epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Брахун і падбрэхіч

Часам коціцца мана,

Быццам тое рэха,

Бо заўсёды ў брахуна

Знойдзецца падбрэхіч.

Хлус гаворыць: — Бачыў льва

Я сягоння ў лесе.

— Не адзін, было іх два,—

Тут падбрэхіч лезе.

Брэша хлус: — Я шчупака

Вылавіў з паўпуда.

— Сам трымаў яго ў руках,

Я брахаць не буду.

— Крыж на небе бачыў я

І крывавы месяц...

— Жонка бачыла мая,

Не сысці мне з месца...

Спараваліся вось так

(Што ж, яшчэ бывае).

І падбрэхіч, быццам дзяк,

Хлусу падпявае.

Слухаеш, марнуеш час,

А ці варта смеху?

Шкодны тып брахун для нас,

Яшчэ горш — падбрэхіч.


1967?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 192
Крыніца: скан