рускамоўнага насельніцтва краіны, а таксама з прычыны залежнасці Нацыянальнага беларускага тэлеканала ад уладных структур неабходна дамагацца праз групы ціску (гл. раздзел. "Органы дзяржаўнага кіравання і юрыдычная база"):

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Рэарганізацыі дзяржаўнага тэлеканала ў грамадскае тэлебачанне, якое б забяспечвала інтарэсы ўсяго беларускага грамадства, а не толькі невялікай групы палітыкаў, што знаходзяцца ва ўладзе.

· Пераводу работы ўсіх беларускіх каналаў і рэгіянальных тэлестудый на беларускую мову вяшчання;

· Размяшчэння рэкламы на расійскіх каналах, што транслюецца для беларускіх спажыўцоў, толькі на беларускай мове.

8. Незалежная рэгіянальная прэса

Апошнім часам актыўна развіваецца незалежная рэгіянальная прэса. Але беларускамоўная прэса пакуль што не мае дастатковага патэнцыяла каб перавесці сваю працу на прафесійны ўзровень. Як правіла, камерцыйна- паспяховай з'яўляецца рускамоўная прэса, якая ў меншай ступені падвержана ўціску з боку мясцовых уладаў.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

Неабходна распрацаваць доўгатэрміновую праграму падтрымкі беларускамоўнай прэсы ў якой прадугледзець:

· Навучанне мясцовых журналістаў і рэдактараў выданняў умовам працы ў рынкавых умовах.

· Стварэнне цэнтраў прававой дапамогі і кансультавання для рэгіянальных выданняў.

· Распрацоўка механізмаў кампенсацыі страт і падвышэння канкурэнтназдольнасці незалежных выданняў у параўнанні з газетамі, што падрымліваюцца дзяржавай.

· Спрыянне забеспячэнню газет аргтэхнікай і стварэнне некалькіх грамадскіх друкарняў з мэтай пазбегнуць практыкі адмаўлення дзяржаўнымі друкарнямі выконваць дамовы па палітычных і іншых прычынах.

9. Кнігадрукаванне і распаўсюджанне друкаванай прадукцыі

Не з-за спаду попыта на беларускамоўную кнігу, а з-за адмысловай палітыкі ў гэтай сферы сённяшняга дзяржаўнага кіраўніцтва адбыўся рэзкі спад вытворчасці беларускамоўнай кнігі. Праз сістэму дзяржаўнага гандлю беларуская кніга фактычна не трапляе ў рэгіёны Беларусі. Разбурыўшы сістэму недзяржаўнага выдання, таксама і па ідэалагічных прычынах, не выдаюцца лепшыя творы беларускай літаратуры.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Садзейнічаць пабудове сістэмы грамадскага кнігадрукавання, якой будзе значна лягчэй супрацьстаяць націску чынавенства на беларускую кнігу.

· Ствараць сецевыя (INTERNET) крамы для распаўсюджання беларускай кнігі не толькі ў межах Беларусі, але і сярод беларускіх дыяспар і кафедраў славістык ва ўсім свеце.

· Праз міжнародныя праграмы забяспечыць садзейнічанне перакладу твораў сусветнавядомых аўтараў на беларускую мову, так і твораў беларускіх пісьменнікаў на іншыя мовы.

· Ствараць "электронныя друкарні", якія б меліся выпускаць кніжную прадукцыю на кампакт-дысках у фармаце "электроннай кнігі" і такім чынам распачаць праект "Ненадрукаваная кніга" для тых аўтараў, якія не маюць фінансавых магчымасцяў для распаўсюджвання сваіх твораў у друкаваным выглядзе.

10. Рэлігійныя ўстановы

У свой час поліканфесійнасць беларускага грамадства адмоўна ўплывала на захаванне незалежнасці беларускай дзяржавы. Вельмі часта ў гісторыі Беларусі суседнія краіны скарыстоўвалі розныя веравызнанні і нізкую нацыянальную свядомасць насельніцтва для распальвання міжканфесійнай напружнасці. Але за савецкім часам уздеянне рэлігійных канфесіяў на грамадства значна аслабла. Зараз назіраецца актывізацыя духоўнага і рэлігійнага жыцця ў Беларусі. І менаваіта на гэтым гістарычным этапе беларуская мова ў міжканфесійным жыцці павінна адыграць сваю аб'ядноўваючую ролю.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Выкарыстоўваючы існуючыя міжканфесійныя суадносіны матываваць выкарыстанне беларускай мовы падчас рэлігійных службаў.

