Станіслаў Ежы Лец

З «Непрычасаных думак»

«Гніль завялася ў Дацкім каралеўстве!» Якая ты неабсяжная, Данія!

N. пасівеў ад успамінаў, якія сам прыдумаў.

Будзьма самі дзьмуць у свае ветразі!

З рэцэнзіі: «Яго паэзія адметная высакароднай беднасцю духу».

Сатырыкі, пазбягайце слоў! Няхай гавораць лічбы!

Мяжу думкі шукайце на мапе.

На вочнай стаўцы труп не апазнаў забойцы.

Першая ўмова неўміручасці - смерць.

Свабоду нельга сімуляваць.

Трэба павялічыць колькасць думак настолькі, каб на іх не хапіла наглядчыкаў.

А раптам Бог стварыў мяне, каб я быў у яго за атэіста?

Нават у яго маўчанні былі граматычныя памылкі.

Кожны век мае сваё сярэднявечча.

У навучанне жанглёра абавязкова павінна ўваходзіць няведанне законаў фізікі.

Не расказвайце сваіх сноў. А раптам уладу захопяць фрэйдысты!

Калі б ты прыйшла на спатканне яшчэ пазней, я зрабіўся б Пятраркам.

Ці зручны гэта светапогляд - скептыцызм? Скептыкі глядзяць на гэта скептычна.

«Стыль - гэта чалавек». Як мала засталося б на зямлі людзей!

Перш чым падумаць - падумай!

Прысніў рэкламу супрацьзачынальных сродкаў: «Ненароджаныя багаслаўляюць вас!»

Каб цябе выслухалі, часам трэба замаўчаць.

Не пішы сваё крэда на плоце.

Дна няма. Глыбей проста не пускаюць.

Люблю тых, што ўсходзяць там, дзе іх не сеялі.

Ці верую я? Ведае толькі Бог.

Якая гэта пакута! Вакол адны голыя жанчыны ў сукенках без дэкальтэ.

Жыў духоўным жыццём, але клапаціўся пра лаяльнасць цела.

Калі апярэджваеш свой час, падрыхтуйся чакаць яго не ў самым утульным памяшканні.

Ці мае права канібал прамаўляць ад імя тых, каго з'еў?

Існуюць пародыі на няісныя творы.

Прэч, д'ябал! У мяне рандэву з д'ябаліцай!

Неўміручы пісьменнік памірае ў сваіх эпігонах.

Чалавек - персона non grаtа.

Норавы падаюць на ўсё больш камфартабельныя ложкі.

Вяршыня ведаў пра чалавека -дасье таемнай паліцыі.

І механізм дыктатуры - не перпетуум мобіле.

Будзьма далікатныя! Не след пытацца ў людзей, ці жывуць яны.

Сцеражыся тэм, якіх нельга ўнікнуць!

Кожны глядач прыносіць у тэатр сваю акустыку.

Той, хто перажыў трагедыю, не быў яе героем.

Здараецца, што лаўры пускаюць карані ў галаву.

Абодва персанажы чорныя, але якія розныя фарбы!

На брудэршафт з Сакратамі п'юць цыкуту.

«Твор вытрымаў выпрабаванне часам». Трэба ўказаць - якім.

Бываюць п'есы такія слабыя, што не могуць нават сысці са сцэны.

Я не згодны з матэматыкамі: лічу, што сума нулёў дае вусцішную лічбу.

І раптам аўтар прачынаецца ў чэраве ў чытача, як Іёна ў чэраве ў левіяфана, але адчувае, што ён ужо дарэшты ператраўлены. Каб жа гэтае адчуванне доўжылася вечна!

Няшмат хто з людзей XIX стагоддзя прадбачыў, што пасля яго прыйдзе XX.

Не ўсе феніксы, адрадзіўшыся з попелу, апавядаюць пра сваё мінулае.

Мара рабоў: кірмаш, дзе можна купіць сабе гаспадара.

Ар'ергард колішняга авангарду - гэта зазвычай авангард новага ар'ергарду.

Шэдэўр зразумее нават дурань. Але ж наколькі іначай!

Глыбіню можна імітаваць размалёўкай.

Правакаваць трэба не інтэлектуалаў, а інтэлект.

Памыляймася калектыўна!

Інтэлектуальная вузасць пашыраецца.

Прапаноўваць прафесійным жанглёрам не гуляць з агнём - нетактоўна.

Крыжык насупроць некаторых прозвішчаў сёй-той мае за плюс.

Хараство не бескарыснае, яно існуе, прынамсі, дзеля таго, каб яго ненавідзелі.

Шмат каму з тых, што прыйшлі да мора адно памачыць ногі, давялося зрабіцца Калумбамі.

Якой багатай павінна быць дзяржава, каб дазволіць сабе з адной паловы сваіх жыхароў стварыць паліцыю, а другую палову трымаць за дзяржаўны кошт за кратамі.

Пераехаў з Садома ў Гамору.

Калі заселім пустэльні, страцім аазісы.

Гэта быў мысліцель прагрэсіўна-рэлігійны. Пагаджаўся, што чалавечы радавод пачынаецца ад малпы, але ад той, што ацалела ў Ноевым каўчэгу.

Кемлівы тыран давядзе да інфляцыі - а ўрэшце і да дэвальвацыі - Галгофы.

Як цяжка схаваць тое, што цябе не існуе.

Я перастаў быць скептыкам - паверыў у існаванне іманентнага зла.

Не падаўжайце жыццё летаргіяй!

Тыраны трымаюць чалавека ў зняволенні нават у ім самім.

Часам само алібі і ёсць злачынства.

Не давайце ім веры! Гэта Адысеі з компасамі.

Пашырэнне невуцтва таксама трэба навукова распрацаваць.

Сцеражыся матылькоў-аднадзёнак: у іх мала часу.




Крыніца: Lec S.J. Liryka, 1-2. - Kraków: Wydawnictwo literackie, 1977.
Пераклад: Уладзімір Арлоў

Беларуская Палічка: http://knihi.com