epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Баранавых

Адступленне

Дзядзька мой, Тодар, барануе грэчку. Барана такая шырокая ў дзядзькі, што аж дастае мяжу дзядзькі Рыгора, а з другога боку — мяжу майго бацькі. Я пасу нашу Машку на сценцы і думаю сам сабе: «Не мог Тодар зрабіць вузейшае бараны. Усю мяжу нашу абдзярэ бакавым заднім жалезным зубам».

Машка смачна шчыпле дзятлік, і я пераводжу мае думкі на яе мызу. У Машкі вельмі мяккая мыза. Яна спрытна глэмае, мусіць, смачны дзятлік.

А надвор’е такое ветлае... Учора пад вечар крапіў дожджык — бацька казаў, што пойдуць грыбы расці. Мне не вельмі-то хочацца стаяць на сценцы. Вельмі ж марудная работа, гэтая паша. Ды калі яшчэ, чую я, вунь дзе, на Цітавым узгорку. Цітаў Сцёпка з Амяллянавым Ванькам качаюць кацёлку...

«От бы я загнаў гэтага Амяллянчыка з кацёлкай... аж пад самае балота»,— думаю я. Але раптоўны грукат перапыняе мае думкі.

— Ці не абоз гэта едзе? — кажа мне дзядзька, адкідаючы барану на завароце.

— Хто яго ведае,— кажу я,— можа, і абоз.

Калі дзядзька Тодар пытае ў мяне пра абоз, я сморгаю нашу Машку за вобраць: хай бачыць ён, што Машка ў мяне не разбазырана.

— Еш, еш...— кажу я Машцы, і мяне апаноўвае злосць на дзядзьку Тодара. Ён, калі адкідаў барану — зачапіў палавінаю бараны за нашу мяжу і адарваў ад яе цэлы кавалак. Я спрунжыніў мае губы — сплёўваю ад гэткай работы, ды сам сабе думаю:

«Стары чалавек, як малы ўсё роўна...»

А грукат яшчэ большы чуваць за Карповічаваю кудзяркаю.

«Гм...— думаю я,— няўжо ж гэта абоз?»

Але мяне перапыняе старая Марыся:

— Цышка, Цышка... Цышка,— чую я, як на ўвесь голас кліча Марыся сваю перапёлістую свінню.

«Мусіць, недзе ці не ў грады ўвабралася,— падскоквае да мяне думка.— Нямашака на яе белых палякаў...»

Праз усе гэтыя дні ішлі белых палякаў абозы. Мой бацька казаў, што ім вельмі зрабілася крута. Бацька казаў, што іх і вунь як прышпічылі нашыя чырвоныя армейцы. Дык яны як мага праз усе дні валам валяць па гасцінцы. І пазаўчора ў дзядзькі Флёркі забралі рабога парсючка. Як плакала ды як прасіла Флёрчыха ў іх, каб не бралі... У іх жа быў толькі ён адзін як на развод.

Да чаго белыя палякі не бяруць на ўвагу, калі хто плача.

І я сморгаю Машку за вобраць:

— Скубі, скубі,— кажу я на Машку ды пазіраю, чаго яна паюдзіла свае вушы.

Аж раптам:

— Садзіся!..— чую я, крычыць мне дзядзька Тодар

Я не разумею, чаму ён крычыць мне «садзіся»?

— Садзіся! — на ўвесь голас крычыць дзядзька.

Тады бачу я, як спрытна адчэплівае ад бараны па стронкі ды сядае на свайго каня. Я зразумеў цяпер, што і мне ён кажа, каб я садзіўся.

— Куды ён?..— пачынае свідраваць мяне думка Але не паспеў я падумаць гэта, як бачу: да нас імчыцьца на кані белы паляк.

Увесь ён вельмі ж прыбраны: з шашкаю, з ляворварам, са стрэльбаю.

І я зразумеў: дзядзька Тодар крычыць, каб мы ўцякалі. І мне адразу падумалася, што ён хоча забраць нашу Машку і дзядзькавага каня.

Праз усе дні гэтыя, як ішлі белыя польскія абозы,— мы хаваліся на балоце. Нашы коні вельмі нават не баяцца балота; найболей наша Машка... Яна табе па самае чэрава ўлезе аж у самую твань і будзе мянціць павітуху.

Мой бацька кажа, што гэта залатая кабыла...

— Стой... стой! — на ўсё поле крычыць прыбраны белы паляк. А мы — як не чуем. Я цяпер вельмі моцна трымаюся за Машчыну вобраць. На ўсю выскачку ляціць Машка. Я з усяе сілы тузаю вобраць, каб яна яшчэ мацней бегла. Вось-вось, здаецца,— дагоніць мяне белы паляк. У мяне аж ёкае сэрца, што не будзе тады нашай Машкі.

— Нну-у-у! Ну-у-у!..— цісну я, стукаю босымі нагамі па яе цёплых баках. Ну-у-ж!..

