epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяржук Сокалаў-Воюш

Вершы

 

* * *

...І тады я падараваў Ёй кудмень1

Пагоню...

Так было.

 

Зьберажы Яе, мая Пагоня,

Для мяне і краю зьберажы,

Калі меч пагрозьліва зазвоніць

На лязе усходняе мяжы.

 

Калі сінь маіх вачэй спатоліць

Жудасную прагу гругана,

Не вядзі Яе у тое поле,

А скажы, што вольная Яна.

 

Ноч. Слата. Бязбожным звонам звоніць

Княства здрады, цемрадзі, ілжы...

Зьберажы Яе, мая Пагоня,

Для жыцьця і краю зьберажы.

 

1 Кудмень — рэч, надзеленая таемнай сілай.

 

 

* * *

 

Залівае кроў крыло слабое,

Як віно абрус у час застольны...

Адпусьці мяне, але з сабою,

Я хачу з табою чуцца вольным.

 

І крыло загоіцца ў палёце,

І абрус заменіцца з нагоды...

Хай памру з табою ў адзіноце —

Прагані з сабою назаўсёды.

 

 

* * *

 

Адная ноч спаміж начэй

Ня стала той адной,

Пасьля якой было б лягчэй

І лепш табе са мной.

 

Спраўляла баль Багіня Зла,

Прадказваў Лёс трывог...

А ноч усё ж такі была,

І мы былі удвох.

 

О, чысты грэх у цішыні,

Хмялейшай ад віна...

Сакрэт ягонай чысьціні

Ты ведаеш адна.

 

 

* * *

 

Гучыць матыў, няведамы дагэтуль,

Адчайна ў хату просіцца вясна.

Ніколі я ня чуў сябе паэтам

У сьвеце, дзе паэзія — Яна.

 

Лічы, гадай, шукай імя сьвятое,

Якое спрэс запоўніла радкі

Гарачым шэптам-подыхам пра тое,

Адкуль санэт нязмушаны такі.

 

Натхненьня шал, узвышанасьць і вера,

Нясьцерпны боль, падзеньне з вышыні —

Адна Яна, куды ні зазірні.

 

Чаканы верш кладзецца на паперу,

Каханьня сьпеў лунае ў цішыні...

Але ў самоце патанаюць дні.

 

 

* * *

 

Даруй мне, Панна Марыя!

І тым, хто разьнёс благое!

Другія люблю вятры я!

І слаўлю імя другое!

 

Да музыкі яваў чыстых

Натхненьне маё прыпала,

Як лера часоў вячыстых

Ад Байрана да Купалы.

 

І гукі зьліліся ў песьню,

У зорку майго каханьня.

Узьнёслае: «Уваскрэсьні!» —

Шапоча яе дыханьне.

 

Высокае: «Назаўсёды!» —

Трымаюць у кроках брукі.

І шчасную песьню згоды

Сьпяваюць на сьпіне рукі.

 

Прыціхлі багі старыя,

Убачыўшы ў нас ізгояў...

Даруй ім, Панна Марыя,

І тым, хто разьнёс благое.

 

 

* * *

 

І люд ня той, і край другі,

І розным часам дні сатканыя,

І непадобныя багі...

А мы такія ж закаханыя.

 

 

* * *

 

А раптам нічога ня будзе.

Жахлівае слова: нічога...

Вятрыска расстаньня астудзіць

Вяртаньня сьвятую дарогу.

 

Самота сьлязою пад глотку

Падыдзе, падкоціць, засіліць...

Я здохну пад «Русскую водку»,

А ты застанешся ў Расеі...

 

Скамечаны ложак паэта

Пусты і халодны, як пляшка,

Бо ты не даруеш за гэта,

Бо гэта даруецца цяжка!

 

Каб там... Уратуй мяне, Божа!

Якое, скажы мне ўжо, «каб там»?

І зьзяе надзеяй: а можа...

І зноўку жахае: а раптам...

 

 

* * *

 

А ты ня сьпіш, каханая,

Бо ў ночы анямелай

Прыходжу нечаканы я

У твой пакой нясьмела.

Ты глянь: я не званю табе

Праз ноч ад краю сьвету...

Я гладжу даланю табе

І сам ня веру ў гэта...

 

 

Паўлінка

 

Аблокі чорных туманоў

Дамоў дарогу засьцілалі.

Зьвінела тысячай званоў

Імжа ля аўтамагістралі.

 

Набат пра ростань галасіў,

Адчайна біўся... Шкло зьвінела...

Якога Бога ён прасіў?

Куды шпурляў свой кліч збалелы?

