epub
 
падключыць
слоўнікі

Станіслаў Лем

Салярыс

ПРЫШЭЛЕЦ
САЛЯРЫСТЫ
ГОСЦІ
САРТОРЫУС
ХЭРЫ
«МАЛЫ АПОКРЫФ»
КАНФЕРЭНЦЫЯ
ПАЧВАРЫ
ВАДКІ КІСЛАРОД
РАЗМОВА
МЫСЛІЦЕЛІ
СНЫ
УДАЛЫ ВЫНІК
СТАРАЖЫТНЫ МІМОІД


ПРЫШЭЛЕЦ

 

А дзевятнаццатай гадзіне бартавога часу я прайшоў міма тых, хто сабраўся вакол шлюзавой камеры, і па металічных прыступках спусціўся ў капсулу. Месца ў ёй было акурат столькі, каб падняць локці. Я ўставіў наканечнік шланга ў штуцэр, які вытыркаўся са сцяны, і скафандр напоўніўся паветрам. Пасля гэтага я не мог ужо нават паварушыцца. Я стаяў — а дакладней — вісеў — у паветранай ложы, з'яднаны ў адно цэлае з металічнай шкарлупінай.

Узняўшы вочы, я ўбачыў праз выпуклую шыбу ілюмінатара сцены шахты і схілены над ёй твар Модарда. Пасля твар знік і запанавала цемра, бо зверху зачынілі цяжкі конусападобны абцякальнік. Я пачуў васьміразова паўтораны віск электраматораў, якія даціскалі шрубы. Пасля — шум паветра, якім напампоўвалі амартызатары. Вочы прывыклі да цемры. Я ўжо адрозніваў зеленаваты контур адзінага табло-паказальніка.

— Кельвін, ты гатовы? — пачулася ў слухаўках.

— Так, Модард, гатовы, — адказаў я.

— Не хвалюйся, Кельвін. Станцыя цябе прыме, — прамовіў ён. — У добры шлях!

Я не паспеў адказаць, бо нешта заскрыгатала ўгары і капсула здрыганулася. Я інстынктыўна напружыў мускулы, але ўсё супакоілася.

— Калі старт? — спытаўся я і пачуў шоргат, быццам зернейкі сама дробнага пяску сыпаліся ў мембрану.

— Ты ўжо ляціш, Кельвін. Бывай здаровы! — адказаў Модард.

Пакуль я гэта асэнсоўваў, насупраць майго твару адчынілася вялікая назіральная шчыліна, праз якую я ўбачыў зоркі. Дарэмна стараўся адшукаць Альфу Вадалея, да якой ляцеў «Праметэй». Неба тых ваколіц Галактыкі было невядомае, я не ведаў ніводнага сузор'я; у вузкім акенцы мільгаў іскрысты пыл. Я чакаў, калі затрымціць першая зорка. Не дачакаўся. Яны пачалі проста гаснуць і знікалі, расплываючыся ў рыжаватым небе. Я зразумеў, што знаходжуся ў верхніх слаях атмасферы. Нерухомы, атулены пнеўматычнымі падушкамі, я мог пазіраць толькі перад сабой. Усё яшчэ не было відно гарызонту. Я падаў, зусім гэтага не адчуваючы; цела маё паступова залівала гарачыня. Звонку пачуўся не надта гучны, пранізлівы віск — нібыта па мокрым шкле драпалі металам. Калі б не лічбы, што выскоквалі на табло, я нават не меў бы ўяўлення пра імклівасць падзення. Зоркі ўжо зніклі. Назіральнае акно свяцілася рыжым святлом. Я адчуваў гулкія ўдары пульсу, твар гарэў, па шыі гулялі халодныя павевы кандыцыянера; я пашкадаваў, што не ўдалося зірнуць на «Праметэй» — калі аўтаматы адчынілі назіральнае акно, ён знаходзіўся ўжо за мяжой бачнасці.

Капсула здрыганулася, пасля яшчэ, яе корпус моцна завібраваў, гэтая нязносная дрыготка пранізала ўсе ізаляцыйныя абалонкі, паветраныя падушкі і пранікла ў глыбіню майго цела — зеленаваты контур табло расплыўся. Але страху я не адчуваў. Не дзеля таго прыляцеў я з гэткай далечыні, каб загінуць ля самай цэлі.

— Станцыя Салярыс, — прамовіў я. — Станцыя Салярыс, Станцыя Салярыс! Зрабіце што-небудзь. Здаецца, я губляю стабілізацыю. Станцыя Салярыс, я прышэлец. Прыём.

І зноў я прамаргаў важны момант — з'яўленне планеты. Яна раптоўна распасцерлася перада мной — вялізная і пляскатая; па памерах палос на яе паверхні я вызначыў, што знаходжуся яшчэ далекавата. А дакладней — высакавата, бо мінуў ужо тую нябачную мяжу, пасля якой адлегласць да нябеснага цела становіцца вышынёй. Я падаў. Імкліва падаў. Адчуваў гэта нават з заплюшчанымі вачыма. Але я адразу ж іх расплюшчваў, бо хацеў убачыць як мага больш.

Трошкі перачакаў і зноў паўтарыў выклік. І на гэты раз не атрымаў адказу. У слухаўках залпамі паўтараўся трэск атмасферных разрадаў. Іх суправаджаў шум, такі глыбокі і нізкі, нібыта гэта быў голас самой планеты. Аранжавае неба ў назіральным акне зацягнулася бяльмом. Шкло стала цёмным; я міжволі скурчыўся, абмежаваны пнеўматычнымі бандажамі, але ў наступную ж хвілю зразумеў, што гэта хмары. Быццам здзьмухнутая ветрам, купка іх паляцела ўгору. Я шыбаваў далей, то на сонцы, то хаваючыся ў цень, капсула круцілася вакол вертыкальнай восі, і вялізны, нібы распухлы, сонечны дыск мерна праплываў перед маім тварам, з'яўляючыся з левага боку і адыходзячы ўправа. Раптоўна праз шум і трэск проста ў маё вуха ўварваўся далёкі голас:

— Прышэлец, я — Станцыя Салярыс. Прышэлец, я — Станцыя Салярыс. Усё ў парадку. Вы пад кантролем Станцыі. Прышэлец, я — Станцыя Салярыс. Падрыхтуйцеся да пасадкі ў момант нуль, паўтараю, падрыхтуйцеся да пасадкі ў момант нуль, увага, пачынаю. Дзвесце пяцьдзесят, дзвесце сорак дзевяць, дзвесце сорак восем...

Словы былі падзелены між сабою рэзкімі піскамі — сведчанне таго, што гаворыць не чалавек. Я здзівіўся. Звычайна ўсе, хто жывы, бягуць на пасадачную пляцоўку, калі прылятае нехта новы, асабліва з Зямлі. Але я не меў часу разважаць над гэтым, бо вялізны круг, які ўтварыла вакол мяне сонца, раптоўна стаў на дыбкі разам з раўнінай, што ляцела мне насустрач; пасля капсула нахілілася ў супрацьлеглы бок; я хістаўся, як дыск вялізнага маятніка, змагаючыся з галавакружэннем; на ўздыбленай, як сцяна, паверхні планеты, ссечанай брудна-ліловымі і чарнаватымі палосамі, я заўважыў невялікую шахматку з белых і зялёных кропак — арыентацыйны знак Станцыі. І адразу ж штосьці з трэскам адарвалася ад вяршыні капсулы — доўгі ашыйнік тармазнога парашута, які гучна зафыркаў; гэты гук нагадваў штосьці невыказна зямное — першы за гэтулькі месяцаў шум сапраўднага ветру.

Усё адбылося надзвычай хутка. Раней я толькі ведаў, што падаю. Зараз я гэта ўбачыў. Бела-зялёная шахматка імкліва павялічвалася, я заўважыў, што яна намалявана на прадаўгаватым, падобным на кіта, серабрыста-ільсняным корпусе, па баках якога вытыркаюцца іголкі радарных антэн. Галерэі аконных праёмаў былі цёмныя. Я адзначыў, што гэты металічны гігант не ляжыць на паверхні планеты, а вісіць над ёй, цягнучы на чарнільна-чорным фоне свой цень — эліптычную цёмную пляму яшчэ большай чарнаты. Адначасова я заўважыў ахінутыя фіялетавым туманам хвалі-барозны Акіяна, якія марудна вагаліся, затым хмары рвануліся высока ўгору, ахопленыя па берагах асляпляльным пурпурам, неба паміж імі стала далёкім і пляскатым, бура-аранжавым, і ўсё гэта раптам страціла абрысы: я ўваходзіў у штопар. Не паспеў апамятацца, як кароткі ўдар надаў капсуле вертыкальнае становішча, у назіральным акне аж да самага гарызонту ртутным святлом заіскрыўся ўсхваляваны Акіян; тросы і купалы парашута імгненна аддзяліліся, і вецер панёс іх над хвалямі. Капсула пачала мякка хістацца своеасаблівымі свабоднымі рухамі, як гэта звычайна бывае ў штучным сілавым полі, пасля абсунулася на дол. Апошняе, што я паспеў убачыць, гэта ўкратаваныя ўзлётныя катапульты і два, велічынёй у некалькі паверхаў, люстры ажурных радыётэлескопаў. Нешта прымусіла капсулу спыніцца, пачулася пранізлівае скрыгатанне сталі, якая пругка стукнулася аб сталь, унізе нешта адчынілася, і металічная шкарлупіна, у якой я сядзеў, з працяглым уздыхам знерухомела, закончыўшы сваё стовасьмідзесяцікіламетровае падарожжа.

— Я — Станцыя Салярыс. Нуль-нуль. Пасадка закончана. Канец, — пачуў я нежывы голас робата.

Абедзвюма рукамі (я адчуваў незразумелы ціск на грудзі, у жываце быў непрыемны цяжар) пацягнуў на сябе ручкі, што знаходзіліся на ўзроўні плячэй, і разлучыў кантакты. Засвяціўся зялёны надпіс «ЗЯМЛЯ», і сцяна капсулы адчынілася; пнеўматычнае ложа штурханула мяне ў спіну так, што я мусіў зрабіць крок наперад, каб не ўпасці.

З ціхім сыкам, падобным на самотны ўздых, паветра выйшла са скафандра. Я быў вольны.

Я стаяў пад высокай, як скляпенні храма, серабрыстай лейкай. Па сценах віліся пукі каляровых труб, што знікалі ў круглых калодзежах. Я павярнуўся. Гулі вентылятары, усмоктваючы рэшткі атрутнай планетнай атмасферы, якая пранікла сюды пад час пасадкі. Пустая, як трэснуты кокан, сігара капсулы стаяла на дне круглай чашы стальнога ўзвышэння. Яе вонкавая абшыўка абсмалілася і мела брудна-барвовы колер. Я спусціўся па невялікім схіле. Далей на метале быў навараны слой шурпатага пластыку. Там, дзе звычайна каціліся каляскі пад'ёмнікаў ракет, пластык быў працёрты аж да сталі. Раптам вентылятары сціхлі, і ўсталявалася глыбокая цішыня. Я бездапаможна азіраўся, чакаючы з'яўлення якога-небудзь чалавека, але ніхто не падыходзіў. Толькі свяцілася неонавая стрэлка, паказваючы на бясшумны эскалатар. Я ступіў на яго стужку. Парабалічныя скляпенні залы паступова пераходзілі ў цыліндрычны тунель. У яго нішах ляжала мноства балонаў са сціснутым газам, кантэйнераў, парашутаў, скрынак. Гэта мяне таксама здзівіла. Эскалатар заканчваўся ля круглай пляцоўкі тунеля. Тут панаваў яшчэ большы кавардак. З-пад кучы бляшанак расплылася алейная лужына. Непрыемны, рэзкі пах стаяў у паветры. У розныя бакі разыходзіліся сляды ад ботаў, выразна адціснутыя ў гэтай ліпучай цечы. Паміж бляшанкамі, быццам вынесеныя з кабін, валяліся скруткі белых тэлеграфных стужак, шматкі паперы, смецце. І зноў засвяціўся зялёны паказальнік, скіроўваючы мяне да сярэдзіны дзвярэй. За імі быў такі вузкі калідор, што два чалавекі наўрад ці здолелі б тут размінуцца. Святло трапляла сюды праз высокія, з падвойна выпуклымі шыбамі, ілюмінатары, нацэленыя ў неба. Яшчэ адны дзверы, размаляваныя бела-зялёнымі клеткамі, былі прачынены. Я ўвайшоў усярэдзіну. Паўкруглая кабіна мела адно вялікае панарамнае акно; у ім палымнела затуманенае неба. Унізе бясшумна хісталіся чарнаватыя грабяні хваляў. У сценах было шмат адчыненых шкапчыкаў. У іх ляжалі інструменты, кнігі, брудныя шклянкі, запыленыя тэрмасы. На бруднай падлозе стаяла пяць ці шэсць механічных самаходных столікаў, паміж імі некалькі паніклых надзіманых крэслаў — паветра з іх было часткова выпушчана. Толькі адно, з адхіленай уніз спінкай, было запоўнена. На ім сядзеў малы хударлявы чалавек з абпаленым на сонцы тварам. Скура палосамі злазіла з яго носа і скулаў. Гэта быў Снаўт, намеснік Гібарыяна, кібернетык. Калісьці ён надрукаваў у «Салярыстычным альманаху» некалькі надзвычай арыгінальных артыкулаў. Я ніколі раней не бачыў Снаўта. Ён быў у сеткаватай кашулі, праз вочкі якой вытыркаліся асобныя валасіны, што кусціліся на запалых грудзях, і калісьці белых зрэбных штанах, з плямамі на каленях і прапаленых рэактывамі, з мноствам кішэняў, як у мантажніка. У руках ён трымаў пластыкавую грушу, такую, з якіх наталяюць смагу на караблях, пазбаўленых штучнай гравітацыі. Снаўт пазіраў на мяне як аслеплены яркім святлом. З растапыраных пальцаў выпала груша і, нібы мяч, некалькі разоў падскочыла. З яе выліліся рэшткі празрыстай вадкасці. Паступова ўся кроў адхлынула ад твару Снаўта. Я быў надта разгублены, каб прамовіць хоць слова, і гэтая маўклівая сцэна доўжылася да таго часу, пакуль яго страх нейкім незразумелым чынам не перадаўся і мне. Я ступіў наперад. Ён скурчыўся ў крэсле.

— Снаўт... — шапнуў я.

Ён здрыгануўся як ад удару. Пазіраючы на мяне з невыказнай агідай, ён прахрыпеў:

— Я не ведаю цябе, я не ведаю цябе, што ты хочаш?..

Разлітая вадкасць хутка выпарылася. Запахла алкаголем. Снаўт піў. Ён быў п'яны? Але чаго ён так баіцца? Я па-ранейшаму стаяў пасярод кабіны. Калені мае дрыжалі, а вушы былі нібы заткнутыя ватай. Падлога хісталася пад нагамі. За выпуклай шыбай акна мерна калыхаўся Акіян. Снаўт не спускаў з мяне налітых крывёю вачэй. Страх знікаў з яго твару, але не знікала неверагодная агіда да мяне.

— Што з табой?.. — спытаўся я ціха. — Ты хворы?

— Ты турбуешся?.. — глуха сказаў ён. — Ага. Ты будзеш турбавацца, праўда? Але чаму пра мяне? Я не ведаю цябе.

— Дзе Гібарыян? — спытаўся я.

На секунду ён перастаў дыхаць, яго вочы зноўку сталі шклянымі, штосьці ў іх успыхнула і патухла.

— Гі... Гіба... — выціснуў ён. — Не! Не!!!

Снаўт затросся ад бязгучнага, ідыёцкага смеху, які раптоўна ж і спыніўся.

— Ты прыйшоў да Гібарыяна?.. — прамовіў ён амаль спакойна. — Да Гібарыяна? Што ты хочаш з ім зрабіць?

Ён пазіраў на мяне так, нібы я адразу перастаў уяўляць для яго небяспеку; у яго словах, а хутчэй у іх тоне гучала невыносная агіда.

— Што ты кажаш... — выціснуў я, аглушаны. — Дзе ён?

Снаўт аслупянеў.

— Ты не ведаеш?..

Ён п'яны, падумаў я. П'яны да непрытомнасці. Я раззлаваўся. Вядома, я мусіў бы пайсці, але маё цярпенне лопнула.

— Апамятайся! — выгукнуў я. — Адкуль я магу ведаць, дзе ён, калі я толькі што прыляцеў! Што з табой робіцца, Снаўт!!!

У яго адвісла сківіца. На хвіліну ён зноў перастаў дыхаць, але неяк інакш, чым першы раз, раптоўны бляск з'явіўся ў яго ў вачах. Дрыготкімі рукамі ён схапіўся за поручні крэсла і ўстаў з такой цяжкасцю, што аж затрашчалі суставы.

— Што? — прамовіў ён амаль цвяроза. — Прыляцеў? Адкуль прыляцеў?

— З Зямлі, — адказаў я са злосцю. — Ты мо чуў пра яе? Але мне здаецца, што не чуў!

— З Зя... о, неба... Дык ты — Кельвін?!

— Ага. Чаго ты так пазіраеш? Што тут дзіўнага?

— Нічога, — прамовіў ён, часта плюскаючы вачыма. — Нічога.

Снаўт пачухаў лоб.

— Прабач, Кельвін, гэта так, ведаеш, проста туман нейкі. Я не чакаў...

— Як не чакаў? Вы ж атрымалі паведамленне некалькі месяцаў таму, а Модард тэлеграфаваў яшчэ і сёння, з борта «Праметэя»...

— Так. Так... вядома, толькі бачыш, тут пануе гэткі расхэйдус.

— Бадай што так, — адказаў я суха. — Цяжка гэтага не заўважыць.

Снаўт абышоў вакол мяне, быццам правяраў, як выглядае мой скафандр, сама звычайны на свеце скафандр — са шлангамі і правадамі на грудзях. Некалькі разоў кашлянуў. Даткнуўся да вострага носа.

— Мо хочаш памыцца?.. Гэта цябе ўзбадзёрыць. Блакітныя дзверы на супрацьлеглым баку.

— Дзякую. Я ведаю, дзе што на Станцыі.

— Ты мо галодны?..

— Не. Дзе Гібарыян?

Снаўт падышоў да акна, прапусціўшы міма вушэй маё пытанне. Павярнуўся спінай да мяне. Зараз ён здаваўся значна старэйшым. Кароткія валасы былі сівыя, шыя, абпаленая сонцам, здратаваная глыбокімі маршчынамі. За акном бліскалі вялізныя грабяні хваль, якія падымаліся і апускаліся так марудна, нібыта Акіян застываў. Гледзячы на гэта, здавалася, што Станцыя пакрысе перасоўваецца бокам, быццам спаўзае з нябачнай апоры. Пасля яна вярталася на ранейшае месца і гэтаксама ляніва нахілялася ў іншы бок. Але гэта было, відаць, аптычным падманам. Шматкі слізкай крывава-чырвонай пены збіраліся ва ўпадзінах паміж хвалямі. Праз імгненне мне стала блага. Строгі парадак на «Праметэі» я згадаў як нешта дарагое, беззваротна страчанае.

— Паслухай... — неспадзявана азваўся Снаўт, — часова толькі я... — Ён павярнуўся. Нервова паціраў рукі. — Ты мусіш задавальняцца толькі маім таварыствам. Пакуль што. Называй мяне Мышанём. Ты ведаеш мяне толькі па фотаздымку, але гэта не важна, мяне ўсе так завуць. Прызнаюся, што ад гэтага няма рады. Прыдумка бацькоў, якія захапляліся касмічнымі справамі, таксама не лепшая, зрэшты, і Мышаня гучыць не надта...*

* Гаворка пра імя Снаўт — ад англ. snout: сапло. (Тут і далей заўвагі перакладніка.)

— Дзе Гібарыян? — настойліва спытаў я яшчэ раз.

Снаўт заплюскаў вачыма.

— Мне прыкра, што я так сустрэў цябе. Гэта... не толькі мая віна. Я зусім забыўся, ведаеш, тут такое адбывалася...

— Ат, якое гэта мае значэнне, — перапыніў я. — Не будзем пра гэта. Што з Гібарыянам? Яго няма на Станцыі? Ён некуды паляцеў?

— Не, — адказаў Снаўт. Ён пазіраў у кут, застаўлены шпулямі кабелю. — Нікуды ён не паляцеў. І не паляціць. Іменна таму, уласна... між іншым...

— Што? — спытаўся я. Мае вушы па-ранейшаму былі заложаныя, і мне здавалася, што я дрэнна чую. — Што гэта азначае? Дзе ён?

— Ты ж усё ведаеш, — прамовіў ён зусім іншым тонам.

Ён так холадна пазіраў мне ў вочы, што я аж сцепануўся. Мо ён і быў п'яны, але ведаў, што кажа.

— Штосьці здарылася?..

— Ага.

— Няшчасце?

Снаўт кіўнуў галавой. Ён не толькі падтакваў, а і правяраў маю рэакцыю.

— Калі?

— Сёння на світанні.

Дзіўна, але я не адчуў трывогі. Гэтая кароткая перамова аднаскладовымі пытаннямі і адпаведнымі адказамі супакоіла мяне сваёй прадметнасцю. Мне здалося, што я разумею яго дзіўныя паводзіны.

— Як гэта адбылося?

— Пераапраніся, уладкуй свае рэчы і вяртайся сюды... скажам... праз гадзіну.

Хвіліну я вагаўся.

— Добра.

— Пачакай, — прамовіў ён, калі я накіраваўся да дзвярэй.

Ён пазіраў на мяне неяк дзіўна. Я бачыў, што ён не можа вымавіць тое, што яго хвалюе.

— Нас было трое, і цяпер, разам з табой, нас зноў трое. Ты ведаеш Сарторыуса?

— Як і цябе, па фотаздымку.

— Ён наверсе ў лабараторыі, і я не думаю, што ён да ночы выйдзе адтуль, але... ва ўсякім разе ты яго пазнаеш. Калі ты ўбачыш каго-небудзь яшчэ, разумееш, не мяне і не Сарторыуса, разумееш, дык...

— Дык што?

Я не ўпэўнены, што гэта не сон. На фоне чорных хваляў, якія крывава ільсняцца пад промнямі нізкага сонца, ён усеўся ў крэсла, як і раней, з апушчанай галавой, і пазіраў убок, на шпулі навітага кабелю.

— То... нічога не рабі.

— Каго я магу ўбачыць? Прывід?! — раззлаваўся я.

— Разумею. Ты думаеш, што я звар'яцеў. Не. Не звар'яцеў. Я не магу табе гэта растлумачыць... пакуль што. Зрэшты, магчыма... нічога і не здарыцца. Ва ўсякім разе памятай. Я цябе папярэдзіў.

— Аб чым?! Што ты гаворыш?

— Трымай сябе ў руках, — Снаўт упарта даводзіў сваё. — Паводзь сябе так, нібыта... Будзь гатовы да ўсяго. Гэта немажліва, я ведаю. Але ты ўсё-ткі паспрабуй. Гэта адзіная парада. Іншай я не ведаю.

— Але ШТО я ўбачу!!! — я амаль крычаў. Я ледзьве стрымліваўся, каб не схапіць яго за каўнер і не страсянуць як след. Я не мог глядзець, як ён сядзіць, уперыўшыся вачыма ў кут, са спакутаваным, спаленым на сонцы тварам і з цяжкасцю выціскае з сябе слова за словам.

— Я не ведаю. У пэўным сэнсе гэта залежыць ад цябе.

— Галюцынацыі?

— Не. Гэта — рэальна. Не... атакуй. Памятай.

— Што ты кажаш?! — азваўся я не сваім голасам.

— Мы не на Зямлі.

— Палітэрыі? Але ж яны наогул не падобныя на людзей! — усклікнуў я.

Я не ведаў, што рабіць, каб вывесці яго з таго стану, у якім ён знаходзіўся і ад якога стыла кроў у жылах.

— Іменна таму гэта так страшна, — прамовіў ён ціха. — Памятай: будзь асцярожны!

— Што сталася з Гібарыянам?

Снаўт не адказаў.

— Што робіць Сарторыус?

— Прыходзь праз гадзіну.

Я павярнуўся і выйшаў. Адчыняючы дзверы, паглядзеў на яго яшчэ раз. Ён сядзеў, скурчыўшыся, закрыўшы твар рукамі, маленькі, у заплямленых штанах. Я толькі цяпер заўважыў, што на костачках яго пальцаў запяклася кроў.

 

САЛЯРЫСТЫ

 

Цыліндрычны тунель быў пусты. Хвіліну я пастаяў перад зачыненымі дзвярыма, прыслухоўваючыся. Сцены, відаць, былі тонкія, звонку чулася скавытанне ветру. На дзвярах быў трохі коса і нядбала прылеплены прамавугольны кавалак пластыру з алоўкавым надпісам: «Чалавек». Я пазіраў на гэтае невыразна накрэмзанае слова. Праз хвіліну мне захацелася вярнуцца да Снаўта, але я зразумеў, што гэта немажліва.

Вар'яцкае папярэджанне яшчэ гучала ў маіх вушах. Я паварушыўся і адчуў на плячах надакучлівы цяжар скафандра. Ціха, нібы хаваючыся ад нябачнага назіральніка, я вярнуўся ў круглае памяшканне з пяццю дзвярыма. На іх былі таблічкі: «Д-р Гібарыян», «Д-р Снаўт», «Д-р Сарторыус». На чацвёртых дзвярах таблічкі не было. Я завагаўся, але ўсё-ткі націснуў на клямку і ціха адчыніў дзверы. Калі яны адчыніліся, мне здалося, што там нехта ёсць. Я ўвайшоў.

Нікога не было. Такі ж самы, толькі крыху меншы, выпуклы ілюмінатар, нацэлены на Акіян, які тут — пад сонцам — тлуста ільсніўся, нібыта з хваляў сплываў чырвоны аліўкавы алей. Пурпуровы водбліск запаўняў увесь пакой, падобны на карабельную каюту. З аднаго боку стаялі паліцы з кнігамі, паміж імі вертыкальна да сцяны быў замацаваны адкідны ложак на карданах, з другога — было поўна шкапчыкаў, паміж якімі ў нікеляваных рамках, звязаных пасамі, віселі касмічныя здымкі, на металічных штатывах стаялі колбы і прабіркі, пазатыканыя ватай, пад акном двума радамі стаялі белыя эмаляваныя скрыні, між якімі цяжка было прайсці. Накрыўкі некаторых былі адкінутыя — у скрынях мноства інструментаў, пластыкавых шлангаў, у абодвух кутах знаходзіліся краны, выцяжкі дыму, маразільнікі, мікраскоп стаяў на падлозе, бо яму не хапіла месца на вялізным стале ля акна. Калі я павярнуўся, то ля ўваходных дзвярэй убачыў высозную, да самай столі, прачыненую шафу, запоўненую камбінезонамі, рабочымі і ахоўнымі халатамі, на паліцах ляжала бялізна, паміж халявамі антырадыяцыйных ботаў паблісквалі алюмініевыя бутэлькі для партатыўных кіслародных апаратаў. Два апараты разам з маскамі віселі на спінцы паднятага ўгору ложка. Усюды панаваў такі самы, толькі яшчэ большы, нібыта ад спешкі, беспарадак і хаос. Я прынюхаўся, слаба пахла хімічнымі рэактывамі і нечым едкім — хіба што хлорам? Міжволі пашукаў вачыма ў кутах ля столі закратаваныя вентыляцыйныя адтуліны. Прыклееныя да іх рамак палосы паперы трымцелі, гэта сведчыла, што кампрэсары падтрымліваюць нармальны ток паветра. Я перанёс кнігі, апаратуру і інструменты з двух крэслаў у кут, парасстаўляў іх як удалося, у выніку чаго вакол ложка паміж шафай і паліцамі з'явілася крыху вольнага месца. Прыцягнуў вешалку, каб павесіць на яе скафандр, узяўся пальцамі за хвосцік замка-маланкі, але адразу ж яго адпусціў. Я ніяк не мог адважыцца скінуць скафандр, нібыта з-за гэтага мог стаць безабаронным. Яшчэ раз абвёў позіркам увесь пакой, упэўніўся, ці добра зачынены дзверы, бо ў іх не было замка, пасля кароткага вагання падсунуў да іх дзве найцяжэйшыя скрыні. Забарыкадаваўшыся такім чынам, я трыма заходамі вызваліўся з маёй цяжкай, скрыпучай абалонкі. У вузкім люстэрку на ўнутранай паверхні шафы адлюстроўвалася частка пакоя. Краем вока я заўважыў там нейкі рух, сарваўся з месца, але зразумеў, што гэта мой уласны адбітак. Трыкатажны касцюм пад скафандрам быў увесь прапацелы. Скінуў яго і штурхануў шафу. Яна адсунулася, у нішы за ёй блішчалі сцены мініяцюрнай душавой. На падлозе пад душам ляжала вялізная пляскатая скрынка. З цяжкасцю вынес яе ў пакой. Калі апускаў на падлогу, века яе адскочыла, нібы было на пружыне, і я ўбачыў асобныя аддзяленні, запоўненыя дзіўнымі экспанатамі: шмат скарыкатураных альбо толькі першасных нарыхтовак інструментаў з цёмнага металу, часткова падобных на тыя, што ляжалі ў шкапчыках. Усе яны былі не для ўжытку, недапрацаваныя, скрыўленыя, аплаўленыя, быццам вынесеныя з пажару. Сама дзіўнае, што гэткія ж сляды пашкоджання былі нават на керамзітавых, практычна не плаўкіх ручках. Ніводная лабараторная печ не давала тэмпературы для іх плаўлення — хіба што ўнутры атамнага рэактара. З кішэні свайго развешанага скафандра я дастаў малы індыкатар выпраменьвання, але яго чорная галоўка маўчала, калі я наблізіў яе да гэтых дзіўных інструментаў.

Я быў толькі ў плаўках і сеткаватай майцы. Скінуў і іх, шпурнуў на падлогу, як анучы, і стаў пад душ. Адразу адчуў прыемнасць. Я круціўся пад пругкімі гарачымі струменямі, масіраваў цела, пырскаўся так старанна, нібы хацеў змыць з сябе тую незразумелую, атраўленую падазрэннямі няпэўнасць, што перапаўняла Станцыю.

Я знайшоў у шафе лёгкі трэніровачны касцюм, які можна насіць і пад скафандрам, пераклаў у кішэні ўвесь мой скупы набытак; паміж старонкамі запісной кніжкі я адчуў штосьці цвёрдае, гэта быў ключ ад маёй зямной кватэры, але я не ведаў, як ён трапіў туды. З хвіліну я круціў яго ў пальцах, не ведаючы, што з ім рабіць. Нарэшце паклаў на стол. Пасля прыйшло ў галаву, што, магчыма, мне спатрэбіцца якая-небудзь зброя. Універсальны сцізорык, вядома, не зброя, але нічога іншага я не меў. Аднак я не быў яшчэ ў такім стане, каб шукаць прамянёвую зброю альбо што-небудзь іншае. Я ўсеўся ў металічнае крэсла пасярод вызваленай ад рэчаў плошчы, далей ад розных прадметаў. Хацелася пабыць аднаму. Я з задавальненнем адзначыў, што ў мяне ёсць яшчэ больш чым паўгадзіны часу; нічога не парадзіш, у маёй натуры скрупулёзнасць ва ўсім — ці то ў важным, ці то ў дробязях. Стрэлкі на дваццацічатырохгадзінным цыферблаце стаялі на сямі. Сонца заходзіла. Сёмая гадзіна мясцовага часу азначала дваццаць гадзін бартавога часу на «Праметэі». На экранах Модарда Салярыс, відаць, ужо зрабілася малюсенькай іскаркай і нічым не адрознівалася ад зорак. Але якія стасункі са мной мог мець «Праметэй»? Я заплюшчыў вочы. Панавала абсалютная цішыня, калі не лічыць раўнамернага мяўкання труб. У душавой вада капала на парцэляну.

Гібарыяна няма сярод жывых. Калі я добра зразумеў, што казаў Снаўт, то з моманту яго смерці мінула ўсяго некалькі гадзін. Што зрабілі з целам? Пахавалі? Праўда, на такой планеце зрабіць гэта было немажліва. Я доўга разважаў над гэтым, нібыта лёс мёртвага быў сама важнай праблемай; пасля я ўсвядоміў марнасць гэтых разважанняў, устаў і пачаў хадзіць з кута ў кут, чапляючыся нагой за бязладна параскіданыя кніжкі, за нейкі малы і пусты планшэт; я нахіліўся і падняў яго. Ён быў не пусты. Там ляжала бутэлька з цёмнага шкла, такая лёгкая, быццам зробленая з паперы. Я паглядзеў праз яе ў акно, на панура-чырвоны, затуманены бруднай імглой заход сонца. Што гэта са мной? Навошта звяртаю ўвагу на ўсялякую брыдоту, на любую дробязь, што трапляе ў рукі?

Я здрыгануўся, бо запалілася святло. Відаць, гэта спрацаваў фотаэлемент. Я ўсё яшчэ нечага чакаў, напружанне ўзнялося да такой ступені, што ўрэшце я ўжо не мог трываць пустаты за спінай. Вырашыў перамагчы гэтае адчуванне. Падсунуў крэсла да паліц. Выцягнуў добра знаёмы мне другі том старой манаграфіі Х'юза і Эйгеля «Гісторыя планеты Салярыс» і пачаў яго гартаць, паклаўшы тоўстую кнігу на калена.

Адкрыццё Салярыс адбылося амаль за сто гадоў да майго нараджэння. Планета круціцца вакол двух сонцаў — чырвонага і блакітнага. На працягу сарака гадоў з гакам да яе не наблізіўся ніводзін касмічны карабель. У тыя часы тэорыя Гамава — Шэплі аб немажлівасці ўзнікнення жыцця на планетах двайных зорак лічылася аксіёмай. Арбіты такіх планет няспынна мяняюцца ў выніку гравітацыйных адхіленняў, выкліканых пад час кручэння абодвух сонцаў адносна адно аднаго.

Узніклыя пертурбацыі папераменна скарачаюць і расцягваюць арбіту планеты, і запачаткаванні жыцця, калі яны з'яўляюцца, знішчае то прамянёвая гарачыня, то лядовы холад. Такія змены адбываюцца на працягу мільёнаў гадоў, гэта значыць, паводле астранамічнага альбо біялагічнага пункту гледжання, за вельмі кароткі час (бо эвалюцыя патрабуе сотні мільёнаў, калі не мільярды гадоў).

Паводле першасных падлікаў, праз пяцьсот тысяч гадоў Салярыс мела наблізіцца да свайго чырвонага сонца на паўпарсека, а яшчэ праз мільён гадоў упасці ў распаленую сонечную бездань.

Але ўжо праз некалькі гадоў вучоныя пераканаліся, што траекторыя планеты зусім не выяўляе чаканых змен і з'яўляецца пастаяннай, такой жа пастаяннай, як траекторыі планет нашай Сонечнай сістэмы.

Былі паўтораны, на гэты раз з максімальнай дакладнасцю, назіранні і разлікі, якія пацвердзілі толькі тое, што было ўжо вядома: Салярыс мае непастаянную арбіту.

Да гэтай пары Салярыс была адной з соцень штогод адкрываемых планет, пра якія ў вялікіх стотысячных табліцах маецца ўсяго некалькі радкоў асноўных звестак пра іх рух. Цяпер Салярыс перайшла ў ранг нябесных цел, якія варты асаблівай увагі.

Праз чатыры гады пасля гэтага адкрыцця планету абляцела экспедыцыя Атэншэльда, які даследаваў Салярыс з «Лаакаона» ў суправаджэнні двух дапаможных касмічных караблёў. Тая экспедыцыя насіла характар рэкагнасцыроўкі, імправізаванага доследу, тым больш што яна не магла зрабіць пасадку. Яна толькі вывела на экватарыяльныя і палярныя арбіты значную колькасць аўтаматычных спадарожнікаў-назіральнікаў, галоўнай задачай якіх з'яўляліся замеры гравітацыйных патэнцыялаў. Акрамя таго, была даследавана паверхня планеты, якую амаль цалкам пакрываў Акіян, і толькі невялікія ўзгор'і ўзвышаліся над яго ўзроўнем. Іх агульная плошча не раўнялася тэрыторыі Эўропы, хоць дыяметр Салярыс быў на дваццаць адсоткаў большы, чым Зямлі. Гэтыя бязладна параскіданыя астраўкі скалістай і пустыннай сушы тоўпіліся галоўным чынам у паўднёвым паўшар'і. Быў вывучаны таксама састаў атмасферы, пазбаўленай кіслароду, і надзвычай пільна замерана шчыльнасць планеты, а таксама яе асветленасць і іншыя астранамічныя характарыстыкі. Як і чакалася, не ўдалося знайсці ніякіх слядоў жыцця ні на сушы, ні ў Акіяне.

На працягу наступных дзесяці гадоў Салярыс, якая ўжо знаходзілася ў цэнтры ўвагі ўсіх абсерваторый гэтага рэгіёна, выяўляла настойлівую тэндэнцыю да захавання сваёй, без усялякага сумнення, гравітацыйна нетрывалай арбіты. Праз нейкі час справа запахла скандалам, калі віну за гэтыя вынікі назіранняў паспрабавалі зваліць (у клопаце пра навуку) то на пэўных людзей, то на вылічальныя машыны, якімі гэтыя людзі карысталіся.

З-за адсутнасці сродкаў навуковая салярыстычная экспедыцыя затрымалася яшчэ на тры гады, аж да таго часу, пакуль Шанаган, скамплектаваўшы экіпаж, не атрымаў ад Інстытута тры караблі танажу С, касмадромнага класа. За паўтара года да з'яўлення экспедыцыі, якая стартавала ў раёне Альфы Вадалея, другі даследчы флот вывеў, па даручэнні Інстытута, на ваколсалярысную арбіту аўтаматычны Сатэлоід — Месяц 247. Гэты Сатэлоід пасля трох чарговых рэканструкцый, якія падзялялі дзесяцігоддзі, працуе да сённяшняга дня. Звесткі, якія ён сабраў, канчаткова пацвердзілі назіранні экспедыцый Атэншэльда пра актыўны характар руху Акіяна.

Адзін карабель Шанагана застаўся на высокай арбіце, а два іншыя пасля папярэдняй падрыхтоўкі зрабілі пасадку на скалістым ускрайку сушы, які займаў каля шасцісот квадратных міль, ля паўднёвага полюса Салярыс. Праца экспедыцыі скончылася праз васемнаццаць месяцаў і была ў цэлым паспяховая, калі не лічыць аднаго няшчаснага выпадку з-за непаладкаў апаратуры. Аднак у стане навукоўцаў, што ўваходзілі ў экспедыцыю, адбыўся падзел на два варожыя лагеры. Прадметам спрэчкі стаў Акіян. На падставе аналізу яго палічылі арганічным утварэннем (назваць яго жывым тады яшчэ ніхто не пасмеў). Аднак калі біёлагі бачылі ў ім прымітыўнае ўтварэнне — нешта накшталт вялізнага суклецця, а дакладней, адну, дзівосна выраслую вадкую клетку (яны называлі гэта «дабіялагічнай фармацыяй»), што абгортвала ўсю планету сцюдзяністым покрывам, якое дзе-нідзе дасягала некалькі міль, — то астраномы і фізікі сцвярджалі, што гэта павінна быць надзвычай высокаарганізаваная структура; па складанасці будовы яна, магчыма, пераўзыходзіла зямныя арганізмы, бо магла актыўна ўплываць на фармаванне планетнай арбіты. Ніякай іншай прычыны паводзін Салярыс знайсці не ўдалося, акрамя таго, планетолагі выявілі сувязь паміж некаторымі працэсамі ў плазматычным Акіяне і мясцовым гравітацыйным патэнцыялам, які мяняўся ў залежнасці ад акіяннага «абмену рэчываў».

Так фізікі, а не біёлагі, прапанавалі парадаксальную фармулёўку — «плазматычная машына», разумеючы пад гэтым утварэнне ў нашым значэнні, магчыма, і не жывое, але здольнае да мэтанакіраваных дзеянняў — адразу дадамо — у астранамічным маштабе.

У гэтай спрэчцы, якая за некалькі тыдняў, як вір, уцягнула ўсе сама знакамітыя аўтарытэты, упершыню за восемдзесят гадоў захісталася дактрына Гамава — Шэплі.

Нейкі час яе спрабавалі яшчэ бараніць, даказваючы, што Акіян не мае нічога агульнага з жывой матэрыяй, што ён з'яўляецца нават не «па-за» або «дабіялагічным» утварэннем, а толькі геалагічнай фармацыяй, вядома, нязвыклай, але здольнай стабілізаваць арбіту Салярыс з дапамогай змены сіл прыцягнення; абаронцы спасылаліся пры гэтым на прынцып Ле-Шатэлье.

Насуперак гэтай кансерватыўнай думцы з'яўляліся гіпотэзы, якія абвяшчалі — адна з найбольш распрацаваных гіпотэза Чывіта — Віта, — што Акіян уяўляе прадукт дыялектычнага развіцця: ад сваёй першапачатковай формы — ад праакіяна, раствору ляніва рэагуючых хімічных рэчываў, ён здолеў пад націскам неспрыяльных умоў (гэта значыць пагрозлівых для яго існавання змяненняў арбіты) перайсці, ігнаруючы ўсе зямныя ступені развіцця — з'яўленне адна- і шматклеткавых арганізмаў, раслінную і жывёльную эвалюцыі, ігнаруючы ўтварэнне нервовай сістэмы і мозгу — адразу пераскочыць у стадыю «гомеастатычнага Акіяна». Інакш кажучы, у адрозненне ад зямных арганізмаў, якія сотні мільёнаў гадоў прыстасоўваліся да навакольнага асяроддзя і толькі ў канцы гэтага працяглага перыяду запачаткавалі разумныя істоты, Акіян адразу ж запанаваў над навакольнымі ўмовамі.

Усё гэта было вельмі арыгінальна, толькі ніхто па-ранейшаму не ведаў, якім чынам сцюдзяністы сіроп можа стабілізаваць арбіту нябеснага цела. Амаль спрадвеку былі вядомы механізмы, якія стваралі штучнае сілавое і гравітацыйнае поле — гравітатары, — але ніхто нават не думаў, што аморфная жыжка можа даваць эфект, які ўяўляе — у гравітатарах — вынік складаных ядзерных рэакцый і высокіх тэмператур. У газетах, захліснутых дзеля забавы чытачоў і дзеля страху вучоных сама брыдкімі выдумкамі на тэму «тайна планеты Салярыс», сустракаліся нават такія сцвярджэнні, што планетны Акіян з'яўляецца... далёкім родзічам зямных электрычных вугроў.

Калі хоць у нейкай ступені ўдавалася вырашыць адну праблему, высвятлялася, як гэта пасля неаднаразова было з Салярыс, што замест адной загадкі ўзнікала другая, яшчэ больш неверагодная.

Даследаванні паказалі, што Акіян не дзейнічае па прынцыпу нашых гравітатараў (гэта было б, зрэшты, немажліва), а валодае здольнасцю непасрэдна мадэляваць метрыку часу-прасторы, што вядзе, між іншым, да адхіленняў у вымярэнні часу на адным і тым жа мерыдыяне Салярыс. Такім чынам Акіян не толькі ў пэўным сэнсе ведае тэорыі Эйнштэйна — Беві, але нават здолеў іх скарыстаць (што не скажаш пра нас).

Калі гэта стала вядома, у навуковым свеце выбухнула адна з сама значных у нашым стагоддзі сенсацый. Сама непарушныя, усімі прызнаныя тэорыі рухнулі, у навуковай літаратуры з'явіліся вельмі ерэтычныя артыкулы, усіх распаліла альтэрнатыва «геніяльны Акіян» або «гравітацыйная сцюдзяністасць».

Усё гэта адбывалася за добрыя дваццаць гадоў да майго нараджэння. Калі я хадзіў у школу, Салярыс, зыходзячы з выяўленых пазней фактаў, ужо была прызнана планетай, на якой маецца жыццё — праўда, усяго толькі адзін насельнік...

Другі том Х'юза і Эйгеля, які я гартаў амаль механічна, пачынаўся сістэматыкай, гэткай жа арыгінальнай, як і забаўнай. У класіфікацыйнай табліцы стаялі па чарзе: тып — палітэрыі (Роlіtеrіа), род — суклетныя (Sуnсуtіаlіа), клас — метаморфныя (Меtаmоrрhа).

Нібыта нам было вядома Бог ведае колькі экземпляраў гэтага гатунку, у той час, як прадстаўнік быў толькі адзін, праўда, важыў ён семнаццаць більёнаў тон.

Пад маімі пальцамі мільгалі каляровыя дыяграмы, квяцістыя графікі, спектральныя аналізы, якія дэманстравалі тып і тэмп асноўнага абмену, яго хімічныя рэакцыі. Чым далей я залазіў у тоўсты том, тым больш на яго мелаваных старонках было матэматыкі; можна было меркаваць, што нашыя веды пра гэтага прадстаўніка класа метаморфных, які ляжаў, спавіты цемрай чатырохгадзіннай ночы, за некалькі сотняў метраў пад сталёвым дном Станцыі, надзвычай дасканалыя.

На самай справе яшчэ не ўсе прыйшлі да думкі, ці «істота» гэта наогул, ужо не кажучы пра тое, ці можна назваць Акіян разумным. Я паставіў тоўсты том на паліцу і дастаў наступны. Ён складаўся з дзвюх частак. Першая была прысвечана вынікам эксперыментаў, праведзеных пад час бясконцых спробаў наладзіць кантакт з Акіянам. Гэтая спроба, я добра памятаў яшчэ са студэнцкіх гадоў, выклікала бясконцыя анекдоты, кпіны і досціпы; у параўнанні з тымі джунглямі, у якія завяло вучоных пытанне пра кантакт, нават сярэдневяковая схаластыка здавалася зразумелым і даступным акадэмічным курсам, які не выклікае цяжкасцей. Другую частку тома, у якой была амаль тысяча трыста старонак, займала толькі бібліяграфія прадмета. Арыгінальная ж літаратура, напэўна, не змясцілася б у пакоі, дзе я сядзеў.

Першыя спробы кантакту адбываліся з дапамогай спецыяльных электронных апаратаў, якія трансфармуюць імпульсы, што пасылаюцца ў абодва напрамкі. Сам Акіян пры гэтым браў актыўны ўдзел у выпрацоўцы такіх апаратаў. Але ўсё гэта адбывалася ўсляпую. Што значыла «браў удзел у выпрацоўцы»? Акіян мадыфікаваў пэўныя элементы апушчаных у яго прыбораў, у выніку чаго змяняліся рытмы разрадаў, якія запісваліся, апараты для рэгістравання адзначалі мірыяды сігналаў, што нагадвалі абрыўкі найскладанейшых матэматычных аперацый, але што ўсё гэта азначала? Мо гэта былі звесткі пра часовае ўзбуджэнне Акіяна? А мо гэта імпульсы, якія дзесьці далёка, за тысячы міль ад даследнікаў, нараджаліся яго вялізнымі ўтварэннямі? А мо перакладзеныя на незразумелую электронную мову адлюстраванні спрадвечных ісцін гэтага Акіяна? Або яго творы мастацтва? Хто гэта мог ведаць, калі немагчыма было атрымаць адну і тую ж рэакцыю на раздражняльнік? Калі Акіян адгукаўся то выбухам імпульсаў, якія ледзь не разносілі на кавалкі апаратуру, то глухім маўчаннем? Калі ніводзін дослед нельга было паўтарыць? Увесь час здавалася, што мы вось-вось расшыфруем няспынна нарастаючую лавіну запісаў, і спецыяльна для вывучэння гэтай інфармацыі ствараліся электронныя машыны такой магутнасці, якой не патрабавала дасюль вырашэнне ніводнай праблемы. Сапраўды, некаторыя вынікі ўдалося атрымаць. Акіян — крыніца электронных, магнітных, гравітацыйных імпульсаў — гаварыў быццам на матэматычнай мове; пэўныя выбухі яго разрадаў можна было класіфікаваць, выкарыстоўваючы найбольш абстрактныя раздзелы зямной матэматыкі, тэорыю множнасці; там з'яўляліся гамолагі структур, вядомых у той галіне фізікі, якая займаецца пытаннямі ўзаемаадносін энергіі і матэрыі, канечных і бесканечных велічынь, часціц і палёў — усё гэта схіляла вучоных да высновы, што яны маюць перад сабой пачвару, якая мысліць, нешта накшталт протаплазматычнага мора-мозгу, якое шматразова разраслося і абвіло ўсю планету і якое бавіць час у нябачных па сваёй шырыні тэарэтычных развагах пра сутнасць Сусвету, а нашыя апараты ловяць толькі нязначныя, выпадкова падслуханыя абрыўкі гэтага спрадвечнага, глыбіннага, даўжэзнага маналога, які пераўзыходзіць усялякую мажлівасць нашага разумення.

Такая думка матэматыкаў. Іхнія гіпотэзы былі акрэслены аднымі як грэбаванне чалавечымі магчымасцямі, як пакланенне нечаму, чаго мы яшчэ не разумеем, але што дае падставы сказаць пра аднаўленне старадаўняй дактрыны «Іgnоrаmus еt іgnоrаbіmus»*; другія ж лічылі, што ўсё гэта шкодныя і бясплодныя байкі, што ў гіпотэзах матэматыкаў праяўляецца міфалогія нашых дзён, якая бачыць у вялізным мозгу, усё адно — электронным або плазматычным, вышэйшую мэту існавання, суму быцця.

* «Мы не ведаем і не даведаемся» (лац.).

А яшчэ некаторыя... Зрэшты, даследнікаў і пунктаў погляду было бясконцае мноства. Але акрамя пошукаў кантакту існавалі і іншыя галіны салярыстыкі, дзе спецыялізацыя стала гэткай вузкай, асабліва за апошнюю чвэртку веку, што салярыст-кібернетык і салярыст-сіметрыядолаг з цяжкасцю разумелі адзін аднаго. «Як жа вы дамовіцеся з Акіянам, калі адзін з адным дамовіцца не можаце?» — неяк жартам спытаўся Вейбеке, які ў час маіх студэнцкіх гадоў з'яўляўся дырэктарам Інстытута; у гэтым жарце было шмат праўды.

Акіян невыпадкова быў аднесены да класа метаморфных. Яго рухомая паверхня магла даваць пачатак сама розным формам, зусім не падобным на зямныя, прычым мэтанакіраванасць — адаптацыйная, пазнавальная або якая-небудзь іншая — гэтых часам бурных вывяржэнняў плазматычнай «творчасці» заставалася абсалютнай загадкай.

Ставячы на паліцу том, гэткі цяжкі, што мне давялося падтрымліваць яго абедзвюма рукамі, я падумаў, што нашыя звесткі пра Салярыс, якія запаўняюць бібліятэкі, з'яўляюцца непатрэбным баластам і трэсянкай фактаў, а мы знаходзімся на тым самым месцы, як і семдзесят восем гадоў таму, калі толькі пачыналі збіраць факты. Зрэшты, сітуацыя цяпер значна горшая, бо ўся праца гэтых гадоў аказалася марнай.

Тое, што мы ведалі дакладна, складалася толькі з адмоўных меркаванняў. Акіян не карыстаўся паслугамі машын і не будаваў іх, хоць у пэўных акалічнасцях выяўляў здольнасці да гэтага, калі капіраваў часткі апушчанай у яго апаратуры, але рабіў гэта толькі на першым і другім годзе даследчай працы; пасля ён ігнараваў усе паўторныя доследы, нібыта страціў да нашых прыбораў і вырабаў (а мо і да нас саміх...) усялякі інтарэс. Акіян не валодаў — я працягваю пералічваць нашы «адмоўныя звесткі» — ні нервовай сістэмай, ні клеткамі, ні структурай, якая нагадвала бялковую; ён не заўсёды рэагаваў на раздражняльнікі, нават на сама моцныя (так, напрыклад, ён цалкам «праігнараваў» катастрофу дапаможнага ракетнага карабля другой экспедыцыі Гізэ, які ўпаў з вышыні трыста кіламетраў на паверхню планеты і знішчыў ядзерным выбухам сваіх атамных рэактараў плазму ў радыусе паўтары мілі).

Паступова ў навуковым асяроддзі «справа Салярыс» стала гучаць як «безнадзейная справа», а сярод вучоных, якія кіравалі Інстытутам, у апошнія гады чуліся патрабаванні ўрэзаць датацыі на далейшыя даследаванні. Пра ліквідацыю Станцыі наогул ніхто яшчэ не асмельваўся гаварыць; гэта было б яўным прызнаннем паражэння. Зрэшты, сёй-той у прыватных гаворках адзначаў: усё, што нам патрэбна, гэта мажлівасць «ганаровага» выйсця з «аферы Салярыс».

Аднак для многіх, асабліва для моладзі, «афера» паступова станавілася нечым накшталт пробнага каменя ўласнай вартасці. «Па сутнасці, — казалі яны, — справа не ў адгадцы салярыснай цывілізацыі, а ў нас саміх, у мажлівасцях чалавечага пазнання».

Адзін час быў папулярны погляд (яго настойліва распаўсюджвалі газеты), што Акіян, які мысліць і які абмывае ўсю Салярыс, з'яўляецца вялізным мозгам, апярэдзіўшым у сваім развіцці нашу цывілізацыю на мільёны гадоў, што гэта нейкі «касмічны ёг», мудрэц, спраўджанае ўсёведанне, што ён ужо даўно ўсвядоміў марнасць усялякага дзеяння і таму сустракае нас поўным маўчаннем. Але гэта была няпраўда, бо жывы Акіян дзейнічаў, ды яшчэ як! — праўда, ён дзейнічае інакш, чым уяўляюць сабе людзі; ён не будуе ні мастоў, ні гарадоў, ні лятальных апаратаў, не спрабуе ні перамагчы, ні пераадолець прастору (тыя, хто любой цаной імкнуўся даказаць перавагу чалавека, бачылі ў гэтым нашу бязмежную перавагу), ён заняты тысячаразовымі пераўтварэннямі — «анталагічным аўтаметамарфозам»; вучоных тэрмінаў не бракавала на старонках салярыстычных прац! Аднак жа, з другога боку, чалавеку, які пачне скрупулёзна вывучаць усе мажлівыя звесткі пра Салярыс, цяжка пазбавіцца ад уражання, што перад ім толькі рэшткі інтэлектуальных збудаванняў, магчыма, і геніяльных, але без ладу і складу змешаных з пладамі глупства, якое знаходзілася ўжо на мяжы вар'яцтва. Таму насуперак канцэпцыі «Акіяна-ёга» з'явілася тэорыя «Акіяна-дэбіла».

Гэтыя гіпотэзы зноў ажывілі адну са старажытных філасофскіх праблем — узаемаадносіны матэрыі і духу, свядомасці. Таму, хто першы, як Дзю-Гарт, надзяліў Акіян свядомасцю, патрабавалася нямала адвагі. Праблема, якую адразу ж прызналі метафізічнай, прысутнічала амаль на ўсіх дыскусіях і спрэчках. Ці магчыма мысленне без свядомасці? Але ці можна назваць працэсы, што адбываюцца ў Акіяне, мысленнем? Ці справядліва, што гара — гэта вельмі вялікі камень? А планета — гэта вялізная гара? Можна ўжываць і гэтыя тэрміны, аднак новая шкала велічынь выводзіць на сцэну новыя заканамернасці і новыя з'явы.

Гэтая праблема стала квадратурай круга нашага часу. Кожны самастойны вучоны імкнуўся ўнесці ў скарбонку салярыстыкі свой уклад; з'явілася шмат тэорый, якія даводзілі, што мы маем прадукт дэгенерацыі, рэгрэсу, які пачаўся пасля фазы «інтэлектуальнага росквіту» Акіяна, іншыя пераконвалі, што Акіян — гэта глеевы наватвор, які нарадзіўся ў целе ранейшых насельнікаў планеты і паеў іх усіх, праглынуў, спёкшы рэшткі ў вечную пазаклеткавую стыхію, якая здольная да самаамаладжэння.

Пад белым, падобным на зямное, святлом лямпаў я прыняў са стала прыборы і кнігі, якія на ім ляжалі, расклаў на пластыкавай дошцы мапу Салярыс і, абапіраючыся рукамі на металічную акантоўку стала, пачаў узірацца ў яе. Жывы Акіян меў свае глыбіні і плыткія месцы, а яго выспы, пакрытыя налётам выветраных мінералаў, сведчылі, што калісьці яны былі дном Акіяна — было невядома, ці рэгуляваў ён з'яўленне над вадой і знікненне скальных парод, якія хаваліся ў яго глыбінях. Я пазіраў на вялізныя, з рознымі адценнямі фіялетавага і блакітнага колераў паўшар'і на карце і каторы ўжо раз у сваім жыцці быў здзіўлены іх выглядам, як і даўней, у дзяцінстве, калі ўпершыню пачуў пра існаванне Салярыс.

Не ведаю, як гэта сталася, але ўсё, што адбывалася дагэтуль — таямнічая смерць Гібарыяна, нават мая цьмяная будучыня, — здалося мне гэткім нязначным, што я ні аб чым не думаў, захоплены аглядам мапы, якая зачароўвала кожнага чалавека.

Асобныя ўчасткі «жыватвору» былі названы імёнамі даследнікаў, якія прысвяцілі сябе іх вывучэнню. Я пазіраў на глеемасіў Тэхсала, які ахопліваў экватарыяльныя архіпелагі. Раптам адчуў на сабе нечы позірк.

Я ўсё яшчэ стаяў над мапай, але ўжо не бачыў яе, бо быў як паралізаваны. Дзверы знаходзіліся насупраць мяне, яны былі застаўлены скрынкамі і прысунутай да іх шафай. Напэўна, гэта нейкі аўтамат, падумаў я, хоць да гэтага ў пакоі не было ніводнага робата, а ўвайсці непрыкметна ён не мог. Скура на карку і на плячах пачала смылець, адчуванне цяжкага нерухомага позірку станавілася нясцерпным. Я міжволі ўцягваў галаву ў плечы і ўсё мацней абапіраўся на стол, які раптам пачаў марудна рухацца па падлозе; гэты рух працверазіў мяне. Я рэзка павярнуўся.

