epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Баранавых

Пад скрып палазоў

 

Рыпеў пад палазамі снег, енчыў. Нібы прасіўся ў кагосьці сухім голасам. Мароз быў.

Ён перш пацепваўся — драмаў, а потым, каб не заснуць, паварушыўся ў сядзенні. І от тады ўсплыла думка ў яго галаве:

— Прыеду... правяду сход... член сельсавета Харытон, камсамолец, дасць цёплую хату, пераначую тады ў цёплай пасцелі, укрыюся цёпла, і, о, як соладка будзе спацца пасля дарогі, пасля ўсяго!..

І зноў неакрэсленае нешта пачало засланяць дзеі сапраўднасці, пачало мітусіць свядомасць, зацягваць яе туманнаю пялёнкаю. Але фурман паварушыў плячыма, узмахнуў доўгаю стасінаю і кінуў:

— Н-но!

І гэтае «н-но» прарвала сплеценую павуціну заслоны. Яго цвярозасць прабілася наскрозь, туманная пялёнка павісла абарванымі кавалкамі.

Тады захацелася яму гаварыць з кім-небудзь і гаварыць што-небудзь жывое, бойкае. Але ён не пачаў услых.

Яму захацелася адысці са сваім разважаннем усярэдзіну свайго адчування.

...А сані ўсё скрыпелі. Часамі сыпаўся іней з навіслых над дарогаю прысад. Тады сані праходзілі па гэтых сняжынках сваімі тоўстымі палазамі і цёрлі іх крохкія, раўнамерныя шпількі, скрыпелі. Пад гэта скрыпенне ў яго думках адбывалася дзея з будзённага жыцця:

— ...Каб дзесяць хоць гадоў мне назад... каб мог я быць гэткім маладым, як яны... каб мог я гарэць гэтым юнацкім запалам, безупыннаю бадзёрасцю... каб я мог, эх!..

— О, якія яны шчаслівыя! Іх не вычарпанае мора энергіі саўпала з часам жыцця... І от таму яны шчаслівыя. Як бы я хацеў быць імі, маладымі, шчаслівымі сваёй маладосцю... О, як бы я тады з гордасцю, з нахлынутым шчасцем пазіраў на гэтыя тры літары — «КІМ»! Мілыя мае літары, добрыя мае!..

Гэтым часам з-за хмары, нібы з-за вугла, крывым рогам вытарк-высунуўся месяц. Глянуў на ніз, засерабрыў іней і зноў схаваўся за абскубены камяк сівой хмары. А ён — аграном з раёна Дзяніс Рыгоравіч Камлюк — разважаў далей:

— Прыеду і скажу, усё выкажу... толькі ці зразумеюць... Не, Харытон зразумее. Камсамольцы зразумеюць. Прыеду і скажу ім... Як я пачну?.. Трэба цяпер, пакуль еду да іх, зрабіць рэпетыцыю, каб там выразнасць і цвёрдасць была, каб не блытаўся язык... Таварышы,— пачну.— Не, не таварышы, а так з чаго-небудзь... Усе пачынаюць з гэтага слова. Лепш от як пачну: — З надыходам вясны патрэбна ўзмацненне сіл на фронце «за ўраджай». Таварышы, патрэбна ачышчаць насенне ад усялякага бруду, патрэбна пратручваць насенне фармалінам, патрэбна ўмела пратручваць так, каб не перадаць фармаліну... Вось...

...А сані скрыпелі. Фурман часамі выкідаў з сваіх вуснаў свежае «н-но» і парушаў гэтым апрача саннага скрыпу цішыню. А так усё навакол маўчала. Здавалася, маўчаў увесь свет, апрача саннага скігітання.

Дзяніс Рыгоравіч прыедзе зараз у Зарэчча, а там ужо будуць чакаць яго. Аб гэтым ён папярэдзіў Харытона — члена сельсавета — камсамольца Клімаўскай ячэйкі, што за тры вярсты ад Зарэчча. Будуць чакаць яго аднаго цэлы гурт людзей. Хто ж гэта такі ён адзін?! І Дзянісу Рыгоравічу стала неяк брыдка, што яго будзе чакаць ды цэлы гурт. А ў думкі зноў:

— ...Патрэбна пераходзіць на шматполле, на шасціполле, от! Патрэбна, таварышы...

— Н-но, каб цябе!..— кажа фурман і перабівае разважанні агранома.

Як кінастужка абрываецца ды скручваецца, так абрываюцца яго разважанні. Цяпер у яго думках:

— ...Поле. А на полі, на прасторным, шырокім, без межаў полі расце жыта. Каласы яго тоўстыя, бічастыя звіслі ад цяжару буйных зерняў. А зерні вытрашчыліся з-пад рэдкіх вусоў, як пачынкі, тоўстыя, з тупымі канцамі.

— Якое тут угнаенне? — пытае Дзяніс, едучы паміж жыта, па загумнічнай дарозе, у дзядзькі Лаўрэна, зарэчанскага гаспадара.

