epub
 
падключыць
слоўнікі

Штэфан Цвайг

Страх

Калі фраў Ірэна выйшла з кватэры палюбоўніка і пачала спускацца ўніз па лесвіцы, яе раптам ахапіў ужо знаёмы недарэчны страх. Перад вачамі хутка замільгалі чорныя кругі, калені быццам занямелі, перасталі згінацца, і ёй прыйшлося ўчапіцца за парэнчы, каб не ўпасці. Не ўпершыню ішла яна на такую рызыкоўную прыгоду, і раптоўныя дрыжыкі не былі ёй навіной, але кожны раз, вяртаючыся дадому, яна не магла справіцца з беспрычынным прыступам дурнога і смешнага страху. Дарога на спатканне давалася ёй значна лягчэй. Экіпаж яна адпускала за вуглом, паспешна, не гледзячы па баках, адольвала некалькі крокаў да пад'езда, узбягала па прыступках наверх, і першы прыліў страху, да якога прымешвалася і нецярпенне, раставаў у гарачых прывітальных абдымках. Але калі яна збіралася дадому, дрыжыкі другога таямнічага страху падымаліся ў ёй: яны цьмяна спалучаліся з адчуваннем віны і недарэчнаю бояззю, што кожны праходжы з першага позірку на яе адгадае, адкуль яна ідзе, і дзёрзка ўхмыльнецца, бачачы яе разгубленасць. Ужо апошнія хвіліны блізкасці былі атручаны нарастаючаю трывогаю; яна спяшалася пайсці, ад спешкі ў яе нервова трэсліся рукі, яна няўважліва слухала словы палюбоўніка, паспешна абрывала развітальныя выбухі пачуцця; усё ў ёй ужо рвалася прэч, прэч з яго кватэры, з яго дома, ад гэтай прыгоды, назад у свой спакойны, салідны маленькі свет. Не разумеючы ад хвалявання ласкавых слоў, якімі палюбоўнік намагаўся яе супакоіць, яна на момант застывала за выратавальнымі дзвярамі і прыслухоўвалася, ці не ідзе хто-небудзь наверх або ўніз па лесвіцы. А на вуліцы ўжо вартаваў страх, каб адразу ж накінуцца на яе, уладарнаю рукою спыняў біццё яе сэрца, і яна, затоіўшы дыханне, спускалася па нямногіх лесвічных прыступках уніз.

З хвіліну яна прастаяла з заплюшчанымі вачамі, прагна ўдыхаючы прахалоду паўцёмнага вестыбюля. Дзесьці наверсе раптам бразнулі дзверы; яна спалохана схамянулася і хуценька збегла ўніз, а рукі яе самі сабою яшчэ ніжэй нацягнулі густую вуаль. Цяпер заставалася яшчэ самае страшнае, жахлівае для яе выпрабаванне - выйсці з чужога пад'езда на вуліцу. Яна схіліла галаву, нібы рыхтавалася да скачка з разбегу, і рашуча падалася да прачыненых дзвярэй.

І тут яна тварам у твар сутыкнулася з нейкаю жанчынаю, якая, відаць, хацела зайсці ў пад'езд.

- Прабачце, - збянтэжана прамармытала яна і паімкнулася абысці незнаёмую. Але тая засланіла сабою дзверы і ўтаропілася ў фраў Ірэну злосным і нахабным позіркам.

- Вось я вас і злавіла! - адразу ж закрычала яна грубым голасам. - А як жа, з прыстойных! З так званых прыстойных! У яе і муж ёсць, і грошы, і ўсяго хапае. Дык не, ёй яшчэ трэба пераманіць палюбоўніка ў беднай дзяўчыны...

- Богам прашу... што вы? Вы памыляецеся, - пралепятала фраў Ірэна і нязграбна паспрабавала прашмыгнуць міма, але жанчына ўсёю сваёю грузнаю фігураю засланіла праход і пранізліва заверашчала:

- А як жа, памыляюся... Не, я вас ведаю. Вы ад майго сябрука, ад Эдуарда ідзяце. Нарэшце-такі я вас застукала; цяпер я ведаю, чаму на мяне ў яго часу няма. Праз вас, нягодніца вы гэтакая!..

- Богам прашу, не крычыце гэтак, - ледзь чутна выціснула з сябе фраў Ірэна і міжволі адступіла назад у вестыбюль. Жанчына насмешліва глядзела на яе. Гэтае дрыжанне ад страху, гэтая відавочная бездапаможнасць былі ёй, мусіць, даспадобы, бо цяпер яна разглядвала сваю ахвяру з самазадаволенай, пераможна-пагардлівай усмешкай. А ў голасе ад злоснага задавальнення з'явіліся нават фамільярна-дабрадушныя ноткі.

- Вунь яны якія, замужнія дамачкі: гордыя ды высакародныя. Пад вуалем ходзяць чужых мужчын адбіваць. Пад вуалем, а як жа іначай? Трэба ж потым разыгрываць прыстойную жанчыну...

- Ну што... што вам ад мяне трэба?.. Я ж вас нават не ведаю... Пусціце...

- Ну, канечне, пусціце... Дадому, да мужа, у цёплы пакой, каб разыгрываць высакародную дамачку і прымушаць слуг распранаць сябе... А тое, што мы тут з голаду здыхаем, такім высакародным дамам усё адно... Яны, гэтыя прыстойныя жанчыны, у нас апошняе імкнуцца ўкрасці...

Ірэна намаганнем волі авалодала сабою, інстынктыўна палезла ў партманет і выцягнула адтуль усе папяровыя грошы.

- Вось... вось... бярыце. Толькі прапусціце мяне... Я болей ніколі сюды не прыйду... клянуся вам...

Раз'юшана бліснуўшы вачамі, жанчына ўзяла грошы і пры гэтым прашыпела: «Сцерва».

Фраў Ірэна ўся здрыганулася ад такой абразы, але, убачыўшы, што жанчына саступіла ўбок, без памяці, ледзь дыхаючы, кінулася на вуліцу, як кідаецца з вежы самазабойца. Калі яна імчалася па вуліцы, у вачах у яе пацямнела і твары прахожых здаваліся пачварнымі маскамі; але вось нарэшце яна дабралася да таксі, якое стаяла на вуглу, бяссільна ўпала на сядзенне, і адразу ўсё ў ёй застыла. Калі ж здзіўлены шафёр спытаўся нарэшце ў дзіўнай пасажыркі, куды ехаць, яна нейкі момант тупа глядзела на яго, пакуль да яе разгубленай свядомасці дайшлі ягоныя словы.

- На Паўднёвы вакзал, - паспешна выціснула яна з сябе, і раптам у яе прамільгнула думка, што гэтая асоба можа кінуцца за ёю ўслед. - Хутчэй, давайце хутчэй.

Толькі па дарозе яна зразумела, як узрушыла яе гэтая сустрэча. Яна адчула холад сваіх рук, якія павіслі, быццам нежывыя, і раптам пачала дрыжаць, нібы ў ліхаманцы. Да горла падступіла горыч, і разам з млосцю ў ёй паднялася нястрымная, сляпая злосць, ад якой выварочвалася ўсё ўнутры. Ёй хацелася крычаць, малаціць кулакамі, пазбавіцца ад жаху гэтага ўспаміну, які засеў у яе ў мозгу, нібы стрэмка, забыцца пра брыдкую морду з нахабнаю ўхмылкаю, пра смурод вульгарнасці, які ішоў ад непрыемнага дыхання незнаёмай, распусны рот, які з нянавісцю выплёўваў ёй проста ў твар грубыя словы, пагрозліва занесены над ёю чырвоны кулак. Усё мацней рабілася млоснасць, усё вышэй падступала да горла, а тут яшчэ машыну ад хуткай язды кідала ва ўсе бакі. Яна хацела ўжо сказаць шафёру, каб ён ехаў павольней, але ў час схамянулася, што ў яе не будзе чым заплаціць яму - бо яна аддала вымагальніцы ўсе буйныя грошы. Яна паспяшалася спыніць машыну і яшчэ раз здзівіла шафёра, выйшаўшы на паўдарозе. На шчасце, грошай ёй хапіла. Але затое яна апынулася ў зусім незнаёмым раёне, сярод мітусні занятых людзей, кожны позірк, кожнае слова якіх прычынялі ёй фізічны боль. Пры гэтым ногі ў яе былі ватныя ад страху і не хацелі ісці, але яна разумела, што трэба папасці дадому, сабрала ўсю сваю волю і з неймаверным напружаннем цягнулася з вуліцы на вуліцу, быццам прабіралася па балоце ці па глыбокім снезе. Нарэшце яна дабралася дадому і з ліхаманкавай паспешнасцю падалася наверх па лесвіцы, але адразу ж стрымала сябе, каб яе хваляванне не выглядала падазроным.

Толькі пасля таго як пакаёўка зняла з яе паліто і яна пачула з суседняга пакоя голас сына, які гуляў з малодшаю сястрычкаю, а супакоены позірк убачыў навокал усё сваё, роднае і надзейнае, да яе вярнулася вонкавае самавалоданне, між тым як аднекуль з глыбіні яшчэ накочваліся трывожныя хвалі і балюча біліся ў цяжкіх грудзях. Яна зняла вуаль, вялізным намаганнем прымусіла сябе надаць твару бесклапотны выгляд і ўвайшла ў сталовую, дзе муж сядзеў за накрытым да вячэры сталом і чытаў газету.

- Позна, позна, мілая Ірэна, - ласкава пажурыў ён жонку, устаў і пацалаваў яе ў шчаку, што міжволі выклікала ў яе шчымлівае пачуццё сораму.

Яны селі за стол, і муж абыякавым тонам, не падымаючы вачэй ад газеты, спытаўся:

- Дзе ты была гэтак доўга?

- У... у Амеліі... ёй трэба было сёе-тое купіць... і я пайшла з ёю, - сказала яна з запінкаю і тут жа ўзлавалася на сябе за тое, што не падрыхтавалася адказваць і гэтак няўмела зманіла. Звычайна яна загадзя вынаходзіла старанна прадуманую хлусню, здольную вытрымаць любую праверку, але сёння ад страху ўсё забыла і вымушана была ўжыць такую бездапаможную імправізацыю. А што, пранеслася ў яе галаве, калі муж, як у той п'есе, якую яны нядаўна глядзелі ў тэатры, надумае пазваніць па тэлефоне і праверыць?..

- Што з табою?.. Ты нейкая вельмі ўжо ўзбуджаная... І чаму ты не здымеш капелюша? - спытаўся муж.

Ужо другі раз яна сёння збянтэжылася! Яна здрыганулася і паспешна ўстала з-за стала, пайшла ў свой пакой, каб зняць капялюш, і доўга глядзела ў люстра, пакуль яе неспакойны позірк не стаў зноў цвёрды і ўпэўнены. Толькі пасля гэтага яна вярнулася ў сталовую.

Пакаёўка падала вячэру, і вечар прайшоў як звычайна, бадай, толькі больш маўкліва, меней ажыўлена, чым звычайна; вялая, нудная размова раз-пораз перапынялася. Яе думкі ўвесь час вярталіся да падзей гэтага дня, але кожны раз, калі даходзілі да грознай хвіліны сустрэчы з вымагальніцай, спалохана адступалі; тады яна ўзнімала вочы, каб адчуць сябе ў бяспецы, сярод любых рэчаў, звязаных з дарагімі ўспамінамі, ласкава дакраналася да іх і патроху супакойвалася. А насценны гадзіннік спакойна ішоў у цішыні сваім стальным крокам і непрыкметна надаваў і яе сэрцу раўнамерны, бесклапотна-ўпэўнены рытм.

 

* * *

 

На раніцу, калі муж падаўся да сябе ў канцылярыю, а дзеці пайшлі гуляць і яна нарэшце-такі засталася сам-насам з сабою, учарашняя сустрэча пры яркім ранішнім святле стала здавацца ёй меней страшнаю. Перш за ўсё фраў Ірэна разважыла, што вуаль у яе вельмі густы і вымагальніца ніяк не магла разгледзець яе твар, а значыцца, ні ў якім выпадку другі раз не пазнае яе. Спакойна прадумала яна, як засцерагчы сябе ад небяспекі ў будучым. Яна нізашто болей не пойдзе на кватэру да палюбоўніка - такім чынам магчымасць новага нападу адпадзе сама сабою. Застаецца толькі пагроза выпадковай сустрэчы, таксама наўрад ці магчымая, бо яна ўцякла на таксі, і, значыцца, тая асоба не магла высачыць яе. Ні яе прозвішча, ні яе адрас вымагальніцы не вядомыя, а па агульным невыразным абліччы цяжка ўпэўнена пазнаць чалавека. Але і да такога надзвычайнага выпадку фраў Ірэна была падрыхтаваная. Пазбавіўшыся ад ціскоў страху, няцяжка будзе, вырашыла яна, трымаць сябе спакойна, ад усяго адракацца, непарушна сцвярджаць, што гэта памылка; бо даказаць, што яна была ў палюбоўніка, нельга інакш, як застаць яе на месцы злачынства, - значыцца, у выпадку чаго можна прыцягнуць гэтую асобу да адказнасці за шантаж. Нездарма фраў Ірэна была жонка аднаго з самых вядомых сталічных адвакатаў; з яго размоў з калегамі яна засвоіла, што шантажу трэба класці канец адразу ж, захоўваючы поўную вытрымку, бо самае нязначнае хістанне, самы нязначны прызнак трывогі з боку ахвяры даюць у рукі праціўніку лішні козыр.

Першай мерай засцярогі была кароткая запіска, у якой яна паведамляла палюбоўніку, што не можа прыйсці ў дамоўлены час ні заўтра, ні ў наступныя дні. Яе гонар быў абражаны непрыемным адкрыццём, што яна замяніла ў ласках палюбоўніку такую нізкую, подлую папярэдніцу, і цяпер, з непрыязным пачуццём падбіраючы словы, яна адчувала помслівую радасць, што халодны тон запіскі ставіць іх спатканне ў залежнасць ад яе капрызу.