Пакой быў пусты. Перада мной чарнела вялікае паўкруглае акно. Дзіўнае адчуванне не знікала. На мяне пазірала пустэча, бязмежная, бязлікая, бязвокая. За шыбамі, у змроку, не свяцілася ніводная зорачка. Я занавесіў акно. Яшчэ не мінула і гадзіны майго знаходжання на Станцыі, але я пачаў ужо разумець, чаму ў некаторых з'яўляецца тут манія праследавання. Міжволі згадалася смерць Гібарыяна. Я добра ведаў яго і да гэтага часу быў перакананы, што ніякія абставіны не вымусілі б яго звіхнуцца. Зараз гэтая перакананасць знікла.

Я стаяў пасярод пакоя каля стала. Дыханне маё супакоілася, я адчуваў, што пот, які заліў лоб, высыхае. Пра што ж гэта я толькі што думаў? А — пра робатаў. Тое, што я не сустрэў іх ні ў калідоры, ні ў пакоях, было дзіўна. Куды ж яны падзеліся? Адзіны, з якім я меў справу — і то на адлегласці, — быў з абслугі касмадрома. А дзе ж іншыя?

Я зірнуў на гадзіннік. Час ісці да Снаўта.

Я выйшаў. Калідор слаба асвятляўся люмінесцэнтнымі лямпамі. Я мінуў двое дзвярэй, падышоў да тых, на якіх значылася прозвішча Гібарыяна. Доўга стаяў перад імі. На Станцыі панавала цішыня. Я ўзяўся за клямку. Па праўдзе кажучы, мне зусім не хацелася туды заходзіць. Клямка пасунулася, дзверы на дзюйм прачыніліся, утварылася шчыліна, спачатку чорная, пасля ў пакоі запалілася святло. Цяпер мяне мог убачыць кожны, хто ішоў па калідоры. Я хуценька пераступіў парог і зачыніў за сабой дзверы, бясшумна і моцна. Затым павярнуўся.

Я стаяў, амаль што датыкаючыся плячыма да дзвярэй. Пакой быў большы за мой, з такім жа панарамным акном, на тры чвэрці захінутым фіранкай з дробнымі нябеснымі і ружовымі кветкамі, якая, несумненна, была прывезена з Зямлі. Уздоўж сцен стаялі кніжныя паліцы і шкапчыкі, пафарбаваныя ў вельмі бледны зялёны колер з серабрыстым адценнем. Іх змесціва, цэлымі стосамі вываленае на падлогу, ляжала паміж столікамі і крэсламі. Праход загароджвалі два самаходныя столікі, паваленыя і часткова пахаваныя пад стосам часопісаў, якія вытыркаліся з цудоўных папак. Разгорнутыя веерам старонкі кніг былі залітыя вадкасцю з разбітых колбаў і пляшак з прыцёртымі коркамі, у пераважнай большасці яны былі з гэткага тоўстага шкла, што звыклае падзенне на падлогу нават са значнай вышыні не здолела б іх разбіць. Пад акном ляжаў перакулены пісьмовы стол з разбітай лямпай на рухомым кранштэйне; перад ім валялася табурэтка, а яе дзве ножкі былі засунуты ў напалову адчыненыя шуфляды. Уся падлога засыпана карткамі, спісанымі лісткамі, нейкімі паперамі. Я пазнаў почырк Гібарыяна і схіліўся над лісткамі. Падымаючы асобныя аркушы, я заўважыў, што мая рука дае не адзіночны, а двайны цень.

Я павярнуўся. Ружовая фіранка палала, нібыта падпаленая ўгары, вострая лінія асляпляльна блакітнага агню разгаралася з кожнай хвілінай. Я адсунуў фіранку — вочы асляпіў нябачны пажар. Ён займаў трэць гарызонту. Доўгія, дзівосна выцягнутыя пераплеценыя цені беглі паміж хвалямі да Станцыі. Гэта быў усход. У той зоне, дзе знаходзілася Станцыя, пасля ночы, якая доўжылася ўсяго гадзіну, на неба ўздымалася другое, блакітнае сонца планеты. Аўтаматычны выключальнік патушыў святло. Я вярнуўся да раскіданых папер. Натрапіў на кароткае апісанне доследу, зафіксаванага тры тыдні таму, — Гібарыян меў намер уплываць на плазму звышжорсткім выпраменьваннем. Па зместу я зразумеў, што трымаю ў руках копію інструкцыі для Сарторыуса, які павінен быў правесці эксперымент. Белыя аркушы паперы сляпілі вочы. Дзень, які пачаўся, адрозніваўся ад папярэдняга. Пад ружовым небам астываючага сонца чарнільны, з крывавым бляскам Акіян амаль заўсёды ахінала брудна-ружовая імгла, у якой перамешваліся небасхіл, хмары і хвалі — зараз усё гэта знікла. Нават прафільтраванае праз ружовую тканіну святло нагадвала прамяні магутнай кварцавай лямпы. Загар на маіх руках здаваўся амаль шэрым. Мой пакой змяніўся, усё, што мела чырвонае адценне, збранзавела і паблякла, як колер сырой пячонкі, затое белы, зялёны і жоўты колеры сталі такімі выразнымі, што здавалася, яны свецяцца ўласным святлом. Прымружыўшы вочы, я паглядзеў праз шэрыя фіранкі: неба ўяўлялася белым морам агню, пад якім калываўся і дрыжаў вадкі метал. Я сціснуў павекі, пад якімі паплылі чырвоныя кругі. На рукамыйніку (бераг яго быў адбіты) я ўбачыў цёмныя акуляры і надзеў іх, яны закрылі амаль палову твару. Зараз фіранка свяцілася полымем натрыю. Я чытаў далей, падымаючы аркушы і складваючы іх на адзіны неперакулены столік. Часткі тэксту не хапала.

Далей ішлі пратаколы пастаўленых доследаў. З іх я даведаўся, што на працягу чатырох дзён у пункце, які знаходзіўся за тысячу чатырыста міль на паўночны ўсход ад цяперашняга становішча Станцыі, на Акіян уздзейнічалі апраменьваннем. Для мяне гэта была нечаканасць, бо з-за згубнага ўздзеяння звышжорсткіх прамянёў іх скарыстанне забаронена канвенцыяй ААН. Я быў цалкам перакананы, што ніхто не пытаўся ў Зямлі дазволу на такія эксперыменты. Узняўшы галаву, у люстэрку прачыненых дзвярэй шафы я заўважыў сваё адлюстраванне: смяртэльна белы твар і чорныя акуляры. Дзіўны выгляд меў і пакой, які палаў белым і блакітным святлом. Праз некалькі хвілін пачулася працяглае скрыгатанне, і звонку ілюмінатар закрыла герметычная засланка; унутры пацямнела, запалілася штучнае святло, якое здавалася зараз дзіўна бляклым. Станавілася цяплей, рытмічныя гукі кандыцыянера сталі падобныя на адчайны енк. Халадзільныя апараты Станцыі працавалі на поўную магутнасць. І ўсё адно мёртвая гарачыня нарастала.

Пачуліся крокі. Нехта ішоў па калідоры. Я зрабіў два бясшумныя скачкі і апынуўся ля дзвярэй. Крокі сталі маруднымі і сціхлі. Той, хто ішоў, стаяў за дзвярыма. Паволі павярнулася клямка; я інстынктыўна схапіў яе і затрымаў. Той, з другога боку дзвярэй, па-ранейшаму націскаў на клямку, моўчкі, нібыта яго захапілі знянацку. Так прастаялі мы даволі доўга. Раптам клямка падскочыла ў маёй далоні — яе адпусцілі, а ледзь чутнае шамаценне сведчыла, што той адыходзіў. Я пастаяў, прыслухоўваючыся, але панавала цішыня.

 

ГОСЦІ

 

Я хуценька склаў у чатыры столкі нататкі Гібарыяна і схаваў іх у кішэню. Паволі падышоў да шафы і зазірнуў у яе — камбінезоны і адзенне былі пакамечаны і ссунуты ў адзін кут, нібыта там хтосьці хаваўся. З-пад стоса папер на падлозе высоўваўся беражок капэрты. Я падняў яе. Яна была адрасавана мне. Горла перахапіла спазма, я разарваў капэрту і, пераадолеўшы сябе, разгарнуў невялікі аркушык паперы, які быў усярэдзіне.

Сваім незвычайна дробным выразным почыркам Гібарыян занатаваў:

«Салярыст. штогодн.». Том 1. Дадатак, а таксама асабіст. думка Месенджара ў спр. Ф.; «Малы Апокрыф» Равінцара».

Гэта было ўсё. Пісьмо насіла адзнакі паспешнасці. Ці была гэта нейкая важная навіна? Калі ён гэта напісаў? Я падумаў, што трэба як мага хутчэй пайсці ў бібліятэку. Пра дадатак да першага тома «Салярыстычнага штогодніка» я ведаў, дакладней, чуў, што ён існуе, але ніколі не трымаў яго ў руках, бо ён уяўляў толькі гістарычную каштоўнасць. Затое пра нейкага Равінцара, як і пра яго «Малы Апокрыф», ніколі нават не чуў.

Што рабіць?

Я спазняўся ўжо на чвэрць гадзіны. Стоячы ля дзвярэй, яшчэ раз агледзеў пакой. Толькі зараз я заўважыў ля сцяны замацаваны вертыкальна ложак, які складаўся. Раней я не бачыў яго, бо ён быў захінуты разгорнутай мапай Салярыс. За мапай нешта вісела. Гэта быў кішэнны магнітафон у футарале. Я дастаў апарат, футарал павесіў на ранейшае месца, а магнітафон запхнуў у кішэню. Зірнуў на лічыльнік — амаль уся касета была скарыстана.

Зноў пастаяў ля дзвярэй, на секунду заплюшчыў вочы, напружана ўслухоўваўся ў цішыню, якая панавала звонку. Нічога падазронага. Адчыніў дзверы, калідор здаўся мне чорнай прорвай, я зняў цёмныя акуляры і ўбачыў слабае святло лямпаў. Зачыніў дзверы і пайшоў налева, да радыёстанцыі.

Я набліжаўся да круглай камеры, ва ўсе бакі ад якой, як спіцы ў коле, разыходзіліся калідоры. Калі мінаў нейкі вузкі бакавы праход, скіраваны, здаецца, да душавых, заўважыў вялікую невыразную постаць, якая амаль растваралася ў паўзмроку.

Я спыніўся як укапаны. З глыбіні калідора няспешна, хістаючыся, ішла вялізная мурынка. Я заўважыў бляск яе бялкоў і амаль адначасова пачуў мяккае шлёпанне босых ног. Яна была голая, мела толькі жаўтлявую, нібыта сплеценую з саломы набедраную павязку; вялізныя грудзі абвіслі, а чорныя рукі былі падобныя на сцягняк звычайнага чалавека; яна прайшла каля мяне нават не зірнуўшы ў мой бок, і рушыла далей, пахістваючы клубамі, як у слана, падобная на тыя каменныя выявы, што сустракаюцца часам у антрапалагічных музеях. Там, дзе калідор меў паварот, яна знікла за дзвярыма Гібарыяна. Адчыняючы дзверы, яна трапіла ў магутны пук святла, якое лілося з пакоя. Дзверы ціхутка зачыніліся, і я застаўся адзін. Правай рукой я схапіў кісць левай і сціснуў яе так, што аж косці затрашчалі. Пасля разгублена азірнуўся. Што адбываецца? Што гэта было? Я згадаў перасцярогу Снаўта і здрыгануўся як ад удару. Што гэта магло быць? Хто гэтая пачварная Афрадыта? Адкуль яна? Я зрабіў адзін, толькі адзін крок да кабіны Гібарыяна і знерухомеў. Я добра разумеў, што не зайду туды. Расшыранымі ноздрамі я хапаў паветра. Штосьці было не так, я не мог з нечым пагадзіцца. Ага! Я ж падсвядома чакаў непрыемнага, рэзкага паху поту, але нават тады, калі яна ішла міма, нічога не адчуў.

Не ведаю, колькі я прастаяў, абапёршыся на халодны метал сцяны. На Станцыі панавала цішыня, адзіным жывым піскам быў далёкі манатонны гул кандыцыянераў.

Я паляпаў сябе па шчоках і паплёўся на радыёстанцыю Калі націснуў на клямку, пачуў гучны голас:

— Хто там?

— Гэта я, Кельвін.

Снаўт сядзеў ля століка паміж кучай алюмініевых пачкаў і пультам перадатчыка і проста з бляшанкі еў мясныя кансервы. Не ведаю, чаму пад жыллё ён выбраў радыёстанцыю. Ашаломлены, я стаяў у дзвярах, гледзячы на яго сківіцы, якія жавалі мяса, і раптам адчуў, што я галодны. Я падышоў да паліц, з кучы талерак выбраў менш запыленую і ўсеўся насупраць Снаўта. Нейкі час мы жавалі моўчкі, пасля Снаўт устаў, дастаў з насценнага шкапчыка тэрмас і наліў па шклянцы гарачага булёну. Ставячы тэрмас на падлогу, бо на століку не было месца, ён спытаўся:

— Ты бачыў Сарторыуса?

— Не. А дзе ён?

— Наверсе.

Наверсе знаходзілася лабараторыя. Мы зноў замоўклі. Было так ціха, што бляшанкі аж бразгалі ў нашых руках. На радыёстанцыі панавала ноч. Ілюмінатар быў шчыльна зачынены звонку, пад столлю гарэлі чатыры круглыя свяцільнікі. Іх водбліскі трымцелі ў пластыкавым корпусе перадатчыка.

На скулах Снаўта выступілі чырвоныя жылкі. Ён быў зараз у чорным вялікім паношаным світэры.

— Што з табой? — спытаўся Снаўт.

— Нічога. А што можа быць?

— Ты спацеў.

Я рукой выцер лоб. Сапраўды, я абліваўся потам; гэта, відаць, была рэакцыя на ранейшыя ўражанні. Снаўт пазіраў на мяне. Мо расказаць яму? Я хацеў, каб Снаўт аказаў мне найбольш спрыяння. Хто, супраць каго і якую вёў тут гульню?

— Горача, — прамовіў я. — Я думаў, што кліматызатары ў вас працуюць лепей.

— Праз гадзіну будзе нармальна. А ты ўпэўнены, што ўспацеў толькі ад гарачыні? — Ён пільна зірнуў на мяне.

Я старанна жаваў, не выдаючы, што прыкмеціў яго позірк.

— Што ты думаеш рабіць? — нарэшце спытаўся Снаўт, калі мы закончылі есці.

Ён кінуў увесь посуд і пустыя бляшанкі ва ўмывальнік ля сцяны і зноў сеў у крэсла.

— Далучаюся да вас, — адказаў я флегматычна. — Вы ж маеце нейкі план даследаванняў? Нейкі новы раздражняльнік, здаецца, рэнтген ці яшчэ нешта.

— Рэнтген? — здзівіўся Снаўт. — Дзе ты гэта чуў?

— Не помню. Мне нехта сказаў. Мо на «Праметэі». А што? Вы яго ўжо скарыстоўваеце?

— Я не ведаю дэталяў. Гэта была ідэя Гібарыяна. Ён распачаў разам з Сарторыусам. Але адкуль ты пра гэта ведаеш?

Я паціснуў плячыма.

— Не ведаеш дэталяў? Ты мусіш быць пад час доследаў, гэта ж уваходзіць у твае абавязкі. — Я не дагаварыў.

Снаўт маўчаў. Піск кандыцыянера сціх. Тэмпература была нармальная. У паветры вісеў толькі несціханы высокі гук, які нагадваў мармытанне канаючай мухі. Снаўт устаў, падышоў да пульта кіравання і пачаў бяссэнсава пстрыкаць выключальнікамі — галоўны рубільнік быў адключаны. Праз нейкі час ён прамовіў, не паварочваючы галавы:

— Трэба будзе ў сувязі з гэтым выканаць усе фармальнасці... ведаеш...

— Праўда?

Ён павярнуўся і зірнуў на мяне нібыта шалёны. Не магу сцвярджаць, што я знарок стараўся вывесці яго з раўнавагі, але нічога не разумеючы ў гульні, якая тут распачалася, я мусіў быць стрыманым. Пад каўняром яго чорнага світэра рухаўся востры кадык.

— Ты быў у Гібарыяна, — прамовіў Снаўт нечакана.

Гэта не прагучала запытаннем. Я ўзняў бровы і спакойна пазіраў у яго твар.

— Ты быў у яго пакоі, — паўтарыў ён.

Я кіўнуў, нібыта згаджаючыся: «Дапусцім. Ну і што?»

Я хацеў, каб ён працягваў.

— Хто там быў? — спытаўся Снаўт.

Ён ведаў пра яе!!!

— Нікога. А хто там мог быць? — спытаўся я.

— Тады чаму ты мяне не пусціў?

Я ўсміхнуўся.

— Спалохаўся. Ты ж мяне папярэджваў. Калі клямка зрушылася, я інстынктыўна прытрымаў яе. Чаму ты не сказаў, што гэта ты? Цябе я пусціў бы.

— Я думаў, што там Сарторыус, — прамовіў ён няпэўна.

— Ну і што?

— Як ты лічыш... што там сталася? — адказаў ён пытаннем на пытанне.

Я вагаўся.

— Ты павінен ведаць лепш за мяне. Дзе ён?

— У халадзільніку, — адразу растлумачыў Снаўт. — Мы перанеслі яго ранкам, адразу ж... таму што гарачыня.

— Дзе ты яго знайшоў?

— У шафе.

— У шафе? Ён быў ужо нежывы?

— Сэрца яшчэ стукала, але ён ужо не дыхаў. Гэта была агонія.

— Ты спрабаваў яго ўратаваць?

— Не.

— Чаму?

Ён памарудзіў.

— Я не паспеў. Ён памёр раней, чым я яго паклаў.

— Ён стаяў у шафе? Паміж камбінезонамі?

— Так.

Снаўт падышоў да невялікага пісьмовага стала ў куце, узяў там лісток паперы і паклаў яго перада мной.

— Я напісаў папярэдні акт, — прамовіў ён. — Добра, што ты агледзеў пакой. Прычына смерці... смяротная доза пернасталу. Там напісана.

Я вачыма прабег кароткі тэкст.

— Самазабойства... — паўтарыў я ціха. — А прычына?..

— Нервовае ўзрушэнне... дэпрэсія... альбо як гэта там называецца. Ты ведаеш гэта лепш, чым я.

— Я ведаю толькі тое, што сам бачу, — запярэчыў я і глянуў яму ў вочы, бо ён стаяў нада мной.

— Што ты хочаш сказаць? — спакойна спытаўся Снаўт.

— Ён увёў сабе пернастал і схаваўся ў шафе? Калі было менавіта так, то гэта не дэпрэсія, не нервовая ўзбуджанасць, а востры псіхоз. Паранойя... Напэўна, яму здавалася, што ён нешта бачыць... — працягваў я ўсё больш павольна, пазіраючы яму ў вочы.

Ён адышоўся ад радыёпульта і зноў пачаў пстрыкаць выключальнікамі.

— Тут толькі твой подпіс, — азваўся я праз хвіліну. — А Сарторыуса?

— Ён у лабараторыі. Я табе ўжо казаў. Ён не паказваецца; я думаю, што...

— Што?

— Што ён замкнуўся.

— Замкнуўся? Ах, замкнуўся. Вось што! А мо барыкады ўзвёў?

— Мажліва.

— Снаўт... — пачаў я, — на Станцыі нехта ёсць.

— Ты бачыў?!

Ён нагнуўся да мяне.

— Ты абараняў мяне. Ад каго? Ці мо гэта галюцынацыя?

— Што ты бачыў?!

— Гэта чалавек, праўда?

Снаўт не адказаў. Ён адвярнуўся да сцяны, нібыта не хацеў, каб я бачыў яго твар. Ён барабаніў пальцамі па металічнай перагародцы. Я пазіраў на яго руку. На костачках ужо не было крыві. І тут я раптоўна зразумеў.

— Гэты чалавек рэальны, — прамовіў я ціха, амаль што шэптам, нібыта перадаваў яму тайну, якую маглі падслухаць. — Так? Да яго можна... дакрануцца? Яго можна... параніць... апошні раз ты бачыў яго сёння.

— Адкуль ты ведаеш?!

Снаўт стаяў, не адварочваючыся. Стаяў ля самай сцяны, датыкаючыся да яе грудзьмі, нібыта яго прыбілі мае словы.

— Непасрэдна перад маёй пасадкай... Незадоўга да гэтага?

Снаўт скурчыўся як ад удару. Я ўбачыў яго шалёныя вочы.

— Ты?!! — выціснуў ён. — Хто ТЫ такі?!

Здавалася, ён вось-вось кінецца на мяне. Гэтага я не чакаў. Усё стала з ног на галаву. Ён не верыць, што я той, за каго сябе выдаю? Што гэта азначае?! Ён глядзеў на мяне з сапраўдным страхам. Ці мо гэта было ўжо шаленства? Атраўленне? Усё мажліва. Але ж я бачыў — гэтае стварэнне, а значыць, і я сам... таксама?..

— Хто гэта быў? — спытаўся я.

Гэтыя словы крыху супакоілі яго. Але ён пазіраў на мяне так, нібыта яшчэ не давяраў мне. Я зразумеў, што зрабіў фальшывы крок і што ён не адкажа мне.

Снаўт паволі ўсеўся ў крэсла і сціснуў галаву рукамі.

— Што тут адбываецца... — прамовіў ён ціха. — Бязглуздзіца...

— Хто гэта быў? — паўтарыў я.

— Калі ты не ведаеш, — прамармытаў ён.

— Дык што?

— Дык нічога.

— Снаўт, — прамовіў я, — мы ж далёка ад дому. Давай гуляць адкрыта. Усё і так заблытана.

— Што ты хочаш?

— Я хачу, каб ты сказаў, каго ты бачыў.

— А ты?.. — падазрона прамовіў ён.

— Снаўт, ты ходзіш па кругу. Я табе скажу, але і ты мне скажы. Можаш не хвалявацца, я не буду лічыць цябе вар'ятам, бо ведаю...

— Вар'ятам! О Божухна! — Ён паспрабаваў засмяяцца. — Мой ты чалавеча, але ж ты нічога, зусім нічога... бо вар'яцтва было б выратаваннем. Калі б ён хоць на імгненне паверыў, што з'ехаў з глузду, ён не зрабіў бы гэтага, ён быў бы жывы...

— Значыць, ты схлусіў, калі напісаў у акце пра нервовую ўзбуджанасць?

— Вядома!

— Чаму ты не напішаш праўду?

— Чаму? — перапытаў ён.

Запанавала маўчанне. Я зноў зайшоў у тупік, я зноў нічога не разумеў, а праз хвіліну мне здалося, што я здолею пераканаць яго і мы сумесна паспрабуем адгадаць загадку. Чаму, чаму ён не хоча гаварыць?!

— Дзе робаты? — азваўся я.

— На складах. Мы замкнулі ўсіх, за выключэннем тых, якія абслугоўваюць касмадром.

— Навошта?

Ён не адказаў.

— Ты не скажаш?

— Я не магу.

Тут было штосьці такое, чаго я ніяк не разумеў. А мо падняцца да Сарторыуса? Раптам я ўспомніў запіску, і яна падалася мне на гэты момант сама важнай справай.

— Як ты ўяўляеш нашу далейшую працу ў такіх абставінах? — спытаўся я.

Снаўт пагардліва паціснуў плячыма:

— Якое гэта мае значэнне?

— Ах, так? Што ж ты будзеш рабіць?

Снаўт маўчаў. Недзе ў далёкай цішыні зашлёпалі босыя ногі. Пасярод нікелю і пластыку, высокіх шафаў з электроннай апаратурай, шкла, дакладных прыбораў гэтае шлёпанне гучала як няўдалы жарт нейкага пустадомка. Крокі набліжаліся. Я ўстаў і напружана сачыў за Снаўтам. Ён услухоўваўся, прымружыўшы вочы, але не падаваў прыкмет страху. Выходзіць, ён баяўся не яе?

— Адкуль яна з'явілася? — спытаўся я. І на яго маўчанне дадаў: — Ты не хочаш сказаць?

— Я не ведаю.

— Добра.

Крокі аддаліліся і сціхлі.

— Ты не верыш мне? — прамовіў Снаўт. — Даю табе слова, што не ведаю.

Я моўчкі адчыніў шафу са скафандрамі і пачаў рассоўваць цяжкія пустыя абалонкі. Як я і меркаваў, углыбіні, на круках, віселі газавыя пісталеты для палёту ў прасторы без гравітацыі. Вядома, гэта не зброя, але газавы пісталет лепш, чым нічога. Я праверыў зарад і павесіў пісталет у футарале цераз плячо. Снаўт уважліва назіраў за мной. Калі я падбіраў даўжыню раменьчыка, ён з'едліва ўсміхнуўся, паказаўшы жоўтыя зубы.

— Удалага палявання! — прамовіў ён.

— Дзякуй табе за ўсё, — сказаў я і накіраваўся да дзвярэй.

Ён ускочыў з крэсла:

— Кельвін!

Я зірнуў на яго. Ён ужо не ўсміхаўся. Бадай што ніколі я не бачыў такога спакутаванага твару.

— Кельвін, гэта не... Я... я... сапраўды не магу, — мармытаў Снаўт.

Я чакаў, ці скажа ён што-небудзь яшчэ, але ён толькі мыляў губамі, нібыта хацеў з іх нешта выціснуць.

Я павярнуўся і моўчкі выйшаў.

 

САРТОРЫУС

 

Калідор быў пусты. Напачатку ён вёў прама, а пасля збочваў управа. Я ніколі не быў на Станцыі, але пад час падрыхтоўкі правёў шэсць тыдняў у яе дакладнай копіі, якая знаходзіцца ў Інстытуце, на Зямлі. Я ведаў, куды вядзе алюмініевы трап. У бібліятэцы было цёмна. Вобмацкам знайшоў выключальнік. Калі адшукаў у картатэцы дадатак да першага тома «Салярыстычнага штогодніка» і націснуў на клавішу, у адказ запаліўся чырвоны агеньчык. Я праверыў у рэгістратары — кніжка была ў Гібарыяна, як і другая — «Малы Апокрыф». Я патушыў святло і спусціўся назад. Я баяўся ісці да Гібарыяна, хоць і чуў, што яна выйшла. Але ж яна магла туды вярнуцца. Я пастаяў ля дзвярэй, пасля, сціснуўшы зубы, прымусіў сябе ўвайсці.

Асветлены пакой быў пусты. Я пачаў перабіраць кніжкі, якія ляжалі на падлозе ля ілюмінатара; пасля падышоў да шафы і зачыніў яе. Я не мог бачыць пустое месца між камбінезонамі. Ля ілюмінатара дадатку не было. Я метадычна перакладваў том за томам і нарэшце, калі дайшоў да апошняга стоса кніг, якія ляжалі між ложкам і шафай, знайшоў тое, што шукаў.

Я спадзяваўся, што знайду ў кнізе нейкі след, і сапраўды, у змесце ляжала закладка; чырвоным алоўкам было падкрэслена прозвішча, якое мне нічога не гаварыла, — Андрэ Бертан. Гэтае прозвішча сустракалася на дзвюх старонках. Зірнуўшы на першую, я даведаўся, што Бертан быў запасны пілот на караблі Шанагана. Наступная згадка пра яго была больш як праз сто старонак. Адразу пасля высадкі экспедыцыя захоўвала надзвычайную асцярожнасць, але калі праз шаснаццаць дзён высветлілася, што плазматычны Акіян не толькі не выяўляе ніякіх адзнак агрэсіўнасці, але нават адступае перад кожным прадметам, што набліжаецца да яго паверхні, і як можа пазбягае непасрэднага кантакту з апаратурай і людзьмі, Шанаган і яго намеснік Цімоліс адмянілі частку асаблівых мер, якія дыктаваліся асцярогай, бо гэтыя меры надзвычай абцяжарвалі і тармазілі выкананне задання.

Пазней экспедыцыя была падзелена на невялікія групы з двух-трох чалавек, якія выконвалі палёты над Акіянам часам на некалькі соцень міль; выкідальнікі прамянёў, якія раней прыкрывалі і засцерагалі ўчастак вывучэння, былі пакінуты на Базе. Першыя чатыры дні пасля гэтых змен прайшлі без аніякіх здарэнняў, калі не лічыць, што час ад часу псавалася кіслародная апаратура скафандраў, бо вывадныя клапаны былі адчувальныя да ядавітай атмасферы планеты. Таму амаль штодзённа іх даводзілася мяняць.

На пяты дзень, або на дваццаць першы з моманту высадкі, двое вучоных, Каручы і Фехнер (першы быў радыебіёлаг, а другі фізік), выправіліся ў даследчы палёт над Акіянам на маленькім (на два месцы) аэрамабілі. Гэта быў не лятаючы апарат, а машына на паветранай падушцы.

Калі праз шэсць гадзін яны не вярнуліся, Цімоліс, які ўзначальваў Базу пад час адсутнасці Шанагана, аб'явіў трывогу і выслаў на пошукі ўсіх, хто трапіў пад руку.

У выніку фатальнага збегу абставін радыёсувязь у той дзень перапынілася прыкладна праз гадзіну пасля выхаду пошукавых груп; прычынай гэтага з'явілася вялікая пляма на чырвоным сонцы, якое выкідвала ў верхнія слаі атмасферы магутны струмень часцінак. Працавалі толькі ўльтракароткахвалевыя перадатчыкі, якія давалі магчымасць весці перамовы на адлегласці не больш як дваццаць міль. Акрамя таго, перад заходам сонца апусціўся густы туман, і пошукі давялося спыніць.

Калі выратавальныя групы ўжо вярталіся на Базу, адна з іх за восемдзесят міль ад берага знайшла аэрамабіль. Матор працаваў, і спраўная машына слізгала над хвалямі. У празрыстай кабіне знаходзіўся толькі адзін напаўпрытомны чалавек — Каручы.

Аэрамабіль даставілі на Базу, а Каручы перадалі дактарам; яшчэ ў той самы вечар ён апрытомнеў. Пра лёс Фехнера ён нічога не ведаў. Памятаў толькі, што, калі яны ўжо збіраліся вяртацца, ён адчуў удушша. Вывадны клапан яго апарата заядала, і ў скафандр з кожным уздыхам трапляў ядавіты газ.

Фехнеру, які спрабаваў адладзіць яго апарат, давялося адшпіліць пасы і ўстаць. Гэта было апошняе, што памятаў Каручы. Падзеі, згодна з заключэннем спецыялістаў, верагодна, адбываліся так: імкнучыся адладзіць апарат Каручы, Фехнер адчыніў кабіну, відаць, таму, што над нізкім купалам яму было цесна. Гэта было мажліва, бо кабіны ў падобных машынах не герметычныя, яны проста засцерагаюць ад ападкаў і ветру. Пад час гэтых маніпуляцый кіслародны апарат Фехнера, відаць, сапсаваўся, вучоны ў амаль непрытомным стане вылез праз люк і зваліўся ў Акіян.

Такая вось гісторыя першай ахвяры Акіяна. Пошукі цела — у скафандры яно не магло патануць — не далі ніякіх вынікаў. Зрэшты, мо яно і плавала дзе-небудзь: у экспедыцыі не было магчымасці ўважліва даследаваць тысячы квадратных міль вадкай пустыні, якая амаль заўсёды ахінута пасмамі туману.

Да змяркання — я вяртаюся да падзей таго дня — усе выратавальныя машыны вярнуліся назад, за выключэннем вялізнага грузавога гелікаптэра, на якім вылецеў Бертан.

Бертан з'явіўся над Базай амаль праз гадзіну пасля таго, як сцямнела, калі за яго пачалі ўжо турбавацца. Бертан знаходзіўся ў стане нервовага шоку; ён самастойна выбраўся з гелікаптэра, але адразу ж пачаў уцякаць; калі яго спрабавалі затрымаць, ён плакаў і крычаў; для мужчыны, за плячыма якога семнаццаць гадоў касмічных палётаў, часам у сама цяжкіх умовах, гэта было неверагодна.

Дактары дапускалі, што Бертан таксама атруціўся. Нават калі ён адносна супакоіўся, то ніяк не згаджаўся выйсці з унутраных адсекаў галоўнай ракеты экспедыцыі і не асмельваўся падысці да ілюмінатара, з якога быў відаць Акіян; ён заяўляў, што хоча падаць рапарт аб сваім палёце. Ён даказваў, што гэта надзвычай важна. Савет экспедыцыі вывучыў рапарт Бертана і прыйшоў да высновы, што ён народжаны хворым розумам, які атручаны атмасфернымі газамі. Таму рапарт быў далучаны не да гісторыі экспедыцыі, а да гісторыі хваробы Бертана. Тым усё і скончылася.

Гэта ўсё значылася ў дадатку. Відаць, у рапарце Бертана гаворка ішла пра сутнасць справы — што менавіта давяло пілота дальняй касмічнай экспедыцыі да нервовага зрыву. Я зноў пачаў перабіраць кнігі, але «Малы Апокрыф» знайсці не ўдалося. Я адчуваў усё большую стомленасць, таму адклаў пошукі на заўтра і выйшаў з кабіны. Калі ішоў міма алюмініевага трапа, на прыступках заўважыў водбліскі святла, якое падала зверху. Значыць, Сарторыус усё яшчэ працуе! Я вырашыў, што павінен зайсці да яго.

Наверсе было значна цяплей. У шырокім нізкім калідоры гуляў лёгкі ветрык. Палоскі паперы трапяталіся ля вентыляцыйных адтулін. Дзверы галоўнай лабараторыі ўяўлялі тоўстую пліту з непаліраванага шкла ў металічнай раме. Знутры шкло было затулена нечым цёмным; святло прасочвалася толькі праз вузкія ілюмінатары пад столлю. Паспрабаваў адчыніць дзверы. Як я і думаў, яны не паддаваліся. У лабараторыі панавала ціша, час ад часу нешта ціха пасвіствала — напэўна, газавая гарэлка. Я пастукаў — ніякага адказу.

— Сарторыус! — паклікаў я. — Доктар Сарторыус! Гэта я, навічок, Кельвін! Хачу з вамі пабачыцца, калі ласка, адчыніце дзверы!

Ціхае шамаценне, быццам нехта ступаў па скамечанай паперы, і зноўку цішыня.

— Гэта я, Кельвін! Вы ж пра мяне чулі! Я прыляцеў з «Праметэя» некалькі гадзін таму! — гукаў я ў шчыліну, якую ўтваралі дзверы і металічная рама. — Доктар Сарторыус! Тут нікога няма, акрамя мяне! Я адзін! Адчыніце.

Маўчанне. Пасля ціхае шамаценне. Праз некалькі хвілін выразнае бразганне металічных інструментаў аб металічны латок. І раптам я аслупянеў. Пачуліся дробныя крокі, нібыта гэта ступалі малыя ножкі: здавалася, што з падскокам бегла дзіця. Або... або нехта надзвычай удала імітаваў гэта, стукаючы па нейкай пустой, з добрым рэзанатарам, кардонцы.

— Доктар Сарторыус!!! — гукнуў я. — Адчыніце вы ці не?!

Адказу не было, толькі зноў гэты дзіцячы тупат і адначасова з ім — некалькі хуткіх, ледзь чутных шырокіх крокаў, нібыта чалавек ішоў на пальчыках. Але калі гэта так, то не мог жа ён адначасова імітаваць дзіцячыя крокі? «А якая мне да гэтага справа?» — падумаў я і, не стрымліваючы свайго шаленства, гукнуў:

— Доктар Сарторыус!!! Я ляцеў сюды шаснаццаць месяцаў не для таго, каб удзельнічаць у вашай камедыі!!! Лічу да дзесяці. Пасля гэтага выб'ю дзверы!!!

Я сумняваўся, ці здолею гэта зрабіць.

Рэактыўны струмень газавага пісталета не надта моцны, але я меў намер рашуча выканаць сваю пагрозу, нават калі б давялося шукаць узрыўчатку, якой на складзе, напэўна, было дастаткова. Толькі не здавацца, толькі не гуляць у гэтыя пазначаныя шаленствам карты, якія падсоўвае мне сітуацыя.

Пачуўся такі шум, нібыта за дзвярыма біліся або нешта перасоўвалі, затым пасярэдзіне на паўметра рассунулася штора на фоне матавых, нібыта пакрытых шэранем дзвярэй, з'явіўся высокі цень, і хрыпаты дыскант прамовіў:

— Я адчыню, але абяцайце, што вы не зойдзеце.

— Тады навошта адчыняць? — закрычаў я.

— Я выйду да вас.

— Добра. Абяцаю.

У замку заскрыгатаў ключ, пасля цёмны сілуэт, які закрываў палову дзвярэй, захінуў штору; там працягвалася нейкая валтузня, я чуў трэск, нібыта перасоўвалі драўляны столік, нарэшце светлая плоскасць прачынілася, і Сарторыус выслізнуў у калідор. Ён стаяў перада мной, засланяючы дзверы. Сарторыус быў надзвычай высокі і худы, здавалася, што пад крэмавым трыкатажным касцюмам адны косці. На шыі чорная хустка; цераз плячо перакінуты складзены папалам, прапалены хімікатамі ахоўны лабараторны фартух. Надзвычай вузкая галава схілена набок. Амаль палову твару захіналі засцерагальныя акуляры, і я не мог убачыць яго вочы. Ніжняя сківіца вытыркалася наперад, губы былі сіняватыя, вялізныя вушы, таксама сіняватыя, здаваліся адмарожанымі. Ён быў няголены. На запясцях віселі антырадыяцыйныя пальчаткі з чырвонай гумы. Так і стаялі мы, пазіраючы адзін на аднаго з непрыхаванай непрыязнасцю. Яго рэдкія валасы (здавалася, ён сам сябе падстрыгаў) былі алавянага колеру, няголеная барада — сівая. Лоб загарэў, як у Снаўта, але толькі да паловы. Відаць, на сонцы заўсёды хадзіў у нейкім каптуры.

— Я слухаю, — прамовіў ён нарэшце.

Мне падалося, што ён не так чакае, што я скажу, як, прыціскаючыся спінай да шкла, увесь час напружана прыслухоўваецца да таго, што адбываецца ў лабараторыі. Я не ведаў, з чаго пачаць, каб не сказаць глупства.

— Я — Кельвін, — пачаў я. — Вы, відаць, чулі пра мяне. Я працую... дакладней, працаваў разам з Гібарыянам...

Яго худы твар, увесь у вертыкальных зморшчынках, — такі выгляд павінен мець Дон Кіхот, — нічога не выяўляў. Чорнае выпуклае шкло настаўленых на мяне засцерагальных акуляраў нервавала мяне.

— Я даведаўся, што Гібарыяна... ужо няма, — я ўзвысіў голас.

— Так. Працягвайце, — з нецярпеннем прамовіў ён.

— Гібарыян скончыў самагубствам?.. Хто знайшоў цела — вы альбо Снаўт?

— Чаму вы пра гэта пытаецеся ў мяне? Хіба доктар Снаўт не сказаў вам?..

— Я хацеў пачуць, што вы можаце сказаць пра гэта...

— Вы псіхолаг, доктар Кельвін?

— Псіхолаг. А што?

— Вучоны?

— Так. Але якое гэта мае значэнне...

— Я думаў, што вы следчы або паліцэйскі. Зараз дзве гадзіны сорак хвілін, а вы спрабуеце сілай уварвацца ў маю лабараторыю. Гэта было б зразумела, калі б вы хацелі азнаёміцца з работай, якая вядзецца на Станцыі. А вы робіце допыт, нібыта я пад падазрэннем.

Я стрымліваў сябе так, што аж лоб успацеў.

— Вы і ёсць пад падазрэннем, Сарторыус! — прамовіў я прыдушаным голасам.

Я з усёй сілы хацеў закрануць яго самалюбства і таму дадаў са злосцю:

— І вы самі гэта добра разумееце!

— Калі вы не возьмеце свае словы назад і не папросіце прабачэння, у чарговай радыёграме я падам на вас скаргу, Кельвін!

— За што прасіць у вас прабачэння? За тое, што, замест таго каб прыняць мяне і шчыра расказаць пра ўсё, што тут адбываецца, вы замыкаецеся і ладуеце барыкады ў лабараторыі?! Вы што, з глузду з'ехалі?! Хто вы? Вучоны альбо нікчэмны баязлівец?! Хто? Адказвайце!

Не помню, што яшчэ я крычаў, але ён нават не здрыгануўся. Па яго бледнай порыстай скуры каціліся буйныя кроплі поту. Раптам я зразумеў: ён наогул мяне не слухае! З усяе сілы ён абедзвюма рукамі за спінай стараўся трымаць дзверы, якія ледзь прыкметна дрыжалі — на іх націскалі з другога боку.

— Прашу... вас... адысціся... — прастагнаў ён раптам дзіўным пісклявым голасам. — Прашу вас... Хрыстом Богам прашу... ідзіце... ідзіце ўніз... я прыйду, прыйду і зраблю ўсё, што вы захочаце, толькі ідзіце!!!

У яго голасе было столькі пакуты, што я міжволі падняў руку, каб дапамагчы яму ўтрымаць дзверы, бо гэта было для яго найважнейшым. Але тады ён нема закрычаў, нібыта я замахнуўся на яго нажом. Я пачаў адступацца, а ён усё крычаў фальцэтам: «Ідзі! Ідзі!» — і пасля: «Я хутка вярнуся! Хутка вярнуся! Ужо вяртаюся!!! Не! Не!!!»

Ён прачыніў дзверы і кінуўся ў лабараторыю. Мне здалося, што на ўзроўні яго грудзей мільганула нешта залацістае, нейкі бліскучы дыск, з лабараторыі чуўся глухі шум. Штора адляцела ўбок, высокі цень мільгануў на шкляным экране, штора вярнулася на ранейшае месца, і больш нічога не было відаць. Што там адбываецца?! Затупалі ногі, зазвінела разбітае шкло, шалёная беганіна спынілася, і я пачуў гучны дзіцячы смех...

Мае ногі трымцелі; я круціў галавой ва ўсе бакі. Усё сціхла. Я ўсеўся на нізкі пластыкавы падаконнік. Сядзеў хвілін пятнаццаць. Не ведаю, ці я чакаў каго, ці проста ад хвалявання не хацелася нават уставаць. Галава мая аж трашчала. Дзесьці ўгары нешта працяжна заскрыгатала, і адначасова стала святлей.

З майго месца была відаць толькі частка калідора, які ішоў вакол лабараторыі. Лабараторыя знаходзілася на сама верхнім ярусе Станцыі, проста пад абшыўкай, таму сцены калідора былі ўвагнутыя і нахільныя, ілюмінатары, размешчаныя праз некалькі метраў адзін ад аднаго, нагадвалі амбразуры; вонкавыя засланкі на іх у гэты час падымаліся. Блакітны дзень заканчваўся. Праз тоўстае шкло выбухнула сліпучае ззянне. Кожная нікеляваная рэйка, кожная клямка запалымнелі, як малыя сонцы. Дзверы ў лабараторыю — гэта вялізная пліта з непаліраванага шкла — успыхнула блакітным полымем. Я зірнуў на свае рукі, складзеныя на каленях, — у прывідным святле яны здаваліся шэрымі. У правай трымаў газавы пісталет, я нават не ведаў, калі і як выцягнуў яго з кабуры. Я паклаў яго на месца. Было зразумела, што мне не дапаможа нават атамны выкідальнік прамянёў, ды і навошта ён? Разваліць дзверы? Уварвацца ў лабараторыю?

Я ўстаў. Сонечны дыск падаў у Акіян і нагадваў вадародны выбух. Гарызантальны пук прамянёў, амаль матэрыяльных, дакрануўся да маёй шчакі (я ўжо сыходзіў па прыступках) і абпаліў як расплаўленым металам.

На палове сходаў я перадумаў і вярнуўся назад. Абышоў вакол лабараторыі. Як я ўжо казаў, калідор агінаў яе; крокаў праз сто я апынуўся па той бок, насупраць такіх жа шкляных дзвярэй. Адчыніць іх я нават не спрабаваў, добра ведаючы, што яны замкнутыя.

Я шукаў акенца альбо хоць якую-небудзь шчыліну ў пластмасавай сцяне; я не лічыў некарэктным падглядваць за Сарторыусам. Мне надакучылі здагадкі, я хацеў ведаць праўду, хоць нават не ўяўляў, ці здолею яе зразумець.

Я ўспомніў, што святло ў лабараторыю трапляе праз ілюмінатары ў столі, гэта значыць у верхняй абшыўцы, і калі я выберуся вонкі, то, мажліва, здолею зазірнуць уніз. Для гэтага трэба было спусціцца, каб захапіць скафандр і кіслародны апарат. Спыніўшыся ля трапа, я разважаў, ці варта аўчынка выдзелкі. Зусім верагодна, што ў верхніх ілюмінатарах шкло матавае. Але што яшчэ прыдумаць? Я спусціўся на сярэдні ярус. Трэба было прайсці міма радыёстанцыі. Яе дзверы былі шырока адчынены. Снаўт сядзеў у крэсле ў той жа позе, у якой я яго пакінуў. Спаў. Ад маіх крокаў ён здрыгануўся і расплюшчыў вочы.

— Алё, Кельвін! — азваўся ён хрыпла.

Я прамаўчаў.

— Ну што, ты даведаўся што-небудзь? — спытаўся Снаўт.

— Бадай што так, — адказаў я. — Ён не адзін.

Снаўт скрывіўся:

— Вось бачыш. Гэта ўжо нешта значыць. Дык у яго нехта ў гасцях?

— Не разумею, чаму вы не хочаце растлумачыць, што гэта такое, — зазначыў я знарочыста абыякава. — Бо калі я застаюся тут, то рана ці позна пра ўсё даведаюся. Навошта такая таямнічасць?

— Зразумееш, калі да цябе самога з'явяцца госці, — сказаў Снаўт.

Мне падалося, што ён некага чакае і не вельмі хоча размаўляць.

— Куды ты ідзеш? — спытаўся ён, калі я павярнуўся.

Я не адказаў.

Зала касмадрома мела такі самы выгляд, як і перад маім адыходам. На ўзвышэнні стаяла мая, падобная на трэснуты кокан, абсмаленая капсула. Я падышоў да вешалак са скафандрамі, але раптам мне расхацелася выпраўляцца ў падарожжа. Я павярнуўся на месцы і спусціўся па вінтавым трапе ў памяшканне склада. Вузкі калідор быў забіты балонамі і штабялямі скрынак. Металічныя сцены адлівалі сіняватым святлом. Праз некалькі дзесяткаў крокаў пад скляпеннямі з'явіліся белыя ад шэрані трубы халадзільнай устаноўкі. Я пайшоў паўз іх. Праз муфту, схаваную ў тоўстай пластыкавай манжэце, трубы ўваходзілі ў шчыльна зачыненае памяшканне. Калі я адчыніў цяжкія, на таўшчыню дзвюх далоняў, дзверы, абабітыя па краях гумай, мяне да касцей працяў пякучы мароз. Я сцепануўся. Са спляцення пакрытых шэранем змеевікоў звісалі ледзяшы. І тут стаялі пакрытыя снегам скрыні і кантэйнеры, паліцы ля сцен былі застаўлены бляшанкамі і жаўтлявымі глыбамі нейкага тлушчу ў празрыстым пластыку. Углыбіні паўкруглая столь зніжалася. Там вісела шчыльная, іскрыстая ад лёдавых іголак штора. Я адхіліў яе. На стале з алюмініевых крат ляжала нешта вялікае, даўгаватае, накрытае шэрай тканінай. Падняўшы яе, я ўбачыў застылы твар Гібарыяна. Чорныя валасы з сівой пасмай на лбе былі гладка зачасаныя. Кадык тырчаў, і здавалася, што шыя ў яго зламаная. Глыбокія вочы скіраваны на столь, у куточку застыла мутная кропля лёду. Мне было так холадна, што я з цяжкасцю стрымліваў дрыжыкі. Не выпускаючы з рукі тканіну, другой рукой я дакрануўся да шчакі Гібарыяна. Адчуванне было такое, нібыта я дакрануўся да прамёрзлай драўніны. Калючая чорная шчэць. У складках губ застыў выраз бязмежнага, пагардлівага цярпення. Апускаючы край тканіны, я заўважыў, што з другога боку трупа з-пад складак відаць некалькі чорных даўгаватых пацерак або фасолін, дробных і буйных. Я здранцвеў.

Гэта былі пальцы голых ног, бачныя з боку падэшвы, выпуклыя падушачкі вялікіх пальцаў крыху растапыраны. Пад змятай тканінай распласталася мурынка.

Яна ляжала тварам уніз і, здавалася, спала. Паступова, дзюйм за дзюймам, я сцягваў грубую тканіну. Галава, уся ў сінявата-чорных дробных завітках, ляжала на выгібе такой жа чорнай масіўнай рукі. На бліскучай скуры спіны выступалі пазванкі. Масіўнае цела было абсалютна нерухомае. Я яшчэ раз зірнуў на яе падэшвы, мяне ўразіла дзіўная дэталь: яны не былі дэфармаваны, не сцерліся і нават не загрубелі ад хадзьбы басанож — скура была такая самая, як на спіне і руках.

Каб пераканацца ў гэтым, я дакрануўся да мурынкі. Мне было цяжэй дакрануцца да яе, чым да трупа. І тут адбылося штосьці неверагоднае: цела, якое ляжала на дваццаціградусным марозе, зашавялілася. Мурынка падцягнула нагу, як робіць гэта сабака, які спіць, калі яго ўзяць за лапу.

Тут яна замерзне, падумаў я. Зрэшты, яе цела было мяккае і не надта халоднае. Я адступіўся, апусціў штору і выйшаў у калідор. Мне здалося, што ў ім страшна горача. Трап вывеў мяне ў залу касмадрома. Усеўшыся на згорнуты ў рулон парашут, я абхапіў галаву рукамі. Я быў як пабіты. Не ведаў, што са мной адбываецца. Я быў прыгнечаны, думкі лавінай каціліся ў прорву — страта прытомнасці была б зараз неверагоднай ласкай.

Навошта ісці да Снаўта або Сарторыуса? Я не ўяўляў, што хто-небудзь здолее скласці ў адно цэлае ўсё, што я да гэтага перажыў, убачыў і адчуў. Адзіным ратункам было шаленства, уцёкі. Відаць, я з'ехаў з глузду, адразу ж пасля пасадкі. Акіян падзейнічаў на мой мозг; у мяне з'яўляецца адна галюцынацыя за другой, а калі так, то не трэба траціць высілкі на марныя спробы адгадаць неіснуючыя загадкі, трэба шукаць дапамогі доктара, выклікаць па радыё «Праметэй» або нейкі іншы карабель, падаць сігнал SOS.

Раптам адчуванне маё змянілася: думка аб тым, што я звар'яцеў, супакоіла мяне.

Зараз я добра зразумеў словы Снаўта — вядома, калі наогул існаваў нейкі Снаўт і калі я з ім размаўляў, бо галюцынацыі маглі пачацца значна раней — хто ведае, мо я знаходжуся яшчэ на караблі «Праметэй» і ў мяне востры прыступ душэўнай хваробы, а ўсё, што я перажыў, было прадуктам майго ўзбуджанага мозга? Але калі я хворы, то магу паправіцца, а гэта дае мне спадзяванне на выратаванне, якога я не мог знайсці ў блытаных кашмарах майго кароткага — усяго некалькі гадзін — салярыснага вопыту.

Трэба было правесці перш за ўсё нейкі прадуманы, лагічны эксперымент над самім сабой — ехреrіmеntum сruсis, — які паказаў бы мне, ці сапраўды я з'ехаў з глузду і стаў ахвяраю трызнення, альбо мае перажыванні, нягледзячы на іх абсурднасць і неверагоднасць, цалкам рэальныя.

Я разважаў і разглядваў металічную апору галоўных канструкцый касмадрома. Гэта была захаваная ў бляху і пафарбаваная ў бледна-зялёны колер стальная мачта, якая вытыркалася са сцяны; у некаторых месцах на вышыні каля метра фарба аблушчылася, відаць, садралі ракетныя цялежкі. Я дакрануўся да сталі, пагрэў яе далонню, пастукаў па абшыўцы. Хіба можа трызненне быць такім рэальным? Можа, адказаў я сам сабе. У такіх рэчах я разбіраўся, бо гэта была мая спецыяльнасць.

А ці можна прыдумаць галоўнае выпрабаванне? Напачатку мне здавалася, што нельга, мой хворы мозг (калі ён сапраўды хворы) створыць любую ілюзію, якую я ад яго запатрабую. Бо не толькі пад час хваробы, але і проста ў сне, здараецца, размаўляем з людзьмі, якіх няма, задаём ім пытанні і чуем адказы; і хоць гэтыя людзі існуюць толькі ў нашым уяўленні як своеасаблівыя, часова адасобленыя, псеўдасамастойныя часткі нашай псіхікі, мы ўсё-ткі не ведаем, якія словы яны прамовяць, пакуль (у сне) не загавораць з намі. А на самай справе гэтыя словы нарадзіліся ў той, ізаляванай частцы нашай уласнай свядомасці, гэта значыць мы павінны былі б ведаць іх загадзя, у той момант, калі мы самі іх прыдумалі, каб укласці ў вусны субяседніка, якога саснілі. Значыць, што б я ні запланаваў, што б ні здзейсніў, я магу лічыць, што ўсё адбылося менавіта так, як адбываецца ў сне. Ні Снаўта, ні Сарторыуса на самай справе магло і не быць, таму задаваць ім пытанні не мела сэнсу.

Я падумаў, што можна прыняць нейкі моцны сродак, напрыклад, пеётль або іншы прэпарат, які выклікае падман пачуццяў і яркага колеру відовішчы. Перажытыя мной адчуванні даказалі б, што прыняты прэпарат існуе на самай справе, што ён — матэрыяльная частка навакольнай рэчаіснасці. Але і гэта, працягваў я разважаць, не было б верагодным выпрабаваннем, бо я ведаю, як сродак павінен дзейнічаць (мне ж самому давядзецца яго выбіраць), а значыць, цалкам верагодна, што і прыём лякарства, і вынікі будуць проста створаны маім уяўленнем.

Здавалася, мне ўжо не выбрацца з зачараванага кола вар'яцтва — бо можна мысліць толькі мозгам, нельга апынуцца па-за самім сабой, каб праверыць, ці нармальныя тыя працэсы, што адбываюцца ў арганізме, — і раптам я злавіў думку, простую і ўдалую.

Я ўсхапіўся і пабег на радыёстанцыю. Там нікога не было. Мімаходзь я зірнуў на электрычны насценны гадзіннік. Было каля чатырох гадзін ночы ўмоўнага часу Станцыі, за сценамі пачынаўся чырвоны світанак. Я ўключыў дальнюю радыёсувязь і чакаў, пакуль яна наладзіцца. Адначасова яшчэ раз прадумаў ход эксперымента.

Пазыўных аўтаматычнай станцыі вакол салярыснага Сатэлоіда я не памятаў. Знайшоў іх на таблічцы над галоўным пультам і паслаў выклік азбукай Морзе, праз восем секунд атрымаў адказ. Сатэлоід, а дакладней, яго электронны мозг, адгукнуўся рытмічным сігналам.

Я папрасіў звесткі пра нябесныя мерыдыяны, якія Сатэлоід перасякаў кожныя дваццаць секунд пад час кручэння вакол Салярыс, з дакладнасцю да пятага дзесяцічнага знака.

Пасля я сеў і пачаў чакаць адказу. Ён прыйшоў праз дзесяць хвілін. Я адарваў папяровую стужку з вынікам і схаваў яе ў шуфлядзе стала (я стараўся зрабіць так, каб нават вокам на яе не зірнуць). Пасля прынёс з бібліятэкі вялікія мапы неба, лагарыфмічныя табліцы, журнал сутачнага кручэння Сатэлоіда, некалькі даведнікаў і пачаў вылічваць тыя ж самыя звесткі. Амаль цэлую гадзіну я складаў ураўненні; не памятаю, калі апошні раз мне даводзілася гэтулькі лічыць — напэўна, яшчэ ў студэнцкія гады на экзамене па практычнай астраноміі.

Разлікі я выканаў на вялікім калькулятары Станцыі. Я разважаў наступным чынам: па мапах неба я павінен атрымаць лічбы, якія толькі часткова супадаюць са звесткамі Сатэлоіда. Часткова таму, што Сатэлоід адчувае надта складаныя пертурбацыі пад уплывам гравітацыйнага поля Салярыс, яе абодвух сонцаў, якія круцяцца адно адносна другога, а таксама мясцовых змяненняў прыцягнення, якія выклікаюцца Акіянам. Калі ў мяне будзе дзве шарэнгі лічбаў — перададзеных Сатэлоідам і разлічаных тэарэтычна па мапах неба, я зраблю ў сваіх лічбах папраўкі; тады абедзве групы вынікаў павінны супадаць аж да чацвёртага дзесяцічнага знака; і толькі ў пятым дзесяцічным знаку магчымы разыходжанні, выкліканыя дзейнасцю Акіяна, якая не паддаецца разлікам.

Калі звесткі Сатэлоіда рэальна не існуюць, а толькі народжаны маім хворым уяўленнем, яны не супадуць з другім радам лічбаў. Мой мозг можа быць хворым, але ён ніколі не можа выканаць разлікі, якія зрабіў вялікі калькулятар Станцыі, бо спатрэбілася б шмат месяцаў. А з гэтага вынікае, што — калі лічбы супадуць — вялікі калькулятар Станцыі існуе рэальна і я карыстаўся ім наяве, а не ў трызненні.

У мяне калаціліся рукі, калі я даставаў з шуфляды тэлеграфную стужку і раскладваў яе на стале побач з такой жа, толькі крыху шырэйшай, стужкай калькулятара. Абодва рады лічбаў супадалі, як я і меркаваў, да чацвёртага знака ўключна. Разыходжанні з'явіліся толькі ў пятым.

Я схаваў усе паперы ў шуфляду. Калькулятар існаваў незалежна ад мяне; значыць, існавала і Станцыя, і ўсё, што на ёй адбывалася.

Я збіраўся зачыніць шуфляду, калі заўважыў у ёй цэлы стос лісткоў, скрэмзаных нейкімі лічбамі. Я дастаў іх; з першага позірку было бачна, што нехта праводзіў ужо эксперымент, падобны на мой. Толькі замест звестак пра зоркавую сферу ў Сатэлоіда папрасілі замеры асветленасці планеты Салярыс з саракасекунднымі інтэрваламі.

Я не з'ехаў з глузду. Апошняя надзея патухла. Я выключыў перадатчык, выпіў рэшткі булёну ў тэрмасе і пайшоў спаць.

