epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Афарызмы

 

Пачынаючы кампазітар напісаў ужо сваю лебядзіную песню.

 

Паэты так заездзілі Пегаса, што ён цяпер рэдка каго можа ўзнесці на Парнас.

 

Падначаленыя курылі начальніку фіміям, таму што баяліся яго, як чорт ладана.

 

Ён меў адзіную ўласную думку: ніколі не выказваць уласнай думкі.

 

Голас у начальніка быў нізкі, але ў ім заўсёды гучалі высокія ноткі.

 

Уз’ехаўшы на брук, калёсы заляскаталі: «Мы зусім выбіліся з каляіны».

 

Нуль заўсёды трымаецца важна, калі ён стаіць поруч з палачкай.

 

У яго працоўнай кніжцы былі толькі адзнакі «па ўласнаму жаданню»...

 

Для п’яніц ніколі трэці не лішні.

 

Некаторыя лічаць цыбулю самай сентыментальнай.

 

«Я не разменьваюся на дробязі»,— выхвалялася Капейка перад Пятаком.

 

Яшчэ ні разу Дамоклаў меч на ўпаў ні на чыю галаву.

 

Мараль крылоўскай байкі дайшла, нарэшце, да Вароны, і яна зараз адказвае Лісе толькі пасля таго, як з’есць сыр.

 

Горы на плячах пераносіць адзін толькі вярблюд.

 

Дарэмна чытачы шукалі ў творы соль —ён быў прэсны.

 

Пасля выкрэсліванняў, зробленых рэдактарам, аўтар заўсёды меў сваю акрэсленую

думку.

 

Усё жыццё паэт беспадстаўна выбіраў сабе перад люстэркам паставу для помніка.

 

Тынкоўшчыку не раз даводзілася замазваць свае грахі.

 

У сваёй справе ён з’еў сабаку, а вось начальніка раскусіць ніяк не змог.

 

Яблык, які ўпаў на драмаўшага пад яблыняй Ньютана, разбудзіў у ім генія.

 

Лектар малоў многа, хоць і мала было ў яго рацыянальнага зерня.

 

У сваім жыцці рымар шмат нахамутаў.

 

Паэт праславіўся толькі тым, што ўвесь час ганяўся за славаю.

 

Ананімшчык кідаў на ўсіх цень, застаючыся сам у цяньку.

 

Гара прыйшла б да Магамета, каб Магамет быў на вышыні.

 

...А ён быў варты выедзенага яйка.

 

Артыст цырка ўтрымліваў раўнавагу на дроце, але быў неўраўнаважаны ў жыцці.

 

Ён смяяўся не сваім, а гамерычным смехам.

 

Эзопаву мову не разумелі толькі Аслы.

 

Пажарнікі прыехалі позна, але ад’язджалі з помпаю.

 

Апроч сваіх дзвюх рук ён меў яшчэ руку ў трэсце.

 

Пуга лічыла сябе стараннай выхавацелькай і штодня свістала: «Я выбіваю з коней

ляноту».

 

Яму нельга было падабраць адпаведную рамку, бо ён выходзіў з усякіх рамак.

 

Кампазітар напісаў фугасную музыку.

 

Народны суддзя лавіў злачынцу на слове, хоць яно было і не верабей.

 

Уся душа Ахілеса ўвайшла ў пятку.

 

На страх камандзірованых у гасцініцы ў кожным нумары вісела карціна І. Шышкіна «Раніца ў сасновым лесе» з мядзведзямі.

 

Рэдкай з’явай сталі цяпер вершы ў прозе, затое шмат стала прозы ў вершах.

 

Рыбалова-браканьера некалькі разоў выводзілі на чыстую ваду, але і пасля гэтага ён адчуваў сябе як рыба ў вадзе.

 

З’едлівы чалавек шпількі носіць у сваёй паддзёўцы.

 

«Па руках!» — сказалі махляры, ляпнуўшы далонню аб далонь. І яны сапраўды атрымалі па руках.

 

Бот нікуды болей не рыпаўся, хоць і хацеў есці.

 

Ляснік умеў абводзіць сваё начальства вакол пальца, але пасля добрага магарычу сам заблытаўся ў трох соснах.

 

У яго слоўнікавым запасе было мала слоў, але гэта не перашкаджала яму быць шматслоўным.

 

Нават на сустрэчы з Ваўком Авечцы неба не здалося з аўчынку.

 

«Да освятится имя твое...» — напэўна, перахрысціўся Герастрат, падпаліўшы храм.

 

Начальнік дужа любіў прыёмы і не любіў прыёмных дзён.

 

«Усё роўна я пераважаю над табой! — выхвалялася Звычка над Адвычкай.— У маім характары больш упартасці, чым у тваім — настойлівасці».

 

Словы ён ніколі не кідаў на вецер, бо, каб сказаць іх, папярэдне шукаў зацішку.


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 213-216
Крыніца: скан