epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Баранавых

На вяселлі

Святочны дзень. Маўклівасць на абшарах поля. Чуць-чуць варушыцца лісце клёна. Захад сонца. А насупроць ганка ў Тараса паветра забруджана густым пылам. І яркае рэха гармоніка ды скрыпкі праразае гэты пыл — музыкі граюць вальс.

Сёння вяселле.

Сёння Тарас аддае замуж сваю дачку Анюту. Маладыя даўно ўжо паехалі да «шлюбу» і цяпер з хвіліны на хвіліну павінны вяртацца.

Пар дваццаць вясковых хлапцоў, дзяўчат перасоўваюць ногі па пяску на Тарасавым двары. Нічыпар, хутаранскі хлапец, дырыжыруе скокамі, і яго элегантныя боты, у якія ўвабрана і чуць не на галянішчах павісае прасторнае галіфэ, так і выбіваюць такт вальсавых фігур. Чорная рубашка Нічыпара, якую абдымае навіваны паясок, з-пад адкладнога каўняра якой і амаль не да гэтага паяска звісае штучна падвязаны гальштук,— вельмі ідзе да твару яго асобы. Амаль кожную хвіліну паміж гоману, што нясецца з табуна баб, якія стаяць — глядзяць на скокі моладзі,— прабіваецца Нічыпараў «консонанс», у якім чуваць «вальц злева — са сваімі».

— Паглядзі, як круціць Арцём Макрыну! Але рыхтык — бацька. Той жа, бывала, калі пойдзе польку цераз нагу, дык ніхто з ім не згуляецца,— казала з табуна баб Рыпіна да Мальвіны. Але ж тая нічога не адказала, а толькі кіўнула галавою ды зноў глядзела ў напрамак клёна, на ногі вальсуючых.

Мальвіна зусім не хацела гаварыць з Рыпінаю.

«Так і любіць, каб абгаварыць каго: пахваліць перш, а потым у адну хвіліну і паганіць, на адным тыдні сем пятніц»,— мільгацела думка ў яе галаве.

— А Мікалай, глядзі, глядзі! — нібы ўгадаўшы Мальвініну думку, звярнулася Рыпіна да Аўдоцці, і тая падтрымала сваю суседку.

— Вельмі брыдка глядзець, калі чалавек лішняе робіць,— перавяла свой позірк Аўдоцця на Прузыну, якая сядзела з пасялкоўцам Юзікам.— Ну чаго ты тулішся да яго, нібы габляваная дошка?

А Юзік сядзіць з сваёй каханаю Прузынаю, ён мала калі гуляе. Прузына таксама не вельмі ўбіваецца за скокамі.

І яны сядзяць, разважаюць аб сваёй будучыні.

— Не, не, не гэтак мы будзем спраўляць, Прузынка! Хоць твае бацькі трохі і артачацца, што я мару аб чырвоным вяселлі, але ўсё ж ты мусіш іх пераканаць.

— І пераканаю! Гэта мамка трымаецца «законаў», а татка, дык той, як хочаце, кажа. Я, кажа, за вас не буду жыць.— І вясёлы, тоненькі галасок Прузыны шчакоча Юзікаў твар, вусны.

— Вось і добра!.. Разумна разважае твой стары бацька,— і ён прыціскае да сябе яе стан.

А Рыпіна з Аўдоццяй зноў пераходзяць на вальсуючыя пары, і ўжо ні адна не выходзіць з іх позірку неабгавораная, хто чаго варт.

Цень, які расце кожную хвіліну ад клёна, Тарасавых будынкаў і напаследак вырастае ў вялізарную велічыню, цяпер зусім, нібы замурзанаю абалонкаю, зацягвае Тарасаў двор, агарод. Яшчэ і яшчэ ўздрыгваюць, нібы назаўсёды хаваюцца пазалочаныя праменні і гаснуць. І тады ўжо прастора вясковых абшараў робіцца зусім поснаю.

А музыкі ўсё граюць.

— Круг! Дзяўчаты ў круг! — дырыжыруе зноў Нічыпар, і яго кучаравыя валасы, выбіўшыся з-пад шапкі, блытаюцца ад яго скокаў то на адным, то на другім баку галавы.

— А чый жа гэта хлопец, камандзір? — нібы шкадуючы, што дагэтуль не заўважыла, пытае Аўдоцця ў Рыпіны.

— З хутароў, з Пералясанкі, сын Шпунта. Пералясанцаў сёння прыйшло чалавек дзесяць, багатыры ўсе,— адказала тая, аб чымсьці разважаючы.

І не паспела Аўдоцця яшчэ аб нечым запытацца, як нехта з дзяцей крыкнуў: «Маладыя!»—і ўсе замітусіліся, зблыталіся.

— Дзлын-дзлын, шам-шам,— нібы расколаты чыгун, неслася рэха, і ўсе, нібы пчаліны рой, высыпалі на вуліцу. Але праходзіць хвіліна, і тады паважанае, расцягнутае «ш-а-м» чуваць каля Тарасавых варот. Коні цяпер стаяць, бо пералясанцы зачынілі вароты і таргуюцца з маладым за сваю «працу». Малады не зацягвае «таргоў», а, дастаўшы з сядзення бутэльку, поўную як вока, падае яе пералясанскаму Ігнасю.

