epub
 
Падключыць
слоўнікі

Святлана Бязлепкіна

Шазюбль, альбо проста гульня

Ала Фёдараўна то садзіцца, то зноў устае і мерае крокамі пакой, раз-пораз кідаючы позірк на гадзіннік. Няма нічога больш сумнага, як чакаць. Яна сапраўды сумавала ўжо добрыя сорак хвілін, сумавала ў інтэр'еры стыльнага прыватнага ателье са стосікамі шыкоўных альбомаў і часопісаў мод. Якая-небудзь «свежая» заказчыца толькі радавалася б гэтым акалічнасцям і «накінулася» б на выданні з апетытам галоднага чалавека. Але гэтая літаратура - прыманка толькі для навічкоў, бо сталыя заказчыцы спадарыні Прыгожынай ідуць сюды зусім не дзеля кідкіх, але састарэлых ужо выданняў.

Гаспадыні і яе дзяўчатам можна даверыць любую тканіну, бо не зглумяць яе, як у многіх ателье, а пашыюць так умела і прыгожа, што будзеш гадамі з любоўю насіць адзенне, а захочацца пашыць нешта яшчэ, ногі самі прынясуць цябе сюды і ў наступны раз.

Праўда, тут не толькі добра шыюць, але й добра-такі адбіраюць грошы і вольны час. Ці не пара гасцёўню перайменаваць у залу-чакальню ды павесіць, як у тым аэрапорце, табло з паведамленнямі «Ваша прымерка затрымліваецца на сорак хвілін. Заказчыкаў просім набрацца цярпення...»? Замест табло загарыцца пунсовымі плямамі тварык спадарыні Настассі:

- Пасядзіце, калі ласка, яшчэ крыху! Ацаніце нашу вітрыну з найноўшымі мадэлямі, паглядзіце тканіны, можа, што выбераце для сябе...

Куды дзенешся, згаджаешся і чакаеш. Тым больш што сёння ў Алы Фёдараўны апошні візіт, і яна гатова сядзець тут да ночы, абы толькі заўтра з'явіцца на важным фуршэце ў новым уборы. Ала Фёдараўна заўсёды імкнулася крочыць у нагу з модай і быць адной з самых стыльных жанчын іхняга міністэрства. Некалі яна ўмудралася да летняга сезону пашыць з дзесятак адмысловых рэчаў, цяпер жа такі «спрыт» не па кішэні не толькі ёй, але і любой іншай каляжанцы. Таму ў апошнія гады Ала стараецца заказаць такую абноўку, якая была б не толькі, як гаворыцца, «піскам моды», але і лёгка камбінавалася з астатняй адзежай. У яе гардэробе не было выпадковых рэчаў. Шыфонавы сарафан колеру цыкорнай салаты, у якім яна фарсіла ўсё мінулае лета, на самай справе яшчэ «дзяліўся» на спадніцу, топік ды шалік, кожны з якіх яна нярэдка камбінавала то з пінжаком, то са спадніцамі ці блузонамі. Нават шалік, маленькая, але яркая рэч, у яе ўмелых руках то завязваўся бантам, то перакідваўся праз плячо, то прышчэпліваўся рознымі брошкамі і кожны раз асвяжаў дыхтоўны ўбор.

Сёлетні ж летні сезон яна збіралася заваяваць ансамблем з кофтачкі ды штаноў і шазюбля паверх іх - такога доўгага, бы халацік, і лёгкага, бы аблачынка, пінжачка з разрэзамі па баках і з цікавым аздабленнем спераду. Яе шазюбль ні ў якім разе не павінен быць копіяй просценькіх і танных «разлятаек», якіх навалам на ўсіх сталічных рэчавых базарах. Ала ўсю вясну маракавала над будучым эксклюзівам, прачыналася і клалася спаць з прыемнымі, ды пакутлівымі думкамі, як удасканаліць свой шазюбль, які крой прыдумаць для мадэлі, якую тканіну выбраць, каб выдзеліцца і ў гэтым.

Спадарыня Прыгожына, маленькага росту і з прыгожанькім, нібы лялечным, тварыкам кабета трыццаці год, зірнуўшы на яе акуратныя эскізы і ўважліва выслухаўшы кліентку, глядзела на тую пачціва - знізу ўверх - і не хавала свайго захаплення:

- З вас, Ала Фёдараўна, атрымалася б знакамітая мадэльерша! Ды і скажу шчыра, нам шыць для такой элегантнай пані - адна асалода!

Яна і сама ведае, што жанчына кідкая, бог, як кажуць, не абдзяліў ні знешнасцю, ні фігурай, ні ростам. У свае сорак «з хвосцікам» яна прымушае азірацца на вуліцах намнога маладзейшых паненак. Стане каторая, раскрые рот ад захаплення і глядзіць як заварожаная. Пра мужчын і гаварыць не трэба, так і ядуць вачыма, дзе б яна ні з'явілася. Вось і на заўтрашнім фуршэце, які ладзіць іх міністэрства для замежнай дэлегацыі, Ала Фёдараўна разлічвае быць самай прыкметнай, і гэтая думка цешыць яе самалюбства ўжо каторы дзень.

Але ж чакаць, нават дзеля свайго ненагляднага шазюбліка, такі сумны занятак! І таму яна вельмі ўзрадавалася, калі на парозе з'явілася яшчэ адна кліентка. Гаспадыня атэлье ветліва сустрэла жанчыну і правяла яе ў гасцёўню:

- Праходзьце, Вера Максімаўна, і пачакайце крыху. У нас сёння адключалі электрычнасць на дзве гадзіны, таму я перазваніла ўсім кліенткам, у каго першая прымерка, але ж у вас зусім іншы выпадак.

Вера Максімаўна, невысокая паўнаватая шатэнка са стомленым і невыразным, абсалютна без касметыкі, тварам, у шэрых штанах і ў тон ім крыху святлейшай майцы, нібы шэрая птушка, забілася ў самы куток ля акна.

- Вам не паліць сонца? - спачувальна, па-апякунску запытала Ала Фёдараўна. - Перасядзьце сюды, - яна прыняла з суседняга крэсла сваю сумачку і з радасцю глядзела, як незнаёмка паслухмяна перасела. Ала Фёдараўна была жанчынай кантактнай і назіральнай, і яе заўсёды раздражняла, калі твар суразмоўцы аказваўся ў паўзмроку. І ў сваім службовым кабінеце яна расставіла крэслы далей ад акна, каб любога наведвальніка можна было добра разгледзець.

Вера Максімаўна, апынуўшыся зусім побач са сталом з часопісамі, узяла ў рукі той, што ляжаў зверху.

- Вы, напэўна, нядаўна шыеце ў Прыгожынай, я ўгадала? - спытала Ала Фёдараўна, каб неяк завязаць размову.

- Нядаўна. Параіла адна з маіх знаёмых, і рэкламу неяк бачыла ў вячэрняй газеце. Гаспадыні пашанцавала з прозвішчам! - яна не адарвалася ад часопіса, але размову падтрымала ахвотна.

- А нам з ёю, ці не праўда? - засмяялася Ала Фёдараўна, уважліва аглядваючы Вёру Максімаўну.

Жанчына няпэўна паціснула плячыма і запытальна паглядзела на суразмоўцу.

- Я шыю ў Прыгожынай з дня адкрыцця гэтага атэлье і, паверце, ні разу не пашкадавала! У нас тут утварыўся своеасаблівы клуб заўсёдніц, - Ала Фёдараўна няспешна ўстала і ганарліва прайшлася па пакоі, адбіўшыся спачатку ў адным вялізным люстэрку, пасля ў другім і трэцім, паспеўшы перахапіць зайздросна-захоплены позірк незнаёмкі, і спытала:

- Падабаецца мой касцюмчык? Яго я таксама шыла тут.

Раптам узнікла дзікае і недарэчнае жаданне запрасіць гэтую кабету стаць побач і, як некалі ў юнацтве перад стрыечнай сястрой, заганарыцца:

- Праўда, я прыгажуня?

Але Фёдараўна многія гады была «бландзінкай», а нядаўна пад уплывам той жа сястры, якая таксама ўвесь час фарбавала валасы ў светлы колер і якая пасля разводу захацела перамяніць усё ў сваім жыцці, за кампанію наведала модную цырульню. Сястра, аглушаная здрадай мужа і сваім прыніжэннем, як ні старалася майстрыха, ніколькі не папрыгажэла пасля цырульні. А вось Ала Фёдараўна, на дзіва абедзьвюм, нібыта памаладзела на «пяцігодку». Яна яшчэ не прывыкла да сваёй ярка-каштанавай грывы і ў каторы раз залюбавалася сабой, на хвілінку забыўшы пра жанчыну насупраць.

У трох суседніх пакоях стракаталі машынкі, ім падпяваў аверлок, гучалі галасы швачак. Ала Фёдараўна расправіла перад люстрам шматлікія складкі свайго шыфонавага сарафана і, перахапіўшы цікаўны позірк жанчыны, пахвалілася:

- Я сама прыдумала фасон гэтага «слаёнага пірага» і заўжды прыходжу сюды з гатовым эскізам. Але ў прынцыпе Насця і яе дзяўчаты могуць кожнаму падказаць, які фасон лепей выбраць. У іх усіх добры густ і залатыя рукі, і, зноў жа, матэрыяльны інтарэс: калі б яны не ўмелі шыць, атэлье хутка прагарэла б. Вы, можа, не ведаеце, але спачатку тут былі «Стаматалагічны цэнтр» і «Гарачы хлеб», ды не прыжыліся ці, хутчэй за ўсё, збанкрутавалі. А Прыгожына ўжо гадоў восем квітнее. Уражвае?

- Сапраўды ўражвае, - згадзілася жанчына і ці то папракнула, ці то пажартавала. - Мода ўсяму галава!

- Адзенне - гэта наша другое «я», а як жа іначай? - ажывілася Ала Фёдараўна. - Можна быць непераборлівай у чым заўгодна, у той жа ежы, адпачынку. У нас прызвычаіліся не звяртаць увагу нават на здароўе, такі ўжо менталітэт. Але кожная жанчына заўсёды імкнецца быць найпрыгажэйшай у любых абставінах.

- Ну, гэта вельмі суб'ектыўна, - не пагадзілася Вера Максімаўна. - Для мяне галоўнае ў адзежы - яе зручнасць. І потым ёсць жа розныя прычыны, часам наогул апранаеш тое, што не адцягвае тваю ўвагу і не замінае, - яна як бы давала зразумець, што якраз сёння ў яе такі дзень, калі захацелася зручнасці і непрыкметнасці. І гаварыла гэта не апраўдваючыся, а як бы насміхаючыся з Алы Фёдараўны і з яе занадта шыкоўнага выгляду.

- Хітрыкі, шытыя белымі ніткамі, дарагуша, - так і карцела запярэчыць Але. - Не зручнасць тут у цябе, а звычайная лянота ці, што яшчэ горш, неабачлівасць. Кожная жанчына, ідучы ў атэлье, імкнецца апрануць самую прыгожую рэч, якая была б як бы кропкай адліку для краўчыхі: «лепей можаце шыць, горш - ні ў якім разе!»А ты, недарэка, не ведаеш элементарных жыццёвых правіл.

Ала, напрыклад, прыходзіць сюды як у тэатр, пры поўным марафеце. І на службе ніколі ніхто яе не пабачыў без стараннага макіяжу, дагледжанай прычоскі, элегантнага ўбору і высокіх абцасаў. Нават у краму, якая поруч з домам, яна не выскачыць па-будзённаму, каб не расчароўваць сябе і суседзяў. А ўжо калі наперадзе важнае мерапрыемства, тут Ала Фёдараўна скарыстоўвае ўвесь свой матэрыяльны і нематэрыяльны патэнцыял.

- Надзейка, выключай прас! Нас ужо зачакаліся! - з суседняга пакою даляцеў голас Прыгожынай.

- Зараз вынясуць мой шаноўны шазюбль, - з марудлівасцю ленаватай і сытай драпежніцы Ала Фёдараўна ўзняла рукі і пацягнулася.

- Жа-зюбль? - перапытала Вера Максімаўна.

- Не «жа», а «ша», цярпліва, як дарослы дзіцяці, паправіла Ала. - Сёння гэта самы «піск моды», не ведаеце хіба? Няўжо не заўважалі: паўгорада ходзіць у разнастайных «разлятайках»?

- Так-так, штосьці такое бачыла, - ахвотна прызналася жанчына. І тут жа схапілася. - Прыгожа, але, па-мойму, не надта зручна.

- Чаму-у-у? - праспявала Ала Фёдараўна і, апусціўшы рукі на сваю асіную талію, запярэчыла. - Шазюбль робіць стройнай любую жанчыну, хавае ўсе нашы хібы і складкі, - яна выразна «прабеглася» позіркам па няўклюднай фігуры Веры Максімаўны.

- Я вам абавязкова параіла б... - і недагаварыла, бо ў пакой ужо ўносілі яе доўгачаканы ўбор.

Ала Фёдараўна не стала хавацца за шырмачку побач і, не саромеючыся (усе ж тут жанчыны!) скінула сарафан і спаднічку-чахол і ў адной ніжняй бялізне аказалася яшчэ больш стройнай і гнуткай, чым здавалася толькі што. Яна хуценька нацягнула штаны з густа-фіялетавага крэпдэшыну, блузон такога ж колеру шчыльна абцягваў яе фігуру, жанчына спачатку заправіла яго ўнутр штаноў, а потым, нібыта на якімсьці подыуме, няспешна выцягнула наверх рухамі ўмелай манекеншчыцы. Шазюбль, пра які яна гаварыла нядаўна з такой улюбёнасцю, быў празрыста-фіялетавага адцення і свабодна ападаў уніз, не хаваючы абрысы прыгожай фігуры.

Убор вельмі пасаваў ёй. Вочы, якія толькі што здаваліся блакітна-зялёнымі ў тон сарафану, нечакана аказаліся незвычайнага іскрыста-фіялетавага колеру. Каштанавая грыва таксама зайграла рознымі адценнямі. Нечым ярка-карнавальным павеяла ў адно імгненне, жанчына здалася занадта экстравагантнай нават для гэтай стыльнай залы з багатымі драпіроўкамі, бліскучымі манекенамі са шкловалакна і дарагімі люстрамі на столі.

Ала Фёдараўна паварочвалася то да аднаго люстэрка, то да другога, то да трэцяга, паспяваючы мяняць выраз твару і паставу, і ў кожным з адлюстраванняў Вера Максімаўна бачыла розных жанчын: то непадступную ганарліўку, то гарэзлівую какетку, то проста вельмі жыццярадасную прыгажуню, і дзіву давалася, які трэба мець талент, каб вось так проста на тваіх вачах без аніякіх высілкаў пераўвасабляцца з адной ролі ў іншую.

У цэнтры залы, засяроджаная на сабе і сваім уборы, кружылася самая шчаслівая жанчына на свеце. І якраз у разгар гэтага трыумфу штосьці зарыпела побач, зарыпела назойліва і так недарэчна, што Ала Фёдараўна раптам спынілася і ва ўсе вочы глядзела на нешта асляпляльна-белае, як першы снег. Маладзенькая дзяўчына росту яшчэ меншага за Прыгожыну штурхала кранштэйн з нанізанымі на яго вешалкамі з адзежай.

- Вера Максімаўна, тут усе вашыя дзесяць касцюмаў. З якога пачнем мераць? - спытала Прыгожына, пераключыўшы ўвагу на іншую кліентку.

Ала Фёдараўна ў іншай сітуацыі закапрызнічала б ці распачала маленькі разнос, ды зараз не магла адарваць вачэй ад чужога адзення. Касцюмы віселі шчыльна, не дазваляючы добра разгледзець крой, але жанчына не столькі ўбачыла, колькі адчула, што шыліся яны ў якіхсьці Парыжы ці Рыме, а ў «салоне мадам Прыгожынай» толькі падганяліся па фігуры. Нават калі б нехта ўмудрыўся раздабыць дзесьці гэткія рэдкія тканіны (лён не лён, воўна не воўна, шоўк не шоўк, кожная, відаць, натуральная і звышдарагая), і асмеліўся б узняць над імі нажніцы, рэчы ўсё-роўна не атрымаліся б такімі дасканалымі, як вось гэтыя. У іх адчувалася школа экстракласу, з той класічнай прастатою ўмелага крою, якую некалі можна было ўгледзець на рэдкіх абранніках савецкіх знешнегандлёвых арганізацый ці сёння хіба што толькі па тэлебачанні ў якім-небудзь рэпартажы пра сусветных багацеяў.

Вера Максімаўна паспела пераабуцца ў светлыя летнія туфелькі на высачэзных абцасах, пакуль дзяўчына-дзюймовачка разам з Прыгожынай асцярожненька здымалі першы з краю, той самы бялюткі-бялюткі, які так уразіў Алу Фёдараўну, касцюм. Уразіў спачатку колерам, а калі апынуўся на жанчыне, здзівіў і ўсім астатнім. Якім стратэгічным сакрэтам крою валодаў той дызайнер, што з затурканай жыццём шэрай маладзіцы зрабіў элегантную бізнес-ледзі? Зрабіў мінімальнымі сродкамі - класічны пінжак, прамая спадніца, ні рэльефных швоў, ні дыхтоўнага варатніка, ні эфектных кішэняў ці гузікаў. Усё проста і сціпла на першы погляд. І на другі таксама. І толькі калі прыгледзецца вельмі ўважліва, прыкмячаеш, што ў цэнтры бялюткай тканіны рассыпаны ярка-серабрыстыя «іголкі», якія адцягвалі ўвагу ад белага фону і зрокава як бы звужалі аб'ём адзення і самой фігуры ўладальніцы гэтага шэдэўра.

У такім уборы можна смела выпраўляцца на прыём да ангельскай каралевы, знаходзіцца сярод заўсёднікаў тыдняў высокай моды, гуляць па людным праспекце сёння, праз пяць год і, мабыць, праз паўстагоддзя: ён ніколі не перастане быць модным і кідкім, бо ніколі не старэюць вельмі дарагія рэчы.

Вера Максімаўна зноў схавалася за шырмачку, калі спадарыня Прыгожына войкнула, успомніўшы пра першую кліентку:

- Ну што, будзем запакоўваць вашу абноўку ці, можа, ёсць якія заўвагі?

Ала Фёдараўна, як здранцвелая, глядзела на Настассю і не разумела яе слоў. Дзяўчына-дзюймовачка вынесла фірмовы пакет, і жанчына, здрыгануўшыся, раптам успомніла, што да гэтага часу стаіць у сваім новым уборы. Яна здымала шазюбль, блузон і штаны з пачуццём нечаканага расчаравання. А вочы, бы магнітам, прыцягваў кранштэйн з чужым адзеннем.

Ала Фёдараўна доўга і горача дзякавала Прыгожынай, гаварыла, што хацела б неўзабаве заказаць вячэрнюю сукенку, вось толькі адшукае ў краме патрэбную тканіну, зычыла гаспадыні і яе атэлье працвітання, казала яшчэ нешта, толькі каб зацягнуць развітанне: з-за шырмачкі вось-вось павінна была выйсці Вера Максімаўна ў чарговым уборы. Увага імгненна пераключыцца на яе, і можна будзе яшчэ хоць адным вокам зірнуць на новы касцюм.