 

ХЭРЫ

 

Я рабіў вылічэнні з нейкай маўклівай зацятасцю, і толькі яна трымала мяне на нагах. Атупеўшы ад стомленасці, я не здолеў нават раскласці ложак у кабіне, і замест таго, каб адчапіць верхнія клямары, я цягнуў за край, пакуль уся пасцель не ўпала на мяне. Нарэшце я апусціў ложак, скінуў з сябе на падлогу ўсё адзенне і бялізну і амаль несвядома зваліўся на падушку, нават не напампаваўшы яе як след. Заснуў я пры святле, але не ведаю калі. Расплюшчыўшы вочы, я вырашыў, што спаў толькі некалькі хвілін. У пакоі стаяў чырвоны прыцемак. Было халаднавата і прыемна. Я ляжаў голы, нічым не накрыўшыся. Насупраць ложка, ля напаўзачыненага ілюмінатара, нехта сядзеў на крэсле ў промнях чырвонага сонца. Гэта была Хэры, у белай сукенцы, босая, нага на нагу, цёмныя валасы зачасаны назад, тонкая тканіна напіналася на грудзях; апусціўшы загарэлыя да локцяў рукі, яна пільна пазірала на мяне з-пад сваіх чорных вейкаў. Я доўга зусім спакойна разглядваў яе. Першая мая думка была: «Як добра, што гэта такі сон, калі ведаеш, што ўсё сніцца». І ўсё ж хай бы лепш яна знікла. Заплюшчыўшы вочы, я з усяе моцы жадаў сабе гэтага, але калі расплюшчыў іх, Хэры сядзела ў ранейшай позе. На твары застыла звыклая грымаса, нібыта яна збіралася свіснуць, але ў вачах не было ніякіх прыкмет усмешкі. Я згадаў усё, што думаў пра сон вечарам, перш чым заснуць. Яна ніяк не змянілася, была такая ж, як і тым апошнім разам, калі я бачыў яе жывой. Тады ёй было дзевятнаццаць; зараз было б дваццаць дзевяць. Так, яна, вядома, не змянілася — памерлыя не старэюць. Яна мела тыя ж вочы, што здзіўлена пазіраюць на свет; і па-ранейшаму яна не зводзіла з мяне позірку. Трэба кінуць у яе чым-небудзь, падумаў я. І ўсё адно, хоць гэта мне толькі снілася, я не мог нават у сне кідаць што-небудзь у памерлую.

— Бедная, — сказаў я, — ты з'явілася адведаць мяне, праўда?

Я трохі спалохаўся — мой голас прагучаў рэальна, а пакой і Хэры мелі выразныя абрысы, як наяве.

Які жывы сон, я не толькі адрозніваю колеры, але і бачу на падлозе шмат рэчаў, на якія ўчора, калі клаўся спаць, нават не звярнуў увагі. Калі прачнуся, трэба будзе праверыць, ці ляжаць яны тут, ці проста сняцца мне, як і Хэры...

— І доўга ты збіраешся так сядзець?.. — спытаўся я і заўважыў, што гавару ціха, каб ніхто не пачуў, нібыта можна падслухаць сон!

Тым часам сонца ўжо трохі паднялося. Гэта не вельмі кепска. Калі я лёг спаць, быў чырвоны дзень, пасля павінен пачацца блакітны і толькі пасля яго — другі чырвоны. Не мог жа я праспаць пятнаццаць гадзін, значыць, мне ўсё гэта сніцца!

Супакоіўшыся, я ўважліва прыгледзеўся да Хэры. Яна сядзела спінай да святла; прамень, які пранікаў праз занавеску, залаціў аксамітны пушок на яе левай шчацэ, а вейкі кідалі на твар доўгі цень. Яна была прыгожая. Які ж я скрупулёзны нават у сне: пільную рух сонца і хачу, каб ямачка ў Хэры была на сваім месцы — ніжэй куточка губ, больш ні ў кога я не бачыў такой ямачкі; але хай бы ўсё гэта скончылася. Мне ж трэба займацца справай. Я зажмурыўся, імкнучыся прачнуцца, і раптам пачуў рыпенне. Я адразу ж расплюшчыў вочы. Хэры сядзела побач са мной і ўважліва пазірала на мяне. Я ўсміхнуўся ёй, яна таксама ўсміхнулася, нахілілася да мяне; першы пацалунак быў ледзь адчувальны, зусім як дзіцячы. Я цалаваў яе доўга. Хіба можна так паводзіць сябе ў сне? — думаў я. Але ж гэта нават не здрада яе памяці, бо яна сніцца мне, менавіта яна. Такога здарэння са мной яшчэ не было... Мы па-ранейшаму маўчалі. Я ляжаў на спіне; калі яна падымала твар, я мог зазірнуць у яе маленькія, пранізаныя сонцам ноздры — пастаянны барометр яе пачуццяў; кончыкамі пальцаў я пакратаў яе вушы, заружавелыя ад пацалункаў. Не ведаю, што мяне непакоіла; я ўсё даказваў сабе, што гэта сон, але сэрца маё сціскалася.

Я вырашыў устаць, абавязкова ўстаць; але ўнутрана быў падрыхтаваны, што мне гэта не ўдасца, бо ў сне цела часта не слухаецца нас, яно быццам чужое або яго наогул не адчуваеш. Я разлічваў, што, імкнучыся ўстаць, прачнуся, але замест гэтага сеў, апусціўшы ногі на падлогу. Нічога не зробіш, давядзецца даглядзець сон да канца, — падумаў я, але настрой сапсаваўся дарэшты. Мне стала страшна.

— Што ты хочаш? — спытаўся я хрыплым голасам і адкашляўся.

Звыкла пашукаў босымі нагамі пантофлі і перш чым успомніў, што іх тут няма, так стукнуўся пальцам, што нават заенчыў. Ну, цяпер-то ўжо я напэўна прачнуўся, падумаў з задавальненнем.

Але нічога не змянілася. Калі я сеў, Хэры адсунулася. Яна прыхінулася да спінкі ложка. Было бачна, як у яе б'ецца сэрца: сукенка злева прыкметна ўздрыгвала. Яна разглядвала мяне спакойна і з цікаўнасцю. Добра было б схадзіць у душ, але хіба душ, які сніцца, можа разбудзіць?

— Як ты сюды трапіла? — спытаўся я.

Яна падняла маю руку і пачала забаўляцца з ёю, знаёмым рухам падкідвала і лавіла мае пальцы.

— Не ведаю, — адказала яна. — Хіба гэта дрэнна?

Голас у яе быў гэткі ж нізкі, і гаварыла яна гэтак жа абыякава, як і заўсёды, нібыта яе турбавалі не вымаўленыя словы, а нешта зусім іншае; таму часам здавалася, што Хэры ні пра што не думае, а часам — што яна нічога не саромеецца. Яна прыглядалася з ледзь прыкметным здзіўленнем, якое свяцілася і ў яе ў вачах.

— Цябе... хто-небудзь бачыў?

— Не ведаю, я проста прыйшла... якое гэта мае значэнне, Крыс?

Забаўляючыся і далей з маёй рукой, яна насупілася.

— Хэры?

— Што, мілы?

— Адкуль ты даведалася, дзе я?

Гэта яе спыніла. Хэры бездапаможна развяла рукамі, усміхнулася. У яе былі такія цёмныя губы, што на іх не заставалася слядоў нават ад вішань.

— Паняцця не маю... Дзіўна, праўда? Ты спаў, калі я ўвайшла, але я цябе не разбудзіла. Я не хацела цябе будзіць, ты злоснік. Злоснік і зануда, — у такт сваім словам яна энергічна падкідвала маю далонь.

— Ты была ўнізе?

— Ага. Я ўцякла адтуль: там холадна.

Яна выпусціла маю руку. Кладучыся на бок, страсянула галавой, адкідаючы валасы, паглядзела на мяне з той ледзь прыкметнай усмешкай, якую я не пераносіў, пакуль не пакахаў Хэры.

— Але ж... Хэры... але ж, — мармытаў я.

Нахіліўшыся над ёй, я падняў кароткі рукаў яе сукенкі. Над падобным на венчык кветкі следам ад прывіўкі воспы чырванелася маленькая ранка ад уколу. Праўда, я гэтага чакаў (бо міжволі шукаў хоць нейкую логіку), але мне стала блага. Я дакрануўся пальцам да ранкі ад уколу — яна мне снілася праз доўгія гады. Як часта я прачынаўся з енкам на скамечанай пасцелі, заўсёды ў адной і той жа позе, скурчыўшыся амаль папалам, так, як ляжала яна, калі я знайшоў яе ўжо халоднай — нібы стараўся вымаліць у яе памяці дараванне альбо хоць быць побач з ёй у апошнія хвіліны, калі яна, адчуўшы дзеянне ўколу, спалохалася. Яна ж баялася нават звычайнай драпіны, не пераносіла ні болю, ні крыві, а тут адважылася на такое. І пакінула мне пяць слоў на лістку. Запіска была са мной заўсёды, пакамечаная, парваная на згібах; у мяне не хапала смеласці расстацца з ёй — тысячу разоў я вяртаўся да тае хвіліны, калі Хэры пісала яе, і стараўся ўявіць сабе, што яна тады адчувала. Я пераконваў сябе, што яна хацела проста пажартаваць і напалохаць мяне, а доза аказалася — выпадкова — надта вялікая. Усе даказвалі мне, што так і было альбо што яна зрабіла гэта пад уплывам хвіліннай слабасці, раптоўнай дэпрэсіі. Ніхто ж не ведаў, што я сказаў ёй за пяць дзён да гэтага. Я нават забраў свае рэчы, каб ёй было яшчэ больш балюча. А яна, калі я збіраўся, прамовіла занадта спакойна: «Ты разумееш, што гэта азначае?..» — і я зрабіў выгляд, нібы не разумею, хоць цудоўна разумеў. Але я лічыў яе баязліўкай і сказаў ёй пра гэта — а зараз яна ляжала папярок ложка і ўважліва пазірала на мяне, быццам не ведала, што я забіў яе.

— І гэта ўсё? — спыталася яна.

Пакой быў чырвоны ад сонца. Валасы Хэры палымнелі. Яна паглядзела на сваю руку, нібыта хацела зразумець, чаму я так доўга яе разглядваю, пасля прыціснулася халаднаватай гладкай шчакой да маёй далоні.

— Хэры, — хрыпла прамовіў я, — не можа быць...

— Перастань!

Вочы яе былі заплюшчаны, павекі ўздрыгвалі, чорныя вейкі датыкаліся да шчок.

— Дзе мы, Хэры?

— У нас.

— А дзе гэта?

На імгненне яна расплюшчыла адно вока і адразу ж зноў заплюшчыла, паказытала вейкамі маю далонь.

— Крыс!

— Што?

— Мне так добра.

Я сядзеў над ёй не кратаючыся. Падняў галаву і ўбачыў у люстэрку над рукамыйнікам частку ложка, рассыпаныя валасы Хэры і свае голыя калені. Я падсунуў нагой нейкі напалову абгарэлы прадмет, адзін з тых, што валяліся на падлозе, падняў яго, прыклаў вострым канцом да нагі, там, дзе ружавеўся паўкруглы сіметрычны шрам, і ўваткнуў у цела. Боль быў рэзкі. Я пазіраў на буйныя кроплі крыві, якія сцякалі па назе і бязгучна падалі на падлогу.

Усё дарэмна. Страшныя думкі, якія круціліся ў галаве, набывалі ўсё больш пэўныя абрысы, я ўжо не паўтараў: «Гэта сон», я даўно перастаў верыць у яго, зараз я думаў: «Трэба абараняцца». Я паглядаў на спіну Хэры, на лінію бядра, на босыя ногі, якія звісалі з ложка. Я выцягнуў руку і асцярожна пакратаў яе ружовую пятку, правёў пальцам па падэшве.

Яна была далікатная, як у немаўляці.

Зараз я быў перакананы: гэта не Хэры, я амаль што безаглядна верыў у гэта — нават яна сама не ведае аб тым.

Яе босая ступня здрыганулася ў маёй далоні, цёмныя губы Хэры трэсліся ад бязгучнага смеху.

— Перастань... — прашаптала яна.

Я ціхенька вызваліў руку з-пад яе шчакі, устаў і пачаў спешна апранацца. Хэры сядзела на ложку і пазірала на мяне.

— Дзе твае рэчы? — спытаўся я і адразу ж пашкадаваў пра гэта.

— Мае рэчы?

— Няўжо ў цябе толькі адна сукенка?

Зараз гэта была ўжо гульня. Я імкнуўся трымацца будзённа, свабодна, быццам мы рассталіся толькі ўчора, не, быццам мы наогул ніколі не разлучаліся. Хэры ўстала, знаёмым лёгкім і моцным рухам паправіла сукенку. Мае словы заінтрыгавалі Хэры, але яна прамаўчала. Толькі цяпер яна ўважліва ўсё агледзела і, відаць, здзіўленая павярнулася да мяне.

— Не ведаю, — прамовіла яна бездапаможна, — магчыма, у шафе?.. — дадала Хэры і адчыніла дзверы.

— Не, там толькі камбінезоны, — адказаў я.

Я знайшоў каля рукамыйніка электрабрытву і пачаў галіцца. Стараўся не стаць плячыма да дзяўчыны, кім бы яна ні была.

Хэры хадзіла па кабіне, зазірала ва ўсе куткі, углядалася ў ілюмінатар, нарэшце падышла да мяне і прамовіла:

— Крыс, у мяне такое адчуванне, быццам нешта здарылася.

І змоўкла. Я выключыў брытву і чакаў.

— Быццам я нешта забылася... быццам шмат што забылася. Ведаю... памятаю толькі цябе... і... і нічога больш.

Я слухаў яе, стараючыся ніяк не выявіць сябе.

— Я была... хворая?

— Ну... можна сказаць і так. Нейкі час ты хварэла.

— Ага, вось, значыць, у чым справа.

Хэры адразу супакоілася. Я не магу перадаць мой стан: калі яна маўчала, хадзіла, сядзела, усміхалася, перакананасць, што перада мной Хэры, была мацнейшая за гнятлівую трывогу. Пасля мне зноў пачало здавацца, што гэта не Хэры, а толькі яе спрошчаны вобраз, заснаваны на некалькіх характэрных словах, рухах, жэстах. Яна наблізілася да мяне амаль ушчыльную, уперлася кулачкамі ў мае грудзі і спыталася:

— Як у нас з табой? Добра ці дрэнна?

— Цудоўна, — адказаў я.

Яна ледзь прыкметна ўсміхнулася.

— Калі ты так гаворыш, значыць, дрэнна.

— Што ты, Хэры! Ведаеш, дарагая, мне трэба зараз выйсці, — хуценька прамовіў я. — Пачакай мяне, добра? А мо ты галодная? — дадаў я і раптам сам захацеў есці.

— Галодная? Не. — Яна пакруціла галавой, яе валасы рассыпаліся па плячах. — Мне чакаць цябе? Доўга?

— З гадзіну... — пачаў я.

— Я пайду з табой, — перабіла Хэры.

— Табе нельга ісці са мной, мне трэба працаваць.

— Я пайду з табой.

Гэта была зусім іншая Хэры: тая ў падобных выпадках ніколі не настойвала. Ніколі.

— Дзіцятка маё, гэта немажліва...

Яна пазірала на мяне знізу, пасля ўзяла за руку. Я правёў далонню па яе руцэ, плячо было пругкае і цёплае. Зусім не жадаючы, я лашчыў яе. Уся мая істота прагнула яе, я хацеў яе насуперак розуму, насуперак усім аргументам, насуперак страху.

З усяе сілы стараючыся захаваць спакой, я паўтарыў:

— Хэры, гэта немагчыма, ты павінна застацца.

— Не.

Як гэта прагучала!

— Чаму?

— Н-не... ведаю.

Яна азірнулася і зноў падняла вочы на мяне.

— Я не магу... — прамовіла яна ціха.

— Чаму?!

— Не ведаю. Не магу. Мне здаецца... Мне здаецца...

Яна з цяжкасцю шукала адказу, а калі знайшла, то і для яе самой ён прагучаў нечакана:

— Мне здаецца, што я павінна бачыць цябе... заўсёды.

Спакойная інтанацыя хавала не пачуцці, а нешта зусім іншае. Я гэта адчуў. Знешне ўсё заставалася па-ранейшаму: я абдымаў яе, гледзячы ў вочы, але паціху пачаў заломваць ёй рукі за спіну, нерашучыя рухі сталі ўпэўненымі — я знайшоў сваю мэту. Вачыма я ўжо шукаў, чым можна звязаць яе.

Яе локці, адведзеныя мною назад, стукнуліся і адначасова напружыліся з такой сілай, якая звяла на нішто мае намаганні. Я змагаўся мо хвіліну. Яна стаяла, выгнуўшыся назад, ледзь не краналася падлогі. У такім становішчы нават атлет не здолеў бы супраціўляцца. А яна, няпэўна ўсміхаючыся, вызвалілася з маіх абдымкаў, выпрасталася і апусціла рукі. Твар яе нават не здрыгануўся.

Яе вочы сачылі за мной гэтак жа спакойна, з цікаўнасцю, як і напачатку, калі я прачнуўся. Яна, відаць, нават не заўважыла маіх адчайных высілкаў, выкліканых прылівам страху. Зараз яна стаяла абыякавая, засяроджаная, крыху здзіўленая, нібыта нечага чакаючы.

Мае рукі апусціліся. Я пакінуў яе пасярод пакоя і падышоў да паліцы ля рукамыйніка. З адчуваннем, што трапіў у неверагодную пастку, я шукаў выйсця, мяркуючы зрабіць усё, што патрабавала сітуацыя. Калі б нехта спытаўся, што са мной сталася і што ўсё гэта азначае, я не здолеў бы выціснуць з сябе ніводнага слова, але я паступова зразумеў: тое, што адбываецца на Станцыі з усімі намі, гэта непарыўнае цэлае, такое ж страшнае, як і незразумелае. Аднак у той момант я быў заняты іншым — спрабаваў знайсці хоць нейкі ход, нейкую шчыліну для выратавання. Я ўвесь час адчуваў на сабе позірк Хэры. Над паліцай у сцяне была маленькая аптэчка. Я хутка агледзеў яе, знайшоў слоік са снатворнымі парашкамі і кінуў чатыры таблеткі — максімальную дозу — у шклянку. Я нават не хаваў свае маніпуляцыі ад Хэры, цяжка сказаць чаму, я не задумваўся над гэтым. Наліў у шклянку гарачай вады і пачакаў, пакуль таблеткі растворацца, падышоў да Хэры, якая ўсё яшчэ стаяла пасярод пакоя.

— Ты гневаешся? — спыталася яна ціха.

— Не. Выпі вось гэта.

Не ведаю, чаму я лічыў, што Хэры паслухаецца. Сапраўды, яна моўчкі ўзяла ў мяне шклянку і выпіла яе залпам. Я паставіў пустую шклянку на столік і сеў у кут паміж шафай і кніжнай паліцай. Хэры няспешна падышла да мяне, уселася на падлозе ля крэсла, яна рабіла гэта і раней, падкурчыла ногі і добра знаёмым рухам адкінула валасы назад. Хоць я ўжо больш не верыў, што гэта Хэры, усё адно кожны раз, калі я пазнаваў яе прывычкі, штосьці сціскала маё горла. Гэта было незразумела і страшна, а страшней за ўсё тое, што я і сам паводзіў сябе вераломна, робячы выгляд, што прымаю яе за Хэры, але ж яна сама лічыла сябе Хэры, і, згодна з яе разуменнем, тут не было ніякай хітрасці. Не магу растлумачыць, як я здагадаўся, што ўсё менавіта так, але я быў упэўнены ў гэтым, калі наогул яшчэ магла існаваць хоць нейкая ўпэўненасць!

Я сядзеў, а дзяўчына абаперлася плячыма на мае калені, яе валасы казыталі маю руку. Мы сядзелі нерухома. Некалькі разоў я непрыкметна пазіраў на гадзіннік. Мінула паўгадзіны, снатворнае павінна падзейнічаць. Хэры нешта ціхенька прамармытала.

— Што ты сказала? — спытаўся я.

Яна не адказала. Я палічыў гэта адзнакай яе санлівасці, хоць — далібог, у глыбіні душы сумняваўся, што на яе падзейнічае лякарства. Чаму? Не ведаю. Верагодна, таму, што такое выйсце было б занадта простае.

Яе галава паволі апускалася на мае калені, цёмныя валасы ўпалі на твар; Хэры дыхала спакойна, як чалавек, які спіць. Я нахіліўся, каб аднесці яе на ложак. Не расплюшчваючы вачэй, яна крыху турзанула мяне за валасы і гучна рассмяялася.

Я здранцвеў, а яна залівалася смехам і, прымружыўшы вочы, назірала за мной. Выраз яе твару быў наіўны і хітры. Я сядзеў ненатуральна прама, аглушаны і бездапаможны, а Хэры хіхікнула яшчэ раз, прыціснулася шчакой да маёй рукі і змоўкла.

— Чаго ты смяешся? — глуха спытаўся я.

Яе твар зноў стаў неспакойны, задумлівы. Я бачыў, што яна хоча быць шчырай. Хэры паднесла палец да носа і прамовіла, уздыхаючы:

— Сама не ведаю.

У яе словах прагучала шчырае здзіўленне.

— Я здаюся табе ідыёткай, праўда? — працягвала яна. — Неяк раптоўна мне... але і ты добры... сядзіш насуплены, як... як Пельвіс...

— Як хто? — перапытаў я. Мне падалося, што я дрэнна пачуў.

— Як Пельвіс, ты ж ведаеш, той таўстун...

Несумненна, Хэры не магла ні ведаць, ні чуць пра яго ад мяне: ён вярнуўся са сваёй экспедыцыі сама малае гады праз тры пасля яе смерці. Я таксама не ведаў яго раней і нават уяўлення не меў, што ён, калі старшынюе на сходах Інстытута, неверагодна зацягвае гэтыя пасяджэнні. Яго прозвішча Пеле Віліс, што скарочана ўтварае мянушку, якую да яго вяртання таксама ніхто не ведаў.

Хэры абаперлася локцямі на мае калені і пазірала мне ў твар. Я правёў далонямі па яе руках, плячах, шыі, адчуў пульсуючыя жылкі. Гэта можна было лічыць ласкай. Мяркуючы па яе позірку, яна менавіта так гэта ўспрыняла. А я проста хацеў пераканацца, што дакранаюся да звычайнага цёплага чалавечага цела, што пад яе скурай ёсць мускулы, косці, суставы. Пазіраючы ў яе спакойныя вочы, я адчуў неадольнае жаданне з усяе сілы схапіць яе за горла.

Мае пальцы амаль сціснуліся, але тут я згадаў акрываўленыя рукі Снаўта і адпусціў Хэры.

— Як ты дзіўна пазіраеш... — прамовіла яна спакойна.

Маё сэрца калацілася так, што я не мог гаварыць. На імгненне я заплюшчыў вочы.

Нечакана ў мяне ўзнік план. Адразу ўвесь, з усімі дэталямі. Не губляючы ні секунды, я ўстаў з крэсла.

— Я мушу ісці, Хэры, але калі ты вельмі хочаш, то можаш пайсці са мной.

— Добра.

Яна ўсхапілася на ногі.

— Чаму ты босая? — спытаўся я, падыходзячы да шафы і выбіраючы сярод рознакаляровых камбінезонаў два — сабе і ёй.

— Не ведаю... відаць, некуды закінула туфлі... — сказала яна няпэўна.

Я не звярнуў на гэта ўвагі.

— Здымі сукенку, інакш ты не апранеш камбінезон.

— Камбінезон?.. Навошта? — спыталася яна, адразу сцягваючы сукенку.

Але тут высветлілася дзіўная рэч — сукенку нельга было зняць— яна аказалася без усялякай зашпількі. Чырвоныя гузікі пасярод былі толькі аздобай. Ніякіх зашпілек няма. Хэры разгублена ўсміхалася. Робячы выгляд, што гэта сама звыклая справа, я падняў з падлогі інструмент, падобны на скальпель, надрэзаў ім сукенку, там, дзе на спіне пачыналася дэкальтэ. Цяпер яна магла зняць сукенку праз галаву. Камбінезон быў ёй трохі велікаваты.

— Мы паляцім?.. Разам? — дапытвалася яна, калі мы, апрануўшыся, выходзілі з пакоя.

Я кіўнуў галавой. Я надта баяўся, што мы сустрэнем Снаўта, але калідор, які вёў да ўзлётнай пляцоўкі, быў пусты, а дзверы радыёстанцыі, міма якіх мы прайшлі, зачынены.

На Станцыі панавала мёртвая цішыня. Хэры сачыла, як на невялікай электрычнай калясцы я вывозіў з сярэдняга бокса на свабодную паласу ракету. Я метадычна праверыў стан мікрарэактара, тэлекіраванне рухавіка, затым разам са стартавай каляскай перакаціў ракету на круглую ролікавую плоскасць стартавага стала пад цэнтрам лейкападобнага купала, прыняўшы адтуль пустую капсулу.

Гэта была невялікая ракета для сувязі Станцыі з Сатэлоідам; яна прызначалася для перавозак грузу, людзі ў ёй ляталі ў выключных выпадках — ракета не адчынялася знутры. Мне патрабавалася менавіта такая ракета. Вядома, я не збіраўся запускаць яе, але рабіў усё, як перад сапраўдным стартам. Хэры неаднойчы суправаджала мяне пад час палётаў і крыху разбіралася ў падрыхтоўцы да старту. Я праверыў стан кандыцыянераў і кіслароднай апаратуры, запусціў іх, а калі запаліліся кантрольныя лямпачкі, вылез з цеснага бокса і звярнуўся да Хэры, якая стаяла ля трапа:

— Заходзь.

— А ты?

— Зайду пасля цябе. Мне трэба зачыніць люк.

Я не баяўся, што яна адгадае мой намер. Калі яна па трапе паднялася ў ракету, я адразу ж усунуў галаву ў люк і спытаўся, ці добра ёй там; пачуў глухое «ага», адступіўся і з усяе сілы зачыніў века. Я дарэшты заціснуў абедзве засаўкі і загадзя падрыхтаваным ключом пачаў закручваць пяць шрубаў, якія замацоўвалі ў пазах века люка.

Металічная сігара стаяла вертыкальна і была гатова вось-вось узляцець. Я ведаў, той, якую я замкнуў, нічога не пагражае — у ракеце дастаткова кіслароду, нават харчу крыху ёсць; зрэшты, я зусім не збіраўся трымаць яе там да бясконцасці.

Я імкнуўся любой цаной здабыць хоць некалькі гадзін свабоды, каб усё абдумаць, звязацца са Снаўтам і пагаварыць з ім ужо на роўных.

Калі я закручваў апошнюю шрубу, дык адчуў, што металічныя мацаванні, на якіх трымаецца ракета, устаноўленая толькі на выступах з трох бакоў, уздрыгваюць, але вырашыў, што гэта я сам з дапамогай вялікага ключа неасцярожна расхістаў стальную глыбу.

Я адышоўся на некалькі крокаў і ўбачыў тое, чаго не хацеў бы бачыць больш ніколі ў жыцці.

Ракета расхісталася ад удараў знутры. Ды якіх удараў! Каб там быў стальны робат, а не чорнавалосая стройная дзяўчына, то і ён не здолеў бы гэтак трэсці васьмітонную ракету!

На паліраванай паверхні снарада мігцелі і пераліваліся водбліскі агнёў касмадрома. Я не чуў ніякіх гукаў — унутры было ціха, толькі шырока расстаўленыя апоры стартавага стала, на якіх стаяла ракета, страцілі дакладнасць абрысаў. Яны вібравалі, як струны, — я нават спалохаўся, што ўсё можа разваліцца. Дрыготкімі рукамі заціснуў апошнюю шрубу, кінуў ключ і саскочыў з трапа. Паволі адступаючы, я ўбачыў, як амартызатары, разлічаныя толькі на пастаянны ціск, падскокваюць у сваіх гнёздах. Мне здалося, што стальная абшыўка мяняе свой колер. Як звар'яцел'ы, я падбег да пульта дыстанцыйнага кіравання, абедзвюма рукамі штурхануў угору рубільнік пуску рэактара і ўключэння сувязі; тады з рэпрадуктара, які быў спалучаны з ракетай, пачуўся не то піск, не то скавытанне, зусім не падобнае на чалавечы голас, і ўсё-ткі я разабраў: «Крыс! Крыс! Крыс!!!»

Зрэшты, гучала гэта не вельмі выразна. Кроў лілася з разбітых костачак, так хаатычна і прымусова стараўся я запусціць снарад. Блакітны водбліск упаў на сцены стартавага стала; з адлюстравальніка газаў павалілі клубы дыму, якія ператварыліся ў сноп асляпляльных іскраў; усе гукі накрыў высокі працяжны гул. Ракета ўзнялася на трох струменях полымя, якія адразу ж зліліся ў адзін вогненны слуп, і, пакідаючы за сабой дрыготкае марыва, вылецела праз шлюзавую адтуліну, якая адразу ж зачынілася. Аўтаматычныя вентылятары пачалі падаваць свежае паветра ў залу, дзе яшчэ віхурыўся едкі дым. Я на ўсё гэта не звяртаў увагі. Рукамі трымаўся за пульт, твар гарэў ад апёку, валасы абгарэлі ад цеплавога выпраменьвання; я сутаргава хапаў паветра, якое пахла гарэлым і азонам. Хоць пад час старту я інстынктыўна заплюшчыў вочы, рэактыўны струмень асляпіў мяне. Даволі доўга перад вачыма стаялі чорныя, чырвоныя і залатыя кругі. Паступова яны растварыліся. Дым, пыл, туман знікалі ў трубах вентылятараў, якія цяжка стагналі. Перш за ўсё я ўбачыў зялёны экран радара. Я пачаў шукаць ракету з дапамогай радыёлакатара. Калі нарэшце злавіў, яна была ўжо за межамі атмасферы. Ніколі ў жыцці я не запускаў снарад так паспешна, усляпую, не ведаючы, якое паскарэнне яму надаць, куды наогул яго скіраваць. Я падумаў, што прасцей за ўсё вывесці ракету на арбіту вакол Салярыс з радыусам каля тысячы кіламетраў. Тады я здолеў бы выключыць рухавікі. Калі яны будуць працаваць, можа адбыцца катастрофа, вынікі якой цяжка ўявіць. Тысячакіламетровая арбіта — як я пераканаўся з табліцы — была стацыянарная. Але і яна, калі гаварыць праўду, нічога не гарантавала. Проста я не мог прыдумаць нічога іншага. У мяне не хапіла адвагі ўключыць радыёсувязь, якую я выключыў адразу пасля старту. Я зрабіў бы ўсё, абы толькі не чуць гэтага страшнага голасу, у якім ужо не засталося нічога чалавечага. Усе маскі былі сарваны — у гэтым можна прызнацца, — і пад выявай Хэры адкрылася іншая, сапраўдная выява, такая, што шаленства стала ўяўляцца сапраўдным збавеннем.

Была роўна гадзіна, калі я пайшоў з касмадрома.

 

«МАЛЫ АПОКРЫФ»

 

Скура на маіх руках і твары была абпаленая. Я ўспомніў, што калі шукаў снатворнае для Хэры (калі б у мяне была сіла, я пасмяяўся б над сваёй наіўнасцю), то заўважыў у аптэчцы бутэлечку з маззю ад апёкаў, і пайшоў да сябе. Адчыніў дзверы і ў чырвоным святле захаду ўбачыў, што ў крэсле, ля якога Хэры стаяла нядаўна на каленях, нехта сядзіць. На нейкую долю секунды мяне апанаваў страх, я запанікаваў і адскочыў, гатовы ўцякаць. Той, хто сядзеў, падняў галаву. Гэта быў Снаўт. Заклаўшы нагу за нагу, спінай да мяне (на ім былі тыя ж шарачковыя штаны з плямамі ад рэактываў), ён праглядаў нейкія паперы. Яны ляжалі на століку побач. Пасля адклаў паперы і пачаў змрочна разглядаць мяне з-пад апушчаных на кончык носа акуляраў.

Не кажучы ні слова, я падышоў да рукамыйніка, дастаў з аптэчкі мазь і пачаў мазаць ёю лоб і шчокі, там, дзе былі сама моцныя апёкі. На шчасце, я паспеў тады зажмурыцца, і вочы мае ацалелі. Некалькі вялікіх пухіроў на вісках і шчоках я прапароў стэрыльнай іголкай і шпрыцам высмактаў з іх вадкасць. Пасля наклеіў на твар дзве марлевыя накладкі з маззю. Снаўт па-ранейшаму назіраў за мной. Мне было ўсё адно. Твар мой гарэў усё мацней. Я закончыў свае працэдуры і сеў у другое крэсла, зняўшы з яго сукенку Хэры. Гэта была сама звычайная сукенка, толькі без усялякіх зашпілек.

Снаўт, склаўшы рукі на касцістым калене, крытычна сачыў за маімі рухамі.

— Ну што, пагаворым? — прамовіў ён, калі я сеў.

Я прамаўчаў, прыціскаючы марлю, якая спаўзала са шчакі.

— Былі госці, праўда?

— Праўда, — адказаў я суха.

Я не меў ніякай ахвоты падладжвацца пад яго тон.

— І пазбавіўся ад іх? Ну, ну, імпэтна ты за гэта ўзяўся.

Снаўт памацаў лоб, на якім лушчылася скура. Праз яе свяцілася маладая ружовая скурка. І тады я ўсё зразумеў. Чаму я вырашыў, што гэта загар? На Салярыс жа ніхто не загарае...

— Але пачаў ты вельмі сціпла, — працягваў Снаўт, не звяртаючы ўвагі на маё хваляванне. — Магчымыя наркотыкі, яды, амерыканская барацьба, хіба не так?

— Што ты хочаш? Давай пагаворым сур'ёзна. Калі ты хочаш блазнаваць, лепей ідзі.

— Часам міжволі даводзіцца блазнаваць, — адказаў ён і падняў на мяне прымружаныя вочы. — Ты ж не будзеш запэўніваць, што не карыстаўся ні вяроўкай, ні малатком? А чарніліцу ты выпадкам не кідаў, як Лютэр? Не? О, — скрывіўся ён, — тады ты проста малайчына! І рукамыйнік цэлы, ты нават не спрабаваў расквасіць галаву, і ў пакоі ўсё цэлае. Ты проста раз, два, і гатова — пасадзіў, запусціў на арбіту, і квіты?!

Снаўт зірнуў на гадзіннік.

— Значыць, гадзіны дзве, а мо і тры ў нас ёсць, — закончыў ён, непрыемна ўсміхаючыся. Пасля працягваў: — Так, значыць, ты лічыш, што я свіння?

— Сапраўдная свіння, — сказаў я цвёрда.

— Ага, а ты паверыў бы, калі б я табе расказаў? Паверыў бы хоць аднаму майму слову?

Я не адказаў.

— Спачатку гэта адбылося з Гібарыянам, — працягваў Снаўт з той жа непрыемнай усмешкай. — Ён замкнуўся ў сваёй кабіне і гаварыў з намі толькі праз дзверы. Ты ведаеш, што мы вырашылі?

Я ведаў, але прамаўчаў.

— Ну вядома. Мы думалі, што ён звар'яцеў. Ён расказаў нам трохі праз дзверы, але не ўсё. Магчыма, ты нават здагадваешся, чаму ён не сказаў, хто ў яго. Так, ты ўжо ведаеш: suum cuique*. Але Гібарыян быў сапраўдны даследнік. Ён запатрабаваў, каб мы далі яму шанц.

* Suum cuique (лац.) — кожнаму сваё.

— Які шанц?

— Ён спрабаваў усё класіфікаваць, разабрацца, зразумець, працаваў ноччу. Ведаеш, што ён рабіў? Вядома, ведаеш!

— Разлікі. У шуфлядзе. На радыёстанцыі. Гэта яго?

— Так. Але тады я пра гэта нічога не ведаў.

— Колькі гэта працягвалася?

— Гасцяванне? Мо з тыдзень. Мы вялі размовы праз дзверы. Што там тварылася! Мы думалі, у яго галюцынацыі, псіхамоўнае ўзбуджэнне. Я даваў яму скапаламін.

— Як гэта... яму?

— Так. Ён браў, але не сабе. Эксперыментаваў. Так гэта і працягвалася.

— А вы?..

— Мы? На трэці дзень мы вырашылі трапіць да яго, узламаць дзверы, калі інакш не атрымаецца. Думалі, што яго трэба лячыць.

— Дык вось чаму! — вырвалася ў мяне.

— Так.

— І там... у той шафе...

— Так, мой ты хлопча. Так. Ён не ведаў, што тым часам і нас наведалі госці. І мы ўжо не маглі займацца ім. Ён пра гэта не ведаў. Зараз мы да такіх гісторый... прывыклі.

Ён расказваў пра гэта так ціха, што я хутчэй здагадаўся, чым пачуў апошнія словы.

— Пачакай, я не разумею... — прамовіў я. — Вы ж павінны былі чуць. Ты сам казаў, што вы падслухоўвалі. Вы павінны былі чуць два галасы... а таму...

— Не. Мы чулі толькі яго голас, а калі ўзнікаў нейкі дзіўны шум, мы думалі, што гэта ён...

— Толькі яго голас?.. Але... чаму?

— Не ведаю. У мяне, праўда, ёсць на гэты конт свая версія, але я лічу, што не варта спяшацца. Хоць яна штокольвечы і высвятляе, але выйсця не дае. Так. Ты, відаць, яшчэ ўчора нешта прыкмеціў, іначай палічыў бы нас абодвух за вар'ятаў.

— Я думаў, што сам звар'яцеў.

— Ах, так? І ты нікога не бачыў?

— Бачыў.

— Каго?!

Яго твар скрывіўся. Ён ужо не ўсміхаўся. Я ўважліва разглядваў яго, пасля адказаў:

— Гэтую... чарнаскурую...

Снаўт маўчаў. Але яго напружаныя згорбленыя плечы крыху расслабіліся.

— Ты мог бы мяне хоць папярэдзіць, — працягваў я ўжо не так упэўнена.

— Я цябе папярэдзіў.

— Але як!

— Як здолеў. Зразумей, я не ведаў хто гэта будзе! Гэтага ніхто не ведае, гэтага нельга ведаць...

— Паслухай, Снаўт, у мяне некалькі пытанняў. Ты сутыкаўся з такімі рэчамі... тая... гэта... што будзе з той?

— Ты хочаш ведаць, ці вернецца яна?

— Так.

— Вернецца і не вернецца.

— Што гэта азначае?

— Вернецца такая самая, як была напачатку... пад час першага візіту. Проста яна не будзе нічога ведаць або, калі казаць дакладна, будзе паводзіць сябе так, быццам ты ніколі нічога не рабіў, каб ад яе пазбавіцца. Яна не будзе агрэсіўнай, калі ты не паставіш яе ў такое становішча...

— Якое становішча?

— Гэта залежыць ад абставін.

— Снаўт!

— Што?

— Мы не можам дазволіць сабе раскошу што-небудзь утойваць адзін ад аднаго!

— Гэта не раскоша, — перапыніў ён суха. — Кельвін, у мяне такое ўражанне, што ты ўсё яшчэ не разумееш... або... Пачакай! — У яго заблішчалі вочы. — Ты можаш мне сказаць, хто ў цябе быў?!

Я пракаўтнуў сліну. Апусціў галаву. Мне не хацелася глядзець на яго. Я хацеў, каб зараз тут быў абы-хто, толькі не Снаўт. Але выбару не заставалася. Шматок марлі адклеіўся і зваліўся мне на руку. Я здрыгануўся ад яе слізкага дотыку.

— Жанчына, якую... — я не закончыў. — Яна загінула. Зрабіла сабе... укол...

Снаўт чакаў.

— Учыніла самагубства?.. — удакладніў ён, калі ўбачыў, што я маўчу.

— Так.

— І ўсё?

Я маўчаў.

— Гэта не ўсё...

Я падняў галаву. Снаўт не глядзеў на мяне.

— Адкуль ты ведаеш?

Ён не адказаў.

— Ладна, — пачаў я, аблізаўшы губы, — мы пасварыліся. А зрэшты, не. Гэта я ёй сказаў, сам ведаеш, што гавораць у гневе. Сабраў свае рэчы і пайшоў. Яна дала мне зразумець, хоць пра гэта нічога і не сказала, але калі з чалавекам доўга жывеш, навошта і гаварыць... Я быў перакананы, што пабаіцца... яна проста так... што не зробіць гэтага... я выклаў ёй усё. На наступны дзень я ўспомніў, што пакінуў у шуфлядзе стала гэты... прэпарат; яна ведала пра яго — я прынёс прэпарат з лабараторыі і растлумачыў, як ён дзейнічае. Я спалохаўся, хацеў пайсці і забраць яго, але падумаў, што гэта дасць падставы лічыць, быццам я ўспрыняў яе словы ўсур'ёз, і... не пайшоў. Але на трэці дзень я ўсё-ткі пайшоў, бо гэта не давала мне спакою. Ужо... калі я прыйшоў, яна была мёртвая.

— Ах ты, нявінны хлопча...

Гэтыя словы ўзрушылі мяне. Але зірнуўшы на Снаўта, я зразумеў, што ён не жартуе. Я ўбачыў яго быццам упершыню. На шэрым твары ў глыбокіх маршчынах застыла пакута, ён быў падобны на цяжкахворага чалавека.

— Чаму ты так гаворыш? — спытаўся я здзіўлена.

— Таму, што гісторыя гэта трагічная. Не, не, — хуценька дадаў ён, калі заўважыў, што я хачу яго перапыніць, — ты па-ранейшаму нічога не разумееш. Вядома, ты можаш пакутаваць, нават лічыць сябе забытым, але... гэта не сама страшнае.

— Што ты кажаш! — з'едліва выгукнуў я.

— Цешу сябе тым, што ты не верыш. Тое, што адбылося, можа быць страшным, але страшней за ўсё тое, што... не адбывалася. Ніколі.

— Не разумею... — прамовіў я.

Я і на самай справе нічога не разумеў. Снаўт паківаў галавой.

— Нармальны чалавек... — працягваў ён. — Што такое нармальны чалавек? Чалавек, які не ўтварыў нічога страшнага? І нават ніколі пра гэта не падумаў? А што, калі ён не падумаў, але ў яго падсвядомасці дзесяць або трыццаць гадоў таму толькі мільганула гэта? Мо ён забыўся, не баяўся, бо ведаў, што ніколі не зробіць нічога дрэннага. Так, а зараз уяві сабе, што раптам, сярод белага дня, у асяродку іншых людзей, ты сустракаеш ГЭТА наяве, прыкутае да цябе, незнішчальнае, што тады? Што маеш рабіць тады?

Я маўчаў.

— Станцыя, — прамовіў ён ціха. — Маеш тады Станцыю Салярыс.

— Але... што гэта ўрэшце можа быць? — спытаўся я нерашуча. — Вы ж з Сарторыусам не злачынцы...

— Ты ж псіхолаг, Кельвін! — нецярпліва перапыніў ён мяне. — Каму хоць раз у жыцці не сніўся такі сон, не з'яўляўся такі прывід? Возьмем... фетышыста, які закахаўся, скажам, у шматок бруднай бялізны. Рызыкуючы жыццём, метадам пагроз і просьбаў ён здабывае свой бясцэнны вычварны шматок. Забаўна, праўда? Ён і брыдзіцца прадмета свайго імкнення, і гатоў з-за яго розум страціць. І нават жыццё гатовы аддаць дзеля яго, як Рамэо дзеля Джульеты... Такое часам здараецца. Але ты, відаць, разумееш, што бываюць і такія рэчы... такія сітуацыі... якія ніхто не захоча мець наяве, пра якія можна толькі падумаць, і то пад час ап'янення, падзення, вар'яцтва — называй гэта як хочаш. І слова становіцца целам. Вось і ўсё.

— Вось... і ўсё, — бязглузда паўтарыў я драўляным голасам. У мяне шумела ў галаве. — А Станцыя? Пры чым тут Станцыя?

— Ты што, прытвараешся? — прамовіў Снаўт і ўперыў на мяне свой позірк. — Я ж увесь час кажу пра Салярыс, толькі пра Салярыс і ні пра што іншае. Я не вінаваты, што ўсё так рэзка адрозніваецца ад тваіх спадзяванняў. Зрэшты, ты дастаткова перажыў, каб хоць выслухаць мяне да канца. Мы выпраўляемся ў космас, гатовыя да ўсяго, гэта значыць да адзіноты, да барацьбы, да пакут і смерці. З-за сціпласці мы не гаворым пра гэта ўслых, але часам думаем пра сваю вялікасць. А на самай справе, на самай справе гэтага мала, і наша падрыхтаванасць — толькі поза. Мы зусім не хочам заваёўваць космас, мы хочам проста пашырыць да яго абсягаў Зямлю. На адных планетах павінны быць пустыні накшталт Сахары, на другіх — ільды, як на полюсе, альбо джунглі, як у бразільскіх тропіках. Мы гуманныя і высакародныя, не хочам заваёўваць іншыя расы, мы толькі імкнёмся перадаць ім нашы дасягненні і ўзамен атрымаць іх спадчыну. Мы лічым сябе рыцарамі Святога Кантакту. Гэта другая хлусня. Мы не шукаем нікога, акрамя чалавека. Нам не патрэбны іншы сусвет. Нам патрэбна наша адлюстраванне. Мы не ведаем, што рабіць з іншым сусветам. Нам хапае і аднаго, мы і так у ім задыхаемся. Мы хочам знайсці свой уласны, ідэалізаваны вобраз: планеты з цывілізацыямі, якія больш дасканалыя, чым наша, альбо сусветы нашага прымітыўнага мінулага. Між іншым, з таго боку ёсць нешта, што мы не прымаем, ад чаго абараняемся, а тым часам з Зямлі прывезлі не толькі крыштальную дабрачыннасць, не толькі ідэал гераічнага Чалавека! Мы прыляцелі сюды такімі, якія мы на самай справе; а калі іншы бок паказвае нам нашу рэальную існасць — тую частку праўды пра нас, якую мы хаваем, — мы не можам з гэтым змірыцца!

— Ну і што? — спытаўся я, цярпліва выслухаўшы яго.

— Тое, што мы хацелі: кантакт з іншай цывілізацыяй. Вось ён, гэты кантакт! Павялічаная як пад мікраскопам наша страшэнная брыдота, наша фіглярства і сорам!!!

Голас Снаўта ажно трапятаў ад злосці.

— Значыць, ты лічыш, што гэта... Акіян? Што гэта ён? Але навошта? Зараз я менш за ўсё цікаўлюся механізмам дзеяння, але хай Бог крые, навошта?! Няўжо ты ўсур'ёз лічыш, што ён забаўляецца з намі?! Альбо карае нас?! Гэта ж сапраўднае чарнакніжжа! Планета, якую заваяваў нейкі д'ябал-велікан, і вось зараз ён, зыходзячы са свайго д'ябальскага адчування гумару, падкідвае сябрам навуковай экспедыцыі гэткія брыдоты! Сама сапраўдны ідыятызм. Няўжо ты сам верыш у гэта?!

— Гэты д'ябал не такі дурны, — працадзіў Снаўт праз зубы.

Я здзіўлена паглядзеў на яго. Урэшце ў яго маглі не вытрымаць нервы, падумаў я, нават калі тое, што адбываецца на Станцыі, нельга вытлумачыць вар'яцтвам. Рэактыўны псіхоз?.. — прамільгнула ў мяне думка, калі Снаўт пачаў ціхенька смяяцца.

— Зноў ставіш мне дыягназ? Не спяшайся. Па сутнасці ты сутыкнуўся з гэтым у такой лёгкай форме, што нічога не зразумеў!

— Ага! Д'ябал злітаваўся з мяне.

Размова пачынала нерваваць.

— Што ты, уласна, хочаш? Каб я сказаў табе, што рыхтуюць супраць нас ікс більёнаў кубаметраў метафарычнай плазмы? Магчыма, нічога.

— Як гэта нічога? — спытаўся я здзіўлена.

Снаўт па-ранейшаму ўсміхаўся.

— Ты ж ведаеш: навука займаецца толькі тым, як адбываецца штосьці, а не тым, чаму адбываецца. Як? Усё пачалося праз восем або дзевяць дзён пасля эксперыменту з апраменьваннем рэнтгенам. Магчыма, Акіян адказаў на наша апраменьванне нейкім сваім, магчыма, прашчупваў прамянямі наш мозг і выводзіў з яго пэўныя псіхічныя працэсы, так бы мовіць — інкапаліраваныя.

— Інкапаліраваныя? Гэта мяне зацікавіла.

— Так, працэсы, адарваныя ад усяго іншага, замкнутыя ў сабе, сціснутыя, замураваныя, нейкія запальныя астраўкі памяці. Ён палічыў іх за праект... за рэцэпт... Бо ты ж ведаеш, якое падабенства маюць паміж сабой асіметрычныя крышталі храмасом і тых нуклеінавых спалучэнняў царабразідаў, якія з'яўляюцца асновай працэсаў запамінання... Спадчынная плазма гэта плазма «запамінання». Значыць, ён здабыў гэта з нас, зарэгістраваў, а пасля — сам ведаеш, што было пасля. Але чаму ён гэта зрабіў? О! Ва ўсякім выпадку не дзеля таго, каб знішчыць нас. Знішчыць нас можна значна прасцей. Наогул — з яго тэхналагічнымі магчымасцямі — ён мог зрабіць усё, што хацеў, напрыклад, замяніць нас двайнікамі.

— Ага! — выгукнуў я. — Вось чаму ты так спалохаўся мяне тым першым вечарам!

— Так. Зрэшты, — дадаў Снаўт, — магчыма, што ён так і зрабіў. Адкуль ты ведаеш, што я сапраўды тое старое добрае Мышаня, якое прыляцела сюды два гады таму...

Снаўт хіхікнуў, нібыта меў асалоду ад маёй разгубленасці, але адразу ж стаў сур'ёзны.

— Не, не, — прамармытаў ён, — і так хапае ўсяго, аж занадта... Відаць, адрозненняў значна больш, але я ведаю адно: і мяне і цябе можна забіць.

— А іх нельга?

— Нават не спрабуй. Страшны малюнак!

— Нічым?

— Не ведаю. Ва ўсякім выпадку іх нельга ні атруціць, ні зарэзаць, ні задушыць...

— А калі атамным раскідальнікам прамянёў?

— А ты здолеў бы?

— Не ведаю. Калі лічыць, што яны не людзі...

— У пэўным сэнсе яны людзі. Суб'ектыўна яны людзі. Яны не разумеюць сэнсу... свайго... паходжання. Ты, відаць, заўважыў гэта?

— Так, заўважыў. Але... які гэта мае выгляд?

— Яны рэгенеруюць у неверагодным тэмпе. У немажлівым тэмпе, проста на вачах, павер мне, і зноў пачынаюць паводзіць сябе як... як...

— Як?

— Як іх вобразы, якія жывуць у нашай памяці, на аснове якой...

— Так, гэта праўда, — згадзіўся я.

На маіх абгарэлых шчоках раставала мазь і капала на рукі. Я не звяртаў на гэта ўвагі.

— А Гібарыян ведаў?.. — нечакана спытаўся я.

Снаўт зірнуў на мяне ўважліва.

— Ці ведаў ён тое, што і мы?

— Ага.

— Я амаль што ўпэўнены.

— Адкуль ты ведаеш? Ён табе казаў?

— Не. Але я знайшоў у яго адну кнігу...

— «Малы Апокрыф»?! — закрычаў я і сарваўся з месца.

— Так. А адкуль ты ведаеш? — занепакоена спытаўся Снаўт і вылупіўся на мяне.

Я адмоўна паківаў галавой.

— Не хвалюйся. Ты ж бачыш, што я апечаны і зусім не рэгенерую, — супакоіў я. — Ведаеш, ён пакінуў мне пісьмо. Яно было ў кабіне.

— Гэта праўда?! Пісьмо? Што ў ім напісана?

— Не надта шмат. Гэта хутчэй запіска, а не пісьмо. Бібліяграфічная даведка да «Салярыстычнага дадатку» і да гэтага «Апокрыфа». Што гэта такое?

— Даўняя гісторыя. Мо яна нам што-небудзь дасць. Трымай.

Снаўт дастаў з кішэні тоненькую кнігу ў скураным пераплёце з патрапанымі вугалкамі і працягнуў мне.

— А Сарторыус?.. — спытаўся я, хаваючы кнігу.

— Што Сарторыус? У такой сітуацыі кожны паводзіць сябе як... умее. Ён імкнецца трымацца нармальна, для яго гэта азначае — афіцыйна.

— Ну, ты ведаеш!

— Але ж гэта так. Я аднойчы трапіў з ім у сітуацыю, падрабязнасці якой не маюць асаблівага значэння, дастаткова сказаць, што ў нас на восем чалавек засталося пяцьсот кілаграмаў кіслароду. Адзін за адным пакідалі мы свае звыклыя штодзённыя заняткі, у рэшце рэшт мы ўсе хадзілі няголеныя, толькі ён галіўся, чысціў туфлі. Такі ўжо ён чалавек. Вядома, што б зараз ні зрабіў Сарторыус, усё будзе або прытворствам, або камедыяй, або злачынствам.

— Злачынствам?

— Ну няхай не злачынствам. Можна прыдумаць якое-небудзь іншае слова. Напрыклад, «рэактыўны развод». Падабаецца?

— Ты вельмі дасціпны, — прамовіў я.

— А ты хацеў, каб я плакаў? Прапануй што-небудзь сам.

— Ат, не чапай ты мяне.

— Не, я сур'ёзна: ты ведаеш цяпер амаль тое, што і я. У цябе ёсць які-небудзь план?

— Які там план? Я не ўяўляю, што буду рабіць, калі... зноў з'явіцца. Павінна ж з'явіцца?

— Відаць, павінна.

— А як яны трапляюць на Станцыю, Станцыя ж зачынена герметычна? А мо абшыўка...

Снаўт пакруціў галавой.

— Справа не ў абшыўцы. Не маю паняцця як. Часцей госці з'яўляюцца, калі прачынаешся, але ж час ад часу трэба і паспаць.

— А калі замкнуцца?

— Дапамагае не вельмі доўга. Ёсць іншыя спосабы... сам ведаеш якія.

Снаўт устаў. Я таксама.

— Паслухай, Снаўт... Ты гатовы ліквідаваць Станцыю, але хочаш, каб такая прапанова зыходзіла ад мяне?

Снаўт пакруціў галавой:

— Усё не так проста. Вядома, мы заўсёды можам уцячы, хоць бы на Сатэлоід, і адтуль падаць сігнал SOS. Нас палічаць, вядома, вар'ятамі — які-небудзь санаторый на Зямлі, аж да той пары, пакуль усе мы спакойна не адмовімся ад сваіх слоў, — бо здараюцца ж выпадкі масавага псіхозу на гэткіх ізаляваных участках... Гэта было б не сама горшае. Сад, цішыня, белыя пакоі, прагулкі з санітарамі...

Снаўт гаварыў надзвычай сур'ёзна, трымаючы рукі ў кішэнях, уперыўшыся невідушчымі вачыма ў кут. Чырвонае сонца ўжо схавалася за гарызонтам, і грывастыя хвалі Акіяна пераплавіліся ў чарнільную пустыню. Неба палымнела. Над гэтым двухколерным, невыразна змрочным пейзажам плылі воблакі з ліловымі берагамі.

— Ты хочаш уцячы? Хочаш? Ці пакуль што не?

Снаўт усміхнуўся:

— Нязломны заваёўнік... ты яшчэ не ўсё пакаштаваў, іначай ты не прыставаў бы. Справа не ў тым, чаго я хачу, а ў тым, якая ёсць магчымасць.

— Якая магчымасць?

— Не ведаю.

— Значыць, застаёмся тут? Ты думаеш, мы знойдзем спосаб...

Снаўт зірнуў на мяне, хударлявы, з маршчыністым тварам, на якім лушчылася скура.

— Хто ведае. А мо ўсё акупіцца, — прамовіў нарэшце. — Бадай, пра Акіян мы не даведаемся нічога, але, магчыма, пра сябе...

Снаўт павярнуўся, узяў свае паперы і выйшаў. Я хацеў спыніць яго, ужо і рот адкрыў, але не прамовіў ні слова. Рабіць не было чаго; заставалася толькі чакаць. Я падышоў да ілюмінатара і пазіраў на крывава-чорны Акіян, хоць амаль не бачыў яго. У мяне з'явілася думка — а мо схавацца ў якой-небудзь ракеце на касмадроме — думка несур'ёзная, нават неразумная: усё адно, рана ці позна мне давялося б выйсці адтуль. Я сеў каля ілюмінатара, дастаў кнігу, якую даў мне Снаўт. Было яшчэ даволі светла. Увесь пакой гарэў чырвоным святлом, старонкі таксама пачырванелі. Кніга ўяўляла складзены нейкім Ота Равінцарам, магістрам па філасофіі, зборнік артыкулаў і прац, па праўдзе кажучы, сумніцельных. Кожную навуку суправаджае якая-небудзь псеўданавука — дзіўнае скажэнне навукі ў галовах пэўнага кола людзей: астралогія — карыкатура на астраномію, у хіміі некалі была алхімія; зразумела, вядома, што нараджэнне салярыстыкі суправаджалася сапраўдным выбухам вучонасці дзівакоў. У кнізе Равінцара было менавіта такое псеўданавуковае варыва, ад якога, варта прызнацца, сам складальнік рашуча адмяжоўваўся ў сваёй прадмове. Ён проста лічыць, і не без падстаў, што такі зборнік можа служыць каштоўным дакументам эпохі як для гісторыкаў, так і для псіхолагаў навукі.

Рапарт Бертана займаў у кнізе значнае месца. Ён складаўся з некалькіх частак. Спачатку ішлі надта лаканічныя запісы ў бартавым журнале.

3 14.00 да 16.40 умоўнага часу экспедыцыі запісы былі кароткія і аднастайныя.

Вышыня 1000 — альбо 1200 — альбо 800 метраў — нічога не заўважана — Акіян пусты.

Запіс паўтараўся некалькі разоў.

16.40: падымаецца чырвоны туман. Бачнасць 700 метраў. Акіян пусты.

17.00: туман згушчаецца, штыль, бачнасць 400 метраў, ёсць праясненні. Зніжаюся да 200 метраў.

17.20: знаходжуся ў тумане. Вышыня 200 метраў. Бачнасць 20—40 метраў. Штыль. Падымаюся на 400.

17.45: вышыня 500. Суцэльны туман да самага гарызонту. У тумане — лейкападобныя адтуліны, праз якія трохі бачна паверхня Акіяна. У іх нешта адбываецца. Спрабую ўвайсці ў адну з лейкападобных адтулін.

