epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Барвянае ляда

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII
VIII


 

Памяці ахвяр Хатыні

 

 

І

Калі гарыць у вёсцы хата,

У рэйку б’юць — трывожны звон.

Надрыўным, ўзбуджаным раскатам

Здавён людзей склікае ён.

На гэты гул, на гэты гром

Бяжы з вядром,

бяжы з багром!

Каці хутчэй рукаў ад помпы,

У студню ўкінуўшы другі,

Ды пампаваць прыйдзі на помач —

І затрашчыць струмень тугі.

 

Ці на страсе суседняй хаты

Ты з мокрай посцілкай пільнуй

Пякельных вос, клакоў калматых —

Не дай раскрыліцца агню!

 

ІІ

Дзядзька шыльдачкі

прыбіваў на хатах.

Малатком:

стук-стук-стук!

На вуглу адной —

іржавая лапата,

А на гэтай багор —

іржавы крук,

Бо ў хаце мужчына дужы.

А вось тут — вядро.

Удава, без мужа.

Тут патрэбна бочка.

А тут — сякера.

Прымацаваў апошнюю.

Праверыў.

Роўна дваццаць шэсць

дашчэчак.

Пастаяў,

падумаў аб нечым.

Скруціў папяросу

І смачна закурыў —

Аж выпусціў дым

носам...

Да свірна паціху

пакрочыў,—

Пастражэлі вочы:

Вады на дне

ў бочцы ўкапанай —

Пазелянела,

пахне пагана.

Наліць трэба свежай поўна.

Праверыў уважліва

помпу

Пад саламянай павеццю —

Рукаў разматаны:

Ізноўку сваволілі дзеці...

Тут ўсё у належным

стане:

Багры, вядро, тапор

пад страхою,

З бочкі не патыхае,

І пасвятлеў ён тварам:

Здаецца, усё

на выпадак пажару.

 

ІІІ

Загарэліся,

ўспыхнулі хаты,

Дзе ж трывожнага гулу раскаты?

Дык чаму ж не звініць болей рэйка

І не коціцца поклічам рэха?

Ліжа полымя сквапна

вуглы —

Вёдры, бочкі, багры...

Дык чаму ж ніхто не бяжыць?

Дрэвы стогнуць

адно —

жыць,

жыць...

 

IV

Уладарна цопалі цапы.

Залатыя снапы, снапы...

Расперазаныя,

распаясаныя,—

Госці з поля яснага —

Залатыя снапы, снапы...

Залатыя цапы

Выбівалі прыглушана такт:

— Так-так-так!

Так-так-так!

Аж звінеў ад іх ток:

— Так — цапок,

так — снапок...

І сцяной стаялі кулі,

Паспрабуй — перакулі!

Як рукамі звязаныя,

Зноўку падпяразаныя

Пакрысе, пакрысе

Іх прычэша шчотка.

На страсе

Іх прывяжуць віткамі

да латаў —

Маладзее хата,

харашэе хата.

Да самога коміна —

К саломцы саломіна,

Не зацекчы столі

Больш цяпер ніколі.

Залатыя цапы

Гаварылі:

— Цоп-цоп!

Абмалоцім пяць коп.

На салому і на палову,

На кулі — напалову.

Залатыя снапы, снапы...

Залатыя цапы

Уладарна хадзілі ў такт.

Так было.

І не будзе больш так.

 

V

Клекатаў белы бусел

на хаце,

Як спажыву прыносіў

дзіцяці.

Ды успуджаны

птушак прылёт—

Клекатаў,

клекатаў кулямёт.

Ой, навошта ж прыйшло

тое ліха?

Устрывожана з буслам

бусліха.

Гэта ж так яны шчыравалі,

Як гняздо сваё будавалі —

Насілі сучча рагатае,

Стала роднай ім хата.

Ніхто іх не трывожыў —

Кранаць буслоў

няможна,

Бо гавораць людзі —

Бусел злосны будзе,

Як гняздо хто разварушыць

Ці яйкі парушыць.

І дзяцей так сцешваюць:

— Прынясе ён галавешку

Гарачую

І на хату кіне...

Хто такое бачыў?

Не было і ў паміне.

Так і жылі.

Буслянятак цешылі.

Хто ж прынёс

на страху галавешку?

Узмахнуў крыллем жаркім

певень —

Да гнязда дабярэцца

пэўна...

Сціх пажар.

І ніхто больш не ўбачыў:

Селі птушкі

на комін гарачы.

 

VI

У вёсак з дрэва і саломы

Быў сціплы выгляд

нашых хат —

Нікому вочы не калолі...

Запомнім памяццю

ў сто крат —

Дваццаць шэсць хат!

Сэрца, ў грудзях застынь...

Хата да хаты — Хатынь.

Людзі сеялі, людзі жалі

І дзяцей на свет

нараджалі.

На свет, на свет —

Як след, як след.

Жылі,

сварыліся,

мірыліся

Вёска,

аржаная вёска

З борам тугім

зраднілася,

З лугам мурожным,

росным,

Хатынь...

Кроў, у жылах застынь!

Вёска ўвечары

песні спявала,

Вёска ўдзень

на зямлі шчыравала

Усяго ў дастатку хапала.

Дзеці снілі харошыя сны —

Ад сасны, ад сасны...

Прачыналіся ранкам

росным

І да вас шыбавалі,

сосны.

Вы пад сонцам,

як воск,

загарэлі

І згарэлі...

Згарэлі

Не для пульхных

прасяных ляд...

Дваццаць шэсць хат...

З сонечных бёрнаў,

З ляснога рэха,

З моху,

што можна курыць.

Душа агнём гарыць...

 

VII

Вывеў комін сусед —

З печніком прыселі,

Значыць, будзе як след

Наваселле.

Пасля працы пячнік

Пакурыць прывык —

Смачна зацягнуўся,

Каб і комін яго

дымком не папярхнуўся.

Правяралі цягу —

Падпалілі дровы.

Не даў майстар маху —

Будзь здаровы!

Комін з цэглы ж калёнай,

Як звон,

як звон.

І гудзе шалёна

У печы агонь.

...Юшкі рана зачыняць —

Комін жа ва ўладзе,

Вуглі хай перагараць,

Каб не ўчадзець.

Будзе чысціць камінар

Стылы комін важна,

Каб не ўзнік пажар,—

Абмяце ён сажу.

Цягаваты комін.

Працаўнік.

Хаты чорнарабочы,

Пажар узнікі

Пачарнеў і комін.

Усё ж узнік!

Цямней ад ночы.

 

VIII

Каміны, каміны...

Дваццаці шасці хат.

Званы, званы...

Дваццаць шэсць —

Набат!

Слухайце, людзі,—

Памяць у гэтым гудзе...

Каміны, каміны,

Званы, званы

Над магілаю

мірных салдат...

Дваццаць шэсць?

Не, тысячы спаленых хат!

Справа чорных фашысцкіх рук —

Растаптаны крывавы павук.

І на покліч трывожны набата

Мы ідзём!

Мы судзіць ідзём катаў.

Дзе хаваешся ты,

недабіты кат?

Чуеш, гнеўна гучыць набат?!

Клічуць,

клічуць званы людзей.

Мы ідзём,

мы ідзём,

мы ідзём...

Бясконца.


1970?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 183-190
Крыніца: скан