epub
 
падключыць
слоўнікі

Сомэрсэт Моэм

Не скарылася

Ён вярнуўся на кухню. Стары ўсё яшчэ ляжаў на падлозе там, дзе Ганс зваліў яго з ног; ён стагнаў, твар быў у крыві. Баба стаяла, прытуліўшыся да сцяны, і з жахам, шырока расплюшчыўшы вочы, глядзела на Вілі, Гансавага хаўрусніка. Калі Ганс увайшоў, яна войкнула і залілася слязьмі.

Вілі сядзеў за сталом, трымаў у руцэ рэвальвер. Перад ім стаяла недапітая шклянка віна. Ганс падышоў да стала, наліў і сабе, залпам выпіў.

- А добра яна табе твар спярэсціла, - усміхнуўся Вілі.

І праўда, на Гансавай фізіяноміі запяклася кроў і цягнуліся глыбокія драпіны ад пяці пальцаў з вострымі пазногцямі. Ён асцярожна дакрануўся да шчакі.

- Траха вочы не павыдзірала, гадзіна. Трэба ёдам памазаць. Нічога, цяпер яна супакоілася. Ідзі.

- Ды я не ведаю... Пайсці? Мо ўжо позна.

- Кінь ты. Мужчына ты ці не? Што з таго, што позна. Мы заблудзіліся, так і растлумачым.

Яшчэ не сцямнела, і сонца, хілячыся да захаду, свяціла ў вокны фермеравай кухні. Вілі марудзіў. Гэта быў шчуплы, цёмнавалосы, вузкатвары чалавек, да вайны ён працаваў краўцом-мадэльерам. Яму вельмі не хацелася, каб Ганс думаў, што ён размазня. Вілі ўстаў і накіраваўся да дзвярэй, праз якія толькі што ўвайшоў Ганс. Жанчына адразу зразумела, чаго ён туды ідзе, крыкнула і кінулася да яго.

- Non, non!* - закрычала яна.

* Не, не!(франц.)

Ганс адным скачком апынуўся каля яе. Схапіў за плечы і адштурхнуў ад дзвярэй. Жанчына моцна стукнулася аб сцяну, пахіснулася і ўпала. Ганс узяў у Вілі рэвальвер.

- Змоўкніце, вы абое! - рыкнуў ён па-французску, але з гартанным нямецкім вымаўленнем. Потым кіўнуў Вілі на дзверы:

- Ідзі, я тут іх папільную.

Вілі адразу пайшоў, але праз хвіліну якую вярнуўся назад.

- Яна без памяці.

- Што з таго?

- Я не магу. Не трэба.

- Дурань, вось ты хто. Ein Weibchen. Баба.

Вілі пачырванеў.

- Пойдзем. Бадай што, так будзе лепш.

Ганс пагардліва паціснуў плячыма.

- Вось дап'ю пляшку, тады і пойдзем.

Яму не хацелася спяшацца, прыемна было яшчэ крыху пасядзець, адпачыць. Сёння ён з самай раніцы не злазіў з матацыкла, рукі і ногі гудуць. Добра, што ехаць недалёка, толькі да Суасона, усяго кіламетраў дзесяць-пятнаццаць. Можа, пашанцуе выспацца на добрай пасцелі.

Бясспрэчна, нічога гэтага не здарылася б, калі б яна была не дурніца. Яны з сябрам збіліся з дарогі. Паспрабавалі распытаць у нейкага селяніна, што працаваў на полі, а ён ім знарок набрахаў, вось яны і заблыталіся ў гэтых пасёлках. На ферму зайшлі, толькі каб спытацца дарогу. Вельмі далікатна зайшлі - быў загад: з насельніцтвам абыходзіцца добра, калі, безумоўна, французы самі не будуць адпальваць штукі. Дзяўчына гэтая і адчыніла дзверы. Яна адказала, што не ведае, як праехаць да Суасона, і яны ўвайшлі ў кухню; старая (яе маці, відаць, вырашыў Ганс) растлумачыла, як туды ехаць. Усе яны - фермер, яго жонка і дачка - толькі што павячэралі, на стале стаяла яшчэ пляшка з віном. Тут Ганс адчуў, што проста памірае ад смагі. Спякота была страшэнная, а піць апошні раз давялося толькі апоўдні. Ён папрасіў у іх бутэльку віна, а Вілі дадаў яшчэ, што яны заплацяць. Вілі - хлопец слаўны, але цяльпук. Урэшце немцы перамаглі. Дзе цяпер французская армія? Дае драла. Дый ангельцы ўсё пакідалі і, як трусікі, пабеглі хавацца на свой востраў. Пераможцы ўзялі па праву ўсё, што пажадалі. Вілі працаваў два гады ў парыжскім атэлье. Добра гаворыць па-французску, таму, відаць, яго сюды і накіравалі. Але жыццё сярод французаў крыху сапсавала яго нардычны характар. Нікчэмныя людзі гэтыя французы. Не варта немцу жыць сярод іх.

Фермерыха паставіла на стол дзве пляшкі віна. Вілі выцягнуў з кішэні дваццаць франкаў, каб разлічыцца. Яна нават і дзякуй не сказала. Ганс гаварыў па-французску не гэтак лёгка, як Вілі, але ўсё ж такі крышку навучыўся. Паміж сабой яны заўсёды гаварылі на французскай мове, а Вілі папраўляў яго. Таму Ганс і пасябраваў з ім, Вілі быў тут знаходкай, да таго ж Ганс ведаў, што ён вельмі падабаецца Вілі. Падабаецца, таму што ён, Ганс, высокі, зграбны, плячысты, таму што яго кучаравыя валасы вельмі бялявыя, а вочы - блакітныя-блакітныя. Ганс заўсёды выкарыстоўваў зручны момант, каб папрактыкавацца ў мове, ён і тут пачаў гаварыць з гаспадарамі на французскай, але яны - усе ўтраіх - быццам вады ў рот набралі. Ён расказваў ім, што ў яго самога бацька фермер і, калі вайна скончыцца, ён, Ганс, зноў вернецца на бацькаву ферму. У Мюнхене ён вучыўся ў школе, маці ж вельмі хацела, каб ён стаў камерсантам, але ў яго самога былі зусім іншыя намеры, таму пасля выпускных экзаменаў у школе ён паступіў у сельскагаспадарчае вучылішча.

- Вы прыйшлі сюды, каб спытацца дарогі, і вам растлумачылі, - сказала дзяўчына. - То дапівайце віно і ідзіце адгэтуль.

Ён толькі тут разгледзеў яе як след. Нельга сказаць, што яна - прыгажуня. Вялікія цёмныя вочы, прамы нос, занадта бледны твар рабілі дзяўчыну непадобнай на звычайную сялянку, не было ў ёй той сялянскай грубасці, нязграбнасці. Ад самага пачатку вайны Ганс чуў розныя гісторыі, што расказвалі салдаты пра францужанак. Ёсць у іх нешта такое, чаго няма ў нямецкіх дзяўчат. Шык, вось што, растлумачыў тады Гансу Вілі, але калі Ганс спытаўся, што ўсё ж такі той мае на ўвазе, Вілі адказаў, што гэта трэба самому паспытаць, тады, можа, і зразумееш. Гансу, бясспрэчна, даводзілася чуць пра французскіх дзяўчат і іншае, што ім пальца ў рот не кладзі. Нічога, праз тыдзень ён сам будзе ў Парыжы, убачыць усё на свае вочы. Кажуць, вярхоўнае камандаванне ўжо патурбавалася пра вясёлыя дамы для нямецкіх салдатаў.

- Дапівай віно, і пайшлі, - сказаў Вілі.

Але Гансу тут спадабалася, і ён не хацеў, каб яго падганялі.

- А ты непадобная на фермераву дачку, - сказаў ён дзяўчыне.

- І што з таго?

- Яна ў нас настаўніца, - растлумачыла маці.

- Ага, вучоная, значыцца.

Дзяўчына перасмыкнула плячыма, але Ганс не звярнуў на гэта ўвагі і гаварыў далей на сваёй дрэннай французскай.

- Такім чынам, ты павінна разумець, што капітуляцыя французам - дабрадзейства. Не мы пачалі вайну, гэта вы яе развязалі. А цяпер мы зробім з Францыі прыстойную краіну. Навядзём тут у вас парадак. Навучым, як трэба працаваць. Спазнаеце, што такое паслушэнства і дысцыпліна.

Дзяўчына сціснула кулакі. Чорныя вочы яе гарэлі нянавісцю. Але яна змоўчала.

- Ты п'яны, Ганс, - сказаў Вілі.

- Цверазейшы за цвярозага. Я кажу шчырую праўду, і хай яны гэтую праўду ведаюць.

- Не, ты п'яны, - крыкнула дзяўчына. Яна не магла больш стрымацца. - Ідзіце, ідзіце адсюль!

- А, дык ты ведаеш нямецкую мову? Добра, я пайду. Толькі на развітанне ты мяне пацалуеш.

Яна адхінулася, але ён схапіў яе за руку.

- Тата! - закрычала дзяўчына. - Татка!