17.52: бачу падабенства віру — ён выкідае жоўтую пену. Вір акружае сцяна туману. Вышыня 100. Зніжаюся да 20.

На гэтым канчаўся бартавы журнал Бертана. Працяг так званага рапарта складалі вытрымкі з гісторыі хваробы, а больш дакладна — тэкст паказанняў Бертана і пытанні сябраў камісіі.

«Бертан: Калі я знізіўся на трыццаць метраў, трымацца на такой вышыні стала цяжка, бо ў круглым, вольным ад туману прасвеце дзьмуў парывісты вецер. Мне давялося ўважліва сачыць за кіраваннем, таму я нейкі час — хвілін 10 або 15 — не выглядваў з кабіны. У выніку я, сам таго не жадаючы, увайшоў у туман, мяне загнаў туды моцны парыў ветру. Гэта быў не звычайны туман, а нешта накшталт калоіднай суспензіі: усе вокны былі зацягнуты ёй. Іх было вельмі цяжка ачысціць. Суспензія вельмі ліпучая. Тым часам у выніку супраціўлення таго, што я называю туманам, абароты вінта зменшыліся адсоткаў на трыццаць, і я пачаў губляць вышыню. Ляцеў зусім нізка і баяўся, каб не капатаваць на хвалю, таму даў поўны газ. Машына перастала зніжацца, але вышыні не набірала. У мяне заставалася яшчэ чатыры патроны ракетных паскаральнікаў. Я не скарыстаў іх, бо лічыў, што сітуацыя можа ўскладніцца і яны мне яшчэ спатрэбяцца. На поўных абаротах узнікла вельмі моцная вібрацыя, відаць, незвычайная суспензія абляпіла вінт, аднак стрэлка замеру вышыні па-ранейшаму стаяла на нулі, і я нічога не мог зрабіць. Сонца я не бачыў з той хвіліны, як увайшоў у туман, але там, дзе яно павінна было знаходзіцца, туман чырвона свяціўся. Я рабіў кругі, спадзеючыся ў рэшце рэшт выйсці ў прасвет, свабодны ад туману, і сапраўды, прыкладна праз паўгадзіны мне гэта ўдалося. Я апынуўся на чыстым участку ў форме амаль што правільнага круга дыяметра некалькі соцень метраў, вакол якога клубіўся туман, быццам там былі моцныя паветраныя струмені. Таму я імкнуўся, як гэта дазвалялі абставіны, трымацца ў цэнтры «дзіркі»: там было цішэй. Я заўважыў, што паверхня Акіяна змянілася. Хвалі амаль зніклі, а верхні слой вадкасці, з якой складаецца Акіян, стаў напалову празрыстым, з дымчатымі плямамі. Яны паступова знікалі. Неўзабаве верхні слой стаў зусім празрыстым, і праз яго тоўшчу, якая мела некалькі метраў, я мог зазірнуць углыбіню. Там збіралася нешта накшталт жоўтай каламуці, якая тонкімі вертыкальнымі струменямі падымалася ўгору; калі яна ўсплывала на паверхню, то гэтая субстанцыя пачынала блішчаць, бурліла, пенілася і застывала, нагадваючы густы падгарэлы цукровы сіроп. Гэтае рэчыва — ці то гразь, ці то слізь — утварала патаўшчэнні, нарасты на паверхні, якія былі падобны на каляровую капусту, і паступова прымала сама разнастайныя формы. Мяне пачало зносіць у туман, я мусіў заняцца вінтом і рулём, а калі праз некалькі хвілін выглянуў, то ўбачыў унізе нешта накшталт саду. Так, накшталт саду. Я бачыў карлікавыя дрэвы, жывы плот, сцяжынкі — не сапраўдныя, а з таго ж самага рэчыва, якое, калі зусім застыла, нагадвала жаўтлявы гіпс. Так гэта выглядала; уся паверхня ільснілася, я апусціўся, як толькі здолеў, каб дасканала ўсё гэта агледзець.

Камісія: Ці было на дрэвах і раслінах, якія ты бачыў, лісце?

Бертан: Не. Гэта было нешта накшталт макета. Так, гэта нагадвала макет. Але бадай што макет у натуральную велічыню. Мінула хвіліна, і ўсё пачало крышыцца і ламацца, праз абсалютна чорныя трэшчыны на паверхню палезла густая слізь, частка яе сцякала, а частка заставалася і застывала, усё забурліла, пакрылася пенай, я нічога больш не бачыў, акрамя пены. Адначасова на мяне пачаў наступаць туман, я павялічыў абароты і падняўся на трыста метраў.

Камісія: Ты цвёрда перакананы, што ўбачанае табой нагадвала сад — і больш нічога?

Бертан: Так. Я ж заўважыў там розныя дэталі: напрыклад, у адным кутку, памятаю, стаялі побач квадратныя скрыначкі. Пазней мне стукнула ў галаву, што гэта магла быць пасека.

Камісія: Пазней стукнула табе ў галаву? А хіба не ў той момант, калі ты ўбачыў?

Бертан: Не, бо ўсё гэта было як з гіпсу. Я бачыў і іншыя рэчы.

Камісія: Якія рэчы?

Бертан: Не магу сказаць якія, я не паспеў іх як след разгледзець. Здаецца, пад некаторымі кустамі ляжалі нейкія прадметы, даўгаватыя, з зубамі, яны былі падобны на гіпсавыя злепкі з маленькіх садовых машын. Але ў гэтым я не ўпэўнены. А ў тым, што казаў раней, не сумняваюся.

Камісія: А ты не думаў, што ў цябе галюцынацыі?

Бертан: Не. Я думаў, што гэта міраж. Пра галюцынацыі не можа быць і гаворкі: па-першае, я адчуваў сябе нармальна, па-другое, іх у мяне наогул ніколі не было. Калі я падняўся на вышыню 300 метраў, туман унізе пада мной, пранізаны лейкамі, быў падобны на сыр. Адны з гэтых дзірак былі пустыя, праз іх бачны хвалі Акіяна, у іншых нешта клубілася. Я знізіўся ў адну з леек і з вышыні сарака метраў убачыў, што пад паверхняй Акіяна — зусім неглыбока — ляжыць як быццам сцяна вельмі вялікага будынка; яна выразна бачылася праз хвалі, у ёй знаходзіліся радкі правільнай формы адтулін, падобных на вокны; у некаторых вокнах, па-мойму, нешта рухалася, але ў гэтым я не цалкам упэўнены. Сцяна стала пакрысе падымацца і выступаць з Акіяна, з яе цэлымі вадаспадамі сцякала слізь і звісалі нейкія пражылкі. Раптам сцяна развалілася на дзве часткі і пачала хутка апускацца ў глыбіню, а пасля знікла. Я зноў набраў вышыню і ляцеў проста над туманам — шасі амаль дакраналіся да яго. Наступны лейкападобны прасвет быў у некалькі разоў большы за першы. Яшчэ здалёку я ўбачыў: там плавае нешта светлае, амаль белае, абрысы нагадвалі фігуру чалавека. Я падумаў — мо гэта скафандр Фехнера? Баючыся згубіць гэтае месца, я крута развярнуў машыну. Фігура крыху прыўзнялася: здавалася, яна плыве або стаіць да пояса ў хвалях. Я занадта паспешна ліквідаваў вышыню і адчуў, як шасі зачапіліся за нешта мяккае — напэўна, за грэбень хвалі, даволі высокай у гэтым месцы. Чалавек — так, менавіта чалавек — быў без скафандра, і ўсё адно ён шавяліўся.

Камісія: Ты бачыў яго твар?

Бертан: Бачыў.

Камісія: Хто гэта быў?

Бертан: Дзіця.

Камісія: Якое дзіця? Ты бачыў яго калі-небудзь раней?

Бертан: Не. Ніколі. Ва ўсякім выпадку я гэтага не памятаю. Як толькі я наблізіўся — напачатку мяне аддзяляла ад яго метраў сорак, а мо крыху больш, — я адразу зразумеў, што тут штосьці не так.

Камісія: Што ты маеш на ўвазе?

Бертан: Зараз растлумачу. Спачатку я разгубіўся, а пасля зразумеў: дзіця было незвычайна вялікага росту. Мала сказаць — велікан. Яно было метры чатыры. Помню дакладна: калі шасі стукнулася аб хвалю, твар дзіцяці знаходзіўся крыху вышэй за мой твар, а я, хоць і сядзеў у кабіне, быў, відаць, метры за тры ад паверхні Акіяна.

Камісія: Калі яно было такое вялікае, чаму ты лічыш, што гэта дзіця?

Бертан: Таму, што яно было зусім маленькае.

Камісія: Ці не здаецца табе, што твой адказ нелагічны?

Бертан: Не. Не здаецца. Я бачыў яго твар. Ды і склад цела быў дзіцячы. Яно здалося мне амаль... амаль грудным. Не, не тое. Яму магло быць два альбо тры гады. У яго былі чорныя валасы і блакітныя вочы — вялізныя! Яно было голае, зусім голае, нібыта толькі што нарадзілася. І мокрае, а больш дакладна — пакрытае сліззю, скура яго блішчала.

Гэты малюнак страшна падзейнічаў на мяне. Больш я не верыў ніякім міражам. Бо я разгледзеў дзіця надта добра. Хвалі хісталі яго, і, акрамя таго, яно само рухалася, гэта было агідна!

Камісія: Чаму? Што яно рабіла?

Бертан: Яно было падобна на музейны экспанат, на нейкую ляльку, толькі жывую. Адкрывала, заплюшчвала вочы, выконвала розныя рухі — агідныя рухі! Вось іменна, агідныя. Бо рухі былі не яго.

Камісія: Як гэта зразумець?

Бертан: Я быў метраў за пятнаццаць ад яго, ну мо за дваццаць. Я ўжо казаў, якое яно вялікае, таму я вельмі добра яго бачыў. Вочы яго блішчалі, яно здавалася жывым, але вось рухі... Нібыта нехта спрабаваў... быццам нехта праводзіў выпрабаванні...

Камісія: Што ты маеш на ўвазе? Пастарайся растлумачыць дакладна.

Бертан: Не ведаю, ці ўдасца. Так мне падалося. Інтуітыўна. Я не імкнуўся разабрацца ў сваіх уражаннях. Рухі былі ненатуральныя.

Камісія: Ты маеш на ўвазе, што рукі, напрыклад, рухаліся так, быццам у іх наогул не было суставаў?

Бертан: Не. Не тое. Проста... Рухі не мелі ніякага сэнсу. Бо кожны рух мае свой сэнс, нечаму служыць...

Камісія: Ты так лічыш? Рухі груднога дзіцяці не заўсёды мэтанакіраваныя.

Бертан: Ведаю. Але рухі немаўляці бязладныя, не скаардынаваныя. А гэтыя... так, гэтыя рухі былі метадычныя. Яны чаргаваліся, паўтараліся. Нібы нехта спрабаваў высветліць, што іменна дзіця можа зрабіць рукамі, а што — тулавам і ротам. Але страшней за ўсё быў твар, відаць, таму, што твар звычайна надта выразны, а тут ён быў як... не, не магу растлумачыць. Твар быў жывы, але не чалавечы, разумееце, рысы твару, вочы, скура — усё як у чалавека, а выраз, міміка — не.

Камісія: Мо дзіця корчыла грымасы? Ці ведаеш ты, які выгляд мае твар чалавека пад час прыступу эпілепсіі?

Бертан: Ведаю. Я назіраў такі прыступ. Разумею пытанне. Не, тут было іншае. Пад час эпілепсіі — сутаргі і канвульсіі, а тут — абсалютна плаўныя і бесперапынныя рухі, з пералівамі, калі так можна сказаць. І твар, з тварам было тое самае. Не бывае так, каб адна палова твару была вясёлая, а другая самотная, адна частка выяўляла пагрозу або спалох, а другая ўрачыстасць або што-небудзь падобнае, а тут было менавіта так. Акрамя таго, і рухі, і міміка змяняліся незвычайна хутка. Я быў там не вельмі доўга, секунд дзесяць. Не ведаю нават, ці дзесяць.

Камісія: І ты заяўляеш, што ўсё разгледзеў за некалькі секунд? Дарэчы, як ты вызначыў, колькі мінула часу? Ты глядзеў на гадзіннік?

Бертан: Не. На гадзіннік я не глядзеў. Але я лётаю ўжо шаснаццаць гадоў. У маёй прафесіі галоўнае — умець адчуваць час з дакладнасцю да секунды, я маю на ўвазе хуткасць рэакцыі. Гэта патрэбна пад час пасадкі. Пілот, які не можа, незалежна ад абставін, зарыентавацца, колькі мінула секунд — пяць або дзесяць, ніколі не стане майстрам сваёй справы. Гэта датычыць і назіранняў. Чалавек з гадамі прывыкае ўсё лавіць на хаду.

Камісія: Гэта ўсё, што ты бачыў?

Бертан: Не. Але астатняга я дакладна не помню. Відаць, усё так падзейнічала на мяне, што мой мозг проста выключыўся. Туман пачаў насоўвацца, і мне давялося набіраць вышыню. Як і калі я набраў яе, не памятаю. Упершыню ў жыцці я ледзь не капатаваў. Мае рукі калаціліся, я не мог як след трымаць рычаг кіравання. Здаецца, я нешта крычаў і выклікаў Базу, хоць і ведаў, што сувязі няма.

Камісія: Ці спрабаваў ты вярнуцца?

Бертан: Не. Калі нарэшце выбраўся з туману, я падумаў, што Фехнер, магчыма, у нейкай лейцы. Бязглуздзіца? Вядома. Але я так думаў. Калі тут гэткае творыцца, лічыў я, то, мажліва, мне ўдасца знайсці і Фехнера. Таму я вырашыў, што даследую столькі дзірак у тумане, колькі здолею. Але трэцім разам я ўбачыў такое, што, калі набраў вышыню, зразумеў: болей я не вытрымаю. Не вытрымаю! Павінен сказаць, зрэшты, вам гэта вядома. Мне стала блага, мяне ванітавала. Дагэтуль я ніколі не адчуваў нічога падобнага. Мяне ніколі так не нудзіла.

Камісія: Гэта быў сімптом атручэння, Бертан.

Бертан: Магчыма. Але тое, што я ўбачыў трэцім разам, я не выдумаў. Гэта не было сімптомам атручэння.

Камісія: На якой падставе ты гэта сцвярджаеш?

Бертан: Гэта была не галюцынацыя. Бо галюцынацыю стварае мой уласны мозг, праўда?

Камісія: Праўда.

Бертан: Вось іменна. А такое ён не мог стварыць. Я ніколі ў гэта не паверу. Мой мозг на такое не здатны.

Камісія: Пастарайся расказаць, што гэта было.

Бертан: Спачатку я павінен даведацца, як аднясецца камісія да таго, што я ўжо сказаў.

Камісія: Хіба гэта мае значэнне?

Бертан: Для мяне мае. Прынцыповае. Як я ўжо казаў, я бачыў нешта такое, чаго ніколі не забудуся. Калі камісія прызнае ўсё, што я паведаміў, праўдзівым хоць на адзін адсотак і вырашыць, што трэба распачаць адпаведнае вывучэнне Акіяна менавіта ў гэтым накірунку, то я раскажу ўсё. Але калі камісія мае намер палічыць мае звесткі трызненнем, я не скажу больш нічога.

Камісія: Чаму?

Бертан: Таму што мае галюцынацыі, няхай нават сама страшныя, гэта мая прыватная справа. Затое вопыт майго знаходжання на Салярыс — не.

Камісія: Ці павінна гэта азначаць, што пакуль кампетэнтныя органы экспедыцыі не прымуць рашэння, ты адмаўляешся адказваць? Ты, вядома, разумееш, што камісія не ўпаўнаважана прымаць рашэнні?

Бертан: Так, разумею».

На гэтым канчаўся першы пратакол. Быў яшчэ фрагмент другога, складзенага праз адзінаццаць дзён.

«Старшыня: Беручы пад увагу ўсё сказанае вышэй, камісія ў складзе трох лекараў, трох біёлагаў, аднаго фізіка, аднаго інжынера-механіка і намесніка начальніка экспедыцыі прыйшла да высновы, што падзеі, пра якія паведаміў Бертан, уяўляюць сабой праявы галюцынатэрнага сіндрому, які развіўся пад уплывам атручэння атмасферай планеты, з сімптомамі зацямнення свядомасці, якім спадарожнічала ўзбуджэнне асацыятыўных зон кары галаўнога мозгу, і што ў сапраўднасці не было нічога або амаль нічога, што адпавядала б гэтым падзеям.

Бертан: Выбачайце, што азначае «нічога або амаль нічога»? Як гэта зразумець?

Старшыня: Я яшчэ не ўсё сказаў. У пратаколе запісана vоtum sераrаtum — асабістае меркаванне фізіка, доктара Арчыбальда Месенджара, які заявіў, што расказанае Бертанам магло, як ён лічыць, адбывацца рэальна і заслугоўвае ўважлівага даследавання. А цяпер — усё.

Бертан: Я настойваю на сваім пытанні.

Старшыня: Усё вельмі проста. «Амаль нічога» азначае, што нейкія рэальныя з'явы маглі паслужыць зыходным пунктам тваіх галюцынацый, Бертан. Пад час ветранай ночы нават сама нармальны чалавек можа палічыць за чалавека куст, які хістаецца. А тым больш на чужой планеце, калі на мозг назіральніка ўздзейнічае яд. Гэта не папрок табе, Бертан. Якое тваё рашэнне?

Бертан: Спачатку я хацеў бы даведацца, ці будзе мець вынік votum separatum доктара Месенджара.

Старшыня: Практычна не будзе, гэта значыць даследаванняў у гэтым напрамку ніхто весці не будзе.

Бертан: Наша гаворка пратакаліруецца?

Старшыня: Так.

Бертан: У такім выпадку я хацеў бы заявіць, што камісія праявіла непавагу не да мяне — я тут ні пры чым, — а да самога духу экспедыцыі. Я хачу яшчэ раз падкрэсліць, што адмаўляюся адказваць на далейшыя пытанні.

Старшыня: У цябе ўсё?

Бертан: Усё. Але я хацеў бы сустрэцца з доктарам Месенджарам. Гэта мажліва?

Старшыня: Вядома».

Так заканчваецца другі пратакол. Унізе дробным шрыфтам была надрукавана заўвага, у якой паведамлялася, што доктар Месенджар на другі дзень амаль тры гадзіны гаварыў з Бертанам з вока на вока, а затым звярнуўся ў Раду экспедыцыі, дабіваючыся вывучэння паказанняў пілота. Месенджар сцвярджаў, што на карысць такога вывучэння дадатковыя звесткі, атрыманыя ад Бертана, якія могуць быць аб'яўлены толькі тады, калі Рада прыме станоўчае рашэнне. Рада ў асобе Шэнагана, Цімоліса і Трае аднеслася да заявы Месенджара адмоўна, і справа была спынена.

У кнізе прыводзілася таксама фотакопія адной старонкі пісьма, знойдзенага пасля смерці Месенджара сярод яго папер. Відаць, гэта быў чарнавік; Равінцару не ўдалося высветліць, да чаго прывяло гэтае пісьмо і ці было яно наогул адпраўлена.

«...іх здзіўляючая тупасць, — так пачынаўся тэкст. — У клопаце пра свой аўтарытэт сябры Рады — а канкрэтна Шэнаган і Цімоліс (голас Трае не лічыцца) — адхілілі мае патрабаванні. Зараз я звяртаюся непасрэдна ў Інстытут, але ты ж сам разумееш, што гэта толькі бездапаможны пратэст. Звязаны словам, я не магу, на жаль, перадаць табе, што расказаў мне Бертан. На рашэнне Рады, вядома, мела ўплыў тое, што з такімі неверагоднымі звесткамі прыйшоў чалавек без вучонай ступені. А многія ж даследнікі маглі б пазайздросціць цвярозасці розуму і назіральнасці гэтага пілота. Калі ласка, паведамі мне са зваротнай поштай наступнае:

1) біяграфію Фехнера з самага дзяцінства;

2) усё, што табе вядома пра яго сям'ю і сямейныя абставіны; здаецца, у яго засталося малое дзіця;

3) тапаграфічны план населенага пункта, дзе рос Фехнер.

Мне хацелася б выказаць табе сваё меркаванне пра ўсё гэта. Ты ведаеш, праз нейкі час пасля таго, як Фехнер і Каручы выправіліся ў палёт, у цэнтры чырвонага сонца з'явілася пляма, карпускулярнае выпраменьванне якой, згодна з дадзенымі Сатэлоіда, перапыніла радыёсувязь у раёне паўднёвага паўшар'я — там знаходзілася наша База. З усіх даследчых груп на сама вялікую адлегласць ад Базы аддаліліся Фехнер і Каручы.

Такога густога і ўстойлівага туману пры абсалютным штылі мы не назіралі ні разу за ўвесь час нашай пабыўкі на планеце, аж да самага дня катастрофы.

Я лічу, што ўсё ўбачанае Бертанам было часткай «аперацыі Чалавек», якую выканала гэтая клейкая пачвара. Сапраўднай крыніцай усіх утварэнняў, якія заўважыў Бертан, быў Фехнер, яго мозг, над якім было праведзена незразумелае нам «псіхічнае ўскрыццё»; у якасці эксперымента ўзнаўляліся, рэканструяваліся некаторыя (відаць, найбольш устойлівыя) адбіткі ў яго памяці.

Ведаю, гэта гучыць як фантастыка; ведаю, я магу памыліцца. Таму і прашу ў цябе дапамогі. Зараз я знаходжуся на Аларыху і там буду чакаць твайго адказу.

Твой А.».

Я ўжо ледзьве разбіраў літары, бо зрабілася так цёмна, што кніжка ў маёй руцэ стала шэрай, радкі расплываліся ў вачах, але пустая частка старонкі сведчыла, што я дабраўся да канца гэтай гісторыі, якая ў святле сваіх перажыванняў здавалася мне вельмі праўдзівай. Я павярнуўся да ілюмінатара. Ён стаў густа-фіялетавым, на гарызонце яшчэ тлелі вугольчыкі воблакаў. Акіян, захінуты цемрай, быў нябачны. Я чуў шэлест каляровых палос ля вентылятара. Нагрэтае паветра, якое крыху пахла азонам, здавалася нежыццёвым. Вакол ні гуку. Я падумаў, што ў нашым рашэнні застацца няма нічога гераічнага. Перыяд беззапаветнай барацьбы, адважных экспедыцый, цяжкіх страт — як гібель Фехнера, першай ахвяры Акіяна, даўно мінуўся. Мне было амаль абыякава, хто «ў гасцях» у Снаўта або Сарторыуса. Хутка, падумаў я, мы перастанем саромецца і хавацца адзін ад аднаго. Калі мы не здолеем пазбавіцца ад гасцей, то прывыкнем да іх і будзем жыць з імі, а калі іх стваральнік зменіць правілы гульні, мы прыстасуемся да новых, хоць спачатку пачнём адбрыквацца, кідацца, мажліва, нехта з нас скончыць самагубствам, але ў рэшце рэшт усё ўраўнаважыцца. У пакоі цямнела, цемра нагадвала мне зямную. Нічога не было відаць, акрамя светлых контураў рукамыйніка і люстэрка. Я ўстаў, вобмацкам знайшоў на паліцы вату, выцер вільготным тампонам твар і лёг на ложак. Шум кандыцыянера нада мной то нарастаў, то сціхаў, нібыта там біўся начны матылёк. Але я нават не адрозніваў абрысаў вентылятара, усё заліла чарната, толькі тоненькая палоска святла, якое невядома адкуль бралася, мільгала перада мной, ці то па сцяне, ці то дзесьці далёка, у глыбіні акіянскай пустыні. Я ўспомніў, як напалохаў мяне ўчора вечарам нежыццёвы позірк салярысных прастораў, і мне стала смешна. Зараз я яго не баяўся. Я наогул нічога не баяўся. Я падняў руку да вачэй. Фасфарычным святлом блішчаў цыферблат. Праз гадзіну ўзыдзе блакітнае сонца. Я раскашаваў у цемры, глыбока дыхаў, ні пра што не думаў.

У нейкі момант, калі я зварухнуўся, то адчуў на сцягне пляскаты магнітафон. Ага, Гібарыян. Яго голас, запісаны на плёнку. Мне нават у галаву не прыйшло аднавіць яго, выслухаць. А гэта ж было адзінае, што я мог зрабіць для Гібарыяна. Я дастаў магнітафон і хацеў схаваць яго пад ложак. Пачуўся шэлест, зарыпелі дзверы.

— Крыс?.. — пачуўся ціхі, амаль што шэпт, голас. — Ты тут, Крыс? Як цёмна.

— Нічога, — адказаў я. — Не бойся. Хадзі сюды.

 

КАНФЕРЭНЦЫЯ

 

Я ляжаў на спіне, галава Хэры супакоілася на маім плячы, я быў не ў стане пра што-небудзь думаць. Цемра ў пакоі ажывала. Я чуў крокі. Сцены зніклі. Нада мной нешта ўзвышалася, губляючы свае абрысы. Нешта пранізвала мяне навылёт, абдымала, без дотыку; цемра, празрыстая, невыносная, душыла мяне. Недзе вельмі далёка білася маё сэрца. Я сканцэнтраваў усю ўвагу, сабраў апошнія сілы ў чаканні агоніі. Яна не наступала. Сам я станавіўся ўсё меншым і меншым, а нябачнае неба, нябачны гарызонт — уся прастора, пазбаўленая формы, хмар, зорак, адступалася і разрасталася, зацягвала мяне ў свой цэнтр. Я стараўся закапацца ў ложак, але пада мной нічога не было. Змрок ніяк не ратаваў мяне. Сціснуўшы рукі, я закрыў імі твар, але і твару ў мяне не было. Пальцы прайшлі наскрозь, хацелася закрычаць, заскавытаць...

Шэра-блакітны пакой. Рэчы, паліцы, куткі — усё матавае, усё пазначанае толькі контурамі, пазбаўлена ўласных фарбаў. А за ілюмінатарам — яркая перламутравая бель і ціша. Я заліваўся потам, зірнуўшы ўбок, заўважыў, што Хэры пазірае на мяне.

— У цябе не анямела плячо?

— Што?

Хэры ўзняла галаву. Яе вочы былі аднаго колеру з пакоем — шэрыя, святлістыя, у атачэнні чорных вейкаў. Я адчуў цяпло яе шэпту раней, чым зразумеў сэнс.

— Не. Ага, так, анямела.

Я паклаў руку на яе плячо і здрыгануўся ад дотыку. Затым прыхінуў яе да сябе.

— Ты сасніў нешта страшнае?

— Сасніў? Так, сасніў. А ты не спала?

— Не ведаю. Здаецца, не спала. Мне не хочацца спаць. А ты спі. Чаго ты так пазіраеш?

Заплюшчыўшы вочы, я адчуваў, як мерна, спакойна стукае яе сэрца там, дзе гучна стукае маё. Бутафорыя, падумаў я. Але я ўжо наогул перастаў здзіўляцца. Мяне не дзівіла нават мая абыякавасць. Страх і адчай мінуліся. Я быў ад іх далёка, о, так далёка, як ніхто на свеце. Я губамі дакрануўся да яе шыі, пасля ніжэй, да маленькай, гладкай, як сценкі ракавіны, упадзіны паміж сцёгнамі. І тут таксама чуўся пульс.

Я абапёрся на локці. Ціхі світанак змяніўся рэзкім блакітным ззяннем, гарызонт палаў, першы прамень стралой пранізаў пакой, усё заблішчала, прамень вясёлкай рассыпаўся ў люстэрку, на клямках, на нікеляваных трубках; здавалася, што на сваім шляху святло стукаецца ў кожную плоскасць, імкнецца вызваліцца, разбурыць цеснае памяшканне. Было балюча глядзець. Я адвярнуўся. Зрэнкі ў Хэры звузіліся. Яна падняла на мяне шэрыя вочы.

— Гэта надыходзіць дзень? — ціха спыталася яна.

Усё было нібыта і наяве, нібыта і ў сне.

— Тут заўсёды так, каханая.

— А мы?

— Што мы?

— Мы доўга будзем тут?

Мне стала смешна. Але невыразны гук, які вырваўся з маіх грудзей, быў мала падобны на смех.

— Я думаю, даволі доўга. Ты не хочаш?

Яна, не міргаючы, уважліва пазірала на мяне. А ці міргае яна ўвогуле? Я не ведаў. Хэры пацягнула коўдру, і на яе руцэ заружавелася маленькая трохкутная плямка.

— Чаго ты так пазіраеш?

— Ты прыгожая.

Хэры ўсміхнулася. Але гэта была толькі ветлівасць, адказ на мой камплімент.

— Праўда? А ты глядзіш так, нібыта... нібыта...

— Што?

— Нібыта нешта шукаеш.

— Ну ты і выдумала.

— Не, ты не шукаеш, а думаеш, што са мной нешта адбылося або я табе ў нечым не прызналася.

— Што ты, Хэры!

— Калі ты апраўдваешся, значыць, гэта праўда. Як хочаш!

За палаючымі шыбамі нараджалася мёртвая блакітная гарачыня. Засланяючы вочы рукой, я пашукаў акуляры. Яны ляжалі на стале. Стаўшы на калені, я начапіў акуляры і ўбачыў у люстэрку адлюстраванне Хэры. Яна чакала. Калі я зноў сеў побач, Хэры ўсміхнулася:

— А мне?

Я не адразу зразумеў.

— Акуляры?

Я падняўся і пачаў шукаць у шуфлядах, на століку ля акна. Знайшоў двое акуляраў, яны былі надта вялікія, і падаў Хэры. Яна прымерала адны, пасля другія. Акуляры звальваліся ёй на нос.

З працяглым скрыгатаннем папаўзлі засланкі, закрываючы ілюмінатары. Праз хвіліну на Станцыі, якая, як чарапаха, схавалася ў свой панцыр, наступіла ноч. Вобмацкам я зняў з Хэры акуляры і разам са сваімі паклаў пад ложак.

— Што мы будзем рабіць? — спыталася Хэры.

— Тое, што робяць ноччу: спаць.

— Крыс!

— Што?

— Мо зрабіць табе новы кампрэс?

— Не, не трэба. Не трэба... каханая.

Гаворачы так, я і сам не разумеў, прытвараюся я ці не. У цемры я абняў яе худыя плечы, адчуваючы іх трымценне, і раптам паверыў, што гэта Хэры. Зрэшты, не ведаю. Раптам мне падалося — падманваю я, а не яна. Хэры такая, як ёсць.

Пасля я некалькі разоў засынаў, уздрыгваючы, прачынаўся, шалёна грукала сэрца, якое паступова супакойвалася. Смяротна стомлены, я прыціскаў да сябе Хэры. А яна надзвычай асцярожна датыкалася да майго твару, мацала лоб, правяраючы, ці няма ў мяне гарачкі. Гэта была Хэры. І іншай, больш рэальнай, не магло быць.

Ад гэтай думкі ў мяне нешта змянілася, я супакоіўся і амаль адразу заснуў.

Мяне разбудзіў далікатны дотык. Мой лоб адчуў прыемны халадок. Твар быў накрыты нечым вільготным і мяккім, затым гэтае мяккае паволі паднялося, і я ўбачыў схіленую Хэры. Абедзвюма рукамі яна выціскала над місачкай з парцэляны марлю. Побач стаяў флакон з вадкасцю ад апёкаў. Хэры ўсміхнулася.

— Ну ты і спіш, — прамовіла яна, зноў кладучы марлю. — Табе баліць?

— Не.

Я зморшчыў лоб. Сапраўды, апёк не адчуваўся. Хэры сядзела на краі ложка, захінутая ў мужчынскі купальны халат, белы з ружовымі палосамі; яе чорныя валасы рассыпаліся па каўняры. Яна высока, аж да локцяў, закасала рукавы, каб яны не заміналі. Мне страшна хацелася есці, бадай што дваццаць гадзін я нічога не еў. Калі Хэры зняла з майго твару кампрэс, я ўстаў і ўбачыў дзве сукенкі, якія ляжалі побач і былі цалкам аднолькавыя — белыя з чырвонымі гузікамі, адна, якую я дапамог ёй зняць, разрэзаўшы, і другая, у якой яна прыйшла ўчора. На гэты раз яна сама распарола нажніцамі швы, сказаўшы, што зашпілька, відаць, зламалася.

Гэтыя аднолькавыя сукенкі былі сама страшным з усяго, што я перажыў дасюль. Хэры капалася ў шкапчыку з лекамі, наводзіла там парадак. Я непрыкметна адвярнуўся і да крыві ўкусіў сваю руку. Не зводзячы вачэй з сукенак, дакладней, з аднае, паўторанай двойчы, я пачаў адсоўвацца да дзвярэй. Вада па-ранейшаму шумна лілася з крана. Я адчыніў дзверы, ціхенька выслізнуў на калідор і асцярожна зачыніў іх. Я чуў прыглушанае бульканне вады і звон шкла. Нечакана ўсё сціхла. Калідор асвятляўся даўгаватымі лямпамі на столі, невыразная пляма адлюстраванага святла ляжала на дзвярах, ля якіх я чакаў, сціснуўшы зубы. Я схапіўся за клямку, хоць не меў надзеі ўтрымаць яе. Рэзкі рывок ледзь не вырваў клямку з маіх рук, але дзверы не адчыніліся, а толькі закалаціліся, пачуўся аглушальны трэск. Здзіўлены, я выпусціў клямку і адсунуўся — з дзвярыма адбывалася нешта неверагоднае: іх гладкая пластыкавая пліта выгіналася, нібыта з майго боку яе пхалі ўнутр пакоя. Эмаль адлушчвалася маленькімі кавалачкамі, вызваляючы стальны вушак, які напружваўся ўсё мацней. Я зразумеў: Хэры цягне дзверы да сябе, а яны ж адчыняюцца ў калідор. Святло адлюстравалася на белай плоскасці, як ва ўвагнутым люстэрку; пачуўся моцны трэск, і пліта, выгнуўшыся, трэснула. Адначасова клямка, вырваная з гнязда, уляцела ў пакой. У праломе паказаліся акрываўленыя рукі, пакідаючы чырвоныя сляды на лакіраванай паверхні дзвярэй, яны цягнуліся да мяне — дзверы разламаліся на дзве палавіны і трымаліся толькі на завесах; бела-ружовы прывід з мёртва-бледным тварам кінуўся мне на грудзі, заходзячыся ад слёз.

Каб не гэты выгляд, які паралізаваў мяне, я ўцёк бы. Хэры канвульсіўна хапала паветра, білася галавой аб маё плячо, яе валасы растрапаліся. Абняўшы Хэры, я адчуў, што яе цела абмякла ў маіх руках. Я праціснуўся праз разбітыя дзверы і занёс яе ў пакой, паклаў на ложак. Пазногці ў Хэры былі паламаныя і скрываўленыя, скура на далонях здзёртая. Я паглядзеў на яе твар, расплюшчаныя вочы пазіралі на мяне праз мяне.

— Хэры!

Яна штосьці прамармытала.

Я паднёс палец да яе вачэй. Века заплюшчылася. Я пайшоў да шкапчыка з лекамі. Ложак зарыпеў. Я павярнуўся. Хэры сядзела прама, са страхам пазіраючы на свае скрываўленыя рукі.

— Крыс, — прастагнала яна, — я... я... што са мной сталася?

— Ты паранілася, калі выдзірала дзверы, — суха адказаў я.

Губы не слухаліся мяне, ніжнюю калола як іголкамі. Я прыкусіў яе зубамі.

Нейкі час Хэры разглядвала шчарбатыя кавалкі пластыку, якія звісалі з вушакоў, пасля перавяла позірк на мяне. Яе падбародак затрымцеў, я заўважыў, з якім намаганнем яна стараецца перамагчы страх.

Я парэзаў марлю на кавалкі, дастаў са шкапчыка лякарства і падышоў да ложка. Усё выпала з маіх рук, шкляная бутэлечка з калодыем разбілася, але я нават не нагнуўся. Яна была ўжо непатрэбная.

Я падняў руку Хэры. Вакол пазногцяў запяклася кроў, але раны зніклі, далонь зацягнулася маладой, ружовай скуркай, парэзы гаіліся проста на вачах.

Я сеў, пагладзіў Хэры па твары і паспрабаваў усміхнуцца ёй, але не магу сказаць, што мне гэта ўдалося.

— Хэры, нашто ты гэта зрабіла?

— Не. Гэта... я?

Яна вачыма паказала на дзверы.

— Так, ты. Хіба не памятаеш?

— Не. Я заўважыла, што цябе няма, спалохалася і...

— І што?

— Пачала шукаць цябе, падумала, што ты, мажліва, у душавой...

Толькі зараз я ўбачыў, што шафа, якая зачыняла ўваход у душавую, адсунута.

— А пасля?

— Я пабегла да дзвярэй.

— І што?

— Не помню. Штосьці адбылося?

— Што?

— Не ведаю.

— А што ты помніш? Што было пасля?

— Я сядзела тут, на ложку.

— Хіба ты не помніш, як я перанёс цябе сюды?

Хэры вагалася. Куточкі яе вуснаў апусціліся, твар стаў напружаным.

— Здаецца... Магчыма. Сама не ведаю.

Яна ўстала, падышла да разламаных дзвярэй.

— Крыс!

Я абняў яе за плечы. Хэры дрыжала. Раптам яна павярнулася, шукаючы мой позірк.

— Крыс, — шаптала яна, — Крыс.

— Супакойся,

— Крыс, няўжо, Крыс, няўжо ў мяне эпілепсія?

Эпілепсія, о Божухна! Мне стала смешна.

— Не, каханая. Проста дзверы тут такія, што... так, тут гэткія дзверы...

Мы выйшлі з пакоя, засланкі ілюмінатара з працяглым віскам падняліся, і паказаўся сонечны дыск, які апускаўся ў Акіян.

Я накіраваўся на невялікую кухню, што знаходзілася ў другім канцы калідора. Мы гаспадарылі разам з Хэры, вялі пошукі ў шкапчыках і халадзільніку. Хутка я зразумеў, што Хэры не надта ўмее кухарыць, а здольная толькі адчыняць кансервы, гэта ўмеў і я. Я праглынуў змесціва дзвюх такіх бляшанак і выпіў некалькі філіжанак кавы. Хэры таксама ела, але ела, як часам ядуць дзеці, якія не хочуць рабіць прыкрасці дарослым, — нават не з прымусам, а механічна і абыякава.

Пасля мы пайшлі ў невялікі аперацыйны пакой, побач з радыёстанцыяй; у мяне быў сякі-такі план. Я сказаў Хэры, што хачу на ўсялякі выпадак яе абследаваць. Я сеў на складное крэсла і дастаў са стэрылізатара шпрыц і іголкі. Я ведаў амаль на памяць, дзе што знаходзіцца, бо так вымуштравалі нас на Зямлі, на трэнажоры. Я ўзяў кроплю крыві з пальца Хэры і зрабіў мазок, высушыў яго ў экспікатары, апрацаваў іонамі серабра ў высокім вакууме.

Рэальнасць гэтай працы супакойвала. Хэры, лежачы на падушках раскладзенага крэсла, разглядвала аперацыйны пакой, застаўлены рознымі апаратамі.

Цішыню перапыніла мармытанне ўнутранага тэлефона. Я ўзяў трубку.

— Кельвін слухае, — прамовіў я, не зводзячы вачэй з Хэры, якая з пэўнага часу стала апатычнай, нібыта за апошнія гадзіны яе ўсю вычарпалі.

— Ты ў аперацыйнай? Нарэшце! — пачуў я ўздых палёгкі.

Гэта быў Снаўт. Я чакаў, прыціснуўшы трубку да вуха.

— У цябе «госць», праўда?

— Праўда.

— І ты заняты.

— Так.

— Сякія-такія даследаванні?

— А што? Ты хацеў згуляць партыю ў шахматы?

— Не блазнуй, Кельвін. Сарторыус хоча з табой сустрэцца. Дакладней, з намі.

— Вось дык навіна, — здзівіўся я. — А што з... — Я не закончыў, а пасля дадаў: — Ён адзін?

— Не. Я недакладна сказаў. Ён хоча з намі паразмаўляць. Звяжамся ўтрох, па відэатэлефоне, але толькі заслонім экран.

— Ах, так? Чаму ён не пазваніў адразу мне? Яму сорамна?

— Нешта накшталт гэтага, — прамармытаў Снаўт. — Ну як?

— Значыць, нам трэба дамовіцца? Давай праз гадзіну. Добра?

— Добра.

На маленькім, не большым за далонь, экране я бачыў толькі яго твар. Снаўт дапытліва пазіраў мне ў вочы. У трубцы трашчалі разрады.

Пасля Снаўт рашуча прамовіў:

— Як ты маешся?

— Зносна. А ты?

— Лічу, крыху горай за цябе. Я мог бы?..

— Ты хочаш прыйсці да мяне? — здагадаўся я.

Я зірнуў на Хэры. Яна звесіла галаву з падушкі і ляжала, закінуўшы нагу на нагу, ад самоты падкідвала срэбны шарык, якім заканчваўся ланцужок ля поручня крэсла.

— Пакінь гэта, чуеш? Пакінь! — пачуўся гучны голас Снаўта.

Я ўбачыў на экране яго профіль. Больш я нічога не пачуў, ён закрыў рукой мікрафон, я бачыў толькі яго губы, якія шавяліліся.

— Не, я не магу прыйсці. Мо пасля. Праз гадзіну, — хутка сказаў ён, і экран патух.

Я павесіў трубку.

— Хто гэта быў? — абыякава спыталася Хэры.

— Так сабе, адна асоба. Снаўт. Кібернетык. Ты яго не ведаеш.

— Яшчэ доўга чакаць?

— А табе хіба сумна? — спытаўся я.

Я заклаў першую серыю прэпаратаў у касету нейтрыннага мікраскопа і пачаў націскаць каляровыя кнопкі выключальнікаў. Сілавыя палі глуха загулі.

— Забаў тут няма, а калі майго сціплага таварыства табе не хапае, то справа дрэнь, — гаварыў я нібыта між іншым, з вялікімі паўзамі, апускаючы рукамі вялікую чорную галоўку, у якой свяціўся акуляр мікраскопа, і прыкладваючы мяккую гумавую аблямоўку да вачэй.

Хэры нешта сказала, я не разабраў што. Нібыта з вялікай вышыні я бачыў бязмежную пустыню, залітую срабрыстым бляскам. На ёй ляжалі ахутаныя лёгкай імглой, патрэсканыя, выветраныя пляскатыя круглякі камянёў. Гэта былі чырвоныя крывяныя цельцы. Не адводзячы вачэй ад шкельцаў, я павялічыў рэзкасць і ўсё глыбей і глыбей апускаўся ў палаючае серабрыстае поле. Левай рукой я круціў ручку рэгулятара століка, а калі адзінокае, як валун, цельца апынулася на перасячэнні чорных рысачак, я дадаў павелічэння. Здавалася, што аб'ектыў наязджае на бясформенны, увагнуты пасярэдзіне эрытрацыт, які меў выгляд кратэра вулкана, з чорнымі рэзкімі ценямі ў паглыбленнях колцападобнага беражка. Гэты беражок, пакрыты крышталёвым налётам іонаў серабра, не змяшчаўся ў фокусе. З'явіліся цьмяныя, бачныя нібыта праз мігатлівую ваду, абрысы сплаўленых, сагнутых ланцужкоў бялку; злавіўшы на чорным скрыжаванні адно з патаўшчэнняў бялковых рэшткаў, я паволі пакручваў ручку павелічальніка, усё пакручваў і пакручваў; вось-вось мусіў наступіць канец гэтага падарожжа ўглыбіню. Расплюшчаны цень малекулы запоўніў усё поле і... раптам расплыўся ў тумане!

Нічога, аднак, не сталася. Я павінен быў убачыць мільганне дрыготкіх сцюдзяністых атамаў, але іх не было. Экран свяціўся незатуманеным срэбрам. Я дакруціў ручку да канца. Гнеўны гул мікраскопа ўзмацніўся, але я па-ранейшаму нічога не бачыў. Дрыготкі сігнал, які паўтараўся, папярэджваў, што апаратура перагружана. Я яшчэ раз зірнуў на срэбную пустыню і выключыў ток.

Я паглядзеў на Хэры. Яна вымушана ўсміхнулася, каб схаваць пазяханне.

— Як там мае справы? — спыталася яна.

— Вельмі добра, — адказаў я. — Думаю, што... лепш і быць не можа.

Я ўсё пазіраў на яе, адчуваючы паколванне ў ніжняй губе. А што, уласна, адбылося? Што гэта значыць? Гэтае цела, з выгляду такое далікатнае і слабае, нельга знішчыць? Па сутнасці, яно складаецца з нічога? Я стукнуў кулаком па цыліндрычным корпусе мікраскопа. Мо які-небудзь дэфект? Мо няма факусіроўкі?.. Не, я ведаў, што апаратура спраўная. Я апусціўся на ўсе ўзроўні: клетка, бялковае рэчыва, малекула — усё мела такі самы выгляд, як і на тысячах прэпаратаў, якія я ўжо бачыў. Але апошні крок уніз вёў у тупік.

Я ўзяў у Хэры кроў з вены і разліў яе ў прабіркі. Аналізы занялі больш часу, чым я меркаваў, — я ўжо страціў ранейшы спрыт. Рэакцыі былі нармальныя. Усе. Хіба што...

Я капнуў канцэнтраванай кіслатой на чырвоную пацерку. Кропля задымілася, стала шэрай, пакрылася налётам бруднай пены. Разлажэнне. Дэнатурацыя. Далей, далей! Я адхіліўся па новую прабірку. Калі ж зірнуў на ранейшую, прабірка ледзь не вывалілася з маіх рук.

Пад бруднай пенай на самым дне прабіркі зноў вырастаў цёмна-чырвоны слой. Кроў, спаленая кіслатой, аднаўлялася! Гэта было неверагодна! Гэта было немагчыма!

— Крыс! — пачуў я быццам здалёку. — Крыс, тэлефон!

— Што? А, тэлефон? Дзякую.

Тэлефон мармытаў ужо даўно, але я пачуў яго толькі зараз.

— Кельвін слухае, — сказаў я ў трубку.

— Гаворыць Снаўт. Я пераключыў лінію, і мы ўтрох будзем адначасова слухаць адзін аднаго.

— Вітаю вас, доктар Кельвін, — пачуўся высокі, насавы голас Сарторыуса. Голас гучаў так, нібыта яго гаспадар узыходзіў на небяспечна гнуткі подыум, — пранізліва, насцярожана, хоць знешне спакойна.

— І я вітаю вас, доктар, — адказаў я.

Мне стала смешна, хоць не было ніякай прычыны для смеху. З каго мне, у рэшце рэшт, смяяцца? Я нешта трымаў у руцэ: прабірку з крывёю. Я страсянуў прабірку. Кроў ужо згарнулася. Мо ўсё гэта мне здалося? Мо проста падман?

— Я хацеў бы прапанаваць на ваш разгляд некаторыя праблемы, звязаныя з э... фантомамі, — чуў і не чуў я голас Сарторыуса.

Словы з цяжкасцю даходзілі да маёй свядомасці. Я абараняўся ад яго голасу, па-ранейшаму пазіраючы на прабірку са згусткам крыві.

— Назавём іх утварэннем Ф, — хутка падказаў Снаўт.

— Цудоўна.

Пасярод экрана цямнела вертыкальная лінія, якая сведчыла, што я прымаў адначасова два каналы — па абодва бакі ад лініі я павінен быў бачыць маіх субяседнікаў. Аднак экран заставаўся цёмным, толькі вузкая светлая палоска вакол яго сведчыла, што апаратура працуе, а перадатчыкі нечым заслонены.

— Кожны з нас правёў розныя даследаванні... — Зноў ранейшая асцярожлівасць у гугнявым голасе таго, хто гаварыў. Маўчанне. — Можа, мы спачатку аб'яднаем нашы назіранні, а затым я мог бы паведаміць, да чаго прыйшоў сам... Мо вы, доктар Кельвін, пачняце першы...

— Я? — здзівіўся я.

Раптам я адчуў позірк Хэры. Я паклаў прабірку на стол, яна пакацілася пад штатыў, а я падсунуў нагой трыногу і ўсеўся на яе. Спачатку я хацеў адмовіцца, але нечакана для самога сябе прамовіў:

— Добра. Кароткі абмен думкамі? Добра! Я амаль нічога не зрабіў, але сказаць магу. Адно мікраскапічнае даследаванне і некалькі рэакцый. Мікрарэакцый. У мяне склалася ўражанне, што...

Да гэтай хвіліны я не ўяўляў, што буду гаварыць. Толькі зараз я зразумеў.

— Усё ў норме, але гэта камуфляж. Імітацыя. У пэўным сэнсе гэта суперкопія: паўтарэнне больш дакладнае, чым арыгінал. Гэта азначае, што там, дзе ў чалавека мы сутыкаемся з мяжой структурнай дзялімасці, тут мы ідзём далей — тут скарыстаны субатамны будаўнічы матэрыял!

— Пачакайце. Пачакайце. Як вы гэта разумееце? — дапытваўся Сарторыус.

Снаўт не прамовіў ні слова. А мо гэта яго частае дыханне чулася ў трубцы? Хэры зірнула ў мой бок. Я быў надта ўзрушаны — апошнія словы амаль выгукнуў. Супакоіўшыся, я згорбіўся на сваёй нязручнай табурэтцы і заплюшчыў вочы.

— Як гэта выразіць? Першасны элемент нашых арганізмаў — атамы. Мяркую, што ўтварэнні Ф складаюцца з адзінак, меншых, чым звычайныя атамы. Значна меншых.

— З мезонаў?.. — падказаў Сарторыус.

Ён зусім не здзівіўся.

— Не, не з мезонаў... Мезоны можна было б убачыць. Бо магчымасць апаратуры, якая стаіць тут, у мяне, унізе, дасягае 10-20 ангстрэм. І ўсё адно не відаць. Значыць, не мезоны. Хутчэй за ўсё нейтрыны.

— Як вы гэта сабе ўяўляеце? Бо нейтрынныя кангламераты нетрывалыя...

— Не ведаю. Я не фізік. Магчыма, іх стабілізуе нейкае сілавое поле. Я гэтага не ведаю. Ва ўсякім разе, калі я маю рацыю, то яны складаюцца з часціц, якія меншыя за атам прыблізна ў дзесяць тысяч разоў. Але і гэта яшчэ не ўсё! Калі б малекулы бялку і клеткі мелі будову непасрэдна з «мікраатамаў», то яны адпаведна былі б меншыя. І крывяныя цельцы, і ферменты, і ўсё. Але і гэта не так. З гэтага вынікае, што ўсе бялкі, клеткі, ядро клетак — толькі імітацыя! На самай справе структура, якая нясе адказнасць за дзеяздольнасць «госця», схавана глыбей.

— Кельвін! — амаль выгукнуў Снаўт.

Я здзівіўся і змоўк. Я сказаў: «Госця»?! Так, але Хэры не пачула гэтага. Зрэшты, яна не зразумела б. Хэры глядзела ў ілюмінатар, падпершы галаву рукой, яе маленькі чысты профіль вымалёўваўся на фоне пурпуровай зоркі. Слухаўка маўчала. Я чуў толькі далёкае дыханне.

— Тут нешта ёсць, — прамармытаў Снаўт.

— Так, мажліва, — дадаў Сарторыус, — толькі маецца адна закавыка — Акіян складаецца не з гіпатэтычных часціц, пра якія гаворыць Кельвін, а са звычайных.

— Відаць, ён можа сінтэзаваць і такія, — адзначыў я.

Раптам мяне ахапіла апатыя. Гэта была бясплодная, нікому не патрэбная размова.

— Але гэта вытлумачвала б незвычайную вынослівасць, — мармытнуў Снаўт. — І тэмп рэгенерацыі. А мо энергетычная крыніца знаходзіцца нават там, углыбіні, ім жа не трэба есці...

— Прашу слова, — прамовіў Сарторыус.

Я не мог яго пераносіць. Калі б ён хоць не выходзіў са сваёй ролі!

— Давайце прааналізуем пытанне матывацыі. Матывацыі з'яўлення ўтварэнняў Ф. Я ставіў бы пытанне так: а што такое ўтварэнні Ф? Гэта не асобы, не копіі пэўных асоб, а матэрыялізаваная праекцыя тых звестак пра гэтую асобу, якія маюцца ў нашым мазгу.

Трапнасць вызначэння здзівіла мяне. Сарторыус хоць і антыпатычны мне, але мае розум.

— Гэта праўда, — уставіў я. — Гэта вытлумачвае нават, чаму з'явіліся асо... утварэнні менавіта такія, а не іншыя. Выбраны сама ўстойлівыя адбіткі з памяці, найбольш ізаляваныя ад іншых, хоць, вядома, ніводзін гэткі адбітак не можа быць цалкам адасоблены, і ў працэсе яго «капіравання» былі, маглі быць захоплены часткі іншых адбіткаў, якія выпадкова знаходзіліся побач, таму прышэлец часам выяўляе ведаў больш, чым аўтэнтычная асоба, паўтарэннем якой ён павінен з'яўляцца...

— Кельвін! — зноў перапыніў мяне Снаўт.

Мяне здзівіла, што толькі ён быў незадаволены маімі неабачлівымі словамі. Здавалася, Сарторыус іх не баіцца. Магчыма, яго «госць» па сваёй сутнасці не такі кемлівы, як «госць» Снаўта. На секунду ў маім уяўленні паўстаў нейкі карлікавы крэтын, які неадступна следаваў за доктарам Сарторыусам.

— Так, і мы гэта заўважылі, — пачаў Сарторыус. — Цяпер што да матываў з'яўлення ўтварэнняў Ф... Першая найбольш верагодная думка — на нас праводзяць эксперымент. Аднак хутчэй за ўсё гэта быў бы варты жалю эксперымент. Калі мы ставім дослед, то вучымся на выніках, перш за ўсё на памылках, і пры паўтарэнні доследу ўносім у яго папраўкі... У нашым выпадку пра гэта не можа быць і гаворкі. Тыя ж самыя ўтварэнні Ф з'яўляюцца нанава... нескарэктаваныя... не ўзброеныя нічым дадаткова супраць... нашых спроб пазбавіцца ад іх...

— Словам, тут няма функцыянальнай пятлі дзеяння з карэгіраванай зваротнай сувяззю, як назваў бы гэта доктар Снаўт, — адзначыў я. — І што з гэтага вынікае?

— Толькі адно: калі лічыць тое, што адбываецца, эксперыментам, то гэта не эксперымент, а... халтура, што, аднак, непраўдападобна. Акіян... дакладны. Гэта выяўляецца хоць бы ў двухслойнай канструкцыі ўтварэнняў Ф. Да пэўнай мяжы яны паводзяць сябе так, як паводзілі б сябе... сапраўдныя... сапраўдныя...

Ён змоўк.

— Арыгіналы, — хутка падказаў яму Снаўт.

— Так, арыгіналы. Аднак калі сітуацыя перавышае нармальныя здольнасці пасрэднага... э... арыгінала, настунае нібыта «выключэнне свядомасці» ўтварэння Ф, і адразу ж праяўляюцца іншыя дзеянні, нечалавечыя...

— Гэта праўда, — сказаў я, — але такім чынам мы толькі складаем каталог паводзін гэтых... гэтых утварэнняў, і больш нічога. А гэта бязглуздзіца.

— Я не ўпэўнены, — запратэставаў Сарторыус.

Тут я зразумеў, чым ён мяне так нервуе: ён не проста гаварыў, а казаў прамову, як на пасяджэнні Інстытута.

Відаць, размаўляць інакш ён не ўмеў.

— Тут узнікае праблема індывідуальнасці. Акіян цалкам пазбаўлены гэтага паняцця. Так і павінна быць. Мне здаецца, шаноўныя калегі, што гэты... э... далікатны, непрыемны для нас бок эксперымента не мае ніякага значэння для Акіяна, ён — за межамі яго разумення.

— Вы лічыце, што гэта незнарок?.. — спытаўся я.

Яго сцверджанне крыху ашаламіла мяне, але, падумаўшы, я вырашыў, што такі пункт погляду нельга браць пад увагу.

— Так. Я не веру ні ў вераломства, ні ў зласлівасць, ні ў жаданне нанесці ўдар у сама балючае месца, як лічыць калега Снаўт.

— Я зусім не прыпісваю Акіяну чалавечых пачуццяў, — упершыню ўзяў слова Снаўт, — але мо ты скажаш, як вытлумачыць гэтыя пастаянныя вяртанні?

— Магчыма, уключана нейае прыстасаванне, якое ўсё круціцца і круціцца, як кружэлка, — прамовіў я, імкнучыся зачапіць Сарторыуса.

— Не будзем адхіляцца, калегі, — гугнявым голасам заявіў доктар. — Гэта не ўсё, што я хацеў вам паведаміць. У звычайных умовах я лічыў бы складанне нават кароткага паведамлення пра стан маёй працы дачасным, але з улікам спецыфічных умоў я раблю выключэнне. У мяне такое ўражанне, толькі ўражанне, не болей, што ў меркаваннях калегі Кельвіна ёсць рацыянальнае зерне. Я маю на ўвазе яго гіпотэзу пра нейтрынную структуру... такія сістэмы мы ведаем толькі тэарэтычна, нам невядома, ці можна і' стабілізаваць. Тут з'яўляецца пэўны шанц, бо знішчэнне сілавога поля, якое надае стабільнасць сістэме...

Я заўважыў, як цёмны прадмет, які засланяў экран з боку Сарторыуса, адсоўваецца: з самага верху бліснула шчыліна, і можна было ўбачыць, што там паволі шавялілася штосьці ружовае. І раптам цёмная перагародка ўпала.

— Прэч! Прэч!!! — пачуўся ў трубцы адчайны крык Сарторыуса.

На раптоўна асветленым экране мільганулі рукі доктара ў шырокіх лабараторных нарукаўніках і вялікі, залацісты, падобны на дыск прадмет, усё гэта знікла раней, чым я зразумеў, што залацісты круг — гэта саламяны капялюш...

— Снаўт? — паклікаў я, глыбока ўздыхнуўшы.

— Слухаю, Кельвін, — стомлена азваўся кібернетык.

Раптам я адчуў, што Снаўт мне вельмі падабаецца. Я на самай справе не хацеў бы ведаць, хто ў яго «ў гасцях».

— Гэтага, відаць, досыць, га?

— Думаю, дастаткова, — згадзіўся я. — Паслухай, калі будзеш мець мажлівасць, зазірні ўніз або да мяне ў кабіну, добра? — спешна дадаў я, пакуль ён не паклаў трубкі.

