epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Баранавых

На прыгуменні

Пад маімі нагамі хрумкае снег. Яго каструбаватыя ледзяшы расціраюцца на драбнюткі друз. Тады сонца кідае на іх бліскучыя праменні, і драбы пачынаюць шліфавацца ад сонца.

Я іду па загуменнай дарозе і сустракаю цётку Марыну.

— Ужо!..— кажа мне цётка на хаду, і я разумею, што азначае гэтае «ўжо». Калі яна мне кажа цяпер гэтае слова, дык я разумею, што ўжо прыехаў са станцыі Цімох-камсамолец, Кірылаў сын і што ён, прыехаўшы, прывёз машыну, якая сартуе насенне рознага гатунку. (На станцыі склад розных сельскагаспадарчых машын для сялянскіх патрэб.)

У мінулую нядзелю быў сход. І от на сходзе, у бягучых пытаннях, была вынесена Цімохам прапанова: «Купіць сартоўку, бо вясна на самым носе,— казаў Цімох,— а насенне: леташняя практыка паказала...»

А практыка леташняя — вось у чым:

Цімох у Клянкі ездзіў наўмысля. Ачысціў цэлых шэсць пудоў пшаніцы, і от бацька Кірыла рассеяў яе. Дык якраз напалову прыбыла ўраджайнасць. Там на паўзагона не хапіла было гэтай адсартаванай, дык Кірыла нячыстага засеяў. І от — але ж, як аддзяліў хто, як адцяў: куколь ды аўсюк дашчэнту заглушылі пшанічныя каласы. Кірыла казаў тады, падзываў каго-небудзь з суседзяў, ківаючы пальцам здалёк, з другога паўмежка, і казаў:

— Паглядзі! Ідзі, ідзі сюды,— паглядзі. От што вычварыў мой падшывалец. От табе й факт.

І яны глядзелі ўдвух перш на нэндзную, а потым на буйную каласістую пшаніцу.

Я іду цяпер, прыбавіўшы кроку, каб скарэй убачыць машыну, сартоўку, якая будзе адсартоўваць адны буйныя насенныя калівы, якая будзе адбіраць ад гэтых каліў усялякую злыбеду-траву.

Яскравая пагода прадвеснага дня аж слепіць вочы. Баляць проста-такі вочы — нельга глядзець на прытухшы снег.

Цяпер, калі заходзіш знадворку ў хату — нічога не відаць, пакуль разгледзішся. От нейкія кругі, кругі сінія мітусяцца перш... А снег асядае ды асядае. З кожным днём усё больш і больш чарнее дарожны след. Крычаць мацней гракі, крумкаюць птушкі — вароны.

І цяпер ад усяго гэтага зусім напамінаецца надыходзячы пасеў яравога.

На прыгуменні, каля Кірылавага тока, натоўп.

І не то што натоўп, а цэлы, можна сказаць, вэрхал-гармідар. Нехта нешта некаму гаворыць. Нехта гэтага некага перапыняе. А нехта, каб не застацца ад гаворкі, проста так толькі — падказвае.

...А вясна вось-вось, здаецца, парве апошні зімні ланцуг, які на адным жалезным валасе трымае вясну. І тады ўжо ўздыхне вясна, затрапечацца радасць яе і хараство яе на волі, на прасторы.

— Я ж казаў...— чуваць з натоўпу-вэрхалу.

— А хіба ж я не казаў?! — перакрыжоўвае другі голас.— То-та ж! І зноў зліваецца ўсё ў адзін агульны камяк неакрэсленых гукаў.

Тады я праціскаюся скрозь натоўп.

— Сартоўка для рознага гатунку...— вырываецца з маіх вуснаў голас, і я падыходжу да машыны.

Яна стаіць і маўчыць сабе пакуль што, як ні ў чым не бывала. Такая пукатая, памалёваная, з боку сіты і іншыя прычындалы.

А наўкол гэты самы натоўп. Шум. Наперадзе ціснуцца сляпіцаю, лезуць падшывальцы-жэўжыкі, і от на іх сварыцца Цімох, каб яны не заміналі. А гэтым часам кожны гаворыць сваё і адзін перад другім наўзахапкі.

— Ці пройдуць васількі? — пытае Лаўрэн, драпаючы пальцамі па тонкім драцяным пераплёце сітаў.

— Званец, таварыш Цімох, ці можа высеяцца? — перабірае Аўлас, тонкі, сухарлявы, у кароценькім кажушку.

— Не, от аўсы, скажы, ці можна вывесці з маёй пшаніцы.

А Наста пад гэта:

— Што-што, а от ці можна будзе ахаяць маё сем’я ад жыцікаў? Такі-то лён-даўгунец расце — і немачы аніякай няма на гэтую брыдоту — глушыць дазвання, такі-то лён! От бок укрывавеў ён мяне, гэты жыцік, уеўся ў косці чэмерам, братка Цімох, пераеў ён маё сэрца!

І нехта стрымлівае нас:

— Не дуры, баба, чалавеку галавы!

Тады Цімох адказвае:

— Усё перачысцім і адсартуем да зярняці. І почату не застанецца ад рознай злыбяды-травы.

Дык ізноў задаюцца пытанні.

А гэтым часам дзеці і некаторыя мужчыны мацаюць машыну пальцамі, кратаюць корбу, двума пальцамі бяруцца за зуб на шасцярні, стукаюць па барабане шчыкалаткамі пальцаў. Барабан-пуза ярка адзываецца рэхам на гэты стук, і Хадора, Астапава жонка, кажа:

— Як звон — чысты гук!

...А вясна зноў б’ецца, тузаецца і вось-вось здаецца вырвецца на волю, пабяжыць раўчукамі перш-наперш.

— Падсабеце! — звяртаецца Цімох да мужчын.— Давайце ўнясём яе ў будынак!

І мы бярэмся за яе точаныя ручкі ззаду і спераду ўчатырох, і паволі, каб чаго не звахтаваць у яе ўсярэдзіне, падымаем, нясём, ледзь-ледзь падсоўваючы ногі, і ставім яе на біты, чыста вымецены ток.

Крык вясны зліваецца з калючым для вачэй бляскам, з татахканнем ад рання і да вечара машыны сартоўкі. На прыгуменні ў Кірылы цэлы абоз. Адны прыязджаюць, другія ад’язджаюць. Цімох толькі спраўляеца прымаць, я памагаю яму.

І от цяпер напаўняецца пачуццё нейкім запалам. Хочацца проста-такі крыкнуць:

— Пасеем чыстае, здаровае насенне... Адсартаванае каліва ў каліва... ні васількоў, ні званцу, ні кукалю, ні... ні... Эх! Вырасце ярына ад здаровага зярняці, не закажанелая, не заглушаная травою... Колас бічом будзе звісаць аж да зямлі... Густа адзін каля другога...

Тады ветрык будзе шамацець паміж аўсянага пер’я, паміж ячменных доўгіх вусоў.

1929


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Баранавых Сымон. Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты / Укладальнік, уступны артыкул і каментар Л.Савік. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989. - с. 84-87
Крыніца: скан