epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Баранавых

Боты

І
ІІ


 

І

Боты...

Звычайнага чорнага крою боты. Гамбургскія перады. Платавыя халявы. На высокіх абцасах. Насы-гулы. Крыху запэцканая падэшва. Нібы толькі што знятыя з капыла. І от нібы ад прымеркі гэтае «запэцканае».

Адным словам, з ботамі майго дзядзькі Тадэвуша вялікае няшчасце. Можна сказаць, цэлае гістарычнае здарэнне ўтварылася.

— Я скора высахну ў шчэпку, у арэх! Яны мне жывому, дамавіну зробяць!

Аж рукамі ўсплёсквае мой дзядзька.

Аж валасы рве на сваёй галаве.

А няшчасце альбо гістарычнае здарэнне не звяртаецца назад. Хоць ты ўсе валасы з галавы павыцягвай Хоць ты размудрыся сабе ды галавою ў ваду плёхніся,— нізашто не звяртаецца.

Але хіба можа зразумець мой дзядзька аб тым, што здарылася з яго ботамі? Хіба ён можа разумець, што яно, гэтае здарылася, не звяртаецца? Хіба ён можа, ка лі перад вачыма як на далоні ўсё роўна распластаўся факт, ды такі факт, які, можна сказаць, за самае нутро за самы кончык сэрца жме, жме, як абцугамі шчыпле? Не, дзядзька Тадэвуш не можа зразумець!

— Боты! Такія-то боты! Гамбургскія перады! Оо-гго

От што разумее, от што бачыць цяпер перад сабою мой дзядзька.

Па-першае, хто такі мой дзядзька? Колькі яму гадоў? Які ў яго характар? Якая ў яго сям’я? І якім чынам ён прыходзіцца мне дзядзькам?

Каб адказаць на закранутыя запытанні, я прымушан падысці да майго дзядзькі вельмі асцярожна.

Чаму іменна асцярожна? А таму, што мой дзядзька хварэе катарам трыбуха (жалудка). Гэтая хвароба ў яго не з малых дзён. Яна пасялілася, як ён стаў самастойным гаспадаром.

Дзядзька кажа, што яна ў яго ад людской пераяды. Гэта значыць, людзі ніколі не даюць дзядзьку спакою.

Іначай кажучы, людзі зайздросцяць майму дзядзьку. Глядзяць на яго жыццё ды зайздросцяць.

— Оо-гго! Але ж, але! — гэта прыказкі майго дзядзькі. Першую прыказку найболей дзядзька ставіць у пачатку свайго сказа. Апошняю — ён падмацоўвае гэты сказ.

Дык от:

— Оо-гго! Гэтыя людзі... яны от не бачаць, як я мучуся. Але ж, але — не бачаць!

А мука майго дзядзькі вельмі простая. І яе, можна сказаць, людзі век не пабачаць.

— Каб іх папераядаў чэмер! Каб іх папранізвала стрыхліна! Але ж, але — стрыхліна!

Гэтак кляне людзей мой дзядзька. За тое кляне, што яны (людзі) бачаць, як яно прыйшло, і зусім не бачаць, як яно выйшла.

Цяпер от сядзіць за сталом, абедае ды кляне.

Калі дзядзька кажа прыйшло, дык ён пад гэтым «прыйшло» разумее прыбытак у яго гаспадарцы. Гэта за цэлы год дзядзька сабраў пяць з паловаю пудоў каровінага масла. Ён сабраў дзвесце трыццаць адну капу яек. Сабраў трыста адзінаццаць сыроў.

Гэта за цэлы год.

Мой дзядзька не любіць цыркаць — прадаваць па адной штучцы. Па-другое, у кожны час года — свая цана.

І мой дзядзька... ён мог бы заўсёды датрымаць свой тавар да гэтае цаны.

Але от цяпер...

— Оо-гго! Столькі-то дабра. Боскага, такога-то дабра зглумлена. Але ж, але — зглумлена!

Гэтак, цяпер абедаючы, кажа мой дзядзька. А справа от у чым: усё назбіранае за цэлы год, можна сказаць, згніло. Збуцвела, адным словам, не дачакаўшыся лепшай цаны.

З дзвесце трыццаці аднае капы яек толькі паўтары капы за тры дні адабраў Мордух. (Гэты, што краму трымае, дробным гандлем займаецца.) З пяці з паловаю пудоў масла — паўпуда адкупіў Мордух.

Пяць пудоў такога-то каровінага масла як за плот.

Але хіба можна «боскі» дар за плот выкідаць? І от мой дзядзька цяпер... мучыцца, седзячы за абедам. Ён ніяк не можа праглынуць дашчэнту з’елклага, стухлага масла. А яйкі?!

