epub
 
падключыць
слоўнікі

Станіслаў Лем

Здарэнне

Анэль не вярнуўся а чацвёртай, але ніхто таго нібыта і не заўважыў. Каля пяці пачаў церушыцца змрок, і Піркс, не так заклапочаны, як здзіўлены, хацеў спытаць у Круля, што гэта можа азначаць. Аднак устрымаўся — ён не быў кіраўніком групы, і такое пытанне, хоць і справядлівае і цалкам бяскрыўднае, магло выклікаць сапраўды ланцуговую рэакцыю ўзаемных дакораў. Ён добра ведаў падобныя сітуацыі, бо паўтаралася гэта не раз, асабліва калі калектыў быў такі вось выпадковы, як гэты. Тры чалавекі і зусім розных прафесій — у самым сэрцы гор на нікому не патрэбнай планеце выконвалі заданне, якое, бадай, усе, як і ён сам, лічылі бязглуздым. Іх прывезлі сюды на малым старым гравістаце, які мусіў тут і застацца, бо варты быў ужо толькі на злом; разам даставілі і разборны алюмініевы барак, крышку прыбораў і радыёстанцыю, настолькі зношаную, што больш было з ёй клопату, чым карысці. За сем тыдняў яны павінны былі зрабіць «агульную рэкагнасцыроўку», нібы гэта было мажліва. Піркс не стаў бы гэтым займацца, разумеючы, што справа ідзе толькі пра павелічэнне радыуса даследаванняў разведвальнай групы ды яшчэ пра адну лічбу ў рапартах, якімі нашпігоўвалі інфармацыйныя машыны на Базе, што магло мець нейкае значэнне хіба што пры дзяльбе сродкаў, людзей і магутнасцей на наступны год. Вось дзеля таго, каб на стужках памяці з'явілася гэта разбітая на дзірачкі лічба, яны сядзелі амаль пяцьдзесят дзён у пустынным месцы, якое пры іншых абставінах, мажліва, і было б зваблівым, хоць бы як мясцовасць, прыдатная пад альпінізм. Аднак альпінісцкія раскошы былі сурова забаронены, і сама большае, што мог дазволіць сабе Піркс, гэта падчас сейсмічных і трыянгуляцыйных замераў маляваць у сваім уяўленні першыя трасы альпіністаў.

Планета не мела нават сваёй назвы, акрамя як Ёта дроб 116, дроб 47 Праксімы Вадалея. З усіх тых, якія Піркс калі-небудзь бачыў, яна была найбольш падобная на Зямлю: з малым, жоўтым сонцам, салёным акіянам, бурачкова-зялёным ад працавітых водарасцяў, што насычалі атмасферу кіслародам, і вялікім, трохлапым кантынентам, пакрытым першабытнай расліннасцю. Планета была б прыдатная пад каланізацыю, калі б не тая акалічнасць, што сонца яе было тыпу новаадкрытай разнавіднасці УП, няўстойлівае, з нераўнамерным выпраменьваннем, а паколькі астрафізікі наклалі сваё вета, то хоць чарговая ўспышка на Новай магла адбыцца толькі праз сто мільёнаў гадоў, розныя планы асваення гэтай зямлі запаветнай даводзілася закрэсліць.

Піркс часам шкадаваў, што дазволіў сябе ўгаварыць на гэту экспедыцыю, але не было тое шкадаванне цалкам шчырае. Так альбо інакш, а ён мусіў бы тырчаць на Базе тры месяцы, бо трапіць у Сонечную сістэму раней было немагчыма; ён меў перспектыву адседжвацца ў кліматызаваных падземных садах Базы і да дурноты ў галаве глядзець тэлеперадачы (былі гэтыя забавы дзесяцігадовай даўніны), таму ён ахвотна згадзіўся на прапанову начальніка, які рады быў, што можа ўслужыць Крулю — не было ніводнага свабоднага чалавека, а інструкцыя забараняе пасылаць у экспедыцыю толькі дваіх. Такім чынам Піркс зваліўся касмографу нібы з неба. Зрэшты, Круль не выявіў захаплення ні адразу, ні пазней; спачатку Піркс думаў нават, што той ацэньвае яго ўчынак як «вялікапанскі капрыз», калі ён з камандзіра карабля згадзіўся стаць звычайным разведчыкам; падобна было, што Круль адчуваў затоеную крыўду. Але гэта не была крыўда, проста Круль, адмераўшы ўжо палову жыцця (яму пераваліла за сорак), стаў зласлівы, нібы яго нічым іншым, акрамя палыну, ніколі не кармілі. А паколькі ў такім ізаляваным ад свету калектыве нічога нельга схаваць і людзі з усімі сваімі заганамі і вартасцямі робяцца адразу празрыстымі, як шкло, Піркс хутка зразумеў, адкуль бралася тая задзірыстасць у характары Круля, увогуле вытрыманага, нават цвёрдага чалавека, бо ён меў ужо звыш дзесяці гадоў пазазямной службы. Проста Круль стаў не тым, кім хацеў, а тым, кім мусіў стаць, бо для выпеставанай у марах работы не падыходзіў. А ў тым, што калісьці ён хацеў быць не касмографам, а інтэлектронікам, Піркс пераканаўся пазней, назіраючы, якім катэгарычным станавіўся Круль у размовах з Масенам, як толькі гаворка заходзіла пра інтэлектронныя тэмы («інтэлектральныя» — казаў Круль у адпаведасці з прафесійным жаргонам).

Масену не хапала, на жаль, паблажлівасці, а мажліва, проста матывы Круля яго зусім не цікавілі, ва ўсякім разе, калі той настойваў часам на нейкім памылковым рашэнні, Масена не абмяжоўваўся толькі пярэчаннем, а з алоўкам у руцэ раскладваў Круля на лапаткі з дапамогай бездакорных матэматычных разлікаў і дабіваў Круля з такім задавальненнем, нібы стараўся даказаць не сваю праўду, а тое, што Круль — самаўпэўнены асёл. Але гэта было не так. Круль быў не самаўпэўнены, а толькі занадта ўражлівы, як і кожны, хто мае больш амбіцый, чым здольнасцей.

Піркс, які быў міжвольным сведкам такой размовы — зрэшты, цяжка было ім не быць, бо яны ўтрох жылі на сарака квадратных метрах, а гукаізаляцыя перагародак была чыстай фікцыяй, — ведаў, чым гэта скончыцца. І сапраўды: Круль, які не смеў паказаць Масене, як моцна падзейнічала на яго паражэнне, усю сваю непрыязнасць перанёс на Піркса, зрэшты, у даволі своеасаблівай форме. Круль пе растаў размаўляць з Пірксам, акрамя выпадкаў, калі гэта было неабходна.

Толькі адзін Масена застаўся пасля гэтага блізкі яму — бо і сапраўды з гэтым чорнавалосым і светлавокім халерыкам можна было пасябраваць — але Пірксу заўсёды было нялёгка з халерыкамі, бо глыбока ў душы ён не надта ім давяраў. З Масенам вечна штосьці здаралася: ён патрабаваў заглядваць сабе ў горла, заяўляў, што будзе змена надвор'я, бо ў яго косці ломіць (ніякіх змен не адбывалася, але ён працягваў іх прадказваць), даводзіў, што мучыцца ад бяссонніцы і штовечар дэманстратыўна шукаў таблеткі, якіх, бадай, ніколі не глытаў — проста клаў іх на ўсякі выпадак побач з ложкам, а раніцай кляўся Пірксу, які вельмі позна чытаў і добра чуў яго храпенне, што нават вока не заплюшчыў (у што, здаецца, і сам свята верыў). Калі не браць гэтага пад увагу, то быў ён выдатны спецыяліст і бліскучы матэматык, меў талент арганізатара, яму даручалі бягучае праграмаванне аўтаматычнай, а больш дакладна, бязлюднай разведкі. Адну такую праграму ён прыхапіў з сабой для распрацоўкі ў «вольную часіну», а Круль пакутаваў, бо Масена выконваў тое, што яму даводзілася, вельмі хутка і якасна, так што ў яго і сапраўды заставалася шмат вольнага часу, а таму не было падстаў для абвінавачвання, нібыта ён не выконвае як след сваіх абавязкаў. Масена падыходзіў ім яшчэ і таму, што — як гэта ні парадаксальна — у іх планеталагічнай мікраэкспедыцыі не было ніводнага сапраўднага планетолага, бо і Круль таксама ім не з'яўляўся. Дзіўна ўсё ж, як няўдала могуць скласціся адносіны трох нармальных, звычайных людзей у такой скалістай пустыні, якой было Паўднёвае плато Ёты Вадалея. І нават без спецыяльных намаганняў з чыйго-небудзь боку.

Была ў гэтым калектыве яшчэ адна асоба, хоць і не чалавек — ужо названы вышэй Анэль, або Аўтамат Нелінейны, адна з найноўшых мадэляў, якія выпускаліся на Зямлі для даследаванняў з высокай ступенню самастойнасці. Масена быў з імі — у якасці кібернетыка — выключна як даніна старой традыцыі, бо рэгламент патрабаваў, каб там, дзе ёсць аўтамат, абавязкова быў яшчэ нехта, хто мог бы ў выпадку неабходнасці яго адрамантаваць. Рэгламенту было ўжо добры дзесятак гадоў — як вядома, інструкцыі мяняюцца не так часта, — але Анэль, як не раз казаў сам Масена, мог бы пры патрэбе адрамантаваць нават яго самога. І не толькі таму, што быў абсалютна безадмоўны, але і таму, што меў сама неабходныя медыцынскія веды. Піркс ужо даўно заўважыў, што часта чалавека лепш зразумець па яго адносінах да робатаў, чым да іншых людзей. Яго пакаленне жыло ў свеце, неад'емную частку якога складалі не толькі касмічныя караблі, але і аўтаматы, аднак сфера аўтаматыкі была пазначана нейкім асаблівым адценнем ірацыяналізму. Некаторым лягчэй было палюбіць звычайную машыну, скажам, уласны аўтамабіль, чым машыну разумную, якая думае. Перыяд шырокага эксперыментавання канструктараў ужо набліжаўся да свайго фінішу — прынамсі, здавалася, што гэта так. Ствараліся аўтаматы толькі двух тыпаў: вузка спецыяльныя і ўніверсальныя. Толькі невялікай групе ўніверсальных надавалі формы, падобныя на цела чалавека, і то толькі таму, што з усіх апрабаваных канструкцый запазычаная ў прыроды аказалася найбольш бездакорнай у цяжкіх умовах планетнай бездаражы.