Але што ж гэта?.. Мы раз’ехаліся з дзядзькам Тодарам. Ён проста паехаў, а я падаўся ўбок. Я цяперака еду — па сабе. І я не чую цяпер за сабою белага паляка.

Каля канавы — хлопцы з нашай вёскі: Лаўрэн Тадэвушаў, Максім Крупнічак, Пахом Цітаў, Лявон Анупрэйчык... І яшчэ — незнаёмыя нейкія. Мусіць, ці не з Балотца. У іх таксама ляворвары. Мяне — пакуль я адразу не пазнаў быў — аж страх працяў. (Потым я ўжо здаўмеўся, што яны хочуць падсцерагчы белых палякаў.)

Гарыць агонь, і мы ўсе вот гэтак каля агню. Аж нават неяк весела. Дарма сабе, што няма як, праз белых палякаў, ісці дадому.

— Маладзец,— кажа мне дзядзька Тодар,— маладзец, што не ехаў за мною, а раз’ехаўся.

Цітаў Пахом кажа:

— Табе ж трэба было адразу падумаць: удвух будзеце ехаць — абодвух можа злавіць белы паляк. А так — аднаго каторага.

І мне аж весела, што сцяміў я ды раз’ехаўся па сабе.

— Каб польскі ахвіцэр паехаў за ім (гэта, за мною),— кажа Лявон Анупрэйчык,— злавіў бы.

— Не вельмі...— кажу я.— Машка мая бегла на ўсю сілу.

— Злавіў бы,— паддакуе адзін з незнаёмых.

А я сам сабе другое думаю, толькі не хачу ім ісці больш на перакорлівасць.

— І вышлася яно, маё малое, што мы ад польскага ахвіцэра ўцяклі,— кажа дзядзька Тодар.— Калі раз’ехаліся — ахвіцэр паехаў за мною. Убачыў, што конь лепшы ў мяне (вельмі ж порсткі мой конь). На выскачку ехаў я і каб трохі — да самага б балота. Саўсім крыха заставалася, каб даехаць, як — скінуўся быў з каня. Тады бягом пабег, не пусціў каня з рук. І ўжо — вот-вот — ахвіцэр наехаў. А я адразу і пайшоў па балоце з канём. «Стой, стой!» — крычыць ахвіцэр. І ўсё цэліцца, каб выстраліць. Пстрык, пстрык, а яно і не страляе.

— Патронаў не было, бадай,— заўвагу зрабіў Цітаў Пахом.— Не было б цябе ўжо, Тодарка!..

— Мусіць, што не было патронаў,— кажа дзядзька.— Я нават і не меў на вуме, што ён будзе спробу рабіць — страляць у чалавека...— Дзядзька Тодар палажыў на агонь галіну ды гаварыў: — А з каня свайго, ліхі гад, не хоча злазіць: капытуе поплаў — хоча, каб ехаць за мною на кані, па балоце. Дык дзе ж то відана — такі-то сухапутны конь і ні блізка... На дыбкі становіцца.

І калі дзядзька Тодар гаворыць нам усім,— мы чуем, што нехта бяжыць да вогнішча. Я гляджу на Цітавага Пахома, а ён папраўляе рукою за пазухаю ляворвар. (Каб ён не вытыркаў.)

— Што робіцца!.. Што робіцца!..— сіпатым, ціхім голасам кажа, падбягаючы да вогнішча, Мікітава Зося.—Усё дашчэнту ачысцілі,— кажа яна да дзядзькі Тодара,— усю адзежу, да рубчыка, забралі. Палатно забралі. Гэта ж за тое, што ты ўцёк. Смусь падказаў, дзе ты жывеш... Мы ж усе бачылі, як вы ўцякалі.

— Смусь думае, што ён будзе векаваць солтысам,— кажа са злосцю дзядзька Тодар.

Лявон, здаецца, аж хацеў скамячыць свой ляворвар.

— Яны казалі нават,— кажа Зося,— падпалім тваю хату. Іх жа поўна вёска. Адступаюць і адступаюць, без канца...

І калі я слухаю, як апавядае Зося — у мяне вунь якая ўздымаецца злосць на польскага ахвіцэра.

Па-першае, што гэта,— хіба яго коні? А па-другое, хай ён сабе ведае, што і ў дзядзькі Тодара, і ў майго бацькі магла б застацца без коней непасеянай грэчка.

Раніцаю Лаўрэн Тадэвушаў, Марцін Крупнічак, Пахом Цітаў і вельмі ж шмат незнаёмых з ляворварамі (як потым я даведаўся — гэта былі партызаны) сустрэліся каля старых бяроз, што за нашаю вёскаю, з чырвонымі армейцамі.

Чэрвень, 1932 г.


чэрвень 1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Баранавых Сымон. Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты / Укладальнік, уступны артыкул і каментар Л.Савік. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989. - с. 91-95