Сіні колер больш пасаваў Веры Максімаўне. Ці то яшчэ больш удалы быў блейзер, які ўпрыгожвала тасьма, сплеценая з цёмна-сініх рэльефных нітак, якою абшыты былі гарлавіна, барты, ніз рукавоў і кішэні. Гарнітур быў з трыкатажу і для больш цёплай пары году, да яго б яшчэ дадаць які-небудзь у тон блузон і абавязкова каралі нібы з буйнога бурштыну, але, вядома ж, не жоўта-сонечнага колеру, а адцення вячэрняй хвалі ці цёмных пікаў далёкага лесу. Ала Фёдараўна ўявіла сябе ў гэтым касцюме і са злараднасцю падумала, што ёй бы ён пасаваў болей і што яна б падабрала да яго аксесуары старанна і бездакорна. У яе наогул да такіх рэчаў добрая інтуіцыя і добры густ. Але, на жаль, у яе ніколі не было такога дыхтоўнага касцюма, і, чорт пабяры, яна перажыве яшчэ паўгадзіны прыніжэння, але застанецца паназіраць за гэтым чужым шчасцем.

Ала Фёдараўна пайшла ўжо была да дзвярэй і тут жа спынілася, прысела на краёчак стула і моўчкі, стаіўшы дыханне, сачыла за відовішчам. Вера Максімаўна прымярала ўжо шосты ці сёмы ўбор, прымярала, калі не раўнадушна, дык вельмі спакойна, так паводзяць сябе альбо людзі, збалаваныя раскошай, альбо тыя, хто не здагадваецца пра сапраўдны кошт гэтага адзення. Вера Максімаўна, здавалася, была не падобная ні да першай катэгорыі, ні да другой. Яна бегла аглядала сябе ў люстэрка, заклапочана абцягвала рукавы, полы спадніц, запытальна глядзела на Прыгожыну і паслухмяна ішла апранаць чарговы ўбор.

Кожны раз гэта была незвычайная, нечаканая рэч. Пляжны касцюм са светла-блакітных шортаў, паласата-матроскай кашулі і цёмна-блакітнага бюсцье змяняўся ярка-чырвоным сарафанам і расшытай золатам накідкай да яго, а на чарзе была сукенка без рукавоў, але з капюшонам, якая здавалася занадта смелай для саракагадовай жанчыны з далёка не ідэальнай фігурай, але калі аказалася на Веры Максімаўне, то не выглядала ўжо недарэчна, а наадварот, вельмі пасавала той і дарыла адчуванне ўтульнасці. І строгаму дзелавому касцюму чорнага колеру, і святочна-ружоваму недзелавому касцюму, і ўсім папярэднім уборам не хапала толькі аднаго - іншай гаспадыні, уладальніцы больш жывой і раскаванай, якая ганарыста круцілася б тут ва ўсе бакі, дэманструючы раскошу свайго кашалька і сваіх магчымасцяў. Але Фёдараўне нават стала лягчэй ад усведамлення, што гаспадыня гэтых рэчаў не зможа ўладарыць імі як варта таго. Жыццёвы парадокс, іронія лёсу, таемная гульня: цырульнікі заўсёды «лысыя», мадэльеры маларослыя і страхалюдныя, багачы - самай звычайнай малапрыкметнай знешнасці. А тыя, каго лёс надзяляе і знешнасцю, і густам, і тэмпераментам, не маюць поўнай магчымасці рэалізаваць свой прыродны патэнцыял.

Яна ўздыхнула і хацела ўжо ціхенька, незаўважна пакінуць салон спадарыні Прыгожынай. Але Вера Максімаўна, якая толькі што, здавалася, была абыякавая не толькі да сваіх убораў, але і зусім не прыкмячала нікога навокал і якая спінаю стаяла да Алы Фёдараўны, раптам рэзка павярнулася і ўсміхнулася загадкава і пераможна. Губы іранічна перакрывіліся, жанчына адкрыла рот, нібы хацела нешта сказаць, ды тут жа перадумала, і яна толькі кіўнула Але Фёдараўне, як быццам бы тая развітвалася менавіта з ёю, а не з Настассяй Прыгожынай.

«Лік два-адзін, лік два-адзін», - чулася ці то ў гэтым кіўку галавы, ці ў рыпенні дзвярэй, ці то ў стуку абцасаў самой Алы Фёдараўны, якая спачатку імкліва выскачыла з пад'езда, а потым пайшла павольна хадою цяжка натомленага чалавека. А памяць паслужліва вярнула ёй нядаўні выпадак, дзе яна асарамацілася падобна сённяшняму здарэнню. Зіначка, сакратарка Івана Антонавіча, непасрэднага начальніка Алы Фёдараўны, у той дзень сумна ківала галавой:

- Лік два-адзін не на нашу карысць, Ала Фёдараўна! Хто б мог падумаць, што яна пашкадуе нам маленькі прэзенцік, чортавая багацейка! З падатковай інспекцыі мне далажылі, што гэтая лялька любога мужчыну пераплюне па велічыні гадавога падатку. А яна такой скупярдзяйкай аказалася!

Ала Фёдараўна не пярэчыла Зіне, хаця была ўпэўненая, што «скупярдзяйка» на самой справе адваліла камусьці прыступкай вышэй за Івана Антонавіча значна большы прэзент, чым той, на які яны разлічвалі для сябе, і адваліла толькі па адной прычыне: не захацела «прагінацца» перад Алай Фёдараўнай.

- Дрэнны ты псіхолаг, дарагуша! - горка ўсміхнулася сама сабе жанчына. - Губляеш кваліфікацыю! Убачыла сціпла апранутую кабету, узрадавалася яе няўпраўцы сабраць у тэрмін даведкі і пачала выяўляць з сябе вялікага начальніка. Калі дзелавая жанчына паблажліва ўспрыме прыніжэнне ад мужчыны, то сцярпець гэта ад такой, як сама, захоча не кожная. Гэтая не захацела - у багатых і свая гордасць, і свой кодэкс гонару.

Завізіраваць свае паперы пасля высокага званка зверху яна прыйшла праз гадзіну, і прыйшла такой гусоўна апранутай і так умела падфарбаванай, што Ала Фёдараўна яе не пазнала. А тая як бы прадбачыла гэта і прыжмурвала вочы:

- Ну што, маўляў, дурнога абдурыць прасцей, а разумнага цікавей, ці не так?

Яна няспешна разгортвала свае паперы, урачыста даставала патрэбны ліст, а вытанчаныя бранзалеты на яе руцэ звінелі тоненька і насмешліва. Ала Фёдараўна адчувала сябе нібыта апляванай і моўчкі паспешліва ставіла свой роспіс.

Такое ж адчуванне сораму і прыніжэння было і зараз, калі яна ішла пехатою дахаты і ўспамінала імгненне за імгненнем гэтай неспадзяванай і жорсткай гульні. Чаму яна так бяздарна памылілася, перабольшыла свае псіхалагічныя здольнасці, ды і жаночыя вартасці? Старэць пачынае? Не паспявае за часам, поўным дзіўных супярэчнасцяў? Ці гэта «новыя беларусы» настолькі таямнічая з'ява, што разгадаць яе і разгледзець непадуладна нават ёй, той, якая, лічы, зрабіла кар'еру на гэтым веданні людскіх слабасцяў і людской псіхалогіі, якая звычайна толькі зірне ў вочы чалавеку насупраць і можа з дакладнасцю вопытнага псіхолага выдаць поўную характарыстыку свайму візаві? Ці, можа, гэта якаясь неспазнаная пакуль «хвароба» «новых беларусаў» гуляць у хованкі з кожным сустрэчным, каб спатоліць у сабе далёка прыхаваны комплекс непаўнавартасці?

Не, непаўнавартасная хутчэй яна сама! як ні балюча, але Ала Фёдараўна прызнае ў сабе гэты сверб ганарыстасці, які не дае ёй спакою ні на службе, ні паза ёю. Як яна выпендрывалася і фарсіла, выяўляючы снабізм свой занюханы, хвалілася і ганарылася, сляпіцаю лезла з парадамі і павучэннямі. Самы час перафразіраваць вядомую прымаўку «сустракаюць па адным адзенні, а праводзяць па іншым». А гэтая шэрая качка! Як яна ела Алу вачыма, грала так праўдападобна захапленне ды зайздрасць, а сама, нягодніца, ведала, што вось-вось вывязуць кранштэйн з яе адзежай коштам у той «мерсэдэс», на якім яна прыехала і ў які ледзь не ўрэзалася Ала Фёдараўна, выскачыўшы з пад'езда. Жаданне павесяліцца ад душы было добра знаёма і самой Але Фёдараўне, але як непрыемна, калі аб'ектам такой гульні апынаешся ты сама!

Муж быў дома і нават паспеў стушыць «галубцы», якія яна купіла ўчора ў міністэрскім буфеце. Праз паўгадзіны павінен быў транслявацца матч ягонай любімай каманды «Славіі» з роднага Мазыра, Сяргей быў патрыётам сваёй малой радзімы, да таго ж не надта вядомая каманда сёлета змагла абыграць усіх мацнейшых дагэтуль супернікаў, а сёння мусіў быць вызначальны матч са сталічнай «Дынама».

Муж быў увесь у прадчуванні гульні і таму без асаблівай цікавасці спытаў:

- Ну што, забрала абноўку?

А калі яна з'явілася ў сваім новым уборы, вінавата развёў рукамі:

- Ты ж ведаеш, я ў гэтым зусім не разбіраюся. Але, па-мойму, табе да твару.

Святая прастата! Апыніся ён сёння ў салоне Прыгожынай, так бы нічога і не зразумеў, і не заўважыў, як вытанчана пасмяяліся там з яе пыхлівасці і пагоні за модай. Няхай цешыцца сваім матчам шчыры балельшчык! Яна не збіралася адрываць яго ад экрана тэлевізара, яна ж не самазабойца! Жонка Цэзара па-за ўсялякімі падазрэннямі, а ў сваёй сям'і Ала Фёдараўна і жонка Цэзара, і сам Цэзар у адной асобе. І гэтае сваё лідэрства яна не запляміць ніякімі шчырымі прызнаннямі няўдач і паражэнняў. Яна не прывыкла плакацца ні ў чыю камізэльку нават з-за такіх вось дробязяў.

Цікава, калі б на месцы Сяргея апынуўся іншы Сяргей - Сяргей Ігнатавіч Арлоў, мужчына рэспектабельны і з пранізлівым разумным позіркам, які многа гадоў таму сказаў, што двум арлам гнязда не звіць і выбраў ціхую галубку са сталічнай кватэрай і бацькамі-начальнікамі, ці змагла б яна, няхай без смутку, а толькі са смехам ды кпінамі з сябе, расказаць пра сённяшняе здарэнне? А хутчэй ён здагадаўся б і сам, што пагаслы твар і шыкоўны шазюбль - рэчы несумяшчальныя для Алачкі. Толькі ён адзін умее сваімі вузкімі разумнымі вачыма злавіць яе, узважыць, ацаніць і выпусціць:

- Усё прыгажэеце, Ала Фёдараўна!

І ніводная душа ў міністэрстве не здагадвалася, як многа агульнага ў гэтых розных людзей - строгай і непадступнай ганарліўкі і вясёлага піжоністага донжуана. Сэрца Алы Фёдараўны ніколі не абрывалася пры сустрэчы з былым кавалерам, пачуцці адбалелі раз і назаўжды, але многа гадоў ёй хацелася пабачыць не яго каханак, а ягоную жонку. Пры знаёмстве не здзівілася, калі ўбачыла зусім не жар-птушку, а худую бясколерную воблу, якую ссушылі сямейныя тайфуны са штодзённай рэўнасцю і непакоем. Сяргей Ігнатавіч жыў з пастаяннай тэмпературай за сорак градусаў, а жончын тэмперамент, па ўсім відаць, выдаваў заняпад сіл і фізічных і душэўных. У суме ж гэтыя тэмпературы паказвалі на хваробу нястрашную, ды хранічную.

Ала Фёдараўна сама любіла гарэць, але ж не на памежжы з хваробаю, і за шырокай і ціхай спінаю свайго Сяргея Міхайлавіча ёй было калі й не млосна, затое спакойна. Матчыну навуку сямейнага кіравання паціху пераймала дачка, якая цярпліва ляпіла са свайго няўрымслівага мужа спакойную і надзейную копію таты. Дачка, вось хто зразумеў бы і паспачуваў ёй у гэтую хвіліну, але маладыя жылі ў новым мікрараёне, куды тэлефанізацыя яшчэ не дабралася. Іншай спавядальніцы ў Алы Фёдараўны не было: аднойчы даверылася яна сяброўцы і дорага заплаціла за гэта.

Не маме - суседцы-аднакласніцы Алачка плакалася пра сваё няшчасце: Сяргей, з якім сябравалі-кахаліся пяць год студэнцтва, за месяц да размеркавання пачаў пазбягаць яе і ў інтэрнаце, і на факультэце. Яна гублялася ў здагадках, пакуль языкастая Алена Хвастова не спыталася пры народзе:

- Чаму гэта, Арлова, толькі на цябе адну міністэрства прыслала заяўку? Скажаш, усе гэтыя плёткі пра Алега Трафімавіча няпраўда?

Алег Трафімавіч быў куратарам іхняй «пяцёркі» практыкантаў і даволі ўплывовым чалавекам у міністэрстве. Усе заўважалі, як апекаваўся ён і Алачкай, і яе Сяргеем, і ўсе былі ўпэўненыя, што Арловы нейкім чынам паддобрыліся да свайго кіраўніка. І толькі сама Ала магла б расказаць, што ключык быў падабраны не да Алега Трафімавіча, але да ягонай жонкі. Ала брала ў знаёмых фарцоўшчыкаў замежныя рэчы і спяшалася да Нэлі Пятроўны, якая была вялікай модніцай.

Сяргей быў у курсе гэтых жаночых стасункаў і тым не менш, напіўшыся да паўпрытомнасці, учыніў аднойчы дзяўчыне скандал. Назаўтра ж быў цвярозым, ды непахісным:

- Я думаў некалі на першым курсе, што двое Арловых - не выпадковасць, а лёс. Ды двум арлам аднаго гнязда не звіць.

Вядома ж, ён жартаваў, але вочы былі незнаёма чужымі, і голас быў чужым і халодным. І ці варта тлумачыць яму, што ў яе ніколі не было схільнасці да немаладых мужчын з іх плешшу і ванючым пахам з роту? Яна можа ўсміхацца, гаварыць няшчыра-лісліва, дагаджаць у розных дзелавых паслугах, але аддаць сваё прыгожае пругкае цела потнаму і задышліваму Алегу Трафімавічу? Каб лепей уладкавацца ў жыцці, можна абысціся меншымі ахвярамі.

- А ці змог бы ты, Сяржук, легчы ў ложак з жонкай Алега Трафімавіча? Якая яна ні прыгожая, але ёй недзе пад пяцьдзесят. Дык што, змог бы, Сяргей?

Магчыма, каханне заўсёды бывае кароткім, дні разматваюць яго нібыта клубок з ніткамі, і вось неспадзявана ўсяму канец - радасці, асалодзе, надзеі, шчасцю.

Сяргей не прыйшоў на выпускны баль: у гэты вечар ён спехам жаніўся з той сталічнай дзяўчынай, не запрасіўшы на вяселле ніводнага са сваіх шматлікіх сяброў. Алачка ж кінулася на вакзал і ўсю дарогу праплакала, думаючы пра тое, што жыццё скончана, што нянавісць мацней любові і што прыйдзе час, калі Сяргей Арлоў упадзе да яе ног, але не будзе яму даравання.

Пра ўсё гэта яна спавядалася Надзі, у якой пакуль не было хлопца і якая рамантычна чакала прыгожага і шчаслівага пачуцця. Кожны вечар Надзея спяшалася да клуба, у іх вялікае мястэчка летам з'язджалася шмат моладзі, і танцы ў парку доўжыліся да паўночы. А сяброўка-гаротніца садзілася на лаўку ля хаты, брала ў рукі кнігу і прыслухоўвалася ці то да чужых гарэзлівых воклічаў, ці то да сваіх невясёлых думак.

- Гэй, прыгажуня! Грэх у такі вечар сляпіцца над кнігай! - над ёй схіліўся лейтэнант, у якім Ала не адразу пазнала аднакласніка свайго старэйшага брата.

- Мікола? Няўжо гэта ты? - яна са здзіўленнем глядзела на асілка, якога брат некалі дражніў курдуплікам за ягоны малы рост і які цяпер, па ўсім бачна, перарос таго на галаву.

- І ты змянілася і стала яшчэ прыгажэйшай! - хлопец з захапленнем прабегся па яе фігуры.

Мікола ішоў на танцы, ды праседзеў з Алай на лавачцы да самага світанку. Тых світанкаў у іх будзе роўна дзевяць. У яго не было часу на доўгія заляцанні: лейтэнант нацэліўся ў замежны гарнізон, куды нежанатых не пасылалі. А ў яе не было жадання выяўляць з сябе непадступную паненку: яна разважыла, што лепшай помсты Сяргею Арлову не прыдумаць. Да таго ж не ў якуюсьці Кушку запрашае Мікола, а возьме ў Германію, адкуль разашле яна аднакурсніцам мноства фотаздымкаў-сведчанняў яе ўладкаванага шчасця. Што чакае яе ў Менску? Пасада крыху вышэй за кур'ерскую, няхай і ў міністэрстве, і горкія напаміны пра былое на кожным кроку.

Яны гулялі па ціхіх завулках, асвойвалі новыя лаўкі, размаўлялі і цалаваліся. Хлопец страсна абдымаў яе і абяцаў, што больш надзейнага і клапатлівага мужа ёй не знайсці. Яна адчувала сябе маленькай безабароннай дзяўчынкай у гэтых пяшчотных ды моцных мужчынскіх абдымках. Нічога падобнага ў яе дагэтуль не было: Сяргей Арлоў быў страсным і ўважлівым, але пасля блізкасці з ім Ала адчувала сябе яшчэ больш натурыстай і незалежнай.

- Гэта не ён абраў мяне, гэта я заваявала яго! - смяялася яна некалі ў адказ на зайздросныя кпіны аднакурсніц. Годная, фанабэрыстая, яна лічыла тады, што ўвесь свет адухоўлены яе прыгажосцю і што Сяргей Арлоў павінен адчуваць сябе найвялікшым шчасліўчыкам у свеце. Як пасмяялася з дзяўчыны жыццё! І як змянілася яна сама, цвяроза разважыўшы, што ніхто нічога не вінен ёй, што ў каханні не можа быць пераможцаў і пераможаных і што слабой-безабароннай быць нашмат прыемней.

Хтосьці збіраецца ўсё жыццё насіць яе на руках, і будзе рабіць гэта нязмушана, з лёгкасцю гэтаксамай, як у той памятны вечар, які зусім не паказваў на тое, што ён - апошні. Яны ляжалі ў лазні Міколавай бабулі Анюты, п'янкія ад блізкасці і горкага паху лекавых траў, развешаных па кутках. Яна магла пражыць жыццё і не ўведаць, што магчымы такія ночы. Ні дагэтуль з Сяргеем Арловым, ні пазней з мужам у Алы не было нічога падобнага: Мікола ляпіў з яе цела, нібыта з пластыліну, лёгкую птушку шчасця, якая то ўзмывала пад аблокі, то ў знямозе кідалася ўніз, то зноўку ўзлятала і кружылася ў якімсьці прыемным адчаі. Ніякая спрактыкаванасць у жарсці, ніякі мінулы досвед не мелі значэння, усё было незвычайна, нязвыкла-прыемна, усё было ў першы раз і ў апошні раз.

