epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

"А будзе так — зальюцца салаўі..."

А будзе так — зальюцца салаўі,

Зязюля ў лесе гулка закукуе...

Ну, а пакуль што сіні сакавік

Свой сок бунтоўны для зямлі гатуе.

 

Ды чую я, як молада гудзе

Зялёны шум у сугалоссі з птаствам,

Няхай зіма у наступ злосна йдзе,

А людзі кажуць, што вясной запахла.

 

Я чую капяжоў цымбальны звон

І крыгалому гром прывольны, весні...

Прачнецца ў звонкім лесе

кветка-сон,

Расплюшчыць вочы сіняя пралеска.

 

І я ўвайду ў трывожную красу

Абавязкова самы, самы першы.

Табе, адзінай, кветкі прынясу,

Загорнутыя ў сціплы верш мой.


1968?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 75
Крыніца: скан