epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Баранавых

Выпадак

 

З Антонам Антонавічам здарыўся выпадак. Але пакуль пра выпадак — некалькі слоў пра самога Антона Антонавіча.

Антон Антонавіч — чалавек сярэдняга росту і не тоўстай постаці. З вялікімі, не зарослымі валасамі-затокамі па баках ад ілба. Галава яго спусцістая, на пярэдняй частцы як самадзелкавая ледзяная гара. От па гэтым спусцістым і ляжаць затокі, ствараючы сабою валасатую завоіну. Такія людзі вельмі разумныя. Аб гэтым кажа сам Антон Антонавіч. Не, не са сваёй галавы бярэ ён прыклад, а са свайго практычнага назірання за людзьмі, якія пападаліся яму з такімі галовамі.

Канечне, у першую чаргу як «саманазіранне» ўваходзіць і свая галава. Безумоўна, перш-наперш Антон Антонавіч, паназіраўшы за сабою, пераносіцца з усім гэтым тады да другіх.

— Такія людзі,— кажа ён,— найбольш па канцылярыях, на адказных пасадах: суддзі, пракуроры, прафкомаўскія старшыны, урачы, часамі і яшчэ хто-кольвек.

Адным словам, Антон Антонавіч ганарыцца сваёй галавой. Антон Антонавіч ходзіць да выпуску і ў фрэнчы. Фрэнч у яго заўсёды зашпілены на ўсе гузікі. А таму, каб і размудрыўся, не відаць ніколі, што ў яго падыспадам: рубашка верхняя ці адразу ніжняя сарочка. На галаве носіць ён капялюш з натуральнымі палямі, а ўзімку шапку-стаўбун. Паходка яго сталая, размерана-цвёрдая, упэўненая. Яна кажа сама за сябе, куды ідзе чалавек.

Ходзіць ён звычайна з палачкаю, злёгку апіраючыся на яе. І калі глядзець здалёк на Антона Антонавіча на яго паходку,— здаецца, у яго на пяце маленькі нарыў.

Партфеля Антон Антонавіч не носіць з сабою, хоць мае іх два.

Раней насіў яго. Але зусім не так даўно кінуў.

— Кожны і малы і вялікі чын,— кажа Антон Ан тонавіч,— пачаў насіць. А я ж не малпа, не хачу быць малпай, якая робіць тое, што бачыць.

Характар Антона Антонавіча — да трох не гавары альбо дзяржы вуха! Не таму дзяржы, што Антон Антонавіч будзе біць. Не! Калі заходзіць хто-небудзь і падначаленых у кабінет Антона Антонавіча, от тут патрэбна ўмець сябе трымаць.

Антон Антонавіч акуратны чалавек, а таму і патрабуе ад таго, хто зайшоў да яго ў кабінет, акуратнасці

Калі хто-небудзь упершыню заходзіць да Антона Антонавіча і заходзіць адным скрыпам як ад яго хто-небудзь выходзіць — гора таму. Антон Антонавіч перш акіне вокам гэтага чалавека ад ног і аж да канца галавы, потым зважыць акінутае, пашавеліць яшчэ раз у сваім разуменні... І толькі тады, калі пераканаецца, што нічога не ведае, увайшоўшы да яго, толькі тады скажа:

— А не мяшала б, таварыш, паперадзе, чым пёрціся ў дзверы, паглядзець на гэтыя дзверы, бо бывае — не тыя дзверы можаш заехаць!

Калі ж увайшоўшы смякалісты, адразу зразумее калі ж не, выйшаўшы зразумее. Паглядзіць на яго дзверы, прачытае на іх: «Без даклада не ўваходзіць» і — зразумее...

Той дзень, у які адбыўся выпадак, назаўсёды застанецца ў памяці Антона Антонавіча.

Быў тады гэты самы дзень сонечны. Як на тое, сонца свяціла так ярка, так ярка і чыста.