Інжынеры былі не ў вялікім захапленні, калі іх дзіця пачало праяўляць такую самастойнасць, якая міжволі наводзіла на думку пра духоўнае жыццё. У прынцыпе лічылася, што аўтаматы мысляць, але «не маюць індывідуальнасці». Сапраўды, ніхто не чуў пра аўтамат, які гневаўся б, натхняўся, смяяўся альбо плакаў; усе яны былі надзвычай ураўнаважаныя, як гэтага хацелі канструктары. Аднак паколькі іх мазгі стваралі не на мантажным канвееры, а ў працэсе паступовага вырошчвання монакрышталёў, дзе мае месца статыстычны роскід, які не паддаецца кіраванню, то нават мікраскапічныя зрухі малекул выклікалі такія выніковыя адхіленні, што практычна не існавала двух зусім аднолькавых аўтаматаў. І ўсё ж, значыць, індывідуальнасці? Не, адказваў кібернетык, вынік імавернага працэсу; гэтак думаў сабе Піркс, як і кожны, хто меў да іх дачыненне, хто цэлымі гадамі мог адчуваць побач з сабой іх маўклівую, заўсёды мэтанакіраваную, заўсёды лагічную дзейнасць. Вядома, усе яны былі падобныя адзін на аднаго больш, чым людзі, але ж і яны мелі свой нораў, свае схільнасці, а былі і такія, што пры выкананні загадаў арганізоўвалі нешта накшталт «маўклівага супраціўлення» — прызнак, які, калі ён працягваўся доўга, заканчваўся капітальным рамонтам.

У Піркса, ды, напэўна, не толькі ў яго, у дачыненні да гэтых своеасаблівых машын, якія так дакладна і часам надзвычай творча выконвалі заданні, было не зусім чыстае сумленне. Пачалося гэта мо яшчэ тады, калі ён камандаваў «Карыяланам»; дастаткова сказаць, што тую сітуацыю, калі чалавек стварыў орган, які мысліць, па-за сваім целам і зрабіў яго залежным ад сябе, Піркс лічыў не зусім нармальнай. Вядома, ён не мог бы сказаць, адкуль бярэцца гэты ледзь улоўны неспакой, нейкае адчуванне няспраўджанага абавязку, невыразная думка пра тое, што рашэнне прынята памылковае, ці проста, груба кажучы, адбылося свінства. Было нейкае вытанчанае вераломства ў тым халодным спакоі, з якім чалавек запіхваў здабытыя пра сябе самога веды ў бяздушныя машыны, пільнуючы, каб у іх было адушаўлёнасці не больш, чым патрэбна, каб яны не сталі канкурэнтамі свайму стваральніку ў пазнанні шчодрасцей свету. Максіма Гётэ: «in der Beschraenkung zeigt sich erst der Mensch» (толькі ў абмежаванні выяўляецца майстар) у стасунку да мудрых канструктараў набывала нечаканы сэнс пахвалы, якая пераходзіла ў з'едлівы дакор, бо не сябе ж вырашылі яны абмежаваць, а справу рук сваіх, і то з жорсткай дакладнасцю. Зразумела, што Піркс ніколі не адважваўся выказаць гэту думку ўголас, бо добра разумеў, як смешна яна прагучала б; аўтаматы не былі абяздоленымі, не былі яны аб'ектам і нястрымнай эксплуатацыі, усё было прасцей і адначасова горш: з маральнага пункту гледжання складаней для крытыкі, іх магчымасці абмежавалі яшчэ раней, чым яны з'явіліся, — на чарцёжных лістах.

У той перадапошні дзень іх побыту на планеце праца была ўжо, уласна кажучы, скончана. Аднак, калі пачалі пералічваць стужкі, на якіх былі засведчаны вынікі экспедыцыі, аказалася, што адной не хапае. Перш за ўсё праверылі машынную памяць, пасля ператрэслі ўсе схованкі і скрынкі, пры гэтым Круль двойчы раіў Пірксу, каб ён лепей перагледзеў уласныя рэчы, што падобна было на зласлівасць, бо Піркс увогуле не меў ніякага дачынення да зніклай стужкі, ды і не хаваў бы ён яе ў чамадане. У Піркса аж язык свярбеў — так яму хацелася даць здачы, тым больш што дагэтуль ён звычайна адмоўчваўся і стараўся знаходзіць любыя апраўданні задзірлівым, нават зневажальным паводзінам Круля. Але і на гэты раз ён стрымаўся і замест вострага слоўка зазначыў, што калі трэба паўтарыць назіранні, то ён ахвотна зробіць гэта сам, узяўшы за памочніка Анэля.

Аднак Круль вырашыў, што дапамога Піркса Анэлю не будзе патрэбна, таму наўючылі яны на робата апарат, касеты з фотаплёнкай і, склаўшы ў кабуры пояса рэактыўныя патроны, паслалі Анэля да вяршыні горнага масіву.

Робат выйшаў а восьмай раніцы — Масена голасна выказаў упэўненасць, што ён справіцца са сваімі справамі да абеду. Аднак мінула другая, трэцяя, пасля чацвёртая гадзіна, нарэшце апусціўся змрок, але Анэль не вяртаўся.

Піркс сядзеў у кутку барака пад насценнай кадміевай лямпай і чытаў надта растрапаную старую кніжку, якую пазычыў яшчэ на Базе ў нейкага пілота, але сэнс яе, бадай, да яго не даходзіў. Сядзець было не надта зручна. Рыфлёная алюмініевая сценка ціснула на плечы, з падушкі-надзіманкі ўцякло ўсё паветра, і ён адчуваў, як у ягадзіцы ўпіваюцца праз прагумаваную тканіну вострыя гайкі канструкцыі. Нягледзячы на гэта, ён не мяняў пазіцыі, паколькі нязручная поза дзіўным чынам гарманіравала з набіраючай моц злосцю. Ні Круль, ні Масена дагэтуль нібы не заўважалі адсутнасці Анэля. Круль, які ўвогуле не быў жартаўніком і нават не спрабаваў жартаваць, невядома чаму з самага пачатку называў робата Анёлам або нават Жалезным Анёлам, інакш да яго і не звяртаўся, і такая па сутнасці дробязь ужо колькі разоў раздражняла Піркса, што за адно гэта ён знелюбіў касмографа. Масена меў да робата адносіны прафесійныя: усе інтэлектронікі ведаюць, а дакладней, робяць выгляд, што ведаюць, якія малекулярныя працэсы і токі выклікаюць тыя ці іншыя рэакцыі або адказы аўтамата, і таму адмаўляюць любыя меркаванні пра якую-небудзь разумнасць іх як абсалютнае глупства. Тым не менш да Анэля ён адносіўся гэтак жа, як добры механік да свайго дызеля: не дазваляў перагружаць, любіў за выканальнасць і клапаціўся пра яго як мог.

А шостай гадзіне цярпенне ў Піркса лопнула, бо ў яго здранцвела нага, і ён пачаў пацягвацца так, што аж косці затрашчалі, кратаў ступнёй і згінаў нагу ў калене, каб паскорыць кровазварот, а пасля стаў хадзіць з кута ў кут барака, добра ведаючы, што нічым больш не здолее дапячы Крулю, які заглыбіўся ў праверку падлікаў.

— Маглі б ужо і цішэй! — сказаў нарэшце Круль, звяртаючыся да іх абодвух, нібы не бачыў, што ходзіць адзін Піркс, а Масена са слухаўкамі на вушах уважліва слухае нейкую перадачу, разваліўшыся на пнеўматычным крэсле, выраз твару ў яго быў смешны, задуменны. Піркс адчыніў дзверы, якія рвануў моцны заходні вецер, і калі вочы трохі прывыклі да цемры, прыхінуўся плячыма да сцяны з ліставога алюмінію, якая дрыжала ад моцнага ветру, і пачаў углядацца ў той бок, адкуль павінен быў з'явіцца Анэль. Ён бачыў толькі рэдкія зоркі, дрыготкія ў паветры, парывы ветру халоднымі хвалямі студзілі яго галаву, блыталі валасы, а ноздры і лёгкія аж раздуваліся ад ветру — хуткасць яго была метраў сорак у секунду. Ён пастаяў, а калі стала холадна, вярнуўся ў барак, дзе Масена, пазяхаючы, здымаў з галавы слухаўкі і пальцамі расчэсваў валасы, Круль жа, зморшчаны, сухі, цярпліва складваў паперы ў папкі, пастукваючы кіпамі аркушаў, каб выраўняць іх.

— Няма яго! — сказаў Піркс і сам здзівіўся, як гэта прагучала — амаль як выклік. Круль і Масена, відаць, заўважылі, якім тонам гэта было прамоўлена, бо Масена кінуў позірк на Піркса і заўважыў:

— Гэта нічога, патрафіць, хоць і цёмна, вернецца на інфрачырвоным...

