epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Баранавых

У маладзіковую нядзелю

 

Пякучы дзень. Хочацца піць. І ў Фруцкай ні на адну хвіліну не зачыняюцца дзверы. Вёдзер пяць прынесла яна вады, а яе ўсё ж не хапае.

— Чорт яго пойдзе больш,— рашуча кажа Фруцкая, ставячы ў сенцах вядро з вадою,— рукі ўверадзіла,— звяртаецца яна да чаргі, што выстраілася — хоча сагнаць смагу.

Ціт, які сёння прадаў карову і ўжо выпіў барыш, пад гэтую гарачыню, першы выцягнуў дзве конаўкі халоднае вады. Ён цяпер абцёр свае доўгія вусы і накіраваўся да мястэчка.

— Трэба што-небудзь купіць хоць з дробязі,— разважаў Ціт, падыходзячы і гледзячы на кірмаш, які варыўся варам.

Першае, што папалася Цітаваму позірку на мястэчку, гэта колы. Праўда, ён не думаў іх купляць, але, праходзячы каля калёсніка, астанавіўся.

— Колькі просіш вось за гэтыя, патрэсканыя? — кінуў калёсніку, пастукваючы колам аб сухую зямлю.

— Пятнаццаць за стан,— адказаў той, пыхкаючы люльку, гледзячы цераз галаву Ціта ў невядомы міжвольны пункт.

Ціт праціскаўся далей.

— Каму боты новыя, хромавыя?!

— Каму галіфэ?!

— Каму ножыкі магнітныя?.. каму?..— наўсцяж адзін перад другім выкрыквалі местачковыя гандляры, і Ціт учапіўся за боты.

— Не тандэнтныя?.. Колькі? — пачаў ашчупваць з прыстрочкі.

— Браток! Каб я век такія прадаваў! — пачаў гандляр добра вывучаную ім цырымонію.— На заказ шыў... ведаеш жа, можа, Ліпніцкага,— дык яго хлопцу... Ён абы-якіх не закажа... О-го, брат!

Ало Ціт не ведаў ніякіх Ліпніцкіх, для Ціта было ўсё роўна.

— Няхай драпежыцца тваё нутро, а я не хачу, не куплю,— мільгацела ў Цітавых думках.

— Падэшва разлезлая,— слінячы яе, заўважыў Ціт, каб адчапіцца ад гандляра, ад ботаў; але вось ззаду нехта палажыў руку на яго плячо.

— Ды ці ты гэта?! Апанас! — азірнуўся Ціт.— А бадай цябе цяміла. Вось дык не чакаў...

І старыя дружакі моцна пацалаваліся.

Гутаркі ў старых дружакоў (служылі некалі разам) было шмат. Ціт расказваў, як цяпер жывецца яму, як пагадаваліся, выраслі яго сыны. Апанас расказваў, як ён разлучыўся з сваёю Агатаю і цяпер ажаніўся на Настулі — Ціту незнаёмай. Вядома, што шмат было гутаркі: пяць гадоў не бачыліся, шмат змен утварылася. Дружакі былі рады сваёй сустрэчы.

Пякучае паветра напаўнялася шумам местачковага кірмашу. Гэты шум, бы на адным месцы, стаяў застыўшым.

Тут Арына купляла рэшата і бажылася-клялася, што яна аніяк не можа набавіць грыўню, якую вымагаў ад яе рашотнік. Там нема пішчала на чым свет стаіць парасё, якое купіў Мікалай ды нёс на аберучках. А там конскія гандляры, Гарбуз з Перапечкам, наярвалі пугаю каня, які чуць набадры ўжо цягаў. Яны таксама кляліся і бажыліся, што конь — каб давеку гэткія мець! І нізенькі, з чорнаю бародкаю чалавечак, які ўжо каля дваццаці разоў абышоў і абшчупаў гэтага каня, не разумеў, каму верыць: ці сваім вачам, ці Гарбузу з Перапечкам, якія — дайшло да таго — кляліся чуць не сваімі дзецьмі.

Невядома колькі б яшчэ прастаялі Ціт з Апанасам у сваёй гутарцы, як да іх раптам далучыўся Андрэй.

— Ціт, дык чаго ты марнееш на сонцы, сушыш горла? — запытаў Андрэй.

— А дай жа рады! Гэта ж з землякамі сустрэўся. Пойдзем, але ж. Пойдзем да Лук’яніхі,— згадзіўся Ціт з Андрэеваю прапановаю.

— Дык вось жа, там і конь мой стаіць,— узрадаваўся Андрэй за Цітаву згоду.

— Пачаць галоўнае,— разважаў ён, калі рушыліся з месца,— а там само пакажа.

— Душа меру знае,— прамармытаў Андрэй.

Там і тут па местачковых дарожках, якія былі абстаўлены вазамі, шпацыравалі маладыя пары.

Паўднёвая бель ламала вочы. Трымцела паветра.

Вунь хлопец давыпуску — з шырокім гальштукам з-пад каўняра, трымаючы ў руках шапку,— выкручваўся, фанабэрыўся перад местачковаю Ганнаю. Ганна ж тое і мела на ўвазе — акідвала позіркам то сваю сукенку фальбоністую з белага батысту, то хлопцавы кучаравыя смольныя валасы.