Гэтага маладога чалавека, піяніста з імем, яна сустрэла на вечары ў кагосьці са знаёмых і вельмі хутка, сама таго не жадаючы і добра не разумеючы, стала яго палюбоўніцай. Ён, па сутнасці, амаль не хваляваў яе кроў, у яе не было да яго ні пачуццёвай, ні якой-небудзь духоўнай цягі; яна аддалася яму не таму, што ён быў патрэбны, жаданы ёй, а проста ад недастаткова рашучага супраціўлення яго волі і яшчэ з нейкай неспакойнай цікаўнасці. Нішто - ні задаволеная шлюбным шчасцем кроў, ні такое частае ў жанчын пачуццё духоўнага збяднення - не выклікала ў яе патрэбы ў палюбоўніку; яна была зусім шчаслівая, мела багатага мужа, які разумова перавышаў яе, і двое дзяцей; яна ляніва песцілася ў сваім утульным, забяспечаным, схаваным ад бур існаванні. Але надараецца ў паветры такое зацішша, якое будзіць пачуццёвасць не меней, чым духата і навальніца, такая аднолькавая тэмпература шчасця, якая ўзбуджае мацней, чым усякае няшчасце. Сытасць раздражняе не меней, чым голад, ад надзейнага, саліднага жыцця фраў Ірэну пацягнула на прыгоды.

Вось у такі момант поўнага задавальнення, якому сама яна не ўмела надаць новых фарбаў, малады піяніст увайшоў у яе спакойны маленькі свет, дзе звычайна мужчыны толькі прэснымі жартамі і нявіннымі кампліментамі пачціва аддавалі даніну яе прыгажосці, але па-сапраўднаму не адчувалі ў ёй жанчыны, і тут упершыню з дзявоцкіх часоў штосьці скалыхнулася ў яе душы. У ім самім яе прывабіў бадай толькі налёт смутку, які падкрэсліваў і без таго наўмысную млявасць яго твару. Ірэне, якая прывыкла бачыць вакол сябе толькі задаволеных жыццём людзей, гэты смутак гаварыў аб другім, вышэйшым свеце, і яе міжволі пацягнула за межы штодзённых пачуццяў, каб зазірнуць у гэты свет. Пахвала, выкліканая хвіліннаю расчуленасцю ад яго ігры, можа, занадта гарачая з пункту гледжання прыстойнасці, прымусіла музыканта, які сядзеў за раялем, зірнуць на маладую жанчыну, і ўжо ў гэтым першым позірку было нешта, што вабіла. Яна спалохалася і тут жа адчула асалоду, уласцівую любому страху, а далейшая размова, уся быццам пранізаная і абпаленая скрытым полымем, распаліла і без таго насцярожаную цікаўнасць, і таму яна не ўхілілася ад новай размовы, калі сустрэлася з ім на публічным канцэрце. Потым яны пачалі бачыцца, і ўжо невыпадкова. Яе самалюбства цешыла тое, што яму, сапраўднаму артысту, яна так многа значыць як знаўца і дарадчыца, у чым ён не раз запэўніваў яе; і вось усяго праз некалькі тыдняў іх знаёмства яна неабдумана згадзілася з яго прапановаю - ёй, адной ёй хацеў ён сыграць сваю новую рэч у сябе дома; магчыма, у яго часткова і быў такі добры намер, але ён патануў у пацалунках і гарачых абдымках. Першае, што адчула Ірэна, пасля таго як яна, нечакана для сябе, аддалася яму, быў спалох перад гэтым паваротам у іх адносінах; таямнічая чароўнасць развеялася ўмомант, і пачуццё віны за здраду мужу толькі часткова змяншалася ганарлівым усведамленнем, што яна, як ёй здавалася, добраахвотна, упершыню выраклася свайго рэспектабельнага бюргерскага свету. У першыя дні яна палохалася ўласнай сапсаванасці, але паступова падпарадкавалася голасу пыхлівасці і пачала нават ганарыцца ёю. Аднак усе гэтыя складаныя пачуцці хвалявалі яе вельмі нядоўга. Штосьці інстынктыўна адштурхоўвала яе ў гэтым чалавеку, галоўным чынам тое новае, непрывычнае, што, уласна, і прывабіла яе. Палкасць, якая захапляла ў яго музыцы, непакоіла ў хвіліны блізкасці, яго парывістыя ўладныя абдымкі былі ёй нават непрыемныя, яна міжволі параўноўвала гэтую сябелюбную нястрымнасць з нясмелым, пасля столькіх гадоў шлюбу, поўным глыбокай пашаны палам мужа. Але, зграшыўшы адзін раз, яна зноў і зноў вярталася да палюбоўніка, без вялікай радасці і без расчаравання, са своеасаблівага пачуцця абавязку і яшчэ таму, што яна ленавалася расстацца з новаю прывычкаю. Прайшло ўсяго два-тры тыдні, і яна ўжо адвяла палюбоўніку пэўнае месцейка ў жыцці, вызначыла яму, як цесцю з цешчаю, пэўны дзень у тыдні; але гэтая сувязь зусім не змяніла звычайнага цячэння яе жыцця і толькі штосьці дадала да яго. Неўзабаве палюбоўнік увайшоў у добраўпарадкаваны механізм яе існавання, як нейкая даважка раўнамернага шчасця, як трэцяе дзіця ці аўтамабіль, і гэтая любоўная прыгода ўжо нічым не адрознівалася ад дазволеных радасцей.

І вось упершыню, калі ёй трэба было плаціць за гэтую прыгоду сапраўдную цану - плаціць небяспекаю, яна стала дробязна вылічваць яе сапраўдную вартасць. Яна была так распешчана лёсам і залашчана блізкімі, так прывыкла дзякуючы багаццю амаль не мець жаданняў, што першая ж цяжкасць аказалася ёй не па сіле. Ёй не хацелася пазбаўляцца хоць крыху душэўнай ціхамірнасці; яна нядоўга раздумвала і тут жа вырашыла ахвяраваць палюбоўнікам дзеля свайго спакою.

У той жа дзень пад вечар пасыльны прынёс адказ ад палюбоўніка - спалоханы, бязладны ліст. Гэты ліст, поўны збянтэжаных просьбаў, скаргаў і папрокаў, злёгку пахіснуў яе рашучасць пакончыць з прыгодаю - палкасць палюбоўніка і яго горкая роспач вельмі ўжо цешылі яе пыхлівасць. Ён настойліва прасіў у яе хоць кароткай сустрэчы, каб апраўдацца, калі ён чым-небудзь незнарок пакрыўдзіў яе, і цяпер яе ўжо вабіла новая гульня - даўжэй сердаваць на яго, адмаўляцца без бачнай прычыны, каб стаць яму яшчэ больш жаданаю. Таму яна наказала яму прыйсці ў тую кандытарскую, дзе, як ёй раптам успомнілася, у яе ў дзявочыя гады было спатканне з адным акторам, спатканне такое пачцівае і нявіннае, што цяпер яно здавалася ёй дзіцячаю забаваю. Дзіўна, з усмешкаю падумала яна, што рамантыка, якая зусім заглухла ў час сямейнага жыцця, зноў распускаецца пышнаю кветкаю. І яна ўжо гатова была радавацца ўчарашняй сутычцы з грубай жанчынаю, якая гэтак моцна і жыватворна падзейнічала на яе, што нервы яе, якія звычайна лёгка прыходзілі ў раўнавагу, тут усё яшчэ вібравалі.

 

* * *

 

Гэтым разам яна надзела цёмную, непрыкметную сукенку і другі капялюш, каб, у выпадку новай сустрэчы, збіць з панталыку шантажыстку. Яна збіралася ўжо закрыць твар вуалем, але з-за нейкага раптоўна ахапіўшага яе задзёрыстага пачуцця адклала яго ўбок. Няўжо ёй, прыстойнай, паважанай жанчыне, нельга спакойна з'явіцца на вуліцы з-за таго, што яна баіцца нейкага там стварэння, якога яна нават не ведае?

Толькі ў першую хвіліну, калі яна выйшла з дому, яе пранізала мімалётнае пачуццё страху, прабеглі нервовыя дрыжыкі, якія бываюць, калі спрабуеш ваду кончыкамі пальцаў, перш чым акунуцца ў хвалі. Але гэтыя халодныя дрыжыкі праз момант змяніліся ўпэўненасцю ў сабе, непрывычным для яе самалюбаваннем; ёй падабалася, што яна такая лёгкая, гнуткая, моцная, а такой пругкай, імклівай хады ў яе не было ніколі. Ёй нават стала шкада, што кандытарская так блізка - штосьці нястрымна вабіла, цягнула яе насустрач нязведаным прыгодам. Але да моманту, прызначанага ёю для пачатку спаткання, часу заставалася зусім мала, і ў яе чамусьці было прыемнае адчуванне, што палюбоўнік ужо чакае. Калі яна ўвайшла, ён сядзеў у кутку і, убачыўшы яе, ускочыў з непадробленым хваляваннем, якое і цешыла яе, і было ёй непрыемнае. Ёй прыйшлося папрасіць, каб ён гаварыў цішэй - такім віхрам пытанняў і папрокаў прарвалася яго душэўная трывога. Яна ні слова не сказала, чаму на самай справе адмяніла дамоўленае спатканне, і рабіла намёкі, загадкавасць якіх толькі мацней распальвала яго. Яна не паддалася ягоным просьбам, нават не спяшалася абяцаць што-небудзь, бо адчувала, як узбуджае яго гэтая невытлумачальная, раптоўная непрыступнасць... І калі пасля бурнай паўгадзіннай размовы яна пайшла і не дазволіла яму аніякай ласкі, нават нічога не паабяцала на будучае, яна ўся трымцела ад таго асаблівага ўзбуджання, якое адчувала толькі ў дзявоцтве. Ёй здавалася, што дзесьці там, у глыбіні, гарыць пякельны агеньчык і толькі чакае, каб вецер разадзьмуў яго ў полымя, якое ахопіць яе ўсю. Ідучы па вуліцы, яна прагна лавіла кожны кінуты на яе позірк, гэтае дружнае і адкрытае мужчынскае захапленне было для яе нязвычным, і ёй раптам так захацелася паглядзець на сябе, што яна спынілася перад люстрам у вітрыне кветкавай крамы, каб убачыць сваю прыгажосць у рамцы з чырвоных ружаў і запырсканых расою фіялак. З дзявочых часоў не адчувала яна сябе такою лёгкаю, акрыленаю; ні ў першыя шлюбныя дні, ні ад абдымкаў палюбоўніка па яе целе не прабягалі такія, як цяпер, электрычныя іскры, і ёй стала нясцерпна прыкра, што ўся гэтая здзіўляючая лёгкасць, усё салодкае ап'яненне будзе дарма растрачана на аднастайную штодзённасць. Вяла павалаклася яна дадому; каля пад'езда запаволіла, каб яшчэ раз на поўныя грудзі ўдыхнуць гарачае, п'янлівае паветра гэтай прыгоды, каб яе апошняя, затухаючая хваля прыхлынула да самага сэрца.

Тут нехта дакрануўся да яе пляча. Яна павярнулася.

- Гэта вы... вы? Што вам зноў трэба? - пралепятала яна, смяротна спалоханая, убачыўшы перад сабою ненавісны твар, і яшчэ мацней спалохалася сваіх неасцярожных слоў. Бо яна ж цвёрда вырашыла не пазнаваць гэтай жанчыны, калі ім давядзецца сустрэцца, усё адмаўляць, даць рэзкі адпор вымагальніцы... Але цяпер ужо было позна.

- Я ўжо цэлых паўгадзіны чакаю вас тут, фраў Вагнер.

Ірэна здрыганулася, пачуўшы сваё прозвішча. Значыцца, гэтая асоба ведае і яе адрас, і яе прозвішча. Цяпер усё прапала, цяпер яна цалкам залежыць ад яе.

- Так, фраў Вагнер, я вас чакаю цэлых паўгадзіны, - дакорліва і пагрозліва паўтарыла жанчына.

- Што... што ж вам трэба ад мяне?

- Самі ведаеце, фраў Вагнер. - Ірэна зноў уздрыгнула, пачуўшы сваё прозвішча. - Выдатна ведаеце, чаму я прыйшла.

- Я болей ні разу з ім не бачылася і ніколі болей не пабачуся... Толькі пакіньце мяне ў спакоі... Ніколі болей...

Жанчына спакойна пачакала, пакуль у Ірэны ад хвалявання не абарваўся голас. А потым рэзка кінула ёй, быццам падначаленай:

- Перастаньце хлусіць! Я за вамі ішла да самай кандытарскай, - і, убачыўшы, што Ірэна адхіснулася, насмешліва дадала: - Рабіць жа мне няма чаго. Са службы мяне звольнілі, кажуць, час настаў цяжкі, работы мала. Ну, чаму ж не выкарыстаць вольны час... І нам ахвота пагуляць - чым мы горшыя за прыстойных дам.

Гэта было сказана з халоднаю злосцю, якая ўкалола Ірэну ў самае сэрца. Яна адчувала сябе безабароннай перад такою яўнаю, вульгарнаю подласцю, а ў галаве мутнела ад страху, што гэтае стварэнне зараз зноў закрычыць на ўвесь голас або міма пройдзе муж, і тады ўсё будзе скончана. Паспешна намацала яна ў муфце сярэбраную сумачку і выграбла адтуль усе грошы, якія ёй папаліся ў рукі.

Але нахабна працягнутая рука не апусцілася пакорна, ледзь намацаўшы грошы, як той раз, а застыла ў паветры, быццам растапыраная кіпцюрастая лапа.

- Давайце заадно і сумачку, а то каб мне грошай не згубіць! - з ціхім вантробным смехам выціснулі пагардліва паднятыя губы.

Ірэна паглядзела жанчыне ў вочы, але адразу адвяла позірк убок. Нахабная насмешка была нясцерпная. Агіда, нібы пякучы боль, пранізала яе. Толькі б хутчэй, хутчэй пайсці, толькі б не бачыць гэтага твару! Яна адвярнулася, паспешна сунула вымагальніцы каштоўную сумачку і, гнаная страхам, узляцела наверх па лесвіцы.