Фермер кінуўся на немца. Ганс адпусціў на момант дзяўчыну і моцна ўдарыў старога па твары. Той, войкнуўшы, упаў на падлогу. Дзяўчына не паспела ўцячы, і Ганс схапіў яе і прыціснуў да сябе. Яна з усяе сілы пляснула яго па шчацэ. Ганс злосна засмяяўся.

- Гэтак ты робіш, калі цябе хоча пацалаваць нямецкі салдат? Ну, я цябе правучу.

Ён скруціў ёй рукі і пацягнуў да дзвярэй, але маці кінулася да Ганса, учапілася за яго рукаў, спрабуючы вызваліць дачку. Мацней абхапіўшы дзяўчыну адной рукой, ён другой груба адпіхнуў старую, і тая, стукнуўшыся аб сцяну, ледзьве ўтрымалася на нагах.

- Ганс! Ганс! - крычаў яму Вілі.

- А ідзі ты к чорту!

Ганс заціснуў рот дзяўчыне рукой, каб не чулі яе крыку, і пацягнуў яе ў суседні пакой.

Вось так усё і здарылася. Ну а цяпер глядзіце самі, хто ў гэтым вінаваты, няўжо не яна? Заляпіла аплявуху. Дазволіла б сябе пацалаваць, ён тут жа і пайшоў бы. Ганс зірнуў на фермера, які ўсё яшчэ ляжаў на падлозе, і ледзь не зарагатаў: вельмі ж камічная была ў старога фізіяномія. Гансавы вочы ўсміхаліся, калі ён паглядзеў на старую, што прыціскалася да сцяны. Баіцца, што зараз і яе чарга надыдзе? Дарэмна непакоіцца. Ён прыгадаў французскую прымаўку.

- С'еst lе premier pas qui conte*, - сказаў ён. - Няма чаго раўці. Гэтага ўсё роўна не абмінеш, раней ці пазней.

* Цяжка зрабіць толькі першы крок (франц.).

Ён запусціў руку ў кішэню і выцягнуў бумажнік.

- Вось наце сотню франкаў. Няхай мадэмуазель купіць сабе новую сукенку. Ад старой засталося не шмат.

Ён паклаў грошы на стол і надзеў каску.

- Хадзем.

Яны выйшлі, стукнуўшы дзвярыма, паселі на матацыклы і паехалі. Старая паплялася ў суседні пакой. Там на канапе ляжала яе дачка. Ляжала так, як і пакінуў яе Ганс, і плакала наўзрыд.

Праз тры месяцы Ганс зноў апынуўся ў Суасоне. Разам з пераможнай германскай арміяй ён пабыў у Парыжы і праехаў на сваім матацыкле праз Трыумфальную арку. Разам з арміяй ён прайшоў спярша да Тура, потым да Бардо. У баях ён не ўдзельнічаў, а французскіх салдатаў бачыў толькі палонных. Увесь паход аказаўся вясёлай забавай, якая яму і не снілася. Пасля заключэння перамір'я ён яшчэ з месяц пажыў у Парыжы. Паслаў каляровыя паштоўкі сваякам у Баварыю, накупляў гасцінцаў. Сябра яго Вілі, які ведаў Парыж як свае пяць пальцаў, там і застаўся, а Ганса і ўсё іх падраздзяленне накіравалі назад у Суасон у пакінутую тут нямецкай уладай часць. Добры гарадок гэты Суасон, дый салдатаў раскватаравалі нядрэнна. Ежы ўдосталь, а шампанскае амаль што дарма, за бутэльку - адна марка на нямецкія грошы. Калі выйшаў загад пра перавод у Суасон, Ганса працяла думка, што някепска было б зайсці да той дзяўчыны з фермы. Ён падрыхтаваў ёй гасцінец - шаўковыя панчохі, каб зразумела, што ён больш на яе не злуецца. Ганс мясцовасць ведаў добра, таму спадзяваўся хутка знайсці ферму. Неяк увечары, калі спраў ніякіх не было, ён запхнуў панчохі ў кішэню, сеў на матацыкл і паехаў. Быў пагодны асенні дзень, у небе ні воблачка; мясціна прыгожая, гарыстая. Ужо даўнавата не было дажджу, і, хоць быў верасень, нават ціхае шапаценне таполяў не напамінала, што лета ўжо на сконе.

Выпадкова Ганс павярнуў не ў той бок, гэта яго крышку затрымала, але праз якія паўгадзіны ён дабраўся да фермы. Каля дзвярэй на яго накінуўся дварняк. Ён, не пастукаўшыся, піхнуў дзверы і ўвайшоў. Дзяўчына сядзела за сталом і скрэбла бульбу. Убачыўшы Гансаву нямецкую ўніформу, яна ўскочыла.

- Вам чаго?

І тут яна яго пазнала. Яна падалася назад да сцяны, моцна сціскаючы ў руцэ нож.

- Ты? Сосhоn*.

* Свіння (франц.).

- Ну-ну, не гарачыся, не пакрыўджу. Глядзі лепш, што я табе прывёз, - шаўковыя панчохі.

- Забірай іх і вымятайся адгэтуль разам з імі!

- Не дуры. І кідай нож. Самой жа горш, калі будзеш так злавацца. Можаш мяне не баяцца.

- Я цябе не баюся.

Пальцы яе аслабелі, нож упаў на падлогу. Ганс зняў каску, сеў на крэсла. Выцягнуў нагу і наском бота падсунуў нож бліжэй да сябе.

- Хочаш, дапамагу табе бульбу скрэбці, га?

Яна не адказала. Ганс нагнуўся, падняў нож, узяў з міскі бульбіну і пачаў скрэбці. Твар у дзяўчыны заставаўся жорсткі, вочы глядзелі варожа. Яна стаяла каля сцяны і моўчкі сачыла за ім. У Ганса на твары з'явілася лагодная ўсмешка.

- Ну чаго ты так злосна на мяне глядзіш? Няўжо не разумееш, што я тады быў вельмі раз'юшаны. Усе мы тады былі такія. У той час яшчэ хадзілі чуткі пра непераможнасць французскай арміі, пра лінію Мажына... - Ён усміхнуўся. - Ну і віно, ведама, стукнула ў галаву. Табе яшчэ пашанцавала. Жанчыны казалі мне, што я не такі ўжо непрыгожы.

Дзяўчына зірнула на яго з агідай.

- Вымятайся адгэтуль.

- Я пайду, калі мне захочацца.

- Калі ты не знікнеш, бацька пойдзе ў Суасон і паскардзіцца на цябе генералу.

- Толькі гэтага яшчэ генералу не хапала. У нас ёсць загад наладжваць добрыя адносіны з насельніцтвам. Як цябе завуць?

- Не твая справа.

Шчокі ў яе палалі, вочы гнеўна гарэлі. Яна здалася яму цяпер прыгажэйшай, чым ён яе запомніў. Не гэтак ужо ўсё было кепска. Яна не якая-небудзь сялянская дзяўчына. Маці ж казала, што дачка настаўніца. І менавіта таму, што гэта была не звычайная сялянка, а настаўніца, вучоная, Гансу было асабліва прыемна памучыць яе. Ён адчуў сябе моцным, непераможным. Ён скалмаціў свае прыгожыя бялявыя валасы і ўсміхнуўся. За лета ён так добра загарэў, што яго блакітныя вочы здаваліся ўжо надзвычай блакітнымі.

- Маці з бацькам дзе?

- У полі працуюць.

- Слухай, я прагаладаўся дужа. Дай мне кавалак хлеба з сырам і шклянку віна. Я заплачу.

Яна жорстка зарагатала.

- Мы ўжо тры месяцы не ведаем, што такое сыр. Дый хлеба не хапае. Летась свае французы забралі ў нас коней, а цяпер вось бошы пакралі ўсё, што засталося: кароў, свіней, курэй - усё.

- Ну і што з таго, мы ж не дарма ўзялі, мы заплацілі.

- А ты думаеш, мы будзем есці гэтыя паперкі, што вы нам далі ўзамен?

Раптам яна заплакала.

- Ты што, галодная?

- Ды не, - адказала яна горка. - Мы ж харчуемся па-каралеўску: бульба, хлеб, салата і бручка. Заўтра бацька паедзе ў Суасон - мо разжывецца на каніну.

- Паслухай, праўда, я неблагі хлопец. Я прывязу вам сыру, а можа, і трохі шынкі.

- Не трэба мне тваіх падачак. Хутчэй памру з голаду, чым дакрануся да ежы, што вы, свінні, у нас укралі.

- Ну добра, паглядзім, - адказаў ён спакойна.

Ён надзеў каску, устаў і, сказаўшы «au rеvоіr, madеmoіsеllе», пайшоў.

Ён не мог, зразумела, раз'язджаць на матацыкле па навакольных дарогах дзеля сваёй забавы, даводзілася чакаць, пакуль пашлюць з даручэннем і ён зноў зможа заехаць на ферму. Праз дзесяць дзён яму такі выпала паехаць. Ён, як і тады, бесцырымонна ўваліўся ў кухню. Тут корпаліся фермер з жонкай. Быў ужо поўдзень, старая каля печы нешта мяшала ў гаршку. Стары сядзеў за сталом. Яны зірнулі на Ганса, але быццам не здзівіліся. Дачка, відаць, расказала ім, што ён прыходзіў. Яны маўчалі. Старая завіхалася каля печы, а фермер панура, не зводзячы вачэй, глядзеў на цырату на стале. Але не гэтак лёгка было збіць з панталыку Ганса.