Піркс паглядзеў на яго, але нічога не адказаў. Праходзячы міма Круля, ён падняў з крэсла пакінутую там кніжку і ўсеўся ў сваім кутку, прытварыўся, што чытае. Вецер мацнеў. Зааконныя гукі нарасталі, уздымаліся да выцця. Аднойчы штосьці мякка стукнулася ў сцяну, нібы невялічкая галінка, і зноў пацягнуліся хвіліны маўчання. Масена, які, напэўна, чакаў, што Піркс, як заўсёды падатлівы, возьмецца гатаваць вячэру, нарэшце ўстаў сам і пачаў адчыняць кансервы з самагрэючымі патронамі, уважліва чытаючы спачатку назвы на этыкетках, нібы спадзяваўся знайсці сярод запасаў нейкія невядомыя дагэтуль прысмакі. Пірксу не хацелася есці. Дакладней, ён быў галодны, але не хацелася кранацца з месца. Паступова яго пачало разбіраць нядобрае, халоднае шаленства, ён Бог ведае чаму ўзбурыўся супроць абодвух таварышаў, якія ўвогуле былі не горшыя з магчымых. Ці лічыў Піркс, што нешта здарылася з Анэлем? Што робат, скажам, быў атакаваны «таямнічымі жыхарамі» планеты, стварэннямі, у якіх не верыць ніхто, акрамя казачнікаў? Калі б існаваў хоць адзін шанц на сто тысяч, што планету насяляюць нейкія істоты, то яны, безумоўна, не сядзелі б вось так, занятыя сваімі дробнымі справамі, а неадкладна прынялі б усе магчымыя захады, прадугледжаныя правіламі ў пунктах другім, пятым, шостым і сёмым васемнаццатага параграфа, а таксама трэцім і чацвёртым раздзеламі правілаў спецыяльных паводзін. Але такога шанцу не было, не было наогул ніякіх шанцаў. Ужо хутчэй узарвалася б няпэўнае сонца Ёты. Так, гэта было больш верагодна. Дык што ж магло здарыцца з Анэлем?

Піркс адчуваў, што спакой у бараку, які дрыжаў ад парываў ветру, толькі ўяўны. Але не толькі ён рабіў выгляд, што чытае і не хоча вячэраць, забыўшыся пра ўсё. Астатнія два таксама ўключыліся ў гульню, спачатку непрыкметную, але з кожнай хвілінай усё больш відавочную.

Анэль па лініі тэхнічнай абслугі быў у падпарадкаванні ў Масены як інтэлектроніка, а Круль, будучы начальнікам групы, камандаваў ім як сябрам экспедыцыі. Так што магчымую віну мог падзяліць кожны з іх. Мо Масена нечага недагледзеў, а мо Круль недакладна вызначыў трасу, па якой павінен быў пайсці Анэль? Урэшце, высветліць гэта было не надта складана і не гэта было прычынай агульнага маўчання.

Круль з самага пачатку нібы знарок задзіраўся з робатам, надзяляў яго зняважлівымі мянушкамі і не раз даваў яму даручэнні, ад чаго астатнія сябры групы ўстрымліваліся хоць бы таму, што ўніверсальны робат — не лёкай. І рабіў ён гэта, відаць, таму, каб, зневажаючы Анэля, тым самым насаліць Масене, адкрыта зачапіць якога не адважваўся.

Зараз адбывалася барацьба нерваў, і той, хто першым выявіць занепакоенасць лёсам Анэля, тым самым як бы прызнае сябе пераможаным. Зрэшты, Піркс адчуваў, што і ён сам быў уцягнуты ў гэта маўклівае спаборніцтва, такое дурное і адначасова такое напружанае. Піркс разважаў, што зрабіў бы ён сам, калі б быў кіраўніком групы. Напэўна, няшмат, бо такой ноччу нельга было рушыць на пошук. Так ці інакш, заставалася адно — чакаць раніцы, а зараз можна было б хіба што паспрабаваць устанавіць радыёсувязь, хоць, праўда, з мінімальным шанцам на поспех, бо радыус сувязі на ультракароткіх хвалях у моцна перасечанай горнай мясцовасці быў невялікі. Да гэтага дня яны ніколі не пасылалі Анэля аднаго, тым больш што правілы і хоць і не забаранялі гэтага, але абумоўлівалі падобны крок шматлікімі параграфамі, поўнымі агаворак. Зрэшты, д'ябал з імі, з параграфамі! Піркс лічыў, што Масена, замест таго, каб злосна выкалупваць з бляшанкі рэшткі падгарэлага мяса, мог бы ўсё ж паспрабаваць выклікаць робата па радыё. Разважаў, што было б, калі б ён сам гэта зрабіў. Урэшце, нешта ж здарылася. Ці можа робат зламаць нагу? Нічога падобнага на гэты конт ён ніколі не чуў.

Ён устаў, падышоў да стала і, адчуваючы на сабе прыхаваныя пад маскай абыякавасці погляды таварышаў, пачаў уважліва вывучаць карту, на якой ранкам Круль сваёй рукой вычарціў маршрут Анэля. Ці не можа гэта выглядаць так, што ён кантралюе кіраўніка? Піркс рэзка ўзняў галаву, сустрэў погляд Круля, які яўна хацеў яму штосьці сказаць, бо ўжо нават разявіў рот. Але калі халодны позірк Піркса ўпаў на яго, ён толькі кашлянуў і, згорбіўшыся, працягваў сартаваць свае паперы. Відаць, Піркс, сам таго не ўсведамляючы, здорава ўздзейнічаў на яго сваім позіркам; проста ў падобныя хвіліны ў ім прачыналася штосьці такое, што на борце ракеты яго слухаліся і паважалі, нават крыху пабойваліся.

Ён адклаў карту. Маршрут даходзіў толькі да вялікай скалістай сцяны з трыма нібы падмытымі патокам уцёсамі і далей абмінаў іх. Ці мог робат не выканаць задання? Гэта было немагчыма.

«Але можна звіхнуць нагу нават у малой шчыліне!» — падумаў Піркс. Не, гэта нонсенс. Такі робат, як Анэль, можа вытрымаць падзенне нават з саракаметровай вышыні. І не з такога становішча яны выходзілі цэлыя, бо матэрыял, з якога яны зроблены, мацнейшы, чым крохкія чалавечыя косці. Дык што ж здарылася, ліха яго ведае?

Ён выпрастаўся і з вышыні свайго росту зірнуў спачатку на Масену, які дзьмухаў і крывіўся, п'ючы надта гарачую гарбату, пасля перавёў позірк на Круля, нарэшце, дэманстратыўна адвярнуўшыся, выйшаў у маленькую спальню, дзе занадта рэзка рвануў са сцяны свой складны ложак, чатырма звыклымі рухамі сцягнуў з сябе адзенне і залез у спальны мяшок. Ён ведаў, што яму наўрад ці ўдасца заснуць, але сядзець з таварышамі ўжо не было сілы. Зрэшты, хто ведае, ці не нагадаў бы ён ім што-кольвечы не надта прыемнае, калі б застаўся разам, бо раніцай яны мелі ўжо расстацца на борце «Ампера»; з той хвіліны, як яны ўвойдуць у карабель, аператыўная група Ёты Вадалея спыніць сваё існаванне.

Яго пачалі адольваць розныя мроі; нейкія срабрыстыя ручайкі сцякалі з-пад вейкаў, пушыстыя светлячкі хілілі на сон, ён перавярнуў падушку на другі, халаднейшы бок — і раптам нібы на вочы ўбачыў перад сабой Анэля — такога, якім бачыў яго апошні раз таго дня, за колькі хвілін да васьмі. Масена прыладжваў яму звязку ракетных патронаў, дзякуючы якім можна было нібы насуперак гравітацыі хоць некалькі хвілін планіраваць у паветры; між іншым, гэта прыстасаванне ўжывалі ўсе, зразумела, у абставінах, якія былі прадугледжаны суровымі, але прадбачлівымі інструкцыямі. Дзіўная гэта была сцэна, як і заўсёды, калі чалавек нечым дапамагаў робату, бо звычайна бывае наадварот. Аднак Анэль не змог дацягнуцца рукой да кабур, замацаваных пад наладаваным, нібы горб, рукзаком. Ён нёс груз, дастатковы для двух чалавек. Праўда, гэта не шкодзіла яму, урэшце ж ён быў проста машына, і ў выпадку патрэбы, дзякуючы мікраскапічнай стронцыевай батарэі, якая замяняла яму сэрца, мог развіваць магутнасць у шаснаццаць конскіх сіл. Аднак зараз Пірксу ў соннай дрымоце ўсё гэта разам узятае, відаць, не вельмі спадабалася; ён усёй душой быў на баку маўклівага Анэля і схіляўся да думкі, што той, як і сам Піркс, зусім не такі спакойны па натуры, а толькі прыкідваецца спакойным, робіць выгляд, што так і трэба. Перад тым як канчаткова заснуць, Піркс падумаў яшчэ пра што-кольвечы. Гэта былі тыя глыбока інтымныя мроі, якім толькі можа ўвогуле аддавацца чалавек, напэўна, таму, што пасля таго, як прачнецца, звычайна пра іх не помніць, і тое, што заўтра ён не будзе помніць нічога, апраўдвае сёння ўсё. Ён уявіў сабе тую казачную, міфічную сітуацыю, якая — ён ведаў гэта даўно не горш за іншых — была цалкам неверагодная: бунт робатаў. І адчуваючы ў глыбіні душы ўпэўненасць, што тады ён абавязкова аказаўся б на іх баку, хутка заснуў, нібы з палёгкай на душы.