Толькі пад раніцу яна вярнулася дахаты, залезла ў адчыненае загадзя акно і даўга яшчэ не спала, прыслухоўваючыся да свайго цела, перапоўненага сілай і асалодай.

- Дык, можа, гэта і ёсць сапраўднае шчасце? - пыталася яна ў сябе і была гатова ехаць за Міколам хоць на край свету, не думаючы больш пра помсту былому каханку.

Зайздрасць рэдка бывае добрай. Надзя цярпліва выслухоўвала споведзі сяброўкі і шчыра той спачувала. Ды нешта Ала перастала дзяліцца запаветным і ўжо не бяжыць да яе са сваімі перажываннямі і сумненнямі.

- Як гэта можна, цётка Маша, яшчэ ўчора плакацца, што жыць не здолее без свайго палюбоўніка, а сёння пра ўсё забыць і задурыць галаву вашаму Міколу? - для Надзі, якая збіралася пакахаць на ўсё жыццё, Ала здавалася страшэннай блюзнеркай.

Цётка Маша без дыпламатыі перастрэла гулёну на вуліцы:

- Ці праўду людзі брэшуць, што цябе, дзеўка, хлопец кінуў? Дык ты, можа, зацяжарыла ад яго і хочаш цяпер свой грэх прыкрыць? Не губі майго Колю, донечка, бо й табе з такога падману не выйдзе шчасця!

Суседка, нібы драпежная птушка, упілася вачыма ў Алін жывот і вось-вось, здаецца, учэпіцца ў валасы. Штосьці ўнутры дзяўчыны сціснулася і замерла: ці то сэрца яе, учора такое шчаслівае, ці то дабрыня яе, якая адрадзілася была з недавер'я, ці то ганарлівасць спружынілі, каб быць гатовай да адпору.

- Трэба мне ваш Коля як леташні снег! - Ала рассмяялася так неспадзявана, што цётка Маша аж раскрыла рот ад здзіўлення.

- Я ў міністэрстве буду працаваць. Вам што, Надзька не сказала праўду? Гэта тое ж самае, як бы ваш Коля не ў зачуханы гарнізон быў адпраўлены, а ў самім Генштабе па вялікім блаце апынуўся. Не бойцеся, цётка Маша, я міністэрства на глухамань не прамяняю! - яна развярнулася і ганарліва скіравалася ў бацькоўскі двор.

Нічога не паўтараецца двойчы! Бяжы хутчэй ад учарашняй ночы, Ала! Уцякай ад няспраўджаных мараў і надзей! З падмочанай рэпутацыяй шчасця ў вёсцы не схопіш!

«Мама і тата! Мне пазванілі, каб тэрмінова вярталася ў міністэрства. Хтосьці там захварэў, і я заўтра пачынаю працаваць», - яна пакінула запіску на кухонным стале і спешна пачала збірацца ў сталіцу. З цяжкой сумкай ішла па-за агародамі да прыпынку ўзбоч сядзібы цёткі Машы, лазні бабулі Анюты, узбоч лагоднага і жорсткага свету ў тое жыццё, якое будзе ў яе пад кантролем. Кантролем не пачуццяў і мрояў, а роздуму і развагі.

Ала Арлова бегала з паверха на паверх, насіла паперкі, перадавала вусныя распараджэнні, дапамагала рыхтаваць розныя даведкі і справаздачы, і ўжо праз паўгода стала незаменным чалавекам для трох упраўленняў, і кожны з начальнікаў пераманьваў яе да сябе. Ала вагалася нядоўга: Рэгіна Пятроўна хаця і мегера, але баба адзінокая, такой дагадзіць лягчэй. Заварыш для яе кавы, выслухаеш плёткі, паспачуваеш, калі той нехта сапсаваў настрой, здабудзеш для яе нейкі дэфіцыт. З мужчынамі-начальнікамі Ала была асцярожнай: Алег Трафімавіч неяк недвухсэнсоўна прапанаваў з'ездзіць на дачу, пакуль жонка адпачывае ў санаторыі, яшчэ адзін стары «казёл» надакучаў з цукеркамі і сувенірамі, з такімі заляцаннямі век замуж не выйдзеш.

А замуж хацелася, хаця «баба Рэгіна» смяялася з сямейных кабет і перазнаёміла Алу са сваімі сяброўкамі - дагледжанымі жанчынамі, для якіх кар'ера была важней за сям'ю і якія дасягнулі многага. Іхняя незалежнасць і ўплывовасць падабаліся Але, яна разумела, што кабеты ніколькі не хлусяць, калі расказваюць, што можна быць шчаслівымі без мужоў і дзяцей. Толькі ж ёй здаваўся больш зайздросным лёс Людмілы Вікенцеўны, якая і ў саўну па пятніцах заўсёды паспявала, і ніводную жаночую «тусоўку» не абмінала і якую дома чакалі муж і сын.

Замуж хацелася яшчэ з той пары, як Сяргей Арлоў заўчашчаў са свайго будтрэста да Алега Трафімавіча і, вітаючыся з Алай, зусім не чырванеў, наадварот, падкрэслена-галантна прыпадаў да рукі і ветліва пытаўся:

- Як жыццё, як справы? Усё прыгажэем?

Замуж хацелася і тады, калі прыязджала да бацькоў і ў суседнім двары бачыла арэлі, на якіх растаўсцелая Надзька гушкала вельмі падобнага да таты хлопчыка, пакуль у якімсьці зусім не замежным гарнізоне пабудуюць для афіцэрскіх сем'яў жыллё. Але ён быў патрэбны цяпер не Сяргей Арлоў, і нават не Мікола, ён трэба быў той, хто не перашкодзіць рабіць кар'еру і хто не пасадзіць яе, бы тую залатую птушку, у залатую клетку сямейных турбот.

Са сваім будучым мужам Ала пазнаёмілася ва ўнівермагу. Светлавалосы цяльпук чырванеў і заікаўся, а маладая прадаўшчыца нахабна ўгаворвала таго купіць паласаты касцюм. Хлопец выглядаў у абноўцы, нібыта клоўн, і Ала не стрымалася:

- Няўжо вам прыемна дурыць людзей? Яму больш да твару вунь той сіні ці вось гэты шэры, - яна зняла з кранштэйна касцюм і, нібыта хлопец быў яе добрым знаёмым, пачала прыдзірліва разглядаць рэч. Хлопец яшчэ больш зніякавеў, і Ала рашуча загадала сарамліўцу:

- Ідзіце прымерце абодва касцюмы. Потым у тым, які вам больш спадабаецца, пакажыцеся нам!

І пакуль за шырмай ішла цяжкая работа, Ала безцырымонна агледзела сваю равесніцу з галавы да ног, з задавальненнем адзначыўшы, што такой шэрай мышы сапраўды мог спадабацца клоўнскі ўбор. Хлопец выйшаў у сінім касцюме і цяпер гэта быў зусім іншы чалавек - высокі, стройны, нават элегантны, хаця па ўсім было відаць, што яму больш звычна насіць джэмперы і наогул менш афіцыйнае адзенне. І такая радасць была на ягоным твары, што Ала не стрымалася і пахваліла:

- Вы такі прыгожы ў гэтым касцюме!

Хлопец даверліва ўсміхнуўся і асмялеў:

- Можа, вы мне дапаможаце яшчэ купіць кашулю? У мяне родзіч жэніцца ў суботу.

Ён глядзеў на яе з такой удзячнасцю, што Ала не магла адмовіцца і прымусіла трох работніц у суседнім аддзеле перабраць ледзь не ўвесь тавар, перш чым выбрала пяшчотна-блакітную кашулю з моднымі кішэнямі-клапанамі. І пакуль шчасліўчык разлічваўся на касе, Ала старанна рабіла выгляд, што зацікавілася гальштукамі, а сама неўпрыкмет віжавала за хлопцам.

- Сяргей Каралевіч, вас чакае сябар Андрэй ля цэнтральнага ўваходу ва ўнівермаг! Сяргей Каралевіч!.. - з дынаміка настойліва клікалі нейкага чалавека.

- Ой, гэта мяне! - спахапіўся хлопец і азірнуўся на Алу. - А можна вас запрасіць пагуляць разам з намі ў парку?

А што, з такім хлопцам не сорам пазнаёміцца. І потым, якое прыгожае, сапраўды каралеўскае ў яго прозвішча!

А вось аблічча было каралеўскім у сябра Андрэя, які не толькі аказаўся прыгажунчыкам, але і меў добра «падвешаны» язык.

- Абуў Сяргей чаравікі і пакульгаў да касы. Я крычу, што яны, мабыць, ціснуць ногі, а Сяргей спалохана шэпча, што ён жа іх ужо прымерыў і таму павінен купіць, - рагатаў Андрэй. - Не, хадзіць з ім па крамах - страшная справа! Затое ў нашым канструктарскім бюро большага генія вам не знайсці. А геніі - яны ж спешчаныя і няўважлівыя, - працягваў смяяцца сябар. - Заходзіць раз генеральны ў нашае бюро. Усе ўскочылі і пачалі паклоны адбіваць, толькі Сяргей мудрыць нешта над чарцяжом і не заўважае высокага госця. «А гэта што за хам? Як ваша прозвішча? К-кара-ле-віч?» - пачаў заікацца наш генеральны і ўжо гэтак пашанліва пытае: «Дык гэта вы і ёсць той Каралевіч, які прэміруецца трыма акладамі і паедкай у Маскву на канферэнцыю?»

- Такі ён, наш пестунок лёсу, і яго трэба берагчы ды насіць на руках! - іранічна пакепліваў Андрэй з сябра.

Ён так весяліў Алу і так старанна да яе заляцаўся, быў такім самаўпэўненым і раскаваным, што Сяргей зноў стаў тым сарамлівым, разгубленым юнаком, якім убачыла яго Ала ў гандлёвай зале.

Яна шчыра захаплялася гэтай сітуацыяй, добра ведаючы, што праз паўгадзіны, не болей, возьме Сяргея за руку і не адпусціць гэтую руку ні ў парку, ні на трамвайным прыпынку:

- Калі ласка, правядзі мяне дахаты!

Вось такі рахманы хлопец ёй і патрэбны. Апрані яго ў лепшы касцюм, падхвалі і падтрымай, і ён горы зверне! З яго можна вяроўкі віць, яго можна, нібы той неапрацаваны брыльянт, шліфаваць да ўзорнага стану. З балбатунамі і нахабнікамі весялей у кампаніі, а ў сямейным жыцці больш надзейныя маўчуны і дабрадзеі. Такі не здрадзіць і не схлусіць, такі застанецца адданым да скону. І Ала верыла, што будзе моцнай, як пры Сяргеі Арлове, і будзе слабой, як пры Міколу, але перш за ўсё будзе хітрай і абачлівай, і прыкінецца дурніцай, сыграе ціхую ды пакорлівую, калі трэба. І будзе цярплівай, каб аднойчы Сяргей Каралевіч абвясціў яе каралевай свайго жыцця.

... Ала Фёдараўна паклала новы ўбор на гладзільную дошку, хаця пачала ўжо вагацца, ці варта заўтра апранаць шазюбль. І гэтая няўпэўненасць неяк раздражняла яе, непакоіла. Яна расчыніла дзверы шафаў, дзе ў вызначаным парадку вісела яе адзенне: спачатку рэчы белага і светлага колераў, потым усё цямнейшых і цямнейшых адценняў.

Белы колер быў яе даўняй слабасцю, некалі ў маладосці яна праехала ў аўтобусе праз увесь горад, любуючыся прыгожым белым пінжаком нейкай модніцы, якая сышла толькі на канечным прыпынку. У аўтобусе засталіся малады вадзіцель і Ала, якая не магла больш пераследаваць ахвяру сваёй зайздрасці, а таму цярпліва чакала, калі машына пойдзе ў зваротны маршрут. Хлопец жа, справядліва палічыўшы, што гэта праз яго дзяўчына курсіруе па горадзе, вызірнуў з кабіны і паблажліва прапанаваў:

- Ну, што, кірпатая, давай знаёміцца!

- З кім, з табой? - у яе голасе і ў поглядзе было столькі пагарды, што хлопец ад здранцвеў і ўсю зваротную дарогу не асмельваўся зірнуць у люстэрка, каб запэўніцца, ці едзе тая вар'ятка далей альбо сышла на якім прыпынку.

І ў адносінах да людзей, і ў адносінах да адзення ў Алы быў свой рэестр прыхільнасцяў, свой «табель аб рангах». Яна ніколі не дазволіла б сабе фамільярнічаць з якім-небудзь вадзіцелем грамадскага транспарту альбо сантэхнікам і яна ніколі не апранула б тое, што носіць большасць жанчын. Да сённяшняга дня ёй здавалася, што ейны гардэроб знаходзіцца на верхняй прыступцы гэтай іерархічнай лесвіцы, ды вось жа ў салоне спадарыні Прыгожынай ёй далі зразумець, што гэта зусім не так.

Ала Фёдараўна даставала свае касцюмы, сукенкі, пінжакі, сарафаны, даставала не для таго, каб апрануць, а проста трымала іх у руках, прыкладвала да твару, глядзелася ў люстэрка і тут жа расчаравана клала адзенне на ложак. Усё не тое, не тое, не тое!

Уся гэтая калекцыя, у якую гадамі ўкладваліся грошы, час, фантазія, густ, у якой не было, здавалася, ніводнай выпадковай рэчы, не вартая аднаго касцюма Веры Максімаўны, таго снежна-белага, які асляпіў яе адразу і які прынёс вялікае захапленне разам з яшчэ большай зайздрасцю. Усе гэтыя шыфоны, стрэйчы, габардзіны, шоўкі, крэпдэшыны, уся гэтая ілжэнатуральная мішура набывалася дзеля эфекту, яркасці, прэстыжу, і толькі ў апошнюю чаргу дзеля камфорту. Ці ж не дзіўна, што ў яе няма ніводнай прыстойнай рэчы з чыстага ільну альбо з чыстага шоўку ці воўны? У якойсьці газеце надоечы яна прачытала выраз: «Хто паспрабаваў сапраўднага краба, той ніколі не стане захапляцца крабавымі палачкамі». Яна толькі цяпер зразумела глыбінны сэнс гэтай фразы.

Стомленая і раздражнёная, жанчына па звычцы акуратна, але без заўсёднага замілавання развесіла адзенне і пайшла ў ванны пакой. Яна старанна змыла ўсю касметыку, прыдзірліва гледзячы на сябе ў люстэрка. Адтуль глядзела на яе звычайная немаладая кабета з патухлымі вачыма і падціснутымі вуснамі. Ала Фёдараўна дакранулася да глыбокай зморшчыны бліжэй да правага брыва і паспрабавала яе разгладзіць. Хацелася хутчэй прыняць душ і легчы ў ложак.

 

* * *

 

- Вера Максімаўна, такі гардэроб не боязна везці толькі з суправаджэннем. Можа, вам заказаць таксі? - спадарыня Прыгожына сама пакавала касцюмы, складвала іх не спяшаючыся, шкадуючы, што такія дзівосныя рэчы пакідаюць яе салон.

- Мой эскорт ля вашага пад'езду, - Вера Максімаўна зірнула ў акно. - Бачыце чырвоныя «Жыгулі»?

- О, не, - засмяялася Настасся, - такі гардэроб варты іншай машыны, хіба, можа, вунь таго «Мерсэдэса».

- Вы сапраўды лічыце мой гардэроб такім каштоўным? - яна глядзела на Прыгожыну з ледзь прыхаванай іроніяй.

- У дзяўчат рукі дрыжэлі, калі яны падкарочвалі ці ўшывалі ваша адзенне. Не дзіўна, бо ў вас тут сапраўдны скарб, - у Насці перахапіла дыханне ад шчырага захаплення.

- У нашым жыцці ёсць толькі адна каштоўнасць - наша жыццё, - па-філасофску заўважыла Вера Максімаўна. - Ледзь не забыла, тая кліентка, што нядаўна пайшла... У яе могуць быць сур'ёзныя праблемы са здароўем. Пазваніце ёй, калі ласка, і скажыце, што я раю тэрмінова праверыцца ў гематолага. Спачатку ў гематолага, не пераблытайце, а потым... Не, лепей, калі можна, дайце мне яе тэлефон.

- Дык вы доктар? І як я не здагадалася! Гэта ж вы вярнулі з таго свету нашу Зою? Вера Максімаўна, вы сапраўды можаце вось так зірнуць на чалавека і сказаць, якія ў яго хваробы? - трохі здзіўлена, трохі спалохана спытала Прыгожына.

- Не хвалюйцеся, якраз вам нічога не пагражае, - супакоіла яе Вера Максімаўна. - Вы яшчэ гадоў восемдзесят будзеце абшываць людзей, і ў вас заўсёды будзе многа кліентаў, - яна, вядома, жартавала, але ў гэтым перабольшванні адчувалася такая ўпэўненасць, што Настассі Прыгожынай цяпер было шкада развітвацца не толькі з дарагім адзеннем, але і з гэтай незвычайнай жанчынай.

Мікола выскачыў з машыны і са здзіўленнем глядзеў, як услед за Вераю чатыры жанчыны неслі аб'ёмныя пакеты з абноўкамі.

- Нешта я не заўважаў за вамі, Вера Максімаўна, такога спажывецкага спрыту. Гэта ж колькі трэба пабегаць па прымерках, каб пашыць гару адзення? Ці зараз атэлье працуюць як крамы - прыйшоў, прыцаніўся і купіў? Дык жа ў вас і заробку на столькі рэчаў не павінна было хапіць.

Мікалай Мікалаевіч вырульваў на праспект, паспяваючы раз-пораз хітравата зірнуць на Веру.

- А я цяпер замест каньяку прэзенты бяру адзежай! П'яніца-хірург - гэта жахліва, дарагі Мікола. А вось хірург-модніца зусім іншая справа, бо прыгажосць мае неблагі псіхатэрапеўтычны эфект.

- Мне лягчэй уявіць цябе алкаголікам, чым модніцай. Не крыўдуеш? - гмыкнуў Мікола.

- У цябе заўсёды былі адмысловыя кампліменты, за што я цябе і любіла, - засмяялася жанчына.

- Так любіла, што галаву згубіла? І кінулася ў ложак саплівага практыканта? Век пражыў, а і сёння не магу зразумець тых колішніх тваіх парываў. Такая разважлівая дзеўка выпускае сініцу з рук і гоніцца за жураўлём у небе.

- Не за жураўлём, Мікола, а за арлом! Я ўжо тады прадбачыла, як высока ўзляціць Пятро.

- А ты ўпадзеш так балюча? Грош цана тваім прагнозам, даражэнькая! Мела б сёння такога руплівага мужа, як я, лецішча на беразе возера, гэтыя вось «Жыгулі» і кучу дзяцей.

- Што ж тады ў цябе з Марынай адзін толькі сын? - пакпіла з яго Вера Максімаўна.

- А ў нас рытмы жыцця розныя. Я жаўрук, а жонка сава. Я ўжо сплю, а яна яшчэ толькі вячэраць збіраецца. Я прачнуся, а яна другі сон толькі бачыць. Добра што хоць сына ўмудрыліся змайстраваць. А з табою, Верачка, мы б у час начных дзяжурстваў цэлае аддзяленне нарабілі. Гэта колькі таленавітых лекараў было б усім на зайздрасць!

