epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Баранавых

У млыне

 

Круціліся пасы па жалезных шпулях, прыводзячы ў рух велізарныя каменні-жорны.

Грук, які аддаваўся каменнямі, напаўняў млын так, што нельга было пачуць, калі гаварыў той ці іншы завознік. Толькі і чуваць было, як мельнік-вусач выкрыкваў:

— Засыпай!.. Адгортвай!..

Затое ў завозніцкай было спакойна. Недзе, як бы далёка, быў чуцен млынавы гук, які аддаваўся асобнымі гукамі: «тук-так-тук-так...»

У завозніцкай, якая была тут жа, пад адною страхою з млыном, сабралася каля дваццаці чалавек завознікаў. Было вельмі накурана.

Завознікі не шкадавалі самаросліку, які без перапынку тлеў, даючы клубкі дыму.

Не зусім стары і не зусім малады, а так сабе сярэдніх гадоў мужчына, якога звалі Рыгорам, сядзеў за доўгім, вузкім сталом, курыў і вёў гутарку.

— Не, так не абойдзецца ў гэтым годзе, пасварымся яшчэ,— казаў ён, выпусціўшы сінія клубочкі дыму.

— Ты думаеш? Хочаш? — запытаў у яго Дзям’ян — нізенькі, у кароценькай жакетцы чалавечак, на галаве ў якога была даволі зношаная шапка з пераломаным брылём, а яго суконныя, тоўстыя порткі былі так зашмальцованы, што блішчэлі, як бляха.

— Не думаю і не хачу, а справа відавочная — справа кожнага года,— казаў Рыгор далей.— Ідзе вясна, і мы, хутаранцы, больш не будзем цярпець, калі на нашым выгане будзе хадзіць ваша быдла і коні. Ды яшчэ мала таго, збіваць нашы дарэзкі-шнуркі,— скончыў ён, кінуўшы далоў акурак.

— Чаму гэта на вашым выгане? Які гэта ён ваш? — з падскочыўшаю раптам злосцю запытаў Дзям’ян у Рыгора і дабавіў: — Што гэты вы за асэсары? І дакуль гэта ён будзе называцца вашым?.. Наш выган, вось што! — дабавіў ён рашуча з яшчэ большаю злосцю.

— Пачакай, не гарачыся! — сутрымаў Рыгор Дзям'яна, развёўшы рукамі.— Ты вось скажы: як папаў гэты выган у вашыя рукі? Ці не дапамагла часамі вам каламажка грошай, якую высыпалі з Хлёрчыкам земскаму начальніку, і заабладалі гэтым выганам — трыццаццю дзесяцінамі на трох гаспадароў? Скажы па праўдзе: каму належыў і павінен належыць гэты выган ад старых надзелаў яшчэ? Ці не таму, хто адбываў паншчыну, ці таму, хто быў у шляхецкае постаці? Не, брат! Шуціш, што ж будзе плаваць і надалей, як карабель па моры, даволі,— закончыў Рыгор і злосна плюнуў на замурзаную дзеравяную падлогу.

Пакуль Рыгор гаварыў, Дзям’ян аж задрыжэў ад злосці. Ён як быў маленькі, дык яшчэ зрабіўся меншым на пядзі дзве. Твар яго пачырванеў, як журавіна ў познюю восень. Бляшаныя порткі, што былі на ім, ад яго злоснага дрыжання, пачалі лапатаць усё роўна як тая муха, што ад свайго цяжару ніяк не можа падняцца з аконнае рамы на шкло шыбы.

— В-а-а-ш в-ы-г-а-н! Ваш-ы ш-нур-кі! Як ваш-шы?! прабачай!.. Я казаў і кажу, што, што!.. Як пасвілі, так і будзем пасвіць! бо, наша паша, н-н-а-ш-ш-а! — і ён так пусціў наперад, у Рыгораў нос, сваю «трохпальцавую махінацыю», што калі б той не паспеў адхінуцца, дык, напэўна, нос бы яго стаў зафарбаваным.

Стары Марцін, які сядзеў на рагу стала і палуднаваў, пакройваючы сытую скварку, моцна зарагатаў.

Другія мужчыны, якія сядзелі тутака ж, і некаторыя з іх стаялі на сярэдзіне хаты, таксама зарагаталі.

А сярод іх рогату нехта падхваціў:

— Герой Дзям’ян!

— П-п-а-дай яшчэ!

Дзям’ян адчуў сваю няёмкасць. Ён, акінуўшы сваім кароценькім позіркам мужчын і пабачыўшы іх іранічны рогат, зусім збіўся з панталыку.

Рыгор толькі сплюнуў убок, як бы адчуўшы нейкае нездавальненне, і на яго твары прапаўзла нявольная ўсмешка.

— Д-у-р-а-нь! — мог толькі прамармытаць ён.

У завозніцкай на момант як бы ўтварылася цішыня.

Мужчыны зноў выпусцілі па «клубочку» дыму.

Час праходзіў. Рыгор першы парушыў маўклівасць.

— Ну як, пасварымся яшчэ? — сказаў ён, падміргнуўшы ў Дзям’янаў бок.

Зноў прабег смех. Зноў нехта не выцерпеў і падпусціў слаўцо.

— І ты цярпіш, Дзям’ян? Э-х-х!

І сапраўды, для Дзям’яна мяжа была пераступлена. Дзям’ян не вытрымаў.

Не паспелі мужчыны зрабіць нат і позірку, як ён спрытна падскочыў і штурхануў Рыгору кулаком у бок...

А праз некалькі хвілін у завозніцкай нікога не было, было спакойна.

Сіні дым толькі расплываўся пластамі — плаваў, асядаючы маленькімі кропелькамі на абголеныя сцены завозніцкай, ды грук млынавых жорнаў не пераставаў паўтараць сваё абрыдлае: «тук-так, тук-так, тук-так...»

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Баранавых Сымон. Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты / Укладальнік, уступны артыкул і каментар Л.Савік. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989. - с. 15-17
Крыніца: скан