- Bоnjоur, lа соmраgnіе *, - весела павітаўся ён. - Вось прывёз вам гасцінцаў.

* Прывітанне ўсёй кампаніі (франц.).

Ён раскруціў пакет і расклаў на стале ладныя кавалкі сыру і свініны, дзве бляшанкі сардзінаў. Старая адвярнулася ад печы, і Ганс усміхнуўся, заўважыўшы ў яе вачах прагны бляск. Фермер панура зірнуў на прадукты. Ганс прывітаў яго шырокай усмешкай.

- Тады, той раз, паміж намі сутычка выйшла. Прашу прабачэння. Але і табе, стары, не варта было ўмешвацца.

У гэты самы момант увайшла дзяўчына.

- Што ты тут робіш? - груба крыкнула яна. Позірк яе спыніўся на прадуктах. Яна згрэбла ўсё разам і шпурнула Гансу. - Забяры гэта! Забяры, кажу табе!

Але маці кінулася да стала.

- Анет, звар'яцела ты, ці што?

- Не хачу прымаць ад яго гэтых падачак.

- Дык гэта ж нашы прадукты, нашы! Яны ўкралі іх. Ты толькі зірні на сардзіны - яны ж з Бардо!

Старая нагнулася і пачала збіраць раскіданыя па падлозе бляшанкі. Ганс паглядзеў на дзяўчыну: блакітныя вочы яго смяяліся.

- Значыць, цябе зваць Анет? Прыгожае імя. Чаму ты не дасі сваім бацькам крышку пад'есці? Ты ж сама казала, што вось ужо тры месяцы вы не бачылі сыру. Шынкі, на жаль, не ўдалося знайсці. Прывёз, што змог.

Фермерыха абедзвюма рукамі схапіла свініну, прыціснула яе да грудзей. Здавалася, яна вось-вось пацалуе гэты кавалак мяса. Па шчоках у Анет цяклі слёзы.

- Божа літасцівы, які сорам! - застагнала яна.

- Ну чаго ты. Які тут сорам? Кавалак сыру і крышку свініны, і толькі.

Ганс сеў, запаліў папяросу, прапанаваў старому. Адно імгненне той вагаўся, але спакуса была занадта моцная: ён выцягнуў адну папяросу і хацеў аддаць пачак Гансу.

- Пакінь сабе, - сказаў той. - Я дастану яшчэ колькі захочацца. - Ён глыбока зацягнуўся і пусціў дым праз нос. - Навошта нам сварыцца. Што зрабілася, таго не пераробіш. Вайна ёсць вайна. Павінны зразумець. Анет - дзяўчына вучоная, я ведаю; я не хачу, каб яна пра мяне кепска думала. Наша часць, відаць, надоўга затрымаецца ў Суасоне. Я магу час ад часу заязджаць, прывозіць якую-небудзь ежу. Ведаеце, мы стараліся палепшыць адносіны з насельніцтвам, але французы ўпіраюцца. Яны і глядзець на нас не хочуць. Урэшце, давайце забудзем пра тое, што здарылася тады, як мы з сябрам да вас заходзілі. Няма чаго вам мяне баяцца. Я гатовы ставіцца да Анет з усёй павагай, як да роднай сястры.

- Чаго ты ходзіш сюды? Чаму не пакінеш нас у спакоі? - спыталася Анет.

Шчыра кажучы, ён і сам добра не ведаў. Яму не хацелася прызнацца, але ён проста засумаваў па звычайных чалавечых адносінах. Варожая маўклівасць, што акружала немцаў у Суасоне, пачала выводзіць яго з раўнавагі; іншы раз яму вельмі хацелася падысці на вуліцы да першага сустрэчнага француза, які глядзеў на яго як на пустое месца, і правучыць як след; але часцей гэта даводзіла самога Ганса да слёз. Добра было б знайсці сям'ю, дзе яго прымалі б як свайго. Ён не схлусіў, калі казаў, што ў яго былі самыя чыстыя намеры. Яму сапраўды падабаліся высокія, паўнагрудыя жанчыны, такія ж, як ён сам, сінявокія, бялявыя і дужыя. Незразумелая яму вытанчанасць, просты тонкі нос, цёмныя вочы, бледны твар - не, гэта не для яго. Было ў гэтай дзяўчыне нешта такое, што прымушала Ганса ставіцца да яе насцярожана, нават баяцца. Калі б тады перамогі германскай арміі не закружылі яму галавы, калі б не быў ён такі стомлены ў той час і не выпіў бы залішне віна, ён ніколі б і не падумаў, што гэтая дзяўчына можа яго прывабіць.

 

Амаль два тыдні Ганс ніяк не мог вырвацца з часці. Ён, пакінуўшы тады на ферме прадукты, лічыў, што старая накінулася на іх, як галодны воўк. Ён таксама б не здзівіўся, калі б і Анет зрабіла тое ж, як толькі ён выйшаў за парог. Такія ўжо гэтыя французы: любяць падсілкавацца за чужы кошт. Слабы народ, бездапаможны. Безумоўна, Анет ненавідзіць яго, яшчэ як ненавідзіць! - але свініна ёсць свініна, а сыр ёсць сыр.

Ганс ніяк не мог выкінуць Анет з галавы. Яе агіда яго вельмі злавала. Ён прывык падабацца жанчынам. Вось цікава было б, каб і яна ўрэшце пакахала яго. Ён жа ў яе першы. Студэнты з Мюнхена за куфлем піва казалі, што па-сапраўднаму моцна жанчына кахае таго, хто яе спакусіў, - потым яна пачынае любіць само каханне. Звычайна, выбраўшы сабе дзяўчыну, Ганс ведаў, што яна з ім пойдзе. Ганс сам сабе ўсміхнуўся, вочы яго гарэлі загадкавым бляскам.

Нарэшце яму зноў выпала пабываць на ферме. Ён узяў з сабой сыру, масла, цукру, бляшанку кілбасных кансерваў і паехаў туды на матацыкле. Але гэты раз яму не пашанцавала ўбачыць Анет. Яна працавала з бацькам на полі. Маці была на дварэ. Яна ўбачыла ў руках у Ганса пакунак, і вочы яе заблішчэлі. Яна запрасіла Ганса на кухню. Рукі ў яе дрыжалі, пакуль развязвала пакунак, а калі ўбачыла, што ён прывёз, у вачах з'явіліся нават слёзы.

- Ты вельмі добры, - сказала яна.

- Можна сесці? - спытаўся ён далікатна.

- Сядай, сядай. - Старая зірнула ў акно. Ганс зразумеў, што яна баіцца, каб раптам не вярнулася з поля дачка. - Можа, шкляначку віна вып'еш?

- Ахвотна.

Ён скеміў адразу, што прагнасць да ежы прымусіла старую добра да яго ставіцца. Фермерыха, безумоўна, на яго баку. Ён па-змоўніцку зірнуў на старую.

- Ну, як свініна - добрая?

- Даўно такой не ела.

- Другі раз, як прыеду, прывязу яшчэ. А Анет спадабалася свініна?

- Яна нічога не ўзяла. Хутчэй, кажа, з голаду памру, чым вазьму.

- Глупства.

- Вось і я ёй тое самае казала. Калі ўжо, кажу, ёсць ежа, дык еш, няма чаго нос адварочваць, гэтак справу ўсё адно не паправіш.

Так яны мірна гаманілі, Ганс тым часам не спяшаючыся пацягваў віно. Ён даведаўся, што фермерыху завуць мадам Пер'е. Ён спытаўся, ці ёсць у яе яшчэ дзеці. Фермерыха ўздыхнула. Няма. Быў у яе сын, але яго яшчэ ў пачатку вайны мабілізавалі, і ён загінуў. Яго не забілі на фронце, ён памёр ад запалення лёгкіх у шпіталі ў Нансі.

- А, - сказаў Ганс. - Шкада.

- Можа, яно і лепей. Ён жа быў вельмі падобны на Анет. Усё роўна прапаў бы, не вытрымаў бы ганьбы паражэння. - Яна зноў глыбока ўздыхнула. - Ай, дарагі, нам жа здрадзілі, праз гэта ўсё так і здарылася.

- І навошта вы кінуліся дапамагаць палякам? Што яны вам?

- Праўда, праўда. Калі б мы не перашкаджалі вашаму Гітлеру, дазволілі захапіць Польшчу, ён бы нас не зачапіў.

Развітваючыся, Ганс сказаў, што калі-небудзь яшчэ загляне.

- І пра свініну я не забудуся, - дадаў ён.

Гансу пашанцавала. Ён атрымаў заданне не менш як два разы на тыдзень ездзіць у гарадок па справах і такім чынам мог часцей наведвацца на ферму. Ганс узяў сабе за правіла ніколі не прыязджаць туды з пустымі рукамі. Але з Анет у яго нешта не клеілася. Ён імкнуўся дамагчыся яе прыхільнасці, карыстаючыся тымі няхітрымі прыёмамі, супраць якіх, як навучыў Ганса яго мужчынскі вопыт, не кожная жанчына выстаіць. Але Анет з'едліва кпіла з яго спроб. Сцяўшы губы, калючая, непрыступная, яна так глядзела на Ганса, быццам быў ён самым кепскім чалавекам на свеце. Абураны Ганс гатовы быў схапіць яе за плечы і так трасянуць, каб дух з яе вытрасці.