- Пры адной толькі ўмове: калі б яны пайшлі ў мяне! - падкалола яго Вера. І тут жа ўздыхнула:

- Мая вось Алеся ні за што не хоча ісці ў медыцынскі. Не збіраюся, заяўляе, быць такой жабрачкай, як ты!

- Пры такім бацьку яна ніколі не будзе жабрачкай, - Мікола ўздыхнуў, памаўчаў і потым спытаў:

- А чаму, дарэчы, твой паважаны гер Петэр ніколі не прышле якой «гуманітаркі» для сваёй дачкі?

- А таму, пан Мікола, што ён нават не здагадваецца пра яе існаванне, - жанчына засмяялася, але ў гэтым смеху мужчына адчуў прытоеныя смутак і боль.

Усю астатнюю дарогу яны прамаўчалі, успамінаючы, відаць, адно і тое ж: далёкі верасень вельмі далёкага года, палкае каханне ў час начных дзяжурстваў, якое прымушала іх неабачліва зачыняцца ў яе кабінеце, молячы бога, каб не паступіла ніякіх тэрміновых пацыентаў. Міколу было ўжо за трыццаць, і Вера ў свае дваццаць сем з «хвосцікам» лічылася добрым перастаркам.

- У сваты ехаць баюся, цяпер у тваім Зарэччы сама гарбузы паспелі, але фатаграфію завязі, няхай прывыкаюць да будучага зяця, - пажартаваў ён, калі Вера ў чарговы выхадны сабралася да бацькоў.

Фатаграфія жаніха доўга хадзіла па колу, бацька і тры сястры няпэўна паціскалі плячыма, а маці, чалавек просты і адкрыты, якую ў вёсцы за востры язык празвалі Брытвай, і на гэты раз як адрэзала:

- І ты ў мяне зусім не прынцэса, але ж і ён цяльпук аблезлы. Ды яшчэ Коля! Мала мне двух зяцёў Коляў, дык мо й гэты будзе такі ж п'яніца.

- Ну не дык не, - згадзілася дачка пад гарачыя пярэчанні сясцёр і бацькі.

Па праўдзе, пакорлівасць гэтая была знарочыстая, бо Вера неяк адразу ахаладзела да свайго жаніха, як толькі ў іх аддзяленні з'явіўся ардынатар Пеця. Доўгія гады Мікола быў як бы па-за канкурэнцыяй у іхнім жаночым аддзяленні: кафедра гінекалогіі пастаўляла лекараў-мужчын толькі для паліклінічнага прыёму, у самім жа стацыянары моцны пол надоўга не затрымліваўся. Толькі аднаму Міколу цудам удалося прыйсціся да двара Яе Вялікасці Зінаіды Платонаўны, зацятай феміністкі, якая мужыкоў не паважала, не любіла і, больш таго, ненавідзела, абвінавачваючы іх ва ўсіх смяротных грахах, у тым ліку і ў жаночых хваробах.

Зінаіда Платонаўна пакуль не выказвала сваіх пачуццяў да практыканта, але ўвесь астатні медперсанал, нават старэнькія санітарачкі, не кажучы ўжо пра пацыентак, былі закаханыя ў гэтага шыракаплечага юнака з прыгожай чарнявай грывай, што ледзь памяшчалася ў высокую бялюткую шапачку, якая рабіла хлопца яшчэ вышэйшым і страйнейшым. У Пятра быў прыгожы высокі лоб, бровы ўразлёт і ясныя блакітныя вочы, якія рэдка можна сустрэць у брунетаў. У яго быў зычны барытон, які мог быць ціхім ды мяккім, калі доктар падрабязна распытваў хворых не толькі пра здароўе, але і як спалі, што елі, колькі разоў хадзілі на гаршчок і якога колеру змесціва таго гаршчка. У яго быў такі погляд, пад якім сэрца пачынала біцца, як пасля ранішняй прабежкі на дзевяты паверх, калі ў корпусе «баставалі» ліфты, а ногі самі прырасталі да падлогі і цяжка было ўспомніць, куды ты ідзеш. Вера зразумела, што вось і яе напаткала тое сапраўднае, пакутлівае каханне, пра якое марылася шмат гадоў і якое ўжо не спадзявалася сустрэць.

«Шанс адзін з тысячы!» - часта выносілі яны прысуд якой-небудзь безнадзейна хворай. Вось такі ж шанс - адзін з тысячы - быў і ў яе, лекара з ласкі божай, паважанага чалавека ў аддзяленні, але ж на шэсць год старэйшай за Пятра і правабнасці зусім не той, каб зачароўваць нават сваіх равеснікаў. Але ж лёс нярэдка гуляе з чалавекам, дорачы яму на краю бездані шанс выжыць і ачуняць ці такое вось каханне, ад якога губляюць розум, ад успамінаў пра якое гараць шчокі і рвецца сэрца нават праз семнаццаць год.

...Рамонт інтэрната пачыналі з чацвёртага паверха, і Вера тэрмінова перасялялася на першы, узяўшы сабе ў памочнікі двух практыкантаў.

- Вера Максімаўна, у вас так мала рэчаў? - дзівіўся Пятро.

- Я шмат разоў пераязджала і ўзяла сабе за правіла не абзаводзіцца непатрэбшчынай. Мой самы значны багаж - дванаццаць папак назіранняў за шэсць гадоў працы ў аддзяленні. Вось яны сапраўды бясцэнныя, а ўсё астатняе, Пеця, такая дробязь!

Хлопцы гэтую дробязь перанеслі за паўгадзіны, падахвоціўшыся ў новым пакоі адрамантаваць карніз і дзверцы шафаў. За пачастункам яна даведалася, што Пятро жыве ў пакоі насупраць, і так расхвалявалася, што ўпусціла з рук два кубкі.

- Посуд б'ецца на шчасце! - засмяяўся Саня, другі памочнік, і раптам прызнаўся:

- А я неяк вас пабойваўся, Вера Максімаўна! Хаця што тут дзіўнага, вас баіцца нават сама прафесар Доўнар.

- Зінаіда Платонаўна? Што вы, Саня, наша Доўнар баіцца толькі аднаго чалавека на свеце - самую сябе, калі ў вялікім гневе. А вы, Пеця, таксама мяне баіцеся? - яна, здавалася, жартавала і магла чакаць такога ж лёгкага адказу.

Але хлопец быў сур'ёзным:

- Зінаіда Платонаўна, можа, і была некалі неблагім лекарам, але зараз гэта проста выжылая з розуму старая вядзьмарка, даруйце мне такую грубасць. А вось вы, Вера...

Ён збянтэжыўся, што назваў толькі імя, але не паправіў сябе і не адвёў позірк:

- Вы з тых рэдкіх жанчын, перад якімі мне заўсёды хочацца схіліць галаву.

Кудлатую вялізную галаву на сваіх каленях яна сніла каторы год запар. Усё ж астатняе здавалася дзіўнай, ды недарэчнай прыдумкай, у якую не паверыў бы нават Мікола, мудры і практычны Мікола, які звыкся быў з надзеяй, што яны вось-вось ажэняцца, займеюць дзяцей і свой сямейны куток. На шчасце ці на бяду Зінаіда Платонаўна адправіла Міколу на курсы павышэння кваліфікацыі ў салідны маскоўскі інстытут, а Пятро быў побач - днём у аддзяленні, вечарам у інтэрнаце. З гэтым хлопцам Вера адчувала сябе вельмі маладой і шчаслівай, такой маладой і такой шчаслівай яна не была яшчэ ніколі ў жыцці.

Мінулагоднім летам на адпачынку ў Гурзуфе Веру ўразіў быў непрыкметны куст, міма якога яна тройчы на дні бегала да мора і на які, здаецца, не звярнула дагэтуль увагі. Але аднойчы куст зацвіў, выкінуўшы, нібыта свечкі, свае вялізныя даўганосыя кветкі, пяшчотна-ружовыя, даверлівыя і ганарыстыя адначасова. Непрыкметны дагэтуль куст раптам зацміў сваім хараством усіх суседзяў, нават ружы, якімі любаваліся ўсе адпачывальнікі і якія кожную раніцу старанна даглядаў садоўнік, здаваліся цяпер самымі звычайнымі кветкамі.

- Што, і вас крануў гэткі цуд? - дзядуля-садоўнік задаволена глядзеў на дзяўчыну. - Заўважце, кожная кветачка будзе жыць толькі дзень, а ўвесь куст цвісці толькі два тыдні, але затое якая гэта рэдкая прыгажосць!

Вера цяпер была падобна да таго гурзуфскага цуда, у якое пераўтварыўся сціплы непрыкметны кусцік. Твар яе свяціўся той прыгажосцю, якая бывае толькі ў закаханых і якая цвіце так ярка і так коратка. Непаслухмяная пасмачка валасоў увесь час выбівалася з-пад шапачкі і рабіла яе, заўсёды такую сур'ёзную, па-дзіцячаму гарэзлівай і вясёлай. У Веры змянілася нават паходка - яна нібыта лятала па аддзяленню, і ніводны чалавек (сляпыя, сляпыя людзі!) не заўважаў за яе спінай лёгкія крылы шчаслівай птахі. А, можа, гэта сам Гасподзь аберагаў яе ад крывадушных позіркаў і пільнай увагі строгіх маралістаў?

Усе ў аддзяленні хутка даведаліся, што ардынатар Пеця дапамагае Веры Максімаўне ў напісанні артыкула для медыцынскага часопіса, што хлопец дужа складна і папулярна здолеў звесці ў адно цэлае яе метады лячэння і назіранні-досведы. Але ніводная душа не здагадалася, што гэтае ўдалае супрацоўніцтва ў першы ж вечар перарасло ў нешта большае, без гарачых прызнанняў і абяцанняў, ды з гарачымі абдымкамі да самой раніцы.

У студэнцкім інтэрнаце калісьці многія жылі грамадзянскім шлюбам, які зусім не абавязкова заканчваўся маршам Мендэльсона. Суседкі па пакоі, перажыўшы не адно расчараванне, смела кідаліся ў віхуру новых пачуццяў і выпрабаванняў, а Вера, разумная і ўпэўненая ў сабе дзяўчына, цвяроза гледзячы на сваю знешнасць і жыццёвыя абставіны, усё ж спадзявалася на нешта большае, чым простую фізіялогію ўдамешку да медыцынскіх ведаў. Але тое вялікае і незвычайнае чамусьці абмінала яе, і яна разважыла, што лепей Мікола, чым састарыцца адной. Ды й ці ёсць яно, тое каханне, ад якога прыгожа губляюць галаву ў розных раманах і кінафільмах?

Яна згубіла галаву ў першы ж вечар іх рабочай сустрэчы, калі Пятро, збіраючыся развітацца, раптам узяў яе рукі ў свае і прашаптаў:

- Мне зусім не хочацца ісці ад вас, здаецца, так бы і застаўся на ўсю ноч!

- Дык што ж вам перашкаджае? - ледзь паспела яна сказаць, як апынулася ў яго на руках, і ён кружыў, кружыў яе па пакоі, і ў яе кружылася галава, і яна згубіла гэтую галаву, ніколі потым не пашкадаваўшы пра тое.

У тыя рэдкія хвіліны, якія выдаваліся за дзень, яна зноў і зноў перажывала чарговую ноч, і ўспаміны гарачай хваляй абдавалі яе цела. Ёй зусім не трэба было ведаць, дзе зараз і што робіць Пятро, ёй дастаткова было адчуваць, што ён недзе недалёка і што праз колькі гадзін хлопец пастукае ў яе дзверы. Як жа прыемна жыць гэтым шчасцем, гэтымі мроямі, не думаючы пра дзень заўтрашні.

І той дзень надышоў, і яна зразумела, што зацяжарыла. Веры не трэба было спраўджваць па календары ці рабіць неабходныя ў такім выпадку аналізы, яна сама была найлепшым барометрам свайго цела, сваёй жаночай існасці. І гэтая навіна ашчаслівіла яе і аглушыла.

- Я хачу абрадаваць цябе, у нас будзе дзіця! - яна прамаўляе гэтыя словы і разумее, што ніколі не асмеліцца сказаць іх Пятру. Кахацца з жанчынай, якая старэй за цябе на якіясьці шэсць год - з'ява не надта частая, але ж зразумелая. Але як жыць поруч з чалавекам, які маладзей за цябе на цэлых шэсць год? І думаць пра тое кожную раніцу, заўважаючы на сваім твары ўсё новыя і новыя зморшчынкі?

- Давай пажэнімся, любы! - нават у самым фантасмагарычным сне ёй не прымроіліся б гэтыя словы.

Яна ўяўляе, як Пятро адводзіць позірк і пачынае абараняцца:

- Гэта ў вас, Вера Максімаўна, жарты і шантаж?

І вось яна, адвергнутая і няшчасная, трасецца ў старэнькім аўтобусіку пяць гадзін запар, шукае ў райцэнтры дом, дзе жыве сям'я лекараў-хірургаў і з плачам кідаецца ў ногі. А маці, высокая, статная, вельмі падобная да сына, пагардліва глядзіць на яе і насмешліва прамаўляе:

- Жанчын вашага ўзросту не падманваюць, гэта вы спрабуеце зламаць жыццё майму сыну!

Яна ўяўляе сабе такую карціну і цяжка ўздыхае. Які аўтобус, які райцэнтр, якая свякруха? І тыя лёгкія крылы, што ўздымалі яе да аблокаў, раптам, бы на гурзуфскіх кветках пялёсткі, з ціхім сумам ападаюць долу.

Пятро ўнёс вялізнага печанага гуся, якога прывезла дарагому доктару вясковая пацыентка, і весела загадаў:

- Верачка, хутчэй сервіруй стол і рабі сваю фірмовую салату.

Яна дастала з шафы бутэльку шампанскага, таксама чыйсьці прэзент, і сказала проста, як бы будзённа:

- Пецечка, гэта вельмі цудоўна, што ёсць гусь і вось такая святочная вячэра.

- Развітальная вячэра, - хацелася дадаць ёй, але яна разумела, што гусь ні ў чым не вінаваты і што мужчыну спачатку трэба пакарміць, а потым прагнаць.

І што развітацца трэба прыгожа, без гучных сцэн і гарачых слёз. Асабліва калі выбар зроблены і адступаць няма куды. І толькі калі вялікая халодная поўня павісла над акном, Вера нарэшце наважылася:

- Сёння ў нас з табой, Пеця, развітальны вечар.

Ён недаўменна глядзеў на яе, і чырвань залівала яго шчокі.

- Мне цяжка гаварыць, як удзячна я табе за ўсё тое, што між намі было. Мне было добра з табою, Пеця! Спадзяюся, што і з твайго боку гэта быў не толькі секс.

Яна адчувала, што вось-вось разрумзаецца, а ў такіх выпадках, як і ў выпадках з невылечнай хваробай, трэба быць рашучай і жорсткай:

- Адзін вельмі добры чалавек, жанаты яшчэ ўчора чалавек, з якім у мяне былі даўнія стасункі, нарэшце стаў свабодным.

Яна гаварыла гэта з усмешкай і пяшчотай, як маці свайму дзіцяці, і, здавалася, яна зараз падыдзе і ласкава пагладзіць яго па галоўцы.

- У цябе, Пеця, усё наперадзе, у цябе яшчэ будзе мноства жанчын, і сярод іх ты выбераш самую лепшую. Ты мне верыш?

Столькі шкадавання было ў гэтых словах, і самы час па-мацярынску прыціснуць да сябе яго кудлатую галаву і прашаптаць:

- Даруй за ўсё...

Але Пеця раптам прыціскае рукі да твару і, як бы здзіраючы гэтую праклятую чырвань, з сілай праводзіць далонямі па шчоках. А голас, такі роўны заўжды, раптам становіцца рэзкім:

- Што мне варта сказаць у адказ, Вера Максімаўна? Хочаш, каб я пачаў угаворваць цябе выйсці замуж за мяне?

Ён рассмяяўся і з пагардаю глядзеў зверху ўніз:

- Чаму гэта жанчыны імкнуцца зацягнуць нас спачатку ў ложак, а потым у ЗАГС? Ты зусім не арыгінальная. Мяне адна паненка ўжо спрабавала ажаніць на трэцім курсе. Маніла, быццам цяжарная, а ты вось старога сябра прыпляла.

Вера бачыла перад сабой зусім не таго юнака, разгубленага і ашаломленага, якога баялася ўбачыць. Перад ёю быў мужчына, аслеплены не рэўнасцю, але незапатрабаванасцю, мужчына, які прывык сам дыктаваць свае ўмовы. Стала цяжка дыхаць. А ён кідаў, не зважаючы, як ёй балюча:

- Я думаў, ты не такая як усе! Ты здавалася мне асаблівай, а ты горш за свайго Міколу! Ты горш за яго, бо ў цябе талент, у цябе божы дар, а ты ўсё гэта задушыш, і будзеш такою, як Доўнар. Ты будзеш горш за яе! - чырвань з яго шчок сышла, твар стаў белым.

- Ніякага жанаціка ў цябе няма і ў паміне! Што, Мікола з курсаў вяртаецца? Не забудзь запрасіць на вяселле! Я вялікі аматар падобных спектакляў! - ён выскачыў, ляпнуўшы дзвярыма.

... Пятро памыліўся: Зінаіда Платонаўна была ўсё-ткі неблагім дыягностам. Недзе праз месяц, паклікаўшы Веру ў свой кабінет, старая злыдня зачыніла дзверы на ключ і строга сказала:

- Цяжарную пазнаеш не па фігуры, у яе ўсё на мордзе напісана. Ад каго дзіця, Вера?

- Саграшыла з адным прыемным чалавекам, на жаль, жанатым.

Зінаіда Платонаўна, не сказаць, каб здзіўлена, хутчэй абурана, узняла бровы, а Вера паспяшалася дадаць:

- Сябравалі яшчэ ў школе, а сустрэліся праз многа гадоў і не маглі стрымацца.

- А як жа Мікола? Я што, дарэмна выпрошвала ў гарсавеце двухпакаёўку для вас? - яна махнула рукой у бок новабудоўлі за акном.

- Зінаіда Платонаўна, сасватайце для Міколы якую добрую дзеўку, каб кватэру не ўпусціць, - Вера засмяялася і тут жа стала сур'ёзнай. - Мне далёка не васемнаццаць, і я, паверце, не губляла галавы нават у стозе, дзе мы з ім кахаліся.

- У стозе? - Зінаіда Платонаўна гмыкнула і цяжкім позіркам прайшлася па Верынай фігуры. - Хутка ты сама станеш, як той стог. Вось што, барышня-сялянка, Коля, можа, і праўда табе не пара, але ж адной гадаваць дзіця - гэта табе не ў стозе куляцца. А Мікола, мяркую, усё дараваў бы табе, калі б папрасіла.

- О не! - Вера рашуча захітала галавой. - Мне вельмі няёмка перад ім, і я хацела б перавесціся куды ў іншую бальніцу як мага хутчэй, пакуль мой жывот непрыкметны.

- Яшчэ чаго ўздумала! - Зінаіда Платонаўна ўзлавалася. - Ты адна ў мяне вартая цэлага аддзялення, ты гэта разумееш, калега? Мне прасцей Колю спіхнуць, але й гэтага рабіць не буду. Анкалогію адкрываем праз паўгода, нам кадры сватаць трэба адкуль толькі можна.