Прачнуўся ён рана, і невядома чаму першае, аб чым падумаў, было тое, што сціх вецер. Пасля ўспомніў Анэля і свае развагі перад сном; яго крыху занепакоіла, як падобнае наогул магло прыйсці яму ў галаву. Яшчэ колькі хвілін ён паляжаў, пакуль не прыйшоў да супакойвальнай высновы, што тыя перадсонныя, невыразныя вобразы наведалі яго не наяве, але — насуперак сну, які сніцца сам, — вымагалі нязначнай, амаль без удзелу свядомасці яго дапамогі. Такія псіхалагічныя развагі былі яму невядомыя, таму ён дзівіўся, навошта забівае імі галаву, крыху прыўстаў на локці і прыслухаўся: панавала абсалютная цішыня. Адсунуў штору на маленькім акенцы ля галавы. Праз мутнае шкло ўбачыў ранішні змрок і толькі тады зразумеў, што давядзецца ісці ў горы. Саскочыў з ложка, каб зазірнуць у агульны пакой. Робата не было. Тыя два ўжо ўставалі. За снеданнем Круль між іншым, нібы гэта было вырашана яшчэ ўчора, заўважыў, што яны мусяць выйсці неадкладна, бо надвячоркам прыбудзе «Ампер», а зборка барака і пакаванне рэчаў зоймуць сама малое паўтары гадзіны, калі не болей. І сказаў аб гэтым знарок такім тонам, каб не было зразумела, ці то трэба ісці галоўным чынам з-за недахопу дадзеных, ці то з-за Анэля.

Піркс еў за трох, але моўчкі. Калі астатнія яшчэ дапівалі каву, ён устаў, пакорпаўся ў сваім мяшку і дастаў маток белай нейлонавай вяроўкі, малаток і крукі. Падумаў і дадаў да рукзака яшчэ альпінісцкія чаравікі — на ўсякі выпадак.

Выйшлі на двор, калі толькі пачынала шарэць. На бясколерным небе зорак ужо не было відаць. Цяжкая фіялетавая шэрань на зямлі, на тварах, у самім паветры была нерухомая і марозная, горы на поўначы здаваліся чорнай масай, застылай у цемры, а паўднёвы хрыбет, той, што быў бліжэй, стаяў нібы высветленая зверху невыразная маска з яркай паласой аранжавага святла над вяршынямі. Гэты водбліск, далёкі і нерэальны, рабіў бачнымі ў паветры клубы пары, што вырывалася з вуснаў трох чалавек. Хоць атмасфера была больш разрэджанай, чым на Зямлі, дыхалася лёгка. Прыпыніліся на краі раўніны. Астраўкі травы, што цямнелі ў змешаным паўзмроку знікаючай ночы і напаўзаючага з-за гор дня, засталіся ззаду. Перад імі раскінулася ледніковая марэна, кучы камення, здавалася, прасвечвалі праз ваду, якая рухалася. Яшчэ колькі сот метраў уверх — і з'явіўся вецер; ён налятаў кароткімі парывамі. Людзі крочылі, лёгка пераскоквалі праз невялікія камяні, падымаліся на вялікія; часам скальная пліта суха стукалася аб іншую, часам кавалачак каменя выстрэльваў з-пад чаравіка і каціўся па схіле пад акампанемент каменнага розгаласу, нібыта ўнізе нехта прачынаўся. Часам рыпеў наплечны рэмень, скрыгаталі падкоўкі на чаравіках; гэтыя скупыя гукі надавалі паходу бачнасць згоды і дакладнасці, нібы рухалася з'яднаная адзіным імкненнем альпінісцкая група. Піркс ішоў другі за Масенай. Было ўсё яшчэ надта цёмна, каб як след разгледзець рэльеф далёкіх схілаў; Піркс напружана ўглядваўся ўдалечыню, раз і другі не надта ўдала ступіў нагой, аднак усё ж углядваўся, нібы хацеў уцячы не толькі ад тых, хто быў побач, але і ад самога сябе, ад сваіх разваг. Ён зусім не думаў пра Анэля, а толькі механічна шнарыў поглядам па тых завалах спрадвечных скал, якія застылі ў поўнай абыякавасці, дзе толькі ўяўленне чалавека магло ўбачыць пагрозу і выклік.

Планета мела добра прыкметныя поры года. Экспедыцыя прыбыла ў канцы лета, а зараз горная восень, уся ў чырвані і жаўцізне, ужо згасала ў далінах, але, нібы не зважаючы на лісце, што імчала ў пеністых горных патоках, сонца было ўсё яшчэ цёплае і ў бязвоблачныя дні на гэтым пласкагор'і нават прыпякала. Толькі туманы штораз гусцелі і напаміналі аб набліжэнні снегу і маразоў. Але тады на планеце не павінна было заставацца ўжо нікога; і гэта збялелая каменная пустыня, якую ўявіў сабе Піркс, раптам здалася яму асабліва жаданай.

Здавалася, убачыць зрокам, што цемра радзее, было немагчыма, аднак з кожнай хвілінай позірк адкрываў усё новыя абрысы наваколля. Неба ўжо зусім збялела — яшчэ не дзень, але ўжо і не ноч, ніякіх зорак, дзень пачынаўся так чыста і спакойна, нібы ўвесь ён быў схаваны ў шар з ахалоджанага шкла. Крыху вышэй яны трапілі ў паласу малочнага туману, які чапляўся гнуткімі шчупальцамі за грунт, а калі мінулі яго, Піркс заўважыў яшчэ не асветленую сонцам, але прыкметную ўжо ў ранішнім святле мэту іхняга шляху. Гэта быў скалісты слуп, які прымыкаў да галоўнага горнага ланцуга, а над гэтым слупам, некалькі сот метраў вышэй, чарнела двухгаловая вяршыня, сама высокая з усіх. На падобнай на булаву вяршыні гэтага слупа Анэлю патрэбна было зрабіць апошнія замеры. Дарога ў абодва канцы была лёгкая — ніякіх неспадзевак, шчылін, нічога, акрамя аднастайнага шэрага асыпку, дзе-нідзе перасечанага палосамі цвілі зеленавата-жоўтага колеру. Піркс усё яшчэ лёгка пераскокваў з адных гулкіх валуноў на другія, упіраўся ў зусім чорную на фоне неба сцяну і, можа, таму, што ні аб чым іншым не хацеў думаць, уявіў сабе, што гэта звычайнае ўзыходжанне, як і на Зямлі. І адразу ж іншымі вачыма ўбачыў скалы — сапраўды, можна было падумаць, што мэтай іх экспедыцыі было пакарэнне вяршыні, калі яны ідуць проста да хрыбта, які цяжка выступае з масы асыпку. Асыпак уздымаўся ля сцяны на адну трэць яе вышыні і канчаўся там навалам заклінаваных пліт, а ўжо адтуль вялізная плоскасць ішла ўгару; яна нібы застыла, ускінуўшыся ў неба; нейкіх сто метраў вышэй сцяну пераразала іншая горная парода — гэта выходзіў на паверхню дыябаз — чырванаваты, святлейшы за граніт, ён стужкай неаднолькавай шырыні наўскасяк працінаў усё крыло абрыву.

На нейкі час вяршыня прыкавала позірк Піркса сваёй патэтычнай лініяй, але варта было ім наблізіцца, як з ёй адбылося тое, што звычайна адбываецца з гарой: перспектыва знікла, распалася на асобныя ўчасткі, якія засланялі адзін аднаго, пры гэтым падножжа страціла сваю пакатасць, высунулася адгор'е, і позірку адкрыліся бясконцыя тэрасы, падобныя на паліцы выступы, шчыліны, якія заканчваліся тупіком, хаосам старых трэшчын, а над усім гэтым бязладдзем блішчала сама вяршыня, пазалочаная першымі прамянямі сонца, з дзіўна мяккім контурам; але нарэшце і яна знікла, яе засланілі іншыя; Піркс ужо не мог адвесці вачэй ад калоса — так, нават на Зямлі гэтая сцяна была б вартай увагі і намаганняў, асабліва з-за добра бачнага дыябазавага вала. Ад яго да вяршыні, залітай сонечным святлом, дарога здавалася кароткай і лёгкай, аднак пэўную цяжкасць уяўлялі казыркі, асабліва сама вялікі, які знізу блішчаў ад вільгаці або лёду, ён быў хутчэй чорны, чым чырвоны, нібы кроў, што запяклася.

Піркс даў волю фантазіі. Магла ж гэта быць не безыменная вяршыня пад чужым сонцам, а гара, услаўленая альпінісцкімі ўзыходжаннямі, якую не раз штурмавалі, на якой цярпелі паражэнне, гара, якая будзіць у альпініста своеасаблівае пачуццё, падобнае на тое, якое адчуваеш, калі бачыш добра знаёмы твар, дзе кожная маршчынка і кожны шрам маюць сваю гісторыю. Невялікія, ледзь прыкметныя змейкі трэшчын, цёмныя ніці выступаў-палічак, дробныя вышчарбіны — кожная з іх магла стаць меткай, якой дасягаеш падчас чарговага штурму, месцам працяглых прыпынкаў, маўклівага роздуму, бурнага націску і змрочных адступленняў, паражэнняў, атрыманых нягледзячы на тое, што ўсе тактычныя і тэхнічныя хітрыкі былі выкарыстаны, — гара з-за гэтага настолькі злілася з лёсамі людзей, што кожны альпініст, якому яна не паддалася, вяртаўся да яе зноў і зноў з тым самым запасам надзеі і веры ў перамогу і пры новым штурме прымерваў да гладкай скалістай паверхні вынашаны ў думках маршрут. Гэтая гара магла б мець багатую гісторыю: абходныя ўзыходжанні, розныя варыянты яе пакарэння, кроніка поспехаў і ахвяр, фатаграфіі, пазначаныя пункцірамі трас і крыжыкамі, што азначалі сама высокія з дасягнутых мясцін; Піркс умудрыўся ўявіць сабе гэта з найвялікшай лёгкасцю, больш таго: яму здавалася дзіўным, што гэта не так.