Мужа яшчэ не было дома; Ірэна ўпала на канапу і доўга ляжала нерухома, быццам аглушаная абухом. Толькі калі ў пярэднім пакоі пачуўся мужаў голас, яна з вялікім намаганнем устала і машынальна, з пустою галавою паплялася ў суседні пакой.

 

* * *

 

Цяпер у доме ўсталяваўся страх і не адступаў ні на крок. У доўгія, нічым не занятыя гадзіны, калі падрабязнасці жахлівай сустрэчы адна за другою паўставалі ў памяці, яна зусім ясна разумела безвыходнасць свайго становішча. Гэтае стварэнне, невядома якім чынам, даведалася і яе адрас, і прозвішча, і, раз першыя спробы шантажу аказаліся такімі ўдачнымі, яна, бясспрэчна, нічым не пагрэбуе, каб толькі як мага болей выціснуць са сваёй дасведчанасці. Год за годам будзе яна вісець над яе жыццём, нібы кашмар, які не скінеш нават самым адчайным намаганнем, бо, нягледзячы на свае і на мужавы сродкі, фраў Ірэна не магла б без ведама мужа сабраць дастаткова вялікай сумы, каб раз і назаўжды адкупіцца ад гэтай асобы. Дый, акрамя таго, яна ведала з выпадковых расказаў мужа і са спраў, якія ён вёў, што любыя дагаворы і пагадненні з такімі адпетымі махлярамі нічога не вартыя. У лепшым выпадку ёй удасца на месяц, можа, на два адцягнуць бяду, а там нетрывалы будынак яе сямейнага шчасця немінуча збурыцца, а калі яна пацягне за сабою ў бяздонне і мучыцельку - радасці ёй ад гэтага будзе мала.

З жахліваю выразнасцю бачыла яна, што бяда немінучая, што выйсця няма. Але як... як менавіта гэта адбудзецца? З раніцы да вечара вырашала яна фатальнае пытанне. Надыдзе дзень, калі мужу прынясуць ліст; яна ясна ўяўляла сабе, як ён увойдзе ў пакой, бледны, нахмураны, схопіць яе за руку, пачне распытваць... Але потым... што адбудзецца потым? Што ён зробіць? На гэтым яе фантазія вычэрпвалася - усё танула ў змрочнай блытаніне жахлівага страху. Яна не магла дадумаць сваіх думак да канца, ад самых неверагодных здагадак у яе кружылася галава. За гэтыя бясконцыя гадзіны пакутлівага роздуму яна з жахліваю выразнасцю зразумела толькі адно: што вельмі дрэнна ведае свайго мужа і таму не можа ўгадаць наперад, што ён зробіць, што ён вырашыць. Яна выйшла за яго замуж па жаданні бацькоў, але не супраціўлялася, бо адчувала да яго сімпатыю і не расчаравалася ў ім за гэтыя гады; яна пражыла з мужам побач восем шчаслівых, мірна мерных гадоў, нарадзіла яму дзяцей, у іх быў агульны дом, незлічоная колькасць гадзін фізічнай блізкасці; і толькі цяпер, калі яна спрабавала ўявіць сабе, што ён зробіць, яна зразумела, якім чужым і незнаёмым застаўся ён для яе. Толькі цяпер яна стала перабіраць усё іх жыццё, намагалася па асобных учынках разгадаць ягоны характар. У сваім страху яна нясмела чаплялася за кожны нязначны ўспамін, спадзявалася знайсці ключ да запаветных тайнікоў яго сэрца.

Але словамі ён не выдаваў сваіх затоеных думак; і цяпер, калі ён з кніжкаю сядзеў у крэсле, у яркім святле электрычнай лямпы, яна дапытліва ўглядалася ў яго. Як у чужы, імкнулася яна пранікнуць позіркам у мужаў твар і па гэтых знаёмых рысах, якія раптам сталі чужымі, даведацца пра яго характар, які не раскрыўся перад яе абыякавасцю за восем гадоў сумеснага жыцця. Лоб яго быў ясны і высакародны, быццам вылеплены магутным і дзейным розумам, затое рот сведчыў аб строгай непахіснасці. Усё ў яго мужных рысах дыхала энергіяй і сілай. Нечакана для сябе самой ёй раптам адкрылася прыгажосць гэтага валявога твару; здзіўленая, яна сузірала яго ўдумлівую засяроджанасць і выразна акрэсленую цвёрдасць. Але вочы, у якіх таілася галоўная разгадка, былі апушчаны ў кнігу і недаступныя назіранню. Ёй заставалася толькі дапытліва глядзець на мужаў профіль, быццам у яго смелых рысах увасаблялася слова памілавання або праклёну, на гэты незнаёмы профіль, які палохаў яе сваёю суровасцю і вабіў своеасабліваю прыгажосцю, упершыню ўбачанаю ёю ў яго энергічнай фігуры. Раптам яна зразумела, што глядзіць на мужа з задавальненнем і гордасцю. Тут ён падняў вочы, і яна паспешна адхіснулася ў цемру, каб не выклікаць падазрэння сваім гарачым, запытальным позіркам.

 

* * *

 

Тры дні яна не выходзіла на вуліцу і ўжо стала з трывогаю заўважаць, што другім у доме кідаецца ў вочы яе пастаянная прысутнасць, - звычайна яна рэдкі дзень доўга або неадлучна праседжвала ў сваіх пакоях.

Першыя заўважылі гэтую перамену дзеці, асабліва старэйшы хлопчык, які неўзабаве прастадушна выказаў здзіўленне, што мама цяпер многа бывае дома, а чэлядзь толькі шушукалася і дзялілася сваімі здагадкамі з гувернанткаю. Дарэмна спрабавала яна даводзіць, што яе прысутнасць неабходна па самых розных, большаю часткаю трапна прыдуманых прычынах, але куды б яна ні ўмешвалася, яна толькі парушала заведзены парадак, кожная яе спроба дапамагчы выклікала здзіўленне. Пры гэтым ёй не хапала такту не трымацца на пярэднім плане, а адасобіцца, засесці дзе-небудзь у пакоях за кніжку або работу; увесь час унутраная трывога, якая выяўлялася ў яе, як усякае моцнае перажыванне, у нервовым узбуджэнні, гнала яе з пакоя ў пакой. Пры кожным званку па тэлефоне ці ў дзверы яна ўздрыгвала, адчуваючы, што яе ціхамірнае існаванне можа раптам абарвацца і ператварыцца ў нішто; яна адразу падала духам, і ёй ужо здавалася, што жыццё яе незваротна загублена. Гэтыя тры дні, якія яна прасядзела ў сваіх пакоях, як у турме, здаліся ёй даўжэйшымі за восем гадоў замужжа.

Але на трэці дзень яна мусіла ўвечары выйсці з дома: яе і мужа даўно ўжо запрасілі ў госці, і адмовіць без дастаткова важкіх прычын было немагчыма. Дый трэба ж, нарэшце, каб не звар'яцець, зламаць гэты частакол страху, якім цяпер было абнесена яе жыццё. Ёй хацелася бачыць людзей, некалькі гадзін адпачыць ад сябе, перарваць самагубную адзіноту страху. І акрамя таго, дзе можа яна адчуваць сябе ў большай бяспецы ад нябачнага неадступнага праследавання, як не ў чужым доме сярод сяброў? Толькі на адно імгненне, тое кароткае імгненне, калі яна ўпершыню пасля непрыемнай сустрэчы ступіла на вуліцу, ёй стала страшна, што шантажыстка падпільноўвае яе дзесьці тут, паблізу. Яна міжволі ўчапілася ў мужаву руку, зажмурылася і прабегла некалькі крокаў па тратуары да аўтамабіля, які чакаў іх; але, калі яна сядзела ў машыне пад аховаю мужа і імчалася па бязлюдных у гэтую познюю гадзіну вуліцах, цяжар мала-памалу зваліўся з яе сэрца, і, падымаючыся па лесвіцы чужога дома, яна ўжо адчувала сябе ў бяспецы. На некалькі гадзін яна магла зноў стаць такой самай бесклапотнай і вясёлай, якой была шмат гадоў дагэтуль, і нават радавацца больш глыбокай, свядомай радасцю вязня, які вырваўся з турэмных муроў на сонечнае святло. Тут ёй не пагражала праследаванне, нянавісць не магла пранікнуць сюды, навокал былі людзі, якія любілі і паважалі яе, захапляліся ёю, багата адзетыя бесклапотныя людзі, акружаныя іскрыстым ружовым німбам легкадумнасці, і гэты карагод асалоды нарэшце-такі зноў самкнуўся вакол яе. Бо адразу пасля яе з'яўлення ў зале позіркі прысутных сказалі ёй, што яна прыгожая, і яна яшчэ болей пахарашэла ад даўно не зведанага пачуцця ўпэўненасці ў сабе.

З суседняй залы чуліся вабныя гукі музыкі і пранікалі ў яе разгарачаную кроў. Пачаліся танцы, і не паспела яна агледзецца, як апынулася ў гушчы натоўпу. Гэтак яна не танцавала ні разу ў жыцці. Бурны віхор зрабіў яе бязважкаю, рытм пранікаў у кожную частачку цела, акрыляў яго вогненным рухам. Як толькі музыка спынялася, Ірэна балюча адчувала цішыню, трывожны агеньчык прабягаў па яе напружаных мышцах, і, як у ванну, у ваду, якая халадзіла, супакойвала, калыхала, акунулася яна зноў у гэты кругаварот. Звычайна яна танцавала даволі пасрэдна, разважная стрыманасць рабіла яе рухі нязграбнымі, занадта асцярожнымі, але дурман радасці, якая вырвалася наверх, вызваліў яе ад унутранай скаванасці. Парваўся сталёвы абруч, у якім розум і сорам трымалі самыя буйныя пачуцці, і цяпер Ірэне здавалася, што яна ўпіваецца бяздумнаю асалодаю і растае ў ёй. Яна адчувала вакол сябе чыесьці рукі і плечы, якія то датыкаліся, то адыходзілі ад яе, словы, падобныя на ўздыхі, казытлівы смех, музыку, якая звінела ў крыві; усё цела напружылася, напружылася так, што ўжо дотык адзення пёк, як агнём, ёй чамусьці хацелася скінуць усю адзежу, каб голаю глыбей увабраць у сябе гэты дурман.

- Ірэна, што з табою? - Яна павярнулася, хістаючыся, вочы яе смяяліся, яна ўся яшчэ была разгарачаная абдымкамі партнёра. І тут проста ў сэрца ёй ударыў халодны, жорсткі позірк мужа, які здзіўлена, неадрыўна глядзеў ёй у твар. Яна спалохалася: няўжо яна занадта дала сабе волі і нешта выдала сваімі шалёнымі паводзінамі?

- Што... што ты маеш на ўвазе, Фрыц? - пралепятала яна, разгубленая ад яго праніклівага позірку, які ўпіваўся ў яе ўсё глыбей і глыбей, так што яна адчувала яго цяпер у самым сэрцы. Ёй хацелася крычаць ад гэтага бязлітаснага ўсёпранікальнага позірку.

- Вельмі дзіўна, - пасля доўгага маўчання прамармытаў ён. У яго голасе чуваць было прыглушанае здзіўленне. Яна не асмелілася спытаць, што ён хоча гэтым сказаць, але па целе ў яе прабеглі дрыжыкі, калі ён адвярнуўся і не дадаў болей ні слова, а яна ўбачыла яго плечы, шырокія, моцныя, масіўныя, а над імі цвёрдую, быццам выкаваную з жалеза, патыліцу. Такая бывае ў забойцаў, падумала Ірэна і тут жа адмахнулася ад гэтай недарэчнай думкі. Толькі цяпер яна нібыта ўпершыню ўбачыла свайго мужа і з жахам зразумела, які ён моцны і небяспечны.

Зноў зайграла музыка. Нейкі пан падышоў да яе, яна машынальна абаперлася на яго руку. Але цяпер усё ў ёй зрабілася цяжкім, і вясёлая мелодыя не магла ўдыхнуць жыццё ў яе як быццам волавам налітыя ногі. Нейкі цяжар ціснуў ад сэрца да ног, і кожны крок выклікаў боль. Ёй прыйшлося папрасіць у кавалера прабачэння. Вяртаючыся на сваё месца, яна міжволі азірнулася, ці няма паблізу мужа, і ўся задрыжала: ён стаяў тут жа, за ёю, нібы чакаў яе, і зноў яго халодны позірк скрыжаваўся з яе позіркам. Што з ім? Што ён ужо ведае? Яна машынальна захінулася, быццам хацела абараніць ад яго голыя грудзі. Яго маўчанне было такое ж упартае, як і яго позірк.

- Можа, паедзем? - баязліва спыталася яна.

- Добра.

Голас гучаў жорстка і няласкава. Ён пайшоў паперад. І яна зноў убачыла масіўную, пагрозлівую патыліцу. На яе надзелі футру, але яе па-ранейшаму прабіралі дрыжыкі. Моўчкі яны ехалі побач - Ірэна баялася загаварыць. Невыразна адчувала яна новую небяспеку. Цяпер яна была абкружана з абодвух бакоў.