Аднаго разу Ганс, калі Анет была дома адна і, як звычайна, памкнулася выйсці, загарадзіў ёй дарогу.

- Пачакай. Я хачу пагаварыць з табой.

- Гавары. Што ж, я безабаронная жанчына.

- Вось што я хачу табе растлумачыць. Як нам казалі, я магу тут застацца яшчэ надоўга. Жыццё ў вас, французаў, лепшае не стане, наадварот - яшчэ пагоршыцца. А я магу нечым памагчы. Чаму ты не хочаш зразумець, як твае бацькі?

Са старымі ў Ганса і сапраўды справы пайшлі на лад. Не сказаць каб стары быў з ім надта ветлівы, ставіўся ён да Ганса пакуль што сурова і адчужана, але ўсё ж такі далікатна. Ён нават папрасіў неяк Ганса прывезці крыху тытуню і, калі той адмовіўся ўзяць з яго грошы, шчыра падзякаваў. Стары цікавіўся навінамі з Суасона і прагна чытаў газеты, што прывозіў Ганс. Ганс, сам фермераў сын, нядрэнна разбіраўся ў гаспадарцы і мог слушна пагаварыць пра фермерскія клопаты. Ферма ў Пер'е была добрая, не дужа вялікая, але і не такая ўжо малая, з вадой зручна - тут недалёка цёк шырокі ручай, быў і сад і выган. Ганс уважліва слухаў старога, калі той скардзіўся, што не хапае рабочых рук, няма ўгнаення, жывёлу і гаспадарчы інвентар у яго пазабіралі і ўсё на ферме ідзе прахам.

- Ты пытаешся, чаму я не магу зразумець, як мае бацькі? Глядзі!

Анет туга абцягнула на жываце сукенку і так стаяла перад Гансам. Ён вачам сваім не паверыў. Тое, што ён раптам убачыў, ашаламіла яго. Кроў прыліла да шчок.

- Ты цяжарная?!

Яна села на крэсла і, паклаўшы галаву на рукі, заплакала так, быццам сэрца яе рвалася на часткі.

- Ганьба, якая ганьба! - паўтарала яна.

Ганс кінуўся да яе, паспрабаваў абняць і супакоіць.

- Дарагая мая!

Яна ўскочыла на ногі і адпіхнула яго.

- Не чапай мяне! Ідзі! Ідзі! Няўжо табе мала таго, што ты са мною зрабіў?

Яна выбегла з пакоя. Ганс некалькі хвілін стаяў адзін. Навіна яго вельмі ўсхвалявала.

Галава Ганса пухла ад думак, калі ён няспешна вяртаўся ў Суасон. Дабраўшыся да казармы, ён лёг на ложак і доўга ляжаў з шырока расплюшчанымі вачыма; гадзіна ішла за гадзінаю, а ён ніяк не мог заснуць. Ганс бачыў перад сабой Анет, яе агрубелую постаць. Яна здавалася яму цяпер маленькай, бездапаможнай, калі сядзела ля стала і плакала, душачыся слязьмі. Гэта ж яго дзіця выношвала яна.

Ён быў задрамаў, але раптам сон як рукой зняло. Неспадзяваная думка ашаламіла яго з раптоўнай і знішчальнай сілай гарматнага залпа: ён кахае Анет. Думка гэтая глыбока ўзрушыла Ганса, нейкі час ён разважаў, спрабуючы знайсці тлумачэнне. Бясспрэчна, ён часта думаў пра Анет, але зусім інакш. Яму проста хацелася, каб яна пакахала яго. Ён адчуе тады сябе сапраўдным пераможцам, калі яна сама дасць яму тое, што ён некалі ўзяў сілай. Але ніколі ў яго і думкі не было, што Анет можа стаць яму нечым іншым, чым тыя жанчыны, з якімі ён меў справы раней. І не такая ўжо яна прыгожая, хутчэй наадварот: звычайная, непрыкметная. Але адкуль жа гэта дзіўнае пачуццё, што болем адгукаецца ў сэрцы? Ганс ведаў: гэта каханне, і ў яго на душы стала радасна і светла; такога шчасця ён яшчэ не ведаў. Яму хацелася абняць яе, прыгалубіць, хацелася пацалаваць кожную слязінку ў яе вачах. Яго, здавалася, ужо не цягнула да яе як да жанчыны, ён толькі хацеў суцешыць яе, каб яна ўсміхнулася ў адказ, - дзіва, ён ніколі не бачыў яе ўсмешкі; ён хацеў бы зазірнуць ёй у вочы, у гэтыя цудоўныя, прыгожыя вочы, каб погляд яе зрабіўся мяккі і пяшчотны.

Тры дні Гансу не выпадала выбрацца з Суасона, і ўсе гэтыя тры дні і тры ночы ён думаў пра Анет і дзіця, якое яна народзіць. Урэшце ён усё ж такі знайшоў магчымасць паехаць на ферму. Ганс хацеў пагаварыць з мадам Пер'е сам-насам. Яму пашанцавала: ён спаткаў яе на дарозе недалёка ад фермы. Яна, відаць, збірала сухое галлё ў лесе і цяпер вярталася дадому з вялікай вязанкай на спіне. Ганс спыніў матацыкл. Ён ведаў, што фермерыха ветлівая з ім толькі таму, што ён прывозіць прадукты, але гэта пакуль што яго мала кранала; дзякуй богу за тое, што яна ставіцца да яго цяпер добра і будзе далікатная з ім, пакуль можна з яго што-небудзь выцягнуць. Ганс растлумачыў, што хоча пагаварыць з ёю, і папрасіў яе пакласці вязанку на зямлю. Дзень быў шэры, па небе плылі хмары, але было не холадна.

- Я ўсё ведаю пра Анет, - сказаў Ганс.

Яна здрыганулася.

- Як ты дазнаўся? Яна нізашто не хацела, каб ты ведаў.

- Яна сама мне сказала.

- Бачыш, што ты тады нарабіў.

- Я б ніколі не падумаў, што яна... Чаму вы мне раней нічога не сказалі?

Яна пачала расказваць. Без горычы, нават не вінавацячы, быццам тое, што здарылася, - звычайная жыццёвая справа, - ну, калі б карова здохла ў час ацёлу ці моцны мароз прыхапіў фруктовыя дрэвы і загубіў ураджай, - беды, якія трэба прымаць пакорліва і маўкліва. Пасля таго страшнага вечара Анет праляжала некалькі дзён у ложку з высокай тэмпературай, трызніла амаль увесь час, ускрыквала, кідалася некуды бегчы. Прывезці доктара не маглі - свайго ж вясковага прызвалі ў армію. У Суасоне засталіся толькі два ўрачы, абодва старыя - да фермы ім не дабрацца. Дый урачам наогул забаранілі пакідаць межы горада. Потым тэмпература спала, але Анет было кепска, - яна не магла ўстаць з ложка, а калі нарэшце ўстала, была зусім бледная, нядужая. Прайшоў адзін месяц, потым другі, мінулі ўсе тэрміны, але месячных у Анет не было. Першая адчула нядобрае мадам Пер'е. Яна распытала ў Анет. Абедзве жахнуліся, але ўсё ж такі пакуль не былі ўпэўненыя, што Анет цяжарная. Вырашылі бацьку нічога не казаць. Калі мінуў і трэці месяц, яны ўжо не сумняваліся... Анет зацяжарала.

У іх быў старэнькі «сітраэн», якім яшчэ да вайны мадам Пер'е два разы на тыдзень вазіла прадукты на рынак у Суасон, але з часу нямецкай акупацыі прадуктаў на продаж заставалася гэтак мала, што і патрэбы не было ганяць машыну. Дый бензіну дастаць было цяжка. Цяпер жа неяк заправілі машыну і паехалі ў горад. У Суасоне ім сустракаліся толькі нямецкія машыны, па вуліцах разгульвалі нямецкія салдаты, шыльды былі на нямецкай мове, а звароты да насельніцтва, падпісаныя камендантам горада, - на французскай. Амаль на ўсіх крамах віселі замкі.

Яны зайшлі да старога, знаёмага ім урача, і той пацвердзіў іх падазрэнні. Доктар быў шчыры католік і не захацеў дапамагчы дзяўчыне. У адказ на іх слёзы ён паціснуў плячыма.

- Ты не адна, - сказаў ён Анет. - Il faut souffrir*. Яны ведалі, што ў горадзе ёсць яшчэ адзін доктар, і пайшлі да яго. Пазванілі. Ім доўга ніхто не адчыняў. Нарэшце выйшла жанчына ў чорнай сукенцы. Калі яны спыталіся, ці дома доктар, яна заплакала. Немцы арыштавалі яго за тое, што ён масон, і цяпер трымаюць як заложніка; у кафэ, якое звычайна наведвалі нямецкія афіцэры, узарвалася бомба, у выніку - два забітыя, некалькі параненых. Калі да вызначанага часу вінаватыя не з'явяцца, усіх заложнікаў расстраляюць. Жанчына, здавалася, была добрая, і мадам Пер'е ёй пра сваю бяду расказала.