— Згода, — адказаў Снаўт. — Толькі не ведаю калі.

На гэтым праблемная дыскусія скончылася.

 

ПАЧВАРЫ

 

Пасярод ночы мяне разбудзіла святло. Я абапёрся на локаць, засланяючы другой рукой вочы. Хэры, захінутая ў прасціну, скурчылася і сядзела ў нагах ложка, валасы засыпалі яе твар. Плечы ўздрыгвалі. Хэры бязгучна плакала.

— Хэры!

Яна скурчылася яшчэ больш.

— Што з табой?.. Хэры...

Я сеў, яшчэ не зусім прачнуўшыся, паступова выбаўляючыся з кашмару, які душыў мяне хвіліну таму.

— Каханая.

— Не кажы так.

— А што здарылася, Хэры?

Я ўбачыў яе мокры скрыўлены твар. Буйныя дзіцячыя слёзы цяклі па шчоках, блішчалі ў ямачцы на падбародку, капалі на прасціну.

— Я не патрэбная табе.

— Што ты гаворыш, Хэры!

— Я сама чула.

Я адчуў, як камянее мой твар.

— Што чула? Ты нічога не зразумела, проста я...

— Не. Не. Ты гаварыў, што гэта не я. Каб я ішла. Я пайшла б. Божухна! Я пайшла б, але не магу. Не ведаю, што са мной. Я хацела пайсці, але не мела сілы. Я такая, такая дрэнь!

— Маленькая!!!

Я схапіў яе, з усяе моцы прыціснуў да сябе, я цалаваў яе рукі, яе мокрыя і салёныя ад слёз пальцы, паўтараў нейкія закляцці, клятвы, прасіў прабачэння, гаварыў, што гэта быў дурны, бязладны сон. Пакрысе Хэры супакойвалася. Перастала плакаць. Яе вочы сталі вялікія, як у лунаціка. Слёзы высахлі. Яна адвярнулася.

— Не, — сказала яна, — не кажы мне гэтага, не трэба. Ты для мяне не такі самы, як раней.

— Я не такі?! — з енкам вырвалася ў мяне.

— Так. Ты не хочаш мяне. Я ўвесь час гэта адчувала. Толькі прытваралася, што не заўважаю. Думала, мо гэта мне здаецца. Але не, не здаецца. Ты паводзіш сябе... іначай. Не прымаеш мяне ўсур'ёз. Табе прысніўся сон, але гэта я табе прыснілася. Ты называў маё імя. Табе было гідка. Чаму? Чаму?!

Я ўкленчыў перад ёю, абняў яе калені.

— Маленькая...

— Я не хачу, каб ты называў мяне так. Не хачу, чуеш? Я не маленькая. Я...

Хэры расплакалася, уткнуўшыся тварам у пасцель. Я ўстаў. З вентыляцыйных адтулін з ціхім фырканнем ішло халоднае паветра. Мне стала халаднавата. Я накінуў купальны халат, сеў побач з Хэры і дакрануўся да яе рукі.

— Паслухай, Хэры. Я табе нешта скажу. Скажу табе праўду...

Яна паволі паднялася, абапіраючыся на рукі. Я бачыў, як пад тонкай скурай у яе на шыі пульсуе жылка. Мой твар зноў камянеў. Мяне працінаў холад. У галаве было пуста.

— Праўду? — перапытала Хэры. — Слова гонару? Святое слова?

Я адказаў не адразу, да горла падкаціўся камяк. Бо гэта была наша даўняя клятва. Пасля яе ніхто з нас не мог не тое што схлусіць, але нават змаўчаць пра што-небудзь. Некалі мы муштравалі адно аднаго празмернай шчырасцю, наіўна шукалі ў ёй выратавання.

— Святое слова гонару, — сур'ёзна прамовіў я. — Хэры...

Яна чакала.

— Ты таксама змянілася. Усе мяняюцца. Але я не тое хацеў сказаць. Сапраўды, ты не можаш без мяне. Чаму — мы пакуль што не ведаем... Але гэта нават лепш, бо я таксама не магу без цябе...

— Крыс!

Я падняў Хэры разам з прасціной, у якую яна захінулася. Ражок прасціны, мокры ад слёз, упаў мне на плечы. Я хадзіў па пакоі, гушкаючы Хэры. Яна пагладзіла мой твар.

— Не, ты не змяніўся. Гэта я, — шапнула яна мне на вуха. — Са мной штосьці адбываецца. Мо справа ў гэтым?

Яна пазірала ў чорны пусты прамавугольнік, які застаўся ад разбітых дзвярэй, бо іх абломкі я вынес вечарам на склад. Трэба будзе, падумаў я, павесіць новыя. Я пасадзіў Хэры на ложак.

— А ты наогул спіш? — Я стаяў над ёю з апушчанымі рукамі.

— Не ведаю.

— Як не ведаеш? Падумай, каханая.

— Бадай што сплю, але гэта не сапраўдны сон. Мо я хворая. Я проста ляжу і думаю, і ведаеш...

Хэры здрыганулася.

— Што? — спытаўся я шэптам, бо баяўся, што мне здрадзіць голас.

— У мяне вельмі дзіўныя думкі. Не ведаю, адкуль яны бяруцца.

— Напрыклад?

Трэба быць спакойным, думаў я, што б яна ні сказала. Да яе слоў я падрыхтаваўся, як да моцнага ўдару. Хэры бездапаможна паківала галавой:

— Усё нейкае такое... навокал...

— Не разумею.

— Як быццам не толькі ўва мне, але і далей, неяк так... Я не магу расказаць. Не хапае слоў...

— Напэўна, табе гэта сніцца, — нібы мімаходзь зазначыў я. Мне стала лягчэй дыхаць. — А зараз давай патушым святло, і да раніцы ў нас не будзе ніякіх згрызот, а ранкам, калі вельмі захочацца, прыдумаем сабе новыя, добра?

Яна працягнула руку да выключальніка. Стала цёмна, я ўлёгся ў выстылую пасцель і адчуў цяпло яе дыхання. Я абняў Хэры.

— Мацней, — прашаптала яна. І пасля доўгай паўзы: — Крыс!

— Што?

— Я кахаю цябе.

Мне захацелася закрычаць.

 

Ранак быў чырвоны. Пачырванелы сонечны дыск вісеў нізка над гарызонтам. На парозе ляжала пісьмо. Я разарваў капэрту. Хэры была ў душавой, я чуў, як яна мармыча нейкую мелодыю. Час ад часу яна высоўвалася адтуль, пазіраючы на мяне праз мокрыя валасы. Я падышоў да ілюмінатара і пачаў чытаць:

«Кельвін, справы дрэнь. Сарторыус выступае за рашучыя меры. Ён спадзяецца, што яму ўдасца дэстабілізаваць нейтрынныя сістэмы. Для доследаў яму патрэбна крышку плазмы як зыходнага будаўнічага матэрыялу ўтварэнняў Ф. Ён прапануе табе пайсці ў разведку і здабыць трохі плазмы. Ты рабі што хочаш, але паведамі мне пра сваё рашэнне. А ў мяне ўжо сваёй думкі няма. Бадай, нічога ўжо няма. Я хачу, каб ты гэта зрабіў, хоць бы таму, што мы зрушымся з мёртвага пункту, няхай сабе і фармальна. Інакш застаецца толькі зайздросціць Г.

Мышаня.

Р.S. Не ўваходзь у памяшканне радыёстанцыі. Гэта ўсё, што ты для мяне яшчэ можаш зрабіць. Лепей пазвані».

Маё сэрца калацілася, калі я чытаў гэты ліст. Уважліва перачытаў яго яшчэ раз, парваў паперыну і выкінуў кавалкі ў ракавіну. Пасля пачаў шукаць камбінезон для Хэры. Гэта было страшна. Якраз так, як мінулым разам. Але Хэры нічога не ведала, інакш яна не ўзрадавалася б, калі я сказаў, што мне трэба выбрацца ў кароткую разведку за межы Станцыі і я прашу яе суправаджаць мяне. Мы паснедалі на маленькай кухні (Хэры зноў амаль нічога не ела) і пайшлі ў бібліятэку.

Перш чым выканаць даручэнне Сарторыуса, я хацеў пагартаць літаратуру па пытаннях поля і нейтрынных сістэм. Я не ўяўляў нават, як мне гэта ўдасца, але вырашыў кантраляваць яго работу. Я падумаў, што не існуючы пакуль што нейтрынны ангілятар мог бы вызваліць Снаўта і Сарторыуса, а я перачакаў бы разам з Хэры «аперацыю» дзе-небудзь звонку — у лятаючым апараце, напрыклад. Я даволі доўга сядзеў над тоўстым электронным каталогам, які ў адказ на мае пытанні альбо выкідваў мне картку з лаканічным надпісам «у бібліяграфіі адсутнічае», альбо прапаноўваў залезці ў такі нерат спецыяльных фізічных прац, што я не ведаў, як да іх падступіцца. Мне не хацелася пакідаць вялікае круглае памяшканне з гладкімі сценамі, у якіх знаходзіліся скрыначкі, што высоўваліся, з вялікай колькасцю мікрафільмаў і электронных запісаў. Размешчаная ў самым цэнтры Станцыі, без аніякіх ілюмінатараў, бібліятэка была сама ізаляваным памяшканнем у стальной шкарлупіне. Мо таму мне было тут так добра, пошукі мае нічога не давалі. Я блукаў па вялікай зале, пакуль не спыніўся ля вялізнай, да самай столі, кніжнай шафы. Гэта была не столькі раскоша (зрэшты, даволі сумніцельная), колькі сімвал памяці, даніна павагі піянерам салярыстычных даследаванняў: паліцы, на якіх стаяла каля шасцісот тамоў, утрымлівалі ўсю класічную літаратуру па прадмеце, пачынаючы з манументальнай, хоць у значнай ступені і састарэлай, дзевяцітомнай манаграфіі Гізэ. Я даставаў гэтыя цяжкія тамы і ляніва гартаў іх, прысеўшы на ручку крэсла. Хэры таксама знайшла сабе нейкую кніжку — я прачытаў некалькі радкоў цераз яе плячо. Гэта была адна з тых кніжак, што засталіся ад першай экспедыцыі, здаецца, ад самога Гізэ — «Міжпланетны кухар»... Назіраючы, як уважліва вывучае Хэры кулінарныя рэцэпты, прыстасаваныя да суровых касмічных умоў, я моўчкі вярнуўся да старога фаліянта, які ляжаў на маіх каленях. Манаграфія Гізэ «Дзесяць гадоў вывучэння планеты Салярыс» з'явілася ў серыі «Працы па салярыстыцы» ў выпусках з чацвёртага па трыццаты, а зараз чарговыя выпускі серыі маюць чатырохзначны нумар.

Гізэ меў не надта спрытны розум, але спрытны розум можа толькі нашкодзіць вывучэнню планеты Салярыс. Бадай, нідзе ўяўленне і здольнасць хутка ствараць гіпотэзы не становяцца гэткімі згубнымі, як тут. У рэшце рэшт, на гэтай планеце магчыма ўсё. Неверагодныя апісанні плазматычных «узораў» хутчэй за ўсё адпавядаюць сапраўднасці, хоць праверыць іх звычайна немагчыма, бо Акіян вельмі рэдка паўтараецца. Назіральніка, які ўпершыню сутыкнуўся з акіянічнымі з'явамі, здзіўляе іх велізарны памер і цалкам адсутны на Зямлі характар. Калі б гэта адбывалася ў маленькай лужыне, усе вырашылі б, што тут звычайная «гульня прыроды», яшчэ адна праява выпадковасці і сляпога ўзаемадзеяння сіл. Перад незлічонай разнастайнасцю салярысных формаў аднолькава бездапаможныя і пасрэднасць, і геній. Гізэ не адносіўся ні да тых, ні да іншых. Ён проста быў класіфікатарам-педантам, з гатунку тых, хто пад знешняй абыякавасцю хавае ўсёпаглынальную, невыкараняльную працавітасць. Гізэ спрабаваў усё апісваць, а калі яму не хапала слоў, прыдумляў новыя, часта няўдалыя, не адпаведныя сутнасці з'явы. Зрэшты, ніводзін тэрмін не перадае сутнасці таго, што адбываецца на планеце Салярыс. Яго «горадрэвы», яго «даўгуны», «грыбавікі», «мімоіды», «сіметрыяды» і «асіметрыяды», «хрыбетнікі» і «мігценнікі» гучаць вельмі ненатуральна, але ўсё-ткі даюць хоць нейкае ўяўленне пра Салярыс нават тым, хто не бачыў нічога, акрамя невыразных фотаздымкаў і надта недасканалых фільмаў. Вядома, гэты добрасумленны класіфікатар часам не ўтрымліваўся ў строгіх рамках класіфікацый. Чалавек заўсёды прапануе гіпотэзы, нават калі не імкнецца да гэтага, нават несвядома. Гізэ лічыў, што «даўгуны» ўяўляюць зыходную форму, і супастаўляў яе са шматразова павялічанымі і нагрувашчанымі ў некалькі ярусаў прыліўнымі хвалямі зямных мораў. Той, хто знаёмы з першым выданнем яго працы, памятае, што спачатку Гізэ называў гэтую форму менавіта «прылівамі», пад уплывам геацэнтрызму. З такога азначэння можна было б пасмяяцца, калі б яно не сведчыла пра бездапаможнасць даследніка. Гэтыя ж утварэнні па сваіх памерах пераўзыходзяць — калі ўжо шукаць зямныя параўнанні — Вялікі каньён Каларада, да таго ж іх верхні слой — пеніста-сцюдзяністы (пена застывае вялізнымі крохкімі фестонамі, велізарнымі карункамі — частка даследнікаў палічыла іх «шкілетападобнымі нарастамі»), а слаі, што ляжаць ніжэй, становяцца ўсё больш пругкімі, нібы мускул, які скараціўся, і мускул гэты на глыбіні паўтара дзесяткаў метраў — больш цвёрды, чым камень, але пругкасці не губляе. Між сцен, паверхня якіх нагадвае скуру на спіне нейкай пачвары і ўся пакрытая прыліплымі да яе «шкілетамі», на цэлыя кіламетры разлёгся сам «даўгун», знешне самастойнае ўтварэнне, якое падобна на вялізнага пітона. Здаецца, нібыта пітон цалкам праглынуў некалькі гор і моўчкі пераварвае іх, час ад часу ўздрыгваючы. Але такі выгляд «даўгун» мае толькі зверху, з лятаючага апарата. Калі ж апусціцца на некалькі соцень метраў, амаль на самае дно «цясніны», то бачна, што пітон — гэта паласа, якая працягнулася аж да самага гарызонту, дзе плазма рухаецца з неверагоднай хуткасцю, у выніку чаго і ўзнікае ўражанне застылага цыліндра. Спачатку лічыш гэты рух за кручэнне па кругу слізістай шэра-зялёнай масы, якая блішчыць на сонцы, але ля самай паверхні (адкуль берагі «цясніны», дзе супакоіўся «даўгун», здаюцца чорнымі хрыбтамі) заўважаеш, што маса рухаецца па значна больш складаным прынцыпе. Тут ёсць і канцэнтрычныя акружнасці, і перакрыжаваныя цячэнні больш цёмных струменяў, і люстраныя ўчасткі верхняга слоя, якія адлюстроўваюць неба і хмары. Часам на гэтых участках грымяць вывяржэнні змешанага з газамі паўвадкага асяроддзя. Паступова разумееш, што проста перад табой — цэнтр дзеяння сілы, якая падтрымлівае сцюдзяністыя сцены, што ўзняліся ў неба і ляніва застываюць, ператвараючыся ў крышталі. Але тое, што відавочна для назіральніка, не надта паддаецца навуцы. Колькі гадоў доўжыліся непрымірымыя спрэчкі з нагоды таго, што адбываецца ў «даўгунах», мільёны якіх плаваюць у бязмежных прасторах жывога Акіяна. Іх лічылі нейкімі органамі, лічылі, што ў іх адбываецца абмен рэчываў, працэсы дыхання і пераварвання ежы і нешта там яшчэ, аб чым памятаюць зараз толькі запыленыя бібліятэчныя паліцы. Кожная з гэтых гіпотэз была ў рэшце рэшт абвергнута тысячамі цяжкіх, часам небяспечных доследаў. А справа ж толькі пра «даўгуны», пра форму, якая па сутнасці прасцейшая, найбольш устойлівая (іх існаванне доўжыцца некалькі тыдняў — што на планеце Салярыс наогул з'яўляецца выключэннем).

Больш складаная і капрызная форма, якая выклікае сама рашучы пратэст (вядома, несвядомы) — гэта «мімоіды». Іх без перабольшання можна назваць любімай формай Гізэ. Да сваіх апошніх дзён вывучаў ён і апісваў мімоіды, спрабуючы адгадаць іх сутнасць. У назве Гізэ спрабаваў перадаць іх сама дзіўную, з чалавечага пункту погляду, уласцівасць: пэўную схільнасць быць падобнымі на навакольныя формы, незалежна ад таго, дзе гэтыя формы размешчаны — блізка або далёка.

І вось надыходзіць дзень, калі ў глыбіні Акіяна пачынае арганізоўвацца пляскаты шырокі круг з няроўнымі берагамі і чорнай як смоль паверхняй. Праз некалькі гадзін на ім можна ўжо адрозніць асобныя сегменты, ён дзеліцца і адначасова прабіваецца ўсё бліжэй і бліжэй да паверхні. Назіральнік мог бы прысягнуць, што там ідзе шалёная барацьба: сюды з усіх бакоў збягаюцца бясконцыя шэрагі кругавых хваляў, што нагадваюць прагныя раты, жывыя кратэры, якія могуць вось-вось стуліцца; хвалі ўздыбліваюцца над расплывіста цёмным углыбіні прывідам і, становячыся на дыбкі, кідаюцца ўніз. Кожны такі абвал тысячатонных грамадзін суправаджаецца хлюпаннем, якое доўжыцца цэлыя секунды і падобнае на грымоты, — маштабы таго, што адбываецца, неверагодныя. Цёмнае ўтварэнне спаўзае ўніз; чарговы ўдар, здаецца, вось-вось расплюшчыць і пашчапае яго; сегменты дыска вісяць, як мокрыя крылы, ад іх адрываюцца даўгаватыя гронкі, выцягваюцца ў доўгія пацеркі, зліваюцца адна з адной, цягнучы за сабой і дыск, які іх утварыў, а тым часам зверху ў гэты ўсё больш выразны круг трапляюць новыя і новыя хвалі. Гэта доўжыцца часам дзень, а часам — месяц. Часта ўсё на гэтым і канчаецца. Добрасумленны Гізэ назваў гэты варыянт «няспелым мімоідам», нібыта ён аднекуль даведаўся, што канчатковая мэта кожнага такога катаклізму — «спелы мімоід», гэта значыць тая калонія падобных на паліпы бляклых нарастаў (яна звычайна нават большая за цэлы зямны горад), прызначэнне якіх — перадражніваць знешнія формы. Вядома, знайшоўся другі салярыст, Юйвенс, які прызнаў менавіта гэтую, апошнюю фазу, самаліквідацыяй, адміраннем, а новыя формы — несумненнай адзнакай вызвалення «парасткаў» ад уздзеяння зыходнага ўтварэння.

Калі Гізэ апісвае ўсе іншыя салярысныя праявы, ён нагадвае мураша, які апынуўся на замёрзлым вадаспадзе: ён не адхіляецца, не абагульняе, а карпатліва збірае і суха выкладае сама драбнюткія дэталі. Але ён такі ўпэўнены ў сабе, калі гаворыць пра мімоіды, і так захапляецца, што спалучае асобныя фазы з'яўлення мімоіда ў залежнасці ад усё большай дасканаласці.

Калі глядзець на мімоід зверху, ён нагадвае горад, але гэта толькі ілюзія, якая выклікана пошукамі хоць нейкай аналогіі. Калі неба бязвоблачнае, усе шматпавярховыя вырасты і частаколы на іх вяршынях апяразваюць слой нагрэтага паветра, у выніку чаго формы, якія і так цяжка вызначыць, хістаюцца і раствараюцца. Першая ж аблачынка ў нябесным блакіце (я кажу гэта па зямной звычцы, бо «блакіт» пад час чырвонага дня — рыжы, а пад час блакітнага — асляпляльна белы) адразу ж знаходзіць водгук. Пачынаецца імклівае размнажэнне пупышак. Угору імкнецца абалонка, якая амаль цалкам аддзялілася ад асновы, — цякучая, падобная на гронку. Яна адразу ж блякне і праз некалькі хвілін становіцца надзвычай падобная на кучавое воблака. Вялізны аб'ект дае чырванаваты цень, адны вяршыні мімоіда нібыта перадаюць яго іншым у кірунку, супрацьлеглым руху сапраўднай хмары. Мне здаецца, Гізэ даў бы адсекчы руку, каб даведацца хоць адно: чаму так адбываецца. Але такія «адзіночныя» ўтварэнні мімоіда — гэта дробязь у параўнанні з бурнай дзейнасцю, якую ён распачынае, калі яго «раздражняе» наяўнасць прадметаў і формаў, якія з'яўляюцца над ім па віне прышэльцаў з Зямлі.

Мімоід імітуе літаральна ўсё, што знаходзіцца на адлегласці не больш за восем-дзевяць міль. Звычайна мімоід пад час імітацыі павялічвае, а часам скажае форму, утвараючы карыкатуры альбо забаўныя спрашчэнні, асабліва калі ён «мае справу» з механізмамі. Зразумела, што матэрыялам заўсёды з'яўляеца адна і тая ж маса, якая хутка блякне і, выкінутая ў паветра, не падае назад, а завісае, спалучаная пупавінамі, якія хутка рвуцца, з асновай; па аснове яна і паўзе, то сціскаючыся, то набухаючы і раздуваючыся, і тады непрыкметна з'яўляюцца неверагодна складаныя ўзоры. Лятальны апарат, рашоткавая ферма або мачта паўтараюцца з аднолькавай імклівасцю; мімоід не рэагуе толькі на людзей, а дакладней, на жывыя арганізмы, у тым ліку і на расліны — дзеля эксперымента нястомныя даследнікі нават расліны прывезлі на Салярыс. Затое муляжы — напрыклад, чалавека, сабакі або дрэва, — зробленыя з любога матэрыялу, капіруюцца адразу ж.

І тут, на жаль, трэба зазначыць, што такое выключнае на Салярыс «паслушэнства» мімоіда эксперыментатарам назіраецца не заўсёды. У сама свядомага мімоіда надараюцца «лянівыя дні», калі ён толькі вельмі марудна пульсуе. Кожная фаза «пульсу» доўжыцца больш за дзве гадзіны, таму пульсацыя адбываецца непрыкметна. Выявіць яе ўдалося толькі з дапамогай спецыяльных кіназдымкаў.

У гэты час мімоід, асабліва стары, вельмі прыдатны для шпацыру: надзейнай апорай служаць і дыск, які плавае ў Акіяне, і нарасты, якія ўзвышаюцца над ім.

Вядома, можна знаходзіцца на мімоідзе і ў яго «працоўныя» дні, але тады бачнасць амаль роўная нулю, бо з пухірыстых адгалінаванняў абалонкі, якая капіруе форму, увесь час сыплецца пушыстая, белаватая, як дробны снег, калоідная завісь. Зрэшты, зблізку імітаваныя формы немажліва ахапіць позіркам: сваімі памерамі яны нагадваюць зямныя горы. Да таго ж ніжняя частка мімоіда, які «працуе», ад слізістага дажджу становіцца ліпкай і толькі праз некалькі гадзін слізь застывае і ўяўляе цвёрдую скарынку, якая ў шмат разоў лягчэйшая за пемзу. Але без адпаведнага рыштунку можна і заблудзіцца ў лабірынце пузатых адгалінаванняў, якія нагадваюць ці то калоны, што расцягваюцца і сціскаюцца, ці то напалову вадкія гейзеры. Заблудзіцца можна нават пры сонечным святле, яго промні не могуць прабіць заслону, якую няспынна выкідваюць у атмасферу «выбухі-імітатары».

Назіранні за мімоідам у шчаслівыя для яго дні (а калі казаць больш дакладна, то ў дні, шчаслівыя для даследніка, які знаходзіцца над мімоідам) могуць пакінуць незабыўныя ўражанні. У мімоіда бывае свой «творчы ўздым», калі ён выпускае неверагодную колькасць звышпрадукцыі. Ён то капіруе знешнія формы, то робіць іх больш складанымі або стварае іх «фармальны працяг» — такім чынам ён можа забаўляцца цэлымі гадзінамі на радасць мастаку-абстракцыяністу і на адчай вучонаму, які дарэмна спрабуе зразумець хоць што-небудзь. Часам у дзейнасці мімоіда выяўляюцца рысы амаль што дзіцячага прымітывізму, часам ён паддаецца «стылю барока», тады на ўсім, што ён вытварае, ляжыць адбітак няўклюднай велічы. Старыя мімоіды часта фабрыкуюць неверагодна смешныя формы. Праўда, я ніколі не смяяўся з іх — таямнічае відовішча занадта моцна здзіўляла мяне.

Зразумела, што ў першыя гады вывучэння ўсе так і накінуліся на мімоіды. Іх палічылі цэнтрамі салярыснага Акіяна, бо думалі, што менавіта тут адбудзецца доўгачаканы кантакт дзвюх цывілізацый. Аднак вельмі хутка высветлілася, што пра кантакт не можа быць і гаворкі, бо ўсё пачынаецца і заканчваецца імітаваннем формы.

Антрапамарфізм (або зоамарфізм) зноўку пранізваў адчайныя пошукі даследнікаў, яны бачылі ў розных змяненнях жывога Акіяна то «органы адчування», то нават «канечнасць»; нейкі час вучоныя (напрыклад, Мартанс і Эканаі) лічылі «канечнасцю» і «хрыбетнікі», і «мігценнікі» Гізэ. Але гэтыя пратуберанцы жывога Акіяна, якія часам уздымаліся ў атмасферу на дзве мілі, можна назваць «канечнасцямі», роўна як землятрус — «гімнастыкай» зямной кары.

Каталог формаў, якія паўтараюцца адносна пастаянна і нараджаюцца жывым Акіянам параўнальна часта, налічвае каля трохсот адзінак. За суткі можна выявіць іх на паверхні некалькі дзесяткаў альбо сотняў. Сама «нечалавечыя» формы, гэта значыць абсалютна не падобныя ні на што зямное, як даказвае школа Гізэ, — гэта сіметрыяды. Было ўжо добра вядома, што Акіян не агрэсіўны і ў плазматычных глыбінях можа загінуць толькі вельмі неасцярожны або бесклапотны чалавек (вядома, калі не лічыць няшчасных выпадкаў, што выкліканы пашкоджаннем кіслароднага апарата альбо кандыцыянера). Нават цыліндрычныя рэкі «даўгуноў» або пачварныя слупы «хрыбетнікаў», якія па-вар'яцку хісталіся паміж хмарамі, можна прабіць наскрозь любым апаратам для палёту, і гэта не прынясе ніякай шкоды — плазма дасць дарогу, расступаючыся перад іншародным целам, імкліва, з хуткасцю гука ў салярыснай атмасферы; яна ж адчыніць, калі яе прымусіць, глыбокія тунелі нават у тоўшчы Акіяна. З гэтай мэтай імгненна траціцца велізарная энергія — Скрабін падлічыў, што яна раўняецца 1019 эргаў!!! І ўсё адно, калі пачыналі даследаваць сіметрыяды, вучоныя захоўвалі надзвычайную бяспеку, штораз адступаючы, выдумляючы ўсё новыя меры перасцярогі (часам толькі ўяўныя), а прозвішчы тых, хто першы выправіўся ў бездань сіметрыяд, ведаюць на Зямлі нават дзеці.

Хоць ад гэтых веліканаў могуць сніцца жудасныя сны, сама страшнае ў сіметрыядах зусім не іх выгляд. Страх выклікае хутчэй тое, што ў межах сіметрыяд няма нічога пастаяннага і пэўнага, там не дзейнічаюць нават фізічныя законы. Менавіта даследнікі сіметрыяд настойліва даказвалі, што жывы Акіян мае розум.

Сіметрыяды з'явіліся раптоўна. Іх нараджае нешта накшталт вывяржэння. Прыкладна за гадзіну да нараджэння сіметрыяды на плошчы ў некалькі дзесяткаў квадратных кіламетраў Акіян пачынае асляпляльна блішчаць, нібыта становіцца шкляным. Але ні плаўнасць, ні рытм хвалеўтварэння не змяняюцца. Часам сіметрыяды ўзнікаюць там, дзе была лейка пасля «мігценніка», які пайшоў углыбіню. Прыкладна праз гадзіну шклопадобная абалонка ўзлятае ўгору, як пачварны пухір, у якім адлюстроўваюцца небасхіл, сонца, хмары, гарызонт. Пухір ззяе ўсімі колерамі вясёлкі, гульня колераў нагадвае бляск маланак. Гэтая з'ява непаўторная!

Сама ўражлівыя эфекты святла даюць сіметрыяды, якія ўзнікаюць пад час блакітнага дня або перад самым заходам сонца. Тады здаецца, што з нетраў адной планеты нараджаецца другая, якая з кожным імгненнем падвойвае свой аб'ём. Шар, які палае асляпляльным бляскам, лопаецца адразу ж, як толькі падымецца з глыбіні, падзяляючыся ў верхняй частцы на вертыкальныя сектары, але не распадаецца. Гэтая стадыя, не зусім удала названая «фазай кветкавай чашачкі», доўжыцца некалькі секунд. Скіраваныя ў неба перапончатыя дугі круцяцца, зрастаюцца ў нябачным чэраве і імгненна ўтвараюць нешта накшталт магутнага тулава, унутры якога адбываюцца сотні з'яў адначасова. У самым цэнтры (яго ўпершыню даследавала экспедыцыя Гамалеі ў складзе сямідзесяці чалавек) з вялізных полікрышталёў складваецца галоўны стрыжань. Часам яго называюць «хрыбетнікам» (гэты тэрмін мне здаецца ўдалым). Неверагодныя спляценні цэнтральнай апоры падтрымліваюцца ў момант утварэння вертыкальнымі слупамі вадкага, амаль цалкам вадзяністага рэчыва, якія выбухаюць з кіламетровых правалаў. У гэты ж час калос нараджае глухі працяглы гук, а навокал уздымаецца вал снежнай, з буйнымі сотамі пены, якая шалёна пульсуе. Пасля пачынаецца надзвычай складанае кручэнне (ад цэнтра да знешніх межаў) патоўшчаных плоскасцей, на іх наслойваюцца палосы цягучай масы, якая падымаецца з глыбіні, адначасова гейзеры, пра якія я толькі што казаў, застываюць, гусцеюць і ператвараюцца ў рухомыя, падобныя на шчупальцы, калоны, скопішчы якіх скіраваны ў канкрэтных напрамках, падпарадкоўваючыся дынаміцы ўсяго збудавання, і зараз нагадваюць узнятыя ў неба жабры вялізнага зародыша, які расце з неверагоднай хуткасцю; у «жабрах» пульсуе ружовая кроў і цёмна-зялёная, амаль чорная вада. З гэтага моманту сіметрыяды пачынаюць выяўляць сваю сама незвычайную ўласцівасць — здольнасць пераўтвараць або нават прыпыняць дзеянне некаторых фізічных законаў. Перш за ўсё зазначым, што дзвюх аднолькавых сіметрыяд не бывае, геаметрыя кожнай з іх — гэта новае «вынаходства» жывога Акіяна. Далей — сіметрыяда выпрацоўвае ўнутры сябе тое, што часта называецца «машынамі імгненнага дзеяння», хоць гэтыя ўтварэнні зусім не падобныя на нашы машыны — маецца на ўвазе даволі вузкая і тым самым быццам «механічная» скіраванасць дзеяння.

Калі гейзеры, якія рвуцца з бездані, застынуць альбо ўспучацца і стануць тоўстымі сценамі галерэй і калідораў, што разыходзяцца ва ўсе бакі, а «плёнкі» ўтвораць сістэмы плоскасцей, якія перасякаюцца, павецяў, скляпенняў, сіметрыяда пачынае апраўдваць сваю назву: кожнаму мудрагелістаму перапляценню пралётаў, хадоў і схілаў ля аднаго полюса адпавядае дакладна такое ж перапляценне ля супрацьлеглага.

Праз дваццаць — трыццаць хвілін гігант пачынае паволі пагружацца, часам адхіляючыся ад вертыкальнай восі на восем — дванаццаць градусаў. Сіметрыяды бываюць вялікія і малыя, але нават «карлікі» ўзвышаюцца над узроўнем Акіяна метраў на восемсот і відаць за добры дзесятак міль. Больш за ўсё бяспечна залазіць унутр сіметрыяды адразу ж, як толькі спыніцца яе пагружэнне і запануе раўнавага, а вось сіметрыяды зноў супадзе з вертыкаллю. Сама зручны ўчастак — крыху ніжэй за вяршыню. Даволі гладкую палярную «шапку» абвівае пояс, які зрэзаны вусцямі ўнутраных камер і праходаў. Наогул жа сіметрыяда ўяўляе ўвасабленне ў прасторы нейкага надзвычай складанага ўраўнення.

Як вядома, кожнае ўраўненне можна выразіць геаметрычнай мовай, збудаваўшы адпаведна гэтаму ўраўненню фігуру ў прасторы. У гэткім разуменні сіметрыяда нагадвае плоскасць Лабачэўскага і адмоўную Рыманавую крывізну. Але гэтае падабенства надта далёкае, бо складанасць сіметрыяды неверагодная. Сіметрыяда ўяўляе ўвасабленне цэлай матэматычнай сістэмы, якое займае некалькі кубічных міль, да таго ж увасабленне чатырохмернае; у сіметрыядах сам час не застаецца нязменным.

Сама простае, вядома, дапусціць, што перад намі «матэматычная машына» жывога Акіяна, мадэль разлікаў, неабходных яму для нейкіх невядомых нам мэт, але гэтую гіпотэзу Фермонта сёння ўжо ніхто не падтрымлівае. Яна надта спакуслівая, але ўяўленне, што з дапамогай такіх велізарных вывяржэнняў, дзе кожная часцінка падпарадкавана значна больш складаным формулам матэматычнага аналізу, жывы Акіян цікавіцца пытаннямі матэрыі, быцця, космасу, праіснавала не вельмі доўга. Вельмі шмат з'яў, што адбываюцца ў сіметрыядзе, супярэчаць гэткай простай (і нават па-дзіцячы наіўнай, як гавораць некаторыя) інтэрпрэтацыі.

Былі спробы знайсці якую-небудзь зразумелую наглядную аналогію; даволі папулярнае тлумачэнне Аверыяна, які прапанаваў такое параўнанне: уявім сабе старажытнае зямное збудаванне эпохі росквіту Вавілона, якое ўзведзена з жывога рэчыва, што мае здольнасць узбуджацца і развівацца; архітэктоніка яго пачаргова праходзіць шэраг фаз, проста на вачах прымаючы формы грэцкай і раманскай архітэктуры, затым калоны становяцца тонкімі, як травінка, скляпенне — бязважкім, яно імкнецца ўгору, аркі ператвараюцца ў крутыя парабалы, затым завастраюцца, як у готыцы. Готыка дасягае дасканаласці, затым старэе, яе строгасць змяняецца оргіяй пышных формаў, на нашых вачах квітнее мудрагелістае барока. Паступова, пераходзячы разам з нашым жывым збудаваннем ад аднаго стылю да другога, мы прыйдзем да архітэктуры касмічнай эпохі. Уявіўшы ўсё гэта, мы хоць крыху наблізімся да разумення таго, што такое сіметрыяда.

Але такое параўнанне, хоць яго ўдасканальвалі і развівалі, нават спрабавалі праілюстраваць спецыяльнымі мадэлямі і фільмамі, у лепшым выпадку — доказ нашай бездапаможнасці, у горшым — спроба ўхіліцца ад праблемы, а мо проста падман, бо сіметрыяда не падобная ні на што зямное...

Чалавек можа ўспрымаць адразу не вельмі шмат; мы бачым толькі тое, што адбываецца перад намі, тут, цяпер; але мы не здольныя ўявіць сабе мноства адначасовых працэсаў, няхай нават узаемазвязаных, нават тых, што дапаўняюць адзін аднаго. Гэта датычыць нават параўнальна простых з'яў. Гісторыя аднаго чалавека можа мець вельмі вялікае значэнне, гісторыю некалькіх сотняў цяжка прасачыць, а гісторыя тысячы або мільёна не азначае па сутнасці нічога. Сіметрыяда — мільён, не, нават мільярд, узведзены ў ступень бясконцасці, сіметрыяда — сама неймавернасць. Мы стаім у адным з яе завулкаў — удзесяцяронай прасторы Кронекера, — быццам мурашы, якія замерлі на жывым скляпенні, перад намі — плоскасці, што імкнуцца ўгору і цьмяна мільгаюць у святле нашых асвятляльных ракет, мы назіраем іхняе ўзаемапранікненне, плаўнасць і бездакорную дасканаласць, і ўсё гэта — толькі момант, бо галоўнае тут — рух, засяроджаны і мэтанакіраваны. Мы бачым толькі асобнае трымценне адной струны ў сімфанічным аркестры звышгігантаў і ведаем — але толькі ведаем, а не разумеем, — што адначасова над намі і пад намі, у спічастых нетрах, за межамі зроку і ўяўлення адбываюцца тысячы і мільёны пераўтварэнняў, звязаных між сабой, як ноты, матэматычным кантрапунктам. Нехта назваў сіметрыяду геаметрычнай сімфоніяй, але ў такім разе нас варта назваць яе глухімі слухачамі.

Каб хоць што-небудзь тут убачыць, трэба было б адысціся, адступіцца на неверагодную далеч, але ж у сіметрыядзе ўсё — нутро, размнажэнне, лавіны нараджэнняў, няспыннае фармаванне, дарэчы, тое, што фармуецца і само фармуе. Ніякая мімоза так чуйна не адгукнецца на дотык, як адгукаецца аддаленая ад нас на шмат міль і на сотні ярусаў частка сіметрыяды на змяненні, што адбываюцца ў тым месцы, дзе мы стаім. Кожная канструкцыя, якая існуе толькі адно імгненне, сама мадэлюе ўсе іншыя і дырыжыруе імі, а яны ў сваю чаргу ўздзейнічаюць на яе. Так, гэта сімфонія, але такая, якая сама сябе стварае і сама сябе заглушае.

Фінал сіметрыяды страшны. Калі назіраеш за ім, здаецца, што з'яўляешся сведкам трагедыі, а мо нават забойства. Праз дзве-тры гадзіны — столькі доўжыцца працэс разрастання, павелічэння, самастварэння — жывы Акіян пераходзіць у атаку: гладкая паверхня моршчыцца, супакоены, пакрыты засохлай пенай прыбой закіпае; ад самага гарызонту імчыць мноства канцэнтрычных хваляў, гэткіх жа мускулістых кратэраў, як і тыя, што суправаджаюць нараджэнне мімоіда, але на гэты раз яны неверагодна большыя. Падводная частка сіметрыяды выцясняецца, калос паволі ўздымаецца ўгору, нібыта выціскаецца за межы планеты, верхнія слаі Акіяна актывізуюцца, залазяць усё вышэй на бакавыя сцены, застываюць на іх, замуроўваюць адтуліны, але гэта не ідзе ні ў якое параўнанне з тым, што адбываецца ў глыбіні сіметрыяды. Спачатку формаўтваральныя працэсы — самастварэнне і самапераўтварэнне архітэктонікі — на кароткі час замаруджваюцца, а пасля шалёна паскараюцца. Рухі, якія да гэтага былі плаўныя, мерныя, такія ўпэўненыя, нібыта яны мусілі доўжыцца стагоддзямі, набываюць стрымгаловую хуткасць. Узнікае прыгнечанасць ад таго, што быццам бы перад пагрозай небяспекі калос імкнецца нешта паспець. Але чым хутчэй адбываюцца змены, тым больш відавочным становіцца страшнае, агіднае перараджэнне самога матэрыялу і яго дынамікі. Спічастыя скрыжаванні дзіўна гнуткіх плоскасцей правісаюць, становяцца мяккімі, вялымі; з'яўляюцца няскончаныя, пачварныя, скалечаныя формы; з нябачнай глыбіні чуваць штораз мацнейшы шум, гул, у перадсмяротных пакутах паветра нараджае ў велізарных горлах, пралётах і скляпеннях, пакрытых сліззю, неверагодны стогн і храпенне; адчуваецца, як усё навокал памірае, і гэта насуперак імкліваму руху. Гэты рух — знішчальны. І вось ужо толькі віхор, які скавыча ў бяздонных калодзежах, падтрымлівае, раздзьмухвае велізарнае збудаванне; яно пачынае спаўзаць, раставаць, нібыта ахопленыя полымем соты; дзе-нідзе яшчэ бачны апошнія сутаргі, бездапаможнае трымценне; затым велікан, які няспынна атакуецца звонку і падмываецца хвалямі, паволі куляецца і знікае ў гэткім жа віры з пены, у якім ён нарадзіўся.

І што ўсё гэта азначае? Так, што гэта азначае?..

Памятаю, як адна школьная экскурсія наведала Інстытут салярыстыкі ў Адэне. Я быў тады асістэнтам Гібарыяна. Праз бакавую залу бібліятэкі школьнікаў правялі ў галоўнае памяшканне, якое ў асноўным з'яўлялася сховішчам мікрафільмаў. На плёнках былі зняты нязначныя фрагменты нутра сіметрыяд, якія, вядома, ужо даўно не існавалі. Усяго ж там — не асобных кадраў, а цэлых шпуляў з плёнкай — больш за дзевяноста тысяч. І вось тады таўсматая дзяўчынка гадоў пятнаццаці, рашуча і запытальна пазіраючы праз акуляры, спыталася:

— А навошта ўсё гэта?..

У няёмкім маўчанні, якое наступіла адразу ж, настаўніца сурова зірнула на свавольную вучаніцу, а мы, салярысты-экскурсаводы (я таксама быў там), не маглі адказаць. Сіметрыяды ж непаўторныя, і, як правіла, не паўтараюцца працэсы, што ў іх адбываюцца. Часам паветра перастае праводзіць у іх гук, часам павялічваецца або змяншаецца каэфіцыент праламлення. У асобных месцах рытмічна пульсуе прыцягненне, нібыта ў сіметрыяды пачынае біцца гравітацыйнае сэрца. Часам нашыя гіракомпасы проста вар'яцеюць; дзе-нідзе з'яўляецца і знікае павышаная іанізацыя. Гэта можна доўжыць бясконца. Зрэшты, нават калі загадка сіметрыяд будзе адгадана, застануцца яшчэ асіметрыяды...

Яны ўзнікаюць такім жа чынам, але фінал у іх — іншы. У іх нельга нічога адрозніць: у іх усё трасецца, палае, мільгае. Мы ведаем толькі адно: асіметрыяды — гэта ачагі працэсаў, хуткасць якіх мяжуе з фізічна магчымымі велічынямі; часам асіметрыяды называюць «велізарнымі квантавымі з'явамі». Матэматычнае падабенства асіметрыяд з мадэлямі пэўных атамаў такое часовае і мімалётнае, што некаторыя лічаць яго другараднай або нават выпадковай прыкметай. Асіметрыяды жывуць значна менш, чым сіметрыяды, — не больш за дваццаць хвілін, а іхняя пагібель яшчэ больш страшная: адразу за віхурай, якая з аглушальнымі грымотамі запаўняе і ўзрывае іх, на месцы асіметрыяд з неверагоднай хуткасцю ўздымаецца бурлівая гідкая вадкасць. Яна разліваецца пад бруднай пенай і залівае ўсё, а пасля адбываецца выбух, які нагадвае вывяржэнне вулкана гразі: ён выкідвае слуп пашкуматаных рэшткаў, якія доўга яшчэ падаюць на неспакойную паверхню Акіяна. Вецер ганяе гэтыя шматкі, высахлыя, жаўтлявыя, пляскатыя, яны нагадваюць закасцянелыя перапонкі або празрыстыя храсткі. Пазней іх можна знайсці на хвалях за дзесяткі кіламетраў ад месца выбуху.

Асобную групу складаюць утварэнні, якія цалкам аддзяляюцца ад жывога Акіяна на больш-менш працяглы час. Яны сустракаюцца значна радзей, і іх значна цяжэй заўважыць. Калі ўпершыню былі знойдзены іх рэшткі, вучоныя палічылі, як стала вядома пазней, цалкам памылкова, што гэта рэшткі насельнікаў акіянскіх глыбінь. Часам здаецца: утварэнні спрабуюць уратавацца ўцёкамі ад пагоні «мігценнікаў», нібы дзіўныя шматкрылыя птушкі. Але гэтае зямное параўнанне нічога не вытлумачвае. Часам — вельмі рэдка — на скалістых берагах астравоў можна заўважыць дзіўныя сілуэты, якія нагадваюць альбо цюленяў, альбо пінгвінаў. Яны статкам грэюцца на сонцы або ляніва спаўзаюць у мора, каб зліцца з ім у адно цэлае.

Даследнікі ўсё ніяк не маглі вырвацца з зачараванага кола зямных, чалавечых паняццяў, а першы кантакт...

Экспедыцыі пераадолелі сотні кіламетраў у глыбіні сіметрыяд, расставілі сотні прыбораў-рэгістратараў, аўтаматычныя кінакамеры; тэлеперадатчыкі штучных спадарожнікаў фіксавалі з'яўленне мімоідаў і «даўгуноў», іх выспяванне і адміранне. Папаўняліся бібліятэкі, раслі архівы. За гэта неаднойчы даводзілася вельмі дорага плаціць. Семсот васемнаццаць чалавек загінулі ў катаклізмах, бо не паспелі выбрацца з прыгавораных да гібелі гігантаў, сто шэсць з іх — толькі ў адной катастрофе, — у ёй загінуў і сам Гізэ, якому было ўжо семдзесят гадоў. Пагібель, звычайна ўласцівая асіметрыядам, здарылася з утварэннем, якое ўяўляла надзвычай выразную сіметрыяду. Велізарны фантан гразі за лічаныя секунды знішчыў семдзесят дзевяць чалавек у браніраваных скафандрах, машыны і прыборы, ён збіў сваімі струменямі і дваццаць сем пілотаў, якія знаходзіліся ў лятаючых апаратах над месцам вывучэння. Гэтае месца — на скрыжаванні сорак другой паралелі з восемдзесят дзевятым мерыдыянам — адзначана на мапах як «Вывяржэнне ста шасці». Але толькі на мапах — на паверхні Акіяна не засталося ніякага следу.

Тады ўпершыню за ўсю гісторыю салярыстыкі прагучалі галасы, якія патрабавалі нанесці тэрмаядзерны ўдар. Па сутнасці, гэта больш жорстка, чым любая помста: хацелі знішчыць тое, што не маглі зразумець. Цанкен, намеснік начальніка рэзервовай групы Гізэ (у выніку памылкі аўтамата-перадатчыка, які недакладна вызначыў каардынаты месца даследавання, Цанкен застаўся жывы, бо заблудзіўся над Акіянам і з'явіўся на месца літаральна праз некалькі хвілін пасля выбуху, — калі падлятаў, ён яшчэ ўбачыў чорны грыб), калі абмяркоўвалася пытанне, прыстрашыў, што ўзарве Станцыю разам з сабой і іншымі васемнаццаццю асобамі, якія заставаліся там. Хоць у афіцыйных крыніцах нічога не гаворыцца, што гэты ўльтыматум меў уплыў на вынікі галасавання, аднак, верагодна, было менавіта так.

Але часіны такіх буйных экспедыцый на планету даўно мінуліся. Саму Станцыю стваралі, назіраючы за яе будаўніцтвам са спадарожнікаў. Зямля магла б ганарыцца маштабамі інжынернага збудавання, калі б Акіян за некалькі секунд не нараджаў канструкцыі, якія па велічыні перабольшвалі Станцыю ў мільёны разоў. Станцыя ўяўляе дыск дыяметрам дзвесце метраў, чатырох'ярусны ў цэнтры і двух'ярусны па краях. Яна вісіць на вышыні ад пяцісот да тысячы пяцісот метраў над Акіянам дзякуючы гравітатарам, якія працуюць на энергіі анігіляцыі, і забяспечана, акрамя абсталявання, якое звычайна бывае на Станцыях і вялікіх Сатэлоідах, спецыяльнымі радарнымі ўстаноўкамі, што пры першых жа змяненнях акіянскай паверхні могуць уключыць дадатковыя магутнасці, і, як толькі з'яўляюцца вешчуны нараджэння новага жываўтварэння, стальны дыск накіроўваецца ў стратасферу.

Цяпер Станцыя амаль што бязлюдная. З той пары, як робаты па невядомай мне прычыне апынуліся пад замком у ніжніх трумах, можна было доўга хадзіць па пустых калідорах, як на дрэйфуючым караблі, абсталяванне якога перажыло яго экіпаж.

Калі я паставіў дзевяты том манаграфіі Гізэ на паліцу, мне здалося, што сталь, пакрытая тоўстым слоем порыстага пенапласту, затрымцела пад нагамі. Я насцярожыўся, але вібрацыя не паўтарылася. Бібліятэка была добра ізалявана ад усяго корпуса, і вібрацыя магла ўзнікнуць толькі з аднае прычыны — са Станцыі стартавала ракета. Гэтая думка працверазіла мяне. Я яшчэ не ведаў, ці палячу, як хацеў гэтага Сарторыус. Калі б я паводзіў сябе так, быццам падзяляю яго планы цалкам, мог бы ў лепшым выпадку адтэрмінаваць сутыкненне; я быў амаль перакананы, што справа дойдзе да сутычкі, бо вырашыў зрабіць усё, на што я здатны, каб уратаваць Хэры. Сама галоўнае, ці мае Сарторыус шанцы на поспех. У яго была вялікая перавага — як фізік ён ведаў гэтую праблему значна лепш, чым я; я мог разлічваць, як гэта ні дзіўна, толькі на бездакорнасць рашэнняў, якія дарыў нам Акіян.

Пасля я цэлую гадзіну прасядзеў над мікрафільмамі, спрабуючы вылавіць нешта разумнае з мора праклятай матэматыкі, на мове якой гаварыла фізіка нейтрынных працэсаў. Напачатку мне здавалася гэта марнай справай, тым больш што неверагодна цяжкіх тэорый нейтрыннага поля было пяць — яскравы доказ іх недасканаласці. У рэшце рэшт мне ўдалося знайсці што-кольвечы пэўнае. Я выпісваў формулы, калі ў дзверы пастукалі.

Я хуценька падышоў да дзвярэй і адчыніў іх, загароджваючы сваім целам уваход. З'явіўся бліскучы ад поту твар Снаўта. Больш нікога ў калідоры не было.

— А, гэта ты, — сказаў я і шырока адчыніў дзверы. — Заходзь.

— Ага, гэта я, — адказаў Снаўт.

Голас у яго быў хрыплы, вочы пачырванелі, пад імі з'явіліся мяшкі. Снаўт быў у бліскучым гумавым антырадыяцыйным фартуху на эластычных шлейках; з-пад фартуха былі відаць брудныя калошы штаноў, у якіх ён заўсёды хадзіў. Яго позірк прабег па круглай, залітай святлом зале і спыніўся, калі заўважыў Хэры, якая стаяла ля крэсла. Мы імгненна абмяняліся позіркамі; я апусціў павекі; тады Снаўт адбіў паклон, а я прыязным голасам прамовіў:

— Гэта доктар Снаўт, Хэры. Снаўт, гэта... мая жонка.

— Я... сябра экіпажа... мяне цяжка сустрэць, і таму... — паўза небяспечна зацягвалася, — я не меў мажлівасці пазнаёміцца...

Хэры ўсміхнулася і працягнула яму руку, ён паціснуў яе, як мне падалося, крыху зніякавелы, паміргаў і ўперыўся позіркам у Хэры. Я паклаў руку яму на плячо.

— Выбачайце, — сказаў Снаўт, звяртаючыся да Хэры. — Я хацеў бы пагаварыць з табой, Кельвін...

— Калі ласка, — адказаў я са свецкай нязмушанасцю; усё гэта нагадвала мне фарс, але нічога не зробіш. — Хэры, дарагая, мы табе не будзем замінаць? Нам з доктарам трэба абмеркаваць нашы сумныя справы.

Я за локаць падвёў Снаўта да маленькіх крэслаў на супрацьлеглым баку залы. Хэры ўселася ў крэсла, на якім толькі што сядзеў я, яна падсунула яго так, што калі адкрывала галаву ад кнігі, то магла бачыць нас.

— Як справы? — ціха спытаўся я.

— Я развёўся, — адказаў ён шэптам з прысвістам.

Калі б мне некалі расказалі гэтую гісторыю, перадалі такі пачатак гаворкі, я рассмяяўся б, але на Станцыі маё адчуванне гумару атрафіравалася.

— Кельвін, з учарашняга дня я пражыў некалькі гадоў. Ды якіх гадоў! А ты?

— Я... нічога... — прамовіў я праз хвіліну, не ведаючы, што казаць далей.

Я добра адносіўся да Снаўта, але адчуваў, што зараз мне трэба асцерагацца яго, дакладней, таго, што ён збіраецца мне паведаміць.

— Нічога? — перапытаў Снаўт такім самым тонам, як і я. — Ага, нават так?..

— Што ты маеш на ўвазе?

Я зрабіў выгляд, што не разумею яго. Снаўт прымружыў пачырванелыя вочы і нахіліўся да мяне так блізка, што я адчуў яго дыханне. Ён зашаптаў:

— Мы загразлі, Кельвін. З Сарторыусам ужо нельга звязацца, я ведаю толькі тое, што напісаў табе і што ён сказаў мне пасля нашай цудоўнай канферэнцыі...

— Ён выключыў відэафон? — спытаўся я.

— Не, у яго кароткае замыканне. Здаецца, ён зрабіў яго знарок, альбо... — Снаўт махнуў кулаком, нібыта нешта разбіваў.

Я моўчкі пазіраў на яго. Левы куточак яго вуснаў скрывіўся ў непрыемнай усмешцы.

— Кельвін, я прыйшоў таму... — Ён не дагаварыў. — Што ты хочаш рабіць?

— Ты маеш на ўвазе тое пісьмо? — паволі прамовіў я. — Зраблю, не маю падстаў адмаўляцца, таму я і сяджу тут, хачу разабрацца...

— Не, — перапыніў ён, — я не пра тое...

— А пра што? — спытаўся я з наўмысным здзіўленнем. — Я слухаю.

— Сарторыус, — прамармытаў ён, — яму здаецца, што ён знайшоў шлях... ведаеш...

Снаўт не спускаў з мяне вачэй. Я сядзеў спакойна, спрабуючы захаваць абыякавы выраз твару.

— Перш за ўсё тая гісторыя з рэнтгенам. Тое, што рабіў з ім Гібарыян, памятаеш? Магчыма пэўная мадыфікацыя...

— Якая?

— У Акіян пасылалі проста пучок прамянёў і мадулявалі толькі іх магутнасць згодна з пэўнымі формуламі.

— Так, я ведаю пра гэта. Нілін ужо рабіў так. І многія іншыя.

— Так, але яны скарыстоўвалі мяккае выпраменьванне. А тут было жорсткае, мы калашмацілі Акіян як маглі, усёй магутнасцю.

— Могуць быць непрыемнасці, — зазначыў я. — Парушэнне Канвенцыі Чатырох і ААН.

— Кельвін... Не прытварайся. Якое гэта мае значэнне цяпер? Гібарыян жа мёртвы.

— Ага, Сарторыус хоча ўсё зваліць на яго?

— Не ведаю. Я з ім пра гэта не гаварыў. Гэта не мае значэння. Сарторыус мяркуе, раз «госці» з'яўляюцца тады, калі мы прачынаемся, значыць, Акіян выведвае ў нас рэцэпт вытворчасці пад час сну. Акіян лічыць, што сама важны наш стан — сон, і таму паступае іменна так. Сарторыус хоча даслаць яму нашыя думкі, думкі наяве — разумееш?

— Якім чынам? Па пошце?

— Жарты ты дашлеш асобна, сам. Гэты пучок прамянёў будзе мадулявацца біятокамі мозга аднаго з нас.

Нарэшце я сёе-тое зразумеў.

— Ага, — сказаў я, — адзін з нас — гэта я! Так?

— Так. Ён думаў пра цябе.

— Шчыра дзякую.

— Што ты пра гэта скажаш?

Я нічога не адказаў. Снаўт моўчкі паглядзеў спачатку на захопленую чытаннем Хэры, затым на мяне. Я адчуваў, як кроў адхлынае ад майго твару, але не мог з сабой саўладаць.

— Ну як?.. — спытаўся Снаўт.

Я паціснуў плячыма.

— Гэтыя рэнтгенаўскія байкі пра дасканаласць чалавека я лічу глупствам. І ты таксама. Хіба не так?

— Так.

— Вельмі добра, — прамовіў Снаўт і ўсміхнуўся, быццам я апраўдаў яго спадзяванні. — Значыць, ты супраць задумы Сарторыуса?

Я яшчэ не ўсвядоміў, якім чынам, але ён дамогся свайго — я прачытаў гэта ў яго позірку. Што я мог яшчэ сказаць?

— Цудоўна, — прамовіў Снаўт. — Ёсць і іншы праект. Перарабіць апарат Роша.

— Анігілятар?..

— Ага. Папярэднія разлікі ў Сарторыуса ўжо ёсць. Гэта рэальна. І нават не спатрэбіцца вялікая магутнасць. Устаноўка можа працаваць цэлыя суткі, без абмежавання часу, ствараючы антыполе.

— Па... пачакай! Як гэта, на твой погляд, адбудзецца?

— Вельмі проста. Гэта будзе нейтрыннае антыполе. Звычайная матэрыя застаецца без змяненняў. Знішчаюцца толькі... нейтрынныя сістэмы. Разумееш?

Снаўт задаволена ўсміхаўся. Я сядзеў як аглушаны. Ён перастаў усміхацца, дапытліва паглядзеў на мяне, зморшчыў лоб і чакаў.

— Першы праект — «Думка» — адкідваем. А другі? Сарторыус ужо займаецца ім. Назавём праект «Свабода».

На імгненне я заплюшчыў вочы. Нечакана прыйшло рашэнне. Снаўт — не фізік. Сарторыус выключыў або разбіў відэафон. Цудоўна!

— Я назваў бы праект «Бойня»... — паволі прамовіў я.

