epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Баранавых

Калі ўзыходзіла сонца

ЧАСТКА ПЕРШАЯ
  Раздзел першы
  Раздзел другі
  Раздзел трэці
  Раздзел чацвёрты
  Раздзел пяты
ЧАСТКА ДРУГАЯ
  Раздзел першы
  Раздзел другі
  Раздзел трэці
  Раздзел чацвёрты
  Раздзел пяты
  Раздзел шосты
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
  Раздзел першы
  Раздзел другі
  Раздзел трэці
  Раздзел чацвёрты
  Раздзел пяты
  Дасказ


 

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

 

Раздзел першы

Камандзір трыццатага палка шаснаццатай арміі, таварыш Вінаградаў, паміраў перад усходам сонца. Куля прабіла левы бок. Апошні раз глядзеў таварыш Вінаградаў у цёмна-сіняе неба. Яно святлела ўсходам дня. Было далёкае, ціхае, бяздоннае. Зоры выгаралі даастатку. Яны згасалі, як непатрэбныя. Раса на траве, дзе паміраў Вінаградаў, была вельмі ўрадлівая, буйна-густая. Заграбаў расу беспрытомна-сутаргавай жменяй, мачыў апошні раз сухія, агністыя вусны.

— Сынок...— шаптала параненае нутро камандзіра,— мой сынок.

Вінаградаву ўяўлялася, што перад ім стаіць яго ардынарац Уладзік Макаль. Ён жа заўсёды зваў Уладзіка сынам. Можа, Вінаградаў хацеў крыкнуць цяпер перад Уладзікам на ўсю аколіцу голасам Тараса Бульбы: «Бывайце, таварышы. Успамінайце мяне будучай вясной, абавязкова прыбывайце сюды ізноў...»

Таварыш Вінаградаў не крыкнуў. Недзе ў тумане глыбока плавала цьмяная думка:

«...зоймуць горад...»

Ён памёр перад усходам сонца, а белапалякі занялі гарадок з поўдня.

Бронецягнік пакінуў станцыю апошнім. Снарады белапольскай артылерыі разрываліся радзей. Нібы не верылі яшчэ, што Чырвоная Армія пакінула гарадок.

Дзень забруджан снарадным пылам-дымам. Ад пылу-дыму ўсё сонца мурзатае, затуманенае.

Суткі не сціхалі гарматы. Суткі стагнала зямля ад гармат. Вунь перакідны мост. Яго сярэдзіна ссунулася з вышыні. Здалёк такі выгляд: нехта перабіў сярэдзіну моста, пераламаў яго моцным ударам. Збіта шапка з вадакачкі... Узнята на дыбкі рэйка... А на пероне — кавалкі паперы, кансервавыя бляшанкі, скрынкі ад патронаў, кардонныя абоймы... Уся станцыя забруджана.

І ніводнага чалавека. Вымер свет. Ну хто мог адважыцца быць зараз на станцыі? Але, каб назіраць з-за будынкаў, можна было ўбачыць: да ўсходцаў перакіднога моста падбег чалавек. На левым плячы ў чалавека — скатка шыняля, на правым — вінтоўка, у руцэ трымае алюмініевую біклажку. Яна не закаркавана, і вада пакрысе выліваецца на пясок. Падаюць кроплі і не разбіваюцца, а збягаюцца, як жывое срэбра, у мутныя галушачкі — дранкулькі.

Чалавек у чырвонаармейскім — хваляваўся. Можа, ён хацеў перайсці цераз мост? Можа, ён хацеў паспець на бронецягнік? Вось-вось белапалякі зоймуць станцыю. Момант стаяў каля моста ў адчаі. Можна было пачуць, як уголас нешта сам сабе мармытаў. Нібы лаяў сябе, нібы некага, а потым з усяго размаху шпурнуў біклажку на рэйкі. Яна прыперлася да рэйкі, і вада не вылівалася. Гэта, відаць, раззлавала чалавека. Тады падбег і ўдарыў біклажку наском чаравіка. Яна падскочыла і лягла бокам на шпалу. З рыльца булькала вада і збягала з мазутнай шпалы. А ён бягом пабег назад. Бег па чыстым бруку вузкай вуліцы. Ужо схаваўся станцыйны будынак, а ён бег. Потым ішоў быстрымі крокамі. Вуліца — як сярод позняй ночы. Вокны зачынены аканіцамі, каліткі пазачыняны. Ні аднаго чалавека не было.

Быстра ішоў па драўляным тратуары. Ішоў і толькі стрымліваў грукат чаравікаў. Баяўся, каб не разбудзіць сон гарадка.

Да каго спяшаўся? А ён і сам пэўна не ведаў. Можа, ішоў і шукаў жывога чалавека? Каб упэўніцца, што не вымер гарадок. (Ад гарматнага грукату жыццё гарадка схавалася ў сутарэнне.)

Чалавек у чырвонаармейскім раптам спыніўся. Рукавом гімнасцёркі абцёр з ілба пот. Паправіў на плечуку рэмень вінтоўкі.

«Дзе схавацца...— гаварыла яго разгубленасць.— На якім тут двары засталіся свае людзі? »

Гэта — адзін момант. Акінуў позіркам перад сабою зялёную калітку, падышоў да яе. Узяўся за слясак дзвярэй, а яны — на засоўцы. Злёгку пастукаў кулаком у дзверы. Нехта прайшоў па двары.

— Адчыніце! — загадаў няўпэўненым голасам. Усё было ізноў ціха. Толькі з боку станцыі цоканне конскіх падкоў.

— Адчыніце! — пастукаў больш рашуча. Ніхто не абазваўся. І тых самых крокаў не чуваць. Тады пайшоў ад каліткі. Мінуў некалькі драўляных дамоў і выйшаў на другую вуліцу. Вельмі трывожыў дашчаны тратуар. Увесь на дзірках і без падвалін. Ступаў на дошку — яна падымалася перад ім. Нібы дзівілася, адкуль ён узяўся. Быў на сярэдзіне — дошка бразгала аж да звону ў вушах. Пераскочыў з тратуара цераз канаўку. Хацеў перайсці на другі бок. А наперадзе, праз дом,— разламаная брама. Адной форткі зусім няма, другая коса вісіць на верхнім іржавым круку. Вярнуўся з сярэдзіны вуліцы да разломанай брамы. І ўжо зайшоў на двор, а яму насустрач — дзяўчынка. Загарэлая, хударлявая ў белым сарафанчыку. Ёй гадоў, можа, сем.

— Дзе ж ты жывеш? — запытаў ласкава, каб не спалохалася, не ўцякла.

— З мамаю,— смела адказала дзяўчынка. Не зводзіла вачэй з яго вінтоўкі і дадала: — Вы, мусіць, будзеце страляць на палякаў. Дзядзя Пётра таксама пайшоў страляць...

Чалавек усміхнуўся. У вачах загарэлася іскра радасці:

«Натрапіў на свайго...»

— Дзе ж дзядзя Пётра жыве? — запытаў чалавек.

— Ён цяпер не жыве. Ён быў у цёці Марысі...

Яна падумала і адказала:

— Ён жа пайшоў праганяць палякаў дык і жыць будзе там.

— А дзе ж цёця Марыся?

— Яна ў хаце. Я пазаву...

— Не трэба, дзевачка,— спыніў яе, калі хацела бегчы.— Мы з табою разам зойдзем да цёці Марысі. Як жа цябе завуць?

— Натка,— адказала дзяўчынка.

* * *

За зялёнаю брамай — Ялавіцкага дом. Стукаў чалавек у чырвонаармейскім — Ялавіцкі чуў і бачыў. Ён усё зразумеў і надзяваў зараз чыстую манішку.

— Люсік...— звярнуўся да жонкі,— дай тваёй парфумы!

Жонка ўсміхнулася. Падала флакон з парфумаю «Лілія», праказала:

— Пульверызатар неяк разламаўся.

— Не трэба пульвазатара.

Прыхінаў рыльцам флакон к далоні,— мазаў па вусах. Тыцкаў рыльцам да штрыфляў сіняга бастона.

— Збіраешся, як да нарачонай,— сказала жонка.

— А як жа!..

Ён спяшаўся да гаспадара горада. Гэта куды важней.

Вінцэнт Ялавіцкі — чалавек не простага роду. Па яго жылах пераліваецца шляхетная кроў. Ён зусім чыста-белай косці. Другі інтарэс, калі пасля немцаў прыйшлі бальшавікі. Кроў тады пацякла каламутным вірам. І ўся косць, можна сказаць, пацямнела.

Былі ночы — нават не самкнуў вокам. Кідаўся на пасцелі ў знямозе. Яму сніліся жахлівыя сны. От, нібы па яго ішоў сам бальшавіцкі камісар. Каля веранды ўжо чуваць крокі. Яны на падковах, як у каня.

Тады ўсхопліваўся і запальваў свечку. Клікаў сваю жонку, гаварыў:

— Нехта ходзіць?.. Чуеш? Ці не зладзеі?

Не хацеў услых сказаць жонцы сваю думку. Ад гэтай думкі дрыжаў і жахаўся. Слова «зладзеі» заспакойвала.

«Хай бы сабе хадзілі зладзеі...»

І нешта гэтак з месяц. Потым пасмялеў. Яго ніхто не турбаваў у начны час. Толькі аднойчы, зусім днём, прыехалі з рэўкома. Адразу пазнаў Рыгора Татура. А з ім — двух незнаёмых. Рыгор некалі быў пастушком гады два над яго свіннямі. Вельмі даўно было, а пазнаў адразу. Вунь як узрадаваўся свайму чалавеку!

— Рыгорка!.. Як жа ты гадуешся?

Звярнуўся да тых незнаёмых, гаварыў:

— Можна сказаць — свае людзі. Люсік! — паклікаў жонку.— Прынясі з склепа яблыкаў... Скажы Паладзі, каб выбрала лепшых антонаў...

Гаспадар падаў крэсла, а Рыгор і не прысеў,— адставіў убок.

— Дзякую...— сказаў і падаў паперку.— Маеце, грамадзянін Ялавіцкі, адносна нацыяналізацыі. Вы, канешне, разумееце, у чым справа?

— Так, так проша... разумею! — узрадаваўся Ялавіцкі і растлумачыў:— Гэта вы хочаце, каб я, што магу, ахвяраваў для салдат, што на фронце? Я ніколі не адмаўляўся. Салдаты, яны ж невінаваты. Яны ваююць, і ім трэба есці.

Татур не вытрымаў гэткай гаворкі: не то відавочная насмешка, не то тупасць гэтага фальваркоўца. Можа, і тупасць. Жыве адзін. Кругом сямівалочнага прастору зямлі — балота ды лес.

— Мы, грамадзянін Ялавіцкі, не па гэтай справе. Нацыяналізацыя — закон Савецкай уласці. Гэты закон забірае вашу зямлю. На падставе такога закона рэўком пастанавіў: ад сённяшняга дня фальварак Ляды пераходзіць пад камуну.

Колькі жыць будзе — не забудзецца таго дня, калі пакінуў свае Ляды. З жонкаю Люсяю ды дачкою Ганяю пераехаў у горад. З таго часу кожны дзень маліўся матцы боскай. Учула-такі яго малітву «Остробрамска».

— Яны ідуць!.. Можа, прыйшлі ўжо! — увесь гэты дзень ускрыкваў, як звар’яцелы. Спрабаваў нават выходзіць на вуліцу, каб зірнуць, як яны ідуць. Толькі гарматныя выбухі прымушалі хавацца за зялёнай брамай. Стаяў на дварэ і цешыўся гарматным грукатам.

«Нашы!.. Нашы!..— шапталі яго вусны.— Юзэфе свенты!»

Тады і пастукаў чалавек у чырвонаармейскім. Убачыў Ялавіцкі — задрыжаў асінавым лістам... Не ведаў, што адзін. Каб ведаў — шпурнуў бы з-за брамы каменем.

Чалавек пайшоў, і Ялавіцкі вунь як пашкадаваў! Нават раззлаваўся на сябе. Няхай бы адчыніў калітку і ўзяў сваімі рукамі ў палон. Якая была б урачыстасць! Шляхціч Ялавіцкі сваімі ўласнымі рукамі абараняў шляхецкі род! А што сказаў бы генерал войска польскага? — «Віват!» — Абняў бы, цалаваў! Ялавіцкі быў бы вядомым чалавекам. Ды яшчэ, можа, і не чырвонаармеец, а камісар! Напэўна ж камісар. Радавы не застанецца.

Ялавіцкі захапіўся марамі. Не прыкмеціў, калі спыніўся за брамаю. Чалавек звярнуў за вугал вуліцы, а Ялавіцкі ціха скрадзенымі крокамі цікаваў. Асцярожна выткнуў з-за вугла галаву і толькі тады падумаў.

«Можа — дэзерцір? Дэзерцір — гэта добра. Наш чалавек. Карысны чалавек. У яго могуць быць нават важныя дакументы».

Ялавіцкі ўсё роўна дагледзеў, на які двор пайшоў чалавек. Нават падбег да разломанай брамы і бачыў, як пайшоў у левую кватэру з дзяўчынкай.

Вярнуўся з вуліцы ў пакой, раіўся з жонкай:

— Дэзерцір не будзе хавацца. Я гляджу і бачу: ён і сам не ведае, дзе дзецца. Кінуўся, ліханька, на той бок вуліцы, а потым назад (каб трошкі,— мог убачыць мяне). Па-мойму — бальшавіцкі камісар. Ён застаўся наўмысна. А як ты думала? Яны застаюцца. Такому чалавеку плацяць чыстым золатам, і ён ахвяроўвае сваё жыццё. Яму, можа, даручана ўзарваць бомбаю польскі штаб?

Пры такой думцы Ялавіцкі здрыгануўся. Не мог марудзіць ні адной хвіліны. Хіба можна, каб не паведаміць штабу войска польскага! Толькі дзе асталяваўся штаб? А можа, сказаць стрэчнаму афіцэру? Не! Штаб, напэўна, у былым рэўкоме. Пойдзе туды і скажа самому старшаму (можа, генералу). Генерал абвесціць усяму войску: «Шляхціц Ялавіцкі злапаў бальшавіцкага камісара». Кожны афіцэр, калі сказаць, захоча ўкрасці такі гонар для сябе.

Ішоў і спатыкаў польскіх салдат. Была вялікая, нявыказаная радасць. Яна свяцілася на яго твары, як сонца. Выйшаў з дому і ўбачыў першага польскага салдата — хацелася кінуцца да яго ў абдымкі, як на «вельканоц». І, бадай, зрабіў бы гэтак, каб ведаў, што радавы салдат зразумее яго патрыятызм. Але толькі гаварыў, як ішоў, і першаму і другому: «Нех бэндзе похвалёны Езус Хрыстус».

Падышоў да будынка, дзе быў рэўком, і ўбачыў польскі сцяг.

«Які прыгожы...» — прашаптаў вусамі. Хацелася стаць на адно калена і маліцца, як перад маткай боскай. Нават спыніўся на момант перад ганкам. Каля дзвярэй стаяў жаўнер.

— Пшэпустка? — звярнуўся ён да Ялавіцкага.

— Я да пана начальніка,— засупярэчыў Ялавіцкі,— з сакрэтам. У мяне вельмі важныя сакрэты.

Жаўнер растлумачыў Ялавіцкаму, што ўсё роўна патрэбна «пшэпустка». Ён паказаў на драўляны домік па левай руцэ.

— Там выдадуць...

Такая асцярожнасць заспакоіла Ялавіцкага: не вельмі лёгка кінеш бомбу ў штаб войска польскага.

* * *

Убачыла Натка, што на іх двор ідзе чалавек у чырвонаармейскім адзенні і падумала:

«Цёцін дзядзя».

На тым тыдні праязджала цераз станцыю часць, у якой служыць Пятрок. Пакуль стаяў эшалон, Пятрок забег да сваёй сястры Марысі. Пятрок казаў тады Натцы:

— Мы пойдзем, а вас забяруць белыя палякі. Але ты, Натка, не бойся. Мы іх прагонім. Мы вас ад тых белых палякаў адбярэм.

Натка слухала дзядзю Пётру, і ёй рабілася страшна. Гэта ж і яе, і цёцю Марысю, і маму — усіх забяруць белапалякі. Яна не забылася. Яны ўжо адзін раз забіралі. Яны прыйшлі і нават забралі Натчыну казу Чучку. Прыйшлі да мамы ўпяцёх і нечага нагаварылі, нагаварылі і забралі. Натка плакала. І ў мамы былі мокрыя вочы ад слёз. У Наткі засталася толькі маленькая козачка Белачка. Калі ж яна вырасце ды будзе даваць тое малако!

Дзіця агортваў яшчэ большы страх. Баялася, што ў яе цяпер забяруць Белачку. Прачыналася сярод ночы, пытала:

— Мама! Ці нас яшчэ не забіралі палякі?

— Спі! — сварылася матка. Дачка надакучала ёй сваімі роспытамі. Тады, раніцою, пабегла да Марысі (матка з Наткаю жывуць у першай кватэры, а Марыся — у другой. Пад адной страхою).

— Цёця Марыся,— спытала Натка,— а чаму дзядзя Пётра не забярэ палякаў?

А ў гэты дзень бегала як утрапёная. Бачыла, што ўсе спалоханыя, і бегла з хаты ў хату раз-поразу. Матка насварылася і не пусціла больш на двор. Тады трохі сцішылася. Матка пакавала клункі, некуды насіла, хавала ад палякаў — ізноў шмыгнула да Марысі. І была пакуль зусім не пакінулі «недзе там» грукаць. Не стала грукату — выбегла на двор і вось...

— Я знайшла дзядзю чырвонаармейца! — закрычала, убегшы ў пакой.

Марыся аж сумелася. Адразу з’явілася думка: «Ц не таварыш Петрыка? Можа, з пісьмом! Што ж тады?..»

Чалавек у чырвонаармейскім бачыў яе разгубленасць.

— Не бойцеся...— усхвалявана гаварыў да Марысі.— Вы мне дапаможаце? Ці няма ў вас чаго мужчынскага, каб пераапрануцца?

— Я не ведаю...— зусім разгубілася Марыся, хіба што-небудзь братняе...

— Абы-што... я, ведаеце, не паспеў на эшалон У мяне было заданне... Будзем знаёмы,— спешна падаў Марысі руку,— камандзір трыццатага палка Леанід. Белапалякі з таго боку ўжо занялі горад. Я смела зайшоў да вас. Натка сказала, што «цёцін дзядя Пётр праганяе палякаў».

Марыся як і не чула. Дастала з шафы картовыя штаны і сінюю ласцікавую рубашку. З вешалкі каля парога зняла падношаны, але яшчэ цэлы пінжак.

— Нічога лепшага няма...— сказала Марыся. Братняя штодзённая вопратка. Вось і шапка яго.

— Вельмі дзякую... вельмі...

— Можна за шафу...— паказала Марыся рукою. Ідзіце і пераапранайцеся. Можа, вас хто бачыў? — за пытала з хваляваннем у голасе.

А Натка пад Марысіны словы:

— Я ўбачыла і падумала: ці не цёцін гэта дзядзя..

— Здаецца, ніхто не бачыў,— адказаў камандзір Леанід,— на вуліцах ні аднаго чалавека. Вы не бойцеся... Я пераапрануся і пайду...

— Куды ж вы пойдзеце?

— Мне каб толькі выйсці з горада. У мяне ёсць куды ісці... у лес.

— Вас могуць западозрыць.

— Інакш нельга. Я не ўпэўнены — ці мяне бачыў хто, ці не бачыў. Вы мне і так зрабілі вялікую ласку.

Марыся была рада, што ён пойдзе. «Дапраўды, небяспечна. Няхай ідзе. Днём лягчэй прайсці, чым уночы».

Поркалася ў ніжняй шуфлядзе — шукала Петрыкавага паяска. Натка зайшла за шафу, гаварыла камандзіру :

— Вы, дзядзя, вялікі?

— Вялікі...— усміхнуўся Леанід.— І ты будзеш вялікая.

— А чаму вы адзелі сарочку дзядзі Петрыка?

Такога пытання не чакаў. Не ведаў, што адказаць дзіцяці. Марыся дапамагла яму. Падышла да Наткі і злосна ўзяла яе за руку.

— Не дзіця, а нейкая слата! Ідзі дадому! Чаго ты дурыш галаву?

Марысі не падабалася, што Натка расказала, хоць і камандзіру, а незнаёмаму чалавеку, бадай усю яе біяграфію.

Зірнула на Леаніда ды з прымушанай усмешкаю.

— Проста дзіва бярэ! Дзяўчынка маёй гаспадыні... не ведаю, што з яе будзе, калі вырасце!

— Разумная будзе дзяўчынка,— адказаў.

Марыся нібы і не чула. Адчыніла дзверы, сказала:

— Ідзі, ідзі. Адурыла галаву. Ідзі да маткі, ідзі. Потым прыйдзеш.

Натка пайшла з неахвотаю, насупіўшыся.

Усё адбылося вельмі раптоўна. Марыся хвалявалася.

«Хаця каб хутчэй адзеўся... Каб цяпер быў Косцік... Я не ведаю, што мне рабіць...»

Косцік заходзіў да Марысі раніцою, гаварыў:

— Ты, мая Марысечка, не бойся. Палякі зоймуць горад. Нічога не парадзіш. Я цяпер развітаўся з нашымі хлопцамі. Можа, ніколі не пабачымся. Вельмі шкода Лазаравай маткі. От плакала... Мы з Максімам моцна, моцна пацалаваліся... Ведаеш, Марысечка, калі крануўся поезд — мне хацелася ўскочыць на хаду... Калі б не ты і каб не камсамольская дысцыпліна, паехаў бы з хлопцамі на фронт!

Косцік расказаў Марысі пад вялікім сакрэтам, што яго пакінулі для працы ў падполлі.

— Калі гэтымі днямі Чырвоная Армія не прагоніць антэкаў,— гаварыў Косцік,— і цябе прымем. Падполле — вялікі сакрэт. Трэба выбіраць адважных людзей. Пойдзеш, скажам, клеіць пракламацыі, а цябе зловяць. Што тады скажаш? Ты не ведаеш, як было пры немцах? На гэтую работу трэба асцярожныя людзі. Трэба, каб ніхто не ведаў. Ды паколькі ўсяго нейкі месяц, як ты ўступіла ў нашу ячэйку... Не тое каб табе не давяралі... я ж за цябе магу ручацца... Самым старшым над нашаю тройкаю — Фіма. Ён мае сувязь і з падпольным камітэтам партыі. Гэта вялікі, Марысечка, сакрэт! Глядзі, каб не дачуўся Фіма, што я табе расказаў...

Марыся дрэнна разумела, што такое падполле. Не ведала, для чаго «клеіць пракламацыі». Само падполле ўяўляла вялікім падзямельным будынкам — склепам. Збяруцца ўсе, каго шукаюць белапалякі, у гэты будынак і будуць жыць, каб ніхто не знайшоў. Будуць праводзіць сходы, будзе маленькая савецкая ўлада. Адкуль, што яна магла ведаць? Жыла ў свяржанскай глушы на Гродзеншчыне. Вайна выгнала бацькоў з Свяржан. Ехалі куды глядзяць вочы. Па дарозе бацькі загадалі дзецям доўга жыць. Засталіся ўдваіх з Петрыкам. Вайна далей не пайшла. Атабарыліся ў фальваркоўца Канатовіча, а тут і рэвалюцыя. Ішоў Марысі чатырнаццаты год, а Петрыку — дзевятнаццаты. Петрыка прызвалі бараніць рэвалюцыю, а ён і сказаў сястры:

— Паедзем у горад. Пакуль я служыць буду, ты будзеш вучыцца.

З гэтага і пачалося гарадское жыццё. Вучыцца не пачынала, а пакуль што няньчыла ў сваёй гаспадыні малую Натку.

Пра падполле хацела запытацца ў Косціка, ды пасаромелася. Косцік кажа — «вялікі сакрэт», і няхай! Прымуць яе — даведаецца. Вельмі хацелася, каб адразу прынялі...

«Ён цяпер пойдзе, мабыць, у падполле,— разважала Марыся пра камандзіра.— Толькі як ён ведае, дзе яно? Няўжо яно ў лесе, што ён кажа «пайду ў лес»?

Яна цешылася такою выпадковасцю. Можа, яшчэ ніхто з падпольшчыкаў не зрабіў ніякай работы. Яна не падпольшчык і ўжо дапамагла камандзіру.

А Леанід выйшаў з-за шафы, і цяпер яго не пазнаць. Звычайны рабочы чалавек. Петрыкаў пінжак і ўліўся. З-пад яго відаць сарочка — верхні гузік не зашпілены.

— Каўнер, мусіць, не сходзіцца...— сказала Марыся.

— Якраз...— памацаў Леанід пальцамі,— гэта ж я спяшаўся...— Зашпільваў гузік, гаварыў:

— Цяпер я не баюся... Зусім другі выгляд.

— Вось...— трымала Марыся ў руцэ братні паясок,— падперажыцеся па сарочцы.

— У мяне папруга... дзякую.

І надзеючы шапку-кепку.

— Я папрашу, каб вы схавалі маю вінтоўку. Яна мне спатрэбіцца. Я зайду па яе.

Ізноў апанаваў Марысю страх. Не ведала, што адказаць. Разважала, калі апранаўся: «Пойдзе, і ўсё яго пойдзе з ім». Забылася пра вінтоўку, што яе нельга з сабою забраць.

— Я вельмі баюся...— сказала няўпэўненым голасам.— Дзе ж я дзену яе?

— Дзе-небудзь...— шукаў вачыма па пакойчыку. Знянацку зірнуў на шафу:— Можна пакласці пад шафу. Яна падлезе.

Укленчыў перад шафаю і засунуў аж да сцяны. Вінтоўка кавалерыйская, уся і схавалася

Не то згаджалася з такою схоўкаю, не то — і сама не ведае. Зрабілася вельмі страшна. І не таму, што могуць знайсці ў яе, а што ў пакоі — зброя. Яна баіцца самой вінтоўкі.

— Я скажу Косціку — няхай забярэ,— голасам просьбы, каб дазволіў Леанід перахаваць, сказала Марыся.— Гэта мой добры таварыш. Ён жыве тут, недалёка, на Крывой вуліцы... Ён схавае, а вы прыйдзеце — ён аддасць.

Леанід здрыгануўся.

— Вы нікому не кажыце пра мяне! Што-о вы! Калі дойдзецца — вельмі дрэнна будзе. Перш-наперш вам. Вы ж нідзе не схаваецеся.

— Не бойцеся,— заспакоіла Марыся,— Косцік — камсамолец. Ад яго ніхто не даведаецца. Ён схавае яе ў сваім падполлі...

Зачыняючы за ім дзверы, яшчэ дадала:

— Будзьце ў надзеі. Там ужо ніхто не знойдзе.

 

Раздзел другі

«Каб жа ведана, што чалавек думае...»

Так разважаў Міхалка Каржакевіч. Ён — гарманіст. Усе гарманісты — весельчакі.

На яго вачах прыйшлі белапалякі. Убачыў праз акно польскую конную разведку, гаварыў да жонкі (яна мыла галаву):

— Добра ім прыходзіць. Але! На Чырвоную Армію напалі з усяго свету, як тая саранча. Чырвоная Армія, канешне, змарылася.

Раніцою Міхалка даведаўся: Чырвоная Армія адступіла ад гарадка, можа, за семдзесят вёрст.

«Яны як гаспадар на новай кватэры...— сам сабе гаварыў.— Прыйшлі, занялі і парадкуюцца без спросу».

Нікому не мог сказаць такіх слоў. Нават жонцы. А самому сабе можна. Бо што рабілася ў гарадку — ніколі не сніў. От гэтак занялі гарадок, а назаўтра гэтаю парою расстралялі:

Намесніка начальніка пошты і тэлеграфа Жыздру: «Чаму засталі сапсуты тэлеграф?»

Тэхнічнага сакратара па зямельных справах Ламаку: «Чаму не ведае, дзе схавалася начальства?»

Расстралялі зубатэхніка Райцэса: «Чаго перабягаў вуліцу і азіраўся?»

Яны шукалі камуністаў. Чалавек ад смагі гэтак шукае вады. Было вядома, што ўсе камуністы эвакуіраваліся. А хіба ўсе? От жа не паспеў выехаць старшыня гарадскога выканкома Касіцкі. Злавілі і не расстралялі. Відавочных камуністаў яны толькі вешаюць.

І павесілі.

А колькі расстраляна ды павешана невядомых імён?!

А колькі арыштавана падазроных асоб?! Міхалка толькі здагадваўся.

Камендант Векерт гаварыў:

— Не можа быць, каб паўцякалі да аднаго ўсе бальшавікі? Трэба шукаць!

І яны шукалі. Жандары — сабе, паліцыя — сабе, а шпікі сабе. Нібы ў горадзе воўчыя гнёзды — такую рабілі аблаву. Толькі аблава на ваўкоў бывае ўдзень, а яны рабілі аблаву на людзей найбольш сярод ночы.

У гэтую ноч і прыйшлі да Міхалкі Каржакевіча. Міхалка ніяк пра гэты вобыск не можа зразумець.

«Каб жа ведана, што чалавек думае... Няўжо бываюць такія людзі?»

Было пасля поўначы, калі да Міхалкі пастукалі. Усхапіўся з ложка, так і пабег да дзвярэй у адных сподніках.

— Хто?

— Свае...

— Хто «свае»?

— Проша одэмкнуць...

— Не «одэмку». Я не ведаю хто.

— Урадоўцы...

З першага слова Міхалка ведаў, што да яго прыйшлі, як называў ён белапалякаў, «госці». Хацелася памуштраваць «сваякоў». А цяпер «зразумеў», хто стукае. З крыўдаю ў голасе праказаў:

— Адразу, пане, і гаварылі б...

Так і не надзеў портак. Увесь час, пакуль рабілі вобыск, быў у адных сподніках. Нібы гэта было яго ратункам. Надзець порткі, апранацца ў дарогу, загадзя гаварыць: «я ўжо гатоў».

А яны аблазілі куткі пакоя, перавярнулі шуфляды ў камодзе, раскідалі па падлозе бялізну... Высокі, стройны ўзяў з камода Міхалкаў гармонік, адшчапіў кручкі, адняў планку з галасамі і пасвяціў кішэнным ліхтарыкам. Яшчэ не даваў веры вачам — абмацаў мяхі пальцамі. Нічога нідзе такога не было. Тады самы старшы (да яго высокі звяртаўся: «пане плютановы»1) сказаў:

— Пшэпрашам, пане, што патурбавалі.

Міхалку стала лягчэй на сэрцы. А плютановы змоўчаў момант, запытаў:

— Дзе пан працуе?

— Нідзе. Я — слесар. Працаваў у дэпо. Мяне панскі начальнік не прыняў на работу.

— За што ён васпана не прыняў?

— Не ведаю... пан начальнік сказаў: больш рабочых не трэба.

— Ідзі! — кіўнуў галавою на высокага.— Чакай мяне на дварэ.

Ён выйшаў, і Міхалка адчуў: яго, мабыць, не забяруць. Толькі ніяк не мог зразумець: чаго застаўся гэты плютановы? І нават сеў на крэсла. Не зводзіў дапытлівых вачэй з Міхалкі. Гіпнатызаваў сваімі вачыма. Блішчасты прарэзлівы позірк шпількамі пранізваў наскрозь. Ловячы Міхалкавы вочы, плютановы праказаў:

— Пан без работы...

— Ну, але...

— І хочаш працаваць?

— Дзіва што! Каб жыць — трэба нешта есці. Сам як сам, а жонка з малымі — вельмі не самавіта.

Плютановы ўзняўся з крэсла. Паправіў на папрузе рэвальвер ды:

— Васпане разумее польскую мову?

— Не вельмі. Матка мая была каталічка — крышку ведаю.

Плютановы крануўся з месца і падышоў да Міхалкі. Паклаў сваю руку на яго плячо. Міхалка адчуў, як пабег ток ад рукі па ўсім целе.

— І чытаць і пісаць можа васпан?

— Чытаць — нічога сабе, а пісаць — не так-то. Нідзе не вучыўся. Матка вучыла па кантычцы.

Тады дастаў з кішэні блакнот і напісаў два радкі па-польску. Унізе, на трэцім радку, падпісаў: «Tvoj Siaducz»2 .

Паперку склаў і наверсе надпісаў: «Panu Rolnickiemu»3.

— Маеш, васпан, работу,— сказаў, даючы паперку.— Пойдзеш ютро на станцыю і запытаеш, дзе ўбачыць пана Ральніцкага. Ён мой сябар. Ён дасць васпану работу.

Узяў пад казырок і выйшаў. Міхалка не паспеў падзякаваць. Стаяў аслупянелы і не пайшоў нават за плютановым, каб зачыніць дзверы.

* * *

Размоклы на дажджах, зношаны вятрамі дом № 5 на Катлавінскай вуліцы асеў старым грыбам. Падрубы ўеліся ў зямлю. І не падрубы — адно гніллё. Толькі і гаварыла шыльда з надпісам «Сталярная майстэрня», што дом жыве. Шыльда — пад самым закотам. Левы бок запэцкан птушыным следам. За ёю — вераб’інае гняздо. Цяпер вераб’ёў не відаць: вывеліся і разляцеліся па агародах.

Сцёпка спыніўся і разглядаў шыльду, нібы першы раз яе бачыў. А можа, брала дзіва, як борзда гадуюцца птушкі? Ці даўно тое было — заходзіў да Фімы — маладыя шчабяталі за шыльдаю, а старыя лёталі ўтрапёнымі.

Момант прастаяў і схамянуўся: «Чаго затрымаўся перад шыльдаю?» Яму ж непатрэбны тыя вераб'і. Цікавіла Сцёпу сама шыльда. Ніхто не ведае яе сакрэту, а ён ведае. Дык чаго ж стаяць перад ёю — цешыцца навідавоку? Каму трэба, можа дапільнаваць яго ўцеху, пераняць яе нацянькі...

Каб апраўдацца самому перад сабою, наўмысна праказаў уголас:

— Вывеліся... Паляцелі, ліханька...

Усміхнуўся сарамлівым смехам: «я, як малы» і пастукаў у дзверы майстэрні.

І ўпраўду — не вельмі ўжо і дарослы. Вясною неяк (ён і сам не ведае, якога чысла) будзе семнаццаць гадоў. Ён выцыбаўся і выглядае дзецюком гадоў пад дваццаць.

Фімава жонка, Рыта, калі пастукаў Сцёпка, не папытала «хто», адразу і адчыніла.

— Праходзь...— сказала.— Фіма там, у майстэрні. У яго — Барыс і Косцік.

Па целе прабегла лагодная дрыготка. Для Сцёпы гэта першае патаемнае пасяджэнне набывала вялікую цікавасць. (Заўсёды цікава тое, што забаронена. Потым даведаўся: было яно не простай цікавасцю.)

Усё як у той казцы. Камсамольцаў — лічаныя смельчакі (Сцёпа не ведаў, колькі яшчэ ў горадзе смельчакоў). Яны — наперакор белапалякам! Яны — памочнікі Чырвонай Арміі.

«Наш старшы камандзір,— казаў Фіма,— Дзядзька».

Ці мала на свеце дзядзькоў? Усе старэйшыя за Сцёпу — дзядзькі. Сцёпа, пэўна, не ведае, хто ён.

«Пажылы чалавек усё ж, калі з такою клічкаю,— разважаў Сцёпа. Але і другое меў на сваім меркаванні: — Можа, наўмысна. Дачуюцца нягоднікі, што камандуе падполлем Дзядзька,— будуць шукаць пажылога. А ён без барады, без вусоў».

Магло быць — Сцёпа некалькі разоў бачыў Дзядзьку і нават гаварыў. Хто ведае, калі ўсё пад строгім сакрэтам, як пад вялікім замком. Старшы над чацвёркаю у якой Сцёпка, Фіма. І ён ведае з камуністаў Дзядзьку. Інакш нельга. Каб заўжды былі проведы, што рабіць. І старшых з другіх чацвёрак Фіма ведае.

Сцёпка нават здагадаўся: у Фімы «сталярная майстэрня» для камсамольскіх збораў, а на Парэцкім пляцу «фруктовы магазін», можа, для партыйцаў. Купляў гэтымі днямі яблыкі-наліўнікі ў тым магазіне і ўсміхнуўся. Гэтак, як і цяпер перад шыльдаю. «Я ведаю...» — гаварыў тою ўсмешкаю. А мужчына адважыў тады яблыкі і паглядзеў на яго з нейкім дзівам. Нібы выказаў у сваім здзіўленні: «Чаго ты, не раўнуючы, як дурны». Каб згладзіць нязручную ўсмешку, Сцёпа адразу пачаў есці яблык.

«Дапраўды, як у той казцы...»

Сцёпка пераступіў парог майстэрні і аж заблытаўся ў стружках. Па ўсёй падлозе — абрэзкі, стружкі, пілавінне... На варштаце, заклаўшы нагу на нагу,— Фіма. Косцік — каля варштата. То сюды, то туды, няма чаго рабіць — пакручвае «шрубу». Барыс — наводшыбе ад варштата, на згарнутай кучы стружак. Фіма нешта даводзіў, а Барыс з Косцікам слухалі. Ніхто на Сцёпку нават не звярнуў увагі. Каб не пераймаць мовы, Сцёпка і не здароўкаўся. Прыпёрся бокам да падаконніка ды заспеў Фіму на такой гутарцы:

— ...Гэта вам не ў гарадкі гуляць. Родныя бацька-матка не павінны ведаць. Найсардэчны друг не павінен ведаць! Колькі расстраляна вунь нявінных людзей... Чаму ты прыпазніўся? — перавёў толькі цяпер сваю ўвагу на Сцёпку.

Не чакаў ад Сцёпы адказу, гаварыў:

— Я кажу, каб сярод нас была абсалютная канспірацыя. Папаўся каторы — сам за сябе адказвай. Сам за сябе адказваеш — за ўсіх адказваеш.

Памаўчаў момант. Твар яго быў худы, змораны. Ад гэтай зморанасці твар выглядаў яшчэ больш доўгім, завостраным. Сцёпа ўзіраўся на Фіму, і яму было яго за невашта шкада.

«Каб узялі белапалякі ды дазналіся пра Фіму, што ён гэтакі... ні з сяго падумаў Сцёпа і пачырванеў. Ён нават раззлаваўся на сябе за такую думку.— Глупства вярзу!» сплюнуў гэту прыкрасць скрозь зубы на габлюшкі.

Фіма ўзняўся з варштата. Узяў у рукі перад сабой рубанак ды, калупаючы трэскаю стружку з-пад жалезка, гаварыў да Сцёпкі:

— Яны ведаюць...— за адзін раз кіўнуў галавою на Бору, на Косціка.— Бора табе скажа, дзе, калі, што рабіць. Больш нічога не ведаеш і не знаеш. Бора пераказвае табе, а ты — Косціку. Або Косцік — табе, а ты — Бору. Ваша тройка.

— Па-мойму, няхай за гэтым Каржакевічам і Сцёпа наглядае? — узняўся Бора з габлюшак. Атрасаў далоняю прыліплыя да пінжака стружкі, гаварыў: — Паколькі мы жывем адзін каля аднаго, можа, я не ўбачу, ён дагледзіць.

— Няхай...— згадзіўся Фіма. Ізноў перавёў позірк на Сцёпку, запытаў:

— Каржакевіча-гарманіста ведаеш?

— Ну...

— Яго белапалякі спярша не прынялі на работу. Гэтымі днямі ў яго вобыск быў, а раніцаю яны яму далі работу. На чыгунцы — слесарам.

— Гэта факт! — загарачыўся Барыс.— Я і кажу: Каржакевіч падаўся ў шпікі. Раз быў вобыск — была падазронасць. Хай што нават дробязнае, і яны не дадуць работы. А то — цэлы вобыск!

Фіма асадзіў Боркаву гарачнасць:

— Ціха! Не трэба адразу ўскладаць на чалавека віну. Гаварыць — трэба ведаць. Я раіўся з Дзядзькам, і ён мне сказаў: «можна паназіраць». Дзядзька мяркуе, што гэтага Каржакевіча ён ведае. У яго быў знаёмы Каржакевіч, таксама гарманіст, на воласці.

Сказаў «на воласці» і аж сумеўся. «Ледзь не выдаў Дзядзьку». Каб зацерці сваю неасцярожнасць, спешна гаварыў:

— Паназірайце, хто да яго будзе хадзіць і куды ён будзе ўчашчаць. Дзядзька сказаў — ён яго праверыць. Калі яго знаёмы, гэта свой чалавек... Дык ты, Косцік, ідзі...

Косцік крануўся ад варштата, а Фіма яшчэ падышоў да яго і адступіўся з ім убок. Нешта пачаў шаптацца з Косцікам, і Сцёпу агарнула невыразная крыўда (Барыс стаяў, унурыўшы галаву, ды заклапочана накручваў на палец вітую стружку).

«Чаго шаптацца? — брала Сцёпу думка.— Нібы не роўныя камсамольцы. Падумаеш!..»

І крыўда і злосць змяшаліся ў адно. Тады крута адвярнуўся да акна, каб глядзець так сабе на вуліцу.

«Хай нагаворацца».

І толькі зірнуў праз шыбу, як раптам адхіснуўся.

— Палякі!..— праказаў сціснутым, адразу ахрыплым голасам.— Ідзе жандар!..

Фіма, нібы чакаў, не разгубіўся. Кінуў праз акно позірк і ўбачыў: «jedna gviazdka»4.

А на парозе майстэрні ўжо стаяла Рыта.

— Адчыняй! — сказаў Фіма да жонкі.

Пакуль Рыта адчыняла дзверы, Фіма ўзмахнуў кулаком:

— Па месцах! — крыкнуў заціснутым голасам.

Сцёпа нічога не разумеў. Ён бачыў: уздоўж, па шнуры, Косцік пілаваў дошку. Нават сарочка — усе гузікі расшпілены.

«Калі паспеў расшпіліць?!»

Барыс габляваў доўгі кантовы брусок. Гэблік усё падскокваў, не браў. Так моцна на яго націскаў.

«А можа, не ўмее габляваць?»

Фіма трымаў жалезка рубанка над бруском, гаварыў да Сцёпкі:

— Скажаш: «Калі ж будзе гатова мая табурэтка? Калі мне зайсці?» І ідзі.

— Дзень добры! — сказаў падпаручнік, пераступіўшы парог майстэрні.

Усе, апрача Сцёпы, адказалі. І адразу затрымалі ў руках работу (Сцёпа вельмі разгубіўся).

А падпаручнік, так сабе, павёў вачыма. Косцік абцёр падалом сарочкі пот, пачаў накручваць на пілцы-аднаручцы аборку, нібы пілка расслабла і ходзіць па дрэве не так прутка. Барыс вельмі ж часта кідаў на падпаручніка свой позірк і ўсё выкалупваў пальцамі стружку з гэбліка, нібы гаварыў да падпаручніка: «Ах, як добра, што пан зайшоў да нас! Прыйшоў пан, і мы адпачываем!»

— Хто тут ест гаспадар? — варушачы блішчастым ботам габлюшкі, спыніў падпаручнік на Сцёпу свае вочы.

— Я, пане...— крануўся Фіма з месца. І не спешна, але выразна папярэдзіў: — А гэта мае вучні.

Вочы падпаручніка свідравалі Фімаў позірк. Фіма не здрыгануўся. Патрэбен быў усяго адзін момант. І гэты момант Фіма вытрымаў.

— Мне для ксёнжак трэба паліца...— праказаў падпаручнік.— Я хацеў заказаць...

— Калі ласка! — адказаў Фіма.— Чаму ж... Мы зробім.

Узяў з акна складаны жоўты аршын, раскінуў яго ды:

— Якую, пан, хоча... на колькі ўвышкі і ўшыркі?

Так і не сказаў Сцёпа пра табурэтку. І нават забыўся пайсці. Стаяў каля варштата і часта моргаў вачыма. Гэтым морганнем ён, здаецца, пытаў:

«А навошта пану афіцэру тая паліца?»

* * *

На трэці дзень Косцік забраў ад Марысі вінтоўку. Разабраў яе ды рассарціраваў пад сваёю вопраткаю, каб непрыметна вынесці.

Расказала Марыся, як трапіў камандзір да яе. Косцік збялеў як палатно.

— Што было б, каб яго злавілі ў тваёй кватэры! І цябе і яго расстралялі б! Які жах!

— А што я магла рабіць, калі чалавек просіць ратунку? — апраўдвалася Марыся.— Тады не было калі думаць.

Косцік і сам не ведае. Можа, яна праўду кажа. Думаць у такую хвіліну няма калі. Ён не ведае, як бы зрабіў на Марысіным месцы. Пэўна ж памог бы. Гэта цяпер так гаворыцца...

Ішоў тады да Фімы з удалаю навіною, сэрца песцілася радасцю.

«Якая адважная Марысечка!»

Нават бліскалі думкі: няхай бы, можа, трапілася гэтак з ім. Можа, вунь які важны быў чалавек! Канешне, камандзір не сказаў Марысі і дзесятай долі. Кажа, «не паспеў на эшалон». Хто гэтаму дасць веры!

Фіма выслухаў Косціка і паціснуў плячамі.

— Хто яго ведае. Усё можа быць. Глядзі, толькі нічога не кажы Марысі. Мала што... Каб яна нічога не ведала.

— Я ж не маленькі...— пачырванеў Косцік.

Разумеў, чаму Фіма баіцца Марысі. Яна не магла ўтрымаць сакрэту. Прымалі ў камсамол на зачыненым сходзе, назаўтра ўсё ведала яе гаспадыня. Аб чым пыталі Марысю, што гаварылі на ячэйцы — Варвара Міхайлаўна расказала Абрамовічысе. Сын Абрамовічыхі Грыша (ён пайшоў на фронт) чуў і расказаў Фіму. І не паглядзела, што яе аб гэтым папярэдзілі.

— А радасці...— абараняў Косцік Марысю.— Хацелася каму-небудзь выказаць радасць: «Я — камсамолка! »

Таксама ад радасці расказаў ёй, што ён будзе ў падполлі. У першы ж дзень расказаў, як палякі займалі горад!

Косціку рупіла ўвесь час, чаму зманіў Фіму. Марысі не гаварыў Фімавай думкі — магла зазлаваць.

«І правільна! — разважаў Косцік.— Яна апраўдала сябе... Яна дапамагла камандзіру...»

А ўсё ж хацеў яшчэ раз прыказаць, каб глыбока хавала яго сакрэты.

«Пайду і скажу,— вырашыў цяпер адразу.— Гэта табе не жартачкі! Што тады скажуць нашы хлопцы? Мяне выключаць, як нявартага...»

Выйшаў на двор і стаў перад каліткай. Нізкія штыкеты — уся вуліца навідавоку.

Надвор’е цёплае. Зранку было хмарнае неба: начны туман пайшоў уверх. Каб асеў на зямлю, быў бы адразу ясны дзень.

Косцік затакаваўся на адным месцы. Глядзеў на вуліцу і бачыў: па Крывой праязджалі дзве фурманкі. Вазы напакаваны мяшкамі. Каля пярэдняй — селянін у зімовай салдацкай шапцы, у суконнай жакетцы, нізенькі. Ён трымаў лейцы, як павады ад аброці. Ішоў роўна з конскімі пярэднімі нагамі. Другі — у адной картовай сарочцы. Шапка з вялікім аколышкам. Босы. Ішоў воддаль, па левым тратуары і ўсё пасцёбваў пугаю паветра. А на яго возе, на мяшках — паліцыянт. Ногі вісяць цераз біла, на каленях — вінтоўка. Ён дрэмле. Ужо як мінула задняя фурманка, гледзячы ёй услед, Косцік убачыў: кола шаравала і шаравала крысо паліцыянтавага шыняля.

«Разявака!» — падумаў Косцік і памкнуўся адчыніць калітку. І толькі гэтак узяўся за слясак, а з-за сцяны дома (не глядзеў на тратуар перад сабой) Сцёпа.

— Куды ты? — запытаў Сцёпа і, не чакаючы адказу: — Фіма казаў, каб зараз прыйшоў да яго. Ты яму вельмі патрэбен.

Раззлаваўся на сябе, што прастаяў перад каліткай. Каб адразу пайшоў, не спаткаў бы Сцёпу. Вельмі хацелася зайсці да Марысі. Пазаўчора як быў і не быў. Яна ж чакае недзе, вунь як! Будзе злавацца. Яна цяпер зусім адна. Колькі ў іх заўсёды гаворкі!

— Чаго яму закарцела! — буркнуў Косцік.— Раптам...

— Я не ведаю...— такім тонам: «я сказаў, а ты як сабе хочаш»,— праказаў Сцёпа.

Пакуль ішоў да Фімы, не пакідала думка пра Марысю. Засеў у яго нутры той момант, калі даведаўся, якая над ёю вісела пагроза. Летась пазнаёміўся з ёю. Перараблялі з бацькам у яе гаспадыні печ. Яна падавала яму гліну і ваду. Памятае як цяпер: рукі яе ў клейкай гліне і ніяк не магла адкінуць пасму светла-ільняных валасоў. Валасы выбіліся з-пад белай клінаватай касынкі і лезуць на вочы. Яна ўзмахвае галавою, усёю рукою папраўляе валасы (кофта была закасана), а яны — ізноў.

— Дайце, Марыся, я папраўлю...— смяяўся тады над яе порсткасцю.

— Вашы рукі таксама ў гліне,— адказала наіўнаю ўсмешкаю. Яна і сапраўды верыла, што ён можа паправіць з такімі пальцамі. Гэта ж было так шчыра! Усяе гэтай шчырасці Косцік нават не адчуваў. А потым пачаў бываць у яе. Яны як дзеці: Марыся гаварыла, як яны ад’язджалі ў бежанства.

«Кругом нашай вёскі грукаюць гарматы, а мы пакуемся выязджаць. Мне так весела. Хаця каб хутчэй ехаць. Бацька зрабіў вялікую буду. Мама абшыла яе палатном. Як цыганы. Вельмі хацелася ехаць у будзе. Мая падруга Клава, калі мы ад’язджалі, падбегла да мяне і кажа: «Давай папрашчаемся. Можа, не ўбачымся, Марыська». А я кажу: «Няма калі. Бывай здарова». Яна плача, а мне смешна. Ну, чаго, думаю, дурная ты, плачаш?»

І яшчэ расказвала, як засталася з падругаю Таняю ад бежанскага эшалона.

«Пайшлі на станцыю купляць гарачыя, на алеі смажаныя, аладкі. Пакуль купілі ды ідучы елі — эшалон пайшоў. Мы селі ў другі, каб дагнаць нашых, а другі не едзе. Гадзіну, можа, чакалі, а потым вырашылі даганяць нашых пехатою. Нас угаварвалі ў вагоне, каб мы мелі цярплівасць — зараз, можа, паедзем, дык дзе гэта відана! Злезлі ды пайшлі па шпалах. Толькі адышлі ад станцыі, а тыя жанчыны, што ўгаварвалі нас едуць. І гэтак хустачкаю адна махае. Адразу і пазналі іх. Мы сышлі з пуці, а яны і паехалі. Мы бягом за імі, а яны і схаваліся ўжо. Колькі тады мы наплакаліся! Пакуль прыйшлі на станцыю, ногі пазбівалі, есці вельмі захацелі. Прыйшлі і бегаем па станцыі, шукаем нашых або хоць бы той чужы эшалон — і нідзе нікога. Ізноў колькі было слёз! Нейкае шчасце, што мяне знайшоў брат Петрык. Два дні ехалі з чужымі бежанцамі трэцім ужо эшалонам. І самі не ведалі куды. Пытаюць у нас, а мы кажам: «даганяем сваіх». Нас кармілі, як сваіх. І вось на адной вялікай станцыі (о, колькі там было паяздоў!) мы хацелі перасесці ў другі эшалон. Я гэтак карабкаюся, каб узабрацца, Таня ўжо ўлезла ў вагон, а мяне нехта ззаду — назад. «Ты куды ж гэта?» Якая была радасць, калі ўбачыла брата Петрыка! Ён ужо ўвесь час пільнаваў эшалоны. Ні аднаго не прапускаў, не агледзеўшы. Так мы і знайшліся!..»

Яшчэ больш шкадаваў Косцік Марысю. Яна згубіла сваіх бацькоў. У яе — адзін брат. Ён добраахвотна пайшоў на фронт. Яна цяпер адна, сірата. «Я заўсёды буду з ёю... пакуль не прыйдзе яе брат».

Гэта былі толькі думкі. Ён нават выказваў іх голасна, каб заглушыць сваё пачуццё.

Косцік любіў Марысю. Не як сірату любіў, а як дарагога яму чалавека. Толькі не хацеў у гэтым сам сабе прызнацца. А можа, ён і не ведаў, што гэта такое? Чаму не можа доўга (два дні — сама больш), каб не пабачыцца з Марысяй?

Ну і адкуль ён мог ведаць? Нікога яшчэ так моцна не кахаў.

Калі Косцік прыйшоў да Фімы, на варштаце ў «сталярнай майстэрні» сядзеў незнаёмы чалавек. Барада ў чалавека рыжая, каротка астрыжаная. Святлейшыя ад барады — густыя вусы. Сам — у ботах. Фрэнч на ім унакідку. Сядзіць касяком на варштаце: адна нага дастае да габлюшак, другая падцягнута ўверх і выглядае карацейшай. У пальцах — акурак папяросы. Чалавек зірнуў на Косціка, і ў гэтым позірку лагодная ўсмешка.

— Пазнаёмся...— праказаў Фіма,— наш Дзядзька.

Ад нечаканасці па Косцікавым целе прабегла дрыготка. Вельмі ж было прыемна.

«Вось ён які...» — падумаў Косцік. А Дзядзька, падаючы руку:

— Здароў, здароў, пляменнік...

І скрозь сінія вочы з-пад густа калматых броваў сочыцца яшчэ больш цёпла мяккая ўсмешка.

Косцік зусім разгубіўся. Паціснуў руку і адчуў на далоні прыемнае цяпло. Кідаў позірк то на Фіму, то на Дзядзьку. Усміхнуўся, што Дзядзька назваў яго сваім пляменнікам.

— Што табе расказала твая дзяўчына пра камандзіра Леаніда? —запытаў Дзядзька.— Як ён сказаў: калі ён да яе зойдзе?

— Яна не ведае, калі зойдзе,— быстра заморгаў вачыма,— казала, зойдзе па вінтоўку. Нічога ёй такога не гаварыў. Марыся сказала, што вельмі спяшаўся, каб выйсці з хаты. Прасіў, каб ніхто не ведаў пра яго...

Дзядзька маўчаў — аб нечым думаў. А Фіма кінуў да Дзядзькі слова парады:

— Ён, канешне...

— Я таксама думаю...— адказаў Дзядзька.— Але, знаеш, брат, асцярожнасць не пашкодзіць. Усё можа такім часам быць.

Гладзіў пальцамі па сваёй барадзе, гаварыў:

— Леанід... камандзір трыццатага палка... Лёнька. Прозвішча, бачыш, не сказаў! Ды і не ў прозвішчы інтарэс! Ён усё адно правільна не сказаў бы...

І да Косціка:

— Тут, знаеш, брат, згублена сувязь з фронтам. З фронту ў нас пытаюцца, ці ў нас такі-та камандзір, а мы яго і ў вочы не бачылі. Дык мы і мяркуем, што гэты самы. А ён нікога з нас не ведае. І мы яго не ведаем. Той таварыш, да якога ён ішоў, арыштаваны. Самая важная бяда...

Для Косціка кожнае Дзядзькава слова было вялікаю навіною. Брала ўцеха над размахам такой работы партыйнага камітэта. «Камітэт нават мае сувязь з фронтам!»

Дзядзька гаварыў:

— Табе даецца заданне. Можа, ён зойдзе да Марысі...

— Ён прыйдзе, я ж казаў, па вінтоўку,— сказаў Косцік.

— Наўрад...— з развагаю праказаў Дзядзька.— Па вінтоўку ён не зойдзе. Можа зайсці — другі інтарэс. — нібыта па вінтоўку. Ён зойдзе, каб натрапіць на каго з падпольшчыкаў. Ён жа ведае, што Марыся расказала табе пра яго?

— Яна ж яму адразу сказала,— узрадаваўся Косцік сваёю дапамогаю,— «баюся, сказала, каб у пакоі была зброя». Канешне, ён ведае... Толькі не ведае, які я з твару...

Фіма і Дзядзька ўсміхнуліся. Яны бачылі Косцікаву ахвоту, якая гарэла шчырасцю.

Тады Дзядзька сказаў, каб Марыся наказала Косціку, як толькі да яе прыйдзе камандзір.

— Ты прывядзеш яго да Фімы...— сказаў Дзядзька і адразу вырашыў іначай: — А знаеш, брат, ты яго не вядзі. Ты нічога нібыта не ведаеш, і тваё дзела — старана. Скажы яму Фімаў адрас і скажы — з ім хоча пабачыцца яго знаёмы. Няхай ідзе адзін. Не так будзе кідацца ў вочы. Праўда? — звярнуўся Дзядзька да Фімы.

Косцік ішоў ад Фімы з высока ўзнятым радасным настроем. Яму дадзена такое заданне. І хто даў гэта заданне — сам Дзядзька! Ён пазнаёміўся з гэтым адважным чалавекам, які ведае, дзе што робіцца.

«Пачакай! — раптам спыніў Косцік сам сябе на рагу Рысорнай вуліцы.— Які гэта натоўп?»

Стаяў на адным месцы і бачыў:

Пераходзілі скрыжаванні вуліц чалавек трыццаць. І ўсё сяляне. Некаторыя босыя, некаторыя ў лапцях. З торбамі на плячах, з лясёнкамі5. А паабапал іх — густым ланцугом жандары. Яны, здаецца, ганарыліся перад горадам магутнасцю кроку і стройнасцю стана. У руках кожнага жандара — рэвальвер. Кожны трымае локаць каля боку і рука з рэвальверам тарчыць наперад. Нібы і не рэвальверы ў іх руках, а электрычныя ліхтарыкі. Вось яны вядуць гэтых людзей і асвятляюць ім дулам дарогу да «Белага Дома»...

— За што іх арыштавалі? — запытаў Косцік сам у сябе.— Гэтулькі многа...

Ніхто не мог яму адказаць.

 

1 Плютон — узвод; плютановы — камандзір узвода.

2 Твой Сядуч.

3 Пану Ральніцкаму.

4 Падпаручнік. На яго пагонах адна зорачка.

5 Пажыткі, увязаныя ў пасцілку.

Раздзел трэці

Дом на Безулаўскай вуліцы, дзе жыве Сцёпка, лічыцца двухпавярховым. Ніжні паверх — сутарэнне, а над ім другі паверх. У сутарэнні Сцёпа з сваімі бацькамі, на другім паверсе начальнік паліцыі, паручнік Рытвінскі. Уваход да Сцёпкі з двара, налева. Ісці — трэба спускацца па ступеньках уніз. Каму спатрэбіцца дворнік, Сцёпаў бацька, хай прыгнецца крышку над акном ды пастукае ў шыбу. Сцёпаў бацька чутка спіць,— адразу і адчыніць.

Да Рытвінскага можна ісці з вуліцы — з параднага, з двара — чорным ходам. З вуліцы — па цэментавых усходах, з двара — па драўляных. Да Рытвінскага трэба пропуск. У парадных дзвярах дзень і ноч стаіць паліцыянт. Вельмі строга!

А насупраць, цераз вуліцу,— цырульня Борынага бацькі. Рытвінскі хацеў зачыніць цырульню. Кідаецца ў яго вокны. «Я ж буду брыць пана кожную раніцу,— прасіўся Борын бацька.— Дазвольце...» Рытвінскі нешта памеркаваў, падумаў і сказаў: «Дазваляю». З таго дня дзверы цырульні адчынены. Ужо здалёк на левай фортцы дзвярэй можна прачытаць: «Цырульня С. Х. Бранта». Словы напісаны вялікімі літарамі, на ўсю фортку, зверху ўніз. А на правай фортцы — партрэт незнаёмага чалавека з востраю бародкаю. Мабыць, сам Брант ахінуў барадатага чалавека прастынёю і стрыжэ пад чуб. Унізе пад малюнкам напісана: «Стрыжка дам и завьивка волосьёв по последней моде».