* Трэба скарыцца (франц.).

- Нягоднікі, - сказала жанчына. Яна спагадліва паглядзела на Анет. - Беднае дзяўчо.

Жанчына напісала ім адрас акушэркі, дадаўшы, што яны могуць спасылацца на яе. Акушэрка дала нейкія лекі. Ад гэтага лякарства Анет зрабілася так дрэнна, што яна ўжо думала, што памірае, але лекі не дапамаглі. Анет засталася цяжарная.

Усё гэта мадам Пер'е расказала Гансу. Нейкі час той маўчаў.

- Заўтра нядзеля, - сказаў ён. - Заўтра я не заняты. Заеду да вас. Прывязу што-небудзь смачнае.

- Мы пагублялі ўсе іголкі. Ты б мог дастаць?

- Паспрабую.

Яна ўскінула на спіну вязанку і пацягнулася дамоў. А Ганс вярнуўся ў Суасон.

На другі дзень ён ужо не на матацыкле, а на ўзятым напракат веласіпедзе зноў паехаў на ферму. Пакунак з прадуктамі ён прывязаў да рамы. Сёння пакунак быў большы, чым заўсёды, там ляжала яшчэ пляшка шампанскага.

Да фермы ён пад'ехаў, калі цямнела і ўся сям'я вярнулася пасля работы дадому. Ён увайшоў на кухню. Тут было цёлла і ўтульна. Мадам Пер'е завіхалася ля печы, муж чытаў «Пары суар». Анет цыравала панчохі.

- Вось глядзіце, прывёз вам іголкі, - сказаў Ганс, развязваючы пакунак. - А гэта табе, Анет, на сукенку.

- Мне нічога не трэба.

- Няўжо? - здзівіўся ён. - А ці не настаў час пачынаць шыць адзежу дзіцяці?

- Праўда, Анет, ужо пара, - умяшалася ў гаворку маці, - а ў нас нічога няма. - Анет нават не адарвала вачэй ад работы. Мадам Пер'е прагавіта зірнула на тое, што было ў пакунку. - Шампанскае!

Ганс усміхнуўся.

- Зараз я вам растлумачу, навошта я яго прывёз. У мяне ідэя ёсць. - Нейкую хвіліну ён вагаўся, потым усеўся ў крэсла насупраць Анет. - Далібог, і не ведаю, з чаго пачаць. Я вельмі шкадую, што тады ўсё так здарылася. Але гэта не мая віна, так склаліся абставіны. Ці можаш ты мне дараваць?

Яна з нянавісцю зірнула на яго.

- Ніколі! Чаму ты ўсё цягаешся сюды? Няўжо табе мала, што загубіў мне жыццё?

- Я якраз пра гэта. Можа, і не загубіў. Калі я даведаўся, што ў цябе будзе дзіця, мяне ўсяго быццам перавярнула. Усё цяпер перамянілася. Я ганаруся гэтым.

- Ганарышся? - спыталася яна з'едліва.

- Я хачу, каб ты нарадзіла дзіця, Анет. Я рады, што табе не ўдалося ад яго збавіцца.

- Як толькі ў цябе нахабства хапае гаварыць мне пра такое?

- Ды ты паслухай! Я ж цяпер толькі пра гэта і думаю. Праз якіх паўгода вайна скончыцца. Вясной мы паставім ангельцаў на калені. Абавязкова. Тады мяне дэмабілізуюць, і я ажанюся з табою.

- Ты? Чаму ты?

Праз цёмны загар відаць было, як твар яго зачырванеўся. Ён не мог прымусіць сябе вымавіць гэта па-французску, таму сказаў на нямецкай мове - ён ведаў, што Анет разумее нямецкую:

- Ісh lіеbе dіch*.

* Я кахаю цябе (ням.).

- Што ён гаворыць? - спыталася мадам Пер'е.

- Кажа, што кахае мяне.

Анет адкінула галаву і зайшлася смехам. Яна рагатала, а з вачэй па шчоках вялікімі гарошынамі каціліся слёзы. Мадам Пер'е балюча ўдарыла яе па шчоках.

- Не звяртай увагі, - сказала яна Гансу. - Звычайная істэрыка. У цяжарных бывае.

Анет ледзь узяла сябе ў рукі.

- Я прыхапіў бутэльку шампанскага, адсвяткуем нашы заручыны.

- Вось гэта якраз і крыўдна, - сказала Анет, - што нас перамаглі дурні, бязмозглыя дурні.

Ганс гаварыў далей, але ўжо па-нямецку:

- Я і сам не ведаў, што кахаю цябе, не ведаў да таго часу, пакуль ты не сказала, што ў цябе будзе дзіця. Мяне тады быццам маланка ўдарыла, але думаю, што кахаю цябе ўжо даўно.

- Пра што ён гаворыць? - зноў спыталася мадам Пер'е.

- Вярзе нейкую лухту.

Ганс зноў перайшоў на французскую. Хай бацькі Анет ведаюць усё, што ён збіраецца сказаць.

- Я б і цяпер з табою ажаніўся, толькі мне не дазволяць. Ты не думай, што ў мяне кішэні пустыя. Бацькі мае заможныя, і сям'я наша - у гарадку вядомая. Я самы старэйшы сын, і ты ніколі не будзеш у нястачы.

- Ты католік? - спыталася мадам Пер'е.

- Католік.

- Вось гэта добра.

- Там, дзе мы жывём, мясціна вельмі прыгожая і глеба ўрадлівая. Лепшага кутка не знойдзеш ад Мюнхена да Інсбрука. І куток свой. Мой дзед набыў яго пасля вайны сямідзесятага года. У нас і машына ёсць, і радыё, і тэлефон паставілі.

Анет павярнулася да бацькі.

- Ён надзіва тактоўны, гэты дурань, - сказала яна іранічна, потым, гледзячы Гансу ў вочы, дадала: - Безумоўна, мне там падрыхтавалі салодкае жыццё - мне, чужаземцы з прыгнечанай краіны, дый яшчэ з дзіцём, народжаным без шлюбу. Усё гэта гарантуе мне шчасце, так?

І тут упершыню загаварыў Пер'е, чалавек на словы вельмі скупы.

- І праўда, - паглядзеў ён на Ганса, - па-людску ты робіш, нічога не скажаш. Я сам на апошняй сусветнай лямку цягнуў, ведаю, як бывае. На вайне чалавек мяняецца. Такая ўжо натура, і нічога тут не зробіш. Але цяпер, калі сын наш забіты, у нас няма нікога, акрамя Анет. Мы не можам з ёю расстацца.

- Я ўжо думаў, што вам прыйдзецца цяжкавата. І вось што я вырашыў: я застаюся тут.

Анет спалохана зірнула на Ганса.

- Што ты хочаш гэтым сказаць? - спыталася мадам Пер'е.

- У мяне ёсць брат. Ён застанецца з бацькам, будзе дапамагаць. Месца тут мне падабаецца. Чалавек энергічны і з галавой можа зрабіць цацку з такой фермы, як ваша. Пасля вайны шмат немцаў асядуць у Францыі. Кажуць, што ў французаў зямлі надта многа, апрацоўваць яе няма каму. Я сам чуў пра гэта ад аднаго нашага лектара ў Суасоне. Ён казаў, што багата французскіх фермаў занепадаюць таму, што там няма каму працаваць.

Старыя пераглянуліся. Анет бачыла, што бацькі былі ўжо гатовыя пагадзіцца. Менавіта пра гэта яны і марылі з таго самага дня, як загінуў іх сын: ім патрэбен быў добры зяць, здаровы, дужы, каб было каму клапаціцца пра ферму, калі старыя ўжо не здолеюць гаспадаркі.

- Тады іншая справа, - сказала мадам Пер'е, - трэба добра падумаць.

- Змоўкніце, вы, - крыкнула Анет. Яна падалася наперад, вочы ў яе гарэлі, словы гэтыя яна кінула ў твар немцу. - У мяне ёсць жаніх, настаўнік, ён выкладаў у тым самым горадзе, дзе і я. Пасля вайны мы збіраемся пажаніцца. Ён не такі дужы і не прыгожы, як ты. Ён невысокі і вузкаплечы. Яго прыгажосць - яго розум, які адбіваецца на ягоным твары, і ўся сіла яго - сіла душэўнай велічы. Ён не варвар, ён культурны чалавек, за яго плячыма тысячы гадоў цывілізацыі. Я кахаю яго. Кахаю ўсёй сваёй душой.

Ганс засмуціўся. Ён і не думаў ніколі, што Анет можа кахаць каго-небудзь яшчэ.

- Дзе ён цяпер?