— От лубін быў, а вот на канюшынішчы частка! — адказвае той.— Расце патроху! — і ў яго доўгіх вусах хаваецца прыемна-радасная ўсмешка.

А вось і яна, Марына, Харытонава сястра. Якая яна спрытная і да чаго бойкая дзяўчына! Яна не задумваецца над адказам на пытанне, яна... Ах, якія ў яе бровы! Бровы як вугаль: чорныя, чыстыя. Яна ідзе. Яна некуды пайшла ўперад. Размашыстая такая паходка. Эх, каб хоць колькі-небудзь, каб назад вярнуцца ў маладое, вечна рухомае, безупыннае, нястомнае жыццё.

І рып саней усё ж узяў канчатковы верх над чалавекам. Іх скрып быў штораз мацнейшым для яго ўспрымання. А нарэшце ён перайшоў у музыку цэлага аркестра, а потым, паміраючы, паступова рассыпаўся на дробны шрот, расцёрся на сухі парашок і знік невядома дзе.

Дзяніс Рыгоравіч адчуваў і цяпер цёплую хату, а ў ёй перад ім — сяляне і сялянкі. Усе яны сядзяць на лавах, а наперадзе іх Харытон. Усе слухаюць яго, Дзяніса Рыгоравіча, аднаго чалавека. Слухаюць і матаюць сабе на вус, а ён кажа:

— Канюшына мала таго, што корм дае, дык яшчэ ўга колькі ад яе і іншай карысці: яна на карэннях мае ўгнаенне!..

— Але ж канюшынішча заворваць цяжка! — нехта дадае з сялян.

— Для гэтага непатрэбна запушчаць яго! — кажа далей аграном.— Скасіў і адпусціў атаву, зноў скасіў і зноў адпусціў гэтую самую атаву і яшчэ раз скасіў...

— Ніколі гэтага не бывае, каб па тры разы,— заварушыліся ў гурце.

Але ён кажа далей:

— Таму не бывае, што догляду няма. Не трэба пускаць жывёлу на маладую, на асеннюю першую атаву. А то ў жывёлы капыты вострыя, вось і выбіваецца яна маладая з карэннямі... Дык і яшчэ раз можна касіць. А налета, цераз зіму, скасіў дый заворвай. Лепш заворваць з атаваю, канешне!..

А ў хаце накурана, дым пасмамі расцягваецца, плыве і вісне, як іней, на сценах, па столі. Харытон сядзіць побач за сталом. Пільна сочыць за выразам твару Дзяніса, а ён, Дзяніс, раўнамерна кладзе на стол раз-пораз свой кулак і гаворыць:

— Выстаўкі абавязкова патрэбны. Мы павінны ісці навыперадкі, каб падняць свой ураджай, а падняць мы павінны яго, што б там ні было! А хто павінен быць першым? Вось яны, канешне, яны! — і ён паказвае на камсамольца Харытона, на дзяўчат, якія, сабраўшыся ў гурт каля акна, слухаюць яго, глядзяць на яго вусны, адкуль плывуць гарачыя словы.— Яны,— кажа Дзяніс Рыгоравіч,— сіла! Яны — закалец, маладая безупынная бадзёрасць, нявычарпаная сіла, вот што!.. Таварышы,— звяртаецца аграном да сялян і сялянак,— я, можна сказаць, на гэтым, таварышы, і скончыў!

Але Харытон устае з-за стала і кажа: «Мужчыны, ша! Мужчыны і жанчыны, пачакайце!» — і, абапёршыся пальцамі абедзвюх рук на стол, пытае:

— Чулі? Чулі, што казаў аграном, га? Ну дык от то-та ж?

Яны разыходзяцца. Адчынілі насцеж дзверы і выходзяць, а пара белая і густая ідзе ў хату праз дзверы.

— Таварыш аграном, а таварыш! Уставайце!

І ён, Дзяніс Камлюк, падняў галаву.

— Што? — перш не зразумеў і пачаў праціраць вочы. Але фурман, які злез з развалак і стаяў цяпер каля іх, казаў:

— Трэба ж вам, васпан, так разаспацца... Ледзь раскатурхаў! Злазьце, можа, змерзлі... Пойдзем у хату, прыехалі ўжо. А от і падыходзіць нехта да нас!

І да развалак падышоў Харытон.

— Добры вечар, Дзяніс Рыгоравіч! — сказаў ён.— Мы ўжо сабраліся. Думалі, мо занятыя вы, мо не прыедзеце... Мы вельмі рады!..

— Добры вечар! — раскатурхаўся Дзяніс Рыгоравіч і, падаючы-ціснучы цёплую руку Харытона, сказаў: — Я таксама рад!

1929


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Баранавых Сымон. Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты / Укладальнік, уступны артыкул і каментар Л.Савік. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989. - с. 87-91
Крыніца: скан