— Не выдавай сябе за святога. Зараз усё будзе іначай. Ніякіх «гасцей», ніякіх утварэнняў Ф — нічога. У момант матэрыялізацыі пачынаецца распад.

— Гэта непаразуменне, — усміхнуўся я і паківаў галавой; я спадзяваўся, што мая ўсмешка выглядае натуральна. — Снаўт, гэта не пакуты сумлення, а толькі інстынкт самазахавання. Я не хачу паміраць.

— Што?..

Снаўт разгубіўся. Ён падазрона паглядаў на мяне. Я дастаў з кішэні скамечаны ліст з формуламі.

— Я таксама думаў пра гэта. Ты не верыш? Як вядома, я першы прапанаваў нейтрынную гіпотэзу. Праўда? Паглядзі. Антыполе можна ўзбудзіць. Для звычайнай матэрыі яно не ўяўляе небяспекі. Гэта праўда. Але ў момант дэстабілізацыі, калі нейтрынная сістэма распадаецца, вызваляецца лішняя энергія сувязі. Калі на кожны кілаграм масы, што знаходзіцца ў спакоі, прыпадае 108 эргаў, то на кожнае ўтварэнне Ф — ад 5x108 да 7x108 эргаў. Ты можаш уявіць, што гэта такое? Невялікі ўранавы выбух унутры Станцыі.

— Пра што ты гаворыш! Але... але Сарторыус павінен гэта ўлічваць...

— Неабавязкова, — запярэчыў я са зласлівай усмешкай. — Разумееш, Сарторыус прыхільнік школы Фрэзера і Каёлы. Згодна з іхняй тэорыяй, уся энергія сувязі ў момант распаду вызваляецца ў выглядзе светлавога выпраменьвання. Гэта была б проста вельмі яркая ўспышка, мажліва, не зусім бяспечная, але не разбуральная. Аднак існуюць іншыя гіпотэзы, іншыя тэорыі нейтрыннага поля. Згодна з Каятам, Авалавым, Сіёнам, дыяпазон выпраменьвання значна шырэйшы, а максімум прыпадае на жорсткае гама-выпраменьванне. Добра, што Сарторыус верыць сваім настаўнікам і іхнім тэорыям, але ёсць і іншыя тэорыі, Снаўт. Паслухай, што я табе скажу... — Я бачыў, што мае словы ўздзейнічаюць на яго. — Трэба браць пад увагу і Акіян. Калі ён зрабіў тое, што зрабіў, то, вядома, скарыстаў аптымальны метад. Інакш кажучы, яго дзеянні ўяўляюцца мне аргументамі на карысць іншай школы, а не на карысць Сарторыуса.

— Дай мне твае запісы, Кельвін.

Я працягнуў яму лісток. Снаўт схіліў галаву, спрабуючы прачытаць мае каракулі.

— Што гэта? — паказаў ён пальцам.

Я ўзяў у яго лісток.

— Гэта? Тэнзар трансфармацыі поля.

— Дай мне лісток...

— Навошта? — спытаў я, ведаючы, што ён адкажа.

— Я павінен паказаць яго Сарторыусу.

— Як хочаш, — абыякава адказаў я. — Магу даць. Толькі ўлічы, эксперыментальна ніхто гэтага не правяраў. Такія сістэмы яшчэ дагэтуль невядомыя. Сарторыус верыць Фрэзеру, а я разлічваў згодна з Сіёнам. Я не фізік, і Сіёна таксама не фізік. Ва ўсякім разе з пункту погляду Сарторыуса. Але гэта дыскусійнае пытанне. А я не хачу дыскусіі, у выніку якой я магу знікнуць дзеля славы Сарторыуса. Цябе можна пераканаць, яго — не. Я не буду нават імкнуцца.

— Што ты хочаш зрабіць?.. Ён працуе над гэтым, — абыякава паведаміў Снаўт.

Ён згорбіўся, увесь яго спрыт знік. Я не ведаў, ці давярае ён мне, але мне было ўсё адно.

— Тое, што робіць чалавек, калі яго хочуць забіць, — ціха адказаў я.

— Я паспрабую звязацца з ім. Мо ён думае пра нейкія меры бяспекі, — прамармытаў Снаўт. Ён зірнуў на мяне. — Паслухай, а калі ўсё-такі?.. Першы праект, га? Сарторыус згодзіцца. Безумоўна. Ва ўсякім разе... ва ўсякім разе... нейкая магчымасць.

— Ты верыш?

— Не... Але... гэта не зашкодзіць...

Мне не хацелася згаджацца надта хутка, каб не паказаць, як важна, што Снаўт становіцца на мой бок. Цяпер мы маглі разам зацягваць справу.

— Трэба падумаць, — сказаў я.

— Я пайду, — мармытнуў Снаўт і ўстаў.

Калі ён уставаў з крэсла, у яго хруснулі суставы.

— Дык ты дазволіш зняць з цябе энцэфалаграму? — спытаўся Снаўт, выціраючы пальцамі фартух, нібы спрабаваў сцерці нябачную пляму.

— Добра, — згадзіўся я.

Не звяртаючы ўвагі на Хэры (яна назірала за гэтай сцэнай моўчкі, трымаючы кнігу на каленях), Снаўт падышоў да дзвярэй. Калі яны зачыніліся, я ўстаў, разгладзіў лісток, які трымаў у руках. Не ведаю, ці прызнаў бы Сіёна мае вывады дакладнымі. Відаць, не. Я здрыгануўся. Хэры падышла да мяне ззаду і дакранулася да пляча:

— Крыс!

— Што, каханая?

— Хто гэта быў?

— Я табе казаў. Доктар Снаўт.

— Што ён за чалавек?

— Я мала яго ведаю. Чаму ты пытаешся?

— Ён так пазіраў на мяне...

— Відаць, ты яму спадабалася.

— Не, — пакруціла яна галавой. — Ён пазіраў на мяне інакш. Так... нібыта...

Яна здрыганулася, падняла на мяне вочы і адразу ж іх апусціла.

— Пайшлі адсюль куды-небудзь...

 

ВАДКІ КІСЛАРОД

 

Я ляжаў у цёмным пакоі здранцвелы, уперыўшы позірк у светлы цыферблат на руцэ. Колькі гэта працягвалася, не ведаю. Я прыслухоўваўся да свайго дыхання і нечаму здзіўляўся. Стан дзіўнай абыякавасці я звязваў з вялікай стомленасцю. Павярнуўся на бок, ложак быў незвычайна шырокі, мне чагосьці не хапала. Я затаіў дыханне. Наступіла поўная цішыня. Я сцішыўся. Ніякага руху. Хэры? Чаму я не чую яе дыхання? Я правёў рукамі па пасцелі. Хэры не было.

«Хэры», — хацеў я паклікаць, але пачуў крокі.

Нехта высокі і грузны ішоў, як...

— Гібарыян? — спакойна спытаўся я.

— Так, гэта я. Не запальвай святла.

— Не запальваць?

— Не трэба. Так будзе лепш нам абодвум.

— Але ж цябе няма сярод жывых?

— Гэта не мае значэння. Ты пазнаеш мой голас?

— Пазнаю. Навошта ты гэта зрабіў?

— Так трэба было. Ты спазніўся на чатыры дні. Калі б ты прыляцеў раней, магчыма, у гэтым не было б патрэбы. Не пакутуй, хай тваё сумленне будзе спакойным. Я адчуваю сябе нармальна.

— Ты сапраўды тут?

— А ты думаеш, што бачыш мяне ў сне, як думаў пра Хэры?

— Дзе яна?

— Чаму ты лічыш, што я павінен ведаць?

— Я здагадаўся.

— Не будзем гаварыць пра гэта. Дапусцім, што замест яе прыйшоў я.

— Але я хачу, каб яна таксама была тут.

— Гэта немагчыма.

— Чаму? Паслухай, ты ж ведаеш, што на самай справе гэта не ты, а я?

— Не, гэта на самай справе я. Дакладней — я, паўтораны яшчэ раз. Але навошта мы марнуем час?

— Ты пойдзеш?

— Пайду.

— І тады яна вернецца?

— Табе гэта важна? Яна для цябе вельмі многа значыць?

— Гэта мая справа.

— Ты ж баішся яе.

— Не.

— І грэбуеш...

— Што ты хочаш ад мяне?

— Шкадаваць трэба сябе, а не яе. Ёй заўсёды будзе дваццаць гадоў, не прытварайся, нібыта ты не ведаеш пра гэта!

Нечакана я супакоіўся. Я слухаў Гібарыяна без хвалявання. Мне здалося, што ён стаіць зараз бліжэй, у нагах, але я па-ранейшаму нічога не бачыў у цемры.

— Што ты хочаш? — спытаўся я ціха.

Мой тон, бадай, здзівіў яго. Ён памаўчаў.

— Сарторыус тлумачыў Снаўту, што ты падмануў яго. Зараз яны падмануць цябе. Пад выглядам мантажу рэнтгенаўскай устаноўкі яны будуюць анігілятар поля.

— Дзе яна? — спытаўся я.

— Хіба ты не чуеш, што я табе сказаў? Я папярэдзіў цябе!

— Дзе яна?

— Не ведаю. Запомні: табе спатрэбіцца зброя. Табе няма на каго спадзявацца.

— Я магу спадзявацца на Хэры, — прамовіў я.

Гібарыян ціха засмяяўся.

— Вядома, можаш. Да пэўнай мяжы. Зрэшты, ты заўсёды можаш зрабіць тое, што і я.

— Ты не Гібарыян.

— Выбачай. А хто ж? Мо твой сон?

— Не. Ты лялька. Але ты пра гэта не ведаеш.

— А ці ведаеш ты, хто ты?

Гэта мяне зацікавіла. Я хацеў устаць, але не мог. Гібарыян штосьці гаварыў. Я нічога не разумеў, чуў толькі яго голас, адчайна змагаўся са слабасцю, яшчэ раз ірвануўся з усяе сілы і... прачнуўся. Я лавіў ротам паветра, як рыба на пяску. Было вельмі цёмна. Гэта сон. Кашмар. Адну хвілінку... «дылема, якую мы не можам вырашыць. Мы прыгнятаем самі сябе. Палітэрыі скарысталі толькі падабенства выбіральнага ўзмацняльніка нашых думак. Пошукі матываў гэтай з'явы — антрапамарфізм. Дзе няма чалавека, там няма даступных для яго матываў. Каб працягваць план вывучэння, неабходна знішчыць або свае думкі, або іх матэрыяльную рэалізацыю. Першае — не паддаецца нам. Другое надта нагадвае забойства».

У цемры я прыслухоўваўся да далёкага разважлівага голасу, інтанацыю якога я адразу пазнаў. Гаварыў Гібарыян... Я выцягнуў рукі. На пасцелі нікога не было.

Мне сніцца, што я прачнуўся, падумаў я.

— Гібарыян?.. — паклікаў я.

Голас адразу ж сціх. Нешта шчоўкнула, я адчуў на твары лёгкі подых паветра.

— Ну што ж ты, Гібарыян, — прамармытаў я, пазяхаючы. — Непакоіць мяне ў адным сне, у другім — гэта ўжо занадта...

Нешта зашамацела каля мяне.

— Гібарыян! — паўтарыў я мацней.

Пружыны ложка здрыгануліся.

— Крыс... гэта я, — пачуў я блізкі шэпт.

— Гэта ты, Хэры?.. А дзе Гібарыян?

— Крыс, Крыс... яго няма... ты ж сам казаў, што яго няма.

— У сне ўсё можа быць, — прамовіў я няспешна. Цяпер я не быў упэўнены, што бачыў сон. — Ён нешта сказаў, ён быў тут, — прамовіў я.

Мне страшна хацелася спаць. Калі так хочацца спаць, значыць, сплю, прамільгнула дзіўная думка. Я дакрануўся губамі да халоднага пляча Хэры і ўлёгся ямчэй. Яна нешта адказала мне, але я ўжо засынаў.

Раніцай у залітым чырвоным святлом пакоі я ўспомніў, што адбылося ноччу. Гаворка з Гібарыянам мне прыснілася, а што было пасля? Я чуў яго голас, у гэтым я перакананы, але ўспомніць, што ён сказаў, не магу. Праўда, ён не гаварыў, а чытаў лекцыю. Лекцыю?..

Хэры мылася. Чуўся шум вады ў душавой. Я зазірнуў пад ложак, куды некалькі дзён таму закінуў магнітафон. Яго там не было.

— Хэры! — гукнуў я.

Яе твар, заліты вадой, паказаўся з-за шафы.

— Хэры, ты не бачыла пад ложкам магнітафон? Маленькі, кішэнны...

— Там ляжала шмат рэчаў. Я склала іх туды, — яна паказала на палічку з лякарствамі каля аптэчкі і знікла ў душавой.

Я ўскочыў з ложка і пашукаў там, але нічога не знайшоў.

— Ты не магла яго не заўважыць, — сказаў я, калі Хэры вярнулася ў пакой.

Яна моўчкі расчэсвалася перад люстэркам. Толькі зараз я заўважыў, якая яна бледная. Яе вочы ў люстэрку пазіралі на мяне насцярожана.

— Хэры, — упарта, як асёл, пачаў я зноў, — магнітафона на паліцы няма.

— Ты нічога больш не хочаш сказаць мне?

— Даруй, — мармытнуў я, — ты маеш рацыю, гэта глупства...

Не хапала, каб мы пасварыліся!

Мы пайшлі снедаць. Хэры рабіла ўсё не так, як звычайна, але я не мог зразумець, якая тут розніца. Яна да ўсяго прыглядалася, часам не чула, што я ёй кажу, захопленая сваімі думкамі. Я заўважыў, што вочы ў яе блішчаць.

— Што з табой? — спытаўся я шэптам. — Ты плачаш?

— Ат, не чапай мяне. Гэта несапраўдныя слёзы, — прашаптала Хэры.

Відаць, трэба было высветліць усё да канца, але я больш за ўсё на свеце баюся «шчырых размоў». Мяне турбавала зусім іншае. Хоць я і ведаў, што інтрыгі Снаўта і Сарторыуса мне толькі прысніліся, я пачаў успамінаць, ці ёсць на Станцыі хоць якая-небудзь зручная зброя. Я не думаў, навошта яна мне, — проста хацелася яе знайсці. Я сказаў Хэры, што мушу пайсці ў трум і на склады. Яна моўчкі пайшла са мной. Я капаўся ў скрынях, вынюхваў у кантэйнерах, а калі спусціўся на самы ніз, не змог адолець жадання зазірнуць у халодную камеру. Мне не хацелася, каб Хэры заходзіла туды, таму я толькі прачыніў дзверы і агледзеў усё памяшканне. Пад цёмным покрывам па-ранейшаму адрозніваліся абрысы цела нябожчыка, але з таго месца, дзе я стаяў, нельга было ўбачыць, ляжыць там чарнаскурая ці не. Мне здалося, што яе няма.

Я працягваў блукаць, так і не знайшоўшы нічога вартага ўвагі. Настрой усё больш і больш псаваўся. Нечакана я заўважыў, што побач са мной няма Хэры. Зрэшты, яна адразу ж з'явілася — затрымалася ў калідоры, але ўжо адно тое, што Хэры спрабавала аддаліцца — а ёй жа дорага каштавала пакінуць мяне хоць на хвілінку, — павінна было насцярожыць мяне. Я па-ранейшаму імітаваў пакрыўджанага, карацей, паводзіў сябе надзвычай дзіўна. Разбалелася галава, я не мог знайсці ніякіх парашкоў і, злосны, як чорт, перакапаў усю аптэчку. У аперацыйную ісці не хацелася, і наогул у мяне нічога не ладзілася. Хэры, як цень, блукала па пакоі, часам некуды знікала. Пасля поўдня, калі мы паабедалі (зрэшты, яна наогул не ела, а я жаваў без апетыту — у мяне так трашчала галава, што я нават не спрабаваў прымусіць Хэры паесці), яна раптам села побач і пачала скубці мой рукаў.

— Што? — неахвотна азваўся я.

Мне хацелася пайсці наверх, бо здавалася, што трубы перадаюць слабы водгук стуку — відаць, Сарторыус займаўся апаратурай высокага напружання. Але ад адной думкі, што давядзецца браць з сабой Хэры, знікала ўсялякае жаданне ісці. Прысутнасць Хэры ў бібліятэцы была хоць крыху зразумелая, але там, сярод машын, гэта можа даць падставы Снаўту для непажаданых заўваг.

— Крыс, — прашаптала Хэры, — а як у нас з табой?..

Я міжволі ўздыхнуў. Нельга сказаць, што гэта быў шчаслівы дзень.

— Усё цудоўна. А ў чым справа?

— Я хачу з табой пагаварыць.

— Калі ласка. Я слухаю.

— Але не так.

— А як? Я ж табе казаў, што ў мяне вельмі баліць галава, ды і клопатаў шмат...

— Каб толькі было жаданне, Крыс.

Я прымусіў сябе ўсміхнуцца. Напэўна, гэта выглядала пакутліва.

— Добра, каханая, кажы.

— А ты скажаш мне праўду?

Я падняў бровы. Такі пачатак мне не падабаўся.

— Навошта я буду цябе падманваць?

— У цябе могуць быць прычыны. Сур'ёзныя. Але калі хочаш, каб... ну, ведаеш... тады не падманвай мяне.

Я прамаўчаў.

— Зараз я нештачка табе скажу, але і ты мне скажы. Добра? Усю праўду. Нягледзячы ні на што.

Я не пазіраў у яе вочы, а яна лавіла мой позірк. Я зрабіў выгляд, што не заўважаю гэтага.

— Я ўжо сказала табе, што не ведаю, адкуль я тут з'явілася. Хіба мо ты ведаеш. Пачакай, я яшчэ не ўсё сказала. Мо і ты не ведаеш. А калі ведаеш і не можаш цяпер сказаць, то, магчыма, скажаш калі-небудзь пазней? Гэта не будзе сама страшнае. Ва ўсякім разе дасі мне шанц.

Мне стала холадна.

— Дзіцятка, што ты кажаш? Які шанц?.. — мармытаў я.

— Крыс, кім бы я ні была, але я не дзіця. Ты ж абяцаў. Скажы.

Тое «кім бы я ні была» так перахапіла мне горла, што я знямеў і мог толькі пазіраць на яе, бязглузда ківаючы галавой, нібы абараняючыся ад таго, што я меў пачуць.

— Паслухай, неабавязкова ж казаць зараз, проста скажы, што не можаш...

— Я нічога не хаваю... — адказаў я хрыплым голасам.

— Вось і добра, — прамовіла яна і ўстала.

Я хацеў што-небудзь сказаць, адчуваючы, што нельга так заканчваць размову, але словы заселі ў горле.

— Хэры...

Яна стаяла ля акна, спінай да мяне. Цёмна-сіні пусты Акіян раскінуўся пад пустым небам.

— Хэры, калі ты думаеш, што... Хэры, ты ж ведаеш, што я кахаю цябе...

— Мяне?

Я падышоў да яе. Хацеў абняць. Яна вызвалілася, адпіхнуўшы маю руку.

— Ты такі добры... — сказала яна. — Кахаеш? Мяне? Я хацела б, каб ты лепш біў мяне!

— Хэры, каханая!

— Не! Не. Лепей памаўчы.

Хэры падышла да стала і пачала збіраць талеркі. Я пазіраў у цёмна-сінюю пустэчу. Сонца заходзіла, і вялізны цень ад Станцыі паволі хістаўся на хвалях. Талерка ўпала з рук Хэры. Вада булькала ў ракавіне. Рыжы колер па краі небасхілу пераходзіў у залаціста-руды. Калі б я ведаў, што рабіць. Калі б я ведаў! Наступіла цішыня. Хэры стаяла за маёй спінай.

— Не. Не адварочвайся, — прамовіла Хэры амаль шэптам. — Ты не вінаваты, Крыс. Я ведаю. Не хвалюйся.

Я выцягнуў у яе бок руку. Хэры ўцякла ў глыбіню кабіны і, падымаючы цэлы стос талерак, прамовіла:

— Шкада. Калі б іх можна было разбіць, я растаўкла б іх, растаўкла б усе!!!

Я думаў, што яна сапраўды шпурне іх на падлогу, але Хэры, зірнуўшы на мяне, усміхнулася:

— Не бойся, я не буду рабіць глупства.

 

Я прачнуўся пасярод ночы і адразу насцярожана сеў на ложку; у пакоі было цёмна, з калідора праз прачыненыя дзверы падала слабае святло. Нешта пранізліва шыпела, гэты гук усё мацнеў, суправаджаўся глухімі ўдарамі, нібыта нешта вялікае адчайна білася за сцяной. «Метэор! — прамільгнула ў галаве. — Прабіў абшыўку. Нехта там ёсць!»

Працяглае хрыпенне.

Я канчаткова прачнуўся. Я ж на Станцыі, а не на ракеце, а гэты страшны гук...

Я выбег у калідор. Дзверы малой лабараторыі былі адчынены, там гарэла святло. Я ўскочыў туды.

Мяне агарнуў невыносны холад. Кабіна была запоўнена парай, ад якой замярзала дыханне. Мноства белых сняжынак кружылася над целам, загорнутым у купальны халат, яно слаба стукалася аб падлогу. У гэтым халодным тумане я заўважыў Хэры і кінуўся да яе, падняў, холад апякаў мне рукі, Хэры хрыпела; я пабег па калідоры міма дзвярэй, ужо не адчуваючы холаду, пара, якая вырывалася з яе губ, як агнём апякала маё плячо.

Я паклаў Хэры на стол, разарваў на яе грудзях халат, зірнуў на заледзянелы дрыготкі твар, кроў замерзла ў роце, чорным налётам запяклася на растуленых губах, на языку блішчалі крышталікі лёду...

Вадкі кісларод. У лабараторыі быў вадкі кісларод, у сасудах Дзюара. Калі я паднімаў Хэры, у мяне пад рукамі хруснула шкло. Колькі яна магла выпіць? Усё адно спалены трахея, гартань, лёгкія; вадкі кісларод мацненшы за канцэнтраваную кіслату. Яе скрыпучае, сухое, як гук разарванай паперы, дыханне замірала. Вочы былі расплюшчаны. Агонія.

Я паглядзеў на вялізныя зашклёныя шафы з інструментамі і лекамі. Трахеатамія? Інтубацыя? Але ж лёгкіх ужо няма! Яны спаленыя. Лякарства? Колькі лякарстваў! Паліцы застаўлены шэрагамі каляровых бутэлечак і пакецікаў. Хрыпенне напаўняла ўсё памяшканне, з адкрытага рота Хэры ішла пара.

Грэлкі...

Я пачаў іх шукаць, кінуўся да адной шафы, да другой, выкідваў пакецікі з ампуламі. Шпрыц? Дзе? У стэрылізатары! Я не мог сабраць шпрыц, бо рукі замерзлі, пальцы здранцвелі, не гнуліся. Я шалёна стукаў рукой па стэрылізатары, нічога не адчуваючы. Хрыпенне стала мацнейшым. Я кінуўся да Хэры. Вочы ў яе былі расплюшчаны.

— Хэры!

Мой голас прапаў, губы сталі непаслухмяныя.

Пад белай скурай ходырам хадзілі рэбры, вільготныя ад расталага снегу валасы рассыпаліся. Хэры глядзела на мяне.

— Хэры!

Больш нічога сказаць я не мог. Стаяў як слуп, апусціўшы непаслухмяныя скалелыя рукі; ногі, губы, павекі гарэлі ўсё мацней. Але я амаль не адчуваў гэтага. Кропля расталай ад цяпла крыві цякла па шчацэ Хэры, пакідаючы крывую лінію; язык затрымцеў і знік, Хэры ўсё яшчэ хрыпела.

Я ўзяў яе руку — пульс не адчуваўся; рассунуўшы полы халата, я прыклаў вуха да пранізліва халоднага цела ля грудзей. Праз шум, які нагадваў трэск агню, я пачуў ліхаманкавы стук, шалёныя ўдары, такія хуткія, што іх нельга было палічыць. Я стаяў, нізка схіліўшыся, вочы былі заплюшчаны. Штосьці дакранулася да маёй галавы. Гэта Хэры пальцамі пашавяліла мае валасы. Я зазірнуў ёй у вочы.

— Крыс, — прахрыпела яна.

Я схапіў яе за руку, Хэры адказала поціскам, які ледзь не раздрабіў маю кісць. Страшная грымаса застыла на яе твары, паміж вейкамі блішчалі бялкі, у горле захрыпела, цела закалацілася ад ванітаў. Я ледзьве ўтрымліваў Хэры; яна спаўзла са стала, галавой білася аб бераг фаянсавай лейкі. Я падтрымліваў яе, прыціскаў да стала; пасля кожнай спазмы Хэры вырывалася з маіх рук. Я імгненна спацеў, ногі сталі ватныя. Калі прыступы ванітаў зменшыліся, я паспрабаваў пакласці Хэры. Паветра свістала ў яе ў грудзях. Нечакана на гэтым страшным скрываўленым твары засвяціліся вочы.

— Крыс, — захрыпела яна, — як... як доўга, Крыс?

Яна пачала задыхацца, на яе губах выступіла пена, зноў пачаліся ваніты. Я трымаў яе з апошняй сілы. Хэры так рэзка ўпала тварам уніз, што ў яе нават застукалі зубы. Яна цяжка дыхала.

— Не, не, не, — хутка выдыхала яна, і кожны выдых здаваўся апошнім.

Ваніты працягваліся; Хэры зноў затрапяталася ў маіх руках, у час кароткіх перапынкаў між прыступамі яна ўцягвала паветра з такой цяжкасцю, што ў яе выступалі рэбры. Затым вейкі напалову прыкрылі яе невідушчыя вочы. Хэры больш не варушылася. Я вырашыў, што гэта канец. Нават не спрабуючы сцерці з яе губ ружовую пену, я стаяў, нахіліўшыся над ёю, чуў далёкі гул вялізнага звона і чакаў яе апошняга выдыху, каб пасля паваліцца на падлогу, але Хэры дыхала ўжо амаль без хрыпаў, дыхала ўсё больш спакойна, грудзі ўжо амаль не ўздрыгвалі, сэрца білася раўней. Я стаяў згорбіўшыся. Твар Хэры пачаў ружавець. Я яшчэ нічога не разумеў. Мае далоні спацелі, мне здалося, што я станаўлюся глухім: нечым мяккім, эластычным былі забітыя вушы, аднак я ўсё яшчэ чуў часты звон, ужо глухі, нібыта звон трэснуў.

Хэры ўзняла павекі, нашы позіркі сустрэліся.

«Хэры», — хацеў прамовіць я, але не мог пашавяліць губамі, нібыта на маім твары была мёртвая цяжкая маска; я мог толькі пазіраць.

Яе вочы агледзелі пакой, яна павярнула галаву. Было надзвычай ціха. За мной, у нейкім іншым, далёкім сусвеце, капала вада з незакручанага крана. Хэры паднялася на локцях. Села. Я адступіўся. Хэры сачыла за мной.

— Што? — сказала яна. — Што?.. Не... удалося? Чаму?.. Чаму ты так пазіраеш?..

І раптам яна страшна закрычала:

— Чаму ты так пазіраеш!!!

Наступіла цішыня. Хэры паглядзела на свае рукі. Паварушыла пальцамі.

— Гэтая?.. — спыталася.

— Хэры, — прамовіў я бязгучна, аднымі губамі.

Хэры падняла галаву.

— Хэры?.. — паўтарыла яна.

Хэры марудна спаўзла на падлогу і ўстала. Пахіснулася, але ўтрымалася на нагах. Зрабіла некалькі крокаў. Усё гэта яна рабіла як загіпнатызаваная, пазіраючы на мяне сляпымі вачыма.

— Хэры? — паволі паўтарыла яна яшчэ раз. — Але... я... не Хэры. А хто — я?.. Хэры? А ты, ты?!

Нечакана вочы яе расшырыліся, засвяціліся, ледзь прыкметная здзіўленая ўсмешка мільганула па твары.

— Мо і ты таксама? Крыс! Мо ты таксама?!

Са страху я прыціснуўся спінай да шафы і стаяў моўчкі. Рукі Хэры апусціліся.

— Не, — сказала яна. — Не, бо ты баішся. Але паслухай, я больш не магу. Нельга так. Я нічога не ведала. Я і зараз нічога не разумею. Гэта ж неверагодна? Я, — яна прыхінула да грудзей сціснутыя белыя рукі, — нічога не ведаю, нічога, я ведаю толькі адно: я — Хэры! Ты думаеш, што я прытвараюся? Не, не прытвараюся, святое слова гонару, не прытвараюся.

Апошнія словы прагучалі як стогн. Хэры з плачам упала на падлогу. Гэты крык нешта зламаў у мяне, я падскочыў да яе, схапіў за плечы, Хэры супраціўлялася, адштурхоўвала мяне, плакала без слёз, крычала:

— Пусці! Пусці! Я гідкая табе! Я ведаю! Я не хачу так! Не хачу! Ты ж бачыш, сам бачыш, што гэта не я, не я, не я...

— Маўчы! — крычаў я, трасучы яе.

Мы абое крычалі як звар'яцелыя, стоячы адно перад адным на каленях. Галава Хэры стукалася аб маё плячо. Я з усяе моцы прыціскаў Хэры да сябе. Раптам мы сціхлі, цяжка дыхалі. Вада па-ранейшаму капала з крана.

— Крыс... — мармытала Хэры, уціснуўшыся тварам у мае плячо, — скажы, што я павінна зрабіць, каб я знікла, Крыс...

— Перастань! — выгукнуў я.

Хэры падняла галаву, уважліва паглядзела на мяне.

— Як?.. Ты таксама не ведаеш? Нічога нельга зрабіць? Нічога?

— Хэры... злітуйся нада мной...

— Я хацела... Ты ж бачыў... Не. Не. Пусці: я не хачу... Не дакранайся да мяне! Табе гідка.

— Няпраўда!

— Хлусня. Павінен гідзіцца. Я... я сама... таксама. Калі б я магла. Калі б я толькі магла...

— Ты забілася б?

— Ага.

— А я не хачу, разумееш? Не хачу! Я хачу, каб ты была тут, са мной, і больш мне нічога не трэба!

Вялізныя шэрыя вочы спыніліся на мне.

— Як ты хлусіш... — зусім ціха прамовіла Хэры.

Я адпусціў яе і ўстаў. Хэры села на падлогу.

— Скажы, што мне зрабіць, каб ты паверыла? Я кажу тое, што думаю. Гэта праўда. Другой праўды няма.

— Ты не мог сказаць мне праўду. Я не Хэры.

— А хто ты?

Яна задумалася. Падбародак у яе задрыжаў. Апусціўшы галаву, Хэры прашаптала:

— Хэры... але... але я ведаю, што гэта няпраўда. Ты не мяне... кахаў там, даўно...

— Так, — сказаў я. — Тое, што было, мінулася. Памерла. Але тут я кахаю цябе. Разумееш?

Хэры пакруціла галавой:

— Ты вельмі добры. Не думай, што я не магу ацаніць усё, што ты зрабіў. Ты стараўся рабіць як мага лепш, але ўсё дарэмна. Тры дні таму ранкам я сядзела каля цябе і чакала, пакуль ты прачнешся. Тады я нічога не ведала. Мне здаецца, што гэта адбывалася даўно, вельмі даўно. Я была як звар'яцелая. У галаве стаяў нейкі туман. Я не разумела, што было раней, а што — пазней, нічому не здзіўлялася, як пасля наркозу або пасля цяжкай хваробы. Я нават думала: мо я хварэла, а ты не хочаш мне пра тое сказаць. Але розныя факты ўсё больш і больш наводзілі мяне на думку. Ты ведаеш, якія факты. У мяне штосьці мільганула ў галаве пасля тваёй размовы там, у бібліятэцы, з гэтым, як яго, са Снаўтам. Ты мне нічога не захацеў сказаць, таму я ўстала ноччу і ўключыла магнітафон. Я падманула цябе адзін-адзіны раз, а магнітафон я пасля схавала, Крыс. Той, што гаворыць, як яго завуць?

— Гібарыян.

— Ага, Гібарыян. Тады я зразумела ўсё, хоць, калі казаць праўду, па-ранейшаму нічога не разумею. Я не ведала аднаго: што я магу... што я... што гэта так скончыцца, што гэтаму... няма сканчэння. Пра гэта ён нічога не казаў. Зрэшты, мо і гаварыў, але ты прачнуўся, і я выключыла магнітафон. Але ўсё адно я пачула шмат, каб зразумець, што я не чалавек, а толькі інструмент.

— Што ты кажаш, Хэры!

— Так, інструмент. Для вывучэння тваіх рэакцый. Ну, штосьці накшталт гэтага. У кожнага з вас ёсць такі... такая, як я. Усё грунтуецца на ўспамінах або на ўяўленні... Зрэшты, ты ведаеш лепш, чым я. Ён расказаў такія страшныя, неверагодныя рэчы, і, калі б усё не супадала, я не паверыла б!

— Што супадала?

— Ну, што мне не трэба спаць і я павінна быць заўсёды каля цябе. Учора раніцай я яшчэ думала, што ты мяне ненавідзіш, і таму была нешчаслівая. Божухна, якая я была дурная! Але скажы, скажы сам, ці магла я сабе ўявіць?.. Гібарыян зусім не ненавідзеў гэтую сваю, а што ён пра яе гаварыў! Толькі тады я зразумела: што я ні зраблю, не мае ніякага значэння, бо хачу я альбо не хачу, а для цябе гэта ўсе роўна пакуты. Не, нават горай, бо крыніца пакут гэта штосьці нежывое. Яна ні ў чым не вінаватая, як і камень, які можа ўпасці і забіць. А што крыніца пакут можа хацець дабра і кахаць, гэтага я і ўявіць не магла. Мне хацелася б табе расказаць, што я адчувала пасля, калі зразумела, калі слухала плёнку. Мо табе спатрэбіцца. Я нават паспрабавала запісаць...

— Таму ты запаліла святло? — спытаўся я, з цяжкасцю прамаўляючы гэтыя словы.

— Так. Але нічога не атрымалася, бо я шукала ў сабе, ведаеш... іх — нешта зусім іншае, я проста вар'яцела, павер мне! Часам мне здавалася, што пад скурай у мяне няма цела, што ўнутры ў мяне штосьці такое... што я... што я толькі абалонка. Каб падмануць цябе. Разумееш?

— Разумею.

— Калі ноччу ляжыш без сну, да чаго толькі не дадумаешся! Да сама неверагодных рэчаў, ты ж і сам ведаеш...

— Ведаю...

— Але я адчувала сваё сэрца і памятала, што ты зрабіў аналіз маёй крыві. Якая ў мяне кроў, скажы, скажы праўду. Цяпер жа ты гэта можаш.

— Такая, як і ў мяне.

— Праўда?

— Клянуся.

— Што гэта азначае? Я пасля думала, мо гэта схавана недзе ўва мне, што яно... магчыма, вельмі маленькае. Але я не ведала дзе. Зараз я думаю, мо ў рэшце рэшт гэта была хітрасць з майго боку, бо я вельмі баялася таго, што хацела зрабіць, і шукала іншага выйсця. Але, Крыс, калі ў мяне такая ж кроў... калі ўсё так, як ты гаворыш, тады... Не, гэта немагчыма. Бо тады я памерла б, праўда? Значыць, нешта ўсё-такі ёсць, але дзе? Мо ў галаве? Але ж я думаю зусім нармальна... і нічога не ведаю... калі б я гэтым думала, то павінна была б адразу ўсё ведаць і не кахаць цябе, толькі рабіць выгляд і разумець, што раблю выгляд... Крыс, скажы мне, калі ласка, усё, што ты ведаеш, мо ўдасца хоць нешта зрабіць?

— Што іменна?

Хэры маўчала.

— Ты хочаш памерці?

— Бадай што так.

Наступіла цішыня. Хэры сядзела, скурчыўшыся, ля маіх ног. Я разглядваў залу, белую эмаль абсталявання, рассыпаныя бліскучыя інструменты, нібыта шукаў штосьці вельмі патрэбнае і не мог адшукаць.

— Хэры, можна і мне сказаць?

Яна чакала.

— Так, праўда, ты не зусім такая, як я. Але гэта не азначае, што ты горшая за мяне. Наадварот. Можаш думаць, што хочаш, але дзякуючы гэтаму... ты не памерла.

Нейкая дзіцячая, бездапаможная ўсмешка з'явілася ў яе на твары.

— Я... несмяротная?

— Не ведаю. Ва ўсякім разе ты не такая смяротная, як я.

— Як страшна, — прашаптала Хэры.

— Мо не так страшна, як табе здаецца.

— Але ты мне не надта зайздросціш.

— Хэры, гэта хутчэй пытанне... аб тваім прызначэнні, я так назваў бы гэта. Ведаеш, тут, на Станцыі, тваё прызначэнне ўрэшце гэткае ж невядомае, як і маё, як і кожнага з нас. Тыя будуць працягваць эксперымент Гібарыяна, і можа адбыцца ўсё...

— Або нічога.

— Або нічога, і павер, я згадзіўся б, каб нічога не адбылося, нават не таму, што баюся (хоць страх, бадай, і адыгрывае пэўную ролю), а таму, што гэта нічога не дасць. Вось тое адзінае, у чым я перакананы.

— Нічога не дасць? Чаму? З-за... Акіяна?

Хэры сцепанулася ад агіды.

— Так. З-за кантакту. Думаю, што, па сутнасці, усё вельмі проста. Кантакт азначае абмен нейкім вопытам, паняццямі, ва ўсякім разе вынікамі, нейкімі высновамі, а калі нічога для абмену няма? Калі слон — не вялізная бактэрыя, то і Акіян не можа быць вялізным мозгам. З абодвух бакоў, вядома, могуць адбывацца пэўныя дзеянні. У выніку аднаго з іх я зараз бачу цябе і стараюся растлумачыць табе, што ты мне даражэйшая, чым дванаццаць гадоў жыцця, аддадзенага планеце Салярыс, я хачу знаходзіцца з табой і надалей. Мо тваё з'яўленне павінна было стаць пакараннем, мо шчасцем, а мо толькі мікраскапічным даследаваннем. Доказам дружбы, злосным ударам, здзекам? Мо ўсім гэтым адначасова альбо, што больш верагодна, — нечым зусім іншым. Але ў рэшце рэшт нас не датычаць задумкі нашых бацькоў, якія зусім не падобныя між сабою. Ты можаш сказаць, што ад іх задумак залежыць наша будучыня, і я пагаджуся з табой. Але я не магу прадбачыць будучыню. Гэтаксама, як і ты. Я нават не магу сцвярджаць, што буду кахаць цябе заўсёды. Калі ўжо гэтулькі здарылася, то можа адбыцца ўсё, што хочаш. Мо заўтра я ператваруся ў зялёную медузу? Тут мы бяссільныя. Але пакуль можам, мы будзем разам. А гэта не так мала.

— Паслухай, — сказала Хэры. — Я хачу спытацца. Я... я... вельмі падобная на яе?

— Была вельмі падобная, — адказаў я, — а цяпер не ведаю.

— Што?

Хэры ўстала. Яна пазірала на мяне шырока расплюшчанымі вачыма.

— Ты яе ўжо засланіла.

— І ты перакананы, што ты не яе, а мяне кахаеш? Мяне?..

— Так. Менавіта цябе. Не ведаю, баюся, што, калі б ты сапраўды была ёю, я не мог бы цябе кахаць.

— Чаму?

— Бо я паступіў несправядліва...

— У адносінах да яе?..

— Так. Калі мы былі...

— Не трэба...

— Чаму?

— Я хачу, каб ты ведаў, што я — гэта не яна.

 

РАЗМОВА

 

Пасля абеду наступнага дня я знайшоў на стале ля акна запіску Снаўта. Ён паведамляў, што Сарторыус перапыніў працу над анігілятарам, каб апошні раз выпрабаваць уздзеянне жорсткага выпраменьвання на Акіян.

— Каханая, — сказаў я, — мне трэба схадзіць да Снаўта.

Чырвоная зорка гарэла ў шкле і дзяліла пакой на дзве часткі. Мы знаходзіліся ў блакітным цені. За мяжой ценю ўсё здавалася медным, і, відаць, калі б кніга ўпала з паліцы, яна зазвінела б.

— Гаворка пра эксперымент. Я толькі не разумею, як лепш. Ведаеш, я хацеў бы... — я змоўк.

— Не апраўдвайся, Крыс. Я вельмі хацела б... Хіба толькі не доўга?..

— Гэта зойме пэўны час, — адказаў я. — Паслухай, а мо ты пойдзеш са мной і пачакаеш мяне ў калідоры?

— Добра. А калі я не вытрымаю?

— Што з табой, уласна, адбываецца? — спытаўся я і адразу ж дадаў: — Я пытаюся не з цікавасці, вядома, але, магчыма, калі разбярэшся, ты з гэтым і сама справішся.

— Я баюся, — адказала Хэры і збялела. — Я не магу табе сказаць, чаго я баюся, нават не баюся, а проста раствараюся. Апошнім часам я адчуваю гэткі сорам... Як табе растлумачыць... А пасля ўжо нічога, пуста. Таму я думала, што я хворая... — Хэры здрыганулася.

Апошнія словы яна прамовіла ледзь чутна.

— Мо такое адбываецца толькі тут, на гэтай чортавай Станцыі, — прамовіў я. — Я пастараюся зрабіць усё, каб мы як мага хутчэй пакінулі яе.

— Ты лічыш, гэта мажліва? — Хэры шырока расплюшчыла вочы.

— Цалкам. Зрэшты, я ж не прыкуты... Дарэчы, трэба спачатку дамовіцца са Снаўтам, а там паглядзім. Як ты думаеш, колькі ты можаш быць адна?

— Хто яго ведае... — апусціўшы галаву, паволі пачала Хэры. — Калі я буду чуць твой голас, то, бадай, спраўлюся.

— Я хачу, каб ты не слухала, пра што мы гаворым. Я не маю ніякіх сакрэтаў, але я не ведаю, не магу ведаць, што скажа Снаўт.

— Не працягвай. Я разумею. Добра. Я буду стаяць так, каб чуць толькі твой голас. Больш мне нічога не трэба.

— Зараз я пазваню яму з лабараторыі. Я не буду зачыняць дзвярэй.

Хэры кіўнула. Я прайшоў праз сцяну чырвоных сонечных промняў у калідор, які, нягледзячы на штучнае асвятленне, здаваўся амаль чорным. Дзверы малой лабараторыі былі адчынены. Люстраныя рэшткі сасуда Дзюара, якія ляжалі на падлозе каля вялізных ёмістасцей з вадкім кіслародам, усё яшчэ нагадвалі пра начное здарэнне. Засвяціўся маленькі экран. Калі я зняў трубку і набраў нумар радыёстанцыі, блакітная занавеска, якая знутры закрывала матавае шкло, рассунулася, і Снаўт, нагнуўшыся з высокага крэсла, зірнуў мне проста ў вочы.

— Вітаю цябе, — прамовіў ён.

— Я прачытаў запіску. Хацеў з табою пагаварыць. Можна прыйсці?

— Прыходзь. Зараз?

— Ага.

— Калі ласка. Ты... не адзін?

— Не, адзін.

Яго худы, бронзавы ад загару твар з глыбокімі маршчынамі на лбе плыў у выпуклым шкле, як дзіўная рыба ў акварыуме.

— Ну-ну, — прамовіў ён шматзначна. — Я чакаю.

— Мы можам ісці, каханая.

Я імкнуўся гаварыць ажыўлена, заходзячы ў кабіну праз чырвоныя промні, за якімі бачыў толькі сілуэт Хэры, але голас мой сарваўся. Хэры прырасла да крэсла: засунула рукі пад падлакотнікі і сашчапіла пальцы. Яна занадта позна пачула мае крокі альбо не паспела хутка памяняць сваю страшную позу — не ведаю, але я паспеў убачыць, як яна змагаецца з той незразумелай сілай, што схаваная ў ёй. Маё сэрца сціснула сляпое, шалёнае абурэнне, змешанае са шкадаваннем. Мы моўчкі пайшлі па доўгім калідоры; рознакаляровая эмаль на яго сценах па задуме архітэктара павінна была пазбавіць ад аднастайнасці знаходжанне ў металічнай шкарлупіне. Я яшчэ здалёку заўважыў адчыненыя дзверы радыёстанцыі. Адтуль у глыбіню калідора падала доўгая чырвоная паласа — і сюды даходзіла сонца. Я паглядзеў на Хэры — яна нават не спрабавала ўсміхацца, засяроджана рыхтуючыся да барацьбы з сабой. Выпрабаванні, якія чакалі Хэры, ужо зараз змянілі яе твар — ён стаў белым і худым. За некалькі крокаў да дзвярэй Хэры спынілася, я павярнуўся да яе, кончыкамі пальцаў яна падштурхнула мяне, быццам кажучы: «Ідзі». І тут мае планы, Снаўт, эксперымент, уся Станцыя — усё здалося мне гэткім дробязным у параўнанні з тымі пакутамі, якія чакалі тут яе. Я адчуў сябе катам і хацеў ужо вярнуцца назад, але шырокую сонечную паласу, надламаную на сцяне калідора, засланіў цень чалавека. Я хуценька зайшоў у кабіну. Снаўт чакаў мяне ля дзвярэй. Чырвонае сонца стаяла проста за ім, і пурпуровы водбліск гарэў у яго сівых валасах. Мы даволі доўга моўчкі пазіралі адзін на аднаго. Здавалася, Снаўт вывучаў мяне. Аслеплены сонцам, я дрэнна бачыў выраз яго твару. Я абышоў Снаўта і спыніўся каля высокага пульта, на якім тырчалі гнуткія сцябліны мікрафонаў. Снаўт марудна павярнуўся, спакойна назіраючы за мной з ранейшай грымасай, якая ўспрымалася то як усмешка, то выдавала стомленасць. Не зводзячы з мяне вачэй, Снаўт падышоў да металічнай, на ўсю сцяну шафы, перад якой з абодвух бакоў узвышаліся абы-як зваленыя кучы радыёдэталяў, тэрмічныя акумулятары і розны інструмент, паставіў туды крэсла і сеў, абапіраючыся спінай на эмаліраваныя дзверцы.

Наша маўчанне станавілася дзіўным. Я засяроджана прыслухоўваўся да цішыні, што панавала ў калідоры, дзе засталася Хэры, але адтуль нічога не было чуваць.

— Калі ў вас усё будзе гатова? — спытаўся я.

— Мы маглі б пачаць хоць сёння, але запіс запатрабуе яшчэ крыху часу.

— Запіс? Ты маеш на ўвазе энцэфалаграму?

— Ага, ты ж згадзіўся. А што?

— Ды так, нічога.

— Я слухаю цябе, — прамовіў Снаўт праз нейкі час.

— Яна ўсё ведае... пра сябе, — ледзь чутна прамовіў я.

Бровы Снаўта палезлі ўгору.

— Ведае?

Мне здалося, што Снаўт толькі прытвараецца здзіўленым. Чаму ён прытвараецца? У мяне адразу прапала жаданне гаварыць, але я перасіліў сябе. Трэба быць хоць бы лаяльным, падумаў я, калі нічога іншага не застаецца.

— Яна пачала здагадвацца, відаць, пасля нашай размовы ў бібліятэцы, назірала за мной, супастаўляла факты, пасля знайшла магнітафон Гібарыяна і паслухала запіс...

Снаўт па-ранейшаму абапіраўся на шафу, але ў яго ў вачах загарэліся іскры. Я стаяў ля пульта насупраць дзвярэй, прачыненых у калідор. Я працягваў яшчэ цішэй:

— Сёння ноччу, калі я спаў, яна спрабавала скончыць самагубствам. Вадкі кісларод...

Нешта зашамацела, я сцішыўся, прыслухаўся — гук даносіўся не з калідора. Дзесьці зусім блізка шкрэблася мыш... Мыш? Глупства! Адкуль тут мышы? Я пільна зірнуў на Снаўта.

— Слухаю цябе, — спакойна прамовіў Снаўт.

— Вядома, ёй гэта не ўдалося... ва ўсякім разе яна ведае, хто яна.

— Навошта ты расказваеш пра гэта мне? — раптам спытаўся Снаўт.

Я не адразу скеміў, што яму адказаць.

— Хачу, каб ты арыентаваўся... каб ведаў, што адбываецца, — прамармытаў я.

— Я папярэджваў цябе.

— Інакш кажучы, ты ведаў. — Я міжволі павысіў голас.

— Не. Вядома ж, не. Але я тлумачыў табе, як усё адбываецца. Кожны «госць», калі ён з'яўляецца, амаль што фантом, нягледзячы на бязладную мешаніну ўспамінаў і вобразаў, атрыманых ад свайго... Адама... «госць», па сутнасці, пусты. Чым больш знаходзіцца ён з табой, тым больш ачалавечваецца і становіцца ўсё больш самастойным, вядома, да пэўнай мяжы. І чым даўжэй гэта працягваецца, тым цяжэй...

Снаўт памаўчаў, паглядзеў на мяне спадылба і абыякава спытаўся:

— Яна ўсё ведае?

— Так, я ж сказаў табе.

— Усё? І тое, што адзін раз была тут, а ты...

— Не!

Снаўт усміхнуўся:

— Паслухай, Кельвін, калі гэта зайшло так далёка... што ты думаеш рабіць? Пакінуць Станцыю?

— Так.

— З ёй?

— Ага.

Снаўт змоўк, разважаючы над маімі адказамі, але ў яго маўчанні было нешта яшчэ... Што? Зноў быццам штосьці зашамацела зусім блізка, за тонкай перагародкай. Снаўт заёрзаў на крэсле.

— Выдатна, — прамовіў ён. — Чаму ты пазіраеш на мяне так дзіўна? Ты лічыў, што я буду перашкаджаць табе? Рабі як хочаш, мой дарагі. Ну і малайцы мы з табой, калі б пачалі яшчэ і прымушаць адзін аднаго! Я не збіраюся ўгаворваць цябе, скажу толькі — ты імкнешся ў нечалавечых умовах застацца чалавекам. Мо гэта і прыгожа, але зусім недарэчна. Зрэшты, я нават не ведаю, ці прыгожа. Хіба глупства можа быць прыгожым? Не ў тым справа. Ты адмаўляешся працягваць эксперыменты, хочаш адступіцца, забраўшы яе? Так?

— Так.

— Але гэта таксама... эксперымент. Чуеш?

— Што ты маеш на ўвазе? Ці здолее... яна?.. Калі разам са мной, то не бачу...

Я гаварыў усё больш павольна, пасля зусім сціх. Снаўт уздыхнуў:

— Кельвін, усе мы, як страўсы, хаваем галаву ў пясок, але мы ва ўсякім разе ведаем пра гэта і не разлічваем на высакароднасць.

— Я нічога не хачу і не разлічваю.

— Добра. Я не хацеў цябе пакрыўдзіць. Свае словы пра высакароднасць я забіраю назад, але словы пра страўсаў застаюцца ў сіле. Асабліва гэта датычыць цябе. Ты падманваеш не толькі яе, але і сябе, галоўным чынам сябе. Ты ведаеш умовы стабілізацыі сістэмы, пабудаванай з нейтрыннай матэрыі?

— Не. Ты таксама не ведаеш. Ніхто не ведае.

— Безумоўна. Але нам вядома адно: такія сістэмы няўстойлівыя і могуць існаваць толькі дзякуючы няспыннаму прытоку энергіі. Я ведаю гэта ад Сарторыуса. Энергія ўтварае віхравае стабілізацыйнае поле. Цікава, ці з'яўляецца гэтае поле ў адносінах да «госця» знешнім? Ці мо яно ўзнікае ў яго ў арганізме? Разумееш розніцу?

— Разумею, — паволі адказаў я. — Калі яно знешняе, дык... яна. Тады... такія...

— Тады пад час аддалення ад Салярыс сістэма распадаецца, — закончыў Снаўт за мяне. — Мы не можам гэтага прадбачыць, але ж ты паставіў дослед. Ракета, якую ты запусціў... па-ранейшаму круціцца вакол планеты. У вольную хвіліну я нават падлічыў параметры яе руху. Можаш паляцець, выйсці на арбіту, састыкавацца і паглядзець, што сталася з... пасажыркай...

— Ты звар'яцеў! — выдыхнуў я.

— Ты так лічыш? Ну... а калі... вярнуць яе, тваю ракету? Гэта магчыма. Яна мае дыстанцыйнае кіраванне. Мы вернем ракету і...

— Перастань!

— І гэта табе не падабаецца? Ёсць яшчэ адзін спосаб, вельмі просты. Нават не трэба вяртаць яе на Станцыю. Няхай сабе лётае. Мы проста звяжамся з ёю па радыё, калі яна жывая, то адгукнецца і...

— Там ужо даўно скончыўся кісларод! — з цяжкасцю выціснуў я.

— Мо яна абыходзіцца без кіслароду... Ну што, паспрабуем?

— Снаўт... Снаўт...

— Кельвін... Кельвін... — злосна перадражніў ён мяне. — Божа, што ты за чалавек. Каго ты хочаш ашчаслівіць? Уратаваць? Сябе? Яе? Якую? Гэтую ці тую? На абедзвюх не хопіць адвагі? Бачыш сам, да чаго гэта даводзіць. Апошні раз кажу табе: тут сітуацыя — па-за ўсялякай мараллю.

Раптам я пачуў тое ж самае шамаценне, нібыта нехта пазногцямі драпаў сцяну. Мяне агарнула абыякавасць: усё выглядала дробным, крыху смешным, малазначным, быццам у перавернутым біноклі.

— Ну добра, — сказаў я. — Што, па-твойму, я мушу зрабіць? Знішчыць яе? На наступны дзень з'явіцца такая ж, хіба не так? І яшчэ раз? І так штодзённа? Да якога часу? Навошта? Што гэта мне дасць? А табе? Сарторыусу? Станцыі?

— Пачакай, спачатку скажы ты. Ты паляціш разам з ёй і, дапусцім, убачыш сам, што з ёю адбудзецца. Праз некалькі хвілін перад табой з'явіцца...

— Што? — з'едліва спытаўся я. — Пачвара? Дэман? Што?

— Не. Звычайная, сама звычайная агонія. Хіба ты сапраўды паверыў у іх несмяротнасць? Кажу табе — яны гінуць... Што ты будзеш рабіць тады? Вернешся... па новую?

— Перастань!!! — гукнуў я, сціскаючы кулакі.

Снаўт, прымружыўшы вочы, пазіраў на мяне і паблажліва ўсміхаўся.

— Ага, табе не падабаецца? Ведаеш, на тваім месцы я не распачынаў бы гэтай гаворкі. Лепш займіся чым-небудзь іншым, напрыклад, пачні лупцаваць дубцамі — у знак адплаты — Акіян. Што ты хочаш? Значыць, так... — Снаўт хітравата памахаў рукой і падняў вочы ўгору, на столь, нібыта некага праводзіў позіркам, — тады ты станеш нягоднікам? А хіба цяпер не нягоднік? Усміхаешся, калі хочацца плакаць, прытвараешся радасным і спакойным, калі гатовы валасы рваць, — і ты не нягоднік? А што, калі тут нельга не быць нягоднікам? Што тады? Закаціць істэрыку перад Снаўтам, які ва ўсім вінаваты, так? Акрамя ўсяго, ты яшчэ ідыёт, мой ты дарагі...

— Ты гаворыш пра сябе, — сказаў я і апусціў галаву, — я... кахаю яе.

— Каго? Свае ўспаміны?

— Не. Яе. Я расказаў табе, што яна спрабавала зрабіць. На такое пойдзе не кожны... жывы чалавек.

— Ты ж сам прызнаешся, калі кажаш...

— Не лаві мяне на слове.

— Добра. Значыць, яна цябе кахае. А ты — хочаш кахаць. Гэта розныя рэчы.

— Ты памыляешся.

— Я шкадую, Кельвін, але ты сам расказаў мне пра свае інтымныя справы. Не кахаеш. Кахаеш. Яна згодна ахвяраваць сваім жыццём. Ты таксама. Вельмі чулліва, узвышана — усё што хочаш. Але тут гэта недарэчна. Недарэчна. Разумееш? Не, ты не хочаш зразумець. Сілы, якімі мы не кіруем, зацягнулі цябе ў вір, а яна — частка яго. Фаза. Цыкл, што паўтараецца. Калі б яна была... калі б за табой ганялася пачвара, гатовая дзеля цябе на ўсё, ты пазбавіўся б ад яе без усялякіх ваганняў. Праўда?

— Праўда.

— А калі... калі... іменна таму яна непачвара? Гэта звязвае табе рукі? А мо трэба, каб твае рукі былі звязаныя?

— Яшчэ адна гіпотэза. У бібліятэках іх ужо мільён. Досыць, Снаўт, яна... Я не хачу з табой пра гэта гаварыць.

— Ну і не гавары. Ты ж сам пачаў. Але ты ўсё ж падумай, што ў рэшце рэшт яна толькі люстэрка, у якім адбіваецца частка твайго мозга. Яна цудоўная таму, што цудоўнымі былі твае ўспаміны. Ты даў рэцэпт. Кругазварот памяці!

— Чаго ты хочаш? Каб я... каб я пазбавіўся ад яе? Я ўжо ў цябе пытаўся: навошта мне гэта рабіць? Ты не адказаў.

— Адкажу зараз. Я не запрашаў цябе, не распачынаў гэтай гаворкі, не чапаў тваіх спраў. Я нічога табе не загадваю, нічога не забараняю, я не рабіў бы гэтага, каб нават мог. Ты, ты прыйшоў сюды і выклаў мне ўсё, ведаеш чаму? Не? Ты хочаш скінуць з сябе ўсё. Скінуць. Я добра ўяўляю, якое ў цябе становішча, мой дарагі. Так, так! Не перапыняй мяне. Я нічога табе не забараняю, але ты — ты сам хочаш, каб я табе перашкодзіў. Калі б я стаў на тваім шляху, мажліва, ты расквасіў бы мне галаву — мне, звычайнаму чалавеку, такому ж, як і ты, і сам адчуваў бы сябе чалавекам. А так ты не можаш саўладаць і таму распачынаеш спрэчку са мной... дакладней, з самім сабой! Ты яшчэ скажы, што не перажывеш, калі яна раптам знікне... Добра, не кажы нічога.

— Ну, ведаеш! Я прыйшоў, каб расказаць табе, зусім даверліва, што я збіраюся разам з ёю пакінуць Станцыю, — адбіваўся я, але мае словы прагучалі непераканаўча нават для мяне.

Снаўт паціснуў плячыма.