- А ты не здагадваешся, дзе ён можа быць. У Германіі, у палоне, памірае з голаду. А вы тут жывяце прыпяваючы. Колькі разоў мне яшчэ паўтараць, што ты брыдкі, агідны чалавек? Няўжо ты думаеш, я магу ўсё забыць? Ніколі - чуеш? Ты хочаш загладзіць віну? Ты дурань. - Яна адкінула галаву, зірнула вачыма, поўнымі нясцерпнай тугі. - Ты зняславіў мяне. Але ён даруе мне, у яго добрая душа. Я толькі баюся, а што, калі ён некалі падумае, што, можа, ты ўзяў мяне не сілай, што я аддалася за гэты сыр, масла, за шаўковыя панчохі. Я была б не адзіная, такія ёсць. Якое ж тады будзе ў нас жыццё? Паміж намі застанецца дзіця, дзіця, прыжытае ад немца. Тваё дзіця, такое ж вялікае і бялявае, такое ж сінявокае, як і ты. О божа літасцівы, за што ты мяне так пакараў?!

Яна выбегла з кухні. Нейкі час усе трое, што засталіся, маўчалі. Ганс пустымі вачыма глядзеў на бутэльку шампанскага. Потым глыбока ўздыхнуў, устаў і пайшоў да дзвярэй. Мадам Пер'е хуценька падхапілася і кінулася за ім.

- Ты не схлусіў, што ажэнішся з ёю? - спыталася яна ціха.

- Ажанюся. Я кахаю яе.

- І ты не забярэш яе адсюль? Ты застанешся тут і будзеш працаваць на ферме?

- Буду. Я ж казаў.

- Стары мой, вядома, доўга цягнуць гаспадарку не зможа. Дома табе давялося б усё дзяліць папалам з братам. А тут з кім дзяліць?

- І праўда, дзяліць няма з кім.

- Нам вельмі не падабалася, шчыра скажу, што Анет збіралася пайсці за гэтага свайго настаўніка. Але тады быў жывы яшчэ сын. Ён казаў, хай ідзе за каго хоча. Вельмі ж моцна яна яго кахае. Але цяпер сын наш, бедны хлопчык, памёр, цяпер зусім іншая справа. Адна яна гаспадарку не пацягне, калі б нават і захацела.

- Такую ферму прадаваць нельга. Я ведаю, што значыць чалавеку свая зямля.

Яны выйшлі на дарогу. Мадам Пер'е схапіла Гансаву руку і моцна сціснула.

- Прыходзь зноў хутчэй.

Ганс бачыў, што старая на яго баку. Гэтая думка і суцяшала яго, калі ён вяртаўся ў Суасон. Шкада, што Анет кахае другога. Але ён, на шчасце, у палоне. Калі ён вернецца, ужо будзе дзіця. І Анет, можа, пераменіцца. Хіба жанчыну зразумееш? У іхняй вёсцы была адна, так ужо моцна кахала свайго мужа, што з яе смяяліся, а як нарадзіла, дык мужа пасля і бачыць не магла. Хто ведае, можа, што-небудзь такое - толькі наадварот - здарыцца і з Анет. Цяпер, калі ён зрабіў ёй прапанову, яна ўрэшце ўцяміць, што хлопец ён прыстойны. Які жаласлівы выгляд быў у яе, калі сядзела яна вось гэтак, адкінуўшы галаву. А як хораша яна гаварыла! Артыстка на сцэне наўрад ці змагла б лепей. І ўсё было так натуральна. Сапраўды, французы гаварыць умеюць. Анет, безумоўна, разумная. Нават калі гаворыць яна з'едліва, слухаць яе - адна асалода. І ён лічыць сябе адукаваным, але не варты ён яе мезенца. Яна культурная, гэтага ў яе не адняць.

- Які ж я дурань, - сказаў ён уголас і мацней націснуў на педалі свайго веласіпеда. Яна ж сама казала пра яго, што рослы, дужы, прыгожы. Няўжо яна б так гаварыла, калі б ставілася да яго абыякава? І пра дзіця яна казала, што вочы ў яго будуць блакітныя, як у бацькі. Не сысці яму з гэтага месца, калі яго бялявыя валасы і блакітныя вочы не кранулі яе! Ганс самазадаволена ўсміхнуўся. Час пакажа. Крышачку цярпення, а прырода сваю справу зробіць.

Тыдні праходзілі адзін за адным. Камандзір часці ў Суасоне, чалавек ужо немалады, вопытны ваяка, ведаў, што чакае салдатаў вясной, таму лішне не даймаў іх работай. Нямецкія газеты пісалі, што Luftwaffe* разбурылі ўсе гарады Англіі, насельніцтва ахоплена панікай. Нямецкія падводныя лодкі топяць брытанскія судны дзесяткамі. Англія галадае. Неўзабаве чакаюцца вялікія перамены. Да лета ўсё будзе скончана, немцы авалодаюць усім светам. Ганс напісаў бацькам, што збіраецца ажаніцца з францужанкай і атрымае ў прыдачу выдатную ферму. Ён прапанаваў брату пазычыць дзе-небудзь грошай і сплаціць яго, Гансаву, долю, каб Ганс мог прыкупіць яшчэ зямлі ў Францыі, пашырыць сваю ферму. Пасля вайны, дый пры цяперашніх грашах, зямлю можна купіць амаль дарма. Ганс хадзіў па ферме разам са старым Пер'е і тлумачыў, што і як ён тут пераробіць. Стары ўважліва яго слухаў. Трэба тое-сёе прыдбаць з інвентару. Ён як немец атрымае льготы. Трактар ужо стары, Ганс купіць новы ў Германіі, і механічны плуг таксама. Каб ферма давала прыбытак, трэба скарыстоўваць сучасную тэхніку. Потым мадам Пер'е расказвала Гансу, што муж лічыць яго, Ганса, спраўным гаспадаром. Яна цяпер прымала Ганса ветліва і дамаглася, каб ён абедаў у іх кожную нядзелю. Яна перайначыла яго імя на французскі лад і клікала цяпер проста Жанам. Ён ахвотна дапамагаў гаспадарцы. Анет ужо не магла шмат працаваць, таму Ганс зрабіўся вельмі патрэбным чалавекам на ферме.

* Германскі ваенна-паветраны флот (ням.).

Анет, як і раней, ставілася да яго варожа. Яна ніколі не пачынала з ім гаворку першая, толькі адказвала на яго пытанні, а калі была самая маленькая прычына, хавалася ў сваім пакоі наверсе. Пакой быў халодны, і ёй даводзілася часта хадзіць у кухню. Тады яна садзілася каля печы, шыла ці чытала і не звяртала на Ганса ніякай увагі, быццам яго тут і не было. Яна расцвіла, як кветка, свежая чырвань разлілася па шчоках. Ганс лічыў, што яна была прыгажуня. Ён глядзеў на яе і ў душы шчыра радаваўся.

Аднойчы ён, як заўсёды, ехаў на ферму. Нечакана на дарозе ўбачыў мадам Пер'е, якая спяшалася яму насустрач і махала рукой, каб ён спыніўся. Ганс націснуў на тормаз.

- Чакаю цябе ўжо цэлую гадзіну. Думала, не прыедзеш. Не заходзь да нас сёння. П'ер памёр.

- Які П'ер?

- П'ер Гавен. Настаўнік, за якога Анет збіралася пайсці замуж.

Сэрца ў Ганса радасна забілася. Вось як пашанцавала! Цяпер ён яе возьме!

- Яна вельмі расхвалявалася?

- Яна не плача. Я хацела загаварыць з ёю, але яна на мяне так накінулася. Ты лепей сёння не паказвайся ёй на вочы, а то, глядзі, за нож схопіцца.

- Ці ж я вінаваты, што ён памёр? А як вы пра гэта даведаліся?

- Яго сябра ўцёк з палону, цяпер ён у Швейцарыі. І вось напісаў ліст. Прыйшоў сёння раніцай. Палонныя ў лагеры паднялі бунт: іх там марылі голадам. Завадатараў расстралялі. Сярод іх быў і П'ер.

Ганс маўчаў. П'ер, ён лічыў, атрымаў па заслугах. Яны там думаюць, што канцэнтрацыйны лагер ім курорт, ці што?

- Дай ёй апамятацца, - казала мадам Пер'е. - Калі супакоіцца, я з ёю пагавару. Я напішу табе, калі можна будзе зноў да нас прыехаць.

- Добра, я буду чакаць. Але вы мяне падтрымаеце, праўда?

- Абавязкова. Мы ж з мужам згодныя. Мы ўсё абмеркавалі, узважылі і вырашылі, што нам лепей прыняць тваю прапанову. Ён не дурань, мой муж, а ён кажа, што цяпер Францыю можа ўратаваць толькі саюз з немцамі. А ўжо, як бы там ні было, мне ты падабаешся. Я нават так мяркую, што ты будзеш лепшым мужам Анет, чым той настаўнік. Ды яшчэ дзіця ў вас будзе.

- Я хачу, каб быў хлопчык, - сказаў Ганс.

- Хлопчык і будзе, вось пабачыш. Я варажыла на кафейнай гушчы. І на картах таксама. Кожны раз адно: хлопчык.

- Каб не забыцца, тут вам газеты, - сказаў Ганс і павярнуў матацыкл, каб ехаць назад.