· Праводзіць працу з вышэйшымі духоўнымі асобамі і пастарствам па выкарыстанні беларускай мовы для розных катэгорый прыхаджан у залежнасці ад запатрабаванасці (як правіла прыхаджане маладога веку абіраюць беларускую мову).

· Актыўна асвятляць з'явы выкарыстання беларускай мовы ў храмах праз сродкі масавай інфармацыі.

· Матываваць увядзенне службы па-беларуску як галоўнага чынніка яднання і захавання міжканфесійнай талерантнасці.

11. Дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы

Улічваючы, што большая частка насельніцтва працуе на прадпрыемствах дзяржаўнай формы ўласнасці неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на працу ў гэтай сферы. Кожны працуючы мусіць без перашкод карыстацца беларускай мовай.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Дамагацца ад любой службовай асобы забяспечанага заканадаўствам права атрымліваць на запыт ці зварот па-беларуску адказу на беларускай мове.

· Звяртаць увагу кіраўнікоў прадпрыемстваў і устаноў на недапушчальнасць ігнаравання беларускай мовы падчас афармлення афіцыйных папер (загадаў, распараджэнняў, прапускоў), паколькі паўсюдна працуюць беларускамоўныя людзі, чые моўныя правы павінны задавальняцца. Незабеспячэнне неабходнымі інструкцыйнымі матэрыяламі на мовах, якімі карыстаюцца работнікі, можа станавіцца прычынай парушэнняў правілаў тэхнікі бяспекі. (гл. раздзел Органы дзяржаўнага кіравання і юрыдычная база).

12. Сілавыя структуры

Паколькі ў Беларусі існуе абавязковая вайсковая павіннасць і законапаслухмяны грамадзянін не мае права пазбегнуць выканання свайго абавязка перад Радзімай, трэба разглядаць вайсковае жыццё, як неад'емную частку грамадскага жыцця. Для любой арміі свету мовай афіцыйных зносін у войску з'яўляецца мова тытульнай нацыі. На сённяшні дзень прахаджэнне вайсковай службы для беларускамоўных грамадзян з'яўляецца праблематычным, бо перавод службы на беларускую мову (хаця б некаторых падраздзяленняў) знаходзіцца ў кампетэнцыі Міністэрства абароны. Але грамадскасць павінна прыкласці намаганні для забеспячэння беларускамоўным грамадзянам права праходжання службы на роднай мове.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Садзейнічаць перакладу агульнавайскавых статутаў на беларускую мову.

· Ладзіць сумесна з вайсковымі спецыялістамі канферэнцыі і семінары з мэтай удакладнення і ўзгаднення вайсковай тэрміналогіі.

· Спрыяць правядзенню конкурсаў шыхтовых беларускіх песень.

· Матываваць перавод на беларускую мову жыцця элітных вайсковых падраздзяленняў узброеных сілаў.

· Аказваць метадычную дапамогу па беларускай мове вайсковым выданням.

· Падтрымліваць перавод працэсу навучання ў вайсковых ВНУ на беларускую мову.

· Дамагацца ад кіраўніцтва Міністэрства абароны распрацоўкі праграмы па пераводу большасці падраздзяленняў на беларускую мову;

13. Дыялектныя арэалы

Без сілкавання літаратурнай беларускай мовы дыялектнымі зваротамі і словамі немагчыма перспектыўнае развіццё.

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Стымуляваць узнікненне ў рэгіёнах беларусі краязнаўчых асяродкаў, спрыяючых збіранню і захаванню дыялетнай мовы;

· Распрацаваць праграму стварэння і падтрымання краязнаўчых мастацка-літаратурных часопісаў.

14. Органы дзяржаўнага кіравання і юрыдычная база

Неабходна выкарыстоўваць дзеючае заканадаўства з мэтай пашырэння ўжывання беларускай мовы ва ўсіх сферах, асабліва:

· у візуальным афармленні грамадскага карыстання (крамах, вакзалах, шыльдах, надпісах, указальніках і да т.п.);

· у гукавым афармленні (абвестках у грамадскіх месцах: у грамадскім транспарце, на вакзалах, аэрапортах, стадыёнах і г.д.);

· пры афармленні ўпаковак тавараў, этыкетках;

· у сферы рэкламы (радыё, газеты, тэлебачанне).

Існуючая заканадаўчая база дазваляе пазбягаць выкарыстання беларускай мовы, але ёсць і механізмы грамадскага ўздзеяння ў гэтых сферах. Варта лічыць, што ігнараванне беларускай мовы ў названых сферах з'яўляецца стварэннем перашкод і абмежаванняў у карыстанні дзяржаўнай мовай (арт. 1722 Адміністратыўнага кодэкса).

