epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Арлянё

У гняздзе скалістым, роднай хаце,

Што ў гарах дружыла з вышынёй,

Засталося арлянё без маці,

Шчэ без моцных крылляў арлянё.

 

Можа, дзе падстрэлілі арліцу

Ці злавілі недзе ў заапарк,—

Арляняці ж нечым пакарміцца,

Голад мучыць суткі узапар.

 

І яно, ахрыпшы ўжо ад крыку

(Адчувала — ўперадзе бяда),

Перастала болей маці клікаць,

Вылезла нясмелае з гнязда.

 

І над самай кручаю застыла,

Вочы загарэліся агнём...

Арлянё паверыла ў крылы,

І яны паднялі арлянё.


1957?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 116
Крыніца: скан