— Зусім верагодна, што ты мусіш стаяць на сваім. Я сказаў табе гэта толькі таму, што ты занадта далёка зайшоў, а вярнуцца, сам разумееш... Прыходзь заўтра раніцай а дзевятай да Сарторыуса, наверх... Прыйдзеш?

— Да Сарторыуса? — здзівіўся я. — Ён жа нікога не пускае, ты казаў, што яму і пазваніць нельга.

— Нейкім чынам ён усё ўладкаваў. Мы гэтага не абмяркоўваем. Ты... у цябе зусім іншае. Не мае значэння. Прыйдзеш ранкам?

— Прыйду, — прамармытаў я.

Я пазіраў на Снаўта. Ён неяк ненатуральна трымаў левую руку за дзверцамі шафы. А калі ж дзверцы прачыніліся? Відаць, даволі даўно, але я, узбуджаны непрыемнай для мяне размовай, не звярнуў увагі. Як дзіўна ўсё гэта выглядае... Быццам... ён нешта хаваў там. Альбо нехта трымаў яго за руку. Я аблізаў губы.

— Што такое, Снаўт?

— Ідзі, — ціха і надзвычай спакойна прамовіў ён. — Ідзі.

Я выйшаў і зачыніў за сабой дзверы ў апошніх промнях чырвонага марыва. Хэры сядзела на падлозе, крокаў за дзесяць ад мяне, ля самай сцяны. Калі заўважыла мяне, усхапілася.

— Глядзі! — прамовіла яна, вочы ў яе блішчалі. — Атрымалася, Крыс. Я такая шчаслівая. Магчыма... магчыма, усё будзе лепей і лепей...

— Вядома, — абыякава адказаў я.

Мы вярталіся назад, а я ўсё ламаў галаву над гэтай ідыёцкай шафай. Хаваў жа, хаваў жа ён там?.. А ўся наша размова?.. Шчокі мае пачалі гарэць, я міжволі пацёр іх. Божа, што за шаленства. І да чаго мы, уласна, прыйшлі? Да нічога? Праўда, заўтра раніцай...

І раптам мяне апанаваў страх, амаль такі ж, як і ноччу. Мая энцэфалаграма. Поўны запіс усёй дзейнасці мозга, перакладзены ў хістанні пучка прамянёў, будзе дасланы ўніз. У глыбіню гэтай неабдымнай, бязмежнай пачвары. Як сказаў Снаўт: «Ты не перажывеш, калі раптам ён знікне...» Энцэфалаграма — гэта поўны запіс. У тым ліку і неўсвядомленых працэсаў. А калі я хачу, каб ён знік, загінуў? Хіба ж спалохаўся б я, калі б яна засталася жывая пасля свае страшнае спробы? Ці можна адказваць за сваю падсвядомасць? Калі не адказваю за яе я, тады хто?.. Што за ідыёцтва! На якое ліха згадзіўся я, каб мой, менавіта мой... Я магу, вядома, азнаёміцца з запісам, але ж я яго не расшыфрую. Ніхто не здолее яго расшыфраваць. Толькі спецыялісты ў агульных рысах могуць сказаць, пра што думаў паддоследны, ці рашаў ён, напрыклад, матэматычныя задачы, але даведацца якія, яны не могуць. Яны сцвярджаюць, што гэта немажліва, бо энцэфалаграма адлюстроўвае мноства працэсаў, якія адбываюцца адначасова, і толькі некаторыя з іх маюць псіхалагічную «падкладку»... А падсвядомыя... Пра іх і гаварыць ніхто не хоча, і дзе ўжо тут расшыфроўваць нечыя ўспаміны, тое, што жыве ў памяці, альбо тое, што пастараліся забыцца... Але чаму мне так страшна? Яшчэ ж ранкам я сам казаў Хэры, што эксперымент нічога не дасць. Калі нашы нейрафізіёлагі не здольны расшыфраваць запіс, то як жа разбярэцца ў ім абсалютна чужы чорны вадкі гігант?..

Але ж пранік ён у мяне, хоць і невядома як, перакапаў усю маю памяць і знайшоў у ёй сама балючы атам! Хіба магу я ў гэтым сумнявацца. Без чужой дапамогі, без усялякай «перадачы прамянёвай энергіі» ён залез праз падвойную герметычную абшыўку, праз цяжкую шкарлупіну на Станцыю; унутры яе знайшоў маё цела і пайшоў са здабычай...

— Крыс?.. — ціха прамовіла Хэры.

Я стаяў ля ілюмінатара, уперыўшы невідушчы позірк у густы змрок. Лёгкая, пяшчотная на гэтай геаграфічнай шырыні пялёнка захінала зоркі. Суцэльны, хоць і тонкі, слой воблакаў стаяў вельмі высока, з глыбіні, з-за гарызонту сонца афарбоўвала яго ледзь прыкметным срабрыста-ружовым ззяннем.

Калі яна знікне, значыць, я гэтага хацеў. Значыць, я забіў яе. Не пайсці туды? Яны не могуць мяне прымусіць. Але што я ім скажу? Пра гэта — не. Не магу. Так, трэба прытварацца, трэба хлусіць заўсёды і ва ўсім. І ўсё таму, што ўва мне, відаць, хаваюцца думкі, планы, спадзяванні — жорсткія, цудоўныя, бязлітасныя, а я нічога пра іх не ведаю. Чалавек рушыў насустрач іншым сусветам, новым цывілізацыям, не спазнаўшы дарэшты сваёй душы: яе завулкаў, тупікоў, бяздонных калодзежаў, забарыкадаваных цёмных дзвярэй. Выдаць ім Хэры... ад сораму? Выдаць толькі таму, што ў мяне не хапае адвагі?

— Крыс... — яшчэ цішэй прашаптала Хэры.

Я хутчэй адчуў, чым пачуў, як яна бясшумна падышла да мяне, але зрабіў выгляд, што не заўважаю яе. Я хацеў пабыць адзін, я вельмі хацеў гэтага. Я ні на што яшчэ не адважыўся, ні на што. Я стаяў нерухома, пазіраючы на цёмнае неба, на зоркі, якія былі толькі прывідным ценем зямных зорак. Думкі, што апаноўвалі мяне, зніклі, моўчкі расла мёртвая абыякавасць, упэўненасць, што там, у недасяжнай глыбіні, я ўжо зрабіў выбар і толькі прытвараюся, быццам нічога не адбылося. Я не меў сілы нават грэбаваць сабой.

 

МЫСЛІЦЕЛІ

 

— Крыс, ты з-за эксперымента?

Я скурчыўся ад яе голасу. Ужо колькі гадзін я не спаў: углядаўся ў цемру, быў самотны, бо не чуў нават дыхання Хэры, і ў заблытаным лабірынце начных разваг, нерэальных, напаўсвядомых, нават забыўся пра яе, усё набывала новы сэнс, новае вымярэнне.

— Што... адкуль ты ведаеш, што я не сплю?.. — спытаўся я, і ў маім голасе чуўся страх.

— Я заўважыла па тваім дыханні, — адказала Хэры, нібыта просячы прабачэння. — Я не хацела табе перашкаджаць... Калі не можаш, не кажы...

— Магу... Так, з-за эксперымента. Ты адгадала.

— Што яны чакаюць ад эксперымента?

— Самі не ведаюць. Але нешта чакаюць. Гэтую аперацыю варта назваць не «Думка», а «Роспач». Зараз патрэбен чалавек, у якога хапіла б смеласці ўзяць на сябе адказнасць за рашэнне. Але гэткі від смеласці большасць прымае за звычайную баязлівасць, бо падобнае рашэнне — адступленне, разумееш, адмова, уцёкі, нявартыя чалавека. Можна падумаць, што боўтацца і гразнуць, тануць у тым, чаго не разумееш і ніколі не зразумееш, — годна для чалавека.

Я змоўк. Але не паспеў супакоіцца, як мяне ахапіў новы прыліў злосці.

— Вядома, усюды знойдуцца тыпы практычнага складу. Яны гавораць, што калі не ўдасца наладзіць кантакт, то, вывучаючы плазму — усе гэтыя вар'яцкія жывыя гарады, што вытыркаюцца на суткі, каб затым знікнуць, мы хоць бы адкрыем таямніцу матэрыі. Нібыта невядома, што ўсё гэта самападман; мы проста шпацыруем па бібліятэцы, запоўненай кнігамі на незразумелай мове, і пазіраем на каляровыя вокладкі... Вось і ўсё!

— А такіх планет больш няма?

— Невядома. Магчыма, ёсць. Мы ведаем толькі адну. Ва ўсякім разе, такія планеты сустракаюцца вельмі рэдка, не тое што Зямля. Мы банальныя, мы трава Сусвету — і ганарымся нашай банальнасцю, тым, што яна так распаўсюджана; мы думалі — усё можна падагнаць пад нашу банальнасць. З такой схемай мы смела і радасна рушылі ў шлях-дарогу — у іншыя сусветы! Падумаеш — іншыя сусветы! Асвоім іх альбо яны нас асвояць! Нічога іншага не было ў нашых няшчасных галовах. Але досыць пра гэта. Не варта.

Я ўстаў, вобмацкам знайшоў аптэчку, узяў пляскаты слоічак са снатворным.

— Я буду спаць, каханая, — прамовіў я і павярнуўся; недзе высока ў цемры гуў вентылятар. — Мне трэба паспаць. Інакш... сам не ведаю...

Я сеў на ложак. Хэры дакранулася да маёй рукі. Я абняў яе, нябачную, і трымаў, не кратаючыся, да той пары, пакуль сон не змарыў мяне.

Раніцай, калі я прачнуўся, адчуў сябе бадзёра, эксперымент здаўся мне такім нязначным; як мог я так хвалявацца з-за яго?! Мяне мала турбавала і тое, што Хэры пойдзе разам са мной у лабараторыю. Яе намаганні вытрымаць нават маю кароткачасовую адсутнасць былі марныя, і я адмовіўся ад далейшых спроб, хоць яна настойвала (нават прапаноўвала мне зачыніць яе дзе-небудзь). Я параіў ёй узяць з сабой кніжку.

Сама працэдура мяне цікавіла менш, чым тое, што я ўбачу ў лабараторыі. У бела-блакітнай зале не было нічога асаблівага — не хапала толькі сякіх-такіх прадметаў на стэлажах і ў шафах (у некаторых з іх шкло было разбіта, а дзверцы дзе-нідзе патрэскаліся — відаць, нядаўна тут адбывалася барацьба, і яе сляды хоць і паспешна, але старанна ліквідаваны). Снаўт вазіўся з апаратурай, трымаўся, як заўсёды, карэктна, ён не здзівіўся з'яўленню Хэры і пакланіўся ёй здалёку. Калі Снаўт праціраў мае віскі і лоб фізіялагічным растворам, з'явіўся Сарторыус. Ён выйшаў з цёмнага пакоя праз невялікія дзверы. На ім быў белы халат і чорны антырадыяцыйны фартух амаль да костачак. Дзелавы, энергічны Сарторыус павітаўся са мной, нібы мы былі супрацоўнікамі буйнога зямнога інстытута і рассталіся літаральна ўчора. Я толькі цяпер заўважыў, што нежыццёвым выраз яго твару рабілі кантактныя лінзы, якімі ён карыстаўся замест акуляраў. Скрыжаваўшы рукі на грудзях, ён сачыў, як Снаўт прыбінтоўвае электроды, узводзячы на маёй галаве штосьці накшталт чалмы. Сарторыус некалькі разоў абвёў позіркам усю залу; Хэры ён нібыта не заўважыў. Яна сядзела скурчыўшыся, бедная, на невялікай табурэтцы ля сцяны і рабіла выгляд, што чытае кнігу. Калі Снаўт адышоў ад майго крэсла, я павярнуў галаву ў цяжкім шлеме з металу і правадоў, каб убачыць, як ён будзе ўключаць апаратуру, але нечакана Сарторыус падняў руку і ўрачыста прамовіў:

— Доктар Кельвін! Прашу хвілінку ўвагі! Я не хачу вам навязваць сваё меркаванне, бо гэта не прывядзе да мэты, але вы не павінны думаць пра сябе, пра мяне, пра калегу Снаўта, наогул ні пра кога, павінны выключыць выпадковыя індывідуальнасці, пэўныя асобы і засяродзіцца на нашай агульнай справе. Зямля і Салярыс; пакаленні даследнікаў, якія складалі адно цэлае, хоць кожны чалавек мае свой пачатак і свой канец; наша паслядоўнасць у імкненні наладзіць інтэлектуальны кантакт; гістарычны шлях, што прайшло чалавецтва; упэўненасць у яго далейшым развіцці; гатоўнасць да любых ахвяр і цяжкасцей; гатоўнасць падпарадкаваць нашай Місіі любыя асабістыя пачуцці — вось тэмы, якія павінны цалкам запоўніць вашу свядомасць. Ход асацыяцый, праўда, не залежыць ад вашай волі, але ваша прысутнасць усё-такі дапаможа нам у эксперыменце. Калі ў вас не будзе ўпэўненасці, што вы справіліся з заданнем, прашу паведаміць нам, а калега Снаўт паўторыць запіс. Мы маем час...

Апошнія словы ён прамовіў з абыякавай усмешкай, усё гэтак жа холадна. Мне было непрыемна ад яго напышлівых, траскучых фраз. На шчасце, Снаўт перапыніў працяглую паўзу.

— Крыс, можна? — спытаў ён, абапёршыся на высокі пульт электраэнцэфалографа і крыху фамільярна нагнуўшыся да мяне.

Я быў удзячны яму за тое, што ён назваў маё імя.

— Можна, — адказаў я, заплюшчваючы вочы.

Хваляванне, якое ахапіла мяне, калі Снаўт, замацаваўшы электроды, узяўся за рубільнік, цяпер знікла; праз вейкі я ўбачыў ружовае святло кантрольных лямпачак на чорнай панелі апарата. Вільготныя і непрыемна халодныя металічныя электроды, якія, нібы манеты, абляпілі маю галаву, сталі цяплейшымі. Мне здавалася, што я — шэрая, неасветленая арэна. Натоўп нябачных гледачоў амфітэатрам акружаў пустэчу і маўчанне, у якім знікла мая іранічная пагарда да Сарторыуса і да Місіі. Напружанне ўнутраных назіральнікаў, якія імкнуліся сыграць імправізаваную ролю, спадала. «Хэры?» — у думках, правяраючы сябе, з неверагодным страхам вымавіў я гэтае імя, гатовы адразу ж адступіць. Але мая насцярожаная сляпая аўдыторыя не пратэставала. Нейкае імгненне я быў сама пяшчота, шчыры смутак, быў гатовы да цярпення і бясконцых ахвяраў: Хэры, без абрысаў, без формы, без твару, запоўніла мяне. І хутка яе невыразная адчайная пяшчота саступіла вобразу Гізэ. Бацька салярыстыкі і салярыстаў з'явіўся ў шэрай цемры ў сваёй прафесарскай велічы, я думаў не пра гразевы выбух, не пра смуродлівую бездань, якая праглынула яго залатыя акуляры і выпеставаныя сівыя вусы, я бачыў толькі гравюру на тытульнай старонцы манаграфіі — густа заштрыхаваны фон, на якім яго галава здавалася ў арэоле; яго твар не рысамі, а выявай добрапрыстойнасці, старамоднай разважлівасці нагадваў твар майго бацькі, і ў рэшце рэшт я нават не ведаў, хто з іх пазірае на мяне. У абодвух не было магілы — у наш час гэта здараецца так часта, што не выклікае асаблівага хвалявання.

Карціна знікла, і на нейкі час (не ведаю, на які) я забыўся пра Станцыю, пра эксперымент, пра Хэры, пра чорны Акіян — пра ўсё; у мяне ўспыхнула ўпэўненасць, што гэтыя двое — ужо не існуючыя, бясконца маленькія, якія зрабіліся тленам — саўладалі з усім, што выпала на іх долю... Адкрыццё супакоіла мяне, і безаблічны нямы натоўп вакол шэрай арэны, які чакаў майго паражэння, растварыўся. У тое ж імгненне нешта двойчы пстрыкнула — выключылі апаратуру. Штучнае святло асляпіла, я зажмурыўся. Сарторыус дапытліва пазіраў на мяне, стоячы ў ранейшай паставе; Снаўт, павярнуўшыся да яго спінай, мітусіўся ля апарата, знарок шлэпаючы тапачкамі, якія звальваліся з ног.

— Як вы лічыце, доктар Кельвін, ці атрымалася? — пачуўся гугнявы, непрыемны голас Сарторыуса.

— Думаю, што так, — адказаў я.

Мой перакананы, рэзкі тон на імгненне збіў важнасць Сарторыуса.

— Добра, — мармытнуў ён і азірнуўся, не ведаючы, чым яшчэ заняцца.

Снаўт падышоў да мяне і пачаў здымаць бінт.

Я ўстаў і прайшоў па зале, а тым часам Сарторыус, які знік у цёмным пакоі, вярнуўся з праяўленай і высушанай плёнкай. На дзесяці метрах стужкі былі відаць дрыготкія зубчастыя лініі, падобныя на белую плесню або на павуцінку на чорным слізкім цэлулоідзе.

Я быў вольны, але ісці адсюль не хацелася. Снаўт і Сарторыус уставілі ў аксідную галоўку мадулятара плёнку, канец якой насуплены і недаверлівы Сарторыус прагледзеў яшчэ раз, нібыта спрабуючы расшыфраваць сэнс трапяткіх ліній.

Зараз эксперымент ішоў за межамі лабараторыі. Сарторыус і Снаўт стаялі кожны ля свайго пульта і займаліся апаратурай. Слаба загулі трансфарматары, а затым толькі агеньчыкі на вертыкальных зашклёных трубках індыкатараў пабеглі ўніз, паказваючы, што вялікі тубус рэнтгенаўскай устаноўкі апускаецца па стромкай шахце і павінен спыніцца ў яе гарлавіне. У гэты час агеньчыкі застылі на сама ніжніх дзяленнях шкалы. Снаўт пачаў павялічваць напружанне, пакуль стрэлкі, а дакладней, белыя палосы, што замянілі іх, не зрабілі паварот управа. Ледзь чутна гуло напружанне, нічога тут не адбывалася, бабіны з плёнкай нябачна круціліся пад накрыўкай, — лічыльнік метражу ціхенька тахкаў, нібыта гадзіннік.

Хэры пазірала паўзверх кнігі то на мяне, то на Снаўта і Сарторыуса. Я падышоў да яе. Яна павярнулася да мяне. Эксперымент скончыўся, Сарторыус паволі наблізіўся да вялікай конусападобнай галоўкі апарата.

— Пайшлі?.. — аднымі губамі спыталася Хэры.

Я кіўнуў. Хэры ўстала. Ні з кім не развітваючыся — на мой погляд гэта было недарэчна, — я прайшоў міма Сарторыуса.

Надзіва прыгожы захад асвятляў ілюмінатары верхняга калідора. Гэта быў не звыклы, змрачнаваты, крывава-чырвоны захад — зараз ён пераліваўся ўсімі адценнямі ружовага колеру, прыглушанага смугой, абсыпанага сярэбраным пылам. Здавалася, што цяжкая, лянівая, ледзьве рухомая чарната бясконцай раўніны Акіяна адказвала на далікатнае ззянне бура-фіялетавым мяккім водбліскам. Толькі ў самым зеніце неба заставалася надзіва рыжым.

Я затрымаўся ў ніжнім калідоры. Я баяўся нават падумаць, што мы зноў будзем зняволеныя ў сваёй кабіне, як у турме, адзін на адзін з Акіянам.

— Хэры, — сказаў я, — ведаеш... я схадзіў бы ў бібліятэку... Ты не супраць?

— Добра, я пашукаю што-небудзь пачытаць, — адказала яна з напускной жвавасцю.

Я адчуваў, што ад учарашняга дня між намі ўтварылася нейкая трэшчына і што трэба праявіць хоць крыху чуласці, але не мог пераадолець абыякавасці. Нават не ўяўляю, што магло б вывесці мяне з гэтай апатыі. Мы вярталіся па калідоры, затым па схіле спусціліся ў маленькі тамбур з трыма дзвярыма, паміж імі за шклом раслі вазоны.

Сярэднія дзверы, што вялі ў бібліятэку, былі з абодвух бакоў абабіты шурпатай штучнай скурай; адчыняючы іх, я кожны раз стараўся не зачапіць яе. У вялікай круглай зале з бледна-срабрыстай столлю, з сімвалічнымі выявамі сонечнага дыска было крыху халадней.

Я дакрануўся рукой да збору класічных прац па салярыстыцы і ўжо хацеў дастаць першы том Гізэ, той, з гравюрай на франтыспісе, якую прыкрывала папяросная папера, але раптам убачыў не заўважаны раней тоўсты, восьмага фармату том Гравінскага.

Я ўсеўся ў крэсла. Было ціха. За крок ад мяне Хэры гартала нейкую кніжку, я чуў шамаценне старонак. Даведнік Гравінскага, які студэнты звычайна выкарыстоўвалі як звычайную «шпаргалку», уяўляў зборнік усіх салярыстычных гіпотэз, размешчаных па алфавіце: ад «Абіялагічнай» да «Ядзернай». Кампілятар Гравінскі, які ніколі нават не бачыў Салярыс, капаўся ва ўсіх манаграфіях, пратаколах экспедыцый, у даўніх запісах і данясеннях, нават уважліва вывучыў вытрымкі з прац планетолагаў, якія займаліся іншымі сусветамі. Ён склаў каталог з фармулёўкамі, такімі кароткімі, што іхняя лапідарнасць часам пераходзіла ў трывіяльнасць, бо губляўся тонкі, складаны ход думкі даследнікаў. Зрэшты, праца, задуманая як энцыклапедычная, аказалася проста кур'ёзам. Том выйшаў дваццаць гадоў таму, і за гэты час з'явіўся цэлы стос новых гіпотэз, якія не ўвайшлі ні ў адну кнігу. Я праглядаў алфавітны паказальнік аўтараў, нібыта спіс загінуўшых, — большасць памерлі ўжо, а сярод жывых бадай ніхто ўжо не працаваў у салярыстыцы. Такое багацце думак стварала ілюзію, што хоць нейкая гіпотэза можа быць слушнай, немагчыма было ўявіць, што рэчаіснасць не адпавядае мірыядам меркаванняў, выкладзеных тут. У сваёй прадмове Гравінскі падзяліў на перыяды вядомыя яму шэсцьдзесят гадоў салярыстыкі. Пад час першага, пачатковага перыяду даследавання планеты Салярыс ніхто, уласна, не вылучаў гіпотэз. Тады інтуітыўна, як падказваў «здаровы сэнс», лічылася, што Акіян — мёртвы хімічны кангламерат, пачварная глыба, сцюдзяністая маса, якая абмывае планету і стварае дзіўныя ўтварэнні дзякуючы сваёй квазівулканічнай дзейнасці. Акрамя таго, спантанны аўтаматызм працэсаў стабілізуе непастаянную арбіту планеты, накшталт таго, як маятнік захоўвае нязменнай плоскасць свайго руху. Праўда, праз тры гады Машанон выказаў меркаванне, што «сцюдзяністая машына» па сваёй прыродзе нагадвае штосьці жывое. Але Гравінскі датаваў перыяд біялагічных гіпотэз дзевяццю гадамі пазней, калі большасць вучоных стала падзяляць думку Машанона. Наступныя гады вылучылі новыя тэорыі жывога Акіяна, надта складаныя, дэталёва распрацаваныя, падмацаваныя біяматэматычным аналізам. Трэці перыяд быў часам распаду адзінага фронту вучоных.

З'явілася шмат школ, якія часам адчайна змагаліся між сабой. Гэта быў час дзейнасці Панмалера, Штробля, Фрэйгаўза, Ле-Грэя, Асіповіча. Уся спадчына Гізэ была раскрытыкавана. З'явіліся першыя атласы, каталогі, стэрэафотаздымкі асіметрыяд, якія да гэтага часу лічыліся ўтварэннямі, што не паддаюцца вывучэнню. Пералом наступіў дзякуючы новай апаратуры з дыстанцыйным кіраваннем, яе накіроўвалі ў бурлівыя глыбіні веліканаў, якія маглі выбухнуць у любую секунду. Пад час шумных агульных спрэчак чуліся асобныя нясмелыя галасы мінімалістаў: нават калі не ўдасца наладзіць славуты «кантакт» з «разумнай пачварай», то вывучэнне застылых гарадоў мімоідаў і шарападобных гор, якія Акіян вывяргае, каб зноў праглынуць, даюць магчымасць атрымаць безумоўна каштоўныя хімічныя і фізіка-хімічныя даныя, новыя звесткі аб малекулах-гігантах. Менавіта ў гэты перыяд з'явіліся актуальныя да нашых дзён каталогі тыповых пераўтварэнняў, біяплазматычная тэорыя мімоідаў Франка, хоць і адкінутая як фальшывая, яна да гэтага часу засталася ўзорам шырыні мыслення і бліскучай логікі.

Тыя трыццаць з гакам гадоў, што лічацца «перыядам Гравінскага», былі часам наіўнай маладосці, стыхійнага аптымістычнага рамантызму, нарэшце, сталай салярыстыкі, пазначанай першымі скептычнымі галасамі. Ужо напрыканцы дваццацігоддзя ўзніклі гіпотэзы пра псіхалагічны характар Акіяна. Гэта было вяртанне да першых калоідна-механістычных тэорый, як бы працяг іх. Тады пошукі праяў свядомай волі, мэтанакіраванасці працэсаў, дзеянняў, матываваных унутранымі патрэбамі Акіяна, былі аб'яўлены аберацыямі цэлага пакалення вучоных. З часам гэтыя доказы былі разбітыя з публіцыстычным імпэтам, што падрыхтавала грунт для цвярозых, аналітычна абгрунтаваных, сканцэнтраваных на скрупулёзнай фактаграфіі даследаванняў групы Халдана, Іянідаса, Століва. Гэта была эпоха імклівага разбухання архіваў, мікрафільмаў, картатэк вялізнай колькасці экспедыцый, якія мелі багата розных прыбораў, самапісцаў-рэгістратараў, аптыметраў, зондаў — усяго, што толькі магла даць Зямля. Былі гады, калі ў даследчай працы прымала ўдзел адначасова больш за тысячу чалавек. Тэмп бясконцага нагрувашчвання матэрыялаў усё яшчэ нарастаў, а імпэт вучоных пайшоў ужо на спад. Яшчэ ў аптымістычны перыяд пачаўся заняпад эксперыментальнай салярыстыкі, часавыя рамкі якога цяжка вызначыць.

Гэты перыяд характарызавалі найперш такія яркія, смелыя індывідуальнасці, як Гізэ, Штробль або Севада. Севада — апошні з вялікіх салярыстаў — загінуў пад час таямнічых абставін у раёне паўднёвага полюса планеты. Памылка, якую ён дапусціў, недаравальная нават навічку. На вачах сотні назіральнікаў ён скіраваў лятальны апарат, які ляцеў нізка над Акіянам, у глыбіню «мігценніка», што адкрыта саступаў яму дарогу. Казалі пра раптоўны прыступ слабасці, страту прытомнасці або няспраўнасць руля, на самай жа справе, як я цяпер думаю, гэта было першае самагубства, першы адкрыты выбух роспачы.

І не апошні. Але ў Гравінскага пра гэта нічога не сказана, я сам згадваў даты, факты і падрабязнасці, калі гартаў пажоўклыя старонкі.

Зрэшты, патэтычных замахаў на ўласнае жыццё пазней не было. Зніклі яркія індывідуальнасці. Ніхто не даследаваў, чаму тыя або іншыя вучоныя прысвячаюць сябе пэўнай сферы планеталогіі. Людзі з вялікімі здольнасцямі і моцнай сілай волі нараджаюцца дастаткова часта, але прадбачыць іх жыццёвы выбар немагчыма. Іх удзел або ігнараванне пэўнай галіны даследчай працы залежаць, бадай, толькі ад магчымых тут перспектыў. Па-рознаму ацэньваючы класікаў салярыстыкі, ніхто не можа аспрэчыць іх веліч, а часам і геніяльнасць. Найлепшых матэматыкаў, фізікаў, знакамітых людзей у галіне біяфізікі, тэорыі інфарматыкі, электрафізіялогіі цэлыя дзесяцігоддзі прывабліваў да сябе маўклівы велікан. І раптам армія даследнікаў з кожным годам пачала губляць сваіх палкаводцаў. Засталася шэрая, безаблічная маса цярплівых збіральнікаў, кампілятараў, таленавітых эксперыментатараў, але ўжо не было шматлікіх, задуманых у маштабе планеты, экспедыцый, смелых абагульняючых гіпотэз.

Салярыстыка ўвачавідкі станавілася бесперспектыўнай, і ў выніку гэтага нараджаліся бясконцыя, адрозныя толькі другаснымі дэталямі гіпотэзы пра дэгенерацыю, рэгрэсію, інвалюцыю салярысных мораў. Час ад часу з'яўляліся больш смелыя, цікавыя заключэнні, але ва ўсіх выказвалася думка, нібыта Акіян, які лічыўся канчатковым прадуктам развіцця, даўно, тысячагоддзі таму, перажыў перыяд сама высокай арганізацыі, а цяпер, аб'яднаны толькі фізічна, распадаецца на шматлікія непатрэбныя, бязглуздыя, аганальныя ўтварэнні. Манументальная, праз стагоддзі, агонія — так успрымалі Салярыс. У «даўгунах» або мімоідах бачылі прыкметы новых утварэнняў, шукалі ў працэсах, што адбываліся ў вадкай тушы, праявы хаосу і анархіі. Гэты накірунак стаў маніякальным, і ўся навуковая літаратура наступных сямі-васьмі гадоў, хоць, натуральна, і не ўжывала вызначэнняў, якія адкрыта выяўлялі пачуцці аўтараў, нагадвала цэлы шэраг зняваг — гэта была помста за сіратлівую, пазбаўленую палкаводцаў, безнадзейную справу салярыстаў, да якой аб'ект іх вывучэння заставаўся па-ранейшаму абыякавы, па-ранейшаму ігнараваў іх прысутнасць.

Я ведаў не ўключаныя ў гэты каталог салярыстычнай класікі, бадай што несправядліва, арыгінальныя працы некалькіх эўрапейскіх псіхолагаў, якія мелі з салярыстыкай даўнія зносіны, вывучалі грамадскую думку, збіралі сама звычайныя, часам некампетэнтныя выказванні і выявілі дзіўную залежнасць адносін неспецыялістаў да гэтага пытання ад працэсаў, што адбываліся ў асяроддзі навукоўцаў.

У сферы каардынуючай групы інстытута планеталогіі, там, дзе вырашалася пытанне пра матэрыяльную падтрымку даследаванняў, таксама адбываліся змены — пастаянна, хоць і паступова, скарачаўся бюджэт салярыстычных інстытутаў і ўстаноў, фінансаванне экспедыцый на планету.

Галасы пра неабходнасць скарачэння даследаванняў злучаліся з патрабаваннямі выкарыстаць больш дзейсныя сродкі. Найбольш максімалісцкімі былі патрабаванні адміністратыўнага дырэктара Ўсезямнога касмалагічнага інстытута. Дырэктар настойліва пераконваў, што жывы Акіян не ігнаруе людзей, ён проста не заўважае іх, як слон — мураша, які паўзе па яго спіне, і, каб прыцягнуць увагу і сканцэнтраваць яе на нас, патрэбны магутныя раздражняльнікі і машыны-веліканы ў маштабах усёй планеты. Цікава, што, як з'едліва падкрэслівала прэса, такіх дарагіх мерапрыемстваў патрабаваў дырэктар Касмалагічнага інстытута, а не Інстытута планеталогіі, які фінансаваў салярыстычныя даследаванні. Гэта была шчодрасць за чужы кошт.

А пазней мітусня гіпотэз, крыху падноўленых, неістотна змененых, забыццё адных або перабольшаная ўвага да другіх, заводзіла салярыстыку, да гэтага часу зразумелую, нягледзячы на шматлікія адхіленні, у цёмныя і бесперспектыўныя завулкі лабірынта. У атмасферы агульнай абыякавасці, застою, расчаравання іншы акіян — акіян бясплодных публікацый супернічаў з салярысным.

За два гады да таго, як я, выпускнік Інстытута, стаў працаваць у лабараторыі Гібарыяна, быў заснаваны фонд Мета — Ірвінга, які прызначаўся для заахвочвання тых, хто знойдзе спосаб выкарыстання для патрэб чалавека энергіі акіянічнага глею. Гэта зваблівала і раней, і неаднойчы касмічныя караблі дастаўлялі на Зямлю груды плазматычнага сцюдзеню. Доўга і настойліва вывучалі спосабы яго кансервацыі, скарыстоўвалі высокія або нізкія тэмпературы, штучныя мікраатмасферу і мікраклімат, што адпавядалі салярысным, фіксавалі апраменьванне, прымянялі тысячу хімічных рэактываў — і ўсё дзеля таго, каб назіраць больш або менш вялы працэс распаду, зразумела, як і ўсе іншыя шматразова выкладзены сама найлепшым чынам у розных стадыях: самазнішчэння, высыхання, звадкавання, пярвічнага і другаснага, ранняга або позняга. Аналагічныя вынікі давалі ўсе пробы, якія браліся ў розных частках Акіяна і з утварэнняў плазмы. Адрозніваліся толькі шляхі, якія вялі да выніку, а ён быў аднолькавы: лёгкая, як попел, металёва бліскучая, вытанчаная аўтаферментацыяй субстанцыя. Яе састаў, суадносіны элементаў і хімічныя формулы кожны салярыст мог назваць нават у сне.

Усе спробы захаваць па-за планетай жыццё (альбо хоць часовую вегетацыю, нават пры звышнізкіх тэмпературах) большай або меншай часткі пачвары, заканчваліся няўдачай. Гэта паклала пачатак тэорыі, якую распрацавала школа Менье і Прароха, аб тым, што трэба адкрыць адну-адзіную таямніцу, і калі да яе будзе падабраны адпаведны ключ, усё стане зразумела...

На пошукі гэтага ключа, гэтага філасофскага каменя Салярыс дарэмна гублялі час і энергію людзі, якія часта не мелі ніякіх адносін да навукі, а ў чацвёртай дэкадзе існавання салярыстыкі стала гэтулькі камбінатараў-маньякаў, якія выйшлі з асяродкаў, не звязаных з навукай, і апантаных сваім захапленнем мацней, чым іхнія папярэднікі — прарокі «перпетуум-мобіле» і «квадратуры круга», што гэта ўжо набыло характар эпідэміі і турбавала некаторых псіхолагаў. Аднак праз некалькі гадоў страсці сціхлі. Калі я рыхтаваўся да палёту на Салярыс, праблема Акіяна і шум вакол яе ўжо даўно зніклі са старонак газет і з размоў, гэтыя пытанні больш не абмяркоўваліся.

Ставячы на паліцу том Гравінскага, я заўважыў — бо кнігі стаялі ў алфавітным парадку — маленькую, ледзь прыкметную сярод іншых фаліянтаў брашурку Гратэнстрама, якая таксама была адным з кур'ёзаў кніжнай салярыстыкі. Гэта была праца, скіраваная — у барацьбе за разуменне звышчалавечага — супраць саміх людзей, супраць чалавека, гэта своеасаблівы пасквіль на род чалавечы, праца самавука, хоць і вызначалася яна матэматычнай сухасцю. Спачатку ён надрукаваў шэраг нязвыклых дадаткаў да некаторых надта спецыфічных і другарадных раздзелаў квантавай фізікі. У гэтай сваёй галоўнай, хоць усяго на некалькі старонак, працы ён высільваўся паказаць, што навука, нават на першы погляд сама абстрактная, найбольш тэарэтычная, матэматычна абгрунтаваная, у сапраўднасці дасягнула не надта шмат — на крок альбо два аддалілася ад дагістарычнага, груба пачуццёвага, антрапамарфічнага разумення акаляючага нас свету. Вышукваючы ва ўраўненнях тэорыі адноснасці, у тэарэмах сілавога поля, парастатыцы, гіпотэзе адзінага касмічнага поля сляды цела, усё, што з'яўляецца вытворным нашых органаў пачуццяў, будовы нашага арганізма, абмежаванасці і ўбоства жывёльнай фізіялогіі чалавека, Гратэнстрам прыходзіў да канчатковых высноў — ні пра якія «кантакты» з нечалавекападобнымі цывілізацыямі не павінна быць і ніколі не будзе ніякай гаворкі. У пасквілі на ўвесь чалавечы род ні разу не згадваўся Акіян, які мае мажлівасць мысліць, але яго прысутнасць, у форме пагардліва ўрачыстага маўчання, адчувалася амаль у кожнай фразе. Ва ўсякім разе, калі я ўпершыню знаёміўся з брашурай Гратэнстрама, я ўспрымаў яе менавіта так. Гэта была дзіўная праца, якая не мела адносін да салярыстыкі ў звыклым разуменні. Яна знаходзілася ў класічным зборы толькі таму, што туды паставіў яе сам Гібарыян, які, зрэшты, і даў яе мне пачытаць.

З дзіўным, падобным на павагу, пачуццём я асцярожна паставіў на паліцу тонкі, без вокладкі адбітак. Я дакрануўся да зялёна-карычневага «Салярыстычнага альманаха». Хоць і панавалі вакол нас хаос і безнадзейнасць, нельга, аднак, аспрэчваць, што дзякуючы таму, што мы перажылі на працягу некалькіх сутак, мы разабраліся з шэрагам галоўных праблем, якія на працягу многіх гадоў служылі тэмай бясплодных спрэчак, дзеля вырашэння якіх было змарнавана мора чарніла.

Упарты і схільны да парадоксаў чалавек мог па-ранейшаму сумнявацца, што Акіян — жывы. Але аспрэчваць існаванне яго псіхікі — усё адно, што разумець пад гэтым словам, — было ўжо нельга. Стала відавочна, што Акіян рэагуе на нашу прысутнасць. Такое сцвярджэнне закрэслівала цэлы напрамак у салярыстыцы, які даказваў, што Акіян — «свет у сабе», «жыццё ў сабе», што ў выніку паўторнага адмірання ён пазбаўлены ранейшых органаў пачуццяў і таму ніяк не рэагуе на знешнія праявы і аб'екты; што Акіян сканцэнтраваны толькі на кругавароце вялізных цячэнняў, адрознасць якіх у здольнасці думаць, а іх крыніца, творца і стваральнік знаходзіцца ў бездані, якая бурапеніць пад двума сонцамі.

І далей: мы выявілі, што Акіян умее тое, чаго мы самі не ўмеем — ён штучна сінтэзуе чалавечае цела і нават удасканальвае яго, невядомым чынам мяняе субатамную структуру, відаць, у залежнасці ад пастаўленай мэты.

Значыць, Акіян існаваў, жыў, думаў, дзейнічаў. Магчымасць звесці «праблему Салярыс» да бязглуздзіцы або да нуля, меркаванне, што Акіян — зусім не істота, а таму мы нічога не губляем, — усё гэта закрэслівалася назаўсёды. Цяпер людзі, хочуць яны гэтага ці не хочуць, павінны ўлічваць такое суседства на шляху іх экспансіі, хоць зразумець яго цяжэй, чым увесь астатні Сусвет.

Верагодна, што мы знаходзімся на паваротным этапе гісторыі, думаў я. Рашэнне адступіцца, адысці магло быць актуальным зараз або ў хуткай будучыні, нават ліквідацыю самой Станцыі я лічыў магчымай і цалкам рэальнай. Я толькі не верыў, што гэта дасць хоць нейкую палёгку. Само існаванне велікана, які можа мысліць, заўсёды будзе турбаваць чалавека. Салярыс будзе вечным выклікам, кінутым чалавеку, нават калі мы абшнарым усю Галактыку і наладзім кантакты з іншымі цывілізацыямі падобных на нас істот.

І яшчэ адзін невялікі том у скураным пераплёце знайшоўся сярод штогоднікаў «Альманаха». Я ўглядаўся ў пераплёт, які запляміўся ад дотыку рук, пасля разгарнуў кнігу. Гэта было старое выданне, «Уводзіны ў салярыстыку» Мунтывуса. Мне прыгадалася ноч, якую я правёў за кнігай, і ўсмешка Гібарыяна, калі ён даваў мне свой экземпляр, і зямное святло ў акне, калі я дачытаў кнігу да канца. «Салярыстыка, — пісаў Мунтывус, — гэта своеасаблівая рэлігія касмічнага веку, вера ў апратках навукі; кантакт, мэта, да якой мы імкнёмся, такая ж замглёная і цёмная, як жыцці святых або прыход Месіі. Нашы даследаванні — гэта літургія ў метадалагічных формулах; пакорная праца вучоных — чаканых дабравесця, звеставання. Бо няма і не можа быць ніякай сувязі паміж Салярыс і Зямлёй. Гэтыя і шмат іншых фактаў — адсутнасць супольнага вопыту, агульных паняццяў, якімі можна абмяняцца, — салярысты адпрэчваюць, як вернікі адпрэчвалі аргументы, якія абвяргалі іхнюю веру. Зрэшты, на што спадзяюцца людзі, чаго яны чакаюць ад «наладжвання інфармацыйнай сувязі» з морамі, якія мысляць? Рэестра перажыванняў, звязаных з існаваннем, бясконцым у часе, існаваннем гэткім старадаўнім, што, бадай, самі моры не памятаюць свайго пачатку? Апісання жаданняў, азартных пачуццяў, надзей і пакут, што нараджаюцца ў жывых гарах пад час імгненных утварэнняў, пераўтварэння матэматыкі — у быццё; адзіноты і пакорлівасці — у існасць? Але ўсе гэтыя веды немагчыма ні перадаць, ні перакласці на зямную мову. Усялякі пошук каштоўнасці і значэння будзе марны. Зрэшты, не гэткіх, хутчэй паэтычных, чым навуковых адкрыццяў чакаюць прыхільнікі Кантакту. Нават не прызнаючыся сабе ў гэтым, яны чакаюць адкрыцця, якое раскрыла б перад імі сутнасць самога чалавека! Салярыстыка — адраджэнне даўно памерлых міфаў, яркая праява містычнага смутку, пра які чалавек не адважваецца гаварыць адкрыта, на ўвесь голас, а краевугольным каменем усяго будынка салярыстыкі з'яўляецца надзея на спакушэнне.

Але няздольныя прызнаць гэтую праўду салярысты старанна абыходзяць усялякае тлумачэнне Кантакту. Яны аднеслі яго да ліку святых, з часам ён стаў для іх вечнасцю і небам, хоць напачатку, яшчэ пры цвярозым падыходзе, Кантакт быў асновай, уступам, выйсцем на новую дарогу, адну з многіх...»

Просты і горкі аналіз Мунтывуса, гэтага «ерэтыка» планеталогіі, дасведчанага ў адмаўленні, у развенчванні салярыснага міфа, міфа аб місіі чалавека. Першы голас, які наважыўся прагучаць яшчэ ў рамантычны перыяд развіцця салярыстыкі, у перыяд поўнага даверу, быў цалкам праігнараваны, на яго ніхто не адгукнуўся. Усё гэта зразумела, бо калі прызнаць тлумачэнні Мунтывуса, то неабходна закрэсліць тую салярыстыку, якая існавала. Новая салярыстыка, цвярозая, непрадузятая, дарэмна чакала свайго фундатара. Праз пяць гадоў пасля смерці Мунтывуса, калі яго кніга стала бібліяграфічнай рэдкасцю, яе цяжка было знайсці ў Зборах як па салярыстыцы, так і па філасофіі, з'явілася школа яго імя, утварылася суполка нарвежскіх вучоных. Сярод паслядоўнікаў Мунтывуса было некалькі яркіх індывідуальнасцей, якія па-свойму тлумачылі яго спадчыну. У Эрла Энесона спакойнае выкладанне Мунтывуса змянілася з'едлівай іроніяй; у Фаэлангі яно ператварылася ў нейкую грубаватую ўжытковую, інакш кажучы — утылітарную салярыстыку. Фаэланга імкнуўся сканцэнтраваць усю ўвагу на канкрэтнай карысці, якую можна выціснуць з даследаванняў, і адпрэчыць усе фантастычныя спадзяванні на Кантакт, на сувязь двух інтэлектаў. Побач з бязлітасным, дакладным аналізам Мунтывуса працы ўсіх ягоных духоўных настаўнікаў здаюцца, аднак, другараднымі, калі зусім не папулярызатарскімі, выключэнне складаюць толькі творы Энесона і бадай што Такаты. Уласна, Мунтывус сам давёў усё да канца, назваўшы першы перыяд салярыстыкі перыядам «прарокаў» (да іх ён адносіў Гізэ, Голдэна, Севаду), другі — «вялікім расколам» (тады адзіная салярысная вера распалася на мноства сектаў, якія змагаліся між сабой). Мунтывус прадбачыў і трэці перыяд — дагматызму і схаластычнага закасцянення, які надыдзе, калі будзе вывучана ўсё, што толькі можна вывучыць. Але гэта не адбылося. Гібарыян, думаў я, меў усё ж рацыю, калі лічыў развагі Мунтывуса надзвычайным спрашчэннем, якое не брала пад увагу ўсё, што кантраставала ў салярыстыцы з элементамі веры; Гібарыян сцвярджаў, што ў салярыстыцы сама галоўнае не вера, а карпатлівая штодзённая праца, вывучэнне канкрэтнай, матэрыяльнай планеты, якая круціцца вакол двух сонцаў.

У кнігу Мунтывуса быў уваткнуты складзены папалам, зусім пажоўклы адбітак з квартальніка «Дадаткі да салярыстыкі», адна з першых прац Гібарыяна, якую ён напісаў, калі не быў яшчэ кіраўніком Інстытута. Пасля назвы «Чаму я стаў салярыстам» ішоў кароткі, амаль канспектыўны пералік з'яў, якія даказвалі рэальную магчымасць Кантакту. Гібарыян належаў да таго бадай што апошняга пакалення даследнікаў, у якога хапіла адвагі прыняць эстафету першых поспехаў салярыстыкі і не адмовіцца ад своеасаблівай, што выходзіць за межы навукі, веры, зрэшты, зусім матэрыялістычнай, веры ў плённасць намаганняў, калі яны дастаткова настойлівыя і працяглыя.

Гібарыян грунтаваўся на добра вядомых, класічных даследаваннях біяэлектронікаў эўразійскай школы: Хо Ён, Міна, Нг'яні і Кавакадзе; іх працы прадэманстравалі, што існуе нейкае падабенства паміж электрычнымі імпульсамі і пэўнымі разрадамі энергіі, якія адбіваюцца ў плазме Акіяна, што папярэднічаюць узнікненню такіх утварэнняў, як поліморфы (на пачатковых стадыях) і блізняты салярыды. Гібарыян адпрэчыў антрапамарфічныя інтэрпрэтацыі, розныя містыфікацыі псіхааналітычных, псіхіятрычных, нейрафізіялагічных школ, якія спрабавалі перанесці на глеевы Акіян чалавечыя захворванні, напрыклад, эпілепсію (аналогію якой яны бачылі ў сутаргавых вывяржэннях асіметрыяд). Сярод прыхільнікаў Кантакту ён быў адзін з найбольш асцярожных і цвярозых вучоных і зусім не пераносіў сенсацый, якія, праўда, усё радзей выпадалі на долю таго ці іншага адкрыцця. Дарэчы, гэткай таннай сенсацыяй стала мая дыпломная праца. Яна знаходзілася недзе тут, у бібліятэцы. Праца, вядома, была не апублікавана, а проста скапіраваная на плёнку, яна захоўвалася сярод мікрафільмаў. У сваёй працы я абапіраўся на цікавыя даследаванні Бергмана і Рэйнальдса. Ім удалося з мазаікі розных працэсаў выдзеліць і «адфільтраваць» кампаненты, што суправаджалі сама моцныя эмоцыі: адчай, жалобу, асалоду. Я ж супаставіў гэтыя звесткі з разрадамі акіянічных імпульсаў, вызначыў амплітуду і профілі крывых (на пэўных участках вяршынь сіметрыяд, ля асновы няспелых мімоідаў і інш.) і выявіў паміж імі аналогію, што заслугоўвае ўвагі. Адразу ж у бульварнай прэсе з'явіліся публікацыі пад блазенскімі назвамі накшталт «Студзіна ў адчаі» або «Планета ў аргазме». Але ўсё гэта мне толькі дапамагло (ва ўсякім разе я лічыў так да нядаўняга часу). Гібарыян, як і іншыя салярысты, не чытаў усіх прац па салярыстыцы (іх з'яўляліся тысячы), а тым болей прац навічкоў. Але на мяне ён звярнуў увагу, і я атрымаў ад яго ліст. Гэты ліст закончыў адзін і распачаў другі этап майго жыцця.

 

СНЫ

 

Праз шэсць дзён мы паўтарылі эксперымент, бо Акіян ніяк не рэагаваў на яго. Станцыя, якая да гэтага вісела нерухома на перасячэнні сорак трэцяй паралелі са сто шаснаццатым мерыдыянам, паплыла, застаючыся на вышыні чатырохсот метраў над узроўнем Акіяна, у паўднёвым напрамку, дзе, згодна з паведамленнямі радарных чуйнікаў і радыёграм Сатэлоіда, актыўнасць плазмы павялічылася.

Двое сутак змадуляваны маёй энцэфалаграмай пучок прамянёў з інтэрваламі некалькі гадзін наносіў нябачныя ўдары па амаль што гладкай паверхні Акіяна.

Напрыканцы другіх сутак мы былі ля самага полюса. Не паспяваў дыск блакітнага сонца схавацца за гарызонтам, як на супрацьлеглым баку хмары наліваліся бурштынам, папярэджваючы аб узыходзе чырвонага. Бясконцая чарната Акіяна і пустое неба над ім запаўняліся тады асляпляльнай гульнёй фарбаў: рэдкія, ядавіта-зялёныя, з водбліскам распаленага металу прамяні сутыкаліся з прыглушанымі пурпуровымі сполахамі, Акіян перасякалі прамяні двух супрацьлеглых дыскаў, двух палаючых ачагоў — ртутнага і барвовага. Варта было з'явіцца ў зеніце сама лёгкаму воблачку, як водбліскі на цяжкай пене, якая сцякала з грабянёў хваль, станавіліся непраўдзіва вясёлкавымі. Адразу ж пасля заходу блакітнага сонца на паўночным захадзе з'явілася сіметрыяда — пра яе папярэдзілі ўжо сігналізатары. Яна была ледзь бачная ў рыжаватым тумане і толькі люстрана паблісквала, нібыта вялізная шкляная кветка, якая вырасла там, дзе неба злівалася з акіянскай пенай. Станцыя не змяніла курсу, і праз чвэрць гадзіны калос, які ззяў рубінавым святлом, зноў схаваўся за гарызонтам. Мінула яшчэ некалькі хвілін, высокі тонкі слуп, асновы якога мы не бачылі, бязгучна падняўся ў атмасферу на некалькі кіламетраў, засведчыўшы тым самым пагібель сіметрыяды. Адна палова слупа ззяла крывавым святлом, а другая была падобная на ртуць; ён вырас, як двухколернае дрэва, затым ператварыўся ў грыбападобнае воблака, верхняя частка яго, якую адносіў вецер, знікла ў прамянях двух сонцаў, а ніжняя паволі ападала, своеасаблівымі гронкамі заняўшы трэць гарызонту. Праз гадзіну знік і апошні след гэтага відовішча.

Мінула яшчэ двое сутак, эксперымент паўтарылі апошні раз, рэнтгенаўскія прамяні абшарылі ўжо значную частку Акіяна, на поўдні з'явіліся выдатна бачныя з нашай вышыні, хоць і было больш за трыста кіламетраў, Арэніды — ланцуг з шасці скалістых вяршыняў. Пікі Арэнід здаваліся заледзянелымі, але на самай справе іх пакрываў налёт арганічнага паходжання — горны ланцуг некалі быў дном Акіяна.

Мы памянялі курс, скіраваўшы на паўднёвы ўсход, і праз нейкі час ішлі ўздоўж горнага бар'ера, які зліваўся з хмарамі, тыповымі для чырвонага дня; пасля ўсё знікла. Мінула дзесяць дзён з часу першага эксперымента.

За ўвесь гэты час на Станцыі нічога не адбылося. Аўтаматычная апаратура паўтарала эксперымент згодна з распрацаванай Сарторыусам праграмай, і я нават не ведаю, ці кантраляваў хто-небудзь дзеянні аўтаматаў. І ўсё адно на Станцыі нешта адбывалася. Зрэшты, не паміж людзьмі. Я баяўся, што Сарторыус зноў запатрабуе пачаць працу над анігілятарам; акрамя таго, я чакаў, як адрэагуе Снаўт, калі даведаецца ад Сарторыуса, што я падмануў яго, перабольшыўшы небяспеку, якую магло выклікаць знішчэнне нейтрыннай матэрыі. Аднак нічога не здарылася, і на першым часе я не мог даўмецца, у чым справа. Вядома, я разлічваў на нейкую лавушку, лічыў, што падрыхтоўка і сама праца трымаюцца ў тайне, і таму кожны дзень зазіраў у памяшканне без акон пад галоўнай лабараторыяй — там знаходзіўся анігілятар. Ні разу нікога я там не заспеў; калі меркаваць па слою пылу, які пакрываў ахоўны кажух і кабелі, да апаратуры ніхто не дакранаўся шмат тыдняў.

Снаўт, як і Сарторыус, таксама некуды знік, і з ім нельга было звязацца — яго відэафон не адказваў. Нехта, відаць, кіраваў рухам Станцыі, але хто канкрэтна — не ведаю, бо мяне гэта, як ні дзіўна, мала турбавала. Я быў зусім абыякавы і да таго, што Акіян ніяк не рэагаваў на доследы; праз два-тры дні я не толькі перастаў чакаць альбо баяцца нейкай рэакцыі, а наогул забыўся і пра яе, і пра эксперымент. Я цэлымі днямі праседжваў у бібліятэцы альбо ў кабіне разам з Хэры, якая хадзіла за мной, як цень. Я бачыў, што нашы справы дрэнь і што гэткі стан тупой апатыі не можа доўжыцца бясконца. Трэба было неяк пераадолець яго, нешта памяняць у нашых адносінах, але я не мог прыняць ніякага рашэння і адганяў ад сябе нават думку пра перамены. Магу патлумачыць гэта толькі адным — мне здавалася, што ўсё на Станцыі, і асабліва нашы ўзаемаадносіны з Хэры, знаходзіцца ў стане надзвычай няўстойлівай раўнавагі і ад любога штуршка разваліцца. Чаму? Не ведаю. Дзіўна, што Хэры адчувала тое ж самае. Калі я думаю цяпер пра гэта, мне ўяўляецца, што няпэўнасць, няўстойлівасць, прадчуванне магчымага землятрусу былі выкліканы пранізваючай усю Станцыю прысутнасцю, якая нічым іншым сябе не выяўляла. Хоць, магчыма, на прысутнасць што-нішто звяртала ўвагу, а менавіта — сны. Ні раней, ні пасля — ніколі ў мяне не было гэткіх прывідаў, таму я вырашыў запісваць іх. Дзякуючы запісам я магу зараз паспрабаваць расказаць пра свае сны, але расказ мой будзе фрагментарным і пазбаўленым непаўторнай разнастайнасці прывідаў. Нейкім незразумелым чынам у прасторы, дзе не было неба, зямлі, падлогі, столі, сцен, я, ці то скурчаны, ці то звязаны, апынаўся ў чужой мне субстанцыі, урастаў у нежывую, нерухомую, бясформенную глыбу, а можа, я і сам станавіўся глыбай, цела маё знікла, вакол мяне снавалі ледзь прыкметныя ружовыя плямы, яны плавалі ў асяроддзі, якое па аптычных уласцівасцях адрознівалася ад паветра: толькі на вельмі блізкай адлегласці рэчы набывалі выразныя — нават занадта, ненатуральна выразныя — абрысы. Увогуле ў маіх снах наваколле было значна больш канкрэтным і матэрыяльным, чым на самай справе. Калі я прачынаўся, то адчуваў дзіўны стан: рэальнасцю, сапраўднай рэальнасцю быў сон, а тое, што я бачыў, калі расплюшчваў вочы, — толькі яе бледны адбітак.

Такі быў пачатак, той клубочак, з якога размотвалася нітка сноў. Вакол мяне нешта чакала свайго вырашэння, маёй унутранай згоды, а я адчуваў — штосьці ўнутры ў мяне адчувала — я не павінен паддавацца незразумелай спакусе, бо чым большая спакуса, тым страшнейшы канец. Уласна, я гэтага не ведаў. Калі б я гэта ведаў, то баяўся б, а страху я не адчуваў. Я чакаў. З ружовага туману вакол мяне нараджаўся першы дотык, я, нерухомы, як калода, застыў у той масе, што была навокал і паралізавала мяне, я не мог ні адсунуцца, ні паварушыцца, а тое нешта абмацвала маю турму сляпымі і адначасова зрокавымі дотыкамі і станавілася рукой, якая стварала мяне; да гэтай хвілі я быў сляпы, і вось я пачынаю бачыць — пад пальцамі, якія абмацваюць мой твар, з нічога нараджаюцца мае губы, шчокі, і разам з тым, як гэты падзелены на бясконца малыя долі дотык пашыраецца, у мяне з'яўляецца і твар, і дыханне, выкліканыя з небыцця гэтым актам стварэння — узаемным, бо і я, якога ствараюць, таксама ствараю — і ўзнікае твар, якога я ніколі ў жыцці не бачыў, чужы і знаёмы, я спрабую зазірнуць яму ў вочы, але не магу — усе прапорцыі парушаны, няма ніякіх напрамкаў, проста ў малітоўным маўчанні мы спазнаём адно аднаго і становімся адно адным. І вось ужо я стаў самім сабой, але ў ступені бясконцасці, а тая іншая істота — жанчына? — знерухомела разам са мной. У нас адзін пульс, мы — адно цэлае, і вось у гэтую замаруджаную сцэну, па-за якой нічога не існуе і не можа існаваць, закрадваецца нешта незвычайна жорсткае, немажлівае, ненатуральнае. Той самы дотык, які стварыў нас і залатым покрывам ахінуў нашыя целы, ператвараецца ў мірыяды злосных джалаў. Нашыя целы, голыя і белыя, расплываюцца, чарнеюць, аблепленыя мноствам чарвякоў, якія выходзяць з нас, як паветра. І вось ужо я станаўлюся — мы становімся — я станаўлюся бліскучым, сплеценым і расплеценым зноў, ліхаманкава вёрткім клубком, які не канчаецца і не скончыцца; у гэтай бясконцасці я і сам бясконцы, бязгучна крычу, малю пра канец і раптам якраз у гэтае імгненне разбягаюся адразу, ва ўсе бакі, і ўва мне расце спачуванне, у шмат разоў мацнейшае, чым на самай справе, сканцэнтраванае дзесьці ў чорнай і чырвонай далячынях спачуванне, якое то цвёрдае, як скала, то бліскучае агнём іншага сонца і іншага свету.

