epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сомэрсэт Моэм

Снеданне

Я спаткаў яе ў тэатры. У антракце яна кіўнула мне, я падышоў і сеў побач. Я не бачыў яе вельмі даўно і, калі б не пачуў імя, мабыць, не пазнаў бы.

- Колькі год мы з вамі не бачыліся! - з усмешкай сказала яна. - Як хутка ляціць час! Так, мы не маладзеем. Памятаеце нашу першую сустрэчу? Вы запрасілі мяне паснедаць.

Ці помню я!

Гэта было дваццаць год таму назад, я жыў тады ў Парыжы. У мяне была маленькая кватэрка ў Лацінскім квартале з вокнамі на могілкі. Грошай, што я зарабляў, ледзь хапала, каб звесці канцы з канцамі. Яна прачытала адну з маіх кніг і напісала мне. Я паслаў адказ: некалькі традыцыйных слоў удзячнасці. І неўзабаве атрымаў ад яе яшчэ адзін ліст, яна пісала, што будзе праездам у Парыжы і хацела б са мной пабачыцца; у яе вельмі мала вольнага часу, і адзіны дзень, які яна можа правесці са мной, - наступны чацвер; раніцай яна наведае Люксембургскі палац, а потым мы б маглі паснедаць у Фуая. У рэстаран Фуая ходзяць французскія сенатары, мне напэўна не па кішэні, я ніколі не марыў туды пайсці. Але ўвага яе мне падабалася, дый я яшчэ быў малады і не навучыўся казаць жанчынам «не». (Мужчыну амаль немагчыма гэтаму навучыць, пакуль ён не дасягне такога ўзросту, калі жанчыне ўжо ўсё роўна, што ён скажа.) У мяне да канца месяца заставалася восемдзесят франкаў, сціплае снеданне не магло, вядома, каштаваць больш як пятнаццаць. Калі два тыдні абыходзіцца без кавы, мне гэтых грошаў напэўна б хапіла. Я адказаў, што ў чацвер буду чакаць майго невядомага сябра ў Фуая а палове першай.

Гэта была не такая ўжо маладая кабета, як я чакаў, больш паважная, чым прывабная, гадоў сарака (узрост цудоўны, але які далёка не спрыяе каханню з першага погляду). У яе былі прыгожыя белыя зубы, толькі мне чамусьці здалося, што іх у яе крыху больш чым трэба. Занадта балбатлівая, яна шмат гаварыла пра мяне, таму я слухаў з вялікай увагай.

Калі я зірнуў у меню, у вачах у мяне пацямнела - цэны былі значна вышэйшыя, чым я чакаў, але яна мяне супакоіла.

- Я ніколі не снедаю, - сказала яна.

- Вы мяне пакрыўдзіце! - запярэчыў я.

- Я на снеданне многа не ем: адна страва, не болей. Па-мойму, людзі ў наш час занадта многа ядуць. Вазьму, бадай, крышачку рыбы. Цікава, ці ёсць у іх ласасіна?

На ласасіну быў не сезон, і ў меню яна не значылася, але я ўсё ж такі спытаўся ў афіцыянта, ці няма ў іх ласасіны. Так, яны толькі што атрымалі выдатнага ласося - сёлета першага.

Я заказаў ёй ласасіну. Афіцыянт пацікавіўся, ці не пажадае яна якой-небудзь закускі, пакуль прыгатуюць ласасіну.

- Не, - адмовілася яна, - я ніколі сытна не снедаю. Праўда, калі ў вас ёсць ікра. Ад ікры я, бадай, не адмоўлюся.

У мяне ёкнула сэрца. Я ведаў, што ікра мне яўна не па кішэні, але як я мог пра гэта сказаць?

Я папрасіў афіцыянта, каб абавязкова падалі ікру. Сабе я выбраў самую танную страву - адбіўную з бараніны.

- І навошта толькі вы ўзялі мяса? - сказала яна. - Не разумею, як можна працаваць пасля такой цяжкай ежы. Я супраць таго, каб перагружаць страўнік.

Цяпер трэба было выбраць віно.

- Я раніцай нічога не п'ю, - сказала яна.

- Я таксама, - хуценька сказаў я.

- Акрамя белага віна, - вяла яна далей, быццам і не чула маіх слоў. - Французскія белыя віны такія лёгкія. Яны цудоўна спрыяюць страваванню.

- Якога б вы хацелі? - спытаўся я ўсё яшчэ ветліва, але ўжо без лішняга захаплення.

Яна бліснула сваімі цудоўнымі белымі зубамі.

- Мой доктар не дазваляе мне нічога піць, акрамя шампанскага.

Здаецца, я збялеў. Я заказаў паўбутэлькі, пры гэтым спакойна заўважыў, што мой доктар катэгарычна забараніў мне піць шампанскае.

- Што ж вы тады будзеце піць?

- Ваду.

Яна ела ікру, яна ела ласасіну. Яна натуральна і проста малола языком пра мастацтва, літаратуру, музыку. А я сядзеў і падлічваў, колькі мне прыйдзецца плаціць. Калі мне прынеслі маю адбіўную, яна пачала сур'ёзна мне тлумачыць:

- Я заўважыла, што вы замнога ясце, не варта так рабіць. Бярыце прыклад з мяне. Паверце, што адчуеце сябе намнога лепш, калі будзеце есці толькі адну страву.

