epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Баранавых

Плямы

І
ІІ


 

І

Мікалай Іванавіч, седзячы ў сваім кабінеце, перабіраў заявы і нерваваўся.

— Шаснаццаць, усяго шаснаццаць можна здаволіць, а не цэлую сотню!

— Падурнелі, зусім падурнелі, разбазыралі людзі,— мармытаў ён, барабанячы па стале пальцамі.

— Алесі Астапавай Смаршчок,— прачытаў Мікалай Іванавіч вачыма на адной з гэтых заяў, і з яго вуснаў пачулася нешта падобнае не то на гук «о», не то зусім на «го». І гэтае «о», «го» адчулася так, што аж на яго далікатным твары падняліся і выпучыліся рыжаватыя вусы. А барада, якая тырчала клінам, выцягнулася, пабольшала на цэлы цаль.

— У другую чаргу,— сказаў ён злосна і, паклаўшы заяву, узяў другую.

— Верабэя... Зыгманта... Дзяркача...— чытаў далей Мікалай Іванавіч і таксама адкладваў на другую чаргу.

Ён адкладваў іх адну за другою, каб пераглядзець збольшага, каб мець уяўленне і загадзя ўжо паставіць іх на пытанні перад камісіяй, як у гэты час да яго пастукалі.

— Можна,— адказаў Мікалай Іванавіч, не падымаючы вачэй, і ў кабінет увайшла жанчына.

Жанчына была ў вясновым паліто. З-пад яе жаночае шапкі прабіваліся пярсцёнкамі чорныя, нібы смоль, валасы. А сама яна была тоўстае постаці, і на яе твары, скрозь пласт пудры, прасвечвалася ружавізна.

— А, Надзея Варывонаўна! — ускочыў Мікалай Іванавіч з крэсла.— Як маецеся? Сядайце,— і на яго твары распаўзлася ліслівая ўсмешка.

— А я да вас з заяваю...

— О, калі ласка!

І Надзея Варывонаўна пачала выкладаць сваю просьбу.

— Вырашыла паехаць на курорт, і маю пэўную надзею толькі на вас,— казала яна, песцячы ў руках блішчасты рыдыкюль.

Пры словах «маю пэўную на вас надзею» Мікалай Іванавіч зусім растаяў.

— На мяне мае надзею гэтая прыгожая стэнаграфістка!

«Ды што ж гэта адзначаю я ў яе твары?» — мільганула нібы маланкаю і прапала думка ў галаве Мікалая Іванавіча. І ён, ён толькі цяпер успомніў, што ён досыць немаленькая шышка.

— О, з вялікім гонарам маю за вас клопат,— выказаў Мікалай Іванавіч, пстрыкнуўшы злёгку пальцамі па маленькай нітачцы, якая асела на яго досыць чыстай, элегантнай жакетцы.

— Каб вы толькі ведалі,— казала далей Надзея Варывонаўна,— як мне хочацца пабываць на поўдні! Там, кажуць, такая прыгажосць, супакой. Тым больш я сябе так дрэнна адчуваю, не сплю па цэлых начах. А нейкія агідныя думкі так і ціснуць, так і лезуць аж у самае нутро.

— Нервовасць,— даказаў Мікалай Іванавіч.— Са мною таксама бываюць такія выпадкі. Але я, мужчына, мала звяртаю ўвагі. Вам жа, вядомая рэч, патрэбен адпачынак. Курорт, напэўна, можа адагнаць усякую агіду. Там будзеце гуляць на вольным паветры, слухаць музыку, гойдацца на гамаку, ну і наогул, прыгажосць поўдня... О, якая мастацкая прыгажосць! Я, калі з’ездзіў летась, дык толькі і цікавіўся ёю. Вось мора, вось хвалі, а там купаюцца... а там у чоўне паехалі, ды так шпарка паехалі — прама ў распасцёртае мора. І вось чуць-чуць відаць ужо — пункт толькі адзін... Поўдзень, добрая краіна поўдзень! — і Мікалай Іванавіч так захапіўся паўднёвымі ўзорамі, што чуць не забыўся пра сваю пацыентку.

Надзея Варывонаўна таксама адышла ў сваіх думках да пякучага поўдня. Ёй пад клічнікі Мікалая Іванавіча здавалася, што яна ўжо там, у гэтым чуць прыкметным пункце, і яна ад церазмернае асалоды засмяялася, паказаўшы кончыкі пазлацоных зубоў.