СПОСАБЫ ЎЗДЗЕЯННЯ:

· Распрацаваць метадычны дапаможнік з парадамі юрыстаў, як адстойваць свае моўным правы.

· Рэгулярна ладзіць ва ўсіх рэгіёнах краіны семінары, трэнінгі лідэраў грамадскіх арганізацый, канферэнцыі з мэтай азнаямлення з правамі грамадзян у моўнай сферы і метадамі ўціску (лабіравання) на ўлады па забеспячэнні функцыянавання беларускай мовы.

· Прынцыпова не пакідаць ніводнага факта ігнаравання беларускай мовы ў адзначаных сферах (татальнае рэагаванне).

· Калі на ўлады не ўздзейнічаюць ні якія разумныя аргументы, варта пераходзіць да грамадскіх акцыяў: збор подпісаў пад патрабаваннем, наладжванне пікетаў, мітынгаў.

Мэтанакіраваная і паслядоўная грамадская дзейнасць заўсёды прымушае ўлады схіліцца да выканання патрабаванняў грамадскасці.

 

 

Раздзел ІІІ. Паляпшэнне стаўлення да беларускай мовы

Быццё любой мовы не ў малой ступені вызначаецца стаўленнем да яе з боку яе носьбітаў і ўсяго грамадства ў цэлым. Толькі "вялікія" мовы могуць быць у пэўным сэнсе "індыферэнтнымі" да таго, як яны ацэньваюцца моўнымі калектывамі, у якіх яны ўжываюцца. Што ж да "малых" і, асабліва, загрожаных моў, то адносіны да іх маюць вялікае значэнне: яны могуць захоўвацца і паспяхова развівацца толькі пры ўмове станоўчага стаўлення да іх у грамадстве.

 

3.1 Акалічнасці, якія абумоўліваюць стаўленне да мовы

3.1.1 Ступень ужывальнасці мовы ў грамадстве

Са значнай доляй верагоднасці можна прадказаць, што да мовы, якая рэальна пануе доўгі час у самых розных жыццёвых сферах наўрад сфарміруецца ўстойлівае негатыўнае стаўленне, якое будуць падзяляць шырокія слаі грамадства. Паколькі, напрыклад нейкая мова шырока ўжываецца ў грамадстве, паколькі без яе ведання і выкарыстання цяжка абысціся ў жыцці, пастолькі гэтая мова з'яўляецца "мовай хлеба", пастолькі яна карысная (між тым, далёка нямногія людзі будуць свядома дзейнічаць насуперак уласнай карысці).

Зыходзячы з гэтага трэба ўсяляк спрыяць пашырэнню ўжывання беларускай мовы ў грамадстве (гэтаму напрамку прысвечаны раздзел Забеспячэнне магчымасцяў для ўжывання беларускай мовы)

3.1.2 Трывалы імідж мовы і яе носьбітаў

Сярод рысаў, якія могуць вызначаць імідж розных моў, можна назваць наступныя:

1. "прэстыжная"; прыдатная да выканання самых розных і, асабліва, высокіх функцый у грамадстве (дзяржаўнае кіраванне, адукацыя, СМІ, бізнес, індустрыя адпачынку), такая, пры дапамозе якой можна атрымаць высокааплатную працу.

2. "непрэстыжная"; прыдатная да выканання, пераважна, ніжэйшых функцый у грамадстве (побытавыя зносіны, сельскагаспадарчая вытворчасць), такая, якая не патрабуецца, каб атрымаць высокааплатную працу.

3. "багатая", "развітая", "дасканалая" (з развітай сістэмай для розных сітуацый).

4. "бедная", "неразвітая", "недасканалая" (якая становіцца ў працэсе станаўлення).

Можна меркаваць, што, быўшы ўвесь час параўноўванай з рускай, беларуская мова хутчэй атрымлівае характарыстыкі негатыўнага характару: яна "непрэстыжная" і, хутчэй, "недастаткова развітая" і "недасканалая". (У дадзеным выпадку ідзецца не столькі пра рэальную "недаразвітасць" ці "недасканаласць" беларускай мовы, колькі пра вобразы якія могуць сфарміравацца, напрыклад, у камп'ютарнага карыстальніка, які ні разу не сутыкаўся з беларускай мовай у камп'ютары, або ў студэнта ўніверсітэта, які падчас вучобы не можа карыстацца вялікім англійска- ці нямецка-беларускім слоўнікамі, паколькі іх проста не існуе ў прыродзе.)

У цэлым на трывалы імідж мовы вельмі цяжка ўплываць, бо ён знаходзіцца па-за сферамі уплыву Таварыства, аднак рэзервы для працы ёсць і тут. Трэба імкнуцца да таго, каб беларуская мова асацыявалася не толькі і з традыцыяй ці нацыянальнай ідэнтычнасцю, колькі з сучасным інфарматызаваным светам. У прапагандысцкай дзейнасці варта адыходзіць ад ляманту і плачу, трэба імкнуцца пазбягаць замацавання за беларускамоўнымі псіхалагічна вельмі невыгоднага вобразу выключна пакрыўджаных, абнядоленых. Паколькі рэальна правы беларускамоўных людзей спрэс парушаюцца, то не абыйсціся без рэзкіх ацэнак, якія могуць спрыяць развіццю і замацаванню за беларускамоўнымі людзьмі непажаданых асацыяцый; увогуле ж пратэсты трэба дазіраваць з сцвярджальнымі заявамі і ні ў якім разе нельга ўпадаць у істэрыку. Паколькі рэальным выбарам меншых народаў у свеце становіцца двухмоўе і трохмоўе, то ад прапаганды аднамоўя, якое Таварыства дагэтуль абагаўляла, трэба перайсці да актыўнай прапаганды двухмоўя і трохмоўя. Значная частка беларускамоўных людзей з'яўляецца папраўдзе як мінімум двухмоўнымі, і ў гэтым сэнсе беларускамоўныя людзі лепш адпавядаюць імператыву сучаснасці, згодна з якім шматмоўе не мае альтэрнатывы. З другога боку, рускамоўныя людзі Беларусі занадта часта аднамоўныя. Чалавек, які валодае беларускай мовай, верагодна, больш падрыхтаваны ў моўным плане ў цэлым, і гэту акалічнасць варта выкарыстоўваць у прапагандзе.

Трэба дабівацца таго, каб валоданне беларускай мовай стала кваліфікацыйнай умовай для атрымання розных рабочых месцаў, звязаных з грамадскай сферай. (Больш падрабязна гэты напрамак асэнсоўваецца ў раздзеле Юрыдычная падтрымка/забеспячэнне мовы) Акрамя таго, клопатам Таварыства мае быць садзеянне падрыхтоўцы разнастайных беларускамоўных падручнікаў, перакладной літаратуры (не толькі і нават не столькі мастацкай!), слоўнікаў, а таксама зняцце ці, прынамсі, памякчэнне напружання, якое існуе ў сувязі з існаваннем у межах беларускай мовы дзвюх правапісных традыцый. Важным інструментам паляпшэння стаўлення да беларускай мовы з'яўляецца паляпшэнне яе іміджу ў друкаванай навукова-папулярнай літаратуры.

3.1.3 "Бягучы" імідж мовы і яе носьбітаў

Тут маюцца на ўвазе характарыстыкі, якія тая або іншая мова можа атрымліваць у больш-менш шырокіх колах грамадства ў сувязі з якімі-небудзь зменамі ў правядзенні моўнай палітыкі. Напрыклад, дзякуючы недастаткова прафесійнай дзейнасці выканальнікаў Закона аб мовах 1990 года і прапагандзе сілаў, настаўленых да беларускай мовы агрэсіўна, у першай палове 90-ых гадоў сярод пэўнай, дэмакратычна арыентаванай, часткі грамадства мог скласціся вобраз беларускай мовы як "мовы, якая гвалтам навязваецца дзяржавай і недастаткова адукаванымі людзьмі".

Пры тым, што ва ўмовах Беларусі з яе доўгай традыцыяй падаўлення асобы вобраз "навязванай дзяржавай мовы" можа быць карысны ("простыя" людзі маюць тэндэнцыю абагаўляць уладу і, значыць, успрымаць усё, што ад яе зыходзіць, як "божы дар"), цяпер, у сувязі са з'яўленнем у Беларусі парасткаў цывільнага грамадства, з'явіліся і сілы, якія ўспрымаюць пашырэнне беларускай мовы пры дапамозе сродкаў дзяржаўнага рэгулявання не інакш як "перажытак таталітарызму". Грубыя, недастаткова прадуманыя захады дзеля пашырэння беларускай мовы могуць атрымліваць вельмі непажаданы розгалас у грамадстве, што можна назіраць на прыкладзе таго, што некаторыя дзеянні актывістаў ТБМ у першай палове 90-ых спрычыніліся да з'яўлення ярлыкоў тыпу: актывісты ТБМ - гэта "граждане в галифе", а ТБМ - гэта "языковая полиция".