Сцёпку вельмі блізка да Боры. Не было белапалякаў — ці трэба, ці не трэба, зазірне ў цырульню. Мала пра што хочацца пагаварыць! Цяпер вельмі неспакойна! Вунь паліцыянт і можа падумаць што хочаш.

Сцёпа стаіць зараз на дварэ, і яму карціць пагаварыць з Борам. Можа, ён даведаўся пра Каржакевіча, можа, другія якія навіны...

А з пакояў Рытвінскага праз адчыненае акно на двор панна Мальвіна неяк раптам:

 

«О, жыце мое!

О, бялы ружы...»

 

Яна з'явілася пасля Рытвінскага праз тыдзень. Сцёпка мяркуе: «яна начальнікава жонка». Толькі не можа зразумець, чаму цэлымі начамі, абы адлучыўся Рытвінскі з дому,— вечарынкі. І спевы і скокі — сколькі шуму над іх кватэраю!

«Ёй, напэўна, з ім сумна,— падумаў Сцёпка, — яна і спявае. Ведама, яму гадоў сорак, і такі сухарлявы А ёй гадоў дваццаць пяць».

Заспявае яна, і Сцёпка ўжо ведае: яго няма дома Дома ён — ніколі не пачуеш весялосці.

Прыехала яна, і праз некалькі дзён аднекуль прывезлі раяль. Чалавек дзесяць з «Белага Дома» ўносілі раяль у пакоі. Каля іх паліцыянты, а яны абляпілі раяль, як мухі, ды:

— Раз-два — узялі! Раз-два — уперад!

Ведама, вузкія ўсходы.

Сцёпка адышоў ад штыкетаў. Стаіць насупраць акна і хоча ўслухацца ў словы песні. Першы раз чуе гэтакі спеў.

А вартавы паліцыянт з-за брамы (Сцёпка і забыўся на яго):

— Чэго, галган, патшыш?1

Хацеў ісці ад акна, ды панна Мальвіна як на тое (можа, яна пачула голас паліцыянта):

— Хлопец! — паказала галаву пра акно.— Проша зайсці да мяне!

І сам не ведаў... Чаго ёй? Што хоча загадаць?

Не пайшоў бы, каб не гэты злосны паліцыянт. Хай ведае, як праганяць ад ганка сваёй кватэры! Хіба з’еў бы дом, гледзячы на акно?

Наперакор паліцыянту падняўся па драўляных прыступках з чорнага хода... Ішоў і вельмі баяўся, каб не застаць дома паручніка. Сустракаўся з ім — сэрца ёкала. Позірк гэтага чалавека пранізваў Сцёпкава нутро наскрозь. Нібы ён і ведае, што Сцёпка камсамолец. І ўсе Сцёпкавы думкі ведае. Напэўна, да нейкага часу не кліча да сябе ў кабінет. Можа, выбірае зручны час. Потым загадае паліцыянтам прывесці да сябе ды запытае: «Хто яшчэ, прызнавайся, камсамольцы? Што вы мяркуеце нам рабіць?»

«Я павінен трымаць сябе вельмі смела! — вырашае Сцёпка.— Ён ніколі не будзе ведаць маіх думак. Не дажджэ!»

Увайшоў у першы пакой і не ведаў, куды яшчэ ісці. Нікога не было. Стаяў у нерашучасці. Тут раней жыў бухгалтар Цыплін. От стаяў стол, а за перагародкаю ложачак малой Інкі. Гэты пакой цяпер лічыцца пярэдняю. Сцёпка здаўмеўся і пастукаў у дзверы.

— Проша...— спаткала Сцёпку сама Мальвіна, (служанкі Арыны нідзе не было відаць).— Павесь шапку...— сказала і пайшла паперадзе. На сярэдзіне пакоя спынілася, сказала «зачэкай» і выйшла ў бакавыя дзверы.

«Нейкая ўтрапёная...— падумаў Сцёпка.— Куды яна пайшла?»

Адзін адным стаяў сярод пакоя і адчуваў нязручнасць. Незнарок кінуў позірк перад сабою — на чым ён стаіць — і адразу:

— Гэта ж царкоўны дыван!

Такі самы дыван ляжаў перад «царскімі дзвярамі». Добра памятае. Як вучыўся, настаўнік Карповіч кожную нядзелю вадзіў у царкву. Усе пеўчыя вучні станавіліся на клірасе каля «царскіх дзвярэй». Пры такіх спевах, як «Отчэ наш» і «Достойно есць», пеўчыя маглі спяваць стоячы. Пры такім спеве, як «Іжэ херувімы», і пеўчыя станавіліся на калені. Тады Сцёпка ўсё стараўся, каб хоць крышачку трапіла пад калені гэтага дывана. Вельмі мулялася ў калені, пакуль спявалася гэта малітва. Яна і нядоўгая, ды адно слова дзесяць разоў спяваецца. Расцягваецца на цэлую вярсту.

«Няўжо бацюшка аддаў такі-та дыван? — падумаў Сцёпка.— Дзіва!..»

Акінуў пакой — можа, яшчэ што ад бацюшкі Патапскага? Усё незнаёмае. Каля сцяны — доўгая плюшавая канапа. На канапе — Нэрусь (Сцёпка бачыў Нэруся ў першы дзень, калі прыехала Мальвіна. Арына адразу пачала вадзіць яго на двор, каб пагуляў). Нэрусь ляжыць клубочкам. Адно вока заплюшчана, другое — акрайцам маладзіка пазірае на Сцёпку.

— Пцц... на, Нэрусь! — нясмела пазваў. Сабачка адплюшчыў і другое вока, а галавы не падняў.

Каля сцяны, злева,— адчынены раяль. Пасярэдзіне — круглы стол. На белым фабрычным дасеневым абрусе — шкляная ваза з яблыкамі. Наўкол стала — мяккія крэслы. У кутку, каля раяля — невялічкі столік з люстэркам.

«Мабыць, яе пакой. Мужчынскіх рэчаў тут і не відаць. От каб дзе-небудзь ляжаў рэвальвер... забраў бы!»

Вельмі хацелася мець рэвальвер. Тады адчуў бы сябе зусім самастойным, дужым. Нікога не баяўся б.

«Ён жа, напэўна, дзе-небудзь ёсць у гэтым доме...-— падумаў Сцёпка.— Адразу не знойдзеш... У Рытвінскага не адзін рэвальвер... Ды каб такі, маленькі».

Быстра бегаў вачыма па пакоі. Ізноў перавёў позірк на дыван.

Каля ножкі мяккага крэсла — гузік. Нагнуўся і падняў. З польскага фрэнча, з арлом. Пакруціў у пальцах і хацеў пакласці на стол. А Мальвіна ўваходзіць з бакавога пакоя:

— Чаго ж ты стаіш? Сядай і еш яблыкі!

Падышла да крэсла і цяжка села. Твар быў пакамечаны, зблажнелы. Нібыта не спала яна некалькі начэй.

Сцёпка стаяў на месцы. Круціў у пальцах гузік і не адважыўся перад ёю пакласці.

— Выбачайце, пані...— нясмела паварушыўся,— што вы хацелі мне загадаць?

— Загадаць? — рассмяялася, паказваючы белы часнок зубоў. Узяла з вазы яблык, адкусіла і, жуючы: — Я хацела загадаць табе, мой хлопчык, каб ты еў яблыкі. Еш! — другі ўзяла яблык і працягнула да Сцёпы сваёю кароткаю, голаю да пляча, рукою.

— Дзякую...— нясмела ўзяў.

Браў яблык і бачыў: на сярэднім і безымянным пальцах пярсцёнкі з вялікімі вочкамі. На адным — зялёнае вочка, на другім — цёмна-вішнёвае. Яны мяняліся сяміцветамі, гарэлі крышталём на сонцы.

«Нашто яна пазвала? — не разумеў Сцёпка.— Дзіўная...»

А яна паклала на абрус надкусаны яблык і таксама цяжка ўзнялася з крэсла.

— Я заўважыла... Ты, здаецца, любіш музыку... Я пазвала, каб ты паслухаў. Мяне ніхто не хоча слухаць... Я табе спяю і сыграю.

Яе твар афарбаваўся глыбокім смуткам.

«Мяне ніхто не хоча слухаць...» Што з ёю?

Няроўнаю хадою пайшла да раяля. Сцёпка правёў позіркам і зразумеў: яна ж п’яная.

— Я пайду...— ступіў крок ад стала.— Выбачайце...

Яна азірнулася. Стоячы на адным месцы, акінула Сцёпу прарэзлівым бліскучым позіркам. Не ведаў, які гэта позірк, а не мог ад яго зрушыцца.

— Праслухай! — строга загадала яна.— Ідзі сюды...

Сцёпа падышоў да століка з люстэркам. Яна супакоілася. Села каля раяля, пусціла пальцы па клавішах і ціхім голасам:

 

Ой, на тым жэ ганку

Вшыстке панны ў вянку,

А я нешчэнсліва —

Калыхала сына...

 

Перавёў позірк і бачыў: на століку марскія ракавіны і цэлая сям’я з слановай косці гусей. Каля гусей — распяты «пан Езус». Каля «Езуса» — ліст. На канверце напісана: «Сакрэтна. Начальніку паліцыі».

«Чаму я не паглядзеў адразу! — прабегла горкая думка.— Які я разявака! Можа, у лісце вунь што...»

І нельга было забраць ліст са століка. Мальвіна раптам спыніла і песню і музыку, праказала:

— Ты баішся майго Вацлава? Не бойся! Ён выехаў лавіць камуністаў. Ты не камуніст, мое дзецка?

Паглядзела на Сцёпу томным змораным поглядам. Сцёпа не сцярпеў і адвёў свае вочы, а яна:

— Я ніколі не бачыла камуніста. Вацлаў абяцаў мне злавіць. Гэта вельмі цікава! А ты бачыў камуніста?

— Бачыў!..— адказаў, да болю ўшчыкнуўшы зубамі сваю ніжнюю губу. Яго апанавала кіпучая крыўда.

Яна стала перад ім і, узяўшыся ў бокі:

— Я часта разважала, гледзячы праз акно, які ты добры хлопец...

Змоўкла і нечакана, паклаўшы руку на Сцёпаў плячук:

— Ты яшчэ зусім невялікі... Праўда? Так гаварыць не трэба! — Адняла руку і пасварылася на яго пальчыкам:

— Не трэба... Глядзі ж ты-ы ў мяне-э...

Было агідна, і Сцёпка рашуча ступіў ад яе. Ужо каля дзвярэй ён пачуў:

— Прыходзь, як змеркнецца. Ты баішся, калі ў пакоі відна. Праўда?

Браў у пярэдняй шапку, а яна цераз парог:

— Калі не прыйдзеш — я раскажу Вацлаву... раскажу, што ты камуніст...

Не памятае, як выбег на ўсходы, як сышоў на зямлю. Каля дзвярэй сваёй кватэры адсопся, абцёр халодны пот. Цяпер толькі заўважыў ён, што ўсё трымае ў жмені гузік з арлом. З вялікай сілай, нібы кідаў фунтовы камень, так шпурнуў гэты гузік. Было чуваць, як пакаціўся ён па брукаваным двары, туды, аж да памыйнай ямы.

Усю ноч Сцёпа не мог заснуць. Чуў, калі бацька ўставаў піць ваду. Недзе пад падлогаю шасталі мышы... Усё не сыходзіла з думак п’яная Мальвіна.

«Няўжо і напраўду раскажа свайму гэтаму Вацлаву? Навошта ён хадзіў?»

Не верыў ёй. Можа нагаварыць ад злосці. Сказала, каб прыйшоў, калі змеркнецца, а не пайшоў... А той Вацлаў — нагаворыць яна — хіба ён будзе разбірацца? Загадае зрабіць вобыск, арыштуе і будзе здзекавацца.

Вельмі трывожылі Сцёпку такія думкі. Раз-пораз пераварочваўся з боку на бок. Лавіў шорах яе пакояў. «А можа, яна ўжо сказала, і яны ідуць?..» Супакойвала толькі адна думка: яна гаварыла п’яным языком. Яна ўжо забылася — ці ён быў у яе, ці не.

У галаву не прыйшло падумаць, з кім яна піла. Меркаваў, што сама выпіла чарку віна ў бакавым пакоі, каб смялей з ім гаварыць. «Чаго яна нагаварыла!»

Сцёпа нічога не ведаў. У тым бакавым пакоі — Мальвініна спальня, у спальні — маленькі столік. Калі б зазірнуў, як выходзіў з другога бакавога пакоя, мог бы ўбачыць: на століку недапітыя чаркі, а каля століка ў глыбокім цыратовым крэсле сядзеў і спаў сяржант Ліпніцкі. Мальвіну разабрала злосць, што ён соня. Яна пазвала Сцёпку — хацела за вочы пасмяяцца з сяржанта. А гузік ляжаў ад учарашняга. Яго згубіў падпаручнік Закрэўскі.

Ноч — зблытаны маток электрычнага проваду. Нехта разрэзаў маток папалам, і сотня канцоў сыпала электрычныя іскры,— праціналі нутро Сцёпкі. Кідаўся, як у гарачцы, ахоплены электрычным прыскам. У галаву лезлі акраўкі думак... раяль з паабіваным лакам (уносілі арыштаваныя — паабдзіралі)... Мальвіна сварыцца пальцам: «Не трэба... Глядзі ж ты-ы ў мяне-э...» А найбольш не сходзіў з памяці Каржакевіч. Дадзена Сцёпу заданне, і ён не паспее дазнацца — яго могуць арыштаваць.

«Дарэмна буду ў «Белым Доме».

Ці праўда, ці не — Бора казаў, бачыў, калі да Каржакевіча заходзіў польскі салдат. І хутка выйшаў ад яго. Сцёпку рупіла: «Чаму не ён убачыў, а Борка?» Тады, нікому нічога не кажучы, вырашыў: «Зайду ў розведы, нібыта пазычыць чаго».

І зайшоў. Каржакевічы якраз вячэралі. Жонка наварыла бульбы ў мундзірах, і яны абіралі яе гарачую, мачалі ў лёк і елі. Сцёпка і прыдумаў: у іх выйшла газа, ці нельга пазычыць з бутэльку. І бутэльку ўзяў з сабою. Каржакевічыха сказала, каб пачакаў, павячэраюць — не мыць жа лішні раз рукі.

Сядзеў на скрыпучым крэсле каля камоды і маўчаў. Бачыў, як перакідае Каржакевіч з рукі ў руку гарачую бульбу, фукае на яе, студзіць, абірае. Карцела тады запытаць Каржакевіча: «Ну, як вы, дзядзька Міхалка, з работаю... Я от ніяк не магу ўстроіцца. Можа, вы параіце?» Абы пачаць, і Сцёпка ведаў бы, як гаварыць.

І не мог пачаць. Такія словы — відавочны намёк. Адразу здагадаецца... І, думаючы адно, сказаў зусім другое:

— Вельмі гарачая...

— Што...— узняў Каржакевіч вочы на Сцёпку,— бульба?

— Ага...— збянтэжыўся Сцёпка і дадаў: — Пад лушпаямі гарачыня, і яна як агонь.

Ведаў — сказаў ізноў нейкае глупства. А Каржакевіч:

— Гарачая, брат... пячэ, як панскія розгі.

Не чакаў такога параўнання. Пад Сцёпкам аж заскрыпела крэсла.

— А хіба яны вельмі гарачыя? — запытаў, не паказваючы ўсмешкі.

— Паспрабуй! — кладучы бульбіну ў рот, праказаў Міхалка.— Больш не захочаш.

І расказаў, кідаючы позірк больш на жонку, чым на Сцёпку, што да Антося Гучка прыйшоў з вёскі брат,

— Прыйшоў у хату і стаіць,— расказваў Каржакевіч,— а Гучок і кажа яму: «Сядай, браце. Вось табурэтка...» — «Дзякую, адказвае брат, не магу. Сорамна казаць, а не магу...» Абапёрся аб стол, так і прастаяў Аказваецца, белапалякі схвасталі розгамі, што не можа сесці. «Прыйшоў, кажа, да цябе, браце, каб якой мазі дастаць змазаць... Пухліна лопаецца, на раны пабіла...» І за што ты думаеш? — расказваў далей.— За вінтоўку. Нехта нагаварыў, што ў яго ёсць вінтоўка. Белапалякі за такую гаворку, як за ветачку. «Аддавай!» Ну, а дзе возьмеш, раз няма. Тады ў яго ў хаце, перад дзецьмі, перад жонкай, загадалі скінуць порткі і легчы на тапчан... Сам Гучок гаварыў. Не будзе табе маніць.

Каржакевічыха праказала:

— Што робіцца! Гэта ж толькі розгамі білі, кажуць, калі паншчына была...

Міхалка абіраў, можа, пятую бульбіну. Клаў каля сябе, каб есці гатовую адну за другой. На жончыны словы праказаў коратка:

— Няма чаго дзівіцца. Паншчына ад слова паны. Ну, а цяпер хто ў нас?..

Жонка маўчала, а ён абціраў аб ручнік клейкія ад бульбы пальцы. Сцёпка не мог зразумець: ці Міхалка гаворыць шчыра, ці бярэ яго на вудачку. Вунь як хацелася ўстаць з крэсла і дадаць да Міхалкавых слоў, каб жонка яго сабе добра ўцяміла, што:

«Белапалякі занялі наш край. Яны хочуць пасадзіць на спіну рабочага і працоўнага селяніна свайго пана, фабрыканта і кулака (Міхалка вельмі невыразна вытлумачыў жонцы). Кастрычніцкая рэвалюцыя адабрала ад гэтых зладзеяў фабрыкі і заводы. Працоўныя палякі таксама гэта ведаюць. Але яны пакуль што не ў сілах. Сусветная буржуазія і капіталісты дапамагаюць панам-палякам. Яны ўсе востраць на савецкую зямлю свае зубы. Але — пазбіваюць, ліханька, пакрышаць».

Нават узняўся з крэсла і — нічога. Не зводзіў з Міхалкавага твару вачэй і бачыў: да яго чорных густых вусоў прыліпла белая крошачка бульбіны. Жаваў у роце, і крошачка падымалася разам з вусамі. То ўверх, то ўніз. Міхалка тады быў і смешным і добрым.

Назаўтра пра ўсё расказаў Фіму. Той толькі нечага ўсміхнуўся, а потым праказаў: «Добра, добра...»

Не ведаў Сцёпа, што Фіма хавае і ад яго і ад Боры Міхалку Каржакевіча. Данеслі яны Фіму: «У Міхалкі быў вобыск, і яго прынялі на работу», што мог сказаць ім? Каб не выдаць партыйнага падпольнага работніка, ён сказаў: «Наглядайце, наглядайце... Гэта нешта не так». І нават прыдумаў — перадаў Дзядзькаву думку. Нібы і Дзядзька сказаў «наглядаць». А тут была думка ды і для Дзядзькі двайная выгада: не будуць ведаць, хто такі Міхалка, ды іх саміх можа праверыць, ці ўмеюць хаваць сакрэт. Пакуль паспеў перадаць Сцёпа Фіму пра гаворку з Каржакевічам, Каржакевіч раней перадаў.

— Твае хлопцы працуюць нядрэнна,— казаў Каржакевіч Фіму.— Прыйшоў пазычыць газы і не ведае, з чаго пачаць. Я яму дапамог.

І яшчэ не ведалі камсамольцы, хто такі паляк, што рабіў вобыск у Каржакевіча. Каржакевіч і сам не ведаў яго ў тую дрыжачую ноч. Назаўтра пайшоў наймацца на работу, а Дзядзька падыходзіць да яго ды ўсміхаецца:

— Дзе твая запіска?

Вочы зрабіліся вялікімі. «Адкуль ён ведае пра запіску плютановага?»

Потым, як Дзядзька расказаў, рассмяяўся.

Плютановы — польскі камуніст. Дзядзька дагаварыўся загадзя даць Каржакевічу работу. Ён вельмі патрэбны сярод рабочых чалавек. У яго рабілі вобыск наўмысна, каб не было падазронасці. Нібыта палякі пасля вобыску паслалі не на работу, а на шпіянаж. Сцёпка з Борам так і разумелі. І не толькі яны — уся вуліца шаптала пра Міхалку. І кожны баяўся адзін другому гаварыць. А жандар, што быў разам з Сядучам,— Бронісь Савіцкі — таксама свой чалавек. Ужо некалькі разоў Міхалка сустракаўся з Сядучам. Міхалка гаварыў:

— А што, каб я запытаў тады права на вобыск? Дзе б ты ўзяў ордэр?

— Фармальнасць! — усміхнуўся Сядуч.— Заядлы жандар наўмысна не пакажа табе ордэра. Ордэр выпісваецца, і яны бяруць яго з неахвотаю. Лічаць за знявагу паказваць ордэр. Хто ўжо вельмі настойліва патрабуе, пакажуць. Затое — яму мала не будзе. Я мог быць перад табою на такім прынцыпе.

Усё гэта цяпер Сцёпка мог толькі сніць. Але і не сніў. Ноч была для яго трывожная, як ніколі. Устаў змучаны, з чырвонымі вачыма. Невыразная трывога вельмі непакоіла. Хацелася хутчэй выйсці на двор ды зірнуць на Мальвініна акно. «Ці ўсё ціха, ці зачынена?» Рупіла даведацца, ці вярнуўся з ад’езду за гэту ноч начальнік Рытвінскі. А як даведацца? Сцёпа вырашыў: ён будзе на дварэ, Мальвініна служанка Арына прывядзе на двор на прагулку Нэруся. У Арыны і даведаецца.

Мыўся над тазам, і аж ёкнула ўсярэдзіне: да яго, на кухню, прыйшоў Бора.

«Чаго ён так рана...» — прабегла думка. А Бора азірнуўся. На кухні нікога не было. Тады праказаў дрыжачым голасам:

— Марысю арыштавалі... У сённяшнюю ноч... Фіма хоча ўбачыць Косціка. У дзве гадзіны будзе чакаць яго на скверы. Зараз ідзі, каб застаць дома, перадай...

Сцёпка стаяў з вытрашчанымі вачыма. Забыўся, што з мокрым тварам, з мокрымі рукамі. На ямачцы яго барады сабралася — вісела, як сляза, кропля мутнай вады.

 

1 Чаго, разявака, глядзіш?

Раздзел чацвёрты

Яны прыйшлі ўтрох. Адзін — на пагонах тры белыя лычкі, а ў тых двух — сівыя пагоны, як і іх фрэнчы. З трыма белымі лычкамі, паўнатвары і чорныя вусікі, а гэтыя двое — адзін нізкага росту, ногі яго нібы паўтыканыя; другі — высокі, шыракаплечы, з плямістым тварам воспы. Зайшлі яны, і здавалася — было ў пакоі не трое, а ў тры разы больш.

Марыся стаяла каля фікуса як лішняя. Нават не магла крануцца з месца... Так сціскалі яе з усіх бакоў іх постаці. І нават не ведае, як усё гэта пачалося. Нібы скрозь туман бачыла: высокі, з тварам у воспе, адчыніў яе шафу, шпурляў на стол яе сукенкі, бялізну... Той, што нібы з паўтыканымі нагамі, раскідаў на яе ложку пасцель... А з чорнымі вусікамі сядзеў на крэсле каля стала. У яго, здаецца, не было ніякага клопату. От зайшоў нібы да сваёй знаёмай і не зводзіў з яе сваіх прыжмураных вачэй. І крышачку, ледзь прыкметна, усміхаўся, гаварыў вачыма: «У цябе так утульна... цёпла. Ну, як ты жывеш? Даўно мы бачыліся...»

Ён рабіў вобыск яе душы, яе пачуццяў.

Хацелася заплакаць, і яна адвяла свой цьмяны позірк. Яна бачыла, як яе батыставая белая кофтачка трапіла не на стол, а на падлогу. Баялася, каб не наступіў высокі з тварам у воспе, і кранулася з месца. А з чорнымі вусікамі як сядзеў, дык адразу — але толькі ўсяго — падняў руку далоняй да Марысі. І нічога не сказаў. Марыся ізноў закамянела на сваім месцы. Было вельмі крыўдна, што ўсе яны маўчаць.

Нават гэты не мог сказаць, каб не краталася, а далоняй спыніў яе намер.

«Шукаюць нечага і маўчаць, як ваўкі...»

А можа, гэта была іх штодзённая работа? Каб добра зрабіць работу, трэба думаць аб ёй і маўчаць... Але высокі, з васпаватым тварам, усё ж наступіў ботам на белы батыст кофты.

Яны, здаецца, больш за Марысю ведалі, дзе што ляжыць у яе пакоі. І сама не ведала, дзе дзелася яе брошка. Мабыць, недзе закінула Натачка. Цяпер бачыла: той, з паўтыканымі нагамі круціў яе ў пальцах, потым зірнуў на Марысю ды паклаў у верхнюю кішэньку свайго фрэнча.

Хацелася крыкнуць як стрываў бы голас: «Бандыт!» — і не магла. Не было голасу, абарваўся, захрас у горле. Памкнулася толькі была з месца, ды ўспомніла далоню гэтага, з чорнымі вусікамі.

Высокі, з тварам у воспе, нібыта гаспадар дома. Ён запаліў ліхтар. Толькі не газоўку і не свечку, як паліць гаспадар, а электрычны. І выйшаў у сенцы. Калі выходзіў, Марыся праводзіла доўгім позіркам. Дзівілася, пыталася сама ў сябе: «куды ён, чаго пайшоў?»

І зноў — каб хто слова! Маўклівасць, напоўненая гэтымі людзьмі! Марыся пачынала баяцца такой маўклівасці. Каб заглушыць балючую цішыню, нават кранулася з месца, праказала:

— Таварышы... (прывыкла гаварыць гэта слова).

Яшчэ хацела нешта сказаць і — зрабілася маленькаю. Слова «таварышы» хвасянула нібы бізуном цераз плечы гэтага, з чорнымі вусікамі. Пружынаю ўзняўся з крэсла, і яна спанатрыла, што памылілася.

— Пане...— сарамліва праказала, апускаючы галаву. І не сказала таго, што хацела сказаць. Адчыніліся дзверы, і ў пакой увайшоў васпаваты. З выпрамкаю падышоў ён да гэтага, што з чорнымі вусікамі, і Марыся ледзь стрымалася на нагах. Наапашку ў яго быў шынель камандзіра. (Яна паклала шынель у карзіну і паставіла карзіну ў сенцах над кладовай.)

З чорнымі вусікамі зноў сеў на крэсла. Пякучаю іскраю бліснула ў вачах Марысіна смеласць. Можа, нават ад таго, што перад ёю чырвонаармейскі шынель? А недзе там цэлы фронт чырвонаармейцаў...

Зірнула поўнаю смеласцю ў яго вочы. Тыя слізка ўсміхнуліся і прымусілі, каб сцерла сваю смеласць.

— Хто жыве за сцяною? — паварушыўся на крэсле з той самай пякучай усмешкай.

— Гаспадыня з дзяўчынкай...

— Пазваць!

Марыся кранулася з месца. І ўжо ступіла два-тры крокі, а той:

— Не турбуйцеся...

Васпаваты пайшоў па Варвару Міхайлаўну. Тады звярнуўся да Марысі (цяпер заўважыла, што ў яго залатыя зубы. На іх, як гаварыў, адсвечвала электрычнае святло):

— Чый шынель? — не зводзіў з яе твару прарэзлівага позірку.

Адказала не адразу. Забылася і адшчыкнула кончык лістка з маладога фікуса. Церла лісток у пальцах, гаварыла:

— Шынель... шынель майго брата... Яны адступалі — брат заходзіў да мяне і пакінуў...

— Камуніст?

Нібы не ўцяміла пытання, маўчала, а ён зноў:

— Твой брат, пытам, бальшавік?

— Чырвонаармеец...— узняла вочы, і ў іх быў ледзь прыкметны гонар.

— У якім годзе нарадзіўся?

— Яму — дваццаты год...

Змоўчаў і заклаў нагу на нагу. Момант маўчаў, а потым з выразна гуллівай усмешкай на твары і ў самім тоне:

— Як жа, проша паненка, пайшоў твой брат без шыняля з намі ваяваць?

— У яго быў другі...— адказала з паспешнасцю.— А гэты запасны...

Правяла грэбенем па сваёй стрыжцы і заткнула яго ледзь не на самым версе валасоў. Пажоўклы лісток фікуса кінула набок і паглядзела, дзе ён. Кінула лісток і гэтым гаварыла: «Я сказала ўсё».

Ён хацеў запытаць яшчэ нешта, ды толькі перашкодзіла Варвара Міхайлаўна. Зайшла ў пакой, а за ёю — васпаваты. Разгубілася, калі ўбачыла яшчэ двух.

Не ведала нібы на хаўтурах — ці казаць «добры вечар», ці не?

З чорнымі вусікамі дапамог. Адразу ўзняўся з крэсла, спаткаў яе раптоўнаю гаворкаю:

— Ваша кватарантка кажа... Яна пераапранула чырвонага камісара.

— Я нічога не кажу! — ускрыкнула Марыся.

— Мільч! — пранізаў Марысю атрутным позіркам. Гаварыў да Варвары Міхайлаўны:

— Кажа — пераапранула, а дзе ён жыве — не хоча сказаць. Можа, пані гаспадыня ведае яго кватэру?

Гаспадыня зірнула на Марысю, адазвалася спалоханым голасам:

— Не ведаю... пане. Яна жыве адна. Я нікога не бачыла. Можа, хіба ўночы, калі я спала...

Тады кіўнуў галавою да тых двух, і яны зразумелі.

— Пойдзем! — сказаў Марысі высокі з тварам у воспе.

— Я нікуды не пайду! — Маленькая, бяссільная, адступалася ад яго.— Я ніку-уды-ды... Я не хачу-у!..— гаварыла скрозь усхліпы.

Хацела абысці васпаватага, а ён сваёю постаццю ўсё загароджваў дарогу. Незнарок дакранулася рукою да яго грудзей і адчула сіверны, чужы пах фрэнча. На пальцах рукі застаўся рупліва-прыкры сверб. Аж здрыганулася. Адскочыла да самага парога. А ён нагнаў яе і з непатрэбнаю сілаю штурхнуў за дзверы. Спатыкнулася на парозе,— усім сваім целам рынулася на падлогу. Васпаваты пасвяціў ліхтаром.

За сцяною, мусіць, ад грукату, прачнулася Натка. Плач дзіцяці быў нібы з падзямелля.

* * *

Прыйшоў Сцёпка з навіною да Косціка — ён снедаў. Перадаў Боравы словы — Косцік адрокся свайго снедання. Па целе прабегла дрыготка, выступіў халодны пот. Як утрапёны пабег да Марысінай гаспадыні.

Варвара Міхайлаўна гаварыла:

— І шынель забралі з сабою. Каб ты бачыў, што там было! Яна, бедная, вельмі крэпка ўдарылася бокам аб кант дзвярэй. Яна ж не магла ісці. Ёй заняло дух, і яны — адзін з аднаго, а другі з другога боку — пацягнулі пад пахі. І так, як стаяла. У адных сандалях. Я дагнала і дала рабое паліто і туфлі. Нізенькі ўзяў і сказаў — яна там адзене. Што-о робіцца!

Косцік маўчаў. Пазіраў у нейкі адзін пункт, і невядома, ці бачыў што.

«Што будзе? — не мог прылажыць розуму.— Яны ж яе замучаць! Яна не вытрымае — усё чысценька выдасць».

Варвара Міхайлаўна расказвала, як і аб чым пыталі ў яе,— Косцік нібы не чуў. Заходзілася ад болю сэрца. Арыштавалі гэту маленькую асірацелую дзяўчынку. Хіба яна вінавата? Дзяўчынка, якую ён так любіць! Яна ж не паспела зразумець камсамольскай арганізацыі. Пачнуць здзекавацца з яе — усё, што ведае, выкажа!

«Нашто я расказаў пра падполле! Нават расказаў, што Фіма наш арганізатар! Чаго я нарабіў! Фіму цяпер таксама арыштуюць! Фіма не ведае. Гэта ж быў вялікі сакрэт!...»

Ад злосці, крыўды на самога сябе хацелася плакаць. Варвара Міхайлаўна гаварыла:

— Навошта патрэбен быў той камісар? Гэткі час! Свет дрыжыць. Чалавек чалавека баіцца, а яна, як малая. Мая Натка, як сказала мне, што дзядзя чырвонаармеец адзеў дзядзі Петрыка сінюю сарочку,— я ажно рукамі ўспляснула! На што, кажу, ён ёй? Прыйшоў да яе, а яна хай бы і сказала: «Ідзі, братка, я баюся». І тут ніякай крыўды і нічога. Ведама, эт! — маладосць тая ў галаве. Не бачыла людзей, не ведае, што такое белапалякі. Каб гэтак на мяне — я заплюшчыла б вочы, каб не бачыць, не ведаць, які ён з твару.

Косцік схамянуўся. Такія словы нібы яго разбудзілі. Вывеў сябе з прыкрых думак ды ўзнятым голасам:

— Вы гаворыце, Варвара Міхайлаўна, выбачайце, немаведама што. Гэта ж не трэба мець сэрца! Так могуць гаварыць, калі хочаце, контры савецкай уласці!

Забыўся на ўсю перасцярогу. У яго ніякага знаёмства з Варварай Міхайлаўнай. Перакладалі з бацькам печ — тое знаёмства ўсяго і засталося. А яму хацелася цяпер давесці перад гэтай жанчынай яе неправату. Не разумеў, што сам сябе выдае перад ёю, гаварыў:

— «Белы Дом» не змяшчае арыштаваных. Белапалякі рабуюць горад і вёску. Бяруць што ні прыйдзецца — вязуць у Польшчу. Ідзіце на станцыю — убачыце. І куры, і гусі, і свінні, і збожжа. Поўнымі вагонамі! Паны чуюць сваю пагібель. Век векаваць не будуць! Чырвоная Армія патурыць іх так, што ажно пыл закурыць! А Марыся — рэвалюцыянерка!

Апамятаўся і ў тоне і ў словах збавіў свой пафас:

— Калі праўда, што яна дапамагала ўцячы чырвонаму камісару,— канешне, рэвалюцыянерка. Яна ратавала чалавека і не баялася гэтых злыдняў.

— Што праўда, то праўда...— сказала Варвара Міхайлаўна.— Яна дапамагла яму ўцячы. Каб не яна — яго злавілі б, што гаварыць...

Запытала нечакана:

— Няўжо ж Марыся вам нічога не казала?

Адвёў позірк ад яе вачэй. Аднекуль з’явілася жахліва страшная думка.

«А можа, яна выдала палякам Марысю?»

— Нічога не казала,— адказаў Косцік і надзеў шапку, каб ісці,— не ўсё можна казаць. Я, праўда, бываў у яе... Я не крыўдую, што не сказала. Яшчэ больш за гэта паважаю. Гэтага няможна казаць роднаму бацьку. Мала што можа быць...

Зноў была не выказана палахлівая думка: «Чаго я ішоў да гэтай жанчыны? Усё адно Марыся арыштавана. Праз каго-небудзь мог дачуцца, як арыштавалі... Цяпер яна будзе ведаць, чым я дыхаю. Тут, можа, ходзяць шпікі?»

Выйшаў ад Варвары Міхайлаўны як сам не свой. Яна правяла на ганак, спынілася, сказала:

— Вы, божа барані, не падумайце чаго на мяне! Я вельмі любіла і люблю Марыську. Яна і ні мне і нікому вока не запарушыла. Мы жылі з ёю як большая сястра з меншаю. Яна і Натку маю любіла. А колькі ёй Натка надакучала!..

— Што вы! — адказаў Косцік.— Я нічога на вас не думаю...

Прыйшоў дадому і не мог угамавацца. Узлез на гару, яшчэ раз праверыў, ці добра схавана яго камсамольская літаратура.

На гары насыпана пяску. Каля коміна пад пяском на самай столі — яго схованка. Хавае тут таксама і свой дзённік. У дзённіку — усе найлепшыя думкі пра савецкую ўладу і найгоршыя — пра белапалякаў.

«Каб знайшлі — больш нічога і не трэба! — усміхнуўся прымушана скрыўленай усмешкай.— Было б... Тут не знойдуць,— пацешыў сябе.— Век-вечны не здагадаюцца!»

Злез з гары — матка запытала:

— Чаго ты, Косцік, лазіш, тупаеш... чаго ты шукаеш? Нейкі неўгамонны...

— Так сабе...— адказаў.

Ні бацька, ні матка не ведалі свайго сына. Спакойны ён у іх — гэта ведалі. Калі б дазнаўся бацька, што Косцік у камсамоле,— быў бы ў хаце бунт. Бацька больш верыць у бога, чым матка.

Бацька сказаў бы:

— Нехрысць! вырадак! Што ты сабе думаеш?

А матка сказала б:

— Хто яго разбярэ цяперашнім светам. Не крычы ты ўжо на хлапца. Мы старыя... Пражываем свой век. Яны — маладыя — як хочуць, хай робяць.

Косцік добра разумеў сваіх, як называў ён, «старых». Запісваўся ў камсамол, прасіў хлопцаў, каб не данеслі ў хату. А хлопцы таксама шмат хто хаваў ад бацькоў камсамольскае званне. Гэтак па ўсёй акраіне гарадка.

І яшчэ знаў сваіх «старых». Яны клянуць белапалякаў. Гэтымі днямі прыйшоў бацька з горада, гаварыў да маткі:

— От жа здзекуюцца з людзей! Іду я, па Шырокай едзе селянін. Відаць, на рынку быў ці, можа, так чаго прыязджаў... Едзе ўжо дадому. Я і не згледзеў, адкуль узяўся з жоўтымі нашыўкамі на штрыфлях ды гукае: «Стой! Пачакай!» Той спыніўся, а ён падыходзіць і заварочвае каня. «Куды, пане?» — пытае селянін. «Тут недалёка...— кажа,— падвязеш з кватэры на кватэру куфэрак».— «Мне ж далёка дадому...» — пачынае прасіцца. «Нічога,— кажа,— заедзеш». Узяў з рук лейцы і кіруе канём. Я глядзеў, глядзеў... Здаецца, каб падышоў, каб дзьмухнуў...

— Гэта быў бы з твайго боку тэрарыстычны акт,— слухаючы бацьку, уставіў Косцік.

— Ты многа ведаеш! — зірнуў бацька на сына.— Я ўжо даўно заўважаю на табе гэтыя «акты». Глядзі, хлапец, каб у маёй хаце ніякай палітыкі не было!

А што, калі б да Іллі Цімафеевіча Бранявіцкага дайшло: яго сын не толькі камсамолец, а яшчэ і член падпольнай арганізацыі? Над гэтым пытаннем Косцік ніколі не думаў.

* * *

Ларэцкая вуліца паабапал у ліпавых прысадах. Асенняе сонца кранулася з поўдня і асыпала ліпавы ліст залатым друзам. Лісце паспела ўжо. Ціхі дзень, цёплы, а яны ападаюць па адным, як сочна-спелыя антоны. Толькі ападаюць павольна, каб не пабіцца, не пакамячыць свайго сочнага наліву.

Косцік не заўважае асенне-бесклапотнага хараства. Лісце трапляе пад яго ногі — топча яго. З яго думак не сыходзіць Марыся.

Ніколі як цяпер — самая найбольшая да Марысі любасць! Яна такая добрая «малая»... Яна вельмі даверлівая. Кажа чалавек, і гэта праўда.

У яе заўсёды добрыя, наіўныя вочы. І яго, Косціка, вунь як любіць! Зойдзе да яе, а яна не ведае, з чаго пачынаць гаворку.

«Дзе ты... недзе, вось апырскаў у гліну сваю целагрэйку... Пачакай!» Яна саскрабае пазногцямі кроплі гліны, што застылі на ватоўцы. Яна ж ведае, дзе ён апырскаў. Рабіў з бацькам у Макоўскага новую грубку.

«Гаспадыня кажа — яна любіць Марыську. Каб яна тое з’ела! Нябось яе не зачапілі. Віхляла перада мною... Які неасцярожны я! Колькі разоў Фіма наказваў нам! Знайшоў я каму гаварыць пра Чырвоную Армію!»

Косцік ішоў у гарадскі сквер. Зараз без дзесяці хвілін дзве гадзіны. Можа, Фіма ўжо чакае яго. Аб чым Фіма будзе з ім гаварыць?

Косцік нёс у сваім нутры вялікую буру. Не ведае, як ён спаткаецца з Фімам? Як ён гляне яму ў вочы? Ён расказаў Марысі падпольныя сакрэты. Марыся арыштавана, і, можа, гэтыя сакрэты ўжо ведае дэфензіва? Фіма нічога не ведае!

— Каб ніхто не знаў! — наказваў Фіма.— Ніхто, ані!

І наўмысна папярэдзіў Косціка:

— Не гавары сваёй дзяўчыне. Глядзі! Яна можа быць добрай камсамолкай, а цяпер дзіця. Зноў данясе, ты не крыўдуй,— «ад радасці» сваёй гаспадыні. Нельга, каб яна была ў падполлі.

Косціку хацелася, каб на такой вялікай рабоце была разам з ім. Не мог пярэчыць Фіму, а толькі — крыўдна...

Фімавай думкі Марысі не сказаў: магла зазлаваць. А ўсё — расказаў.

«Як такой добрай не скажаш? Яна даражэйшая за родную сястру. Мала што здарылася: канешне, ад радасці пахвалілася гаспадыні. Фіма нечага чапляецца...»

А цяпер — зразумеў Фімаву правату.

Мінуў Парэцкую і выйшаў на пляц. Кожную нядзелю на гэтым пляцы кірмаш. З усіх аколічных вёсак і нават за сорак вёрст едуць прадаваць-купляць. Хто што. Сёння нядзеля, а на пляцы дзесяць — пятнаццаць фурманак.

«Баяцца ехаць...» — заглушаў свае бурлівыя думкі. Неяк праз месяц, як прыйшлі белапалякі, сабраўся кірмаш. З’ехаліся вельмі нясмела. Нібы чулі бяду. А бяда — ні з таго ні з сяго. Белапалякам якраз падаспела падвозіць са складаў да станцыі збожжа. Яны доўга і не думалі. Хто прыехаў і не паспеў уцячы — забралі на падвозку. Колькі тады было праклёнаў! Чалавек, можа, прыехаў у лепшай святочнай вопратцы, а тут — на табе! — кладзі мяшкі на падводу, вязі, скідай.

— Завязіце па адным разу,— гаварыў паляк з адной зорачкай на пагонах,— і можаце сабе ехаць да мяшкання. Гуртам — прэндка.

Гэты выпадак пайшоў па вёсках вельмі далёка.

«Яны вельмі разумныя! — гаварыў Забічанскі Гаўрук.— Я і то на такую штуку не здаўмеўся б...»

А Кузёмка Данільчык, што жыве ў Ветраках, казаў: «можна браць фурманкі з кірмаша, добра кажаш, толькі на пажар!»

Дараўскі Яўхім Камлюк, які быў у той дзень на кірмашы і не паспеў уцячы, проста сказаў:

«Яшчэ мала ім маёй стойкі!»

І ламавікі і рамізнікі з горада і ўсе аколічныя вёскі кожны дзень давалі каменданту Векерту для жандарскай патрэбы фурманкі. Апрача гмінных войтаў. Тыя самі сабе бралі. Ужо загадзя начальства вызначае нарад. Назаўтра — дваццаць... Паслязаўтра — трыццаць, а можа, і сорак. Каб не парушаны быў нарад — ці выехалі,— на вёсцы правярае солтыс, у горадзе — паліцыянт. Пакуль не прыедзе змена — цэлыя суткі трэба стаяць з канём: на вёсцы — каля гміны, у горадзе — каля паліцыі. Трэба ехаць куды-небудзь паліцыянту, жандару — бяруць гатовую фурманку. Выгада!

І не дзіва Косціку, што не было кірмашу. Кожны баяўся. Колькі таго торгу, калі прывязе хто яблыкі ці дзічкі-гнілкі, а клопату можна натаргаваць повен воз.

А прыедзе хто пасля такога выпадку — ненадоўга. Паставіць каня і не выпрагае. Глядзіць па баках з-пад брыля, ці не ідзе «канарык» — можа, зноў падвозка. Спяшаецца хутчэй ехаць дадому.

Косцік прыйшоў у сад і так сабе прагульваўся па бакавой алеі. Нагінаўся часамі, падымаў жоўта-залацісты лісток, разглядаў тонкія яго жылы.

Лісты, таксама як і на Парэцкай вуліцы, ападалі. Яны сыпаліся, усцілалі алеі шамрыстым дываном. Лісты чыстыя. Апрача ветру, дажджу — ніхто не крануў пальцам. Хацелася некалькі падабраць. Дзеці збіралі, гулялі, зноў гублялі...

Гарадскі сквер — хоць і нядзеля і цёплы дзень — нешматлюдны. У садзе толькі многа дзяцей. З імі найбольш маладыя нянькі — вясковыя дзяўчаты. Дзе-нідзе на лавачках дзве-тры асобы. Сустракаюцца радавыя палякі. Часамі разводзяць з дзяўчатамі гаворку. Некаторыя палохаюцца — клічуць да сябе дзяцей; некаторыя сядзяць побач — гавораць, нібыта даўно ведаюць адно другога.

А вунь — уся лаўка занята. Смех і гоман. Хлопец з рыжым чубам трымкае на мандаліне. Каля яго — дзве дзяўчыны. Перад імі — яшчэ два хлапцы. Вышэйшы ростам абапёрся на плячук ніжэйшага. Яны нечага смяюцца...

«Можа, камсамольская група,— думае Косцік.— Можа, яны праводзяць тут свой сход? Не такую робяць работу, якой нарабіў я... Нікому, можа, не гавораць сакрэтаў... што я скажу Фіму?»

Хацелася апраўдаць сябе, і ў думках зусім другое:

«Наўрад! Камсамольцы не пойдуць на сквер праводзіць сход. Дудкі! Гэта — бесклапотныя людзі. Марнуюць сваю маладосць. Ёсць жа мяшчанская маладосць... з мандалінаю!»

Косцік ішоў вольна. От цешыцца гэтым цёплым днём і гэтым восенню ўпрыгожаным садам. Яго апярэдзіў стары, чыста паголены вусаты чалавек. Праз некалькі крокаў апярэдзіў малады чалавек у жоўтых гетрах. Насустрач ішлі дзве дзяўчынкі — падлеткі. А( нечым вельмі спрачаліся. За імі ішла пажылая жанчына. Несла ў руках дзіцячы абруч, а за ёю — можа чатырохгадовы хлопчык. Ён нагнуўся і падымаў з зямлі апаўшы каштан. Грэбаўся пальчыкамі, каштан, як жывы, хаваўся ў лісці.

Жанчына азірнулася, сказала:

— Што ты, Валя, згубіў? Ідзі сюды! Пойдзем дадому.

«Усё ж для сустрэчы нязручнае месца,— хацелася ўпікнуць Фіму.— Мала ў скверы людзей. Можна ж было выбраць месца. Чаму Фіму прыйшло ў галаву, каб толькі тут?»

Звярнуў на кляновую алею. Прайшоў некалькі крокаў і сеў на лаўку. Адгэтуль відаць увесь сад. Будзе ісці Фіма з галоўнага ўвахода — таксама відаць.

Фіма павінен бы дагэтуль прыйсці. Падыходзіў да сквера, у вітрыне стронгінаўскай майстэрні — дзве гадзіны. Не спазніўся ні на адну хвіліну. Фіма пазніўся.

Зрабілася лягчэй на сэрцы. Хацелася, каб Фіма яшчэ не прыйшоў. От, каб яшчэ пабыць аднаму, падумаць...

«Марыську прадала палякам яе гаспадыня. Канешне. Хто ж мог данесці? Яе арыштавалі б у той дзень... А яшчэ кажа: «Не падумайце, божа барані, на мяне». Хітрая! Бачыць, што я ўсё разумею. Я, можа, наўмысна нагаварыў перад ёю на палякаў. Хай даносіць... Што яна тады скажа, калі прыйдзе Чырвоная Армія? Я гаварыў перад ёю праўду...»

Фіма яшчэ не прыходзіў. Цені ліп, клёнаў пачыналі быстра расці. Аднекуль узялося больш людзей. Недзе зноў смяюцца. Чуваць плач дзіцяці. Вунь прайшлі пажылыя мужчына з жанчынай. Мужчына ў капелюшы. Можа, які прафесар? Па вуліцы, каля саду, прайшлі строем чалавек дваццаць жандараў. Вельмі чыста апрануты. Яны ў адных мундзірах. Пад жоўты бляск сонца серабрыстыя «сыхі» на каўнярах мундзіраў адсвечваюць пералівам. Ідуць як адзін. Без музыкі і не блытаюць рытму — «гах! гах! гах!».

«Я не скажу Фіму, што Марыся ведае пра нашу работу,— рашуча думае Косцік.— Нізашто! Тады і мяне, як Марысю, за мой язык не дапусцяць да падпольнай работы. Я ніколі нікому не буду гаварыць больш... Хай мне Фіма даруе за гэты раз... Можа, Марыська выцерпіць дэфензіву... Калі што — яна вельмі цярплівая. Добра — і яна добра, дрэнна — яна вельмі цярплівая. Дзе ж усё-такі дагэтуль Фіма?»

Кінуў назад, цераз плячо, коса скрадзены позірк. «Можа, будзе ісці з-пад гарадской вадакачкі?» Нікога не было. Толькі зусім бесклапотна, наводшыбе, сядзеў малады чалавек у жоўтых гетрах. Той самы, што абмінуў Косціка на бакавой алеі. Выпускаў густы папяросны дым і не глядзеў у Косцікаў бок. У адным гарнітуры... (Дарма сабе, што цёплы дзень — Косцік у сваёй целагрэйцы.)

«Калі ён сеў? — падумаў Косцік.— Можа, гэта шпіён?»

Ніколі не бачыў шпіёна і не ведае, якія яны. Фіма гаварыў Косціку, што трэба асцерагацца «павукоў». Казаў, ён будзе ісці за табою, і ты яго не заўважыш. Ідзе чалавек, мала куды ідзе. А трэба ведаць: такі чалавек заўсёды ідзе з табою «ў адну дарогу». Ты па адным баку тратуара — ён, можа, па другім. Ты звярнуў, скажам, на Базарную вуліцу, і яму «па дарозе». Або «яму няма куды спяшацца», або «вельмі спяшаецца». Бывае, і абгоніць цябе, і зверне на другую вуліцу,— ты пройдзеш, забудзешся на яго — потым глядзіш: «той самы чалавек» на тым баку тратуара. Як з-пад зямлі вырас!

— Яны вельмі «далікатныя»,— казаў Фіма.— Не пакіне цябе, калі ты яму «даспадобы».

Косціка апанаваў цяпер невыказны страх. Яшчэ раз зірнуў на яго — не глядзіць у яго бок. Скурыў папяросу і есць яблык. Адразае ножыкам і як не сваім ротам нехаця чамкае: «яму няма куды спяшацца».

«Фіма ўжо не прыйдзе,— адразу падумаў Косцік.— Ужо будзе тры, калі не больш, гадзіны...»

Падманваў сваё адчуванне. Паказаў смеласць перад гэтым чалавекам. Не з-за гэтай асобы ўжо ён пойдзе, а што Фіма дагэтуль бы прыйшоў...

«Фіма, канешне, не прыйдзе... Трэба ісці...»

Узняўся з лаўкі і не спяшаўся. Прайшоў да канца алеі. І не азіраўся. Вельмі хацелася ведаць, ці ідзе гэты чалавек за ім?

«Азірнуся, і калі ён ідзе — здагадаецца: падазроны».

Тады лавіў слухам яго крокі — «хто ж іх разбярэ?».

«Я проста напалоханы! — падумаў Косцік.— Мала які чалавек? Убілася нейкае ліха ў галаву... Чаму ж усё-такі не прыйшоў Фіма?»

Выйшаў з сквера і перайшоў на другі бок Падгорнай. Мінуў двухпавярховы мураваны будынак. На вуліцы — мала людзей. Яны ўсе некуды за нечым спяшаюцца. Адны ідуць насустрач, другія — абмінаюць Косціка. У кожнага чалавека свой клопат. У Косціка таксама клопат... Гэта жанчына, што ідзе, не ведае яго клопату. Яна — у мужчынскіх чаравіках (напэўна, яе мужа), касынкаю завязаная на галаве паркалёвая хустка... у мультановай сукенцы. Клопат у Косціка, можа, аб ёй, а яна нічога не ведае. Жанчына размінулася з Косцікам, і ён міжвольна азірнуўся. Можа, каб засталася гэта жанчына ў памяці.

І не ведае, як абарваў свой позірк. На твары ў яго выступіў халодны пот... За некалькі крокаў — чалавек у жоўтых гетрах. Стаіць і «чытае» на штыкетах афішу кінатэатра. «Як нічога не было».

«Вось які ён...» — падумаў Косцік, нібы першы раз убачыўшы ваўка. І звярнуў з Падгорнай вуліцы на Базарную.

 

Раздзел пяты

Дзверы ў Дзядзькаў пакой — з калідора. Калі дома ён — не замыкаюцца. Пастукаў і адразу адчыняй. От ён нікога не баіцца, і ніякіх сакрэтаў у яго хаце няма. Нашто замыкаць? З’явяцца «канарчыкі» — ці замкнута, ці не — зойдуць у пакой. Замок — толькі большая ахвота: «А што ж там за замком?»

Фіма застаў Дзядзьку дома. Ён толькі што вярнуўся з работы.

— Прысядзь,— стоячы за квяцістай зношанай шырмай, пераапранаўся Дзядзька,— толькі, знаеш, цяпер устаю... Я зараз...

Тое, што Дзядзька жартуе з уставаннем,— Фіма ведаў. Ён жа ходзіць на станцыю грузіць вагоны. Жандары знаюць Дзядзьку па дакументах як грузчыка — Сідара Лабанка. У першы дзень сваёй работы пяціпудовыя кулькі насіў пад пахай — туга напханымі сеннікамі. Прыганяты пагрузачнай, пан Тадэвуш, нават пахваліў Сідара Лабанка.

— Сіла ў цябе ёсць... ты дужы мужык!

На другі дзень «Лабанок» не паказаў сваёй сілы. Даволі запамяталі, што ён «дужы». Будуць прымаць на работу. Дзядзьку трэба быць на вачах. І найлепш на чорнай рабоце.

Выйшаў з-за шырмы босы. Зашпіляў апошні гузік у каўняры мультановай сарочкі, гаварыў да Фімы:

— На станцыі, знаеш, эшалон польскай пяхоты. Раніцай прыехалі. Уночы едуць на фронт...

Дастаў з кішэні сваёй жакеткі самадзельны партабак, гаварыў з мяккаю ўсмешкаю:

— Вельмі хацелася, каб хаця на вагон адну пракламацыю! Ехалі б сабе на фронт і чыталі...

У яго загарэліся вочы. На твары ляжала глыбокая задуменнасць. От каб цяпер Фіма сказаў яму: «Ёсць пракламацыі! Пракламацыі ў эшалоне!» Напэўна, пацалаваў бы ад радасці Фіму. «Ты, знаеш, маладзец!» — сказаў бы.

Ён сеў насупроць Фімы каля стала і моўчкі круціў папяросу.

З дня на дзень Дзядзька чакае пракламацыі. Фіма не ведае, як і адкуль яны будуць. Напэўна, з падпольнага цэнтра. Дзе знаходзіцца цэнтр, таксама не ведае. Дзядзька трымае ў вялікім сакрэце. Не таму, што не давярае Фіму. Фіма гэта разумее. Мала што можа быць... Нельга самому сабе верыць. Хто ведае, ці зможаш вытрымаць здзекі дэфензівы, калі давядзецца туды трапіць? Па горадзе ходзяць чуткі, што ніхто не вытрымлівае...

Дзядзька смачна зацягнуўся дымам папяросы. Пытаў прыжмуранымі вачыма: «Чаго прыйшоў?» Фіма разумее: прыйшоў і гавары адразу.

— За Косцікам Бранявіцкім зноў хадзіў «павук»...

— Н-ну...

— Вёў з Рысорнай вуліцы да самай хаты... І ўжо не той, што ішоў за ім са сквера, а нейкі нізенькі, у скураной тужурцы...

— Та-ак...

— Я мяркую, што ўсё гэта цераз Марысю Суравец? Ён жа яшчэ нічога палякам не нашкодзіў, каб у іх быць на воку?

— А хіба Марыся ведае, што ён у падполлі?

— Не, яна не ведае. Дэфензіва магла дазнацца, што Косцік яе кавалер. Яны ж вельмі адно другога любяць... Дык я і мяркую; дэфензіва ўпэўнена, што ён таксама ведае камандзіра і, напэўна, сустракаецца з ім. Яны і паставілі шпікаў, каб высачыць — ім больш, канешне, важна — камандзіра.

— Та-ак...

Момант маўчалі. Нібыта Дзядзька шукаў адказу, а Косцік чакаў. Ці ведае Марыся аб падполлі, ці не — Косцік Фіму ўсё ж нічога не сказаў. Вельмі баяўся, каб Фіма не выключыў за яго доўгі язык.

А Фіма нібы адчуваў. Хацеў гаварыць з Косцікам у скверы, каб цераз Марысіну гаспадыню насіць ёй падачу. І яшчэ раз запытаць, ці ведае Марыся што, ці не?

Чамусьці рупіла. Не верылася. «У іх такая вялікая дружба!»

Фіма ў нядзелю не быў у скверы. Перадаў спаткацца з Косцікам і тады вырашыў: «Небяспечна. Чаму мне прыйшоў у галаву гэты сквер? Гэта ж не лета! Летам поўны сквер людзей. Там цяпер дзесяць чалавек. І тыя, можа, паліцыянты ці жандары. Няхай: пачакае ды пойдзе. Заўтра ўбачуся. Хоць дзе».

І ўбачыліся. Назаўтра Косцік прыйшоў да Фімы сам. Пачуў Фіма, як ішлі за Косцікам «жоўтыя гетры»,— быў рад, што не пайшоў у сквер.

— Табе не трэба да мяне хадзіць,— гаварыў Косціку,— можа, і сёння наглядаюць, дзе ты, куды ідзеш? Трэба асцерагацца. Будзем, калі трэба, сустракацца на могілках.

Фіма не памыліўся. Учора зноў Косцік заўважыў за сабою шпіка. Ідзе гэтак па Крашчэнскай, а яму насустрач — чалавек у скураной тужурцы. Косцік звярнуў на Трубную,— глядзіць — гэты самы на другім баку тратуара! Звярнуў на Рысорную — і чалавек «па дарозе». Дайшоў да сваёй Крывой — таксама ідзе.

— Вельмі смелы! — казаў Косцік.— І такі замухрышка! Мне яго на адзін палец!

Дзядзька на Фімавы заўвагі даў цяпер гэткі адказ:

— Распусціць... перафарміраваць тройку!

Ён устаў з крэсла, тыцнуў жарам акурка ў намаляваны букет кветак на дне вышчарбленай попельніцы, ступіў два-тры крокі... Кінуў на попельніцу позірк — акурак не патух. Тонкаю стружкаю ўзвіўся з попельніцы мусліновы дым. Гэта раздражніла Дзядзьку. Падышоў да стала і прыціснуў тлеючы жар пупышкам пальца.

— Хто ў тройцы з Косцікам Бранявіцкім? — запытаў нервовым тонам.

— Сцёпка Макейчык і Бора Брант,— адказаў Фіма.

— Ты будзеш адзін мець з Бранявіцкім сувязь. Ні Макейчык, ні Брант не павінны з Бранявіцкім сустракацца. І яшчэ я павінен цябе папярэдзіць...

Нехта пастукаў у дзверы і пераняў на слове. Фіма сціснуў у руках шапку, а Дзядзька заспакоена, грубаватым тонам:

— Дазваляю... можна зайсці!