І тады ўжо, з тым самым звонам, фанабэрыяю, пад гукі марша маладыя ўз’язджаюць на Тарасаў двор.

У паветры разносіцца прыгарэлы пах гарэлкі. Цёмная ноч і блешнявая скронь зорак напамінаюць аб нечым далёкім, мінулым.

А праз акно, з Тарасавай хаты, нясецца песня баб:

 

Трэба ў свацці папытаці, папытаць {папытацІ,

Ці ўрадзіла пшаніца...

Ці ўрадзіла пшаніца, пшаніца,

Ці напякла свацця пірагоў...

 

І гэта «ой» працяглым рэхам застывае за Тарасаваю сядзібаю ў начной вільгаці.

А на двары цяпер гурт, вялікі гурт хлапцоў, дзяўчат. Тут уся моладзь вясковая, хутаранская і пасялкоўская.

Нічыпар з сваёю хеўраю зусім п’яны. Да бутэлькі, што даў малады, яны яшчэ прыбавілі па адной на брата. І ад гэтае п’янай ватагі ўтварылася нейкая калатуша, бурда.

Зусім зніклі вобразы цвярозых людзей, знікла іх прыгажосць. І Юзік, седзячы цяпер з Прузынаю на лаўцы, на вуліцы, адчувае боль у сваім нутры.

— Э-ха-ха! — цяжка ўздыхае ён, і яму не то шкода гэтых людзей, не то крыўда нейкая на іх.

— Ты не будзеш, Юзічак, ніколі не будзеш піць,— пытае ў яго Прузына і, злавіўшы ў яго маўклівасці рашучае «не буду», туліцца бліжэй і гладзіць яго руку.

— Ррр-а-зайдзісь!.. Музыку! — крычыць нехта з пералясанцаў, і музыкі граюць польку.

— Па-а-жалуста,— хістаючыся ўлукаткі, у адзін момант стаіць перад Прузынаю Нічыпар, і яна ад нечаканага «госця», зусім спужаная, бліжэй туліцца да свайго Юзіка.

— Што вам трэба? — нібы не разумеючы, пытае Юзік, і Прузына, не дачакаўшы Нічыпаравых слоў, адказала :

— Я не гуляю, вазьміце другую.

— Я... я хачу цябе, а не другую,— і ён схапіў яе за руку так, што яна ад болю ўскрыкнула.

— Адыдзіце! — устаўшы, пытліва змераў сваім позіркам Юзік Нічыпара. Але той нічога не адказаў, а толькі Юзіку цяпер прыйшлося пераняць Нічыпараў кулак каля самага твару дзяўчыны.

І тады не паспеў ён апамятацца, як Юзік, абхапіўшы яго постаць, спрытна швыргнуў яго пад Тарасаву падваротню.

— Пералясанцы!..— і гэтага было даволі.

Затрашчалі калы, жэрдкі, нібы людзі збіраліся напасці на цэлы варожы полк.

Як ашалелае звяр’ё, рынуліся пералясанцы на вуліцу. Цяпер у Тарасавай хаце агонь пагасілі, і, не разумеючы, у чым справа, усе заперліся ў сенцах.

Што было цёмна, дык яшчэ стала цямней. І толькі маўклівая вуліца вёскі напаўнялася нечым жудасным, нечалавечым у гэтай цемры. То ў адным, то ў другім кутку Тарасавай сядзібы толькі і было чуваць «лаві», «ён», і потым усё на момант змаўкала і зноў і зноў...

Пералясанцы «гулялі».

Яны даўно збіраліся ўстроіць гэтую гульню. Яны не забыліся Юзікавых допісаў, абрэзкаў, сходаў...

І ўспамінаючы цяпер, яны яшчэ з большым асцервяненнем будзілі шыбельнымі размахамі, прымушалі дрыжаць нават зямлю.

Яны шукалі Юзіка.

Яшчэ і яшчэ цягнуўся момант, і нейчы прарэзлівы крык прарэзаў паветра:

— Ён! Бі яго!

І тады кінуліся наўздагон. Але не прайшло і моманту, як скрозь востры шум пранёсся той самы немы, раздзіраючы чалавечае нутро, крык.

— Што я зрабіў!

Рынуліся на крык і... анямелі...

— Ён, мусіць, даганяў... І я... якая цёмная ноч!..— заскрыгатаў Нічыпар зубамі, трымаючы ў руцэ мокры нож.

А каля ног ляжаў Ігнась.

І цяпер зорная скронь, нібы злілася ў адзін алавяны камяк,— прытулілася. Цёмная ноч расчыняла ляпу, распаўзалася мільярдамі сваіх каморак, якія блыталіся тонкім павуціннем.

І ў паветры цяпер пахла свежаю крывёю.

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Баранавых Сымон. Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты / Укладальнік, уступны артыкул і каментар Л.Савік. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989. - с. 28-32
Крыніца: скан