І тут жа заклапочана спытала:

- А як табе новыя хлопчыкі? Па-мойму, з чарнявага будзе толк, а вось другі, Дуброўскі, занадта далікатны, ды й дзядзька ў яго акадэмік, пабачыш, перацягне ў свой Ленінград. А чарнявенькі мне ўчора што заявіў? Забыліся, маўляў, на старое правіла медыцыны: перш чым прымяняць скальпель, трэба спрабаваць абысціся тэрапеўтычнымі сродкамі. Маззю Вішнеўскага хоча міому лячыць, ты чула? - яна засмяялася так гучна, што аж затрэсліся яе магутныя грудзі.

- А яшчэ, жартаўнік, заявіў, што трэба кожнай жанчыне каханкаў заводзіць, і тады будзе больш работы не гінеколагам, а венеролагам.

Зіначцы, відаць, падабаўся Пятро, хаця каму ён мог не падабацца? І яна як у ваду глядзела: праў паўтара месяцы Аляксандр Дуброўскі перавёўся ў Ленінград, ды толькі не адзін, а разам з сябрам. Вера была ўпэўненая, што гэта Пятро падгаварыў Саню на той перавод, бо ён так і не змірыўся з роляй адстаўнога кавалера. Не мог не заўважыць, што Вера дала адстаўку і Міколу, ды, відаць, цяпер канчаткова паверыў у тую легенду пра даўняе каханне.

Падысці і прызнацца, што чакае ад яго дзіця? І пачуць, як аплявуху, здзеклівае: «Што, і жанацік ад цябе адцураўся?»

 

* * *

 

Алеська расла як дачка палка, у інтэрнаце яе няньчылі па чарзе незамужнія лекаркі і мядсёстры, а калі здараліся рэдкія камандзіроўкі, Вера падкідвала малую сястры, якая жыла на іншым канцы Менску. Унучку з ахвотай глядзела і бабуля, кожны раз не забываючы папытаць у дачкі, як там Мікола.

- Жаніўся, кажаш? І дачу адбудаваў? - маці садзілася на ўслончык, прыціскала да сябе ўнучку і сумна ківала галавою. - Ох, донечка, вінаватая я перад табою, што адгаварыла, дурная, замуж ісці. І дачка не расла б сіратою.

- Мама, ну што ты кажаш, якая яна сірата? Дый ты тут зусім не пры чым, бо не любіла я Міколу.

А калі старая не згаджалася з яе довадамі, Вера аджартоўвалася:

- Ну, выйшла б я за Колю! Дык жа ўнучка ў цябе была б зусім іншая: рудая такая і злая, як тая Вяргейчыкава Даша. Ты б такую любіла?

Даша сапраўды была злою, няшчырай дзяўчынкай: падласціцца да Алесі, выцыганіць цацкі ці цукеркі і тут жа «аддзячыць» кпінамі ды тумакамі. Аднойчы дачка забегла ў хату з плачам:

- Мама, Даша сказала, што ва ўсіх дзяцей ёсць тата і толькі ў мяне няма. Яна абазвала мяне байстручкай, а ўсе дзеці смяяліся.

Вера Максімаўна не разгубілася:

- Вазьмі, дачушка, у маёй сумачцы партманетку і нясі сюды. Бачыш, на фатаграфіі твой тата.

- Такі малады? - Алеся глядзела ва ўсе вочы на здымак невядомага прыгожага дзядзькі.

- Ну, цяпер ён ужо не такі малады, а калі ты яго ўбачыш, ён будзе яшчэ старэй, але ўсё роўна вельмі прыгожы.

- А калі ж я ўбачу яго, мама? - Алеся глядзела на яе даверлівымі блакітнымі вачыма.

Дачка расла і станавілася ўсё больш падобнай да Пятра: такія ж блакітныя вочы, такія ж бровы ўразлёт, такая ж прыкметная ямачка на падбароддзі, такая ж нястрыманасць у рухах. Вось толькі валасы, напачатку зусім светлыя, цямнелі марудна, і зараз мелі такі ж русы колер, як у самой Веры.

- Калі ты яго пабачыш? - мама завагалася толькі на хвіліну. - Твой тата вельмі, вельмі далёка, але ён абавязкова вернецца! Калі? Калі твае валасы стануць такімі ж цёмнымі, як татавыя, - паабяцала мама.

- Давай іх пафарбуем, як наша цётка Ніна, і пашлем яму фатаграфію, - узрадавалася Алеська.

- Адзін раз зманіш, дык ён у наступны раз не паверыць, - уздыхнула Вера Максімаўна. - Станеш зусім падобнай да таты, і мы адразу ж пашлем яму тэлеграму. Толькі... толькі нікому пра гэта не кажы. Нават бабулі. Гэта будзе наш самы вялікі сакрэт, добра?

Недзе вясною, калі Алеся хадзіла ўжо ў восьмы клас і калі ў яе з'явіўся першы кавалер, у мамы з дачкой адбылася сур'ёзная размова. На гэты раз Вера Максімаўна палічыла правільным расказаць дачцэ пра ўсё, нічога не ўтойваючы. Яна прагаварылі да вечара, абняўшыся на тахце, дакладней, расказвала мама, а дачка моўчкі слухала, не паспяваючы выціраць слёзы.

- Ты яго і зараз любіш, мама? Ты таму замуж не выйшла? Эх, мама... А калі б ён ведаў, што я ёсць, можа б ён вярнуўся?

Некалі Вера наважылася адкрыць яму праўду. Навукова-практычная канферэнцыя праходзіла ў Ленінградзе, у тым самым інстытуце, дзе Пятро ўжо быў доктарам навук і загадчыкам кафедры. Вера павінна была выступіць з грунтоўным дакладам. Яна сама была прафесарам, у навуковых колах яе прозвішча мела немалую вагу, яна актыўна друкавалася ў медыцынскіх выданнях, стажыравалася ў Германіі, неаднойчы была ўдзельніцай міжнародных сімпозіумаў. Пятро не мог не чуць пра яе хаця б ад Аляксандра Іванавіча Дуброўскага, таго Сані, з якім некалі прыйшлі на практыку ў іхнюю бальніцу і які зараз быў намеснікам дырэктара інтытута, праўда, па адміністрацыйнай рабоце, што не перашкаджала дальнабачнай мінчанцы падтрымліваць з ім хаця б тэлефонныя стасункі.

Аляксандр Іванавіч паабяцаў прывезці Пятра на фуршэт, які ладзіў Верын калега, падстахоўваючы блізкую абарону дысертацыі ў горадзе на Няве. Пятро сапраўды прыйшоў, але не адзін: ён нядаўна развёўся, і побач з ім зараз была даўганогая аспірантка, канкурыраваць з якою проста не мела сэнсу. Самы час дастаць фотаздымак дачкі, пятнаццацігадовай дзяўчынкі, у якой угадвалася будучая прыгажуня і ў якой Пятру няцяжка было б пазнаць сваю дакладную копію. Вера глядзела на яго, ужо добра пастарэлага, з прыкметнай сівізной на скронях, але па-ранейшаму стройнага, імпазантнага, яна бачыла, як Пятро падкрэслена ўважлівы да сваёй спадарожніцы.

Таму Вера Максімаўна працягнула фатаграфію Аляксандру Іванавічу і загучна пахвалілася:

- Праўда, у мяне дачка прыгажуня? І, кажуць, вельмі падобная да бацькі.

Пятро адарваў позірк ад сваёй аспіранткі і нечакана схіліўся над фотаздымкам. Аслепленыя каханнем, відаць, глухія да голасу крыві. А вось Мікола здагадаўся, ад каго ў Веры дачка. Жывучы ў адным пад'ездзе, ён не мог не заўважаць таго, чаго не бачылі іншыя яе калегі, але сваім адкрыццём ні з кім не дзяліўся. Толькі аднойчы, калі Алеся яшчэ хадзіла ў дзіцячы садок, па-сяброўску спытаў:

- Чаму ты ніколі не запросіш Пятра ў госці? У Алесі павінен быць бацька, нават калі вы не разам. Ты разумееш, які грэх бярэш на сваю душу?

Тады яна аджартавалася, маўляў, адным грахом менш, адным больш, але такі не прызналася, што Пятро нічога не ведае пра Алесю. Яна і родным сваім не даверылася, затое спадзявалася, што прыйдзе час, калі дачушка зразумее маці і даруе ёй.

- А ў таты ёсць дзеці? Двое? І вядома ж, ён іх вельмі любіць, так, мама? - пыталася дачка. І тут жа ўздыхала:

- Як жа я ім зайздрошчу...

Калі ж Пятро развёўся і са сваёй аспіранткай з'ехаў у Германію, Алеся зусім па-даросламу разважыла:

- Ты правільна зрабіла, што не прызналася яму ні ў чым. Ён бы здрадзіў нам, як гэтай сваёй сям'і, і я ніколі б яму не даравала. А так у яго яшчэ ёсць шанс стаць маім сябрам.

Дык дзеля сябе ці дачкі хочацца ажыццявіць тыя планы, якія намеціла, збіраючыся на сімпозіум у Мюнхен? У чымсьці Мікола мае рацыю, як ні горка гэта прызнаваць. Пад'язджаючы да свайго мікрараёна, ён раптам загаварыў, спяшаючыся выказаць усё, што набалела за гэтыя гады:

- Калі я даведаўся, што ты цяжарная, мне жыць не хацелася. Ты можаш мне не верыць, але нікога ні да цябе, ні пасля я так не любіў. Жывем адзін раз, Вера, але не шануем гэтага. Скажаш, ты шчаслівая? Для пацыентаў аперыравацца ў цябе - вялікая ўдача, але ў жыцці, Вера, у звычайным жыцці, ты мала каго ашчаслівіла, і сама, прабач, пры ўсіх рэгаліях і пашане, няшчасная адзінокая баба.

Ён дастаў цыгарэты і запаліў.

- Каму і што ты хочаш даказаць? Гуляеш у якуюсьці недарэчную гульню, а які ў гэтым сэнс, Вера? Я нават магу прадказаць, чым гэта ўсё скончыцца. Якіх бы ты там вячэрніх сукенак не нашыла, як бы добра ты не выступіла на сімпозіуме, нічога не дапаможа. Хіба можна дастаць да сонца? Толькі абпалішся ці згарыш.

Яна не спрабавала абараняцца, яна была шчыраю:

- Усё ж, калі ў цябе было такое каханне, то ты і мяне зразумееш. Не хачу больш хаваць ад Пятра, што ў яго ёсць дачка. Я добра вінаватая перад Алесяй, а буду яшчэ больш вінаватай, калі яна абярэ нелюбімую прафесію. У мяне сяброўка марыла стаць мастаком, а вывучылася на настаўніцу матэматыкі. І прадмет свой ненавідзіць, і з вучнямі не можа паразумецца. У Алесі такія здольнасці да медыцыны! А яна, дурніца, банкіршай хоча стаць, на эканамічны збіраецца разам са сваім Славікам. А ў школу з наборам лекаў ходзіць, бо любімая настаўніца хворы чалавек. Мне ж добра бачна, што прападзе талент. Але ў маладых зараз толькі мары пра багацце. Дык хай пераканаецца, што лекар таксама можа быць заможным, няхай сабе не ў нашай краіне.

- Адвязеш Алесю ў Германію паказаць на якіх вілах шыкуе бацька? - падкалоў Мікола. - Глядзі, каб не памыліцца ў другі раз.

- Папрашу Пятра напісаць ёй ці пагаварыць па тэлефоне. Можа, Алеся яго паслухаецца, - яна памаўчала. - Як думаеш, я ў вячэрняй сукенцы змагу ўскружыць галаву якому-небудзь Гансу ці Фрыдрыху?

- За Ганса не ручаюся, а вось Фрыдрыха абавязкова падчэпіш! Глядзі толькі не перастарайся!

... Распакоўваючы адзенне, Вера ўспомніла тую модніцу ў атэлье і чырвоныя павучкі-плямы, якія абсыпалі яе загарэлыя рукі і жывот вышэй таліі. Яна памкнулася была сказаць той пра свае падазрэнні на захворванне крыві, але раптам перадумала. Жанчына кудысьці збіралася заўтра, яна ўся была ў прадчуванні свята, ці ж варта вось так знянацку сапсаваць яе настрой? Захворванне, па ўсім відаць, нястрашнае, калі толькі яго не запусціць. Вера Максімаўна не саромеецца памыліцца, усё ж такі яна не гематолаг. Трэба зараз перапісаць у штодзённік тэлефон той свецкай ільвіцы і пазваніць ёй, як вернецца з Германіі.

Вера Максімаўна расклала ўсё адзенне на тахту, каб пасля, калі прыйдзе дачка, паказаць, як добра ў атэлье падагналі ўсё па фігуры. Потым села ў вялізнае крэсла, выпрастала стомленыя ногі на табурэцік і заплюшчыла вочы. Яна прызвычаілася кожны раз вось так сядзець хвілін дваццаць, адпачываючы пасля нялёгкага дня. Ужо скрозь лёгкую дрымоту паспрабавала ўспомніць тое дзіўнаватае слова, якім жанчына называла свой доўгі пінжак. Ша... Жа... Вясёлае нешта такое... Але не ўспомніла і адразу заснула, каб праз колькі хвілін прачнуцца і пачаць гатаваць вячэру. А пазней адшукала адрас Аляксандра Іванавіча. Хоць бы толькі не змяніўся нумар яго тэлефона: апошні раз бачылася з Дуброўскім, калі Санкт-Пецярбург быў яшчэ Ленінградам.

- Вера, навошта табе гэты крахабор? Пракансультавацца наконт пацыенткі, калі будзеш на сімпозіуме? Кінь ты гэта! Наш былы геній даўно забыў, як выглядае скальпель, ён зараз, так бы мовіць, звычайны «паромшчык».

- Які такі паромшчык? Саня, што за ідыёцкія жарты?

- Гер Петэр цяпер наводзіць масты між хворымі нуварышамі з Расіі і нямецкімі свяціламі. Займеў сваю фірму, праз якую ўладкоўвае багацеяў у клінікі і дзярэ з іх па вышэйшым разрадзе. Гнюсным тыпам стаў наш Петрусёк!

- Саня, ты гэта вярзеш ад зайздрасці? - яна злавала і не хавала свайго абурэння.

- Я гэта, даражэнькая, ад вялізнай злосці на былога сябра. Адсылаў да яго па старой дружбе сваіх знаёмых, дык ён рабаваў бедалаг да апошняй ніткі. Давялося тым залазіць у даўгі і тэрмінова разменьваць кватэры, каб закончыць лячэнне. Ну што, не перадумала з ім сустракацца?

 

* * *

 

- Зойка, у мяне дзве навіны, добрая і дрэнная, з якой пачынаць? - Тамара перавяла дыханне, прысела ў фатэль і, не чакаючы адказу, затарахцела. - Люда ўчора купіла футра з чарнабуркі. Навошта, кажу, у цябе ж дублёнка сёлетняя і скураное паліто зусім новае, і футра з блакітнай норкі ўсім на зайздрасць. А яна, зараза, смяецца. Маўляў, раптам Андрэй яе кіне, дык пачне Людок распрадаваць уборы, каб не памерці з голаду. Адкуль такія песні, думаеш? Прэзерватыў знайшла яна ў мужавым пінжаку. Ніколі не мела звычкі выварочваць кішэні, а тут касцюм сабралася здаць у хімчыстку.

- Бедны Андрэй, - паспачувала Зоя. - Жывы хоць застаўся?

- Андрэй пачаў апраўдвацца, што гэта з яго хлопцы маладзейшыя паджартавалі. Кажа, што выпівалі ў некага на фірме, перагрэліся і паскідалі пінжакі. Хлопцы-гаспадары і падкінулі тром гасцям па «сувенірчыку». Пазвані, кажа, Івану Пятровічу ці Генадзю Паўлавічу ды папытай у іх. Яны мне сёння паказалі свае знаходкі, ну а я іншы пінжак апрануў.

- Як табе навіна, Зоя? - Тамара рагоча, а сама ўважліва сочыць за сяброўкай.

- Ну, а добрая навіна якая?

- Як гэта добрая? Я ж з яе і пачала. Досыць Людчынаму кату гуляць. А цяпер дрэнная навіна, - Тамара хітра прыжмурвае вочы, устае, падыходзіць да акна і некуды пільна ўзіраецца.

- Да Коцураў баба Марфа прыехала, не чула? Як убачыла Надзьчын газон, дык прытомнасць згубіла. А калі ажыла, такі лямант усчала, што ўся вуліца памірала ад смеху. Бяспутныя, кажа, лежні вы, кажа, несусветныя! Дапусціць, каб столькі сотак травой зарасло! Ведала б Марфа, што дачка яе на тым газоне больш корпалася, чым яе матка на градах!

Тамара раптам абрывае гаворку і са здзіўленнем пытаецца:

- Дык ты што, яшчэ не сабралася? А выстава ў дзесяць адкрываецца, з раніцы ўсё раскупяць, нічога не ўхопіш.

- А што мы хочам выбраць, Тамара?

- Ну як гэта што? У рэкламе там столькі ўсяго паказвалі, што-небудзь, можа, і спадабаецца.

- Новае што-небудзь купім, старое што-небудзь выкінем, так? - Зоя як бы ўзважвае, гаварыць Тамары штосьці ці не. - Я толькі ў бальніцы зразумела, якое ў нас дурнотнае жыццё, тлумнае, нікчэмнае. То ў Маскву едзем не ў музеі, а за гардзінамі, то ў Парыжы замест таго, каб паглядзець на славутыя мясціны, шныпарым па крамах. Чым мы лепей за Люду з яе футрам? Няма ў нас, Тамара, ніякай вялікай мэты, няма чым сябе заняць.

- Унё, Зоя, ты што? Лепш быць такімі няшчаснымі, якія працуюць дзеля таго, каб жыць? Ці бабамі на базары, што без салярыяў як негры ўчарнелі, пазайздросціла? Што гэта на цябе найшло? - Тамара ўзрушана хадзіла па пакоі і са здзіўленнем пазірала на суседку. - Зоя, можа табе нездаровіцца?

- Дзякуй Богу, усё нармальна. Учора Прыгожына званіла, прасіла тканіны цікавай пашукаць і гісторыю адну расказала.

- Што яна табе такое сказала, што ты як у царкву збегала ды святою вярнулася? - зазлавала Тамара.

Зоя раптам адчула, што не зможа растлумачыць Тамары свае сумненні. Не зразумее яе суседка. Няўжо для таго, каб усвядоміць простыя рэчы, трэба цяжка захварэць?

- Тамара, нешта мне не хочацца ні на якую выставу, лепей давай з'ездзім нашай Лідзе выберам падарунак. Ведаеш, ёй у пятніцу «стукне» пяцьдзесят.

- Які шчэ падарунак ты прыдумала, Зоя? Мы ёй плацім такія грошы, адзежу аддаем, а цяпер мо шчэ ў рэстаране наладзім яе імяніны? Абслугу нельга балаваць, запомні! - Тамара ўзбівае прычоску, як заўсёды, калі пачынае сердаваць, твар яе пакрываецца чырвонымі плямамі. Здаецца, жанчына ўзарвецца новымі доказамі.

Але не, суседка сёння адыходлівая, патузала сваю прычоску і палагоднела:

- Ну не хочаш, не паедзем! Ці, можа, мне Люду паклікаць? Хаця не люблю я з ёю валаводзіцца, не давяраю яе густу. З табою іншая справа, ты з ходу бачыш, ці варты тавар. Дык мо перадумала дома сядзець?