Масена, крыху згорбіўшыся, ішоў першы. Штораз мацнейшае святло дня не пакідала больш ніякіх ілюзій наконт «лёгкіх мясцін» сцяны — гэта зманлівае адчуванне лёгкасці і бяспекі было выклікана блакітнаватай смугой далечы, якая так спакойна абдымала кожны ўчастак бліскучай скалы. Дзень, ясны і чысты, дабраўся ўжо да падарожнікаў, іх доўгія рухомыя цені дасягалі вяршыні асыпку. Ад каменнай сцяны да асыпку вялі два вялікія жалабы, у якіх яшчэ стаяла ноч; застылы паток гравію ўздымаўся там і нечакана знікаў, паглынуты моцнай цемрай.

Даўно ўжо нельга было ахапіць масіў адным поглядам. Прапорцыі змяніліся, сцяна, якая з адлегласці нічым не адрознівалася ад іншых, уяўляла непаўторную індывідуальнасць формаў, а наперадзе нібы вырастаў з-пад рассыпанай картачнай калоды пляскатых пліт вялізны слуп — павялічваўся, пашыраўся, рос, пакуль нарэшце не адпіхнуў і не засланіў усё іншае і застаўся адзін у халодным, змрочным цяні ніколі не асветленых сонцам мясцін. Яны якраз узышлі на ўчастак вечнага снегу, пакрыты пырскамі злятаючых зверху камянёў, калі Масена запаволіў крок, пасля спыніўся, нібы прыслухоўваючыся. Піркс, які падышоў да яго першы, зразумеў — Масена паказаў пальцам на сваё вуха, у якім тырчаў шарык-масліна мікрафона.

— Ён быў тут?

Масена толькі кіўнуў галавой і паднёс да бруднай, спрасаванай паверхні снегу металічны пруток індыкатара радыеактыўнасці. Падэшвы чаравікаў Анэля былі насычаны радыеактыўным ізатопам, і індыкатар выявіў яго след. Робат прайшоў тут учора, невядома толькі — ішоў угару ці ўжо вяртаўся. Ва ўсякім выпадку яны знайшлі яго маршрут. З гэтага месца пайшлі ўжо не спяшаючыся.

Здавалася, што цёмны скалісты слуп зусім побач, але Піркс ведаў, што ацэнка адлегласці ў гарах бывае памылковая. Яны ішлі далей, мінулі ўжо лінію снегу і валуноў і былі на пляскатай грані. Пірксу здавалася, што ў поўнай цішыні ён чуе папіскванне слухавак Масены, хоць і было гэта немажліва. Масена час ад часу спыняўся, вадзіў канцом алюмініевага прута, апускаў яго, амаль дакранаючыся да скалы, выводзіў ім у паветры петлі і васьмёркі, нібы старадаўні чараўнік, пасля адшукваў след і зноў ішоў далей. Яны былі ўжо недалёка ад таго месца, дзе Анэль павінен быў закончыць замеры; Піркс уважліва разглядаў скалу, нібыта шукаў сляды зніклага.

Але скала была пустая. Сама лёгкая частка дарогі была пройдзена — перад імі тырчалі з-пад асновы слупа нахіленыя пад рознымі вугламі пліты, нібыта нехта зрабіў вялізны разрэз скальных парод і крыху прыадкрыў каменнае чэрава, агаліўшы сэрцавіну гор, старадаўнія слаі, якія месцамі патрэскаліся ад неверагоднай вагі ўсёй гэтай скалы, якая на цэлыя кіламетры ўскінулася ў неба. Яшчэ сто, сто пяцьдзесят крокаў — і далей прайсці было немагчыма.

Масена хадзіў, здавалася, па кругу і вадзіў перад сабой апушчаным канцом індыкатара, вочы ў яго былі прыжмураны, цёмныя акуляры ссунуты на лоб, твар абыякавы. Гэтак кружыўся ён без ладу і складу, пасля раптам спыніўся за некалькі метраў ад астатніх і сказаў:

— Ён быў тут. І досыць доўга.

— Адкуль ты ведаеш? — спытаў Піркс.

Масена паціснуў плячыма, дастаў з вуха шарык-масліну і падаў яго Пірксу разам з тонкай ніткай провада і прутком індыкатара. Піркс пачуў патрэскванне і папіскванне. На паверхні скалы не было ніякіх адбіткаў, ніякіх слядоў, нічога — толькі гэты гук, які аддаваўся ў галаве пранізлівым звонам, сведчыў, што Анэль мусіў на самай справе даволі доўга тут таптацца, бо амаль кожны метр паверхні выдаваў яго прысутнасць. Паступова з бязладдзя гукаў Піркс здолеў нават выявіць нейкі сэнс — Анэль прыйшоў, відаць, па той жа дарозе, што і яны, расставіў трыногу апарата і хадзіў вакол яго, пакуль рабіў замеры і здымкі, пасля некалькі разоў перасоўваў трыногу, шукаючы найбольш удалае для назіранняў месца. Так, малюнак праясняўся. Але што ж адбылося пасля?

Піркс пачаў абыходзіць гэта месца штораз шырэйшымі кругамі, па спіралі, каб адшукаць след, які выходзіў з цэнтра, след вяртання, але такога следу не было. Атрымлівалася, нібы Анэль вяртаўся дакладна па сваіх жа слядах, што выглядала зусім непраўдападобна. У яго ж не было адчувальнага да радыяцыі індыкатара і ён не мог ведаць, дзе ступаў раней, ды яшчэ з дакладнасцю да сантыметра; Круль нешта гаварыў Масене, але Піркс не зважаў на іх, працягваў кружыць, ажно пакуль не здалося яму, што слухаўка піскнула адзін раз, коратка, але выразна. Ён адступаў назад надзвычай асцярожна. Так, гэта было тут. Ён азірнуўся, расплюшчыў прыжмураныя вочы, каб усю ўвагу аддаць сігналам індыкатара. Знойдзены след быў каля сцяны, нібы робат павярнуў не да лагера, а наадварот, рушыў да каменнага слупа.

Гэта было дзіўна. Што яму там было трэба?

Піркс шукаў яшчэ хоць бы адзін след, але скалы маўчалі, і ён мусіў праверыць усе патрэсканыя пліты, згрувашчаныя ля падножжа калон; цяжка было прадбачыць, на якую з іх Анэль паставіў нагу. Нарэшце Піркс знайшоў след, аддалены ад папярэдняга на пяць метраў; няўжо Анэль скокнуў так далёка? Але навошта? Ён яшчэ адступіў і праз хвіліну зноў знайшоў згублены след — робат пераскокваў з каменя на камень. Раптам Піркс, які плаўна вадзіў прутком па каменні, здрыгануўся, бо ў яго галаве нібы гахнуў разрыўны патрон; слухаўкі адазваліся такім гукам, што Піркс аж скрывіўся — было вельмі балюча. Ён зірнуў на каменную пліту і аслупянеў. Заклінаваны паміж двух камянёў, на дне натуральнага неглыбокага калодзежа ляжаў цэлы, непашкоджаны апарат, а побач — фотакамера. На другім баку пліты да каменя быў прыхінуты рукзак Анэля — з развязанымі шнуркамі, але спакаваны як мае быць. Піркс паклікаў астатніх. Яны прыбеглі і здзівіліся, як і Піркс, такой знаходцы. Круль праверыў касеты — падобна было, што ўсе замеры выкананы. Не трэба было паўтараць работу. Заставалася толькі высветліць лёс Анэля. Масена прыклаў далоні да рота і некалькі разоў гучна крыкнуў, але толькі далёкае, працяглае рэха адбілася ад скал. Піркс нават здрыгануўся, бо гэты крык нагадваў яму сітуацыю, нібыта шукалі чалавека, які заблудзіўся ў гарах. Праз хвіліну інтэлектронік дастаў з кішэні пляскатую касету перадатчыка, прысеў і пачаў выклікаць робата, перадаючы яго сігнал, але было відаць, што робіць гэта ён хутчэй з абавязку, чым з пераканання. Тым часам Піркс усё шукаў сляды. Здавалася, што робат даволі доўга таптаўся на адным месцы — столькі ледзь чутных піскаў выдавала слухаўка. Такая вялікая колькасць слядоў дарэшты збіла Піркса з панталыку. Нарэшце ён прыблізна акрэсліў граніцу раёна, за якую робат напэўна не выходзіў, і пачаў пільна абыходзіць яе, каб знайсці новы след, які падказаў бы напрамак далейшых пошукаў.