Гэта — самы просты сон, іншыя я не здолею расказаць, бо страх, перажыты ў іх, нельга параўнаць ні з чым на свеце. У сне я нічога не ведаў пра існаванне Хэры, дзённыя ўражанні і перажыванні наогул не адбіваліся ў маіх снах.

Былі і іншыя сны, калі ў застылай, мёртвай цемры я адчуваў сябе аб'ектам скрупулёзных, няспешных даследаванняў, без усялякіх вядомых нам інструментаў; гэта быў дотык, драбленне, растварэнне аж да абсалютнага знікнення, а за ўсім гэтым — за маўчаннем, за паступовым знішчэннем — стаяў страх: ранкам толькі ад успамінаў пра яго пачынала трымцець сэрца.

А дні доўжыліся — аднастайна, сонна, бясколерна, прыносілі самотную агіду да ўсяго. Я баяўся толькі начэй, але не ведаў, як ад іх уратавацца. Хэры магла зусім не спаць, я таксама імкнуўся да гэтага. Я цалаваў і лашчыў яе, разумеў, што справа тут не ў ёй і не ўва мне; мне проста страшна заснуць. Хоць я ні слова не казаў Хэры пра свае кашмары, яна, відаць, пра нешта здагадвалася: у яе пакорлівасці я адчуваў маўклівую крыўду і пачуццё знявагі, але нічога зрабіць не мог. Я ўжо казаў, што за ўвесь час не бачыўся ні са Снаўтам, ні з Сарторыусам. Аднак Снаўт часам заяўляў пра сябе — зрэдку запіскай, а часцей выклікам па відэафоне. Ён пытаўся, ці не заўважыў я якой-небудзь новай з'явы, нейкіх перамен, чаго-небудзь, што магло быць рэакцыяй на гэтулькі разоў паўтораны эксперымент. Я адказваў адмоўна і сам пытаўся пра тое ж самае. Снаўт на экране толькі круціў галавой.

На пятнаццаты дзень пасля заканчэння эксперымента я прачнуўся раней звычайнага і быў так змучаны кашмарамі, што ніяк не мог ачомацца, нібыта пасля глыбокага наркозу. Праз незацемнены ілюмінатар падалі першыя промні чырвонага сонца, цэлая рака пурпуровага агню перасякала гладкую паверхню Акіяна, і я заўважыў, што паверхня, якая да гэтага часу была безжыццёвая, становіцца мутнай. Яна ўжо была не чорная, а пабялела, нібыта яе ахінула імгла, імгла і на самай справе была даволі густая. Дзе-нідзе ўзнікалі неспакойныя асяродкі, затым бязмэтны рух ахапіў усю бачную прастору. Чорную паверхню закрыла смуга, светла-пурпуровая на грабянях хваляў і жамчужна-карычневая ва ўпадзінах. Спачатку гульня фарбаў стварала з гэтага дзіўнага акіянскага покрыва доўгія шэрагі застылых хваляў, пасля ўсё перамяшалася, увесь Акіян пакрыўся пенай, вялізныя лахманы яе ўздымаліся ўгору і пад Станцыяй і вакол яе. З усіх бакоў адначасова ўзляталі ў рыжае, пустое неба перапончатакрылыя пенныя воблакі, не падобныя на звычайныя хмары. Іхнія берагі напаўняліся паветрам, як шары. На фоне нізка палаючага над гарызонтам сонечнага дыска адны здаваліся вугольна-чорнымі, іншыя, у залежнасці ад таго, пад якім вуглом асвятлялі іх промні ўсходу, успыхвалі рыжымі, вішнёвымі, малінавымі водбліскамі. Здавалася, Акіян лушчыцца, крывавыя шматкі то адкрывалі чорную паверхню, то засланялі яе новым налётам зацвярдзелай пены. Некаторыя ўтварэнні ўзляталі ўгору зусім блізка, за некалькі метраў ад ілюмінатараў, а адно сваім шаўкавістым з выгляду берагам нават зачапіла шкло. Тыя ж раі, што ўзляцелі першыя, былі ўжо ледзь бачныя, як птушкі, што разляцеліся ва ўсе бакі, яны расплываліся, знікалі ў зеніце.

Станцыя знерухомела і стаяла на адным месцы каля трох гадзін, а незвычайнае з'явішча не знікала. Нарэшце, калі сонца сышло ўжо за гарызонт, Акіян пад намі ахутала цемра, мірыяды лёгкіх ружаватых сілуэтаў бясконцымі вяршынямі ўздымаліся ў неба ўсё вышэй і вышэй, быццам слізгалі па нябачных струнах. І гэтае небывалае ўзнясенне доўжылася да поўнай цемры.

Усё гэтае з'явішча, страшнае сваім спакоем, уразіла Хэры, але я ніяк не мог яго растлумачыць: мне, салярысту, яно было такое ж новае і незразумелае, як і ёй. Зрэшты, формы і ўтварэнні, не адзначаныя нідзе ў сістэматыцы, можна назіраць на Салярыс два-тры разы за год, а калі пашанцуе — то і часцей.

Наступнай ноччу, прыкладна за гадзіну да ўсходу блакітнага сонца, мы сталі сведкамі яшчэ аднаго феномена:

Акіян фасфараваў. Спачатку на яго нябачнай у цемры паверхні дзе-нідзе з'явіліся плямы святла, а дакладней, слабае свячэнне, бялявае, размазанае, якое рухалася разам з хвалямі. Плямы злучаліся, павялічваліся, нарэшце прывіднае ззянне дасягнула лініі гарызонту. Інтэнсіўнасць ззяння нарастала на працягу прыкладна пятнаццаці хвілін; затым усё скончылася дзіўным чынам: Акіян стаў патухаць, з захаду насоўваўся фронт цемры шырынёй у некалькі соцень міль, а калі ён дасягнуў Станцыі і мінуў яе, усё яшчэ ахопленая ззяннем частка Акіяна, якая фасфаравала, стала падобнай на адступіўшае на ўсход і застылае высока ў небе зарыва. Калі зарыва дасягнула гарызонту, яно стала падобным на паўночнае ззянне і адразу знікла. Неўзабаве зноў узышло сонца, і зноў пад ім распасцерлася нежыццёвая пустыня, зрэзаная маршчынамі хваляў, якія пасылалі ў ілюмінатары Станцыі ртутныя водбліскі. Ззянне Акіяна было апісана ўжо неаднойчы; часта яго назіралі перад выбухам асіметрыяд, наогул жа яно было тыповай прыкметай лакальнага павелічэння актыўнасці плазмы. Аднак за наступныя два тыдні ні на Станцыі, ні за яе межамі нічога не адбылося. Толькі аднойчы, пасярод ночы, я пачуў далёкі крык, які даносіўся адначасова ніадкуль і адусюль. Гэты крык быў незвычайна высокі, рэзкі і працяглы, быццам у сто разоў узмоцнены плач немаўляці. Раптоўна абуджаны ад кашмару, я доўга ляжаў і прыслухоўваўся, не зусім перакананы, што мне не сніцца і гэты крык. Напярэдадні з лабараторыі, якая часткова размешчана над нашай кабінай, чуліся прыглушаныя водгукі, нібыта там перасоўвалі цяжкі груз або апаратуру; мне здалося, што крык таксама чуецца наверсе, зрэшты, было незразумела, як ён пранікае праз гуканепранікальны слой, які падзяляе абодва ярусы. Гэты перадсмяротны крык доўжыўся амаль паўгадзіны. Мокры ад поту, амаль што шалёны, я хацеў ужо кінуцца наверх, бо нервы мае не вытрымлівалі. Але нарэшце крык сціх, і зноў было чуваць, як перасоўвалі нешта цяжкае.

Праз два дні, вечарам, калі мы з Хэры сядзелі на маленькай кухні, раптоўна ўвайшоў Снаўт. Ён быў у касцюме, сама сапраўдным, такім, якія носяць на Зямлі. У ім Снаўт здаваўся вышэйшым, старэйшым. Не звяртаючы ўвагі на нас, ён падышоў да стала, схіліўся над ім і стоячы пачаў есці з хлебам халодныя мясныя кансервы проста з бляшанкі. Снаўт чапляўся рукавом за бляшанку, і на ім заставаліся тлустыя плямы.

— Ты заплямішся, — папярэдзіў я.

— М-мм? — прамармытаў ён з поўным ротам.

Снаўт еў так, нібыта ў яго некалькі дзён і макавага зернейка не было ў роце. Пасля наліў паўшклянкі віна, адным глытком выпіў, выцер губы і, адсопшыся, паглядзеў на нас пачырванелымі вачыма. Павярнуўшыся да мяне, Снаўт прамармытаў:

— Адпусціў бараду?.. Ну, ну...

Хэры бразгала посудам у ракавіне. Снаўт пачаў хістацца на абцасах, зморшчыўся, гучна цмокнуў, стараўся ачысціць зубы ад рэшткаў ежы. Здавалася, што ён робіць гэта знарок.

— Табе неахвота галіцца, праўда? — спытаўся Снаўт, назойліва пазіраючы на мяне.

Я не адказаў.

— Глядзі сам! — дадаў ён праз хвіліну. — Проста раю табе. Гібарыян таксама не хацеў галіцца.

— Ідзі спаць, — адказаў я.

— Што? Няма дурняў! Давай лепш паталкуем. Слухай, Кельвін, а мо ён хоча нам дабра? Мо ён хоча нас ашчаслівіць, толькі не ведае як? Ён чытае ў нашых галовах жаданні, а ўсведамляюцца ўсяго толькі два адсоткі нервовых працэсаў. Значыць, ён ведае нас лепш, чым мы самі. Таму яго трэба слухацца. Трэба згаджацца з ім. Разумееш? Ты не хочаш? Чаму, — плаксіва спытаўся Снаўт, — чаму ты не голішся?

— Перастань, — мармытнуў я, — ты п'яны.

— Што? П'яны? Я? А што? Чаму чалавек, які з усімі сваімі бэбахамі пёрся з аднаго канца Галактыкі ў другі, каб даведацца, чаго ён варты, чаму ён не можа напіцца? Чаму? Ты верыш у асаблівую місію чалавека, Кельвін, га? Гібарыян, яшчэ калі галіўся, расказваў мне пра цябе... Ты менавіта такі, як ён казаў... Толькі не хадзі ў лабараторыю, а то яшчэ страціш веру... там творыць Сарторыус, наш Фаўст навыварат, ён шукае сродак ад несмяротнасці. Ведаеш? Апошні рыцар святога Канчатку, толькі гэткі і мог з'явіцца сярод нас... у яго ўжо была неблагая ідэя — працяглая агонія. Добра, праўда? Аgоnia реrреtua*... саломка... саламяныя капелюшы... як ты можаш не піць, Кельвін?

* Аgоnіа реrреtuа — вечная агонія (лац.).

Яго вочы, амаль што невідушчыя ў запухлых павеках, спыніліся на Хэры, якая нерухома стаяла ля сцяны.

— О, чароўная Афрадыта, народжаная з пены, на тваёй далоні боская адзнака, — пачаў дэкламаваць Снаўт і папярхнуўся смехам. — Амаль што... падобна... праўда, Кель... він?.. — ледзь вымавіў ён праз кашаль.

Я па-ранейшаму захоўваў спакой, але паступова ён пераходзіў у халоднае шаленства.

— Перастань! — прашыпеў я. — Перастань і выйдзі!

— Ты выганяеш мяне? Ты таксама? Гадуеш бараду, выганяеш мяне? Табе не патрэбны мае прапановы і парады? А я ж — твой верны сябар па зорках. Кельвін, давай адчынім донныя люкі і пачнём крычаць яму туды, уніз, мо ён пачуе? Але як яго імя? Уяўляеш, мы папрыдумлялі назвы ўсім зоркам і планетам, а мо ў іх ужо былі назвы? Мы ж узурпатары! Паслухай, давай пойдзем туды! Пачнём крычаць... Скажам яму, у што ён нас ператварыў, хай ён спалохаецца... пабудуе нам срэбныя сіметрыяды, і памоліцца за нас сваёй матэматыкай, і пашле нам скрываўленых анёлаў, і яго пакуты будуць нашымі пакутамі, яго страх — нашым страхам, і пачне ён маліць нас пра канец. Бо ўсё гэта — і ён сам, і тое, што ён робіць, — малітва пра канец! Чаму ты не смяешся? Я ж жартую. Калі б людзі мелі большае пачуццё гумару, мо да гэтага і не дайшло б. Ты ведаеш, чаго хоча Сарторыус? Ён хоча пакараць яго, гэты Акіян, хоча прымусіць яго крычаць усімі вяршынямі адразу... Ты думаеш, ён не пасмее прадставіць такі план арэапагу склеротыкаў, які паслаў нас сюды адкупляцца ад не нашай віны? Ты маеш рацыю, ён спалохаецца... спалохаецца з-за саламянага капелюша. Пра яго ён нікому не кажа, на гэта ў нашага Фаўста не хопіць адвагі...

Я маўчаў. Снаўт усё мацней хістаўся на нагах. Слёзы цяклі па яго твары і падалі на касцюм.

— Хто гэта зрабіў? Хто з намі гэта зрабіў? Гібарыян? Гізэ? Эйнштэйн? Платон? Яны ж злачынцы, разумееш? Падумай, у ракеце чалавек можа лопнуць як бурбалка, або засмажыцца, або хутка сыдзе крывёй, што нават і крыкнуць не паспее, а пасля толькі костачкі грымець будуць на арбітах Ньютана з папраўкай Эйнштэйна. Вось табе і цацкі прагрэсу! А мы — брава, наперад па слаўным шляху! І вось прыйшлі і сядзім у гэтых катухах, над гэтымі талеркамі, сярод несмяротных рукамыйнікаў, з атрадам верных шафаў і адданых клазетаў... Сталі явай нашыя мары... паглядзі, Кельвін. Я балбачу па п'янцы, але ж нехта мусіць гэта сказаць. Павінен жа нехта ў рэшце рэшт?.. А ты, нявіннае дзіця, сядзіш тут, на бойні, шчэццю зарос... А чыя віна? Сам сабе і адкажы...

Ён паволі павярнуўся і выйшаў, схапіўшыся на парозе за дзверы, каб не ўпасці; з калідора чулася рэха ягоных крокаў. Я стараўся не глядзець на Хэры, але раптоўна вочы нашы сустрэліся. Я хацеў падысці да яе, абняць яе, пагладзіць па галаве, але не мог. Не мог.

 

УДАЛЫ ВЫНІК

 

Наступныя тры тыдні былі кожным сваім днём падобныя адзін да аднаго — засланкі ілюмінатараў апускаліся і падымаліся, ноччу адзін кашмар змяняўся другім; раніцай мы ўставалі, і пачыналася гульня. А ці гульня гэта была? Я прытвараўся спакойным, Хэры таксама; маўклівая згода, знарочысты, узаемны падман сталі нашым апошнім прыстанішчам. Мы шмат гаварылі пра тое, як будзем жыць на Зямлі; паселімся дзе-небудзь каля вялікага горада і больш ніколі не разлучымся з блакітным небам і зялёнымі дрэвамі; разам прыдумвалі абстаноўку нашага будучага дома, абмяркоўвалі наш сад і нават спрачаліся пра дэталі... — пра жывую агароджу, пра лаўкі... Ці верыў я ў гэта? Не. Я ведаў, што гэта немагчыма. Нават калі Хэры пакіне Станцыю і будзе жывая, то ўсё адно яна не спусціцца на Зямлю: туды можа прыляцець толькі чалавек, а чалавек — гэта яго дакументы. Пад час першай жа праверкі наша падарожжа закончылася б. Яны паспрабуюць высветліць, хто яна, раз'яднаюць нас, а гэта адразу ж выдасць Хэры. Станцыя — адзінае месца, дзе мы маглі жыць разам. Ці здагадвалася пра гэта Хэры? Напэўна. Ці ёй хто-небудзь сказаў? У святле ўсяго, што адбылося, відаць, што так.

Аднойчы ноччу праз сон я пачуў, што Хэры ціха ўстае. Я хацеў абняць яе. Толькі моўчкі, толькі ў цемры мы маглі яшчэ адчуваць сябе свабоднымі; у адчаі, які акружаў нас з усіх бакоў, гэтае забыццё было кароткачасовай адтэрміноўкай пакуты. Хэры, здаецца, не заўважыла, што я прачнуўся. Не паспеў я працягнуць руку, як яна ўжо ўстала з ложка. Напаўсонны, я пачуў шлэпанне босых ног. Чамусьці мне стала страшна.

— Хэры, — прашаптаў я. Крыкнуць я пабаяўся.

Я сеў на ложку. Дзверы ў калідор былі прачыненыя. Тоненькая палоска святла наўскасяк перасякала пакой. Чуліся сцішаныя галасы. Яна з некім размаўляе? З кім?

Я ўсхапіўся з пасцелі, але раптам зноў спалохаўся, ногі падкасіліся, я прыслухаўся — усё ціха. Паволі лёг на ложак. Галава аж трашчала. Я пачаў лічыць. Далічыў да тысячы і спыніўся; дзверы ціхенька адчыніліся; Хэры ўвайшла ў пакой і знерухомела, прыслухоўваючыся да майго дыхання. Я стараўся дыхаць спакойна.

— Крыс?.. — шэптам паклікала Хэры.

Я не адгукнуўся. Яна ціхенька лягла. Я адчуваў, што яна баіцца паварушыцца, і знясілена ляжаў побач. Не ведаю, колькі гэта доўжылася. Я паспрабаваў прыдумаць хоць нейкае пытанне, але чым больш мінала часу, тым выразней я адчуваў, што не пачну першы. Прыкладна праз гадзіну я заснуў.

Раніца прайшла як звычайна. Я падазрона разглядваў Хэры, калі яна гэтага не заўважала. Пасля абеду мы сядзелі побач насупраць агляднага ілюмінатара, за якім плылі нізкія рыжыя хмары. Станцыя слізгала ў іх, як карабель. Хэры чытала кнігу, а я пазіраў на Акіян. Апошнім часам гэта было маім адзіным заняткам і адпачынкам. Я зразумеў, што калі пэўным чынам нахіліць галаву, то можна ўбачыць у шкле нашы адлюстраванні, празрыстыя, але выразныя. Я зняў руку з падлакотніка. Хэры — бачыў я ў шкле, — пераканаўшыся, што я загледзеўся на Акіян, хутка нахілілася над падлакотнікам і дакранулася губамі да месца, дзе толькі што ляжала мая рука. Я па-ранейшаму сядзеў ненатуральна прама, Хэры схілілася над кнігай.

— Хэры, куды ты выходзіла сёння ноччу?

— Ноччу?

— Ага, ноччу.

— Ты што... табе прыснілася, Крыс. Я нікуды не выходзіла.

— Не выходзіла?

— Не. Табе прыснілася.

— Напэўна, — адказаў я. — Праўда, відаць, мне гэта прыснілася...

Вечарам, калі мы клаліся спаць, я зноў пачаў гаварыць пра наша падарожжа, пра вяртанне на Зямлю.

— Перастань, не хачу пра гэта чуць, — прамовіла Хэры. — Не трэба, Крыс. Ты ж ведаеш...

— Што?

— Ды так, нічога.

Калі мы ўжо ляжалі, Хэры сказала, што ёй хочацца піць.

— Там на стале стаіць шклянка соку, падай мне, калі ласка.

Яна адпіла палову і працягнула шклянку мне. Я не хацеў піць.

— За маё здароўе, — усміхнулася Хэры.

Я выпіў сок, ён здаўся мне саланаватым, але я не звярнуў на гэта ўвагі.

— Пра што ж нам гаварыць, калі ты не хочаш гаварыць пра Зямлю? — спытаўся я, калі Хэры патушыла святло.

— Ці ажаніўся б ты, калі б мяне не было?

— Не.

— Ніколі?

— Ніколі.

— Чаму?

— Не ведаю. Дзесяць гадоў я пражыў адзін і не жаніўся. Не будзем пра гэта, каханая...

У галаве шумела, нібыта я выпіў бутэльку віна.

— Не, давай пагаворым, давай. А калі б я цябе папрасіла?

— Каб я ажаніўся? Глупства, Хэры. Мне ніхто не патрэбен, мне патрэбна толькі ты.

Хэры схілілася нада мной. Я адчуваў яе дыханне на сваіх губах, яна так моцна абняла мяне, што неверагодная санлівасць на імгненне мінулася.

— Скажы пра гэта інакш.

— Я кахаю цябе.

Яна ўткнулася галавой у маё плячо, я адчуў, як дрыжаць яе вейкі, Хэры плакала.

— Хэры, што з табой?

— Нічога. Нічога. Нічога, — паўтарала яна штораз цішэй.

Я спрабаваў расплюшчыць вочы, але яны самі заплюшчваліся. Не ведаю, калі я заснуў.

Мяне разбудзіла чырвонае святло. Галава была як алавяная, шыя не гнулася, быццам усе косці зрасліся ў адну. У роце засмягла, я не мог варушыць языком. Мо я атруціўся нечым, падумаў я, з цяжкасцю падымаючы галаву. Я працягнуў руку ў напрамку Хэры і наткнуўся на халодную прасціну.

Я ўсхапіўся.

Ложак быў пусты, у пакоі — нікога. Сонца чырвонымі дыскамі адлюстроўвалася ў шкле. Я ўстаў. Выгляд у мяне быў, відаць, смешны, я хістаўся, як п'яны. Хапаючыся за мэблю, я дашкандыбаў да шафы, у душавой — нікога. У калідоры — таксама. У лабараторыі — нікога.

— Хэры!!! — закрычаў я пасярод калідора, няўклюдна размахваючы рукамі. — Хэры... — прахрыпеў я яшчэ раз, пра ўсё ўжо здагадаўшыся.

Не помню, што адбывалася пасля. Здаецца, я бегаў па ўсёй Станцыі не апрануты, заглядваў нават у трум, пасля ў ніжні склад і біў кулакамі ў зачыненыя дзверы. Магчыма, я быў там некалькі разоў. Трапы аж звінелі, я падаў, падымаўся, зноў некуды імчаўся, дабраўся нават да празрыстай агароджы, за якой было выйсце вонкі — падвойныя браніраваныя дзверы. Я штурхаў іх з усёй сілы і маліў, каб гэта быў сон. Нехта побач са мной трос мяне, некуды цягнуў. Пасля я апынуўся ў малой лабараторыі. На мне была мокрая халодная сарочка, валасы зліпліся. Ноздры і язык абпальваў спірт. Я напаўляжаў, цяжка дыхаючы, на нечым металічным, а Снаўт у сваіх брудных шарачковых штанах вазіўся каля шафкі з лекамі, пераварочваючы там нешта; інструменты і шкло страшна грымелі.

Раптам я ўбачыў Снаўта каля сябе; ён, нахіліўшыся, уважліва зазіраў мне ў вочы.

— Дзе яна?

— Яе няма.

— Але... але Хэры...

— Няма больш Хэры, — паволі і выразна прамовіў ён, нагнуўшыся яшчэ ніжэй да майго твару, быццам ён ударыў мяне, а зараз хацеў паглядзець, што з гэтага атрымалася.

— Яна вернецца, — прашаптаў я, заплюшчваючы вочы.

І ўпершыню я нічога не баяўся, не баяўся прывіднага вяртання, не разумеючы, як мог баяцца некалі.

— Выпі.

Снаўт падаў мне шклянку з цёплай вадкасцю. Я паглядзеў на вадкасць і раптам плёхнуў яе яму ў твар. Ён адступіўся, выціраючы вочы; я падскочыў да яго. Ён быў такі маленькі!

— Гэта ты?!

— Пра што ты гаворыш?

— Не хлусі, сам ведаеш, пра што. Ты размаўляў з ёй мінулай ноччу? І загадаў ёй даць мне снатворнае, каб... Што ты з ёю зрабіў? Кажы!!!

Снаўт пашукаў нешта ў нагруднай кішэні, дастаў змятую капэрту. Я выхапіў яе. Капэрта была заклеена, не падпісана. Я расклеіў яе. Выняў складзены ў чатыры столкі лісток. Буйны, крыху дзіцячы почырк, няроўныя радкі. Я пазнаў яго.

«Каханы, я сама папрасіла яго. Ён добры. Страшна, што мне давялося падмануць цябе, нельга было інакш. Ты можаш зрабіць для мяне толькі адно — слухай яго і шануй сябе. Ты цудоўны».

Унізе стаяла адно закрэсленае слова, я здолеў прачытаць яго: «Хэры». Яна напісала, пасля замазала; была яшчэ адна літара — ці то X, ці то К — не разабраць. Я прачытаў адзін раз, другі. Яшчэ раз. Я працверазіўся ўжо, не мог ні крычаць, ні стагнаць.

— Як? — прашаптаў я. — Як?

— Пасля, Кельвін. Трымайся.

— Я трымаюся. Кажы! Як?

— Анігіляцыя.

— Як? Гэта ж апарат?.. — вырвалася ў мяне.

— Апарат Роша не прыдатны. Сарторыус змайстраваў іншы, спецыяльны дэстабілізатар. Малы. Радыус дзеяння — некалькі метраў.

— Што з ёй?..

— Яна знікла. Успышка і паветраная хваля. Слабая хваля — і ўсё.

— Кажаш, малы радыус дзеяння?

— Так. На большы не было матэрыялу.

Сцены раптам пачалі падаць на мяне. Я заплюшчыў вочы.

— Божухна... яна... вернецца, праўда, вернецца...

— Не.

— Чаму?

— Не вернецца, Кельвін. Ты памятаеш пену, што ўздымаецца? Пасля гэтага яны не вяртаюцца.

— Ніколі?

— Ніколі.

— Ты забіў яе, — ціха прамовіў я.

— Так. А ты хіба не зрабіў бы гэтага? На маім месцы?

Я ўскочыў і пачаў бегаць ад сцяны да кута і назад. Дзевяць крокаў. Паварот. Дзевяць крокаў. Я спыніўся перад Снаўтам.

— Паслухай, давай пададзім рапарт. Запатрабуем прамой сувязі з Саветам. Гэта можна зрабіць. Яны пагодзяцца. Павінны. Планета будзе выключана з Канвенцыі Чатырох, усе сродкі магчымыя. Выкарыстаем генератар антыматэрыі. Думаеш, што ёсць нешта такое, што можа супрацьстаяць антыматэрыі? Нічога няма! Нічога! — пераможна гукнуў я, аслеплы ад слёз.

— Ты хочаш яго знішчыць? — спытаўся Снаўт. — Навошта?

— Ідзі! Пакінь мяне!

— Не пайду.

— Снаўт!

Я пазіраў яму ў вочы. Ён адмоўна пакруціў галавой.

— Чаго ты хочаш? Чаго ты ад мяне дабіваешся?

Снаўт падышоў да стала.

— Добра. Пададзім рапарт.

Я адвярнуўся і зноў замітусіўся па пакоі.

— Сядай.

— Адчапіся.

— Ёсць два пытанні. Першае — факты. Другое — нашы жаданні.

— І пра гэта трэба гаварыць менавіта цяпер?

— Так, цяпер.

— Не хачу. Разумееш? Гэта мяне не датычыць!

— Апошні раз мы паслалі паведамленне перад смерцю Гібарыяна. Больш як два месяцы таму. Мы абавязаны падрабязна далажыць пра працэс з'яўлення...

— Ты змоўкнеш? — Я схапіў яго за руку.

— Бі мяне, калі хочаш, але я ўсё адно не змоўкну.

Я выпусціў яго руку.

— Рабі што хочаш.

— Разумееш, Сарторыус паспрабуе схаваць пэўныя факты. Я амаль упэўнены ў гэтым.

— А ты не будзеш?

— Не. Зараз не. Гэта не толькі наша справа. Ты ж разумееш, пра што гаворка. Акіян выявіў здольнасць да разумных дзеянняў, здольнасць да арганічнага сінтэзу вышэйшага парадку, які нам не вядомы. Акіян ведае будову, мікраструктуру, абмен рэчываў нашага арганізма...

— Добра, — пачаў я. — Чаму ты замоўк? Акіян правёў на нас серыю... серыю доследаў. Псіхічная вівісекцыя. Заснаваная на ведах, украдзеных у нас. Ён не ўлічыў тое, да чаго мы імкнёмся.

— Кельвін, гэта ўжо не факты, нават не вывады. Гэта гіпотэзы. У пэўным сэнсе ён лічыўся з тым, чаго хацела нейкая абмежаваная, глыбока схаваная частка нашай свядомасці. Гэта мог быць — падарунак...

— Падарунак! Божа мой!

Я засмяяўся.

— Перастань! — крыкнуў Снаўт, хапаючы мяне за руку.

Я сціснуў яму пальцы. Я сціскаў іх усё мацней і мацней, аж пакуль не хруснулі суставы. Снаўт спакойна, прымружваючы вочы, пазіраў на мяне. Я адпусціў руку і адышоўся ў кут. Стоячы тварам да сцяны, я прамовіў:

— Пастараюся без істэрыкі.

— Дробязь. Што мы будзем патрабаваць?

— Кажы ты. Я не маю сілы. Яна сказала што-небудзь перад тым, як?..

— Не. Нічога. Я лічу, што зараз з'явіўся шанц...

— Шанц? Які шанц? Які?.. А-а... — прамовіў я цішэй, пазіраючы яму ў вочы, і раптам усё зразумеў. — Кантакт? Зноў Кантакт? Нам усё мала? І ты, ты сам, і ўвесь гэты вар'яцкі дом... Кантакт? Не, не, не. Без мяне.

— Чаму? — спытаўся Снаўт абсалютна спакойна. — Кельвін, ты па-ранейшаму, а зараз яшчэ больш, чым калі-небудзь, насуперак розуму прымаеш яго за чалавека. Ты ненавідзіш яго.

— А ты хіба не?..

— Не, Кельвін, ён жа сляпы...

— Сляпы? — паўтарыў я, думаючы, што недачуў.

— Вядома, з нашага пункту погляду. Ён не ўспрымае нас так, як мы ўспрымаем адзін аднаго. Мы бачым твар, цела і адрозніваем адно аднаго. Для яго гэта — празрыстае шкло. Ён пранік у глыбіню нашай свядомасці.

— Ну добра. І што з гэтага? Куды ты хіліш? Калі ён здолеў ажывіць, стварыць чалавека, які існуе толькі ў маёй памяці, і зрабіў гэта так, што яе вочы, рукі, яе голас... голас...

— Кажы! Кажы! Чуеш!!!

— Я кажу... кажу... Так... Далей... голас... з гэтага вынікае, што ён можа чытаць нас, як кнігу. Разумееш, што я маю на ўвазе?

— Так. Калі б ён захацеў, то мог бы з намі дамовіцца?

— Вядома. Хіба не ясна?

— Не. Натуральна, не, бо ён мог узяць толькі рэцэпт вытворчасці, які складаецца не са слоў. Фіксаваны запіс памяці мае бялковую структуру, як галоўка сперматазоіда або яйцаклетка. Там, у мозгу, няма ніякіх слоў, пачуццяў. Успамін чалавека — вобраз, запісаны мовай нуклеінавых кіслот на макрамалекулярных асінхронных крышталях. Такім чынам, ён узяў у нас тое, што найбольш вытраўлена, моцна забытае, глыбей за ўсё схаванае, разумееш? Але ён мог не ведаць, што гэта, якое мае для нас значэнне... Разумееш, калі б мы маглі стварыць сіметрыяду і кінулі б яе ў Акіян, ведаючы архітэктуру, тэхналогію і будаўнічы матэрыял, але не асэнсаваўшы, навошта, для чаго яна створана, што яна значыць для Акіяна...

— Гэта магчыма, — сказаў я. — Так, магчыма. У гэтым выпадку ён, відаць, наогул не хацеў таптаць нас, ганьбіць. Верагодна. І толькі незнарок...

Губы мае задрыжалі.

— Кельвін!

— Так, так. Нічога. Ужо нічога. Ты добры. Ён — таксама. Усе добрыя. Але навошта? Растлумач мне! Навошта? Навошта ты гэта зрабіў? Што ты ёй сказаў?

— Праўду.

— Праўду, праўду! Што іменна?

— Ты ж ведаеш. Пайшлі да мяне. Будзем пісаць рапарт. Пайшлі.

— Пачакай. Што ты, уласна, хочаш? Хіба ты хочаш застацца на Станцыі?

— Так, хачу застацца.

 

СТАРАЖЫТНЫ МІМОІД

 

Я сядзеў ля вялізнага ілюмінатара і глядзеў на Акіян. Рабіць не было чаго. Рапарт, складзены за пяць дзён, зараз уяўляў пучок хваляў, якія імчаліся ў пустэчы недзе за сузор'ем Арыёна. Калі пучок дасягне цёмнай, пылавой туманнасці, што раскінулася на тэрыторыі васьмі трыльёнаў кубічных міль і лавіла любы сігнал і промень святла, ён патрапіць у першы з ланцуга перадатчыкаў. Адтуль ад аднаго рэтранслятара да другога, скачкамі даўжынёй мільярд кіламетраў, ён будзе імчацца па вялізнай дузе, пакуль апошні перадатчык, металічная глыба, дарэшты забітая дакладнымі прыборамі, з прадаўгаватай пыскай антэннакіравальнікаў, не збярэ прамяні яшчэ раз і не накіруе іх далей у прастору, да Зямлі. Потым мінуць месяцы, і гэткі ж пучок энергіі, накіраваны з Зямлі, пакінуўшы пасля сябе баразну імпульсіўных скажэнняў у гравітацыйным полі Галактыкі, дасягне касмічнай хмары, праслізне, узмоцнены, уздоўж ланцуга свабодна дрэйфуючых рэтранслятараў і на ранейшай хуткасці паімчыцца да двайнога сонца Салярыс.

Акіян пад высокім чырвоным сонцам здаваўся чарнейшым, чым звычайна. Рыжы туман на гарызонце спалучаў яго з небам. Дзень быў неверагодна гарачы і, здавалася, абяцаў адну з тых страшных віхур, якія зрэдку, некалькі разоў за год, бушуюць на планеце. Ёсць падставы меркаваць, што адзіны жыхар планеты кантралюе клімат і сам выклікае віхуры.

Яшчэ некалькі месяцаў мне выпадала глядзець на яго з ілюмінатара, з вышыні назіраць за свабодай белага золата і стомленай чырвані, якія час ад часу пераліваюцца ў нейкім вадкім вывяржэнні, у срабрыстым пухіры сіметрыяды, сачыць за рухам нахіленых супраць ветру тонкіх «мігценнікаў», сустракацца з напаўразбуранымі мімоідамі, якія асыпаюцца. Калі-небудзь усе экраны відэафонаў загавораць, засвецяцца, ажыве даўно змоўклая электронная сігналізацыя, якую прывядуць у рух імпульсы, пасланыя здалёку, з адлегласці сотні тысяч кіламетраў. Сігналы нагадаюць аб набліжэнні металічнага велікана, які з працяглымі грымотамі гравітатараў апусціцца над Акіянам. Гэта будзе або «Уліс», або «Праметэй», а мо нейкі іншы вялізны крэйсер далёкага касмічнага плавання. Калі я апушчуся па трапе з пляскатай страхі Станцыі, то ўбачу на палубах шэрагі масіўных робатаў у белых панцырах. Робаты не тое, што людзі — яны бязгрэшныя і бязвінныя, яны выконваюць кожны загад — ажно да знішчэння сябе або перашкоды на шляху, калі такая праграма закладзена ў крышталях памяці. А затым карабель мякка ўздымецца, паляціць хутчэй за гук, пакідаючы за сабой грукат, які дасягне Акіяна і будзе нагадваць розныя басовыя актавы. Ад думкі пра вяртанне дамоў твары людзей прасвятлеюць.

Але ў мяне няма дома. Зямля? Я думаў пра вялізныя, шумныя, шматлюдныя гарады, у якіх я згублюся, знікну, як мог знікнуць дзве ці тры ночы таму, калі хацеў кінуцца ў Акіян, што цяжка варочаў хвалі ў цемры. Я патану ў натоўпе. Буду маўклівы, уважлівы, і таму мяне пачнуць паважаць у грамадстве, у мяне з'явіцца шмат знаёмых, нават сяброў, будуць жанчыны, а мо толькі адна жанчына. Нейкі час я буду прымушаць сябе ўсміхацца, кланяцца, уставаць, выконваць тысячу дробных дзеянняў, з якіх складаецца зямное жыццё, пакуль не прывыкну. З'явяцца новыя захапленні, новыя заняткі, але я не здолею ўжо нічым захапіцца цалкам. Нічым і нікім. Магчыма, ноччу я буду пазіраць туды, дзе скопішча касмічнага пылу чорнай заслонай хавае на небе ззянне двух сонцаў, згадваць усё, нават тое, пра што я зараз думаю, згадваць з паблажлівай усмешкай, у якой будзе крыху горычы і перавагі, маё шаленства і надзея. У далейшым я не буду горшым за таго Кельвіна, які быў гатовы ахвяраваць усім дзеля справы — дзеля Кантакту. І ніхто не будзе мець права асудзіць мяне.

У пакой увайшоў Снаўт. Ён азірнуўся навокал, пасля паглядзеў на мяне; я ўстаў і падышоў да стала.

— Ты нешта хацеў?

— Мне здаецца, табе няма чаго рабіць?.. — спытаўся Снаўт, міргаючы. — Я мог бы прапанаваць табе сякія-такія разлікі, праўда, не надта тэрміновыя...

— Дзякуй, — усміхнуўся я, — але гэта непатрэбна.

— Ты так лічыш? — спытаўся ён, пазіраючы ў акно.

— Так. Я думаў пра розныя рэчы і...

— Я хачу, каб ты менш думаў.

— Ах, ты зусім не ведаеш, у чым справа. Скажы мне... ты верыш у Бога?

Снаўт пранізліва зірнуў на мяне.

— Што? Хто сёння верыць...

Яго вочы гарэлі неспакоем.

— Усё гэта не так проста, — пачаў я знарок абыякавым голасам. — Мяне цікавіць не традыцыйна зямны Бог. Я не надта дасведчаны ў рэлігіях і мо нічога новага не прыдумаў, але ты часам не ведаеш, ці існавала калі-небудзь вера ў Бога... няўдачніка?

— Няўдачніка? — здзівіўся Снаўт. — Як ты гэта разумееш? У пэўным сэнсе Бог кожнай рэлігіі быў няўдачнікам, бо яго надзялялі чалавечымі рысамі, толькі перабольшанымі. Бог Старога запавету, напрыклад, прагнуў пакланення і ахвяраў, зайздросціў іншым багам... грэцкія багі з-за сваіх сварак і сямейных звадак таксама былі па-чалавечы няўдачнікамі...

— Не, — перапыніў я яго, — я маю на ўвазе Бога, недасканаласць — галоўная, іманентная рыса. Гэта Бог, абмежаваны ў сваім усёведанні, усемагутнасці, ён памыляецца ў прадказаннях будучыні сваіх пачынанняў, лёс якіх залежыць ад абставін і можа палохаць. Гэта Бог... калека, які заўсёды прагне больш, чым можа, і не адразу разумее гэта. Бог, які сканструяваў гадзіннік, а не час, які ён паказвае, вынайшаў сістэмы ці механізмы, што служаць пэўным мэтам, а яны перараслі гэтыя мэты і здрадзілі ім. Ён стварыў бясконцасць, якая павінна была засведчыць яго ўсемагутнасць, а стала прычынай яго поўнага паражэння.

— Некалі маніхейства... — няўпэўнена пачаў Снаўт.

Дзіўная стрыманасць, з якой ён звяртаўся да мяне апошнім часам, знікла.

— Гэта не мае нічога агульнага з дабром і злом, — адразу ж перапыніў я яго. — Гэты Бог не існуе па-за матэрыяй і не можа ад яе пазбавіцца, ён толькі хоча гэтага...

— Падобнай рэлігіі я не ведаю, — сказаў Снаўт, памаўчаўшы. — Такая ніколі не была патрэбна. Калі я добра цябе зразумеў, а баюся, што зразумеў добра, ты думаеш пра нейкага эвалюцыйнага Бога, які развіваецца ў часе і расце, уздымаецца на ўсё больш высокі ўзровень магутнасці, дарастае да ўсведамлення сваёй бездапаможнасці! Гэты твой Бог — істота, для якой яе боскасць стала бязвыхадным становішчам; зразумеўшы гэта, ён апынуўся ў роспачы. Але Бог у роспачы — гэта ж чалавек, праўда? Ты маеш на ўвазе чалавека... Гэта не толькі дрэнная філасофія, гэта нават дрэнная містыка.

— Не, — адказаў я ўпарта, — я не маю на ўвазе чалавека. Магчыма, некаторыя рысы майго Бога адпавядалі б такому папярэдняму азначэнню, але толькі таму, што яно вельмі недакладнае. Нам толькі здаецца, што чалавек вольны ў выбары мэты. Час, у які ён нарадзіўся, навязвае яму мэту. Чалавек служыць гэтай мэце альбо супраціўляецца ёй, але аб'ект служэння альбо бунту запраграмаваны яму звонку. Поўная свабода пошуку мэты магчыма, калі чалавек апынецца зусім адзін, але гэта немажліва, бо чалавек, які выхаваўся не сярод людзей, не можа стаць чалавекам. Гэты... мой Бог мусіць быць істотай, пазбаўленай множнага ліку, разумееш?

— Ах, — прамовіў Снаўт, — як гэта я адразу...

Ён паказаў рукой на Акіян.

— Не, — запярэчыў я, — і не ён. Занадта рана сканцэнтраваўшы ўвагу на сабе, ён прамінуў у сваім развіцці магчымасць стаць боскасцю. Ён хутчэй самотнік, пустэльнік космасу, а не яго Бог... Ён паўтараецца, а той, пра каго я думаю, ніколі гэтага не зрабіў бы. А раптам ён узнікне менавіта зараз, у нейкім закуточку Галактыкі, і адразу з юнацкім запалам пачне тушыць адны зоркі і запальваць другія, а мы заўважым гэта толькі праз нейкі час...

— Мы ўжо гэта заўважылі, — кісла прамовіў Снаўт. — Новыя і звышновыя... хіба гэта, па-твойму, свечкі на алтары?

— Калі ты хочаш усё, што я кажу, трактаваць так даслоўна...

— А мо менавіта Салярыс з'яўляецца калыскай твайго боскага немаўляці, — заўважыў Снаўт. Ад усмешкі вакол яго вачэй з'явіліся тонкія зморшчынкі. — Мо менавіта ён у тваім разуменні першааснова, зародыш Бога роспачнага, мо жыццёвая сіла яго маленства пакуль пераўзыходзіць яго розум, а ўсё тое, што знаходзіцца ў нашых салярыстычных бібліятэках, проста доўгі пералік яго немаўляцкіх рэфлексаў...

— А мы нейкі час былі яго цацкамі, — закончыў я. — Так, мажліва. І ведаеш, што табе ўдалося? Стварыць абсалютна новую гіпотэзу на тэму планеты Салярыс, а гэта сапраўды няпроста! Вось і тлумачэнне, чаму немагчыма ўстанавіць Кантакт, чаму няма адказу, адкуль узнікаюць некаторыя — скажам так — экстравагантнасці ў стасунках з намі. Псіхіка маленькага дзіцяці...

— Я адмаўляюся ад аўтарства, — прамармытаў Снаўт, спыняючыся ля ілюмінатара.

Мы доўга пазіралі на чорныя хвалі. На ўсходнім баку гарызонту з туману выступала бледная прадаўгаватая пляма.

— Адкуль у цябе з'явілася ідэя недасканалага Бога? — раптам спытаўся Снаўт, не адводзячы позірку ад залітай святлом пустыні.

— Не ведаю. Яна мне здалася вельмі, вельмі праўдзівай. Разумееш? Гэта адзіны Бог, якому я мог бы паверыць. Яго пакуты — не адкупленне, яны нікога не забаўляюць, нічому не служаць, яны проста існуюць.

— Мімоід... — прамовіў зусім ціха, змененым голасам Снаўт.

— Што ты сказаў? Ага, праўда. Я заўважыў яго яшчэ раней. Вельмі старажытны.

Мы абодва ўзіраліся ў гарызонт, ахутаны рыжаватым туманам.

— Я палячу, — нечакана сказаў я. — Тым больш што я яшчэ ні разу не пакідаў Станцыі, а тут добрая аказія. Я вярнуся праз паўгадзіны...

— Што? — Снаўт шырока расплюшчыў вочы. — Ты паляціш? Куды?

— Туды, — я паказаў на ледзь прыкметную ў тумане светлую плямку. — А што? Я вазьму маленькі гелікаптэр. Было б смешна, калі б — на Зямлі — мне давялося калі-небудзь прызнацца, што я салярыст, які ні разу нават нагі не паставіў на салярысны грунт...

Я падышоў да шафы і пачаў выбіраць камбінезон. Снаўт моўчкі назіраў за мной, а пасля сказаў:

— Не падабаецца мне гэта.

— Што? — павярнуўся я з камбінезонам у руках. Мяне ахапіла даўно забытая ўзбуджанасць. — Што ты хочаш? Давай, кажы! Баішся, каб я... Нонсенс! Слова гонару. Я нават не падумаў пра гэта. Не, праўда, не.

— Я палячу з табой.

— Дзякую, але я хачу ляцець адзін. Гэта ж нешта новае, нешта зусім новае, — прамовіў я хуценька, нацягваючы камбінезон.

Снаўт казаў яшчэ нешта, але я не надта яго слухаў, шукаючы патрэбныя рэчы.

Ён пайшоў за мной на ўзлётную пляцоўку, дапамог выкаціць машыну з бокса на сярэдзіну пускавога стала. Калі я нацягваў скафандр, Снаўт нечакана спытаўся:

— Ты не адмаўляешся ад сваіх слоў?

— Божухна, Снаўт, ты зноў? Не, не адмаўляюся. Я ж абяцаў табе. Дзе запасныя балоны?

Больш нічога Снаўт не казаў. Я закрыў празрысты купал і даў знак рукой. Ён уключыў пад'ёмнік, я паволі выехаў на верх Станцыі. Матор збудзіўся, працяжна зашумеў, вінт закруціўся, і апарат надзіва лёгка ўзняўся ўгору, пакінуўшы пад сабой серабрысты дыск Станцыі, які ўсё змяншаўся і змяншаўся.

Упершыню я быў над Акіянам адзін; уражанне зусім іншае, чым з ілюмінатара. Магчыма, гэта залежала ад вышыні палёту — я слізгаў усяго за некалькі дзесяткаў метраў ад паверхні. Толькі зараз я не проста ведаў, а адчуваў, што тлустыя гарбы і нізіны, якія пачаргова тасаваліся, рухаліся не як марскі прыліў альбо хмара, а як жывёліна. Несупынна, хоць і вельмі марудна, як сутаргі мускулістага тулава. Паварочваючыся, грэбень кожнай хвалі палаў чырвонай пенай. Калі я выканаў паварот, каб ісці дакладна па курсе надзвычай марудна дрэйфуючага мімоіда, сонца ўдарыла мне проста ў вочы, крывавыя водбліскі заіскрыліся ў выпуклым шкле, а сам Акіян стаў чарнільна-сінім з плямамі цёмнага агню.

Я не надта ўдала зрабіў круг і вылецеў далёка на падветраны бок, а мімоід застаўся ззаду, яго недасканалыя абрысы шырокай светлай плямай вылучаліся ў Акіяне. Ён быў ужо не ружовы, ён жаўцеў, як высахлая костка, на імгненне я страціў яго з вачэй, замест яго ўдалечыні з'явілася Станцыя, якая вісела проста над Акіянам, як вялізны старажытны дырыжабль. Я паўтарыў манеўр, сканцэнтраваў усю сваю ўвагу: проста па курсе вырастаў увесь масіў мімоіда са сваім дзіўным крутым рэльефам. Здавалася, я вось-вось зачаплюся за сама высокі з яго клубнепадобных выступаў, я так рэзка набраў вышыню, што гелікаптэр, губляючы хуткасць, захістаўся. Засцярога была лішняя: акруглыя вяршыні дзіўных вежаў праплылі далёка ўнізе. Я выраўнаваў машыну і пачаў паволі, метр за метрам збаўляць вышыню. Нарэшце ламаныя вяршыні замільгалі над кабінай. Мімоід быў невялікі. Ён меў не больш за тры чвэрці мілі ў даўжыню, а шырыня яго была ўсяго паўмілі. У асобных месцах мімоід звузіўся: неўзабаве там мусіў адбыцца разлом. Відаць, гэта быў асколак значна буйнейшага ўтварэння. Па салярысных маштабах ён уяўляў толькі дробны абломак, рэшткі, што налічвалі Бог ведае колькі тыдняў і месяцаў.

Паміж узвышэннямі, падобнымі на пражылкі, я адкрыў штосьці накшталт берага, некалькі дзесяткаў квадратных метраў досыць спадзістай, але амаль што пляскатай паверхні, і спікіраваў машыну туды. Пасадка была цяжэйшая, чым я ўяўляў, я ледзь не зачапіўся вінтом за выраслую проста на вачах сцяну, але ўсё скончылася без прыгод. Я адразу ж выключыў матор і адкінуў века купала. Стоячы на крыле, я праверыў, ці не пагражае гелікаптэру небяспека спаўзці ў Акіян; хвалі лізалі зубчасты край берага за некалькі крокаў ад месца пасадкі, але гелікаптэр упэўнена стаяў на шырока расстаўленых палазах. Я саскочыў на... «зямлю». Тое, што напачатку я палічыў сцяной, за якую ледзь не зачапіўся, было вялізнай, дзіравай, як рэшата, тонкай, як плёнка, касцяной плітой, што тырчком стаяла і прарасла патаўшчэннямі накшталт маленькіх галерэй. Шчыліна шырынёй некалысі метраў наўскасяк падзяляла ўсю гэтую шматпавярховую плоскасць і выяўляла перспектыву глыбіні. Тая ж перспектыва была відаць праз вялікія, раскіданыя абы-як адтуліны. Я залез на бліжні выступ сцяны і адзначыў, што падэшвы скафандра незвычайна ўстойлівыя, а сам скафандр зусім не перашкаджае рухацца. Апынуўшыся на вышыні пяці паверхаў над Акіянам, я павярнуўся тварам да шкілетападобнага пейзажу і толькі зараз здолеў як след разгледзець яго.

Мімоід дзіўным чынам нагадваў старадаўні напаўразбураны горад, нейкае экзатычнае мараканскае паселішча, якое шмат стагоддзяў таму было зруйнавана землятрусам ці нейкім іншым катаклізмам. Я выразна бачыў пакручастыя, напалову засыпаныя і забарыкадаваныя руінамі вулічкі, якія крута спускаліся да берага, каля якога булькала пеністая мазь, вышэй уздымаліся ацалелыя зубцы сцен, бастыёны, іх акруглыя асновы, а ў выпуклых і з упадзінамі сценах чарнелі адтуліны, падобныя на разбураныя вокны або крапасныя байніцы. Увесь гэты горад-выспа, цяжка нахілены набок, як напаўзатоплены карабель, бязмэтна, неўсвядомлена сунуўся наперад, марудна паварочваўся, цені ляніва поўзалі па завулках руін, часам праз іх прабіваўся сонечны прамень, падаючы на тое месца, дзе я стаяў. З вялікай рызыкай я залез яшчэ вышэй, з выступаў над маёй галавой пасыпалася дробнае смецце. Падаючы, яно клубамі пылу запоўніла пакручастыя вулічкі і цясніны. Вядома, мімоід не скала, падабенства з вапняком знікае, калі возьмеш у руку асколак: ён значна лягчэйшы за пемзу, у яго дробнаячэістая будова; таму ён нязвыкла паветраны.

Я ўзняўся ўжо так высока, што пачаў адчуваць рух мімоіда: пад ударамі чорных мускулаў Акіяна ён не толькі плыў наперад невядома адкуль і невядома куды, але і нахіляўся то ў адзін, то ў другі бок, вельмі няспешна, кожнае такое ваганне суправаджалася працяглым цмоканнем бурай і жоўтай пены, што сцякала з аголенага боку. Гэты хістальны рух быў нададзены мімоіду вельмі даўно, відаць, яшчэ над час яго народзін, ён захаваў яго дзякуючы сваёй вялізнай масе. Агледзеўшы з вышыні ўсё, што можна, я асцярожна спусціўся ўніз і толькі тады, як ні дзіўна, зразумеў, што мімоід мяне абсалютна не цікавіць і што я прыляцеў сюды, каб сустрэцца не з ім, а з Акіянам.

Я сеў на цвёрдую патрэсканую паверхню за некалькі крокаў ад гелікаптэра. Чорная хваля цяжка запаўзла на бераг, расплюшчылася і страціла колер. Калі яна адступіла, на беразе засталіся дрыготкія ніткі слізі. Я падсунуўся яшчэ бліжэй і працягнуў руку насустрач наступнай хвалі. Тады яна дакладна паўтарыла тое, з чым людзі сутыкнуліся яшчэ амаль сто гадоў таму: затрымалася, крыху адсунулася, абкружыла маю руку, не дакранаючыся, аднак, да яе, так што паміж рукавіцамі скафандра і ўнутраным бокам паглыблення, якое з вадкага адразу стала мясістым, застаўся тонкі слой паветра. Я паволі падняў руку, хваля, а дакладней, яе вузкі атожылак, пайшла ўслед за рукой па-ранейшаму ахопліваючы маю руку паступова святлеючым бруднавата-зялёным слоем. Я ўстаў, каб падняць руку яшчэ вышэй. Атожылак сцюдзяністага рэчыва напяўся, як дрыготкая струна, але не парваўся. Аснова цалкам расплюшчанай хвалі, як дзіўная, цярплівая ў чаканні канца эксперымента істота, прыхінулася да берага ля маіх ног, таксама не датыкаючыся да іх. Здавалася, што з Акіяна вырасла цягучая кветка, чашачка якой ахоплівала мае пальцы, стаўшы іх дакладным негатывам, але не датыкалася да іх. Я адсунуўся. Атожылак затрымцеў і неахвотна вярнуўся назад, эластычны, хісткі, няўпэўнены. Хваля ўзнялася, уцягваючы яго ў сябе, і знікла за берагам. Я паўтараў гэтую гульню да таго часу, пакуль зноў, як і сто гадоў таму, адна з чарговых хваль не адкацілася абыякава, нібыта здаволеная новымі ўражаннямі. Я ведаў, што мне давялося б чакаць некалькі гадзін, пакуль зноўку прачнецца яе «цікаўнасць». Я сеў. Добра вядомая мне з кніг з'ява нібыта перарадзіла мяне: ніякая тэорыя не магла перадаць рэальнага ўражання.

У пачкаванні, росце, распаўсюджванні гэтага жыватвору, у яго рухах — у кожным паасобку і ва ўсіх разам — выяўлялася нейкая, так бы мовіць, асцярожная, але не палахлівая наіўнасць, калі ён спрабаваў аж да самазабыцця, паспешна зведаць, ахапіць новую, нечакана сустрэтую форму і на паўдарозе вымушаны быў адступіцца, бо гэта пагражала парушэннем межаў, вызначаных таямнічым законам. Які неверагодны кантраст уяўляла яго някідкая цікаўнасць з невымернасцю, што блішчала ад гарызонту да гарызонту. У мерным дыханні хваляў я ўпершыню так выразна адчуваў веліканскую прысутнасць, магутную, неадольную маўклівасць. Захоплены сузіраннем, скамянелы, я апускаўся ў недасяжныя глыбіні і, губляючы самога сябе, зліваўся з вадкім сляпым гігантам. Я дараваў яму ўсё, без малейшага намагання, без слоў, без думак.

Увесь апошні тыдзень я паводзіў сябе так прыстойна, што недаверліва бліскучыя вочы Снаўта ў рэшце рэшт перасталі за мной сачыць. Знешне спакойны, я ўсё-такі нечага чакаў. Чаго? Вяртання яе? Як я мог? Кожны з нас ведае, што ўяўляе з сябе матэрыяльная істота, якая падуладна законам фізіялогіі і фізікі, і што моц усіх нашых пачуццяў, нават аб'яднаных, не можа супрацьстаяць гэтым законам, а можа толькі ненавідзець іх. Адвечная вера закаханых і паэтаў ва ўсемагутнасць кахання, якое перамагае смерць, стагоддзямі неадлучныя ад нас словы «finis vitae sed non amoris» («каханне мацней за смерць») — усё гэта падман. Але гэты падман не смешны, ён не мае сэнсу. А вось быць гадзіннікам, што адлічвае бег часу, гадзіннікам, які то разбіраюць, то збіраюць нанава, у механізме якога, ледзь толькі канструктар закране маятнік, нараджаюцца адчай і каханне, ведаць, што ты толькі рэпетытар пакут, тым мацнейшых, чым больш смешнымі яны становяцца ад іх шматкратнасці? Паўтараць чалавечае існаванне, але паўтараць яго так, як п'яніца паўтарае звыклую мелодыю, кідаючы ўсё новыя і новыя медзякі ў музычную шафу? Я ні хвіліны не верыў, што вадкі гігант, які нясе ў сабе смерць сотням людзей, да якога дзесяткі гадоў уся мая раса марна спрабавала звіць хоць нітачку паразумення, што ён, які бязмэтна гоніць мяне, як пылінку, будзе ўзрушаны трагедыяй двух людзей. Але яго дзеянні мелі нейкую мэту. Праўда, нават у гэтым я не быў цалкам перакананы. Аднак проста сысці, саступіць — азначала закрэсліць тую, няхай сабе існуючую толькі ва ўяўленні мажлівасць, якую даруе прышласць. Дык што ж урэшце — гады сярод мэблі і рэчаў, да якіх мы разам датыкаліся, у паветры, якое яшчэ захоўвае яе дыханне? У мяне не было надзеі. Але я жыў чаканнем, гэта было апошняе, што засталося ад яе. Якія здзяйсненні, кпіны, якія пакуты яшчэ чакалі мяне? Я нічога не ведаў, але па-ранейшаму верыў, што не мінуў яшчэ час нязвыкла суровых цудаў.

 

Закапанэ, Чэрвень 1959 — чэрвень 1960



Пераклад: Максім Валошка
Крыніца: Lem S. Solaris. - Warszawa: Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej, 1963.