 

* * *

 

У гэтую ноч ёй сасніўся страшны сон. Нейкая невядомая музыка грымела ў высокай і светлай зале. Яна ўвайшла і апынулася сярод стракатага натоўпу. Раптам да яе праціснуўся нейкі малады чалавек, яна як быццам ведала яго, але не магла ўспомніць, хто ён. Ён узяў яе пад руку, і яны пайшлі танцаваць. Ёй было хораша і прыемна, хваля музыкі падняла яе і панесла над зямлёю. Так яны танцавалі ў мностве залаў, дзе высока пад столлю пазалочаныя люстры, нібы зоркі, ззялі агеньчыкамі свечак, а люстэркі на сценах вярталі Ірэне яе ўсмешку і перадавалі далей незлічонымі адлюстраваннямі. Усё імклівей рабіўся танец, усё гарачэй іграла музыка. Яна адчувала, што юнак усё шчыльней прыціскаецца да яе, пальцы яго глыбей упіваюцца ў яе голае плячо. Яна застагнала ад салодкага болю і, сустрэўшыся з ім позіркам, успомніла, хто ён. Гэта быў акцёр, якога яна абагаўляла здалёку, калі была яшчэ зусім дзяўчынкаю. Яна ўжо сабралася з захапленнем назваць яго імя, як ён заглушыў яе словы гарачым пацалункам. І вось гэтак, вусны да вуснаў, злітыя ў гарачых абдымках, імчаліся яны па залах, быццам іх нёс жыватворны вецер. Міма праляталі сцены; яна ўжо не бачыла над сабою столі, не адчувала ні часу, ні свайго вызваленага ад путаў цела. Раптам хтосьці дакрануўся да яе пляча. Яна спынілася, і тут жа сціхла музыка, патухлі агні, чорныя сцены абступілі яе, а партнёр знік. «Аддай мне яго, зладзейка!» - закрычала страшная незнаёмая так, што рэхам адклікнуліся сцены, і ўпілася ледзянымі пальцамі ёй у руку. Яна рванулася і сама пачула свой крык, шалёны, пранізлівы жахлівы крык; пачалася барацьба, незнаёмая брала верх, сарвала з яе жамчужныя каралі, а заадно і палову сукенкі; з-пад шматкоў тканіны выглянулі голыя плечы і грудзі. І раптам аднекуль зноў з'явіліся людзі, шум нарастаў, людзі збягаліся з усіх залаў і насмешліва глядзелі на яе, на паўголую, і на страшэннае стварэнне, якое вішчала на ўвесь голас: «Распусніца, гуляшчая! Адабрала яго ў мяне!» Яна не ведала, куды схавацца, куды глядзець, а морды, на якіх застыла ўхмылка, падступалі ўсё бліжэй, цікаўныя позіркі абмацвалі яе голае цела, і вось, калі памутнелы позірк у пошуках выратавання скіраваўся ўдалячынь, яна раптам убачыла ў цёмных дзвярах нерухомую постаць мужа, яго правая рука была за спінаю. Яна ўскрыкнула і кінулася бегчы ад яго цераз усе залы, прагны натоўп падаўся следам, а яна адчувала, што сукенка з'язджае ўсё ніжэй і ніжэй і хутка ўпадзе зусім. Раптам перад ёю расчыніліся дзверы, яна стрымгалоў кінулася ўніз па лесвіцы, спадзеючыся выратавацца, але ўнізе ўжо чакала гнюснае стварэнне, у запэцканай шарсцяной спадніцы, і цягнулася да яе ўчэпістымі кіпцюрамі. Ірэна кінулася ўбок і, не помнячы сябе, ірванулася наперад, тая следам, і гэтак яны бясконца беглі ў цемры па доўгіх, маўклівых вуліцах, а ліхтары з ухмылкаю нахіляліся да іх. Яна ўвесь час чула, як тупацяць за спінаю драўляныя чаравікі той жанчыны, але варта ёй было павярнуць за вугал, як тая самая жанчына выскоквала насустрач; яна вартавала за кожным вуглом, у кожным пад'ездзе справа і злева; яна была ўсюды, яна множылася з жахліваю хуткасцю, яе нельга было абагнаць, кожны раз яна аказвалася наперадзе, спрабавала схапіць Ірэну, у якой ужо падгіналіся калені. Вось нарэшце-такі яе дом, яна кінулася туды, расчыніла дзверы, але на парозе стаяў муж з нажом у руцэ і глядзеў на яе тым самым дапытлівым позіркам. «Дзе ты была?» - сурова спытаўся ён. «Нідзе», - пачула яна свой голас, а за спінаю ўжо гучаў пранізлівы рогат. «Я бачыла! Я бачыла!» - вішчала праследвальніца, яна раптам аказалася побач і рагатала як шалёная. Тут муж узмахнуў нажом. «Ратуйце! Ратуйце!» - закрычала Ірэна.

Яна расплюшчыла вочы, і яе спалоханы позірк сустрэўся з позіркам мужа. Што... што гэта было? Яна ў сябе ў спальні, цьмяна гарыць уверсе лямпа, яна дома, у пасцелі, а тое быў толькі сон. Але чаму на краі ложка сядзіць муж і глядзіць на яе, як на хворую? Хто запаліў святло, і чаму муж сядзіць гэтак нерухома, з такім суровым выглядам? Ёй зрабілася вельмі страшна. Міжволі зірнула яна на яго руку: не, нажа не відаць. Паволі рассейваўся цяжкі кашмар з бліскавіцамі начных мараў. Значыцца, усё гэта ёй прыснілася, яна крычала ў сне і разбудзіла мужа. Але чаму ён глядзіць на яе такім строгім, такім пранізлівым, такім няўмольна сур'ёзным позіркам?

Яна паспрабавала ўсміхнуцца.

- Што ты? Чаго ты так глядзіш на мяне? Па-мойму, мне сніўся страшны сон.

- Так, ты крычала вельмі гучна. Я пачуў з суседняга пакоя.

«Што ж я крычала, аб чым прагаварылася? - з жахам падумала яна. - Аб чым ён здагадаўся?» Яна баялася падняць на яго вочы. А ён глядзеў на яе вельмі сур'ёзна і пры гэтым, на здзіўленне, спакойна.

- Што з табою робіцца, Ірэна? Цябе зусім нельга пазнаць у апошнія дні - дрыжыш як у ліхаманцы, нервуешся, нейкая рассеяная. А тут яшчэ клічаш на дапамогу ў сне...

Яна зноў паспрабавала ўсміхнуцца.

- Не, ты штосьці ад мяне хаваеш, - настойваў ён. - Можа, у цябе непрыемнасці ці што-небудзь цябе мучыць? Усе ў доме ўжо заўважылі, як ты змянілася. Не бойся, скажы мне ўсю праўду.

Ён непрыкметна падсунуўся бліжэй, яна адчувала, як яго пальцы песцяць і гладзяць яе голую руку, а вочы іскрацца нейкім асаблівым святлом. Яе неадольна пацягнула прытуліцца да яго моцнага цела, прыціснуцца, усё расказаць і не адпускаць яго, пакуль ён не даруе ёй - тут жа, калі ён бачыць, як яна пакутуе.

Але лямпа кідала сваё цьмянае святло на яе твар, і ёй стала сорамна. Яна пабаялася вымавіць жахлівае слова.

- Не турбуйся, Фрыц, - паспрабавала яна ўсміхнуцца, у той час як па ўсім яе целе да кончыкаў голых пальцаў на назе прабягалі дрыжыкі страху. - Гэта проста нервы. Усё пройдзе.

Рука яго, працягнутая ўжо, каб абняць яе, імгненна адсунулася. Ірэна паглядзела на мужа і здрыганулася - ён быў вельмі бледны ў гэтым невыразным святле, лоб хмурыўся ад змрочных думак. Паволі падняўся ён з месца.

- А мне ўсе гэтыя дні чамусьці здавалася, што ў цябе ёсць нешта сказаць мне. Тое, што датычыцца мяне і цябе. Мы цяпер адны, Ірэна.

Яна ляжала і не варушылася, быццам загіпнатызаваная гэтым сур'ёзным, загадкавым позіркам. Як бы ўсё адразу стала добра, падумала яна, калі б яна сказала адно толькі слова, адно-адзінюткае слоўца «прабач», і ён не стаў бы распытваць - за што. Але чаму гарыць святло, бессаромнае, нахабнае, цікаўнае святло? Яна адчувала, што ў цемры магла б загаварыць. Але святло паралізавала яе волю.

- Значыцца, табе няма чаго, зусім няма чаго мне сказаць?

Якая вялікая спакуса, які мяккі голас! Ніколі ён не гаварыў з ёю гэтак. Ах, каб не святло лямпы, гэтае жоўтае, прагнае святло!

Ірэна страпянулася.

- Што ты выдумваеш? - засмяялася яна, і сама спалохалася свайго звонкага голасу. - З таго, што я трывожна сплю, у мяне абавязкова павінны быць таямніцы? Зрэшты, можа, і любоўныя прыгоды?

Яна ўся дрыжала, адчуваючы, як штучна і лжыва гучаць яе словы; ёй да глыбіні душы абрыдзеў яе фальш, і яна міжволі адвяла ўбок позірк.

- Ну што ж, спі спакойна. - Ён сказаў гэта адрывіста і нават рэзка. Тон яго голасу зусім змяніўся, і голас гучаў неяк пагрозліва, як злая, жорсткая насмешка.

Ён патушыў святло. Яна ўбачыла яго бледны цень, маўклівы, невыразны, які аддаляўся, нібы начны прывід, а калі зачыніліся дзверы, у яе было такое адчуванне, быццам зачыняецца века труны. Увесь свет, здавалася, вымер, і толькі ў яе анямелым целе гулка і бурна білася сэрца, і кожны ўдар болем аддаваўся ў грудзях.

 

* * *

 

Назаўтра, калі ўся сям'я сядзела за абедам - дзеці толькі што пасварыліся, і іх ледзь удалося суняць, - увайшла пакаёўка і падала Ірэне ліст. Чакаюць адказу. Здзіўленая, паглядзела Ірэна на незнаёмы почырк і паспешна распячатала канверт. З першага ж радка яна смяротна пабляднела, ускочыла на ногі і яшчэ мацней спалохалася, убачыўшы, якое аднадушнае здзіўленне выклікала яе неабдуманая гарачнасць.

Ліст быў кароткі. Усяго тры радкі: «Прашу неадкладна даць падаўцу гэтага сто крон». Ні подпісу, ні даты пад гэтымі наўмыснымі крамзолямі, толькі жахліва нахабны загад. Ірэна пабегла па грошы ў спальню, але яна кудысьці засунула ключ ад шкатулкі і цяпер ліхаманкава высоўвала шуфляду за шуфлядай, пакуль не знайшла яго. Дрыготкімі рукамі ўклала яна паперкі ў канверт і сама аддала ліст пасыльнаму, які чакаў каля ўвахода. Усё гэта яна зрабіла несвядома, як пад гіпнозам, не вагаючыся ні хвіліны. Потым вярнулася ў сталовую - яна адсутнічала не болей дзвюх хвілін.

Усе маўчалі. Яна збянтэжана села на сваё месца і сабралася наспех прыдумаць нейкае тлумачэнне, як раптам рука яе так задрыжала, што яна мусіла хуценька паставіць паднятую шклянку - з вялікім страхам яна заўважыла, што ад хвалявання пакінула распячатаны ліст каля сваёй талеркі. Яна ўпотай скамячыла лісток, але, засоўваючы яго ў кішэню, падняла вочы і сустрэлася з пільным позіркам мужа, пранізлівым, суровым і пакутным позіркам, якога ніколі не бачыла ў яго раней. Менавіта ў гэтыя апошнія дні яго позірк так нечакана загараўся недаверам, што ўсё абрывалася ў яе ўнутры, але супрацьстаяць яму яна была няздольная. Ад такога позірку ў яе тады на балі анямелі ногі, і такі ж позірк учора ноччу, як кінжал, бліснуў над ёю ў паўсне. І пакуль яна дарэмна намагалася штосьці сказаць, у яе ў памяці раптам усплыў даўно забыты ўспамін - муж неяк расказаў ёй, што яму, адвакату, давялося мець справу з адным следчым, у якога быў свой спецыяльны прыём: у час допыту ён пераважна сядзеў, уткнуўшы нос у паперы, і толькі пасля таго, як задаваў рашаючае пытанне, імгненна ўскідваў вочы, нібы кінжал, утыкаў позірк у разгубленага злачынца, а той, аслеплены гэтым яркім выбухам праніклівасці, губляўся, адчуваў сваё бяссілле і пераставаў адпірацца. А раптам ён сам цяпер вырашыў папрактыкавацца ў гэтым небяспечным майстэрстве і абраў яе ахвяраю? Ёй стала страшна, бо яна ведала, што да свае прафесіі ён падыходзіў з такою псіхалагічнаю гарачнасцю, якая далёка перавышала патрабаванні юрыспрудэнцыі. Высачыць, выкрыць злачынца, прымусіць прызнацца - усё гэта захапляла яго гэтак жа, як другіх гульня ў карты або ў каханне, і ў тыя дні, калі ён быў заняты сваім псіхалагічным высочваннем, ён увесь унутры гарэў. Пякучы непакой, які вымушаў яго ночы напралёт капацца ў старых, даўно забытых справах, ад чужога позірку быў схаваны за жалезнаю непранікальнасцю. Ён тады мала еў і піў, толькі курыў увесь час і амаль не гаварыў, быццам сваё красамоўства бярог для выступлення на судзе. Яна толькі раз прысутнічала пры яго абароне і нізашто не пайшла б другі раз, гэтак яе напалохала змрочная апантанасць, амаль што раз'юшаная гарачнасць яго прамовы і нешта панурае, жорсткае ў выразе твару, што, здавалася ёй, яна бачыла цяпер у яго пільным позірку з-пад грозна насупленых броваў.

Усе гэтыя далёкія ўспаміны разам нахлынулі на яе ў кароткі міг, і яна не магла вымавіць ні слова. Яна маўчала, і чым далей маўчала, тым мацней хвалявалася, бо разумела, наколькі небяспечнае гэтае маўчанне. На шчасце, абед хутка скончыўся, дзеці выскачылі з-за стала і пабеглі ў суседні пакой з гучным, вясёлым шчабятаннем, а гувернантка дарэмна намагалася ўціхамірыць іх. Муж таксама падняўся і, не аглядваючыся, цяжкаю хадою пайшоў у суседні пакой.