Зрабіў чарговы круг і вярнуўся да скалы. Паміж каменным выступам, на якім ён стаяў, і зусім вертыкальнай скалой, якая ўздымалася ўверх, зеўрала амаль паўтараметровая шчыліна; дно яе было ўсыпана дробнымі, вострымі абломкамі, што падалі зверху. Піркс сумленна даследаваў і гэтае месца, але слухаўка маўчала. Ён апынуўся перад незразумелай загадкай: было падобна, што Анэль нібы растварыўся ў паветры. Масена і Круль ціхенька раіліся за яго спіной, а ён паволі ўзняў галаву і ўпершыню з такой блізкай адлегласці зірнуў на слуп, які ўзвышаўся над ім. Неадольнай была сіла выкліку, якую адчуў ён у каменным спакоі скалы; дакладней, гэта быў нават не выклік, а хутчэй нешта падобнае на працягнутую адкрытую руку — у Піркса з'явілася пэўнасць, што трэба гэты жэст прыняць, што гэта пачатак дарогі, па якой ён павінен пайсці. Зусім міжволі шукаў вачамі першую зачэпку; было ўсё ясна. Адным доўгім, дакладным скачком можна было пераскочыць шчыліну і адразу апынуцца на невялікім, але ёмкім выступе; пасля без усякага сумнення патрэбна было рухацца наўскасяк, уздоўж правільнай геаметрычнай формы трэшчыны, якая крыху вышэй паглыблялася і станавілася неглыбокай цяснінай. Не ведаючы толкам, навошта ён гэта робіць, Піркс падняў індыкатар, выцягнуўся як толькі мог і паднёс яго да каменнага выступу на другім баку шчыліны. Слухаўка адгукнулася. Для пэўнасці Піркс паўтарыў гэту аперацыю яшчэ раз, з цяжкасцю трымаючы раўнавагу, бо мусіў адхіляцца ад сцяны як мага больш, і зноў пачуў кароткі піск. Цяпер ён ужо не сумняваўся. Вярнуўся да Масены і Круля.

— Анэль пайшоў наверх, — спакойна сказаў Піркс, паказваючы на каменны слуп.

Круль, здавалася, не зразумеў, а Масена паўтарыў:

— Пайшоў наверх? Навошта? Дзеля чаго наверх?

— Не ведаю. Туды вядзе след, — адказаў Піркс з прытворнай абыякавасцю.

Масена быў схільны лічыць, што Піркс памыліўся, але адразу ж сам пераканаўся, што гэта праўда. Анэль адным шырокім крокам пераскочыў праз шчыліну і пайшоў уздоўж каменнага завалу — кіраваўся на слуп. Узнікла збянтэжанасць. Круль лічыў, што пасля таго, як замеры былі зроблены, робат, відавочна, з-за нейкіх непаладак распраграмаваўся; Масена заставаўся пры думцы, што гэта немагчыма, бо Анэль пакінуў усе апараты і рукзак зусім так, нібы абдумана рыхтаваўся да цяжкага ўзыходжання, і, значыць, нешта павінна было прымусіць яго зрабіць менавіта так.

Піркс маўчаў. Ён вырашыў, што пойдзе на слуп, нават калі б ніхто з іх не пайшоў разам; Круль усё роўна не мог бы ісці, бо гэта патрабавала альпінісцкіх навыкаў, і не абы-якіх. Ад Масены ён чуў яшчэ раней, што той хадзіў многа і, здаецца, нядрэнна ведаў тэхніку ўзыходжання на круках; і калі настала маўчанне, Піркс проста сказаў, што мае намер ісці — ці гатовы Масена стаць яго спадарожнікам?

Круль адразу ж запярэчыў. Інструкцыя забараняе рызыкаваць жыццём людзей; у поўдзень прыляціць па іх «Ампер»; яшчэ трэба сабраць барак і спакавацца; замеры зроблены; робат, відаць, трапіў у аварыю, значыць, трэба проста згадзіцца, што ён загінуў, гэта значыць выкласці ўсе акалічнасці ў канчатковай справаздачы.

— Ці азначае гэта, што мы павінны пакінуць яго тут, а самі паляцець? — спытаўся Піркс.

Яго спакой, здавалася, дражніў Круля, які, ледзьве стрымліваючы сябе, адказаў, што ў справаздачы вычарпальна выкладзе ўсе падзеі, не забудзецца прывесці думкі ўсіх сябраў групы і найбольш праўдзіва растлумачыць здарэнне: пашкоджанне мнестронаў памяці ці кіраўнічага контуру матывацыйнага, альбо дэсінхранізацыя...

Масена заўважыў, што ні першае, ні другое, ні трэцяе немагчыма, бо ў Анэля ўвогуле няма ніякіх мнестронаў, а толькі аднафазная монакрышталічная сістэма, развітая малекулярна з пераахалоджаных дыямагнітных раствораў, узбагачаных ізатопнымі элементамі...

Было бачна, што ён хацеў укалоць Круля, паказаць яму, што ён гаворыць пра рэчы, у якіх наогул нічога не разумее; Піркс перастаў слухаць. Адвярнуўшыся, ён зноўку змераў позіркам аснову слупа, але ўжо інакш, чым раней, — уяўнае стала рэальным, і хоць яму было крыху непамысна, ён адчуваў пэўнае задавальненне, што можа распачаць адзінаборства з гэтай гарой.

Масена вырашыў ісці з Пірксам, можа, дзеля таго, каб такім чынам канчаткова супрацьпаставіць сябе Крулю. Да Піркса пятае праз дзесятае даходзіла іх размова: што загадку трэба абавязкова высветліць, бо калі яны проста вернуцца, то, магчыма, будзе ўпушчана штосьці такое ж важнае, як і таямнічае, якое выклікала такую нечаканую рэакцыю ў робата, і калі б было толькі пяць шанцаў са ста, што гэта «штосьці» адбылося, рызыка ўзыходжання будзе цалкам апраўдана.

Круль, гэта варта прызнаць, палічыў сябе пераможаным і не траціў больш марна слоў. Запанавала маўчанне. Масена пачаў здымаць са спіны апараты, а Піркс, які тым часам падрыхтаваў ужо вяроўку, малаток, крукі і змяніў цяжкія чаравікі на туфлі, пазіраў на яго крадком. Масена быў трохі знерваваны, Піркс бачыў гэта. І не так ад спрэчкі з Крулем — гэта было звыклым, як таму, што ён, відаць, дарма ўліп у сітуацыю, з якой няма ўжо выйсця. Піркс падумаў, што Масена, калі б яму прапанавалі застацца, то, хто ведае, мо і згадзіўся б, хоць тут і быў закрануты гонар. Піркс, аднак, не сказаў нічога, бо хоць спачатку ўзыходжанне абяцала быць лёгкім, невядома, як будзе вышэй, асабліва там, дзе значную частку каменнай сцяны засланялі казыркі. Ён жа нават не вывучыў сцяну праз бінокль, бо не збіраўся штурмаваць яе. Але ўсё ж захапіў вяроўку і крукі — навошта? Замест таго каб аналізаваць гэтыя супярэчнасці, ён стаяў і чакаў Масену. Пасля разам яны рушылі няспешна да падножжа скалы.

— Я пайду першы, — сказаў Піркс, —адразу на ўсю вяроўку; пасля паглядзім.

Масена кіўнуў галавой. Піркс азірнуўся яшчэ раз, каб убачыць, што робіць Круль, з якім рассталіся моўчкі. Круль стаяў там, дзе яго пакінулі, ля складзеных рукзакоў. Піркс і Масена былі ўжо так высока, што за паўночнымі горнымі хрыбтамі маглі ўбачыць маслінавую пляму далёкіх нізін. Аснова камяністага насыпу была яшчэ зацемнена, толькі вяршыні гор сляпуча блішчалі, і гэты бляск рассеяным німбам высвечваў шчарбіны сцяны, якая ўздымалася над імі высока ў неба.

Піркс зрабіў вялікі крок, намацаў нагой выступ, адштурхнуўся і лёгка пайшоў уверх. Першыя метры былі сапраўды не складаныя. Ён рухаўся мерна, нібы ляніва, перад самымі вачыма праплывалі шурпатыя слаі скалы, няроўныя, з упадзінамі цямнейшага колеру. Ён напружваўся, падцягваў цела, перамяшчаўся ўверх, адчуваючы нерухомае, марознае датыкненне ночы, якое ішло ад каменнага масіву. Сэрца стукала шпарчэй, але дыхалася свабодна, ад працы мускулаў прыемная цеплыня разлівалася па целе. За ім цягнулася вяроўка, і ў чыстым паветры добра было чуваць яе шастанне, калі яна церлася аб скалы; перш чым вяроўка скончылася, Піркс знайшоў добрае месца для страхоўкі. Некага іншага ён мо проста выцягнуў бы наверх, але Піркс хацеў пераканацца, чаго варты Масена. Ён стаяў, уціснуты ў шчыліну, якая ішла наўскасяк праз увесь слуп, і мог, чакаючы Масену, разгледзець вялікую цясніну, якую яны абыходзілі, рухаючыся паралельна ёй — тут яна якраз пышыралася: шэры каменяпад утварыў амфітэатр увагнутай нішы; знізу гэтае месца здавалася зусім нецікавым, пляскатым, і толькі тут ва ўсім прыгостве выявілася паверхня скалы. Пірксу было так добра тут аднаму, што ён нібы войкнуў, калі заўважыў побач Масену; потым яны адразу рушылі далей. Гэтак яно паўтаралася штораз, рытмічна і спакойна, і на кожным прыпынку Піркс правяраў індыкатарам, ці не засведчыць сігнал у слухаўцы прысутнасць Анэля — толькі адзін раз згубіў яго і адмовіўся ад зручнай расколіны, бо Анэль падняўся тут па сцяне, хоць і не быў альпіністам; Піркс лёгка адгадваў усе яго наступныя рашэнні, настолькі — калі так можна сказаць — адназначнай, настолькі лагічнай была гэтая дарога ў скале, якая давала магчымасць хутчэй дасягнуць вяршыні. Ва ўсякім разе было ясна, што Анэль сапраўды падняўся. Піркс ні на хвіліну не задумваўся над тым, чаму робат зрабіў менавіта так. Ён прывучыў сябе не разважаць дарэмна. Паволі ён знаёміўся са скалой — сваім праціўнікам; у яго памяці ўсплылі, здавалася б, забытыя спосабы і прыёмы, ён беспамылкова прадбачыў, што і калі трэба рабіць; нават тое, што яму даволі часта даводзілася вызваляць адну руку, каб знайсці індыкатарам радыеактыўны след, не дадавала яму ніякага клопату. Аднаго разу, трымаючыся за камень, які, аднак, моцна сядзеў у скале, нібы замураваны, Піркс зірнуў уніз. Яны былі ўжо даволі высока, хоць і ішлі нібыта павольна; Круль стаўся ўжо маленькай плямкай зеленаватага камбінезона на пляскатым шэрым асыпку, Піркс нават не адразу адшукаў яго на дне гэтай паветранай студні, якая зеўрала ля самых ног.

