epub
 
падключыць
слоўнікі

Славамір Адамовіч

Алжыр

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII


I

 

Гэта музыка заўсёды з табою,

з табою, што б ні рабіў ты,

куды б ты ні бег, куды ні сьпяшаўся.

Гэта музыка паміраючай хаты,

шашаль яе патачыў, і пацукі

за абшыўкай фанэрнай, і вечная

асеньняя муха, нейкая мхастая,

як з моху, калі быць дакладным

у параўнаньнях і не злоўжываць новатворамі.

Гэта музыка заўсёды з табою,

бо хіба ты можаш забыцца,

хіба ты можаш ня памятаць,

як трашчыць сухая фасоля ў струках,

як перакочваецца сухое зернейка ў гарэсе,

як трашчаць дровы ў печы,

якая стаіць у тваёй беларускай хаце,

у тваёй хаце, бо ты нашчадак

старога крывіцкага роду,

які тут адвеку

і будзе.

І музыка, гэта музыка,

якая заўсёды з табою,

бо ты і цяпер вось чуеш,

як бацька настройвае радыёлу «Riga»

(хоча злавіць «Свободу»).

Ах, якая гэта цудоўная музыка,

але яна занадта гучная

і маці ня можа заснуць,

а я на тыле шафы,

нібы ў ноты ці ў пропісі,

крэсьлю першыя знакі.

Адтуль плыве гэта музыка:

чуеш, як цела жанчыны

валіца на падлогу,

чуеш удары нагамі

і крык, і хрыпеньне жаночае,

і горлам жаночая кроў,

і потым усё сціхае.

Ах, дайце ж гэтае музыкі,

якая заўсёды з табою:

гудзяць залатыя хрушчыкі,

вуркоча сабака Мухтар,

бо сьніцца яму Мухтарыха;

карова рыміць, бо нядоена;

Мурка гавэньдзіць,

бо ёй ніхто

у кансароўку з-пад кілек

не налівае млека,

бо ў хаце тваёй беларускай

твайго крывіцкага роду

ляжыць нерухомае цела

і стынуць удары нагамі.

 

II

 

Мне сьніцца Алжыр,

а можа

мне сьніцца раскошная Індыя,

і я ўмураваны ў фундамэнт

Храму Каханьня Арыйскага.

А можа мне сьніцца Кенія,

тамтэйшы горад Найробі,

дзе абсалютна да фені мне

вашы тутэйшыя фобіі.

Мне сьніцца паўвыспа Юкатан,

я ўздымаюся на Кракатау,

а потым я лава і попел,

танцую шалёны канкан я

і закладаю заставу;

я жыву на вяршыні вулкану,

тут цэзій кожнае раньне

высейваецца на пароду,

як раса выпадае штораніцы

на мхі беларускіх балот;

тут лава заўсёды цёплая,

як цёплым палок быў

пасьля твайго дзеда,

і ты на цёплыя ўзлазіў дошкі

дасьніваць дзіцячыя сны,

а дзед завіхаўся ў дварышчы

(любіў ён работу з дрэвам).

А потым прыйшлося мулка мне,

бо дзед аднойчы астыў,

і дрэва яго не сагрэла,

і стаў халодным палок.

 

III

 

Весела мне на Юкатане,

дзе плешчацца мора лавы,

дзе на вяршынях вулканаў

прарастае папараць кветка

і нашы крывіцкія мхі.

Весела тут, бо перамяшчэньне

ёсьць тое, чаго мне жадаецца,

люблю я

працэс пэрманэнтнага прырашчэньня

новых боляў, крыўд і каханьняў.

Я запаведнік, і пераплаўляю я

фэкаліі вашых дурнотаў, вы.

І толькі ўласныя гульні гуляю,

рызыкуючы застацца без галавы.

Няхай жа сьняцца мне бомбакідальнікі,

хачу я бачыць вольным Алжыр,

хачу прысьніць, як мае начальнічкі

валакуць на Галготу свае крыжы.

 

IV

 

Мы - салдаты, таму мы мусім быць са зброяй,

здабываць зброю,

вырабляць зброю,

берагчы зброю.

Наша філязофія знаходзіцца на вастрыі клінка.

 

V

 

Мы любім горача халоднае лязо,

няхай па ім сьцякае кроў ахвяры,

каб вольна жыць і спраўдзіць нашы мары,

мы адназначна выбіраем зло.

Але для нас, для нас яно дабро,

злом ёсьць яно для ворагаў Айчыны.

Паставім здрадзе піку пад рабро

за герб, за сьцяг ды іншыя злачыны.

Пячыся, сука, падла, на нажы,

энэргію спазнай беларусінаў,

а служкаў ейных, навалач і псіну,

закінем у пушчанскія лаўжы.

Мы шыхт у шыхт ідзём, і наш клінок

гатовы ўзрэзаць ворагу вантробы.

Мы не баімся арыштанцкай робы,

мы за Радзіму робім гэты крок.

З дарогі, страх! Зашыйцеся ў нару,

гайня інтэлігентных імпатэнтаў.

Гару бяруць, сягаючы ў гару,

і тыя, хто гатоў да інцыдэнтаў.

Мы шыхт у шыхт... Устаўлены запал,

глядзець за гарызонт прыцэл і руля.

І фаўст-патрон рахуе: ці прапаў,

ці панам буду, калі схібіць куля.

І вось прыйшлі. Займаем нумары.

Яшчэ пясок не разагрэла сонца,

яшчэ раса, і сьвет такі бясконцы,

і сьпяць у пад'яленцах камары.

Хвіліна-дзьве - і «пяты» распачне,

затым «сямёрка» паласьне канкрэтна,

пасьля імпэтна шухне эРПэГэ,

і дух кладоў адчуецца ў паветры.

 

VI

 

Вось і ціха стала. Цішыня.

Наразная стыне ў хлярафіле.

Нашай стала ўрэшце вышыня,

мы яе сабой усю накрылі.

 

VII

 

Хата. Род. Гняздо. Мы птушкі,

мы пакінулі наш дом:

на фатэлі пыл і стужкі,

недапіты ў бутлі ром,

абразы старыя, цьмяныя,

крыж з расьпяцьцем, сьцяг Літвы,

этажэрка і парваныя

школьных пропісяў лісты.

 

VIII

 

Ідзе наступленьне на новыя пазіцыі.

Што будзе заўтра, пакажа час.

Той, хто пераможаны, пакідае амбіцыі.

Новыя атакі чакаюць новых нас.

Пад шквальным агнём, пластаючы зямлічку,

з раніцы да вечара ў кожным лесе

мы прарастаем зялёнымі лычкамі

вечнай травы у бліскучай расе.


1996?

Тэкст падаецца паводле выдання: Адамовіч С. Каханьне пад акупацыяй: Вершы. - Менск, 1996