epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Аўтографы на камяні

Героям Брэсцкай крэпасці

прысвячаецца

 

Пашчапаны сцены воспаю свінцовай,

А раты байніцаў сталі са шчарбінамі:

Тут вайна пісала на жалезнай мове —

Кулямі, снарадамі і мінамі.

 

І сціскалі лапы крэпасць мёртвай хваткай,

І глушыла неба грознымі абваламі...

Чую, разважаюць: —Вось была дзе

кладка,

Як жалеза, моцная, трывалая.

 

Балагураць двое пра абпал цаглінаў,

Пра раствор хітрушчы, што рабілі

прадзеды:

Не расшчэпіць цэглу ні снарад, ні міна,

І нішто не зможа рады даць.

 

Толькі не, не цэгла вытрымала шквалы —

Баранілі людзі кожны подступ сэрцамі,

Паміралі ў ранах з думкай не аб славе —

Са святою думкай, што свабода вернецца.

 

Бачу — вось ён, воін, у бінтах барвовых

На сцяне кінжалам выскрабае літары:

«За Радзіму паміра...» — і словы

Тут крывёй залітыя.

 

Моўчкі я праходжу па сырых фарпостах,

Кожная рэліквія для мяне святая...

Раптам прыпыніўся з сэрцам гнеўным,

злосным,

Іншае на сценах я чытаю:

«Мы былі ў крэпасці Вова, Муся, Жора»,

А далей і дата —

год... шэсцьдзесят пяты.

 

Я хацеў бы крыкнуць

вовам, мусям, жорам:

Гэй, хутчэй сатрыце вы свае каракулі,

Тут жа кроў пяклася

і дыміўся порах,

Не адна матуля тут па сыне плакала!

 

Нам заўжды свабода каштавала дорага,

За яе мы ў бітвы грозныя хадзілі...

Дык няхай жа ззяюць золатам аўтографы

Партыі, народу і Радзіме.


1961?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 156-157
Крыніца: скан