epub
 
падключыць
слоўнікі

Севярын Квяткоўскі

Шампанскае ў шафе

Алесе К.

 

Новая-сьвежая ялінка сьціпла бліскала маленькімі агенчыкамі за сьпінай Галоўнага. Тонкі канвэрт лёг на стол перад няголеным чалавекам з чырвона-вінаватымі вачыма на пакамечаным твары. Да Калядаў заставалася колькі дзён.

- Гэта твой апошні заробак у нашай рэдакцыі, спадар А., - сказаў Галоўны й пасунуў канвэрт ад сябе ў бок візіцёра.

Няголены А. сутаргава схапіўся за грошы, але затрымаў руку на стале:

- У мяне ёсьць новы праект...

Галоўны стомлена матлянуў галавою:

- Зьвяртайся ў «МіЛ». Там надрукуюць нягледзячы. Заплоцяць - на чарку хопіць.

- Я не магу ў «МіЛ». Я ж з вамі... ад пачатку.

- Паслухай, - Галоўны ледзь стрымліваўся, каб не зараўсьці. - За апошні год ты не нарадзіў ніводнае талковае тэмы. Усе твае матар'ялы я перапісваў ад пачатку да канца. Мы трымалі цябе да апошняга дзеля павагі да тваіх колішніх заслугаў. Але рэдакцыя ня можа займацца дабрачыннасьцю. Ты ж ня Помнік, якому пры жыцьці плоцяць пэнсію. Забірай канвэрт: на сьвяты мусіць хапіць. Ты звольнены, але можаш прыносіць свае тэксты. Будзем глядзець. Але я ня веру ў цуды.

 

* * *

 

- Ну што?! Даў? - Помнік з Кастылём выскакнулі з-за рогу будынку, дзе месьцілася рэдакцыя.

Мянушка падобнага да тхара літаратара Кастыля паходзіла ад прозьвішча Кастэнка. З Помнікам было складаней. Мянушка Помніка ўзьнікла такім чынам. Калісьці яго звалі Шурык, і быў Шурык простым і чыстым як экзарцыста вясковым хлопцам, які прыехаў у Горад з глухое памежнае вёскі. І патрапіў хлопец Шурык у асяродак авангардна-элітарнага творчага падпольля. За кумпанію пачаў пісаць вершы. А калі авангард выйшаў з падпольля, зрабіўся Шурык кумірам асяродку, які значна пашырыўся. На некаторыя шурыкавыя вершы нават напісалі хітовыя песьні. Зьяўленьне Шурыка на публіцы выклікала бурлівую рэакцыю. Мужчыны мелі за гонар выпіць з такім чалавечышчам, а жанчыны ня толькі выпіць. Адзін з колішніх творчых падпольшчыкаў ператварыўся ў пасьпяховага бізнэсоўца, і ў парыве захапленьня заснаваў Шурыку пажыцьцёвую прэмію-пэнсію. Грамада верыла, што Шурык той самы новы Пясьняр, які праславіць Айчыну, якая адраджалася. Во, калі Шурык зажыў! Цэлая грамада жанчынак даглядала ягоную хату: гатавала, прала-прыбірала. Працоўны стол Шурыка быў аздоблены ягонымі асабістымі рэчамі нераўнуй як у доме-музэі клясыка нацыянальнае літаратуры: толькі пыл зьдзьмухвай. А Шурык хадзіў па Горадзе зь пляшкай у кішэні дарагога палітона й пужаў людзей учарнелым ад гарэлкі тварам. Бывае, зловіць якога народнага мастака ці паэта, ці старшыню якога Саюзу, ці проста добрага чалавека, і прымушае выпіць зь ім - з Шурыкам! З самым-самым... Так Шурык ператварыўся ў Помнік. У прыжыцьцёвы. Самому сабе.

Спачатку спонсар выставіў умову - маеш пэнсію, калі пішаш тры вершы на год. Пасьля знаёмцы (а было іх вельмі шмат) пачалі пераходзіць на другі бок вуліцы, як забачаць здалёк Шурыка. Пачалі класьці слухаўку, як пачуюць голас ў тэлефоне. Карацей, хавацца ў бульбу пры набліжэньні цяжкіх крокаў Помніка. «А куды ж вы схаваецеся, дзетачкі мае!». Помнік ведаў дні нараджэньня ўсіх больш-менш заўважных у горадзе творчых пэрсонаў: і вялікіх рыб, і драбнейшых «рыбак». Помнік уважліва праглядаў анонсы імпрэзаў. І каб не забываліся на яго, велічнага, нагадваў пра сваё існаваньне гучна ды эфэктна. То матамі абкладзе якога куміра публікі проста ў часе выступу. А то чэлес выцягне ў фае тэатру ў часе антракту на якой прэм'еры. Ці што яшчэ вясёлае-падобнае прыдумае. Заўжды зь вераю ва ўласную веліч.

