epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Балада пра селькора

Нядаўна ў вёсцы Навасёлкі

забіты селькор Рыгор Жлобіч.

З газеты «Звязда» за 1925 год

 

Кнот у лямпе марна цягне газу,

Папяровы абажур на шкле.

І юнак таропка піша сказы

Пра схаваны кулакамі хлеб...

 

А з-за плота, дзе галінка бэзу

Пышна распусцілася ў бакі,

У акно нацэлен ствол абрэза —

Смерць рыхтуюць хлопцу кулакі.

 

Грымнуў стрэл, і куля апаліла

Трапяткое сэрца юнака

У той міг якраз, калі к чарнілу

З ручкай пацягнулася рука.

 

І застыла, сціснутая грозна.

А шчака прыпала да пісьма,—

Быццам хлопец засядзеўся позна

І над сшыткам проста задрамаў...

 

А яго апошняя заметка,

Што была падпісана крывёй,

Буйным шрыфтам глянула з газеты,

Заклікала з ворагам на бой.


1961?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 168
Крыніца: скан