- Не, кліч Люду. Мне трэба над віншаваннем памудрыць, а ў дванаццаць Васіль будзе званіць, - Зоя правяла суседку да брамкі і ўздыхнула з палёгкай, калі Тамарына «Аўдзі» выруліла ў суседні завулак.

Успомнілася, як Тамара аднойчы наведала яе ў бальніцы: чамусьці праз санітарку папрасіла спусціцца ўніз, і Зоя, яшчэ зусім слабая пасля аперацыі, трымаючыся за сцены, заспяшалася ў вестыбюль. Можа, што здарылася дома, Тамара ж была тут літаральна ўчора.

Суседка пра нешта расказвала, распытвала пра здароўе, а потым абурылася:

- Няўжо ты не бачыш, што я ў новым паліто? Падабаецца? Багдан учора прывёз з Францыі, і за такую смешную цану, ты не паверыш!

Яна ж, заглыбленая ў сваю хваробу, нават не пакрыўдзілася, а толькі вінавата прызналася:

- Я і праўда не заўважыла, прыгожае паліто, і табе вельмі да твару жоўты колер.

Пад канец адведак яны ледзьве не пасварыліся. Тамара працягнула ёмісты пакет з сокамі і садавінай і, як Зоя ні спрабавала адмовіцца, рашуча прыгразіла:

- Не возьмеш, дык я больш не твая сяброўка.

- Няўжо ты не разумееш, што я пасля аперацыі, - Зоя ледзь не расплакалася. - У мяне ж усе швы разыдуцца, калі я падыму гэткі груз.

- Ой, я і не падумала пра гэта, - палагоднела Тамара і тут жа здала ў гардэроб новае паліто і дастала з сумкі белы халат.

Зоя не адразу здагадалася, што адведкі былі ўсяго толькі зачэпкай, каб пахваліцца перад ёю абноўкай.

Крыўдзіцца на Тамару не мела сэнсу: здаровы хворага не зразумее. Ці так даўно яны абедзве згубілі галаву ў Парыжы, калі там пачаўся перадсвяточны распродаж у буйных крамах? Яны жылі непадалёк ад «Галеры Лафайет» і выпраўляліся туды штораніцы за паўгадзіны да адкрыцця. Доўгія чэргі, ад якіх адвыклі ўжо ў сябе дома, цягнуліся не толькі да кас, але і да стоек, дзе пакупкі за сімвалічную плату заварочваліся ў бліскучую паперу для падарункаў. Новы год у Парыжы пачынаўся не столькі Калядамі, колькі вось гэтым распродажам. За вокнамі многіх дамоў, нібы ў якіхсьці менскіх інтэрнатах, віселі сетачкі, але, вядома ж, не з салам, а з каляднымі сюрпрызамі. Зоя ўвесь час бегала да фантанчыкаў, якімі былі абстаўлены шматлікія гандлёвыя залы, ёй страшэнна хацелася піць і рабілася млосна, тады думалася, што гэта ад жадання купіць усяго паболей і ад хвалявання, каб на ўсё хапіла грошай.

Недзе ў адной з такіх вось крамаў Тамарын муж купіў ёй гэтае паліто, на квітку ад якога, як пахвалілася суседка, стаялі лічбы ажно чатырох уцэнак, і можна было б зразумець яе жаданне пахваліцца такой таннай пакупкай. Калі б не было гэтай слабасці, гэтай страшэннай слабасці і абыякавасці да ўсяго, што адбываецца там, за бальнічнымі сценамі.

Тамара са здзіўленнем глядзела, як Зоя вядзе яе ў многанаселеную палату і скупа тлумачыць, што яе часова перавялі, бо ў яе «персаналцы» сёння робяць дэзінфекцыю. Не было часу тлумачыць, ды Тамара і не зразумела б, як не зразумеў увечары яе прыхамаці муж. Зоя ўжо хадзіла, сагнуўшыся ў тры пагібелі, па калідоры і з зайздрасцю зазірала ў палату насупраць, адкуль увесь час чуліся смех, жарты, гучная гаворка.

- Як ім можа быць весела пры такім дыягназе? Хтосьці з іх перанёс аперацыю, нехта ў чаканні прысуду. Яна па-добраму зайздросціла гэтым аптымістам і не прызнавалася сабе, што хоча ў тую палату. У сваёй асобнай, з усімі выгодамі, у якую яе змясцілі за вялікі блат і за вялікія грошы, яна згасала ад думак-трывог. Зоя нават дзверы не зачыняла: калі не можа бачыць гэтых людзей, дык хаця б будзе чуць іхнія вясёлыя размовы і падбадзёрвацца іхнім смехам.

Маленькая паўнацелая санітарка Ірына, прыбіраючы ўчора ў яе палаце, па-мацярынску супакойвала:

- Калі ўжо Вера Максімаўна скажа, што чалавек будзе жыць, то так яно й будзе. А пра вас яна так і сказала, што вам пашэнціла! Дык чаго плачам?

Веры Максімаўне сапраўды можна верыць, яна ў бальніцы нібы Гасподзь Бог, так яе ўсе тут шануюць і любяць. Па праўдзе, Зоя збіралася аперыравацца за мяжой, як толькі ўзніклі падазрэнні наконт дыягназу. Ад Веры Максімаўны ўсяго толькі патрабаваўся подпіс на важнай паперы.

- Два тыдні на даведкі, месяц ці болей на афармленне візы? - Вера Максімаўна гартала яе медыцынскую карту. - У вас, я гляджу, не бывае высокай тэмпературы? І ў маладосці так было? Колькі зубоў вырвалі? Успомніце, як хутка зубы пачыналі балець і чаму вы іх не паспявалі залячыць?

- Прычым тут маладосць і прычым тут зубы? - употай злавала Зоя.

А галоўная доктарка сціскала яе набрынялыя рукі і сцёгны, адцягвала павекі, мацала жывот. А вось ля гінекалагічнага крэсла, у адрозненне ад іншых лекараў, якія глядзелі яе па паўгадзіны, не меней, затрымалася толькі на хвілінку.

Зоя чамусьці ёй не давярала, можа, таму, што з жыццёвага досведу ведала, якімі невялікімі прафесіяналамі часцей за ўсё аказваліся вялікія начальнікі.

- Хочаце жыць - тэрмінова кладзіцеся на аперацыю! Для вас кожны дзень на ўліку! Я сама буду вас аперыраваць!

- Божухна, яна ўздумала сама мяне рэзаць! - спужалася Зоя і паспяшалася паскардзіцца Антону Вячаслававічу, які без чэргаў наладзіў для яе кансіліум.

- Што вы, Вера Максімаўна ў нас і цар і бог! Яе імя нават за мяжой добра знаёмае, - суцяшаў доктар жанчыну.

- Якое, скажыце мне, начальства не любіць ездзіць за мяжу? А вось ці добры з яе хірург? - непакоілася пацыентка.

- Хірургія, Зоя Іванаўна, такая сфера, дзе няўмекам не давераць скальпель, а лекары-сярэднячкі звычайна сядзяць у паліклініках. Лепшага доктара за Веру Максімаўну, паверце мне пакуль на словах, тут няма...

Яна ў гэтым сама пераканалася, пабачыўшы, як пачціва з Верай Максімаўнай вітаюцца калегі, як паважліва ставяцца да яе сястрычкі і санітаркі, пра пацыентаў наогул няма чаго казаць: слава бегла паперадзе доктаркі, і кожны з хворых хацеў бы, каб яго прааперыравала менавіта яна.

Так што Зоі і праўда пашанцавала, і калі верыць сваёй выратавальніцы, усё ў яе будзе добра. Вось толькі б не гэтыя надакучлівыя падазрэнні і не гэты нядаўні візіт.

Муж увайшоў не адзін, на парозе стаяла яго сакратарка маладая, грудастая Вольга. Заўсёды добра апранутая і падфарбаваная, яна на гэты раз, здаецца, пераўзышла самую сябе і выглядала бы тая прыгажуня з глянцавай вокладкі часопіса. Вольга сыпала спачувальнымі словамі, прасіла не хвалявацца за Васіля Пятровіча і дзяцей і гаварыла такім голасам, быццам шмат гадоў была іх дамработніцай і прымервала на сябе ролю жонкі, маці і гаспадыні дома.

- Оля, што гэта вы глядзіце на мяне так, як быццам перад вамі нябожчыца? Я зусім не збіраюся паміраць! - Зоя рассмяялася і пацягнула за ражок хустку, густыя пшанічныя валасы, якія зараз так цяжка было расчэсваць, рассыпаліся па плячах.

- Ой, Зоя Іванаўна, што гэта вы такое кажаце? Вы так хораша выглядаеце, відаць, што ідзеце на папраўку, - наведвальніца збянтэжылася, але зірнула чамусьці не на Зою, а на яе мужа.

Васіль Пятровіч дзелавіта гаспадарыў ля тумбачкі і, здавалася, не зважаў на гэтую жаночую «перастрэлку». А калі ўпарадкаваў усе скруткі, стрымана зірнуў на Зою, і было ў гэтым позірку нешта новае, чаго жонка, як ні намагалася, не змагла адгадаць. Муж паабяцаў прыслаць Ліду з гарачым абедам, пакінуў грошы дробнымі купюрамі аддзячваць санітаркам і мядсёстрам і заспяшаўся ў офіс. Звычайна ён схіляўся над яе ложкам, цалаваў у шчаку і глядзеў на яе вачыма, у якіх было шчырае спачуванне. Сёння пры сваёй сакратарцы ён не захацеў альбо пасаромеўся гэта зрабіць. Вольга пажадала ёй хутчэй ачуняць і пайшла ўслед, высока ўзняўшы галаву. У пакоі яшчэ доўга стаяў пах яе парфумы, у якой водар кветак змешваўся з водарам вясны, сілы, здароўя і бесклапотнага жыцця, якія падаваліся зараз такімі далёкімі. Навошта ёй гэтыя візіты чужых і хіжых кабет, якія дэманструюць перад шэфам сваю псеўдачуллівасць і не забываюць пра старанны макіяж?

Зоя бярэ люстэрка і доўга глядзіцца ў яго. Схуднелы белы твар, сухія вусны, запалыя вочы. Васіль загараўся некалі ад аднаго яе позірку, гарэзлівага, спакушальнага. Ці не з такога вось позірку і нарадзілася калісьці іх каханне?

Зоя спяшалася на выпускны баль, а незнаёмы малады чалавек стаяў на ганку фабрычнага Дома культуры ў атачэнні незнаёмых мужчын. Раённае начальства прывезла новага дырэктара, дваццацідзевяцігадовага халасцяка. Яна ўбачыла яго і зразумела, што калі паступіць у інстытут, то гэтага кавалера можна будзе ўбачыць толькі з пярсцёнкам на правай руцэ: у іхнім пасёлку ці не паўфабрыкі незамужніх.

Зоя правалілася на экзамене, а вось Насця Прыгожына, з якой сядзелі за суседнімі сталамі і якой Зоя ўмудрылася перадаць «шпаргалку», атрымала «пяцёрку». Колькі не ўгаворвала аднакласніца падаць на апеляцыю, Зоя не паслухалася і заспяшалася дамоў. З тымі эскізамі, якія яна два гады рыхтавала да паступлення, дзяўчына пераступіла парог дырэктарскага кабінета. Малюнкі былі толькі зачэпкай, каб пазнаёміцца. А ён, вопытны сэрцаед і разважнік, у адно імгненне разгадаў яе хітрыкі і забыўся, што ў райкаме даваў абяцанне ажаніцца ў бліжэйшы час, бо нягожа халасцяку ўзначальваць жаночы калектыў, што распавядаў пра сваю нявесту, лекара-педыятра. У пасёлку пуставала амбулаторыя, і раённаму начальству было выгадна, як гаворыцца, адным стрэлам двух зайцоў забіць.

- Адумайся, донька, ён жа старэй за цябе на цэлых адзінаццаць год! - угаворвала Зою маці. - Можа ён развадны які ці распушчанец, а ты ў нас дзіцё горкае.

Пра бацьку і казаць не было чаго, трыццацівасьмігадовы мужчына і чуць не хацеў пра зяця, маладзейшага за яго толькі на дзевяць гадоў, няхай сабе і дырэктара фабрыкі. Можа дзе ў горадзе пасада гэтая дужа зайздросная, а ў іхнім пасёлку ў дырэктары адпраўлялі бы ў тую ссылку за ўсялякія грахі, акрамя хіба амаральных. «Амаралку» некаторым «вешалі» ўжо тут, бо не кожны мужчына мог вытрымаць масіраваны націск пераспелых швачак. Шкада было дачку, якая імкнулася некалі ў горад і мела такія зайздросныя планы.

Але ж хто калі слухаўся бацькоў? І добра, што не слухаюцца, інакш шчаслівых сем'яў было б нашмат меней. А яны і сталі той шчаслівай сям'ёй, якой адкрыта зайздросцілі ўсе ў пасёлку. Васіль аказаўся талковым кіраўніком, хутка на фабрыцы з'явіўся дзесятак найноўшых швейных машын, і самыя ўмелыя швачкі замест прасцін і навалачак пачалі вырабляць жаночыя сукенкі, што відавочна паўплывала на заробкі ўсіх супрацоўнікаў. Злыя языкі сцвярджалі, што акрамя лекалаў, якія дасылаліся з вобласці, Васіль Пятровіч падсоўваў выкрайкі сваёй жонкі, якая сапраўды-такі ўмела прыдумваць цікавыя фасоны. І ўмела насіць адзежу, звычайная сукенка сядзела на Зоі так ладна, як на другой маладзіцы не выглядае самы шыкоўны ўбор. Нягледзячы на дваіх дзяцей, жонка дырэктара заставалася па-дзявочаму стройнай і вабнай, а Васіль Пятровіч быў з той пароды мужчын, якія з гадамі толькі ўбіраюцца ў сілу і гожасць.

Іх вялікі пасёлак, пераселены пасля Чарнобыля ў сталічную Малінаўку, нібыта з'ехаў з глузду: навокал былі сваркі, здрады, разводы. Яна ж не раўнавала мужа ні тады, на радзіме, дзе ён кіраваў шматлікім жаночым калектывам, ні цяпер, хаця той у фірме меў у сваім падпарадкаванні нямала кабет. Васіль ніколі не даваў падстаў для падазрэнняў, ды і яна заўсёды была ўпэўнена ў сваім шчасці. Калі ж гэтая ўпэўненасць сышла на самы край?

Можа тады, калі яна ў новым доме, у які вось-вось збіраліся пераехаць з гарадской шпакоўні, знайшла дарагую завушніцу? Ці калі яе Вася, чалавек малапітушчы, пачаў ці не штодзень заставацца на «бухло», як ахрысціў малодшы сын гэтыя п'янкі-гулянкі, пасля якіх ад мужа патыхала не толькі моцнымі напоямі, але і не менш моцнай жаночай парфумай? Ці калі яна ў падазрэннях на нейкую там заразу пабегла не ў сваю паліклініку - усе ж лекары, лічы, перасяленцы з райцэнтра, ім толькі дай папляткарыць - звярнулася ў прыватную медыцынскую фірму, і там яе як аглавушылі:

- Мы дамовіліся з анкалагічным дыспансерам на далейшае абследаванне. У нас ёсць невялічкія сумненні...

Рак - не ганарэя і не сіфіліс, ён не перадаецца палавым шляхам. Навошта яна, дурніца, атручвала сябе падазрэннямі і здагадкамі? Чаго прыдумала для сябе гэтае адскае жыццё з думкамі-недавяркамі? Можна было б радавацца цяпер вернасці Васіля, але на парозе стаяла гора. А разам з ім прыйшлі адчай і яшчэ большыя сумненні. Прыйшлі і засталіся. І ніякія лекары, ніякія клінікі не змогуць перамагчы гэтыя сумненні: не прыдумалі яшчэ лекаў ад рэўнасці і адчаю.

- Чаму такі сумны настрой, Зоя Іванаўна? Усё самае страшнае мінула. Усё цяпер залежыць толькі ад вас, ад вашай сілы волі! - Вера Максімаўна не столькі ўгаворвала, колькі загадвала.

Зоя ляжала і не паспявала выціраць слёзы:

- Мне страшна, бо якая я цяпер жанчына?

Дзверы былі прыадчыненыя, якраз у гэты момант у палаце насупраць выбухнуў смех. Зоя міжволі супакоілася і з зайздрасцю кінула позірк праз калідор. Вера Максімаўна «злавіла» гэта погляд і ўсё зразумела:

- Я вас перасялю на дзень-два, а калі захочаце, і на болей, у дзесятую палату. Чалавеку нярэдка трэба пабачыць яшчэ горшае гора, каб зразумець, што няварта адчайвацца. У вас двое дзяцей, ці ж гэта не шчасце? А тая дзяўчына, што ўсіх весяліць у палаце, ніколі не зможа стаць маці. Во дзе сапраўднае гора, але ж яна не адчайваецца, праўда? Вы забяспечаная жанчына, сёння гэта таксама многае значыць. У вас ёсць муж, якому вы заўсёды патрэбны. Што ж да вашай сексуальнасці... Ампутацыю мы зрабілі самую ашчадную, вы дарма хвалюецеся. Не павінна быць ніякага інтымнага непаразумення. Усё жаноцкае засталося з вамі, трэба толькі час, каб вы паверылі ў сябе. Замкнёнасць вам не на карысць, вам трэба пабыць сярод людзей. Некаторым гэта вельмі дапамагае. Пабудзьце дзень-два ў дзесятай палаце, а захочаце вярнуцца, не будзе ніякіх праблем. Вашу палату мы проста зачынім...

«Весялуны» да яе спачатку паставіліся з насцярожанасцю, «багацеяў» з аднамесных палат не любілі, але адкрыта ніхто не выказваў сваёй варожасці. Толькі адна гаваркая кабета ўздыхнула:

- Пражылі ў няроўных умовах, і паміраем у няроўных. А на тым свеце зноў жа, мабыць, такія ж парадкі.

Зоі адразу ж закарцела назад, але пасаромелася так хутка ўцякаць, праглынула крыўду і моўчкі праляжала да раніцы. А назаўтра ўвесь іхні паверх слухаў, як Васіль учыніў разнос дзяжурнаму лекару, як крычаў, што ён заплаціў за асаблівыя ўмовы і цяпер яны мусяць забяспечваць гэтыя ўмовы. Зоя вярнулася з працэдуры, калі сварка сціхла, і тая кабета, якая ўчора гаварыла пра няроўнасць, са здзіўленнем спытала:

- А ты што ж, дзівачка, сама да нас папрасілася? Значыць, праўда, што бяду лягчэй гуртам перажыць.

Мужа хутка «паставіла на месца» Вера Максімаўна, што на той момант апекавалася пацыенткай, якую перавялі з рэанімацыі. Доктарка абняла Васіля Пятровіча за плечы і сілком завяла ў свой кабінет:

- Шчаслівая жанчына ніколі не трапіць у гінекалогію! Я спадзяюся, што як лекар маю права такое гаварыць. Адзін мой калега ў падобных выпадках кажа, што Чарнобыль тут ні пры чым. Няхай маладзіцы лепей заводзяць добрых каханкаў!

У руках у Васіля запішчаў сотавы тэлефон. Ён машынальна націснуў кнопку, і нецярплівы жаночы голас заверашчаў:

- Васіль Пятровіч, ну дзе вы там? Саўну заказваць ці не?

Ведаючы, што сотавік «зловіць» яе голас, Вера Максімаўна ўзарвалася:

- Я зараз такую галавамыйку наладжу, што яму ніякая саўна сёння не спатрэбіцца!

Мужчына са злосцю выключыў тэлефон і прыціснуў Веру Максімаўну да сцяны:

- У маёй жонкі было столькі гарачых начэй, колькі табе, старая шлюха, нават не снілася!

Вера Максімаўна рассмяялася. Антон Вячаслававіч, відаць, паспеў расказаць пра неўладкаванасць яе асабістага жыцця, мужчыны горшыя плеткары за жанчын. Што ж, і ёй таксама данеслі, з якімі красунямі гэты жыццярадасны кот прыходзіць у адведкі да сваёй жонкі. Яна сапраўды не павінна была гаварыць яму падобную псеўдамедыцынскую лухту, дастаткова было сказаць, што жонка пакутуе ад адзіноты, што тыя шматлікія наведвальніцы, якія, бы яркія матылькі, злятаюцца ў яе палату, толькі пагаршаюць ейны стан, што Зоі зараз патрэбны побач не здаровыя жыццярадасныя бабы, а бабы яшчэ больш хворыя і няшчасныя. Але вусны міжволі прамовілі тое, што ёй карцела сказаць. Лекар не мае права ненавідзець сваіх пацыентаў, але ніякі прафесійны кодэкс не забараняе ёй быць шчырай з родзічамі сваіх хворых.

Безліч розных людзей па шматлікіх просьбах даводзіцца ёй прымаць штотыдзень, але гэтага самаўпэўненага мацака яна запомніць на ўсё жыццё. Хвароба блізкага чалавека робіць любога нахабніка разгубленым і далікатным, гэты ж упіўся ў яе вадзяніста-блакітнымі вачыма і не прасіў ці ўмольваў, а патрабаваў найлепшых лекараў і самыя надзейныя лекі. Маўляў, за ўсё ён разлічыцца ў тую ж хвіліну, хаця ён запанібрата з самімі Іванам Ігнатавічам і Дзянісам Мікітавічам.

Што яна тады сказала ў адказ? Што ў гэтай установе больш важныя прыяцельскія адносіны з госпадам Богам? Ці што перад тварам такой хваробы для яе пацыенты на адзін твар?

Калісьці маладой Вера здзіўлялася бесцырымоннасці і грубасці Зінаіды Платонаўны Доўнар. Цяпер жа яна разумее сваю настаўніцу: калі на цябе цісне цяжар людскіх хвароб і пакут, перастаеш саромецца гаварыць праўду. На яе плячах такая ноша, якая пад сілу не кожнаму мужыку. Часам зрываешся на такіх вось нахабнікаў, каб ураўнаважыць нешта ў сабе і ў свеце...

 

* * *

 

- Глянь, аўтобус падыходзіць, і зараз наша Вера Максімаўна выскачыць. Па ёй можна гадзіннік звяраць! - гаваркая жанчына ледзь не праткнула носам акно, каб лепей разгледзець доктарку.

- Я вось дзіўлюся, такі гэта вялікі чалавек, а як будзённа апранаецца, у адной і той жа спадніцы ходзіць, толькі верх мяняе, - прамовіла другая жанчына, але не паспяшалася да акно, бо лечыцца ў Веры Максімаўны каторы год і ведае яе лепей, чым хто ў палаце.

- Спадніц у яе дзве, толькі адна ў сіні гарох, а другая ў чорны, - папраўляе дзяўчына-весялуха. - Здаля і не заўважыш розніцы. Толькі ж і праўда вельмі сціплая адзежа ў нашай прафесаркі...

Зоя таксама стаяла ля акна і ва ўсе вочы глядзела, як Вера Максімаўна шпаркай хадой ішла праз бальнічны скверык, ківаючы галавою ў адказ на прывітанні сустрэчных. Лёгкая светлая спадніца, хутчэй за ўсё з віскозы, і блякла-блакітная маечка з кароткімі рукавамі, на нагах просценькія басаножкі без абцасаў. У белым халаце і шапачцы Вера Максімаўна выглядае больш велічна, а сустрэнеш яе дзе-небудзь на вуліцы і не здагадаешся, што перад табою жанчына, якую ў клініцы лічаць ледзь не богам.

Зоя ўзгадвае свой гардэроб, і ёй становіцца сорамна. У дзевяціметровым пакоі-чулане рассоўныя шафы да столі напакаваныя шматлікімі ўборамі, якія яна прывозіла з усіх куточкаў свету, дзе адпачывала ці суправаджала мужа ў яго дзелавых паездках. Некалі яна сама няблага шыла і таму ніколі не магла прайсці спакойна міма нязвыклых тканін, ведаючы, што Настасся Прыгожына здолее пераўтварыць іх у адмысловыя рэчы. А колькі ніводнага разу не апранутага, з бірачкамі, адзення ляжыць у яе дома! Зоя раптам уявіла Веру Максімаўну ў сваім новым сінім касцюме і ў іншай адзежы, якую яна прывезла з Францыі незадоўга да хваробы. Доктарка крыху ніжэйшага росту, але для атэлье Прыгожынай гэта не праблема. Ад хвалявання Зоя пачынае мераць крокамі палату, а потым узрушаная выходзіць на калідор.

- Я падару ёй адзенне, я павінна аддзячыць ёй за ўсё! - Зоя шэпча гэтыя словы, нібы якуюсьці малітву.

Недзе праз месяц у кватэры Веры Максімаўны з'явіцца пасыльны з чатырма ёмістымі пакетамі, больш падобнымі да мяхоў. Мужчына ўкіне іх праз парог і на няўпэўненае пярэчанне доктаркі працягне ліст.

«Была б мая воля, я апранула б вас у футра, тафту ды арганзу. Але ж ведаю, што таленту больш прывычная сціплая адзежа. І ўсё ж бываюць такія дні, калі жанчына павінна быць вельмі прыгожай. Вера Максімаўна, я дасылаю вам гэтыя рэчы ад шчырага сэрца. Не адмаўляйцеся: некалі я дала сабе зарок, што буду жыць доўга-доўга і буду шчаслівай, калі... Словам, прыміце мой сціплы дар, а трэба будзе нешта падкараціць ці перашыць, звярніцеся, калі ласка, да Настассі Прыгожанай, у сваёй справе яна такі ж бог, як вы ў медыцыне, хаця, вядома ж, ваша місія на зямлі нашмат важнейшая. Дзякуй вам за ўсё і будзьце шчасліваю...»

Міне яшчэ адно лета, такое ж і зусім іншае, перш чым Настасся Прыгожына папракне Зою:

- Дык ты зноў была ў Францыі і маўчыш?

Цяжка ёй было паверыць, што тыя касцюмы праляжалі ў доктаркі цэлы год і толькі, відаць, важная прычына прымусіла яе звярнуцца па ўказаным адрасе. Насця шчыра расхвальвала тую адзежу і казала, што Зоя святы чалавек, калі адарвала ад сябе такую раскошу:

- Ці, можа, у цябе яшчэ лепшая засталася?

- Я вось нашыла сабе простых шортаў з ільну і бегаю такая шчаслівая! - апраўдвалася Зоя.

Такая шчаслівая? Ніводны чалавек не ведае кошту гэтага шчасця. Зоя кладзе тэлефонную трубку і міжволі глядзіць у акно, туды, у суседчын двор, дзе Тамара завіхаецца ля кустоў руж. Лепшая суседка-сяброўка Тамара! Былая сяброўка, якая ніколі не здагадаецца, што яна былая. Суседка па-ранейшаму рагоча з чужых няўдач, абгаворвае чужых мужоў і так шчасліва-даверліва глядзіць на Зою.

Зоя любіла адкінуць фіранку ў холе другога паверху, любавацца суседскімі сядзібамі. Не нашмат горшымі былі і свае соткі, яна наймала жанчын з «пралетарскай» вуліцы, якія даглядалі сад, грады і кветнікі. Але хвароба гаспадыні нейкім чынам уплывала на расліннасць: у доме ўсе пакаёвыя вазоны змізарнелі, на вуліцы ўсё таксама рэагавала на бяссілле гаспадыні, якая больш не шчыравала над кожнай галінкай і кожным суквеццем. Тамарын жа «батанічны сад» быў сапраўдным цудам, дзе ўсё буяла і радавала вочы. Зоя любіла глядзець з акна на роўненькія, пад лінеечку, мініяцюрныя градкі, на фігурныя клумбы, на мудрагелістыя падвясныя кветнікі.

Зверху ўсё здавалася крыху інакшым, больш упарадкаваным і больш гарманічным, чым знізу. У той дзень яна адсунула фіранку і ўбачыла Тамару побач са сваім Васілём. Брамка, якая злучала дзве суседскія сядзібы, была прыадчынена. Муж стаяў на суседскай тэрыторыі, нешта казаў Тамары, а тая слухала яго з замілаваннем. Потым жанчына працягнула руку, каб зняць нябачную адсюль парушынку з лацкана яго пінжака, а Васіль перахапіў гэтую руку і на імгненне прыціснуў яе да сваіх вуснаў. Яны нават не азірнуліся, ці бачыць іх хто, і працягвалі гаварыць гэта жа захоплена.

Адкуль такая галантнасць у яе заўсёды стрыманага Васіля? Некалі на фабрыцы ў іх працаваў майстар Казік, які прыпадаў да жаночай рукі пры кожным зручным выпадку, і нікога гэта не здзіўляла, бо пан Казімеж быў родам з Заходняй Беларусі, дзе такія праявы былі нормаю мужчынскага выхавання. Казік цалаваў жаночую руку па абавязку, а Вася, відаць, ад вялікага жадання. А можа Зоі проста падалося ўсё гэта, на такой адлегласці ці ж можна разгледзець, што там было на самой справе? Бязглуздая дурніца са сваімі недарэчнымі падазрэннямі! У той жа момант Зоя ўспомніла пра знойдзеную завушніцу, і адразу зашумела ў галаве, потым кроў запульсавала ў яе жылах, а потым настала цішыня і стала чутно, як нехта на суседняй вуліцы раздражнёна крычыць: «Анюта, нясі сюды новую балею!» Нібыта выходзячы з наркозу, жанчына хапала ротам паветра і не магла даць рады сваім трывогам.

Тамара? Гэтага не можа быць! Зоя хутчэй западозрыла б ангельскую каралеву, чым суседку і сяброўку. Хто, як не Тамара, любіў падсмяяцца з донжуанства суседа Грышы, менавіта яна ўвесь час насміхалася з гулякі Сямёна Іванавіча, ды і на свайго мужа Багдана ківала не раз:

- Можа, там падгульвае з каторай у камандзіроўках, а я тут веру яму!

Тамара часта паўтарала: «Каторы з іх, пакажыце мне, не гуляе!» на што Зоя аднойчы ў запале запярэчыла: «Мой не гуляе!»

Чаму ж у яе нават і ў думках не было падазраваць Тамару? Можа таму, што з дзяцінства засвоіла народную філасофію бабулі Глашы, якая вучыла любімую ўнучку: «Жыць, мая галуба, трэба ў згодзе з сабою і са сваімі суседзямі». Інакш, маўляў, сумленне замучыць, і жыццё ператворыцца ў пекла.

Некалі Васіль не задумваючыся адцураўся сваёй нявесты, апраўдваючыся тым, што ён пакахаў другую больш палка і больш сур'ёзна і што ў нас не мусульманскія парадкі, каб мець дзвюх жонак. Лёс гуляе з людзьмі па сваіх правілах: калі ў Лявонавых з'явіліся дзеці, менавіта тая жанчына аказалася іх участковым педыятрам. Кожны раз Зоя пераступала парог яе кабінета з пачуццём вялікай віны, хаця віна тая была ўскосная: яна ні сном ні духам не ведала пра існаванне нявесты. А потым старалася супакоіць сябе тым, што нават знешне гэтая кволая, па-дзіцячаму тоненькая, ціхмяная і ветлівая доктарка з яе цягучым, запаволеным голасам не падыходзіла Васілю, высокаму, дужаму, парывістаму і наравістаму. Моцнаму падавай поўную агня і бадзёрасці? Цяпер, атрымоўваецца, яму больш падыходзіць Тамара?

Суседка ніколі не была для Зоі эталонам жаночай прыгажосці і прыцягальнасці. Як для кабеты, дык росту высакаватага, не столькі поўная, колькі шыракаплечая і неяк па-мужчынску скроеная, суседка звычайна ходзіць у джынсах, доўгіх кашулях і швэдрах. Ёй пасаваў спартыўны стыль, а ў вячэрніх сукенках Тамара выглядала на дзіва недарэчна. Зоя ў любой краме імчала туды, дзе віселі святочныя ўборы, затое Тамара спяшалася да палічак з паўсядзённай адзежай. Зоі і ў галаву не прыходзіла лічыць Тамару спакуслівай і зайздросціць той у нечым, хаця, праўда, шкадавала, што не навучылася, як суседка, вадзіць аўтамабіль.

Успомнілася, як Тамара нядаўна казала пра аднаго знаёмага:

- Не ўмееш гуляць, дык не гуляй!

Дык сама, значыць, умела? І цешылася з Васілём з той пары, як пачалі ўзводзіць катэджы па суседству і як абодва прыкіпелі душой да гэтай спачатку не надта ўладкаванай вёскі?

Васіль дняваў і начаваў на будоўлі, і так узнёсла расказваў, якія прасторныя будуць у доме пакоі, якой светлай павінна атрымацца гасцёўня, якую зручную мэблю ён зладзіць для новага жытла. Муж працаваў тады на мэблевай фабрыцы і выношваў планы адкрыцця сваёй фірмы па вытворчасці офісных шафаў і сталоў. Усё ў яго гарэла ў руках, збываліся ўсе планы, і ён быў бязмерна шчаслівы ад сваіх удач. Зоя ж на будоўлі бывала рэдка: у той год часта прастуджаўся старэйшы сын, да таго ж яе пужала неабходнасць перасяліцца ў вёску, няхай сабе і прысталічную ды перспектыўную, у якой на той час не было ні нармальных дарог, ні прыстойных крамаў, ні сярэдняй школы.

Тамара - вось хто, мабыць, быў тады адзінаверцам Васіля. Будаўнік па адукацыі, яна добра разбіралася ў шпаклёўцы і растворах, чарапіцы і бойлерах, душавых кабінах і шклопакетах. Закінуўшы да бацькоў дачку, Тамара нібыта запраўскі прараб раз'язджала на разбітай старэнькай «Маздзе», здабываючы па знаёмству сабе і суседзям розныя дэфіцытныя на той час матэрыялы.

У заляпанай растворам спяцоўцы, у рабочых камбінезонах і гумовых ботах Тамара зусім не была падобнай да канкурэнткі. Ці ж можна было пад яе паркалёвай хусцінкай угледзець шыкоўныя завушніцы з брыльянтамі? І яна так даверліва прытульвалася да свайго вусатага бамбізы Багдана, замілавана глядзела на свайго «артыста», калі той зацягваў моцным барытонам гуцульскія песні, што й не было сумневу, якая гэта шчаслівая пара.

Выходзіць, сапраўднай артысткай была яна, Тамара, з яе паказным замілаваннем і штучнай зычлівасцю? Зоя пераконвала сябе, што памыляецца, што гэта хвароба зрабіла яе недаверлівай і злой, што за чатыры гады іх сем'і здружыліся настолькі, што Васіль мае права чыста па-сяброўску прападаць да Тамарынай рукі. І ўсё ж неяк нядобра было на душы.

Назаўтра, перемагаючы свае сумненні, Зоя корпалася на градцы з моркваю, чакаючы з'яўлення суседкі. Тамара некуды збіралася ехаць, ля гаража стаяла машына, а з кухні ляцеў моцны пах кавы.

- Зойка, што прывезці з горада? - суседка заўважыла яе і падышла да агароджы.

- Дзякуй, нічога не трэба, Васіль учора быў на базары, - яна выпрамілася, сціснуўшы ў руцэ перапэцканую ў зямлі завушніцу.

- Глянь, які клад адкапала! Па-мойму, гэта брыльянт, і золата самай высокай пробы, - яна рабіла выгляд, што ўпершыню бачыць завушніцу і старанна працірала яе рукавом.

- Унё, дык гэта ж мая! - здзівілася Тамара. - Чэснае слова, мая!

Суседка адчыняла ўжо брамку і спяшалася да Зоі.

- Я згубіла яе недзе восенню і нават не думала, што ў цябе на агародзе.

- Не восенню, а чатыры гады таму. І не на агародзе, а ў маім доме ў складках пуфіка тахты, - Зоя ледзь стрымлівала сябе, каб не выпаліць усё гэта і не раструшчыць пад нагамі завушніцу.

- Аддам, калі пакажаш другую! - Зоя схавала руку са знаходкай за спіну і як бы дражніла Тамару, у душы жадаючы, каб другая завушніца была хоць бы ў чым-небудзь непадобная да гэтай.

- Прынясу! Вечарам прынясу разам з магарычом! - Тамара зірнула на гадзіннік, войкнула і пабегла, на хаду дагаворваючы, што спазняецца і што зладзіць з такой нагоды добры сабантуй.

Зоя ўявіла сабе, як сядзяць яны ўчатырох у альтанцы, п'юць тамарын магарыч і абмяркоўваюць «знаходку». Як спакойна Зоя паўтарае ранішні спектакль, як Багдан бесклапотна расцягвае вусы ва ўсмешцы, як таямніча блішчаць суседчыныя вочы, як па-змоўніцку глядзіць на яе Васіль, як агульныя іх успаміны аплятаюць альтанку шчыльней за лазу лімонніка, і не яркая чырвань ягад, а яе, Зоіна, кроў сцякае па галінках, лісці, каркасе. Чатыры гады яна была дурніцай і верыла, што Васіль, спляжаны турботамі на будоўлі і на фірме, менавіта таму часцяком ухіляўся ад чыста мужчынскіх абавязкаў, імгненна засынаючы на шырокім ложку. Чатыры гады яна была дурніцай, але ні хвіліны болей! Цяпер яна будзе хітрыць з імі і весці сваю гульню, вясёлую і жорсткую.

Няма часу адпраўляць ліст па пошце, Зоя бярэ адзін з канвертаў, якіх безліч у шуфлядках стала, нацягвае пальчатку на левую руку і выводзіць некалькі сказаў: «У Тамары доўгі язык. Разбрахала адной бабе, што сустракаецца з табой. Не баішся жонкі? А божага суда? Твой добразычлівец.»

У Тамары не настолькі доўгі язык, але чым яшчэ перапыніць гэтую сувязь? Пабіць вокны, як рабілі ў падобных выпадках у іхнім пасёлку? Вымазаць дзёгцем вароты і глядзець, як Тамара будзе спрабаваць адчышчаць іх рознымі мыйнымі сродкамі? Прыціснуць Васіля да свайго сухога ўлоння ў спадзеве, што абое загарацца тым нястрымным агнём, у полымі якога ім было так добра калісьці? Альбо нацягнуць на сябе маску старонняга назіральніка, адчуваючы, як пад гэтай маскай курчыцца яе душа?

Яна надпісвае прозвішча мужа і кладзе канверт пад стосік газет, якія Васіль мае звычку чытаць пасля работы. Трэба толькі ўручыць яму гэты ліст да прыходу суседкі-звабніцы.