Ледзь толькі Ірэна засталася адна, яна дастала фатальны ліст, яшчэ раз прачытала радкі: «Прашу неадкладна даць падаўцу гэтага сто крон», а потым раз'юшана парвала яго на шматкі і сабралася ўжо шпурнуць іх у урну для папер, але адумалася, нахілілася да печкі і кінула шматкі ў агонь. Калі белае полымя прагна пажэрла гэтую пагрозу, у Ірэны паспакайнела на сэрцы.

І тут яна пачула мужавы крокі - ён вяртаўся ў пакой. Яна ўскочыла, уся чырвоная ад жару і таму, што яе засталі знянацку. Дзверцы печкі былі яшчэ па-здрадніцку адчыненыя, і Ірэна нязграбна паспрабавала засланіць іх сабою. Муж падышоў да стала, запаліў сярнічку, каб закурыць цыгару, і, калі паднёс агеньчык да твару, ёй здалося, што ў яго дрыжаць ноздры, - гэта заўсёды было знакам гневу. Потым ён спакойна зірнуў на яе.

- Я хачу толькі звярнуць тваю ўвагу на тое, што ты зусім не абавязана паказваць мне свае лісты. Калі табе пажадана мець ад мяне таямніцы - твая воля.

Яна маўчала, не асмельвалася падняць на яго вочы. Ён пачакаў хвіліну, потым моцна выдыхнуў цыгарны дым і, цяжка ступаючы, выйшаў з пакоя.

 

* * *

 

Яна вырашыла жыць, ні аб чым не думаючы, забыцца, запоўніць дні пустымі, нікчэмнымі заняткамі. Дома яна не магла вытрываць, яе пацягнула зноў на вуліцу, у натоўп, бо інакш, здавалася ёй, яна звар'яцее ад страху. Яна спадзявалася, што гэтай сотняй крон хоць на некалькі дзён адкупілася ад вымагальніцы, і таму адважылася зрабіць невялікую прагулку, тым больш што трэба было сёе-тое купіць, а галоўнае, яна бачыла, як здзіўляюць дамашніх яе непрывычныя паводзіны. Яна выпрацавала спецыяльныя прыёмы ўцёкаў з дому. З самага пад'езда яна, як з трампліна, з заплюшчанымі вачамі, кідалася ў чалавечы гушчар. Адчуўшы пад нагамі цвёрдыя пліты тратуара, а навокал цёплую чалавечую плынь, яна падавалася кудысьці наўгад з такою ліхаманкаваю паспешнасцю, якую толькі можа дазволіць сабе дама, калі не хоча, каб на яе звярталі ўвагу; вачэй яна не падымала, бо, зусім зразумела, баялася сустрэць знаёмы небяспечны позірк. Калі за ёю сочаць, дык лепей не ведаць пра гэта. І ўсё-такі ні аб чым другім яна думаць не магла і хваравіта ўздрыгвала, калі хто-небудзь выпадкова дакранаўся да яе. Кожны нерв яе дрыжаў ад самага нязначнага воклічу, ад гуку крокаў за спінаю, ад ценю, які мільгаў міма: толькі ў экіпажы або ў чужым доме магла яна ўздыхнуць вольна.

Нейкі пан прывітаўся з ёю. Падняўшы вочы, яна пазнала даўняга сябра сям'і, прыветлівага, балбатлівага дзядка, ад якога яна заўсёды старалася ўцячы, бо ён меў звычку гадзінамі расказваць аб сваіх нязначных, можа, нават толькі ўяўных хваробах. Але цяпер яна пашкадавала, што толькі адказала на прывітанне і не набілася яму ў кампанію - бо такі спадарожнік надзейна ахоўваў бы яе ад нечаканага прыставання вымагальніцы. Яна запаволіла крок і ўжо хацела вярнуцца і пазваць яго, як раптам ёй здалося, што хтосьці паспешна ідзе за ёю ўслед, і яна інстынктыўна рванулася наперад. Але абвостраным ад страху чуццём яна ўлавіла, што крокі за спінаю таксама паскараюцца, і ішла ўсё хутчэй і хутчэй, хоць і разумела, што ўсё роўна ёй не ўцячы ад праследавання. Яе плечы ўздрыгвалі, быццам адчувалі, што рука, якая вось зараз, у гэты момант - крокі чуваць былі ўсё бліжэй і бліжэй - дакранецца да іх, і чым хутчэй старалася яна бегчы, тым меней слухаліся яе ногі. Праследвальнік быў ужо зусім блізка.

- Ірэна! - настойліва, але ціха паклікаў ззаду чыйсьці голас; яна не адразу зразумела, каму ён належыць, ведала толькі, што гэта не той, якога яна баялася, не голас жахлівай вястункі няшчасця. З уздыхам аблягчэння яна павярнулася; яна спынілася гэтак рэзка, што ён ледзь не наляцеў на яе. Твар яго быў бледны і адлюстроўваў яўную збянтэжанасць, а пад яе няўцямным позіркам ён канчаткова засаромеўся. Нясмела працягнуў ён руку і зноў апусціў яе, бо яна не падала яму рукі. Яна толькі глядзела на яго секунду, дзве - яго яна ніяк не чакала ўбачыць. Менавіта пра яго яна забылася ў гэтыя пакутлівыя дні. Але цяпер, калі перад ёю ўзнік яго бледны, разгублены твар з пустымі вачамі, якія адлюстроўвалі ўнутраную няўпэўненасць, хваля шалёнай злосці нечакана выбухнула ў ёй. Дрыготкія вусны намагаліся штосьці сказаць, а твар быў перакрыўлены такім хваляваннем, што ён спалохана залепятаў:

- Ірэна, што з табою? - І, убачыўшы яе гнеўны жэст, дадаў ужо зусім ціха: - Што я табе зрабіў?

Яна глядзела на яго з непрыхаванаю злосцю.

- Што? Нічога! Зусім нічога? - насмешліва зарагатала яна. - Адно толькі добрае! Адно толькі радасць!

Ён утаропіўся ў яе разгубленым позіркам і нават рот разявіў ад здзіўлення, і таму яго твар стаў да смешнага дурнаватым.

- Што ты... што ты, Ірэна!

- Не падымайце крыку, - рэзка абарвала яна, - і не прыкідвайцеся дурненькім. Ваша міленькая сяброўка, напэўна, ужо падглядвае з-за вугла і толькі таго і чакае, каб накінуцца на мяне...

- Хто... Пра каго ты?

Яе нястрымна цягнула ўдарыць па гэтым застылым у дурнаватай грымасе твары. Рука яе міжволі сціснула парасон. Ніколі яшчэ ніхто не быў ёй гэтак агідны і ненавісны.

- Што ты... што ты, Ірэна, - усё яшчэ разгублена лепятаў ён. - Што я табе зрабіў?.. Ты раптам перастала прыходзіць... Я чакаю цябе дні і ночы... Сёння я цэлы дзень прастаяў каля твайго пад'езда, каб хоць хвіліну пагаварыць з табою.

- Ах, прастаяў! Ты таксама! - Яна адчувала, што ад гневу ў яе памутнела ў галаве. Вось ударыць бы яго па твары - якая гэта была б палёгка! Але яна стрымалася, яшчэ раз з пякучаю нянавісцю паглядзела на яго, як быццам раздумвала, ці не выліць усю назапашаную злосць у зняважлівых словах, але замест гэтага раптам павярнулася і, не аглядваючыся, зноў нырнула ў людскі паток. А ён гэтак і знерухомеў на месцы, разгублены, спалоханы, з умольна працягнутаю рукою, пакуль вулічная мітусня не падхапіла і не панесла яго, як нясе рэчка апалы ліст, а ён супраціўляецца, дрыжыць і круціцца, пакуль бязвольна не скорыцца цячэнню.

 

* * *

 

Але Ірэне, мусіць, не наканавана было аддавацца суцяшальным спадзяванням. Ужо на наступны дзень новая запіска, як новы ўдар бізуном, ажывіла крыху аслабелы страх. На гэты раз ад яе патрабавалі дзвесце крон, і яна пакорліва аддала грошы. Яе палохала імклівае нарастанне патрабаванняў, яна разумела, што хутка не зможа задаволіць іх, бо хоць яна і належала да багатай сям'і, але не магла непрыкметна здабыць такія значныя сумы. Дый да чаго гэта прывядзе? Яна не сумнявалася, што заўтра ў яе запатрабуюць чатырыста крон, а крыху пазней тысячу, і чым болей яна дасць, тым болей будуць вымагаць; калі ж яе сродкі скончацца, прыйдзе ананімны ліст, і ўсё прапала. Яна аплачвала толькі час, толькі перадышку, два-тры дні, самае большае - тыдзень адтэрміноўкі. Але пры гэтым колькі нічым не акупленых гадзін пакутлівага чакання!.. Яна не мела сілы ні чытаць, ні чым-небудзь займацца, страх, як злы дэман, не даваў ёй спакою. Яна адчувала сябе сапраўды хвораю. Часам у яе пачыналася такое сэрцабіццё, што яна не магла трымацца на нагах, трывога, нібы расплаўленым свінцом налівала яе цела, але, нягледзячы на пакутлівую стомленасць, спаць яна таксама не магла. І хоць кожны нерв яе дрыжаў, ёй трэба было ўсміхацца, прыкідвацца вясёлай, і ніхто нават уявіць сабе не мог, якога неймавернага напружання каштавала гэтая прытворная весялосць, колькі сапраўднага гераізму было ў гэтым штодзённым, але марным насіллі над сабою.

З усіх людзей вакол яе толькі адзін чалавек, здавалася ёй, няясна здагадаўся аб тым, што ў яе на душы, здагадаўся толькі таму, што сачыў за ёю. Яна адчувала, што ён увесь час заняты ёю, як яна - ім, і гэтая ўпэўненасць прымушала яе пастаянна быць насцярожанай. Гэтак яны дзень і ноч высочвалі і пільнавалі адзін аднаго, і кожны стараўся выведаць таямніцу другога і мацней схаваць сваю. Муж таксама змяніўся ў апошні час. Грозная інквізітарская суровасць першых дзён саступіла месца клапатлівай увазе, якая міжволі нагадвала Ірэне пару яго жаніхоўства. Ён абыходзіўся з ёю, як з хвораю, бянтэжыў сваёю клапатлівасцю. У яе замірала сэрца, калі яна бачыла, як ён ледзь не падказвае ёй выратавальнае слова, як намагаецца зрабіць прызнанне прывабна лёгкім; яна разумела яго намер, была яму ўдзячная і радая яго дабраце. Але яна адчувала, што разам з цёплым пачуццём расло і пачуццё сораму, і яно скоўвала яе вусны мацней, чым раней недавер.

У адзін з гэтых дзён ён загаварыў зусім адкрыта, гледзячы ёй у вочы. Яна вярнулася дадому і ўжо ў пярэднім пакоі пачула гучную размову: рэзкі, рашучы голас мужа і бурклівая скорагаворка гувернанткі чаргаваліся з плачам і ўсхліпваннямі. Спачатку яна спалохалася. Бо варта ёй было пачуць дома гучную, усхваляваную гаворку, як яна ўся ўздрыгвала; усё, што выходзіла за межы штодзённасці, выклікала ў яе цяпер страх, шчымлівы страх, што ліст ужо прыйшоў і таямніца раскрыта. Адчыніўшы дзверы, яна перш за ўсё кідала на твары дамашніх хуткі позірк, які прагна пытаўся, ці не адбылося што-небудзь у яе адсутнасць, ці не выбухнула катастрофа. Але тут яна амаль адразу ж супакоілася, бо зразумела, што гэта проста дзіцячая сварка і нешта накшталт імправізаванага судовага разбору. Неяк на днях адна з цётак падарыла хлопчыку пярэстага цацачнага каня, што выклікала зайздрасць у малодшай сястрычкі, якая атрымала падарунак горшы. Яна паспрабавала прад'явіць свае правы на каня, ды гэтак настойліва, што брат забараніў ёй наогул дакранацца да цацкі; тады яна спачатку ўсчала крык, а потым затаілася ў злосным, зацятым маўчанні. Але назаўтра конік раптам прапаў; як ні шукаў яго хлопчык, ён бясследна знік; нарэшце прапажу выпадкова знайшлі ў печы: драўляныя часткі коніка былі паламаныя, пярэстая скура садрана, а ўсё ўнутры выпатрашана. Падазрэнне, зразумела, упала на дзяўчынку - хлопчык з плачам кінуўся да бацькі скардзіцца на крыўдзіцельку, і толькі што пачаўся допыт.

Маленькі суд цягнуўся нядоўга. Дзяўчынка спачатку адпіралася, але пры гэтым у яе здрадліва дрыжаў голас і вочы былі баязліва скіраваны ўніз: гувернантка сведчыла супраць яе, яна чула, як раззлаваная дзяўчынка гразілася выкінуць каня ў акно, што малютка без поспеху спрабавала адмаўляць; потым адбылася маленькая сцэнка са слязамі дзіцячай роспачы. Ірэна неадступна глядзела на мужа; у яе было такое адчуванне, што ён чыніць суд не над дачкою, а вырашае яе лёс, бо заўтра ўжо яна сама, магчыма, будзе стаяць перад ім з такім самым хваляваннем і адказваць такім самым зрывістым голасам. Муж трымаўся строга, пакуль дзяўчынка хлусіла і адмаўляла сваю віну, але паступова, крок за крокам, ён адолеў яе ўпартасць і ні разу не выказаў пры гэтым раздражнення. Калі ж на змену хлусні прыйшло зацятае маўчанне, ён стаў ласкава ўгаворваць яе, даказваць ледзь не натуральнасць такога дрэннага пабуджэння і да некаторай ступені прабачыў яе брыдкі ўчынак тым, што ў парыве злосці яна не падумала, як моцна засмуціць ім брата. Ён так цёпла і пераканаўча растлумачыў дзяўчынцы яе выхадку як нешта зусім зразумелае і ўсё-такі вартае ганьбы, што малютка паступова размякла і нарэшце зараўла роўма. І тут жа праз слёзы прызналася ва ўсім.