Усё наўкол — аж трымцела. Усё наўкол было заліта залатым хараством. Якраз быў гэты дзень у сярэдзіне вясны.

Антон Антонавіч, захоплены хараством дня, бляскам вясны, адчыніў на балкон са свайго кабінета шкляныя дзверы. Яго абдало мяккім пахам вясны. Быў чутны гарадскі шум: цоканне падкоў аб брук, рыканне аўтобуса і іншае нешта незразумелае, ламавое — шумнае. Паглядзеўшы з балкона на праязджаючы вулічны аўтобус, на раскіданыя ім клубкі дыму, Антон Антонавіч увайшоў з балкона ў свой кабінет.

Хіба магла лезці ў галаву Антона Антонавіча праца ў такі дзень?

— Што такое праца? — задаў Антонавіч вуснае пытанне, ходзячы па кабінеце, і адразу, не адказаўшы на гэтае пытанне, адышоў да мінулага. — ...працавалі некалі. Так! — мармытаў ён.— Былі часы. Бывала, сядзіш у асобным пакоі «Земского присутствия» і нібыта пішаш. А перад акенцам — чарга. І от ты пішаш, малюеш што-небудзь, а яны, гэтыя лапцюжнікі, чакаюць. Ты тады з найбольшым імпэтам пішаш, а яны зноў чакаюць. І вось падскочыўшая найбольшая злосць прымушае тады ўсхваціцца з крэсла: «Што трэба?! Мужыкі, што, пытаю, трэба!» І от яны — дрыг-дрыг-дрыг. Як асінавыя лісты... Гэта я разумею. Гэта была праца!..

Антон Антонавіч сеў каля стала ў сваё мяккае, абітае кітайскім плюшам крэсла.

— Так, была праца! — паўтарыў ён і ўзяў у рукі ляжаўшы на стале часопіс «Крокодил».— Дзіўны малюнак,— паглядзеў ён на першую старонку, на якой было дрэва з тоўстымі сукамі. А на суках сядзелі птушачкі ў кепках і плявалі далоў на што б ні папала.— Дзіўны...— паўтарыў.— І выдумаюць жа людзі. Чаго толькі не выдумаюць, ха-ха-ха...

Але ў гэты час адчыніліся ў кабінет Антона Антонавіча дзверы і да яго ўвайшоў незнаёмы чалавек.

— Вы будзеце Пстрычка Антон Антонавіч? — запытаўся незнаёмец, прырыхтаваўшыся расшпіліць свой партфель.

— Я...— падняўшыся з крэсла і абапёршыся пальцамі рук аб масіўны стол, адказаў Антон Антонавіч.

І тады незнаёмец расшпіліў свой партфель і, дастаўшы невялічкую паперку, падаў яе самому Антону Антонавічу.

Дрыжачымі вуснамі прачытаў. Перш пачырванеў пры першых радках. Потым збялеў. А потым чырвоныя і белыя плямы абляпалі яго твар. Але да канца прачытаў і тады... тымі самымі дрыжачымі вуснамі выказаў:

— Мне... старшыні трэста... адказваюць у пасадзе... я аслабанён ад працы... гы-гы-гы... Гэта, таварыш,— звярнуўся ён да незнаёмага,— памылка... грубая памылка. Магчыма, каго-небудзь другога... А я... я ж старшыня трэста!!!

Незнаёмец нічога не сказаў, а толькі папрасіў распісацца аб паведамленні. Антон Антонавіч распісаўся. Распісваючыся, ён усё паўтараў тыя самыя словы:

— Памылка. Канечне, памылка! У нас, у нашых дзяржаўных апаратах гэта не наўда! Вельмі часта і вельмі шмат бывае памылак...

І ён палажыў асадку з уваткнутым пяром, на якім засталося яшчэ няспісанае чарніла.

Менск, 1.11.1929 г.


01.02.1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Баранавых Сымон. Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты / Укладальнік, уступны артыкул і каментар Л.Савік. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989. - с. 81-84
Крыніца: скан