Далей пачынаўся малы траверс; ісці станавілася цяжэй, але і Піркс з кожнай хвілінай аднаўляў ранейшыя навыкі, а яны былі такога ўзроўню, што часам было больш бяспечна даверыцца інтуіцыі, чым свядома разважаць над выбарам прыёмаў; а ў тым, што дарога стала цяжэйшай, Піркс пераканаўся ў той момант, калі, як і раней, хацеў вызваліць правую руку, каб узяць звісаючы з пояса індыкатар, — і не змог гэтага зрабіць. У яго быў толькі адзін пункт апоры для левай рукі і штосьці вельмі невыразнае пад наском правага туфля; адхінуўшыся як толькі можна ад скалы, ён шукаў апору другой назе і не мог знайсці. Тады ён адмовіўся ад індыкатара, бо вышэй было нешта падобнае на невялікую прыступку.

Яна была пакрыта ледзяным наростам і нахілена да прорвы, але ў адным месцы лёд быў сарваны з каменя нібы моцным ударам. Піркс сваім туфлем гэтага ніколі б не зрабіў, яму прыйшло ў галаву, што гэта быў Анэлеў чаравік — бо робат важыў амаль чвэрць тоны. Масена, які ішоў да гэтага вельмі добра, зараз пачаў адставаць.

Яны набліжаліся да вяршыні каменнага слупа. Скала, па-ранейшаму шурпатая, пачынала паступова, а чым вышэй, тым больш, нахіляцца да бездані, і ісці без добрай апоры было цяжка; праз некалькі метраў шчыліна, да гэтага даволі шырокая, скончылася, у Піркса заставалася яшчэ метраў пяць свабоднай вяроўкі, але ён сказаў Масене сцягнуць яе, каб агледзецца. Бо робат жа прайшоў тут — без крукоў, без вяроўкі і без страхоўкі. «Значыць, і я гэтак здолею», — падумаў Піркс. Ён пачаў абмацваць скалу над сабой; у костачцы правай ступні, заклінаванай у апошнім звужэнні шчыліны, па якой ён да гэтага ішоў, кальнула ад рэзкага павароту, аднак гэта не спыніла яго. Самымі кончыкамі пальцаў ён намацаў ліштвачку, меншую, чым падушачкі пальцаў; трымаючыся за яе, можна было падцягнуцца, але што далей?

Гэта было ўжо суперніцтва не толькі са скалою, але як бы і з Анэлем, ён жа тут прайшоў, і прытым адзін. Праўда, пальцы ў яго сталёвыя... Піркс пачаў ужо вызваляць ступню са шчыліны, калі пры гэтым руху нейкі невялічкі каменьчык выскачыў з-пад падэшвы і паляцеў уніз. Піркс выразна чуў свіст паветра, і праз некалькі доўгіх-доўгіх хвілін — рэзкі, дакладны ўдар. «Ну што ж, сітуацыя зразумелая», — падумаў ён. Піркс вырашыў не падцягвацца і пачаў шукаць месца, каб забіць крук. Аднак у скале не было нават прыкмет трэшчыны; Піркс, як толькі здолеў, нахіліўся ў абодва бакі, аднак нічога не знайшоў.

— Што там? — пачуўся знізу голас Масены.

— Нармальна, вывучаю, — адказаў ён.

Нага напамінала пра сябе, ён ведаў, што доўга ў такой пазіцыі не прастаіць. Эх, каб можна было знайсці іншы шлях! Але варта толькі згубіць след робата, і яго ўжо не знойдзеш на гэтай кіламетровай сцяне. Стараўся знайсці што-небудзь над сабой. Пад слізгаючым позіркам сцяна здавалася ўсыпанай трэшчынамі, аднак на самай справе гэта былі ўпадзіны меншыя, чым далонь; разлічваць можна было толькі на тую ліштвачку. Калі ён падцягнуўся на абедзвюх руках і вызваліў ступню са шчыліны, у яго мільганула думка, што адступлення ўжо няма; скала адразу нібы адапхнула яго, ён вісеў, і наскі туфляў адсунуліся ад скалы сантыметраў на трыццаць. Вышэй, наверх! Штосьці мільганула ў яго над галавою. Трэшчына? Але да яе трэба было дацягнуцца. Яшчэ трохі? Праз імгненне ён страціў здольнасць разважаць; трэба было адпусціць левую руку, завіснуць на кончыках чатырох пальцаў правай і дацягнуцца левай да трэшчыны ці шчыліны невядома якой глыбіні. «Гэтага нельга было рабіць!» — прамільгнула ў яго ў галаве, калі ён, адчуваючы, што мускулы амаль лопаюцца, раптам апынуўся на два метры вышэй, прыціскаючыся да скалы; ён цяжка дыхаў і крыху злаваўся на сябе; цяпер ён абедзвюма нагамі стаяў на ліштвачцы і мог забіць крук, нават два — для пэўнасці, бо першы ўвайшоў не вельмі глыбока. Так і зрабіў, з прыемнасцю ўслухоўваючыся ў чысты, звонкі высокі гук, які нарэшце сціх. Вяроўка ўскочыла ў карабін, Піркс ведаў, што давядзецца дапамагчы Масене; нельга сказаць, што гэта была чыстая работа, але ж гэта не Альпы; ва ўсякім разе становішча яго было зараз даволі пэўнае.

Над ліштвачкай была вузкая, надта ёмкая трэшчына; Піркс узяў кароткі прэнт індыкатара ў зубы, бо баяўся ўдарыць ім аб скалу — прэнт тырчаў з-за пояса; вышэй колер пароды мяняўся.

Сцяна не была ўжо чарнаватая, з падцёкамі карычневай, нібы надта старой шэрасці. Яе змяніла рудая, з карычнева-чырванаватымі адценнямі, бліскучым зблізку дыябазам. Яшчэ колькі метраў — і гэта дарога колераў скончылася; Піркс убачыў над сабой новы казырок, які нельга было адолець з такой малой колькасцю крукоў, ды яшчэ без прыступкі пад нагамі; але ж у Анэля не было зусім нічога; Піркс праверыў сітуацыю індыкатарам: робат туды не пайшоў. Значыць? Заставалася толькі рухацца па траверсе.

Калі Піркс вывучаў гэты шлях, то здаўся ён спачатку не вельмі складаным або небяспечным. Слуп нібы зноўку набываў страчаную ў пластах дыябазу форму; Піркс стаяў на вузкай, але прыдатнай прыступцы, якая даходзіла да павароту і там канчалася; нахіліўшыся, убачыў далейшы яе працяг за пукатасцю скалы — усяго праз нейкіх паўтара метра, двух-то не было, гэта дакладна. Значыць, трэба было абвіцца целам вакол выступу, які адпіхваў, і, страціўшы апору для правай нагі, адштурхнуцца левай так, каб, перасекшы паветра над безданню, правай абаперціся на працяг прыступкі. Пашукаў месца, куды можна было б забіць крукі, з падстрахоўкай было б гэта не так складана. Але шкадлівая сцяна і тут была зусім без трэшчын; зірнуў уніз: з таго месца, якое мог заняць Масена, страхоўка была поўнай фікцыяй. Сарваўшыся, ён падаў бы сама мала пятнаццаць метраў; рыўком магло вырваць нават добра забітыя крукі. А індыкатар аднак гаварыў, што робат пераадолеў гэты шлях — адзін! «Што ж гэта азначае, д'ябал яго ведае? — сказаў ён сам сабе. — На другім баку ёсць прыступка! Толькі адзін добры крок! Наперад, няўклюда!» Але працягваў стаяць. Калі б удалося хоць вяроўку нацягнуць — але дзе там! Нахіліўся і некалькі секунд глядзеў на прыступку, больш не мог — пачалі дрыжаць мускулы. А калі падэшва пакаўзнецца? У Анэля былі сталёвыя падэшвы. На прыступцы нешта блішчала — раскрышаны лёд. Слізка, чорт яго вазьмі. Трэба было захапіць з сабой вібрамы...

— І напісаць запавет, — прамармытаў бязгучна Піркс.

Вочы яго прыжмурыліся, позірк знерухомеў. Прыгнуўшыся, раскінуўшы рукі, шукаючы апоры ў шурпатасці скалы, ён абвіў яе целам і зрабіў той крок, які столькі яму каштаваў. Калі апынуўся на другім баку, не адчуў нават задавальнення, бо ўбачыў, як уліп. Прыступка на тым баку была ніжэй, значыць, па дарозе назад давядзецца скакаць уверх. Ды яшчэ з такім фортэлем — гэта было ўжо не ўзыходжанне і нават не акрабатыка, а чорт ведае што! Спуск на вяроўцы? Бо калі не...