А вунь Сцёпка сельцерскаю вадою частаваў Алену, і яна разоў з пяць, мусіць, прыкладала губы да шклянкі — смакавала, саромелася.

А там ішла цэлая сцяна сплёўшыхся пад рукі дзяўчат, якія кідалі позіркі на незнаёмага для іх франта. Франт быў адзеты зусім па гарадской модзе: ён хадзіў адзін — ні да кога не далучаўся.

Не сціхаў гоман.

Па дарозе да Андрэевай капэліі далучыліся яшчэ Давыд з Пракопам.

— Хіба нашы душачкі суконкі, ці што?! — разважалі яны, уваходзячы ўсе разам у Лук’янішыну хату.

Вельмі было накурана ў Лук’янішынай хаце. Пахла хлебнымі крошкамі ды разлітаю гарэлкаю. Густымі пластамі асядаў дым да долу. І калі ўвайшлі Лук’янішыны «госці» — узварухнуўся дым, папоўз збэрсанымі пасмамі.

— Па бутэльцы на брата,— загадаў Андрэй, калі расселіся за сталом.

— Нясі, расплацімся,— падмацаваў Ціт.

Але Лук’яніха ведала гэтыя расплаты. Яна таксама пабажылася разоў дваццаць — казала, што ўвесь яе заработак толькі на посудзе.

Давід, які не любіў гэтага таргавання, з гонарам выкінуў на пачын траячку, і Лук’яніха зусім супакоілася — выйшла з хаты.

Мужчыны закурвалі цяпер.

— Шмат узяў за карову,— запытаў Пракоп у Ціта,— прадаў, ці што? — дадаў ён.

І Ціт расказаў, як ён чуць-чуць нацягнуў сорак сем рублёў.

— Грошы, брат, патрэбны да зарэзу,— казаў Ціт далей.— У раёне як пазычыў на каня, дык яшчэ не аддаў. Трэцяга абвестку прыслалі.

— А я падсвінака за дванаццаць рублёў — такога мяккага падсвінака аддаў. Таксама на ўсялякую надабнасць, так сказаць, патрэбны,— сплюнуў убок той самы Пракоп.

— Будзем жывы, будуць грошы,— уставіў Давыд.— Грошы, грошы,— разгладзіў ён кароценькую шчаціну сваіх вусоў.

— Ды табе што?.. Ты пастаіш каля кавадла раніцу,— заўважыў Пракоп,— вось табе і грошы. І ты вось як ні круці, дык шыварат-навыварат выходзіць.

Мужчыны на момант змоўклі. У хату ўваходзіла Лук’яніха.

А цераз некалькі хвілін у Лук’янішынай хаце моцна гаманілі, спявалі нават.

Сутоньвалася.

Паціху хвалявала нагрэтае за дзень паветра. Сонца скрэбла пазалочаны крыж царквы. На мястэчку нікога не было.

І толькі вячэрнія жукі парушалі маўклівасць.

Толькі цяпер з моцным гоманам выходзілі мужчыны з Лук’янішынай хаты. Тут нейкім чынам былі Гарбуз з Перапечкам і яшчэ чалавек тры незнаёмых. Уся ватага цяпер была п’яная. Гутарка іх была моцная, працяглая, гаспадарская.

— Чо-о-ор-т,— цягнуў сваім басам Пракоп,— чо-о-ор-т... ты павінен узяць бутэльку,— не адставаў ён, тычучы кулаком у Гарбузаў нос.

— Ма-ікка-ла, ці што, з твайго горла? — адпіхаў яго той.

— Кінь, Пракоп,— угаварваў Перапечка,— даволі.

— Я ведаю, што вы а-мм-атары на чужое,— хацеў замахнуцца Пракоп. Але тут нешта здарылася.

Ціт, на якога ніхто не звяртаў увагі, так грукнуўся аб намошчанае каля ганка каменне, што аж у нутры ў яго нешта ёкнула. Усе кінуліся на дапамогу.

Андрэй убачыў непярэліўкі. Ён кінуўся запрагаць каня. А цераз некалькі хвілін мужчыны ўздзябурылі Ціта на калёсы, і Андрэй паехаў дахаты.

На другі дзень, калі Ціт прачнуўся на сваім ложку, яму вельмі балела галава. Бы нешта падказвала яму, рупіла, калі ўстаў з ложка. Яму ўспомніўся ўчарашні кірмаш.

— Колькі ж я прапіў,— палез Ціт у кішэню сваіх шарачковых портак.

Цітава сэрца чамусьці моцна білася.

Вывярнуў кішэні Ціт, вытрас і... грошай не знайшоў.

Замітусіўся свет.

Яскрава ўявіў Ціт свайго земляка, з якім ён, выпіваючы, так цалаваўся. Лук’яніху ўявіў, якая раз-поразу бажылася. Гарбуза... Перапечку.

Усіх з гарачэчаю на душы ўспомніў Ціт.

1928


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Баранавых Сымон. Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты / Укладальнік, уступны артыкул і каментар Л.Савік. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989. - с. 41-45
Крыніца: скан