Ірэна кінулася абдымаць равуху, але тая сярдзіта адштурхнула маці. Муж у сваю чаргу папракнуў яе за непатрэбнае спачуванне - ён не хацеў, каб правіна заставалася без пакарання, і прызначыў нязначную, але для дзіцяці адчувальную кару: дзяўчынцы забаранілі ісці заўтра на дзіцячае свята, пра якое яна з радасцю думала ўжо некалькі апошніх тыдняў. З ровам выслухала малютка прысуд, а хлопчык шумна выказаў свой трыумф, які аказаўся дачасным: за такую злараднасць яму таксама не дазволілі пайсці на заўтрашняе свята. Засмучаныя дзеці нарэшце пайшлі да сябе, суцешаныя крыху толькі агульнасцю пакарання, а Ірэна засталася адна з мужам.

Вось добрая нагода, адчула яна, адкінуць убок усякія намёкі, звязаныя з віною і прызнаннем дзіцяці, і загаварыць пра сваю віну. Калі муж зычліва прыме яе заступніцтва за дачку, гэта будзе ёй знакам, што яна можа асмеліцца загаварыць пра сябе.

- Скажы, Фрыц, - пачала яна, - няўжо ты сапраўды не пусціш дзяцей на свята? Для іх гэта будзе вялікае засмучэнне - асабліва для малюткі. Навошта такая строгая кара? Яна ж нічога асабліва страшнага не зрабіла. І табе не шкада яе?

- Ты пытаешся: няўжо мне яе не шкада? Вось што я табе скажу: сёння ўжо не. Пасля таго як яе пакаралі, ёй значна палегчала, хоць яна цяпер і засмучаная. Няшчасная яна была ўчора, калі разламаны бедны конік ляжаў у печы. Увесь дом шукаў яго, а малютка ўвесь час дрыжала ад страху, што прапажу вось-вось знойдуць. Страх горшы, чым пакаранне; у пакаранні ёсць нешта пэўнае. Вялікае яно ці малое - усё-такі лепей, чым неакрэсленасць, чым бясконцы жах чакання. Як толькі яна даведалася, якое будзе пакаранне, ёй адразу палегчала. Хай цябе не хвалююць яе слёзы - цяпер яны толькі вырваліся наверх, раней яны збіраліся ўнутры. А трымаць іх унутры куды цяжэй.

Ірэна паглядзела на мужа. Ёй здавалася, што кожнае яго слова цэліць у яе. Але ён як быццам і не думаў пра яе.

- Павер мне, усё менавіта так. Я гэта бачыў і ў судзе, і калі вёў следства. Больш за ўсё абвінавачаныя пакутуюць ад утойвання праўды, ад пагрозы яе раскрыцця, ад жахлівай неабходнасці абараняць хлусню ад мноства нападак. Страшна глядзець, як выкручваецца і курчыцца абвінавачаны, калі з яго, як абцугамі, прыходзіцца вырываць прызнанне. Часам яно ўжо зусім на языку, неадольная сіла падняла яго з самых патаемных глыбінь душы, яно душыць абвінавачанага, яно ўжо гатова ператварыцца ў словы - і раптам нейкая злая воля авалодвае ім, загадкавая мешаніна ўпартасці і страху, ён заглушае прызнанне, заганяе яго ўнутр. І барацьба пачынаецца спачатку. Суддзі часам пакутуюць ад гэтага болей, чым ахвяры. А абвінавачаныя бачаць у суддзях ворагаў, хоць на самай справе суддзі - яе памочнікі. А мне як адвакату, як абаронцу належала б перасцерагаць падапечных ад прызнанняў, падтрымліваць і заахвочваць іх хлусню, але ў мяне часта ўсё ўнутры ўзнімаецца супраць гэтага - вельмі ўжо яны пакутуюць ад неабходнасці запірацца, значна мацней, чым ад прызнання і наступнай кары. Мне, зрэшты, дагэтуль незразумела, як можна зрабіць ліхі ўчынак усведамляць усю яго небяспечнасць, а потым не мець мужнасці прызнацца. Маладушны страх перад рашучым словам, на маю думку, больш ганебны, чым любое злачынства.

- Ты думаеш... што заўсёды... толькі страх... стрымлівае людзей? А можа... не страх... а сорам перашкаджае чалавеку раскрыцца... як бы раздзецца... перад другімі людзьмі?

Муж здзіўлена зірнуў на яе. Ён не прывык чуць ад яе іншай думкі. Але яна моцна ўразіла яго.

- Ты кажаш - сорам... але гэта... як бы сказаць... гэта таксама па-свойму страх... толькі вышэйшага парадку... страх не перад пакараннем, а... але так, я разумею...

Ён устаў, неяк дзіўна ўзрушаны і захадзіў па пакоі. Гэтая думка, мусіць, закранула ў ім самыя чуллівыя струны, усхвалявала яго. Раптам ён спыніўся.

- Дапускаю... можна саромецца людзей, чужых людзей... натоўпу, які вывуджвае з газет чужое гора, смакуе яго і цешыцца... Але ж сваім блізкім, я думаю, можна прызнацца...

- А што, калі, - яна павярнулася ўбок; ён глядзеў на яе вельмі пільна, і яна адчувала, што ў яе зрываецца голас. - Што, калі... самым блізкім... асабліва сорамна прызнацца...

Ён рэзка спыніўся перад ёю, яўна ўражаны.

- Дык, па-твойму... па-твойму... - голас у яго адразу стаў другі, мяккі, глыбокі, - па-твойму, Хелене лягчэй расказаць аб сваёй правіннасці каму-небудзь другому... скажам... гувернантцы... што ёй...

- Я ў гэтым упэўнена... Яна так доўга запіралася менавіта таму... ну таму... таму, што твая думка ёй важней за ўсё... таму... таму, што яна цябе любіць больш за ўсіх...

Ён зноў задумаўся на хвіліну.

- Відаць... ты маеш рацыю, так, пэўна, маеш рацыю... Як дзіўна... мне гэта не прыходзіла ў галаву. Але, канечне, ты маеш рацыю, і я не хачу, каб ты думала, што я не магу прабачыць... Не, якраз ты не павінна гэтак думаць, Ірэна...

Ён глядзеў на яе, і яна адчувала, што чырванее ад яго позірку. Ці наўмысна ён гэтак гаворыць, ці гэта выпадковасць, каварная, небяспечная выпадковасць? Усё тая ж пакутлівая нерашучасць валодала ёю.

- Прысуд скасаваны. - Ён прыкметна павесялеў. - Хелена апраўдана, я сам зараз ёй гэта аб'яўлю. Ну, ты задаволена мною? Ці табе яшчэ чаго-небудзь хочацца... Бачыш... я... сёння ў добрым настроі... можа, ад радасці, што своечасова адумаўся, зразумеў, што быў несправядлівы. Гэта дае заўсёды вялікую палёгку, Ірэна, заўсёды...

Яна, здавалася ёй, зразумела, што менавіта ён хацеў падкрэсліць. Інстынктыўна яна пацягнулася да яго, слова ўжо гатова было сарвацца з вуснаў. І ён таксама падаўся бліжэй, нібы хацеў хутчэй зняць з яе тое, што яе прыгнятала. Але тут яна сустрэла яго позірк, ён гарэў прагным нецярпеннем, жаданнем пачуць яе прызнанне, пранікнуць у яе таямніцу, і ў ёй быццам нешта абарвалася. Яна апусціла працягнутую руку і адвярнулася. Усё дарэмна, думала яна, ніколі не знойдзе яна сілы вымавіць адзінае выратавальнае слова, якое пячэ яе і пазбаўляе спакою. Як грукат блізкага грому, прагучала папярэджанне, але Ірэна ведала, што ёй усё роўна не выратавацца, і ў глыбіні душы ўжо хацела таго, чаго раней гэтак баялася: каб хутчэй бліснула ачышчальная маланка, каб усё ўсплыло наверх.

 

* * *

 

Яе жаданню, відаць, суджана было спраўдзіцца хутчэй, чым яна думала. Барацьба цягнулася ўжо два тыдні, і Ірэна зусім знясілела. Апошнія чатыры дні вымагальніца не падавала прыкмет жыцця, але страх гэтак трывала ўвайшоў у Ірэніна жыццё, што пры кожным званку ў дзвярах яна ўскоквала з месца, каб самой перахапіць новыя вымагальніцкія патрабаванні. Яна чакала іх нецярпліва, з нейкаю прагнасцю, - бо, задаволіўшы гэтыя патрабаванні, яна купляла сабе спакойны вечар, некалькі мірных гадзін з дзецьмі, прагулку.

І на гэты раз, пачуўшы званок, яна кінулася з пакоя да дзвярэй, адчыніла і ў першы момант здзівілася, калі ўбачыла перад сабою багата ўбраную даму, але тут жа спалохана шарахнулася, бо пазнала пад модным капелюшом фізіяномію шантажысткі.

- А, вы самі тут, фраў Вагнер. Цудоўна. У мяне да вас важная справа. - Не чакаючы адказу разгубленай Ірэны, якая дрыготкаю рукою ўчапілася за дзверы, вымагальніца ўвайшла ў калідор і перш за ўсё паклала парасон, крыкліва чырвоны парасон, відаць, першы плён яе грабежніцкіх набегаў. Перамяшчалася яна з незвычайнаю ўпэўненасцю, нібы ва ўласнай кватэры; акінуўшы элегантнае ўбранне адабральным і яўна задаволеным позіркам, яна без запрашэння накіравалася да прычыненых дзвярэй у гасціную. - Сюды, пэўна? - спытала яна з затоенаю насмешкаю, і, калі знямелая ад узрушэння Ірэна жэстам паспрабавала спыніць яе, супакойліва дадала: - Калі вам непрыемна, я доўга не затрымаюся, у мяне справа на адну хвіліну.

Ірэна паслухмяна пайшла следам. З'яўленне шантажысткі ў доме сваім нахабствам перасягнула ўсе самыя страшныя спадзяванні і зусім ашаламіла яе. Ёй здавалася, што яна сніць сон.

- Так, так, багата жывяце, нічога не скажаш, - з непрыхаваным задавальненнем зазначыла шантажыстка і села ў крэсла. - Ах, як хораша тут сядзець. А карцін колькі! Тут толькі і пачынаеш разумець наша ўбоства. Багата вы жывяце, фраў Вагнер, вельмі багата.

Гледзячы на злачынку, якая расселася ў яе пакоі, пакутніца не вытрымала і дала волю абурэнню.

- Што вам ад мяне трэба, подлая вы шантажыстка! Як вы асмеліліся прыйсці да мяне дадому! Ведайце, я не дазволю гэтак здзекавацца з мяне. Я вас...

- Гаварыце цішэй, - перабіла тая са зняважліваю фамільярнасцю. - Дзверы ж адчыненыя, чэлядзь пачуе. Мне што? Я ж не хаваюся. А божачка! Ці не ўсё мне адно - у турме сядзець ці гаварыць на волі. А вам трэба быць асцярожней, фраў Вагнер. Давайце я перш зачыню дзверы, на выпадак, калі вы ўздумаеце зноў пагарачыцца. Толькі скажу вам загадзя: лаянкаю мяне не проймеш.

На кароткі момант гнеў прыдаў Ірэне сілы, але цяпер яна зноў адчула сябе бездапаможнаю перад непарушным нахабствам гэтай асобы. Яна стаяла, быццам дзіця, якое чакае, што яму зададуць на ўрок, спалоханая і амаль на ўсё згодная.

- Ну вось што, фраў Вагнер, няма чаго нам тут валаводзіцца. Жывецца мне не соладка, я ўжо казала вам. Я даўно завінавацілася за кватэру. Дый, акрамя таго, мне сёе-тое патрэбна. Хочацца калі-небудзь уздыхнуць вольна. Вось я да вас і прыйшла за дапамогаю. Дайце мне... ну, скажам, чатырыста крон.

- Я не магу, - пралепятала Ірэна, спалоханая велічынёю сумы, якой у яе і сапраўды не было ў наяўнасці, - у мяне няма такіх грошай. У гэтым месяцы я ўжо дала вам трыста крон. Дзе мне столькі ўзяць?

- Ну, як-небудзь наскрабіце, падумайце толькі добра. У такой багацейкі, як у вас, знойдзецца заўсёды столькі грошай, колькі трэба. Варта толькі захацець. Падумайце добра, фраў Вагнер, і ўсё будзе ў парадку.

- Ды няма ў мяне такіх грошай. Я б ахвотна дала вам, але столькі грошай у мяне няма. Вось сто крон, скажам... я б магла...

- Я вам сказала - мне трэба чатырыста крон, - адрэзала тая, як быццам нават абражаная гэтаю прапановаю.

- Ды зразумейце - няма іх у мяне, - роспачна выгукнула Ірэна. «А раптам цяпер прыйдзе муж, - думала яна, - ён кожную хвіліну можа прыйсці». - Даю вам слова, няма...

- Ну, дык дастаньце іх дзе-небудзь...

- Не магу.

Шантажыстка агледзела Ірэну з галавы да ног, быццам прыкідвала яе магчымасці.

- Ну, вось, скажам, пярсцёнак... Калі аддаць яго ў заклад, то тады на ўсё хопіць. Праўда, я не вельмі разбіраюся ў каштоўнасцях... у мяне іх зроду не было... але чатырыста крон, па-мойму, за яго дадуць...

- Што? Пярсцёнак? - ускрыкнула Ірэна. Гэты пярсцёнак, мужаў падарунак у дзень заручын, яна ніколі не знімала: пярсцёнак быў вельмі каштоўны і прыгожы, з вялікім дарагім каменем.

- Гм, а чаму б і не? Я прышлю вам ламбардны квіток, можаце пярсцёнак выкупіць, калі захочаце. Я ж не зусім яго бяру, навошта беднай жанчыне такі багаты пярсцёнак.

- За што вы мяне праследуеце і мучыце? Я не магу... Зразумейце ж, не магу... Вы бачыце, я зрабіла ўсё, што магла. Зразумейце ж гэта! Пашкадуйце мяне!