- А я і збіраюся есці толькі адну страву, - сказаў я, заўважыўшы, што афіцыянт зноў падыходзіць да нас з меню.

Яна грацыёзна адмахнулася ад яго.

- Не, не, я ніколі не снедаю. Так, пажую што-небудзь толькі дзеля кампаніі. Я ўжо фізічна не магу з'есці ні кавалачка. Праўда, калі ў вас ёсць французская спаржа... Пабыць у Парыжы і не пакаштаваць спаржы - проста крыўдна.

Сэрца маё абарвалася. Мне давялося неяк бачыць спаржу ў краме, яна вельмі дарагая.

- Мадам жадае ведаць, ці ёсць у вас спаржа, - спытаўся я ў афіцыянта. О, як я хацеў пачуць у адказ «не». Аднак афіцыянтава круглая фізіяномія расплылася ад радаснай усмешкі, і ён запэўніў мяне, што ў іх ёсць выдатная, мяккая спаржа, проста цуд.

- Я зусім не галодная, - уздыхнула яна. - Але калі вы настойваеце, я, бадай, з'ем кавалачак.

Я зрабіў заказ.

- Няўжо вы не хочаце пакаштаваць?

- Не, дзякую, я спаржы не ем.

- І праўда, некаторыя яе не любяць. А ўсё таму, што вы ясце замнога мяса, гэта псуе ваш густ.

Мы чакалі, пакуль згатуюць спаржу. Страх апанаваў мяне. Я ўжо не падлічваў, ці хопіць мне грошай да канца месяца, хапіла б толькі заплаціць за ежу. Які сорам, калі не хопіць нейкіх дзесяць франкаў і прыйдзецца пазычыць у маёй госці. Не, пра гэта няма чаго і думаць. Я добра ведаў, колькі ў мяне грошай, і калі здарыцца, што плата за снеданне будзе большая, я спакойна палезу ў кішэню і раптам разгублена крыкну, што ў мяне ўкралі кашалёк. Вядома, будзе вельмі няёмка, калі і ў яе не будзе грошай. Тады застанецца толькі адно - закласці свой гадзіннік, а потым вярнуцца і заплаціць патрэбную суму.

Прынеслі апетытную спаржу. Духмянасць топленага масла казытала мае ноздры. Я сачыў, як гэтая бессаромніца аплятае кавалак за кавалкам, у гэты час разважаючы пра стан сучаснай драмы на Балканах. Урэшце спаржа знікла.

- Каву? - спытаўся я.

- Каву і марожанае, - падказала яна.

Мне ўжо не было чаго губляць, і я заказаў сабе каву, ёй - каву і марожанае.

- Вы ведаеце, ёсць адно правіла, якога я заўсёды прытрымліваюся, - гаварыла яна, з апетытам даядаючы марожанае. - Чалавек павінен паднімацца з-за стала з адчуваннем, што ён яшчэ галодны.

- Вы галодная? - ледзь вымавіў я.

- Не, што вы, я не галодная, я ўвогуле не снедаю другі раз. Раніцай я выпіваю кубачак кавы, потым абедаю, а на другое снеданне так што-небудзь крышку з'ем. Я, калі гаварыла, мела вас на ўвазе.

- А-а, разумею.

І тут здарылася нешта жахлівае. У той час, як мы спакойна чакалі кавы, да нас падышоў старшы афіцыянт і з ліслівай усмешкай на крывадушнай фізіяноміі паставіў перад намі вялікі кошык з цудоўнымі персікамі. У іх быў румянец нявіннай дзяўчыны, у іх было ўсё багацце адценняў італьянскага краявіду. Але як яны тут апынуліся, зімой?! Яны ж каштуюць адзін бог ведае колькі. Але вельмі хутка даведаўся і я - колькі, калі мая госця, не спыняючы гаворкі, рассеяна ўзяла з кошыка персік.

- Вось бачыце, вы набілі жывот мясам (мая маленькая катлетка!) і ўжо больш нічога не можаце з'есці. А я толькі крышачку перакусіла і цяпер з задавальненнем магу з'есці вось гэты персік.

Прынеслі рахунак, і, калі я заплаціў, у мяне ледзьве засталося на чаявыя. Позірк яе на нейкае імгненне затрымаўся на маіх трох франках, што я пакінуў афіцыянту, і яна, безумоўна, палічыла, што я скнара. Але калі я выйшаў з рэстарана, наперадзе ў мяне былі цэлыя два тыдні, а ў кішэні ні сантыма.

- Бярыце прыклад з мяне, - сказала яна на развітанне, - ніколі сытна не снедайце.

- Я зраблю яшчэ лепш, - адказаў я. - Я сёння не буду абедаць.

- Жартаўнік! - засмяялася яна ўжо ў экіпажы. - Вы сапраўдны жартаўнік.

Цяпер я ўрэшце адпомшчаны. Здаецца, я чалавек не злапамятны, але, калі ў справу ўмешваюцца самі багі, думаю, даравальна глядзець на вынікі іх працы з пачуццём задавальнення. Яна важыць цяпер трыста фунтаў.



Пераклад: Віктар Валынскі

Беларуская Палічка: http://knihi.com