 

Адкуль пачуў маю тугу

Халодным сэрцам прыдарожным?

А мо такое чуе кожны?

 

Назад!.. Наперад — не магу:

Аблытаў сэрца енк трывожны...

Я не ўцякаю, хоць бягу...

 

 

Беларусь мая

 

Аксамітны летні вечар ахінуў зямлю,

Я вазёрную сінечу вуснамі лаўлю.

Моўчкі слухаю ў росах песьню салаўя.

Над маім лунае лёсам Беларусь мая.

 

А над лесам, над сусьветам выпрастаў крыло

Залацісты човен ветах, зорнае вясло.

Стан дзявочы Белай вежы, подых ручая,

Я адной табе належу, Беларусь мая!

 

Там, дзе гойдае вятрыска залаты мурог,

Паўставалі камяніскі ля тваіх дарог.

Чырванее раньні золак, рэха ў гаях,

А ў грудзях тваіх асколак, Беларусь мая.

 

Мне краёў чужых ня трэба, як не варажы,

Не хачу чужога хлеба, радасьцяў чужых,

Бо чужына сэрца джаліць, цісьне, як зьмяя,

Бо гукае з дальніх даляў Беларусь мая.

 

 

Хвацкія малойцы

 

Хвацкія малойцы, хлопцы-касінеры,

Харалужны корд ды песьня на запас.

Секлі вам галовы «за цара, за веру»,

Толькі вашы коні ратавалі вас.

 

Толькі вашы коні ды ў душы адвага,

Ды агонь вачэй, ды матчына сьляза.

І зіхцела воля над ваярскім сьцягам,

І жыла надзея на канцы ляза.

 

І жыла надзея, і лілася песьня,

І гучала рэха хлопцам у адказ...

Калі лёс загінуць — справа ўваскрэсьне,

Справа ўваскрэсьне, як прысьпее час!

 

 

Воля і Пятля

 

Гэй, ляці ў высі, малады саколе!

Быццам на далоні пад крылом зямля,

А па ёй, як глянуць, ходзяць навакольлем,

Ходзяць навакольлем Воля і Пятля.

 

Што ж яны блукаюць, што ў сэрцы маюць? —

Недзе там ў пушчах, аж займае дых,

Маладыя хлопцы Вольніцу шукаюць,

А Пятля шукае хлопцаў маладых.

 

І няма спакою ў юначых душах,

І зямля пад коньмі, як агонь, дрыжыць.

Воля дасьць ім крылы, а Пятля задушыць —

Ды ўжо лепш з Пятлёю, чым бяз Волі жыць.

 

Над сялянскай хатай, над сялянскім полем,

Дзе ўздымае колас свежая ральля,

Над маім народам, над ягонай доляй,

Над ягоным лёсам — Воля і Пятля!

 

 

Вырак паўстанцкага суда

 

Чаму гэтак ціха? Ці тлустая скіба

Раты заляпіла, што голас аслаб там?

Ці нашыя бабы ў родных сялібах

Дзяцей нараджаць развучыліся раптам?

 

Ня тлустыя скібы — кавалак спакусны,

Ня бабы, што іншую долю спаткалі,

А выгук зьвярыны з забеленых вуснаў,

Што пырскалі сьлінай ды юхай сьцякалі.

 

У выгуку тым — вынішчэньне народа,

Упартых — фізічна, астатніх — маральна,

Каб мы не згадалі ні племя, ні роду

Ня тут і ня там, у зямлі Зауральнай.

 

І край затаіўся зубром у засадзе,

А ведама здаўна, што зубр — не маруда.

Вось твар Цудатворнай ў цудным абкладзе,

Маліся ж, чужак, спадзявайся на цуда!

 

А цуда ня будзе — уласнай крывёю

На сэрцы Радзімы, што сёньня ў кратах,

Шыхты касінераў, мужыцкія воі,

На сьмерць асуджаюць забойцу і ката.

 

Калі ж абароняць злачынцу нябёсы,

Ці служак-сабак незьлічоная зграя,

У дзецях прадоўжацца нашыя лёсы,

І вылюдка гэты прысуд пакарае!

 

 

Нефармальны беларус

 

Ці звонка сьвісьне пугаўё,

Ці вольны вецер загуляе,

Мы слова роднае сваё

На поўны голас вымаўляем.

 

Сьмяюцца з пылам у вачах,

Маўчаць сумліўцы ў паняверцы.

А шал на зрадніцкіх лычах

У наступ кліча нашы сэрцы.

 

Няхай ману разносіць хлус, хай хлус...

Няхай стукач шукае змову.