- А мяне хто пашкадуе? Хай сабе здыхае з голаду. Чаму ж гэта я павінна шкадаваць такую багацейку?

Ірэна хацела адказаць рэзкасцю, але тут яна пачула, як грукнулі ўваходныя дзверы, і кроў застыла ў жылах. Мусіць, гэта муж вярнуўся з канторы. Не думаючы больш ні аб чым, яна сарвала з пальца пярсцёнак і сунула вымагальніцы, а тая адразу ж схавала яго.

- Не бойцеся, я зараз жа пайду, - супакоіла яе госця, убачыўшы, які бязмежны страх напісаны на Ірэніным твары і як напружана яна прыслухоўваецца да мужчынскіх крокаў, якія выразна былі чуваць у пярэднім пакоі. Адчыніўшы дзверы, шантажыстка прывіталася з Ірэніным мужам, які кінуў на яе рассеяны позірк, і выйшла.

- Гэтая дама прыходзіла за даведкаю, - сабраўшы апошнія сілы, растлумачыла Ірэна, як толькі за наведніцаю зачыніліся дзверы. Самае страшнае мінула. Муж нічога не адказаў і спакойна падаўся ў сталовую, дзе ўжо было накрыта на абед.

Ірэне здавалася, што ў яе гарыць месца на пальцы, якое звычайна халадзіў залаты абруч пярсцёнка, і што кожны абавязкова зверне ўвагу на гэтае месца, як на ганебную пляму. За абедам яна ўвесь час старалася хаваць руку, але пры гэтым нейкае небывалае абвостранае чуццё нашэптвала ёй, што муж не зводзіць вачэй з яе рукі, сочыць за кожным яе рухам. Яна спрабавала адцягнуць яго ўвагу і ўсё новымі пытаннямі падтрымлівала размову. Яна звярталася да мужа, да дзяцей, да гувернанткі, з усіх сіл ажыўляла слабае цячэнне размовы, але сілы ёй здраджвалі, і размова ўвесь час перапынялася. Яна намагалася здавацца вясёлаю і развесяліць другіх, дражніла дзяцей, падбухторвала іх адно на адно, але яны не сварыліся і не смяяліся: яна і сама ўсведамляла, што ў весялосці яе адчуваецца прытворства і гэта кідаецца ўсім у вочы. Чым болей яна прытваралася, тым меней ёй гэта ўдавалася. Нарэшце яна стамілася і змоўкла.

Маўчалі ўсе; яна чула толькі, як бразгае посуд ды як у яе нутры расце голас страху.

- А куды ты дзела пярсцёнак? - спытаўся раптам муж.

Яна ўздрыгнула. Унутраны голас выразна сказаў: усё, канец! Але штосьці інстынктыўна не хацела яшчэ здавацца. Трэба ўзяць сябе ў рукі, знайсці сілы на адну толькі фразу, адно слова. Прыдумаць яшчэ адну, апошнюю, хлусню.

- Я... я аддала яго ў чыстку. - І, падбадзёраная сваёю выдумкаю, яна рашуча дадала: - Паслязаўтра я забяру яго назад.

Паслязаўтра. Цяпер яна звязала сябе. Калі ёй нічога не ўдасца зрабіць, хлусня выйдзе наверх, і тады ўсяму канец. Яна сама прызначыла сабе тэрмін, і праз хаос страху раптам прабілася новае пачуццё, пачуццё радасці, што развязка гэтак блізка. Паслязаўтра: тэрмін вызначаны, і гэтая пэўнасць выклікала дзіўны спакой, які заглушыў страх. Знутры падымалася штосьці новае, новая сіла, сіла жыць і сіла памерці.

 

* * *

 

Цвёрдая ўпэўненасць у блізкай развязцы нечакана праясніла ўсё ў яе душы. Нервовасць чарадзейна змянілася ясным роздумам, страх саступіў месца непрывычнаму празрыстаму спакою, праз прызму якога яна раптам ясна ўбачыла сапраўдную цану таго, што было яе існаваннем. Яна зразумела, што жыццё яшчэ не зусім страчана, і калі ёй суджана зберагчы гэтае жыццё і зрабіць яго яшчэ больш каштоўным у тым новым высокім сэнсе, які адкрыўся ёй за гэтыя дні пакутлівага страху, і калі можна будзе пачаць жыццё зноў без бруду, без боязі, без хлусні, - яна да гэтага гатовая. Але жыць разведзенаю жанчынаю, зняслаўленаю пралюбадзейкаю - на гэта ў яе няма сілы, як няма сілы працягваць небяспечную гульню, купляць сабе спакой на нейкі час. Супраціўляцца дарэмна - яна гэта разумела, развязка набліжаецца, пагібель пагражае ёй ад мужа, і ад дзяцей, і ад яе самой - ад усяго, што акружае яе. Уцячы немагчыма, калі вораг усюдыісны. А самае надзейнае выйсце - прызнацца - ёй недаступнае, у гэтым яна пераканалася. Значыцца, застаецца толькі адзін-аднюткі шлях, шлях, адкуль няма звароту.

 

* * *

 

Раніцаю яна спаліла сваю перапіску, прывяла ў парадак розныя нязначныя справы, але пры гэтым пазбягала глядзець на дзяцей і наогул на ўсё тое, што было ёй дарагое. Яна баялася, што жыццё павабіць яе зноў радасцямі і спакусамі і што бязмэтныя хістанні перашкодзяць здзейсніць прынятае ёю рашэнне. Потым яна яшчэ раз выйшла на вуліцу, каб апошні раз выпрабаваць лёс і сустрэцца з вымагальніцай. Нястомна ішла яна па вуліцах, але без ранейшай ліхаманкавай насцярожанасці. У душы яна ўжо стамілася ад барацьбы і адчувала, што далей змагацца не можа. Яна прахадзіла так цэлых дзве гадзіны, быццам гэта быў яе абавязак, але шантажысткі нідзе не сустрэла і нават не засмуцілася ад гэтага. Яна ўглядвалася ў твары прахожых, і яны здаваліся ёй чужымі, непатрэбнымі і нежывымі. Усё гэта ўжо адышло кудысьці, было незваротна страчана.

Толькі адзін раз яна зноў спалохалася. Ёй здалося, што з натоўпу на другім баку вуліцы на яе скіраваны мужаў позірк, той дзіўны, суровы, калючы позірк, які з'явіўся ў яго з нядаўняга. Яна стала спалохана ўглядвацца, але знаёмая постаць адразу ж знікла за праезджым экіпажам, і Ірэна супакоіла сябе тым, што ў гэты час муж заўсёды ў судзе. Ад нервовага напружання яна страціла адчуванне часу і спазнілася на абед. Але і мужа не было яшчэ - супраць яго звычкі - дома; ён прыйшоў праз дзве хвіліны, і ёй здалося, што ён чымсьці ўсхваляваны.

Яна пачала лічыць гадзіны, якія засталіся да вечара, і ёй зрабілася страшна, што іх так многа, а на развітанне трэба так мала часу, і грош усяму цана, калі табе вядома, што з сабою нічога нельга ўзяць. Ёю авалодала нейкая санлівасць. Машынальна спусцілася зноў на вуліцу і пайшла наўгад, не аглядваючыся, ні аб чым не думаючы. На скрыжаванні фурман ледзь паспеў стрымаць коней, інакш дышаль абавязкова збіў бы яе з ног. Фурман груба вылаяўся, а Ірэна нават не павярнулася - гэта магло быць выратаваннем або адтэрміноўкай. Выпадак пазбавіў бы яе ад здзяйснення рашэння. Паволі паплялася яна далей - добра было ісці без думак, з адным толькі цьмяным адчуваннем канца, які, быццам лёгкі туман, непрыкметна апускаўся і засцілаў усё.

Выпадкова падняўшы вочы, каб прачытаць назву вуліцы, яна ўся задрыжала: у бязмэтным блуканні яна непрыкметна дабрыла амаль да самага дома свайго былога палюбоўніка. А што, калі гэта палец лёсу? Раптам ён чым-небудзь можа дапамагчы ёй, бо ён, трэба думаць, ведае адрас гэтай асобы. Яе ахапіла радаснае ўзбуджэнне. Як яна не падумала аб гэтым? Адразу ж крокі зрабіліся больш імклівымі; падагнаныя надзеяю, закруціліся ў галаве бязладныя думкі. Яна прымусіць яго пайсці да вымагальніцы, каб назаўсёды пакласці гэтаму канец. Хай прыгрозіць ёй добра, каб яна перастала шантажыраваць яе; а можа, дастаткова будзе даць ёй пэўную суму грошай і выдаліць з горада. Ірэне стала раптам шкада, што яна пры сустрэчы так няласкава абышлася з небаракам, але ўсё роўна, ён абавязкова дапаможа ёй. Як дзіўна, што выратаванне прыходзіць цяпер, у самую апошнюю хвіліну.

Імкліва ўзбегла яна наверх і пазваніла. Ніхто не адчыніў. Яна прыслухалася: ёй здалося, што за дзвярамі чуваць асцярожныя крокі. Яна пазваніла яшчэ раз. Зноў маўчанне. І зноў нейкі шорах за дзвярамі. Тут яна страціла цярпенне і пачала званіць без перапынку - бо ў яе гэта было пытанне жыцця.

Нарэшце за дзвярамі нехта заварушыўся, шчоўкнуў замок, і дзверы прачыніліся.

- Гэта я, - паспешна шапнула Ірэна.

Ён адчыніў дзверы, яўна збянтэжаны.

- Ах, гэта ты... вы, васпані, - разгублена пралепятаў ён. - Прабачце... я зусім не чакаў... вашага прыходу... прабачце мой выгляд, - ён быў без пінжака, з расшпіленаю кашуляю і без каўнерыка.

- Мне трэба хутчэй пагаварыць з вамі, вы павінны мне дапамагчы, - сказала яна нервова, бо ён усё яшчэ трымаў яе на парозе, як жабрачку. - Можа, вы нарэшце дазволіце мне ўвайсці, я затрымаю вас усяго на адну хвілінку, - дадала яна раздражнёна.

- Калі ласка, - збянтэжана прамармытаў ён, сарамліва адводзячы позірк. - Толькі я цяпер... мне не зусім зручна...

- Вам трэба мяне выслухаць. Усё гэта па вашай віне. Ваш абавязак мне дапамагчы... Вы абавязаны, чуеце, абавязаны вярнуць мне пярсцёнак. У крайнім выпадку, скажыце мне адрас... Яна ўвесь час праследуе мяне, а цяпер вось кудысьці знікла... Вы абавязаны, чуеце, абавязаны.

Ён няўцямна ўтаропіўся ў яе. Толькі цяпер яна заўважыла, што з яе адрывістых выкрыкаў нічога нельга зразумець.

- Ах вось яно што... Вы нічога не ведаеце... Дык вось, ваша палюбоўніца, ваша былая пасія, высачыла мяне, калі я выходзіла ад вас. З таго часу гэтая асоба праследуе мяне, шантажыруе... мучыць да смерці... А цяпер яна ўзяла ў мяне пярсцёнак, а ён мне патрэбен, абавязкова, і таму трэба, каб яго вярнулі мне не пазней сённяшняга вечара, я гэтак і сказала... Ну дык вось, дапамажыце мне.

- Але... але я...

- Вы дапаможаце мне ці не?

- Але я не ведаю ніякай асобы. Я не разумею, каго вы маеце на ўвазе. Я ніколі не меў дачынення да шантажыстак. - Ён гаварыў амаль груба.

- Вось як... вы не ведаеце. Яна ўсё гэта выдумала! Адкуль жа яна ведае і ваша прозвішча, і мой адрас? Можа, яна і не думае мяне шантажыраваць? Можа, мне ўсё гэта прыснілася?

Яна пранізліва зарагатала. Яму стала не па сабе. У яго прамільгнула думка, што яна звар'яцела, гэтакім дзіўным бляскам ззялі яе вочы, гэтак дзіўна яна паводзіла сябе і пляла нейкую лухту. Ён спалохана паглядзеў па баках.

- Калі ласка, супакойцеся... васпані. Запэўніваю вас, вы памыляецеся. Мусіць... ды не, гэта выключана... я нічога не разумею. З такімі жанчынамі я не сустракаюся. Вы ж ведаеце, я тут зусім нядаўна, і тыя дзве сувязі, якія ў мяне былі, зусім не такія... Не буду называць імёнаў, але нават смешна падумаць... будзьце ўпэўнены, гэта нейкая памылка...

- Значыцца, вы адмаўляецеся мне дапамагчы?

- Не, што вы... калі я толькі магу.

- Тады... пойдзем. Мы разам пойдзем да яе.

- Але да каго ж... да каго?

Калі яна схапіла яго за руку, ён зноў спалохана падумаў, што яна не пры сваім розуме.

- Да яе ж... Пойдзеце вы ці не?

- Ну, канечне ж... Канечне ж, пайду, - яе ліхаманкавая настойлівасць яўна пацвярджала падазрэнне, якое ўзнікла ў яго, - канечне... канечне...

- Дык хадземце ж... гэта пытанне жыцця і смерці!

Ён ледзь стрымаў усмешку. Потым адразу ж перайшоў на афіцыйны тон.

- Прашу мяне прабачыць, васпані, але цяпер я заняты... У мяне ўрок музыкі... Я не магу яго перапыніць...

- Вось як... Вось як... - Яна пагардліва засмяялася яму ў твар. - Вы даяце ўрокі без пінжака... Ілгун вы, вось вы хто! - І раптам у яе галаве мільганула здагадка. Яна рванулася ў пакоі, і ён не паспеў затрымаць яе. - Значыцца, яна тут, у вас, гэтая шантажыстка? Чаго добрага, вы з ёю заадно. Можа, вы дзеліцеся тым, што вымагаеце ў мяне? Пападзіся яна мне ў рукі! Цяпер мне няма чаго баяцца.

Яна крычала на ўвесь голас. Ён трымаў яе, але яна змагалася з ім, вырвалася і расчыніла дзверы ў спальню.

