epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

"А мы з табой смялелі і смялелі..."

А мы з табой смялелі і смялелі

І пацалункі нашыя сплялі,

І сонца расцякалася па жылах,

І нас з табой кружыла і кружыла...

Плылі сузор’і касякамі ў небе —

І мы закінулі на шчасце невад,

Спаймалі плойму серабрыстых знічак,

Як рыбак трапяткіх, ды невялічкіх.

І адпусцілі зноў іх на прастору —

Гуляйце, вольныя, у вольным моры!

Луской мільгайце іншым закаханым

Ад першых пацалункаў п’яным, п’яным...

А мы з табой смялелі і смялелі,

І пацалункі нашыя даспелі —

Не расцякаецца па жылах сонца,

Жыццё нас кружыць манатонна,

сонна...

І б’ецца пульс нервова і трывожна...

Вось так згараюць, пэўна, спадарожнікі,

Калі з прыволля без граніц і меры

Яны трапляюць ў тоўшчу атмасферы.


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 71
Крыніца: скан