Абодва глядзелі на дзверы. Чалавек за дзвярыма, мабыць, недачуў Дзядзькавага дазволу — марудзіў. Дзядзька праказаў зноў:

— Калі ласка...

Дзверы адчыніліся нясмела. Цераз парог пераступіла незнаёмая Фіму дзяўчына.

— Выбачайце...— вінавата стаяла ў парозе,— дзе тут, у каторым пакоі сяржант Зомбер?

На Дзядзькавых вуснах заварушылася ўсмешка. Адказаў дзяўчыне:

— З параднага хода, налева...

Дзяўчына зноў сказала «выбачайце» і хацела ісці. Тады Дзядзька адкрыта ўсміхнуўся, перапыніў:

— Клава, што ты хацела сказаць?

І Дзядзька і дзяўчына засмяяліся. Яна вярнулася ад дзвярэй да стала.

— Наш Фіма,— сказаў Дзядзька,— знаёмцеся.

Фіма толькі цяпер зразумеў гэту ўмоўнасць. Калі кажа Дзядзька — пан Зомбер жыве «з параднага хода, налева» — у яго пакоі чужы чалавек. Дзядзька пажартаваў над Клаваю.

А сяржант Зомбер і ўпраўду жыве пад адною страхою з Дзядзькам. Шмат было клопату, пакуль Дзядзька перайшоў пад адну страху. Пакойчык быў заняты. Таварыш, які тут жыў, выехаў на вёску. Наўмысна выехаў. Абы не кідалася на Дзядзьку падазронасць. Шпіёны цяпер не даходзяць сюды. «Хіба можа камуніст ужыцца з афіцэрам?»

Клава прысела на край крэсла і гэтым нібы гаварыла: «Я на хвіліну. Вельмі спяшаюся...»

Фіма не зводзіў з Клаўдзі сваіх вачэй і бачыў: на яе твары — смуга-загар. Бровы — два распасцёртых на ляту крылы ластаўкі. Дзе-нідзе, скрозь загар, ледзь прыкметныя кроплі рабаціння. З-пад круглай малінавай шапачкі незнарок звіслі над бровамі два-тры пярсцёнкі чорных як смоль валасоў. Вочы — маленькія, шэрыя. Яны перапоўнены стрыманаю дабратою.

Клава дастала з-за абшлага асенняга паліто парашком складзеную паперку. Падала Дзядзьку, праказала:

— Пісулька... Тэрміновая.

Дзядзька расхінуў лісток лінаванай паперы, вырваны некім з сшытка для чыстапісання. Фіма сачыў за зменаю яго твару. Пачаў чытаць і штораз больш — яго твар рабіўся насупістым. На лбе з’явіліся густыя, дробныя маршчыны, бровы нашатырыліся.

— Я цяпер добра сцяміў тваю тройку! — з сярдзітай усмешкай звярнуўся Дзядзька да Фімы. Трымаў пісульку перад сабою, гаварыў: — З такой работай, знаеш, захраснеш у дэфензіве, як кажу! Трэба, знаеш, узяцца за галаву! Што яны ў цябе робяць?! Вялікае шчасце... Калі б пісулька трапіла ў дэфензіву — я не ведаю!..

— Я атрымала яе, ішла да цябе і ўся дрыжала,— дадала Клава да Дзядзькавых слоў.— Я не ведаю, што ў ёй напісана,— звярнулася да Фімы,— толькі ніяк нельга перасылаць пісульку цераз рукі. Канешне.

— То-та ж...— зірнуў Дзядзька на Клаўдзю. Перавёў позірк на Фіму, праказаў: — На, браце, прачытай! Чытай услых!

Фіма таксама разумеў: усім падпольным забаронена перадаваць цераз пісулькі хоць якія-небудзь сакрэты. Не мог паверыць, каб хто з яго тройкі адважыўся пісаць самому Дзядзьку. Маглі, калі што, яму напісаць. Гэта было б палавіна бяды. «Напэўна, напісаў Бора,— падумаў Фіма.— Ён адзін ведае, цераз каго перадаць, каб дайшло да Дзядзькі».

І памыліўся. Пісаў Дзядзьку Сцёпка. Вось што прачытаў Фіма ў пісульцы:

«Вы мяне не ведаеце, дарагі таварыш Дзядзька, і я вас таксама не ведаю ў твар. Але я ведаю, што вы, як партыйны, над намі, камсамольцамі, самы старшы. Я і пішу адразу вам. Я — Сцёпка Макейчык. Можа, Фіма Вігдорчык вам гаварыў. Я жыву на Безулаўскай вуліцы, у адным доме з начальнікам ахранкі, гэтым самым Рытвінскім.

Спярша я хацеў пісаць Фіму, а потым сам сабе падумаў: усё адно ж Фіма будзе раіцца з вамі. Пакуль Фіма пойдзе да вас,— я падумаў сам сабе,— вы ўжо будзеце знаць.

Дык вось аб чым я хачу напісаць. Перш-наперш — я вельмі ўсхваляваны. І вось ад чаго: я паведамляю вам, дзе цяпер знаходзіцца камандзір, якога вы шукаеце. Я ж ведаю, што вы дагаварыліся з Косцікам Бранявіцкім, каб ён наказаў вам, як толькі прыйдзе камандзір да Марысі Суравец па вінтоўку. Дык ён і прыйшоў. А Марысіна гаспадыня і сказала яму, што Марыся арыштавана. Тады ён папрасіў, паколькі незнаёмы, каб Марысіна гаспадыня завяла да Косціка. Ён не ведаў Косцікавага прозвішча, але гаспадыня адразу здагадалася. Косціка яна ведае, паколькі ён ухажваў за Марысяю.

Дык вось што: гаспадыня ўзяла і прывяла яго да Бранявіцкіх. А Косціка якраз няма дома. Ён з бацькам у некага робіць печ. Гаспадыня і расказала Косцікавай матцы пад вялікім сакрэтам, хто ён. Косцікава матка тады адразу да мяне. Яна ж ведае, што мы з ім дружакі. Прыбегла, і ўся аж калоціцца. «Я, кажа, баюся. Скажы, мае дзеткі, што рабіць? Ён прыйшоў і кажа — буду чакаць вашага сына. Кажа — я вельмі змораны, ці не дазволіце адпачыць? Лёг на канапе, у тым пакоі і цяпер спіць. Чакае да вечара, пакуль прыйдзе Косцік». Яна вельмі баіцца, каб не агледзеліся палякі. «Што будзе за гэта Косціку, кажа, калі бацька дазнаецца, з якімі людзьмі хаўрусуе?» Самае страшнае для яе — каб не ведаў бацька. Тады ў хаце будзе цэлы бунт. Бацька ж яшчэ не ведае, што Косцік у камсамоле. І матка не ведае. Яны думаюць — усё гэта так сабе. Я, канешне, падвесяліў яе. Сказаў, вам няма чаго баяцца. Прыйдзе Косцік — усё зробіць як трэба. І параіў, каб не казала бацьку, хто ён. І каб нікому суседзям не казала. «Косцікаў таварыш» — хай кажа.

Дык вось, таварыш Дзядзька якая навіна. Я адразу ўсё ўцяміў. Але ж я не ведаў, цераз каго вам перадаць, каб хутка вы даведаліся. Я тады запытаўся ў Боры Бранта. Аказваецца, ён ведае цераз каго перадаць. Дык я пішу і буду прасіць Бору, каб, пакуль той Косцік — вы ўжо ўсё ведалі. Вы ўжо будзеце ведаць, што рабіць. Можа, вы прыйдзеце да Косціка Бранявіцкага самі. Ён жыве на Крывой вуліцы, д. № 5.

Бывайце здаровы. З камсамольскім баявым —

Сцёпка Макейчык».

— Што ты на гэта скажаш? — запытаў Дзядзька, калі Фіма ўзняў ад пісулькі вочы.— Га? І яшчэ — «з камсамольскім баявым»! Хіба не машэннік? За такі «баявізм» тваёй тройкі я буду гаварыць камітэту.

Было і смешна і боязна. Але і яшчэ: Фіма разумеў Дзядзьку. Заўсёды гэтак. Тое, што добра — будзе ўсё яшчэ не здаволены. Што дрэнна — не будзе чалавека палохаць. Толькі скажа: «не трэба, знаеш, губляць.духу». Таксама і зараз: Сцёпка піша аб чалавеку, якога ўвесь час шукае партыйны камітэт. Згублена сувязь, і ніхто не ведае, дзе ён. Усе вырашылі — ён арыштаваны. А тут — ні з таго ні з сяго — прыйшоў да Косціка. Фіма згодзен з Дзядзькам, нельга было, каб Сцёпка пісаў такую пісульку. Хоць бы і пісаў — не такім: зместам. А ён нават дае адрасы, дзе хто жыве. Куды ж гэта варта такая камсамольская канспірацыя! За такую работу нямала будзе Сцёпку ад Фімы!

— Ты ўжо не гарачыся! — усміхнуўся Фіма дзеля Клавы. Яму вельмі было перад ёю нязручна. — Я не заціраю перад табою сваёй віны. Ніколі не думаў, — звярнуўся да Клаўдзі,— каб такая была ў гэтага Макейчыка наіўнасць. Праўда, ён вельмі малады, нідзе не быў у апале, але ўсё ж такі... Я тлумачу гэта вось чым: ён даведаўся і з вялікага імпэту забыўся на ўсё. Хаця каб хутчэй удружыць свайму Дзядзьку.

На вуснах у Дзядзькі слізганула ўсмешка. Фіма злавіў яе, гаварыў з большаю смеласцю:

Ён не ведае, як яны яго любяць! Не бачылі ніколі, а любяць. Адчуваюць — ён нібыта іх бацька. Дзядзька ў іх ведае, што робіць!

— Ты не загаварвай мне, знаеш, зубоў,— з сур’ёзным тварам, але мяккім тонам сказаў Дзядзька.— Лепш ідзі і скажы Сядучу... Неяк жа трэба вывесці гэтага адшчапенца з кватэры Бранявіцкага. Каля яе можа быць цэлая гання шпікаў.

Кінуў на Клаву позірк, гаварыў старэчым жартам:

— Гэты самы хлопец, Бранявіцкі таксама нарабіў работы. Учашчаў да гэтай дзяўчыны, а цяпер учашчае за ім дэфэнзіва. От што робіць каханне! Мне было гэтулькі гадоў, злаваў, калі хто дражніўся: «вунь ідзе, вунь пайшла твая паненка». Я саромеўся. А цяпер сорам — у каторага няма паненкі. Абы абцёр матчына малако — ужо кавалер!

Фіма быў задаволены, што Дзядзька разгаварыўся. А толькі ён перапыніў гаворку аб каханні, сказаў да Фімы:

— Чаму ж ты не ідзеш? Скажы — я буду яго чакаць... Ён ведае дзе...

Фіму хацелася ісці разам з Клаўдзяю. Хацелася пагаварыць, ідучы, хто з ёю, дзе яна жыве... Ён забыўся, што нельга выходзіць ад Дзядзькі цэлым гармідарам.

Добра змерклася, тады Косцік прыйшоў дадому. Ішоў цераз кухню — там бязладдзе. Матка яго яшчэ не ўправілася з бялізнаю. Цэлы дзень мыла — наверадзіла рукі. Ішоў — адразу хацеў прайсці ў той пакой. Матка спыніла Косціка дрыжачым шэптам. Не зразумеў адразу — аб чым яна. Прымус якраз шуміць на кухні. Злуецца прымус на вялікі чыгун, што насеў, цісне яго крывыя ножкі. У бакавым пакоі скверыцца малая Радка. Лягла спаць пад вечар, цяпер прачнулася. Няма калі паглядзець, чаго яна, Юзэфа Харытонаўна, спяшаецца прыбраць збольшага з-пад ног.

— Кастусёк,— гаварыла маці,— вядзі яго з хаты. Здаецца, ён прачнуўся ўжо. Спаў як забіты. Вядзі, каб мае вочы не бачылі... Што ж гэта будзе? Дзе ж, Кастусёк, бацька?

— А ты не кажы бацьку, хто ён,— тое самае сказаў Косцік, што і Сцёпка.— Скажы, ён толькі зайшоў да мяне. Мой таварыш. Бацька на дварэ. Гаворыць нешта з Крукоўскім.

— Добра, сынок, добра! Толькі ты ідзі і скажы — няхай ідзе куды хоча. Калі што якое — мы тады не ацярэбімся... Чуе маё сэрца...

Косцік асцярожна адчыніў дзверы ў той пакой. І сапраўды незнаёмы чалавек ужо не спаў. Сядзеў на цыраватай канапцы, курыў махорку. Зайшоў Косцік, ён адразу ўзняўся з канапкі, загаварыў:

— Гэта цяпер толькі з работы?..

— Ага...

— Выбачайце... Гэта вы і будзеце Косцік?

— Я...— скідаў Косцік сваю ватоўку,— канчалі там у аднаго чалавека грубку. Не хацелася пакідаць назаўтра.

— А я, ведаеце, прачакаўся вас... Ваша такая добрая матка... яна мяне накарміла, дык я лёг — цяпер толькі прачнуўся.

У пакоі было цёмна. Праз адчыненыя дзверы з кухні жмуткам падала святло. Косцік выйшаў на кухню і прынёс лямпу.

— Другі дзень не гарыць электрычнасць,— убачыў сярэдняга росту чалавека. Вочы ў чалавека прыжмураны, нібы падпухшыя. Ён — не ў тым касцюме, што дала Марыся (Косцік ведае той касцюм). Ён — у ботах, штаны — цёмнае сукно, сівая сарочка, касаваротка; звычайны чорны пінжак... валасы — нізкастрыжаныя.

— Не то нешта сапсавалася на слупе,— гаварыў Косцік,— не то станцыя... Уся Крывая без электрычнасці...

— Прычыніце дзверы,— сказаў чалавек,— я маю справу да вас...

Косцік прычыніў дзверы і сеў на крэсла каля стала.

«Ён нічога не ведае, што яго шукае Дзядзька,— падумаў Косцік.— Я і не буду нічога казаць. Зараз пройдзем з ім да Фімы. Колькі будзе радасці ва ўсіх! І Фіма і Дзядзька нічога не ведаюць... Прывяду госця, «малайчына»,— скажа Дзядзька».

Матка забылася ад страху сказаць Косціку, што хадзіла раіцца са Сцёпкам. А можа, пабаялася сказаць, каб Косцік на яе не сварыўся,— «нашто хадзіла?».

— Марыся казала — вас зваць Леанід? — запытаў Косцік больш для таго, каб адразу ўспомніць і аб ім і аб Марысі.

— Леанід Карзюк...— адказаў чалавек.— Вам, напэўна, расказала пра мяне Марыся? Я не буду пераказваць. Цераз мяне якое няшчасце з Марысяю! Мяне выратавала, а сама...

— І не кажыце... Я не ведаю, што гэта будзе?

Косцік заўважыў: Карзюкоў твар у вялікім смутку. Каменем на яго сэрцы ляжала, напэўна, Марысіна гора. Адказаў Косціку змоўчаўшы:

— Вы толькі не палохайцеся... Самае важнае... Я павінен сказаць, чаго я прыйшоў.

— Я і не палохаюся...— пашэрхла ў Косціка ўсё цела. Ён падумаў:

«Нешта, мусіць, здарылася... Што ж такое?»

— Марысю могуць расстраляць...— сказаў Карзюк і дадаў: — Яе трэба выратаваць. Дапамагчы ёй уцячы...

— Што вы гаворыце!..— шаптаў Косцік збялелымі вуснамі.— Што вы кажаце!.

— Я вінаваты перад Марысяю. Яна за мяне. Я не магу. Я не збаяўся і прыйшоў да вас... Вы павінны мне дапамагчы...

— Як жа я дапамагу?! — вялікая просьба ратунку была ў Косцікавым голасе. Няхай ён скажа, як дапамагчы,— Косцік на ўсё чысценька згодзен. Няхай лепш забяруць яго — абы яна жыла.

— Што ж мне рабіць?

— У мяне ёсць сярод жандараў камуніст,— гаварыў Карзюк.— Ён паможа нам. Толькі трэба, каб яшчэ хто-небудзь... Мы ўтрох можам не справіцца...

Косцік усё зразумеў. Дзіва што яшчэ «хто-небудзь» дапаможа. Ён усхапіўся з крэсла — нібы Марыся ўжо была вырвана з жандарскіх кабдзюроў,— праказаў ад радасці:

— Усе дапаможам... І Дзядзька, і Фіма... Што вы! Дзіва што...

— Косцік! — пазвала Юзэфа Харытонаўна сына.— Ідзі сюды.

Косцік аж раззлаваўся. Не дала скончыць пачатай гаворкі. Выйшаў на кухню, а ў бакавым пакойчыку бацька. Выходзіць з пакойчыка і адразу:

— Гэта што ж ты сабе, сынок, думаеш? На шыбеніцу захацеў? Бацькоў захацеў згубіць са свету?

— Аб чым ты...— хацеў пярэчыць бацьку. А ён:

— Маўчы ты, шэльма! Я ўсё ведаю! Хочаш, сукін сын, каб я згінуў за цябе ў астрозе?! Не дажджэш, сынок! Адзін гній, а я не буду...

— Ціха ты, бацька...— прасіла Юзэфа Харытонаўна.— Косцік тут невінаваты...

Яна падліла ў агонь масла. Бацька ўцямнеў ад злосці, затросся, прашыпеў:

— Ты будзеш яшчэ даваць яму патолю!.. Ён у цябе нявіннае дзіцянятка?.. Няхай ідзе вон з хаты! Вон, каб і нагі яго не было! У гэту мінуту... разам з ім... Я не буду трэсціся... Я не хачу, каб мяне цягалі, здзекаваліся...

— Чаго ты...— не сцярпеў Косцік.— І пайду... разам з ім. Не буду турбаваць... Думаеш, без цябе прападу?..

Адступіўся ад бацькі на крок. Усё запяклося ўсярэдзіне. Агарнула балючая крыўда. Блыталіся думкі: «Не бацька, а звер. Не трэба мне такога бацькі...»

І яшчэ злосць на матку. «Чаму не сцярпела?.. Нашто сказала шалёнаму чалавеку? Хіба не ведае яго?»

Косцік памыліўся: матка нічога не казала. Пераняў на дварэ і ўсё расказаў гаспадар дома — Крукоўскі

— Я збіраўся данесці паліцыі...— гаварыў Крукоўскі.— Узяў уніманне толькі на цябе, Ілля Цімафеевіч.. Сказала мне Варвара Міхайлаўна, што ў маім доме камуніст,— я ўзяўся за галаву! Вы, Ілля Цімафеевіч, разумееце, што можа быць ад палякаў і мне і вам за камуніста? Вы чулі, што гаварыў камендант на Парэцкім пляцы? «Хто хавае камуністаў, адказвае нараўне з імі. Суд польскі прысуджае да расстрэлу. І гэты прысуд можа замяняцца часам толькі шыбеніцай!» І выходзіць яно: яго расстраляюць, а мяне з вамі павесяць! Ідзіце, Ілля Цімафеевіч, праганяйце яго з майго дому!

Тады Ілля Цімафеевіч бомбаю ўварваўся на кухню. Адразу напаў, трос кулакамі перад Юзэфай Харытонаўнай. Тая спрабавала гаварыць «Косцікаў таварыш» — толькі больш раздражніла.

Ілля Цімафеевіч змарыўся — сядзеў на ложку каля Радкі, моцна дыхаў, абціраў рукавом пот з твару. Косцік больш не сказаў нічога. Крыўдны кінуў на матку позірк. Зайшоў у той пакой і да Карзюка:

— Пойдзем да Фімы... Там абмяркуем усё. Тут — нельга. Бацька праганяе з хаты... Мой бацька баіцца камуністаў. Нічога не парадзіш...

Хацелася нагаварыць абразлівых слоў на бацьку. Такая была вялікая крыўда! У сваіх думках вырашыў: «Нізашто не вярнуся да бацькі! Параюся з Фімам, пайду з таварышам Карзюком... у партызаны».

— А куды гэта ісці? — запытаў Карзюк.— Хто гэты Фіма?

Косцік апрануў сваю целагрэйку, надзеў шапку.

— Недалёка...— адказаў ужо на хаду.— Выйдзем з гэтай хаты, я ўсё раскажу.— Сцішыў голас і пакуль што: — Фіма — наш падпольны арганізатар... Пойдзем!

На кухні Юзэфа Харытонаўна спыніла Косціка:

— Куды ж ты? — глядзела на сына чулым матчыным сэрцам.— Не ідзі далёка... Будзем зараз вячэраць...

Бацька нічога не сказаў пры чужым чалавеку. Сядзеў каля Радкі, у пацёмках пакойчыка.

— Запірайце дзверы...— трымаўся Косцік за клямку. Кінуў доўгі распалены позірк на матку і быстра адарваў вочы.

Юзэфа Харытонаўна не зразумела сына. Стаяла каля печы і ў сябе пытала: «Чаму ён сказаў запіраць дзверы?»

А яны выйшлі на ганак, і ноч асляпіла вочы. Усе неба зацягнута хмарамі. Яно злілося, знітавалася з зямлёю. У агародчыку, сярод лісцяў півоні, шамечацца вецер, можа, гуляе з лісцямі, можа, шукае нечага. Яны змерзлі ад першых замаразкаў і цяпер сухія.

— Пачакайце...— паўголасам спыніў Карзюка Косцік. — Я вазьму... у мяне тут схован рэвальвер...

— А дзе мая вінтоўка? — запытаў Карзюк.

— Вінтоўка там... у Фімы...

Адчыніў варотцы ў агародчык і схаваўся сярод густога змроку. Карзюк чуў: пад нагамі ў Косціка шамацела тое самае сухое лісце.

Тады прайшоўся па двары да самай каліткі. Паглядзеў на вуліцу цераз верх штыкетаў: цёмна, хоць пальцам у вока. Хацеў падысці да агародчыка, можа, каб хутчэй ішоў Косцік. І не ведае, адкуль што (нібы з-пад зямлі):

— Рэнкі до гуры!1 — выраслі перад ім два чалавекі ў жандарскім адзенні.— Ні з месца!

Адзін стаіць перад ім і трымае рэвальвер. Другі палез без спросу ў яго кішэню. Дастаў з кішэні яго рэвальвер і тады:

— За мною!

Карзюк не спрачаўся. Толькі раз, а потым другі азірнуўся на агародчык. Напэўна, баяўся, каб не заўважылі Косціка. Яго не было відаць. Ад гэтага, здаецца, быстрэй ішоў. Праз дваццаць, можа, крокаў на рагу вуліцы Карзюк раптам спыніўся.

— Стойце! — прахрыпеў Карзюк.— Хто вас паслаў на гэты двор? Ідыёты! Я ж агент!..

Два чалавекі ў жандарскім адзенні разгубіліся. Высокі, стройны нават адступіўся на адзін крок.

Сярэднярослы, яшчэ не даючы веры:

— Мільч!2 Высветліцца ў пана каменданта. Ідзь!

— Дурніца! — трос перад ім сваімі кулакамі.— Во, во! — тыцкаў у густую смугу ночы штрыфляю пінжака.

— Пасвяці! — загадаў сярэднярослы высокаму, стройнаму.

Той пстрыкнуў электрычным ліхтарчыкам. «Р.Р.Р.»3 — прачыталі польскія літары абодва разам, Патух ліхтарык, і скрозь цемру абодва ўзялі Карзюку пад казырок.

— Выбачайце, проша пана...— сказаў сярэднярослы.— Выйшла маленькае непаразуменне. Вазьміце ваш рэвальвер...

 

1 Рукі ўгору!

2 Маўчы!

3 Польская дзяржаўная паліцыя.

ЧАСТКА ДРУГАЯ

 

Раздзел першы

Нечакана наступіла восень. Нехта яе раззлаваў. Прабірае сіверам наскрозь. Мусіць, з балота ўсхадзіўся-такі сіберны сівер!

Хмарамі зацягнула ўвесь свет. Неба — алавянае. Гледзячы на яго, кідае ў дрыжыкі.

«Каб яго на раду не было! — хукае ў рукі Селівон Ляўшак.— Учора было сонца, а сёння... От жа прабірае!..»

Селівон не маніць: «учора было сонца»... Потым пад вечар уздыбілася з захаду хмара... На раніцу Селівон убачыў: за Ялавіцкага садам зломана старая дуплістая ліпа. Яна лягла верхавінаю на дарогу, што ідзе на Стаўбуны.

«Які вялікі быў вецер! — падумаў Селівон.— Увосень гэткі бывае рэдка!..»

Цяпер вецер невялікі,— толькі ўсяго золкі. Селівон цярэбіць старую ліпу, хукае ў рукі. Кляне золкі дзень, напэўна, сам сабе думае:

«Няхай бы ішоў з тапаром ды пасклеў сам ягомасць... От ліханька ўстроен гэты свет: адзін сядзіць у хаце, а другі за яго дубянее! Чаму мне не пасядзець холадам у хаце, а, канешне, Ялавіцкаму? Мы ж з ім аднагодкі... Прынесла нячыстая сіла! Нідзе не скруціў бо галавы!»

Селівон ведае, што Ялавіцкаму пашанцавала. Прыйшлі белапалякі — адразу вярнулі фальварак Ляды. Але Селівон і другое ведае. «Ці надоўга...»

Пераязджаў з горада — польскае начальства дало пяцёх паліцыянтаў, «каб не было чаго на дарозе...». Нічога не было.

— Хапіла б аднаго паліцэйскага,— гаварыў Ялавіцкі,— давялося толькі карміць,..

Прыехаў у Ляды, а там як ведалі: немаведама дзе хто. Застаўся толькі Селівон, як і раней, са сваёю сям’ёю на кухні, ды Ёсіп Матрунчык, таксама з сям ёю, у кавалёвай хаце.

— Няма куды збягаць,— гаварыў Селівон, куды не кінься — паны вярнуліся з выраю. Што будзе, тое будзе.

Нічога і не было. Не такі Ялавіцкі чалавек, каб праганяць старых парабкоў. Не без таго — Кандрата Саўку не пакінуў бы пры сабе. Вельмі вялікі буян. Не раз кідаўся да Ялавіцкага з кулакамі. Ведаў цяпер сваю віну — недзе ўцёк. Яму ўсё малая была пенсія-андынарыя. Ялавіцкі рад, што ўцёк Кандрат: не будзе каму падбухторваць...

Ялавіцкі прыехаў і адразу паклікаў да сябе Селівона з Ёсіпам.

— Будзем жыць па-новаму! — сказаў да мужчын.— Пабачыў я, браткі, гора. Сваёй хаты лішыўся. Бежанцам быў. Мне больш нікога і не трэба. Ты, Селівон, са сваім сынам Сілантам, а ты, Ёсіп, са сваімі дочкамі... Што засеем на зіму — засеем. Рэшту — аддадзім, пакуль слабая сіла, на часць. Людзі знойдуцца! Абы здароўе — будзем жыць!

Гаварыў парабком не для іх — для сябе. Хацелася знайсці такія словы, каб патушыць буру сваіх сумненняў. Не зводзіў з парабкоў вачэй, а слова ад іх не чакаў. Было страшна, каб чаго такога не нагаварылі. Яны ж цяпер ведаюць, што не прырос Ялавіцкі да фальварка Ляды, а Ляды — да яго. Ляды могуць жыць і без Ялавіцкага. Зямля будзе заўсёды на сваім месцы. Дык пры чым жа тут адзін Ялавіцкі над такім вялікім кавалкам зямлі?

Яму не верылася, што ён зноў выйдзе на дзядзінец і крыкне на Ёсіпа:

— Гэ! ідзі, браце, сюды! Чаму, браце, так рана выпраг коні? Авадні, кажаш, не даюць? А як мысліш наконт андынарыі? Я табе буду выдаваць ці гэтыя паганцы — авадні? То-та ж! Запрагай, браце, кош ды язджай на поле! На начлезе, кажаш, быў? Нічога не магу парадзіць! Гарачая, браце, пара. Потым, як выпражаш, паспіш...

Селівон абцерабіў ліпу да вяршка. Засталося пацерабіць сукі. Старыя сукі — на дровы, маладыя — асобна. «Прынясу дадому, распару ў печы, і будзе лыка. З гэтых сукоў выйдзе пар дзесяць лапцей... На ўсю зіму хопіць на сям’ю!»

Убіў сякеру ў расшчэплены камель, дастаў капшук з «бесарабскім», узняў перад сабою вочы і ўбачыў: з-за саду ідзе сам Ялавіцкі. З палачкаю і ледзь накульгвае.

«Чаго яго нядобрае...» — падумаў Селівон і, як даўней, хацеў узяць сякеру ў рукі: «няхай бачыць, што не гуляю...» Памкнуўся, а потым — нічога. Нейкая невядомая апанавала смеласць. Нават наўмысна: «хай што-небудзь скажа...» І не крануўся да сякеры. Толькі так сабе патупаў. Можа, у Селівона памерзлі ногі?

А Ялавіцкі падышоў і як добры дружака:

— Э-э... Чаму ж агню не развядзеш? Тут як на выспе — такі сівер. От жа чалавек! І я пагрэўся б.

— Няма нічога сухога...— сказаў Селівон, круцячы папяросу.— Сырая ліпа не гарыць...

— Узяў бы з дрывотні два-тры палены на распалку,— гаварыў Ялавіцкі,— от жа чалавек!

Селівон і сам не ведаў, што з панам Ялавіцкім? Дзе чутна-бачана, каб у яго быў такі клопат? Сасклей сабе нашчэнт — слова не скажа, а тут...

Можа, гэта даўнейшае «далікацтва»? Селівон хацеў узяць сякеру церабіць сукі, а ён, сядаючы на ліпавы камель:

— Пакуры! Паспееш! Яшчэ ранавата...

— Яно ж пэўна...— адказаў Селівон.— Не сёння, дык заўтра можна паспець. Дарога толькі завалена. Хочацца ачысціць... Едуць аб’ездам — поле ўездзяць.

Ялавіцкі ўсміхаецца — рад за Селівонаў клопат аб яго полі.

— Ты якім быў, такім і застаўся,— кажа Ялавіцкі,— добры ты гаспадар! Я, бывала, накрычу на цябе... Было, можа, і дарэмна. Але я думаю — ты ніколі не злаваў? Ты ўжо ведаеш: у мяне гэткая натура... Як быў я ў ад’ездзе... Прысядзь, браце! Чаго ж ты стаіш?

Селівон зацягнуўся папяросным дымам, выпусціў яго на вецер цэлаю пасмаю. Вецер падхапіў дым адным мігам, сцёр яго з мутна-асенняга дня.

На самым беражку ліпавага кругляка, воддаль гэтак ад Ялавіцкага, прысеў Селівон.

— ...Быў я ў ад’ездзе,— гаварыў Ялавіцкі,— часта аб табе думаў... Мала такіх людзей, думаў і жонцы казаў. Селівон не палезе, дзе не трэба,— ведае сваё месца!

Спахапіўся, што празмерна хваліць Селівона,— зрабілася сорамна перад сабою. Можа, не паверыць у яго шчырасць. Тады выказаў выразнай думкаю:

— Я гавару, як хто глядзеў на бальшавікоў... Ты не падумай, што ўсе крычалі «ўра!», «ура!». Не ўсе, а тыя, хто згубіў веру ў бога і сам сабе верыць адзін раз у год. Ты ж Татура памятаеш?

— Чаму ж не...

— Ён думаў — прыйшла рэвалюцыя — можна ісці ў маю хату ды лаяць, як кажуць, майго тату. Рэвалюцыя, браце, рэвалюцыяй, а закон законам. Ты і трымайся гэтага закону. Думаеш, я не ведаю, хто разабраў маё дабро? Ты нябось нічога не ўзяў.

— Нашто мне...— сплюнуў Селівон скрозь зубы і кінуў акурак.— У мяне ёсць мае рукі, у мяне ёсць мая сіла... Што мне больш трэба?

— А чаму я ўзняў пра цябе гаворку? То-та ж! Калі б усе так меркавалі, і рэвалюцыя не страшна. Канешне, браце, між намі кажучы, наш цар быў не праў. Ніхто гэтага не адмаўляе. То дайце ж пажыць пасля цара! Што гэта, адкуль, дзе была гэта савецкая ўласць? Хто аб ёй ведае? Без цара жывуць і амерыканцы, і французы, і шмат хто! А з савецкай уласцю нідзе не жывуць.

Аднекуль да Селівона падскочыла храбрасць. Боязна гаварыць — пярэчыць, але Ялавіцкі сёння вельмі гаваркі.

— От я цёмны, дурны чалавек,— парушыў Селівон сваю маўклівасць,— я не ведаю, як лепш... Я хацеў у пана Ялавіцкага толькі ўсяго запытаць — паколькі я неразвіты,— чаго напала на нас гэта груганнё?

— Якое, браце, груганнё?

— Ну, якое ж... белыя палякі!

Ялавіцкі прымушана ўсміхнуўся, і Селівон бачыў: пачырванеў кончык носа ў Ялавіцкага.

— А гэта ўжо, браце, ты пра палітыку! Э-э... Мы гаварылі з табою так сабе, а гэта ўжо... Добра, што я цябе разумею... Ты не шкодны чалавек. Табе я магу і растлумачыць...

Змоўчаў, паглядзеў на Селівона, хацеў гаварыць, а Селівон:

— Я ж кажу: паколькі я неразвітны... Можа, я па-свойму ўцяміў.

— Вядома, ты, Селівон, што гаварыць, чалавек цёмны.— Сядзеў роўна і ўсёю постаццю павярнуўся да Селівона.— Палякі прыйшлі, браце, не сваім адумам. Мы ім не патрэбны. Палякі маюць сваю зямлю, свайго прэзідэнта. Мы папрасілі, каб яны прыйшлі — памаглі прагнаць бальшавікоў. От яны прыйшлі і памагаюць зрабіць нам беларускую дзяржаву. Такую самую, як у Польшчы. У нас таксама будзе прэзідэнт, яны нам дапамогуць і прэзідэнта выбраць... Усё наладзіцца, і пойдуць у сваю Польшчу. Яны робяць нам дабрату, як сваім суседзям.

Ад гэтакіх слоў Селівон не мог стрымацца. Забыўся на момант, што мае гаворку з панам Ялавіцкім. Аж узняўся з ліпы, праказаў:

— То скажыце, пане Ялавіцкі, чаму яны «з сваіх суседзяў» дастаюць апошні дух? На Ветракі налажылі (стаяў перад Ялавіцкім, адзін за другім прыгінаў к далоні пальцы левай рукі, лічыў пальцамі правай) пяцьсот пудоў аднаго збожжа... сем кароў... шаснаццаць авец, пяцёра свіней... дваццаць коп яек і паўтара пуда масла... Таксама льну, палатна, воўны, семя... Пальцаў не хапае... На адны Ветракі! На дваццаць якіх гаспадарак! Вы, пане Ялавіцкі, ведаеце ветракоўскую зямлю: падлесіна. Самы багатыр — пяць дзесяцін падлесіны. Адкуль людзі возьмуць? Дык і не дзіва, што выходзяць з лесу ды камандуюць палякам «рукі ўгору!».

Ялавіцкі таксама ўзняўся з ліпавага кругляка. Цяпер быў чырвоны ўвесь яго нос. Хацеў перапыніць Селівона, а ён каб усё за адзін раз выказаць... «Усё адно далёка зайшоў. Нешта ж будзе...»

— Нашто нам гэткае суседства? Не знаць яго! Пакуль зробяць таго празэнта — людзі пакончацца з неядзі. Ды нашто тое, што: і бальшавікі, пане Ялавіцкі, умеюць рабіць васударства! І за работу нічога не бяруць... Можа, я, паколькі неразвітны...

Селівон заўважыў: Ялавіцкі дрыжыць асінавым лістам. Спалохаўся Селівон, перапыніў сам сябе на слове, праказаў:

— Змерзлі, пане... Тут самы буй...

— Я табе, Селівоне, даў нагаварыцца,— тупаючы на адным месцы, праказаў Ялавіцкі,— нагаварыцца... Я думаў, ты не сапсуты...

Паглядзеў Селівону ў вочы і нібы чаруючы яго:

— Ты, браце, многа знаеш, гэта праўда. А скажы мне, ці знаеш ты, што за тваю такую гаворку магло быць?

— Ад каго? — запытаў Селівон.

— Вядома, ад каго... каб, скажам, дазнаўся камендант? Ён будзе заўтра ў мяне ў гасцях...

— Я не ведаю,— гаварыў Селівон,— мне, здаецца, нічога не было б. Я тое самае мог сказаць і пану каменданту... Мне так думаецца, я і кажу... Я такі, пане, чалавек.

На Ялавіцкага вуснах слізганула ўсмешка. Можа, ён верыў Селівону, а можа, не хацеў задзірацца з ім. Падступіўся да самага Селівона і прыцішаным голасам:

— За гэткія думкі — шыбеніца! Ці ты ведаеш гэта, ці не? Падзякуй за маю да цябе павагу. І нікому ніколі не кажы дрэннага на палякаў. Я, вядома, не буду гаварыць каменданту... Толькі і ты будзь чалавекам...

Азірнуўся па баках — нідзе нікога не відаць,— гаварыў яшчэ цішэй:

— Я цябе за маю ласку што папрашу: можа, ці не прачуеш ты, хто быў — хоць аднаго — у той бандзе, якая напала на жандараў у Воўчым лагу? Даведайся, з якой вёскі і хто? І скажы мне. Я табе за гэта нават заплачу. Добра? Не па службе, як кажуць, а па старой дружбе. І такіх слоў больш нікому не гавары. Цябе сапсавала, бачу я, камуна. Першы раз я табе дарую. Ты не вінаваты. Бальшавікі перавыхавалі на свой лад і не такіх, як ты. Добра?

І пайшоў. Селівон стаяў разгублены і глядзеў яму ў плечы. Хацеў схапіць сякеру і шпурнуць наўздагон. Рукі абмяклі, ногі наліліся волавам.

«От чаму быў такі добры...— усё за адзін раз зразумеў.— А я, стары дурань, не мог адразу здагадацца. Можна было больш нагаварыць... Цьфу!»

* * *

Ялавіцкі Селівону не зманіў: сёння «дзяды», і да Ялавіцкага сабраліся госці. Толькі не камендант у гасцях, а начальнік ахранкі пан Рытвінскі. Камендант Векерт не змог прыехаць. Рытвінскі перадаў: «У пана каменданта дрэннае самаадчуванне. Вялеў кланяцца пану гаспадару».

Бацька Ялавіцкага, дзед і прадзед не праміналі «дзядоў» і сыну свайму не вялелі. Ніхто і не забараняў сыну. Толькі свята ў тыя гады было як і ўсе святы, у гэтым годзе — асабліва дарагое, урачыстае. Ялавіцкі святкуе «дзяды» ў сваіх пакоях! «Татур не пакрасаваўся камунаю». Ялавіцкаму вярнулі яго зямлю... ліпавыя прысады (адну ліпу зламаў вецер)... Старую бярозу з буславым гняздом — не застаў буслоў: яны ўжо зляцелі з гнязда. Ён сын сваёй уласнай зямлі, уладар яе сцежак, таго, што за выганам. Прыйдзе вясна, і салаўіная песня залье яго пакоі, дзядзінец... Скажа тады Селівону Ляўшаку: «Гэ, паслухай, стары, калі што разумееш, як спявае салавей!» Прапусціў дзве вясны. Дзве вясны змарнавала Ялавіцкаму рэвалюцыя: не чуў свайго салаўя. «От ужо ў гэту вясну наслухаюся...»

Цэлы дзень Селівонава жонка Паладзя рыхтавала «дзедаўскія» прысмакі. Трэба не менш як дзесяць страў. На «дзяды» менш не можа быць, а больш — можна. Селівон шкадаваў сваю жонку.

— Даліся табе ў знакі сёння гэтыя «дзяды»,— гаварыў жонцы на кухні,— бачыш, колькі панасмажвала!

А яно і праўда: усё на нагах, на нагах, як утрапёная. Ялавіцкая толькі камандуе Паладзі:

— Кракеты павінны быць як шліфаваныя! Добра з жаўткамі перамяшай цеста! Рабі галушкі як яйцо! Потым апыліш цёртаю булкаю. Я сама буду смажыць іх на скаварадзе. Пакладзі больш масла... Ты думаеш? — усё патрабуе догляду. Да кракетаў трэба ўдачны соус...

Паладзя ведае гэту работу. Была ў пана Студніцкага кухаркаю і не такія вырабляла прысмакі! Нават пякла французскія торты, смажыла з цяляціны фрыкасе. Да Студніцкага стала падавала біфштэксы з крэс-салатаю. Ялавіцкая хоча выставіцца перад Паладзяю: «Ты, мілая, хоць і кухаркаю была — не ведаеш больш за мяне». І ўсё дурыць Паладзіну галаву гэтымі кракетамі.

— Такія кракеты можна падаваць з падсмажанай пятрушкай, але я зраблю соус... Вазьмі, Паладзя, дзве шклянкі белага віна... Вучыся, як рабіць. Пакладзі два шарлоты. Толькі пасячы дробненька. Пакладзі пятрушкі і масла. Згатуй разам з віном. Соль і перац я сама пакладу. Як уварыцца, тады здымі тлустасць і працадзі. Воцату я дабаўлю сама. Здаецца, у нас ёсць лімонны сок? Тады дробненька скрышы гэтыя агурчыкі, пакладзі ў соус і яшчэ згатуй.

І гэтак ад самага рання і да вечара. Дзесяць страў, і кожная мае сваю моду. Хоць бы пакаштавала сваёй работы! Добра, калі чаго не даядуць. Будзе прымаць са стала — можа, і пакаштуе.

Паладзя паставіла на стол надзяваную дзікую гусь. Колькі памучылася над яе цестам! А колькі клопату над крыллямі. Трэба, каб гусь была на талерцы як жывая. Падкурчаны ногі, распасцёрты крыллі — яна кідаецца ў палёт. Паладзя думала: «Ялавіцкая хоча ўпрыгожыць стол. А цяпер прынесла яна гусь».

У сталовай вельмі шумна. Пляменнік Ялавіцкага, капрал Антэк, чокаўся з Мальвінаю. Ялавіцкі заліваўся рогатам. Яму расказала пані Тарпатынская ціхенька на вуха нейкі непрыстойны анекдот. Сам Тарпатынскі дзелавым тонам гаварыў з пападдзёю — жонкаю бацюшкі Дземіяна. Ганя падкладае Рытвінскаму на талерку заліўное парасё. Паклала і не магла адразу зняць з відэльцаў. Трымалася за тронкі відэльцаў двума пальцамі, брала нож, каб прытрымаць кавалак парасяціны. У гэты час Ялавіцкая і сказала:

— Пане Рытвінскі! Жычу пану імкнення! Наперад і наперад! Няхай будзе імкненне пана гэтым птахам! Гэты птах ляціць далёка і высока!

Бацюшка Дземіян зусім п'яны. Усё цераз стол да паненкі Гані кідаў блудныя жарты. Пачуў гаспадынін тост і каб хоць што дадаць:

— Пан Рытвінскі не хоча быць такім птахам. Гэты птах, праўда, ляціць высока, але можа нізка сесці... на талерку!

Пападдзя скоса зірнула на мужа. Прымусіла сябе ўсміхнуцца. Пасарамаціла ўслых за яго недалікатнасць:

— Дземіян Хрыстафоравіч!.. А яшчэ «святы айцец»!

Тады Рытвінскі, каб сцерці за ўсім сталом няёмкасць:

— Жычу пані гаспадыні за яе разумны тост здароўя! Я перад сабою бачу нацыянальны стол. Гэта стол нашай еднасці. Калі хочаце, панове,— увесь стол убраны з палітычным намёкам... Вып’ем, панове, за нашу гаспадыню, за яе дзівосны густ! Віват!

Пакоі наліліся шумам. Усе крычалі «віват!». Чокаліся па чарзе з Ялавіцкай. Шкло бразгала аб шкло. Ялавіцкі хацеў з Рытвінскім пацалавацца. Жонка пацягнула за крысо пінжака. Толькі моцна паціснуў яго руку.

— У мяне ёсць тост! — узняўся з крэсла Тарпатынскі.

Тарпатынскі — сусед Ялавіцкага з Сухой грады. Ён вельмі тоўсты і кароткі. Твар яго быў цяпер як іскра. Узнімаўся — пападдзя адсунулася са сваім крэслам.

— Нашы дарагія суседзі прыйшлі да нас,— пачаў Тарпатынскі,— і дапамаглі нам вызваліцца ад камуны (яго фальварак таксама быў пад камунаю). Наша Рада сама нічога не магла зрабіць. Яна яшчэ маладая, нядужая. Я ўздымаю тост за нашых залатых суседзяў, якія прыйшлі да нас і адрадзілі нас на свет! Я ўздымаю таксама тост за наша беларускае войска, якое збірае наш бацька Булак... Наша войска з нашымі суседзямі гэтыя камуны разаб’юць нашчэнт! Еднасць — наша сіла! Мы ніколі не забудземся на нашых вызваліцеляў, мы аддзякуем ім хлебам-соллю і нашай пашанай! Віват!

Ізноў былі выкрыкі і п’яны абалдзелы гоман. Тарпатынскага прамова вельмі расчуліла Ялавіцкую. Падышла з кілішкам да Тарпатынскага, яму аднаму сказала:

— Яшчэ трэба было пану сказаць: і мы і вы былі бежанцамі, а цяпер ізноў дома. Вы ўмееце гаварыць! Я хачу з вамі выпіць.

І не паспелі чокнуцца. Узнімаецца з крэсла айцец Дземіян і таксама хоча гаварыць тост. Пападдзя моргае на яго, а потым і кажа: «Пасядзі лепш, паслухай». Нічога не памагае. І ўсё пачалося з гэтай гусі. Пападдзя нават кінула на гусь косы позірк. Каб не гусь — не было б, можа, гэтай палітыкі. Пападдзя баіцца за свайго Дземіяна Хрыстафоравіча. Ізноў гатоў ляпнуць недарэчнасць сваім п’яным языком. А ён:

— Ва імя атца, сына і святога духа... Бог бачыць праўду. Вы кажаце, пане Тарпатынскі — ыкі... мы ўжо вызваліліся ад камунізму? Няпраўда, панове! Камунізм — гаворыць прарок Іоан — будзе сорак два месяцы... Ён быў дваццаць чатыры месяцы, і яшчэ засталося васемнаццаць — ыкі... Я давяду вам, панове-браціе, каб не быць пустазвонам. От што адчыняе бог прароку Іоану: «І паклянёмся, зверу гаворачы: хто падобны на звера сего? І хто можа зразіцца з ім? І дадзены былі яму ўста, якія глаголелі горда і багахульна, і дадзена яму ўласць дзейнічаць сорак два месяцы» — ыкі...

— Дземіян Хрыстафоравіч,— працягнула пападдзя да мужа шклянку з содавай вадою,— вазьмі глытні тры разы...

І сцішаным голасам да суседа Тарпатынскага:

— Каб не ікалася...

Яна патрымала шклянку ў руках ды паставіла на стол перад мужам. Дземіян Хрыстафоравіч не чуў і не бачыў, гаварыў:

— Звер, аб якім гаворыць бог Іоану,— камунізм. Ён прыйшоў на зямлю і прабудзе на ёй сорак два месяцы. Хто зневажае імя божа? Хто зневажае жылішча яго? Хто зневажае святых, якія жывуць на небе? Ён! Усё ён, камунізм! І ведайце, панове-браціе, ён пераможа ў вайне з святымі. Яму дадзена ўласць ад бога на сорак два месяцы. «Хто мае вуха да слышыць, хто вядзе ў палон, той сам пойдзе ў палон; хто мечам забівае, той сам ад яго загіне. Тут яна вера святых». І гэты час прыйшоў. Яшчэ засталося прабыць зверу на зямлі васемнаццаць месяцаў. Амін.

Дземіян Хрыстафоравіч і не заўважыў, што перад ім шклянка з содавай вадою. Скончыў прамову, узяў шклянку не гледзячы і да цэлай кампаніі:

— Вып’ем, панове-браціе!

Пападдзя была рада, што чокаецца содавай вадою. Толькі радасць яе была ненадоўга. Паднёс да губ шклянку і паглядзеў на пападдзю. Хто ж мог строіць больш над ім такія кепікі? Тады на злосць жонцы наліў гэтулькі «поцешыцелькі».

— Але ж, айцец Дземіян, звера ўжо ў нас няма...— раптам заўважыў Ялавіцкі з усмешкай. Ён больш сказаў не для смеху, а для самога сябе. Хацеў пераканаць самога сябе ўслых. Нібы яшчэ не верылася яму, што ён у сваім фальварку.

Дземіян Хрыстафоравіч не зразумеў Ялавіцкага жарту. Прыняў гаспадарскую заўвагу за няўдзячнасць да прамовы госця. Аж узгарэўся, адказаў:

— Звера ў нас няма, пане Ялавіцкі, гэта праўда. Але ён яшчэ жыве.

І каб давесці больш сваю правату, дапячы Ялавіцкаму, дадаў:

— І нават, можа, вернуцца да нас, каб дабыць гэтых васемнаццаць месяцаў!

Ялавіцкі быў не рад. Навошта зачапіў п'янага Дземіяна Хрыстафоравіча? Яму, як на тое, памагла сама пападдзя. От і не чула іх спрэчкі, звярнулася да Рытвінскага, праказала:

— Цяпер мы ўсе просім пана Рытвінскага... няхай скажа што-небудзь наш паважаны пан паручнік!

Адразу ўзняўся другі шум-гоман. Усе пачалі прасіць Рытвінскага. Ялавіцкая падышла, папрасіла сама ад сябе:

— Вы, пан паручнік, так добра ўмееце гаварыць... Я вас прашу... Скажыце што-небудзь. Ваша апошняе слова.

Не меў настрою гаварыць, а не мог адмовіцца.

— Панове! — звярнуўся да прысутных,— Я адчуваю сёння сябе нібы сярод маіх даўніх, дарагіх сяброў. З усімі вамі, здаецца мне, я ўжо даўно знаёмы. Усе вы сябры майго дзяцінства... Гляджу я на ўсіх і перада мною ўваскрасае той час, калі мы, дзеці, хацелі быць дарослымі. А падрасталі — вырасталі — хацелі быць такімі, як мы цяпер. Цяпер мы, запэўняю, панове, хочам быць ізноў маленькімі дзецьмі. Гэта ўжо — закон прыроды. Закон законаў. Чалавек падпарадкуецца гэтаму закону заўсёды. З якою асалодаю, панове, кожны з нас успамінае сваё дзяцінства! Кожны з нас усё аддаў бы, каб ізноў былі ў яго мяккія, як лён, валасы, празрыстыя, нявінныя сінія вочы... Каб ізноў бегаў ён па садзе, хаваўся ад сваёй няні, лавіў рознакаляровых матылькоў, жучкоў...

Жонка Ялавіцкага глыбока ўздыхнула, а ён гаварыў :

— Так. Гэта — лірыка. Усё наша жыццё — лірыка. Я адчуваю жыццё вельмі глыбока. Я, часамі здаецца мне, адчуваю голас прыгожых кветак, голас вясны, голас глыбокай зорнай ночы! Нябожчык мой бацька некалі казаў мне: «Ты сапраўды сын нашай нацыі!» Ён казаў, што толькі польскі народ можа адчуваць жыццё ў яго харастве. Разумеецца, гэта быў так званы бацькаўскі патрыятызм да свайго сына. Кожны бацька ўсё лепшае бачыць толькі ў сваіх дзецях. Але я адносна бацькі раблю ўсё ж агаворку: ён быў строгім чалавекам. Ён не любіў хваліць і нават сваіх дзяцей, калі яны былі б гэтага не варты. Я і кажу: мы хочам пачынаць сваё жыццё спачатку. Нам хочацца заўсёды быць юнакамі, гарэць маладым каханнем. А ці можам быць маладымі? Не толькі можам, а мы — ужо сёння маладыя, шчаслівыя! Мы сёння — юнакі! Мы пачалі жыць спачатку. Польшча адрадзіла сваю бацькаўшчыну і вярнула народу залатое дзяцінства. Бацькаўшчына ўваскрэсла з мёртвых! Наша зямля замаладзела, зацвіла... А калі молада краіна — молады і яе сыны!

Момант памаўчаў, адпіў трошкі содавай вады.

— Панове! Калі гавару я гэтыя словы — мяне агортвае глыбока-ціхі смутак. Смутак не за сябе і не за мой народ, а за народ беларускі. Мы, як дужэйшыя суседзі, прыйшлі да вашага народа, каб дапамагчы вам...

— Вярніце, прашу дапамагчы, дараўскую царкву,— п'яным голасам абарваў прамову Дземіян Хрыстафоравіч,— дараўцы ніяк не могуць прынаравіцца да касцёла. Нашто было яе перарабляць, калі...

Пападдзя не дала скончыць. Яна так востра паглядзела на Дземіяна Хрыстафоравіча, што той адразу сцішыўся. Усе пераглянуліся між сабою, але як і нічога. Гэта ж быў адзін момант. Нібы і не перапыняў ніхто Рытвінскага. От ён зрабіў сам для сябе маленькую паўзу. Ён бачыў: усе госці не зводзяць вачэй, чакаюць яго слоў. Усе забыліся,— мала што сказаў п'яны поп. Рытвінскі гаварыў з тым самым пафасам:

— Пан Тарпатынскі выступіў і дзякаваў нашаму народу за дапамогу. Народ польскі прымае падзяку. Але скажыце, панове, чаму вы самі не дапамагаеце нам змагацца з камунізмам? Адною падзякаю, кажуць, не пражывеш. Я павінен сказаць вам: у акрузе бадай кожны дзень сутычкі гэтых нягоднікаў з войскам польскім. Вы кожны павінны выведваць іх норы! Трэба ж дапамагаць польскаму штабу. Вы ж самі сабе гаспадары. Вы — дома, а мы ў вас у гасцях. Лепш, як хто, павінны ведаць вы — дзе такі недавярак хаваецца. Кожны намёк супроць нас трэба паведамляць нам. Кожны намёк дапаможа разблытаць вялікі клубок. Трэба дагаварыцца суседу з суседам. У вас у кожнага ёсць свае прыяцелі. Змагацца трэба ўсім разам!

— То няхай жа наш вечар будзе вашаю клятваю перад польскім народам! Няхай узмацніцца наша еднасць, наша дружба! Я не пакідаю надзеі, што пры нашай еднасці мы пераможам камунізм і там, за ракою Бярозаю!

— Няхай жыве наш дарагі правадыр, богам благаславёны, пан Пілсудскі!

На такія словы Тарпатынскі ўстаў з крэсла. За ім узняліся ўсе як адзін. Цяпер сцены пакояў калаціліся ад ап’янелых выкрыкаў. Ялавіцкі такі не ўстрымаўся і палез цалавацца цераз стол да Рытвінскага. Неяк незнарок абярнуў Рытвінскага кілішак. Віно ўсмакталася ў белы абрус шырокаю плямаю. Пляма на абрусе нагадвала густа распырсканую кроў.

— Вам нейкі хлапец прынёс пісьмо...— звярнулася Ялавіцкая да Рытвінскага, як толькі Ялавіцкі выпусціў яго з сваіх абдымкаў.— Калі ласка,— падала Рытвінскаму белы самадзельны канверт.

Усе адразу сціхлі. Нібы адчувалі, што ў канверце заклеена трывога. «Пэўна ж трывога, калі турбуюць урачыстасць пана паручніка».

Рытвінскі і не паглядзеў на адрас на канверце. Перадала Ялавіцкая — сказала «вам» — адразу разарваў, кінуўся чытаць. З першых радкоў узняў вочы, зірнуў на Ялавіцкую, запытаў:

— Дзе той хлопец, што прынёс гэта пісьмо?

— Пайшоў, мусіць,— адказала Ялавіцкая.— Ён перадаў пісьмо маёй служанцы.

— Паклічце сюды вашу служанку! — узняўся з крэсла, выйшаў з-за стала.

І не чакаў служанкі Паладзі. Усхвалявана хапіўся рукою за кішэню, дзе быў рэвальвер. Без шапкі, як утрапёны, з пісьмом у руках выбег на двор.

Гэтым часам капрал Антэк у бакавым пакоі не ў меру цалаваў пальчыкі панне Мальвіне.

 

Раздзел другі

Косцік не ведаў, што яму рабіць. Перш хацеў кінуцца з агародчыка з рэвальверам на тых двух і таксама крыкнуць: «рукі ўверх». Але хто ведае, як яно лепш?

«Мы ўдвух маглі з імі справіцца...» — потым ужо разважаў Косцік. Толькі ж рабілася ўсё ў адзін момант. Ён аслупянеў ад такой нечаканасці.

«Што ж цяпер будзе...— шапталі дрыжачыя вусны.— Арыштавалі камандзіра... што мне на гэта скажуць!..»

Чуў, як павялі Карзюка па дашчаным тратуары. Бразгалі высушаныя сіверам дошкі тратуара. Чуваць былі блытаныя крокі. У Косціка моцна білася сэрца. Яго стукат зліваўся з адыходзячымі крокамі.

Тады пераскочыў цераз плот і знік у цемры Кантаровічавага саду.

Ніякай падазронасці не меў на Карзюка. Вельмі добра сыграў ролю камандзіра перад Косцікам агент дэфензівы!

Толькі Карзюку вельмі не пашанцавала. Начальнік ахранкі, пан Рытвінскі, навучыў, як скарыстаць пераапрананне. Усё ішло так добра.

«Фіма наш падпольны арганізатар» — паспеў даведацца ад Косціка. Матка паклікала Косціка на кухню.

О, якая была ў Карзюка злосць на гэту «старую ведзьму»! І гэта нічога. Косцік дакляраваў расказаць пра ўсё, ідучы да Фімы.

Якое шчасце было ў Карзюковых руках! Ён жа напэўна быў бы членам падпольнай арганізацыі. Косцік любіў Марысю. Ён прыйшоў, каб разам ратаваць яе. Марысю арыштавалі праз яго. Дык хто ж не паверыць яму, што ён свой чалавек?

А калі б яшчэ даведаўся, што падпольная арганізацыя шукае камандзіра трыццатага палка? Ён жа ведае гэты полк! А хіба ведаюць у палку, дзе ён дзеўся? Яго лічаць, разумеецца, забітым пры адступленні. Ды няхай сабе. Карзюк не меркаваў доўга быць «членам падполля». За які тыдзень усё падполле было б на шыбеніцы.

Што тады на гэта сказаў бы яму пан Рытвінскі!

І Косцік нічога не знаў, не ведаў. Не ведаў і таго: як выходзіў з Карзюком з хаты — Сядуч з Бронісем былі каля ганка. Дзядзька паслаў «арыштаваць» камандзіра, каб правесці ад шпікаў. Яны ішлі ў хату, пачулі скрып дзвярэй — стуліліся за сцяною каля хлеўчука. І добра чулі, як пайшоў Косцік у агародчык, а Карзюк пытаў, дзе яго вінтоўка. Сядуч быў вельмі задаволены: яны выйшлі з хаты, ён ведае нават, каторы камандзір. А яшчэ лепш — Косцік пайшоў у агародчык. Самы раз сказаць камандзіру: «рэнкі до гуры!» Нечага і Косцік не будзе ведаць, што яны таксама ў падполлі.

Косцік выбег праз сад на Базарную вуліцу. Пайшоў павольна, каб сабрацца з думкаю, авалодаць самім сабою.

«Што ж цяпер будзе...» — не пакідаў шаптаць сухімі вуснамі. Ішоў і на кожным кроку, здавалася, прытаіліся жандары. Цень кожнага кутка палохала Косціка.

«Мяне таксама могуць арыштаваць...— разважаў. Які я неасцярожны! Я ж ведаў, што за мною сочаць. Трэба наказаць было Фіму цераз хлопцаў... Што я скажу Дзядзьку? Як выканаў я сваё заданне!..»