Шурыка пачалі паціху біць. Спачатку мянты, якія ня ведалі пра ягоную веліч і ўнёсак у сусьветную літаратуру. Сьледам найменш сьвядомая інтэлігенцыя. Далікатная інтэлігенцыя навучылася хавацца. А ў Шурыка проста прапарцыянальна абструкцыі ўзрастала адчуваньне ўласнае велічнасьці. Праўда, «пэнсія» спонсарская ператварылася ў нерэгулярныя падачкі - на пахмелку. Ды дзе там гора-бяда! Падпільнуе Помнік знаёмца: «Давай паэму прачытаю». - «Не, Шурычак, сьпяшаюся». - «Тады налі сто грамаў»...

 

* * *

 

- Ну што - даў? - прасіпеў Помнік.

- Даў. - Абыякава адказаў А.

- Я ж казаў, я ж гаварыў, што дасьць! - Помнік карцінна ўкленчыў на засьнежаным тратуары, і ўзьняў рукі да нябёсаў, нібы той Распуцін у хвіліны містычнага экстазу.

Мусіла выглядаць, што каб не «малітвы» Помніка, дык Галоўны не заплаціў бы заробку А. Сам Помнік баяўся Галоўнага, бо той быў адным зь першых, хто заплюшчыў вочы на велічнасьць «прарока-песьняра» й выставіў Шурыка за дзьверы.

Помнік пакруціў вачыма ў бок зорачкі над шпілем дому, дзе месьціўся славуты ў Горадзе гастраном. А тады падскокнуў і зрабіўся мітусьліва-клапатлівым:

- На вуліцы піць ня будзем. Халодна, ды мянты тут злыя. Тыдзень таму далі дубца - дагэтуль баліць. Зараз скокну пад шпіль, вазьму пляшачку... не - тры. Гэта. Сёньня ў мастака С. народзіны. Майстэрня тут побач. Пасядзім культурна. Давай грошы, А.

- Дык нас жа ніхто не запрашаў да С. - ашчэрыўся Кастыль.

- А, не пязь-і, - адмахнуўся Помнік. - А, чуеш? Давай грошы. А то магазін закрыюць, сёньня ж скарочаны дзень.

 

* * *

 

Ніхто не прымушаў даваць грошы, але ж даў. А. не спыняў зьдзіўляцца фэномэну Помніка. Іншы ўжо даўна б капыты адкінуў. А ў гэтага - куды толькі лезе. Да таго ж, Помнік «трымаў марку», калі й вадзіўся з «будлосамі», дык з «элітнымі»: з паэтамі, мастакамі, бардамі. Чым болей звужалася кола ягоных ахвяраў, чым больш грамада мацавала абарону, тым болей Помнік кшталтаваў свае хітрыкі. Як той прусак-мутант. Ты яму ядахімікат, а ён сьпярша зморшчыцца, пасьля раскаштуе, а сьледам скажа «дзякуй, вельмі смачна». Сапраўды, трэба мець талент, ці нават геній. А. спужаўся раптоўнай блюзьнерскай думкі: «А можа сакрэт Помніка - у веры? У сябе ці ва ўзвышсілы?».

- Давайце выпьем за А., - грымчэў сіпаты голас Помніка за сталом у майстэрні С. - Сёньня яго скаціна Галоўны звольніў з працы. З гэтае паскуднае газэцёнкі - цьфу.

- Не трындзі, Шурык, - шчэрыўся Кастыль. - Газэта добрая. Проста ты зайздросьціш. Цябе ў ёй ужо пяць гадоў не друкуюць.

- А чаму не друкуюць? - узьвіўся Помнік. - А таму, што я бабу Галоўнага таго, цю-цю.

- Па-першае, пра бабу - хлусьня. Па-другое, цябе не друкуюць, бо ты ня пішаш.

- А во апошні верш: «Я ляжу ў жніве // Вакол немцы мяне // Схопяць ці не? // Не, не, не!..»

