epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Аб золаце

Тады ўжо ў парку расквітнеўся бэз,

Таполі гаманілі маладыя.

Я ўпершыню ў жыцці сустрэў цябе,

Твае заўважыў косы... залатыя.

 

А калі дзень пад вечар пацямнеў,

Таполі змоўклі разам, і над імі

Заззялі ліхтары, дык на мяне

Глядзела ты вачыма... залатымі.

 

То быў падман... А як пазнаў глыбей

Твой густ жыццёвы — і душа астыла.

Я зразумеў, што золата ў цябе,

Галоўнае, для сэрца не хапіла.


1957?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 128
Крыніца: скан