epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

"Ах, які водар печанай бульбы..."

Ах, які водар печанай бульбы

На прастуджаным ветрам полі!

Ты пячонік люляеш, як булку,

Што пякуць для застолля.

З далоні на далонь —

Пячэ, як агонь!

 

Эх, і сопкая ж бульба ўрадзіла —

У рот просіцца нават без солі.

Клубні проста на дзіва, на дзіва —

Поле, поле,

шэрае поле...

 

Мне пра гэта напомніў булькат

У каструлі з варанай бульбай.

Як насыплеш з яе —

ніколі

Не забудзеш поля,

бульбянага поля...


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 103
Крыніца: скан