У чаканні развязкі хвіліны цягнуцца бы гадзіны, а гадзіны бы цэлая вечнасць. Зоя распачынае ўборку на кухні, абы толькі заняць рукі, але нічым не адцягнеш увагу ад трывожных думак. Яе сэрца ледзь не вырывалася з грудзей, калі ўбачыла Васіля. Па-здрадніцку дрыжэлі рукі і палалі шчокі.

- Частуйся пакуль блінамі, вячэра сёння «лёгкая», бо Тамара ладзіць сабантуй, - Зоя працягвае мужу пошту і кажа са штучным здзіўленнем:

- Тут табе прыйшоў нейкі ліст без зваротнага адрасу і штэмпеля.

Васіль разрывае канверт і тут жа мяняецца з твару. Чытае яго ўважліва, потым абыякава кладзе ў кішэню і пачынае праглядаць газеты. Зоя прымушае сябе павярнуцца да пліты і заняцца патэльняй і цестам. Яна не мела звычкі лазіць па мужавых кішэнях і чытаць ягоную карэспандэнцыю, таму Васіль бесклапотным голасам кажа:

- У Рычарда «сотавік» забарахліў, праязджаў міма і ўкінуў ліст, пасаромеўся цябе турбаваць. А што за сабантуй і з якой нагоды?

Зоя абарочваецца і прамаўляе спакойным мяккім голасам:

- Сёння я знайшла завушніцу на градцы, а Тамара кажа, што гэта яе і гатова аддзячыць. Гуляць будзем у нашай альтанцы, тут больш зацішна, ды і Федарцовы не ўгледзяць, Тамара іх нешта не хоча бачыць.

- Чаму гэта Тамара неўзлюбіла Федарцовых? - муж спытаўся, не адрываючыся ад газеты, але гэтая стрыманасць не магла падмануць Зою. Як добра яна ўсё разлічыла! Жанчына, якая мужу так падабалася, аказалася звычайнай пляткаркай. А суседзі, інтэлігентныя, дабразычлівыя Федарцовы, відаць, не далікатнічалі з Тамарай, няйначай, уведалі пра нешта. Ды яшчэ гэты ліст...

- Сама не ведаю, чым Федарцовы заслужылі такую няміласць. Тамара ніколі не была сквапнай, а тут раптам абазвала тых халяўшчыкамі і нахабнікамі, што мяне вельмі здзівіла, - Зоя па-свойму расставіла акцэнты ў тых словах, якія Тамара сказала калісьці жартам і незласліва.

Галоўнае зараз - заблытаць усё такім чынам, каб адвесці падазрэнне ад сябе і паглядзець, як адрэагуе на ўсё гэта Васіль. Шкадавання не было, была лютая нянавісць удамешку да агіды і пагарды. І жаданне адпомсціць вытанчана, бо калі нельга прымусіць палюбіць сябе, то можна прымусіць сябе паважаць. Разумная жанчына - моцная жанчына, а Васіля здавён захаплялі розум і сіла.

- Гуляйце без мяне, мне трэба да Рычарда яшчэ падскочыць, - муж падсеў да стала і пачаў паспешліва вячэраць.

Зоя перавяла гаворку на сыноў, якія сёння званілі два разы і казалі, што яны ўжо сабралі рэчы, што ім хочацца дамоў, хаця шкада развітвацца з морам, новымі сябрамі і з пані Лолі, якая апекавала дзяцей і была вельмі добрай да ўсіх выхаванцаў. Потым загаварыла пра сад, у якім нашэсце нейкіх доўгіх экзатычных мух, пра тое, што сапсавалася газонакасілка і што дзядзька Лёня пытаўся, ці можна прыйсці са сваёй касой, пра іншыя дробязі. А потым гэта жа нявінна пацікавілася:

- Дык ты пасля далучышся да нашага святкавання?

- Гуляйце без мяне! - Васіль раздражнёна адкінуў крэсла і пайшоў адвязваць сабаку.

- Сябруй, даражэнькі, лепей з Бушыкам, ён хаця і брэша, ды таямніц не выдае! - Зоі карцела крыкнуць гэта ўслед мужу. Яна знясілена прытулілася да сцяны і заплюшчыла вочы. Як жа абясцэнілася ў іх усё - каханне, вернасць, сумленне, гонар...

 

* * *

 

Ала Фёдараўна не расплюшчваючы вачэй выключыла будзільнік і па звычцы пацягнулася ў ложку. Якая ж брыдота саснілася ёй толькі што! Нічога дзіўнага, звечара наплявалі ў душу, і дзень абяцае суцэльныя турботы. Яна не верыць у раптоўную хваробу Ігара Адамавіча, відаць, перапіў, нябога, учора з сябрукамі і папрасіў Барыса Пятровіча патэлефанаваць каляжанцы. Іншым разам Ала з вялікім задавальненнем паехала б у аэрапорт сустракаць замежных гасцей, калі б яе загадзя папярэдзілі. А так рушыліся ўласныя планы: Ала Фёдараўна збіралася згатаваць абед, схадзіць да знаёмай майстрыхі зрабіць прычоску, паглядзець сваю любімую нядзельную перадачу, а пазней апрануць новенькі шазюбль, нафарбавацца й выклікаць таксоўку, каб у найлепшым выглядзе прыбыць на вячэрні банкет.

Замест гэтага яна ноч спала на бігудзі і палільётках, спехам мудрыла з укладкай, бязлітасна палівала галаву лакам у спадзеве, што прычоска не расслыпецца да вечара. Трэба будзе падладжвацца пад настрой Барыса Пятровіча, непрадказальны, як у самай капрыслівай кабеты, быць ветлівай і абыходлівай з гасцямі, уладкоўваць іх у гатэль, паразумецца з перакладчыкамі. Да вячэрняга свята застанецца не больш за дзве гадзіны, ехаць дахаты не будзе часу і сэнсу. Яна ўявіла, колькі клопатаў яе чакае, як давядзецца бавіць час у сваім кабінеце, як пастарэе яе твар, як згубіць эфект прычоска, як пакамечыцца шазюбль. Гадоў пяць таму яе б не палохалі падобныя абставіны, але з узростам старанішся такога віхурнага жыцця. І ўсё ж Ала Фёдараўна прывыкла быць эфектнай і абаяльнай, якіх бы высілкаў гэта не каштавала.

Ала робіць лёгкі макіяж, пераносячы больш грунтоўную касметычную працэдуру на пазнейшы час. Шазюбль таксама трэба прыберагчы, у кабінеце ёсць прас, і яна паспее пераапрануцца. А пакуль - сціплая сукенка, ёмісты пакет і валідолі на ўсялякі выпадак, бо дзень абяцае быць нялёгкім.

 

* * *

 

На самым досвітку пазванілі ў дзверы. Алеся загадкава зірнула на маму і патлумачыла:

- Толькі не пужайся! Я знайшла праз Славікаву маму выязную цырульню. Не супраціўляйцеся, Вера Максімаўна, - і вы пабачыце цуд!

Дачка ведала, што мама генерал толькі на працы, а ў пытаннях побыту, моды, стылю яна адчувае сябе палахлівай і няўпэўненай, маскіруючы сваю неабазнанасць пад абыякавасць.

Маладзенькае дзяўчо ў блакітным халаціку, нібы хірург перад аперацыяй, расклала на прасціну безліч розных нажніц, пэндзлікаў і памазкоў, шчыпчыкаў і заціскачак, флаконаў і бутэлечак, і голасам, закалыхвальным, як наркоз, замурлыкала:

- Та-ак, стыль бландзінкі-буфетчыцы нам не пасуе. Да таго ж у Эўропе так фарбуюцца жанчыны пэўнай прафесіі... І пякучая брунецістасць нам не да твару... А каб выглядаць маладзей, давайце ўзмацнім ваш колер валасоў. Праз месяц я параіла б вам «карэ», а пакуль валасы кароткія, падымем іх угору з ілба і выкладзем у прыгожыя хвалі.

Вера Максімаўна здзіўлена глядзела ў люстэрка, пакуль дачка праводзіла майстрыху. Толькі зараз яна ўсвядоміла, як моцна рызыкавала, даверыўшы сябе незнаёмай жанчыне.

- Ну як, падабаецца? - Алеся не ўтрымалася, каб не дакрануцца да мамінай новай прычоскі. А ў мяне для цябе яшчэ адзін сюрпрыз! - дачка гаварыла весела, але твар яе раптам пастражэў. - Толькі не траць прытомнасць, мамулечка, бо ў нас на селішчы няма нашатыру. Спадар Петэр, мой шаноўны бацька, а твой адвечны суджаны, будзе сустракаць цябе ў Кёльне.

Вера Максімаўна адразу адчула, што Алеся не жартуе.

- Я ж цябе ведаю, мама, ты зноў не асмелілася б прызнацца бацьку пра маё існаванне. Ты магла б наогул пасаромецца з ім сустрэцца. І што мне, чакаць яшчэ васемнаццаць год? Таму я надумала здабыць яго электронны адрас і папрасіла дапамогі ў Славіка. У яго многа інтэрнетных сяброў у Германіі, і яны не падвялі. Я сядзела за клавіятурай і ўпарта, як той дзяцел, барабаніла: «Двое закончаных эгаістаў завініліся перада мною. Настаў час расплаты. Тата, ачомайся і зірні мне ў вочы! Яны зусім як твае: вялікія, блакітныя і такія ж нахабныя. Паабяцай, што возьмеш у падарунак мае фатаграфіі, якія я перадаю праз маму. Ад цябе чакаю такога ж жэста: замест маладога кучаравага прыгажуньчыка, які пазірае з даўняга фотаздымка, хачу ўбачыць аблезлага старога ката (націск у двух варыянтах), якога я ўсё роўна буду любіць так моцна, як ніхто на свеце. Твая Алеся».

- А што ён? Што ён, Алеся? - перабіла дачку маці.

- А ён купіў букет архідэй і чакае цябе ў аэрапорце.

Дачка не прызналася, што бацька прасіў адсканаваць здымкі і даслаць праз Інтэрнет, але гэта зрабіла б неабавязковай яго сустрэчу з мамай.

- Мамачка, апрані той чырвоны касцюм, ты ў ім такая маладая! Глядзіш, абудзіш у Петэра апошні ўсхліп гармонаў і сама адродзішся нанава! - яна рассмяялася, а слёзы ручаінамі пацяклі па яе твару.

Вера Максімаўна абняла дачку і прашаптала:

- Думаеш, у яго засталіся гармоны?

 

* * *

 

Васіль са штучным гвалтам схапіў адной рукой яе дзве рукі, прыціснуўся і свабоднай рукой пачаў лашчыць шыю, грудзі, дабіраўся ўсё ніжэй і ніжэй. Яе рукі раптам аказаліся свабоднымі, яна абняла яго так даверліва, і настаў той момант, які прымусіў калаціцца ўсё яе цела, і гэтае трымценне было такім прыемным і неспадзяваным.

Млявая і шчаслівая, яна слухала споведзь мужа, які задышліва казаў:

- Гэты ліст адправілі нейкія злосныя людзі. Я баяўся спачатку паказваць яго, бо ты ж яшчэ не зусім ачуняла, але ты павінна ведаць, што ўсё гэта няпраўда!

- Дык гэта ўсё няпраўда? - яна ўзрадавана прыўзнялася з ложка і ўбачыла ў люстэрку насупраць свой адбітак, сваю адзіноту і сваё расчараванне. А Вася спіць у пакоі насупраць, і зараз яна асцярожна спусціцца ў кабінет, дзе вісіць ягоны пінжак, у кішэні якога адтапырыўся сотавік. Сыны аднойчы паказалі ёй, якім чынам дазнацца, куды і ў колькі гадзін звоніць уладальнік тэлефона і адкуль яму ідуць званкі. Ведаць бы, што ёй прыдасца тая навука! Яна смяялася і слухала Алега з Іванам няўважліва, больш здзіўлялася, якія кемлівыя растуць у яе хлопцы. Давялося ўчора шукаць інструкцыю, звярацца са сваім сотавым тэлефонам, больш простым.

Каму ж тэлефанаваў яе хлус учора, спяшаючыся падзяліцца непрыемнай весткай? Усё правільна, усё лагічна: адзіны званок пасля дзевятнаццаці быў адрасаваны Тамары. Дык вось чаму яна была такая знарочыста вясёлая і так лашчылася да свайго Багдана, не шкадуючы напаўняла яго і сваю чаркі. Зоя цвяроза глядзела на гэты спектакль, які прыносіў не толькі пакуты, але і неспадзяваны азарт.

Зоя ідзе ў ванны пакой, шум вады заглушае яе слёзы. Што б сказала мама на яе споведзь? Адной рукой і вузла не завяжаш, мая дачушка, як жа ты без Васі дзяцей падымеш? Забожкала б, завойкала, загадала б цярпець, пачала б сыпаць праклёны на Васіну грэшную галаву. А сястрычка Хрысціна, якая вечна ўзбіваецца на заможнасць, хітравата б прыжмурыла вочы:

- І ў золаце купацца, і за шчасце хапацца? Мне б твае праблемы, зайчык!

І толькі Тамара, як спраўны псіхатэрапеўт, пачала б лячыць яе сваімі адвечнымі прыпавесцямі-жартамі. Можа і праўда паспавядацца:

- Ты знаеш, Тамарка, нейкая падлюга пазваніла і сказала, што ты з маім Васілём...

Зоі становіцца і весела, і горка ад такіх намераў. Ніхто не зробіць так балюча, як блізкія людзі. І што цяпер? Замураваць сябе ў нянавісць і абрынуць на іх галовы свой гневу і помсту? Дзе ўзяць на гэта сілы?

Учора яна ўвесь вечар цішком назірала за суседкай, імкнулася разгледзець, чым такім асаблівым прываражыла тая чужога мужа? І чаму ёй недастаткова Багдана з яго неўтаймаванай энергіяй, гучным смехам, з яго гуцульскімі песнямі і непрыстойнымі анекдотамі? І чаго такога няма ў ёй самой, што вымушае Васіля ганяцца за чужымі спадніцамі? Яна ўспамінае прыгажуню Валю, весялуху Зіну, строгую Марыну Захараўну, іншых кабет са свайго пасёлка, чые мужы здраджвалі ім з далёка не лепшымі жанчынамі. Дык, можа, прычына не ў ёй самой, а ў нечым другім, што разгледзець і распазнаць ёй не пад сілу? Магчыма, трэба спадзявацца толькі на самую сябе і на дзяцей, чыя любоў ніколі не расчаруе і не засмуціць? Не наракаць на лёс і на мужа-здрадніка, а паспрабаваць адасобіцца ад гэтых страшных праяваў і знайсці сабе справу, якая замяніла б ёй усё - і любага дагэтуль мужа, і спагадлівую дагэтуль суседку, і прыемную дагэтуль цішыню ў яе доме?

І сёння прыязджаюць яе любыя сыночкі! Зоя павінна быць самай радаснай мамай сярод тых, што будуць сустракаць сваіх дзяцей са спякотнай Гішпаніі. Яна старанна прычэсваецца, апранае лёгкі ільняны касцюм, кідае ў сумачку белы парасон, з якім цяпер заўсёды выходзіць на яркае сонца і з нецярпеннем чакае таксоўку. Чутно, як прачнуўся муж, як ён спускаецца па лесвіцы, і Зоя рыхтуе для Васіля адну са сваіх жыццярадасных усмешак. Сёння прыязджаюць яе Алежка і Ваня, а ўсё астатняе не варта ўвагі!

- Добрай раніцы, Вася! Што табе снілася?

 

* * *

 

Аэрапорт жыў сваім тлумным жыццём. На табло з'яўляліся новыя і новыя надпісы, гучны жаночы голас неразборліва аб'яўляў рэйсы, у залах хто паспешліва, хто нетаропка нёс свае чамаданы, сумкі, партфелі. Ала Фёдараўна ўзрадавалася, што да прылёту гасцей засталося яшчэ паўгадзіны. Можна сядзець і назіраць за людзьмі, асабліва за кабетамі, якія выдзяляліся хто знешнасцю, хто адзежай, хто паставай. Яе ўвагу прыцягнулі дзве жанчыны, адна зусім юная, з густымі цёмнымі валасамі, высокая і тоненькая, у светла-зялёным балахоне. А другая была апранута ў ярка-чырвоны касцюм. Дзесьці ўжо Ала Фёдараўна бачыла гэты ўбор. І раптам яна ўспомніла ўчарашні дзень, і Ала Фёдараўна пацягнулася за цёмнымі акулярамі, каб тая жанчына не пазнала яе. Барыс Пятровіч пайшоў недзе ў буфет асвяжыцца мінералкай, і Ала Фёдараўна сядзела ў кутку і незаўважна назірала за тымі жанчынамі. Маці і дачка? Хутчэй за ўсё так і ёсць, хаця знешняга падабенства паміж імі не бачна. Ды і Вера Максімаўна сёння зусім не падобна да сябе ўчарашняй.

Што з людзьмі робіць прыгожая адзенне і ўдалая прычоска! Ала Фёдараўна пазнавала і не пазнавала ў гэтай прывабнай жанчыне з гарэзлівай усмешкай тую шэранькую змучаную кабету, якая ўчора пераступіла парог салона Настассі Прыгожынай. Ала Фёдараўна на хвілінку адарвала позірк ад жанчын, каб пераканацца, што яе шазюбль не пакамечыўся ў пакеце, і зноў узняла галаву. Да дзвюх «паддоследных» спяшалася трэцяя, яна амаль бегла, нягледзячы на тое, што была абута ў шлёпкі на высокіх абцасах. Абедзве жанчыны войкнулі і абняліся. Родзічкі, відаць, ці знаёмыя, што даўно не бачыліся і якія вельмі рады нечаканай сустрэчы. Пакуль жанчыны абдымаліся, дзеўчынёха пайшла да табло і нецярпліва зірнула на гадзіннік.

Куды ж ляцяць гэтыя нуварышкі? У Маскву, Кіеў, Варшаву? Ці хутчэй у Кёльн, рэйс на які ўжо абвяшчае настойлівы голас дзяжурнай?

Ала Фёдараўна памкнулася ўслед за жанчынамі, заўважаючы яркі раменьчык на пінжаку жанчыны ў чырвоным, ёмістую сумку ў руках дзяўчыны, прыгожыя паўнаватыя ногі трэцяй, той, якая так спяшалася насустрач гэтым дзвюм. Ала Фёдараўна ўгледзела, што гэтая трэцяя абута зусім не ў шлёпкі, а ў зграбныя туфелькі, у якіх заднік меў колер загарэлай скуры і быў амаль незаўважны. Нешта падобнае было на гераіні Сафі Ларэн у адным з памятных фільмаў. Менавіта па абутку, нязвыкламу для яе, Ала Фёдараўна робіць выснову, што і трэцяя жанчына мае дачыненне да вышэйшага свету, і зайздросна ўздыхае. У гэтую хвіліну яна не думае ні пра Барыса Пятровіча, які няйначай вярнуўся з буфета, ні пра вадзіцеля Сцёпу, які адпрасіўся заскочыць да цешчы ў вёску ў трох кіламетрах ад аэрапорта і які можа спазніцца, ні пра гасцей, якіх трэба сустрэць з вялікай пашанай, ні пра свой шазюбль, які застаўся ляжаць у пакеце на лаўцы і да якога прымервалася ўжо вачыма жанчына бамжаватага выгляду.

 

2002




Беларуская Палічка: http://knihi.com