Ён даў ёй тры апошнія нумары «Пары суар». Стары Пер'е чытаў іх кожны вечар. Ён чытаў пра тое, што французам трэба цвяроза глядзець на факты, што яны павінны прызнаць «новы парадак», які Гітлер збіраецца ўсталяваць у Эўропе; ён чытаў, што нямецкія падводныя лодкі цяпер ва ўсіх морах, што генеральны штаб дэталёва распрацаваў план кампаніі, каб паставіць Англію на калені, і што амерыканцы кепска падрыхтаваліся, вельмі неаператыўныя і слабыя, каб дапамагчы Англіі. Ён чытаў, што Францыі трэба выкарыстаць самім богам пасланую магчымасць і аднавіць сваё пачэснае становішча ў новай Эўропе пры дапамозе нямецкага рэйха. І пісалі ўсё гэта не немцы, не, - самі французы. Пер'е ківаў галавой, чытаючы, што плутакраты і жыды будуць вынішчаны і просты народ Францыі возьме ўрэшце тое, што належыць яму па праву. Яны маюць рацыю, тыя разумныя людзі, якія тлумачаць, што Францыя - краіна земляробаў і яе апора - працавітыя фермеры. Ва ўсім гэтым ёсць сэнс. Так думаў стары Пер'е.

Неяк увечары пасля яды - прайшло ўжо дзесяць дзён, як яны дазналіся, што П'ера Гавэна няма, - мадам Пер'е, загадзя дамовіўшыся з мужам, сказала Анет:

- Я надоечы напісала Жану, каб ён заўтра да нас прыехаў.

- Дзякуй, што папярэдзілі. Я са свайго пакоя не выйду.

- Паслухай, дачка, не гавары глупства. Глядзі на ўсё цвяроза. П'ер памёр. Жан цябе кахае, хоча ажаніцца. Хлопец ён прыгожы. Любая дзяўчына ганарылася б такім мужам. Мы ж з бацькам не пацягнем фермы без яго. Ён абяцаў купіць на свае грошы трактар і плуг. Што было, тое было, забудзься пра гэта.

- Дарэмна ўсё, мама. Я раней зарабляла сабе на жыццё, зараблю і цяпер. Ён брыдкі, агідны чалавек. Каб магла, забіла б яго. Але мне мала яго смерці. Я хачу, каб ён пакутаваў так, як пакутую я. Здаецца, я і памру спакойна, калі змагу яго параніць гэтак балюча, як ён мяне.

- Што ты вярзеш, беднае дзіця.

- Слухайся мацеры, дачушка, - сказаў Пер'е. - Нас перамаглі, і цяпер трэба неяк прыстасоўвацца, наладжваць адносіны з пераможцамі. Мы разумнейшыя за іх, яшчэ невядома, хто выйграе. Францыя ўся наскрозь прагніла. Жыды і плутакраты - вось хто загубіў нашу краіну. Чытай газеты, сама сваім розумам дойдзеш.

- Я не веру ніводнаму слову ў гэтай газеце. Няўжо ты не разумееш, чаму ён іх табе цягне? Таму, што гэта здрадніцкая газета, яна прадалася немцам. Тыя, хто піша ў ёй, - здраднікі. Здраднікі! Божа літасцівы, дажыць бы мне да таго дня, калі раз'юшаны натоўп параздзірае іх на кавалкі! Іх купілі, купілі на нямецкія грошы. Падлюгі!

Мадам Пер'е страціла цярпенне.

- Чаго ты чапляешся да хлопца? Ну праўда, ён узяў цябе сілком. Ён быў п'яны, нічога не цяміў. Не ты першая, не ты апошняя, з кім гэта не здараецца. Ён жа тады ўдарыў твайго бацьку, з яго кроў лілася, як з параненага вепра, а ці ён злуецца?

- Гісторыя непрыемная, але я лічу за лепшае забыцца пра гэта, - сказаў Пер'е.

Анет пагардліва зарагатала.

- Табе б быць свяшчэннікам. Ты даруеш крыўдзіцелям з хрысціянскай цярплівасцю.

- Ну і што з таго? - злосна спыталася маці. - Хлопец зрабіў усё, што мог, каб загладзіць віну. Дзе б твой бацька браў тытунь усе гэтыя месяцы, каб не Жан?! І мы не галадалі толькі дзякуючы Жану.

- Калі б вы мелі хоць крышачку гонару, вы б шпурнулі яму ў твар усе яго падачкі.

- Але і табе ад іх перападала. Скажаш, не?

- Не! Ніколі!

- Хлусіш. Ты сама добра ведаеш, што гэта не так. Праўда, ты не ела сыру, што ён прыносіў, і алею, і сардзінаў. Але суп ты ела, а ў ім быў кавалак мяса, што прынёс Жан. А салата сёння на вячэру: ты б ела без алею, калі б не Жан.

Анет глыбока ўздыхнула, стомлена правяла рукой па вачах.

- Ведаю. Я не хацела дакранацца да гэтага, але не магла стрымацца: я так нагаладалася. Я ведала, што ў супе мяса, якое прынёс Ганс, але ўсё ж такі крышачку з'ела. Я ведала таксама, што салата з яго алеем. Я вырашыла спачатку адмовіцца, але есці так хацелася! Гэта не я ела, а галодны звер, што сядзіць ува мне.

- Так ці гэтак, але суп ты ела.

- Сорам, адчай быў у душы, але ела. Спярша іх самалёты і танкі зламалі нас, а цяпер, калі мы бездапаможныя, яны хочуць зламаць наш дух, мораць нас голадам.

- Няма тут чаго разважаць, дачушка, гэтым справе не дапаможаш. Ты жанчына вучоная, а ў галаве глупства. Забудзься пра тое, што было, падумай лепш пра дзіця, яму патрэбен бацька, я ўжо не кажу пра тое, што ў нас на ферме будзе такі работнік. Ён адзін варты двух парабкаў. Гэтак будзе разумней.

Анет паціснула плячыма, і ўсе трое змоўклі. На другі дзень прыехаў Ганс. Анет варожа зірнула на яго, але не скранулася з месца, не сказала ні слова. Ганс усміхнуўся.

- Дзякуй, што не ўцякла ад мяне, як заўсёды, - сказаў ён.

- Бацькі запрасілі цябе прыехаць. Яны пайшлі ў вёску. А я, пакуль іх няма, хачу без хітрыкаў пагаварыць з табой. Сядай.

Ён зняў шынель і каску, падсунуў крэсла бліжэй да стала.

- Бацька і маці хочуць, каб я пайшла за цябе. Ты - спрытны. Змог-такі абвесці іх вакол пальца. Яны вераць таму, што пішуць у газетах, якія ты носіш ім. Дык вось, ведай: я ніколі не буду тваёй жонкай. Я раней і ўявіць сабе не магла, што можна так ненавідзець чалавека, як я ненавіджу цябе.

- Слухай, давай лепей гаварыць па-нямецку. Ты ж добра ведаеш мову, зразумееш, што я буду казаць.

- Дзіва што! Я выкладала гэтую мову. Два гады я адпрацавала гувернанткай у Штутгарце.

Ганс перайшоў на нямецкую, яна ж, як і раней, гаварыла па-французску.

- Я вельмі кахаю цябе, зачараваны табою. Я ў захапленні ад тваёй адукаванасці, культурнасці. Вельмі паважаю цябе. Я, вядома, разумею, што цяпер ты не пойдзеш за мяне, калі б нават такая магчымасць і была. Але П'ер жа памёр.

- Не смей называць гэта імя! - крыкнула Анет. - Гэтага яшчэ не хапала!

- Я толькі хацеў выказаць спачуванне, што ён...

- Што яго расстралялі немцы.

- Можа, з часам ты будзеш менш думаць пра яго. Ведаеш, калі памірае чалавек, якога кахаеш, здаецца, што ўжо не перажывеш. Але міне час, і ўсё забываецца. А ты не думаеш, што твайму дзіцяці патрэбен бацька?

- Калі б я нават і не кахала другога, няўжо ты думаеш, я забылася б, што ты немец, а я францужанка? Калі б ты не быў такі дурань, як усе вы, немцы, ты б скеміў, што дзіця застаецца мне вечным дакорам. Думаеш, у мяне няма сяброў? Як я буду глядзець ім у вочы - я, у каго дзіця ад нямецкага салдата? Адно прашу: пакінь мяне адну з маёю ганьбаю, Богам прашу, ідзі і ніколі не вяртайся.

- Але гэта ж маё дзіця. Я хачу быць з ім.

- Ты? - шчыра здзівілася яна. - Што табе гэтае дзіця, зачатае па-свінску.

- Ты не разумееш. Я шчаслівы, я ганаруся. Калі я даведаўся, што ты цяжарная, тады я і зразумеў, што кахаю цябе. Спярша і сам не паверыў, так гэта было нечакана. Няўжо ты не разумееш? Дзіця гэтае для мяне - усё на свеце. Не ведаю, як табе гэта растлумачыць. Яно яшчэ не нарадзілася, а ўжо блізкае, роднае мне. Я сам часам сябе не разумею.

Анет уважліва паглядзела на яго, вочы яе дзіўна заблішчэлі, быццам нейкая думка раптам працяла яе. Яна нервова засмяялася.

- Не ведаю, што ў мяне мацнейшае: нянавісць да нямецкага свінства ці пагарда да іх сентыментальнасці.