Я нефармальны беларус, я — беларус,

А вы, навокал, хто вы?

 

Стагодзьдзі гледзяць нам усьлед,

І мы свой позірк не хаваем,

На папялішчах даўніх бед

Мы сёньня памяць засяваем.

 

Каб адрадзіць і захаваць

Усё, чым трызьняць ліхадзеі:

Бязроднік — з мэтай зруйнаваць,

А здраднік нават пыл развеяць.

 

Звыроднік пашпарт валачэ...

Ці нам прыпадабняцца гнюсу?!

Адзнака ў пашпарце яшчэ

Ня права звацца беларусам!

 

Па гэтай годнасьці сьвятой

Згадайма мову, памяць, веру,

Навечна варты толькі той,

Хто беларус і без паперы!

 

Няхай ману разносіць хлус, хай хлус...

Няхай стукач шукае змову.

Я нефармальны беларус, я — беларус,

А вы, навокал, хто вы?

 

 

Крыніцы

 

Былі крыніцы сінімі і ад крыві чырвонымі,

А груганы над плынямі кружылі натамлёныя.

Маўчалі вербы ніцыя і берагі вузорныя,

Чаму ж цяпер, крыніцы, вы наўсцяж такія чорныя?

 

Ці чорны дзень, ці страшны год, ці маразы, ці крыгі,

Ці тае сьнег, ці тае лёд, а ўсё няма адлігі...

 

Былі крыніцы сінімі, была вада халоднаю.

За інямі, за стынямі паіла нас нязгодаю.

Былі часіны сонныя і ярыя са смагаю.

Была вада чырвонаю, паіла нас адвагаю.

 

Ці чорны дзень, ці страшны год, ці маразы, ці крыгі,

Ня таяў сьнег, ня таяў лёд, але былі адлігі...

 

Чаму ж цяпер, крыніцы, вы наўсьцяж такія чорныя?

Даўно паснулі рыцары, зайшлі часіны зорныя.

Надыдзе раньне сьвежае, і новы дзень абудзіцца,

І зазьвініць капежамі, і збудзецца, і збудзецца!

 

І ясны дзень, і зорны год са сьпёкаю і стыгаю,

І будзе гэты карагод на ўсе часы адлігаю!

 

 

* * *

 

Прощевайте, хохлы,

Пожили вместе — хватит!

Плюнуть что-ли в Днепро?

Может он вспять покатит?

Іосіф Бродзкі

 

Можна выйсьці на майдан

У сьвятле рэклямы,

Можна плюнуць у Ярдан

І ў Няву таксама.

 

Можна плюнуць у Гудзон

І суседу ў каву,

Можна ў студню ці ў вазон,

Ці — куды цікава.

 

Можна нат спыніць ваду

Ўпартасьцю асьлінай,

Ды гісторыі хаду

Не супыніш сьлінай.

 

 

Зь Мікелянджэла (вольны пераказ)

 

Не пагражаюць мне раскошнасьці абузы,

Дзеля мяне няма тут болей спраў,

Баюся мантыі нібыта маўр мэдузы,

Ды калі Беднасьць славай Бог прыбраў,

Якія ж нам рыхтуюцца саюзы

Пад іншым сьцягам не сваіх Дзяржаў.

 

 

* * *

 

Дыктатар і Муза — зусім немагчымы дуэт,

Адзінае ёсьць падабенства такому дуэту:

Калі заклікае забіць прэзыдэнта паэт,

Тады прэзыдэнт без разваг забівае паэта!

 

 

* * *

 

Гэта ўсё паэзія: воля, доля — тропы,

Агмяні з паходнямі — звыклы керагаз,

Сьпіць на сэрца хворая матухна-Эўропа,

Сьпіць і сэрца хворае з болем на калгас.

 

Гэта ўсё пародыя: прэзыдэнт, парлямэнт.

Хоць крычы да посіні: «Гэй, каня! Каня!»

Стайні ёсьць і конюхі, толькі што твой лямант?

Як над імі — немымі — бацька старшыня!

 

Гэта ўсё традыцыі: прачынацца позна,

Як праспалі фюрэра, што ўжо — старшыню...

Потым — дні пагрозныя, потым — ночы сьлёзныя,

Сёньня: сон і ворагу меч у даланю...

 

 

Бясчынскія матывы (з позьняй чынскай паэзіі)

 

На беразе мутнай Пці Чы

Сядзеў «пантакратар» Лу Шэнь,

Крычы не крычы

І ўдзень, і ўначы

Лу Шэнь летуцеў пра жэншэнь.