Ён разумеў, што гэта ўжо поўны крах, але ішоў далей, пакуль было магчыма. Пра яго стан і сітуацыю сведчыла тое, што ён зусім забыўся пра Анэля; было не да яго. Вяроўка, крыху нацягнутая, калыхалася над ім, яна была надзвычай выразна бачная, па-здрадніцку блізкая і канкрэтная, яна была відаць на фоне асыпку, які невыразна ўяўляўся ў блакітнай смузе ля падножжа сцяны цьмянай плямай. Прыступка скончылася, і не было далей дарогі ні ўверх, ні ўніз; вяртання назад таксама не было. «Ніколі яшчэ не бачыў нічога больш гладкага», — падумаў ён з нейкай асаблівай заспакоенасцю, якая, аднак, была зусім інакшая, чым раней: бо горш, чым ёсць, быць не магло — і нервавацца не мела ніякага сэнсу. Ён агледзеўся. Пад нагамі — чатырохсантыметровы выступ, а далей нічога — аж да невыразнай, цёмнай плямы шчыліны, якая, здавалася, клікала да сябе; Піркса аддзялялі ад яе чатыры метры па сцяне, такой моцнай, такой стромай, якую толькі можна сабе ўявіць. «І гэта называецца граніт?!» — са шкадаваннем падумаў ён. Відаць, часам тут сцякала вада — відаць былі яе сляды, ад якіх сцяна пацямнела, ён бачыў нават асобныя кроплі; Піркс узяў індыкатар у правую руку і пачаў вадзіць ім, шукаючы слядоў робата. Пачулася ціхенькае папіскванне. Значыць, Анэль прайшоў тут. Але як? Раптам ён заўважыў маленькую плямку шэрага, як скала, моху. Садраў яго. Маленькае паглыбленне, не большае, чым пазногаць. Крук не хацеў залазіць больш чым напалову, але і гэта было збавенне. Ён турзануў за колца — як сядзіць? Неяк трымаецца. Так, зараз левай рукой за круг і асцярожна, як толькі можна... Адхіліўшыся напалову ад скалы, ён выпадкова адвёў вочы ад шчыліны, якая вабіла да сябе, нібы створаная стагоддзямі дзеля аднаго адзінага імгнення, якое павінна было наступіць; пасля яго позірк каменем паляцеў уніз — аж да блакітна-нябеснай іскры на замружаным шэрым фоне асыпку.

Вырашальны крок так і не быў зроблены.

— Што там?! — пачуўся голас Масены.

— Зараз! Хвілінку! — адгукнуўся Піркс, перакідваючы вяроўку праз карабін.

Яму трэба было як след разгледзецца. Зноў адхіліўся, на тры чвэрці цяжару павіс на круку, нібы спрабаваў вырваць яго са сцяны, але мусіў абавязкова паглядзець уніз, праверыць...

Так, гэта быў Анэль. Нішто іншае не магло б гэтак блішчаць, ды яшчэ так далёка ўнізе. Дарога ўжо даўно адхілілася ад вертыкалі, і Піркс быў цяпер метраў за трыста ў баку ад месца, з якога яны пачалі ўзыходжанне. Пашукаў якіх-небудзь больш адметных арыенціраў там, унізе. Вяроўка дужа сціскала яго, было непрыемна, адчуваў сябе блага, цяжка стала дыхаць, і кроў стукала ў скронях. Як мог стараўся запомніць прыкметы мясцовасці; той вялізны валун — яго ўдасца пазнаць, хоць зараз ён бачны пад іншым вуглом. Калі нахіліўся назад да сцяны, яго білі дрыжыкі. «Трэба будзе з'язджаць», — сказаў сам сабе і неяк зусім бяздумна ўзяўся за крук, які адразу вырваўся са скалы, нібы сядзеў у масле; яму зрабілася дзіўна, але схаваў крук у кішэню і пачаў разважаць, як яму адсюль выбрацца. Гэта ўдалося, хоць і не зусім гладка: Масена панабіваў на сваім прыпынку столькі крукоў, колькі здолеў, падкараціў вяроўку, а Піркс проста праляцеў метраў з восем каля пліты і павіс; крыху ніжэй была іншая шчыліна і адтуль ужо з'язджалі яны па чарзе; калі Масена спытаў, чаму яны вяртаюцца, Піркс адказаў:

— Я знайшоў яго.

— Анэля?

— Так. Ён упаў. Ляжыць там, унізе.

Спуск заняў не менш як гадзіну; Піркс без жалю расставаўся з крукамі; наогул, гэта было цікавае пачуццё — думаць, што ніколі ўжо не паставяць тут свае нагі ні ён, ні нейкі іншы чалавек, а ў гэтай скале будуць тырчаць кавалкі жалеза, апрацаванага на Зямлі, і што гэта будзе ўжо на стагоддзі — а магчыма, назаўсёды.

Круль падбег да іх, калі яны, стаўшы нагамі на роўнае, зрабілі некалькі няўпэўненых крокаў, нібы адвыклі ад звычайнай хады; Круль здалёк закрычаў, што знайшоў непадалёку кінутыя Анэлем рэактыўныя кабуры; робат зняў іх знарок, перш чым узысці на сцяну, што было яўным доказам яго аберацыі, бо толькі яны ў выпадку падзення маглі яго выратаваць.

Масена, здавалася, наогул не звяртаў увагі на гэтыя адкрыцці Круля — ён не збіраўся хаваць, чаго каштавала яму гэтая дарога; наадварот — дэманстратыўна ўсеўся на валун, шырока расставіў ногі і нібы раскашаваў ад адчування цвёрдага грунту, занадта старанна выціраў хустачкай твар, лоб і шыю.

Піркс сказаў Крулю, што Анэль упаў; праз некалькі хвілін яны пайшлі яго шукаць. Пошукі былі кароткія. Ён падаў сама меней з вышыні трыста метраў. Панцыр яго разляцеўся на кавалкі, металічны чэрап таксама, і яго монакрышталічны мозг стаў дробнымі шклянымі асколкамі, раскіданымі ва ўсе бакі — яны блішчалі на белаватых каменнях нібы слюда. На шчасце, Круль не аказаўся дробязным і не пачаў даказваць, што ўзыходжанне было цалкам непатрэбным. Ён толькі не без задавальнення паўтараў, што Анэль распраграмаваўся — пакінутыя кабуры стоадсоткавы доказ. На Масену ўзыходжанне паўплывала не лепшым чынам; ён не спрабаваў нават пярэчыць, і ўвогуле здавалася, што ён будзе тым больш задаволены, чым хутчэй іх група будзе расфармавана і яны па-добраму расстануцца. Таму вярталіся моўчкі, тым больш што Піркс не лічыў патрэбным дзяліцца з таварышамі сваімі ўражаннямі аб здарэнні. Ён быў перакананы, што Анэль разбіўся не ад непаладкаў, а тое, што адбылося, не мела нічога агульнага з нейкімі монакрышталямі або мнестронамі, бо хіба ж ён, Піркс, таксама «распраграмаваўся», што так настойліва хацеў пакарыць гэтую сцяну? Проста Анэль больш быў падобны на сваіх канструктараў, чым ім гэтага хацелася. Калі ён выконваў сваё заданне, у яго заставалася яшчэ шмат часу — бо ён быў надта кемлівы і акуратны выканаўца. Ён не толькі бачыў, але і разумеў наваколле; ён быў створаны для вырашэння складаных задач, гэта значыць для гульні, а там спатрэбілася гульня не абы-якая — а з найвышэйшай стаўкай. Піркс не мог стрымацца ад усмешкі, калі падумаў пра слепату Круля і Масены; тое, што яны знайшлі свядома адкладзеныя Анэлем рэактыўныя патроны, узялі за доказ — да таго ж цалкам — бяспрэчны, — што робат распраграмаваўся. Але кожны чалавек зрабіў бы менавіта так, у іншым выпадку справа ўвогуле не мела б сэнсу, а ператварылася б у разнавіднасць гімнастыкі. О не, гаворка не пра тое. І ніякія вывады, ураўненні, ніякія крывыя не здолелі б яго пераканаць. Піркса здзіўляла толькі адно — што Анэль не ўпаў раней, бо ён ішоў адзін, без навыкаў, без трэніроўкі — гэтага ён не ведаў, бо яго стваралі не дзеля таго, каб ён змагаўся са скаламі. Што было б, калі б ён вярнуўся? Піркс зноў, невядома чаму, быў перакананы, што яны ніколі не даведаліся б пра гэта. Ва ўсякім разе ад Анэля. А ў тым месцы, не маючы ні крукоў, ні напарніка, а можа, нават не ведаючы пра іх існаванне наогул, ён адважыўся скокнуць. Што ён тады думаў? Напэўна, нічога, як і сам Піркс. Ці дакрануўся ён, хоць на імгненне, да краю расколіны? Калі так, то там павінен застацца след, шчопці радыеактыўных атамаў, якія будуць пакрысе распадацца, аж пакуль не выпарацца і не знікнуць.

Піркс ведаў яшчэ адно: ён нікому пра гэта не скажа. Кожны на яго месцы настойліва прытрымліваўся б гіпотэзы дэфекту, найбольш простай і найбольш натуральнай, адзінай, якая не змяняла карціны свету.

Да стаянкі дайшлі пасля поўдня. Іх выцягнутыя цені жвава рухаліся падчас працы; яны паспешна збіралі барак, які знікаў цэлымі секцыямі, аж пакуль ад яго не засталася ўтаптаная чатырохвугольная пустка; плылі хмары, а Піркс пераносіў скрынкі, згортваў лісты — рабіў усё тое, што павінен быў рабіць Анэль; на гэтай думцы, калі ён яе ўсвядоміў, Піркс затрымаўся, перш чым перадаў груз у працягнутыя рукі Масены.



Пераклад: Максім Валошка