— Каб іх нэндза гэтак ела, гэтых людзей! Каб яны вытарашчылі свае вочы на самы лоб! Але ж, але — на самы лоб.

От чаму пераядаюць людзі дзядзькава сэрца. От чаму не бачаць яны, гэтыя людзі, як «яно» выходзіць.

І галоўнае, праз такіх-то катар дзядзькавага трыбуха выходзіць.

Дык от за гэтым я і павінен ужо падысці асцярожна да пытанняў аб маім дзядзьку.

Адным словам, каб не ўкволіць дзядзькавага хворага месца.

Майму дзядзьку Тадэвушу каля сарака гадоў. І каб сказаць, што ён не служыў у вайсковыя часы,— дык нельга.

Нягледзячы на катар, служыў дзядзька.

— Оо-гго! Хто гэта ні выслужваўся вайсковым часам. Я на што ўжо хворы чалавек, а от давялося. Ад самых пакроў ды да самага Пятра пратарабаніў Але ж, але — пратарабаніў!

І калі разглядаць, у якія вайсковыя дні і ў якасці каго давялося пратарабаніць гэтую службу майму дзядзьку, дык от што можна ўстанавіць з яго гутаркі

— ...Такі-то ваенны час! Палякі толькі г-гыых па вёсцы: «Хто солтыс! Коней солтыс!» Оо-гго — гэтая служба. За ёю, за гэтаю службаю, зямля мая была ў свой час не дагледжана. Але ж, але — не дагледжана.

От што можна ўстанавіць.

Цяпер мой дзядзька жыве на адной валоцы гэтай зямлі. (Гэта на дваццаці дзесяцінах...) У яго не так-то даўно паўвалоку адрэзалі, ці, як кажа мой дзядзька, адцялі.

— Каб ім галовы, мае дзеткі (гэта да мяне кажа дзядзька, гэта на тых, кажа, хто адрэзаў), каб ім галовы паадцінала, як яны адцялі такі-то кусішча. Без хлеба мяне з сям’ёю пакінулі. Але ж, але — пакінулі.

А сям'я майго дзядзькі складаецца з яго самога, з яго жонкі Хадоры — траюраднай сястры майго бацькі,— ад чаго дзядзька Тадэвуш і прыходзіцца мне дзядзькам, з яго адзінаццацігадовага сына Габруся і з парабка Амялляна.

Амяллян служыць у дзядзькі Тадэвуша адзінаццаты год. Дзядзька годзіць яго не то што на год, а залпам.

— Што там гэты год, мой мілы Амяллянка,— кажа мой дзядзька,— як кажу: зіма — лета, от табе і год. Оо-гго — гэты год. От ужо, мой мілы Амяллянка, нечага захад адзін: от кажы, колькі ты захочаш разам за тры гады. Яно ўжо і бог тройцу любіць. Але ж, але — любіць.

І Амяллян кажа:

— Паўтараста трэба за тры гады. Дый боты, каб з хромавымі халявамі...

Але мой дзядзька... збівае на дзевяноста дзевяць рублёў з палавінаю.

— От ужо хто яго, мой мілы Амяллянка, аб паўрублю хадзіў.

— Не, няхай роўна круглая сотня,— упіраецца Амяллян.

— Ды ці хіба ж ты, мой мілы Амяллянка, лічбіне прысягнуў? — сарамаціць мой дзядзька яго. Яно ж у лішку ды ў палавіну і ў жыцці лепш павязе. Але ж, але — павязе.

І ў Амялляна няцвёрдая натура. Ён паддаецца: ідзе на дзядзькаву прапанову.

А Амяллянавы грошы, за тры тройцы гадоў, ну куды іх? — на паклажы ў майго дзядзькі. Чацвёртую «боскую» тройцу заслужвае Амяллян, ніводнай капейкі яшчэ не атрымаў ад майго дзядзькі.

Збірае Амяллян, усё ў паклажу збірае.

— Не ўсе дома ў Амялляна,— спатайка кажа мне, і толькі мне, мой дзядзька. Але ж, але — не ўсе.

І дзядзька круціць над сваім ілбом паветраныя абаранкі.

Дык от я ўжо і падышоў якраз да няшчасця альбо да гістарычнага здарэння з дзядзькавымі ботамі.

 

ІІ

Мой дзядзька любіць акуратнасць. Ён не то што кінуў-рынуў. Ён чалавек, які любіць, каб табе рэчы на сваім месцы ляжалі.

На куце стаялі боты. Пад самымі абразамі на лаве.