Косцік ішоў да Фімы. Пойдзе і раскажа ўсё. Ён невінаваты. Можа, ён і наказаў бы, каб не такі яго бацька. Не мог больш заставацца ў хаце з Карзюком.

«Бацька выгнаў з хаты...— так і скажу.— Няхай ведае, які мой бацька. І больш не вярнуся да такога бацькі. Нізашто! Няхай пасылае, скажу Фіму, куды-небудзь да партызан. Усё адно за мною ходзяць шпікі».

Падыходзіў да Рысорнай вуліцы. Крокаў дваццаць прайсці па Рысорнай і звярнуць на Катлавінскую.

Людзі на вуліцы сустракаюцца рэдка. Цьмяна блішчыць электрычны ліхтар. Палавіна ліхтароў у горадзе зусім не гарыць. У цьмяным святле ліхтароў вуліца нагадвае сутарэнне. Яна вузкая і бадай уся — драўляныя домікі. Рэдка сустракаецца зношаная, найбольш двухпавярховая камяніца.

На рагу Рысорнай і Катлавінскай яго раптам спыніў жандар.

— Зачэкай...— сказаў жандар. Косцік не спыніўся. Нібы звяртаўся не да яго.

Тады жандар падняў тон голасу, дадаў:

— Хлопец!

— Што, пане, хочаце сказаць? — ізноў моцна стукала Косцікава сэрца. Баяўся, каб не пачуў гэтага стуку жандар.

— Куды ідзеш?

— Дадому...

— А дзе твой дом?

— От жа...— паказаў рукою ўдоўж па Катлавінскай вуліцы,— дом нумар пяць...

Сам не ведае, чаму назваў кватэру Фімы сваім домам. Можа, добра зрабіў. У яго тоне была ўпэўненасць. Жандар паверыў яму, сказаў:

— Ідзі!

Косцік пайшоў і цяпер было ў думках:

«Я вельмі спяшаўся... У яго пала падазронасць. Што б я сказаў, каб запытаў, адкуль іду? Нешта б таксама прыдумаў...»

За пяць крокаў быў ад Фімавай кватэры і ледзь не спыніўся. Ногі зрабіліся цяжкімі. Абдало холадам, а на твары пот.

«Жандары... пайшлі к Фіму...»

Здубянелымі нагамі ступаў, каб хутчэй прамінуць Фімаву кватэру. Ногі — па пуду. Спяшаецца пераступаць — яны на адным месцы. Так павольна ідзе...

— Што ж гэта робіцца!..

І не памятае, як абышоў цэлы квартал. Ізноў выйшаў на Рысорную.

«Куды ісці!..»

Не спыніўся, а ішоў. Не, ён не пойдзе дадому. У Косціка цвёрдае слова. Няма куды ісці, а не пойдзе. А хто ведае, што цяпер у яго дома? Арыштавалі Карзюка на дварэ. Суседзі скажуць, у каго ён быў. Дагэтуль жандары пэўна прыйшлі па Косціка? «Куды ісці?..»

Не ведае, дзе жыве Дзядзька. Трэба пра ўсё было паведаміць...

«А што мне скажа на маю работу Дзядзька? Арыштавалі камандзіра... Чаму я не папярэдзіў камандзіра, што за мною ходзяць шпікі? Што цяпер будзе з Фімам?..»

Ізноў на кожным кроку палохалі Косціка цені жандараў. Вырасталі перад ім вялікімі страшыдламі. Яны і наперадзе і ззаду. Баіцца азірнуцца назад...

Куды ні глянь — стаяць. Здаецца, засланяюць усю вуліцу. Зараз некаторы кінецца да яго з пад'езда. Без слоў зграбе ў адну жменю... Праўда, у Косціка ў кішэні рэвальвер. Не выпускае яго з рукі. Сталь ад пальцаў такая гарачая, як і яго цела. З рэвальверам Косцік смела праходзіць каля пад'ездаў. Нават бачыць на рагу вуліцы вартавога паліцыянта — не вялікі страх. Крышачку толькі, калі абмінае, шэрхне цела.

І не заўважае, як прыбаўляецца яго крок. Вось ён і на сваёй вуліцы. Ідзе па тым баку тратуара. Вунь відаць агонь у акне, дзе спіць маці з Радкай. Яшчэ не ляглі спаць. Матка недзе чакае... «зараз прыйдзе, і будзем вячэраць».

«Вельмі шкада маткі!..» Яна любіць Косціка больш як хто. Яна толькі яго разумее. Каб расказаў ёй пра ўсё... А можа, і не зразумела б? Магла сказаць: «Я табе даўно казала!., не трэба лезці не ў сваё!» Чаму не ў сваё? Чыё ж яно тады?

У роце перасохла, а піць не хочацца. Нутро гарыць нявыказаным болем. Успомніў матку — хацелася ўбачыць яе на адну хвіліну. Няхай бы цяпер была на вуліцы. А пад гэта — словы бацькі (яны вельмі глыбока застралі ў Косцікавым нутры): «Няхай ідзе вон з хаты! Вон, каб і нагі яго не было!»

Даўно мінуў сваіх бацькоў. Цяпер яшчэ быстрэйшы быў крок. Каб хутэй выйсці з горада. Уцячы ад гэтых страшных жандарскіх ценяў. Вось ён ужо і Прысадны тракт...

* * *

Раніцою ўся Крывая вуліца ведала: уночы жандары арыштавалі Бранявіцкага з жонкаю і з малою Радкаю. І ўсе ведалі, што сям'ю арыштавалі за сына. Косцік, гаварылі, уцёк з самых жандарскіх рук. За што хацелі арыштаваць Косціка — ніхто не ведаў. Жанчыны Крывой вуліцы дзівіліся:

— Ён жа быў такі спакойны. Нікому ніколі вока не запарушыў. Што ж бы такое?

А Фіма перадаў Дзядзьку аб арышце сям'і Бранявіцкага пад вечар.

— Косціка, напэўна, арыштаваў гэты самы шпік,— гаварыў Фіма.— Іначай — дзе ж мог дзецца?

Дзядзька маўчаў.

Яны сустрэліся ў маленькім пакойчыку Клаўдзі. Фіма цяпер добра знаёмы з Клаўдзяю. Яна прыехала з цэнтра... У Клавы адказная работа: ведае, дзе дастаць і як перавозіць пракламацыі.

Сядзелі за маленькім столікам — пілі чай. Была вельмі цяжкая хвіліна маўклівасці. Клаўдзя мяшала чай лыжачкай, наўмысна бразгала аб шкло шклянкі. Каб хоць чым заглушыць гэту прыкрую, нязручную маўклівасць.

— Сядуч вінават...— ізноў праказаў Фіма і паглядзеў на Дзядзьку.— Трэба было неяк папярэдзіць Косціка. А то выпусціў шпіка з рук, той вярнуўся недзе — арыштаваў. Я не ведаю, што цяпер мне рабіць? Ты павінен паслаць мяне ў другое месца. Я павінен выехаць з горада...

Дзядзька маўчаў. Ён думаў аб другім.

Ніхто не знаў, як ўсё адбылося. Убачыў Косцік каля Фімавай кватэры Сядуча з Бронісем — хіба мог ведаць, хто яны? «Жандары... пайшлі к Фіму»... спяшаўся прамінуць Фімаву «майстэрню». А яны ішлі папярэдзіць Фіму — сказаць, які трапіў «камандзір» у іхнія рукі. Косціку тады ўяўлялася: на яго двары — жандары! На Фімавым двары — жандары! Косціка спыніў жандар на вуліцы... Жандары напалі, уяўлялася, на ўвесь горад. Ведаюць думку кожнага чалавека. Вялікая аблава на людзей...

— Ніхто невінаваты,— парушыў урэшце Дзядзька сваю маўклівасць.— Я адзін сам вінават. А ты пакуль што застанешся ў горадзе...— сказаў Фіму.

— Я гавару аб факце, а ты вінаваціш сам сябе,— нібы Фіма і не чуў, што гаворыць, каб заставаўся ў горадзе. От, можа, яшчэ перадумае — згодзіцца, каб Фіма выехаў.— Ніхто не мог таго знаць,— казаў,— што ён ахраннік. Можа, нават, калі хочаш, ён той самы, каго мы шукалі? Ёсцека ж правакатары.

Гаварыў пра Дзядзькаву «віну»,— хацеў апраўдаць яго перад сабою, перад Клаўдзяю.

— Глупства вярзеш! — раззлавана ўзняўся Дзядзька з крэсла. Прайшоў да акна, абярнуўся: — Калі б ён правакатар — даўно пралез бы ў падполле. Ён меў бы не адзін адрас. Арыштаван адзін пароль — меў бы запасны. Ото ж мяне і збіла з тропу яго асцярожнасць. Не ён шукаў нас, а мы шукалі яго. І самае важнае — я згубіў празорлівасць, калі дэфензіва арыштавала дзяўчыну — Марысю Суравец. Было відавочна: яна трапіла ў дэфензіву толькі праз яго. Давялося гэтай сволачы верыць. Нават каб і не чакаў я камандзіра — мог паверыць...

Клаўдзя сказала:

— Яны арыштавалі Марысю, пэўна ж, наўмысна. Але чаго ты? Мы цяпер ведаем, хто ён.

— «Ведаем, хто ён»!..— пераказаў Дзядзька.— Вігдорчыку ад гэтага не лягчэй.— Зірнуў на Фіму.

— Я ж кажу...— баязліва праказаў Фіма.— Я павінен выехаць з горада.

— Нікуды не паедзеш! — рашуча сказаў Дзядзька.— У нас пачынаецца самая гарачая пара... Сёння пераначуеш... У цябе, Клаўдзя, я думаю, можна пераначаваць?

— Калі ласка! — адказала Клаўдзя.— Вось канапка... Яна ж вольная...

Гэту ноч Фіма дома таксама не начаваў. Сядуч расказаў, што Косцік вёў гэтага шпіка да Фімы. Кожную хвіліну трэба чакаць было жандараў.

— Прыйдуць, будуць пытаць,— развітаўся Фіма з жонкаю,— скажы — паехаў у горад Н. да свайго брата.

У кватэры нічога падазронага не засталося. Ды яно нічога і не было, а ўсё ж праверыў. Раніцою Фіма даведаўся: да яго ніхто не прыходзіў. Не мог зразумець: дэфензіва, напэўна, хоча забраць яго з яўным доказам. Яна ж не дурная. Ведае, што нічога ў яго не знойдзе. А можа, хочуць жандары прасачыць за ім, каб яшчэ натрапіць на чый-небудзь падпольны след? І адно і другое — выгаднае для ахранкі. Ніяк нельга заставацца ў горадзе.

Дзядзька меркаваў па-свойму. Сёння Сядуч памочнікам дзяжурнага па ахранцы. Заўтра Дзядзька скажа Фіму, што рабіць. Сядуч праведае хаця б сабе і тое: ці запісан Фіма ў кнізе «падазроных».

А тым часам сярод жандараў вось што:

Карзюк вярнуўся да Бранявіцкага кватэры — ірваў на галаве валасы.

— Косцік! Косцік! — зваў Косціка, бегаючы па двары як звар’яцелы. Ніхто не абзываўся. Тады вырашыў — Косцік, можа, пайшоў у хату. І ўжо ўзяўся за ручку дзвярэй — зайсці запытаць, а нехта адчыніў дзверы.

— Каго вам трэба? — запытаў незнаёмы.

— Косціка...— праказаў Карзюк,— дзе ён дзеўся?

— Тут няма ніякага Косціка,— сярдзіта праказаў чалавек.— Ідзіце і не дурыце галавы. Я ведаю, хто вы...

Цяпер толькі Карзюк зразумеў: ён трапіў з гарачкі не ў тыя дзверы.

«Гэта ж другі ганак... тут жыве гаспадар... Да чаго абалдзеў!»

Падышоў да ганка Бранявіцкага і паўглядаўся ў кухоннае акно. Нічога не відаць: акно завешана цёмнай фіранкай.

«Нельга траціць ні адной хвіліны...— шаптаў на бягу па вуліцы ў дэфензіву.— Нават і лепей, што я трапіў не ў тыя дзверы... Ён мне не паверыў бы, што я ўцёк з-пад арышту... Адкуль мяне ведае гаспадар?»

У дэфензіве здзівіліся: ніхто нікога не пасылаў на Крывую вуліцу. Адразу пазванілі Рытвінскаму. Той вылаяў па тэлефоне дзяжурнага. Загадаў праверыць нарады арыштаў. Праз паўгадзіны ўжо было вядома: сярод ахранкі ёсць «здраднікі сваёй айчызне». Тэлефоны разбудзілі каменданта Векерта. Было загадана начальнікам аддзелаў праверыць сваіх людзей. Апрача паліцэйскай варты, на вуліцах горада з’явіўся ваенны патруль. Нікога не прапускалі без праверкі дакументаў. Больш падазроных забіралі ў паліцэйскую «да высвятлення».

Рытвінскі выклікаў Карзюка да сябе на кватэру.

— У якой яны былі форме?

— У жандарскай. Адзін, здаецца, радавы, другі — калі не памыляюся — з нашыўкаю сяржанта.

— Ці зможаш пазнаць у твар?

— Не ведаю. Я быў вельмі ўсхваляваны. Пастараюся, пан паручнік.

— Як яго, кажаш, імя?

— Косцік, пан паручнік.

— Я не аб гэтым!.. Як імя падпольнага арганізатара?

— Фіма, пан паручнік.

— Ну і чаму ж ты не запытаў адразу, як яго прозвішча?

— Я ж кажу: гэта старая ведзьма паклікала сына на кухню.

— Дзе б ён мог дзецца?

— Не ведаю, пан паручнік. Яму цяпер адна дарога, а нам дзесяць...

— Знайсці, што б там ні было!., за ўзнагароду. Узнагарода — тысяча марак!

— Выбачайце... так сказаць... пан паручнік... вы забыліся: я ж служу не за грошы...

Рытвінскі адразу змякчыў тон:

— Я не забыўся... А тысяча марак нідзе не валяюцца!

...Назаўтра Сядуч паведаміў аб жандарскім настроі, і Фіма вярнуўся дадому. І ў гэту ноч да яго ніхто не прыходзіў.

— Дзядзька меў рацыю...— разважаў Фіма.— Пачынаецца гарачая пара... Дзе ж усё-такі мог дзецца Косцік?

А Бронісь ледзь не папаўся. Карзюк распазнаваў, хто яго «арыштаваў» на Бранявіцкага двары і спыніўся на Бронісю.

— Такі самы... высокі...— звярнуўся да падпаручніка Закрэўскага.

— Высокія — два крокі ўперад! — скамандаваў Закрэўскі.

Падпаручнік меркаваў:

«Здраднік айчызне палічыць сябе невысокім — не выйдзе ўперад».

Чалавек дваццаць ступілі разам з Бронісем «два крокі».

— Ён? — запытаў падпаручнік.

— Не...— прамармытаў Карзюк.— Той больш стройны...

Карзюкова падазронасць пала на другога «высокага». Прызнаваў, няўпэўнена гаварыў:

— Гэта ж ты свяціў мне ў вочы ліхтарыкам? Э-э... ты, ты... Чаго ж маўчыш?

— Я не ведаю пана...— праказаў жандар.— Я ўчора быў у каравуле «Белага Дома».

— Ён! — сказаў Карзюк падпаручніку.— Па голасе пазнаю.

Яго ўзялі на допыт.

«Усё можа быць...— разважаў Карзюк.— А што думаеш: здраднік мог пайсці ў каравул нават наўмысна! Каб не падала падазронасць!»

Таго другога — з сяржанцкімі нашыўкамі — не распазнаў. Напэўна, было меркаванне: займацца з падафіцэрамі — небяспечна.

 

Раздзел трэці

Пелі пеўні, калі Косцік прыйшоў у Стаўбуны да сваёй цёткі Настасі. Быў у цёткі летась улетку — ад таго не быў. Прыходзіў з маткаю ў госці. І Настася, бываючы ў горадзе, не мінае хаты свайго старшага брата Іллі.

Косцік добра ведае засценак Стаўбуны. Тут усяго пяць хат. Стаўбуноўцы жывуць між лесу, балот, як на востраве. Адзін выхад з іх «вострава» — цераз Доўгую грэблю. Яна і дапраўды доўгая і гразкая. Кожны год мосцяць лапкамі, возяць пясок, а прыйдзе вясна — ізноў размые стаўбуноўскую працу. «Калі б на добры лад,— трэба мост, а не гэтыя лапкі...» — і думаюць і гавораць стаўбуноўцы. А дзе ж возьмеш тае сілы? Затое выгоддзе сухім летам: можаш хадзіць, ездзіць па ілістым торфе, як па тым плюшы.

Цётка Наста дзіву далася, што прыйшоў пляменнік раннім досвіткам. Не пытала — толькі падумала: «Напэўна, нешта не так? Ад горада да Стаўбуноў бадай дваццаць вёрст. Калі ў госці, дык чаго ж ісці ўночы?»

А Косціку вельмі балела сэрца. Пакінуў горад... Недзе ўсе шукаюць... Што думаюць аб ім, дзе дзеўся? Ніхто нічога не ведае, што там адбылося...

Самая балючая была думка аб Марысі. Карзюк сказаў — «яе могуць расстраляць» — нібы ўсадзіў нож Косціку ў нутро.

«Што ж будзе? — без адхлання лезла ў галаву праз усю дарогу пытанне.— Хто цяпер выратуе Марысю? Карзюка арыштавалі... Фіму, напэўна, таксама... Чаму ніхто з нашага падполля не мае знаёмых камуністаў сярод палякаў? Бедная мая Марысечка... Малая мая...»

Яго трывожны, узбаламучаны настрой цётка Настася заўважыла адразу. Баялася толькі пытаць у пляменніка. Прыйшоў — сам раскажа чаго. Косцік і не мог ад яе хавацца. Ён жа не ведае, колькі прабудзе ў цёткі. Ды яму цяпер было ўсё адно. Коратка і ясна сказаў:

— Мяне, цёця, шукаюць палякі...

У гэтых словах не хацеў мець да цёткі просьбы. Толькі як сказаў — адчуў гэты намёк. Тады ў сваіх думках:

«А можа, яна што парадзіць?»

— Што ж ты ім зрабіў? — запыталася цётка.

Не быў прыгатаваны да адказу. Не ведаў, за якую «работу» шукаюць. І яшчэ не ведаў, што, як пелі пеўні, дэфензіва забрала яго бацькоў.

— Нічога не зрабіў,— адказаў Косцік,— але яны ведаюць — не цяпер, дык заўтра — нешта зраблю. Я ж камсамолец...

Цётка вытрашчыла вочы. Глядзела на пляменніка, як на якое дзіва. Яна і дапраўды не верыла сваім вачам. Хвіліну, бадай, маўчала:

«Як жа гэта: бацька неяк быў — нічога не гаварыў?»

Потым вырашыла:

«Гарадскія — адзін ад аднаго... не чакаць дабра — выракліся бога!»

Сказала Косціку суха, пакрыўджаным тонам:

— У нас табе, нябож, нельга жыць. Кожны дзень яны гойсаюць як апантаныя. Усё накладаюць гэту рэквізіцу. Выганяюць фурманкі вазіць сена на станцыю. У адной Дараўцы шмат тысяч накладзена. Пакуль вывезуць — кожны дзень будуць круціцца. А потым, глядзі, ізноў нешта прызначаць. З нашых Стаўбуноў прызначылі тры каровы. На тым тыдні насілі ў Дараўку яйкі, масла і воўну... Яны ж усё бяруць. Я не ведаю, калі яны ўгамуюцца... Табе, нябож, нельга ў нас... Мне хаты не шкода, а цябе. Што будзе, калі цябе зловяць...

Косцік згубіў сваю надзею. Меркаваў пабыць у цёткі Настасі, пакуль апамятаецца ён, што рабіць. Думаў паслаць цётку ў горад, з пісулькаю да Боры (цырульня не падазронае месца: усе заходзяць). Калі няма Фімы, Бора знойдзе каго-небудзь (можа, самога Дзядзьку). Запытаецца, перакажа...

На гэткія цётчыны словы запяклося ўсё ўсярэдзіне. Была і крыўда і боль. Дзе ж дзецца?

— Бывайце здаровы! — надзеў шапку і хацеў ісці.

— Куды ж ты, Косця? — схамянулася цётка ад яго нечаканасці.— Адпачні! Паснедаеш. Пабудзь сабе дзянькі два... Можа, не навярзуцца. Будзем назіраць: схаваешся на гару, калі што.

— Не... Я пайду...— яшчэ большая была крыўда.

— Хай хоць развіднеецца...

— Я зайду к Дарахвею,— сказаў Косцік.

Настася супуцілася, перапытала:

— К якому Дарахвею?

— К Рыпінчыку...

— Яго ж няма! — узрадавалася, што Косцік нічога не ведае. А ў думках: «Хай ведае, што ў нас нельга жыць».— Дарахвеевага бацьку пагналі ў горад,— сказала Настася.— Нехта, пэўна, падказаў палякам. Дык ты нічога і не ведаеш?.. Колькі тут было калатні!

І расказала, што на тым тыдні ў Воўчым лагу раззброілі трох жандараў. Яны везлі на вазах кабаноў. Да іх выйшлі з лесу, ссадзілі, забралі зброю, фурманкі завярнулі назад...

— За гэта і арыштавалі Дарахвеевага бацьку,— казала Настася,— нібыта данесена палякам — гэта ж Дарахвей выходзіў з лесу з сваімі партызанамі. Кажуць — будуць трымаць бацьку, пакуль не прыйдзе сын. Дзе ж ён табе, нябож, прыйдзе! Каб яны яго ўвабралі — яму ж не жыць!

Косцік і не слухаў больш цётку. Сказала — Дарахвей у партызанах — загарэлася нутро. Дарахвей — яго дружака! Бываў у цёткі — пазнаёміўся з ім. Дарахвей прыязджаў у горад — заходзіў да Косціка. Ён дастаў Дарахвею для грубкі старую кафлю...

«Абы толькі знайсці Дарахвея! Можа, і Карзюк быў разам з імі?..»

— Ведаеце, што я вам маю сказаць...— загаварыў Косцік з жвавасцю,— я пайду ў лес. Мне трэба што б ні было знайсці Дарахвея!

— Яны, кажуць, у нас, у Воўчым лагу,— узрадавалася цётка.— Пройдзеш грэблю і адразу налева, скрозь паўз балота дарожка. Ад нас, лічаць, ды яно так і будзе — дзве вярсты. Гэты Воўчы лог — несхадзімы лес! Там ім вельмі добра! Каля лесу густы амшарнік. Там ёсцека градкі. Яны, пэўна, на гэтых градках недзе зрабілі сабе цёплую будку.

— Вы мне толькі дайце што-небудзь з сабою,— забыўся Косцік на крыўду.— Дайце бульбы... і, калі ёсць, які непатрэбны нож.

— Мой ты сынок! — расчулілася цётка.— Я табе дам на дарогу скварачку. Што з тае бульбы...

— Можа, я сяды-тады зайду да вас,— гаварыў Косцік,— вы не закрыўдуйце. Можа, дрэнна будзе з харчамі. Я вам потым заплачу...

— Мой галубок! — рада была, што не будзе дрыжаць ад страху яе сэрца.— Хто тыя грошы будзе браць! Абы яны цябе не злавілі!

Так і не давялося пляменніку быць госцем у сваёй цёткі. Пайшоў у лес, і тры дні не было. Хадзіў па лесе і нідзе не напаткаў партызан. Нібы той падарожнік ці начлежнік — клаў у ночы пры балоце агонь. Каб гэтак быў не трывожны час — вунь які апанаваў бы страх. Не параначаваў бы нават адной ночы. А так — нічога.

Косціка супакойвала думка, што ў лесе ён не адзін. Мала, што ён ніяк не спаткаецца з чалавекам. Разумеў, што партызаны, можа, і бачылі яго, ды не будуць сябе паказваць. Смялей адчуваў таксама, калі абмацваў у кішэні, нагрэтую сваім целам, сталь рэвальвера. Спаткаецца з воўкам — ёсць чым адказаць. Чалавека стрэне — таксама зможа гаварыць. Праўда, у яго ўсяго сем патронаў...

На трэцюю ноч Косцік ізноў прыйшоў да цёткі Настасі. Яна спаткала Косціка ціхім шэптам:

— У Такельчыкавых начуюць два палякі...

Гаварыла і дрыжала ад страху. Разумеў Косцік, што баіцца яна, хоча, каб хутчэй пайшоў.

Нават і шапкі не здымаў і агню не дазволіў паліць. Папрасіў у яе, ці няма чыстай паперы. Знайшла ўпоцемку на паліцы.

— Гэльчын сшытак,— сказала,— бяры. Гэлька ўсё адно ў вучылішча не ходзіць. Прыехала была ў Дараўку настаўніца, хацела вучыць — дараўскі войт не дазволіў. Сказаў, прышлюць польскую вучыцельку.

Ізноў дала Косціку з сабою. Апрача хлеба, бульбы, дала кавалачак абваранай бараніны.

— Зарэзалі ўчора авечку,— сказала.— Котная была, вельмі шкода... Мой сказаў, усё адно забяруць палякі. Дык хоць самі паспрабуем — паскаромімся.

— А дзе ж дзядзька? — цяпер толькі ўспомніў Косцік Настасінага мужа Лявона. Быў першы раз — гэтулькі было думак, і ў галаву не прыйшло.

— У Зыкаўцы,— адказала Настася.— Там жа згарэў мост. Кажуць, што зыкаўцы спалілі наўмысна, каб не было кудою праехаць польскаму абозу. Гэта ж яшчэ было, калі нашы адступалі.

Настася расказала, што ў Зыкаўку палякі сагналі, можа, тысячу чалавек. І з коньмі, і хто з чым. І мост робяць, і наскрозь каля рэчкі гародзяць калючым дротам.

— У гміне ведалі, што мае ў руках талент,— гаварыла, калі Косцік ужо трымаўся за клямку,— дык майго і пазвалі. От, ад маладзіковай нядзелі — пяты тыдзень. Прыйдзе, гэтак, не распранаецца, возьме ў торбачку і начуе там. Кажуць — яны заплацяць. Не хацела б я іх платы. Самі няхай бы плакалі. Цяпер бяруцца маразы, і прастудзіцца можна.

Ад такіх слоў у Косціка яшчэ больш сціскалася сэрца. Што толькі робіцца! Людзі паразганяны па лясах. Людзьмі напоўнены турмы. Людзей абіраюць да ніткі. Плакаць не даюць людзям! Што будзе?

Ішоў да цёткі і ўжо ведаў, нашто яму папера. Не мог нідзе паказацца, каб купіць. Аловак быў у кішэні, яму толькі трэба была папера. Ён спіша ўсю паперу. Ён расклеіць па дарогах сваё слова. Няхай гэта будзе бяссільна, а ён выкажа свой гнеў. Калі былі б пракламацыі! Ён не ведае яшчэ, як пішуцца пракламацыі, толькі адчувае, што пэўна ж у іх вялікая нянавісць да ворага. І ён будзе цяпер пісаць. Будзе крычаць усім сваім голасам на ўвесь свет.

«Ратуйцеся! — будзе крычаць.— Паўстаньце ўсе, хто можа трымаць у руках касу, вілы... Ідзіце і ганіце катаў, крывасмокаў. Ганіце, каб не стагнала зямля ад панскага бота. Чаго ім трэба ад гаротнага вякамі народа? Народ толькі скінуў ланцуг няволі. Яны ізноў надзелі гэты ланцуг і закавалі народ. Дакуль жа цярпець?!»

А яго бедная Марыся... Што цяпер з ёю? Яна ж не паспела зірнуць на свет поўнымі вачыма. Што робяць яны з гэтай сінявокай, як васілёк, дзяўчынаю? Што цяпер з Карзюком? Дзе зараз Фіма?

* * *

Ідучы каля Ліповай грады, Косцік наткнуўся на выталачанае логава. Вялікае вогнішча, а каля яго: цэбар з перагоннаю брагаю, заднёная з абодвух канцоў бочка з дзірачкаю ў верхнім дне. Дзірка не ад шпунта, а пракручана наўмысна. На вогнішчы — раз’едзеныя агнём жарсцвяныя каменні. На каменні — цынкавы бітон з-пад малака. Яшчэ не стух агонь. Можа, хто ўбачыў Косціка ды ўцёк.

Адразу не здаўмеўся, што гэта нехта гнаў самагонку. І не таму, што не здаўмеўся, а не хацелася даць веры. Нібы зрабілася сорамна перад самім сабою за некага, нібы з’явілася за нечую такую работу крыўда. От, нехта зняважыў яго, аблаяў непрыстойным словам. Ён шукае партызан, а тут — на табе.

«Таксама нехта хаваецца ад палякаў...» — падумаў Косцік. Хвіліну стаяў, глядзеў на цынкавы бітон. Потым з крыўднаю ўсмешкаю штурхнуў яго злёгку нагою. Бітон ссунуўся з жарсцвянага камення, перакуліўся на бок — глуха бумкнуў. У ім была гарачая вада. Праз такую самую круглую дзірачку, як і ў бочцы, вялікімі глыткамі булькала — вылівалася прызапашаная жоўтая вада.

І ад крыўды і ад сораму за некага Косцік пайшоў ад гэтага логава. Ішоў з невыказна-блытанымі думкамі і не заўважыў, як выйшаў з лесу на бальшак. Вунь ужо было відаць Дараўскае поле. Дарога ціха выходзіла з лесу правым бокам. Яна кралася, тулілася ў лясным цені — абгінала лес шырокаю дугою. Косцік не пайшоў па бальшаку, а перайшоў цераз яго, ішоў лесам. Вунь за лясным каленам, пры дарозе стаіць карчма. У ёй цяпер ніхто не жыве. Некалі, едучы з дараўскага кірмашу, у гэтай карчме рабілі перадышку. Пілі і біліся да паўсмерці. Не раз карчмару Довыды выбівалі вокны. Бывала, пасля бойкі сабака мог нават хлябтаць чалавечую кроў. А неяк аднойчы ўночы перарэзалі ўсю сям'ю Довыда-карчмара. Напэўна, шукалі грошай. Невядома, ці былі грошы ў Довыда, а яго больш не стала. Пахавалі сям'ю вунь на той кудзерцы за бальшаком. З таго часу ніхто больш не жыў у карчме. Палохалі, напэўна, цені выразанай сям’і. Стаіць з таго часу карчма голым будынкам, як помнік мінулага. Чалавек праязджае каля яе — паганяе каня. Яна нагадвае заклятае месца. Вецер свішча па яе завуголлі, і ходзяць гаворкі, што ў карчме жыве нячыстая сіла. Тут, казала маці Косціку, забілі некалі Зуброўскага, каваля. Вынеслі з карчмы з распоратым жыватом. Пакуль клалі на драбіну — ён і сканаў. Гэта карчма, уявілася Косціку, цяпер ажыла. І стаіць яна не як помнік, а як сапраўднасць гэтага часу. І нават весялей выглядае сваім выветраным будынкам. Нібы чакае гасцей. От зараз з’едуцца сюды з усіх дарог людзі, і яна ізноў напоўніцца кірмашным шумам і лямантам. Бо жыла карчма ў такі час, які ізноў прыйшоў да яе.

Косцік адыходзіў на лес, далей ад бальшака. Ішоў і глядзеў, каб знайсці гладкі пень.

«Сяду, напішу і наклею на сцяне карчмы,— разважаў Косцік.— Самае зручнае месца».

І не заўважыў, як ні адсюль, ні адтуль нехта да яго загаварыў.

— Чалавеча...— пачуў Косцік голас.— Дапамажы, браце...

Узняў вочы і за дзесяць крокаў убачыў: запрэжаны конь, і на возе — дровы. Пайшоў да чалавека, як нічога і не было. Ішоў і думаў: «Адкуль ён узяўся... Які вялікі воз натурыў...»

Чалавек падпяразаны па кароткім латаным на плечуках кажусе папругаю. На паясніцы, за папругаю, сякера. Шапка на галаве — з заячай скуркі, сваёй работы. Твар — абсівераны. Доўгія рыжаватыя вусы, барада, можа, учора паголена.

— Кола заскочыла за корань... конь не можа ўзяць з месца,— гаварыў пажылы чалавек, калі Косцік падышоў да воза.— Не хочацца скідаць дроў. Падсабі, браце, пад зад, конь, можа, і выхапіць.

Косцік моўчкі ўзяўся з чалавекам за задняе кола. Паднялі воз, а конь кідаўся ў бакі, тупаў на адным месцы.

— Но! Но! Каб цябе...— ахрыплым, надломаным голасам крычаў чалавек на каня.— Воўчае мяса!.. Каб ты здох!..

— Не возьме...— апускаючы воз, сказаў Косцік.— Трэба падважыць калом.

— Я яго вазьму!..— злаваўся чалавек і смаргануў каня за лейцы.— Ваўкарэзіна!

— Конь тут не вінават...— паглядзеў Косцік на чалавека. Чалавек моцна засопся і таксама стаяў з апушчанымі рукамі. Яму, пэўна, не хацелася высякаць кала. А можа, злосць была на каня, што кола ад пад'ёму ледзь не пераходзіць цераз корань, а конь не бярэ.

— Давай, браце, яшчэ паспрабуем,— сказаў чалавек.— Но! Но!

Конь цяпер напяў паўшоры, выгнуў гужы і рвануў з усёй сілы. Кола пераскочыла цераз корань, і воз ад’ехаў ад пня.

— Нашто ж было класці такі воз! — заўважыў Косцік.— Гэта ж можна надарваць каня.

— Нічога не папішаш, браце,— ссунуў чалавек на патыліцу заячую шапку і абцёр з ілба пот.— Малы воз прывязеш — паедзеш па другі.

— А вы хіба не сабе? — цікавіўся Косцік.

— Каб жа сабе...

Чалавек глядзеў некуды ўдалячынь. Можа, ён каго бачыў, а можа, і так. Вочы ў яго, здаецца, слязіліся. Можа, гэта ад старасці, а можа, трапілі кроплі поту. Чалавек не абціраў мокрых вачэй, а толькі міжвольна павёў рукою — то сюды, то туды — па рыжаватых вусах. Змоўчаў і ўрэшце сказаў:

— Стойка. І скажэце,— звярнуўся да Косціка,— стойка дык стойка. Выдумалі яе палякі, і няхай была б для іх. Дык вы думаеце, для каго я вязу гэтыя дровы? — для Ялавіцкага. От што горш за ўсё крыўдна. Трэба адбываць стойку для Ялавіцкага.

— Хіба ў яго няма сваіх коней? — нібыта нічога не ведаючы, запытаў Косцік.

— Коні-то былі... пазабіралі яго коні. Адыходзілі бальшавікі і забралі, паколькі была камуна. Забралі ў абоз. Але ў Ялавіцкага засталася, можа, цэлая каламажка золата. Мог купіць і мець коней. А хто ж вы будзеце? — раптам перавёў чалавек гаворку.

— Я...— запнуўся Косцік і паправіў свой тон. Ён гаварыў цяпер нібы здзіўленым голасам. У яго тоне было: «Што, ты не бачыш, хто я?»

— Я хадзіў у Зыкаўку. Там робяць мост. Хацеў, каб на работу. Не прымаюць,— гаварыў, каб чым больш было слоў, каб захаваць у словах сваю збянтэжанасць,— кажуць, ужо набрана арцель. Іду дадому. Я жыву ў горадзе. Можа, вы параіце работу? Я нядрэнны муляр. Бацька мой таксама муляр...

— Цяпер цяжка...— адказаў селянін.— Кожны хацеў бы зарабіць, а няма дзе. Дарам — колькі хочаш работы, а за грошы — ні гу-гу. Ды чорт яго ведае з гэтымі, хоць бы сабе і зарабіў, грашыма? Якая цана гэтым маркам?

Косцік усміхнуўся і бачыў: селянін, здаецца, мала дае яму веры. Ён, мабыць, цяпер думае: «А якой ты работы шукаў у гэтым лесе?» Такая думка мала абходзіла Косціка. Хай сабе думае. От яны зараз разыдуцца і, можа, ніколі больш не спаткаюцца. Ёсць аб чым разважаць.

І селянін ужо крануўся з месца да свайго воза. Косціку хацелася яшчэ пагаварыць з гэтым чалавекам. Вунь як рад, што напаткаў за гэтыя дні жывога чалавека. І Косцік добра разумеў яго настрой: гэты селянін ненавідзіць белапалякаў. У яго, бадай, не ад старасці і не пот быў на вачах, а жывыя слёзы. А мо ён ведае, дзе тут партызаны?

Косцік ступіў да воза, ды зусім не тое, што хацеў запытаць:

— Вам, можа, Ялавіцкі заплаціць?

Селянін зірнуў на Косціка, і ён убачыў: на твары селяніна была скрыўленая ўсмешка. Папраўляў пасак на падсядзёлку і, не гледзячы на Косціка, гаварыў (такім запытаннем Косцік, бадай, пакрыўдзіў яго):

— Заплаціць на тым свеце вугольчыкамі.

Было нязручна, і Косцік узяў свой праўдзівы тон, каб паправіць сябе:

— А я, ведаеце, не павёз бы... Ялавіцкі не мае права браць стойкавую фурманку. Стойка, як вы кажаце, для палякаў... Паколькі яны сёння гаспадары. Не хапала яшчэ нейкіх Ялавіцкіх.

— Ідзіце і скажыце войту,— таксама раздражнёна адказаў селянін. У яго голасе ўсё ж Косцік адчуў маленькае задавальненне. Селянін больш ахвотна дасказаў: — у іх жа адна шайка-лейка. Яны ездзяць адны да адных і госцяць адны ў адных. Сёння вунь Ялавіцкі спраўляе «дзяды», дык нават прыедуць на матамабілі аж з горада. Ляўшак — Ялавіцкага парабак — казаў.

Селянін на кані спагнаў сваю крыўду да апошніх слоў. Смаргануў за лейцы, і сухія дробныя галінкі затрашчалі пад коламі. Косцік так і стаяў разгублена на тым самым месцы. Бачыў, як ён праехаў проста, а потым выехаў на лясную дарожку. Гэта дарожка павярнула на бальшак.

«Цяпер кола не западзе...» — падумаў Косцік, праводзячы селяніна сваім позіркам.

Калі ад’ехаў воз і схаваўся за густымі лапкамі ельніку, тады Косцік падышоў да высокага свежага пня. Стаў каля яго на калені, дастаў сшытак і напісаў цэлую старонку.

Вось што напісаў Косцік:

«Балюеце, паны, і п’іцё чырвонае віно. Ведайце, што не віно п’іцё, а нашу кроў! Дык дакуль жа вы будзеце смактаць яе з нас, як тыя п’яўкі! Дакуль будзе пакутаваць краіна? Вы, душагубы, чаго прыйшлі? Хто вас зваў? Вы хочаце затапіць у нашай крыві рэвалюцыю? Гэты нумар дарма вам не пройдзе. Нашы пакуты дарма для вас не абыдуцца. Нашаю крывёю апырсканы вашы англійскія мундзіры і нават абрус вашага прыхвасня, полупанка Ялавіцкага. Паглядзі зараз, пане Ялавіцкі, на свой абрус. На ім напэўна ёсць чырвоныя плямы. Гэта ж не віно, а наша кроў. Вы захліпнецеся ёю! Ці заўтра, ці паслязаўтра віно адрыгнецца вам.

Мы хацелі сёння ж, у такі ўрачысты час, аддаць твой двор чырвонаму пеўню. Няхай пакляваў бы! Цікава бачыць было б, як памагалі б табе тушыць жандарскія чыноўнікі. Але мы пашкадавалі. Не, не цябе. З табою мы яшчэ будзем гаварыць. Мы пашкадавалі сцен гэтых будынкаў. Гэтыя сцены — наша святыня. Сярод іх была наша першая камуна. І яна ізноў вернецца сюды. Будынкі для нас тады як знойдуцца. Ды гэта }ж нашы мазалі!

Напамінаем вам, паны-ягомасці: выбірайцеся ад нас за пагодаю. Каб вы тут і не смярдзелі і каб вашага духу не было! Ведайце, што нас мільёны! І рэвалюцыі вы ад нас не адбярэце ніколі!.. Вон з нашай зямлі, на якой дрыжыць раса з нашага поту і слёз! Вон са сваімі полупанкамі і прыхваснямі!

Падпісалі мы — партызаны!»

Склеіў печанаю бульбаю канверт і паклаў напісанае. Заклеіў і на канверце напісаў: «Асабіста. Пану начальніку».

...Сярод вечара Косцік стаяў каля Ялавіцкага дома з чорнага хода. Пастукаў, і яму адчыніла жанчына. Перадаў свой пакецік і сказаў:

— Пану начальніку.

Жанчына зачыніла дзверы, і ён хацеў ісці. Ужо ступіў ад ганка некалькі крокаў і закамянеў: аднекуль, нібы з-пад зямлі, вырас паліцыянт.

Усё было для Косціка так нечакана. Адзін момант, і ўсё скончана.

— Хто ходзіць? — запытаў паліцыянт.

— Я...— раптоўна з невыказнаю смеласцю адказаў Косцік. І недзе глыбока ў сваім нутры дадаў: «папаўся...»

Паліцыянт моўчкі падыходзіў да Косціка. Уцякаць не было калі.

Момант быў як іскра. Вылецела іскра з коміна і стухла. Косцік схапіўся за сваю міжвольную смеласць, як тапелец за саломінку. Кожная хвіліна вырашала яго лёс.

Зараз прачытае польскі начальнік яго ліст і рынецца на пошукі. Нёс ліст для перадачы і разважаў: «Пакуль перададуць ліст начальніку, пакуль будзе чытаць — я ўжо буду ў лесе. Тут жа недалёка». І раптам яго планы парушаны. Чамусьці, як на кіналенце, мільганулі скрозь змрок Марыся, Фіма, матка... Марыся была зусім выразнай.

— Хто гэта «я»? — стаяў перад Косцікам паліцыянт і ўглядаўся ў твар. Нібыта пазнаваў свайго даўнейшага знаёмага.

— Ліст...— адказаў Косцік.— Я прыносіў з Дараўкі пану начальніку ліст. Мяне прыслаў дараўскі войт...

І зусім авалодаўшы сабою:

— Ці няма ў пана закурыць...

— Ідзі, ідзі! — адказаў паліцыянт.— Тут стаяць не дазваляецца.

— Я ж нічога... Я думаў — пан курыць... Бывай, пане, здароў!

Косцік паспеў ступіць, можа, пяць крокаў, як ізноў пачуў той самы голас.

— Стой! — крыкнуў паліцыянт.— Ідзі сюды!

Не ведаў, што яму рабіць. Кінуцца бегчы, можа, і не дагоніць. Але ў паліцыянта вінтоўка, яму і даганяць не трэба. Ад першага стрэлу на такой адлегласці ён пападзе ў сваю цэль. Вечар цёмны, а ўсё ж такі голае поле. Каб ішоў хаця Косцік к саду, к будынкам... Была рашучая хвіліна. Косцік абмацаў у кішэні рэвальвер. Выстраліць і забіць? Можа, поўная хата гасцей-палякаў, і ён не ўцячэ. Напэўна ж, многа, калі стаіць варта. Можа, кінуцца і задушыць голымі рукамі? Спыніўся і сам не ведае, як здарылася — вярнуўся назад. Вось зараз начальнік выскачыць з хаты, і ўвесь Ялавіцкага фальварак напоўніцца гоманам.

— Пачакай,— сказаў паліцыянт,— пэўна пан паручнік будзе даваць войту адказ.

— Войт сказаў, што ніякага адказу не трэба,— ледзянымі вуснамі гаварыў Косцік.— Я магу... Вы запытайцеся, пане... Бо мне вельмі холадна чакаць.

Паліцыянту, мабыць, даўно хацелася зайсці ў пакой. Прывёз паручніка на машыне ды яшчэ стаіць цэлы вечар на дварэ — пільнуе, склее. Можа, ад войта добры які ліст. Цяпер усе падпіўшы. Гаспадар убачыць яго — зразумее. Колькі ж ён, як прыехалі, там на кухні выпіў? — нейкую кроплю.

— Чакай тут і глядзі, каб ніхто не хадзіў,— сказаў паліцыянт,— а я запытаю.

Ён ступіў на ганак — уваход цераз кухню — і схаваўся за дзвярмі.

 

Раздзел чацвёрты

Пачатак папярос «фроў-фроў», або дваццаць пяць арыштаваных — гэта ўсё роўна. Пан Векерт так і кажа. Бразгае пальцамі па пачку папярос — тра-т-тата — і быццам нічога тут асаблівага.

Няма месца... Гм... Сфарміраваць наступны «пачак». Зрабіце адбор, пане Рытвінскі. Шліце ў тыл.

«Белы Дом» не змяшчае арыштаваных. Кожны, бадай, тыдзень трэба высылаць з гарадка не менш як адзін «пачак». Пасылаюць найбольш у Лодзь, у Гродна, нават да Варшавы. Там яны замяняюць мабілізаваных на фронт рабочых, іх разбіраюць пад сваю адказнасць абшарнікі маёнткаў. Гэта ўсіх, хто супроць рэквізіцыі, і некаторых палітычных, што дасканала недазнаны. От ёсцека падазронасць, што ён, каторы моршчыць твар, пазіраючы на польскую ўладу, і нават, напэўна, другому нешта шэпча, але не ўзяў такога пан Векерт за руку і не абзывае яго злодзеем. Добра вызнаных бальшавікоў так далёка не пасылаюць. Па дарозе такі чалавек можа праламаць у таварным вагоне краты ды скокнуць праз акно на поўным хаду цягніка. Небяспечна. Зусім дазнаным і непапраўным бальшавікам пан Векерт дае раду на месцы... Тых, на якіх тлее, як кнот, надзея, пасылае ў цэнтральны горад Беларусі. Будзе, урэшце, тое, што нельга паправіць гэтых людзей — там дадуць рады таксама.

А Марысі пашанцавала. Яе нікуды не вывезлі, а толькі перавозілі. З «Белага Дома» на Памеранцавую вуліцу.

Здарэнне з Карзюком паскорыла Марысін допыт. Да гэтага часу не было патрэбы пытаць у Марысі: у Карзюковых руках быў Косцік. Цяпер Косцік, як той уюн, выслізнуў з яго рук. Засталася адна надзея на Марысю. Карзюк трымаў у руках нітку, толькі каб не парвалася яна, каб разматаць увесь клубок да канца. Трэба ж знайсці падпольнага арганізатара — Фіму. Абы толькі сказала Фімава прозвішча, ды дзе ён жыве. Не тады ж шукаць гэтага Фіму, як ён, можа, узбунтуе супроць польскай улады ўвесь гарадок.

У каморы разам з Марысяй было семнаццаць жанчын. Найбольш усё з вёскі. Бадай усе жанчыны не такія, як Марыся — ціхія, а з голасам. Была вельмі адважная Ліза. Першы раз у жыцці Марыся пачула словы, ад якіх вянуць вушы. Прынясуць суп (у ім дзве крупіны і лісток чарвівай капусты), а яна як пусціць яго рукою наводліў, ды як скажа, як скажа... І такая стройная, гарадская. Дзве доўгія чорныя касы. Абкруціць касою шыю і ўсё хоча задушыцца. Да яе прыходзіў на кватэру польскі афіцэр. Потым гэты афіцэр сказаў, што яна ўкрала яго кашалёк. За такія словы яна збіла афіцэра кулакамі і выгнала з пакоя. А праз дзень яе забралі і запісалі па кнігах «прастытутка». Яна задумаецца, бывае, а потым як заплача! Праз хвіліну ізноў смяецца і нават мармыча пад нос заўсёды тое самае:

 

«...Наши сердца, как перчатки, изношены.

Нам нужно долго и много страдать...

Чьей-то жестокой рукою мы брошены

В эту большую кровать...»

 

Тадора Рысь прачнецца ўночы і, нібы звар’яцела, стукае кулакамі ў дзверы і крычыць: — Арыштуйце майго Даніка! Дайце мне сюды Даніка! Я не вытрымаю!

Данік — яе трохгадовы сын. Бацька зрабіў яму з лубу на двух колцах каляску. Ён возіць у ёй жоўты пясок і кошку-рыску. Не хоча, бывае, кошка ездзіць — выскаквае з каляскі на поўным хаду. Тады ў Даніка на кошку вялікая злосць.

— Дурная,— кажа Данік,— каб мяне хто вазіў, я б цэлы дзень ездзіў.

Дык хто такога будзе забіраць. Ён дома з сваёю сямідзесяцігадоваю бабкаю Тэкляю.

Тадору гэтымі днямі пазвалі, і больш яна ў камеру не прыйшла. На нарах заняла яе месца Агапа Карнейчык. Хацела заняць месца Марыся, дык Агапа кінула толькі адзін позірк. Нібы тры грошы дала позіркам, гаварыла Марысі: «Ты яшчэ, дзеўка, маладая. Паспееш наляжацца на нарах»: Марыся, бадай, і згадзілася. Агапа намнога старэйшая. Магла быць Марысінай маткаю.

Агапа Карнейчык сядзіць не за сябе, а за свайго Максіма. Яе муж проста здурнеў. Прыехаў паліцыянт браць авечку, а ён узяў ні з сяго ні з таго штурхнуў паліцыянта ў грудзі. Хацеў не даць авечкі.

— Няхай бы лепш яна здохла! — кляла Агапа авечку.— Няхай бы браў... можа, не праглынуў бы, задавіўся б... Дзе ж гэта відана, мае людцы, каб перакорам быць...

Тады суседзі параілі Максіму хавацца. Гэта ж было відавочнае праціўленне ўрадоўцу ў час выканання службовых абавязкаў. І ён схаваўся недзе ў лесе, а жонка была дома...

У камеры вельмі цесна. Усе «новенькія» спяць покатам адна каля другой на падлозе. Уночы бегаюць па нагах і зусім не баяцца пацукі. Яны як каты. І нават такія свойскія. Першыя ночы Марыся дрыжала і ўскрыквала. Марыся з самага маленства баіцца пацукоў. Потым звыклася. «Яны толькі бегаюць, а не кусаюцца».

Павялі Марысю на допыт зусім нечакана. Яна ўжо ўхуталася сваім рабым паліто, што тады падала ёй Варвара Міхайлаўна.

Марыся драмала. Думак нават не было ў галаве, а нейкая пустэча. Аб чым думаць? Усё адно яе не выпусцяць. Казала, што шынель брата, за брата могуць не выпусціць. Сядзяць жа гэтыя жанчыны найбольш за сваіх мужоў. Перш-наперш на ўспамінак прыходзіў Косцік. Што ён цяперака робіць? Ці думае аб ёй? Марыся ўжо ведае: нікога, каб пабачыцца, не пускаюць. Нават свайго роднага бацьку. Можна перадаваць падачу, гэта праўда. Але і падачу атрымаеш на другі дзень. Не паспяваюць прагледзець: ведама, гэтулькі людзей! Косцік мог бы перадаць хаця хлеба. Напэўна, яму няма як, што не прыходзіць.

Яна гэтым вечарам засынала ў блытаных марах, калі забразгалі перад іх дзвярмі замком, потым завалаю. Кожную ноч, бадай, адчыняюцца дзверы — мала што. Бывае, і ў такую пару выклікаюць назірачыя чыё-небудзь прозвішча, але найрадзей. Каго выклікалі ў такі час — назад не прыходзіў. Назаўтра пыталі ў назірачага, дзе Тадора або Манька, і ён гаварыў — «вызвалена». І калі цяпер адчыніліся дзверы камеры ды назірачы з жандарам паклікаў Марысю, у яе нават бліснула радасць. Нібы прамень сонца выйшаў з-за хмары, такая была радасць.

«Можа, мяне вызваляюць?..»

А назірачы ёй сказаў:

— Бяры свае лахманы.

Яе павялі па ўсходах — знізу ўверх. Назірачы ішоў паперадзе, а жандар ззаду. Ішла, і ў яе калацілася сэрца.

«Няўжо выпусцяць... Няўжо буду ісці па вуліцы адна... Якая цяпер вуліца? Мусіць, апалі на дрэвах усе лісты? Што робіцца ў маім пакойчыку... Напэўна — холадна. Папрашу ў Варвары Міхайлаўны на раз прапаліць. Пэўна ж усё зацвіло сырасцю. Вазоны гэтулькі часу не паліваліся... Малады фікус... флянс. Пасадзіла, і прыняўся. Напэўна, прапаў ён? А можа, палівала Варвара Міхайлаўна. Наўрад. Адна сярод вуліцы...»

Ад радасці Марыся забылася. Ішла за назірачым і ўбачыла, што яго папруга з аднаго боку пад хлясцікам шыняля, а з другога — наверсе. Папруга не закладзена за хлясцік як трэба, і ён тарчыць закамечана, адтапырана.

— Папраўце папругу...— сказала Марыся і прыбавіла крок цераз адну ступеньку.— Пачакайце, я вам папраўлю...

Назірачы адразу аглянуўся. Закамянеў на адным месцы і, кідаючы на Марысю прарэзлівы позірк:

— Ты што?! — змераў яе маленькую постаць кіпучым позіркам.— Хамка!.. Смяяцца будзеш з мяне?!

Яна апусціла працягнутую руку, якою хацела паправіць яго хлясцік. А ён размахам сваёй рукі штурхнуў усю яе, маленькую, наперад. Яна не ўпала, а толькі спатыкнулася. Яна дакранулася каленам да вострага канта ступенькі і пайшла, кульгаючы, абапіраючыся аб халодную сцяну камяніцы.

— Холера!..— праказаў назірачы, ступаючы за ёю на другую ступеньку. Марыся забылася на боль. Самая страшная апанавала цяпер думка: яе не выпусцяць! Нашто гаварыла пра яго хлясцік!

Марысю прывялі ў пакой і пакінулі. Увайшла і сама не ведала, што рабіць. Нікога ў пакоі няма. Адна сярод цішыні. Вунь каля сцяны плюшавая канапа. Проста ад дзвярэй чорны, на точаных ножках, стол. Пад ім — дробнаквяцісты вішнёвых фарбаў дыван. Збоку каля стала — два венскія крэслы, а за сталом — крэсла з высокаю вузкаю плеценай спінкай. На стале пад белым абажурам — лямпа. Яна не гарыць. Пакой асветлены вялікай электрычнай лямпачкай з-пад самай столі.

Марыся ўбачыла: над плеценым крэслам, на сцяне, партрэт вусатага пажылога мужчыны. Мужчына з пагонамі, а на грудзях шмат медаляў.

— Нейкі паляк жыве...— падумала Марыся.—І люстэрка ёсць...

Яна ўбачыла ў люстэрку ўсю сябе. Яно між двух доўгіх акон, ледзь не ад столі і да самай падлогі (на вокнах няма кратаў).

— Добры вечар! — раптам пачула голас і абярнулася. З бакавых дзвярэй (і не заўважыла гэтых дзвярэй) увайшоў рослы, сухарлявы чалавек. Ён не ў польскім адзенні. На ім чорны гарнітур, гальштук, штаны навыпуск і вельмі белыя доўгія манжэты. Марыся збянтэжылася ад гэткай раптоўнасці і не адказала на яго здароўканне. Чакала чалавека ў польскай вопратцы — паляка, а гэты як свой. Толькі што вельмі ж чыста апрануты. Яе нават апанавала невыказная смеласць. А чалавек усміхаецца і да яе:

— Сядайце, калі ласка...

Сам сядае на крэсла з высокай плеценай спінкай і адразу:

— А я думаў, вы не такая... Думаў — гадоў вам трыццаць...

— Мне толькі дзесятага снежня будзе шаснаццаць,— з ахвотаю адказала Марыся.— Я і сама не ведаю, чаму яны мяне трымаюць. Усе кажуць, што яны не маюць права.

— Хто ж гэта кажа?

— У нашай камеры. Кажуць, што яны не маюць права, каб над малалетнімі здзекавацца.

— Хто ж над вамі здзекаваўся?

Нібы не разумела і паглядзела яму ў вочы. Скрозь непрыкметную схаваную ўсмешку (Марыся не заўважыла яе) было кароткае вострае здзіўленне. Паверыла ў чыстату яго шчырасці, адказала:

— Хто здзекуецца?.. Палякі, гэтыя кравапіўцы.

Так уеліся ў яе нутро за гэты час польскія фрэнчы, кантовыя шапкі, што ўбачыла чалавека ў вольнай вопратцы і ўявілася — яна на волі. Але сказала «кравапіўцы» і свядомасць адразу пранізала наскрозь. Яна ж за дзвярмі пакінула двух жандараў. Да каго яны прывялі яе? Хто ён гэты чалавек у вольнай вопратцы? Зірнула на яго поўнымі вачыма, і яе ахапіў нявыказаны жах. Хто ён? Чаго ён усміхаецца? Чаго ён узнімаецца з крэсла?

Як сядзела, таксама ўзнялася. Трымала дрыжачыя, нібы здубянелыя пальцы каля вуснаў, нібы хукала на іх. Потым тою самаю рукою пагладзіла збялелую шчаку. Не зводзіла з яго твару поўных, налітых слязьмі вачэй. А ён — рукі за спінаю, з тою самаю ўсмешкай, з маленькім скрыпам у адным чаравіку — падышоў да яе, спыніўся, лёгка хістаючы ў бакі сваю хударлявую постаць:

— Кажаш, табе няма шаснаццаці... а смелая, баявая... камсамолка?

— Камсамолка...— нібы пад гіпнозам адказала Марыся.

— І даўно?

Яна не адказала.

— Ну які, скажам, у цябе камсамольскі стаж?

Пераход на «ты», гэта яго хістанне перад ёю, ледзь чутны скрып чаравіка — абудзілі Марысю. Адразу зрабілася свежаю, дужаю. Разумела цяпер: перад ёю такі самы жандар, як і тыя, што вялі яе. І, напэўна, яшчэ горшы. Тыя адразу відаць, а гэты схаваны ад людзей. Гэты — як падкалодная гадзюка. Нават увесь у чорным. Цяпер хацелася яшчэ раз праказаць, крыкнуць яму на ўвесь голас: «Камсамолка!» Пяць разоў праказаць, дзесяць... Гэта ж яе зброя супроць яго. Гаварыць «камсамолка» — страляць наскрозь яго, навылёт. Колькі разоў сказаць — гэтулькі разоў выстраліць. А чым яна магла бараніцца ад гэтага чорнага чалавека з белымі манжэтамі?

А ён хацеў узяць касцянымі халоднымі пальцамі за яе падбародак. Яна адступілася крок назад, і рука яго засталася як просьба падачы.

— Маладзец...— усміхнуўся атрутнай усмешкай.— Люблю камсамолак.

Ізноў заклаў руку назад, запытаў:

— А многа вас у горадзе?

— Я не ведаю,— адказала,— я адна...

Тады абышоў чорны лакіраваны стол і сеў на сваё крэсла. Ішоў — ізноў чула скрып чаравіка. Ён пралазіў у сярэдзіну яе нутра. Ад яго кідала ў золкі холад.

— Адна?..— барабаніў пальцамі па стале. Пальцы адсвечваліся ў чорным лаку стала і нагадвалі пальцы шкілета. Марыся адхінула свой позірк.

— Адна?..— пераказаў другі раз і запытаў: — А Фіма хіба цяпер не камсамолец?

Яна здрыганулася і маўчала. Не зводзіў з яе таго самага прарэзлівага позірку, пытаў:

— Ну чаго ж ты маўчыш?

— Я ніякага Фімы не ведаю...— адказала, узнімаючы на яго свае вялікія вочы.

Марыся бачыла:

На яго вуснах ізноў атрутная ўхмылка. Выпучыўся на крэсле, і яго расшпілены пінжак разышоўся поламі. Была відаць з-пад пінжака камізэлька з масіўным сярэбраным ланцужком цераз усе грудзі. Ланцужок звісаў буйнымі кроплямі і адсвечваўся алавяным бляскам. Ён нагадваў ланцуг арыштанта. А з рукавоў пінжака высунуліся белыя шырокія манжэты з перламутравымі запінкамі. Яны як сталь з заклёпкамі арыштанцкіх наручнікаў. Уяўлялася, што ён прынёс сюды ўсё гэта наўмысна. От ён зараз і надзене наручнікі на Марысіны рукі, закуе навечна гэтым алавяным бляскам ланцуга.

— А Косціка Бранявіцкага ты ведаеш? — запытаў і паварушыўся, каб зручней сядзець на крэсле.

Яна тузянулася з месца і, нібы баронячы дарагога ёй Косціка, Фіму, запытала голасам просьбы:

— Яны тут, у вас... Дзе ж яны?

Запытала і зразумела: «А можа, яны не арыштаваны... што я зрабіла...» Не магла стрымацца, і слёзы пырснулі з яе вачэй. Гэта былі слёзы ад вялікай злосці на сябе...

— Чаго вы ад мяне хочаце! — крыкнула скрозь слёзы поўным голасам.— Пусціце мяне... не здзеквайцеся...

Цяпер была нядужая, слабая. Абяссіленая, як пасля доўгай хваробы, павольна села на крэсла. Усхліпвала і не чула, калі ўстаў з крэсла і падышоў да яе. А ён падышоў ды, гладзячы рукою па яе галаве:

— Не трэба плакаць...

І яшчэ нешта гаварыў. Яна не чула. Дакрануўся рукою — наскрозь праняў ледзяны холад. Хацела адштурхнуць гэту шкілетную руку, і не было сілы. Нібы ён прыкаваў да крэсла. На адзін момант адчула — от яго пальцы абхапілі яе горла, і яна зараз не будзе жыць. Штораз мацней і мацней сціскаюць горла драцяным холадам, і ёй ужо цяжка дыхаць. Тады сабрала ўсю астатнюю сілу і рванулася з крэсла апошнім парывам.

— А-а-а!..— крыкнула і моцна засаплася, стоячы каля стала.

— Што такі за шум? — пачула Марыся другі голас. Узняла вочы і ўбачыла каля канапы тоўстага сярэднярослага паляка. Ён — у сіва-зеленаватым фрэнчы, у галіфэ і ў блішчастых ботах. На плячах, пад цьмяным бляскам святла, зіхацяць яго пагоны. Ён — курыў. Ішоў ад дзвярэй, густа зацягнуўся дымам ды кінуў наводліў, на васкавую падлогу, недакураную папяросу. А падышоў да стала — у бакі разгладзіў заінеўшыя сівізною доўгія вусы (ён быў падобны на партрэт, што вісеў на сцяне) і да чорнага чалавека:

— Рамансуеце, пане Рытвінскі?.. Прыгожанькая дзяўчынка... Дзе вы яе ўзялі?

Ступіў крок да Марысі, і яна адчула пах віннага рошчыну. Рытвінскі сядзеў, не сціраў сваёй усмешкі. А ён, як і Рытвінскі, працягваючы да яе руку (мабыць, таксама хацеў узяць за падбародак):

— Праўда, прыгожанькая... хэ...

Марыся не памятае, як усё адбылося. Як стаяла — з усёй сілы ўдарыла сваім маленькім кулачком па працягнутай руцэ. Гэта была не абарона — апошні патрон у яе зброі. Яна адступілася, можа, на тры крокі і чакала: зараз яе будуць біць, а потым павядуць некуды і расстраляюць. Яна ж ведае, як шукаюць Максіма Карнейчука, што толькі штурхануў паліцыянта. Але яна пазірала і не верыла сваім вачам. Гэты тоўсты, з сівымі вусамі сядзеў на крэсле і аж заходзіўся надрыўным рогатам. Ён спыняўся на момант, ледзь выгаварваў: «рамантычна!.. як рамантычна!» — ды зноў рагатаў, аж качаўся ў бакі. Рытвінскі таксама смяяўся. Потым апамятаўся, націснуў кнопку электрычнага званка, і ў пакой увайшоў жандар.

— Забярыце...— загадаў і кіўнуў галавою на Марысю.

Тоўсты з пагонамі раптам змоўк. Момант аб нечым меркаваў і потым адразу строгім начальніцкім тонам:

— Вядзі ў той пакой,— паказаў жандару рукою на дзверы,— і чакай мяне, я яшчэ буду з ёю гаварыць...

Марыся ледзь кранулася з месца. Несла наапашкі сваё рабое паліто. Крысо цягнулася па чыстай наваскаванай падлозе. Яно захапіла акурак папяросы, кінутай пры ўваходзе таўстуном. Яна так і выгарнула акурак крысом аж за дзверы.

— Вы мяне прабачце, пане паручнік,— сказаў камендант Векерт, калі за Марысяй зачыніліся дзверы.— Дурны, ведаеце, смех. Добра, што вы гэты смех здагадаліся спыніць. Я мог так разрагатацца, што вы мне не далі б рады. Я ўжо гэта адчуваў. Каб яшчэ крышачку. І ведаеце, калі я прастудзіўся гэтым смехам?

І ён расказаў Рытвінскаму, як аднойчы, пасля лютаўскага перавароту, рагатаў у сваім маёнтку.

— Было гэта на свентэго Яна, у дзень маіх імянін,— закурваючы, гаварыў Векерт.— Лёкай даклаў мне, што прыйшоў з Бабавозаўшчыны мой былы пастух Піліп. Прыйшоў і хоча дамовіцца, пане, наконт Бабінага лужка. Лёкай сказаў, што Піліп хоча ў гэтым годзе касіць Бабін лужок не на трацяк, паколькі прыйшла рэвалюцыя, а напалавіну. Ну, у мяне і бліснула думка пацешыць маіх гасцей. Я тады загадаў лёкаю: скажы Піліпу, што сёння мае імяніны і, паколькі рэвалюцыя прынесла нам «братэрства і роўнасць»,— запрашаю Піліпа на імяніны. А ўжо на маім балю мы і дамовімся. Толькі сказаў я лёкаю, каб ён Піліпа пераадзеў. Можа, ён не захоча, сказаў я, дык каб угаварыў, што інакш — паколькі ў пана госці — нельга. А калі вельмі будзе ўпірацца, дык каб сказаў, што гэты касцюм застанецца яму назаўсёды. То, што вы, пане Рытвінскі, можаце сабе ўявіць больш пацешнае, калі гэты мужык — засівераны, абросшы валасамі, з грубымі рукамі, з мядзведжымі паваротамі — ды надзеў... Што б вы думалі?

Вытрымаў маўклівасць, не зводзіў з Рытвінскага сваіх вачэй і адказаў:

— ...Надзеў фрак!

— Вы, пане палкоўнік, адзелі яго ў фрак? — з прымушанай усмешкаю запытаў Рытвінскі.

— Ну, зразумела!

Каб не пакрыўдзіць палкоўніка, Рытвінскі рассмяяўся і дадаў:

— Гэта пацешна! Вельмі пацешна! — ха ха-ха...

І больш не смяяўся. Баяўся, каб яго смех ізноў не перадаўся пану каменданту. У яго вушах звінеў гэты, толькі што непрытомны смех.

А камендант Векерт не смяяўся, а гаварыў:

— Калі зайшоў Піліп у фраку, я пабег у другі пакой. Я паваліўся на канапу і рагатаў, рагатаў, а потым і не мог ужо спыніцца. А цяпер, вось...

Ён змоўк і паглядзеў на дзверы. Узняўся з крэсла і, працягваючы руку паручніку Рытвінскаму:

— Я паехаў. Вы, я мыслю, нічога мець супроць не будзеце? Яна яшчэ, здаецца, ведаеце... хэ... Вам што! У вас свой самавар. А я — «халасцяк», так сказаць.

Рытвінскі нешта хацеў сказаць, але запнуўся і зусім другое:

— Пане палкоўнік,— сказаў,— яна яшчэ не дапытана.

— Заўтра, мой каханы, дапытаеце,— адказаў палкоўнік.— Заўтра яна ўся ваша, з пальчыкамі.

— Я разумею, палкоўнік... Але гэта ж можа ўскладніць допыт. Мы яшчэ не ведаем, як прозвішча і дзе жыве гэты Фіма...

— Я дапамагу вам,— задам адступаўся ад стала да дзвярэй палкоўнік Векерт.— Запэўняю вас, паручнік, што я зраблю за ноч усю вашу работу. Вы мне нават паставіце барыш.

Яны спрачаліся за гэту маленькую, нікім не абароненую, дзяўчынку. Яна была ў тым пакоі і нічога не ведала. Потым яе пасадзілі на машыну, і яна сядзела разам з гэтым вусатым. Не ведала, куды яе вязуць. Усё адсоўвалася ад вусатага, а ён дыхаў на яе пахам віннага рошчыну.

* * *

Святло дня ледзь прабівалася праз вузкае доўгае акно адзіночнай камеры. Акно каля самай столі, не дастанеш рукамі. Марыся кідала на краты раз-пораз позірк, а яны — як павуцінне. Нейкі вялікі павук заснаваў акно. Ён схаваўся цяпер у густавытканым гняздзе ды чакае, пакуль заляціць у сіло маленькая мушка. Марыся і сапраўды ўбачыла на сцяне маленькую муху. У камеры холадна. Муха, напэўна, змерзла і не магла ляцець. Марыся падставіла далоню і асцярожна згарнула муху балючай рукой. Сашчаміла пальцы, муха была ў жмені.

Гэта ж адзінае, што з ёю жывое ў камеры! Пачала хукаць у кулак, і муха (адчула Марыся) задрапала на далоні слабымі ножкамі.

«Аджывае...— усміхнулася Марыся скрыўленай усмешкай.— Бедненькая...»

І раптам закруцілася па камеры, закрычала ахрыпла-сіпатым голасам:

— Аджывае... Чуеш, Косцік... Ах, няма Косціка!.. Яна аджывае, мая гэта муха... Косцік!

Гэта была першая яе непрытомнасць.

Марысю прывезлі сюды пад раніцу, а як добра развіднела, павялі да паручніка Рытвінскага. На допыце яна не сказала ні аднаго слова. Паручнік Рытвінскі перш казаў, што калі скажа — яе выпусцяць. Потым падышоў да яе і ўдарыў пальчаткаю па твары. Быстра хадзіў па пакоі, а потым выклікаў жандара. Яе павялі ў другі пакой і там драўлянай шрубай заціснулі два пальцы. Пальцы перш былі сінія, а перад ёю стаяў паручнік Рытвінскі і пытаў:

— Прозвішча?..

Кусала свае вусны, і пальцы былі чырвоныя.

— Прозвішча?..

Стагнала з прарэзлівым енкам, і драўляная шруба афарбавалася маладою кроўю.

— Прозвішча?..

Яна асунулася на падлогу і прачнулася ўся мокрая. Яе аблілі халоднаю вадою. Да яе было толькі адно пытанне: як прозвішча Фімы. Яна не сказала.

Праўду сказаў паручнік палкоўніку ўчора: «Гэта ж можа ўскладніць допыт». Паручнік Рытвінскі не памыліўся. Палкоўнік Векерт без жаднага падыходу (а можа, ад празмернага парыву?). Ён проста запытаў у сваім пакоі: «Скажы мне прозвішча Фімы і дзе ён жыве?» Такім запытаннем сама жыла. Ведала цяпер, што Фіма на волі. Яны трапілі на нейкі след, а не ведаюць, куды ён вядзе. Толькі адно непакоіла: «Чаму не пытаюцца пра Косціка?» Вырашыла, што Косцік, напэўна, арыштаваны, таму і няма чаго пытаць. І зусім забылася, чаму не пытаюць пра камандзіра. За яго яе арыштавалі, за яго — пакутуе. Збіралася на допыт, увесь час думала: «Будуць пытаць, дзе ён, хто ён, буду адказваць — не ведаю» (і дапраўды, не ведала). А шынель, будзе казаць,— брата Петрыка. Пазвалі ўрэшце і збілі з панталыку. Запыталі, чаго не чакала.

Косцік...— можа, дваццаты раз клікала Марыся цяпер сярод адзіночнай ціхаты.

З яе галавы ні на хвіліну не выходзіў Косцік. Уявіла, што ён за сцяною камеры. Стукала кулакамі ў сцяну. Прыкладала гарачыя вусны да вільготнага муру, шаптала:

— Ты тут?.. Чаго ты маўчыш?.. Я — тут... Гэта ж я, Марыся...

Прытрымлівала забінтаваную руку і згубіла муху. Яна і забылася на яе.

— Косцік...

І раптам адхінулася ад сцяны, кінула на краты блукліва-цьмяны позірк. Паглядзела і заплюшчыла вочы. Ёй здалося, што праз акно, праз краты пазірае камендант Векерт. Пад яго вусамі нават тая самая ўхмылка. Ён зараз скажа ёй...

— А-а-а-ай! — крыкнула на ўсю камеру і зрабілася маленькай. От яна схопіць яго за валасы. Вырве цэлую пасму. Яна будзе кусацца. Не, ён цяпер не дасць ёй рады!

— О-а-а-й!..— глуха аддалося рэха яе голасу.

Камера адчынілася зусім ціха. Марыся не чула бразгу жалезнай завалы. (Каб заўсёды гэтак ціха адчынялася камера! Каб ніколі не чуць яе ржавага скрыпу!)

— Што гэта са мною?.. Дзе я?..— на момант апамяталася, зірнула наўкол сябе. Перад ёю стаяў назіраючы і пераказваў ужо другі раз.

— З вамі хоча пабачыцца... тут, адзін вязень.

— Косцік! — вырваўся з яе грудзей нястрыманы голас.— Дзе ж ён?!

Назірачы махнуў рукою на дзверы. Два жандары ўвялі ў камеру Карзюка. Марыся супуцілася. Аслупянела, не верыла вачам. Быстра моргала павекамі і не чула, калі выйшлі з камеры жандары з назірачым. Працверазела, калі пачула бразг завалы. Азірнулася — камер зачынена, а яны ўдваіх.

Ён загаварыў, і словы былі глухія, кароткія. От гаворыць нехта за сцяною, а яна слухае, адказвае, пытае. Яна чула так яго голас, як чуе чалавек з высокай тэмпературай.

— ...Яны шукаюць Фіму...— гаварыў Карзюк.— Фіма для іх — ключ падпольнай арганізацыі. Але Фіма не такі хлопец. Калі б і трапіў у іх рукі — наўрад ці даведаліся б што-небудзь. Я добра ведаю Фіму. Мы спаткаліся з ім у Косціка. Я адразу зразумеў: гэты чалавек — каменная натура.

— Дык дзе ж усё-ткі Косцік, пытаюся я? Чаму мне не кажаце?

— Я ж вам кажу: Косцік у небяспецы. Я не хачу вас палохаць... Косціку патрэбен ратунак.

— Што з Косцікам?

— Трэба наказаць Фіму. З Косцікам будзе ўсё добра. Яго можна выратаваць.

— Кажыце: Косцік арыштаваны?

— Арыштаваны... Вы толькі не хвалюйцеся. Нас арыштавалі разам. Я прыйшоў з вёскі і адразу зайшоў да яго. За мною, мабыць, сачылі...

— Дзе ж Косцік! — не слухала, што гаворыць далей.— Дзе ж ён тут!..

— Ціха... Вы не гаварыце моцна. Нашу гутарку могуць падслухаць...

— Вы... гадкі! — ускрыкнула Марыся.— Каб вас ніколі не было — мы ўсе былі б на волі! Чаго вы прыйшлі да мяне? Хто вас прасіў? Вы — нягоднік! Ідзіце, каб я вас і не бачыла! Ідзіце ж...

Карзюк спалохаўся: няўжо згублена яго надзея. Гэта ж апошні сродак дэфензівы!

Рытвінскі паслаў Карзюка да яе ў камеру. Нібыта ён вязень, хоча з ёю пабачыцца. Рытвінскі меркаваў: яна вельмі даверлівая — раскажа Карзюку пра ўсё. Учарашні допыт гаварыў аб гэтым.

«Каб не прынесла нядобрае п’янага палкоўніка,— разважаў Рытвінскі,— я ўчора ўсё б ведаў. Яна была са мною зусім адкрытай. Адразу сказала — «камсамолка».

Вялікая злосць была на каменданта. І, бадай, найбольшая, што «гэты стары псель забраў яе на кватэру». Не думаў Рытвінскі ўголас, сам сабе, а недзе глыбока ўнутры тлела такая крыўда. Пасля экзекуцыі ён выклікаў Карзюка і катэгарычна сказаў:

— Яна не баіцца болі. Яе можна паставіць пад расстрэл, і нічога не скажа. Але яна наіўная. Розум яе дзіцячы. На цябе, пане Карзюк, уся надзея.

І Карзюк цябер разумеў: ісці ад яе з пустымі рукамі нельга. Што скажа на гэта пан паручнік? У Карзюка была злосць на ўсіх: «яны не ўмелі адразу пачаць з ёю гаворку».

— Я не сказаў вам самага галоўнага,— ступіў Карзюк крок назад, калі яна находзіла на яго.— Справа ідзе аб Косцікавым жыцці...

— Ён цераз вас... і я цераз вас арыштаваны, гаварыла і не слухала.— Ідзіце ад мяне, ідзіце... Мы ўсё адно арыштаваныя!

— Заўтра Косціка будуць расстрэльваць...— сказаў раптам з вялікаю трывогаю ў голасе.— Яго павязуць на Малінавую граду, за горад... Трэба нешта рабіць...

Яна змоўкла. Стаяла на адным месцы як укопаная. Блукала па яго твары сваімі цьмянымі вачыма. Карзюк гаварыў:

— У Косціка быў рэвальвер. Ён хацеў, калі забіралі нас, выстраліць у жандара. Я прыйшоў, каб яго выратаваць. У мяне тут — наш чалавек, камуніст. Толькі з яго дазволу я мог з вамі спаткацца. Хіба ж мяне, вязня, пусцілі б к вам? Начальства нічога не ведае. Вы цішэй са мною гаварыце...

Азірнуўся на дзверы і зусім шэптам:

— Мне трэба ведаць, дзе жыве Фіма. Жандар-камуніст паведаміць Фіму. А Фіма ўжо будзе ведаць, што рабіць... збярэ атрад камсамольцаў, і адбяруць Косціка, калі павязуць яго на расстрэл...

Бачыў, што Марыся ўсміхнулася. Вочы загарэліся дзвюма яркімі іскрамі. Ад радасці, што зараз усё скажа, запытаў:

— Між іншым, Фіма... Я з ім добра знаёмы, а прозвішча не ведаю. Каб наш чалавек не натрапіў на другога Фіму... Як яго прозвішча?

Марыся зарагатала. Сказаў слова «прозвішча», і да яе вярнулася непрытомнасць.

— Вунь!..— раптам абарвала свой дзікі рогат.— Ён ізноў глядзіць праз акно... А-а, баюся!.. Косцік!..

Кінулася да жалезнага ложка і схапіла сваё рабое паліто. З усяго размаху шпурнула паліто ў акно. Яно зачапілася рукавом за краты акна, завісла...

— Ён схапіў маё паліто! — падскочыла да сцяны і шмарганула за крысо. Абярнулася да Карзюка, пракрычала ахрыплым голасам:

— Чаго вы пазіраеце, як дурань!.. Ты ж бачыш: ён хоча ўлезці сюды, каб задушыць мяне!.. Памажы мне!

— Хто? — запытаў Карзюк.

Яна не чула. Біла кулакамі ў сцяну, крычала:

— Не лезь!.. Не лезь!.. Я не пушчу цябе!.. А-а-а..

І, змораная, абсунулася каля сцяны на цэментаваную падлогу.

— Звар’яцела...— прамармытаў Карзюк і пастукаў у дзверы.— «Самі вінаваты...» — падумаў ужо за дзвярмі.

На другі дзень Марысю завезлі на Памеранцавую вуліцу ў вар’яцкі дом.

 

Раздзел пяты

На самым версе тэлеграфнага слупа вывешан чырвоны сцяг. Ціхая раніца. Толькі ўверсе, дзе сцяг,— маленькі ветрык. Нібы ён там наўмысна. От для таго, каб увесь час трымаць на ўсю шырыню, а часам і хваляваць сцяг пералівамі.

Адзін сцяг над усім гарадком! Вецер наглядае, каб ён не завяў. Яго вывесілі, каб сказаў гарадку: «Я жыву і жыць буду! Сёння дзень майго ўваскрэсення! Мне два гады!»

Сцяг невялікі. Але ж ён адзін над усім гарадком.

Ён вельмі вялікі.

Зранку быў туман, і гарадок не прыкмеціў сцяга. Цяпер туман падняўся ўгору, і гарадок убачыў сцяг. Першы чалавек, які ўбачыў, не спыніўся. Не паверыў сваім вачам. Бягом кінуўся ў завулак. Чалавек забег на першы двор і з усёй сілы застукаў кулакамі ў дзверы. З кватэры выйшаў рослы пажылы мужчына. Ён у адной картовай сарочцы і без шапкі.

— Што такое, Абрам? — запытаў рослы мужчына.— Ці не пажар дзе, што так барабаніш у дзверы?!

— Маўчы, Андрэй...— схапіў Абрам Андрэя за руку.— Ты ўгадаў! Ён такі чырвоны, як пажар. Ідзем хутчэй, паглядзіш!

— Хто? — не разумеў Андрэй.

— Чырвоны сцяг... на слупе, аж на самым версе.

Андрэй як стаяў, так і пайшоў: без шапкі і ў адной сарочцы. Выйшлі за рог дома, убачылі: ужо сабралася і глядзела на сцяг чалавек дзесяць. А праз хвілін пяць быў цэлы натоўп. Андрэй у натоўпе згубіў Абрама. З натоўпу чулася:

— На самым версе...

— Без кабдзюроў не ўзлез...

— Канешне.

— Адважны чалавек!

— Каб злавілі...

— Каб жа злавілі!

— Я самы першы яго ўбачыў!..— пачуўся над натоўпам голас.— Іду, зірнуў гэтак...

— Не ты ўбачыў, а я! — праціскаўся да першага голасу чалавек.

Андрэй пазнаў голас Абрама. Ён даводзіў у натоўпе, што ўбачыў сцяг і пабег сказаць Андрэю.

— Андрэй!

Абрам хацеў, каб Андрэй пасведчыў. А ў гэты момант голас жанчыны:

— Жандары!

Натоўп азірнуўся — два жандары.

— Пойдзем...— няўпэўнена праказаў нехта.

— Пачакаем...— раўнадушна праказаў другі.

Жандары падыходзілі да натоўпу. Адзін паперадзе, другі за два крокі. Што наперадзе, мабыць, старшы, а гэты — яго памочнік. Старшы ў замшавых пальчатках. На момант натоўп застыў. Усе маўчалі, як маўчаць салдаты па камандзе.

— Што за збор?! — крыкнуў той, што ў замшавых пальчатках.— Дэманстрацыя!

— Дэманстрацыя...— не то насмешкай, не то праўдай адказаў малады голас.

І не памыліўся. Натоўп быў падобен на дэманстрацыю. Нехта гаварыў прамову, а тысяча чалавек слухалі. Нехта высока над народам трымаў сцяг. Гэта ж увесь народ трымаў. Адзін чалавек не мог бы ўтрымаць...

— Ніякай дэманстрацыі...— адлучыўся ад натоўпу нізенькі чалавек з востраю бародкай.— Сцяг, пане, убачылі...— сказаў ён, задзіраючы ўгору галаву.— Вунь...

Жандар узяў двума пальцамі за казырок (нібы ўзяў пад казырок перад сцягам), задраў галаву. Пазіраў на сцяг — шыя была доўгая. Не ў меру выпучан гарляк — яго «адамаў яблык». Не зводзячы вачэй з жандара, сярод натоўпу хіхікнулі (другі, як убачыў сцяг, і не заўважылі, дзе дзеўся).

— Зняць! — чырванеючы гневам, крыкнуў жандар. Натоўп заварушыўся на адным месцы. Цяпер ён вырас у тры і чатыры разы. Нібы сабраўся на Парэцкі пляц увесь гарадок.

— Дастаць,— крычаў жандар, размахваючы рэвальверам.— Лезь на слуп! — загадаў маладому хлапцу ў рабой кепцы.

Хлапец нешта буркнуў сам сабе пад нос і падаўся задам у гушчу натоўпу.

— Лезь! Ты лезь! — звяртаўся да шыракаплечага рабочага ў салдацкай ватоўцы.

— Без кабдзюроў, пане, не ўзлезеш,— адказаў рабочы з невінаватай усмешкай і дадаў: — Ды, па праўдзе кажучы, пане, нам ён не перашкаджае. Няхай лезе той, каму ён рупіць.

І невядома, на чым канец быў бы такой гаворкі, як раптам нібы разарвалася бомба. Разарвалася яна, і над галовамі людзей ляцяць яе белыя асколкі. Натоўп падняў рукі, не баіцца, што асколкі могуць параніць — ловіць іх. А нечая рука — над усімі. Направа і налева шчодра рассыпае белыя лісткі. Жандар — як звар’яцелы. Моцна сціскае ў адной руцэ, можа, дзесяць (налавіў) лістовак, а ў другой — трасе рэвальверам. Жандар хоча пралезці да той рукі, што вышэй за ўсіх. Але натоўп — жалезная сцяна. Жандар — футбольны мяч каля сцяны.

Сталася ўсё ў адну хвіліну. І нават не хвіліна была — момант. Як ведалі ўсе, для чаго сабраліся, што рабіць. Ужо не было відаць рукі над галовамі. Больш напатрэбна, каб натоўп стаяў сцяною. Ён раздаўся, расхінуўся ва ўсе бакі. Разыходзіўся так, як нічога і не адбылося. Жандар быў цяпер не адзін. Аднекуль узялося чалавек дваццаць. Жандары абступілі невялічкую купку, што не паспела разысціся. Выбіралі на вока, каго пусціць з круга. З купкі выйшла жанчына з парожнім вядром (відаць, ішла да вадакачкі, што на рагу Базарнай вуліцы). З дзіцем на руках выйшла другая жанчына. Больш нікога не пускалі. Рослы чалавек з рыжымі вусамі, у зімовай салдацкай шапцы, у кароткай куртцы, размахваў рукамі, даводзіў:

— Я думаў — гэтулькі народу — каго-небудзь забілі. Пусціце мяне, спазнюся на работу! Я падышоў паглядзець...

— У мяне лякарства...— казаў барадаты з загарэлым тварам.— У маёй жонкі крываўка... Я — муляр...

— Разбярэмся ў пана каменданта! — адказаў барадачу жандар з густым рабаціннем на твары.— Не трэба было падыходзіць.

— Усе падыходзілі,— пярэчыў малады хлапец, які быў разам з барадачом,— дык і мы...

Яго штурхнуў у бок дулам рэвальвера паліцыянт у акулярах.

Іх падвялі ўжо да павароткі на Базарную вуліцу. Здалёк была відаць сярод арыштаваных галава Андрэя без шапкі. З шырокай вуліцы жандары вывелі яшчэ трох. Напэўна, злавілі, калі разыходзіўся натоўп.

Жандарскі ланцуг, які вёў купку арыштаваных,— разамкнуўся, усмактаў у сваё нутро і гэтых трох.

А тым часам у кабінеце каменданта Векерта:

— Дзе ваш Фіма?! Дзе, я пытаюся, гэты жыд? Дакуль вы будзеце вадзіць мяне за нос? Я ў вас пытаюся : ён арыштаваны ці не?

— Я, пане палкоўнік, не ведаю...— струною стаяў Карзюк перад Векертам.— Арыштавана семнаццаць чалавек. Магчыма, сярод арыштаваных...

— Вы не кажыце «магчыма»! Я пытаюся, каб вы сказалі пэўна! Ну, хто, хто нараскідаў гэтай бальшавіцкай атруты?! — тыцкаў пальцамі ад злосці ў жмут лістовак, якія ляжалі на стале.— Дзе ён цяпер, гэты недавярак?!

— У гэтым натоўпе я не быў,— з адной нагі на другую пераступаў Карзюк.— Я не мог бачыць, пане палкоўнік, хто раскідаў лістоўкі. Там павінен быць пан Стусевіч. Гэта ж яго квартал. Маё дзяжурства было ў гэту ноч за домам Каліты. Як вам вядома, учора выпусцілі яго сына... І па-другое...— Ён змоўчаў, набраўся смеласці, дагаварыў: — за нішто, пан палкоўнік, сварыцеся на мяне... Я ўсё ж такі, як прадстаўнік майго народа, гэтага не заслужыў.

Камендант сядзеў на мяккім плюшавым крэсле. Моцна соп. На яго лбе ўздрыгвала маленькая сіняя жылка. На твары выступілі чырвоныя плямы.

— Дарэмна так, мой каханы, думаеце,— не чакаў камендант ад Карзюка такога тону.— Я не збіраюся на вас сварыцца. Я паклікаў, каб гаварыць з вамі як з чалавекам. Вы мяне проста не зразумелі. Мой узняты голас — мае нервы. Ну, зразумейце: гэта ж цэлае паўстанне! Як не будзеш хвалявацца? Ну, дзе была, скажыце, у гэту ноч ахрана горада? Чаму не застрэлілі нягодніка, калі быў ён на слупе?

Ляпнуў далонямі па каленях. Падпёр сутулістую постаць абедзвюма рукамі, утаропіўся вачыма ў Карзюка, пытаў:

— Дзе былі вартавыя? — пытаюся. Яны былі ў кабачках! Яны думаюць, калі фронт за сто вёрст — усё дазволена! Яны не бачаць, што кругом бальшавікі. На кожным кроку! Чакаюць, каб трапіўся толькі зручны момант. Нават голымі рукамі могуць пераціснуць наша горла.

Выцер хустачкаю спацелы твар. Мабыць, прыгадаў тую ноч, калі прыводзіў да сябе арыштаваную Марысю. Загаварыў заспакоеным голасам:

— Можна пагуляць — ніхто не кажа... Толькі на ўсё трэба мера. Не трэба забывацца на справу, на абавязкі. А вы, кажу, дарэмна так думаеце. Не разумееце мяне, і ўсё тут. І не толькі вы, шмат хто не разумее мяне. Яны думаюць — я звер, вар’ят ці яшчэ хто-небудзь. Я падымаю голас на свайго чалавека, бо хачу яму дабра. З чалавекам, якога я не паважаю,— зусім не буду гаварыць! У мяне з вамі адна мэта. Я вам плачу? — плачу. Толькі — і вы і я — мы знаем: грошы грашыма застаюцца. Яны патрэбны чалавеку як сон, як яда. Гэта — будзённая справа. Я цаню не грошы, а ідэйнага чалавека. І такія людзі, як вы,— каштоўныя людзі!

Ён сказаў Карзюковы словы. Рытвінскі перадаў, што гэты «культурнік» не хоча браць за Фіму тысячу марак. Яму даражэй яго ідэя. Каменданту такі чалавек даспадобы. Каб чым найбольш такіх ідэйных!

— Вас ведае генерал,— узняўся Векерт з крэсла. Ступіў да Карзюка, гаварыў: — Я пісаў яму. Не падумайце толькі, што я гавару, каб заахвоціць вас да работы. Я проста пісаў пра вас, як пра лепшага чалавека, адданага свайму народу. Не буду хваліць у вочы. Гэта нікому не патрэбна. Важна, што пра вас самая чыстая ў нас думка. Генерал вельмі ўдзячны за вашу работу. А на мяне, мой каханы, не трэба злаваць. Наша праца, памятайце, патрабуе кантакту.

* * *

У яго на сэрцы незразумелая крыўда. Сабралася ўсё разам. Хацелася выказаць некаму сваю крыўду, а яе не выкажаш. І крыўда яна і не крыўда.

Хіба толькі ён адзін павінен усюды даглядаць? Хіба ён вінаваты, што бальшавікі ўхітрыліся вывесіць чырвоны сцяг? А камендант на ім спаганяе злосць. Заве да сябе не жандараў, а яго. І ледзь не кідаецца з кулакамі! Урэшце, ён не мог сцярпець каменданцкай гарачнасці і намякнуў яму, хто ён.

«Так і трэба. Няхай не забываецца...»

Генеральская ўдзячнасць! Карзюку яна не патрэбна. Ён сын свайго народа, і народ яму будзе ўдзячны. Кантакт, праўда, павінен быць. Трэба, каб адзін аднаму дапамагаў. Дагаворана з першых дзён, і камендант не забыўся...

«Ён проста хворы чалавек,— вырашыў Карзюк, як выйшаў ад каменданта, і гэтым астудзіў сваю крыўду.— Яму абавязкова трэба лячыцца на цёплых водах. На яго, можа, няма чаго і крыўдаваць. Нервы... Я таксама нервовы...»

У Карзюка — свая ідэя. Камендант Векерт ведае аб ёй. От на гэту ідэю ў Карзюка з Векертам кантакт.

Служыў Карзюк у Чырвонай Арміі, і ўсім гэта вядома. Толькі ў яго была свая служба. З нецярплівасцю чакаў, калі палякі зоймуць яго бацькаўскі фальварак Выраўку. Зоймуць яны, а гэта і будзе яго пашпарт на правы чалавека. Яму не патрэбен гэты фальварак. Няхай жыве, колькі хоча, яго бацька. Ён нават мае каморніцкі дыплом, а толькі не будзе мець справы з зямлёю. Навошта яму! Ён «незалежнік» — радавец ад Першага ўсебеларускага з’езда. У яго зусім свежая памяць. Не забыўся, як на з’ездзе яны спрачаліся з абласнікамі-федаралістамі. Кожныя даводзілі сваю праўду. А Савет камісараў ад народа ды ад фронту ўсёй вобласці хацеў растлумачыць, што тут праўда пачынае губляцца. Мяняюць праўду на буржуазную ману (так яно і было). Толькі яны не хацелі слухаць Савет, хацелі, каб выйшла па-іхняму. Самавызначыцца ды жыць сабе незалежнікамі — панам дзела. І ўжо была надзея. Нават прагаласавалі самы важнецкі пункт. І ўсе пункты зацвердзілі б, каб не здарылася здарэнне (нарабіў работы Савет камісараў ад народа. Напэўна, што не паслухаліся яго.) Уваходзіць начальнік гарнізона і не дае скончыць галасаванне. Кажа: «З’езд лічу распушчаным».

Карзюк не забыўся, як пасля такога здарэння пайшлі гаворкі:

Левыя сацыял-рэвалюцыянеры: — Добра зрабіў таварыш начальнік гарнізона. Чаго там цацкацца! Яны, можа, захацелі б, каб вярнуць назад не толькі буржуазны лад, а і самога Мікалашку! Мала чаго яны захочуць!

Правыя сацыял-рэвалюцыянеры: — Можа, і не трэба было так рабіць?.. усё ж такі гэта цэлы з’езд!

Сацыял-дэмакраты меншавікоў: — Недарэчнасць! Гісторыя не бачыла такіх парадкаў! Ніякай павагі да народа! Ніколі гэтага не даруе гісторыя!

Сацыял-дэмакраты бальшавікоў: — Мы згодны на гэтым месцы з левымі сацыял-рэвалюцыянерамі. Савет камісараў не памыліўся. У наш час не трэба ліберальнасці.

Сацыялістычная Грамада: — Адна гадзіна часу, і было б самавызначэнне! Каб ведама — трэба было пастанову галасаваць цалкам. Быў бы дакумент. За нас тады ўступіліся б замежныя браты. Мы ўсё адно не даруем!

Карзюк: — За несправядлівасць адпомсціць гісторыя!

Хрысціянскія дэмакраты: — Бог убачыць праўду!

Хто ж гаварыў праўду? З кім яна засталася. А цяпер Карзюк ведае, што праўда засталася з Радаю. Вось яна зараз перад ім. Бальшавікоў прагналі, і гэта праўда. Ніхто не гаворыць — з’езд Карзюка нікуды не выбіраў. Рада выбрала і Карзюка і сама сябе. Цяпер яе няма дома. Яна ў Эстоніі, у Літве, у Нямеччыне, тут... Усе па сабе, а з’яднаны адной мэтай. Дзе б хто ні быў, заўсёды памятае: ён вызначаны самой гісторыяй. Ён за саюз вольных з вольнымі. І зробіць гэты саюз — зараз дапамагаюць дужыя суседзі. Яны прыйшлі, як яснае сонейка. Каб цяпер спаткаў Карзюк каторага з дэлегатаў, сказаў бы: «Ага, на нашым выйшла! Наша праўда!» Ніхто не кажа,— яму, напэўна, знаёмы заўважыў бы: «Гэта выйшла, браце, адно «дышла». І мог бы дадаць: «То не Рада, а здрада». Канешне, нагаварыў бы па злосці.

А цяпер Карзюк не згубіць свайго фальварка. Не, ён не збіраецца там жыць. Будзе жыць у горадзе і кіраваць народам. Яму толькі хочацца адчуваць паўнату гэтага жыцця. От ён будзе ведаць, што недзе пад Азярцамі ёсцека яго ўласная Выраўка. Дык хіба гэта не паўната жыцця, калі пасля працоўнага дня ён выйдзе на веранду, забудзецца на штодзённы клопат аб сваім народзе і аддасць сябе ў абдымкі марам. Не марам, а сапраўднасці.

...Тут бурліць гарадское жыццё, а там — за сорак вёрст, пад Азярцамі — шэпчуцца між сабою лапушыстыя кляны. Яны насаджаны яго прадзедам паабапал вулкі да дзядзінца. Цяпер кляны ў самай сіле. Колькі лётае сярод іх лісцяў, колькі гучыць голасам басэтлі майскіх жукоў! А бярозавы гай за выганам... З яго капае свежы сырадой. Сенажаць з пахучым мурожнікам... Веснавой раніцай мурожная трава абсыпана крышталам расы. Аўсянае поле на Маргох... з яго капае жывы цэд. Калі зацвітуць наўкол дзядзінца ліпы — паветра зліпаецца беласнежным мёдам. Ён жа зможа паехаць туды на ўсё лета, на дачу! Самавызначэнне яго народу ніколі не адбярэ гэтых правоў!

І калі немцы занялі Выраўку — вельмі ўзрадаваўся. Што б ні было, а пакуль немцы — ніхто не патопча цвету яго зямлі. Дадому таксама не ішоў. Хацелася ўявіць, што ён заснуў і спіць. Будзе спаць, а потым прачнецца, і ўсё ўжо зроблена... Выйшлі немцы — ёкнула сэрца: што ж будзе? Ізноў занялі бальшавікі апошнюю надзею. Ужо хацеў уцякаць куды глядзяць вочы, а тут здарылася тое, што гаварыла Рада аб дужых суседзях. Правёў бальшавікоў за межы сваёй зямлі і памахаў рукою. Кінуў на пероне біклажку, і чамусьці з’явілася прыкрая думка:

«А што, калі яны вернуцца?»

Тады падкінуў біклажку нагою і цвёрда вырашыў:

«Буду змагацца тут, каб не вярнуліся».

Цяпер у Карзюка зусім смелы настрой. Быстра ідзе па Базарнай вуліцы і ў сваіх думках:

«Не для цябе стараюся, пане, а для сябе! Усіх пералаўлю. З-пад зямлі дастану гэтага жыдоўскага Фіму! Не дажджэ ад мяне схавацца! А ты, пане Векерт, нервовы...»

Вельмі ж яго пакрыўдзіў каменданцкі тон. Ён жа ўсё-такі не просты мужык, каб з ім так гаварылі. Не дасць сябе пакрыўдзіць. Ужо выступае на бальшавікоў з сваім войскам бацька Булак. Карзюк абыдзецца без Векертавай каманды. Знойдзе, канешне, усё падпольнае гняздо бальшавікоў і тады пойдзе ў сваю народную армію. Ён умее ваяваць і з вінтоўкаю.

І не забыўся свайго абяцання перад Радаю.

Не заўважыў, калі выйшаў на Парэцкі пляц. Ішоў да Марысі на Памеранцавую вуліцу.

«А можа, скажа ў непрытомнасці, дзе той Фіма».

Ішоў напрамкі цераз плац. Ступіў некалькі крокаў, узняў вочы і ўбачыў трох узброеных жандараў каля тэлеграфнага слупа. Чацвёрты — на слупе. Ён зрывае чырвоны сцяг.

— Дагэтуль не маглі зняць...— падскочыла на жандараў злосць.

Жандар круціць кароценькае дрэўца і не можа выкруціць з тэлеграфнага дроту. Жандару нязручна трымацца на слупе.

А сцяг як урос. Ён як жывы. Нібыта не паддаецца для таго, каб яго ўбачыў Карзюк. От хоча пырснуць Карзюку ў твар апошнім гневам.

«Сцеражыцеся! — нібы напісана на сцягу.— Вунь ён ідзе! Ён нюхае ваш крывавы след. Ён прагне крыві, каб хлябтаць яе гарачую, свежую, як сабака. Яго спусцілі з ланцуга, і не заўважыце, як ён укусіць. Сцеражыцеся такога, які не бегае, а ціха ходзіць!»

Карзюк адарваў позірк. Не пайшоў напрамкі, а падаўся правей. Прамінуў ужо тэлеграфны слуп і хацеў азірнуцца. Так — проста цікава, ці ўжо злез жандар з чырвоным сцягам. І не ведае, чаму не азірнуўся. Крокі самі прыбавіліся. А чырвоны сцяг усё роўна перад яго вачыма. І вялікімі літарамі напісана:

«Гандляр чалавечай кроўю, куды спяшаешся? Гандляр рэвалюцыяй, пачакай! Хто будзе наступным на тваіх шляхах?»

— Я знайду... Дзе б ён ні быў, я знайду...— прашаптаў, каб заглушыць быстрыя крокі.— Ад мяне ніхто не схаваецца. Дарэмна!

І раптам у яго галаве бліснула думка. Калі пошукі нічога не дадуць, ён прапануе арыштаваць усіх Фімаў у горадзе. Ён ужо даведаўся, колькі іх і дзе яны жывуць. Нават зменшыў крок, разважаў:

— Нічога тут страшнага. І гэты сцяг і пракламацыі, канешне, Фімава работа. За такую работу можна арыштаваць. Тым больш — усе яны жыды. Яй-права! Можна будзе арыштаваным зрабіць адбор. Старыя Фімы не будуць займацца бальшавізмам. Можна смела сказаць, што ўся гэта работа маладых і так да гадоў пяцідзесяці.

Захапіўся такімі марамі і добра не прыкмеціў: нібы вунь, на штыкетах, з’явіўся і знік (пэўна, пачуў яго крокі) чырвоны сцяжок.

— Што робіцца...— схапіўся за рэвальвер. Вярнуўся назад (прамінуў быў калітку) і ўзбег увесь спацелы на нечы доўгі, вузкі двор. Адразу не заўважыў, што гэта не ўвесь двор. Двор ідзе каля сцяны дома і ледзь не ўпіраецца ў плот агарода. На рагу дома двор загінаецца і ўжо шырока ўпіраецца ў штыкеты вуліцы.

— Што ты робіш? — убачыў Карзюк каля штыкетаў, можа, шасцігадовага хлопчыка.— Што гэта ў цябе?

— Сцяг...— адказаў хлопчык. І не то спалохана, што перад ім стаіць чужы чалавек, не то ад радасці, што ў яго руках папяровы чырвоны сцяжок, дадаў:

— Сёння былі там...— Ён паказаў пальчыкам на штыкеты, нібы гаварыў: «ты ж ведаеш, хто там быў». Карзюк устрапянуўся — чакаў, каго хлопчык назаве, што там былі. Хлопчык урэшце ўспомніў:

— Там была вайна... І я быў. Шмат было людзей, а на слупе — высока-высока гэткі сцяг.

— Хто табе даў гэты сцяг? — злосна запытаў Карзюк.

— Я сам зрабіў! — хвалілася дзіця.— У маёй мамы ёсць шмат паперы. Мая мама робіць кветкі. Яна будзе прадаваць кветкі на каляды. Я ў мамы папрасіў кавалачак...

— Жаба! — крыкнуў Карзюк на дзіця і вырваў чырвоны сцяжок. Раз, два! — пераламаў тоненькі пруцік. А папяровы сцяжок упаў на зямлю. Дзіця кінулася падымаць. Тады наступіў на тонкую чырвань і растаптаў чаравікам. Дзіця сядзела на зямлі, плакала. Невядома, чаго плакаў і хлопчык. Магчыма, Карзюк наступіў сваім чаравікам на яго пальцы. Не то да дзіцячых пальцаў прыліпла чырвань сцяжка, не то з яго пальцаў ішла кроў.

Карзюк выйшаў з двара і не азірнуўся. Чуў, як наўздагон, мабыць, матка гэтага хлопчыка пасылала яму праклёны.

 

Раздзел шосты

Усё як сон. Успамінае — робіцца страшна.

Толькі зачыніліся за паліцыянтам дзверы — кінуўся бягом за будынкі. Поле засталося з правага боку. Па выгане абагнуў поле вялікім кругам, каб зблытаць след. Спыніўся аж каля лесу, каб адсапціся, і пачуў на Ялавіцкага двары гоман. Адразу забрахаў сабака.

Усё як сон. Што, калі б яго злавілі! Толькі зараз зразумеў сваю смеласць, ацаніў сваю небяспеку.

Косціку тады пашанцавала. Паліцыянт пайшоў цераз кухню, а паручнік Рытвінскі выскачыў цераз парадны ход. Кінуўся шукаць паліцыянта, а яго няма. Пакуль бегаў па дзядзінцы — гэта выратавала Косціка.

Цяпер Косцік вельмі асцярожны. Ужо даўно выпаў снег, і хадзіць колькі хочаш, нельга. Могуць напаткаць нават яго сляды. Ён зрабіў нару ў стозе сена на Белай градзе і там начуе. Ідзе да стога, ступае ў адзін след, ідзе ад стога — другі след. І да стога і ад стога — заўсёды па аднаму следу.

Дакуль жа гэтак жыць! Дзе знайсці партызанаў?!

Неяк спаткаў у Воўчым лагу чалавека падобнага да партызана (без нічога ў руках). Узрадаваўся і смела падышоў. Чалавек — у сярэдніх гадах. На ім кароткі кажушок, на шыі — шарсцяны, сваёй работы, шалік. У лыкавых, падшытых скуратом, лапцях, у сівых портках, на галаве стаўбунаватая шапка. Косцік запытаў з асцярогаю:

— Ці не бачылі тут, можа, дзе рабога кныра? Выпусцілі з хлява, а вароты былі не зачынены... Хаця б дзе не напароўся на воўка...

— Бачыў...— не то праўдаю, не то хітрынкамі адказаў чалавек.— Там бачыў, каля балота,— паказаў рукою.— Увесь снег парыў...

— Дзякую вам...— нехаця сказаў Косцік. І трэба яму адразу ісці, «каб не ўцёк кныр», а ён стаіць, муляе, ды пытае:

— Мабыць, наглядаеце сухастоіну?

— Не...— паглядзеў чалавек на Косціка. Крануўся з месца і на другім кроку дадаў: — Я таксама шукаю... Толькі не рабога кныра, а белую свінню...

Адразу была на чалавека крыўда. Чаму над ім насмяяўся? Мог і дапраўды шукаць кныра. Свінні бегаюць па лесе (ведама, недалёка ад лесу Дараўка). Яны шукаюць пад дубамі каля балота жалудоў. Ужо ў стозе здагадаўся, што чалавек сказаў праўду. «Шукаю белую свінню», і ён — партызан. Ён шукае гэтых белых, заводных, панскіх свіней — жандараў. Якая апанавала на сябе злосць! Чаму проста не запытаў, дзе партызаны? І расказаў бы пра сябе, хто ён. Дзе цяпер спаткаць гэтага чалавека?

Цэлымі днямі хадзіў як сам не свой. Не ведаў, што рабіць. Кожны дзень бываў на тым месцы, дзе спаткаўся з чалавекам. І нідзе нікога. Праедзе толькі часам з дрывамі дараўская стойка. Бывае, бачыць у лесе падросткаў або жанчын. Яны збіраюць у мяшкі сухія сучкі ды смалякі.

«Пайду ў горад...— часта думаў. Але і другое: боязна...»

Цётка Настася была ў горадзе. Наўмысна пасылаў, каб што прачула. Напісаў Сцёпку пісульку. Баяўся пісаць адкрыта. Нават не адважыўся запытаць пра Фіму. Мала як можа трапіць пісулька ў жандарскія рукі! Пісаў нібы ад вясковага хлопца. І падпісаўся — «Косцік».

«Здагадаецца, пра што мне трэба ведаць»,— вырашыў.

Цётка прыйшла з горада перапалоханая.

— За цябе арыштавалі і бацьку і матку. Матку пусцілі, а бацька яшчэ сядзіць.— І пісульку прынесла назад. Сказала, што матка хадзіла да гэтага Сцёпкі, дык не застала дома.

Косцік не здагадаўся, што ніхто да Сцёпкі не хадзіў. Матка з цёткаю абмеркавалі: «Не трэба гэтых пісулек. Ізноў не ацярэбішся». Матка ўзрадавалася, што сын у надзейным месцы. «Няхай там будзе, пакуль што будзе». Паплакала па сваім Іллі, а сына вельмі шкада. Пераслала пару бялізны і яшчэ сёе-тое.

Дачуўся, што бацька арыштаваны,— крыўда агарнула і злосць. «Няхай бы сядзеў сам за сябе, а не за мяне. Ён жа прагнаў мяне, каб не было ў хаце ніякай палітыкі! Думаў, палякі дадуць веры яго шчырасці. Можа, цяпер не будзе такім наіўным. Як пасядзіць — будзе другім».

А ўсё ж такі бацька... Ну, а што ён можа зрабіць?

Меркаваў перайсці цераз фронт. Так надакучыла гэта хаванне ад людзей, ад самога сябе! А перайсці фронт не так лёгка. І другое: толькі труслівы можа так зрабіць. Яго пакінулі працаваць тут. Хіба тут не фронт? Што цяпер з Марысяю?

Думка аб фронце злавала яго. Не сёння, дык заўтра ён усё ж спаткаецца з партызанамі. Не павераць? Ён раскажа ўсё па парадку. Магчыма, там будзе Дарахвей — адразу прымуць.

У гэты вечар ён ізноў пастукаў у цётчыны дзверы. Было як ніколі — нязручна! Прыйдзе, а цётка дрыжыць ад страху, пакуль пойдзе. Не адводзіць ад акна сваіх вачэй.

Чакаў, пакуль адчыніліся дзверы.

«Скажу ёй — я больш не прыйду...»

Не ведаў, як вырашыць — чаму не прыйдзе. Толькі трэба сказаць. Можа, для таго, каб цётка больш пашкадавала.

А дзверы адчыніліся, і цётка Настася дрыжачым голасам:

— Дарахвей Рыцінчык начуе дома. Я даведалася... Ужо чацвёртую ноч. Схадзі да яго і запытай, дзе гэтыя партызаны. Ён жа, напэўна, ведае.

Косцік не заходзіў у хату. Стаяў у сенцах, а яна гаварыла:

— Досвіткам ідзе ў лес, а познім вечарам прыходзіць у хату. Выпусцілі яго бацьку, дык ён пасмялеў. Потым прыйдзеш і пастукаеш мне ў шыбу.

Дзіва што! Ён сходзіць і скажа, каб не начаваў дома. Ведае пра яго начлег цётка Настася — ведае, напэўна, увесь засценак. Хіба можна начаваць, каб хто ведаў!

Ішоў к Дарахвею поплавам, з агародаў. Вунь ужо відаць на агародзе Рыцінчыкава лазня.

«Дарахвей і не думае і не сніць...— разважаў, падыходзячы да плота.— Вельмі ўзрадуецца, што буду з ім... А я вылаю яго за такую работу: няхай вельмі не асмельваецца начаваць...»

А на сэрцы вялікая радасць. Урэшце знайшоў Дарахвея... Будзе партызанам... Будзе з усімі разам вызваляць Марыську, бацьку, усіх арыштаваных, цэлую краіну...

І не памятае, як усё здарылася (гэтак, як і на яго двары). Цёмная ноч дрыжала зацятай маўклівасцю, а нехта адразу разарваў, разбіў яе цёмна-беласнежнае шкло. Раз-два! — наскрозь прасвідравалі ноч два вінтовачныя стрэлы. Косцік аслупянеў.

«Што гэта...» — паспеў праказаць і ўбачыў: нехта выбег на агарод і адразу — за лазню. Момант не было відаць. І раптам адлучыўся ад чорнай сцяны будынка. Бег проста на Косціка. За пяць крокаў ад плота заўважыў Косціка. Хіснуўся ўбок усёю постаццю. Не пералазіў цераз плот, а пабег па ўзмежку агародаў.

— Дарахвей!.. Дарахвей!..— шаптаў Косцік, бегучы за ім па той бок плота.— Пачакай... Гэта ж я... Косцік... Пачакай!.. Косця Бранявіцкі...

Яны беглі аж да канца агародаў. Дарахвей — за пяць крокаў наперадзе. Снег пападаўся да калень. Вось-вось упадзе і адзін і другі. Хапалі снег рукамі. Апошняя сіла за жыццё. Косцік не хоча адстаць ад Дарахвея. Уцячэ ён, і тады ізноў не знойдзеш... Дарахвей уцякае ад жандараў і ад Косціка (ён жа не ведае, хто за ім бяжыць. Напэўна, той, хто навёў на яго жандараў).

У канцы плота Дарахвей раптам спыніўся. Ледзь праказаў, цяжка сапучы:

— Ба... баюся стрэлу... прадажная душа... Застрэлю!..

Ён узмахнуў рэвальверам перад Косцікам. Займала дух, і Косцік не мог прагаварыць. Адчуваў — не застоіцца, не змогуць трымаць ногі. Перад вачыма плылі зялёныя кругі і белы снег. Дарахвей быў ужо ад яго за дзесяць крокаў. Яго апошняя надзея... Паспрабаваў зварухнуцца, а ногі зрасліся з снегам, з зямлёю.

— Дарахвей...— шапталі вусны.— Дарахвей...— яшчэ цішэй шаптаў нутраны голас.— Я ж...

Асунуўся на снег, і яму было ўсё роўна. Зараз будуць па Дарахвеевых слядах жандары і знойдуць яго. Буйнымі кроплямі ападалі слёзы на мяккі снег. Яны ледзянілі снег сваёю соллю.

* * *

Іх было трое. Двое стаялі пад акном, а трэці стукаў у дзверы. На комінку гарэла газнічка. Доўгімі крыллямі па хаце махалі цені. Скрозь крыласты змрок праз акно, пад бель снегу, была відаць чорная прытуленая постаць. Постаць, як дваровы сабака. Яна хацела накінуцца спатайка, з-за вугла. Яшчэ трэці не стукаў, а Дарахвей заўважыў. «Самае галоўнае, колькі іх?» Стаяў каля сцяны ў блытаным водблеску змроку, трымаў у руках медную ступку з соллю і памыліўся: «нібыта, двое». Тады прашаптаў да сястры Зэні:

— Ідзі адчыні... не зачыняй дзвярэй...

Зэня пайшла. Праз адчыненыя дзверы патыхнула ветрыкам (і тут пашанцавала), стухла газнічка. З усёй сілы шпурнуў у кутавое акно ступку з соллю. Яно зазвінела на ўвесь двор. Жандары рынуліся да разбітага акна. Некаторы два разы выстраліў. Хвіліну былі разгублены і ад стрэлаў, і ад разбітага шкла (можа, быў стрэл з хаты).

А Дарахвей праз адчыненыя дзверы ўскочыў на вышкі. Закот сянец застаўлен кулямі (бацька збіраўся прырабляць камору). Цераз закот па вуглу саскочыў у вішняк...

— Дарахвея выратаваў вішняк...— шапталі назаўтра ў Стаўбунах.

— Яны з перапалоху згубілі яго след.

І дапраўды — згубілі след. Цэлую гадзіну шукалі ў хаце, у сенцах, як тую іголку. Не маглі даць веры, каб знік чалавек на іх вачах. Ударыўся ў акно, але ж не выскачыў.

Дарахвеева маці трымала на каленях, можа, пяцігадовага сына Дзёмку, гаварыла:

— Яго, мае людцы, не было. Вецер праз дзверы стушыў газоўку. Дзіця спалохалася — было за сталом — і разбіла ступкаю акно.

Дарахвей быў у адной рубашцы. Згубіў Косцік Дарахвея каля лазні, а гэта ж ён схапіў з лазні кажух. Пачалі яго лавіць — ні разу не начаваў у хаце. Прыйдзе дадому — спыняецца ў лазні. Пакіне кажух і ў адной жакетцы ідзе ў хату. Нібы ён заўсёды дамашні чалавек. Гэта ж былі вясковыя плёткі, што Дарахвей начуе чацвёртую ноч. Расказала цётка Настася Косціку,— магло сёння і не трапіцца. Каб якая хвіліна — сам патрапіў бы ў жандарскія рукі.

Цяпер усё роўна. Косцік абмеркаваў:

Без арганізацыі не знайсці партызанскага атрада. Хоць і знаёмыя будуць, могуць не прыняць. Свой чалавек не верыць свайму. Адкуль можа ведаць такім часам Дарахвей яго нутро. От жа і не паверыў. Падумаў, што Косцік навёў жандараў, а сам стаяў каля плота.

Косцік абуў лапці. Апрануў сівую жакетку Настасінага мужа. Падперазаўся шырокаю папругаю (на спражцы — мікалаеўскі арол). Надзеў калматую белую шапку (Настасін муж пашыў летась з ягнячай скуркі)... Развітаўся з цёткаю Настасяю.

Ішоў па гарадскім бальшаку з выглядам вясковага хлапчука, дамаседа, які нідзе ніколі не быў.

Косцік ішоў у горад.

Снег на дарозе сыпучы. Лапці намерзлі. Ступіш раз, і ногі адыходзяць назад.

А раніца гуляе па снезе сярэбранымі пералівамі. Сонца ўзнімаецца выразна абведзеным кругам. Нібыта сонцу холадна ад снегу, таму такое сціснутае, акутае драцяным вобадам. Снег не баіцца сонца. Моргае мільярдамі вачэй... Падміргвае сонцу. Смяецца іскрыста-зорным смехам.

Аб чым мог думаць Косцік? Ён прыйдзе ў горад і знойдзе Дзядзьку... Ён не можа заставацца адшчапенцам. Дзядзька скажа, што рабіць. Дзядзька ўсё ведае...

Што з Марысяю? Карзюк казаў — могуць расстраляць... Гэта не можа быць!.. Ніколі, ніколі...

«А што з Карзюком? Яго, напэўна, расстралялі... дарагі камандзір. Няўжо арыштавалі Фіму?..»

Абрыўкі нявыказаных слоў. Колькі гора і крыўды!.. Каб знайсці праўду... Дзе ж яна?!

Горача ад цяжкай хады па сыпучым снезе... Ногі адыходзяцца назад. Да гарадка яшчэ вёрст дзесяць. Хопіць хады на гадзіны тры. Яго абагнала, можа, пятая фурманка. Сяляне едуць на гарадскі рынак. На вазах, праўда, не відаць, каб везлі што на продаж...

«Спацеў...» — абцірае з ілба пот. Не сазнаецца перад сабою, што цяжка ісці. Не падае думкі, каб папрасіцца ў каго пад’ехаць. Ён жа малады! Прайшоў палавіну дарогі. Ён і зойдзе.

Раптам ззаду нечая моцная рысь. Азірнуўся — польскі коннік. Цела на момант пашэрхла. Прабегла астуджаная дрыготка. Адчуў на сабе не пот, а нібы хто апырскаў халоднаю вадою. Ступіў яшчэ два-тры крокі (коннік быў далекавата) і саступіў з дарогі. Стаяў і чакаў...

І ён праехаў. Зірнуў абыякава на яго сівую жакетку. Націснуў каня шпорамі. Конь тузануўся з большым парывам. Завохкаў селязень. З-пад конскіх капытоў разляталіся няроўныя акраўкі адціснутага снегу. Нібы выкалупваў акраўкі з жывой зямлі.

«Як нічога і не было...» — усміхнуўся прымушана холадна.

Ужо дайшоў да павароткі на Ветракі. Бальшак ідзе проста, а паваротка налева. З павароткі таксама ехалі ў горад дзве фурманкі. Паперадзе чалавек на гнядым кані, у вазку, а ззаду — на белым кані, у санях. Чалавек на вазку — у чорнай бурцы. Твару з-за высокага капюшона не відаць. Рукавіцы на руках з зялёнымі пасачкамі. Кіруе каня сырамятнымі лейцамі. Убачыў Косціка (можа, наўмысна, можа, не наўмысна) — тузянуў за лейцы. Конь пабег буйной рыссю. А чалавек на санях спыніў каня...

— Сядай, калі хочаш... Падвязу!

— Дзякую...

Косцік падышоў да саней.

— Сядай сюды...— падсоўваў чалавек гарахвіны.— Добра сядай! Падкурч ногі... Яны гэтак будуць мерзнуць.

Ніколі не было такога здарэння. Бывала, хадзіў у Стаўбуны, колькі едзе фурманак — усе абмінаюць. Бываюць жа на свеце людзі! А можа, было другое? — загаварыла адзінота чалавечага пачуцця. Прыйшлі белапалякі, і ўсе людзі змоўклі, а хочацца гаварыць. Убачыць чалавеку чалавека! Хочацца радавацца, сварыцца, злаваць, смяяцца... Жыць хочацца!!

Сані ад вазка за двое гоней. Пакуль усядаліся, пакуль разышоўся ды пабег конь — яны засталіся. Чалавеку, мабыць, усё роўна. Злёгку сморгае за вераўчаныя лейцы, нокае, і конь бяжыць сабе трушком.

— Адкуль жа ты? — запытаў чалавек, калі выехалі з разбіта-ўхабістай павароткі на бальшак.

— З Стаўбуноў...— адказаў Косцік.— У горадзе жыве мая цётка...

— Но-о!..— пагнаў чалавек каня.— Дык ты ідзеш да цёткі ў госці?..

— Якія там госці...

Хацелася што-небудзь дадаць і нічога. Чалавек за Косціка дадаў:

— Добра кажаш... Цяпер могуць так пачаставаць што дзесятаму закажаш!

Некалькі часу маўчалі. Ехалі трушком. Чалавек клапаціўся, ці добра Косціку сядзець, ці цёпла ў ногі. Косцік бачыў твар чалавека збоку. Пажылы селянін. Бараду, відаць, стрыжэ. Пасля стрыжкі яна на шмат адрасла. Па ёй дзе-нідзе раскіданы сівы іней. У вуху на вытыркшым храстку, як на бародаўцы,— пучок светла-дзіцячых валаскоў.

— Але і нашы, дарма сабе, частуюць іхняга брата!—раптам праказаў селянін. Косцік зразумеў: селянін увесь час думаў пра белапалякаў і цяпер вярнуўся да той самай гаворкі. Селяніну, відаць, вельм рупіла. Можа, і не Косціку і не сам сабе выказаў гэта ўслых. Голас нейкай маленькай радасці сваёю воляй вырваўся з яго грудзей.

Косцік запытаў:

— Чым, кажаце, частуюць?

— Рэкламацыямі... Чым жа...

— Дзе гэта так было?

— У горадзе. У тую суботу і на сценах панаклеілі і так параскідалі. Хіба ты не чуў? Паложым, добра кажаш, яно пакуль дойдзе да нашых Стаўбуноў...

Шмаргануў лейцамі каня і весела, чуллівым голасам:

— Эх ты... Варушыся, малы!..

Конь церабіў дарогу, а ён зручней сеў, гаварыў:

— Бачу я — ты, пэўна, нічога не ведаеш і аб рэвалюцыі. У горадзе была рэвалюцыя. Нехта вывесіў чырвоную фанцінку. У-у-у што было! Гарадскія хлопцы ў шапку не дрэмлюць!..

— Што вы кажаце?!

— Што, нябож, чуеш... Вывесілі чырвоную фанцінку, а горад сабраўся і не хоча разыходзіцца. Тады нехта як пачаў сыпаць рэкламацыі, як пачаў... Палякі ад злосці аж уцямнелі. Арыштавалі шмат каго, а потым выпусцілі. Не ўзяў за руку — не кажы: злодзей. Ого, што рабілася. Нават у нашых Ветраках перавярнулі ўсё дагары нагамі.

Не мог Косцік ад радасці ўседзець. Узняўся — стаяў каленкамі на гарахвінах, пытаў:

— Што там было напісана, можа, ведаеце?

— Чаму ж не ведаю...— усміхнуўся селянін. Быў рад, што хлапец захапляецца яго радасцю.

— Там, нябож, было напісана, што неўзабаве прыйдзе Чырвоная Армія разам з бальшавікамі. Было напісана, што палякам надыдзе капут. І яшчэ напісана, каб палякам нічога не давалі... Хто можа — каб ішлі ў партызаны... У нашых Ветраках, між намі кажучы, ёсць адна рэкламацыя...

Задаволена ўсміхнуўся і падміргнуў вокам. Не хацеў сціраць цвітучай усмешкі хмурым рукавом бравэркі.

У Косціка сапсуўся настрой. Сказаў селянін пра такую работу... а дзе быў ён? Да такой важнай работы не прыклаў пальца!

«А што я вінават...»

Цяпер была думка, каб хутчэй прыехаць у горад. Калі няма Фімы, няхай Дзядзька дае самае цяжкае заданне. Што хоча! Ён усё зробіць!

Селянін раптам абярнуўся да Косціка ўсім тварам:

— Што, нябож, на гэта скажаш?

— Скажу — шкада, што мяне там не было.

— А што б ты рабіў?..

— Я заспяваў бы... Інтэрнацыянал... Ведаеце?

— Чуў...

Акінуў Косціка выразна насмешлівым позіркам і дадаў:

— І таксама ведаю, колькі месяцаў за гэтую песню, нябож, не сеў быў, не лёг бы! Ты добра кажаш, як відаць, смяльчак! Але яны і на смельчаках умеюць драць скуру палосамі. У нас чалавек быў, успрацівіўся рэквізіцы... гэтаксама. Дык як усыпалі «двадзесце пенць»... Толькі гаворыцца «двадзесце пенць», а там было, можа, і «пянцьдзесёнт» . Чалавек ужо два месяцы не можа сесці. Я б табе параіў, калі такі прыткі, ісці ў партызаны, і- — Парайце! — схамянуўся Косцік. У яго вачах загарэўся агонь.

— Магу параіць... А што ты думаеш...

— Я ж кажу! Парайце, і я хоць сёння!

— А калі ты заспяваеш сваю песню на ўвесь лес?

— Даклярую, што не буду спяваць на ўвесь лес. Ціханька буду спяваць, сам сабе... Без жартаў, парайце!

Узрадаваўся, як дзіця. Пакуль пад’язджалі да гарадка, з шчырасці расказаў пра сябе. І тое, што ён камсамолец, і яго шукаюць жандары, і не жыве ён у Стаўбунах, а хаваецца там у сваёй цёткі. Хацелася, каб селянін даў яму веры, каб не абдумаўся — не адмовіўся далучыць яго да партызан. Селянін слухаў яго ды толькі патакваў.

Перад самым горадам яны згаварыліся: Косцік сходзіць да свайго таварыша, прачуе аб бацьках і будзе чакаць пры выездзе з горада. «Каб не кідалася ў вочы» Косцік меркаваў:

«Зайду да Боры. Нібы стрыгчыся. Ды ў мяне і валасы не малыя. Няхай пастрыжэ. Прачую, што цяпер робіцца. Да Дзядзькі і не пайду».

Была вялікая радасць. Ён паедзе з гэтым селянінам да партызан. Усе будуць думаць — ён прапаў, яго арыштавалі, а ён (як будзе наступаць Чырвоная Армія) з’явіцца з партызанамі ў гарадок! Можа, перш-наперш (пакуль падаспее Чырвоная Армія) яны і прагоняць акупантаў. Якая радасць!

«Мне ўсё адно ў горадзе цяпер нельга жыць. А Бору ўжо скажу: жыву ў партызанах. Няхай зайздросціць...»

І дапраўды — Косціку пашанцавала. Не памыліўся, каму расказаў пра сябе. Ветракоўскі селянін ведае партызан і мае з імі сустрэчы. Ветракоўскі селянін — той самы Кузёмка Данільчык, якога неяк захапілі палякі на гарадскім рынку з канём, каб падвозіў мяшкі. Тады Кузёмка казаў: «Можна браць фурманку з кірмаша, добра кажаш, толькі на пажар».

А расказаў Косцік пра сябе — Кузёмка падумаў:

«Гэты хлапец не так сабе. Або вельмі разумны, або вельмі малады. Малады — няхай пасталее. Ніхто ні знай ні ведай не павядзе чалавека да партызан. Разумны — няхай не думае, што я дурачок. Я выеду з горада другою дарогаю».

Яны разышліся на Шырокай вуліцы. Каб прайсці на Безулаўскую, трэба прайсці канец Крывой. А можна прайсці да палавіны Крывой і звярнуць на Безыменны завулак: некалькі крокаў кружней. Таксама выйдзеш на Безулаўскую. Косцік так і пайшоў. Хацелася прайсці каля сваёй кватэры.

«Можа, выпусцілі бацьку...— абнадзейваў сябе думкай.— Можа, убачу каго на дварэ... Заходзіць не буду нізашто!»

Вось ужо дом Гарбацэўскага... Белыя аканіцы. Нехта на дварэ... Сам Гарбацэўскі...

«Мяне не пазнаюць... Я цяпер зусім вясковы... Я не буду глядзець у вочы».

За Гарбацэўскага домам — яго кватэра. Два крайнія акны з таго боку. Вунь яны, яго вокны... Часта пазіраў праз акно з фортачкай на вуліцу. Не на вуліцу — туды, некуды далёка... аж за пажарную вышку! Глядзеў на неба і думаў: «Якое будзе заўтра надвор’е?»

Мінуў Гарбацэўскага дом, і з-за вугла, перад вачыма, увесь двор.

— Няўжо яна!..— вырваўся ціхі голас услых.

Ад дравянога хляўчука да ганка ішла яго матка. У руках — памыйнае вядро. Сама — прыгнутая постаць, задуменная... Пачула крокі на тратуары — узняла вочы. І сам не ведае, як выйшла, а ён узмахнуў на яе позірк рукою. На момант супуцілася, паставіла вядро. Яшчэ лепш паглядзела... Тады кранулася з месца і пайшла да веснічак. Косцік быстра падышоў да брамы. Яна чамусьці нагадала мураваную сцяну. Не верылася, што расчыніцца гэта сцяна і ён убачыць матку. Дрыжачымі пальцамі націскаў на слясак...

— Кастусёк...— вырваўся голас з глыбіні матчыных грудзей,— сыночак...

— Ціха... мама...— праказаў.— Пачакай...— не мог стрымаць дрыжачых слоў.— Я не пайду ў хату...

Лёгка адвёў матчыны рукі. І калі дакрануўся рук —адчуў халодны боль у сэрцы. Яны сухія, шурпатыя. Заглушаў свой боль, сутаргава ціснуў матчыны рукі, гаварыў:

— Каб не ўбачылі суседзі...

— Яны шукаюць цябе...— не чула яго слоў.-— Пойдзем, Кастусёк... ты ж хочаш есці...

— Я не пайду ў хату! — гаварыў спешна.— Добра, што ўбачыў цябе... Мяне чакае чалавек... Я цяпер у партызанах... Хутка прагонім злыдняў, тады пагаворым. Добра, што ты была на дварэ... Можа, што чула пра Марысю?

— Не чула, сынок... Як арыштавалі тады. Бацьку таксама не пускаюць...

— Я, мама, пайду... Бывай здарова!..

З яе вачэй хлынулі слёзы.

— Кастусёк...

— Ціха... Не трэба плакаць. Якая ты нецярплівая!

Не адчуваў, як па яго шчацэ скацілася і ўпала на штрыфлю жакеткі буйная сляза.

— Бывай... мамка! Калі хто бачыў нас, скажы: нейкі чалавек... Ты сама здаўмеешся, як сказаць, чаго пытаў у цябе нейкі чалавек.

Вызваліў свае рукі з яе рук. Павольна, але парывіста зачыніў веснічкі.

«Матка ведае, дзе я цяпер буду...— ішоў і думаў.— Зайду да Боры і адразу за горад... Паеду ў лес... Мы будзем лавіць гэтых гадаў па дарогах...»

Звярнуў з Безыменнага на Безулаўскую, а перад ім — два жандары. Кураць, аб нечым гавораць, не зважаюць на яго. Скоса кінуў вокам і прайшоў паўз іх За ім ішла жанчына. Насупроць — два хлапчукі. Адзін трымае наапашку здубянелымі рукамі канькі. Уперадзе — ізноў жандар. Ідзе яму насустрач.

«Вельмі мала на вуліцы людзей...»

З левага боку цераз Базарную — Парэцкі пляц. Кідаў у той бок схаваны позірк і было ў думках:

«Цікава, на якім слупе быў чырвоны сцяг? На сярэднім ці на вуглавым?»

А вунь і цырульня Бранта. Моцна застукала сэрца. Як спаткаецца з Борам? Хаця б хто не заўважыў!

— Зачынена!..— прашаптаў вуснамі.— Што такое?

Сцішыў крокі і не ведаў, як вырашыць. Ісці ў хату кругом ці не ісці. Ісці — можа быць падазронасць. Вунь каля Сцёпкавага дома вартавы паліцыянт. Ён нават пазірае на Косціка... Зайсці да Сцёпкі яшчэ большая падазронасць. Захадзіў нейкі вясковы! Могуць папытацца ў Сцёпы...

«Чаму зачынена цырульня?»

Спыніўся на момант перад дзвярмі. Сам не ведаў, як лепш. Вельмі ж хацелася даведацца аб усіх... І што з Марысяю?..

«Калі што дрэнна — буду толькі перажываць».

Момант — і ён вырашыў: ні да кога не будзе заходзіць. Можа, нават і лепш. Каб не было якой непрыемнасці. Даведаецца ў свой час. Усё адно нічога не дапаможа Марысі. А яму нельга быць у горадзе нават лішняй хвіліны.

«Пайду за горад...— вырашыў.— Гэты чалавек, пакуль зайду, і пад’едзе. Лепш я пачакаю яго, а не ён мяне».

І пайшоў. Заклаў рукі: левую за пазуху, а правую ў кішэню жакеткі (хоць і ў рукавіцах, а рукі пакрэплі). Мінуў Мяшчанскую і выйшаў на Шырокую.

«Можа, у ветракоўскіх партызан і Дарахвея напаткаю,— разважаў.— Пасмяюся над ім, што не пазнаў мяне. Дзівак! Гэта ж трэба мець галаву: крычу Дарахвей, Дарахвей! — а ён так перапалохаўся! Цікава, ці многа там партызан? Каб чалавек сто — можна напасці на горад. Знянацку і не адумаліся б палякі, як бы іх распатрашылі! Далучыліся б рабочыя, і пылу ад іх не засталося б...»

Вунь ужо і поле прыгараднае відаць...

«Самае важнае, каб усе партызаны мелі зброю. І каб патронаў было колькі хочаш. У мяне малавата патронаў...»

Апошнія будынкі гарадка...

«Не відаць майго «партызана...» Яшчэ не паспеў накірмашыцца... Зайду за гэты дом і пачакаю... А можа, лепш ісці па дарозе да прысадаў? Адтуль убачу яго белага каня — памахаю рукой...»

І яшчэ ішоў, як раптам ні адсюль, ні адтуль:

— Пачакай!

Голас як ветрыкаўскага чалавек (а чый жа больш?). Абярнуўся, а перад ім чалавек у скураной тужурцы.

— Карзюк! — вырваўся з Косцікавых вуснаў ледзь чутны голас радасці, а больш {— голас спалоху.

Карзюк адразу адсек (ён пагарачыўся):

— Руку — з кішэні! Рукі — угору!

Усё стала ясным як дзень, а ў вачах — цёмна. Не вымаў рукі — момант хапаўся за рэвальвер. І гэтага моманту было даволі. У яго грудзі ўперлася дула Карзюковага браўнінга. Выпусціў абмацаны ў кішэні рэвальвер і падняў голыя рукі. З спакойнай павольнасцю і ледзь прыкметнай усмешкай Карзюк дастаў з Косцікавай кішэні яго апошнюю надзею.

 

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

 

Раздзел першы

Па горадзе хадзілі чуткі, нібы камендант Векерт абамляваў. Даведаўся, што ізноў з’явіліся пракламацыі, і адразу абсунуўся. Некалькі разоў выклікалі доктара. А пакуль тыя дактары — жандары пырскалі палкоўніку на твар халодную ваду і давалі нюхаць нашатырны спірт. Магчыма, нехта жартаваў, а магчыма, і праўда. (У каменданта, як вядома, парок сэрца.) Так ці інакш — гарадок зараз быў пчаліным вуллём, сярод якога многа трутняў. Рабочыя пчолы гулі — не хацелі карміць сваім сокам нахлебнікаў. А іх — як цёмная хмара! На скрыжаваннях вуліц двайная варта паліцыі. На кожным кроку можна спаткацца з жандарам. І не пройдзе, каб не паглядзець чалавеку ў вочы. А кожную ноч, не там дык тут, з якой-небудзь кватэры нібы некага высяляюць. Крык і плач. Шукаюць бальшавікоў. Шукаюць у дзіцячых калысках, у камінах, у печы, сярод кухоннай пасуды, у карзінах з бялізнаю... Жандары не вераць роднаму бацьку. З’явіліся пракламацыі — нібы ў кожным заканурку прытаіўся бальшавік. Цень кутка абмацваюць рукамі.

Фіма рад сваёй удачы.

Перад гадавінай Кастрычніка Дзядзька сказаў яму.

— Можа, не пашанцуе вывесіць чырвоны сцяг — раніцою ўбачыш — і нават вывесім, а жандары не дадуць сабрацца народу, тады збярэм людзей каля сквера. На ўсё трэба быць гатовым.

Было дамоўлена збіраць народ пад вечар, калі найбольшы рух людзей. Вызначылі для збору Каржакевіча і другога рабочага з гуты (Фіма яго не ведае). Каржакевіч павінен «намазаць» бензінам фанерную рэкламу кінатэатра (нібы наклейваць афішу), а другі рабочы неўзабаве будзе прыкурваць і кіне запалку. Рэклама насупроць сквера — пажару не будзе, а на «пажар» збяруцца ўмомант. Тады Фіма павінен быў рассыпаць пракламацыі. Яго акружалі б усе свае (так і было на Парэцкім пляцы).

Дзядзьку хацелася рассыпаць дарагія словы перад чырвоным сцягам. І гэта Фіма зрабіў. Пакуль падаспелі жандары ды паліцыянты — Фіма быў далёка ад пляца. Ён пайшоў адразу, як пачалі разыходзіцца. Былі арыштаваны зусім выпадковыя людзі. Жандары нічога не дазналіся.

А Сцёпу ледзь не злавілі. І ўсё з-за маладой дурасці.

На тым тыдні партыйны камітэт ізноў атрымаў пракламацыі. Тысячу штук. Дзядзька давёў тыраж гектографам да пятнаццаці тысяч.

На свой калектыў Фіма атрымаў тры тысячы. Разносілі па горадзе ў адну ноч. Каб на раніцу мог прачытаць увесь горад адразу. На разноску былі вызначаны і Бора са Сцёпам. У іх — дзве вуліцы: Крашчэнская і Падгорная. Вуліцы на ўскраіне горада. Жывуць найбольш рабочыя. Адзін каторы (Сцёпа ці Бора) будзе ісці паперадзе, а другі — воддаль. Другі будзе назіраць за пярэднім, каб не ішоў шпік. Пярэдні павінен, як той лістаносец, апускаць пракламацыі ў дамашнія скрынкі для лістоў або падкладаць пад дзверы. Калі небяспека — задні папярэдзіць моцным кашлем.

Такая разноска самая лягчэйшая. Менш падазронасці. Затое і карысці менш. Будзе чытаць пракламацыю адна кватэра. Ды і невядома — якая? Можа, спекулянта ці панскага прыхвасня. Дарэмная трата пракламацый. Другі інтарэс — расклейваць на штыкетах, на дамах. Пакуль агледзяцца — прачытаюць сто чалавек.

Сцёпа з Борам так і вырашылі.

— Я зраблю клей,— сказаў Бора.— Звару з картафлянага крухмалу. Прырыхтую дзве кансервавыя бляшанкі. Табе адну і сабе. Для непрыкметнасці — бляшанкі возьмем у кішэню...

— Нашто клей! — параіў Сцёпа.— Толькі замажаш усю кішэню. У мяне ёсць кнопкі. Табе сто штук і мне сто. Ты пойдзеш па Падгорнай, а я па Крашчэнскай. Папрышпільваем, як кажу.

Нават пашкадаваў, чаму не параіў Фіму. «Няхай бы гэтак па ўсім горадзе».

Яны разышліся, і Фіма нічога не ведаў. Сцёпа прыціскаў да мёрзлых штыкетаў кнопкамі белыя лісточкі і ўсё азіраўся. Толькі цяпер адчуў сваю памылку. Не было ззаду Боры. А кнопкі ўсё загіналіся. Трэба ісці далей. Нельга стаяць на адным месцы цэлую хвіліну.

«Яны нават не маюць людскіх кнопак! — злаваўся Сцёпа на акупантаў.— Бляха, а не кнопкі!»

І гэтак азірнуўся, а праз вуліцу быстрымі крокамі ідзе да яго чалавек. Тады шмыгнуў у калітку на нечы, з нізенькімі хляўчукамі, двор. Перабег і ўпёрся ў штыкеты. Не ведае, як пераскочыў, як апыніўся на другім двары. Там доўгі драўляны будынак. Стуліўся за сцяною і бачыў: за ім пералез чалавек у кароткім кажушку. Спыніўся на адзін момант і пабег цераз увесь двор на другую вуліцу.

У Сцёпы ледзь не выскачыла сэрца. Прашаптаў, каб адчуваць самога сябе.

— Кусі, кусі... пародзісты ганчак!

Каб зусім авалодаць сабою, прыціснуў да сцяны белы лісточак чатырма кнопкамі.

— Тваё шчасце,— сварыўся Фіма на Сцёпу.— Нейкі дурны шпік. Разумны не пабег бы на вуліцу. Ты ад яго, калі цябе ўбачыў, не ўцёк бы.

— Я мог з ім справіцца! — хваліўся Сцёпа.— Ён быў шчуплы.

— Яшчэ хоць раз парушыш дысцыпліну,— наказаў Фіма,— і ніякага задання не атрымаеш.

Гэта было б самае цяжкае пакаранне. Сцёпа разумее сваю віну. Ціхенька цешыцца, што Фіма гаворыць «яшчэ хоць раз...». Ніколі больш гэтага не будзе. Абы толькі дазвол на заданне.

А што з Марысяй — не маглі даведацца (і Косцік невядома дзе).

І Фіму і партыйнаму камітэту вядома: імя Фіма для палякаў нешта жудаснае. Яны лічаць яго бальшавіцкім атаманам. Яны шукаюць як дзень, як ноч. Сядуч нават выведаў, што за Фіму вызначана ўзнагарода. І немалая.

— Можаш ганарыцца,— смяяўся Сядуч з Фімы.

І сапраўды смешна. Але гэта добра. Глыбока захаваны партыйны след.

А на Карсюкову параду, каб арыштаваць усіх Фімаў, Рытвінскі махнуў рукою:

— Безнадзейна! Фіма — несапраўднае імя. Фіма — атаманская клічка. Трэба лавіць на падпольным сходзе.

Паручнік не памыліўся. Зловіш Фіму без доказу — што з яго? Адкуль возьмеш канцы? Такія людзі не выдаюць сябе на допытах. Яны каменныя. Трэба мець відавочны матэрыял.

— Што з Марысяю? Дзе ж яна? — клапаціўся Дзядзька.

І ніхто не ведаў, дзе яны дзелі Марысю. Арыштавалі — як у ваду канула. Пра Косціка была думка — недзе хаваецца. Інакш не трымалі б заложнікам яго бацьку.

«Хаця — вельмі цяжка сказаць...»

— Марысі ў турме няма! — рашуча сказаў Сядуч. Праглядзеў усе спісы, пытаў у назірачых. З кожным назірачым па калідоры меў асцярожную гутарку.

— Дзе такая — у нас тут была — нізенькая, русавалосая, з сінімі вочкамі... Марыськай, здаецца, звалі?

— Закахаўся, пане Сядуч, у сінія вочкі!..— жартавалі назірачыя.

Потым дадавалі тонам павагі:

— Не ведаем. Усё можа быць... Магчыма, «сінія вочкі» камандыраваны да мястэчка Магільнага...

Назірачыя і не маглі ведаць. Хіба магчыма памятаць тысячы людзей, якія праходзяць праз «Белы Дом»? Кожную ноч прыводзяць, вывозяць. Часта выязджае з турэмнага двара, як называюць назірачыя, зачыненая машына — «фура». Тады назірачыя жартуюць між сабою:

— Юзэф! заспявай модлітву «Вечны одпочынэк»!

Юзэф складае рукі далоняй к далоні, уздымае іх да «пана бога» і пачынае:

«Weczny adpoсzynek racz im dac, panie, а swiatlosc weikuista naichaj sweici, niech odpoczywaja, w pokoju wiecznym. Amen»1.

«Фура» вельмі рэдка бярэ трох чалавек. Найбольш выпадкаў — аднаго, двух. Не таму, што не можа змясціць. У ёй змесціцца і дзесяць чалавек. Але такі загад каменданта.

«Каб не было па дарозе крыку».

«Фура» едзе за тры вярсты ад горада. Там паабапал дарогі лес — «хвойнікі». Там людзі самі сабе капаюць магілу. Таму і празвалі назірачыя гэта месца «магільным».

Дзядзька не дае веры, каб Марысю маглі расстраляць. Дэфензіва ведае праз шпіка, хто яна. Будуць дамагацца, каб давала арганізатараў (Марыся не знаёма з Дзядзькам).

— Яны замучаць, а расстрэльваць не будуць,— гаварыў Дзядзька Фіму,— для іх вельмі важна, знаеш, твая галава. А дзяўчына маладзец! Відаць — наша дзяўчына! Не выдала цябе. Спаткаемся — моцна пацісну руку!

Вельмі шкадаваў Марысю Сцёпа. Арыштавалі — шкадаваў, як сястру.

— Добрая,— гаварыў калісьці Косціку,— адразу ўсё разумее.

Косцік перасылаў цераз Сцёпу першыя пісулькі. Чытала перад Сцёпам, гаварыла тады:

— Піша — «дарагая»! Дзіўна! А яшчэ называецца камсамольцам!

— Прасіў, каб адпісала,— казаў Сцёпа.— Будзе чакаць.

— Не буду адпісваць!

Сцёпа адыходзіў, а яна дагнала на парозе:

— Скажы, няхай прыйдзе... У сем гадзін. Пачакай! Я напішу яму пісульку.

— Дзе ж усё-такі Марыся? Дзе Косцік? — з кожным днём ва ўсіх больш і больш нарастала трывожнае пытанне.

* * *

Зусім нечакана Рытвінскі выехаў у штаб акруговага этапа. Невядома, па якой справе. Хадзілі чуткі, што супроць акупантаў паўстае ўся акруга... Лясы загаманілі ляскатам зброі. Напэўна ж, расла нейкая трывога.

А панна Мальвіна засталася адна. Ад’язджаў — цалаваў ручкі, гаварыў:

— Каб толькі не было, пакуль я прыеду, гасцей. Будзеш слухацца, мая цурка, я табе нешта прывязу. Нешта такое, такое... Прывязу табе, мая цурка, сюрпрыз.

Мальвіна не любіць суму. Прывыкла да вясёлага звону кавярні «Под мондрым окем». Выступала там з спевамі — весяліла п’яных. З Рытвінскім пазнаёмілася за столікам. Угаварыў ехаць з ім. У яго жонка і дзеці. Не бачыла жонкі, і ёй — усё роўна. Захоча — заўтра паедзе назад. Гаспадар кавярні, пан Захарка, прыме яе. Ізноў заспявае ўлюбёную песню кавярні:

 

Под мондрым окем

Слыхаць мэлёд’ён фортэп’яну.

Под мондрым окем

З тобой малюткон укоханон

Бендземы таньчыць танго.

 

Рытвінскі выехаў учора, а яна запрасіла гасцей на сёння. Павінны прыйсці: сяржант Зомбер — першы кавалер Мальвіны, сяржант Ліпніцкі — кавалер Ванды, Антэк Тарпатынскі — Франіна «вока». Таксама прыйдуць: Болісь, Янак і падпаручнік Закрэўскі. Прыйдуць, разумеецца, Франя і Ванда. Яе найблізкія сяброўкі (пазнаёмілася з імі цераз Закрэўскага). Яны чакалі не менш за Мальвіну, каб хаця хутчэй адлучыўся з дому паручнік Рытвінскі. Што ён. Яму ўсё няма за допытамі часу. Мальвіна найбольш адна. І не дазваляе, каб хто без яго зайшоў.

Мальвіна не любіць жанчын. Франю і Ванду пазвала, каб ніхто нічога не падумаў. Ды і мужчыны маглі пакрыўдзіцца. Адзін будзе з ёю, а што другія?

Панна Мальвіна любіць, каб многа мужчын і каб усе доўга былі. Возьме поўны, улюбёны квяцісты келіх — скажа: «За здрове, за каханне!» І вып’е да дна. Тады вочы яе заіскрацца. Страсяне пярсцёнкамі чорных валасоў. Яшчэ ніжэй спадзе на шыю падабраным жмутам кукла. Возьмецца адною рукою ў бок (мезены палец крышачку адставіць), а другою рукою ўзмахне перад сабою, скажа:

— Обэрэк!2

Сяржант Зомбер зловіць яе тонкую ручку. Пацалуе кончыкі пальцаў. І закруцяцца пад такт рассыпаных гукаў грамафона...

Потым яшчэ будуць піць. Мальвіна будзе акампанаваць на раялі пад імянны спеў кавярні.

Невядома, калі разыдуцца. Мальвіна будзе жартаваць. Не пусціць рана дадому. Потым застанецца сяржант Зомбер. Пакладзе яго спаць у сталовай на канапе ды скажа:

— Сцеражыце мой сон! Глядзіце, каб ніхто не патрывожыў!

...Вечарынка назначана а восьмай, а зараз — адзінаццаць. У пакоі Мальвіны Франя і Ванда.

Ніхто не прыйшоў.

Мальвіна нервова націскае на педаль раяля, і гукі вырываюцца спалоханым строем.

Ванда і Франя пяюць:

 

Твэ чарнэ очы

Дотонд не даён мі покою,

Твэ чарнэ очы

І уста твэ дзісь бэндон мое,—

Нас дзісь злончы танго.

Пуйдзь до мне бліжэй,—

Чы чуеш сэрца мэго біце?

Пуйдзь до мне бліжэй,—

Пруч цебе ніц юж не мам в жыцю,

Пруч цебе і пруч танго!

 

На стале стыне закуска. Стаяць надпітыя чаркі, бутэлькі. Па абрусе растрэсены крошкі французскага торта.

— Вып’ем! — раптам адрывае Мальвіна пальцы ад раяля і блытае гукі. Спаганяе крыўду на афіцэрах. «Чаму ніхто не прыйшоў?» Не ведае, што афіцэры вельмі хацелі прыйсці. Ну, што яны?

— Мы не вінаваты,— скажуць заўтра цэлым роем.— Бальшавікі вінаваты!

І дапраўды, не іх віна. Мальвіна не ведае, што яе вечарынку сапсаваў нейкі Дзядзька.

А Дзядзька таксама не вінаваты. Даведаўся, што ў пятніцу выйшаў з Баранавіч таварны поезд. Эшалон вельмі каштоўны: французская зброя і англійскае абмундзіраванне. Эшалон ідзе на фронт цераз станцыю гарадка. Каму ахвота прапусціць зручны момант?

І не прапусцілі. На семдзесят трэцяй вярсце эшалон пайшоў не па рэйках, а па адкосу. Ні панна Мальвіна, ні Франя з Вандаю не чулі, як здрыганулася зямля. Пачалося крушэнне — у вагонах узарваліся французскія бомбы. Англійскае абмундзіраванне змяшалася з зямлёю.

— Знайсці!.. Злавіць!..— хрыплым голасам крычаў па прамым провадзе палкоўнік акруговага этапа.

Камендант Векерт задыхаўся:

— Гарнізон на нагах...— шапталі вусны ў тэлефонную трубку.— Гарнізон шукае... Знайду...

Камендант Векерт паклаў трубку на стол. Сабраў апошнюю сілу голасу:

— Арыштаваць! — крыкнуў падпаручніку Закрэўскаму.— Расстраляць!

Закрэўскі і сам разумеў: некага трэба арыштаваць, некага — расстраляць. Абы-каго. Каб толькі спагнаць злосць.

Дык вось чаму і не прыйшлі. Уся ноч прайшла ў гарачай рабоце.

— Паненачкі! — стаўляючы выпіты келіх, звярнулася панна Мальвіна да Ванды з Франяй.— Я зараз зраблю спектакль... О, як будзе весела!

— Арына! — пазвала цераз усе пакоі сваю служанку.— Ходзь тутай!

Вочы яе гарэлі яркімі вуглямі. Чорны шоўк сукенкі прыліп да цела. Грудзі высока ўздымаліся. Яны хацелі вырвацца з ліпкага шоўку. У пакоі — душна...

— Пакліч дворнікавага сына,— загадала Арыне, калі зайшла тая ў пакой.— Без яго не прыходзь. Скажы — я хачу паслаць... Я скажу куды. Ідзі!

Пакой загаманіў весялосцю. Ванда з Франяю цалавалі панну Мальвіну. Грамафонная труба выкідала абрыўкі шаляпінскага голасу.

Сцёпа не быў у Мальвіны, як уцёк з арластым гузікам ды шпурнуў яго ў памыйную яму. Першы тыдзень усё баяўся. «Можа, і дапраўды нагаворыць, што я — бальшавік». Нікому не гаварыў, каб не страшыць самога сябе яшчэ больш. Ды маглі б з яго смяяцца. Ніхто не дасць веры. Скажуць — сам пайшоў. Могуць выдумаць усякае глупства. А час ішоў. Сустракаўся здалёк, і нічога. Нібы не ведае, хто ён... Яна была тады п’яная.

Сцёпа ўжо спаў. Арына разбудзіла — вельмі спалохаўся.

— Хоча, каб схадзіў,— гаварыла Арына,— можа, на кватэру да якога начальніка. Мелася быць шмат начальства, і ніхто не прыйшоў.

Апрануўся, а матка лежачы на ложку:

— Поўнач!.. Божухна-бацюхна... Няма ні дня, ні ночы! Як тыя непрыкаяныя. Мала што самі чэмерам уеліся, дык яшчэ прыслужвай палюбоўніцам...

— Маўчы ўжо...— буркнуў Сцёпа на матку і выйшаў з Арынаю.

Вельмі непакоіўся. Нікуды не хацелася ісці. От каб заплюшчыць вочы і доўга ляжаць дома. Маленькая радасць сабралася наўкол сэрца, дык навошта яе растрасаць?

Фіма сказаў, каб усе былі дома. Сёння дрыжыць увесь горад. Сёння маленькае свята перамогі. Пад адкосам у сутаргах ляжыць эшалон!

Не ведае Сцёпа, хто выканаў такое заданне. Каб гэткае даручылі яму! Яму не даручаць...

«Я не ўмею нават разносіць пракламацый,— упікаў сам сябе (ад гэтага было лягчэй).— Я — малакасос!»

Непакоіўся, каб хаця не злавілі таго, хто спусціў з рэек эшалон.

«Можа, сам Дзядзька? Фіма дакляраваў пазнаёміць...»

Узнімаліся на другі паверх — Сцёпа здрыгануўся.

«Куды хоча паслаць? Каб хаця не здагадалася чаго-небудзь?.. Добра, што няма дома яе «канарыка»... Можа, ізноў ляжыць на століку сакрэтнае пісьмо?..»

Арына пайшла на кухню, «каб не пабег самавар», а ён адчыніў знаёмыя дзверы.

Абдало густым пахам парфумы. Сціснутая гарачыня абцягнула гумаю яго твар. Спыніўся каля парога і ўбачыў:

Стол на тым самым месцы. На стале некалькі бутэлек. Усе яны чорныя. Некаторыя рыльцы аблеплены серабрыстай паперай — нібы абмерзлыя.

— Праходзь...— сказала Мальвіна.— Чаго спалохаўся? Знаёмся...

Зірнула на Ванду і Франю з відавочнай насмешкай з яго (тыя стаялі каля стала. Ванда ахапіла рукою плечы Франі, а Франя плечы Ванды. У адной і ў другой на твары гуляла празрыстая ўсмешка).

— Мой кавалер! — адрэкамендавала Мальвіна.— Толькі вельмі баіцца майго Вацлава. Праўда? Але ж гэта нічога. Вацлава баіцца ўвесь горад. У «Белым Доме» ён так напалохаў нейкую камсамолку, што яна нават звар’яцела. Завезлі ў вар’яцкі дом.

Ступіла да Сцёпы, узяла яго пад руку, гаварыла:

— Са мною нікога не бойся. Проша да стола, муй коханы!

Сцёпа не чуў, што яна гаварыла. Ішоў «да стала» і не памятае, як сеў на крэсла. Над сталом у яго ваччу то ўзвіваліся, то ападалі зялёныя кругі. Нібы стукнуў нехта па галаве і аглушыў. Як скрозь сон чуў рогат жанчын. Рогату было многа, многа!

«... У вар’яцкі дом...— шаптала яго нутро,— завезлі ў вар’яцкі дом... Марысю ў вар’яцкі дом!..»

— Вып’ем, мой хлопчык! — сказала Мальвіна, падаючы кілішак са светла-чырвоным пітвом.

«Я не п’ю...— хацеў сказаць і ўзяў кілішак з яе рукі.— Можа, яшчэ скажа,— мільганула думка,— я вып’ю і дапытаюся...»

Выпіў за адзін раз. А Мальвіна абхапіла доўгімі пальцамі яго левую руку ніжэй локця. Прыхінулася да яго ўсёю постаццю. Ізноў наліла поўны кілішак.

— Я больш не хачу...— праказаў Сцёпа. Хацеў узняцца, а яна як абцугамі сціснула яго руку.

Да яго крэсла падышла Ванда. Скрозь пах парфумы выразна чуваць пах нафталіну. Нібы гэта жанчына доўга была схавана ў шафе з вопраткай, а цяпер нехта яе дастаў.

— Жанчыны не любяць кавалера, які не п’е,— сказала Ванда.

Каля самых яго вуснаў Мальвіна трымала поўны кілішак. Рука яе дрыжала. Пітво хісталася ў кілішку з тахтам дрыготкі. Насупроць сядзела Франя і заходзілася дробным рогатам.

Зрабілася страшна. Не прыйшлі, як гаворыць Арына, начальнікі. Паклікалі яго для пасмешышча. Сын дворніка і яны. Пыл вуліцы і шоўк... Хто шоўк, а хто пыл?!

Ім сумна. Абрыдла аднастайнае жыццё. У яго целе маладая, незабруджаная кроў. Ім патрэбна гэта маладосць...

— Пусціце мяне...— тузянуўся Сцёпа. Узнімаўся з крэсла — незнарок штурхнуў Мальвініну руку. Кілішак выпаў з пальцаў. Са звонам разбіўся аб талерку. Віно пырснула Мальвіне ў твар і заліло абрус.

— Арына! — крыкнула Мальвіна і адышла ад Сцёпы. Ён адсунуў крэсла і надзеў шапку.

— Не пойдзеш!..— кранулася з месца, стала перад ім.— Я пазваню ў паліцыю...

Сцёпа не зразумеў. «Яна пазвоніць, што я разбіў кілішак? »

— Выбачайце,— сказаў Сцёпа,— я разбіў незнарок. Яна зарагатала штучным смехам. І раптам абарвала рогат. Твар зрабіўся золкі, як восень. Сцёпа стаяў разгублены. Ступіла да яго скрадзеным крокам:

— Застанешся — не буду званіць. Пойдзеш — пазваню.

Адступілася ад яго і ўзялася ў бокі.

— Выбірай! — сказала выразна зачэпным тонам. Быў момант выбару. Перад Сцёпам прамільгнуў скінуты эшалон. Выразна чуў лязгаценне зброі. У тумане праплыў «Белы Дом». Марыся і Косцік... Шэры трохпавярховы дом на Памеранцавай вуліцы... І зусім выразнае ў яго свядомасці:

«Яна нічога не ведае... Калі не пайду, тады будзе ведаць».

Стрымаў усхваляваны тон голасу, праказаў невінавата, наіўна:

— На дварэ вунь ідзе снег. Пакуль развіднее, трэба пазмятаць яго з тратуараў і звезці. Я больш, выбачайце, не магу заставацца!

Зачыняў дзверы і чуў: яны ўтраіх аж заходзіліся з рогату.

 

1 1 «Вечны адпачынак загадай ім даць, божа, а светласць вячыстая няхай свеціць, няхай адпачывае ў спакоі вечным. Аман».

2 Обэрэк — народны польскі танец.

Раздзел другі

Да Марысі вярнулася прытомнасць, і вось як. Прыйшоў Карзюк у проведы, а яна ў крык:

— Зачыняйце дзверы! Не пускайце палякаў! Яны забяруць мяне!..

Яна не пазнала Карзюка. Вытрашчыла шкляныя вочы, стаяла як слуп. Сілілася нешта ўспомніць і не магла. Адно толькі разумела: гэты чалавек не паляк. Ён у вольным адзенні. Карзюк пытаў, ці пазнала — круціла галавой. Потым закрычала:

— Ай!.. Баюся!..

Схапіла табурэтку і закрыла ёю свой твар. Карзюк стаяў у парозе як не свой.

Бальнічная сястра, Тася Хлябніцкая, сказала:

— Вы ж не верылі... Бачыце, што робіцца!.. Выйдзіце, калі ласка! Ёй вельмі дрэнна...

Карзюка апанавала злосць: колькі нарабіў камендант клопату! Ды і сам — калі на тое пайшло — вінаваты. Параіўся з начальнікам, каб арыштаваў Марысю. Меркаваў — хутчэй пралезе ў падполле (ведама, арыштавалі дзяўчыну за яго — камандзіра Чырвонай Арміі). А яе не трэба забіраць было з дому. Нідзе не дзелася б. Мог заходзіць да яе — выведваць паволі. Можна сказаць, спароў гарачку. Хацеў, каб усё адразу...

На калідоры бальніцы — не то сам у сябе, не то ў сястры — запытаў узнятым тонам:

— Калі ж, урэшце, можна будзе з ёю пагаварыць?!

— Не ведаю...— адказала Тася. І нават не зірнула на Карзюка.

Трэці раз прыходзіць і ўсё хоча гаварыць аб нечым. Адрэкамендаваўся Марысіным блізкім, родным. Што за «родны», які не пытае аб яе папраўцы і чым яна жыве? Няхай прынёс бы хаця кавалак чорнага хлеба, бутэльку малака... Яна можа памерці з неядзі. І яшчэ: да арыштаваных хворых нікога не пускаюць. Прымаюць падачу, і больш нічога. А ён ідзе з дазволам самога начальніка!

Тася правяла Карзюка здзіўленым позіркам аж у канец калідора. Выйшаў з бальніцы, бразнуўшы дзвярмі. Тася сама сабе падумала:

«Таксама, як нейкі вар’ят...»

А з Марысяй, як ні разу, зрабілася дрэнна. Кідалася па пакоі ад сцяны да сцяны. Хутала галаву ў бальнічны халат. Перад яе вачыма ў акне стаялі жандары. Іх повен двор. Абкружылі ўвесь дом. Выстаўляюць праз акно доўгія рукі. Хочуць дастаць яе, дакрануцца... на іх тварах крывыя ўсмешкі. Твары доўгія, шырокія, рыжыя...

— А-а-а...

Марыся дрыжала асінаю.

Увесь час Тася суцяшала яе. З першых дзён узлюбіла гэту дзяўчынку. Маладая, прыгожая, і такое няшчасце! Найбольш шкадавала, калі даведалася, праз каго страціла розум. Не адзін жа раз чула яе крык, што праз акно, праз дзверы, праз шчыліны — адусюль лезуць да яе белапалякі? Яна білася ў знямозе, драла на сабе вопратку. Тася дзялілася з санітарам Грышкам:

— Няшчасная дзяўчынка,— казала,— да чаго давялі...

— Яны давядуць...— бурчаў Грышка сам сабе ў густыя чорныя вусы.

За сем гадоў службы сваёй Тася нагледзелася. Адна ходзіць па пакоі і лічыць крокі. Другая збіраецца ляцець у нядзелю на неба. Тая просіцца ў зямлю. Кажа, ёй там будзе весела жыць. Ёсць «царская дачка». Яна была манашкай. Кожны дзень яна крычыць на ўвесь пакой: «Гасподзь бласлаўляе мяне ў царыцы. Я — святая царыца Марыя! Гэй, вы! кланяйцеся мне да самых ног маіх!»

Тася ўжо ведае, як гаварыць з такімі хворымі. З кожным — па яго гусце. Толькі з гэтым «густам» трэба закідаць і здаровае слова. Няхай падумае хворая. Можа, да чаго і дадумаецца.

З калідора Тася вярнулася да Марысі. Яна сядзела ў кутку і плакала.

— Палякаў прагоняць,— сказала Тася (некалькі разоў гаварыла, што прагоняць),— не плач!.. Ну, супакойся ж...

Пагладзіла па галаве цёмна-мяккаю рукою.

— Не плач, Марыська... Прагоняць, кажу табе...

— Хто ж прагоніць? — раптам сцішылася, як да нечага прыслухалася.— Іх повен вунь двор! Каб Косцік быў — ён прагнаў бы. Я гэта ведаю... А Косціка няма. Ён у сцяне. Яны замуравалі Косціка ў сцяну. Я чую, як ён енчыць і не можа вылезці...

— Палякаў прагоніць Чырвоная Армія,— сказала Тася.— Косцік і ўсе рабочыя памогуць Чырвонай Арміі. Яны разам і прагоняць. Я ж табе ўжо казала: на Парэцкім пляцы быў вывешаны чырвоны сцяг. Каб ты бачыла, як палякі спалохаліся? А калі пасыпаліся сярод натоўпу пракламацыі — палякі не ведалі, што рабіць! Яны аж дрыжаць, баяцца нашых рабочых і Чырвонай Арміі. Яны ўжо чуюць сваю пагібель...

Тася заўважыла: сказала пра чырвоны сцяг, намякнула аб пракламацыях — ярка загарэліся Марысіны вочы. Як сядзела на падлозе — заварушылася, ўстала.

— Пракламацыі...— праказала.— Пачакайце, пачакайце... Я цяпер ведаю, хто клеіў пракламацыі! Я ведаю! Косцік клеіў пракламацыі! — крыкнула, хапаючыся за Тасіны плечукі.— Ён мне казаў, што я не ўмею, а ён умее. Дык яны ў сцяну яго не замуравалі?!

— Вядома, што не замуравалі,— сказала Тася.— Яны не злавілі яго.

Марыся змоўкла. Тася гаварыла ёй — не чула. Была адна сама з сабою. Ухапілася за нітку ўспамінаў, калі некалі гаварыў Косцік аб пракламацыях. Трымалася аберуч за гэта слова, і ў ім быў яе ратунак. Выпусціць, згубіць слова, і нітка свядомасці абарвецца назаўсёды. Не хацела ні аб чым думаць. Раз за разам пераказвала «пракламацыі», каб не забыцца. Бо дзе гэта слова, там і Косцік.

Асцярожна зачыняючы дзверы, Тася выйшла з пакоя. Марыся і не чула. Села на ложку, падкурчыла ногі, то наперад, то назад вагалася і ўсё шаптала: «пракламацыі... пракламацыі...»

Яна верыла ў слова, у яго сілу. Гэта ж Косцікава слова! Ніхто яго не ведае, апрача Косціка! Там былі пракламацыі — там быў і Косцік. Яны не замуравалі Косціка ў сцяну... Ён казаў ёй праўду, што будзе расклейваць пракламацыі...

І, можа, дзве гадзіны сядзела ціхенька. Усё думала, думала...

А сонца было высока над бальніцай. Коса ўрываліся промні праз акно вузкага пакоя. Яны адбівалі на падлозе квадрат акна, пераплецены прэнтамі. Марысін позірк раптам спыніўся на гэтым узоры. От яна першы раз убачыла на падлозе белыя кветкі. Адна, другая, некалькі... Усе чатырохкантовыя. Яна ўскочыла з ложка і падышла да намаляваных плям. Спынілася, баялася ступіць нагою. Ёй уявілася: на падлозе не сонца, а нехта папраразаў наскрозь зямлі глыбокія дзіркі. Яны, як студні.

Хвіліну не адрывала вачэй. Прысела на кукішкі на краю сонечнага ўзора, асцярожна памацала рукой. Не дзіркі, а тая самая падлога! Яшчэ раз правяла рукою — упэўнілася. Узнялася і паспрабавала наступіць на белыя клеткі нагою. Яе цень засланіў палавіну малюнка...

— Гэта ж сонца...— мільганула ў яе розуме іскра свядомасці.— Гэта ж сонца! — праказала другі раз.

І ўсміхнулася наіўным, чыстым дзіцячым смехам. Нават засаромелася перад сабою. Тады нагнулася — хацела злавіць сонца. «Няхай не дражніцца...» А яно — на яе руках. Льецца з яе пальцаў, лашчыць, цалуе, грэе ўсмешкай сваёй белі.

— Чаму я адна?.. Чый гэта пакой?..

Густа заморгала вачыма, туга прыціснула павекі Нібы ад доўгага сну кулакамі працірала вочы.

Да яе з’явілася памяць. Як скрозь сон успомніла:

Яна — арыштаваная... У яе пыталіся, дзе жыве Фіма... Ці яна сказала дзе, ці не сказала?.. Не, не! яна не магла сказаць! Яе арыштавалі за шынель... Чый шынель? Натка... шынель камандзіра... Яна цяпер усё ўспомніла...

«А дзе ж Косцік?..»

Старалася прыгадаць, дзе дзеўся Косцік. Ці яе адну арыштавалі, ці з Косцікам? Не! Яна цяпер усё чысценька памятае: яе адну.

«Дзе ж Косцік? Хто ў гэтым доме? Гэта ж «Белы Дом»...»

Ёй так хочацца есці... Дзе тутэйшыя людзі? Яна пастукае ў дзверы, каб далі хоць кавалачак хлеба...

Падышла да дзвярэй і злёгку пастукала. Адразу пачула крокі. Спалохалася і адскочыла ад дзвярэй.

«Нашто я стукала?»

Яна ўспомніла жандараў. Перад яе вачыма паўстала выразная постаць каменданта. Яго маленькія падпухлыя вочы. Калматыя бровы і такія самыя вусы Яны ашчаціненыя, прыклееныя. Камендант з расшпіленым фрэнчам на ўсе гузікі. Пад фрэнчам шаўковая цельная сарочка. Ліпкая, нібы скура гадзюкі... Дакраналася пальцамі да гэтай скуры — паапякала пупышкі пальцаў...

Замок у дзвярах дзынкнуў, і дзверы адчыніліся Марыся не паверыла вачам: перад ёю пажылая жанчына ў белым халаце. Першы раз бачыць яе! А жанчына, як даўно з ёю знаёмая:

— Ты, Марыська, мяне звала? Ты спала, мусіць, што ў цябе было ціха? Маладзец... Ты пойдзеш зараз пад душ... Добра?

— Хто ж вы? — запытала Марыся. Не зразумела адкуль узялася гэта добрая жанчына. Яна гаворыць з ёю, як родная матка са сваім малым дзіцем.

Жанчына супуцілася. Не чакала такога пытання

— Я... хіба ж ты мяне не пазнала? — запытала жанчына.— Я твая нянька Тася. Мы з табою даўнія знаёмыя...

— Я вас не ведаю...— цвяроза праказала Марыся.— У мяне ніколі не было нянькі... Скажыце, цётачка, у каго гэта я?

Тася радасна ўсміхнулася. Ведала, што бываюць хвіліны — хворы гаворыць як і трэба. Некаторыя так разумна гавораць — ніхто не дасць веры яго хваробе. Памятае, быў адзін буйнахворы (яшчэ да вайны). У адзін дзень да яго раптам вярнуўся розум.

— Я ачуняў,— сказаў ён доктару.— Выпішыце мяне. Я ведаю, што вам усе хворыя кажуць «я не хворы». Вы мне не даеце веры, але я прашу — паверце мне!

Доктар выпісаў яго толькі праз месяц — правяраў. Ён і сам разумеў:

— Праверце, калі ласка, я не прашуся, каб ужо сёння і выпісалі. Я ведаю: такім людзям на слова не вераць.

І як трэба — расказваў аб сваім жыцці, аб сям'і, ад чаго захварэў. Яго выпісалі пад вечар, а ўночы прывезлі назад. Ён ізноў быў буйнахворым. Доктар сказаў, што ад вялікай радасці. Пасля гэтай хваробы чалавек нібы нараджаецца на свет другі раз. Ён памятае першае нараджэнне, і гэта вельмі цяжка.

Тася вунь як узрадавалася, што да Марысі вярнулася прытомнасць! Толькі ці надоўга? Але як ні было б — гэта вельмі дорага. Тася хацела, каб хутчэй сказаць доктару. Нават кранулася, тупала на месцы. На Марысіна запытанне — у каго яна — не адказала. Схавала ад Марысі яе хваробу. Сказала, што яе прывезлі ў бальніцу з высокай тэмпературай.

— Ты, пэўна, недзе прастудзілася,— як нічога не было сказала Тася.

Марыся не змаўчала:

— Вы мне, цётачка, маніце,— сказала,— гэта ж не бальніца, а турма. Я ж ведаю, што я арыштаваная... Вунь жа і краты на акне.

— За што ж цябе арыштавалі? — зацікавілася Тася. Ёй увесь час рупіла, за што маглі арыштаваць гэту дзяўчынку. Што яна магла белапалякам зрабіць? Ды яшчэ пад якім наглядам яе трымаюць! За яе адказвае перад жандарамі назірачы бальніцы. Глядзіць як свайго вока (ён сляпы на адно вока. Таму здаровае вока, калі сонца ці ярка гарыць электрычнасць, заўсёды засланяе далоняю). У бальніцы, праўда, не яна адна. Як прыйшлі белапалякі, у бальніцу прывезлі, бадай, чалавек пятнаццаць. Сярод іх розныя: і ціхія, і буйныя. І ўсе яны арыштаваныя. Але з жанчын яна адна. Кожны дзень «аднавокі» сам правярае арыштаваных. А пры дзвярах з двара дзень і ноч стаіць вартавы паліцыянт. Ні сюды, ні туды не пускае без пропуска.

— У мяне адзін брат,— даведалася Тася ад Марысі,— ён у Чырвонай Арміі. Мяне арыштавалі — чаму брат служыць чырвоным.

Не сказала сястры Тасі, што арыштавана за камандзіра. Памятала, гэта ж вялікі сакрэт! Уся яе пакута за яго!

Яна забылася, як прыходзіў ён у «Белы Дом». Страціла тады прытомнасць, і ёй уявілася, што сніла яго. А пра Фіму расказала.

Калі Тася пачула, што жандары даходзілі таксама прозвішча яе знаёмага, ціснулі пальцы,— яна ўздрыганулася. Гэта быў ледзь прыкметны штуршок, каб прыгадаць тое, чаго не магла прыгадаць дагэтуль. Перад Тасінымі вачыма чамусьці паўстаў чалавек, які прыходзіў праведаць Марысю. З першага разу, як прыходзіў, падумала: «Я недзе яго бачыла?..» Потым асвойталася, забылася. Магла ж спаткаць чалавека адзін раз, другі на вуліцы і памятаць твар, як знаёмага. А пачула ад Марысі пра такі жудасны здзек, прыйшло на ўспамін.

Гэта ж ён паламаў ды патаптаў нагамі чырвоны сцяжок яе сына Лёшкі! Таксама прыціснуў тады дзіцяці пальчык... Дзіця ледзь не зайшлося ад плачу... Убачыла праз акно і выбегла на двор. Гэта ж яго хударлява-завостраны твар і скураная тужурка...

Карзюку ў той дзень не давялося пабачыць Марысю. Не было пропуска. Ішоў сваім адумам, вартавы паліцыянт не прапусціў. Ён астыў ад празмернага парыву і прыйшоў праз тыдзень. Трапіў якраз на Тасіна дзяжурства.

Надзіва от што: чаму ён, як «радня», нічога не прыносіць гэтай дзяўчынцы? А гэта яго злоснае запытанне: «Калі ж, урэшце, можна будзе з ёю гаварыць?» Хіба «радня» прыходзіць да хворай з такім клопатам? Ды ізноў жа: нікога, апрача яго, да арыштаваных не пускаюць.

— Што ён за чалавек?..

Тася ўздыхнула поўнымі грудзьмі: «Не разбярэш, што робіцца...»

— Мая ж ты галубка,— сказала,— якая ты гаротная!

Марыся не разумела, што не адно шкадаванне добрай, ласкавай жанчыны ў гэтых словах. Тасю ахапіла другая трывога. Што будзе?! Хутка прыйдзе доктар і запіша: «мінуўся прыпадак». А Тасі скажа: «Дзяўчыне патрэбен абсалютны спакой. Няхай спіць». Потым будзе праверка. «Аднавокі» будзе з Марысяю гаварыць. Гэта ж яго служба! А тады ў паліцыю: «Яна загаварыла». Ды і доктар Вярбіцкі скажа: «Ёсць надзея». Яму трэба сказаць для сваёй славы: ён вылечыў! Ізноў будзе катаванне да беспрытомнасці...

— Ты, Марыська, ні з кім не гавары,— раптам параіла Тася.— Прыйдзе доктар, будзе пытаць, ты — як нямая. Бо цябе ізноў забяруць у «Белы Дом». Яны чакаюць, каб ты толькі ачуняла. Кожны дзень прыходзяць у проведы.

Марыся разумела Тасіну параду няясна. «Чаму не гаварыць? Як жа гэта?» Тася бачыла яе здзіўленне — з асцярогаю растлумачыла:

— Яны самі дурныя. Яны думаюць, што ты здурнела. Прыслалі цябе ў гэту бальніцу, каб вылечыць. А ты ж як і трэба,— разумная. Дык ты прытварайся перад імі, а яны хай дурнямі застануцца. Абы цябе не забралі. Хутка нашы пратураць іх аж за дзесятую гару, і ты пасмяешся над гэтымі «разумнымі». Вось што!

Сказала і баялася, каб Марыся не спалохалася. Ізноў гатова адкінуць хваробу назад.

Гаварыла і не верыла ў сваю выдумку. А што магла больш прыдумаць, каб вырваць з драпежных кабдзюроў гэта маладое жыццё? Яна ж і сама пад іх воляю.

* * *

Сцёпа не чакаў заўтрашняга дня. Не выйшаў, а выбег з Мальвінінай вечарынкі. І адразу да Фімы. Ішоў і разважаў: «Што натварылі... ай-ай! Якая яна цяпер? Ці пазнала б мяне? Кажуць, такія не пазнаюць нават сваіх бацькоў. Каб гэта ведаў Косцік... Дзе ён? Што сказаў бы ёй, каб запытала пра Косціка? А яна адразу запытала б. Мне крышачку страшна... Што яна сама сабе гаворыць? Чаго нарабілі гэтыя звяры...»

Калі пастукаў да Фімы — той клаўся спаць.

— Марыська ў вар’яцкім доме! — сказаў на парозе кватэры.

Фіма злякнуўся.

— Адкуль ты ведаеш?

Сцёпа расказаў, як было.

— Я пэўна не скажу,— гаварыў,— толькі гэта — факт! Мальвіна так і сказала: «камсамолка сышла з розуму». Хто ж другі? Ты ж усіх ведаеш...

Фіму дзівіла слова «камсамолка». Адкуль ведае Рытвінскі, што камсамолка? Няўжо сазналася на допытах? Тады і пра другіх магла сказаць? Але Фіма ўспомніў: напэўна, сказаў шпіён.

— Трэба схадзіць у бальніцу,— сказаў Сцёпа.— От яна ўзрадуецца...

— Дзівак! — з горкаю ўсмешкаю пераняў Фіма.— Як жа яна табе «ўзрадуецца», калі ёй цяпер усё роўна. Яна ж не пазнае цябе...

— А я мяркую, што пазнае...— апраўдаў Сцёпа свой сорам перад Фімам.— Я сказаў бы ёй: гэта ж, Марыська, я, я!.. Як жа не пазнае свайго блізкага!

— Гледзячы, канешне, якая беспрытомнасць,— згадзіўся Фіма.— Але такія найбольш не пазнаюць... І ў бальніцу да яе цяпер няма чаго ісці...— задуменна скончыў Фіма.— Ёй цяпер, кажу, усё роўна...

Ад такіх слоў Сцёпу было цяжка. Чаму няма чаго ісці? Фіма сам дзівак. Да такога, да такога хворага чалавека! «Няма чаго ісці...» А Сцёпа, можа, ціхенька сходзіць. Тут нічога такога: прыйшоў праведаць сваю знаёмую...

— Яна цяпер, паколькі такая хворая, не арыштаваная?..— запытаў Сцёпа.

І нават не запытаў, бо ён сам ведае. Толькі няхай што яму скажа Фіма?

— То-та ж бо, што арыштаваная! — сказаў Фіма.

Для Сцёпы было гора. Ісці сваім адумам нельга. Будзе тое самае, як з тымі пракламацыямі.

Сцёпа пайшоў дадому, а Фіма яшчэ доўга не мог заснуць.

І сапраўды трэба было праведаць... Можа, яшчэ не яна? А калі яна — якое тады ў яго чалавечае сумленне? Фіма добра разумее, што ісці небяспечна. Трэба браць у камендатуры дазвол. Сярод жандараў можна выклікаць падазронасць. І ёй не дапаможаш, і сабе нашкодзіш. От каб быў Дзядзька... Некалькі дзён, як Дзядзька выехаў у цэнтр — няма з кім параіцца.

«Прыедзе,— вырашыў Фіма,— тады паглядзім... можа, што і прыдумаем».

А назаўтра спаткаўся з Клаваю. Яна выслухала навіну, сказала:

— Я схаджу сама... Як жанчына да жанчыны, і нічога. Магу сказаць: я яе сяброўка або дваюрадная сястра. Занясу, разумеецца, падачу... Хіба толькі не дадуць дазволу? Але нават цікава і тое, што скажа камендатура? Могуць сказаць — яе там няма. Могуць запытаць, адкуль я даведалася...

Ні Клава, ні Фіма не ведалі, як цяжка атрымаць дазвол, каб пабачыцца з арыштаваным! Пакуль дазволяць — перабяруць усе твае костачкі: хто ты, які ты, чаму ты, а не другі? І вачыма пранізваюць цябе наскрозь.

Клава пайшла ў камендатуру на другі дзень. Нават не ведаючы жандарскіх парадкаў, здзівілася: ёй выпісалі пропуск і не запыталі нават дакументаў. Толькі той, што выпісваў, як даваў у рукі паперку, сказаў:

— Пшэпустка важна ест до годзіны чвартэй.

І ўсё. Клава адразу і пайшла. Дадому не заходзіла. Па дарозе купіла французскую булку, фунт галандскага сыру і фунт цукерак «малютка». Выйшла на Памеранцавую вуліцу — нібы нешта адарвалася ўсярэдзіне: наперадзе, на другім баку тратуара ішоў чалавек. Ён вельмі спяшаўся, а потым быў ізноў недалёка ад яе.

«Мала які чалавек...— апраўдвала свой спалох.— Я ж маю дазвол...»

Рассеяла сваю думку зусім нечаканым спатканнем у бальніцы. Паліцыянт прапусціў Клаву і правёў яе доўгім позіркам.

«Пенкная...» — падумаў.

Ішла доўгім калідорам, разглядала паабапал.

«Дзе каго ўбачыць... у каторым пакоі?..»

У канцы калідора спаткалася з Тасяй. Яна выйшла з пакоя № 6. Зачыніла за сабою дзверы, і не відаць, хто там.

Клава не пазнала Тасі. Спынілася, праказала:

— Я да хворай... Дзе тут, калі ласка, Марыся Суравец?

Тася замыкала дзверы, адказала, стоячы плячмі да Клавы:

— Суравец... Да яе нікога не пускаем. Яна зусім хворая... , ,

Замкнула дзверы, адвярнулася, узняла вочы.

— Клаўдзя!..— ускрыкнула, стрымаўшы момант разгубленасці.— Адкуль вы, мая сястрыца, узяліся...

Клаўдзя супуцілася. І толькі, бадай, праз хвіліну прыгадала: гэта ж Тася Хлябніцкая! Яе даўняя знаёмая. Зямлячка. Вёска Курганы побач з вёскаю Макавейка. Тася з Макавейкі, а яна з Курганоў. Тася выйшла замуж за чыгуначніка. З таго часу не бачыліся. Клава была тады ў Макавейцы настаўніцай.

— Дзе спаткаліся...— усміхнулася Клава.— Нечаканасць. Ніколі не падумала, што тут працуеце. Як жа вы...

Ад радасці Тася пацалавалася.

— Колькі гадоў як не бачыліся! Гадоў, бадай, дзесяць...

— Будзе, калі не больш... Трэба ж... Дык вы да Суравец... да Марыські? Як жа вас прапусцілі? — адкрыта запытала Тася.— Тут вельмі строга... Да такіх хворых нікога не пускаюць.

— Маўчыце...— сцішыла Клава голас.— Мне гэта дорага каштуе...

Яна не сказала, што за ёю, мабыць, ішоў шпіён, а запытала:

— Скажэце, што з таварышам Суравец?

Тася павяла Клаву ў свой дзяжурны пакойчык. Нікога не было ў пакойчыку. Шэптам, кароткімі словамі перадала, што з Марыськай:

— Я ёй цвёрда, цвёрда прыказала: маўчы! Хто б ні пытаў — маўчы! Яна і слухаецца. Доктар заходзіць, пытае — маўчыць. Сядзіць насупістая на ложку, як ваўчок. Доктар кажа: «Яна ідзе на папраўку. Пачынае цверазець». Я не ведаю, што рабіць? Божа барані, пачнуць біць — загаворыць...

У Клавы пашэрхла скура. Разгубілася — не ведала, што сказаць. А трэба нейкі ратунак! Каб уцякла? Як уцячы? Кругом бальніцы высокі мураваны паркан. На паркане — востра калючыя прэнцікі. З дзвярэй без пропуска не выйдзеш. Заўсёды тыя самыя паліцыянты. Кожнага ведаюць у твар. І ўсё адно паказвай пропуск. Уцячы вельмі цяжка.

— Да яе ўжо тры разы таксама прыходзіў чалавек,— сказала Тася.— Ён кажа — яе радня. Я ёй нічога не казала. Баюся, каб не расчулілася. Ёй няможна хвалявацца.

— Які чалавек? — запытала Клава.

— Не ведаю... Ён усё злуецца, чаму не прыходзіць яна да розуму. Мне так думаецца — ён ніякая не радня. Каб радня — хоць што прынёс бы. Прыходзіць заўсёды з голымі рукамі.

— А што яна, калі прыходзіць ён?

— Яна толькі ў той дзень, як быў апошні раз ды пайшоў, прыйшла да сябе. Яна і не памятае: ці хто прыходзіў, ці не. А я гэтага чалавека цяпер пазнала. У той дзень, як вывесілі на слупе чырвоны сцяг — памятаеце?..— І Тася расказала, якое было здарэнне з яе сынам.

— Я цяпер усё разумею,— сказала Клава.— Гэты чалавек — дэфензіўшчык, шпік. Я ведаю яго. Ён скалечыў жыццё гэтай дзяўчыны. Яна пакутуе праз яго. І яна гэтага не ведае! Ён прыходзіў, каб выведаць падпольную арганізацыю — тых людзей, хто вывесіў сцяг. Самае страшнае — яна нічога не ведае! Нешта трэба рабіць...

Яна змоўкла. На сцяне цікаў гадзіннік. На шыбе бумкала зімняя муха. Муха напамінала аб вясне... у суседнім пакоі нехта раптам пастукаў у дзверы...

— Вас, мусіць...

— Не... Гэта ў мужчынскім пакоі.

— Трэба асцярожна толькі сказаць ёй,— вярнулася Клава да абарванай гаворкі.— Асцярожна... Вы ведаеце як. Я не пайду да яе. Яна мяне ўсё адно не ведае. Што трэба было — вы мне сказалі. А вы скажыце ёй: той камандзір, якога яна пераапранула,— шпіён. Прыйдзе ён, няхай таксама маўчыць. Вы добра прыдумалі. Я пагавару з кім-небудзь. Можа, што зробім... Вы дайце мне свой адрас. Я зайду да вас.

На развітанні Клава папрасіла:

— Нікому не кажыце, што мы з вамі знаёмыя. Я вас не ведаю, а вы мяне. Не паказвайце нават выгляду.

Клава выйшла з бальніцы і падумала: «Я не памылілася». Яе «праваднік» стаяў на рагу вуліцы. Ён быў вельмі нахабны: нават не хаваў сябе, каб не заўважыла.

Яна пайшла проста Памеранцавай вуліцай, і ён — як нічога не было — крануўся за ёю па другім баку тратуара.

 

Раздзел трэці

Косцік пераступіў парог таго самага пакоя, дзе быў першы допыт Марысі. Два канвойных жандары засталіся за дзвярмі. У пакой зайшоў разам з Косцікам капрал Сікірыцкі. Ён зайшоў, скінуў шынель, павесіў на вешалцы каля дзвярэй. Дастаў з кішэнькі фрэнча чорны грабеньчык, прычасаўся перад люстэркам і да Косціка:

— Будзьце як дома... Распранайцеся... Нам зараз пададуць полудзень...

Косцік нічога не разумеў. Стаяў каля парога, лыпаў вачыма і сам сабе думаў:

«Які полудзень?.. Што ён кажа?..»

А Сікірыцкі схіліў галаву ў бок ад люстэрка — глядзеў цераз акно. На памяць папраўляў грабеньчыкам расчэсаны радок на галаве, гаварыў не то сам сабе, не то сабе і Косціку.

— Сягоння нядрэннае надвор’е... Веснавы дзень... Вясна — чалавечая маладосць... Вясною чалавечая кроў, сказаў нейкі паэт, як разліў паводкі. І гэта праўда. Паводка бушуе, і кроў бушуе... Нават у старога чалавека — прыйдзе вясна — цячэ маладая кроў... Чаго ж вы...— азірнуўся раптам на Косціка. І затыкаючы грабеньчык у кішэньку фрэнча: — распяразвайцеся...

Косцік і сам не ведаў, што яму рабіць. Расперазаўся, трымаў папругу ў руках... А Сікірыцкі, падыходзячы да яго:

— О-о, якая папруга! Мікалаеўская... Цікава! Пакажэце...— узяў з Косцікавых рук.— Моцная спражка. З мосенжу. Колькі вы заплацілі?

Не чакаў адказу, колькі каштуе папруга. Аддаючы ў рукі, праказаў:

— Такіх цяпер не робяць... Няма Мікалая...— і пайшоў да стала.

У Косціка падскочыла на самога сябе злосць. Навошта ён расперазваўся, нашто даваў у рукі папругу! Жандар відавочна строіць з яго кпінкі! Яны ж яго прывялі на допыт. Нашто яму жандарскія «спевы» аб вясне?!

Каб хоць чым патушыць сваю злосць, дапячы жандару за насмешкі, ён да яго наўздагон:

— Чаму, кажаце, няма Мікалая? Ёсць Мікалай!

— Што вы! — сядаючы за сталом на крэсла, усміхнуўся Сікірыцкі.— Яго ж расстралялі бальшавікі...

— Дык сыны яго засталіся... а гэта ўсё роўна!

— У яго быў адзін сын,— не хацеў разумець капрал,— хіба вы не ведаеце? І сына бальшавікі расстралялі. Яны як дарвуцца — не прамахнуцца!

— Гэта то праўда, што не прамахнуцца! — чмыхнуў Косцік у нос, задаволены сваім адказам.— А сыны Мікалаевы — усе жандары!

Сікірыцкі прымушана ўсміхнуўся і не ўзвышаючы тону:

— Давайце пагаворым... Сядайце! Чаго ж вы стаіце? Некалі, як быў я ў гімназіі... Дык што ж мы на сухую... Пачакайце,— узняўся з крэсла.— Я закажу полудзень...

Гаварыў Сікірыцкі «што ж мы на сухую» — меркаваў весці за абедам з Косцікам такую бяседу:

«Мы ўдвух. Нас ніхто не бачыць, не чуе. Давай будзем гаварыць як старыя дружакі. Выбачай, што я на «ты». Скажы, мой пане, нашто табе гэта пакута? Га? Скажы, дзе той арганізатар, дзе падпольны штаб — і ўсё будзе шыта-крыта. Хто дазнаецца, ці ты сказаў, ці не ты? Арыштаваных у нас колькі хочаш! Мала хто сказаў. Урэшце, мы аднымі казаламі не жывем. Мы і самі што-кольвек ведаем. А цябе адразу выпусцім. Не захочаш, каб на цябе падала падазронасць — дазваляем застацца ў нас. Табе будзе ў нас, як на цёплых водах! З тваёй галавы не спадзе нават волас. Ты хлапец малады. Табе хочацца добра жыць, апрануцца як трэба, і сёе-тое. Нябось дзяўчыну маеш. Каханне, што ні кажы, патрабуе хараства. Ды, урэшце, мне таксама не патрэбны бальшавікі. Я, можа, сам бальшавік. А калі ты папаўся — раскажы, што ведаеш. Усё адно нідзе не дзенешся. Скажаш — табе карысць, а начальству прыемнасць. Начальства любіць праўду. Я табе проста жадаю дабра».

Але капралу не давялося гаварыць свайго задуманага маналогу. Сказаў капрал «я закажу полудзень», Косцік аж узгарэўся, ускрыкнуў:

— Не трэба! Я не буду... я не хачу есці!..

Так ускрыкнуў, нібы яму на абед падавалі атруту. Ён урэшце зразумеў: допыт пачаўся, як пераступіў ён парог гэтага пакоя. Дык навошта над ім скрытны здзек?

Капрал спыніўся каля стала, а Косцік зусім спакойна (каб мацнейшымі былі яго словы):

— Скажыце, афіцэр,— пераступаючы з адной нагі на другую, загаварыў Косцік,— скажыце, нашто гэта камедыянства? Вы вельмі смешны! Вас каб у цырку паставіць, скажам... Вы смешны і мізэрны. Я сказаў бы — халуй! Не мой халуй — мне яны не патрэбны, а халуй вашага панства. Гаварыце, чаго вам ад мяне трэба? — раздражнёным тонам скончыў Косцік.

Косцік яшчэ не быў у жандарскай апале. Не ведаў дэфензіўскай натуры. Злавіў яго Карзюк на вуліцы, як тую птушку, пасадзілі ў «Белы Дом», як у залатую клетку, чакаў сабе допыту і думаў:

«Я нагавару, аж горка будзе ім! Я не буду прасіцца ў іх, кленчыць перад імі. Няхай сабе расстраляюць нават...»

Не адчуваў да канца самога слова «расстрэл». Яно было штодзённае, такое, як і ўсе. Яго маладое жыццё проста не верыла, не знала і знаць не хацела гэтага слова.

А капрала, відаць, вельмі пакрыўдзіла слова «халуй». Каб не яно — яшчэ забаўляўся б Косцікам, як кацянё мышанём. Зачапіў яго падафіцэрскі гонар, не стрываў, грукнуў кулаком па стале.

— Мільч!.. балынавіцка морда!..— пераходзячы на польскую мову, учарнеў ад злосці.— Я з табою яшчэ пагавару...— быстра пайшоў ад стала і моцна бразнуў дзвярыма.

Так і не папалуднаваў Косцік з капралам. Давялося падперазацца і ісці на «другую кватэру». Перад выхадам у Косціка яшчэ запытаў падпаручнік Закрэўскі:

— Ці ты скажаш, ці не? Вырашай! Нашто цяганіна? Мы пусцім цябе на ўсе чатыры бакі. Дадзім дакументы — цябе ніхто не кране пальцам. Дзе жыве Фіма, гэты жыд? Як яго прозвішча?

Каб дапячы падпаручніку, Косцік адказаў, бадай, як і капралу. Толькі больш далікатна.

— Фіма...— падумаў Косцік.— А хто яго ведае, У горадзе Фімаў многа.

— Бальшавіцкі арганізатар, падпольшчык! — ускрыкнуў Закрэўскі.— Не трэба дурня строіць!

— Падпольшчык...— укурнуўшы галаву, пераказаў Косцік,— калі ён падпольшчык, то жыве ў падполлі. Я кожны дзень думаю пра падпольшчыкаў. Яны добрыя лю...

Косцік не скончыў. З усяго размаху Закрэўскі ўдарыў кулаком у пярэднія Косцікавы зубы. У роце адразу сабралася многа сліны. І яна густая, салёная. Выплюнуў і не бачыў, якая сліна. Яго ўзялі, павялі — не бачыў, куды ідзе. З носа і з рота ішла кроў.

А слёз на твары не было. І боль не такі ўжо вялікі. Што значыць сказаць добрае слова! Яно, слова, мацнейшы боль! А кулак афіцэра...

«Мусіць, выбіў зуб...— падумаў Косцік, ідучы некуды зверху ўніз.— Язык вольна пралазіць у нейкую шчыліну...»

Як ні дзіўна, Косціка вялі на допыты па старшынству начальства: ад капрала Сікірыцкага да паручніка Рытвінскага. Можа, меркавалі, што з малодшым начальствам будзе смялейшы, а можа, вывучалі яго натуру?

Калі сышоў уніз, перад ім быў халодна-ледзяны пакой. На крэсле сядзеў чалавек у паліто з лісавым каўняром. Косцік зірнуў на чалавека, на пакой, і яму прыйшло на ўспамін: не так даўно ён чытаў кніжку пра канцлера царыцы Аанны Іоанаўны — Вірона. У кніжцы апісан такі самы пакой. І чалавек гэты ў паліто падобны на галоўнага ў кніжцы героя Бірона. Хто не прызнаваўся, што ён ведае — Бірон браў такога чалавека «на дыбу». Чалавека падвешвалі за рукі, як мясную тушу, і машына павольна выкручвала яго косці. Прызнаваўся чалавек — машына адпускала надломленае цела. Не ведаў нічога або маўчаў — паміраў з выкручанымі касцямі, з адарванымі рукамі.

Косцік нават пашукаў вачыма, дзе стаіць такая машына, а потым успомніў: у «Тайнай канцылярыі Бірона» чалавека садзілі на крэсла, недзе на нешта націскалі, і чалавек з крэслам апускаўся ў падзямелле. А сюды яго прывялі... (Можа, яны не паспелі яшчэ абсталяваць пакой, які быў у часы Бірона?)

Косцік уздрыгануўся. Чалавек у паліто (Рытвінскі) паварушыўся на крэсле, лепш усеўся. Два жандары сталі паабапал Косціка. Трэці, з бародаўкаю на шчацэ, крышачку наперадзе. Хвіліну аглядаў Рытвінскі Косціка спадылба. Трымаў на жываце пераплёт пальцаў, то сюды, то туды адзін наўкол другога круціў вялікімі пальцамі ды:

— Ну-у... Скажаш?

Косцік маўчаў. Тады Рытвінскі злёгку кіўнуў галавою да жандараў.

І не паспеў Косцік апамятацца, як і адкуль дзве дубовыя «шчакі» шчыльна ахапілі два яго пальцы, сціснулі іх...

— А-а-а...— вырваўся крык і заглух у муры падзямелля.

— Скажаш? — пачуў Косцік глухі голас. А на пупышках пальцаў кроў, як пот.

— Скажу...— прахрыпеў Косцік (калі б ведаў, што Марысіны пальцы былі ў гэтым варштаце!..).

І адразу недзе глыбока ўнутры разлілася млявасць. Яна такая ціхая, гарачая... У роце ад гарачыні ўсё высахла.

— Піць...— ледзь праказаў, абапіраючыся на руку жандара, што з бародаўкаю на шчацэ. А другая рука звісла да зямлі. З балючых пальцаў на халодны цэмент капала маленькімі кроплямі бардовая кроў. Яна запякалася пад разарванай скурай пупышкаў, капала штораз меншымі кроплямі.

— Завярніце пальцы,— праглынуўшы глыток вады, пачуў Косцік голас чалавека з лісавым каўняром.— Мне цябе шкода,— гаварыў Рытвінскі,— думаеш, мне не баліць? Сказаў бы адразу, і не было б непрыемнасці. Дайце яму шклянку віна! — загадаў Рытвінскі жандарам.— Пальцы — яны загояцца. Ды гэта ж левая рука, а не правая. Я не такі чалавек, як ты мысліш... Выпі віно!

Ад гэтых слоў тая самая пакута. І яшчэ большая. Не мог сцярпець. Каб заглушыць боль і паверыць у сваю цярплівасць, ён крыкнуў надарваным крыкам на ўвесь халодна-ледзяны пакой:

— Не скажу!.. Я не скажу-у!.. Забіце!..

Рытвінскі затросся асінавым лістам. Вочы яго наліліся драпежнаю лютасцю. Ён узняўся з крэсла і падышоў да Косціка.

— Не скажаш!..— прашыпеў падкалоднай вужакай. І ўсім размахам хударлявай рукі ўдарыў па твары.

Косцік пахіснуўся. Ледзь не рынуўся на цэментаваную падлогу. Але жандар з маленькімі шэрымі вачыма падтрымаў яго, падхапіў пад пахі. Паставіў, як збітую мішэнь, на сваё месца. Тады другі жандар ударыў з правага боку. Косцік не застоеўся. Ён грымнуўся на халодны цэмент пад Рытвінскага ногі. Кідаўся, незнарок хапіўся пальцамі за халяву афіцэрскага бота. Гэта, відаць, раздражніла Рытвінскага. З новым асцервянелым парывам Рытвінскі размахнуўся, ударыў наском бота Косціку ў жывот. Вырваўся глухі стогн, і Косцік змоўк. (Рытвінскі лучыў ботам па ўздыхавіне — заняло духі.)

— Паглядзіце, каб не здох...— выціраючы рукі белаю баціставаю хустачкаю, праказаў Рытвінскі.

Жандар з бародаўкаю на твары нахінуўся над Косцікам, алоўкам расчапіў яго зубы. А той, што збіў з ног (рослы, з тоўстымі валасатымі пальцамі), уліў у рот паўшклянкі віна (пад рукамі не было вады).

Косцік лыпнуў вачыма. З грудзей вырваўся хрыплы ўздых. Жандары паднялі з зямлі яго вялае цела. Паставілі на ногі, і віно, змешанае з кроўю, вылівалася з рота. Яно пацякло па світцы Насцінага мужа. Некалькі кропель трапіла аж на мікалаеўскую спражку — на кабдзюры арла...

* * *

У камеры разам з Косцікам сядзеў жандар. Камера прасторная, але без акон. Яна і не камера, а сутарэнне. Тут, можа, быў некалі турэмны склад. Замест акон ледзь свяціліся надземныя аддушыны. У сутарэнне праз аддушыны сачылася крышачку святло і паветра. Падлога — такая самая цэментавая. Дзе-нідзе цэмент павышчэрбліваўся, і зямля з-пад яго зусім жывая, вільготная. Вельмі глыбока нехта выкапаў сутарэнне, што зямля роўна са столлю. Веснавою паводкаю праз цэментавыя шчыліны можа прасачыцца вада...

— Ізноў спіш?..— звярнуўся жандар да Косціка.— Чуеш?

Косцік чуў і не мог расплюшчыць вачэй. Яны зліпаліся самі, без яго волі. Так хацелася спаць... Каб яго ніхто не чапаў, колькі мог бы спаць? — цэлы тыдзень!

Ужо чацвёртыя суткі, як адзін за другім змяняюцца жандары. Яны вартуюць Косціка, каб не спаў. У першыя суткі, калі заплюшчваў вочы, жандары трэслі яго за плечы, падымалі з цэментавай падлогі. І гэта — нічога. Ён мог бы спаць на жандарскіх руках. Яму ўсё роўна. Але Косціка пачалі абліваць халоднай вадой. Ускрыкваў, расплюшчваў вочы, абціраў далонямі мокры твар.

— Прозвішча?! — пытаў жандар, абы Косцік самгнуў вокам.

Рытвінскі загадаў выведаць, не даючы спаць. Нават будзе лаяцца — не біць вельмі. Рытвінскі баяўся, каб не забіць Косціка без пары. Што ж сабе ні было, трэба даведацца, хто раскідае «бальшавіцкую атруту», хто пусціў пад адкос цэлы эшалон? Гэтымі днямі ізноў раззброілі двух жандараў. І зусім каля гарадка! На тым тыдні падпалілі маёнтак пані Сіцінскай. Не збаяліся нават, што каля пані была варта. Ды ў самім гарадку, на станцыі, у мяшках з жытам жандары знайшлі пракламацыі... Нехта ўночы наклеіў пракламацыі на дзвярах каменданта Векерта! З’явіліся пракламацыі сярод польскіх салдат. Некаторыя салдаты пачынаюць хаваць пракламацыі ад афіцэраў. Яны вераць у тое, што там напісана. Дэфензіва арыштавала семярых падазроных. Не прызнаюцца. Кажуць, нехта па злосці падкінуў. Яны не ведалі, не зналі, што ў кішэнях атрутныя паперкі.

Рытвінскі скрыгаў зубамі. У каменданта Векерта балела сэрца. А палкоўнік акруговага этапа званіў і пісаў:

«Знайсці бальшавіцкіх главароў! Расстраляць перад усім горадам! Павялічыць штат Р.Р.Р.!»

Штат шпікаў быў павялічан, ды толькі «главары» не знойдзены. От перад Рытвінскім Бранявіцкі. Можна расстраляць на вачах горада. Але Рытвінскі хоча, каб ён сказаў, дзе «главары». У яго нутры ляжыць ключ ад бальшавіцкага падполля. Трэба дастаць гэты ключ што б там ні было! І жандары вось ужо чацвёртыя суткі...

— Ізноў спіш?..

Такія словы для Косціка — кроплі вады, якімі мучылі Сценьку Разіна. Скажа жандар — і слова працінае наскрозь усё нутро. Яно, як нож, як агонь! Цела ад яго ўздрыгвае, драцянее.

— Прозвішча?!

Косцік збірае апошнюю сілу, лыпае вачыма. Вытрэшчвае перад жандарам зрэнкі: няхай бачыць ён незаплюшчаныя Косцікавы вочы.

— Не сплю...— мармыча сухімі вуснамі, дрыжыць, каб хаця не заплюшчыліся.

Сёння пад раніцу, калі жандар лінуў яму ў твар халоднай вады, ён не адплюшчыў вачэй.

«Няхай лье...— недзе глыбока плавала млявая думка.— Няхай сабе лье...»

Косціку было ўсё роўна. Але праз хвіліну ён ускрыкнуў і працёр кулакамі мокры твар. Недзе ў ноздрах і аж да горла (здаецца, праз усю галаву) пякло пякучым агнём. З вачэй жмуткамі сыпаліся іскры. Пачаў чхаць, і ў роце — салёная вада. Жандар наліў Косціку ў нос спрынцоўкай салёнага рошчыну. Да поўдня не мог апамятацца ад пякучага болю. Соль раз’ядала мяккі храсток ноздраў, шчакатала горла. Вось чаму так палохаўся жандарскага голасу.

— Не сплю...— раз-поразу шаптаў цяпер гарачымі вуснамі. Жандар быў узняўся з табурэткі ды ізноў сеў. Цьмянымі сваімі вачыма Косцік заўважыў: другі жандар. Напэўна, толькі што прыйшла змена.

— Не сплю...

Ах, каб мог гаварыць Косцік гэта слова сплючы! Жандар думаў бы, што не спіць, а ён выспаўся б!.. Або няхай бы спалі людзі з незаплюшчанымі вачыма...

І не ведае, што ж гэта такое? Яму не хочацца спаць ні кропелькі... Нідзе няма ні аднаго жандара... Адзін на ўсю камеру! А перад ім... Няўжо яна? Перад ім стаіць Марыся! Адкуль яна ўзялася?.. Можа, не яна? Працірае вочы, глядзіць на яе.

— Як ты сюды трапіла? У якой ты камеры?

— Ціха...— шэпча Марыся,— ідзем! Хутчэй ідзем! Мы ўцячэм... Чаго ж ты стаіш?

Марыся бярэ яго за руку, а ён не можа ісці. Ногі на адным месцы. Яны прыкаваны да падлогі.

— Пачакай!..— вырываецца немы крык з Косцікавых грудзей.— Па-ча-а-а!..

Камера напоўнілася дзіка-прарэзлівым стогнам. Косцік тузянуўся ўсёю сілаю і расплюшчыў вочы. Несцярпімы боль пранізаў яго сэрца. Ухапіўся рукою, дзе стукае сэрца, а з-пад ногця тарчыць іголка. Жандар укалоў і не вырваў. Водгуллем аддаўся немы крык па сутарэнні. Схапіў іголку забінтаванымі пальцамі, дастаў назад. На пальцы выступіла маленькая кропелька крыві.

— Звер!..— не сцярпеў Косцік, крыкнуў ад болю.— Звер ты!., а-а-х... біронавец, вось што!

— Не трэба спаць...— з халоднай усмешкай праказаў жандар.

Косцік хацеў кінуцца на жандара з іголкай. Уявіў на момант, што ў яго ў руках штых. Так моцна балела сэрца.

А жандар азірнуўся на дзверы, і Косцік убачыў: у камеру ўвайшоў Карзюк.

— Пакінь нас удвух...— сказаў Карзюк да жандара. Косцік паглядзеў на Карзюка, потым перавёў позірк на свой палец. Кропля крыві не скацілася з пальца. Яна вісела на пупышку, як кропля расы на лістку.

— Дакуль ты, пане Бранявіцкі, будзеш пакутаваць? — запытаў Карзюк, калі жандар зачыніў дзверы камеры.— Каму сагрозіш, калі не сабе? Што начаўплі ў галаву табе гэтыя бальшавікі? Ты як тое ўпартае дзіцянё.

— Я хачу спаць!..— крыкнуў Косцік і сеў на світку каля сцяны.

— Ведаю...— сядаючы на табурэтку, на жандарскае месца, сказаў Карзюк.— Я і кажу: нашто табе сябе мучыць? Ты вёў мяне да арганізатара Фімы — скажы, дзе ён? Пачакай, пачакай,— падняў руку, калі Косцік хацеў нешта сказаць.— Я ведаю, што ты скажаш. Ты проста дзівак! І сам сядзіш у гэтым сутарэнні, і дзяўчына сядзіць...

Успомніў Карзюк Марысю — Косцік закрыў рукамі свае вочы. Балючы палец выставіў крышачку наперад, каб не дакраналіся здаровыя пальцы. Кропля крыві размазалася па пальцы, запяклася (калі сядаў, крануў марляю).

Карзюк гаварыў:

— Няўжо табе не шкада Марысю? Скажы прозвішча — і яе і цябе выпусцяць. Няўжо ты не хочаш бачыць яе, быць з ёю разам? Яна не такая, як ты ўпарты. Што ведала, усё сказала. Трэба толькі, каб ты пацвердзіў тое прозвішча, якое яна сказала. Тады будзе ясна, што ён — той самы Фіма. Я прыйшоў з апошнім пытаннем. Дакляраваў начальніку, што ты мяне паслухаеш, я пагавару з табой па шчырасці... Я ведаю — ты мяне ненавідзіш. Але ты памыляешся. Я табе не вораг. Я змагаюся за цябе, за ўсіх, за Беларусь! Я не шкадую свайго жыцця! Ты, браце, не разумееш палітыкі. Ты палітычна неадукаваны, выбачай, хлапец. Канешне, не твая віна. Твой бацька жыў у беднасці, не змог адукаваць. І не ты адзін, тысячы такіх. Хто ж вінаваты? Цар быў вінаваты. А цяпер гэтак не будзе. У нас будзе свая Рада, свае парадкі. Мы будзем жыць без бальшавікоў, як роўны з роўным. Бальшавікі ўсё роўна не вернуцца назад. Гэты жыд абдурыў цябе, угаварыў, і ты яму верыш. Ты толькі падумай. Вазьміся за розум. Сягоння я яшчэ магу цябе выратаваць, а заўтра будзе позна. Хоць ты многа нагаварыў абразлівых, непрыстойных слоў, але табе даруюць. Улічацца твае маладыя гады, твая палітычная непісьменнасць. Палякі ведаюць, што ты невінаваты. Я гаварыў з начальнікам...

Карзюкову гаворку Косцік раптам перапыніў: ён моцна на ўсё сутарэнне захроп (Карзюк і не заўважыў таго, што, як толькі Косцік сеў, адразу заснуў. А ён гаварыў колькі часу глухім сценам).

Косцік хроп — нібы клекатала ўсё яго нутро. Праз нос вырываўся прарэзлівы свіст. Свіст нагадваў нечы далёкі енк сярод асенняй ночы на глухой дарозе.

Карзюку зрабілася вусцішна. Ён устаў з табурэткі і пастукаў, каб яму адчынілі дзверы.

* * *

Прайшло бадай каля трох тыдняў. У Косціка на пальцах зажывалі раны. Толькі палец, праколаты іголкай, усё гнаіўся. Жандар, напэўна, укалоў іржавай іголкай. Палец нарываў з-пад ногця. І галава шумела баравым шумам. Галава цяжкая, як налітая волавам. У левым баку ныў тонкі боль. Не мог ляжаць на гэтым баку. Клаўся — боль калоў наскрозь цела.

За гэты час выводзілі на допыт разоў пяць. Там два разы быў Карзюк. Косцік адводзіў свой позірк убок, маўчаў зацятай маўклівасцю. Не мог на яго глядзець. Лягчэй глядзець на жандара з валасатымі пальцамі, які б’е Косціка на допытах, чым на Карзюка.

Допыты былі вельмі кароткія. Яго вялі зноў у камеру, і жандарскі афіцэр заўсёды гаварыў яму на дарогу:

— Падумай, хлопак... Ты яшчэ малады...

Косцік думаў. Ён жыў радасцю, што яны не могуць злавіць Фімы. І гэта радасць — яго зброя. Ён помсціць ім сваёю радасцю: няхай чарнеюць ад злосці, як ён ад іх катавання. А чым ён можа бараніцца, калі не сваёю цярплівасцю. Яны не могуць вырваць з яго нутра толькі аднаго слова. Аднаго слова «Вігдорчык». Слова ўжо было на яго вуснах, калі адчуў першы боль здзекаў. Напэўна, вінават сам Рытвінскі: пытаў, ці скажа ён. «Скажу...» — вырваўся адказ, а дарагое слова праглынуў з кроўю. А можа, разбілася яно ў кроплях крыві на халодным цэменце?

Яго напэўна ж расстраляюць... Думаў і аб сваім жыцці. Страшна... Расстраляюць. Не ўбачыць больш Марысі... Дарагой Марысі, мілай яго Марыські. І нікога не ўбачыць. І сонца не ўбачыць. А ці жыве Марыся? Яны маўчаць аб ёй. Можа, даўно расстралялі, а можа, замучылі? Няхай бы разам расстралялі, каб зірнуць адно аднаму ў вочы. От гэтак узяцца за рукі і стаяць перад смерцю... Адчуваць апошнюю цеплыню цела. Марыся, напэўна, сказала б: «Дзе ты... недзе вось, апырскаў у гліну сваю целагрэйку... Пачакай».

Часамі Косціку не верылася, што яго будуць расстрэльваць. Такая тлеючая іскра была ў ім вельмі глыбока. Раздзьмухваў яе з усёю сілай. Падаграваў сваю надзею, хвіліну глядзеў у вочы свайму жыццю. Гэта была найшчаслівая хвіліна. Яго вочы тады загараліся яркім агнём. Моцна білася сэрца. Не чуў болю сваіх ран. Нават усмешка прабягала па вуснах. Яна прабягала, як цень, калі сонца выходзіць з-за хмар. Ён уваскрасаў, жыў... Ён чакаў свайго ратунку ў кожным дні жыцця. Чым больш дзён пражыве — бліжэй да ратунку. Ён верыў у сваё вызваленне. Ведаў, што падполле турбуе жандараў не на жарт. Бо чаму ім дорага каштуе Фімава прозвішча? А Чырвоная Армія...— яна, можа, пачала наступленне?! На дварэ першыя ўжо дні вясны. Фіма гаварыў: «Палякі могуць пратрымацца да вясны. Зімой нам цяжка ваяваць. Чырвоная Армія босая, не апранутая...»

«Жандары палітычна не падкаваныя,— была ў Косціка думка, якой з кожным разам верыў усё больш,— Ну, хай сабе арыштуюць Фіму, як мяне, а бальшавіцкай ідэі не арыштуюць. Бальшавіцкая ідэя разышлася па ўсім свеце, і яны яе не расстраляюць!»

Косцік не можа сабе дараваць за слова «скажу». Што, каб ён сказаў? Ён купіў бы, можа, сваё жыццё за жыццё дарагога таварыша. Ён быў бы Карзюком-дэфензіўшчыкам. Хадзіў бы заўсёды з выкуцанымі рукамі ў Фімавай крыві. Ён расстрэльваў бы сам сябе праз усё жыццё.

Ён не даруе за сваё слова. Няхай здзекуюцца жандары, ён сцерпіць, каб апраўдаць сваю легкадумнасць.

А жыць вельмі ж хочацца. Каму не хочацца жыць? Калекі-абрубкі вайны і тыя паўзуць па вуліцах, хочуць жыць. Косцік зусім мала пражыў. У яго яшчэ такая маладая кроў...

А калі афіцэр гаварыў Косціку «падумай... ты яшчэ малады»,— у яго загаралася іскра надзеі. Ён будзе жыць яшчэ да заўтра, а можа, да паслязаўтра... Цэлыя суткі або двое. Колькі чаго можа быць за цэлыя суткі. Косцік жахаўся, што яго могуць расстраляць за дзень, нават за гадзіну перад ратункам. Самы найбольшы страх ад гэткай думкі.

Вельмі крыўдаваў на сябе, што ніхто не ведае, дзе ён. Каб дазналіся, можа, ратавалі б загадзя. А як?

Косцік ляжаў, падаслаўшы світку, і не ведаў, што сёння вырашаецца яго лёс. Ні Векерт, ні Рытвінскі не маглі больш трываць. Учора перад усходам сонца падпольшчыкі знялі патруля і ўзарвалі чыгуначны мост. Эшалоны, якія ішлі на фронт з салдатамі, са зброяю, спыніліся. І невядома, на які час? Такой работы белапалякі не чакалі. Мост над рэчкаю на тры сажні вышынёю і на дваццаць сажняў даўжынёю. Яго канцы ссунуліся ў ваду ад узрыву з абодвух бакоў. А тут яшчэ весткі з фронту: за восемдзесят вёрст ад гарадка Чырвоная Армія прарвала левы фланг. Часці Чырвонай Арміі перайшлі цераз дрыгвяністае Бярозавае балота і ўдарылі белапалякаў з тылу. Белапалякі не чакалі, не думалі, што чырвоныя могуць прайсці па такой дарозе дзесяць вёрст! Гэта была першая белапольская разгубленасць, з якой пачалося з кожным разам глыбейшае адступленне.

Сабралася, як кажуць, усё разам. Камендант Векерт піў у гэты дзень шмат валяр’янкі. Яго нервы, яго сэрца не маглі стрываць такой узрушанасці. Палкоўнік акруговага этапа прыслаў загад, каб усякімі мерамі не дапускаць да гарадка франтавых чутак. І гэта перад узрывам моста за некалькі гадзін.

— Я вам даўно раіў... арыштаваць усіх жыдоўскіх Фімаў!..— дрыжаў камендант Векерт, не мог гаварыць з Рытвінскім роўным словам.— Вы, пане паручнік, мяне не слухалі!.. Вы былі заняты шалудзівым хлапчуком!.. Я вам даўно раіў расстраляць бальшавіцкага шчанюка!..

Рытвінскі не крыўдаваў на каменданта. Добра вывучыў натуру начальніка. Заўсёды вінаваціць другога, калі сам вінаваты. Ён жа ні разу не гаварыў яму. У самога Рытвінскага была такая думка. Яшчэ з таго часу, як намякнуў Карзюк. Тады ён вырашыў з камендантам: «Можа, «Фіма» клічка бальшавіцкага арганізатара. Трэба пачакаць».

Цяпер чакаць не было чаго. Рытвінскі хваляваўся не меней за Векерта. У гэту ноч па ўсім гарадку ён сабраў трыццаць два Фімы. І заперлі ўсіх у адну камеру «Белага Дома». У кожнага арыштаванага жандары пыталі, хто ён, дзе працуе. А калі не працуе — чаму? І самае важнае, якую працу меў, калі прыходзілі бальшавікі.

Найбольш з арыштаваных Фімаў былі: шаўцы, краўцы, таксама сталяры і муляры. Чалавек пяць гандляроў, тры цырульнікі, два гімназісты і адзін сын рабіна. Гімназістаў запісалі асобна, але трымалі разам з усімі. Аднаго рабінава сына выпусцілі ў той жа дзень.

Аб такой дэфензіўскай рабоце Косцік нават і не сніў. Толькі не ў сваім розуме чалавек мог арыштаваць людзей з адным імем. Але Рытвінскі меркаваў на нешта большае, чым арышт людзей за тое, што бацька некалі даў дзіцяці такое імя.

Косцік драмаў, лежачы ў кутку камеры, калі заскрыпелі, адчыніліся дзверы. Іржавы скрып прабраў холадам яго цела. Лыпнуў вачыма, скурчыўся. У камеру зайшлі тры жандары: Закрэўскі з Рытвінскім, Косцік знае іх, і трэці высокі — першы раз бачыць яго. Трэці стаяў у парозе з папкаю пад пахаю, а Закрэўскі з Рытвінскім падышлі да Косціка. Закрэўскі спыніўся каля самых Косцікавых ног. Вытрымаў маўклівасць ды злосна, начальніцкім тонам:

— Устаць трэба... хам!

Павольна абапіраўся Косцік аб сцяну правай рукою. Баяўся, каб не ўразіць балючых сваіх пальцаў. Стаў перш на калені, потым узняўся з каленяў на ногі.

— Сягоння быў твой суд...— суха праказаў Рытвінскі.— Я прыйшоў прачытаць табе прыгавор...

Ён кіўнуў галавою назад. Незнаёмы для Косціка высокі жандар, з папкаю ў руках, крануўся з месца. Жандар падышоў да Рытвінскага размерным крокам, чотка адбіваючы рытм на цэментавай падлозе. Ён дастаў з папкі даўгавузкі лісток паперы, асцярожна падаў яго Рытвінскаму. Калі падаваў, ні Косцік, ні Закрэўскі з Рытвінскім не заўважылі, як дрыжала яго рука, а твар зрабіўся белы як палатно. Ён спешна адступіўся ад Рытвінскага, па-ваеннаму зрабіў два крокі назад і прыставіў нагу.

У камеры зрабілася ціха. Толькі вельмі моцна стукала Косцікава сэрца. Яно адно парушала нежывую ціхату сутарэння. Але вось Рытвінскі зашамацеў лістком паперы, збэрсаў ціхату сухім басам:

«Прыгавор. Цывільны, Константы сын Гальяша Бранявіцкі,— чытаў Рытвінскі,— пастанаўленнем палявога суда камандзіра акружнога этапа Мінска-Літоўскага, нумар тысяча сто дзевяноста сем, дня дзевятага кветня, дваццатага года, за змову супраць войска польскага прыгаворан да кары смерці цераз расстрэл. За палкоўніка і камандзіра акружнога этапа Векерт».

Узняў ад прыгавору вочы і паглядзеў на Косціка. Ён стаяў, не кратаючыся з месца, увесь закамянелы. Ён не чакаў такога раптоўнага прысуду. Хацелася запытаць дэфензіўшчыка: «Чаму ж судзілі мяне без мяне» — не мог. Язык не варушыўся, не слухаўся. І ўсё цела — не яго. Яно пруткае, дубяное. Нават не мог паварушыць пальцамі рук. Не чуў, ці баляць раны, ці не. Толькі адно сэрца спяшалася стукаць. Яно хацела зрабіць чым найбольш удараў, пакуль яго спыняць. Яно ж яшчэ такое маладое...

— Прыгавор будзе выканан праз дзве гадзіны,— тупым слухам пачуў Косцік словы Рытвінскага.— Зараз я прышлю... Якой васпан веры? — запытаўся Рытвінскі.

Косцік зразумеў, што хоча прыслаць папа, каб паспавядаўся. Як стаяў — усёю сілаю тузянуў сам сябе з месца. Праказаў, ускрыкнуў зусім нечакана для сябе:

— Камсамольскай!..

(Хацеў сказаць «мне нікога не трэба», а яно само так выказалася.)

— Угу...— скрыўлена ўсміхнуўся Рытвінскі, разумеючы Косціка...— не трэба, тым лепш!..

Закрэўскі ўжо выйшаў за дзверы, а Рытвінскі яшчэ быў у камеры каля дзвярэй. Ён раптам спыніўся, азірнуўся назад і да Косціка:

(Высокі жандар з папкаю стаяў каля Рытвінскага — чакаў, каб зачыніць дзверы.)

— Можа, хочаш перад смерцю развітацца з Фімам? Ён у суседняй камеры. Я магу, калі хочаш, зрабіць табе гэту ласку...

Косцік анямеў і не ведаў, што сказаць. Гэта так раптоўна... Рытвінскі стаяў каля парога — от зараз пойдзе — чакаў яго адказу.

— Маніце! — крыкнуў Косцік.— Няма ў вас Фімы, няма!

А Рытвінскі зусім спакойна:

— Не хочаш, як хочаш...

І ступіў ка калідор.

— Пачакайце! — падбег Косцік да дзвярэй.— Дзе ж ён? Хачу... развітацца...

І як выходзіў за дзверы, высокі з папкаю ў руках ішоў за ім. Непрыкметна для Рытвінскага высокі паціснуў ззаду Косціка за локаць. Косцік зразумеў: яго штурхае жандар, каб хутчэй ішоў. Нават і не азірнуўся на высокага. Прыбавіў крок, і цяпер у яго думках...

Дык вось чаму жандары падпісалі яму прыгавор. Больш не патрэбен ім. Фіма ў іх кабдзюрах. Жандар дазваляе развітацца... Хоча здзекавацца да канца. Ой, якой пацехай будзе для Рытвінскага спатканне-развітанне Косціка з Фімам! Няхай цешыцца — Косціку ўсё роўна! Ён, канешне, хоча развітацца з Фімам... з дарагім Фімам! Так даўно бачыліся... Колькі дасць хвілін гэты хударлявы чалавек на развітанне? Так шмат ёсць аб чым пагаварыць... Хто лазіў на слуп — вывешваў чырвоны сцяг... Колькі разоў разносілі пракламацыі... Хто разносіў... Дзе цяпер, за колькі вёрст Чырвоная Армія... Можа, пачала наступаць — ужо ж пачалася вясна... Можа, чуў аб Марысі... Дзе цяпер Дзядзька... Ці былі сходы... Каго яшчэ арыштавалі разам з ім... Як арыштавалі Фіму... Можа, быў правакатар, а можа, Карзюк хадзіў па яго пятах.

А колькі можа расказаць ён Фіму. Не, ён не будзе нічога гаварыць. Ён хацеў бы расказаць таму, хто на волі. Каб той чалавек мог расказаць сваім дзецям... А Фіму таксама будуць расстрэльваць. Няхай бы разам...

Яны дайшлі да канца калідора. Рытвінскі спыніўся каля дзвярэй, загадаў калідорнаму жандару:

— Адамкніце...

І да Косціка:

— Твой Фіма ў агульнай камеры. Праз дзве гадзіны яго перавядзем у тваю камеру.

Жандар адчыніў дзверы, і як было шумна — усё сціхла. Косцік пераступіў парог. Камера такой велічыні, як і тая, дзе ён. Толькі ў ёй вельмі цесна. Адны сядзяць на падлозе... Найбольш ляжаць на сваіх лахманах, клунках, некаторыя паклалі галовы на ногі сваім таварышам. Некаторыя стаяць, прыпёршыся да сцяны. Усе брудныя, расшпіленыя... Тут найбольш у сярэдніх гадах і зусім старыя, барадатыя...

Косцік спыніўся на сярэдзіне камеры, шукаў вачыма, дзе ж Фіма? І не бачыў, як Рытвінскі сачыў прарэзлівым позіркам за яго тварам, як Закрэўскі разглядаў твары арыштаваных. Была рашучая хвіліна. От зараз убачыць свайго таварыша — ускрыкне, кінецца да яго ў абдымкі. Тады Рытвінскі падміргне сваёй хітрасці, усміхнецца і да Косціка:

«Вось і добра... Маладзец! Ты ўрэшце сказаў мне. Даўно трэба было... А цяпер ідзі. Няхай цябе там, я загадаў, расстраляюць. Прыгавор ты чуў? — чуў. Вазьміце яго, а я пагавару з новенькім».

Але Косцік агледзеў усіх арыштаваных і Фімы не знайшоў. Ён зірнуў на Рытвінскага з разгубленым непаразуменнем :

— Дзе ж ён?

З самага кутка камеры, з падлогі, узняўся пажылы чалавек. Ён у рабай камізэльцы з чорнай рэдкай бародкаю. Узрадаваным голасам, што ўбачыў свайго знаёмага, чалавек запытаў:

— Бранявіцкі! І ты тут?..

Рытвінскі крануўся міжвольна з месца. Нават зрабіў крок. Але зразумеў, што гэты абшарпаны стары так сабе Косцікаў знаёмы,— спыніўся, звярнуўся да Косціка:

— Адкуль ён цябе ведае?

Цяпер толькі Косцік уцяміў: Фімы і сапраўды няма тут. Жандары прывялі наўмысна... хацелі выведаць... і ў яго вачах загарэўся агонь радасці. От прывялі яго да гэтых людзей, уцешылі яго перад смерцю. А ён вельмі наіўны. Паверыў жандарскаму слову. Быў бы Фіма — кінуўся б да яго з апошнім развітаннем...

«Няма Фімы! — хацелася крыкнуць.— На волі Фіма! Ён вам, каты, яшчэ адпомсціць!..»

І другое: толькі не будзе ведаць, дзе ж ён дзеўся... Не! Ён павінен ведаць!

Косцік не адказаў на Рытвінскага запытанне. Як стаяў перад арыштаванымі на сярэдзіне камеры, дык на ўвесь голас:

— Таварышы дарагія!.. Мяне вядуць на расстрэл!.. Я не сказаў, дзе наш Фіма... Мяне прывялі, да вас, хацелі...

Ён не скончыў свайго апошняга слова. Закрэўскі ўдарыў кулаком па губах, і з рота пацякла кроў. Два жандары падбеглі з калідора, схапілі Косціка за рукі. Яны цягнулі за дзверы, ён упіраўся, вырываў рукі. Пырскаючы крывёю з рота, гаварыў:

— Скажыце Фіму... Не даруйце... За ўсіх не даруйце!..

Арыштаваныя заварушыліся, як разварушаны вулей пчол. Бадай усе ўзняліся на ногі. Косцік яшчэ бачыў іх перад сабою і чуў: нехта паслаў жандарам пракляцце, нехта крыкнуў «не даруем», а нехта шпурнуў бляшаны кацялок каля дзвярэй у сцяну... Косціка выцягнулі ў калідор, і дзверы зачыніліся — прышчамілі ўзняты гоман камеры.

Рытвінскі то бялеў, то чарнеў ад злосці. На хаду сказаў сяржанту Закрэўскаму «замкнуць», а сам пайшоў наверх у пакой «бадане»1 !.

Ён хацеў пабыць адзін сам з сабою, каб супакоіць раздражнёныя нервы. Нават замкнуў пакой «бадане» на ключ, нібы хто мог зайсці без яго дазволу. Рытвінскага вельмі злавала думка, што нейкі хлапчук колькі часу вадзіў яго за нос. Не адзін зрабіў допыт, не ў такіх даставаў наверх усю «душу», а гэты...

Рытвінскі наліў з графіна шклянку халоднай вады, выпіў зараз. Абцёр хустачкаю губы і за адным заходам выцер на лбе пот (не хацеў сазнавацца перад сабою, што «нейкія» камсамольцы могуць давесці да поту).

— Зараз расстраляю...— мармытаў, ходзячы па пакоі то ўзад, то ўперад,— расстраляю...

Яго злавала думка, што нельга прыдумаць Косціку большай кары, як адзін расстрэл, адна смерць. От няхай бы так, каб можна расстрэльваць бальшавікоў разоў пяць, дзесяць... Колькі захоча Рытвінскі, пакуль не здаволіцца яго душа. Тады напэўна сказаў бы ўсё чысценька кожны бальшавік. Рытвінскі нават спыніўся на момант, падумаў, і яму прыйшоў у галаву новы спосаб допыту. Ой, не! Ад Рытвінскага не выходзілі на расстрэл з такімі нутранымі дакументамі, як Бранявіцкі. Расстраляць Бранявіцкага — зарваць знойдзеную нітку падпольнага клубка. Заблытаць увесь клубок, згубіць адзіны канец. Не! Рытвінскі вось што зробіць: загадае завезці Бранявіцкага сёння, зараз, за горад і воддаль, каб відаць быў з дарогі,— павесіць. На трупе будзе такі надпіс: «Прысуджаны да кары смерці на шыбеніцы за змову супроць войска польскага. Без дазволу трупа не здымаць. Хто пасягне зняць вісельніка, будзе павешаны на гэтым жа месцы». Ён выставіць воддаль патаемны дазор. Бальшавікі захочуць, канешне, зняць труп. Яны ўбачыць яго, прыйдуць уночы...

— Яны здагадаюцца! — злосна прыказаў сам сабе Рытбінскі.— Яны не прыйдуць! І няхай не ідуць!..— ледзь не выкрыкнуў.

Ён павесіць Бранявіцкага, хоць сабе і не прыйдуць. Ён нагоніць страху на ўсіх падпольных. Яны змоўкнуць у адзін дзень... разбягуцца, як убачаць Бранявіцкага труп.

А ці ж змоўкнуць, а ці ж разбягуцца — Рытвінскі аб гэтым не падумаў.

 

1 «Бадане» — допыт.

Раздзел чацвёрты

Недзе на ўскраіне гарадка звонка пяюць пеўні. Рэха не глухне ў вясновым муслінавым тумане, а ідзе далёкім водгуллем. У лесе пахне распаранай елкай. Пад сонцам елка дыміцца. Нібы атрасае апошнія заледзянела-хрупкія кускі наздраватага снегу. У гушчарах яшчэ часам можна ўбачыць раз’едзены ветрам ды сонцам збуцвелы снег. І там, дзе няма снегу, цвітуць пралескі.

Адны з першых кветак вясны. Яны, як неба, як сінія вочы дзяўчын. Лес прыбіраецца пралескамі, харашыцца. Сонца таксама прыбралася — надзела залатую карону вясны. Яно чыстае, чыстае...

А над полем, над лесам, над усёй зямлёю — жаўранкі. Іх не відаць. Гэта звініць тонкім голасам само неба. А можа, на небе тысяча званочкаў? Нехта нанізаў іх на бяздонны блакіт, кранае гуллівай рукою, і яны звіняць, звіняць...

І неба і зямля зліваюцца ў адзін стройны хор музыкі.

Спявае вясна...

Пралескі ў гэту вясну вельмі ўрадзілі. Расцвілі густа, буйна. Сцёпа нарваў пралесак, навязаў іх у пучкі Яны яшчэ не завялі. Сцёпа трымае пралескі на глыбокай талерцы з вадою. Яны так хутка і не завянуць.

Стаіць Сцёпа на рагу Базарнай вуліцы ды прадае пралескі. За пучок кветак — дваццаць капеек. Вельмі танна.

Ён не адзін прадае. Цераз квартал кветкі прадае Бора. Яшчэ далей — трэба ісці ўбок — трэці чалавек. Сцёпа не ведае хто. Яму нічога не кажуць. Крыўдна, ды вельмі ж цікава. Усё робіцца скрытна, таму і цікава.

Фіма ўсяго толькі і сказаў:

— Будзеш прадаваць пралескі. Хто запытае «пачым, гаспадар, вясна?» — свой чалавек. «Вясна», памятай,— пароль. Людзі будуць ісці з такім пропускам на сход. Ніхто з дэлегатаў схода не ведае, дзе будзе збор. Такому чалавеку кажы: «Налева, да канца квартала». Бора там да трэцяга пашле, а трэці — да чацвёртага... Глядзі, не ўляпайся!..

У Сцёпы моцна стукае сэрца. Якая цікавая патаемная работа! Як у той казцы. Ідзе чалавек і не ведае куды. Яго вядуць незнаёмыя людзі. А ці ж незнаёмыя? У іх адна думка. Усе хочуць пазбавіцца ад злыдняў. Выратаваць краіну. Дык ці ж незнаёмыя яны, калі з адною думкай!

Вунь на рагу стаіць паліцыянт. Пазірае з-пад брыля на Сцёпу. Няхай глядзіць. Сцёпа прадае кветкі...

Два жандары... Яны развіталіся вунь каля шэрага дома. Адзін пайшоў на двор, а другі — проста па вуліцы.

Паўз Сцёпу праходзіць малады чалавек у новым гарнітуры. Чыста выглянсаваны чаравікі. На галаве шапка-варшавянка.

«Ці не купіць кветак?» Не. Пайшоў бесклапотнай паходкай.

«Шляхцюк...» — вырашыў Сцёпа.

Падыходзіць чалавек у акулярах. Порстка спыняецца, азіраецца паабапал: нідзе нікога.

— Пачым, гаспадар, вясна?

— Налева, да канца квартала...

Падыходзіць жанчына ў вясеннім светлым паліто. Шыю жанчыны абдымае драпежны ліс. Вочы ліса шкляныя, гараць пад сонцам. Ліс пазірае на Сцёпу.

— Пачым пралескі?

— На мікалаеўскія — дваццаць капеек, на польскія — пяцьдзесят грошаў.

Жанчына плаціць тоўстымі мікалаеўскімі пятакамі. Выбірае гусцейшы пучок. Прыколвае пучок пад пысаю ліса. Здаецца, накінецца ліс на кветкі, хопіць крохкія пялёсткі разяўленай ляпай.

Каля Сцёпы прайшло чалавек дзесяць, якія звярталіся да яго са словам «вясна». Ён і не ведае: можа, усе прайшлі, а можа, яшчэ будуць праходзіць. Яму трэба стаяць да шасці гадзін. Ён стаіць і разважае:

«От каб мяне пусцілі на сход!.. Вельмі цікава. Аб чым будуць гаварыць?.. Там, пэўна, і Дзядзька будзе... Дзіва што. Калі б я быў, выказаўся б. Даўно выступаў на сходах. Выступаў на ячэйцы да прыходу палякаў, гаварыў, што гальштук — мяшчанства. З таго часу не выступаў. Фіма кажа, будуць па аднаму чалавеку ад арганізацыі... Сам першым будзе... Каб я захацеў, мог бы пайсці...»

Яму вельмі карціць. Таксама не ведае, дзе сход. Але мог бы трапіць, разважае, па сваім паролі. Не, ён не пойдзе сваім адумам.

Вельмі сумна стаяць. Звоніць касцёльны звон. Нядзеля. Набажэнства. Можа, нават цэлы фэст. Цяпер звоняць вельмі часта. Бадай ледзь не кожны дзень.

«На сваю галаву...» — думае Сцёпа і бачыць: па вуліцы ідзе з жанчынай жандарскі афіцэр. Вядзе жанчыну пад руку. Яна нешта яму гаворыць. На твары вясёлая ўсмешка.

Сцёпа зусім смела: «яны ніколі не здагадаюцца».

— Купіце, паненка, «вясну».

— Юзэф! — звяртаецца жанчына да афіцэра.— Зачэкай. Які пенкны квяты? Пачым?

— Танна...— кажа Сцёпа.— Колькі вам пучкоў? Тры, пяць, дзесяць?..

— Ого! — усміхаецца жанчына.— Дай мне... вось гэты.

Афіцэр дае Сцёпу за кветкі цэлую марку.

— У мяне не будзе здачы...

— Не трэба,— кажа афіцэр.

І пайшлі.

«Няхай бы рубель даў...— думае Сцёпа.— Нябось пашкадаваў».

А цераз вуліцу пераходзіць чалавек у сярэдніх гадах. Падношаная ватоўка. На барадзе рэдкія, непабрытыя рыжыя валасы. Хударлявы. Твар доўга завостраны. На галаве кепка.

Сцёпа не ведае хто, а толькі падобны на рабочага гуты. Чалавек падыходзіць і адразу:

— Пачым, гаспадар?..

Сцёпа і не заўважыў, што не дагаварыў слова. Зусім міжвольна праказаў:

— Налева...

Нават кіўнуў галавою. Толькі ўсё ж не скончыў, што трэба сказаць. Супуціўся і як нічога не было:

— Каторыя: з левага боку ці з правага?

— А хіба ім не адна цана?

— Не... левыя — сённяшнія, правыя — учарашнія. Калі ласка... Свежанькія... каторыя — выбірайце. Ка-аму пралескі!..

І не зводзіў з чалавека вачэй. Ён перабірае кветкі, усё нешта муляе. Сцёпа і сам не ведае: можа, чалавек забыўся, які пароль? Але Фіма цвёрда сказў: «без пароля ніякай гаворкі».

Хударлявы чалавек не купіў кветак. Адышоўся за тры крокі ды стаіць. Узіраецца на той бок вуліцы. Нібы ўбачыў даўняга свайго знаёмага. От зараз гукне на яго, скажа: «Пачакай. Адкуль цябе бог прынёс?»

«Нешта не так,— думае Сцёпа,— каго ты там убачыў? Чаго ты выцягнуў шыю, як той гусак?»

І не заўважыў, як падышоў другі чалавек у доўгім драпавым паліто:

— Пачым, гаспадар, вясна? — аж спалохаў Сцёпу. На твары нават выступіў пот. Што сказаць, калі той стаіць і, напэўна, слухае.

— Дваццаць капеек...— холадна адказаў Сцёпа.

— Дорага...— паклаў чалавек у паліто пучок кветак назад на талерку.

— Дорага — не бярыце. Можа, вам на тым канцы квартала прададуць танней...

Чалавек з непрыкметнай усмешкаю:

— А я там і куплю...

І пайшоў. Ён зразумеў Сцёпу. Як Сцёпа ўзрадаваны сваёй смякалцы! Каб думаў — не прыдумаў бы. Не спадзяваўся сам на такі адказ. «На тым канцы квартала прададуць танней».

Зрабілася весела. Паўз Сцёпу не пройдзе чужы чалавек. Ніколі. Ён кантралёр безбілетных людзей.

«А дзе ж чалавек у ватоўцы?!.»

Кінуў уздоўж вуліцы позірк і ўбачыў: ён за дваццаць, можа, крокаў. Ідзе воддаль за чалавекам у драпавым паліто. Няўжо спанатрыў Сцёпавы хітрыкі?

«Што ж ён... Ён гэтак можа зайсці аж на самы сход».

Сцёпа крануўся з месца і забыўся на продаж кветак. Ідзе быстра, трымаючы ў руцэ талерку. Вада расплёхалася, а кветкі зблыталіся, намоклі. Чалавека ўжо і не відаць. Яны абодва звярнулі за двухпавярховую камяніцу. Бягом пабег бы, каб не ішоў яму насустрач жандар. Убачыў — сцішыў крокі. Размінаўся з жандарам, ён нібы падазрона акінуў Сцёпу позіркам.

«Пралескі ў талерцы, як каша... Хаця б не згубіць з вачэй,— свідравала думка.— Дзе ж яны?»

А вунь і Бора з пралескамі... Чалавек толькі што адышоўся...

Подбегам падышоў да Боры ды спалоханым голасам:

— Шпіён!..

— Хто шпіён?

— Вунь... Гэты хударлявы ў ватоўцы.

Бора зірнуў чалавеку наўздагон. Ён хаваўся ў завулку, і Бора паглядзеў на Сцёпу.

— Які табе шпіён! Ён сказаў мне пароль. Яны ішлі ўдвух, адзін за другім. І абодва ведалі пароль...

— А мне не сказаў. Далібожачка, шпіён! Ён пачуў пароль ад чалавека ў доўгім паліто.

Бора разгубіўся. Момант пазіралі адзін аднаму ў вочы. Бора першым парушыў маўклівасць.

— Зайдзі на рог Пад’езднай. Ідзі Памеранцавай. Пастарайся абагнаць. Папярэдзь... Там будзе дзяўчына з пралескамі. Хай скажа чалавеку ў доўгім паліто. Быстра!

Пакінуў талерку з кветкамі ў Боры. Не ведае, як выскачыў на Памеранцавую. Гэта ж цэлы квартал кругу. Толькі каб не заўважылі...

Ішоў і ў думках:

«Якія гэтыя шпіёны-лапіёны хітранькія. Як чэрці. Яны думаюць, што мы дурачкі. От жа недзе палякі знаходзяць такіх цацаў. А можа, і сам пераапрануты афіцэр? І гэта можа быць. Ах, каб вы галовамі панакладалі! Вось і Пад’ездная... Дзе ж тая дзяўчына?»

Зусім ашаламіўся. З гарачнасці прамінуў дзяўчыну. Вунь жа яна стаіць. На тым баку тратуара... То сюды, то туды праходзяць людзі, і яе не заўважыў.

Сцёпа раптам супуціўся: чалавек у паліто адышоў ад дзяўчыны (праходзіла пажылая жанчына з хлопчыкам — засланіла чалавека).

«Няўжо я спазніўся?!»

Чалавек пайшоў быстрымі крокамі. На хаду даваў стрэчным дарогу: хінуўся бокам, закладаў назад левую руку.

А вунь шпіён... Размінуўся з нейкім мужчынам, каля дзяўчыны з пралескамі не спыніўся. Баіцца, каб не згубіць з вачэй чалавека ў паліто. Ён, відавочна, ідзе па яго пятах...

«Што цяпер будзе?..»

Сцёпа наперадзе ад чалавека ў паліто, можа, за пятнаццаць крокаў. Толькі ўсяго на другім баку тратуара. Кідае скрадзены позірк, ці ідуць. Нязручна раз-пораз азірацца. Задні можа заўважыць Сцёпу.

Перайшоў наўскасяк цераз вуліцу. Як пераходзіў, яшчэ раз зірнуў: ідуць. Сцішыў крокі ды ў думках:

«Хай наганяе чалавек у паліто... Як нічога, так сабе».

Не азіраецца, а чуе: нехта хоча яго абмінаць.

«Мусіць, чалавек...»

Сцёпу абмінула жанчына з карзінаю ў руках. Тады азірнуўся. Паглядзеў уздоўж перад сабой поўнымі вачыма. Чалавека ў паліто не відаць. І шпіка не відаць...

«Дзе ж яны?!»

Рукавом змахнуў з ілба халодны пот. Ішоў назад, а іх не было. Ішоў да той дзяўчыны, каб запытаць, куды ісці. Быстра ішоў і па левай руцэ — завулак. Прарэзлівым позіркам ахапіў завулак і на заломе ўбачыў: шпік хаваўся за чырвоны дом.

Сцёпа звярнуў у завулак.

Яны ідуць на край горада... Тут зараз будзе лазня, а там — рэчка і мост. Гэта ж Вераб’ёўка...

Яшчэ прыбавіў крок. Не ўзнімаючы вачэй, абмінуў шпіка.

«Хай сабе падазрае».

Насустрач — ламавая фурманка. Конь бяжыць рыссю, і колы аж глушаць вуліцу. Грукат прывёў Сцёпу да сябе. Узрадаваўся грукату. Нібы хаваў грукат і яго і чалавека ў паліто ад гэтага шпіка.

Што думае шпік? Напэўна, заўважыў Сцёпу? Бачыць яго, як спяшаецца. Можа, зараз дастане рэвальвер ды закамандуе: «Стой!» Тады шпіку малая будзе карысць. Гэтак не захоча ён зрабіць.

Сцёпа ад чалавека ў паліто за два крокі. Чалавек пачуў ужо яго спешку. Бокам гэтак кінуў коса позірк. Сцёпа не ведае, ці пазнаў яго, ці не...

— За вамі ідзе шпік...— прашаптаў Сцёпа, ідучы побач.— Ён у ватовай куртцы...

Чалавек у паліто нібы спатыкнуўся. Але толькі і ўсяго. Ізноў узяў той самы роўны крок. Зусім не глядзеў на Сцёпу — ён яго не знае,— праказаў паўголасам:

— Ідзі... Абмінай... Мы — не знаёмы.

Сцёпа супуціўся.

«Як жа...— ледзь не вырваўся голас трывогі.— Што ён кажа...»

І не то ад сораму, не то ад крыўды міжвольна абмінуў чалавека. Быў ужо наперадзе на крок. Не ведаў, што рабіць.

«Няўжо не той?..»

І не скончыў думкі. Яго дагнаў ціхі шэпт:

— У лазню... Будзем мыцца...

Лазня, вось жа яна. Каб спазніўся Сцёпа папярэдзіць — невядома, куды ісці. Назад вярнуцца — у жандарскія рукі. Ісці наперад — вунь жа канец гарадка: мост цераз рэчку.

* * *

Карзюк разгубіўся. Пайшоў у лазню чалавек і нібы выліў на яго галаву даёнку мыльнай вады (на Вераб’ёўцы няма тазоў. Бяруць ваду мыцца адмысловай даёнкай).

Карзюк горка плюнуў. От праглынуў лісток палыну. Яны заўважылі яго і будуць мыцца, адкуль ён ведае колькі? Можа, пакуль не зачыніцца лазня? А ён ведае цяпер пароль напэўна нейкага збору. Цэлую гадзіну наглядаў за гэтым хлапцом. Таргавалі кветкі, і хлапец некаторым ківаў галавою ў той бок: «Ідзі туды». Падышоў і пачуў: «Пачым, гаспадар, вясна...» Праверыў, і другі хлапец сказаў: «На рог Каменнай і Пад’езднай». Больш ні ў кога не пытаў. Ішоў, не губляючы з вока гэтага бальшавіка.

Дык хіба можна стаяць каля лазні, калі там недзе, мабыць, усё падполле! І арганізатар Фіма, канешне, там. Дзіва што!..

Зрабілася вельмі горача. Відавочная ўдача, і нельга яе ўзяць. Як той гарачы камень або ўюн.

«Што рабіць? Пазваніць у паліцыю? Нідзе ні аднаго — як чорт пахапаў іх на форму — ні аднаго паліцыянта. Калі не трэба — колькі хочаш іх. І нават перашкаджаюць...»

І гэтак з хвіліну патупаў перад лазняю. Нават яго апанаваў сорам: стаіць, як той сабака. І крыўда... якая крыўда!

— Пайду да дзяўчыны! — вырашыў адразу.— Я не таргаваў яе кветак. Яна скажа, куды ісці. Гэта пэўна апошні іх пункт.

Быстра ішоў па Вераб’ёўскім завулку. От ужо і Пад’ездная вуліца...

«Я зайду з таго боку. Нібыта я іду з горада. Буду пытаць «па дарозе». Бальшавіцкі збор у гэтым квартале».

Ішоў, не зважаючы ні на кога. Размінуўся з жанчынаю, незнарок штурхнуў локцем. Жанчына паглядзела, як на вар’ята. А яму большая злосць:

«Не можа сысці на бок...»

«Дзе ж яна? — углядаўся яшчэ здалёк на рог вуліцы.— Можа, трохі адышлася...»

Падышоў да самай брамы. Дзяўчына стаяла тут.

— Дзе ж яна дзелася? — праказаў голасна. Спыніўся і не верыў сваім вачам.— Яна тут стаяла! Тут, вось...

Круціўся на адным месцы, нібы шукаў іголку. Дзяўчына правалілася як скрозь зямлю. Скрыгатаў ад злосці зубамі. Яшчэ тупаў, кідаўся ў бакі. Забег за браму на двор: «Можа, яна...» Зірнуў на зямлю і анямеў: за брамаю на зямлі раскіданыя пучкі пралесак.

— Ага! — ахнуў поўным голасам.— Яна здаўмелася. Яна ўцякла...

Яна такі ўцякла. Бора спрытней дайшоў. Праўда, вельмі на мала. Можа, каб тры хвіліны — застаў бы Карзюк.

Даведаўся Бора ад Сцёпы: «Ён пачуў пароль» пайшоў ледзь не следам за Сцёпам. Разумеў — трэба як найхутчэй папярэдзіць «прадаўцоў». І ён папярэдзіў у свой час.

Карзюку хацелася ад злосці плакаць. Найбольшая злосць была на паліцыянтаў, на жандараў: дзе яны дзеліся?

Выбег з двара ды подбегам: тут на рагу аптэка. Ён пазвоніць у камендатуру, а сам пабяжыць да лазні.

«Яны не ўцякуць...» — ішоў, стрымліваючы свой узняты парыў. «О, я сам буду гаварыць з імі... Яны знойдуць і дзяўчыну і ўсіх чысценька... Я з імі пагавару-у...»

Ізноў не мог стрымацца, падбягаў. Тратуар бразгаў аж да звону ў вушах. Людзі азіраліся на непрытомнага чалавека.

Тратуар бразгаў таксама, як і тады, калі ішоў першы раз ад станцыі.

* * *

Чалавек у драпавым паліто браў у касе білеты, а Сцёпа назіраў праз мурзатае акно лазні. Сцёпа ўбачыў шпіка. Холадам прабрала ўсё яго цела. Шпік, здаецца, хацеў ісці ў лазню. Сцёпа не разумеў, што яны тады будуць рабіць? Ён не пакіне іх. Напэўна, іх арыштуе. Шпіку цяпер усё роўна: Сцёпа з чалавекам далей не пойдуць.

Але шпік пакруціўся перад лазняй — ды назад. І так быстра пайшоў...

— Дзядзька,— падышоў Сцёпа да чалавека ў паліто,— ён некуды пайшоў. Вельмі ж хутка. Напэўна, будзе заяўляць паліцыі.

Чалавек у паліто трымаў у руцэ білеты. Сказаў Сцёпа — тыцнуў білеты ў кішэню.

— Пайшлі...— сказаў да Сцёпы.— Пакуль ён — калі там — паспеем.

— А можа, ён чакае нас у завулку? — папярэдзіў Сцёпа.

— Няхай чакае...— выходзячы з дзвярэй, адказаў чалавек.

Выйшлі з лазні і звярнулі да моста. Сцёпа нічога не разумеў.

«Куды ён ідзе, калі там поле...»

Узышлі на мост, а каля парэнчы — незнаёмы з зялёным шалікам на шыі. Абапёрся на парэнчу ды назірае на разліў веснавой паводкі. У пальцах трымае адну пралеску. То сюды, то туды гэтак пакручвае ёю.

— Скажыце, калі ласка...— спыніўся чалавек у паліто каля незнаёмага,— як тут ісці на Ветракі?

— На Ветракі...— паглядзеў незнаёмы на Сцёпу.

— Ні ён, ні я не ведаем,— сказаў чалавек у паліто!

Тады незнаёмы зусім ахвотна:

— Проста аж да самага лесу. А там — запытаеце...

Сцёпа слухаў такую гаворку і раптам:

— Дзядзька! Тут, на Вераб’ёўцы, ніякай дарогі на Ветракі няма. Ветракі з таго боку горада. Трэба ісці па Шырокай вуліцы...

Незнаёмы збянтэжыўся. Чалавек у драпавым паліто ступіў крок да незнаёмага ды паўголасам:

— Ён — прадавец кветак. Не бойцеся. Ідзіце як найхутчэй у горад. Зніміце ўсіх «прадаўцоў». Гэты пароль падслухаў шпік.

Незнаёмы і не пытаў нічога. Пачуў такую навіну — быстра пайшоў.

А яны сышлі з моста ды ўзняліся на ўзгорак. Чалавек у драпавым паліто маўчаў. Вельмі спяшаўся, каб хутчэй, мабыць, перайсці ўзгорак. З-пад лазні відаць усё як на далоні. Што, калі вернецца шпік ды акіне вокам? Адразу ўбачыць, пазнае сваіх «знаёмых». Але вось узгорак спускаецца ўніз. Яшчэ некалькі крокаў, і не відаць лазні. Нават гарадок з яго найвысокай будынінай — пажарнай вежай — увесь схаваўся.

Чалавек у драпавым паліто лягчэй уздыхнуў, загаварыў :

— Падполле, браце,— не прыгодніцкая казка. Трэба быць вёрткім, смякалістым. Маргнуў не так вокам і прапаў. Смелым трэба быць. Ты маладзец! Здагадка, хлопча, у цябе ёсць. Хто заўважыў гэтага шпіка?

— Я! — ускрыкнуў Сцёпа.— Вы спыніліся каля мяне, таргавалі пралескі, а ён стаяў за тры крокі. Я адразу здаўмеўся, што ён нешта шпікуе. Мне не было як вам сказаць, дык я і сказаў: «можа, на тым канцы квартала прададуць танней». А вы і здагадаліся.

— Маладзец! — ізноў пахваліў чалавек.— Дрэнны, браце, пароль «вясна». Вельмі яркі. Можна было што-небудзь другое прыдумаць... нават і без слоў.

— Гэта Фіма прыдумаў,— сказаў Сцёпа.

Чалавек як і не чуў, гаварыў:

— От ужо на месцы, нічога сабе. Кожны, хто выходзіць з горада, павінен ведаць, у якім баку яго дарога. Ты, браце, не здаўмеўся. І сапраўды падумаў — мы ідзем у Ветракі. Гэты пароль нішто сабе.

Ён цяжка ўздыхнуў. Сцёпа паглядзеў на яго, і неяк зрабілася яго шкада. Чалавеку гадоў пад пяцьдзесят. У яго, бадай, зусім сівыя валасы. Толькі валасы яго русыя, не відаць сівога інею. Вусы рыжаватыя, стрыжаныя. Барада чыста паголеная. У яго вачах свеціцца тлеючая цеплата і ласка. Чалавек, відаць, многа бачыў гора. Яго паліто — хоць і драп — вельмі вынашана сваім часам. Можа, адно гэта паліто праз усе гады яго. На нагах у чалавека — пад картовыя штаны навыпуск — чорныя бацінкі. На левай назе парваны шнурок: ён звязаны, і яго вузел тарчыць паміж пістонаў вялікаю бародаўкаю.

Прайшлі да палавіны палявой дарогі, і Сцёпа хацеў разуцца.

— Муляе мазоль,— сказаў Сцёпа, калі падыходзілі да старой бярозы, што над крыжавымі дарогамі.

(Дарога, што ідзе к лесу, вядзе на Дараўку, а дарога ўпоперак цераз поле — на Байдукі.)

— Яшчэ сырая зямля,— параіў чалавек.— Няварта разувацца. Ужо недалёка...

Сцёпа і паслухаўся чалавека. Ды мазоль яму не вельмі муляў. Хацелася Сцёпу разуцца, першы раз прайсціся пасля зімы босымі па зямлі нагамі. Ступіш на зямлю — адчуваеш яе, жывую, прасторную. Ступні босых ног шчыпле прыемны халадок вільготнай зямлі...

Пакуль дайшлі да лесу, Сцёпа расказаў пра сябе, хто ён і што ён. Як разносіў пракламацыі і ледзь яго не злавілі, як выведаў у Мальвіны, дзе цяпер Марыся. Урэшце запытаў у чалавека, ці знаёмы з Дзядзькам. Можа, ён ідзе на сход па Дзядзькаваму загаду.

Чалавек слухаў Сцёпу, а потым не сцярпеў.

— Ты мяне першы раз бачыш, праўда? Адкуль ты ведаеш, хто я, з якімі я думкамі?

— Я не кажу, што ведаю,— не адразу зразумеў Сцёпа.— Канешне, што першы раз бачу.

— То чаму ты расказваеш мне падпольныя сакрэты?

— Вы — свой...— збянтэжыўся Сцёпа.— Вы ідзіцё на сход...

Чалавек растлумачыў, што ўсё роўна няможна гаварыць.

— Добра гэта, як ты кажаш, што трапіў на свайго,— тлумачыў чалавек.— А магло быць — з табою ішоў бы той самы шпік, ад якога мы выкручваліся. Дэфензіва не дурная. Нікому, браце, не вер.

Чалавек верыў у Сцёпаву шчырасць, толькі яна вельмі гарачая. Пра сябе сказаў Сцёпу вельмі мала. Ён — настаўнік. Цяпер ён без працы. Вось і ўсё.

Сцёпу агарнула крыўда: і сапраўды, ён лёгкі на язык. Колькі разоў яму гаварыў Фіма, і ўсё роўна.

Каля лесу яны ўбачылі селяніна з сякераю за папругаю. Нібы выглядаў селянін смалістую сухастоіну: круціўся каля дарогі і ўсё задзіраў галаву на лес.

Тут ізноў быў пароль: «як прайсці да Зубраў».

(Зубры таксама на тым баку гарадка). Сцёпа цяпер зразумеў: дарэмная была ў яго думка трапіць на сход. Дайшоў бы да моста, і ўсё. Не ведаў бы, што сказаць і каму. Чалавек у драпавым паліто меў не адзін пароль. І шукаў ён перш-наперш не сходу, а чалавека з прыкметаю.

«Колькі асцярожнасці,— думаў Сцёпа ідучы, калі селянін правёў абодвух у лес за дваццаць крокаў ды здаў другому сярэдніх гадоў чалавеку, падобнаму на паляўнічага (ён у ботах з высокімі халявамі, у кароткай світцы, у кепцы, а на аборцы цераз плячо — вінтоўка).— Той шпік,— разважаў Сцёпа,— ніколі б не дайшоў, нават каб і не папярэдзіў я настаўніка...»

У Сцёпы так многа радасці! Ён будзе зараз на сходзе... Ды на якім! Фіма, канешне, зазлуе: «Як адважыўся пакінуць свой пост!» А Сцёпа яму скажа: «Папытайся ў настаўніка». Увесь сход будзе ведаць, як Сцёпа папярэдзіў ад шпіка, як яны абодва абдурылі дэфензіўшчыка. Усе вунь як будуць рады за Сцёпу. Колькі будзе гаворкі!.. Сцёпа выступіць на сходзе, раскажа ўсё па парадку.

— Магіла расстралянага...— раптам сказаў чалавек з вінтоўкаю, ідучы наперадзе.

Сцёпа здрыгануўся. І сапраўды, жоўты, абы-як згорнуты курганок. Цяпер толькі Сцёпа ўспомніў: яны — у «Хвойніках». Увесь горад ведае, што белапалякі возяць сюды людзей на расстрэл.

Ступілі некалькі крокаў — і другі курганок... вунь трэці...

Чалавек з вінтоўкаю больш нічога не гаварыў. Сцёпу захацелася запытацца: «хто расстраляны». Прайшлі некалькі крокаў, і не мог адважыцца. Ну, як ты запытаеш хто?..

А чалавек з вінтоўкаю спыніўся ды, паказваючы вачыма:

— Вось і нашы... Ідзіце, а я вярнуся.

Калі падышлі да людзей, Сцёпа даўся дзіву: на сходзе чалавек пяцьдзесят. І ніхто не паглядзеў нават, што яны прыйшлі. Усе сядзелі, ляжалі на зямлі, слухалі чалавека ў бобрыкавым паліто. Ён стаяў пасярэдзіне круга, размахваў рукамі, гаварыў:

— ...Кожны партызан павінен расказаць сваім блізка знаёмым, што белапалякам засталіся лічаныя дні «гасцявання». Кожны з вас павінен зваць сваіх знаёмых, надзейных таварышаў у партызаны...

Сцёпа акінуў вокам увесь сход — разглядаў.

Некаторыя сядзяць, абхапіўшы калені рукамі. Некаторыя ляжаць на ўзлокатках. Шмат хто трымае пры сабе вінтоўку...

«Дзе ж Фіма?»

Вунь сядзіць на пні нізенькі чалавек у заячай шапцы.

Увесь аброс цёмна-рыжаю барадою. Падпяразаны ён кулямётнаю лентаю. Русы, шыракаплечы чалавек ляжыць на баку: ён падпёр галаву рукою пад вуха. Яго суконная світка, падпяразаная папругаю, расхрыстана, не зашпілена. З-пад яе відаць палатняная белая рубашка. Грудзіна ў рубашцы расшпілілася, і з-пад яе свеціцца голае цела. У русавалосага на папрузе, збоку, як маленькая даўбешачка, бомба.

Сцёпу зрабілася вельмі весела.

«Сюды белапалякі не паткнуцца!»

А чалавек у бобрыкавым паліто:

— ...Мы, таварышы, на могілках расстраляных нашых дарагіх, родных. Мы не ведаем, у якой магіле таварыш Шэйман... Не знаем, каторы курганок таварыша Сталярова. Таксама закатаваны і засыпаны тут Аносаў. Наша адважная камсамолка Гэля Дунайчык — яе магіла пры дарозе. Магіла таварыша Вінаградава... Камандзір Вінаградаў ішоў да нас у падполле. Мы чакалі яго, не знаючы, што ён загінуў. Дэфензіва ледзь не скарыстала нашай разгубленасці. Калі б здарылася гэта — некаторыя з нас ляжалі б тут, пад гэтым жоўтым пяском. Тут таксама курганы і невядомых нам. Але мы ведаем іх. Яны нашы браты, сёстры, бацькі... Яны загінулі, баронячы рэвалюцыю! Я прапаную ўшанаваць памяць загінуўшых — і гэта будзе нашай прысягай адпомсціць за нашых родных — я прапаную ўстаць...

Як уставалі з зямлі, Сцёпа не паверыў сваім вачам: недалёка ад яго, збоку,— польскі салдат. Ён таксама ўстаў з зямлі. Трымаў у руках сваю кантовую шапку з арлом, а на твары: нібы хацеў перад усімі нешта сказаць альбо папрасіць прабачэння...

«Падпольны...— здаўмеўся Сцёпа.— Малайчына!»

Стаялі хвіліну і маўчалі. Сцёпа назіраў у ціхаце за тварамі людзей. Усе яны суровыя, грозныя, добрыя... Людзі нібы прыслухаліся на момант — хацелі пачуць узрастаючы там на ўсходзе грукат гармат. Нават твары некаторых пазіралі ў той бок... А можа, і другое: магчыма, слухалі яны, каб пачуць, аб чым гаворыць жоўтыя магілы загінуўшых.

Прайшла хвіліна, і ўсе зноў селі на лясны рыжы мох. Тады выступіў каржакаваты чалавек з белымі бровамі. Чалавек у лапцях, у сівай жакетцы, у шапцы з сінім шырокім аколышкам. Паставіў каля лапця сваю кавалерыйскую вінтоўку, трымаўся рукою за ствол і, хістаючы яе то сюды, то туды, гаварыў:

— Мы сабраліся, канешне, не паніхіду спраўляць. Мы пакляліся перад магіламі і яшчэ раз клянемся... прагонім паноў! Далоў буржуйскі клас! Наша рэвалюцыя пойдзе на край свету! Наконт магіл правільна сказаў таварыш Татур. Гэта проста-такі... правільна. Як прагонім каршуноў, мы ўсе гэтыя магілы абложым дзёрнам. Таксама паставім помнікі, агароджу і насадзім кветак. Гэтыя магілы, дзе закапаны нашы таварышы,— дарагія магілы! Іх трэба шанаваць... Вось і ўсё.

Ён адышоўся ўбок і сеў, задаволены сваёю прамоваю. На сярэдзіну выйшаў чалавек, падпяразаны кулямётнаю лентаю. Чалавек толькі сказаў «таварышы дарагія», а з таго боку, адкуль ішоў Сцёпа, бяжыць Фіма.

«Дзе ён быў?..» — паспеў падумаць Сцёпа.

Фіма падбег засопшыся. Сціснутым голасам, ледзь выгаворваючы, праказаў:

— «Фура»... на полі, каля бярозы... Многа жандараў... Адзін усё лезе на бярозу... Некага, мусіць, вешаюць...

Усе як адзін усхапіліся. Некаторыя з вінтоўкамі кінуліся ў той бок, адкуль бег Фіма. Але Татур спыніў усіх адным узмахам рукі.

— Стойце! — сказаў ён сярдзіта.— Куды вы? Паказаць сябе? Чалавека ўсё роўна не выратуеце. Страляць з лесу за вярсту... Толькі выклікаць з горада больш жандараў...

У Сцёпы ёкнула сэрца. Няўжо нельга падысці да дарогі, паглядзець з лесу? От ён будзе ісці гэтак здалёк, назіркам...

 

Раздзел пяты

Тое, што адбылося, трымалася на воласе. Вагалася на аптэкарскіх шалях.

Жандар, які падаваў Рытвінскаму Косцікаў прыгавор, папрасіўся ў каравульнага начальніка — сяржанта Зомбера:

— Дазвольце, пане афіцэр, выйсці на вуліцу, купіць канверт.

Зомбер вельмі любіць, калі салдаты звяртаюцца да яго не «пане сяржант», а «пане афіцэр». Яны разумныя, смякалістыя!

Зайшоў жандар — Зомбер сядзеў на крэсле, выцягнуўшы перад сабою доўгія ногі. Не зводзіў вачэй з веснавой мухі. Яна бумкала на шыбе акна — не магла ўзняцца, паляцець, куды ёй трэба. Было вельмі смешна. Паўзе, паўзе, да сярэдзіны шыбы дапаўзе — і зноў адкідаецца на раму. Для яе цяжкой такой — слізкае шкло.

«Не ўпаўзеш...— думаў Зомбер.— Я цябе зараз вазьму на шпільку...»

І ўжо хацеў узняцца з крэсла...

— Чаго? — нібы не ўцяміў Зомбер, калі пытаў жандар дазволу.

— Купіць канверт, пане афіцэр.

— А дзе плютановы, пан Рысіцкі? — запытаў Зомбер.

— Ён недзе на нізе, пане афіцэр. Таму я вас і патурбаваў.

— Угу... Каму пішаш?

Не ведаў, што сказаць, але здаўмеўся.

— Дзяўчыне, пане афіцэр.

— І нічога дзяўчына?

— Хто ж яе... Можа, і дарма... Дачка фальваркоўца...

— Дзе яна жыве?

— Тутэйшая. Вёрст дваццаць ад горада. З Курганоў. Ездзілі рэквізаваць — пазнаёміўся. Начавалі з Бронісем Савіцкім у гэтага фальваркоўца.

— Маладзец! — падхапіў Зомбер.— Не трэба драмаць у шапку. Гэтымі днямі я паеду ў Выжары — вазьму цябе — заедзем. У мяне наконт паненак ёсць густ. Прыпішы, што з ёю хоча пазнаёміцца афіцэр. Ідзі.

І не паспеў высокі дайсці да дзвярэй пакоя, як Зомбер спыніў яго:

— Фурс, зачэкай. Хоць тутай. На, вазьмі бутэльку каньяку... Ведаеш якога? Толькі не баўся. Зараз павязем на «вечны одпочынэк» бальшавіка.

Фурс гэта ведаў. Чуў сваімі вушамі, як чытаў Рытвінскі Бранявіцкаму прыгавор. Толькі ён і другое ведаў: трэба паведаміць Яся Таркевіча. Ясь таксама некаму скажа. Можа, і перашкодзяць? Хаця ніякай надзеі не відаць. Што можна зрабіць, калі вязуць смяротніка дзесяць жандараў з адзінаццатым афіцэрам? Машына «фура» — зачыненая. Ідзе дарогаю поўным ходам. Хто яе спыніць?

— Пане афіцэр,— хаваючы грошы на каньяк у кашалёк, не сцярпеў Фурс (якраз да гаворкі),— а дзе, пане афіцэр, гэта будзе?..

Не мог выгаварыць жудаснага слова, а Зомбер сам зразумеў.

— Не ведаю. Напэўна, за Шырокаю...

Сказаў і спалохаўся. Хіба можна гаварыць загадзя такія сакрэты радавому салдату? Нават раззлаваўся, крыкнуў:

— Ты, Фурс, як баба! Ідзь!

Каля двух тыдняў, як Сядуч прачуў, што Бранявіцкі ў «Белым Доме». Не мог з ім пабачыцца, не знаў, які ён з твару. Найбольш цяпер бываў каравульным турмы плютон сяржанта Зомбера. А Сядуч на каравуле станцыі ды гарадскіх вуліц. Нельга ж пайсці ў камеру сваім адумам, калі ўсё наўкол дрыжыць. Ды што паможаш?

Раіўся з Дзядзькам, што рабіць.

— Не вытрымае Бранявіцкі,— казаў,— яны могуць драць палосамі скуру.

Дзядзька ўсяго толькі мог і параіць.

— Сачы за допытамі. Добра, калі б на допыце заўсёды быў свой чалавек. Памагчы пакуль што не можам. Уцячы з «Белага Дома» — дарэмныя мары.

З кожным днём дазнаваўся Дзядзька аб Косцікавых пакутах. Разумеў — напэўна расстраляюць. Самая балючая была думка. Калі б везлі Косціка ў «Хвойнікі», за горад,— можна было б, можа, выратаваць. Толькі ізноў жа: добра ведаючы, у які дзень і нават у якую гадзіну. Можна залегчы было пры дарозе і, як везлі б, адабраць Косціка зброяй.

Дзядзьку радавала Косцікава стойкасць. Шкадаваў, як свайго роднага сына. У кожным дні шукаў яго ратунку. А як знайсці, розуму не мог прылажыць.

Сядуч даведаўся, што Косцік у «Белым Доме», праз Яся Таркевіча (Ясь у яго дружыне1 радавым салдатам. Родам ён з ускраіны Львова, з рабочых пасёлкаў).

А Ясю сказаў Фурс. Часта бывае Фурс у каравуле «Белага Дома». Ясь папрасіў Фурса :

— Ты там прачуй, ці ёсць такое прозвішча — Бранявіцкі?

Фурс перш быў запытаў:

— А што ён, гэты Бранявіцкі, твая радня?

— Не...— тлумачыў Ясь Фурсу.— Ніякая не радня. Я з аднаго краю свету, а ён тутэйшы. У яго прыгожая сястра... я цераз яго сястру пазнаёміўся з ім. Дык сястра цяпер не ведае, дзе дзеўся брат. Быў дома, выйшаў з дому і не прыйшоў дадому. Яна думае — можа, ён трапіў да нас.

І толькі праз некалькі дзён Ясь спрабаваў больш выразна сказаць сваю думку Фурсу.

— Ці ведаеш ты, пане Фурс, за што мы ваюем? — запытаў ён.

— За айчызну! — не задумаўся Фурс.

— А дзе яна знаходзіцца?

— Дома, дзе ж!..

— І вялікая?

— Я цябе не разумею! — пазіраў Фурс на Яся здзіўленымі вачыма.

— Што разумець: я пытаюся, колькі валок зямлі ў твайго айца і ці вялікія палацы?

— Што ты пляцеш? — яшчэ больш здзівіўся Фурс.— У майго айца на Пазнанскай адзін пакойчык. Айцец плаціць за яго гаспадару Кнеўскаму дваццаць пяць марак у месяц. Пакойчык вельмі цесны і вада —= за цэлы квартал.

— То за якую айчызну наша вайна?

— Я ж не ведаю,— засаромеўся Фурс,— так гаворыць пан Зомбер...

— Зомбер, можа, і праўду кажа: у яго айца, як я ведаю, дваццаць валок зямлі. Яму ёсць за што ваяваць. А нам з табою... Калі б я ведаў, што ты не лёгкі на язык,— сказаў бы...

Таркевіч на той першы раз доўга гаварыў з Фурсам. Адважыўся: што будзе, то будзе. Фурс не ўсё зразумеў, а гаворка вельмі спадабалася. Калі падумаеш — правільныя словы. Нічым ты іх не расколеш. Дык за што так часта ўночы вывозяць людзей за горад? Ці ж не за тое, што здабываюць бацькаўшчыну, якой не мелі цэлымі вякамі?

Фурс яшчэ не разумеў да канца, што такое бацькаўшчына чалавека. Часамі доўга думаў, меркаваў:

«Можа, мы ваюем за сваіх, за палякаў? От, якая айчызна. А рускія — за сваіх...»

Але не адважыўся запытацца ў Яся. Адчуваў, што Ясь таксама знойдзе адказ. Тады ў яго «душы» нічога не застанецца, каб апраўдаць сябе перад гэтай вайною. Тады будзе адна крыўда і боль. Лепш не будзе пытацца, а Яся паслухае.

Фурс выйшаў за браму, і тут недалёка: ён дойдзе да Яся Таркевіча, а потым па дарозе купіць каньяк. Ён скажа Ясю — няхай спяваюць Бранявіцкага бацькі «вечны одпочынэк». Ну, што ён можа зрабіць? Яму таксама шкода гэтага хлапца. Чытаў Рытвінскі прыгавор — не мог слухаць. Хацелася заткнуць вушы альбо выйсці. Ішлі з камеры — сціснуў Бранявіцкага за локаць: хай ведае, што Фурс не такі чалавек, як тыя. Фурс хоча, каб яшчэ жыла Бранявіцкага маладосць. Хіба ён разбойнік ці які злодзей? Ну, за што забіваць чалавека?

Ішоў гэтак з развагаю, а нехта ззаду за плячо рукою: як спалохаўся!

— Куды ты?

— Бронісь... Адкуль ты?

— Іду... думаю ў сквер. Я пасля змены. А ты?

— Я... я... таксама іду. Я ў каравуле, у «Белым Доме». Выйшаў купіць канверт...

— Што чуваць у «Белым Доме»? Шмат бальшавікоў?

— Хапае! Сёння аднаго павязем...

— Быў суд?

— Суд? Хто ж яго ведае. Сам Рытвінскі чытаў прыгавор. Пэўна ж быў.

— Са-ам?

— Сам. Злосны бальшавік. І малады яшчэ, а не сазнаецца. От натура!

— І ты чуў прыгавор?

— Я быў канвойным. Канешне, чуў. Нейкі Бранявіцкі.

— Бранявіцкі!!!

— Чаго ты?!

Абодва адзін перад другім спалохаліся. Ускрыкнуў Бронісь — Фурс падумаў сам сабе: «Можа, ён ведае, да каго я іду». Фурсу здалося, што Бронісь падслухаў яго думкі.

А Бронісь спалохаўся, як пачуў Косцікава прозвішча. Здрыгануўся ўвесь. Ён жа павінен сачыць за Косцікавым лёсам: як жа так раптоўна!.. І другое, можа, Фурс наўмысна сказаў перад ім? Можа, ведае яго думку ды выпытвае цяпер такою гаворкаю?

Ішлі да магазіна ды адзін перад другім, каб апраўдаць свой спалох:

— Так яму і трэба, калі такі цвёрды бальшавік!..— сказаў Бронісь.

— Яшчэ ж і які!.. Я б такога жывога на агонь.

— На агонь — не на агонь, а хопіць з яго адной кулі.

— Мала адной. Выстраліў, і ўсё тут. Трэба, каб папакутаваў.

— Яно ж пэўна.

— Канешне, на агонь...

— Я дык ніколі не бачыў, як страляюць бальшавікоў,— раптам сказаў Бронісь.

— Нічога цікавага,— праказаў Фурс.— Таксама памірае, як і на фронце.

— Кажуць, бальшавік пачынае перад смерцю спяваць?

— Выдумка! — махнуў рукою Фурс.— Я ніколі не чуў. Не вельмі наспяваеш, калі дула карабіна пазірае ў лоб.

— Хіба ў лоб так і страляюць?

— Не, канешне... Я так, для прыкладу гавару.

Абодва замаўчалі. Дайшлі да віннага магазіна, і

Фурс спыніўся. Хацеў, каб хутчэй пайшоў Бронісь. Яму трэба, вунь Таркевічава кватэра — забегчы, сказаць.

Фурс першы парушыў маўклівасць:

— Ты ідзеш у сквер... Ну, дык до відзэння...

Працягнуў руку Бронісю, а той зусім спакойна:

— Я цябе правяду да «Белага Дома». Мне ўсё роўна няма чаго рабіць. Спаць не хочацца... Сёння такі цёплы дзень... Ну, ідзі, купляй твае канверты...

Фурс і сам не ведаў: што ж будзе? Як наказаць? Прычапіўся як смала.

А ён і не будзе наказваць. Можа, Бронісь што-небудзь падазрае на яго. Мала як. Не трэба гаворкі было ўздымаць. Гатоў яшчэ сачыць за ім, куды ён пойдзе. Ды што з таго, калі ён і накажа? Хлапцу ўсё роўна смерць. Скажа, як прыйдзе з каравула. Нечага за адным заходам будзе ведаць, дзе яго труп. Можа, захочуць пахаваць як чалавека.

— Як хочаш,— згадзіўся Фурс з Бронісем.— Правядзі сабе, калі не лянуешся. Мне яшчэ трэба таксама купіць «паручніка»2 — пан Зомбер даў грошы.

* * *

Усё нутро гарэла ў Броніся агнём. Што яму рабіць? Які знайсці ратунак? Ледзь не рваў на галаве валасоў. Няхай бы лепш не сустракаўся з Фурсам. Калі б нічога не знаў, не ведаў, тады лягчэй бы... І няма з кім параіцца. Сядуч з Дзядзькам на сходзе. Бронісь ведае, што сход за горадам у лесе. Ды што з гэтага? Застаўся ў горадзе, каб назіраць за настроем начальства. Шпікі могуць высачыць, данесці. Заварушыцца трывога — Бронісь дасць сігнал. Выстраліць запар тры разы з моста ў ваду: нібы ён лавіў рыбу. Цяпер жа нераст язёў. А які сігнал, што Косціка вязуць на смерць? Ды што з сігналу, калі вязуць яго на Шырокую вуліцу ў прысады? Зусім на другі бок горада.

Бронісь сказаў сам сабе: «Я паеду з канвоем, што б ні было! Хоць буду ведаць, дзе яго магіла... А можа, буду завязваць вочы, нават шапну яму: «Мы за цябе, дарагі таварыш, не даруем!»

І ён сядзеў цяпер у «фуры» разам з канвоем. Яму пашанцавала. Як падыходзіў з Фурсам да «Белага Дома», сказаў:

— Я папрашу пана Зомбера... Як ты мысліш: ці дазволіць? Я хачу расстраляць сваёй рукою хоць аднаго бальшавіка...

— Не дазволіць...— сказаў Фурс.— Загадае страляць цэлай дружынай. Ён кажа, што для нас двайная карысць: першае — вучымся страляць па жывых цэлях, другое — забіваем бальшавіка.

— Я і не кажу, каб аднаму мне дазволіў,— зразумеў Бронісь,— мы будзем разам.

А каб не было лішняй гаворкі, можа, нават падазронасці, Бронісь дагаварыўся з Фурсам.

— Я паеду за цябе. Табе ўсё роўна. Ты не раз ездзіў, праўда?

— Едзь...— неахвотна нешта згадзіўся Фурс.— Толькі як прыедзеш — як сабе хочаш — пачысціш маю карабінку.

Капрал Янэк Стусевіч сказаў быў Бронісю:

— Ганаруся салдатамі-добраахвотнікамі, у якіх не дрыжыць на бальшавікоў рука. Я далажу пану сяржанту:— паедзем!

«Фура» выехала за браму «Белага Дома», і Броніся апанаваў страх. Косцік сядзеў, прыпёршыся плячамі да кораба машыны, а дзесяць жандараў — паабапал на бакавых лавачках. Сяржант Зомбер сядзеў у кабінцы разам з шафёрам.

Усе жандары Бронісю добра знаёмыя. Вось Антэк Брыжэўскі... у яго шырокія плечы, вочы яго заплылі тлустасцю. Гэты чалавек можа страляць у чалавека, не выраніўшы з галавы воласа. У яго няма ні нерваў, ні «душы». Болісь Крыжановіч таксама будзе страляць. Яго валасатыя пальцы нагадваюць дзікуна. Станіслаў Рысіцкі — плютановы — стары легіянер. За Пілсудскага аддасць сваю галаву. Вінцусь Петрашкевіч можа драць з чалавека палосамі скуру. Капрал Янэк Стусевіч можа пароць у жывыя раны шомпалам. Ён — садыст. Любіць бачыць кроў. Бронісь Зыгмуцкі — гадоў сорак. Былы жандар Мікалая. Добраахвотнік: ніяк не можа адвыкнуць... Стэфан Крыштанпольскі — яму ўсё роўна. Загадаў пан афіцэр — мусіць паслухацца. Двух астатніх Бронісь Савіцкі не ведае. Яны новенькія. Бадай, ці нетутэйшыя фальваркоўцы. Зусім маладыя. Напэўна, пайшлі добраахвотнікамі.

«Каб гэтак везлі свае таварышы...— думае Бронісь.— Сяржанта Зомбера можна было б супакоіць рэвальверам праз акенца, што ў кабінцы. А тады— у лес... У глыбокі лес да партызанаў. Цяпер ужо не бяда: вясна!»

Бронісь не мог глядзець Косціку ў вочы. Кідаў часамі позірк і адрываў яго. Ён бачыў: Косцікаў твар худы, завостраны. Вочы глыбока паўпадалі. Яны свецяцца мутным водблескам. Пальцы заверчаны марляю...

«Яны так і застануцца заверчанымі...» — падумаў Бронісь і жахнуўся. Заверчаныя пальцы пасля смерці... Ён жа хацеў, каб яны загаіліся...

Аб чым ён цяпер думае? Каго хоча бачыць перад смерцю? Калі б ён ведаў, што з ім едзе сведка яго смерці... Бронісь раскажа ўсё, як было. Бронісь запамятае яго магілу...

Ад гэтай думкі Бронісю хацелася крыкнуць: «Нех жые рэвалюцыя!» Каб ведаў, паміраючы, што ён ніколі не быў адзін.

А закрытая машына «фура» праехала да канца Мяшчанскай, і Бронісь здрыгануўся: машына не пайшла на Парэцкі пляц, каб звярнуць на Шырокую, а пайшла проста да Пад’езднай. «Яны вязуць яго ў «Хвойнікі»,— ледзь не ўскрыкнуў Бронісь. Не сцярпеў — праверыў сваю радасць услых:

— Куды мы вязем?..— шэптам запытаў у Янэка Стусевіча.

— На крыжавыя дарогі!..— адказаў Янэк больш мацнейшым за Броніся голасам.

Бронісь здзіўлена паглядзеў на Янэка. Хацеў, каб ён растлумачыў, і не адважыўся пытаць: можа кінуцца Янэку ў вочы, чаму пытае.

Машына ўжо выйшла за гарадок. На мосце цераз рэчку сцішыла ход, потым напорыста ўзяла ўзгорак. Можа, праз пяць хвілін, за ўзгоркам, яны пад’ехалі да крыжавых дарог.

У Броніся аж сшэрхла ўсё цела. Цяпер толькі зразумеў, аб чым гаварыў капрал Янэк.

«Яны будуць вешаць...» — прашаптала Бронісева нутро, калі сяржант Зомбер загадаў, выходзячы з машыны, браць вяроўку. Бронісь апошні раз зірнуў Косціку ў вочы — развітаўся з ім. І доўгі такі быў погляд. Невядома, ці зразумеў яго Косцік...

З машыны выйшлі не ўсе. Косціка яшчэ не выводзілі. З ім засталося трое жандараў. Сяржант Зомбер, размахваючы рэвальверам, загадаў Крыжановічу лезці на бярозу...

Бронісь зірнуў на лес: вярста, калі не больш...

Крыжановіч абкручваў наўкол паясніцы вяроўку, а Зыгмуцкі з Петрашкевічам закурвалі.

— Чапляць будзем на гэты сук... што ад дарогі,— сказаў Зомбер Крыжановічу.

«Даць, можа, сігнал...— не ведаў Бронісь, што рабіць,— выстраліць тры разы... вунь у тую варону...»

— Агледзь сук... глядзі, каб не быў гнілы.

«Далёка ад лесу вырасла гэта бяроза...»

— Вяроўку завязвай вузлом. Абкруціш разы тры. Ён тут будзе вісець доўга...

«Можа, выстраліць у Зомбера...— бліснула думка.— Будзе гвалт... У лесе таксама пачуюць...»

— Я скажу, які даўжынёю канец спусціць. Лезь!

— Пан афіцэр! — падышоў Бронісь да Зомбера.— Няўжо вы не баіцеся граху?..

Зомбер сумеўся: ці не звар’яцеў салдат?

А Бронісь сам не ведае, што сказаў з непрытомнасці. Ён хацеў выстраліць у Зомбера і кінуцца да машыны. Прымусіць шафёра вінтоўкаю ўцякаць к лесу (Бронісь забыўся на трох жандараў у машыне).

Бронісь не выстраліў: рукі не ўзнялі вінтоўкі. Тады сказаў глупства: нібы афіцэр збаіцца грахоў вешаць чалавека.

— Я кажу, пане афіцэр,— бліснула ў Броніся думка,— грэх вешаць бальшавіка на крыжавых дарогах.

?!

— Недавярка я павесіў бы на асіне,— акрэпшым, роўным голасам гаварыў Бронісь,— павесіў бы ў пушчы, дзе гуляюць д’яблы. Крыжавыя дарогі — святыя дарогі пана Езуса.

Зомбер здрыгануўся. Яго ахапіла перш злосць, што нейкі салдат пачынае яго вучыць. Але і другое: праўду гаворыць салдат. Крыжавыя дарогі — дарогі пана буга. Яму гаварыла аб гэтым некалі цёця Зося. Апавядала Зося, што як хадзіў некалі па зямлі пан буг і там, дзе адпачываў, заставаўся на зямлі крыж. Тады людзі хадзілі, ездзілі да святога следу з чатырох канцоў. І расла крыжавая дарога на ўвесь свет. Траплялася Зомберу пераходзіць такую дарогу — заўсёды хрысціўся. І на кожным скрыжаванні заўсёды стаіць крыж...

Сказаў Бронісь — Зомбер на хвіліну задумаўся: жыды распялі пана Езуса на крыжы, а пан Зомбер патурае — вешае бальшавікоў над яго крыжам.

«Мне загадаў пан паручнік»,— апраўдваўся ў думках перад панам богам. Нават хацеў сказаць гэта Бронісю. І другое: «Можа, пан паручнік забыўся на крыжавыя дарогі? Можа, нават падзякуе, што не зняважыў святога месца?»

А Крыжановіч, выпускаючы бярозу са сваіх абдымкаў, пад Зомберавы думкі:

— Я не ўзлезу, пане афіцэр! Кара на бярозе збуцвелая. Абы ўзяўся пальцамі — адломліваецца. Хаця каб адзін сучок, пане афіцэр, можна б ухапіцца... Няхай падсадзяць...

— До лясу! — закамандаваў Зомбер жандарам, і ўсе ізноў селі ў машыну.

Бронісь не памятае добра, як адбылося ўсё гэта жудаснае ў лесе. Не меў пэўнай надзеі, што ўбачаць падпольныя вартавыя «фуру». Ды калі і ўбачаць — могуць папярэдзіць сход толькі для таго, каб цішэй гаварылі. І не ведаў, ці далёка сход у лесе (напэўна, далёка), на якім баку дарогі.

Ужо было ўсё падрыхтавана. Ціха аб нечым шаптаўся малады прыдарожны ельнік. На разложыстым дубе (не было горкай асіны) вісела вяроўка. Яна яшчэ не нацягнутая, новая... Маленькі ветрык варушыў на ёй нейкія неасмаленыя вусікі асморжынаў.

Жандары стаялі твар к твару ў два рады, па чатыры чалавекі. Уздоўж іх — вулачка. Бронісь — каля самай вяроўкі: хацеў шапнуць Косціку апошняе развітанне. Сяржат Зомбер воддаль, збоку. Трымаючы ў апушчанай руцэ рэвальвер, праказаў:

— Пшэвадзіць!

Тады двое жандараў — Вінцусь Петрашкевіч з Антэкам Брыжэўскім вывелі Косціка з «фуры».

Ён нібы яшчэ не ведаў, што з ім хочуць рабіць. Наіўнымі вачыма акінуў жандараў, паглядзеў на лес... Ён убачыў перад сабою шыбеніцу.

Бронісь назіраў за ім. Бачыў, як адступіўся Косцік міжвольна назад. Антэк Брыжэўскі падставіў карабінку, папхнуў яго прыкладам наперад.

— Ідзь!..

Усё здарылася так, як праходзіць на небе ў навальніцу маланка. Бронісь не зводзіў з Косціка вачэй і не апамятаўся, як збоку прарэзаў яго вушы крык:

— Урра-а! Косцік!!

Бронісь азірнуўся: з ельніку бег Сцёпа.

А Зомбер, як згледзіў хлапца — узняў рэвальвер і выстраліў. Сцёпа бег і нібы спатыкнуўся аб корань: хапаўся за паветра рукамі, потым узмахнуў усім целам, рынуўся на зямлю.

Тады здрыгануўся лес, здавалася, цэлым выбухам: з ельніку выбегла чалавек дваццаць з вінтоўкамі. Жандары, як стаялі ў радах — змяшаліся, кінуліся да «фуры». Бронісь таксама адбегся за імі. Быў за машынаю і бачыў: Косцік кінуўся бегчы да Сцёпы, а Зомбер, стоячы за хвояй, выцягнуў наперад руку, жмурыў вока...

Бронісь таксама ўзмахнуў вінтоўкаю... прыпёр яе да пляча. Вінтоўка перш тузянула, потым аддала прыкладам у плячо... Сяржант Зомбер адразу расшчапіў пальцы — выпусціў рэвальвер. Павольна апускаўся на мох каля хвоі, скрабучы пазногцямі яе сухую кару.

* * *

Лес ціха аб нечым шаптаўся. Ноч даўно ўжо запаліла мільёны зорак. Яны, як свечкі...

Недзе далёка за лесам выў сабака. Напэўна, чуў сабака галодных ваўкоў.

Ціха гарэў раскладзены каля балота ў гушчары маленькі агонь. Яловыя сучкі часамі патрэсквалі, парушалі нямую ціхату.

Каля агню сядзелі Фіма з Бронісем і Дарахвей. Воддаль ад агню на яловых лапках на Бронісевым шынялі ляжаў Сцёпа. На яго твар падала жоўтае святло. Яно цалавала яго твар, трапяталася шырокімі крыллямі падстрэленай птушкі. Каля Сцёпавых ног сядзеў і не зводзіў з яго твару сваіх вачэй Косцік.

У Сцёпы вочы заплюшчаны. Часамі нешта хрыпіць у яго горле. Высока ўздымаюцца грудзі.

Косцік не зводзіў са Сцёпы вачэй і не бачыў ясна яго твару. Не, ён не плакаў... Вочы яго так ад нечага цьмяныя. Праціраў адным пальцам, каб не заўважылі, ад агню...

— Не пайшоў...— ледзь прыўзняў Сцёпа павекі вачэй,— не слухаеш... Зловяць... Косцік. Ідзіце... усе ідзіце...

— Мы далёка, Сцёпачка,— адказаў Косцік,— не бойся, братка, не зловяць.

— Могуць... Яны хітрыя... Пакіньце мяне...

І глухі ахрыплы стогн.

Фіма з Дарахвеем паглядзелі на Сцёпу. Бронісь узняўся ад агню, падышоў да яго. Прысеў збоку на кукішках.

— Stefanie, nie trzeba sie przejmowac. Wkrotce przyjdzie doktor... My bendziemy razem.. nazawsze...3

— ...горача... тут...— хацеў падняць Сцёпа руку, паказаць, дзе горача, і не мог.

Ізноў усе маўчалі, як і сама ноч. Аб чым гаварыць? Цяжка гаварыць. Разумелі — памрэ Сцёпа. Куля трапіла ў жывот і прайшла наскрозь. Убачыў з ельніку дарагога Косціка — забыўся на ўсё. Думаў, што не паспеюць выратаваць, першы выбег з лесу. «Чаго ж яны марудзілі...»

Маладосць... Яе ніхто не абвінаваціць. Яна дужая, адважная, смелая.

Сцёпа памёр, калі ўзыходзіла сонца. Таварышы выкапалі магілу недалёка ад вогнішча. Асцярожна палажылі Сцёпу ў магілу і знялі шапкі. Хвіліну стаялі ў зацятай маўклівасці...

Гэта была хвіліна іхняй жалобы і прысягі.

 

1 Дружына — аддзяленне.

2 Паручнік — на пагонах дзве зорачкі. Салдаты, найбольш дзеншчыкі, якія ходзяць купляць для афіцэраў каньяк, называ­юць яго па чынах начальства — колькі ў таго зорачак.

3 — Сцяпан, не трэба хвалявацца. Неўзабаве прыйдзе доктар... Мы будзем разам... назаўсёды...

Дасказ

На рагу Ленінскай і Савецкай стаяў Карзюк. Хацеў перайсці цераз Савецкую вуліцу на той бок. Ніяк не мог перайсці: па вуліцы праходзіў полк чырвонаармейцаў энскай дывізіі. Першыя шарэнгі ўжо каля Камсамольскай, а задніх з-пад Энгельса яшчэ не відаць. Полк быў у новым абмундзіраванні. Ішоў нага ў нагу пад музыку духавога аркестра.

Карзюк некуды спяшаўся. Не ўстаяў на тратуары — сышоў на брук. Усё хацеў улучыць момант — прамкнуць праз шарэнгі. Вось-вось ён прабяжыць...

І не заўважыў, як збоку падышоў чалавек у рабай кепцы, у сінім гарнітуры і да яго:

— Ты гэта ці не ты?..

Карзюк здрыгануўся. Чамусьці ўявіў, што перад ім стаіць Косцік Бранявіцкі.

Будзе месяц, як ён атрымаў ліст ад сваіх. Яны асцярожна пісалі: «Марыся Суравец у Мінску. Вучыцца на першым курсе рабочага факультэта. Кастусь Бранявіцкі дома. Цяпер ён камсамольскі начальнік. Усё збіраецца ехаць да Марысі...»

З гэтага часу, абы выходзіў у горад — усё сцішка азіраўся паабапал. «Гара з гарою не сходзіцца, а чалавек з чалавекам...»

— Не пазнаеш? — запытаў чалавек у рабай кепцы, калі Карзюк пазіраў на яго разгубленымі вачыма.

— Цвікун!..— успомніў Карзюк дэлегата з’езда ад сацыял-дэмакратаў.— Скуль ты? — узрадаваўся Карзюк.

— Стуль, дзе няма... А ты?

— Я... я стуль, дзе ёсць...

Абодва рассмяяліся. Карзюк з вялікай радасцю паціснуў Цвікунову руку: якога дарагога чалавека спаткаў! Саступаючы з бруку на тратуар, Карзюк праказаў:

— То, можа, вып’ем пакуль што піва?

— Вып’ем,— згадзіўся Цвікун.— Чаму ж не.

Яны ішлі проста па тратуары, а чырвонаармейцы па бруку насустрач ім.

— ...раз-два! раз-два!..

— Факт...— сказаў Цвікун, паказваючы вачыма на чырвонаармейцаў.

— Паглядзім...— адказаў Карзюк і перавёў гаворку на другі лад: — Між іншым, я выязджаю каморнікам на вёску... для пасёлачнага, так сказаць, землеўпарадкавання. Табе таксама, калі захочаш, знойдзецца работа...

На шкляных дзвярах перад імі белымі літарамі было напісана: «Піва, квас і халодныя закускі».

Яны бразнулі за сабою шклянымі дзвярмі.

 

1935—1936

 


1935-1936

Тэкст падаецца паводле выдання: Баранавых Сымон. Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты / Укладальнік, уступны артыкул і каментар Л.Савік. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989. - с. 365-555