- Гэта яшчэ хтосьці ў пяцідзясятых напісаў - прыкалоўся.

- Т-а-ак? - непадробна зьдзівіўся Помнік. - А я таксама напісаў. Значыць, сапраўды геніяльны верш. Ну, налівай.

А. кульнуў, і падумаў: «Мне гамон. Самае прыкрае, што калі я задушуся, на хаўтуры прыпрэцца Помнік, і зробіць сябе галоўным героем імпрэзы. Будзе распавядаць, які ён быў мне сябра. Як ён мне дапамагаў, як падтрымліваў. І што астатнія - скаты. Не дагледзелі, не дапільнавалі такога выдатнага чалавека. І толькі ён - Помнік - папярэджваў».

 

* * *

 

«Якое чысло, ці пасьпею да вёрсткі нумару?» - Думка прымусіла прачнуцца, але вочы А. не разлупіў. - «Нумар здаецца за дзень да Калядаў. Трэба прынесьці такі тэкст, каб Галоўны выкінуў іншы-горшы. Патрэбны шэдэўральны тэкст - тады я маю маю шанец», - А. паспрабаваў расплюшчыць вочы, і ня здолеў. Нос упіраўся ў штосьці мяккае, што мела шматгадовы пах. А. ледзь дыхаў: цьвільлю, перагарам і ўласным потам ад немянянае колькі дзён адзежы. - «Цікава - дзе я?» - Паспрабаваў павярнуцца - нібы малаток ляснуў у галаву. А. застагнаў.

- Божухна, хто тут? - адкульсьці здалёк узьнік устрывожаны жаночы голас.

- Не хвалюйся, Адэля, гэта сябручок Помніка й Кастыля. Прыпёрліся ўчора на Дзень нараджэньня майго С. Тых «тараканаў» я разагнала, а гэтага не адужала. Адрубіўся адным зь першых. І мужык мой такі самы - імяніньнік! Назюзюкаўся ды заваліўся за халстамі. Скаціна... Урод! Разьвёў у майстэрні гадзюшнік. Тут такія госьцікі часам бываюць - крый Божа.

- Ды не нэрвуйся так, Галінка. Не такі ўжо й кепскі твой С.: слабахарактарны крыху. Але ж ты зь ім ужо колькі гадоў жывеш. Значыць, любіш.

- Ды дзе там тая любоў, - цяжка ўздыхнула Галінка. - Няма мне ўжо моцы. Ачуняе - скажу, што цяпер дакладна разводжуся, - з грукатам узьнялася з зэдліку, ды патэпала да газавае пліты.

Вярнулася да стала. Наліла каву ў кубачкі і працягнула:

- А ён тады пачне на калены ставаць, ды клясьціся, што гэта - апошні раз. Што жыць безь мяне ня можа.

Падумала.

- А й праўда - ня зможа. Шкода яго - вось і ўся любоў, - сумна ўсьміхнулася Галінка.

Жанчыны пасядзелі моўчкі, паплакалі крыху, запалілі па цыгарэціне.

- А ты, Адэлька, чаго равеш? - пацікавілася Галінка. - Ты ж маладзейшая ад мяне. Прыгожая, разумная, таленавітая...

- Вой, Галінка, толькі ня трэба на камплімэнты напрошвацца, ты ж ведаеш, як файна выглядаеш, - адмахнулася Адэлька.

Галінка нібы не пачула:

- Чаго табе трэба? Сядзіш ў сваіх Засьценках як царэўна-несьмяяна. Карціны па ўсім сьвеце спрадаеш. Два разы на год у Горад прыедзеш - адразу вакол хмара мужыкоў віцца пачынае. Я раз бачыла, як консул нейкі кветкі табе дарыў. Чаго ты чакаеш?

Адэлька пахіліла галаву:

- І ў Засьценкі да мяне прыязджаюць. Па карціны. І кветкі прывозілі, пакуль я не забараніла...

А ў Горад ня езджу вось чаму. Чатыры гады таму я сустрэла Яго. Апошні курс Акадэміі, рыхтавалася да абароны дыплёму. Занесла мяне разу на абсалютна бязглуздую імпрэзу: канфэрэнцыю па выніках году. Ён сеў побач, дастаў нататнік, але глядзеў не на дакладчыкаў, а ўвесь час на мяне. А пасьля запрасіў на каву, і мы не расставаліся колькі месяцаў. Ён зрабіў прапанову. Я была такая шчасьлівая! Ажно ўявіла, што ня вытрымаю такога шчасьця - дурніца. Патэлефанавала, і сказала, што мы больш не пабачымся. Так яно й сталася. Ён зьмяніў жытло й працу. Я пільную ўсе газэты: калі й піша цяпер, дык пад псэўданімам.

Зацягнулася цыгарэтай:

- Я абараніла дыплём. Пажыла колькі часу ў Горадзе, а пасьля ня вытрымала й вярнулася ў свае Засьценкі. Гэта ж невносны стан: жыць з чалавекам у адным Горадзе, ведаць, што ён дзесьці побач, і што можаш сустрэць на вуліцы. А ён адно ўсьміхнецца, моўчкі памахае рукой ды пойдзе далей. Вось і зьехала.

Адэлька сумна ўсьміхнулася:

- А іншых мне ня трэба.

Галінка слухала агаломшаная.

Дапілі састылую каву.

А. ляжаў - не варушыўся. Адэлька ўзьнялася:

- Пайду я. Хутка цягнік. Трэба шчэ набыць падарункі: сваім у Засьценкі.

А. слухаў, як разьвітваліся кабеты, літаральна ўціснуўшыся ў пасьцелены на падлозе стары палітон.

 

* * *

 

У Рэдакцыі панавала звычайная перад здачай нумару мітусьня. Рэдакцыйны народ імкнуўся хутчэй завершыць справы, каб пасьпець падрыхтавацца да Калядаў. А. ціхенька пракраўя міма кабінэту Галоўнага, і шмыргануў да стала свайго колішняга прыяцеля Фэлікса, які сядзў, упёрты ў кампутар.

- Дзядзьку, выручы мяне, - адчайна й адначасова рашуча выгукнуў А. замест вітаньня.

- Грошай ня дам, - ня менш адчайна й рашуча адказаў Фэлікс. - Сёньня зранку твой сябрук Помнік прыходзіў, ледзь адкупіліся. Магу пляшку шампанскага «пазычыць».

- Я не пра грошы, - А. не міргаючы глядзеў на Фэлікса. - Дастань дыктафон. Улучы яго.

Фэлікс неахвотна выканаў просьбу.

- Слухай, - пачаў А., - гэта было гады чатыры таму, акурат перад Калядамі...

Распавядаў спакойна, крыху манатонна. На заканчэньне разьвёў рукі:

- Як толькі яна сыйшла, падняўся з палітону, ціхенька, каб не пачула гаспадыня, уцёк з майстэрні. І вось я тут.

- І што я мушу рабіць з запісам? - недаўменна запытаўся Фэлікс.

- Гэта ж шыкоўная гісторыя! Гатовы тэкст, які толькі трэба зьняць з дыктафону. Сёньня апошні дзень, калі я магу здаць матэарыял у нумар. Ты ж ведаеш, галоўны мяне звольніў. А гэта абсалютна шэдэўральная гісторыя. Гэта мой шанец. Ад цябе я прашу канцоўку. Калі ласка, прыдумай што-небудзь круцейшае за хэпі-энд. - А. скарыстаўся з разгубленнасьці Фэлікса, і пачаў красьціся да дзьвярэй. - Я пагуляю пару гадзінак, а ты падумай на фіналам, добра?.. Ты ж сапраўдны пісьменьнік.

 

* * *

 

Калі А. вярнуўся, перад Фэліксам на стале ляжалі некалькі сьвежараздрукаваных на прынтары аркушыкаў. На першым стаяла імя А.

- Напісаў?

- Амаль, - змрочна адказаў Фэлікс. - Я зьняў твой расповед са стужкі слова ў слова. Але дзеля канцоўкі не хапае аднаго апошняга сказу. Я зрабіў колькі даведак, і...

Фэлікс працягнуў А. запісаны нумар тэлефону:

- Звані!

- Куды?

- Звані й кажы, што кахаеш яе. І не забудзься купіць кветкі, як паедзеш. Цягнік праз гадзіну.

А. паглядзеў на паперку з нумарам, і ўзяў слухаўку.

- Для Галоўнага я напішу за цябе іншае апавяданьне, а гэта, - Фэлікс уклаў у руку А. аркушыкі, - ты прывязеш для Яе. На Каляды.

І дадаў:

- Шампанскае ў шафе.


1996-2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая