epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Баранавых

Аблігацыя

 

— Ноль, ноль, два, сем, тры, адзін, ноль, ноль,— мармытала Агрыпіна Ігнатаўна, ходзячы па сваім пакойчыку то ўзад, то ўперад.

— Ды што гэта з табою, Агрыпінка,— запыталася яе матка Пелагея Панцялееўна, пачуўшы, што яе дачка, нібы дурная, не перастае мармытаць нейкую курну.

— А вот не ваш інтэрас, мама. Я ведаю...— адазвалася яна весела ды зноў пачала мармытаць тое самае «ноль».

— Што ты ведаеш?

— А тое, што выйграю,— адрэзала яна.

— Ну, такі ж і сапраўды, мусіць, здурнела дзяўчына,— разважала Пелагея Панцялееўна. А пакуль яна разважала, дачка ўжо стаяла каля яе і каля самага яе носа трымала новенькую, нібы трохчырвонцавую паперку.

— Вось мама,— сказала яна,— аб-лі-га-цы-я!

— Ну і што?

— Ну і нічога, выйграю пяць тысяч, ды ўсё тут. Разумееце?

Але Пелагея Панцялееўна нічога не разумела.

Яна стаяла, вытрашчыўшы вочы, ды глядзела на паперку. Тады дачка вытлумачыла сваёй матцы, што яна сёння купіла рублёвую аблігацыю і што па ёй можна выйграць пяць тысяч, пры гэтым яна, Агрыпіна Ігнатаўна, мае надзею, што гэты выйгрыш будзе за ёю.

— Я ўвесь час трымала на ўвазе выйгрыш і вось... О, якая я шчаслівая! Я дастала выйгрышную аблігацыю,— скончыла яна і пусцілася ад маткі чуць не ў скокі, паўтараючы: «Ноль, ноль, два, сем, тры...»

Маці цяпер зразумела дачку. Маці ўгаварвала, што, можа, хто і выйграе, а не яна. Але Агрыпіна Ігнатаўна казала, што ў гэтым «хто» вось і ёсць, вось і павінна быць яна.

Пелагея Панцялееўна ўсміхнулася, сказала: «Дай жа, божа, чутае бачыць»,— і выйшла з яе пакойчыка.

Час ішоў, і Агрыпіна Ігнатаўна не пераставала працаваць на сваёй службе, на пошце. Сядзіць яна насупроць акенца, прадае паштовыя маркі, а ў яе ваччу так і круціцца «ноль, ноль...». І гэтыя «ноль» так і блытаюцца, пераплятаюцца адзін з другім альбо выцягваюцца, павялічваюцца ў некалькі разоў. І тады яны ёй здаюцца найвялікшымі, нібы нейкімі страшыдламі.

Прыйдзе Агрыпіна Ігнатаўна са службы дадому, і тут тое самае мільгаціць у яе позірку.

— Ну як не верыць у выйгрыш,— разважае яна,— калі гэты нумар стаіць, так і не выходзіць з галавы.

Вось і цяпер, ляжыць яна ўжо ў пасцелі, а гэтыя «нулі» як назнарок ані на хвіліну не перастаюць «маршыраваць» у яе вобразах.

— Ну выйграю, няхай сабе і выйграю,— разважае Агрыпіна Ігнатаўна, засынаючы,— так, так — выйграю... А тады?.. Не, не, служыць тады не буду, нашто? — і нейкі іранічны рогат вырываецца з яе вуснаў.— Нашто тады тая служба?! Ды я нават не пайду пехатою і па грошы... Не, ні ў якім разе! Фурмана вызаву, што мне тады... А цукерак колькі накупляю... О, хі-хі,— і яна аблізвае губы, нібы сасмактаўшы мандарынку.— Вось буду тады днём дома па садзе гуляць, а вечарам? А вечарам на лодку... У тэатры пайду... Эх! — і ў яе захоплівае дыханне ад радасці, яна, лежачы, перакручваецца на другі бок.

Недзе ледзь чуваць стукаюць гарадскія часы.

Агрыпіна Ігнатаўна налічвае тры, але гэта нічога.

Яна зноў перакручваецца на той самы бок і зноў блытаецца ў думках: пяць, пяць тысяч!..