Ён, здавалася, не звярнуў увагі на яе словы.

- Я ўвесь час толькі пра яго і думаю.

- А ты ўпэўнены, што будзе хлопчык?

- Я ведаю, што будзе абавязкова хлопчык. Мне вельмі хочацца патрымаць яго на руках, я буду вучыць яго хадзіць. А калі ён падрасце, навучу ўсяму, што сам магу. Навучу ездзіць вярхом, навучу страляць. У вашай рэчцы ёсць рыба? Навучу яго вудзіць рыбу. Я самы шчаслівы бацька на свеце.

Яна глядзела на яго халоднымі, жорсткімі вачыма. Твар быў напружаны, суровы. Страшэнная думка зноў працяла яе. Ён жа лагодна ўсміхнуўся ў адказ.

- Калі ты ўбачыш, як я моцна люблю нашага сына, можа, і ты мяне тады пакахаеш. Я буду табе добрым мужам, каханая мая.

Яна маўчала. Толькі вочы яе па-ранейшаму былі халодныя і жорсткія.

- Няўжо ты не знойдзеш мне хоць адно ласкавае слова? - спытаўся Ганс.

Анет ускіпела, моцна сціснула кулакі.

- Хай мною пагарджаюць іншыя, але я ніколі не зраблю так, каб потым пагарджаць сабой. Ты мой вораг і заўсёды ворагам застанешся. Мне б толькі дажыць да таго дня, калі Францыя зноў будзе свабодная. Але дзень гэты надыдзе. Хай праз год, праз два, можа, нават праз трыццаць гадоў, але ён надыдзе. Іншыя могуць жыць, як сабе хочуць, я ж ніколі не кіну змагацца з тымі, хто прыгнятае маю радзіму. Я ненавіджу і цябе, і дзіця, зачатае ад цябе. Нас перамаглі, але мы не скарыліся, ты яшчэ ўбачыш. А цяпер ідзі. Я так вырашыла, і няма на свеце сілы, якая б прымусіла мяне зрабіць інакш.

Хвіліны дзве ён маўчаў.

- Трэба ж з доктарам дамовіцца? Усе выдаткі я бяру на сябе.

- Ты што, звар'яцеў? Хочаш, каб пра нашу ганьбу ўся вёска ведала? Маці сама зробіць, што трэба.

- А калі што-небудзь здарыцца?

- Не сунь носа ў чужое проса.

Ганс уздыхнуў, падняўся і выйшаў, зачыніўшы за сабой дзверы.

Яна сачыла праз акно, калі ён ішоў сцежкай да дарогі. Раптам яна адчула, што Гансавы словы закранулі ў яе душы нейкія невядомыя ёй дагэтуль пачуцці.

- Божа, божа літасцівы, дай мне сілу, - крыкнула яна ў роспачы.

Стары дварняк, што багата пражыў тут на ферме, з брэхам кінуўся да Ганса. Ганс ужо некалькі месяцаў спрабаваў прывучыць сабаку, але так і не змог. Калі ён хацеў яго пагладзіць, сабака адскокваў, гыркаў, шчэрыў зубы. І цяпер, раззлаваны на Анет за яе словы, Ганс груба таўхануў сабаку нагой, той адляцеў у кусты, заскуголіў і пакульгаў прэч.

- Звер! - выгукнула Анет. - Усё гэта няпраўда, няпраўда! А каб яшчэ крышачку, я пачала б яго шкадаваць.

На сцяне ля дзвярэй вісела люстэрка. Анет падышла да яго і паспрабавала ўсміхнуцца, але выраз твару застаўся жорсткі і халодны.

Быў ужо сакавік. У суасонскім гарнізоне пачалася незвычайная мітусня: муштравалі амаль кожны дзень, зачасцілі інспекцыі. Хадзілі розныя чуткі. Адно было зразумела - часць рыхтавалі да адпраўкі, але куды, пра гэта салдаты не ведалі. Адны меркавалі, што будзе вырашацца пытанне з Англіяй, некаторыя прытрымліваліся думкі, што пашлюць на Балканы; была гаворка і пра Ўкраіну. Увесь час Ганс ад клопату і турбот не знаходзіў сабе месца і на ферму паехаў праз два тыдні.

Дзень выпаў пахмурны, халодны. Была слота, вецер хвастаў па твары. Шэрае і бязрадаснае было наваколле.

- Нарэшце! - узрадавалася мадам Пер'е, калі Ганс прыехаў. - Мы ўжо чаго толькі не думалі.

- Не выпадала прыехаць раней. Загаду кожны дзень чакаем, збіраюцца некуды адпраўляць. А калі загад той будзе, невядома.

- Дзіця нарадзілася сёння раніцай. Хлопчык.

Ганс быў на сёмым небе ад шчасця. Ён кінуўся да старой, сціснуў яе ў абдымках, пацалаваў.

- У нядзелю нарадзіўся, будзе шчаслівы. Ну а цяпер трэба выпіць шампанскага. Як Анет?

- Добра, як добра можа адчуваць сябе жанчына ў такім стане. Роды былі не цяжкія. Уначы пачаліся схваткі, а ў пяць гадзін раніцы ўжо нарадзіла.

Стары Пер'е сядзеў ля самай печы, паліў люльку. Ён лагодна ўсміхнуўся, гледзячы на радаснага Ганса.

- Так з кожным бывае, калі нараджаецца першае дзіця, - сказаў ён.

- Валасы ў хлопчыка густыя і такія ж бялявыя, як у цябе. А вочы блакітныя. Усё так, як ты і думаў, - сказала мадам Пер'е. - Упершыню бачу такое прыгожае дзіця. Увесь у бацьку.

- Божа мой, які я шчаслівы! - усклікнуў Ганс. - Як добра жыць на свеце! Я хачу ўбачыць Анет.

- Не ведаю, ці захоча яна. Нельга яе цяпер турбаваць, яшчэ малако прападзе.

- Не-не, тады не трэба. Ні ў якім разе. Калі не хоча мяне бачыць, не трэба. Але дазвольце мне хоць хвілінку зірнуць на сына!

- Пачакай. Зараз паспрабую.

Мадам Пер'е выйшла. Чутны былі яе цяжкія крокі, пакуль яна паволі падымалася ла лесвіцы. Але амаль тут жа прыступкі зноў зарыпелі пад яе хуткімі крокамі. Яна, цяжка дыхаючы, убегла ў кухню.

- Яе там няма. Яе няма ў пакоі. І дзіцяці таксама няма.

Пер'е і Ганс ускрыкнулі, утраіх, не згаворваючыся, кінуліся па лесвіцы наверх. Рэзкае святло зімовага дня бязлітасна агаліла беднасць пакоя: жалезны ложак, танная шафка, камода. У пакоі сапраўды нікога не было.

- Дзе яна? - загаласіла мадам Пер'е. Яна выбегла ў вузкі калідорчык, расчыніла там дзверы, паклікала дачку: - Анет! Анет! О божухна, звар'яцела яна, ці што?

- Можа, яна ў гасцёўні?

Яны кінуліся ўніз у пакой, дзе даўно ніхто не жыў. Там было холадна і пуста, заглянулі ў кладоўку.

- Нідзе яе няма! Здарылася нешта нядобрае.

- Як яна магла выйсці з дому? - усхвалявана спытаўся Ганс.

- Праз парадныя дзверы, дурань!

Пер'е пабег да параднага ўвахода, агледзеў яго.

- Так і ёсць. Засаўка адсунута.

- Божухна! Божа літасцівы! - крычала мадам Пер'е. - Яна загубіць сябе!

- Трэба яе пашукаць, - сказаў Ганс. Па звычцы ён пабег назад у кухню - ён заўсёды заходзіў у дом праз кухню. Старыя пабеглі за ім.

- Куды ісці?!

- Божа мой! Рэчка... - раптам войкнула старая.

Ганс стаў як укопаны. У гэты момант на парозе з'явілася Анет. На ёй была начная кашуля і празрысты халацік са штучнага шоўку: блакітныя кветкі на ружовым фоне. Яна вымакла да ніткі, мокрыя валасы прыліплі да твару, брудныя пасмы звісалі на плечы. Яна была белая як смерць. Мадам Пер'е кінулася да дачкі, прыціснула да сябе.

- Дзе ты была? Небарака мая, ты ўся вымакла. Што здарылася?

Але Анет адпіхнула яе. Яна зірнула на Ганса.

- Ты прыйшоў якраз калі трэба.

- Дзе дзіця? - ускрыкнула мадам Пер'е.

- Я павінна была зрабіць гэта цяпер. Я баялася, што пазней у мяне не хопіць мужнасці.

- Анет, што ты зрабіла?!

- Тое, што падказала мне сумленне. Я апусціла яго ў рэчку і трымала пад вадой, пакуль ён не памёр...

Ганс жудасна ўскрыкнуў - гэта быў крык смяротна параненага звера. Ён закрыў твар рукамі і, хістаючыся, як п'яны, выбег з дому.

Анет кінулася ў крэсла і, паклаўшы галаву на сціснутыя кулакі, заплакала так, быццам сэрца яе рвалася на часткі.



Пераклад: Віктар Валынскі