Яшчэ як хлапцом быў мой дзядзька, як да свайго вяселля шыў, дык от з таго часу занялі боты на куце гэтае сваё месца.

Суседзі-аднавяскоўцы, прыходзячы да майго дзядзькі, часамі браліся за насы, каб утрымацца ад рогату — міргалі адзін на другога, паказваючы на боты. Але гэта найбольш з тых, як называе цяпер мой дзядзька, з малакасосаў.

Дзядзька Тадэвуш браў тады боты з кута і, не зважаючы на «малакасосавы» насмешкі, паказваў боты Яны разглядалі прыстрочку, мацалі насы-гулы, глядзелі ў сярэдзіну халявы, слінілі падэшву, стукалі па ёй шчыкалаткамі пальцаў і толькі тады ўжо казалі:

— Эх-х, боты! Вельмі ўжо перады мясістыя. А падэшва, а падэшва, брат, як камень,— вечная. Работа ыы-хх работа: чы-ы-стая, мо-оцная.

А мой дзядзька пад гэта:

— Оо-гго! Я ж кажу: усё адно да другога падагнана. І так шчыгульна. Але ж, але — шчыгульна Па-ас-таў жа іх, нябож, ды прыкрый анучынаю,— пасля агляду загадваў мой дзядзька жонцы Хадоры, якая сядзела за сталом, нешта шыла.

І боты стаўляліся. Яны завешваліся адмысловымі чыстымі анучамі з кужэльнай старызны. Адным словам, праходзіў год, другі, пяты... Боты паказваліся таму, хто яшчэ не бачыў, ды ізноў стаўляліся нібы на вечную варту «святых» абразоў.

Не без таго, бывалі дні, калі дзядзька Тадэвуш абуваў свае боты. Але бывала гэта толькі ў самыя ўрачыстыя дні: на каляды, на вялікдзень, на сёмуху, часамі, не болей.

Тады мой дзядзька загадваў Амялляну запрагчы каня і пад'ехаць да ганка. А дзядзька, абуўшыся ўжо ў боты, выходзіў дый садзіўся на каламажку проста з ганка. Ён тады ехаў да царквы і не далей. У госці дзядзька Тадэвуш ехаў — хай яны будуць залатыя, гэтыя госці — у новых лапцях. Яны адмысловыя, на дванаццаць вушак.

— Оо-гго! У гасцях — гэта не ў царкве. Там табе (у царкве) ніхто на боты не ўзаб’ецца; там табе такі-то прасторышча. Але ж, але— прасторышча.

Але час ішоў. Наступіў адзінаццаты год дзядзькавым ботам. Яго сыну Габрусю таксама пайшоў адзінаццаты.

Шмат, адным словам, утварылася змен. Амяллян даслужваў чацвёртую тройцу. Дзядзька Тадэвуш пастарэў неяк. І от аднойчы...

— Оо-гго! Але ж, але.

Успляснуў дзядзька Тадэвуш рукамі аднойчы адною раніцаю.

Перад нядзеляю гэта было. Мой дзядзька лёг на адпачынак. Хоць заўтра на працу і не трэба спяшацца, але от лёг. Што пажылому чалавеку: гульня ці якое ліха патрэбна? Дык лёг сабе гэтак дый заснуў. Цётка, дзядзькава жонка Хадора, таксама заснула.

Адным словам, не спалі Габрусь ды Амяллян. Амяллян на двор нечага выйшаў. Мала чаго чалавек выйшаў.

Дык от тады, калі Габрусь толькі адзін застаўся...

— Такія-то боты! Гамбургскія перады. Валацуга, гультай, абібок...

Гэтак раніцаю ляскаў мой дзядзька ў далоні.

От што тады.

Адным словам, калі ўчора ўвечары ніхто не мог бачыць, тады Габрусь абуў боты дый — ш-шасць на вечарынку. А яна, гэтая вечарынка, тут жа пад бокам, у Марцінавых была. А на вечарынцы яго таварышы, Анісь з Лукашыкам, такога-то раскамарыцкага выбівалі. Хіба мог уцярпець Габрусь?

І от пасля таго, як ён, Габрусь, не мог цярпець:

— Такія-то боты! Гамбургскія перады.

 

Але ж, але — адсталі ад падэшвы, выскалілі зубы. Адным словам, збуцвелі за адзінаццаць год. Дык от якое няшчасце, можна сказаць, гістарычнае здарэнне ўтварылася з ботамі майго дзядзькі.

 

в. Рудкова, 25.VI.1928 г.


25.06.1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Баранавых Сымон. Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты / Укладальнік, уступны артыкул і каментар Л.Савік. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989. - с. 56-61
Крыніца: скан