Нехта, хто, відаць, падслухоўваў за дзвярамі, адскочыў у глыбіню пакоя. Ірэна, зусім збянтэжаная, глядзела на незнаёмую, паўадзетую даму, якая паспешна адвярнула ўбок твар. Яе палюбоўнік кінуўся ўслед за Ірэнай, бо думаў, што яна звар'яцела, і баяўся, што яна наробіць бяды, але яна тут жа выйшла са спальні.

- Прабачце, - прамармытала яна. У галаве ў яе ўсё пераблыталася. Яна нічога ўжо не разумела, ёй было толькі брыдка, бясконца брыдка, бясконцая стомленасць авалодала ёю. - Прабачце, - паўтарыла яна. - Заўтра... так, заўтра вам усё стане ясна, зрэшты, я... я і сама нічога не разумею. - Яна гаварыла з ім, як з чужым, нішто не напамінала ёй аб тым, што яна калісьці належала гэтаму чалавеку, дый яна сама сабе была як чужая. Усё цяпер заблыталася канчаткова, ёй было ясна толькі, што дзесьці тут хаваецца хлусня. Але яна занадта стамілася, каб што-небудзь бачыць. Яна заплюшчыла вочы і ішла па лесвіцы, як асуджаны ідзе на эшафот.

 

* * *

 

Калі яна выйшла на вуліцу, ужо зусім сцямнела. А раптам, мільганула ў яе думка, гэтая асоба вартуе, раптам у апошнюю хвіліну прыйдзе выратаванне. Ёй захацелася скласці рукі і памаліцца забытаму богу. Ах, толькі б вымаліць сабе адтэрміноўку на некалькі месяцаў, да лета, а потым спакойна пажыць сярод палёў і лугоў, там шантажыстка не дабярэцца да яе, пажыць спакойна ўсяго адно лета. Прагна ўглядалася яна ў вулічны змрок. Ёй здалося, што каля дома насупраць стаіць нейкая постаць, але калі яна падышла бліжэй, постаць схавалася ў пад'ездзе. На момант Ірэна як быццам улавіла ў ёй падабенства з мужам. Другі раз за гэты дзень адчувала яна страх перад мужам, які раптоўна прамільгнуў на вуліцы, перад яго позіркам. Яна спынілася і пачала чакаць. Але постаць без следу знікла ў цемры. Тады яна пайшла далей і ўвесь час адчувала ў сябе за спінаю чыйсьці пякучы цяжкі позірк. Адзін раз яна павярнулася, але нікога не ўбачыла.

Аптэка была недалёка. Ірэна крыху дрыжала, калі ўваходзіла туды. Правізар узяў рэцэпт і пайшоў рыхтаваць тое, што было ў ім напісана. За гэтую кароткую хвіліну Ірэна выразна ўбачыла ўсё - і бліскучыя шалі, і мініяцюрныя гіркі, і этыкеткі, а наверсе на паліцах рады бутэлечак з нейкімі вадкасцямі, незнаёмыя лацінскія назвы, якія яна машынальна пачала чытаць. Яна пачула ціканне гадзінніка, улавіла своеасаблівы аптэчны пах, саладкаваты пах лекаў, і раптам успомніла, што ў дзяцінстве заўсёды прасіла маці пасылаць яе ў аптэку з даручэннямі, бо ёй падабаўся гэты пах, падабалася глядзець на таямнічыя бліскучыя тыгелькі. І тут жа яна з жахам падумала, што забылася развітацца з маці, і ёй стала пакутліва шкада беднай старэнькай. Як яна спалохаецца, разгублена думала Ірэна; але правізар ужо адлічваў празрыстыя кроплі ў сінюю бутэлечку. Неадрыўна глядзела яна, як смерць пераліваецца з пузатай пляшкі ў маленькую бутэлечку, адкуль яна неўзабаве заструменіцца па яе жылах, і на яе павеяла холадам. Тупа, нібы зачараваная, глядзела яна на правізаравы пальцы: вось ён затыкае коркам поўную бутэлечку, вось абклейвае небяспечнае рыльца папераю. Усе Ірэніны пачуцці скавала, паралізавала жахлівая думка.

- З вас дзве кроны, - сказаў правізар. Яна страпянулася і разгублена агледзелася па баках. Потым механічна дастала грошы. Яшчэ не зусім прыйшоўшы ў сябе, няўцямна разглядала яна манеты і доўга не магла адлічыць тое, што было патрэбна.

У гэты момант яна адчула, што яе руку рэзка адсунулі ўбок, і пачула, як бразнулі грошы аб шкляную падстаўку. Чыясьці працягнутая рука перахапіла ў яе бутэлечку.

Яна міжволі павярнулася і знерухомела: побач стаяў муж. Твар у яго быў бледны як смерць, вусны сціснуты, на лбе выступілі кропелькі поту.

Яна адчула, што вось-вось страціць прытомнасць, і ўчапілася за прылавак. Адразу ж ёй стала ясна, што менавіта яго яна бачыла ўдзень на вуліцы, што менавіта ён вартаваў яе ў пад'ездзе; нейкі інстынкт ужо тады падказваў ёй, што гэта ён, а цяпер усё разам усплыло ў яе памутнелай галаве.

- Хадзем, - сказаў ён глухім, здушаным голасам. Яна неўразумела паглядзела на яго і дзесьці ў глыбіні душы здзівілася, што слухаецца яго. Але ўсё-такі машынальна пайшла за ім.

Не гледзячы адно на аднаго, яны перайшлі вуліцу. Яны ішлі поплеч. Ён усё яшчэ трымаў у руцэ бутэлечку. Адзін раз спыніўся і абцёр вільготны лоб. Сама гэтага не ўсведамляючы і не жадаючы, яна таксама неяк запаволіла хаду. Але зірнуць на яго не асмельвалася. Ніхто не гаварыў ні слова, вулічны шум быў ім замест гаворкі.

На лесвіцы ён прапусціў яе наперад. І як толькі яна адчула, што яго няма побач, ногі яе аслабелі, яна спынілася, трымаючыся за парэнчы. Тады ён узяў яе пад руку. Яна ўздрыгнула ад яго дотыку і паспешна ўзбегла наверх.

Яна ўвайшла ў спальню, ён следам за ёю. Сцены цьмяна свяціліся ў змроку, ледзь відаць былі абрысы мэблі. Абое ўсё яшчэ не сказалі ні слова. Муж сарваў паперку з бутэлечкі, выняў корак, выліў усё, а бутэлечку рэзкім рухам шпурнуў у куток. Ірэна ўздрыгнула, пачуўшы звон разбітага шкла.

А яны ўсё маўчалі. Ірэна, не гледзячы, адчувала, што ён намагаецца авалодаць сабою. Нарэшце ён зрабіў крок да яе. Потым яшчэ і яшчэ крок, пакуль не апынуўся зусім побач. Яна чула яго цяжкае дыханне і сваім нерухомым, затуманеным позіркам бачыла, як блішчаць у цемры яго вочы. Яна чакала: вось-вось выбухне яго гнеў, вось-вось яго рука жалезнаю хваткаю ўвап'ецца ў яе дрыготкую руку. Сэрца ў яе замерла, і толькі нервы дрыжалі, як туга напятая струна. Усёю сваёю істотаю чакала яна кары і амаль жадала, каб ён хутчэй даў волю гневу. Але ён па-ранейшаму маўчаў, а калі загаварыў, яна з невыказным здзіўленнем пачула ў яго голасе не гнеў, а пяшчоту.

- Ірэна, - пачаў ён на здзіўленне мяккім голасам, - дакуль мы будзем мучыць адно аднаго?

І тут раптоўна, сутаргава, з сакрушальнаю сілаю, як працяглы, бяссэнсавы, звярыны крык, прарваліся рыданні, якія яна стрымлівала, прыглушвала апошнія тыдні. Быццам злосная рука рванула яе знутры і пачала раз'юшана трэсці - яна захісталася, як п'яная, і ўпала б, калі б муж не падхапіў яе.

- Ірэна, - спрабаваў ён супакоіць яе. - Ірэна, Ірэна, - усё цішэй, усё ласкавей шаптаў ён яе імя, быццам думаў пяшчотным гучаннем гэтага слова разгладзіць канвульсіўна зведзеныя нервы, але толькі рыданні, толькі буйныя парывы роспачы, якія калацілі ўсё цела, былі яму адказам. Ён павёў, а потым панёс і асцярожна паклаў яе на канапу. Але рыданні не сунімаліся. Рукі і ногі сутаргава тузаліся, як ад электрычнага току, дрыготкае змучанае цела, здавалася, кідала то ў гарачку, то ў холад. Напружаныя да крайнасці нервы не вытрымалі, і боль, які сабраўся за ўсе гэтыя тыдні, увесь час бушаваў у знясіленым целе.

Не помнячы сябе ад хвалявання, ён стараўся стрымаць гэтае дрыжанне, сціскаў ледзяныя жончыны рукі, спачатку асцярожна, а потым усё мацней, са страхам, горача цалаваў яе сукенку, яе шыю, але Ірэна па-ранейшаму ўздрыгвала, курчылася ў камячок, а з грудзей усё накочваліся рыданні, якія нарэшце-такі вырваліся наверх. Муж дакрануўся да яе твару, ён быў халодны і вільготны ад слёз, жылкі на скронях набухлі і ўздрыгвалі. Невыказны страх авалодаў ім. Ён упаў на калені і загаварыў каля самага яе твару.

- Не плач, Ірэна... Ужо ж усё... усё мінула. Не пакутуй гэтак... Табе ўжо няма чаго баяцца... Яна не прыйдзе болей ніколі, чуеш - ніколі...

Ірэна зноў ірванулася ў сутаргавым рыданні, хоць муж моцна трымаў яе абедзвюма рукамі. Ён бачыў роспач, якая калаціла змучаную жанчыну, і адчуў страх, быццам ён быў яе забойцам. Ён увесь час цалаваў яе, няскладнымі словамі прасіў прабачэння.

- Не... ніколі болей... яна болей не прыйдзе... Клянуся табе... Я не чакаў, што ты гэтак спалохаешся... Я хацеў толькі вярнуць цябе... напомніць пра твой абавязак... каб ты назаўжды пайшла ад яго... і вярнулася да нас... Калі я пра гэта даведаўся выпадкова, у мяне не было другога выйсця... не мог жа я проста сказаць табе... Я ўсё спадзяваўся... усё спадзяваўся, што ты вернешся, і таму падаслаў гэтую бедную жанчыну. Думаў, яна падштурхне цябе. Яна - беднае стварэнне, актрыса без ангажэменту... Яна згадзілася пасля доўгіх угавораў, я вельмі настойваў... Цяпер я бачу, гэта было нядобра... Але я хацеў цябе вярнуць... Няўжо ты не бачыла, што я гатовы, што я рады дараваць табе? Але ты мяне не зразумела... Да гэтага... да гэтага я не думаў цябе давесці... Мне самому яшчэ цяжэй было ўсё гэта бачыць... сачыць за кожным тваім крокам... Дзеля дзяцей, зразумей, толькі дзеля дзяцей я павінен быў прымусіць цябе... Але цяпер усё гэта прайшло... Усё будзе добра...

Голас гучаў зусім блізка, але словы даляталі да яе аднекуль здалёк, і яна не разумела іх. Усё заглушаў шум хваляў, якія набягалі знутры, свядомасць была азмрочана блытанінаю пачуццяў. Яна адчувала ласкавы дотык, пацалункі і свае слёзы, якія паволі астывалі, але ўнутры звінела і гула, цякла па венах кроў, а ў вушах стаяў шалёны гул, быццам званілі званы. Потым усё знікла ў тумане. Апрытомнеўшы, яна няясна адчула, што яе раздзяваюць, як праз густую заслону ўбачыла ласкавы і заклапочаны мужаў твар. І адразу ж упала ў чорнае бяздонне глыбокага дабратворнага сну, у якім ёй нічога не снілася.

 

* * *

 

Калі яна назаўтра раніцаю расплюшчыла вочы, у пакоі было ўжо відно. І ў ёй самой таксама прасвятлела, навальнічныя грымоты быццам ачысцілі і асвяжылі кроў. Яна спрабавала ўспомніць, што з ёю здарылася, але ўсё здавалася ёй яшчэ сном. Яна адчувала непраўдападобную лёгкасць і свабоду, з якою чалавек лунае ў паветры ў марах, і, каб упэўніцца, што гэтае цьмянае адчуванне - рэчаіснасць, яна дакранулася адною рукою да другой.

Раптам яна ўздрыгнула: на пальцы блішчаў пярсцёнак. І тут жа сну як і не было. Тыя бязладныя словы, якія яна чула і не чула на мяжы прытомнасці, і тыя ранейшыя няясныя здагадкі, якія яна не асмельвалася зрабіць думкамі, і падазрэнне цяпер раптам зліліся ў стройнае цэлае. Усё адразу стала ёй зразумелым - і мужавы пытанні, і здзіўленне палюбоўніка; пятля за пятлёю раскруцілася перад ёю страшная сетка, якая аблытвала яе. Гнеў і сорам авалодалі ёю, нервы зноў задрыжалі, і яна ўжо гатова была пашкадаваць, што прачнулася ад гэтага сну без летуценняў і страху.

Але тут у суседнім пакоі пачуўся смех. Дзеці ўсталі і, нібы птушаняты, якія толькі што прачнуліся, голасна сустракалі новы дзень. Ірэна ясна распазнала сынаў голас і ўпершыню са здзіўленнем адзначыла, як ён падобны на бацькаў. Усмешка непрыкметна кранула яе вусны і затрымалася на іх. Ірэна ляжала з заплюшчанымі вачамі, каб лепей нацешыцца тым, што складала яе жыццё, а з гэтага часу і шчасце. У душы яшчэ ціхенька шчымела нешта, але гэта быў жыватворны боль - так пякуць раны, перш чым зарубцавацца назаўсёды.



Пераклад: Уладзімір Чапега
Крыніца: Zweig St. Novellen in zwei Baenden. - Berlin und Weimar: Aufbau-Verlag, 1966.