epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Баранавых

Хлопчык Петручок

 

— Уставай, мой сынок, уставай, Петручок. Умыешся, дык і сон пройдзе. Я табе паснедаць дам, і ў торбачку возьмеш... Уставай, маё дзіцятка, ды сходзіш...

І Петручок, дзесяцігадовы хлопчык, падняўся і сеў на ложку. Ён пачухаў каля вуха, потым пад пахаю, а калі Хрысціна, яго маці, трымала над цабэркам конаўку халоднай вады, саскочыў з ложка ды пачаў умывацца.

Вялікае гора было ў Хрысціны: яе сямігадовая дзяўчынка Настуля ляжала пры смерці.

— Вось нічога ані ў рот, акрамя калі жыжачкі з крупніку паспрабуе, ды і тую вырве, вытузае зразу ж,— плакала Хрысціна, жалілася суседцы Макрыне, якая прыходзіла даведацца яе дзіцяці.

— Спалохана. Пярэпалахі трэба выкачаць,— вырашыла тая.

Але Хрысціна казала, што яна ўжо заклікала Паладзю, два разы нават, дык горай яшчэ: паліць пачало.

— Ну, дык не сядзець жа злажыўшы рукі,— бедавала Макрына далей,— а трэба шукаць якога-небудзь ратунку,— казала яна.— Да Воўка трэба даведацца, вады прынесці: і калі на смерць — памрэ зразу: кавенчыцца не будзе, а не — папраўляцца пачне.

Хрысціна і сама ведала гэта, але што значыла для яе матчынага пачуцця «кавэнчыцца не будзе, памрэ зразу». І яна, тоячы ў сваім сэрцы вялікі жаль, адкладвала страшэнную думку на заўтра.

— Хоць хворая пабудзе ў маім позірку,— разважала Хрысціна,— бо гэты смутны, маўклівы, вечна без смеху, стары дзед абавязкова вырашыць лёс маёй дачушкі.

Але цяпер у такі цяжкі час, калі зусім была малая надзея на дзяўчынку, Хрысціна канчаткова вырашыла паслаць Петручка за вадою. Вось за гэтым і ўспарола яна яго так рана.

— На ж табе рубель грошай,— казала Хрысціна, калі Петручок надзяваў шапку,— а калі будзе мала — скажаш, аддадзім... Бутэльку я разам з хлебам у торбачку ўлажыла,— дадала яна, і Петручок выйшаў з хаты.

Сонца толькі што паднялося. Раніца была маўклівая, росная. І толькі пастухі парушалі гэтую маўклівасць, бо кожны хацеў паказаць сваю здольнасць іграць у трубу. А Петручок ішоў са сваімі дзіцячымі развагамі, ішоў за тым, за чым паслала матка.

Ён ужо мінуў поле, выйшаў на луг і пайшоў нацянькі, каля рэчкі.

Дарога яму добра была вядома: лугам каля рэчкі, цераз лес, а за лесам дзевяць вёрст да Амшарнікаў, дзе і жыў Воўк, вядомы на ўсю ваколіцу знахар.

— Хто ж сходзіць?... Трэба схадзіць...— разважаў Петручок ідучы.— А яна, бедненькая, так стогне... Усю ноч я не спаў. Цяжка стагнала... Мне нават хацелася плакаць... Я думаў, што яна канае. Бедненькая... Хто ж сходзіць?..

І Петручок ад цяжкіх разваг пераходзіў з сваімі думкамі да шклавіднае люстранае рэчкі.

Ён ішоў, углядаўся ў празрыстую ваду, якую злёгку карбаваў маленькі, нячутны для твару ветрык. А то і кружочкамі разбягалася вада, і тады была думка ў Петручка: «Ваду, мусіць, п’е рыбка».

Ён агібаў адзін за другім крывыя павароты рэчкі.

Бацькі ў Петручка не было: ён не вярнуўся з расчыненага жорала вайны, якая праглынула яго, як глытае полымя камара, што кружыцца ў цёплым дыме запаленага дома.

— Без вестак прапаў,— плакала часта Хрысціна і гэтак жыла, гадавала дзяцей, ускладала на іх свае надзеі.— Вырастуць — да смерці дахаваюць, прыгорнуць костачкі,— цешыла сябе думкаю...

Сонца ўжо сходзіла з паўдня, як Петручок збіраўся пакінуць рэчку. Яно цяпер прыпякала ў яго загарэлую шыю і трамаціла яго зірк. Паветра было застылае, густое.

— Сяду,— вырашыла дзіцянё,— адпачну.

І ён сеў на сакавітую, мяккую траву каля ракітавага куста.

Навакол шалясцела лісце ракіты ды беленькі матылёк непадалёку рабіў кругі — лукаціў паветра, а потым сеў на лісток.

Петручок дастаў свой полудзень.

За кустом ціха булькала рэчка, нібы іграла яна нейкую песню.

Петручок папалуднаваў, напіўся з рэчкі і прылёг — на хвіліну прылёг. Ён ляжаў дагары, як пласт, глядзеў у блакітнае неба. Доўга ў адзін пункт глядзеў.

Але вось пункт ператварыўся ў шэрую пляму, вочы гублялі яго, знаходзілі і зноў і зноў гублялі...

Па целе распаўзалася прыемная асалода, якая абхінала яго спакойнымі марамі.

Было прыемна, хораша, мякка і ціха.

Яшчэ і яшчэ паказалася ўваччу шэрая пляма і потым замітусілася і знікла.

Ён заснуў і спаў моцным дзіцячым сном, падлажыўшы пад галаву ручку, локаць якой прасвечваўся праз прадраную зрэбную кашулю.

Ён спаў, а дома маці чакала вады — чароўнай сілы чакала, якая павінна адратаваць яе дарагое сэрцу дзіця. Але хіба ён вінаваты ў гэтым? Хіба ён не імкнуўся выратаваць маладое жыццё?..

І ён спаў, а сонца не чакала — плыло да невядомага кругавіду.

— Прачніся... Устань...— бубнілі ў вуха невядомыя шэпты.

— Ты ж старэйшы... Ніхто ж не паможа... Устань...— зноў не адставалі абрыдлыя шэпты, і ён адкрыў вочы.

— Што я скажу дома! — вырваўся дзіцячы плач, калі Петручок глянуў на сонца.— Яна памірае. Яна мо памерла... Што я зрабіў...— застагнаў ён ізноў.

А сонца павісала над лесам. Астатняя пазалота хутка збіралася пагаснуць. І тады кінуўся бегчы, каб да поўнага змроку да дому дабегчы.

— Што?.. Што?.. Што я скажу? — бег Петручок з гнятучаю думкаю.— Дома не было,— скажу,— мільганула ў яго галаве, і ён зажмурыў вочы.—Ой, не,— застагнаў Петручок.— Ой, не. Гэты стары дзед — Воўк — ніколі не вылазіць з сваёй пакрыўленай на бок хаты. Колькі хадзіў, заўсёды заставаў... З мамкаю хадзіў да Воўка, як мне балела горла... Адзін хадзіў мамцы вады, як спалохалася пры адступленні... Колькі хадзіў, заставаў.— А Воўк усё ж не памог матцы... Памерла б, каб дзядзька Цімох не прывёз таго чалавека ў акулярах... Пастукаў нейкаю трубкаю, паслухаў праз худыя грудзі ды даў у гэтакай маленькай бутэльцы нейкай горнай вады... Не гэтулькі, як Воўк... А памагло...— А як моцна спужалася тады!.. У ногі цалавала тоўстаму паляку з рыжымі вусамі, каб не запальваў нашай хаты... А ён нібы дурны: думаў, што ў нас ёсць конь.. Дзядзька ж Цімох засяваў нам поле. Цяпер дык вось купілі... Бедная матка, як яна спужалася... Добры быў чалавек у акулярах.

Ён бег, разважаў, ставіў пытанні і не знаходзіў выйсця з свайго слёзнага становішча.

Сонца ўжо зайшло. Яго празрыстая ружавізна густа асядала на вострыя верхавіны лесу. Ад рэчкі ўсплываў туман, які пластам распаўзаўся па-над маўкліваю, вечна задумёнаю вадою. І тады яго дробныя капелькі асядалі на траву, рабілі яе больш сакавітаю, крохкаю.

А вось і зорачка вынырнула з бяздоння густога блакіту ды пачала моргаць сваімі рожкамі. Жукі прарэзвалі паветра. А там недзе пасярод лугу квактуха закумкала. Яе падхапіла другая, трэцяя.. і безупынныя песні жыхароў балота рассыпаліся па ваколічных абшарах.

І тады музыка прыроды глушыла дзяціную журбу, якая вылівалася буйнымі, як боб, слязьмі.

— Што я скажу?.. Што... Што...

І Петручок супыніўся — пайшоў крокам. Да дому заставалася вярсты паўтары. Ён цяпер увайшоў у добра знаёмыя месцы, ад чаго баязлівасць з надыходам ночы знікла.

Ён ішоў каля рэчкі, тою самаю сцежкаю і глядзеў, як цягнецца туман, адчуваў, як сціскаецца, б’ецца сэрца.

— Набяру...— мімавольна, незразумела для яго нават, ці можа ён выказаць гэтае слова, прамчалася думка ў дзіцячым розуме.

— Набяры...— нібы шапнуў на вуха нейчы голас, і ён астанавіўся — дастаў бутэльку.

— Буль-буль-буль...— бегла вада праз вузкае рыла, і ён набраў. Адліў трошкі назад — гэтулькі набраў, колькі даваў стары Воўк.

А тады... ашчупаўшы за пазухаю грошы, пайшоў памаленьку з сталаю адвагаю да хаты.

Сырызна, пра якую хварэла Хрысцініна дзяўчынка Настуля, амаль не давяла яе да смерці. Дзяўчынка хварэла халярынаю.

Пасля крызісу Настуля хутка пачала папраўляцца.

Цераз тыдзень, у адну з раніц, Настуля нават сама ўстала з ложка ды папрасіла есці.

І тады:

— Вялікі чалавек!..

— Усемагутная сіла!..

А Макрына з гуртка сабраўшыхся ў Хрысціны баб нават крыкнула:

— Мёртвых васкрашае...

І ўся гэтая хвала старому Воўку, нібы на хвалях шырокавяшчальнае радыёстанцыі, разляталася па абшарах.

А Петручок?

А Петручок слухаў тады сваім маладым дзіцячым розумам бабскі гоман.

Слухаў ды ўсміхаўся...

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Баранавых Сымон. Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты / Укладальнік, уступны артыкул і каментар Л.Савік. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989. - с. 37-41
Крыніца: скан