Выснова: Трэба спрыяць паляпшэнню іміджу ТБМ як арганізацыі высокаадукаваных, культурных, дэмакратычна настроеных, актыўных людзей, якія выконваюць важныя для беларускага грамадства задачы.

 

3.2 Юрыдычная падтрымка/забеспячэнне мовы

(раздзел пакуль не распрацаваны недастаткова, але гл. раздзел Органы дзяржаўнага кіравання і юрыдычная база)

 

3.3 Змена звычак моўнага ўжывання

Больш шырокаму ўжыванню беларускай мовы трэба садзейнічаць праз паглыбленне даверу з боку беларускамоўных людзей да такога ўжывання. Не сакрэт, што існуе вялікае разыходжанне паміж колькасцю людзей, якія валодаюць беларускай мовай, і колькасцю людзей, якія рэальна карыстаюцца ёй у самых розных жыццёвых сітуацыях (першых намнога больш, чым другіх). Традыцыя неўжывання беларускай мовы мае асабліва глыбокія і трывалыя карані ў гарадскім асяроддзі. Да неўжывальнасці беларускай мовы ў пэўных сітуацыях і сферах спрычыніліся дзве акалічнасці:

1. Некаторыя жыццёвыя сферы маюць вельмі нетрывалую традыцыю выкарыстання беларускай мовы або й не маюць яе зусім (вышэйшая адукацыя, даследчыцкая дзейнасць у галіне тэхнічных навук, судаводства, сучасны бізнес, заканадаўства, буйная камерцыя. дыпламатыя, вайсковая справа, банкаўская справа і інш.). На сёння гэтыя сферы слаба прыстасаваны для выкарыстання ў іх беларускай мовы. У іх працуе ніжэйшая за сярэднюю колькасць людзей, што ведаюць беларускую мову; не вядзецца справаводства па-беларуску; не існуе "базавых" беларускамоўных матэрыялаў, якія шырока ўжываюцца ў гэтых сферах, і г.д.

2. Спадзеючыся пераважна на паспяховае правядзенне беларусізацыі "зверху" з дапамогай моўнага закона і адміністрацыйных захадаў, многія носьбіты беларускай мовы, у тым ліку і актывісты ТБМ, не лічаць патрэбным карыстацца ў многіх "праблемных" сферах і сітуацыях беларускай мовай, чым сярод іншага не стымулююць пашырэння беларускай мовы ў гэтых сферах.

Адпаведна, паглыбленню даверу да беларускамоўнага ўжывання трэба садзейнічаць з двух бакоў: праз прыстасаванне розных жыццёвых сфераў да беларускамоўных зносін (пра гэта гаворка вядзецца ў раздзеле "Забеспячэнне магчымасцяў для выкарыстання мовы") і праз стымуляванне беларускамоўных людзей да як мага больш шырокага ўжывання беларускай мовы ў самых розных сферах жыцця. Існуе пільная патрэба значна пашырыць ужыванне беларускай мовы за кошт яе "схаваных" носьбітаў, змяніць моўныя звычкі людзей. якія валодаюць беларускай мовай.

 

 

Раздзел IV. Рэсурсавае забеспячэнне

Распрацаваная стратэгія вымагае матэрыяльных рэсурсаў. Таму неабходна з дапамогай спецыялістаў дакладна вызначыць колькасць фінансавых сродкаў для выканання мерапрыемстваў, прадугледжаных у Стратэгіі.

Аснову фінансавага падмурку павінны складаць:

· складкі чальцоў арганізацый, што падтрымліваць палажэнні дадзенай Стратэгіі;

· добрадзейныя даткі (ахвяраванні) грамадзян Беларусі і беларускіх дыяспар у іншых краінах свету;

· фінансавая дапамога суб'ектаў гаспадарання Беларусі;

· доўгатэрміновыя міжнародныя праграмы накіраваныя на пабудову цывільнага грамадства;

· дапамога Еўрапейскага Саюза, накіраваная на развіццё еўрапейскіх моў;

· пры ўмовах змены стаўлення кіраўніцтва краіны да развіцця мовы тытульнага этнасу Беларусі - фінансаванне па дзяржаўных праграмах.


2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Стратэгія развіцця беларускай мовы ў XXI стагоддзі(Праект)
Крыніца: невядомая