А на развітанні Мікалай Іванавіч сказаў:

— Чыя-чыя, а ваша заява, Надзея Варывонаўна, будзе задаволена.

— Хіба яна не з пралетарскага паходжання,— сказаў ён, застаўшыся адзін у кабінеце.— А па-другое: чаму не паслаць яе ў сезонны час, у першую чаргу, калі і Георг Змітравіч — доктар, добры знаёмы? Калі я, хто я? — старшыня курортнай камісіі, ды і па пасадзе не абы, так сказаць...— разважаў Мікалай Іванавіч, стоячы каля акна, гледзячы на клубкі дыму, якія толькі што раскідаў вулічны аўтобус.

 

ІІ

Другі месяц вясны, а ўсё яшчэ калі-нікалі прабуе падаць маленькімі прасянымі крупінкамі снег. Дрэвы распускаюцца вельмі цяжка.

Каштан, што стаіць супраць мураванага будынка, ледзь-ледзь пачынае пукацца, і яго набрэнкшыя пупышкі вось ужо некалькі дзён усё яшчэ аніяк не могуць расхінуцца.

Алеся назірае за гэтымі пупышкамі кожную раніцу, як прыходзіць яна сціраць пыл са стала Мікалая Іванавіча ды падбіраць папсутую, непатрэбную паперу, кідаюцца яны ёй у вочы...

Вось і цяпер, стаіць яна з анучкаю ў руках каля акна і глядзіць на гэты каштан.

«Ніяк не можа расхінуцца — холадна»,— мільгаціць у Алесіных думках.

— К-хе-к-хе,— кашляе яна, і ёй успамінаецца леташняя вясна.— Як цёпла было, як прыгожа!

Алеся помніць як цяпер, што летась нават яна і не прыкмеціла, калі прыйшла вясна. Глянула гэтаксама у акно ў адну з прыгожых раніц і падзівілася толькі. Каштанавае лісце распускалася ва ўсім харастве. А цераз некалькі дзён гэтае лісце так вырасла, паспела, што зусім загараджвала акно.

І тады Алеся садзілася на падаконнік, і тады ў яе думках напаміналася тое агіднае, пройдзенае.

Бацька загінуў у крывавым віры вайны. Матка пакінула яшчэ маленькаю. А яна?.. Колькі здзекаў было над ёю!

У наймітках з маленства працавала, ды як працавала?!

А паны, агідныя паны! Колькі здзекаў ад іх?!

І ёй напаміналася, як сцерлі гэтыя паны яе маладосць, як зняважылі яе дзявоцкую пашану.

Тады Алеся цяжка ўздыхала, а на яе вачах накручваліся слёзы.

— К-хе-к-хе,— закашляла зноў Алеся і, яшчэ раз паглядзеўшы на набрэнкшыя пупышкі, адышла.

Цяпер, у гэты час, яна добра разумее, што азначае яе гэты маленькі кашаль.

Яна добра разумее, што гэта жарсцвяныя сляды мінулага ў гэтым кашлі, сляды, якія ўжо зрэдку афарбаваны ў чырвоныя плямы.

А цераз некалькі дзён, калі пупышкі каштана ўсё яшчэ не пачыналі пукацца, Надзея Варывонаўна была ў жаданым пункце.

Весела ехала яна паўз бераг Чорнага мора і глядзела на тугую сцяну паўднёвых раслін, якія цвілі морам красак і напаўнялі паветра свежасцю і пахам.

Мора зціху хвалявалася, і яго хвалі конскаю грываю рассыпаліся аб прыбярэжныя зубы скалаў. Нібы лізалі яны іх, а потым раптам абамлявалі, спаўзалі да нізу, накідваючы кропелькі пены.

Гэтая пена, змешваючыся з тысячнаю беллю марскіх чаек, якія сваімі гукамі глушылі паветра, ламала вочы.

І тады ад усяго гэтага Надзея Варывонаўна зажмурвалася на абрыдлую стэнаграфію.

А Алеся?.. Алеся зноў стаяла каля акна і ўглядалася на набрэнкшыя пупышкі, і зноў мільгацела ў яе думках: «Ніяк не могуць расхінуцца — холадна».

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Баранавых Сымон. Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты / Укладальнік, уступны артыкул і каментар Л.Савік. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989. - с. 18-21
Крыніца: скан