 

Бруілася ціха Пці Ча,

У травах гудзелі шаршні,

І з пыскай сыча,

Драча й маркача

Сядзелі навокал Лушні.

 

Ад тэмы жэншэню Лу Шэнь

Да тэмы ўлады прыйшоў,

Разважыў Лу Шэнь:

Хто — свой, хто — мішэнь,

І ладзіць надумаўся шоў.

 

З паглядам быка-вепрука

Падумаў: «Хай будзе — гастроль,

Бо я да дзялка

Падобны бяз КА,

А з КА — КАмісар ці КАроль!»

 

Ён крыкнуў: — КАня мне! КАня!

Ён даў Лушаняці ў КАршэнь:

— Ат этава дня

Завіце меня

Ня іначы, как — Лу КА Шэнь!

 

 

* * *

 

Маўклівых зьнішчаюць свае і чужыя,

Маўклівыя самі зьнішчаюць сябе,

І рыфмы ўстаўляю ў радкі як нажы я

З надзеяй, што трэба яны маладзьбе.

 

Яны, маладзьба, яшчэ вырасьце ў моладзь,

І голас расправіць над сьветам крыло.

Гэй, кат і тыран, хоць пятлю, хоць ярмо ладзь,

Усё, што ні зладзіш — дзярмо і трухло.

 

Паточацца ў норы зласьліўцы і хціўцы,

Здабудзецца воля юнацкай крывёй,

І борзьдзенька прыйдуць па волю маўкліўцы,

Каб моўчкі і прагна нацешыцца ёй!

 

Ды воля ня можа няволяю стацца,

Хаця й абдымае мацней ад пятлі,

І трэба ці крыкнуць, каб разам застацца,

Ці моўчкі пакінуць абшары зямлі.

 

— Жыве Беларусь!

ці

— ...Long live...

ці

— Niech zyje!

Абы не маўчаньне ў зацятай губе —

Маўклівых зьнішчаюць свае і чужыя,

Маўклівыя самі зьнішчаюць сябе.

 

 

* * *

 

З турмы на волю? — гэта не пра нас,

За сьценамі турмы таксама зона —

Ахова прэзыдэнта і спэцназ,

Унутраныя войскі і амоны.

 

Міліцыя, прадажныя суды,

Гэбэшнікі і мафія, і рэкет,

А ў позірках такія халады,

Такой тугі-нуды разьлівы-рэкі.

 

З турмы на волю? Вольны толькі ён —

Хранічна хворы.

Прыкры збой спарону.

І цэлы край на мушцы, як балён,

 

І цёмны люд, як у замку патроны.

Адно: народ, пакуль яшчэ, жывы,

Не крымінальны, як рэжым, — крамольны.

— З турмы на волю! — мне сказалі Вы.

— Каб вольным быць ці толькі чуцца вольным?

 

Шукае верш лягічнага «Гура!»

Без варажбы і словаў-пустазвонаў,

Але крывёю капае зь пяра:

За сьценамі турмы таксама зона.

 

 

* * *

 

Новая казка. А казка старая:

З пысай вар'ята, з імпэтам абшарніка

Ходзіць па змрочным і спляжаным краі

Чорны падпальшчык у форме пажарніка.

 

Служкі навокал лісьлівыя, хцівыя

Толькі што пасмамі плех не загладжваюць,

Варта зласьлівая, варта кусьлівая

Сочыць: ці кленчаць, ці гнуцца, ці здраджваюць.

 

Кленчаць і гнуцца... Суцешся, зарадуйся:

Зьнішчыў народ свой — скачы над магіламі,

Хіба што здрада, ды сёньнячы здрада ўся

Гледзіць у рот табе вочкамі мілымі.

 

Можа быць заўтра... Але ці засьвеціцца

Золак вясновы над краем пагоставым?

Кволы агеньчык ва ўпартасьці леціцца,

Каб не пакінуць памерлых на ростанях.

 

Тупа сякера на сьвет пазірае,

Ломяцца вілы ў далонях стажарніка,

Косы іржэюць... І ходзіць па краі

Чорны падпальшчык у форме пажарніка...

 

 

Дазвол на зьмяшчэньне вершаў

 

Як плынь рачулак, як спакой ставоў

У сталасьці радкі сябе сталююць,

А парушэньні аўтарскіх правоў

Няхай зуброў паэзіі хвалююць.

 

Мой верш — нічый. Махнуў крылом пяра —

Расстаньне рэхам рыфмаў разьлілося.

І аніякі ў сьвеце капірайт

Яму не забароніць шматгалосься.

 

Прага, 6 сакавіка 2001 году

 


06.03.2001

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая