epub
 
падключыць
слоўнікі

Севярын Квяткоўскі

Сіняе Вакно

Зь першым боем гадзіньніка чалавек паставіў кропку. Ён з нагамі ўзгрувасьціўся на стол, за якім перад гэтым пісаў. Калі гадзіньнік прабіў дванаццаты раз, расчыніліся дзьверы ў пакой. Але чалавек не пачуў рыпеньня старых петляў. У гэты момант для яго ўсё скончылася...

Зімовым надвячоркам, калі запальваецца нежывое пранізьліва-белае сьвятло Прадпрыемства, Пляц робіцца падобным да вялікага сьцюдзёнага моргу пад адкрытым небам. Велічэзныя закратаваныя вокны Прадпрыемства нібы звабліваюць рэдкіх мінакоў у свой таямнічы сьвет. Туды, дзе бесьперапынна працуюць гіганцкія мэханізмы, падобныя да мясарэзак. Здаецца, што адно краты ўберагаюць мінакоў ад іхных ненажэрных сьпіраляў. Мінакі ймкнуцца хутчэй перасекчы гэты Пляц, каб рушыць далей па Праспэкце, што ня мае ні пачатку, ні канца... Вонкавая цеплыня жоўтых ліхтароў Праспэкту падманлівая. Але гэтага падману дастаткова, каб пачувацца больш-менш спакойна на Праспэкце, па якім, здаецца, заўжды ідзе апошні тралейбус...

Вокны Рэдакцыі, дзе працаваў А., выходзілі акурат на стык жоўтага й белага сьвятла, на сумежжа двух падманаў. Раней А. штовечар аддаваў колькі часу, каб з кубачкам кавы ў руках парадавацца таму, што ён знаходзіцца ў рэальным цяпле, сярод жывых людзей, якія ні ад чаго не ўцякаюць. Але цяпер А. перастаў зважаць на Пляц, Праспэкт і Прадпрыемства. Падчас традыцыйных вячорак за кілішкам-другім «Кальвадосу» А. амаль не размаўляў з супрацоўнікамі. У Рэдакцыі меркавалі, што ў жыцьці А. здарылася штосьці драматычнае, таму не задавалі аніякіх пытаньняў наконт перамены ў ягоных паводзінах. Яны не заўважалі!.. Ужо які вечар запар у доме насупраць, праз Праспэкт, запальвалася Сіняе Вакно.

Ненатуральны, вельмі рэзкі сіні колер, якім знутры патыхала Вакно, уводзіў А. у стан гіпнозу. Вакно клікала да сябе. Пляц, Праспэкт, Прадпрыемства... Кава, «Кальвадос», гамонка калегаў... Жонка, Джэймс Джойс на кніжнай палічцы, сочыва, што з прывітаньнямі перадала цешча... Прэфэранс у бліжэйшую пятніцу... - Вакно не пакідала месца для думак і памкненьняў. Яно прагнула А. ўсяго.

Чаму - хіба магчыма гэта вытлумачыць? Гэтаксама, як патлумачыць прагу да стварэньня тэкстаў, якая панавала ў А. амаль зь дзяцінства. А. пісаў і пісаў, і наважваўся паказваць тэксты адно блізкім сябрам, ды й тое, вельмі зрэдку. Пэўна, А. нельга было назваць графаманам, бо ён адчуваў малы плён сваіх высілкаў. Уласна, кшталт ня быў для яго найважнейшым. А. шалёна любіў тую слодыч, той невытлумачальны стан, які правакаваў жаданьне пісаць. Ён імкнуўся й адначасова баяўся гэтага стану, што ўзьнікаў сьледам за першымі літарамі на паперы: слодыч жаданьня й боль немагчымасьці выказацца, знайсьці патрэбныя словы й канструкцыі, вобразы... асэнсаваць адчуваньні... Авалодаць бурленьнем уласнай крыві.

Ніхто не назаве колькасьць бяссонных начэй, якія спарадзілі безьліч аркушаў, сьпісаных няроўным почыркам А. Ён сам гэтага ня ведаў. Тым больш, калі А. прыйшоў працаваць у Рэдакцыю, ён пастараўся забыцца на ўсё гэта. А. менавіта таму й памкнуўся на новую працу - для таго, каб пачаць НОВАЕ ЖЫЦЬЦЁ.

Зрэшты, А. хітраваў, калі пераконваў сябе ў жаданьні забыцца на тыя балюча-салодкія мукі душы й сьведамасьці. Бо ягонае новае жыцьцё - шматлікія заняткі пры Рэдакцыі - вельмі шчыльна наблізіла яго да працэсаў... Як бы гэта сказаць... Калі ўсе вакол пішуць, пасьля гэта выходзіць у сьвет, пасьля абмяркоўваецца... За кілішкам-другім «Кальвадосу»... Ва ўтульнай гасьцёўні, дзе няма справы да мярцьвячага зманлівага сьвячэньня Праспэкту, Пляца й Прадпрыемства. І...

Паступова А. пачаў зьнікаць. Ніякавець? Магчыма. Але, ён пачаў зьнікаць фізычна. Дзень, другі, трэці... Ніхто ва ўсім горадзе ня мог сказаць, дзе ён і што зь ім. А. шукалі, за яго хваляваліся, абзваньвалі й абпытвалі ўсіх, каго магчыма. І кожны раз людзі напружваліся, каб прыгадаць, калі бачылі яго апошні раз. Высоўваліся самыя фантастычныя меркаваньні. Аднаго разу камусьці нават падалося, што ён бачыў А. у кратаваных вачніцах Прадпрыемства...

А. вяртаўся без тлумачэньняў. Проста вяртаўся, і прыступаў да сваіх абавязкаў.

Ніхто цяпер ня можа сказаць, ці ўсё гэта пачалося да зьяўленьня Сіняга Вакна, ці пасьля. Натуральна, усе запрыкмецілі незвычайнае Вакно. Нават крыху пасьмяяліся зь ягонага недарэчнага выгляду, але - ці мала на Праспэкце недарэчнасьцяў, кшталту Пляца й, тым больш, Прадпрыемства? Ды й сам Праспэкт...

Менавіта падчас гэтага лёгкага сьцёбу, які запоўніў паўзу ў нейкай спрэчцы, А. вярнуўся чарговы раз. Усе заўважылі - чорныя бліскучыя вочы А. як ніколі выразна адцяняліся бледнай матавасьцю твару. Ён павітаўся ледзь прыкметным кіўком галавы, і, прысеўшы ў кутку гасьцёўні, запаліў сваю галяндзкую самакрутку, як звычайна, удзетую ў стары, ледзь трэснуты мундштук. На хвіліну запанавала абсалютная цішыня. Але паступова суразмоўцы вярнуліся да дыскусіяў, дзеля якіх яны, уласна, зьбіраліся кожны вечар за кілішкам «Кальвадасу». Тым больш, той раз дыскусіі былі вясёлыя - сканчаўся калядны тыдзень. Праўда, хтосьці, было, яшчэ раз паспрабаваў пакпіць з Вакна, але, перахапіўшы позірк А., разгублена зьніякавеў. Чаму разгублена? Магчыма, той чалавек няправільна патлумачыў сабе жаданьне, што прачытаў у жарсным позірку А. Ён памыляўся, калі думаў, што А. жадаў прыдушыць яго ў той момант.

Як бы там ні было, А. дапіў прапанаваную папярэдне каву, дапаліў самакрутку, і сышоў бяз словаў. Здаецца, гэтага ніхто не заўважыў. Пасьля толькі жартаўнік над Вакном мог прыгадаць штосьці выразнае пра апошні візыт А. Менавіта - той жарсны позірк. Пазьней А. узгадвалі даволі доўга. Пэўна таму, што адчулі, што чагосьці не хапае. Але тады, перад Новым Годам...

... А. рушыў у начной цемры, не зважаючы на дарогу. Ён, нават, ня мог сказаць, колькі мінула часу, як ён пакінуў Рэдакцыю. А. ішоў, і ўзгадваў сны, што бачыў амаль кожную ноч. Дакладней, адзін сон, які меў безьліч варыянтаў. А. сьніў Сіняе Вакно. У сьне ён бясконца шукаў дзьверы кватэры, дзе было Вакно, і ніяк ня мог патрапіць у патрэбныя. Ён дакладна вылічваў пад'езд і паверх, званіў, націскаў ручку, і... аказваўся ў Рэдакцыі.

Зрэшты, А. ня мог з упэўненасьцю сказаць, ці заўжды гэта быў сон...

Слодыч жаданьня й боль немагчымасьці, набліжэньне магчымага й боязь пераступіць мяжу, перадчуваньне зьдзяйсьненьня, адчай захапленьня - бурленьне крыві. А. рушыў у цемры. Наўрад ці знайшоўся выпадковы мінак, які боўтаўся па Пляцы ў апошнія хвіліны перад Новым Годам. Наўрад ці хтосьці бачыў адзінокую постаць, якая перасекла Праспэкт на сумежжы двух падманаў - жоўтых і мёртва-белых ліхтароў. Тым больш, ніхто ня мог ведаць, што А. ня бачыў ні іхнага сьвятла, ні згаслых вокнаў пачварнага Прадпрыемства, ні Праспэкту, ні Пляца. А. рушыў як ніколі цьвёрда і ўпэўнена. У вачох А. не было месца ні для чаго, акрамя Сіняга Вакна. А. зрыхтаваўся да СКАЧКА Ў СПАКОЙ.

... Перад дзьвярыма ён затрымаўся хіба на некалькі ймгненьняў, і рашуча націснуў на ручку. Рыпнулі старыя петлі. А. убачыў велічэзны пакой, пасярод якога, проста пад люстрай, бокам да Вакна стаяў Стол, а перад ім Крэсла. На супрацьлеглай сьцяне вісеў Гадзіньнік. Гэта быў увесь інтэр'ер пакою.

Зь першым боем Гадзіньніка месца за Сталом вызвалілася. А. прычыніў за сабою дзьверы, і сеў у Крэсла. Ён узяў мокрае яшчэ пяро, і пачаў пісаць ў тоўстым, напалову сьпісаным сшытку. А. не прыкмеціў адбіткі абутку на той старонцы, тэкст якой сканчаўся словамі «...і тады я паставіў кропку». І не пачуў, як хрумснула люстра ў яго над галавой, калі Гадзіньнік прабіў дванаццаты раз. А. напісаў: «Зь першым боем Гадзіньніка я ўзяў пяро...»

Больш ніхто ніколі ня бачыў Сіняе Вакно.


1996-2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая