epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Баранавых

Моцька

І
ІІ
ІІІ
IV
V


 

 

Калі вы будзеце ехаць альбо праходзіць цераз пасёлак Навадвор’е, дык, будзьце ласкавы — заходзьце да старога Моцькі!

Калі вы замарыліся — адпачнеце ў яго.

Захацелі папалуднаваць — папалуднуеце, не пашкадуе вам Моцька. Прамерзлі — Моцькава жонка, Элька, самавар паставіць вам. Моцька чалавек гэтакі: ён у людзей бывае, а людзі — у яго.

Моцька заўсёды рад людзям.

Ого, колькі знаёмых у Моцькі! Хто толькі не ведае пра Моцьку, хто не бываў і не бывае ў яго.

Дык будзьце ж ласкавы, заходзьце!

Калі вы не ведаеце дарогі, дык запытайцеся ў малога дзіцяці: усякі стрэчны-папярэчны пакажа дарогу да Моцькі.

— Да Моцькі... дарогу?.. А вось проста, нацянькі каля лесу, потым цераз узгорак, пойдзеце да лагчыны, через бальшак — каля хмызняку, побач з тэлеграфнымі слупамі...

А там, налева — сценка будзе на пасёлак... Здалёк яшчэ ўбачыце новыя будынкі. Вось там і жыве Моцька.

Там ужо хоць хто пакажа Моцькаву хату, толькі што адбудаваную.

Дык заходзьце ж. Будзьце ласкавы!

 

І

Раней гэта было. Тады, як Моцька яшчэ быў у карчме. Вы не ведалі Моцькі. Вам не было ніякага інтарэсу да чалавека, які жыве ў гэтай выветранай будыніне, што выкінута за вёску, нібы вывезенае, непатрэбнае смяццё. Зусім не прыходзіла думка аб будыніне, у якой шыбы занітованы атрэп’ем.

Які каму інтарэс быў. Клопат. Хі!

Але затое, хто ведае, хто заходзіў...

— Колькі таго Моцькі? — звычайна кажа стары Лявон, Моцькаў сусед.— Колькі яго?.. Жменя...

Заходзячы да Моцькі, казаў Лявон:

— Ты, Элька, хоць бы падкормлівала яго лепей,— штукуе Лявон, звяртаючыся да Моцькавай жонкі,— падкормлівала б, авось пачаў бы таўсцець твой Моцька. Жывацёнак з’явіўся б, як у вашага шафара Моўшы. Так, падгладжвай яго!

Але Элька махае рукою.

— Ёсць каго падгладжваць, вось яны,— паказвае на малых галапупцаў — на трохгадовую Сару, на гадовага Шлёмку.

Моцька ж у гэты час нічога не кажа.

Ён нібы толькі што вылез з саду, дзе за ім ганяўся вартаўнік, моргае вачыма, маўчыць Моцька.

Добры чалавек Моцька. Ой, які добры!

— Золата, можна сказаць,— кажуць крывалукаўцы,— Моцька — золата, а не чалавек. Яй-права!

Калі вы, незнаёмец, пападаеце да Моцькі і калі вам патрэбна яго ўслуга, дык толькі намякніце, і Моцька вас зразумее.

— Ха-ха-ха-а,— раскрываеце вы рот альбо праціраеце кулаком вочы, і ён разумее, што вы хочаце спаць.

І тады, пакруціўшы ў пальцах тры калівы чорнай бародкі, Моцька пачынае клапаціцца аб вас.

— Элька,— кліча ён тады сваю жонку,— Элька, пасцялі чалавеку.

І Элька нясе на аберучках палосістую падушку, якая распората ў адным месцы па шве, адкуль вытыркае дробнае курынае пер’е. Яна кладзе яе паважна на цыратовую, абшарпаную канапу, штурхае збольшага пад яе перапелістыя бакі і кажа:

— Адпачывайце з дарогі. Кладзіцеся, адпачывайце! Я дзяцей супакою, ціха будзе.

Моцька чалавек гэтакі. Ён не пашкадуе пераначаваць чалавеку. Цыратовая канапа для гэтага, можна сказаць, і служыць.

Вось чаму не толькі ваколіца ведае Моцьку, а шмат хто — зусім з пабочных людзей ведае. Вось чаму.

— Ну, як жывецца? — часамі папытае падарожнік у Моцькі.— Як крэпішся, Моцька?

І Моцька, нібы пагушкаўшы на далоні, зважыўшы сваё становішча, адказвае:

— Эт, жывецца... Хто не ідзе, дык наступіць нагою... Жывецца...

І зусім так. Моцька не зайздросціць ніколі другім. Ён чалавек незайздросны. Крыўдзіць нікога не ўмее. Вось які Моцька.

— Мяне б не чапалі,— кажа ён,— а я... а я ўжо нікога не зачаплю.

Але ж бывае наадварот: чым больш не чапаеш, тым больш цябе чапаюць.

— Гэта ўжо яно зроблена на свеце,— кажа Моцька.

 

ІІ

У Моцькі ў хаце, над сталом, вісіць лямпа. Дарма сабе што лямпа не запальваецца нават і па суботах. Няхай сабе, што не міргае яе разгатае полымя.

Затое Моцька памятае, як гарэла лямпа ў час яго вяселля. О! Ён памятае і нават добра ўяўляе тое святло лямпы. Хоць гэтаксама як і тады змрок клаўся на сэрца, але святло лямпы, хоць штучнае святло, пачуцці яднала. І гэта было толькі на адзін момант тады.

— Даволі... Шмат нават і гэтага...— незразумелы зык крануў сэрца, і Элька, мусіць, за гэтым плакала.

А назаўтра...

— Вельмі ўжо яе нутро, лямпіна,— кажа Моцька,— шмат патрабуе — хунт на вечар.

— Куды лепш ужо пяты нумар,— кажа Элька.— На тыдзень хапае хунта.

Вось за гэтым і не запальваецца Моцькава лямпа ад яго вяселля.

Цяжка вісіць яна над круглым сталом.

Падарожны чалавек ляжыць цяпер на канапе і глядзіць на яе пунцовыя, хмурныя рубцы. Ён ляжыць і разважае аб ёй і аб лямпе пятнаццатага нумара.

— Каб адарвалася — у дробныя цурачкі, напэўна, рассыпалася б,— думае падарожны госць.

Але затое лямпа нічога аб госцю не думае. Яна вісіць, як ні ў чым не бывала. Цяжка вісіць. І будзе вісець, глядзець, фанабэрыцца перад Эльчынаю камодаю, якая стаіць тутака ля сцяны.

— Дзве раўналежныя рэчы: камода і лямпа. Лямпа і камода — на ўвазе ў Моцькі.

Як адна, так і другая — старыя ўжо. Ножкі даўно паадкідаліся ў камодзе. На падкладках стаіць.

Эльчына камода не то што простая камода, а з буфетам.

— Дзе шклянка? — пытае Моцька ў Элькі.— Напіцца няма чым.— Ён ведае, што шклянка... дзе ж ёй быць, калі не ў камодзе ў буфеце, ён ведае... Але Моцька хоча, каб Элька сказала гэтае слова «ў буфеце».

Моцька разумее, што і ён — хоць у сябе дома, а — людзі? Ён мае волю над шклянкай.

Камода дасталася Эльцы ад яе маткі як пасаг. Эльчына матка атрымала гэтую камоду ад сваёй маткі таксама тады, як ішла замуж.

Вось чаму паадкідаліся ў камодзе ножкі, вось чаму даўно скрышаны верхнія выразаныя цацкі ў буфеце і таксама выбіты ніжнія шыбы, цераз якія шмыгае рука малой Сары. Не толькі камода з лямпаю, гадзіннік таксама ёсць у Моцькі. Над камодаю зусім сіметрычна вісіць ён. Гадзіннік не ідзе цяпер. І калі Моцька п’е гарбату — часта вырываецца думка:

— Ой загарак, загарак! — разважае Моцька, гледзячы ў адно месца.— Ой, мой ты загарак, як няма за што цябе папраўляць. Няма,— глытае Моцька чай, адваліўшыся да арэхавых абручоў свайго крэсла, што скрыпіць пад яго постаццю.— Няма.

А гадзіннік, Моцькаў загарак, чатырохкантовы сценны, нібы хоча заківаць у гэты момант звіхнутым маятнікам, хоча ўсміхнуцца, адказаць, што ён зусім разумее добрага Моцьку.

— Пачакаю... Вытрымаю...— шэпча гадзіннік усёй постаццю вішнёва-здрапанай фарбы.— Пачакаю.

І Моцька разумее яго, як сам сябе.

— Ото ўжо хіба няхай прыйдзе вясна,— разважае ён далей,— вясною хіба разам з кузуркамі абудзішся і ты, маятнік.

Калі Моцька кажа аб вясне — ён кажа аб сваім багацці. У людзей вясною голад, а ў Моцькі наадварот.

За цэлую зіму, за халодную зіму, хто не назбірае ануч? Хто? Поўныя запечкі і ў крывалуцкіх баб і ў падгацкіх.

У каго няма ануч па вясне?

Моцька радуецца за вясну.

— Хіба толькі,— разважае Моцька,— Янкель лошанскі наедзе на ўзахапкі зрабіць... хіба толькі... наедзе... Трэба будзе наўперад падумаць аб гэтым,— вырашае Моцька. Яшчэ тады вырашае, калі мяцеліца круціць, калі самая нішто гульня лютаўскай завірухі. Ого, вясна для Моцькі! Найшчаслівейшая пара года!

І сапраўды, толькі вясною бывае самы найбольшы збор ануч у Моцькі.

 

ІІІ

— Элька! Бадай, ты спрахла з гэтаю Элькаю,— кажа Моцька.— Элька, дзе ты забавілася!

І Элька разумее Моцьку.

Калі ён кажа: «Каб ты спрахла», дык гэта ў яго вельмі добры настрой. Гэта значыцца, Моцька сёння ўтаргаваў паўтары капейкі. Ён прадаў Аўдоцці фунт газы і кусок зялёнага мыла «Блімовіча».

Не без таго-о: Аўдоцця напавер узяла сваю пакупку. Але гэта хіба не ўсё роўна? Моцька ведае, што яна аддасць. Абы-чым, але аддасць. Ён таксама ведае, што Аўдоцця прыйдзе да яго, каб яшчэ ўзяць напавер. Моцька за гэтым адвёў у сваёй вузкай кніжцы старонку, на якой і накрамзоліў: «Аўдоцця, Ярэмава жонка, узяла фунт газы, кусок мыла — гэта на трынаццаць з палавінаю».

Моцька гэтакі. Ён чужога не хоча.

— Няхай мяне сударгі возьмуць,— клянецца Моцька,— мне непатрэбна чужое. І яму вераць. Усе крывалукаўцы вераць. Падгацкаўцы вераць. Дзе ні павернецца Моцька на сваім белым кані, у якога сіняю абалонкаю зацягнуты вочы, дзе ні павернецца — усюды вераць Моцьку. Таргуюцца нават мала з ім.

— Ці не паскупеў ты,— кажа падгацкая Вулляна,— нешта ты, Моцька, мала даеш. Гэта ж цэлае бярэма ануч, а ты толькі адзін тузін... Накінь што-небудзь. Іголак хоць з пару, ці што?

І Моцька накідае. Дастае тонкую іголку і накідае Вулляне на тузін белых гузікаў. Чаму якраз тонкую іголку? Грубыя іголкі ў вялікім ходзе. Іх толькі Моцька можа прадаваць. Імі ён накідаць на прадажны тавар ні ў якім разе не можа.

Вельмі ўжо вялікі попыт на тоўстыя іголкі ў падгацкіх баб.

— Моцечка, даражэнькі, мне... мне... шпілек дай! Дай! — пішчаніцаю лезуць да Моцькі дзеці.— Вось і анучы, вось і яйцо...— Дай, Моцечка, шпілек!

І дзеці тычуць анучы, Моцька дае шпільку. Але гэта ў першы раз толькі гэтак. У першы раз могуць ашукаць дзеці Моцьку.

Адным словам, калі Моцька ад’едзецца і выпадкова пачне ўтаптываць анучы... толькі тады ён заўважыць, што дзеці напхалі яму крамных ануч. Крамныя анучы вельмі дрэнна збываюцца.

Моцьку клопат патрэбен, каб збыць крамныя анучы.

Не без таго, ён таксама абкруціць іх стусам зрэбных і збудзе. Не без таго. Але затое потым ужо дзеці нізавошта не ашукаюць Моцьку, не пажывяцца.

Па адной кожную перабярэ Моцька анучы, пакуль класці іх на воз.

 

IV

Колькі гора, колькі клопату!

Моцька ў вялікім няшчасці. Плача малая Сара. Расплакаўся таксама і Шлёмка. Элька супакойвае дзяцей.

Але ж усё роўна. Цэлы вэрхал усё роўна ў Моцькавай хаце.

— Дзесятка не маеш права, карабка аднаго, не маеш права, адной сярнічкі — не толькі што — не маеш права. Гэтак крычыць на Моцьку валасны старшыня Гарбуз.

Гарбуз гэта які жыве за дзве вярсты ад Моцькі, на хутары. Які трэці год старшынёю ў Падгацкай воласці. Ён цяпер прыехаў да Моцькі ў хату і крычыць на яго на чым свет стаіць.

Моцька, не маючы на запалкі патэнта, учора, ездзячы, збіраючы анучы, вазіў запалкі з сабою. Ён знячэўку накінуў на кусок мыла падгацкай Тэклі,— накінуў адзін карабок за конскі хвост. Вось за гэтым і прыехаў Гарбуз да Моцькі.

— Сто рублёў штрафу альбо месяц астрогу,— з кулакамі кідаецца Гарбуз.— Разумееш, Моцька, што такое астрог? — тыцкае ён чуць не ў Моцькаў нос.— Разумееш?!

І Моцька зусім разумее.

— Элька! — моргае ён на жонку.— Элька!

І тая здагадваецца, падыходзіць да камоды. Яна адчыняе яе і нібыта порацца, чагось шукае ў ёй. Гарбуз гэтага не заўважае. Ён не заўважае, але толькі садзіцца за стол і больш мякчэйшым тонам кажа:

— Так, так — ста рублямі пахне. Н-наляцеў, Моцечка,— расхінае ён кніжку ў чорных абкладках, як ні ў чым не бывала.— Н-наскочыў,— перагортвае ён лісткі кніжкі, збіраецца апісваць Моцькаву камоду, лямпу, гадзіннік і нават перапелістую падушку.— Н-наскочыў!

Але праходзіць некалькі хвілін, і Моцька, стоячы пасярод хаты, блытаецца пальцамі ў сваёй барадзе. Элька цяпер стаіць каля стала. У хаце ціха цераз некалькі хвілін. Дзеці, Сара і Шлёмка, не плачуць, а супакоіліся і глядзяць на рыжы твар Гарбуза. Зусім ціха ў хаце. Толькі і чуваць, як брынкоча на шыбе тоўстая першая веснавая муха, ды Гарбуз здзімае-сёрбае з ісподка каламутную каву.

Вось яно сённяшняе Моцькава гора. Ой, якое вялікае няшчасце! Да чаго ўжо ўеўся ў Моцькавы косці гэты Гарбуз.

— Няхай бы яны праз бок вылезлі, ці што,— кажа Моцька тады, як Гарбуз мінае яго карчму.— Вобмагам каб вылезлі.

— А ўсё цераз Тэклю,— злуе Моцька, ходзячы то ўзад, то ўперад па хаце.— «Накінь, накінь,— дражніць Моцька Тэклю.— Мо-о-тачка, накінь карабок запалак...» Вось каб цябе вопрамеццю...

Вось табе і Мо-о-тачка.

І Элька пачынае разважваць свайго Моцьку:

— Едзь заўтра... Цяпер вясна... Акрэпімся... Акрэпнем сяк-так... Ці не праўда, Моцька? — звяртаецца Элька.— А ўсё ж такі ён не вельмі зайздросны: на пяці рублях згадзіўся. Ці не праўда?

— На пяці, на пяці,— пяць яму штыхаватых,— выходзіць Моцька з хаты, бразгаючы моцна дзвярыма,

Гаспадарка ёсць у Моцькі: карова, той самы белы конь і адна сівая авечка.

Моцькава карова вельмі брыкаецца. Колькі набярэцца Элька клопату, пакуль падоіць карову.

— Стой, Пралеска, стой,— перш просіць Элька карову, а потым, як выйдзе з цярплівасці, б’е яе па кумпяках дручком і таксама толькі не просіць, а крычыць: — Стой, стой, воўчае мяса.

Моцька некалькі разоў збіраўся, каб прадаць Пралеску, але за яе малако з густам, як кажа Моцька,— ён не можа рашыцца на продаж.

— Хіба ўжо ўвосень,— адкладвае ад вясны да восені, а там ад восені да вясны.— Хіба ўжо...

А карова як брыкалася, так і брыкаецца. Як абірала дручком Элька каровіны лапаткі, так і абірае. Вось што значыць малако з густам.

У Моцькі — у яго гаспадарку ўваходзіць града агароду. Праўда, Элька загадвае гэтаю градою: агуркі на ей садзіць. Але ж усё роўна града лічыцца па спіску за Моцькам. Арэнду пану Зыгманту носіць Моцька, а не Элька.

Абое яны вельмі любяць гэтую граду. Полюць удваіх. Агуркі выбіраюць.

— Ой, каб яшчэ хоць адну гэтакую граду,— часта мараць Моцька з Элькаю.— Прадаваць можна было б агуркі. Хлеб можна было б купляць за агуркі.

 

V

Кожны вечар, няма таго вечара, каб не збіраліся да Моцькі. Крывалукаўцы прыходзяць пачуць навіны ў Моцькі. Падгацкаўцы прыходзяць... А то падарожныя начуюць. Кожны вечар стаіць гоман у Моцькавай хаце. Дыму круціцца, хоць ты сякеру вешай. Гэта ад люлек, ад папярос. Не ад куплёных папярос — ад сваіх, уласных, якія закручаны ў кніжную грубую паперу.

— Калі я не пабуду адзін вечар у Моцькі,— гэтак пачынае падгацкі Янук,— дык нібы рупіць штось, дрэнчыць на сэрцы.

І Моцька рад сваім суседзям.

У гэтыя вечары доўга заседжваецца Моцькава, як кажуць, хеўра.

— Дык раскажы, Моцька, што-небудзь,— звяртаецца хто-небудзь з хеўры,— раскажы!

І Моцька пачынае. Ён не будзе далёка лазіць, вышукваць факты. З свайго жыцця мае столькі фактаў, што іх хопіць на кожны вечар. Абы слухалі.

— Я быў тады хлапчуком,— кажа Моцька.— Порсткім хлапчуком, гадоў адзінаццаць мне было. Аднойчы гэта было. Цэлы дзень мы з бацькам збіралі галлё. Зыгман даў права назбіраць сухога ламачча. Бацька яму за гэта боты пашыў.

Сутоньвалася, калі я ехаў дадому. Вёз воз сукоў. Бацька пайшоў нацянькі, і я ехаў адзін. Прамінуў ужо, як раптам заўважыў: пуга. Так яно і ёсць, пуга. Я саскочыў з воза і падняў хоць і схвостаную, але з досыць добраю стусінаю пугу.

І Моцька расказвае, а суседзі слухаюць. Яны зрэдку аддзімаюць, студзяць гарачы, засалоджаны сахарынаю, чай, а пастудзіўшы, асцярожна датыкаюцца, мачаюць кончыкі сваіх вусоў — п’юць, смакуюць, ахкаюць.

— Што-што, а стусіна вельмі добрая была,— кажа Моцька, адхлябнуўшы з кубка,— дубовая стусіна.

І ён расказвае ўсё па парадку. Моцька ніводнага слова не прапусціць. Моцька чалавек гэтакі. А здарэнне з Моцькаваю знаходкаю — з пугаю — скончылася зусім нечаканым вынікам. Пугу, як потым выявілася, згубіў местачковы ўраднік Іларывон.

— Злодзей! Абармот! Валацуга! Аддавай пугу! — гэтак заявіў Моцьку Іларывон, калі даведаўся і прыехаў за пугаю.

Бацька таксама казаў: «Аддай, Моцечка, аддай пану стусіну». Але Моцька закардыячыўся. Гэтакі ўжо ён быў у дзяцінстве.

Калі людзі краталі яго пачуццё — ён тады забываўся.

— Н-не аддам я пугі! — так адказаў дзіцячы розум, крышачы стусіну на дробныя цурачкі перад Іларывонам.— Не аддам!

І тады падаў Іларывон у суд. І Моцькаў бацька заплаціў рубель судовых страт ды паўрубель за пугу.

— Прайшла хвіліна,— кажа Моцька,— не вернеш Другая займае яе месца. Адным словам, учарашняя субота,— кажа ён да Элькі,— не вернецца. Як ні круці а такой раніцы з туманам альбо такога захаду сонца — не будзе. У наступную суботу ў момант захаду на сонцы не з’явіцца палоска хмары,— тая палоска, якая ў гэтую суботу падперазала сонца. Нізашто не з’явіцца

І Элька радуецца за Моцькаў розум.

— Мой Моцька,— кажа яна да Талляшовай Макрыны,— мой Моцька, мая суседка,— давеку, каб гэтакія людзі. Мне не патрэбна за маім Моцькам варочаць мазгамі. Розум! Вось хто мой Моцька.

А Моцька тым часам зусім упэўнен у сваім розуме. Ён як мае быць упэўнен цяпер, што ануч ужо вазіць не будзе. Так, не будзе.

— Кааператывы няхай цырымоняцца з імі, з анучамі,— кажа Моцька.— Кааператывы няхай, а не я. Яны, можна сказаць, на гэта зроблены. Вось як.

А каб даказаць гэтую цырымонію на факце, каб спагнаць на анучах сваю злосць, Моцька вытрасае, дастае з усіх куткоў — ды так, што ніводная не захаваецца ад яго вока. Знячэўку Моцька нават заграбае Эльчыны падношаныя зрэбныя панчохі і ўсё гэта, стахторыўшы ў адзін стус, вязе да навадворкаўскага кааператыва.

— Вось яны,— кідае ён з нейкаю аблегчанаю адвагаю ў куток.— Паважце, ягамосць крамар, ды цукарку там... за гэтае «дабро».

Не без таго: назаўтра Элька трошкі кляне Моцьку. Яна здагадваецца, што панчохі яе паехалі і не вярнуліся разам з непатрэбнымі трантамі. Яна трошкі сварыцца. Але якая там сварка! Для Моцькі гэткая сварка — смех.

Як пугаю па вадзе, гэтакая сварка для Моцькі. Абы злосць была спагнана на анучах. Вось што галоўнае для яго цяперашняй натуры.

— Ну, то не вярнуцца ж... пакінь буркаць,— супакойвае ён Эльку.— Новыя куплю, крамныя. У пяту будзе мякка. Пакінь.

І Элька налівае Моцьку шклянку салодкага малака.

Чаму цяпер Моцька ануч не збірае? Што і як ператварыла яго натуру?

— Свет другі пайшоў,— адкажа Моцька на няхітрыя пытанні.— Анучы збіраць — нэндзу збіраць. Вось так і чэрпаць яе, нэндзу, поўнымі прыгаршчамі. Другі, зусім другі свет. Шпарчэйшае жыццё пайшло. Вось як!

І Моцька звычайна расказвае цяпер суседзям па пасёлку, як гэта ўтварыўся другі свет.

— Не агледзеўся, браткі! — пачынае так, як і некалі ў карчме, але толькі з большаю астаноўкаю, з больш завостранымі, абкругленымі словамі.— Учора, здаецца, было. Сон быў. Вось як. Не верыцца часамі. Учора, здаецца, вазіў, збіраў анучы. Учора Элька поркалася над адной градою... Іларывон... Зыгман... Гарбуз...— учора былі. Ды ці мала што было! Ведаю толькі тое, што камарамі дзвынкалі ўчора незразумелыя гукі. А там пажары, крыкі, енкі... усё гэта было ўчора. Нібы сон: было і прайшло. Прайшло і не вернецца... Як і пасак той, што падпяразваў заход у мінулую суботу. Нізашто не вернецца.

Гэтак разумее, гэтак адкажа цяпер Моцька на пытанне аб другім свеце, аб другім жыцці.

Дык будзьце ж ласкавы, калі будзеце ў тым баку, дзе жыве Моцька,— будзьце так уважлівы — заходзьце.

Ніколі не адмовіцца Моцька прыняць вас. З ахвотаю будзе расказваць пра сваё жыццё. Новае будзе апавядаць здарэнне. Цяпер іх куды шмат больш знойдзецца. Моцька будзе апавядаць цяпер не пра пугу, а пра будыніну.

Ну, дык не забывайцеся!..

Моцька чалавек гэтакі...

Ён можа і закрыўдаваць, калі даведаецца, што вы, ды яшчэ, можа, яго стары знаёмы, абышлі Моцьку.

Заходзьце, а то, яй-права, закрыўдуе.

1928


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Баранавых Сымон. Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты / Укладальнік, уступны артыкул і каментар Л.Савік. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989. - с. 45-55
Крыніца: скан