— Пачакай! — нібы перабівае яна кагось і, паразважаўшы хвіліну, мармыча: — На паліто, значыцца, трыста рублёў... так, так, трыста... О, не! Я не буду хадзіць у такім, як Галена Змітраўна ходзіць, што ўжо і богу і людзям прыгледзіўся гэты яе падроблены «кот». Не, не менш як трыста на паліто,— канчаткова вырашае яна.— На тры шаўковыя сукенкі... так, так — на тры... А што там... Ну, няхай таксама трыста... Чаравікаў дзве пары: жоўтыя і чорныя, ну і ўсё такое... Няхай сабе разам на тысячу сабярэцца... А яшчэ? а яшчэ чатыры, чатыры тысячы! Ух!..— І яна ад асалоды забываецца, аб нечым мармыча, падобным не то на той жа «ноль», не то аб нечым са сваёй службы, і засынае.

І сніцца Агрыпіне Ігнатаўне, што яна стаіць каля самай латарэі: не адна яна стаіць, а цэлыя тысячы людзей стаяць — чакаюць галоўнага выйгрышу.

Круціцца машына, выкідае выйгрышы адзін за другім. Хвалююцца людзі, чакаюць: кожны хоча выйграць галоўны выйгрыш, яе, Агрыпіны Ігнатаўны, выйгрыш. Ненавідзіць яна гэтых людзей, што хочуць адабраць ад яе тое, што ёй належыць. А машына круціцца ды круціцца, і... замітусіліся людзі, ды сціхлі — слухаюць.

— На аблігацыю 00273100 паў выйгрыш, самы галоўны выйгрыш — пяць тысяч рублёў,— заяўляе старшыня розыгрышнай камісіі ды дабаўляе: — Хто мае гэтую аблігацыю, грошы можа атрымаць праз тры дні, як выйдзе ў друку гэты нумар. Грошы можна атрымаць у Дзяржаўным банку.

І Агрыпіна Ігнатаўна маўчыць, нікому не кажа, а толькі бліжэй прыціскае да сэрца сваю аблігацыю, ды шэпча аб сваім шчасці, аб сваіх марах...

— Але не, не, я яшчэ раз перадумаю, што лепей купіць... Не, не — я перадумаю,— мармыча яна і прасынаецца.

Свет раніцы прабіваўся праз акенцы, калі Агрыпіна Ігнатаўна раскрыла вочы.

— Дык гэта я ў сне...— здзіўлена, яшчэ не верачы, разважала яна.

У той жа дзень пачаўся розыгрыш.

Патрэбна мець уяўленне, з якімі пачуццямі сачыла, пераглядвала Агрыпіна Ігнатаўна кожны дзень выйгрышныя табліцы?

І вось, калі Агрыпіна Ігнатаўна ў адзін з прыгожых летніх дзён сядзела за сваёю працаю і звычайна пераглядала выйгрышную табліцу ў свежым нумары газеты, дык яна сваімі дрыжачымі вуснамі «ноль, ноль, два, сем, тры, адзін, ноль»,— прачытала і зусім страціла прытомнасць.

На гэты нумар і паў галоўны выйгрыш у пяць тысяч рублёў.

— А! — хацела крыкнуць тады Агрыпіна Ігнатаўна, але так і засталася з адчыненым ротам. Яна яшчэ і яшчэ раз праверыла нумар і — о! — не хапала, не хапала, аднаго... аднаго ракавога нуля не хапала!

— Значыцца, галоўны выйгрыш у пяць тысяч рублёў не мой...— застагнала яна.

І тады... і тады, дастаўшы сваю аблігацыю, з нейкім шалёным здавальненнем падрала яе, на самыя дробныя кусочкі падрала!

А праз некалькі дзён... А праз некалькі дзён, калі розыгрыш яшчэ цягнуўся, калі Агрыпіна Ігнатаўна, як і раней, спакойна сядзела і прадавала маркі, да яе падышоў знаёмы ёй тэлеграфіст Міхал Цімафеевіч і сказаў:

— Агрыпіна Ігнатаўна, наколькі мне памятуецца, на вашай аблігацыі павінен быць гэты нумар,— і ён паказаў ёй на нумар выйгрышаў у свежай газеце. Яна моўчкі падняла вочы і прачытала, выразна прачытала: «На аблігацыю 00273100 паў выйгрыш у пяцьсот рублёў».

У яе ваччу тады зрабілася цёмна. Маркі, што ляжалі перад ёю, так і распаўзаліся ў розныя бакі. Чырвоныя кругі мітусіліся, гарэлі тысячамі іскраў, а потым ніклі, прападалі, а іх месца займалі другія, больш яркія, выразныя.

Міхал Цімафеевіч, паглядзеўшы на яе здзіўленнымі вачыма, адышоў.

Нехта папрасіў марку,— яна не чула.

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Баранавых Сымон. Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты / Укладальнік, уступны артыкул і каментар Л.Савік. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989. - с. 25-28
Крыніца: скан